Текст книги "Палёт над гняздом зязюлі"
Автор книги: Кен Кізі
Жанры:
Контркультура
,сообщить о нарушении
Текущая страница: 18 (всего у книги 21 страниц)
Асьцярожна, кідаю. Аёй, мадам, вянглярня пустая, а дзетачка хоча новыя чаравічкі. Сьцеражыся. Бах!
Вырубіўся.
Мокра. Ляжу ў лужыне.
Зьмяіныя вочы. Зноў яго надурылі. Бачу над сабой адзінку: ён ня можа кінуць замарожаных кубікаў у завулку за крамай – у Портлэндзе.
Завулак гэта тунэль холадна бо сонца ўжо вечаровае
Пусьціце мяне да бабулі
Калі ласка Мама
Што ж ён там сказаў, калі падміргнуў?
Гэты ў поле той на гулі
Ня стойце ў мяне на дарозе
Халера сястра ня стойце ў мяне на дарозе Дарозе ДАРОЗЕ!
Мая чарга кідаць. Бах. Халера. Зноў змахлявалі. Зьмяіныя вочы.
Настаўнік мне кажа, што ў цябе сьветлая галава, сынку, ты можаш стаць некім...
Стаць кім, Тата? Пляцельшчыкам пледаў, як Дзядзька Х.М. Воўк? Пляцельшчыкам кошыкаў? Ці яшчэ адным індзейцам-п’янтосам?
Здаецца, хлопча, ты індзеец, так?
Ага, так.
Ну, трэба сказаць, ты размаўляеш амаль без памылак.
Ага.
Добра... На тры баксы стандартнага.
Яны б не паводзілі сябе так нахабна, каб ведалі, што ў мяне бывае з поўняй. Ня проста абы-які індзеец...
Той хто – як гэта там? – крочыць не ў нагу з астатнімі, чуе іншы барабан.
Зноў зьмяіныя вочы. Ух ты, хлопча, ну і халаднюшчыя гэтыя кубікі.
Пасьля пахаваньня бабулі мы з Татам і Дзядзькам Хуткім-і-Мудрым Ваўком выкапалі яе. Мама з намі не пайшла; ніколі пра такое ня чула. Павесіць труп на дрэва! Ад такога чалавек званітаваць можа.
Дзядзька Х.М. Воўк і Тата дваццаць дзён прагулялі ў карты ў турме ў Дэлзе, за апаганьваньне трупа.
Але ж гэта нашая бабуля, пранцы на вас!
Ніякай розьніцы, хлопцы. Трэба было пакінуць яе пахаванай. Ня ведаю, калі вы, доўбні індзейскія, ужо нечаму навучыцеся. Дык дзе яна? Лепей вам расказаць.
Ай, ідзі ты ў сраку, ёлупень блядатвары, прамовіў Дзядзька Х.М. Воўк і скруціў сабе цыгарэту. Нічога я табе не скажу.
Высока, высока, высока на пагорках, на ложку хвоя яна ловіць вецер старэчай рукой, лічыць аблокі пад стары вершык:
бач, ляцяць тры гусакі
Што ж ты мне сказаў, калі падміргнуў?
Грае аркестар. Глядзі – неба; гэта Дзень Незалежнасьці.
Кубікі спыніліся
Яны зноў да мяне лезуць з машынкай
Цікава
Што ж ён сказаў?
Цікава як Макмэрфі зноў зрабіў мяне вялікім
Ён сказаў гуляць дык гуляць
Яны ўжо там. Чорныя ў белай уніформе сікаюць пад дзьверы, пасьля прыходзяць і вінавацяць мяне, што я замачыў усе гэтыя шэсьць падушак, на якіх ляжу! Шасьцёрка. Я думаў, што гэты пакой – кубік. Адзінка, зьмяінае вока там угары, кола, белае сьвятло на столі... вось што я бачыў... у гэтым маленькім квадратным пакойчыку... значыць, ужо сьцямнела. Колькі ж гадзінаў я быў у адключцы? Крыху туманіць, але я ня буду сасьлізгваць і хавацца туды. Не... Ніколі болей...
Я стаю, падняўся павольна, здранцьвелы паміж лапатак. Белыя падушкі на падлозе ізалятару прамоклыя, бо я на іх мачыўся, пакуль быў без прытомнасьці. Яшчэ не магу прыгадаць усяго, але ўжо тру далонямі вочы і спрабую прачысьціць галаву. Я намагаюся. Раней ніколі не намагаўся з гэтага выйсьці.
Падышоў, хістаючыся, да маленькага круглага вакенца з мэталічнай сеткай у дзьвярах пакойчыку і пагрукаў па ім кулаком. Пабачыў, як санітар ідзе па калідоры з падносам для мяне, і зразумеў, што гэтым разам я іх перамог.
Былі часы, калі я па два тыдні блукаў разгублены пасьля шокавай працэдуры, жыў у гэтым цьмяным бязладным тумане, вельмі падобным да дрымоты, да шэрай зоны паміж сьветлым і цёмным, паміж сном і няспаньнем ці жыцьцём і паміраньнем, калі ты адчуваеш, што ўжо ў прытомнасьці, але яшчэ ня ведаеш, які сёньня дзень або хто ты такі і навошта ўвогуле выходзіць з адключкі – два тыдні. Калі няма прычыны прачынацца, можна бадзяцца ў гэтай шэрай зоне доўгі, размыты час. Але я даведаўся, што калі табе досыць хочацца, можна адразу зь яе вырвацца. Гэтым разам я выкараскаўся зь яе менш чым за дзень, – хутка як ніколі.
І калі туман нарэшце выветрыўся з галавы, мне здалося, што я толькі што падняўся на паверхню пасьля доўгага глыбокага нырца, прабыўшы пад вадой сто гадоў. Гэта была мая апошняя працэдура.
А Макмэрфі за той тыдзень атрымаў яшчэ тры. Як толькі ён выходзіў з папярэдняй, як толькі ў вочы зноў вярталася тое падміргваньне, прыходзілі міс Брыдар з доктарам і пыталіся ў яго, ці адчувае ён сябе гатовым сабрацца і змагацца са сваёй праблемай, вярнуцца ў аддзяленьне для лекаваньня. Ён увесь надзімаўся, бо адчуваў што ўсе твары ў аддзяленьні для агрэсіўных павярнуліся да яго ў чаканьні, і казаў Сястры, што шкадуе, бо можа аддаць толькі адно жыцьцё за сваю краіну, і хай яна пацалуе яго ў сраку, перш чым ён пакіне карабель. Ага!
Потым ён падымаўся і кланяўся пацыентам, якія пасьміхаліся, гледзячы на яго, а Сястра з доктарам ішлі ў кабінэт патэлефанаваць у галоўны будынак, каб дамовіцца пра яшчэ адзін электрашок.
Аднойчы, калі яна разьвярнулася, каб сысьці, ён ушчыкнуў яе ззаду праз уніформу так, што яе твар пачырванеў да колеру ягоных валасоў. Думаю, калі б там не было доктара, які сам хаваў усьмешку, яна б дала Макмэрфі поўху.
Я спрабаваў пераканаць яго падгуляць ёй, каб больш ня мучыцца ў Шок-Блоку, але ён толькі сьмяяўся і казаў мне:
– Халера, ды яны проста бясплатна мне акумулятар заладоўваюць. Калі я адсюль выйду, першая дзеўка, якая са мной ляжа, атрымае тысячу вольтаў, засьвеціцца, як гульнёвы аўтамат, і зь яе срэбныя грошыкі пасыплюцца! Не-а, мяне не напалохаеш невялічкай падзарадкай акумулятара.
Ён казаў, што яму не балюча і ня шкодна. Ён нават ад пігулак адмаўляўся. Але штораз, калі з дынаміка яго клікалі замест сьняданку рыхтавацца ісьці ў першы будынак, у яго напружваліся мускулы на сківіцах, і твар бялеў, рабіўся станчэлым і спалоханым – той твар, адлюстраваньне якога я пабачыў на лабавым шкле, калі мы вярталіся з мора.
Я выйшаў ад агрэсіўных у канцы тыдня і вярнуўся ў нашае аддзяленьне. Я шмат што хацеў яму сказаць, перш чым пакідаць яго там, але ён толькі вярнуўся з працэдуры і сядзеў, пераводзячы вочы сьледам за пінг-понгавым шарыкам, быццам быў да яго падлучаны. Каляровы і бялявы санітары адвялі мяне ўніз, запусьцілі ў нашае аддзяленьне і замкнулі за мной дзьверы. Пасьля агрэсіўных тут здавалася ціха-ціха. Я пайшоў у дзённы пакой і чамусьці спыніўся ў дзьвярах – усе павярнуліся з такім выглядам, якога раней для мяне ніколі не было. Іхныя твары прасьвятлелі, быццам ад водбліскаў з другараднай сцэны на кірмашы.
– Тут, перад самымі вашымі вачыма, – прамаўляе Гардынг, – стаіць Дзікун, які зламаў руку... чорнаму! Гэй-га, глядзіце, усе глядзіце.
Я ўсьміхаюся ім у адказ, зразумеўшы, як мусіў пачувацца Макмэрфі некалькі апошніх месяцаў, калі ўсе гэтыя твары крыкам гукалі яго.
Усе нашыя падышлі да мяне і пачалі пытацца пра ўсё, што адбылося; як ён там сябе паводзіць? Чым займаецца? Ці гэта праўда, як ходзяць чуткі ў спартзале, што яго кожны дзень лупяць ЭШТ, а ён проста страсае зь сябе электрычнасьць, як ваду, б’ецца аб заклад з тэхнікамі, як доўга зможа пратрымаць вочы расплюшчанымі, калі прыкладуць правады.
Я расказаў ім усё, што мог, і ніхто, здаецца, нават на сэкунду не зьдзівіўся, што я раптам размаўляю зь людзьмі – чалавек, якога заўжды лічылі глуханямым, цяпер гаворыць і слухае. Сказаў ім, што ўсе чуткі, якія да іх дайшлі, гэта праўда, і дадаў пару ўласных баек. Яны так гучна рагаталі з таго, як ён размаўляў зь Сястрой, што два кабачкі пад вільготнымі прасьцінамі сталі ўхмыляцца і фыркаць у такт сьмеху, быццам яны разумелі.
Калі сама Сястра агучыла праблему пацыента Макмэрфі на наступны дзень, сказала, што зь нейкай дзіўнай прычыны ён, здаецца, зусім не рэагуе на ЭШТ, і што, магчыма, спатрэбяцца больш радыкальныя захады, каб наладзіць зь ім кантакт, Гардынг адказаў:
– Ну, гэта магчыма, міс Брыдар, так – але з таго, што я чуў, як там у вас ідзе з Макмэрфі, ён без праблемаў наладзіў кантакт з вамі.
Вялікая Сястра так разгубілася і зьбянтэжылася, калі ўсе ў пакоі пачалі зь яе сьмяяцца, што больш не кранала гэтай тэмы.
Яна зразумела, што пакуль Макмэрфі ў тым аддзяленьні і нашыя ня бачаць, як яна яго гне, ён робіцца ў іх вачах большым, чым раней, вырастае амаль у легенду. На чалавека, якога ня бачыш, нельга глядзець, як на слабака, вырашыла яна, і пачала плянаваць, як вярнуць яго назад. Нашыя самі здолеюць пабачыць, што ён можа быць такім жа слабым, як іншыя, разьлічыла яна. Ён ня зможа захаваць ролі героя, калі будзе сядзець у дзённым пакоі ў шокавым ступары.
Нашыя такога чакалі і разумелі, што як толькі яго вернуць у аддзяленьне, каб усім паказаць, яна будзе пасылаць яго на электрашок штораз, калі ён ачомаецца. Таму Гардынг, Скэнлан, Фрэдрыксан і я дамовіліся пераканаць яго, што для ўсіх будзе лепей, калі ён уцячэ са шпіталю. І ў суботу, калі яго прывялі ў аддзяленьне – ён крочыў у дзённы пакой, як баксэр выходзіць на рынг, пляскаючы ў далоні над галавой, і абвясьціў, што чэмпіён вярнуўся, – у нас ужо быў падрыхтаваны плян. Мы дачакаемся цемры, падпалім матрац, а калі прыедуць пажарнікі, мы штурмам возьмем уваход і выпусьцім яго. Нам здавалася, што гэта такі добры плян, што ён ня зможа адмовіцца.
Але мы не падумалі, што быў якраз той дзень, на які ён дамовіўся зь дзяўчынай, Кэндзі, што тая прабярэцца ў аддзяленьне на спатканьне зь Білі.
Яго прывялі ў аддзяленьне каля дзясятай раніцы.
– Я як бочка зь сікунамі і воцатам, братва; мне праверылі запальныя сьвечкі, зачысьцілі кантакты, і цяпер я сьвячуся, як індуктар у старым фордзе. Калі-небудзь падлучалі такую штуку на сьвяты? Жых! Сапраўдная весялуха.
Ён сноўдаўся па аддзяленьні, большы, чым калі раней, кульнуў пад дзьверы Сястроўні вядро з вадой мыць падлогу, паклаў кавалак масла на мысок белага замшавага чаравіка найменшаму з чорных, так што той не заўважыў, і душыўся сьмехам увесь абед, пакуль масла раставала і рабіла жоўтую пляму, якая, паводле Гардынга, «наводзіла на разнастайныя думкі». Ён быў вялікі, як ніколі, і штораз, як ён праходзіў упрытык да мэдсястры-практыканткі, тая пішчала, закочвала вочы і ўцякала па калідоры, паціраючы бок.
Мы патлумачылі яму плян уцёкаў, а ён адказаў, што няма куды сьпяшацца, і нагадаў нам пра спатканьне Білі.
– Мы ж ня можам расчараваць нашага Білі, праўда, братва? Тым больш калі ён з цнатлівасьцю зьбіраецца разьвітацца. Дый вечарынка сёньня мае быць нішто сабе, калі ўсё атрымаецца: скажам так, можа, гэта мая разьвітальная вечарынка.
На тых выходных якраз працавала Вялікая Сястра – яна не хацела прапусьціць ягонага вяртаньня – і яна пастанавіла правесьці сход, каб зь нечым разабрацца. На сходзе яна зноў паспрабавала агучыць сваю прапанову наконт больш радыкальных захадаў. Яна настойвала, каб доктар разгледзеў такую магчымасьць, «пакуль яшчэ ня позна дапамагчы пацыенту». Але Макмэрфі быў як круцёлка падміргваньняў, пазяханьняў і адрыжак, пакуль яна прамаўляла, а калі яна нарэшце змоўкла, ён адразу ж зьдзівіў доктара і ўсіх пацыентаў, пагадзіўшыся зь ёй.
– Ведаеце, док, мо яна й праўду кажа. Няма толку ад некалькіх чэзлых вольт. А калі падвоіць напругу, дык мо я здолею лавіць восьмы канал з навуковай фантастыкай, як Марціні. А то мне ўжо абрыдлі гэныя аднастайныя галюны ў ложку, калі бачыш толькі чацьверты канал з навінамі і надвор’ем.
Мэдсястра прачысьціла горла і паспрабавала аднавіць кантроль за сходам:
– Я не прапаноўвала новых сэансаў шокатэрапіі, містэр Макмэрфі...
– Сапраўды, мадам?
– Я прапаноўвала, каб мы разгледзелі магчымасьць апэрацыі. Насамрэч вельмі простай. У нас ёсьць досьвед посьпехаў, калі ў некаторых агрэсіўных пацыентаў такім чынам здымаліся агрэсіўныя тэндэнцыі...
– Агрэсіўных? Мадам, ды я ж дружалюбны, як шчаня. Я ўжо амаль два тыдні не даваў высьпятка нашым гудронавым сябрукам-санітарам. Зь якой раптам прычыны цяпер рэзаць, скажыце?
Яна патрымала ўсьмешку, каб ён пабачыў, як яна спачувае:
– Рэндл, нічога рэзаць не спатрэ...
– Да таго ж, – працягваў ён, – няма сэнсу іх чыкаць; у мяне ўсё роўна ў тумбачцы яшчэ пара ё.
– Яшчэ... пара?
– Адно памерам з бэйсбольны мяч, док.
– Містэр Макмэрфі! – яе ўсьмешка разьбілася, як кавалак шкла, калі яна зразумела, што яе цьвеляць.
– Але другое, можна сказаць, нармальнага памеру.
Ён працягваў у гэткім духу, ажно пакуль не прыйшоў час ісьці спаць. На той момант у аддзяленьні ўжо панаваў сьвяточны настрой, як на кірмашы, і нашыя шапталі адзін аднаму, што мо атрымаецца вечарынка, калі дзяўчына прывязе выпіць. Усе спрабавалі трапіць на вочы Білі, ухмыляліся і падміргвалі, як толькі той на іх глядзеў. А калі мы сталі ў чаргу па лекі, Макмэрфі падышоў і спытаўся ў маленькай мэдсястры з крыжам і радзімкай, ці можна яму пару вітамінаў. Тая зьдзівілася і адказала, што чаму б не, і дала яму некалькі пігулак памерам зь перапяліныя яйкі. Ён паклаў іх у кішэню.
– Вы што, не зьбіраецеся іх глытаць?
– Я? Крый мяне Божа. Мне вітамінаў ня трэба. Я іх браў для нашага Білі тутака. Ён нешта апошнім часам хваравіта выглядае – малакроўе, хутчэй за ўсё.
– Тады чаму вы не дасьце іх Білі?
– Дам, сонейка, дам, але я падумаў, што лепей пачакаць да поўначы, калі яны яму найбольш спатрэбяцца, – і пайшоў у палату, абхапіўшы рукой зачырванелую шыю Білі, падміргнуў Гардынгу і тыцнуў мяне адзінцом пад рэбры, калі праходзіў міма, а мэдсястра засталася сядзець з круглымі вачыма ў кабінэце, ліючы ваду са збана сабе на нагу.
Наконт Білі Бібіта варта ведаць: хоць у яго ўжо зморшчыны на твары і сівізна ў валасах, ён усё роўна выглядае, як хлопчык, – як аблавухі рабаціністы хлопчык з заячымі зубамі, які нешта насьвіствае басанож на насьценным календары, дзе за ім па зямлі цягнецца зьвязак налоўленых бычкоў – але пры гэтым ён зусім не такі. Усе заўжды зьдзіўляліся, калі бачылі, што побач зь іншымі ён не ніжэйшы за астатніх, што, калі прыгледзецца, ён зусім не аблавухі, не рабаціністы, і зубы ў яго ня заячыя, і што насамрэч яму за трыццаць.
Я чуў, як ён называў свой узрост, толькі аднойчы – па праўдзе, падслухаў, як ён размаўляў са сваёй маці ў калідоры. Тая працавала сакратаркай у рэгістратуры: мажная, дзябёлая кабета, у якой валасы кожныя некалькі месяцаў мянялі колер зь белага на блакітны, на чорны і назад на белы, суседка Вялікай Сястры, наколькі я ведаў, і ейная добрая сяброўка. Штораз, як мы некуды выходзілі, Білі заўсёды даводзілася спыняцца і засоўваць у вакенца пунсовую шчаку, каб маці зьлёгку яго пацалавала. Нас усіх гэта бянтэжыла ня меней, чым Білі, і таму ніхто не дражніў яго праз гэта, нават Макмэрфі.
Аднойчы ўдзень, ужо ня памятаю як даўно, мы спыніліся па дарозе на нейкія працэдуры і сядзелі ў вэстыбюлі на вялікіх плястыкавых канапах ці звонку ў праменях паабедзеннага сонца, адзін з чорных рабіў стаўкі праз тэлефон, а маці Білі зладзіла сабе невялічкі перапынак, выйшла з рэгістратуры, узяла сына за руку, адвяла на вуліцу і ўладкавалася зь ім на траве непадалёк мяне. Яна сядзела на траве, нібы здубянелая, сутулячыся, выставіўшы наперад кароткія поўныя ногі ў панчохах, якія колерам нагадвалі сардэлькі, а Білі ляжаў побач, паклаўшы галаву ёй на калені, і дазваляў ёй вадзіць яму па вуху дзьмухаўцом. Білі казаў пра пошукі жонкі і пра тое, што калі-небудзь хацеў бы пайсьці вучыцца ва ўнівэрсытэт. Маці казытала яго пухам дзьмухаўца і пасьмейвалася з такіх глупстваў.
– Любачка, у цябе яшчэ будзе плойма часу, каб пра гэта падумаць. Перад табой яшчэ ўсё жыцьцё.
– Мама, мне ўжо т-т-трыццаць адзін год!
Яна засьмяялася і папляскала яго па вуху сьцяблінкай.
– Лю-ю-юбачка, няўжо я выглядаю як маці мужчыны сярэдніх гадоў?
Зморшчыла нос, надзьмула вусны і чмокнула языком, нібы паслаўшы паветраны пацалунак, і трэба прызнаць, што яна ўвогуле не выглядала як маці. Я ня мог паверыць, што яму можа быць трыццаць адзін, пакуль пазьней не падабраўся ўшчыльную, каб пабачыць ягоную дату нараджэньня на бранзалетцы.
Апоўначы, калі Гівэр і іншы чорны разам з мэдсястрой скончылі зьмену і на працу прыйшоў стары мурын, містэр Тэркл, Макмэрфі і Білі ўжо падняліся – відаць, глыталі вітаміны. Я вылез з ложка, надзеў халат і пайшоў у дзённы пакой, дзе яны размаўлялі. Гардынг, Сэфэлт і яшчэ некалькі нашых таксама выйшлі. Макмэрфі тлумачыў Тэрклу, на што разьлічваць, калі прыедзе дзяўчына, ці, хутчэй, нагадваў, бо выглядала, што яны ўжо ўсё абмеркавалі пару тыдняў таму. Макмэрфі сказаў, што найлепш запусьціць дзяўчыну праз вакно замест таго, каб рызыкаваць і весьці яе праз вэстыбюль, дзе можа быць начальніца начной зьмены. А потым адамкнуць ізалятар. Ага, хіба ня файны шалаш, каб там быў рай маладым каханкам? Будуць ізаляваныя як трэба. («Ух-х-х, Макм-мэрфі», – усё спрабаваў вымавіць Білі.) І не ўлучаць сьвятла. Каб начальніца зьмены не пабачыла. І зачыніць дзьверы ў палату, каб не пабудзіць усіх тутэйшых сьлінявых хронікаў. І паводзіць сябе ціха, мы ж ня хочам іх турбаваць.
– Ай, ну х-хопіць ужо, М-М-Мак, – прамовіў Білі.
Містэр Тэркл усе ківаў і ўсё ніжэй апускаў галаву, так што здавалася, нібыта ён засынае. Калі Макмэрфі сказаў: «Здаецца, гэта больш-менш усё», – той адказаў: «Не, не зуй-сім», – і сядзеў там у сваёй белай уніформе з ухмылкай на твары, з лысай галавой, што лунала на канцы доўгай шыі, як шар на вяровачцы.
– Спакуха, Тэркл. Твае стараньні будуць узнагароджаныя. Яна ж мае прынесьці пару пляшак.
– Ужо цяплей, – кіўнуў містэр Тэркл.
Яго галава ўсё целяпалася і хілілася долу. Выглядала, што ён ледзь стрымліваецца, каб не заснуць. Я чуў, што ўдзень ён працуе ў іншым месцы, на скачках. Макмэрфі павярнуўся да Білі.
– Тэркл тут хоча большую долю ў кантракце, братка Білі. Колькі ты гатовы выкласьці, каб стаць сапраўдным мужыком?
Перш чым Білі здолеў нешта сказаць праз заіканьне, Тэркл адмоўна пакруціў галавой:
– Я не пра тое. Не пра грошы. Гэтая ж бусечка з сабой ня толькі пляшку прывязе, праўда? Вы ж, хлопцы, ня толькі выпіўкай тут падзеліцеся, хіба не?
Білі ледзь ня лопнуў, спрабуючы праз заіканьне прамармытаць нешта накшталт толькі ня Кэндзі, толькі не ягоную дзяўчыну! Макмэрфі адвёў яго ўбок і сказаў не хвалявацца: Тэркл хутчэй за ўсё будзе такі п’яны і сонны, калі Білі скончыць зь дзяўчынай, што стары чарнамазы нават гурка ў тазік засунуць ня зможа, ня тое што нешта яшчэ.
Дзяўчына зноў спазьнялася. Мы сядзелі ў халатах у дзённым пакоі і слухалі, як Макмэрфі і Тэркл апавядаюць гісторыі з вайсковай службы і перадаюць адзін аднаму Тэрклаву цыгарэту, кураць яе неяк дзіўна, зацягваюцца так, што ажно вочы вылазяць. Гардынг быў спытаўся, што гэта за цыгарэту з такім правакацыйным пахам яны паляць, і містэр Тэркл адказаў пісклявым, задыханым голасам:
– Зуйсіім звычайную цыгарэтку. Гі-гі, так-так. Хочаш зацяжачку?
Білі нэрваваўся ўсё болей і болей – баяўся, што дзяўчына ня зьявіцца, і баяўся, што зьявіцца. Ён усё пытаўся, чаму мы не ідзем спаць, а замест гэтага сядзім у холадзе і цемры, быццам сабакі, што на кухні чакаюць аб’едкаў са стала. У адказ мы проста ўхмыляліся. Нікому з нас не хацелася ісьці ў ложак; было зусім ня холадна, і было прыемна расслабіцца ў паўзмроку і слухаць байкі Макмэрфі ды містэра Тэркла. Ніхто ня быў сонны, і ніхто нават не пераймаўся, што ўжо прайшла другая гадзіна ночы, а дзяўчына ўсё яшчэ не зьявілася. Тэркл сказаў, можа, у аддзяленьні так цёмна, што яна папросту ня бачыць, каб разабрацца, куды ісьці. Макмэрфі пагадзіўся, што гэта сьвятая праўда, і тады яны ўдвох пабеглі па калідорах і ўлучылі ўсё сьвятло ў аддзяленьні. Яны ўжо зьбіраліся ўключыць верхняе асьвятленьне ў палаце, але Гардынг папярэдзіў, што тады ўсе астатнія падымуцца, і зь імі давядзецца дзяліцца. Яны пагадзіліся і вырашылі замест гэтага ўключыць усе лямпачкі ў кабінэце доктара.
Як толькі яны залілі аддзяленьне сьвятлом, нібыта пасярод белага дня, адразу ж пачуўся лёгкі стук у шыбу. Макмэрфі падбег да вакна і прыклаў да шыбы твар, захінуўшы яго з двух бакоў далонямі, каб лепей бачыць. Ён адышоў і ўсьміхнуўся нам.
– Крочыць, як каралева ночы, – сказаў ён. Узяў Білі за прыдалоньне і падцягнуў да вакна. – Запусьці яе, Тэркл. Выпусьці на яе гэнага ашалелага жарабца.
– Слухай, Макм-м-м-мэрфі, п-п-пачакай, – сказаў Білі, упіраючыся, як асёл.
– Ня трэба тут мне мамамэрфаць, братка Білі. Запозна адступацца. Усё ў цябе атрымаецца. Я табе во што скажу: стаўлю пяць баксаў, што ты яе аддзярэш да непрытомнасьці, ну як? Адчыняй вакно, Тэркл.
У цемры стаялі дзьве дзяўчыны, Кэндзі і тая другая, што не прыехала на рыбалку.
– Ух ты блі-і-ін, – прысьвіснуў Тэркл, дапамагаючы ім залезьці, – тут на ўсіх хопіць.
Мы ўсе падышлі дапамагчы: ім давялося задзіраць цесныя спадніцы ажно да клубоў, каб пралезьці праз вакно. Кэндзі вымавіла:
– Чарцяка ты, Макмэрфі, – і так рэзка паспрабавала абняць яго, што ледзь не разьбіла бутэлькі, якія трымала за рыльцы ў кожнай руцэ. У яе даволі моцна запляталіся ногі, а складаная фрызура, якую яна была выбудавала, ужо крыху раскудлацілася. Я падумаў, што яна выглядала лепей з распушчанымі валасамі, як было падчас рыбалкі. Калі яна зьлезла з падваконьня, то махнула бутэлькай іншай дзяўчыне.
– Сэндзі прыехала са мной. Яна вось так зьнянацку кінула свайго маньяка зь Бівэртану, праўда дзіч?
Другая дзяўчына пралезла ў вакно, пацалавала Макмэрфі і сказала:
– Здароў, Мак. Прабач, што я тады не прыехала, Але цяпер з гэтым скончана. Колькі ж можна трываць такія жарцікі – белыя мышы ў падушцы, чарвякі ў крэме, жабы ў станіку.
Яна кіўнула і правяла рукой перад сабой, нібы сьцірала ўспаміны пра свайго мужа, аматара рознай жыўнасьці:
– Бо-о-ожачкі, ну і маньяк.
Яны абедзьве былі босыя, у спадніцах, швэдрах і нэйлёнавых панчохах, абедзьве чырванашчокія і хіхікалі.
– Нам давялося пытаць дарогу, – патлумачыла Кэндзі, – у кожным прыдарожным бары.
Сэндзі агледзела нашае кола, вылупіўшы вочы.
– Уух-х-х ты, Кэндзі, а дзе мы? Гэта што, папраўдзе? Мы ў дурдоме? Ні фіга сабе!
Яна была мажнейшая за Кэндзі, пэўна гадоў на пяць старэйшая і спрабавала закруціць рудыя валасы ў стылёвую куклу на патыліцы, але яны ўсё зьвісалі перад ейнымі шырокімі малочнымі шчокамі, і яна выглядала, як вясковая дзяўчына, якая прыкідваецца сапраўднай лэдзі. У яе былі зашырокія плечы, грудзі і сьцёгны, а ўсьмешлівы рот надта вялікі і адкрыты, каб яе можна было назваць прыгожай, але яна была харошанькая, поўная здароўя, а на адным з пальцаў мела падвешаны за колца плястыкавы пяцілітровік віна, які вагаўся ў яе збоку, як торбачка.
– Як так, Кэндзі, ну як так, як з намі ўвесь час здараецца такая дзіч? – яна яшчэ раз крутнулася і спынілася, расставіўшы ногі і хіхікаючы.
– Нічога не здараецца, – паважна зьвярнуўся да дзяўчыны Гардынг. – Гэта ўсё мроі, якія вы бачыце падчас бяссоннай ночы, а потым баіцеся расказаць свайму псыхааналітыку. Насамрэч вас тут няма. Гэтае віно несапраўднае, нічога тут не існуе. Так што давайце адштурхоўвацца ад гэтага.
– Здароў, Білі, – сказала Кэндзі.
– Ты толькі паглядзі на гэта, – адгукнуўся Тэркл.
Кэндзі нязграбна працягнула адну з бутэлек да Білі:
– Я прывезла табе падарунак.
– Гэта ўсё мроі зь ненавуковай фантастыкі, – працягваў Гардынг.
– Аёй! – прамовіла Кэндзі. – І ў што мы такое ўкляпаліся?
– Ш-ш-ш, – прашыпеў Скэнлан і насуплена агледзеўся навокал. – Пабудзіш тут усіх засранцаў, калі будзеш так гучна размаўляць.
– А ў чым праблема, жмінда? – захіхікала Сэндзі і зноў пачала круціцца. – Баісься, што на ўсіх ня хопіць?
– Халера, Сэндзі, трэба было мне ведаць, што ты прыцягнеш гэны танны парцьвяшок.
– Ой мааамачкі! – яна спынілася і ўтаропілася ў мяне. – Ну і мужык, Кэндзі, сапраўдны веліканішча, энікі-бэнікі.
Містэр Тэркл прамовіў: «Ух ты блі-і-ін», – і замкнуў мэталёвую сетку на вакне, а Сэндзі зноў працягнула; «Ой мааамачкі». Мы ўсе зьбіліся ў нехлямяжую кучу пасярод дзённага пакою, штурхалі адзін аднаго, казалі нешта, бо ніхто яшчэ ня ўцяміў, што рабіць, – ніколі не былі ў такой сытуацыі – і ня ведаю, ці ўвогуле спынілася б гэтая ўзбуджаная нэрвовая мітусьня размоваў, хіхіканьня і штурханіны па пакоі, калі б дзьверы ў аддзяленьне на канцы калідору не зазьвінелі, адчыніўшыся пад ударам ключа – усе здрыгануліся, быццам спрацавала сыгналізацыя.
– А Божа ж ты мой, – заенчыў містэр Тэркл, пляснуўшы далонямі па лысай галаве, – гэта нача-альніца, прыйшла звальняць маю чорную задніцу.
Мы ўсе пабеглі ў прыбіральню, выключылі сьвятло і стаялі ў цемры, слухаючы дыханьне адзін аднаго. Мы чулі, як начальніца блукае па аддзяленьні і кліча містэра Тэркла гучным, крыху спалоханым шэптам. Ейны голас быў лагодны і ўстрывожаны і падымаўся на канцы кожнага закліку:
– Містэр Тэр-каал? Міс-тэр Тэркл?
– Дзе ж ён, халера? – прашаптаў Макмэрфі. – Чаму ён ёй не адказвае?
– Не хвалюйся, – сказаў Скэнлан. – У сарціры яна шукаць ня будзе.
– Але чаму ён не адказвае? Мо трава надта ў галаву дала.
– Дзядзька, што ты такое вярзеш? Мне ў галаву ніколі не дае, тым больш ад такога маленькага касячка, – гэта быў голас містэра Тэркла недзе ў цёмным сарціры поруч з намі.
– А божачкі, Тэркл, ты што тут робіш? – Макмэрфі адначасова спрабаваў гаварыць суровым голасам і стрымліваць сьмех. – Выйдзі паглядзі, чаго яна хоча. Што яна падумае, калі цябе ня знойдзе?
– Нам гамон, – вымавіў Гардынг і прысеў. – Зьлітуйся над намі, Алах.
Тэркл адчыніў дзьверы, высьлізнуў вонкі і сустрэў яе ў калідоры. Яна прыйшла паглядзець, што значыць усё гэтае сьвятло. Для чаго спатрэбілася ўлучаць усё асьвятленьне ў аддзяленьні? Тэркл адказаў, што ня ўсё асьвятленьне ўключанае, бо выключанае сьвятло ў палаце, і ў прыбіральні таксама. Яна сказала, што гэта не апраўданьне для астатняга асьвятленьня, зь якой такой прычыны тут усё гэтае сьвятло? Тэркл разгублена маўчаў, і ў гэтым доўгім маўчаньні я пачуў, як побач са мной у цемры перадаюць бутэльку. Там, у калідоры, яна паўтарыла пытаньне, і Тэркл адказаў, што, маўляў, ён проста прыбіраў і правяраў памяшканьні. Яна тады захацела даведацца, чаму цёмна ў прыбіральні – адзіным памяшканьні, чыстка якога ўваходзіць у ягоныя службовыя абавязкі? Пляшка зноў пайшла па коле, мы ўсе чакалі, што ён адкажа. Чарга дайшла да мяне, і я зрабіў глыток. Я адчуваў, што мне гэта трэба. Ажно адсюль я чуў, як у калідоры Тэркл глытае сьліну і гугнявіць, спрабуючы нешта патлумачыць.
– Яму капцы, – прасычэў Макмэрфі. – Трэба, каб хтосьці выйшаў і дапамог.
Я пачуў, як побач нехта змыў ваду ва ўнітазе, дзьверы адчыніліся, і ў сьвятле калідору зьявіўся Гардынг, які выходзіў з прыбіральні, папраўляючы піжаму. Начальніца войкнула, пабачыўшы яго, а ён папрасіў прабачэньня, сказаў, што не заўважыў яе, бо так цёмна.
– Тут ня цёмна.
– Я маю на ўвазе ў прыбіральні. Я заўсёды выключаю сьвятло, каб дасягнуць аптымальнай работы кішачніка. Гэтыя люстэркі, разумееце... калі сьвятло ўключанае... люстэркі назіраюць за мной асуджальна і выносяць прысуд, калі нешта выходзіць ня так.
– Але санітар Тэркл сказаў, што ён там прыбіраў...
– І трэба сказаць, цудоўна спраўляўся са сваёй працай, калі ўлічыць абмежаваньні, накладзеныя на яго цемрай. Ня хочаце паглядзець?
Гардынг трошачкі прачыніў дзьверы, і скрылік сьвятла прарэзаўся па кафлі на падлозе прыбіральні. Я заўважыў, як начальніца падалася назад, сказала, што ёй давядзецца адмовіцца ад такой прапановы, бо яшчэ трэба абход рабіць. Потым я пачуў, як яна зноў адамкнула дзьверы ў калідоры і сышла з аддзяленьня. Гардынг крыкнуў ёй хутчэй вяртацца для новай праверкі, а ўсе выбеглі, і сталі трэсьці яму руку ды пляскаць па плячы за тое, як ён усе правярнуў.
Мы стаялі ў калідоры, і віно зноў пайшло па коле. Сэфэлт сказаў, што ён бы зь вялікай ахвотай цяпнуў гарэлкі, каб было з чым яе зьмяшаць. Ён спытаўся ў Тэркла, ці ёсьць у аддзяленьні які запівон, і той адказаў, што хіба вада. Фрэдрыксан спытаўся, а як наконт сыропу ад кашлю?
– Мне часам даюць з двухлітровага слоіка ў працэдурным. На смак някепская штука. Ты ж маеш ключ ад таго пакою, Тэркл?
Тэркл адказаў, што ўначы ключ ад працэдурнага ёсьць толькі ў начальніцы зьмены, але Макмэрфі ўгаварыў яго дазволіць нам паспрабаваць адмычкай. Тэркл ухмыльнуўся і ляніва кіўнуў. Пакуль яны з Макмэрфі працавалі над замком з канцылярскімі сашчэпкамі, мы зь дзяўчатамі бавіліся ў Сястроўні, адчынялі тэчкі і чыталі асабістыя справы.
– Ты паглядзі, – вымавіў Скэнлан, патрасаючы адной з тэчак. – Во што значыць поўнае дасье. У іх нават мой дзёньнік са школы ё. А-а-а, жахлівыя адзнакі, проста жахлівыя.
Тым часам Білі разам са сваёй дзяўчынай праглядалі ягоную асабістую справу. Яна зрабіла крок назад і акінула яго позіркам:
– Усе гэтыя штукі, Білі? Фрэнія тое, патыя сёе? Ты зусім не падобны да чалавека з такімі штукамі.
Другая дзяўчына адчыніла шафу і агучвала падазрэньні, навошта мэдсёстрам патрэбныя ўсе гэтыя бутэлечкі, іх тут мільён, а Гардынг сядзеў на стале Вялікай Сястры і пазіраў на ўсё гэта, хітаючы галавой.
Макмэрфі і Тэркл здолелі адамкнуць дзьверы ў працэдурны і вынесьлі адтуль зь лядоўні бутэльку густой вадкасьці вішнёвага колеру. Макмэрфі нахіліў бутэльку пад сьвятло і прачытаў з налепкі ўголас.
– Штучны араматызатар, фарбавальнік, лімонная кіслата. Семдзесят адсоткаў інэртнага рэчыва – гэта, пэўна, вада – дваццаць адсоткаў алькаголю, цудоўна, і дзесяць адсоткаў кадэіну. УВАГА, НАРКОТЫК, МОЖА ВЫКЛІКАЦЬ ЗАЛЕЖНАСЬЦЬ.
Ён адкруціў каўпачок і пакаштаваў сыроп, заплюшчыўшы вочы. Правёў языком па зубах, зрабіў яшчэ глыток і перачытаў цэтлік.
– Ну, – нарэшце прамовіў ён і шчоўкнуў зубамі, быццам іх толькі што натачылі, – калі крыху разбавіць гарэлкай, здаецца, будзе нішто сабе. Як у нас зь лёдам, братка Тэркл?
Зьмяшаны ў папяровых мэдычных кубачках з гарэлкай і партвэйнам сыроп быў на смак, як дзіцячы напой, але ў галаву біў, нібы кактусава-яблычная гарэлка, якую мы куплялі ў Дэлзе, халодненькая і лагодная ў глотцы, але гарачая і лютая, калі яе ўжо заглынеш. Мы выключылі сьвятло ў дзённым і селі піць нашую мікстуру. Кінулі на падлогу першыя пару кубачкаў, быццам прымалі лекі, пілі яе сур’ёзнымі, маўклівымі дозамі і глядзелі адзін на аднаго, каб пабачыць, ці нехта памрэ. Макмэрфі і Тэркл пераключаліся сюды-туды з выпіўкі на Тэрклавы цыгарэты і зноў пачалі хіхікаць, абмяркоўваць, як было б у ложку з той маленькай мэдсястрой з радзімкай, што сышла апоўначы.
– Мне было б страшна, – пачаў Тэркл, – што яна стане мяне лупцаваць сваім аграмадным крыжам на ланцужку. Ат была б засада, праўда?
– А мне было б страшна, – сказаў Макмэрфі, – што якраз калі я ўжо канчацьму, яна працягне руку з тэрмомэтрам мне за сьпіну і замерае тэмпэратуру, сам ведаеш дзе.
Тут усе выбухнулі сьмехам. Потым Гардынг спыніўся, каб далучыцца да жартаў.
– Ці яшчэ горш, – прамовіў ён. – Будзе проста ляжаць пад табой з жахлівай засяроджанасьцю на твары і скажа табе... ой мама родная, ты толькі паслухай... скажа, які ў цябе быў пульс.
– Ой не... о бо-о-ожачкі...
– Ці нават горш, проста будзе там ляжаць і здолее падлічыць табе і пульс, і тэмпэратуру, без інструмэнтаў, вуаля!







