Текст книги "Палёт над гняздом зязюлі"
Автор книги: Кен Кізі
Жанры:
Контркультура
,сообщить о нарушении
Текущая страница: 17 (всего у книги 21 страниц)
– Не! Ня трэба мне тваіх грошай.
Ён адступіў, засунуў адзінцы ў кішэні і нахіліў галаву назад. Гэтак ён разглядаў мяне нейкі час.
– Добра, – сказаў ён – А ў чым штука? Чаму тут усе ад мяне насы вернуць?
Я маўчаў.
– Хіба я не зрабіў таго, што абяцаў? Не вярнуў табе твайго памеру? І чаму я тут раптам стаўся нялюбы? Вы, хлопцы, так сябе паводзіце, быццам я радзіме здрадзіў.
– Ты заўсёды... нешта выйграеш!
– Нешта выйграю! Ну ты лось дурны, у чым ты мяне вінаваціш? Я толькі выконваю сваю частку дамовы. І з чаго раптам так дапякло...
– Мы думалі, што табе не пра выйгранку вядзецца...
Я адчуў, што ў мяне дрыгаецца сківіца і што я вось-вось расплачуся, але не расплакаўся. Стаяў перад ім, сківіца торгалася, а ён раскрыў рот, каб нешта сказаць, аднак спыніўся. Ён дастаў адзінцы з кішэняў і ўзяў сябе за пераносьсе адзінцом і паказальнікам, як робяць людзі, якім намулялі цесныя акуляры, і заплюшчыў вочы.
– Выйгранку, Божа ж ты мой, – вымавіў ён з заплюшчанымі вачыма. – Ну і ну, выйгранку.
Таму я напэўна больш чым хто іншы вінаваты ў тым, што адбылося ў той дзень у душавым пакоі. І таму адзінае, чым я мог загладзіць сваю віну, гэта тое, што я зрабіў, ня думаючы пра асьцярожнасьць, пра бясьпеку, пра тое, што са мной будзе, – хоць раз не хвалявацца ні пра што, акрамя таго, што трэба зрабіць, і проста рабіць.
Адразу як мы сышлі з прыбіральні, зьявіліся трое чорных, каб сабраць нас усіх на гэты адмысловы душ. Найменшы зь іх тузаў усіх, хто стаяў уздоўж сьценкі, сваёй чорнай крывой рукой, халоднай, як лом, казаў, што Вялікая Сястра назвала гэта прэвэнтыўнай санітарнай апрацоўкай. Беручы пад увагу, у якой кампаніі мы былі на рыбалцы, нас трэба апрацаваць, перш чым мы разьнясем нейкую заразу па ўсім шпіталі.
Мы пашыхтаваліся, голыя на кафлянай падлозе, і да нас падышоў чорны з плястыкавым чорным цюбікам у руцэ, выціскаючы сьмярдзючую мазь, густую і клейкую, як яечны бялок. Спачатку ў валасы, а потым павярнісь-ка задам і рассунь шчочкі!
Нашыя скардзіліся і жартавалі, і цьвяліліся, спрабуючы не глядзець адзін на аднаго і на гэтыя сланцавыя маскі ў паветры, якія рухаліся сьледам за цюбікамі, быццам твары з кашмарных фотанэгатываў па-над мяккімі сьціснутымі кашмарнымі пісталетнымі рулямі. Яны жартавалі з чорных, казалі: «Гэй, Ўошынгтан, а чым вы, хлопцы, забаўляецеся астатнія шаснаццаць гадзінаў?» ці «Гэй, Ўільямз, а можаш сказаць, што я еў на сьняданак?»
Усе сьмяяліся. Чорныя сьціскалі сківіцы і маўчалі: такога не было, пакуль гэты руды чорт тут не зьявіўся.
Калі Фрэдрыксан рассунуў задніцу, пачуўся такі гук, што я падумаў, найменшага з чорных зараз з ног саб’е.
– Уважайце! – выгукнуў Гардынг, прыклаўшы далоні рупарам да вуха. – Чароўны голас анёльскі.
Усе раўлі, рагаталі і жартавалі адзін з аднаго, пакуль чорны не спыніўся каля наступнага з нашых, і ў пакоі раптам запанавала абсалютная цішыня. Наступным быў Джордж. І ў гэтую сэкунду, калі ўвесь сьмех, жарты і скаргі спыніліся, калі Фрэдрыксан побач з Джорджам выпрастаўся і разьвярнуўся, а вялікі чорны зьбіраўся сказаць Джорджу нахіліць галаву, каб выціснуць на яе сьмярдзючую мазь – якраз у гэты момант мы ўсе больш-менш зразумелі, што зараз адбудзецца, чаму гэта павінна адбыцца і чаму мы ўсе памыляліся наконт Макмэрфі.
Джордж ніколі не карыстаўся мылам у душы. Ён нават нікому не дазваляў падаць сабе ручнік, каб выцерціся. Чорныя зь вечаровых зьменаў, якія кантралявалі звычайныя памыўкі ўвечары ў аўторак і чацьвер, ужо ўцямілі, што прасьцей пакінуць гэта, як ёсьць, і не прымушалі яго рабіць інакш. Так было ўжо здавён. Усе чорныя гэта ведалі. Але цяпер усе разумелі – нават Джордж, які адхіліўся, трос галавой і прыкрываўся вялікімі вузлаватымі далонямі, – што гэты азлоблены чорны з ламаным носам і ягоныя два прыяцелі, якія ззаду назіралі, што ён будзе рабіць, ня могуць упусьціць такога шанцу.
– Ай-й-й, нагні-ка галаву тутака, Джо’дж.
Нашыя ўжо глядзелі туды, дзе праз пару чалавек у шэрагу стаяў Макмэрфі.
– Ай-й-й, ну давай-ка, Джо’дж.
Марціні і Сэфэлт стаялі ў душы нерухома. Сьцёк у іх пад нагамі глытаў невялічкія кароткія порцыі паветра і мыльнай вады. Джордж недзе сэкунду глядзеў на вадасьцёк, быццам той прамаўляў да яго. Назіраў, як той булькае і захлынаецца вадой. Ён зноў паглядзеў на цюбік у чорнай руцэ перад сабой; склізь павольна выцякала праз маленькую дзірачку ў цюбіку на чыгунныя касьцяшкі чорнага кулака. Чорны падсунуў цюбік на некалькі сантымэтраў, і Джордж адхіліўся яшчэ далей, зноў закруціў галавой.
– Не... Гэтую гідоту не.
– Давядзецца эта зрабіць, Цяры-Шаруй, – сказаў чорны амаль спачувальна. – Давядзецца. Мы ж ня можам дазволіць, каб тут усё казюркамі кішэла, праўда? Хто яго знае, пэўна, у цябе паўсюды кляшчы пад скуру зарыліся на добрую цалю.
– Не!
– Ай-й-й, Джо’дж, ты ж нават ня знаеш. Этыя ж казюркі, яны ж малюпусенькія-малюпусенькія – менш за галоўку шпількі. І знаеш што, братан, яны ж як робяць: зачэпяцца за валаскі і давай сьвідраваць цябе, прагрызаюць наскрозь, Джо’дж.
– Няма казюрак!
– Айй, Джо’дж, паслухай мяне, я бачыў выпадкі, калі такія во злобныя казюркі...
– Годзе, Ўошынгтан, – кажа Макмэрфі.
Там, дзе ў чорнага быў зламаны нос, цяпер шнар, як нэонавы выгін. Чорны ведаў, хто да яго зьвярнуўся, але не паглядзеў у тым кірунку. Пра тое, што ён увогуле нешта пачуў, мы маглі здагадацца толькі па тым, як ён змоўк і правёў доўгім шэрым пальцам па шнары, які атрымаў на баскетболе. Пацёр нос, а потым сунуў далонь Джорджу ў твар і пакруціў пальцамі.
– Вошка, Джо’дж, бачыш? Бачыш? Ты ж знаеш, як выглядае вошка, праўда? Ясна ж, што на этым каціры рыбацкім вошы былі. Мы ж ня можам дазволіць, каб цябе вошкі грызьлі, праўда, Джо’дж?
– Няма вошай! – заенчыў Джордж. – Не! – ён выпрастаўся і падняў галаву, так што мы пабачылі яго вочы.
Чорны крыху адступіў. Астатнія двое зь яго засьмяяліся.
– Нешта ня так, Ўошынгтан, брацішка? – спытаўся другі вялікі чорны. – Нешта замінае выканаць працы-дуры, брацішка?
Той зноў падступіўся да Джорджа.
– Джо’дж, я табе кажу, нагніся! Ці ты нагнесься, каб намазацца, ці я пакладу на цябе далонь! – ён падняў далонь; тая была вялікая і чорная, як багна. – Пакладу гэтую чорную! Брудную! Сьмярдзючую! Далонь на цябе!
– Не! – Джордж падняў кулак над галавой быццам зьбіраўся раструшчыць сланцавы чэрап на кавалачкі, рассыпаць па ўсёй падлозе шасьцерні, гайкі і балты. Але чорны проста тыркнуў цюбікам Джорджу ў пуп ды сьціснуў кулак, і Джордж склаўся як сьцізорык, уцягнуўшы паветра. Чорны выпырснуў порцыю мазі яму ў старэчыя сівыя валасы, потым уцёр рукой, размазаўшы чарнату з далоні таму па галаве. Джордж абхапіў жывот рукамі і заверашчаў.
– Не! Не!
– А цяпер дупку, Джордж...
– Я сказаў хопіць, братан.
Тое, як цяпер прагучаў гэты голас, прымусіла чорнага разьвярнуцца і паглядзець туды. Я пабачыў, што чорны ўсьміхаецца, бо Макмэрфі голы – няма кепкі, бацінак ці кішэняў, каб засунуць туды адзінцы. Чорны ўхмыляўся, аглядаючы яго з галавы да ног.
– Макмэрфі, – працягнуў ён, пакруціўшы галавой. – Знаеш, я ўжо падумаў, што да этага ў нас ніколі ня дойдзе.
– Нягрыла ты сраны, – вымавіў Макмэрфі неяк хутчэй стомлена, чым раззлавана. Чорны нічога не адказаў. Тады Макмэрфі ўзвысіў голас: – Рваны чарнамазы гандон!
Чорны пакруціў галавой і хіхікнуў сваім дваім сябрукам:
– Як думаеце, братва, на што Макмэрфі нарываецца такімі размовамі? Думаеце, ён хоча, каб я праявіў ініцыятыву? Гы-гы-гы. Хіба ён ня знае, што нас вучаць не рэагаваць на такія жахлівыя зьнявагі ад псыхаў?
– Х.ясос! Ўошынгтан, ты проста...
Ўошынгтан разьвярнуўся да яго сьпінай, вярнуўшыся да Джорджа. Той усё яшчэ стаяў сагнуты, хапаючы паветра пасьля ўдару мазі ў жывот. Чорны схапіў яго за руку і разьвярнуў тварам да сьцяны.
– От так, Джо’дж, а цяпер рассунь задніцу.
– Не-е-е!
– Ўошынгтан, – сказаў Макмэрфі. Ён глыбока ўдыхнуў і крочыў да чорнага, адсунуўшы таго ад Джорджа. – Ўошынгтан, хопіць, хопіць...
Усе маглі пачуць бездапаможную, безвыходную роспач у голасе Макмэрфі.
– Ты застаўляеш мяне абараняцца, Макмэрфі. Хіба ён не застаўляе мяне, братва?
Астатнія двое кіўнулі. Чорны акуратна паклаў цюбік на лаўку каля Джорджа і выпрастаўся, выкінуўшы кулак адным рухам, засьпеў Макмэрфі зьнянацку ўдарам у сківіцу. Макмэрфі ледзь не паваліўся. Ён спатыкнуўся назад у шэраг голых целаў, нашыя злавілі яго і зноў падштурхнулі да ўсьмешлівага сланцавага аблічча. Ён атрымаў яшчэ адзін удар, па шыі, пакуль нарэшце не зьмірыўся з думкай, што ўжо нарэшце пачалося і цяпер застаецца толькі як найлепей гэтым скарыстацца. Ён перахапіў наступны бакавы, сьціснуў чорную зьмяюку рукі за прыдалоньне і патрос галавой, прыходзячы ў сябе.
Яны так крыху пахісталіся, пасаплі ў такт з сапеньнем сьцёку, а потым Макмэрфі адштурхнуў чорнага, прыгнуўся, прыкрыў падбародзьдзе магутнымі плячыма, падняў кулакі паабапал галавы і пачаў кружляць вакол праціўніка.
І тут акуратны маўклівы шэраг голых людзей ператварыўся ў галасістае кола; рукі, ногі і тулавы перапляліся ў канаты вакол рынгу.
Чорныя рукі калолі нахіленую рудую галаву і бычыную шыю, вышчэрбвалі кроў з лоба і шчокаў. Чорны сыходзіў лёгкімі рухамі. Ён быў вышэйшы, з даўжэйшымі, чым у Макмэрфі, рукамі, і біў хутчэй ды разчэй; ён мог дзяўбці суперніку плечы і галаву, не набліжаючыся да таго. Макмэрфі ўсё ішоў наперад – натужлівымі, пляскатымі крокамі, з апушчаным тварам, пазіраючы ўгару паміж татуяванымі кулакамі паабапал галавы – пакуль не загнаў чорнага на канаты голых целаў і не засадзіў кулаком проста ў сярэдзіну бялюткіх, накрухмаленых грудзей. Сланцавы твар трэснуў ружовым, з вуснаў вываліўся язык колеру клубнічнага марозіва. Чорны сышоў ад танкавага наступу Макмэрфі і здолеў даслаць яшчэ пару ўдараў, але гэты кулак зноў няслаба дагнаў яго. Гэтым разам рот раскрыўся шырэй, плямай бляднейшага колеру.
У Макмэрфі на галаве і плячах былі чырвоныя адмеціны, але ён не выглядаў пабітым. Ён усё насоўваўся, атрымоўваў дзесяць удараў за адзін. Так працягвалася даволі доўга, пакуль чорны ня стаў задыхацца, хістацца і рухацца ўжо толькі каб сысьці ад гэтых рудых рук-дубінаў. Нашыя крычалі Макмэрфі, каб ён заваліў чорнага. Макмэрфі нікуды не сьпяшаўся.
Чорны крутнуўся ад удару ў плячо і кінуў хуткі позірк на дваіх астатніх, якія на ўсё гэта пазіралі.
– Ўільямз... Ўорэн... чэрці вас бяры! Другі вялікі рассунуў натоўп і схапіў Макмэрфі ззаду за рукі. Макмэрфі строс яго, як бык страсае малпу, але той не адчапіўся.
Таму я падняў яго і закінуў у душ. Ён быў увесь нашпігаваны электралямпамі, важыў ня больш за пяць-сем кіляў.
Найменшы з чорных крутнуў галавой з боку ў бок, павярнуўся і пабег да дзьвярэй. Пакуль я на яго глядзеў, той другі вылез з душа і ўзяў мяне ў замок – прасунуў рукі пад мае і счапіў далоні ў мяне на карку – мне давялося рушыць задам у душ і чмякнуць яго аб кафлю. Пакуль я ляжаў там у вадзе і спрабаваў даглядзець, як Макмэрфі крышыць рэбры Ўошынгтану, другі ззаду ўкусіў мяне за карак, і мне давялося вызваляцца з замка. Потым ён ляжаў спакойна, і крухмал сплываў зь белай уніформы ў задышлівы сьцёк.
Калі найменшы з чорных прыбег назад з рамянямі, кайданкамі, утаймавальнымі кашулямі і яшчэ чатырма санітарамі з аддзяленьня для агрэсіўных, усе ўжо адзяваліся і паціскалі нам з Макмэрфі рукі, казалі, што тыя чорныя ўжо даўно нарываліся, і якая была ачмурэнная бойка, якая фантастычная перамога. Яны ўсё казалі гэта, каб разьвесяліць і падбадзёрыць нас – пра бойку і перамогу – у той час як Вялікая Сястра дапамагала санітарам з агрэсіўнага зацягнуць скураныя кайданкі нам на руках.
У агрэсіўным заўсёды пранізьлівы бразгат, як у машынным аддзяленьні, – турэмны станок штампуе нумарныя знакі. Час вымяраецца чык-чпок, чык-чпок, у рытме пінг-понгавага століка. Людзі рухаюцца па асабістых сьцежках: уперціся плячом у сьцяну, разьвярнуцца і рушыць да іншай сьцяны, уперціся плячом і зноў разьвярнуцца, хуткія кароткія крокі пакідаюць перакрыжаваныя каляіны ў кафлянай падлозе. Пах смаленага ад людзей, шалёна запалоханых да страты кантролю, а ў кутах і пад столікам для пінг-понгу хаваюцца істоты, якія скрыгочуць зубамі і якіх ня бачаць дактары з мэдсёстрамі, а санітары ня могуць забіць дэзынфэктантамі. Калі дзьверы аддзяленьня адчыніліся, я адразу ж адчуў гэты пах смаленага і пачуў гэты зубоўны скрогат.
Калі санітары завялі нас з Макмэрфі ўнутр, пры ўваходзе нас сустрэў высокі кашчавы стары, які целяпаўся на дроце, прасунутым яму між лапатак. Ён агледзеў нас жоўтымі зацьвілымі вачыма і патрос галавой.
– Я ўмываю рукі ў гэтай справе, – зьвярнуўся ён да аднаго з каляровых санітараў, і дрот адцягнуў яго па калідоры.
Мы пайшлі за ім да дзённага пакою, і Макмэрфі спыніўся ля дзьвярэй, расставіў ногі і задраў галаву, каб усё агледзець; ён паспрабаваў засунуць адзінцы ў кішэні, але кайданкі былі занадта цесныя.
– Ну й відовішча, – ціха прамовіў ён убок.
Я кіўнуў галавой. Я ўсё гэта ўжо бачыў.
Пара мужыкоў спыніліся, каб паглядзець на нас, а кашчавы стары зноў прыплёўся ўмываць рукі ў гэтай справе. Спачатку ніхто не зьвяртаў на нас асаблівай увагі. Санітары пайшлі ў тутэйшую Сястроўню, пакінуўшы нас у дзьвярах пакою. У Макмэрфі распухла вока, так што ён увесь час нібыта падміргваў, і я бачыў, што яму балюча ўсьміхацца. Ён падняў рукі ў кайданках, агледзеў рухавы гармідар і зрабіў глыбокі ўдых.
– Мяне зваць Макмэрфі, ка-а-алегі, – сказаў ён працяжна, каўбойска-акторскім голасам, – і я б хацеў ведаць, хто з вас, птушанятаў, у гэнай установе кіруе гульнёй у покер?
Пінг-понгавы гадзіньнік шпарка пацікаў па падлозе і выключыўся.
– У ачко банкаваць мне ў такой збруі цяжкавата будзе, але я ўсё роўна ўпэўнены, што любому ў карты фору магу даць.
Ён пазяхнуў, паварушыў плячом, прыгнуўся, прачысьціў горла і плюнуў нечым у сьметніцу за паўтара мэтра; пачулася дзынь, і ён зноўку выпрастаўся, ухмыльнуўся і правёў языком па крывавым прагале ў зубах.
– У нас тут унізе заваруха была. Мы з Правадыром счапіліся з парай чарнамазых.
Грукат станка ўжо спыніўся, усе глядзелі на нас дваіх ля дзьвярэй. Макмэрфі прыцягваў позіркі, як вядоўца аўкцыёну. Я зразумеў, што поруч зь ім я таксама атрымаў абавязак быць пад гэтымі позіркамі, і адчуў, што мне трэба выпрастацца і стаяць як мага раўней. Ад гэтага мне балела сьпіна, там, дзе я ўпаў у душы, калі на мне вісеў чорны, але цяпер я не падаваў выгляду. Нейкі мужык з галодным выглядам і калматай чорнай чупрынай падышоў і працягнуў руку, быццам у мяне нешта для яго было. Я спрабаваў яго ігнараваць, але ён усё забягаў, куды б я ні павярнуўся, быццам дзіця з працягнутымі да мяне далонямі.
Макмэрфі крыху пагутарыў пра бойку, а мая сьпіна балела ўсё мацней і мацней. Я так доўга курчыўся ў крэсьле ў куце, што цяпер было цяжка доўга стаяць роўна. Я ўсьцешыўся, калі прыйшла маленькая мэдсястра-японачка, каб адвесьці нас у тамтэйшую Сястроўню, дзе я змог сесьці і адпачыць.
Яна спыталася, ці дастаткова мы супакоіліся, каб зьняць кайданкі, і Макмэрфі кіўнуў. Ён ужо згорбіўся, павесіў галаву, засунуў локці між каленяў і выглядаў цалкам зьнясіленым – раней мне ў галаву не прыйшло, што яму, гэтаксама як і мне, было цяжка стаяць роўна.
Мэдсястра – памерам з востра заточаную галоўку ад нічога, як пазьней сказаў Макмэрфі, – зьняла нам кайданкі і дала Макмэрфі цыгарэту, а мне жуйку. Яна сказала, што помніць, як я люблю жуйкі. Я яе зусім ня памятаў. Макмэрфі курыў, пакуль яна мачала ў слоік мазі свае ружовыя пальчыкі, танюткія, як сьвечкі на торце, і апрацоўвала яму сінякі ды ранкі. Яна штораз моршчылася ад болю разам зь ім і прасіла прабачэньня. Узяла ягоную далонь у свае і змазала яму костачкі кулака.
– Хто гэта быў? – спыталася яна, гледзячы на ранкі, – Ўошынгтан ці Ўорэн?
Макмэрфі паглядзеў на яе.
– Ўошынгтан, – адказаў ён і ўхмыльнуўся. – Правадыр тутака разабраўся з Ўорэнам.
Яна паклала ягоную руку і павярнулася да мяне. Я пабачыў маленькія птушыныя костачкі ў ейным абліччы.
– У вас нешта пашкоджана?
Я адмоўна крутнуў галавой.
– А што з санітарамі?
Макмэрфі адказаў, што тых яна, пэўна, наступны раз у гіпсе пабачыць. Яна кіўнула і паглядзела сабе пад ногі.
– Тут ня ўсё, як у ейным аддзяленьні, – сказала яна. – Шмат што так, але ня ўсё. Вайсковыя мэдсёстры спрабуюць усё наладзіць, як у ваенным шпіталі. Яны самі крыху хворыя. Часам мне здаецца, што ўсіх незамужніх мэдсясьцёр трэба звальняць, як толькі ім споўніцца трыццаць пяць.
– Прынамсі ўсіх незамужніх вайсковых мэдсясьцёр, – пагадзіўся Макмэрфі.
Ён спытаўся, як доўга мы яшчэ зможам цешыцца зь ейнай гасьціннасьці.
– Баюся, што ня вельмі доўга.
– Баіцеся, што ня вельмі доўга? – перапытаў Макмэрфі.
– Так, часам я б хацела патрымаць людзей тут, замест таго, каб пасылаць іх назад, але яна мае старшынства. Не, вы, відаць, ня будзеце тут вельмі доўга, у такім стане, як цяпер.
Ложкі ў агрэсіўным усе абы-якія, надта жорсткія ці надта разьдзяўбаныя. Нам далі два ложкі побач. Мяне не прывязвалі прасьцінай, толькі пакінулі крыху цьмянага сьвятла каля ложка. Пасярод ночы нехта загаласіў:
– Я пачынаю круціцца, індзеец! Глядзі мяне! Глядзі мяне!
Я расплюшчыў вочы і пабачыў шэраг доўгіх жоўтых зубоў, што сьвяціліся ў мяне каля твару. Гэта быў той мужык з галодным выглядам:
– Я пачынаю круціцца! Калі ласка, глядзі мяне!
Двое санітараў схапілі яго ззаду і пацягнулі з пакою, а ён рагатаў; крычаў: «Я пачынаю круціцца, індзеец!» – і проста сьмяяўся. Ён усё паўтараў свае словы і сьмяяўся, калі яго цягнулі па калідоры, а потым зноў стала ціха, і я пачуў, як той другі мужык кажа:
– Ну... я ўмываю рукі ў гэтай справе.
– Прыдбаў ты сабе сябручка, хоць і ненадоўга, Правадыр, – прашаптаў Макмэрфі і кульнуўся на другі бок спаць. Я большую частку ночы спаць ня мог, мне ўсё ўваччу стаялі тыя жоўтыя зубы і галодны твар, які прасіў: «Глядзі мяне! Глядзі мяне!» Ці яшчэ нешта выпрошваў, калі я нарэшце заснуў. Гэты твар – жоўтая згаладалая мальба – лунаў па-нада мной у цемры, прагнучы нечага... Просячы нечага. Я думаў, як жа сьпіцца Макмэрфі, якога дапякае сотня такіх твараў, ці дзьве сотні, ці тысяча.
У агрэсіўным пацыентаў падымаюць будзільнікам. Тут ня проста ўключаюць сьвятло, як унізе. Гэты будзільнік гучыць, нібы гіганцкая тачылка для алоўкаў, у якой мелюць нешта жахлівае. Мы з Макмэрфі ажно падскочылі, калі яго пачулі, і ўжо зьбіраліся зноўку легчы, калі з дынаміка нас дваіх паклікалі. Я вылез з ложка, сьпіна ў мяне за ноч гэтак здранцьвела, што я ледзь мог сагнуцца; па тым, як вэжкаўся Макмэрфі, я разумеў, што ён здубянеў ня менш за мяне.
– Што яны нам там рыхтуюць, Правадыр? – спытаўся ён. – Гішпанскі бот? Дыбу? Спадзяюся, што ня трэба будзе напружвацца, бо я табе гэтак скажу, дзядзька, я паламаны ўшчэнт!
Я адказаў яму, што напружвацца не давядзецца, але больш нічога не казаў, бо сам ні ў чым ня быў упэўнены, пакуль ня трапіў у іх Сястроўню, дзе ўжо іншая мэдсястра спыталася: «Містэр Макмэрфі і містэр Бромдэн?» – і дала кожнаму з нас па маленькім папяровым кубачку.
Я паглядзеў у свой: там былі тры чырвоныя капсулы.
Дзынь шуміць у маёй галаве не магу спыніцца.
– Чакайце, – кажа Макмэрфі. – Гэныя пігулкі, каб нас вырубіць, так?
Мэдсястра ківае і круціць галавой, каб пераканацца, што яны ззаду – двое санітараў з абцугамі, нахіліліся наперад, кранаюцца локцямі.
Макмэрфі вяртае кубачак, кажа:
– Не, сэр... мадам, я адмаўляюся завязваць вочы. Але ад цыгарэты я б не адмовіўся.
Я таксама вяртаю свой, і яна кажа, што ёй трэба патэлефанаваць, закрывае шкляную перагародку паміж намі і ўжо на тэлефоне, перш чым нехта пасьпявае нешта яшчэ сказаць.
– Прабач, калі я цябе ўцягнуў у нейкую хрэнь, Правадыр, – кажа Макмэрфі, і я ледзь чую яго празь сьвіст тэлефонных правадоў у сьценах. Адчуваю, як думкі спалохана зрынаюцца долу ў маёй галаве.
Мы сядзім у дзённым пакоі, гэтыя твары вакол нас, калі ў дзьверы заходзіць сама Вялікая Сястра; двое чорных ідуць з бакоў на крок ззаду. Спрабую ўціснуцца ў крэсла, схавацца ад яе, але ўжо позна. Зашмат людзей на мяне глядзяць, клейкія вочы трымаюць мяне на месцы.
– Добры дзень, – кажа яна.
Да яе вярнулася старая ўсьмешка. Макмэрфі кажа «дабрыдзень», а я маўчу, хоць яна вітаецца і са мной, уголас. Назіраю за чорнымі: у аднаго плястыр на носе і рука на перавязі, шэрая далонь сплывае зь бінтоў, як патанулы павук, а другі рухаецца так, быццам у яго рэбры ў гіпсе. Яны абодва крыху ўхмыляюцца. Пэўна ж маглі застацца дома са сваімі траўмамі, але такога яны нізавошта не прапусьцяць. Я пасьміхаюся ў адказ, проста каб паказаць ім.
Вялікая Сястра размаўляе з Макмэрфі лагодна і цярпліва, пра тое як безадказна, як па-дзіцячаму ён сябе паводзіў са сваімі гняўлівымі выбрыкамі, нібы малы хлопчык, – хіба вам ня сорамна? Ён адказвае, што, здаецца, не і давайце ўжо рабіце, што трэба.
Яна кажа яму пра тое, як яны, пацыенты ўнізе ў нашым аддзяленьні, на адмысловым групавым сходзе ўчора ўдзень пагадзіліся з пэрсаналам, што яму можа быць карысна атрымаць крыху шокавай тэрапіі, калі ён не ўсьвядоміць сваіх памылак. Усё, што яму трэба зрабіць, гэта прызнаць, што ён ня меў рацыі, паказаць, прадэманстраваць разумныя паводзіны, і тады працэдуру гэтым разам скасуюць.
Кола абліччаў чакае і назірае. Мэдсястра кажа, што ўсё залежыць ад яго.
– Во як? – пытаецца ён. – Трэба нейкую паперчыну падпісаць?
– Ну, не, але калі вы лічыце неаб...
– І чаму б вам не дадаць туды яшчэ сёе-тое, каб ужо з гэтым разабрацца: напрыклад, што я браў удзел у антыдзяржаўнай змове і што я лічу жыцьцё ў вашым аддзяленьні самым файным на поўнач ад Гаваяў... ну, усялякую такую хрэнь.
– Я ня думаю, што гэта...
– А потым, калі я падпішу, вы прынесяце мне коўдру і пачак цыгарэтаў ад Чырвонага Крыжа. Ух-х-х, гэныя камунякі кітайскія маглі б у вас сяму-таму павучыцца, дамачка.
– Рэндл, мы спрабуем вам дапамагчы.
Але ён ужо на нагах, чухае жывот, ідзе да картачных сталоў паўзь яе і чорных, якія шугануліся назад.
– О-кей, ну-ну-ну, дзе тут столік для покера, братва?..
Вялікая Сястра сэкунду глядзіць на яго, потым ідзе ў Сястроўню да тэлефона.
Двое каляровых санітараў і белы з кучаравымі сьветлымі валасамі вядуць нас у галоўны будынак. Па дарозе Макмэрфі точыць лясы зь белым санітарам, нібы яго нічога не хвалюе.
На траве ляжыць слой намаразі, і двое каляровых наперадзе пакідаюць за сабой воблачкі выдыхаў, быццам паравозы. Сонца рассунула хмары і асьвятліла іней, так што па зямлі рассыпаліся іскры. Вераб’і распушыліся на холад, шукаюць паміж іскраў зярняты. Мы пайшлі наўпрост па траскучай траве, міма сусьлікавых норак, дзе я бачыў сабаку. Халодныя іскры. Іней у норах, там, дзе не відаць.
Адчуваю гэты іней у сваіх вантробах.
Мы падышлі да дзьвярэй, за якімі гук, быццам разварушылі пчаліны вулей. Перад намі двое, калываюцца ад чырвоных пігулак, адзін зь іх раве, як немаўля, паўтарае:
– Гэта мой крыж, дзякуй табе, Госпадзе, гэта ўсё, што я маю, дзякуй табе, Госпадзе...
Другі кажа:
– Гуляць дык гуляць, гуляць дык гуляць.
Гэта ратавальнік з басэйну. Ён таксама крыху плача.
Я ня буду плакаць ці крычаць, калі побач Макмэрфі.
Тэхнік кажа нам зьняць абутак, і Макмэрфі пытаецца, ці нам таксама разрэжуць штаны і паголяць галовы. Той адказвае, што ня з нашым шчасьцем.
Мэталёвыя дзьверы пазіраюць на ўсё вачыма-клёпкамі.
Дзьверы адчыняюцца, засмоктваюць унутр першага. Ратавальнік не кранаецца зь месца, але прамень, як нэонавы дым, выпаўзае з чорнага пульта ў пакоі, чапляецца за клему ў лобе і зацягвае яго, быццам сабаку на шворцы. Яго перакручвае тры разы, пакуль дзьверы зачыняюцца; твар як мяшанка страху.
– Робім раз, – мармыча ён. – Робім два! Робім тры!
Чую, як яны там лезуць яму ў лоб, быццам падымаюць века каналізацыйнага люка. Чую, як зь ляскатам і гырканьнем заядаюць шасьцерні.
Дзьверы расчыняюцца ад націску дыму, і адтуль выяжджае каталка зь першым мужыком, ён чапляе мяне вачыма. Гэты твар. Каталка едзе назад і вывозіць ратавальніка. Чую, як наглядчыкі па літарах выкрыкваюць яго прозьвішча.
Тэхнік кажа:
– Наступная група.
Падлога халодная, заінелая, траскучая. Зьверху зь лямпаў скуголіць сьвятло, белае і ледзяное. Адчуваю пах графітавай змазкі, быццам у гаражы. А яшчэ кіслотны пах страху. Тут адно маленькае вакно, высока, і звонку я бачу тлустых вераб’ёў, нанізаных на провад, быццам бурыя пацеркі. Яны ныраюць галовамі пад пер’е, каб схавацца ад холаду. Нешта дзьме праз мае пустыя косьці, вышэй і вышэй, паветраная трывога! паветраная трывога!
– Не галасі, Правадыр...
Паветраная трывога!
– Супакойся. Я пайду першы. Праз мой дубовы чэрап мне нічога ня зробяць. А калі мне не нашкодзяць, дык і табе таксама.
Сам залазіць на стол і раскідвае рукі па контуры. Машына зашчоўквае засьцежкі яму на прыдалоньнях і костачках, заціскае яго ў цень. Рука здымае зь яго гадзіньнік, выгуляў у Скэнлана, кідае ля пульта, гадзіньнік рассыпаецца, шасьцерні, колцы і доўгая дрыготкая сьпіраль спружыны скачуць, б’юцца аб бок пульта, губляюцца.
Выглядае, што ён зусім не баіцца, па-ранейшаму ўхмыляецца мне.
Яму мажуць скроні графітавай змазкай.
– Што гэта? – пытаецца ён.
– Праваднік, – адказвае тэхнік.
– І ўчыняць мне памазаньне правадніком. А вянок зь цёрну таксама ўскладуць?
Яны працягваюць мазаць, а ён сьпявае, так што ў іх ажно рукі трасуцца.
– Купляйце шмаравідла для моцных валасоў...
Надзелі штукі кшталту навушнікаў, карону срэбнага цёрну паверх графіту на скронях. Спрабуюць суцішыць ягоныя сьпевы, запіхваюць яму між зубоў кавалак гумавага шлянга.
– І лысіна адступіць да самых па-лю-соў...
Круцяць нейкія дыскі, машына трасецца, дзьве мэханічныя рукі бяруць паяльнікі і насоўваюць на яго. Ён падміргвае мне, кажа мне нешта, заглушана, нешта гаворыць мне, прамаўляе да мяне праз гумавы шлянг, а паяльнікі набліжаюцца да срэбра ў яго на скронях – іскры дугой упоперак, празь яго ідзе напруга, падымае яго мосьцікам, так што на стале застаюцца адно прыдалоньні і костачкі, а праз сплюснуты чорны гумавы шлянг вырываецца гук кшталту гэх-х-х! і Макмэрфі цалкам пакрыты імжой іскраў.
А за вакном вераб’і падаюць з проваду і дымяцца.
Яго вывозяць на каталцы, ён яшчэ торгаецца, твар заінеў белым. Карозія. Акумулятарная кіслата. Тэхнік паварочваецца да мяне.
– Глядзіце за гэтым ласём. Я яго ведаю, трымайце яго!
Якая ўжо тут можа быць сіла волі.
– Трымайце яго! Халера. Каб больш не прыводзілі такіх бяз дозы сэканалу.
Ціскі кусаюць мне прыдалоньні і костачкі.
У графітавай змазцы – жалезнае пілавіньне, скроні дзярэ.
Ён сказаў нешта, калі падміргнуў. Сказаў мне нешта.
Мужык нагінаецца, падносіць два паяльнікі да абруча ў мяне на галаве.
Машына сьціскаецца разам са мной.
ПАВЕТРАНАЯ ТРЫВОГА.
Скокнеш вон, чуеш звон, пачынаецца гон, бяжыш пад адхон. Нельга назад і наперад ніяк, у стрэльбу глядзіш мярцьвяк мярцьвяк мярцьвяк.
Мы выйшлі па сьцяжынцы праз зарасьці трысьнягу за чыгункай. Я прыклаў вуха да рэйкі, яна апякае мне шчаку.
– Нічога ў абодва бакі, – кажу я, – на добрую сотню кілямэтраў.
– Ну-ну, – бурчыць Тата.
– Хіба мы так ня слухалі бізонаў, засунеш нож у зямлю, возьмеш тронкі зубамі, чуеш статак здалёк?
– Ну-ну, – паўтарае ён, але яму прыемна.
Па другі бок чыгункі – палоска пшанічнай саломы зь мінулай зімы. Там пад ёй мышы, паказвае сабака.
– Ну што, хлопча, пойдзем уздоўж чыгункі налева ці направа?
– Хадзем праз чыгунку, во што кажа наш сабака стары.
– Гэны сабака сьледу ня бярэ.
– Возьме. Там птушкі, во што ён кажа.
– Найлепей ісьці паляваць туды ўздоўж насыпу, во што табе бацька гаворыць.
– Найлепей – тут насупраць, у пшанічнай саломе, так мне кажа сабака.
Насупраць (не пасьпеў я сказаць) да чыгункі высыпае плойма людзей, лупяць па фазанах налева і направа. Выглядае, што наш сабака забег надта далёка наперад і выгнаў усіх птушак з саломы на насып.
Сабака злавіў трох мышак.
...чалавек, Чалавек, ЧАЛАВЕК... шыракаплечы і вялікі, падміргвае, як зорка.
Мурашы зноў, о Божа, гэтым разам іх да халеры, кусючыя паскуды. Памятаеш, калі мы зразумелі, што гэныя мурашы на смак як марынаваныя гурочкі? Га? Ты казаў, што не гурочкі, а я казаў, што так, а твая мама дала мне добрага прачуханца, як пачула: Вучыць дзіця есьці жамяру!
Угу. Сапраўдны індзейскі хлопчык павінен ведаць, як выжыць на ўсім, што можна зьесьці, пакуль яно само цябе ня зжэрла.
Мы не індзейцы. Мы цывілізаваныя людзі, памятай гэта.
Ты казаў мне, Тата. Але як памру, прычапіце мяне да нябёсаў.
Маміна прозьвішча было Бромдэн. І засталося Бромдэн. Тата казаў, што ён нарадзіўся толькі з адным іменем, пляснуўся ў сьвет, як цяля, якое выпадае ў падсьцілку, калі карова ўпарта хоча нарадзіць стоячы. Тыі А Мілатуна, Найвышэйшая Хвоя на Гары, і я найвялікшы індзеец пад нябёсамі штату Арэгон, а магчыма таксама Каліфорніі і Айдага. Вось пад такое імя нарадзіўся.
Ты найвялікшы дурань пад нябёсамі, калі думаеш, што добрая хрысьціянка назавецца Тыі А Мілатуна. Ты нарадзіўся пад такое імя, дык добра, а я нарадзілася пад прозьвішчам Бромдэн. Мэры Луіз Бромдэн.
І калі мы пераедзем у горад, кажа Тата, з такім прозьвішчам нашмат лягчэй атрымаць нумар сацыяльнага страхаваньня.
Мужык з молатам гоніцца за некім, дагоніць, калі ня спыніцца. Я зноў бачу гэтыя бліскі маланак, россыпы колераў.
Дзынь. Дзынькі-дзынк, дрыжаць каленкі, ловіць куранят ля сьценкі... Па-над домам ля ракі, бач, ляцяць тры гусакі... Гэты ў поле, той на гулі, гэты над гняздом зязюлі... Вунь гусак спусьціўся долу... ХАП цябе, выходзіш з кола.
Мы некалі гэтак гадзінамі гуляліся з бабуляй, калі сядзелі ля рамаў з рыбай, адганяючы мух. Гульня называлася дзынькі-дзынк. Трэба было лічыць пальцы на выцягнутых руках, па пальцы на кожны склад ейнай лічылкі.
Дзынь-кі дзынк, дры-жаць ка-лен-кі (восем пальцаў), ловіць куранят ля сьценкі (шаснаццаць пальцаў), яна адбівае рытм на кожны склад сваёй чорнай крабістай рукой, кожны з маіх пазногцяў пазірае на яе, як маленькі тварык, просіць, каб менавіта на яго трапіла гэтае цябе, да якога спускаецца гусак і выцягвае з кола.
Я люблю гэтую гульню і люблю бабулю. Не люблю гэтай цёткі Дзынькі-Дзынк, якая ловіць куранят. Не люблю яе. Але люблю таго гусака, які ляціць над гняздом зязюлі. Люблю яго і люблю бабулю з пылам у зморшчынках.
Наступным разам я яе пабачыў ужо мёртвую, халодную, як камень, проста пасярэдзіне Дэлзу на ходніку, вакол каляровыя кашулі – індзейцы, пастухі, сяляне. Яе адвезьлі на возе на гарадзкія могілкі, заляпілі ёй вочы чырвонай глінай.
Памятаю сьпякотныя, задушлівыя пераднавальнічныя гадзіны, калі зайцы кідаліся пад колы грузавікоў.
Джоўі Рыба-У-Бочцы атрымаў дваццаць тысяч даляраў і купіў тры кадылакі пасьля кантракту на зямлю. Але ён усё роўна ня ўмее езьдзіць на машыне.
Бачу кубік.
Бачу яго знутры, я зьнізу. Я грузік, які ўмацавалі, каб зьверху заўсёды выпадала адзінка. Косьці з грузікамі, каб заўсёды выпадалі дзьве адзінкі, зьмяіныя вочы, і я грузік, а вакол мяне шэсьць грудкоў, як белыя падушачкі на іншым баку кубіка, шасьцёрка, якая заўсёды будзе зьнізу. На што нагрузілі другі кубік? Упэўнены, таксама на адзінку. Зьмяіныя вочы. Супраць яго махлююць, і я грузік.







