412 000 произведений, 108 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Кен Кізі » Палёт над гняздом зязюлі » Текст книги (страница 6)
Палёт над гняздом зязюлі
  • Текст добавлен: 26 июня 2025, 06:10

Текст книги "Палёт над гняздом зязюлі"


Автор книги: Кен Кізі



сообщить о нарушении

Текущая страница: 6 (всего у книги 21 страниц)

А потым, перад самым адбоем, ён пачаў даваць ім выйграць. Ён дазволіў ім адыграцца так хутка, што яны амаль ня памяталі пра ранейшыя пройгрышы. Ён аддае апошнюю пару цыгарэтаў, кладзе тальлю, адкідваецца на сьпінку крэсла, уздыхае і сьцягвае кепку з вачэй; гульня скончылася.

– Ну, шаноўныя, крыху выйграў, а ўсё астатняе прайграў, во што я пра гэта скажу, – ён круціць галавой зь няшчасным выглядам. – Ня ведаю, я заўсёды даволі няслаба раскідваў дваццаць адно, але вы, выглядае, занадта крутыя для мяне. У вас, відаць, ё нейкія патаемныя хітрыкі, нават неяк боязна супраць такіх хітруноў заўтра на сапраўдныя грошыкі гуляць.

Ён нават не спрабуе ўсур’ёз спадзявацца, што яны на гэта купяцца. Ён дазволіў ім выйграць, і кожны, хто сачыў за гульнёй, гэта ведае. Ведаюць і гульцы. Але ўсё адно сярод тых, хто падграбае сваю купку цыгарэтаў – цыгарэтаў, якіх яны насамрэч ня выйгралі, а толькі адыгралі, бо тыя ім належалі ад пачатку, – няма ніводнага без ухмылкі на твары, быццам яны найкруцейшыя картыжнікі на ўсёй Місісіпі.

Тлусты чорны і чорны на імя Гівэр выганяюць нас зь дзённага пакою і пачынаюць выключаць сьвятло маленькім ключыкам на ланцужку. Аддзяленьне робіцца ўсё больш цьмяным і цёмным, а вочы ў маленькай мэдсястры з радзімай плямай пашыраюцца і ярчэюць. Яна стаіць ля дзьвярэй у зашклёную Сястроўню, раздае вечаровыя пігулкі пацыентам, што праходзяць побач шэрагам, і ёй цяжка даецца не пераблытаць, каго сёньня чым трэба труціць. Нават не глядзіць, куды налівае ваду – нагэтулькі ейную ўвагу адцягнуў велічэзны руды мужык з жахлівай кепкай і жудасным шнарам. Яна назірае, як Макмэрфі адыходзіць ад картачнага стала ў цёмным дзённым пакоі і круціць мазолістай рукой руды пучок валасоў, што вытыркаецца з-пад расшпіленага каўняра казённай кашулі «хіміка». З таго, як яна падаецца назад, калі ён падыходзіць да дзьвярэй Сястроўні, я мяркую, што яе, пэўна, загадзя папярэдзіла пра Макмэрфі Вялікая Сястра. «А-а-а, вось яшчэ што, перш чым я сёньня перадам тут усё ў вашы рукі, міс Пілбаў. Той новы пацыент, што там сядзіць, вунь той зь безгустоўнымі бакенбардамі і парэзамі на твары – я маю падставы меркаваць, што ён сэксуальны маньяк».

Макмэрфі бачыць, як яна ўтаропілася ў яго спалоханымі шырокімі вачыма, таму ён засоўвае галаву ў дзьверы Сястроўні, дзе яна раздае пігулкі і глядзіць на яе з шырокай прыязнай усьмешкай, каб пазнаёміцца. Гэта так яе нэрвуе, што яна выпускае з рук збан з вадой, і той падае ёй на нагу. Яна ўскрыквае, падскоквае на адной назе, дрыгае рукой, і пігулка, якую яна зьбіралася мне даць, вылятае з кубачка за каўнер ейнай уніформы, якраз туды, дзе радзімая пляма цячэ ў даліну, як вінная рака.

– Дазвольце мне вам дапамагчы, мадам.

І вось у дзьверы Сястроўні пралазіць гэтая рука колеру сырога мяса, пакрытая шнарамі і татуіроўкамі.

– Не падыходзьце! Са мной у аддзяленьні два санітары!

Яна круціць вачыма ў пошуку чорных, але тыя пайшлі прывязваць хронікаў да ложкаў; яны занадта далёка, каб хутка прыйсьці на дапамогу. Макмэрфі пасьміхаецца і паварочвае руку, каб мэдсястра пабачыла, што ў ёй няма нажа. Але яна бачыць толькі сьвятло, якое адбіваецца ад гладкай, як воск, мазолістай далоні.

– Усё, што я хацеў зрабіць, дык гэта...

– Не падыходзьце! Пацыентам не дазваляецца заходзіць у... Ой, не падыходзьце, я каталічка! – і яна тут жа торгае залаты ланцужок на шыі, так што крыжык вылятае з упадзіны паміж грудзей і выстрэльвае ў паветра, нібы з рагаткі, згубленую пігулку! Макмэрфі хапае паветра рукой проста насупраць яе твару. Мэдсястра верашчыць, крыжык залятае ёй у рот, і яна заплюшчвае вочы, быццам зараз атрымае поўху, стаіць так, уся зьбялелая, як папера, акрамя плямы, што пацямнела, як ніколі, быццам дарэшты высмактала ўсю кроў зь ейнага цела. Калі яна нарэшце зноў расплюшчвае вочы, проста перад ёй мазолістая далонь, на якой ляжыць мая маленькая чырвоная пігулка.

– ...падняць бітон з вадой, што ў вас упаў, – Макмэрфі трымае яго ў другой руцэ.

Яна выдыхае з гучным сычэньнем і бярэ ў яго бітон:

– Дзякуй. Дабранач, дабранач, – і зачыняе дзьверы перад наступным пацыентам; сёньня пігулак болей ня будзе.

У палаце Макмэрфі кідае пігулку мне на ложак:

– Хочаш сваю смактульку, Правадыр?

Я кручу галавой, гледзячы на пігулку, і ён змахвае яе з ложка, быццам назойлівага клапа. Тая скача, драпае падлогу, як цвыркун. Ён зьбіраецца класьціся спаць і здымае адзеньне. Яго майткі пад рабочымі штанамі – з чорнага, як вугаль, атлясу, размаляваныя белымі кітамі з чырвонымі вачыма. Макмэрфі пасьміхаецца, калі заўважае, што я гляджу на сподняе.

– Ад студэнтачкі з Арэгонскага ўнівэру, Правадыр, зь філфаку. – Ён адцягвае гумку адзінцом і шчоўкае. – Зрабіла мне падаруначак, бо, маўляў, я сымбаль.

Яго рукі, шыя і твар загарэлыя і шчаціняцца кучаравымі залацістымі валаскамі. На абодвух вялікіх плячах – татуіроўкі; на адной напісана «Байцы-марпехі» і намаляваны чорт з чырвоным вокам, чырвонымі рагамі і вінтоўкай М-1, на другой – рука трымае карты, раскладзеныя веерам па мускулістым плячы: тузы і восемкі. Ён кладзе стос адзеньня на тумбачку ля майго ложка і пачынае ўзьбіваць кулаком падушку. Яму далі ложак побач з маім.

Макмэрфі кладзецца пад коўдру і кажа, што мне таксама варта хутчэй скокнуць у пасьцель, бо адзін з чорных ідзе вырубіць сьвятло. Азіраюся і бачу чорнага на імя Гівэр; скідаю абутак і залажу ў ложак якраз перад тым, як той падышоў, каб прывязаць мяне прасьціной. Скончыўшы са мной, чорны кідае апошні позірк навокал, хіхікае і пстрыкае выключальнікам.

Калі не лічыць белага парашку сьвятла зь Сястроўні ў калідоры, у пакоі цёмна; я бачу толькі абрысы Макмэрфі побач са мной; ён дыхае глыбока і роўна, коўдра на ім падымаецца і ападае. Дыханьне ўсё запавольваецца і запавольваецца, пакуль мне не здаецца, што ён ужо нейкі час як заснуў. Потым я чую зь ягонага ложка мяккі гартанны гук, нібы чмыхае конь. Ён усё яшчэ ня сьпіць і зь нечага сьмяецца пра сябе.

Спыняе сьмех і шэпча:

– Ну, Правадыр, ты няслаба падскочыў, калі я сказаў, што йдзе той чарнамазы. А мне здалося, нехта казаў, што ты глухі.



Упершыню за доўгі-доўгі час я ў ложку, не праглынуўшы чырвонай пігулкі (калі я хаваю яе, каб не глытаць, мэдсястра з радзімай плямай пасылае чорнага на імя Гівэр злавіць мяне і ліхтарыкам трымаць у палоне, пакуль яна не падрыхтуе шпрыца), таму я прыкідваюся, што сплю, калі чорны праходзіць побач і сьвеціць.

Калі глытаеш чырвоную пігулку, ты ня проста засынаеш; ты паралізаваны сном, і ўсю ноч ня можаш прачнуцца, што б ні адбывалася навокал. Вось чаму пэрсанал дае мне пігулкі: на старым месцы я прачынаўся ўначы і бачыў, як яны рабілі розныя жахі з пацыентамі, што спалі вакол мяне.

Ляжу нерухома і запавольваю дыханьне, чакаю, ці нешта адбудзецца. Вакол цёмна, аж жах, і я чую, як яны там сьлізгаюць у сваіх гумавых чаравіках; двойчы яны зазіраюць у пакой і абмацваюць усіх ліхтарыкам. Трымаю вочы заплюшчанымі, але не засынаю. Чую лямант зьверху, з аддзяленьня для агрэсіўных, л-у-у, л-у-у, л-у-у-у – некага падключылі, каб атрымаць кодавыя сыгналы.

– Э-э-э, думаю, можна па піве, бо наперадзе ж доўгая ноч, – чую, як адзін чорны шэпча другому. Гумавыя чаравікі рыпяць у кірунку Сястроўні, дзе стаіць лядоўня. – Хочаш піўка, ласачка з радзімачкай? Каб ночка хутчэй ішла?

Той наверсе змаўкае. Слабое скавытаньне апаратаў у сьценах усё цішэе і цішэе, пакуль не сыходзіць на нішто. Ва ўсім шпіталі не чуваць ані гуку, акрамя глухога, прыцішанага грукату недзе глыбока ў чэраве будынку. Такога грукату я раней ніколі не заўважаў – вельмі падобны гук чуеш, калі стаіш уначы на вялікай гідраэлектрастанцыі. Ціхая, няўмольная, жывёльная моц.

Тлусты чорны стаіць у калідоры, там, дзе я магу яго бачыць, азіраецца навокал і хіхікае. Ён павольна падыходзіць да дзьвярэй, выціраючы вільготныя шэрыя далоні пад пахамі. Сьвятло зь Сястроўні кідае на сьцяну палаты ягоны цень памерам са слана. Цень памяншаецца, калі ён падыходзіць да дзьвярэй і зазірае ў палату. Зноўку хіхікае, адмыкае электрашчыт ля дзьвярэй і засоўвае туды руку:

– От так, дзетачкі, сьпіце спакойна.

Паварочвае нейкую ручку, і ўся падлога ў палаце ссоўваецца ўніз, а ён стаіць ля дзьвярэй і пазірае, як яна апускаецца ў будынак, нібы плятформа ў збожжавым элеватары! Нічога акрамя падлогі ня рухаецца, і мы ссоўваемся прэч ад сьценаў, дзьвярэй і вокнаў палаты на шалёнай хуткасьці: ложкі, тумбачкі і ўсё астатняе.

Мэханізм – хутчэй за ўсё нейкая штука з шасьцерняў і тракавых ланцугоў на кожным куце ліфтавай шахты – змазаны да мёртвай цішыні. Чую толькі, як дыхаюць нашыя, а грукатаньне пад намі робіцца ўсё гучнейшым, чым ніжэй мы апускаемся. Сьвятло зь дзьвярэй палаты за пяцьсот мэтраў адсюль, уверсе гэтай дзіркі, зрабілася маленькай плямкай, якая пасыпае сьцены ліфтавай шахты цьмяным парашком. Яно ўсё зацямняецца і зацямняецца, а потым аднекуль здалёк даходзіць прарэзьлівы крык, які адбіваецца рэхам па сьценках шахты: «Не падыходзьце!» – і сьвятло цалкам гасьне.

Падлога даходзіць да нейкага цьвёрдага дна глыбока пад зямлёй і зь мяккім бразгатам спыняецца. Навокал поўная цямрэча, і я адчуваю, што прасьціна, якой мяне абвязалі, не дае мне дыхаць. Пакуль я яе разьвязваю, падлога пачынае ссоўвацца наперад, крыху трасецца. Пад ёй нейкія ролікі, але я ня чую, як яны рухаюцца. Я ўжо нават не магу пачуць, як дыхаюць іншыя вакол мяне, і раптам усьведамляю: грукат паступова зрабіўся такі гучны, што нічога больш не чуваць. Мы, відаць, у самым яго асяродку. Дзяру клятую прасьціну. Я ўжо амаль аслабіў яе, калі сьцяна падымаецца, адкрываючы велічэзны пакой зь бясконцым шэрагам машынаў, поўны потных, голых па пояс людзей, якія бегаюць сюды-туды па вузкіх праходах; іх твары пустыя і размытыя ў сьвятле, якое выпраменьваюць сотні домнаў.

Усё, што я бачу, выглядае менавіта так, як гучала, – як нутро агромністай электрастанцыі. Велізарныя медныя трубы сыходзяць угару ў цемру. Правады бягуць да нябачных трансфарматараў. Змазка і попел трапляюць на ўсё, плямяць счэпы, рухавікі і дынама-машыны чырвоным і вугальна-чорным.

Рабочыя рухаюцца аднолькавым роўным подбегам, лёгкім, расслабленым крокам. Ніхто не сьпяшаецца. Нехта зьявіцца на сэкунду, пакруціць ручку настройкі, націсьне кнопку, торгне пераключальнік, і адзін бок ягонага твару ўспыхне белым, нібы бляск ад іскры перамычкі, і вось ён ужо бяжыць далей, угару па сталёвых прыступках уздоўж вузкага праходу з рыфленага жалеза – рабочыя мінаюць адзін аднаго так гладка і блізка, што я чую, як пляскаюць вільготныя бакі, нібы пляскач ласасёвага хваста па вадзе – потым рабочы зноў спыніцца, заіскрыць іншым пераключальнікам і зноўку пабяжыць далей. Яны мігцяць на ўсіх кірунках у полі зроку, гэтыя бліскучыя карцінкі сонных лялечных твараў.

Вочы аднаго зь іх рэзка заплюшчваюцца на бягу, і ён валіцца на сваім маршруце; два ягоныя прыяцелі, якія прабягаюць побач, хапаюць яго і пасуюць, як мячык, убок у домну па дарозе. Печ вухкае вогненным шарам, і я чую, як лопаецца мільён трубак і лямпаў, нібы ідзеш праз поле, трушчачы надзьмутыя стручкі. Гэты гук зьмешваецца з гудам і ляскатам астатніх машынаў.

Ва ўсім гэтым ёсьць нейкі агульны рытм, нібы грымотны пульс.

Падлога палаты далей выплывае з шахты ў машынны пакой. Адразу ж бачу тое, што проста над намі: эстакаду, кшталту тых штук, што можна пабачыць на мясакамбінатах, ролікавы канвэер, каб перамяшчаць тушы з маразільні на разборку, амаль іх не падымаючы. Двое ў шырокіх нагавіцах, белых кашулях з закасанымі рукавамі і ў вузкіх чорных гальштуках абаперліся на сьцены плятформы над нашымі ложкамі і жэстыкулююць адзін аднаму ў размове, так што цыгарэты ў доўгіх муштуках вымалёўваюць лініі чырвоным сьвятлом. Яны размаўляюць, але немагчыма разабраць словаў праз аднастайны роў, што падымаецца навокал. Адзін зь іх пстрыкае пальцамі, і найбліжэйшы рабочы рэзка заварочвае і бяжыць да яго. Той паказвае ўніз на адзін з ложкаў сваім муштуком, і рабочы падбягае да сталёвых драбінаў і хутка спускаецца на наш узровень, дзе зьнікае з поля майго зроку паміж двума трансфарматарамі, агромністымі, як сховішчы для бульбы.

Калі той рабочы зноўку зьяўляецца, ён цягне ўздоўж эстакады над галавой крук і робіць гіганцкія крокі, гойдаючыся разам зь ім. Ён праходзіць паўз мой ложак, і вухканьне домны раптам асьвятляе ягоны твар нада мной, прыгожы, жорсткі і васковы, як маска, без аніякіх жаданьняў. Я бачыў мільён такіх твараў.

Ён падыходзіць да ложка, адной рукой хапае за ступак старога кабачка Блэстыка і спакойна падымае яго, быццам той важыць ня больш за пару кіляў; другой рукой ён чапляе Блэстыка крукам за сухажыльле на пятцы, і стары завісае там дагары нагамі; яго цьвілы твар надзьмуўся ад страху, вочы пеняцца нямой жудасьцю. Стары ўсё махае рукамі і вольнай нагой, пакуль зь яго ня падае піжамная кашуля. Рабочы хапае яе, скручвае і завязвае, як мех, а потым цягне перасоўны блёк па канвэеры да плятформы і глядзіць угару, туды, дзе стаяць тыя двое ў белых кашулях. Адзін зь іх дастае скальпэль з кабуры на поясе. Да інструмэнту прыпаяны ланцужок, і гэты чалавек спускае скальпэль рабочаму, прыматаўшы другі канец ланцужка да агароджы на плятформе, каб той ня зьбег са зброяй.

Рабочы бярэ скальпэль, расьсякае Блэстыка сьпераду адным махам, і стары больш ня дрыгаецца. Я думаў, што мяне пацягне на ваніты, але адтуль не ліецца кроў і не выпадаюць вантробы, як я чакаў, – толькі паток іржы ды попелу, і час ад часу кавалак дроту ці шкла. Рабочы стаіць па самае калена ў нечым, што выглядае, як дзындра.

Домна недзе разявіла рот, ліжа кагосьці.

Я думаю: мо падскочыць і пабегчы па пакоі, каб пабудзіць Макмэрфі, Гардынга і ўвогуле як мага болей народу? Але ў гэтым не было б аніякага сэнсу. Калі б я некага растрос са сну, той бы прабурчаў: «Ну ты ёлупень шалёны, што за халера цябе жарэ?» А потым ён, пэўна, дапамог бы аднаму з рабочых мяне самога падвесіць на такі крук, сказаў бы: «Мо паглядзім, да чаго падобныя індзейскія вантробы?»

Чую пранізьлівае, халоднае сычэньне – гэта дыхае туман-машына, і бачу, як першыя клубкі туману выпаўзаюць з-пад ложка Макмэрфі. Спадзяюся, у яго хопіць розуму схавацца ў тумане.

Чую дурнаватае балбатаньне, якое мне нагадвае некага знаёмага, і перакочваюся, каб паглядзець у другі бок. Гэта безвалосы дзядзька для сувязяў з грамадзкасьцю з азызлым тварам. Пацыенты заўсёды спрачаюцца, адкуль гэтая апухласьць. «Па-мойму, ён гэта сапраўды носіць», – кажа нехта. «А я вось думаю, што не; ты калі-небудзь чуў, каб мужык сапраўды такое насіў?» «А ты хоць калі раней чуў пра такога, як ён?» Першы пацыент паціскае плячыма і ківае: «Цікавая заўвага».

Цяпер на ім толькі доўгая сподняя кашуля, вышытая пакручастымі чырвонымі манаграмамі сьпераду і ззаду. І я пераконваюся раз і назаўжды (кашуля задзіраецца на сьпіне, калі ён праходзіць побач, і я пасьпяваю кінуць позірк), што ён сапраўды гэта носіць, і зашнуравана гэта так туга, што можа лопнуць у любы момант.

На ягоным гарсэце боўтаецца паўтузіна высахлых штуковін, прывязаных за валасы, як скальпы.

Яшчэ ён носіць маленькую біклажку, зь якой нешта сёрбае, каб трымаць горла гатовым да балбатні, а таксама прамочаную камфарай насоўку, якую час ад часу падносіць да носа, каб туды не сьмярдзела. За ім сьпяшаецца вывадак школьных настаўніц, студэнтачак і да тых падобных. На іх сінія фартушкі, а валасы ў іх кучаравяцца ад завіўкі. Яны слухаюць, як ён чытае кароткую экскурсійную лекцыю.

Яму прыходзіць у галаву нешта сьмешнае, таму ён спыняе сваю прамову, каб сербануць зь біклажкі і здушыць хіхіканьне. У гэты час адна з навучэнак расьсеяна глядзіць навокал і бачыць вытрыбушанага хроніка, падвешанага за пятку. Яна вохкае і адскоквае. Дзядзька для сувязяў з грамадзкасьцю азіраецца, заўважае мерцьвяка, падбягае, хапае яго за абмяклую руку і раскручвае. Студэнтка падсоўваецца бліжэй, каб кінуць асьцярожны позірк, ейнае аблічча ў трансе.

– Бачыце? Бачыце? – ён пішчыць, закочвае вочы і выплюхвае нешта зь біклажкі, гэтак моцна ён сьмяецца. Сьмяецца, пакуль мне не здаецца, што ён зараз лопне.

Калі ён нарэшце топіць свой сьмех, дык ізноў ідзе ўздоўж шэрагу машынаў і вяртаецца да лекцыі. Раптам ён спыняецца і пляскае сябе па лобе: «Але ж я і расьсеяны!» – і бяжыць назад да хроніка на круку, каб адарваць яшчэ адзін трафэй і прывязаць яго да свайго гарсэту.

Справа і зьлева адбываюцца настолькі ж паганыя рэчы: шалёныя, жудасныя, занадта бесталковыя і дзівосныя, каб плакаць, і занадта сапраўдныя, каб сьмяяцца. Нехта тузае мяне за руку. Я ўжо ведаю, што здарыцца: нехта выцягне мяне з туману назад у палату, і там ня будзе нават сьледу таго, што адбывалася ноччу. Калі я буду настолькі дурны, каб пра гэта расказаць, мне скажуць: «Ідыёт, ты проста прысьніў кашмар; няма такіх вар’яцкіх рэчаў, як вялікі машынны пакой у чэраве электрастанцыі, дзе людзей разразаюць рабочыя-робаты».

Але калі іх няма, як тады чалавек можа іх пабачыць?



З туману мяне выцягвае за руку містэр Тэркл; ён трасе мяне і пасьміхаецца:

– Вы, відаць, кашмар прысьнілі, міста Бромдэн.

Ён санітар, які дзяжурыць ад адзінаццатай вечара да сёмай раніцы, стары мурын зь вялікай соннай усьмешкай на канцы доўгай хісткай шыі. Ад яго пахне так, нібы ён крыху выпіў:

– Сьпіце далей, міста Бромдэн.

Часам уначы ён адвязвае мяне, калі прасьціну зацягнулі настолькі туга, што я пачынаю курчыцца. Ён бы не рызыкаваў, калі б лічыў, што дзённая зьмена падумае на яго, бо яго б тады пэўна звольнілі. Але дзённыя вырашаць, што я сам разьвязаўся, мяркуе ён. Мне здаецца, ён сапраўды гэта робіць ад дабрыні, каб дапамагчы – але найперш дбае пра ўласную бясьпеку.

Гэтым разам ён мяне не адвязвае. Замест гэтага ён ідзе дапамагчы маладому доктару і дваім санітарам, якіх я раней ніколі ня бачыў, пакласьці старога Блэстыка на насілкі, накрыць прасьціной і вынесьці – яго нясуць асьцярожней, чым зь ім абыходзіліся калі-кольвек за ўсё ягонае жыцьцё.



Надыходзіць раніца; Макмэрфі ўжо на нагах. Упершыню нехта падняўся раней за мяне з часу, калі тут быў Дзядзька Джулз – стары сівавалосы разумнік-мурын, які меў тэорыю, што ўначы санітары нахіляюць сьвет набок; ён вылазіў з ложка да сьвітанку, каб злавіць іх за гэтым заняткам. Як і Джулз, я падымаюся з самага ранку, каб назіраць, якое абсталяваньне яны ўпотай зацягваюць у аддзяленьне ці ўсталёўваюць у пакоі для галеньня. Звычайна на калідоры пятнаццаць хвілінаў толькі я і чорныя, пакуль ня ўстане наступны пацыент. Але гэтай раніцай я чую, што Макмэрфі – ужо ў прыбіральні, калі я толькі выбіраюся з-пад коўдры. Чую, як ён сьпявае! Сьпявае так, што, здаецца, яго не турбуе нічога на сьвеце. Ягоны голас, чысты і моцны, плешчацца аб бэтон і жалеза.

– Твае коні галодныя, кажа яна.

Яму падабаецца, як гук зьвініць у прыбіральні.

– Дай ім сена, застанься са мной да відна.

Ён удыхае, і ягоны голас пераскоквае ў іншую танальнасьць, набірае вышыню і магутнасьць, ажно правады ў сьценах пачынаюць трэсьціся.

– Мае сытыя коні не ядуць і аўса-а-а.

Ён трымае ноту і гуляецца зь ёй, потым абрынае ўніз апошні радок, каб паставіць кропку.

– Так што быв-а-а-й, дзяўчына-краса.

Сьпявае! Усе агаломшаныя. Такога ня чулі шмат гадоў, прынамсі ў гэтым аддзяленьні. Вострыя ў палаце падымаюцца на локцях, міргаюць і ўслухоўваюцца. Яны пераглядаюцца і падымаюць бровы. Як так атрымалася, што чорныя не прымусілі яго змоўкнуць? Яны ж раней нікому не дазвалялі рабіць столькі шуму, праўда? Як так, што яны абыходзяцца з гэтым новенькім па-іншаму? Ён такі ж чалавек са скуры і касьцей, які некалі саслабне, зьбялее і памрэ, як і ўсе мы. Ён жыве паводле тых самых законаў, яму трэба есьці, ён натыкаецца на тыя ж самыя праблемы; усё гэта робіць яго такім жа слабым перад Камбінатам, як любога іншага, хіба не?

Але гэты новенькі іншы, і вострыя гэта бачаць; ён адрозны ад кожнага, хто трапляў у аддзяленьне за апошнія дзесяць гадоў, адрозны ад кожнага, каго яны сустракалі звонку. Магчыма, ён такі ж слабы, але Камбінат да яго не дабраўся.

– Груз ужо ў павозцы, – сьпявае ён, – бізун у руцэ...

Як ён здолеў высьлізнуць з ашыйніка? Мо, як і са старым Пітам, Камбінат не пасьпеў падабрацца да яго з рэгулятарамі. Мо ён гадаваўся на волі па ўсёй краіне, пераскокваў з аднаго месца на другое, ніколі ня жыў у адным горадзе больш за некалькі месяцаў, калі быў малы, таму школа ня здолела ў яго ўчапіцца; ён валіў лес, ладзіў картачныя гульні, працаваў на перасоўных кірмашах, падарожнічаў улегцы і хутка, не спыняў руху, так што Камбінат ніколі ня меў шанцаў нешта яму ўсталяваць. Магчыма, усё так і ёсьць: ён ніколі не даваў Камбінату шанцаў, гэтак, як учора раніцай ня даў шанцаў чорнаму дабрацца да яго з градусьнікам, бо ў рухавую мішэнь цяжка трапіць.

Ніякай жонкі, якая б выпрошвала новы лінолеўм. Ніякіх сваякоў, якія прысмакталіся б да яго вільготнымі старымі вачыма. Нікога, пра каго трэба клапаціцца, вось што робіць яго дастаткова свабодным, каб быць добрым махляром. Магчыма, таму чорныя і не нясуцца ў прыбіральню, каб спыніць ягоныя сьпевы, бо ведаюць, што ён па-за кантролем, і памятаюць ад таго выпадку са старым Пітам, што можа зрабіць непадкантрольны чалавек. І яны бачаць, што Макмэрфі нашмат большы за старога Піта; каб адужаць яго, давядзецца папрацаваць усім траім ды яшчэ й Вялікай Сястры стаяць напагатове са шпрыцам. Вострыя ківаюць адзін аднаму; у гэтым прычына, мяркуюць яны, вось чаму чорныя не спынілі ягоных сьпеваў, як яны спынілі б любога іншага з нас.

Я заходжу з палаты ў калідор, якраз калі Макмэрфі выходзіць з прыбіральні. З адзеньня на ім – кепка і хіба што ручнік, які ён прытрымлівае на сьцёгнах рукою. У другой руцэ ён трымае зубную шчотку. Ён стаіць у калідоры, азіраецца па баках і гойдаецца на дыбачках, каб як меней датыкацца да халоднай кафлі на падлозе. Выбірае аднаго з чорных, найменшага, падыходзіць і ляпае таго па плячы, нібы яны сябравалі ўсё жыцьцё.

– Гэй, слухай, братка, ё якая надзея прыдбаць зубной пасты, каб зубілы чышчануць?

Карлікавая галава чорнага паварочваецца, як на шарнірах, і амаль упіраецца носам у руку Макмэрфі. Чорны хмурыцца, потым на ўсялякі выпадак хуценька правярае, дзе астатнія двое санітараў, і кажа, што шафу адчыняюць толькі ў шэсьць сорак пяць.

– Такое правіла, – тлумачыць ён.

– Во як? Дык там і трымаюць зубную пасту? У шафе?

– Міна-віта, пад замком у шафе.

Чорны спрабуе зноў драіць ліштвы, але на ягоным плячы па-ранейшаму вісіць гэтая рука, нібы вялізныя чырвоныя ціскі.

– Пад замком у шафе, во як? Ну-ну, дык і чаму ж, па-твойму, пасту трымаюць пад замком? Ты ж ня скажаш, што яна небясьпечная, праўда? Чалавека ёй не атруціш, глуздоў нікому цюбікам ня выб’еш, правільна? Як мяркуеш, зь якой такой прычыны маленечкі цюбік зубной пасты замыкаюць у шафе?

– Такое правіла аддзяленьня, міста Макмэрфі, от зь якой прычыны. – Ён бачыць, што гэтае тлумачэньне не кранае Макмэрфі, як мела б, таму хмурыцца, пазіраючы на руку на сваім плячы, і дадае: – Што эта па-вашаму была б такое, каб ка-а-ажны хадзіў чысьціў зубы, када яму ў галаву стукне?

Макмэрфі вызваляе плячо чорнага, пацягвае свой пучок рудой воўны на шыі і абдумвае гэтую фразу:

– У-гу, у-гу, здаецца, я ўцяміў, да чаго ты вядзеш: гэнае правіла для тых, каму супрацьпаказана чысьціць зубы пасьля кожнага прыёму ежы.

– А божычкі, вы што, не разумееце?

– Так, цяпер разумею. Ты кажаш, што людзі б чысьцілі зубы ў любы час, як іх душы захочацца.

– Міна-віта, таму мы і...

– О Госпадзе, ты можаш гэта ўявіць? Зубы чысьцяць а палове на сёмую, у шэсьць дваццаць... хто ведае? Можа нават а шостай гадзіне. Так, бачу, пра што ты кажаш.

Я стаю ля сьцяны, і ён падміргвае мне паўз чорнага.

– Мне трэба вычысьціць гэтую ліштву, Макмэрфі, – бурчыць той.

– А-а. Прабач, не хацеў адрываць цябе ад працы. – Ён адсоўваецца, калі чорны нагінаецца, каб зноў вярнуцца да работы. Потым Макмэрфі падыходзіць бліжэй і нахіляецца, каб зазірнуць у бляшанку поруч з чорным: – Гэй, глядзі ты, што гэта ў нас тут?

Чорны ўглядаецца долу:

– Дзе тут?

– Паглядзі ў гэную бляшанку старую, Сэм. Што там, у гэнай старой бляшанцы?

– Гэта... Мыльны парашок.

– Ну, звычайна я карыстаюся пастай, але... – Макмэрфі засоўвае зубную шчотку ў бляшанку, шоргае ёй там, выцягвае і зьлёгку стукае аб край, – але й такое пойдзе, дзякуй. Яшчэ пазьней абмяркуем гэную штуку наконт правілаў аддзяленьня.

І ён вяртаецца ў прыбіральню, адкуль зноў даносяцца сьпевы, узбоўтаныя рытмічным рухам зубной шчоткі.

Чорны стаіць, гледзячы яму ўсьлед, ануча млява зьвісае з шэрай рукі. Праз хвіліну ён міргае, аглядаецца і заўважае, што я за ўсім гэтым назіраў. Ён падбягае, цягне мяне па калідоры за піжамныя завязкі і штурхае на тое месца на падлозе, дзе я ўжо мыў учора.

– Тут! Трасца на цябе, от тут! От дзе трэба, каб ты мыў, а ня вочы вылупліваў, як карова дурная! Тут! Тут!

Я нахіляюся і пачынаю мыць сьпінай да яго, каб ён не заўважыў, як я выскаляюся. Мне добра ад таго, што Макмэрфі дапёк гэтага чорнага. Так мала хто змог бы. Тата некалі ўмеў гэта рабіць – шырока расставіўшы ногі, зь нерухомым тварам, ён мружыўся, гледзячы на неба, калі людзі з ураду першы раз прыехалі на перамовы выкупляць зямлю. «Канадзкія гусі паляцелі», – сказаў ён, мружачыся. Чыноўнікі глядзелі, шасталі паперамі. «Што вы такое... У ліпені? Няма, э-э-э, гусей у такую пару году. Э-э-э, ніякіх гусей».

Яны размаўлялі, як турысты з Усходняга ўзьбярэжжа, якія думаюць, што так трэба зьвяртацца да індзейцаў, каб тыя зразумелі. Тата гэтага нібы не заўважаў. Ён па-ранейшаму глядзеў у неба. «Гусі там угары, белы чалавек. Твая разумець. Гусі сёлета. І летась. І пазалетась, і на год раней».

Чыноўнікі пераглянуліся і адкашляліся: «Так. Можа й так, Правадыр Бромдэн. Але. Пакінем у спакоі гусей. Засяродзьце ўвагу на кантракце. Тое, што мы прапаноўваем, можа быць вельмі выгадна вам, вашым людзям, можа памяняць жыцьцё чырванаскурага чалавека».

Тата працягваў: «...і на год раней, і на год раней, і на год раней...»

Пакуль да чыноўнікаў дайшло, што іх цьвеляць, уся рада племені, што сядзела на ганку нашай хаціны, ледзь жываты не парвала ад забойчага сьмеху – нашыя засоўвалі люлькі ў кішэні чырвона-чорных ваўняных кашуляў і даставалі іх зноўку, выскаляючыся адно аднаму і Тату, а дзядзька Х.М. Воўк ажно качаўся па зямлі, задыхаючыся ад рогату, і паўтараў: «Твая разумець, белы чалавек».

Відаць было, як гэта іх дапякло; яны завярнулі, ня кажучы ані слова, і сышлі ў кірунку шашы, а мы сьмяяліся ім наўздагон, у іх счырванелыя каркі. Часам я забываюся, што можа рабіць сьмех.



Ключ Вялікай Сястры ўторкваецца ў замок, і як толькі яна зьяўляецца ў дзьвярах, чорны адразу ж падскоквае да яе. Ён пераступае з нагі на нагу, як дзіця, якое просіць дазволу выйсьці да ветру. Я досыць блізка, каб пачуць, што пару разоў гучыць імя Макмэрфі, таму разумею, што ён расказвае, як той чысьціў зубы, і зусім забываецца згадаць старога пацыента, які памёр уначы. Чорны махае рукамі і спрабуе патлумачыць ёй, што гэты руды ёлупень ужо нарабіў з самага ранку: дэстабілізуе тут усё, ідзе насуперак правілам аддзяленьня. Ці можа яна нешта зрабіць?

Сястра са злосьцю глядзіць на чорнага, пакуль той не спыняе тузацца; потым яна ўзіраецца праз калідор у тым кірунку, адкуль празь дзьверы прыбіральні грыміць сьпеў Макмэрфі, гучнейшы, чым раней:

– А бацькі твае клічуць мяне жабраком; кажуць, што я ня варты хадзіць у ваш дом.

На ейным твары спачатку зьбянтэжанасьць; як і ўсе мы, яна надта доўга ня чула сьпеваў, таму толькі празь некалькі сэкундаў да яе даходзіць, што гэта такое.

– Я жыву, як жывецца – як знайду, дык раздам; а калі хто злуецца, хай задушыцца сам.

Яна слухае яшчэ хвіліну, каб пераканацца, што ёй не пачулася; потым пачынае надзімацца. Ейныя ноздры пашыраюцца, і з кожным удыхам яна робіцца ўсё большай; такой вялікай і пагрозьлівай празь нейкага пацыента я яе апошні раз бачыў, калі тут яшчэ быў Тэйбэр. Яна варушыць шпенямі ў локцях і пальцах, і я чую ціхае рыпеньне. Сястра пачынае рухацца; я ўціскаюся ў сьцяну, а яна грукоча побач, памерам з грузавік, цягне свой плецены кошык ззаду ў хмары выхлапаў, як прычэп за дваццацітонкай. Вусны разышліся, і ўсьмешка рухаецца наперадзе, як краты на радыятары. Адчуваю пах гарачай алівы ды іскраў генэратара, і з кожным крокам, што абрынаецца на падлогу, яна разьдзімаецца на памер болей, напінаючыся і надзімаючыся, зьмятаючы ўсё перад сабою! Я баюся падумаць, што яна зробіць.

І вось, калі яна ўжо каціць, такая вялікая і пагрозьлівая, як толькі можна, Макмэрфі выходзіць з прыбіральні і апынаецца проста перад ёй, трымаючы ручнік на сьцёгнах – яна спыняецца нібы забітая! Скукожылася так, што яе галава апынулася на роўні ручніка, і Макмэрфі ўсьміхаецца, пазіраючы на яе зьверху. Ейная ўласная ўсьмешка патроху сыходзіць, абвісаючы па краях.

– Добры дзень, міс Брыд-дыр! Як там звонку?

– У нас нельга так хадзіць – у ручніку!

– Не? – ён глядзіць на тое месца, што проста насупраць яе вачэй: ручнік там мокры і туга нацягнуты, як скура. – Ручнікі таксама супраць правілаў аддзяленьня? Ну, мяркую нічога не застаецца, акра...

– Спыніцеся! Ня сьмейце. Вярніцеся ў палату і адзеньцеся – зараз жа! Каму я сказала!

Ейны голас гучыць, як голас настаўніцы, якая гарланіць на вучня, таму Макмэрфі апускае галаву, як школьнік, і кажа такім голасам, нібы зараз расплачацца:

– Не магу, мадам. Баюся, нейкі злодзей уначы ціскануў маё адзеньне, пакуль я спаў. Дужа ж моцны сон на вашых тутэйшых матрацах.

– Ціскануў?..

– Зьлямзіў. Сьвіснуў. Затырыў. Скраў, – кажа ён радасна. – Карацей, цяміце, нехта ціскануў мае шмоткі. – Яго цешаць уласныя словы, таму ён пачынае басанож прытанцоўваць перад ёй.

– Скралі вашае адзеньне?

– Выглядае, што да апошняе шмотачкі.

– Але... Турэмнае адзеньне? Навошта?

Ён спыняе скокі і зноў апускае галаву:

– Я толькі ведаю, што яно было там, як я лёг спаць, і зьнікла, калі я прачнуўся. Зьнікла, як у полі вецер. Так, я сам разумею, што гэта проста турэмнае адзеньне, грубае, лінялае і нехлямяжае, мадам, так, я гэта ведаю... І турэмнае адзеньне пэўна няшмат вартае для таго, хто мае болей. Але для голага чалавека...

– Вашае адзеньне і абутак, – прыгадвае яна, – павінны былі забраць. Вам сёньня ранкам выдалі зялёнае шпітальнае адзеньне.

Ён круціць галавой і ўздыхае, але па-ранейшаму не падымае вачэй:

– Не. Не, на жаль, я нічога не атрымаў. Зранку ня маю нічога акрамя кепкі на галаве і...

– Ўільямз, – галасіць яна на чорнага, які ўсё яшчэ стаіць у дзьвярах палаты, нібы гатовы даць драпака. – Ўільямз, не маглі б вы падысьці сюды на хвілінку?

Ён падпаўзае да яе, як сабака, які чакае лупцоўкі.

– Ўільямз, чаму гэты пацыент ня мае камплекту шпітальнага адзеньня?


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю