Текст книги "Палёт над гняздом зязюлі"
Автор книги: Кен Кізі
Жанры:
Контркультура
,сообщить о нарушении
Текущая страница: 16 (всего у книги 21 страниц)
– Мы такога ня выцягнем, – уздыхнуў Сэфэлт. – А вецер мацнее.
– Гэта галібут, вялікая камбала, – патлумачыў Джордж. – Часам яны важаць сто – сто трыццаць кіляў. Іх трэба лябёдкай выцягваць.
– Давядзецца абрэзаць лёску, док, – сказаў Сэфэлт і паклаў руку доктару на плячо. Той нічога не адказаў; на ягоным пінжаку паміж плячэй праступалі плямы поту, а вочы былі ярка-чырвоныя, бо ўжо так доўга без акуляраў. Ён усё цягнуў, пакуль рыбіна не зьявілася зь ягонага боку катэра. Мы яшчэ некалькі хвілінаў глядзелі на яе ля паверхні, а потым пачалі рыхтаваць вяроўку і бусак.
Нават засадзіўшы бусак у яе, мы яшчэ цэлую гадзіну выцягвалі рыбіну на борт. Давялося чапляць яе яшчэ трыма, а Макмэрфі нахіліўся за борт, засунуў ёй руку ў пашчу, і з нашымі высілкамі яна прасьлізнула на катэр, празрыста-белая, пляскатая, і плюхнулася на палубу разам з доктарам.
– Во гэта было нешта, – засоп доктар, лежачы на палубе, бо ўжо ня меў моцы зьняць зь сябе вялізную рыбіну. – Во гэта было... сапраўды нешта.
Катэр гойдаўся і рыпеў усю дарогу да берагу, а Макмэрфі расказваў змрочныя байкі пра караблекрушэньні і акулаў. Чым бліжэй мы падплывалі да прыстані, тым большыя рабіліся хвалі, і зь іх грабянёў вецер зрываў камякі белай пены, якія віравалі ў паветры разам з каўкамі. У затоцы ля прыстані хвалі дыбіліся вышэй за катэр, і Джордж загадаў нам нацягнуць ратавальныя камізэлькі. Я заўважыў, што іншыя вадаплавы ўжо стаялі ў гавані.
Нам не хапала трох камізэлек, таму пачалася мітусьня, хто будуць трое сьмелых без ратавальных сродкаў. Нарэшце падрадзіліся Білі Бібіт, Гардынг і Джордж, які ўсё роўна нічога б не надзеў, бо баяўся бруду. Усе былі крыху зьдзіўленыя, што сярод добраахвотнікаў апынуўся Білі, які адразу ж зьняў камізэльку і дапамог нацягнуць яе дзяўчыне, як толькі мы даведаліся, што іх не хапае. Але ўсіх зьдзівіла яшчэ болей, што Макмэрфі не намагаўся быць адным з герояў; падчас усёй гэтай мітусьні ён стаяў, прыхінуўшыся сьпінай да каюты, змагаючыся з гайданкай і паглядаючы на ўсіх моўчкі. Толькі ўсьміхаўся і пазіраў.
Мы зайшлі на мелізну і ўваліліся ў цясьніну вады: нос катэра тырчаў угару перад грэбнем шыпучай хвалі, а карма нахілілася долу ў ценю хвалі, што навісла за намі. Усе ўчапіліся за парэнчы і пазіралі то на гару, што за намі гналася, то на цякучыя чорныя скалы прыстані за дзесяць мэтраў улева, то на Джорджа за стырном. Той стаяў, нібы мачта. Ён усё паварочваў галаву ўзад-уперад, даваў газу, запавольваў катэр, зноў разганяў, увесь час трымаючы нас на пад’ёме хвалі сьпераду. Ён нам раней быў сказаў, што калі мы перагонім грэбень хвалі сьпераду, дык нас панясе, бы шкарлупіну, як толькі пяро стырна і вінт выйдуць з вады, а калі мы надта запаволімся і нас дагоніць хваля ззаду, яна абрынецца на карму і ўлупіць у катэр дзесяць тонаў вады. Ніхто не жартаваў і не рабіў ніякіх заўваг пра тое, як Джордж увесь час узад-уперад круціў галавой, быццам яна сядзела на шарніры.
За молам ад хваляў засталася адна рабізна на паверхні, а на нашай прыстані ля рыбацкай крамы мы пабачылі капітана, які чакаў разам з двума паліцыянтамі. Яны стаялі ля вады, а ўсе разявакі тоўпіліся за імі. Джордж скіраваў катэр на іх поўнаю хадою, так што капітан ажно замахаў рукамі і закрычаў, а паліцыянты з разявакамі рушылі нагару па прыступках. Калі ўжо здавалася, што зараз нос катэра разарве прыстань, Джордж крутануў стырно, даў заднюю хаду і з магутным ровам прытуліў катэр да пакрышак на краі прыстані, нібы дзіця паклаў у ложак. Мы ўжо прывязвалі катэр, калі наш кільватэрны паток дагнаў нас, нахіліў усе вадаплавы ля берага і накрыў прыстань белай пенай, быццам мы прывезьлі мора з сабой.
Капітан, паліцыя і разявакі рушылі назад уніз па прыступках да нас. Доктар адразу ж сам пайшоў у наступ, заявіўшы паліцыянтам, што яны ня маюць над намі ніякай юрысдыкцыі, бо мы законная экспэдыцыя, ухваленая дзяржавай, і калі нехта хоча з намі разьбірацца, дык гэта павінна быць на фэдэральным узроўні. Акрамя таго, магчыма, варта правесьці расьсьледаваньне наконт колькасьці ратавальных камізэлек на катэры, калі ўжо капітан зьбіраецца тут пачынаць разборкі. Хіба паводле закону не прадугледжана, што на кожнага чалавека на борце вадаплава павінна прыпадаць як мінімум адна ратавальная камізэлька? Калі капітан змаўчаў у адказ, паліцыянты запісалі некалькі прозьвішчаў і сышлі з разгубленым мармытаньнем. Як толькі яны зьніклі з прыстані, Макмэрфі і капітан пачалі сварыцца і штурхацца. Макмэрфі быў досыць п’яны і ўсё яшчэ рухаўся, нібы на катэры ў гайданку, таму ён коўзаўся на мокрым дрэве і двойчы падаў у акіян, перш чым знайшоў дастаткова апірышча, каб вытнуць капітана бакавым у лысую галаву і разьвязаць спрэчку. Усе былі радыя, што з гэтым разабраліся, і капітан разам з Макмэрфі пайшлі ў краму, каб узяць яшчэ піва, а астатнія пачалі выцягваць рыбу. Разявакі стаялі зьверху на прыстані, назіралі і курылі самаробныя люлькі. Мы чакалі, што яны зноў скажуць нешта пра Кэндзі, нават, па праўдзе, спадзяваліся на гэта, але калі адзін зь іх нарэшце нешта прамовіў, гэта было не пра дзяўчыну, а пра тое, што нашая рыбіна – найвялікшы галібут, якога ён калі бачыў на Арэгонскім узьбярэжжы. Астатнія заківалі, што гэта сапраўды так. Яны падышлі і нахіліліся паглядзець. Спыталіся ў Джорджа, дзе ён навучыўся так прыставаць, і мы даведаліся, што Джордж ня толькі кіраваў рыбацкімі вадаплавамі, але і служыў капітанам на тарпэдным катэры ў Ціхім акіяне і атрымаў Крыж ВМС.
– Вы маглі б на дзяржаўную службу пайсьці, – прамовіў адзін з разявакаў.
– Там занадта брудна, – адказаў яму Джордж.
Яны адчувалі зьмену, пра якую большасьць з нас толькі падазравала; тут ужо не было той кампаніі слабакоў з дурдому, якая глытала іхныя зьнявагі раніцай. Прабачэньня ў дзяўчыны за ранейшае яны ўсё ж не папрасілі, але спыталіся дазволу паглядзець на ейную рыбіну ўжо ветліва, як цацы. І калі Макмэрфі з капітанам выйшлі з крамы, мы ўсе разам выпілі піва, перш чым зьехаць.
Было ўжо позна, калі мы вярнуліся ў шпіталь.
Дзяўчына спала, прытуліўшыся да грудзей Білі, і калі яна паднялася, то пачала расьціраць яму руку, якая зацякла ад доўгай дарогі ў такой нязручнай позе. Білі сказаў, што калі ў яе бываюць вольныя выходныя, ён хацеў бы прызначыць ёй спатканьне. Яна адказала, што можа прыехаць праз два тыдні, калі ён скажа ў які час, і Білі запытальна паглядзеў на Макмэрфі. Той абняў іх абаіх за плечы і прапанаваў:
– Хай будзе а другой роўна.
– У суботу ўдзень? – спыталася яна.
Той падміргнуў Білі і абхапіў дзяўчыне галаву згібам лакця:
– Не. А другой уночы з суботы на нядзелю. Прабярэсься і пагрукаеш у тое ж вакно, як сёньня ранкам. Я дамоўлюся з начным санітарам, каб цябе пусьціў.
Яна захіхікала і кіўнула:
– Чарцяка ты, Макмэрфі.
Некаторыя вострыя ў аддзяленьні яшчэ ня клаліся, стаялі ля прыбіральні, каб даведацца, ці мы не патанулі. Яны назіралі, як мы заходзім у калідор, загарэлыя, у плямках крыві, прасякнутыя пахам піва і рыбы, нясем нашых ласосяў, як героі-пераможцы. Доктар спытаўся, ці хочуць яны выйсьці паглядзець на галібута ў багажніку ягонай машыны, і ўсе пайшлі за ім, акрамя Макмэрфі. Той адказаў, што, відаць, дужа змарыўся і лепей адразу заваліцца спаць. Калі ён сышоў, адзін з вострых, што ня езьдзілі з намі, спытаўся, як гэта так, што Макмэрфі выглядае такім зьняможаным і змучаным, калі мы ўсе такія чырванашчокія і энэргічныя. Гардынг вытлумачыў гэта проста недахопам сонечнага сьвятла.
– Вы ж памятаеце, Макмэрфі прыбыў сюды, поўны сілаў ад спартанскага жыцьця на сьвежым паветры папраўчай фэрмы, румяны з твару і ў росквіце фізычнага здароўя. Мы проста сталі сьведкамі таго, як выцьвіў яго дзівосны псыхапатычны загар. Вось і ўсё. Сёньня ён сапраўды правёў некалькі цяжкіх гадзінаў – у прыцемках каюты, між іншага, – пакуль мы былі адкрытыя стыхіям і насычаліся вітамінам Д. Вядома ж, гэта магло яго ў нейкай ступені вычарпаць, гэтыя цяжкія намаганьні, там, у каюце, але задумайцеся, сябры. Я, напрыклад, лічу, што мог бы трохі ахвяраваць вітамінам Д узамен на крыху такіх намаганьняў. Асабліва калі намаганьнямі кіруе такая цукерачка, як Кэндзі. Хіба не?
Я нічога не сказаў, але падумаў, што можа ён і не памыляецца. Яшчэ раней я быў заўважыў, як Макмэрфі стаміўся – яшчэ па дарозе назад, калі ён настаяў, каб праехаць міма месца, дзе некалі жыў. Мы якраз дапілі піва, кінулі апошнюю бляшанку праз вакно ў дарожны знак і расьцягнуліся на сядзеньнях, каб адчуць гэты дзень, каб плыць у прыемнай санлівасьці, якая прыходзіць, калі цэлы дзень з усяе моцы робіш нешта, што табе падабаецца – напалову загарэлы, напалову п’яны – і не засынаеш толькі таму, што табе хочацца як мага даўжэй расьцягнуць гэтае адчуваньне. Я цьмяна заўважыў, што дайшоў ужо да такога стану, калі магу бачыць добрае ў навакольным сьвеце. Макмэрфі быў маім настаўнікам. Я так сябе не адчуваў зь дзяцінства, калі ўсё было добра і зямля яшчэ сьпявала мне дзіцячымі вершыкамі.
Каб праехаць празь мястэчка, у якім Макмэрфі найдаўжэй затрымаўся ў сваім жыцьці, назад мы паехалі не ўзьбярэжжам. Спускаліся па схілах аднаго ўзгорку за другім і ўжо думалі, што заблукалі, але вось... трапілі ў мястэчка, у якое ўлезла б хіба два такіх шпіталі, як наш. Пясчаны вецер задзьмуў сонца на вуліцы, дзе Макмэрфі спыніўся. Ён запаркаваў машыну сярод нейкага трысьнягу і паказаў пальцам праз дарогу.
– Вунь там. Во яна. Быццам яе пустазельлем падперлі... Юнацтва марнатраўнага гаротная сяліба.
Уздоўж вуліцы ў сутоньні я бачыў голыя дрэвы, якія ўтыркаліся ва ўзбочыну, як драўляныя маланкі; бэтон быў разламаны там, дзе яны ўдарылі, і ўсё гэта ў колцы агароджы. Жалезныя слупы высоўваліся шэрагам зь зямлі перад зарослым пустазельлем дваром, за якім стаяў вялікі каркасны дом з ганкам. Дом нахіліўся і наваліўся на вецер кволымі плячыма, каб той ня перасунуў яго на пару кварталаў, быццам кардонную скрынку. Вецер прынёс некалькі кропляў дажджу, і я пабачыў, што дом наглуха заплюшчыў вочы, а замкі на дзьвярах грукнулі на ланцугу.
А над ганкам вісела такая штуковіна, якую япончыкі робяць зь нітак і шкла – зьвініць і бразгае ад найменшага ветрыку – там засталося толькі чатыры шкляныя штучкі, і яны гойдаліся, біліся і са звонам сыпалі аскепкі на драўляны ганак.
Макмэрфі зноў завёў машыну.
– Я калісьці быў прыехаў сюды... Хрэн знае калі, у той год, як мы ўсе з карэйскай заварухі вярнуліся. Адведаў родныя мясьціны. Мае старыя яшчэ жывыя былі. Добры быў дом.
Ён адпусьціў счапленьне і паехаў, потым раптам затармазіў.
– Ну і ну, – вымавіў ён, – паглядзіце, бачыце сукеначку? – ён паказаў пальцам назад. – На тым дрэве? Такая жоўтая з чорным ануча?
Я пабачыў нешта падобнае на сьцяг, які трапятаў высока ў галінах над паветкай.
– Дзяўчына, якая першая зацягнула мяне ў ложак, насіла якраз гэную сукенку. Мне было гадоў дзесяць, а ёй, пэўна, яшчэ менш, і ў той час зь некім пераспаць здавалася такой сур’ёзнай штукай – я ў яе спытаўся, ці ня лічыць яна, ці не адчувае, што нам трэба пра гэта неяк абвясьціць? Кшталту сказаць бацькам: «Мама, мы з Джудзі сёньня заручыліся». Я гэта сур’ёзна казаў, гэткі ўжо быў дурань; думаў, што пасьля такога дзела мы ўжо юрыдычна ў шлюбе, адразу на месцы, хоцькі-няхоцькі, і што ніяк ужо законаў не парушыш. Але гэная курва маленькая – ёй было ня больш за дзевяць – нахілілася, падняла з падлогі сваю сукенку і сказала, што аддае яе мне, кажа: «Можаш павесіць, дзе хочаш, я пайду дахаты ў сподніках і так пра ўсё абвяшчу – яны зразумеюць». Божа мой, дзевяць гадоў, – сказаў ён, працягнуў руку і ўшчыкнуў Кэндзі за нос, – а ведала нашмат болей за некаторых профі.
Тая ўкусіла яго за руку і засьмяялася, а ён паглядзеў на сьлед ад укусу.
– Карацей, калі яна сышла дадому ў споднім, я чакаў, пакуль сьцямнее, каб выкінуць гэную сукенку клятую, але адчуваеце, які вецер? Злавіў тую сукеначку, як паветранага зьмея, і зьнёс некуды за дом, а наступным ранкам, Богам клянуся, яна вісела на гэным дрэве, і мне тады здавалася, што ўсе ў мястэчку яе бачаць.
Ён пасмактаў руку з такім няшчасным выглядам, што Кэндзі засьмяялася і пацалавала яго.
– Так што мой сьцяг лунаў высока, і з таго дня мне ўжо давялося апраўдваць рэпутацыю няўрымсьлівага каханка – як перад Богам кажу: ва ўсім вінаватая тая дзевяцігадовая дзяўчынка з майго дзяцінства.
Дом застаўся ззаду, і Макмэрфі пазяхнуў ды падміргнуў:
– Навучыла мяне кахаць, дзякуй ёй, лярвачцы.
І тут – калі ён размаўляў – заднія фары нейкай машыны, што нас абагнала, асьвяцілі ягоны твар, і на лабавым шкле адлюстраваўся выраз, які ён сабе дазволіў толькі таму, што ў машыне было цёмна і ён думаў, быццам ніхто не пабачыць – жудасна стомлены, напружаны і ўтрапёны, быццам яму ўжо не хапала часу на нешта, што трэба зрабіць...
А ў гэты час ягоны спакойны лагодны голас даваў нам перажыць ягонае жыцьцё, вясёлую мінуўшчыну, поўную сабутэльнікаў, каханак і боек у забягайлаўках праз розную драбязу – усё, каб мы маглі памроіць сябе такімі.
ЧАСТКА ІV
Вялікая Сястра распачала наступны манэўр ужо назаўтра па нашым вяртаньні з рыбалкі. Ідэя прыйшла ёй у галаву напярэдадні, калі яна размаўляла з Макмэрфі пра тое, колькі ён зарабіў на нашай паездцы на мора ды на іншым сваім прадпрымальніцтве. Яна абдумвала гэтую ідэю ўсю ноч, разглядала яе з усіх бакоў, пакуль не запэўнілася на ўсе сто, што тут памылкі быць ня можа, і ўвесь наступны дзень яна закідвала намёкі, каб запусьціць чуткі і добра разьдзьмуць іх, перш чым нешта такое сказаць.
Яна ведала, што людзі, па сваёй прыродзе, рана ці позна пачнуць падазраваць любога, хто праяўляе крыху больш шчодрасьці, чым прынята, – Санта-Клаўсаў, місіянэраў і тых, хто дае грошы на дабрачыннасьць, – ды пачнуць пытацца: а што ён з гэтага мае? Будуць пасьміхацца ў кулак, калі, напрыклад, малады адвакат прывязе мех арэхаў у школу ў сваім раёне – якраз перад вылучэньнем кандыдатаў у сэнат штату – і будуць гаварыць адзін аднаму: «Гэтаму пальца ў рот не кладзі».
Яна ведала, што зусім ня цяжка зрабіць, каб нашыя пачалі дзівіцца, з чаго гэта сапраўды, як вы кажаце, Макмэрфі столькі часу і энэргіі траціць, каб арганізаваць марскую рыбалку ці гульню ў бінга альбо каб трэніраваць баскетбольную каманду. З чаго раптам ён лётае, быццам яму куды маторчык засунулі, калі ўсім астатнім у аддзяленьні заўсёды хапала гульняў у тысячу і мінулагодніх часопісаў? З чаго б гэты ірляндзкі задзірака, якога суд паслаў на папраўчыя работы за азартныя гульні і хуліганства, раптам павязвае на галаву хустку, буркуе, як падлетак, і добрых дзьве гадзіны гуляецца ў дзяўчынку, спрабуючы навучыць Білі Бібіта танцаваць, так што ўсе вострыя ў аддзяленьні ажно ў ладкі пляскаюць? Ці з чаго раптам такому рэцыдывісту – старому профі, які дурыў людзей на кірмашах, разважліваму гульцу – рызыкаваць удвая падоўжыць сабе тэрмін у вар’ятні, усё больш і больш варагуючы з жанчынай, якая мае вырашальнае слова, каго выпісваць, а каго не?
Вялікая Сястра запусьціла такія разважаньні, вывесіўшы справаздачу пра фінансавы стан пацыентаў за апошнія месяцы; ёй, відаць, давялося некалькі гадзінаў пакорпацца ў дакумэнтах. Папера паказвала відавочнае зьмяншэньне рахункаў усіх вострых, акрамя аднаго. Ягоны рахунак не абы-як вырас з часу, калі ён сюды трапіў.
Вострыя пачалі жартаваць з Макмэрфі, што той іх да галечы давядзе, а ён нічога і не адмаўляў. Ані кропелькі. Наадварот, ён хваліўся, што калі прабудзе ў шпіталі які год, дык яго выпішуць ужо з добрым капіталам, і ён зможа пасяліцца ў Флорыдзе і жыць сабе спакайненька. Яны ўсе сьмяяліся разам зь ім, але калі ён сыходзіў з аддзяленьня на працэдуры ці калі ў Сястроўні яму рабілі за нешта вымову, а ён адказваў на яе нерухомую плястыкавую ўсьмешку сваёй вялікай наравістай ухмылкай, яны ўжо зусім не сьмяяліся.
Яны пачалі пытацца адзін у аднаго, чаму ён апошнім часам гэтак нястомна і зацята дабіваецца для пацыентаў розных зьменаў, напрыклад, адмены правіла, што ісьці куды заўгодна можна толькі ў тэрапэўтычных групах па восем чалавек («Білі тут усё кажа, што зноў хоча жылы перарэзаць, – сказаў ён на сходзе, дзе выступаў супраць правіла восемак. – Дык ці ёсьць сярод вас сем чалавек, хто хацеў бы далучыцца і надаць гэтаму тэрапэўтычную каштоўнасьць?»), ці як ён пераканаў доктара, які з часу рыбалкі зблізіўся з пацыентамі, наладзіць падпіску на Nugget, Мan ды Playboy і пазбавіцца старых нумароў «Хатняй гаспадыні», што прыносіў з дому мурлаты дзядзька для сувязяў з грамадзкасьцю і клаў стосам, пазначыўшы зялёным артыкулы, на якія раіў зьвярнуць увагу. Макмэрфі нават даслаў поштай пэтыцыю некаму ў Вашынгтоне, каб яны праверылі выпадкі лябатаміі і электрашоку, якія дагэтуль выкарыстоўваюць ва ўрадавых шпіталях. Мне проста цікава, пачалі пытацца нашыя, што з гэтага будзе мець дружа Мак?
Вялікая Сястра пачакала, пакуль такія думкі паходзяць па аддзяленьні недзе з тыдзень, а потым паспрабавала зрабіць свой ход на групавым сходзе. Першая спроба была ў ягонай прысутнасьці, але Макмэрфі перагуляў Сястру, перш чым яна нават пасьпела нешта распачаць (пачала казаць, як яна шакаваная і абураная з таго, у які жалюгодны стан прыйшло аддзяленьне пры агульным патураньні: паглядзіце навокал, Божа мой; на сьценах сапраўдная парнаграфія, выразаная з гэтых часопісаў – маўляў, яна плянуе зрабіць запыт, каб вышэйшае кіраўніцтва правяло расьсьледаваньне, як гэты бруд занесьлі ў шпіталь. Яна сядзела ў сваім крэсьле, гатовая працягваць і паказаць, хто і чаму ў гэтым вінаваты, выседжвала, нібы на троне, пару сэкундаў цішыні пасьля сваёй пагрозы, і тут Макмэрфі зьнішчыў ейныя чары раскатамі рогату, сказаўшы, каб яна абавязкова нагадала вышэйшаму кіраўніцтву прынесьці гэныя свае малюпасенькія ручныя люстэркі, калі тыя прыйдуць рабіць расьсьледаваньне) – так што, каб зрабіць наступны ход, яна дачакалася, калі яго не было на сходзе.
Ён якраз чакаў званка з Портлэнду ля тэлефона ў калідоры разам з адным з чорных. А першай гадзіне мы пачалі пераносіць рэчы, рыхтаваць пакой да сходу, і найменшы з чорных спытаў у яе, ці трэба паклікаць Макмэрфі і Ўошынгтана, але яна сказала не, усё ў парадку, хай будуць там – акрамя таго, некаторыя прысутныя, магчыма, хацелі б скарыстацца шанцам абмеркаваць нашага Рэндла Патрыка Макмэрфі безь ягонай прысутнасьці і дамінаваньня.
Яны пачалі сход вясёлымі аповедамі пра яго і пра тое, што ён вырабляў, крыху пагаманілі, які ён файны хлопец, а яна моўчкі чакала, давала ім выгаварыцца. Потым пачаліся іншыя пытаньні. Дык што наконт Макмэрфі? Чаму ён так паводзіцца, чаму робіць тое, што робіць? Некаторыя з нашых сказалі, што мо гэта проста ягоная чарговая байка, быццам ён адмыслова нарываўся, каб яго паслалі сюды з працоўнай фэрмы, і мо ён сапраўды вар’ят, больш шалёны, чым усе думаюць. Тут Вялікая Сястра пасьміхнулася і прыўзьняла руку.
– Шалёны як ліс, – прамовіла яна. – Здаецца, вы гэта хочаце сказаць пра містэра Макмэрфі.
– Што вы м-м-маеце на ўвазе? – спытаўся Білі. Ён лічыў Макмэрфі сябрам і сапраўдным героем, і яму не спадабаўся прыхаваны намёк, зь якім яна гэта сказала. – Што вы м-м-маеце на ўвазе, як ліс?
– Гэта простае назіраньне, Білі, – лагодна адказала мэдсястра. – Можа быць, нехта з прысутных зможа патлумачыць вам, што яно значыць. Можа быць, вы, містэр Скэнлан?
– Яна мае на ўвазе, Білі, што Маку пальца ў рот не кладзі.
– А такога ніхто й не к-ка-казаў, – Білі садануў кулаком па падлакотніку крэсла, каб выпусьціць на волю апошняе слова. – Але міс Брыдар намякала…
– Не, Білі, я ні на што не намякала. Я проста заўважыла, што містэр Макмэрфі не такі чалавек, каб рызыкаваць без прычыны. З гэтым жа вы пагодзіцеся, праўда? Ці пагодзіцеся вы ўсе з гэтым?
Усе прамаўчалі.
– І ў той жа час, – працягвала яна, – выглядае, што ён робіць рэчы, зусім ня думаючы пра сябе, быццам бы ён пакутнік ці сьвяты. Магчыма, нехта з прысутных лічыць, што містэр Макмэрфі сьвяты?
Яна ведала, што тут можа спакойна ўсьміхнуцца ўсім у пакоі, чакаючы адказу.
– Не, не сьвяты і не пакутнік. Давайце паглядзім. Можа быць, зірнем больш уважліва на некаторыя прыклады ягонай дабрачыннасьці? – яна дастала са свайго кошыка жоўты аркуш паперы. – Паглядзім на некаторыя зь яго дарункаў, як іх могуць назваць ягоныя адданыя прыхільнікі. Па-першае, дарунак купальні. Хіба гэта быў ягоны пакой? Ці згубіў ён нешта ад таго, што гэтае памяшканьне ператварылася ў казіно? А зь іншага боку, як вы думаеце, колькі ён зарабіў за кароткі час працы круп’е ў сваім маленькім Монтэ-Карла тут, у нашым аддзяленьні? Колькі вы прагулялі, Брус? Містэр Сэфэлт? Містэр Скэнлан? Я думаю, вы прыкладна ведаеце свае асабістыя пройгрышы, але ці ведаеце вы, колькі ён агулам выйграў, калі меркаваць з тых сумаў, што ён паклаў на свой рахунак? Амаль трыста даляраў.
Скэнлан ціха прысьвіснуў, але астатнія маўчалі.
– Тут у сьпісе розныя іншыя пары`, якія ён ладзіў, можаце паглядзець, у тым ліку былі і спробы наўмысна вывесьці з раўнавагі работнікаў шпіталю. Усе гэтыя азартныя гульні былі і ёсьць відавочным парушэньнем правілаў аддзяленьня, і кожны з вас гэта ведаў, калі меў зь ім справу.
Яна зноў паглядзела ў паперку, потым паклала яе назад у кошык.
– А нядаўняя паездка на рыбалку? Як вы думаеце, які прыбытак атрымаў містэр Макмэрфі ад гэтага мерапрыемства? Наколькі я разумею, ён скарыстаўся машынай доктара Спайві, нават заплаціў доктаравымі грашыма за бэнзін і, як мне расказалі, яшчэ нямала атрымаў з гэтай паездкі, не заплаціўшы ані цэнта. Сапраўды, як ліс, я вам скажу, – яна падняла руку, каб спыніць Білі, які хацеў яе перабіць. – Калі ласка, Білі, зразумейце мяне. Я не крытыкую такую дзейнасьць саму па сабе. Я проста падумала, што будзе лепш, калі мы ня будзем мець аніякіх ілюзіяў наконт матываў гэтага чалавека. Але ў любым выпадку, магчыма, несправядліва рабіць такія абвінавачаньні ў адсутнасьць пацыента, пра якога мы гаворым. Давайце вернемся да праблемы, якую мы абмяркоўвалі ўчора... Што там было? – яна пачала гартаць паперы ў кошыку. – Што там было, вы памятаеце, доктар Спайві?
Галава доктара падскочыла.
– Не... пачакайце... я думаю...
Яна выцягнула паперчыну з тэчкі.
– Вось яно. Містэр Скэнлан: ягоная прыхільнасьць да выбуховых рэчываў. Цудоўна. Пяройдзем да гэтага, а калі-небудзь іншым разам, калі містэр Макмэрфі будзе прысутны, мы вернемся да яго. Я, аднак, думаю, што вам варта крыху задумацца пра тое, аб чым сёньня гаварылася. Такім чынам, містэр Скэнлан...
Пазьней у той жа дзень, калі мы стаялі ля дзьвярэй сталоўкі ўвасьмёх ці ўдзесяцёх і чакалі, калі ўжо чорны стырыць алей, каб пасьля намазваць сабе валасы, нехта з нашых зноў вярнуўся да гэтай тэмы. Яны казалі, што не пагаджаюцца зь Вялікай Сястрой, аднак, халера, цётка ўсё ж агучыла пару разумных думак. Але ж чэрці яго бяры, Мак усё роўна добры хлопец... Сапраўды.
Гардынг нарэшце выказаўся адкрыта.
– Сябры, вы занадта актыўна пратэстуеце, каб насамрэч верыць сваім пратэстам. Вы ўсе верыце ў глыбіні сваіх маленькіх скнарлівых душачак, што наш анёл міласэрнасьці міс Брыдар абсалютна мела рацыю ўва ўсіх сваіх меркаваньнях, якія яна сёньня агучыла наконт містэра Макмэрфі. Вы гэта ведаеце, і я таксама ведаю. Навошта адмаўляць? Давайце будзем шчырымі і аддамо чалавеку належную пашану, замест таго каб употайкі крытыкаваць ягоны талент капіталіста. Што кепскага ў тым, што ён атрымаў невялікі прыбытак? Мы ж дастаткова мелі ўзамен за гэтыя грошы кожны раз, калі ён нас абдзіраў, праўда? Ён спрытны хлопец, які ведае, дзе можна хутка рубануць пару-тройку даляраў. Ён сваіх матываў не хавае, праўда ж? Чаму тады нам гэта рабіць? Ён мае здаровы і шчыры падыход да свайго круцельства, і я цалкам яго падтрымліваю, гэтаксама як падтрымліваю старую добрую капіталістычную сыстэму свабоднага прыватнага прадпрымальніцтва, так, таварышы, падтрымліваю яго, і ягоную бычыную зацятасьць, і сьвяты амэрыканскі сьцяг, і мэмарыял Лінкальна, і ўсё такое. Не забываймася пра лінкар «Мэн», Ф.Т. Барнума і Дзень незалежнасьці чацьвёртага ліпеня. Я адчуваю сябе абавязаным абараняць гонар свайго сябра, як старога добрага зорна-паласатага стоадсоткавага амэрыканскага махляра. Добры хлопец, ну вы даяце. Макмэрфі б да сьлёзаў зьбянтэжыўся, калі б ведаў, якія яму тут прыпісваюць дабрачынныя матывы. Ён успрыняў бы гэта як наўпроставую абразу свайму рамяству.
Гардынг пашукаў у кішэні цыгарэты; нічога не знайшоўшы, пазычыў адну ў Фрэдрыксана, закурыў тэатральным узмахам запалкі і працягнуў.
– Прызнаюся, я напачатку не зразумеў ягоных дзеяньняў. Калі ён шыбу разьбіваў, я думаў: «Божа мой, вось чалавек, які, здаецца, сапраўды хоча застацца ў шпіталі, каб ня кідаць сяброў і ўсё такое». Толькі потым я ўсьвядоміў, што Макмэрфі ўсё гэта робіць, каб не згубіць добрых магчымасьцяў. Ён свой тэрмін тут выкарыстоўвае напоўніцу. Ня дайце ўвесьці сябе ў зман ягонымі правінцыйнымі павадкамі, ён яшчэ той дзялок, і разважлівы дай Божа. Пабачыце – усё, што ён рабіў, было ня проста так.
Білі не хацелася так лёгка саступаць.
– Ага. А як наконт яго ўрокаў т-танцаў? – ён сьціскаў кулакі, і я пабачыў, што апёкі ад цыгарэтаў на тыльным баку далоняў амаль зажылі, а на іх месцы ён намаляваў татуіроўкі, насьлініўшы нязмыўны аловак. – Як наконт гэтага, Гардынг? Ён што, г-г-грошы зарабляе, калі мяне танцаваць вучыць?
– Ня злуйцеся, Ўільям, – адказаў Гардынг. – Але й не сьпяшайцеся з высновамі. Давайце проста супакоімся, пачакаем... І пабачым, як ён гэта паверне.
Выглядала, што толькі Білі і я дагэтуль верылі ў Макмэрфі. Але ў той жа вечар Білі таксама пачаў глядзець на ўсё Гардынгавымі вачыма, калі Макмэрфі вярнуўся пасьля чарговага тэлефанаваньня і сказаў яму, што спатканьне з Кэндзі ўжо пэўна дамоўленае, ды напісаў яму нейкі адрас: маўляў, было б някепска паслаць ёй крыху капусты на дарогу.
– Капусты? Г-г-грошай? К-к-колькі? – Білі паглядзеў на Гардынга, які пасьміхаўся ў адказ.
– Ну, ведаеш, дзядзька, мо дзясятачку ёй і дзясятачку...
– Дваццаць баксаў! Аўтобусны к-к-квіток сюды столькі не каштуе.
Макмэрфі зірнуў на Білі з-пад брыля сваёй матацыклетнай кепкі, павольна пасьміхнуўся, пацёр кадык і крыху высунуў шары язык.
– Але ж хлопча ты мой, у мяне так у глотцы перасохла, страх проста. А да суботы за тыдзень яшчэ болей перасохне. Ты ж ня будзеш злавацца, калі яна мне прыцягне пару глыткоў горла прамачыць, праўда, Білі?
Ён паглядзеў на Білі з такім нявінным выглядам, што той ня вытрымаў і засьмяяўся, пакруціў галавой, што не, і пайшоў у кут узбуджана абмяркоўваць пляны на наступную суботу з чалавекам, якога, відаць, лічыў сутэнэрам.
Я ўсё яшчэ трымаўся сваёй думкі, што Макмэрфі – гэта волат, і што ён сышоў зь нябёсаў, каб уратаваць нас ад Камбінату, які аблытаў зямлю правадамі і дыёдамі; Макмэрфі надта вялікі, каб хвалявацца пра нешта такое мізэрнае, як грошы, – але нават я пачаў думаць напалову як астатнія. А адбылося вось што: перад сходам ён дапамог занесьці сталы ў купальню і пабачыў, што я стаю ля кантрольнага пульта.
– Божачкі, Правадыр! – выгукнуў ён, – выглядае, што з часу рыбалкі ты ўжо на чвэрць мэтра вырас. Анёлы нябесныя, ты толькі паглядзі на сваю нагу, здаравенная, як вагон!
Я паглядзеў уніз і ўбачыў, што мая нага большая, чым я яе калі памятаў, быццам бы ад адных словаў Макмэрфі яна вырасла ўдвая.
– А гэная рука! Рука індзейца, які не абы-якім атлетам быў, праўду табе кажу. Ведаеш, што я думаю? Я думаю, што табе варта крыху цягануць гэны во пульт, проста праверыць, як яно ў цябе йдзе.
Я патрос галавой і сказаў «не», але ён настойваў, што мы дамовіліся, і што я абавязаны паспрабаваць, каб паглядзець, як працуе ягоная сыстэма росту. Я пабачыў, што тут не адкруціцца, таму падышоў да пульта, проста каб паказаць яму, што не магу гэтага зрабіць. Нагнуўся і ўхапіўся за вагары.
– Во й малайчынка, Правадыр. А цяпер выпрастайся, давай, падсунь ногі пад задніцу, во так... ага, ага. Цяпер асьцярожненька... проста выпрамся. Ух ты! А цяпер акуратненька стаў назад.
Я думаў, што ён будзе расчараваны, але калі я адышоў ад пульта, ён усьміхаўся на ўвесь рот і паказаў, што пульт ссунуты ўбок са свайго месца сантымэтраў на пятнаццаць.
– Зараз лепей пастаў яго на месца, братка, каб ніхто не даведаўся. Пакуль яшчэ нельга нікому давяраць нашай таямніцы.
А потым, пасьля сходу, пабадзяўшыся каля гульцоў у тысячу, ён скіраваў размову на тэму сілы, цягавітасьці і пульта ў купальні. Я думаў, ён ім раскажа, як дапамог мне зноў вырасьці – гэта б даказала, што ён ня ўсё робіць дзеля грошай.
Але ён нічога пра мяне не сказаў. Ён размаўляў, пакуль Гардынг не спытаўся, ці ня хоча ён яшчэ раз паспрабаваць падняць пульт, і Макмэрфі адказаў «не», але тое, што ён ня можа, яшчэ ня значыць, што гэтага ўвогуле нельга зрабіць. Скэнлан на гэта сказаў, што мо пад’ёмным кранам і можна, але ніводны чалавек сам не падыме такой штукі, а Макмэрфі кіўнуў і прамовіў, што можа й так, можа й так, але ніколі нельга быць упэўненым.
Я назіраў, як ён зь імі гуляўся, як ён прымусіў іх таўчыся вакол яго і казаць: «Не, Богам клянуся, няма чалавека, які б такое здолеў падняць», – нарэшце яны нават самі прапанавалі пабіцца аб заклад. Я глядзеў, зь якім нерашучым выглядам ён пагаджаўся. Яны прапаноўвалі ўсё выгаднейшыя ўмовы, а ён зацягваў іх глыбей і глыбей, пакуль нарэшце з кожным не пабіўся аб заклад пяць да аднаго, прычым некаторыя паставілі ажно па дваццаць даляраў. Ён ані слоўца не сказаў, што ўжо бачыў, як я падымаў пульт.
Усю ноч я спадзяваўся, што ён ня будзе даводзіць справы да канца. А падчас сходу на наступны дзень, калі мэдсястра заявіла, што ўсе, хто езьдзіў на рыбалку, мусяць прайсьці адмысловую санітарную апрацоўку, бо ёсьць падазрэньне на паразытаў, я ўсё спадзяваўся, што яна адразу ж пашле нас у душ – што заўгодна, абы мне не давялося падымаць гэтай штукі.
Але пасьля сходу ён павёў мяне і астатніх у купальню, пакуль чорныя не замкнулі дзьвярэй, і прымусіў мяне ўхапіць пульт за вагары і падняць. Я не хацеў, але нічога ня мог зрабіць. Адчуваў, што дапамог яму падманам выцягнуць зь іх грошы. Яны паводзіліся па-сяброўску, калі плацілі свае пройгрышы, але я ведаў, што яны адчуваюць унутры – быццам у іх нешта з-пад ног выбілі. Я пасунуў пульт на месца і выбег з пакою ў прыбіральню, нават не паглядзеўшы на Макмэрфі. Хацеў пабыць адзін. У люстэрку я пабачыў сябе. Ён выканаў, што абяцаў: мае рукі зноў былі вялікія, як у канцы школы, у вёсцы, а грудзі і плечы былі шырокія і цьвёрдыя. Я якраз глядзеў, калі ён зайшоў. Ён працягнуў мне пяцідаляравую банкноту.
– Во табе, Правадыр, на жуйкі.
Я пакруціў галавой і пайшоў з прыбіральні. Ён ухапіў мяне за руку.
– Правадыр, я проста прапанаваў табе знак сваёй удзячнасьці. Калі ты лічыш, што заслужыў большую долю...







