412 000 произведений, 108 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Кен Кізі » Палёт над гняздом зязюлі » Текст книги (страница 19)
Палёт над гняздом зязюлі
  • Текст добавлен: 26 июня 2025, 06:10

Текст книги "Палёт над гняздом зязюлі"


Автор книги: Кен Кізі



сообщить о нарушении

Текущая страница: 19 (всего у книги 21 страниц)

– Ой бо-о-ожачкі, ой ня трэба...

Ад рогату мы ажно качаліся па канапах і крэслах, задыхаліся, а на вачах выступалі сьлёзы. Дзяўчаты так аслаблі ад сьмеху, што ім давялося два ці тры разы спрабаваць падняцца.

– Мне трэба... пасікаць, – сказала большая і пайшла да прыбіральні, хістаючыся і хіхікаючы, але схібіла дзьвярыма і ўвалілася ў палату, а мы ўсе рабілі адзін аднаму знакі маўчаць, пальцамі ля вуснаў, чакалі, пакуль не пачуўся ейны віскат і роў старога палкоўніка Мэтэрсана: «Падушка гэта... конь!» – і ён вышмыгнуў з палаты ў сваім вазку адразу ж сьледам за ёй.

Сэфэлт закаціў палкоўніка назад у палату і асабіста паказаў дзяўчыне, дзе прыбіральня, сказаў, што звычайна ёй карыстаюцца выключна мужчыны, але ён стане ля дзьвярэй, пакуль яна будзе там, і ўвартуе ейныя прыватныя справы ад уварваньня, абароніць яе ад няпрошаных гасьцей, Богам клянецца. Яна ўрачыста падзякавала, паціснула яму руку, яны адсалютавалі адно аднаму, і пакуль яна была ўнутры, з палаты зноў выкаціўся палкоўнік, таму Сэфэлту давялося папрацаваць, каб не пусьціць яго ў прыбіральню. Калі дзяўчына выйшла, Сэфэлт нагой адбіваўся ад наездаў вазка, а мы атачылі месца звадкі і воклічамі падбадзёрвалі абодвух. Дзяўчына дапамагла яму зноў пакласьці палкоўніка спаць, а потым яны ўдваіх пайшлі па калідоры і танцавалі вальс пад музыку, якой ніхто ня чуў.

Гардынг піў, пазіраў на ўсё і недаверліва круціў галавой:

– Гэтага не адбываецца. Гэта супольны твор Кафкі, Марка Твэна і Марціні.

Макмэрфі і Тэркл пачалі хвалявацца, што па-ранейшаму зашмат сьвятла, таму яны пайшлі па калідоры і выключылі ўсё, што сьвяціла, нават маленькія начныя лямпачкі на вышыні калена, і ўрэшце аддзяленьне пагрузілася ў апраметную цемру. Тэркл даў нам ліхтарыкі, і мы сталі гуляцца ў даганялкі на калідоры, здабыўшы са складу інвалідныя вазкі; было вельмі весела, пакуль мы не пачулі крыкаў Сэфэлта, і, падбегшы, убачылі, як ён дрыгаецца ў канвульсіях побач зь вялікай дзяўчынай, Сэндзі. Тая сядзела на падлозе, папраўляла спадніцу і пазірала на Сэфэлта:

– Я ніколі нічога падобнага не зазнавала, – вымавіла яна агаломшана.

Фрэдрыксан стаў на калені побач зь сябрам і засунуў яму між зубоў гаманец, каб той не жаваў сабе языка, а потым дапамог зашпіліць штаны.

– Ты ў парадку, Сэф? Сэф?

Сэфэлт не расплюшчыў вачэй, але падняў млявую руку і выняў гаманец з рота. Ён усьміхнуўся празь сьліну.

– У парадку, – вымавіў ён. – Дайце мне лекі і зноў пусьціце на волю.

– Табе сапраўды трэба лекі, Сэф?

– Лекі.

– Лекі, – сказаў, павярнуўшы галаву, Фрэдрыксан, які ўсё яшчэ стаяў на каленях.

– Лекі, – паўтарыў Гардынг і навёў свой ліхтарык на працэдурны кабінэт.

Сэндзі ашклянелымі вачыма глядзела, як Гардынг пайшоў туды. Яна сядзела побач з Сэфэлтам і гладзіла яму галаву ў захапленьні.

– Мо мне таксама чаго-небудзь прынясіце, – прамовіла яна ўсьлед Гардынгу п’яным голасам. – Ніколі нават і блізка не зазнавала нічога падобнага.

Мы пачулі, як у канцы калідору разьбілася шкло, і Гардынг вярнуўся да нас з поўнымі прыгаршчамі пігулак; ён пасыпаў імі Сэфэлта і жанчыну, быццам крышыў грудкі зямлі ў магілу. Потым падняў вочы да столі.

– Божа міласэрны, прымі гэтых дваіх бедных грэшнікаў у свае абдоймы! І пакінь дзьверы прачыненымі для ўсіх нас астатніх, бо ты назіраеш канец, абсалютны, беззваротны, фантастычны фінал. Я ўрэшце зразумеў, што адбываецца. Тут наша апошняя гулянка. З гэтага моманту мы асуджаныя. Мусім набрацца як мага больш мужнасьці і чакаць нашага немінучага лёсу. Нас усіх расстраляюць на сьвітанку. Міс Брыдар пашыхтуе нас каля сьцяны, і мы будзем глядзець у жахлівае чэрава драбавіка зь вялікай руляй, які яна зарадзіць мэпрабаматамі! Таразінамі! Лібрыюмамі! Стэлазінамі! І адным узмахам свайго мяча, жы-ых-х-х! Супакоіць нас транквілізатарамі ўсьмерць.

Ён асеў на сьцяну і споўз на падлогу, пігулкі паскакалі зь яго далоняў, як чырвоныя, зялёныя і аранжавыя кузуркі.

– Амінь, – прамовіў ён і заплюшчыў вочы.

Дзяўчына на падлозе паправіла спадніцу на доўгіх спрацаваных нагах, паглядзела на Сэфэлта, які ўсё яшчэ ўсьміхаўся і торгаўся каля яе ў промнях сьвятла, і сказала:

– Ніколі ў жыцьці нават напалову не зазнавала нічога падобнага.



Гардынгава прамова калі й не працьверазіла нашых, дык прынамсі прымусіла зразумець, наколькі сур’ёзна тое, што мы рабілі. Ноч мінала, і трэба было падумаць пра прыход мэдпэрсаналу раніцай. Білі Бібіт і дзяўчына нагадалі, што ўжо чатыры гадзіны, і што калі ніхто ня супраць, яны б хацелі, каб містэр Тэркл адамкнуў ізалятар. Яны сышлі пад арку сьвятла ад ліхтарыкаў, а мы ўсе пайшлі ў дзённы пакой вырашаць, як тут можна прыбрацца. Тэркл амаль вырубіўся, калі мы вярнуліся з ізалятару, і нам давялося каціць яго ў дзённы пакой на вазку.

Калі я йшоў за імі, я зразумеў з раптоўным зьдзіўленьнем, што я п’яны, сапраўды п’яны ўпершыню з часу службы ў войску, п’яны разам з паўтузінам іншых мужыкоў і парай дзяўчат – і ўсё гэта ў аддзяленьні Вялікай Сястры! П’яны і бегаю тут, сьмяюся зь дзяўчатамі ў самай сярэдзіне наймагутнейшай цьвярдыні Камбінату! Я прыгадаў пачатак ночы, тое, што мы рабілі, і ў гэта было амаль немагчыма паверыць. Мне давялося нагадваць сабе, што гэта сапраўды адбылося, што мы зрабілі так, каб гэта змагло адбыцца. Мы проста адамкнулі вакно і запусьцілі гэта ўсярэдзіну, як запускаеш сьвежае паветра. Можа быць, Камбінат не ўсёмагутны. Што нам перашкодзіць зрабіць гэта зноў, цяпер, калі мы ведаем, што можам? Ці што перашкодзіць нам рабіць іншыя рэчы, якіх мы хочам? Мне так прыемна было пра гэта думаць, што я загарланіў і наляцеў на Макмэрфі і дзяўчыну, Сэндзі, якія ішлі перада мной, схапіў іх абаіх і прабег ажно да дзённага пакою зь імі пад пахамі, а яны галасілі і дрыгалі нагамі, як дзеці. Гэтак добра я сябе адчуваў.

Зноў падняўся палкоўнік Мэтэрсан, яснавокі і гатовы чытаць бясконцыя лекцыі, а Скэнлан зноў закаціў яго спаць. Сэфэлт, Марціні і Фрэдрыксан сказалі, што яны таксама лепей пойдуць на бакавую. Макмэрфі, я, Гардынг, дзяўчына і містэр Тэркл засталіся дапіваць мікстуру ад кашлю і вырашаць, што рабіць з бардаком у аддзяленьні. Выглядала, што мы з Гардынгам былі адзіныя, каго гэта сапраўды хвалявала; Макмэрфі і вялікая дзяўчына проста сядзелі, пацягвалі сыроп, усьміхаліся адно аднаму і гулялі рукамі ў нейкія гульні ў цемры, а містэр Тэркл кляваў носам. Гардынг прыкладаў усе намаганьні, каб яны неяк паклапаціліся пра свой лёс.

– Вы ўсе не ўсьведамляеце складанасьці цяперашняй сытуацыі, – казаў ён.

– Лухта, – адказваў Макмэрфі.

Гардынг пляснуў далоньню па стале:

– Макмэрфі, Тэркл, вы проста не разумееце, што тут сёньня адбылося. У аддзяленьні для псыхічна хворых. У аддзяленьні міс Брыдар! Наспутствы... наступствы будуць... разбуральныя!

Макмэрфі кусануў дзяўчыне вуха. Тэркл кіўнуў, расплюшчыў адно вока і прамовіў:

– Эта праўда. І заўтра якраз ейная зьмена.

– У мяне, аднак, ёсьць плян, – заявіў Гардынг.

Ён падняўся на ногі. Сказаў, што Макмэрфі відавочна занадта адключыўся, каб самому разабрацца з сытуацыяй, і камусьці трэба пераняць кіраўніцтва. Прамаўляючы, ён выпрастоўваўся і цьверазеў. Ён гаварыў шчырым і настойлівым голасам, а ягоныя рукі малявалі карцінкі да словаў. Я быў рады, што ён тут і можа пераняць кіраваньне.

Паводле ягонага пляну, нам трэба было зьвязаць Тэркла і зрабіць усё так, каб выглядала, што Макмэрфі падкраўся да яго ззаду, зьвязаў яго, ну, напрыклад, стужкамі з рваных прасьцінаў, забраў у яго ключы, потым уламіўся ў працэдурны пакой, раскідаў там лекі і нарабіў вэрхалу з дакумэнтамі, проста каб насаліць мэдсястры – у гэта яна дакладна паверыць, – а потым адамкнуў сетку на вакне і ўцёк.

Макмэрфі адказаў, што гэта падобна да сюжэту з тэледэтэктыву і настолькі сьмеху варта, што ня можа не спрацаваць. Ён пахваліў Гардынга за ясныя думкі. Гардынг дадаў, што ў пляну ёсьць сур’ёзныя плюсы: астатнія нашы ня будуць мець праблемаў з мэдсястрой, Тэркл захавае сваю працу, а Макмэрфі пакіне шпіталь. Ён сказаў, што дзяўчаты могуць адвезьці яго ў Канаду, ці ў Тыхуану, ці нават у Нэваду, калі ён захоча, і ён будзе ў поўнай бясьпецы; паліцыя ніколі асабліва не напружваецца ў пошуках уцекачоў з такіх шпіталяў, бо дзевяноста адсоткаў зь іх заўсёды самі вяртаюцца празь некалькі дзён, з пустымі кішэнямі, п’яныя, у пошуках месца, дзе можна бясплатна выспацца і пад’есьці. Мы крыху пагутарылі пра гэта і дапілі мікстуру ад кашлю. Нарэшце мы дагаварыліся да цішыні. Гардынг зноўку сеў.

Макмэрфі прыбраў руку з таліі дзяўчыны і паглядзеў на мяне, а потым на Гардынга, нешта абдумваючы, зноўку з гэтым дзіўным, стомленым выразам на твары. Ён спытаўся, а што наконт нас, чаму б нам проста не падняцца, ня ўзяць свайго адзеньня і ня выправіцца зь ім?

– Я яшчэ не зусім гатовы, Мак, – адказаў яму Гардынг.

– Тады чаму ты думаеш, што гатовы я?

Гардынг крыху паглядзеў на яго моўчкі і ўсьміхнуўся, потым сказаў:

– Не, ты не разумееш. Я буду гатовы празь некалькі тыдняў. Але я хачу зрабіць гэта асобна, сам, праз парадны ўваход, з усёй звычайнай бюракратычнай цяганінай. Хачу, каб мая жонка прыехала сюды на машыне ў вызначаны час, каб забраць мяне. Хачу, каб яны ведалі, што я здольны зрабіць гэта такім чынам.

Макмэрфі кіўнуў.

– А што ты, Правадыр?

– Думаю, што я ў парадку. Проста пакуль ня ведаю, куды ехаць. І трэба, каб нехта тут застаўся на некалькі тыдняў пасьля цябе, прасачыць, каб усё патроху не вярнулася да ранейшага.

– А як наконт Білі, Сэфэлта, Фрэдрыксана і астатніх?

– Не магу за іх казаць, – адказаў Гардынг. – У іх па-ранейшаму застаюцца свае праблемы, як і ва ўсіх нас. Яны ўсё яшчэ хворыя людзі шмат у чым. Але прынамсі адно ясна: яны цяпер хворыя людзі. Больш ніякіх трусоў-кралёў, Мак. Можа, калісьці яны змогуць быць здаровымі людзьмі. Ня ведаю.

Макмэрфі падумаў над гэтым, пазіраючы на тыльны бок далоняў. Потым зноў падняў вочы на Гардынга.

– Гардынг, што гэта? Што адбываецца?

– Ты маеш на ўвазе ўсё гэта?

Макмэрфі кіўнуў.

Гардынг пакруціў галавой.

– Ня думаю, што магу тут даць адказ. Ясна, я мог бы даць тлумачэньні паводле Фройда з прыгожымі складанымі словамі і ў нейкім сэнсе меў бы рацыю. Але ж ты хочаш ведаць прычыны прычынаў, а я не магу табе іх назваць. Прынамсі для астатніх. Для сябе? Віна. Сорам. Страх. Самапрыніжэньне. Я адкрыў для сябе ў раньнім узросьце, што я... відаць, скажам зь літасьці... «іншы»? Гэта лепшае, больш агульнае слова, чым тое, другое. Я практыкаваў некаторыя рэчы, якія нашае грамадзтва лічыць ганебнымі. І я захварэў. Не ад саміх гэтых рэчаў, ня думаю: проста было адчуваньне, што велічэзны, страшны палец грамадзтва паказвае на мяне – і магутны голас мільёнаў скандуе: «Ганьба. Ганьба. Ганьба». Такім чынам грамадзтва абыходзіцца зь «іншымі».

– Я іншы, – сказаў Макмэрфі. – Чаму нечага падобнага ня сталася са мной? Людзі мяне дапякалі за сёе ці тое ўвесь час, што я памятаю, але я не ад гэтага... але я ад гэтага не звар’яцеў.

– Так, маеш рацыю. Ты не ад гэтага звар’яцеў. Я ж не казаў, што мая прычына адзіная. Хоць я і думаў некалі, шмат гадоў таму, калі быў яшчэ танкашыім юнцом, што асуджэньне з боку грамадзтва – гэта адзіная сіла, якая цягне чалавека па дарозе да вар’яцтва, але ты прымусіў мяне перагледзець сваю тэорыю. Ёсьць яшчэ нешта, што цягне людзей, моцных людзей, такіх як ты, мой дружа, па гэтай дарозе.

– Во як? Ня тое каб я прызнаваў, што я на гэнай дарозе, але што гэта за «яшчэ нешта»?

– Гэта мы. – Гардынг правёў рукой вакол сябе далікатнае белае кола і паўтарыў: – Мы.

Макмэрфі няўпэўнена сказаў: «Лухта», – пасьміхнуўся і ўстаў, падняўшы і дзяўчыну на ногі. Ён прымружыўся, гледзячы на гадзіньнік у паўзмроку.

– Ужо амаль пяць. Трэба крыху драмануць перад вялікімі ўцёкамі. Дзённая зьмена прыйдзе яшчэ празь дзьве гадзіны; хай там Білі з Кэндзі яшчэ крыху пабавяцца. Я адчалю недзе ў шэсьць. Сэндзі, сонейка, можа гадзінка ў нас крыху працьверазіць, як думаеш? Нам заўтра далёка ехаць – ці ў Канаду, ці ў Мэксыку, ці яшчэ куды.

Мы з Тэрклам і Гардынгам таксама падняліся. Ногі ва ўсіх па-ранейшаму запляталіся, усе былі яшчэ п’яныя, але на выпіўку ўжо наслаілася лагоднае, сумнаватае пачуцьце. Тэркл паабяцаў, што раскатурхае Макмэрфі і дзяўчыну праз гадзінку.

– Пабудзі і мяне таксама, – папрасіў Гардынг. – Хачу стаць каля вакна са срэбнай куляй у руцэ і спытацца: «Хто быў гэты чалавек у масцы?» – калі ты ад’едзеш...

– У сраку гэта ўсё. Вы, хлопцы, ідзіце абодва спаць, я ўжо духу вашага не хачу зноў бачыць. Ясна?

Гардынг кіўнуў і пасьміхнуўся, але нічога не адказаў. Макмэрфі працягнуў руку, і Гардынг яе паціснуў. Тады Макмэрфі нахіліўся назад, як каўбой, які, хістаючыся, выходзіць з салуну, і падміргнуў.

– Цяпер ты зноўку можаш быць бацькам-атаманам, братка, калі Вялікі Мак табе ўжо ня будзе замінаць.

Ён павярнуўся да мяне і нахмурыўся:

– Ня ведаю, кім можаш быць ты, Правадыр. Табе яшчэ трэба пашукаць свайго. Мо атрымаеш якую ролю ліхадзея ў баях бяз правілаў па тэлеку... Ну, беражы сябе.

Я паціснуў яму руку, і мы ўсе пайшлі ў палату. Макмэрфі сказаў Тэрклу парваць пару прасьцінаў і выбраць улюбёныя вузлы, якімі той хоча быць зьвязаным. Тэркл паабяцаў, што ўсё зробіць. Я залез у ложак у шарым сьвятле і пачуў, як кладуцца Макмэрфі зь дзяўчынай. Я адчуваў здранцьвеньне і цеплыню. Я чуў, як містэр Тэркл адчыніў дзьверы ў кастэлянцкі пакой у калідоры, цяжка, доўга і гучна ўздыхнуў, адрыгнуўшы, і зачыніў дзьверы за сабой. Мае вочы ўжо прызвычаіліся да цемры, і я бачыў, як Макмэрфі і дзяўчына прытуліліся адно аднаму да плячэй, шукаючы ўтульную позу, хутчэй як двое стомленых малых дзяцей, чым як дарослыя мужчына і жанчына, якія разам у ложку, каб кахацца.

І якраз такімі іх знайшлі чорныя, калі зайшлі ўлучыць сьвятло ў палаце а палове на сёмую.



Я шмат разважаў над тым, што здарылася потым, і схіліўся да думкі, што гэта павінна было адбыцца і адбылося б так ці інакш, раней ці пазьней, нават калі б містэр Тэркл выпусьціў Макмэрфі і дзяўчат з аддзяленьня, як яны плянавалі. Вялікая Сястра неяк бы высьветліла, што здарылася, можа, проста па выразе твару Білі, і яна б зрабіла тое, што зрабіла, незалежна ад таго, быў бы Макмэрфі побач ці не. І Білі таксама зрабіў бы тое, што зрабіў, а Макмэрфі пачуў бы пра гэта і вярнуўся б.

Мусіў бы вярнуцца, бо ня мог бы ён сабе дазволіць сядзець недзе далёка ад шпіталю, гуляць у покер у Карсан-Сіці, ці ў Рына, ці яшчэ недзе і пакінуць апошні ход у гульні за Вялікай Сястрой, гэтаксама як ня мог бы такога дазволіць проста ў сябе пад носам. Ён быццам падпісаўся на ўсю гульню, і ніяк нельга было парушыць кантракту.

Як толькі мы пачалі вылазіць з ложкаў і хадзіць па аддзяленьні, гісторыя пра тое, што адбылося ўначы, стала шырыцца, нібы лясны пажар шэптаў. «Яны прывялі каго? – пыталіся тыя, хто ня быў у курсе. – Курву? Сюды? Госпадзе». Ня толькі курву прывялі, казалі ім іншыя, але і п’янку тут наладзілі не абы-якую. Макмэрфі хацеў тую курву вывесьці да прыходу ранішняй зьмены, але праспаў. «Ды што ты тут чаўпеш, што за брахня?» Не брахня. Кожнае слова – чыстая праўда. Я сам пры гэтым быў.

Тыя, хто прысутнічаў пры начных падзеях, пачалі расказваць пра гэта зь ціхім гонарам і зьдзіўленьнем, як расказваюць нешта відавочцы прарыву дамбы ці вялікага пажару ў гатэлі – вельмі ўрачыста і пачціва, бо ахвяраў яшчэ не падлічылі – але чым даўжэй яны расказвалі, тым менш урачыстымі рабіліся. Штораз, калі Вялікая Сястра і ейныя мітусьлівыя чорныя знаходзілі нешта новае – напрыклад, пустую бутэльку з-пад мікстуры ад кашлю ці шэраг вазкоў, запаркаваных у канцы калідору, як пустыя машынкі на каруселі, – яшчэ адзін кавалак ночы раптоўна і ярка вяртаўся да нас: пра яго трэба было расказаць тым, хто пры гэтым не прысутнічаў, а тыя, хто прысутнічаў, зноў смакавалі падрабязнасьці. Чорныя сагналі ўсіх у дзённы пакой; хронікі і вострыя таўкліся разам, узбуджаныя і разгубленыя. Два старыя кабачкі сядзелі, уціснутыя ў свае матрацы, і ляпалі вачыма ды дзяснамі. Усе былі яшчэ ў піжамах, акрамя Макмэрфі і дзяўчыны; яна была цалкам адзетая, толькі без абутку і нэйлёнавых панчох, якія цяпер віселі ў яе на плячы, а ён быў у чорных майтках зь белымі кітамі. Яны разам сядзелі на канапе і трымаліся за рукі. Дзяўчына зноўку задрамала, і Макмэрфі прыхіліўся да яе з задаволенай і соннай усьмешкай.

Наша ўрачыстая трывога міжволі зьмянялася радасьцю і весялосьцю. Калі мэдсястра ўбачыла кучу пігулак, якія Гардынг высыпаў на Сэфэлта зь дзяўчынай, мы ўжо саплі і чмыхалі, каб утрымацца ад сьмеху, а калі ў кастэлянцкім пакоі знайшлі містэра Тэркла і выцягнулі яго, закручанага ў сотню мэтраў рваных прасьцінаў, а ён лыпаў вачыма і стагнаў, як мумія з пахмельля, мы зайшліся рогатам. Вялікая Сястра сустрэла наш добры настрой нават бязь сьледу сваёй акуратнай прыклеенай усьмешачкі; кожны наш сьмяшок нібы ўпіхвалі ёй у горла, пакуль урэшце не здалося, што кожную хвіліну яна можа лопнуць, як перапоўнены мачавік.

Макмэрфі зьвесіў голую нагу з канапы, нацягнуў кепку, каб сьвятло ня рэзала яму пачырванелых вачэй, і час ад часу высоўваў язык, які нібыта ў смалу запэцкаўся ад той мікстуры. Ён выглядаў хворым і жахліва стомленым, і ўсё прыціскаў далоні да скроняў ды пазяхаў, але як бы кепска яму ні было, ён усё яшчэ трымаў усьмешку і пару разоў нават засьмяяўся зь некаторых рэчаў, якія знаходзіла мэдсястра.

Калі яна пайшла тэлефанаваць у галоўны будынак, каб паведаміць пра звальненьне містэра Тэркла, той скарыстаўся магчымасьцю адамкнуць сетку на вакне, разам зь дзяўчынай, Сэндзі, памахаў нам усім на разьвітаньне і подскакам пабег па двары, спатыкаючыся і коўзаючыся на вільготнай, залітай сонцам траве.

– Ён не замкнуў за сабой, – зьвярнуўся Гардынг да Макмэрфі. – Давай. Давай бяжы за імі.

Макмэрфі цяжка ўздыхнуў і расплюшчыў адно вока, счырванелае, як яйка ў інкубатары.

– Зьдзекуесься? Я нават галавы не змагу прасунуць у гэнае вакно, ня тое што цалкам пралезьці.

– Мой дружа, я думаю, ты не зусім усьведамляеш...

– Гардынг, халера на цябе і на твае складаныя словы; усё, што я цяпер усьведамляю, гэта тое, што я яшчэ напалову п’яны. І хворы. Па праўдзе, я думаю, што і ты яшчэ п’яны. Правадыр, як наконт цябе, ты яшчэ п’яны?

Я адказаў, што дагэтуль зусім не адчуваю свайго носа і шчок, калі гэта пра нешта сьведчыць.

Макмэрфі кіўнуў і зноў заплюшчыў вочы; ён сплёў рукі перад сабой і споўз па канапе, упёршыся падбародкам у плячо. Цмокнуў вуснамі і ўсьміхнуўся, нібыта ў сьне.

– Ну і ну, – прамармытаў ён, – усе яшчэ п’яныя.

Гардынг па-ранейшаму хваляваўся. Ён усё паўтараў, што найлепшы варыянт для Макмэрфі – хуценька апрануцца, пакуль наш анёл міласэрнасьці тэлефануе доктару, каб паінфармаваць пра тыя зьверствы, якія яна тут выявіла, але Макмэрфі настойваў, што няма чаго пераймацца; ён ня ў горшым становішчы, чым раней, праўда ж?

– Усё, што яны маглі зрабіць, я ўжо вытрымаў, – сказаў ён. Гардынг тэатральна падняў рукі і надалей прадказваў катастрофу.

Адзін з чорных пабачыў, што сетка на вакне адамкнутая. Ён замкнуў яе і пайшоў у Сястроўню па вялікі гладкі рэгістрацыйны журнал. Выйшаў, поўзаючы пальцам па сьпісе і мармычучы прозьвішчы, якія потым чытаў услых, калі бачыў адпаведнага чалавека. Сьпіс ішоў паводле альфабэту задам наперад, каб заблытаць людзей, таму ён дайшоў да «Б» амаль у самым канцы. Ён агледзеў дзённы пакой, не здымаючы пальца зь імені ў журнале.

– Бібіт. Дзе Білі Бібіт? – вочы ў яго пашырыліся. Ён падумаў, што Білі высьлізнуў з аддзяленьня проста ў яго пад носам, і ці атрымаецца яго ўвогуле злавіць. – Хто бачыў, як уцёк Білі Бібіт, вы, чортавы бандзюганы?

Тут людзі прыгадалі, дзе менавіта цяпер Білі; зноў пачаліся шэпты і сьмех.

Чорны пайшоў назад у кабінэт, і мы пабачылі, як ён гаворыць з мэдсястрой. Тая ляснула слухаўку аб рычажкі і выбегла за дзьверы, а за ёй пасьпяшаўся чорны; пасма валасоў вылезла ў яе з-пад белага каптурка і ўпала на твар, як мокры попел. Паміж броваў і пад носам выступілі кроплі поту. Яна запатрабавала, каб мы сказалі, куды падзеўся ўцякач. Адказам ёй быў хор сьмеху, і ейныя вочы забегалі па прысутных.

– Дык што? Ён ня ўцёк, так? Гардынг, ён усё яшчэ тут... у аддзяленьні, так? Кажыце зараз жа. Сэфэлт, скажыце мне!

Яна страляла дроцікамі вачэй з кожным словам, цэлячыся людзям у твары, але на іх ужо ня дзейнічала ейная атрута. Іхныя вочы суcтракалі ейны позірк; іхныя ўхмылкі перадражнівалі ейную былую ўпэўненую ўсьмешку, якую яна згубіла.

– Ўошынгтан! Ўорэн! Хадземце са мной на праверку памяшканьняў.

Мы падняліся і пайшлі за імі, пабачылі, як яны адчыняюць лябараторыю, купальню, кабінэт доктара... Скэнлан прыкрыў усьмешку вузлаватай рукой і прашаптаў:

– Гэй, ну і весялуха будзе для нашага Білі, – мы ўсе заківалі. – І не аднаму Білі будзе весялуха, калі падумаць; памятаеце, хто яшчэ там?

Яна дайшла да дзьвярэй у ізалятар на канцы калідору. Мы праціснуліся бліжэй паглядзець, штурхаліся і выцягвалі шыі над Вялікай Сястрой і двума чорнымі, калі яны адмыкалі і адчынялі дзьверы. У пакоі бяз вокнаў было цёмна. Зь цемры пачуўся піск і штурханіна; мэдсястра выцягнула руку і шчоўкнула сьвятлом на Білі і дзяўчыну, якія міргалі з матрацу на падлозе, як дзьве савы ў гнязьдзе. Сястра праігнаравала рогат за сьпінай.

– Ўільям Бібіт! – яна з усяе моцы спрабавала гучаць спакойна і сурова. – Ўільям... Бібіт!

– Добры дзень, міс Брыдар, – павітаўся Білі, нават ня робячы спробаў падняцца і зашпіліць піжаму. Ён узяў дзяўчыну за руку і ўсьміхнуўся. – Гэта Кэндзі.

Язык Вялікай Сястры заквактаў у худым горле:

– Ох, Білі, Білі, Білі, мне так сорамна за вас.

Білі яшчэ ня цалкам прачнуўся, каб адрэагаваць на ейнае засаромліваньне, а дзяўчына крыху мітусілася, шукала пад матрацам панчохі, але рухалася павольна і выпраменьвала цеплыню пасьля сну. Час ад часу яна спыняла свае сонныя няўклюдныя рухі, падымала вочы і ўсьміхалася, гледзячы на ледзяную фігуру мэдсястры, што стаяла там са скрыжаванымі рукамі; потым дзяўчына мацала кофту, каб праверыць, ці зашпіленыя гузікі, і зноў выцягвала панчохі, заціснутыя паміж матрацам і падлогай. Яны зь Білі абое рухаліся як тлустыя каты, поўныя цёплага малака, лянівыя на сонейку; я падумаў, што яны яшчэ таксама даволі п’яныя.

– Ох, Білі, – прамовіла Сястра, быццам яна была настолькі расчараваная, што зараз магла ажно расплакацца. – З такой жанчынай. Таннай! Вульгарнай! Расфарбаванай...

– Куртызанкай? – прапанаваў Гардынг. – Блудніцай Езавэль? – мэдсястра павярнулася і паспрабавала працяць яго вачыма, але ён проста працягваў. – Не Езавэль? Не? – ён задумліва пачухаў галаву. – Як наконт Саламэі? Яна вядомая зладзейка. А можа быць, «распусьніца» якраз тое слова, што вы шукаеце? Ну, я проста спрабую дапамагчы.

Яна зноў крутнулася да Білі. Той намагаўся падняцца на ногі. Ён кульнуўся і стаў на калені, задраўшы азадак угару, як падымаецца карова, потым адціснуўся на руках, стаў на адну нагу, на другую і выпрастаўся. Ён выглядаў задаволеным сваім посьпехам, нібыта зусім не заўважаў, што мы тоўпімся ля дзьвярэй, цьвелімся і падбадзёрваем яго выкрыкамі.

Гучныя размовы і сьмех віравалі вакол мэдсястры. Яна перавяла позірк зь Білі і дзяўчыны на нас усіх у яе за сьпінай. Аблічча з эмалі і плястыку пачало западаць. Яна заплюшчыла вочы і напялася, каб супакоіць дрыготку, сабралася. Ведала, што прыйшоў вырашальны момант, што яна загнаная ў кут. Калі яна зноў расплюшчыла вочы, тыя былі вельмі маленькія і нерухомыя.

– Мяне хвалюе тое, Білі, – сказала яна, і я пачуў зьмену ў ейным голасе, – як успрыме гэта ваша бедная маці.

Яна дамаглася чаканай рэакцыі. Білі здрыгануўся і схапіўся рукой за шчаку, быццам яго кіслатой апякло.

– Місіс Бібіт заўсёды так ганарылася вашымі паводзінамі. Я дакладна ведаю. Гэта для яе будзе жахлівы ўдар. Вы ж ведаеце, што зь ёй робіцца, калі яна хвалюецца, Білі; вы ведаеце, як можа захварэць гэтая бедная жанчына. Яна вельмі чульлівы чалавек, асабліва калі нешта датычыць ейнага сына. Яна заўсёды з такім гонарам казала пра вас. Яна за...

– Не-а! Не-а! – ягоны рот торгаўся. Ён затрос галавой, упрошваючы яе: – Вам н-ня т-т-трэба!

– Білі, Білі, Білі, – сказала яна. – Мы ж з вашай маці старыя сяброўкі.

– Не! – зароў ён. Ягоны голас дзёр белыя, голыя сьцены ізалятару. Ён задраў галаву, нібыта выў на поўню сьвятла ў столі. – Н-н-не!

Мы спынілі сьмех. Глядзелі, як Білі складаецца ў падлогу, галавой назад, калені вылазяць наперад. Ён цёр далоньню зялёную штаніну ўверх-уніз, і трос галавой у паніцы, быццам маленькі хлопчык, якога паабяцалі адлупцаваць, як толькі зрэжуць дубца. Мэдсястра дакранулася да ягонага пляча, каб супакоіць яго. Ад гэтага дотыку ён здрыгануўся, нібы ад удару.

– Білі, мне ня хочацца, каб яна падумала пра вас нешта такое... але што я мушу думаць?

– Н-н-не-не-не к-кажыце ёй, міс Брыдар. Н-н-не...

– Білі, мне давядзецца сказаць. Мне ня хочацца верыць, што вы сябе так можаце паводзіць, але што я яшчэ магу падумаць? Я знаходжу вас аднаго, на матрацы, з жанчынай такога вось гатунку.

– Не! Г-г-гэта ня я. М-мяне... – яго далонь зноў вярнулася на шчаку і там прыліпла. – Гэта яна.

– Білі, гэтая дзяўчына не магла вас сюды гвалтам зацягнуць. – Сястра пакруціла галавой. – Зразумейце, мне хацелася б верыць, што я памыляюся, бо мне так шкада вашу бедную маці.

Далонь папаўзла долу па шчацэ, пакідаючы доўгія чырвоныя пісягі.

– Г-гэта яна. – Ён агледзеўся навокал: – І М-м-макмэрфі! Гэта ён. І Г-гардынг! І астатнія! Яны цьвялілі м-м-мяне, абзываліся!

Цяпер ягоны твар быў прымацаваны да ейнага аблічча. Ён не глядзеў па баках, а толькі на ейны твар, быццам там замест рысаў былі сьпіралі сьвятла, гіпнатычнае віраваньне крэмава-белага, блакітнага і аранжавага. Ён пракаўтнуў сьліну і чакаў, каб яна нешта сказала, але яна маўчала; ейнае ўмельства, ейная неверагодная мэханічная магута зноў уліваліся ў яе, аналізавалі сытуацыю і паведамлялі ёй, што трэба проста захоўваць маўчаньне.

– М-м-мяне прымусілі! П-п-прашу вас, м-міс Брыдар, м-м-мя!..

Сястра адключыла свой прамень, і твар Білі адляпіўся ад яе, з палёгкай усхліпваючы. Яна паклала яму далонь на карак, прыцягнула ягоную шчаку да накрухмаленых грудзей, гладзячы яго па плячы, і адначасова ўлучыла павольны, пагардлівы позірк на нашу кампанію.

– Усё добра, Білі. Усё добра. Больш ніхто вас не пакрыўдзіць. Усё добра. Я патлумачу вашай маці.

Пры гэтым яна працягвала люта пазіраць на нас. Было дзіўна чуць, як гэты голас, пяшчотны, лагодны і цёплы, нібы падушка, зыходзіць з аблічча, цьвёрдага, быццам парцаляна.

– Усё добра, Білі. Хадземце са мной. Вы можаце пачакаць тут, у кабінэце доктара. Вам няма патрэбы сядзець у адным памяшканьні з гэтымі... вашымі сябрукамі.

Яна адвяла яго ў кабінэт, гладзячы ягоную схіленую галаву і паўтараючы: «Бедны хлопчык, бедны хлопчык», – а мы моўчкі сышлі па калідоры і селі ў дзённым пакоі, ня гледзячы адзін на аднаго і нічога ня кажучы. Макмэрфі сеў апошнім.

Хронікі на другім баку пакою ўжо спынілі мітусьню і патроху ўладкоўваліся ў свае звычайныя нішы. Я паглядзеў на Макмэрфі краёчкам вока, спрабаваў, каб гэта не было заўважна. Ён сядзеў у крэсьле ў куце, крыху адпачываючы перад наступным раўндам – у доўгім шэрагу наступных раўндаў. Тое, з чым ён змагаўся, нельга заваліць раз і назаўсёды. Можна толькі пасылаць яго ў накдаўн зноў да таго часу, калі ты ўжо сам ня зможаш выходзіць на рынг, і нехта яшчэ павінны будзе заняць тваё месца.

У Сястроўні працягвалася тэлефанаваньне, і прадстаўнікі кіраўніцтва прыходзілі агледзець доказы злачынства. Калі нарэшце зьявіўся доктар, кожны з гэтых людзей так глядзеў на яго, быццам бы менавіта ён усё сплянаваў ці прынамсі дазволіў і ўхваліў. Ён быў зьбялелы і трэсься пад іхнымі позіркамі. Было відаць, што яму ўжо расказалі большую частку таго, што адбылося тут, у ягоным аддзяленьні, але Вялікая Сястра зноў абмалявала гэта для яго, з павольнымі, гучнымі падрабязнасьцямі, каб мы таксама ўсё пачулі. Пачулі належным чынам, гэтым разам урачыста, бяз шэптаў і хіхіканьня, пакуль яна прамаўляла. Доктар ківаў, круціў акуляры і лыпаў вачыма, такімі зьвільгатнелымі, што мне здалося, ён яе абпырскае. Яна скончыла аповедам пра Білі і пра трагічны досьвед, празь які мы прымусілі прайсьці няшчаснага хлопца.

– Я пакінула яго ў вашым кабінэце. Мяркуючы зь ягонага цяперашняга стану, я б параіла вам неадкладна яго агледзець. Ён прайшоў праз жахлівае выпрабаваньне. Я ўздрыгваю ад адной думкі пра шкоду, якую гэта пэўна нанесла беднаму хлопцу.

Яна пачакала, пакуль доктар таксама ўздрыгнуў.

– Думаю, вам варта пайсьці паглядзець, ці можна зараз правесьці зь ім размову. Яму трэба спагада. Ён у вартым жалю стане.

Доктар ізноў кіўнуў і пайшоў да свайго кабінэту. Мы праводзілі яго вачыма.

– Мак, – прамовіў Скэнлан. – Слухай, ты ж ня думаеш, што нехта з нас паверыў у гэтую лухту, га? Усё пагана, але ж мы ведаем, хто вінаваты... Мы цябе не вінавацім.

– Так, – сказаў я, – ніхто з нас цябе не вінаваціць. – І падумаў, што лепей бы мне вырвалі язык, бо пабачыў, як ён на мяне паглядзеў.

Ён заплюшчыў вочы і расслабіўся. Выглядала, што ён чакаў. Гардынг падняўся, падышоў да яго і толькі адкрыў рот, каб нешта сказаць, як прарэзьлівы крык доктара на калідоры прыціснуў усе твары агульным жахам і разуменьнем.

– Сястра! – галасіў ён. – Божа мой, сястра!

Яна пабегла і трое чорных таксама пабеглі па калідоры туды, адкуль па-ранейшаму клікаў доктар. Але ніхто з пацыентаў не падняўся. Мы ведалі, што нам цяпер нічога не застаецца, як толькі сядзець нерухома і чакаць, калі яна прыйдзе ў дзённы пакой сказаць нам тое, што, мы ўсе ведалі, павінна было здарыцца.

Яна адразу падышла да Макмэрфі.

– Ён перарэзаў сабе горла, – сказала яна. Вычакала, спадзявалася, што Макмэрфі нешта скажа. Той не падымаў вачэй. – Залез у доктараў стол, знайшоў некія інструмэнты і перарэзаў сабе горла. Бедны, няшчасны, незразуметы хлопчык забіў сябе. Ён цяпер там, у крэсьле доктара, зь перарэзаным горлам.

Яна зноў пачакала. Але Макмэрфі ўсё яшчэ не глядзеў на яе.

– Спачатку Чарлз Чэзўік, а цяпер Ўільям Бібіт! Спадзяюся, вы нарэшце задаволены. Гуляць з чалавечымі жыцьцямі – у азартныя гульні – быццам вы сябе лічыце Богам!

Яна павярнулася і пайшла ў свой кабінэт, зачыніла за сабой дзьверы, пакінуўшы праніклівы, зьмярцьвела-халодны гук рэхам у лямпах асьвятленьня над нашымі галовамі.

Спачатку ў мяне мільганула думка паспрабаваць спыніць яго, угаварыць яго прыняць тое, што ён перамог, і здаць ёй апошні раўнд, але іншая, большая думка цалкам сьцерла тую першую. Я раптам з крышталёвай яснасьцю зразумеў, што ані я, ані хто іншы з нашага паўтузіна ня мог яго спыніць. Што як бы ні спрачаўся Гардынг, як бы я ні хапаў яго ззаду, якія б лекцыі ні чытаў стары палкоўнік Мэтэрсан, як бы ні трымаў яго Скэнлан ці нават усе мы разам, мы не маглі сабраць сілаў, каб спыніць яго.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю