412 000 произведений, 108 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Кен Кізі » Палёт над гняздом зязюлі » Текст книги (страница 11)
Палёт над гняздом зязюлі
  • Текст добавлен: 26 июня 2025, 06:10

Текст книги "Палёт над гняздом зязюлі"


Автор книги: Кен Кізі



сообщить о нарушении

Текущая страница: 11 (всего у книги 21 страниц)

Ён зноўку па-хуткаму абнюхаў усе да адной норкі, каб добра злавіць пахі, а потым раптам застыў нерухома, з паднятай лапай і нахіленай галавой, прыслухоўваючыся. Я таксама прыслухаўся, але не пачуў нічога, акрамя ціхага плясканьня фіранкі. Я ўслухоўваўся доўга. Потым аднекуль здалёк пачуў высокае гергатаньне-сьмех, кволае, але яно набліжалася. Канадзкія гусі лятуць на поўдзень зімаваць. Прыгадаў, колькі мне давялося папоўзаць на пузе на паляваньнях, калі я спрабаваў забіць такую гусь, і ў мяне гэтак і не атрымалася.

Я спрабаваў глядзець туды ж, куды сабака, каб знайсьці чараду, але было занадта цёмна. Гагатаньне набліжалася і набліжалася, пакуль мне не здалося, што яны лятуць проста праз палату, проста ў мяне над галавой. Потым яны перасеклі поўню – чорная нізка караляў, якую першы гусак нацягваў літарай V. Нейкае імгненьне гэты першы быў у самым цэнтры поўні, большы за астатніх, чорны крыж, які разгортваўся і згортваўся, а потым ён зноўку выцягнуў свой клін з поля зроку ў неба.

Я слухаў, як яны заціхаюць удалечыні, ажно пакуль мог чуць толькі свой успамін пра гук. Сабака чуў яшчэ доўга пасьля мяне. Ён усё яшчэ стаяў з паднятай лапай; не паварухнуўся і ні разу не брахнуў, пакуль яны праляталі. Калі ён таксама ўжо згубіў іхны гук, ён пабег подскакам у тым кірунку, куды яны зьніклі, да шашы. Скакаў роўна і ўрачыста, быццам на спатканьне. Я затрымаў подых і слухаў плясканьне ягоных вялікіх лапаў аб траву; потым пачуў, як машына разганяецца за паваротам. Сьвятло фараў навісала над узгоркам і зазірала наперад уздоўж шашы. Я глядзеў, як сабака і машына імкнуцца ў адно і тое ж месца на ўзбочыне.

Сабака быў ужо амаль ля агароджы, калі я адчуў, што нехта спатыкнуўся ў мяне за сьпінай. Двое. Я не павярнуўся, але ведаў, што гэта чорны на імя Гівэр і мэдсястра з радзімай плямай і крыжыкам. Я пачуў у галаве зумканьне страху. Чорны ўзяў мяне за руку і пацягнуў.

– Я зь ім разьбяруся, – вымавіў ён.

– Там каля вакна холадна, містэр Бромдэн, – зьвяртаецца да мяне мэдсястра. – Хіба ня лепш вярнуцца ў прыемную цёплую пасьцельку?

– Ён жа ня чуе, – кажа ёй чорны. – Я зь ім разьбяруся. Ён заўсёды разьвязвае прасьціны і блукае тут.

Я раблю рух, і яна адступаецца на крок і кажа чорнаму:

– Так, калі ласка.

Яна круціць ланцужок – той, што аббягае вакол шыі. Дома яна запіраецца адна ў купальні, здымае зь сябе ўсё і трэ крыжыкам гэтую радзімую пляму, якая бяжыць ад кутка ейнага рота тонкай рысай долу па плячах і грудзях. Яна трэ і трэ, і зацята ўзносіць малітвы да Багародзіцы, але пляма не сыходзіць. Глядзіць у люстэрка і бачыць, што пляма яшчэ цямнейшая. Нарэшце бярэ жалезны ёршык, якім фарбу з лодак здымаюць, і сашкрабае гэтую пляму, нацягвае начнушку на абадраную да крыві скуру і запаўзае ў ложак.

Але яна поўніцца гэтым. Пакуль яна сьпіць, яно падымаецца ў горле, выцякае з кутка рота, як барвовая сьліна, сьцякае па шыі і далей па ўсім целе. Раніцай яна бачыць, што зноўку заплямленая, і чамусьці думае, што гэта не знутры яе – як такое можа быць? у яе, добрай каталічкі? – яна вырашае, што гэта ад працы па начах сярод такіх, як я. Гэта нашая віна, і яна з намі за гэта разьбярэцца любым коштам. Хай бы прачнуўся Макмэрфі і дапамог мне.

– Прывяжыце яго да ложка, містэр Гівэр, а я пастаўлю ўкольчык.



На групавых сходах пачалі вылазіць скаргі, якія былі так доўга прыхаваныя, што тое, аб чым скардзіліся, даўно ўжо зьмянілася. Цяпер, калі тут быў Макмэрфі, які мог іх падтрымаць, нашыя пачалі разборкі з усім для іх непрыемным, што некалі адбылося ў аддзяленьні.

– Чаму палаты трэба зачыняць на выходныя? – пытаўся Чэзўік ці нехта яшчэ. – Няўжо чалавеку на выходныя нельга пабыць самому?

– Ага, міс Брыдар, – далучаўся тут Макмэрфі, – чаму?

– Калі пакінуць палаты адчыненымі, як мы пераканаліся з ранейшага досьведу, вы ўсе пазалазіце ў ложкі пасьля сьняданьня.

– А гэта што, сьмяротны грэх? Сьпяць жа нармальныя людзі ў нядзелю дапазна.

– Вы ў гэтым шпіталі, – прамаўляла яна, нібы паўтараючы соты раз, – бо давялі сваю няздольнасьць прыстасоўвацца да грамадзтва. Доктар і я лічым, што кожная хвіліна, праведзеная ў кампаніі іншых, зь некаторымі выняткамі, мае тэрапэўтычную каштоўнасьць, а кожная хвіліна перажываньняў на самоце толькі павялічвае вашу адчужанасьць.

– Дык гэта таму трэба ісьці прынамсі па восем чалавек на працоўную тэрапію, ці на фізіятэрапію, ці на любую іншую тэрапію?

– Менавіта.

– То бок гэта знак хваробы, калі хочацца пабыць аднаму?

– Я такога не казала...

– Вы маеце на ўвазе, калі я йду ў прыбіральню, мне трэба прыхапіць з сабой прынамсі сямёх прыяцеляў, каб я над ачком не сьперажываўся?

Перш як яна пасьпявала адказаць, Чэзўік падскокваў на ногі і крычаў на яе: «Ага, вы гэта маеце на ўвазе?», – а астатнія вострыя па ўсім пакоі пачыналі гаманіць: «Ага, ага, вы гэта маеце на ўвазе?»

Яна вычэквала, пакуль усё заціхне і на сходзе зноў усталюецца поўнае маўчаньне, потым ціха казала:

– Калі вы, хлопцы, можаце супакоіцца і паводзіцца як дарослыя падчас дыскусіі, а не як дзеці ў пясочніцы, мы можам спытаць доктара, ці лічыць ён, што было б карысна цяпер разгледзець магчымасьць зьменаў у правілах аддзяленьня. Доктар?

Усе ведалі, які адказ дасьць доктар, і перш чым ён нават меў магчымасьць нешта сказаць, Чэзўік выскокваў зь іншай скаргай:

– Тады што наконт нашых цыгарэтаў, міс Брыдар?

– Ага, з гэтым што рабіць, – бурчэлі вострыя.

Макмэрфі паварочваўся да доктара і гэтым разам ставіў пытаньне наўпрост яму, перш чым Вялікая Сястра пасьпявала адказаць:

– Ага, доктар, што наконт нашых цыгарэтаў? Якое яна мае права трымаць цыгарэты – нашыя цыгарэты – у кучы ў сябе на стале, быццам гэта ейная маёмасьць, і даваць нам пачак, як падачку, калі ёй пажадаецца? Мне ня дужа падабаецца ідэя купляць блок цыгарэтаў, каб потым нехта казаў мне, калі я магу іх курыць.

Доктар нахіляе галаву, каб паглядзець на Вялікую Сястру праз акуляры. Ён яшчэ ня ў курсе, што яна забірае цыгарэты, каб спыніць азартныя гульні.

– Што там з цыгарэтамі, міс Брыдар? Мне здаецца, я ня чуў...

– Я мяркую, доктар, што тры, ці чатыры, ці часам пяць пачкаў цыгарэтаў на дзень – гэта ўжо абсалютна занадта для аднаго чалавека, каб курыць. А менавіта гэта назіралася на мінулым тыдні... пасьля зьяўленьня містэра Макмэрфі... І таму я палічыла, што будзе найлепш схаваць пад замок цыгарэты, набытыя ў сталовай, і абмежаваць спажываньне пачкам на дзень.

Макмэрфі нахіліўся наперад і гучна прашаптаў Чэзўіку:

– Зара яна скажа, што наступнае рашэньне – наконт паходаў у сарцір; цяпер трэба будзе ня толькі браць з сабой сямёх прыяцеляў, але ўводзіцца абмежаваньне – дзьве ходкі на дзень, і толькі тады, калі яна загадае.

Ён зноў адкінуўся ў крэсьле і так рагатаў, што амаль хвіліну ніхто больш нічога ня мог вымавіць.

Макмэрфі дужа весяліла рабіць увесь гэты цырк, і, мне здаецца, яго крыху дзівіла, што пэрсанал на яго асабліва ня ціснуў, а найбольш дзівіла тое, што Вялікая Сястра гэтак стрымана зь ім размаўляла. Ён аднойчы сказаў Гардынгу пасьля сходу:

– Я дык думаў, што нашая каня старая больш пораху мае. Мо ёй хапіла аднаго аблому, каб супакоіцца. Але тут такая штука, – нахмурыўся ён, – яна сябе так паводзіць, быццам у яе ўсе казыры засталіся ў рукаве.

Ён так весяліўся да серады наступнага тыдня. А тады даведаўся, чаму Вялікая Сястра так упэўненая ў сваіх картах. Серада – такі дзень, калі яны бяруць за шкірку ўсіх, хто ня мае нейкай хваробы, каб адчапіцца, і цягнуць у басэйн. Калі ў аддзяленьні быў туман, я звычайна ў ім хаваўся, каб толькі туды не ісьці. Басэйн мяне заўжды палохаў; я заўсёды баяўся, што зайду на глыбіню і патану, што мяне зацягне ў вадасьцёк і выкіне ў мора. Калісьці я зусім не баяўся вады, калі быў яшчэ хлопчыкам на Каламбіі, разам зь іншымі хадзіў па мастках над вадаспадамі, нават бяз ботаў з падбітымі падэшвамі, якія абувалі дарослыя. Вакол мяне раўла бела-зялёная вада, а ў імжы пырскаў стаялі вясёлкі. Але калі я пабачыў, што Тата пачаў палохацца ўсяго, я таксама спужаўся, стаў баяцца нават малой сажалкі.

Мы выйшлі з разьдзявальні; басэйн гойдаўся і плёскаўся, напоўнены голымі мужыкамі; воклічы і крыкі адскоквалі ад высокай столі, як гэта заўжды бывае ў закрытых басэйнах. Чорныя загналі нас у ваду, як быдла. Вада была прыемна цёплая, але я не хацеў адплываць на сярэдзіну (чорныя хадзілі ўздоўж басэйну з доўгімі бамбукавымі палкамі і штурхалі цябе, калі ты хапаўся за борцік) таму я трымаўся каля Макмэрфі, бо ведаў, што таго ня будуць прымушаць плысьці на глыбіню, калі ён сам не захоча.

Ён размаўляў з ратавальнікам, а я быў ад іх недзе за мэтар. Макмэрфі, відаць, трапіў на нейкае глыбокае месца, бо ён мусіў падграбаць, а я проста стаў на дно. Ратавальнік стаяў ля борціка, на ім была футболка з нумарам палаты, а на шыі – сьвісток. Яны з Макмэрфі загаманілі пра розьніцу паміж шпіталем і турмой, і Макмэрфі казаў, наколькі шпіталь лепшы. Ратавальнік не зусім пагаджаўся. Я пачуў, як ён гаворыць Макмэрфі, што, напрыклад, прымусовае накіраваньне сюды – зусім ня тое, што прысуд.

– Калі табе даюць турэмны тэрмін, дык наперадзе ёсьць дата, калі ты ведаеш, што цябе выпусьцяць.

Макмэрфі спыніў плёскацца. Ён павольна падплыў да борціка і ўзяўся за яго, гледзячы на ратавальніка.

– А калі трапіў сюды прымусова? – спытаўся ён пасьля паўзы.

Ратавальнік паціснуў мускулістымі плячыма і пацягнуў за сьвісток на шыі. Ён быў стары футбаліст-профі са сьлядамі шыпоў на лобе, і час ад часу, калі ён быў не ў палаце, у ягонай галаве нешта шчоўкала, вусны пачыналі плявацца лічбамі, а сам ён падаў на карачкі ў позу лінейнага, ляцеў на якую мэдсястру, што ішла па калідоры, і ўразаўся плячом ёй у ныркі ў самы час, каб даць паўабаронцу ззаду зону для праходу. Таму яго й трымалі сярод агрэсіўных, бо калі ён не дзяжурыў у басэйне, дык у любы момант мог нешта такое зрабіць.

Ён зноў паціснуў плячыма на пытаньне Макмэрфі, потым агледзеўся, каб пабачыць, ці няма побач чорных, і прысеў каля борціка. Потым працягнуў да Макмэрфі далонь.

– Бачыш гэты гіпс?

Макмэрфі паглядзеў на вялікую руку:

– Няма ніякага гіпсу, братка.

Ратавальнік толькі пасьміхнуўся:

– Гэты гіпс наклалі, бо ў мяне быў сур’ёзны пералом у апошняй гульні з «бурымі». Я формы не магу надзець, пакуль пералом не зрасьцецца і гіпсу ня здымуць. Мэдсястра ў палаце кажа, што яна ўпотай лечыць мне руку. Ага, братан, яна кажа, калі я буду асьцярожны з рукой, ня буду яе занадта напружваць і ўсё такое, дык яна здыме гіпс, і я змагу вярнуцца ў каманду.

Ён упёрся кулакамі ў халодную плітку і стаў на тры кропкі, каб праверыць, што з рукой. Макмэрфі хвілінку назіраў за ім, а потым спытаўся, колькі той ужо чакае, каб яму сказалі, што рука выздаравела і можна выпісвацца з шпіталю. Ратавальнік павольна падняўся і пацёр руку. Выглядала, што яго пакрыўдзіла такое пытаньне, быццам яго абвінавацілі, што ён слабак і доўга залечвае раны:

– Я тут прымусова, – патлумачыў ён. – Мяне б тут ужо не было, калі б гэта ад мяне залежала. Мо з такой рукой пакалечанай я б і ня мог гуляць за аснову, але ручнікі для каманды складаць я б здолеў, правільна? Мог бы хоць нешта рабіць. Але гэтая мэдсястра ўсё кажа доктару, што я не гатовы. Нават ручнікі складаць у якой разьдзявальні вашывай, і тое не гатовы.

Ён павярнуўся і пайшоў да свайго ратавальніцкага крэсла, забраўся на яго па лесьвіцы, як гарыла пад наркозам, і ўперыўся ў нас зьверху, выпнуўшы ніжнюю губу:

– Мяне забралі за хуліганку па п’яні, і вось я тут ужо восем гадоў і восем месяцаў.

Макмэрфі адштурхнуўся ад борціка і пачаў павольна заграбаць на месцы, абдумваючы гэта: ён атрымаў прысуд шэсьць месяцаў на папраўчай фэрме, адбыў два месяцы, яшчэ чатыры заставаліся – і ён не зьбіраўся дзе-кольвечы сядзець пад замком больш за гэтыя чатыры месяцы. Ён ужо амаль месяц быў у нашай вар’ятні. Можа тут і было нашмат лепей, чым на «хіміі»: добрыя ложкі, апэльсінавы сок на сьняданак, – але не настолькі, каб яму захацелася прабавіць тут пару гадоў.

Ён паплыў да прыступак на плыткім баку басэйну і сядзеў там да канца заняткаў, тузаючы свой пучок поўсьці на шыі і хмурачыся. Назіраючы, як ён там сядзіць і хмурыцца сам сабе, я прыгадаў, што казала Вялікая Сястра на сходзе, і адчуў страх.

Калі прагучаў сьвісток, каб мы пакінулі басэйн, і мы ўсе пабрылі да разьдзявальні, там ужо былі іншыя пацыенты, якія прыйшлі на свой час у раскладзе. І ў басэйнчыку для ног, празь які трэба было ісьці ў душ, ляжаў хлопец зь іншага аддзяленьня. У яго была вялікая ружовая галава, як губка, і распухлыя сьцёгны ды ногі – быццам нехта ўзяў шарык, напоўнены вадой, і сьціснуў яго пасярэдзіне. Ён ляжаў на баку і рабіў гукі, нібы сонны цюлень. Чэзўік з Гардынгам дапамаглі яму падняцца, але ён адразу ж лёг назад у басэйнчык. Ягоная галава боўталася ў дэзынфэкцыйнай вадкасьці. Макмэрфі назіраў, як яны зноў паднялі яго.

– Што гэта за халера? – спытаўся Макмэрфі.

– Ён гідрацэфал, – адказаў яму Гардынг. – Наколькі я разумею, гэта нейкая лімфатычная хвароба. Галава напаўняецца вадкасьцю. Памажы нам патрымаць яго.

Калі яны адпусьцілі хлопца, той зноў лёг у басэйнчык; выгляд у яго на твары быў цярплівы, бездапаможны і ўпарты; ён сычэў і пускаў ротам бурбалкі ў мутным, як малако, растворы. Гардынг зноў папрасіў Макмэрфі дапамагчы, і яны з Чэзўікам зноўку нахіліліся да хлопца, але Макмэрфі праціснуўся наперад і пераступіў праз хлопца ў душ.

– Хай ляжыць, – прабурчаў ён і пачаў мыцца. – Мо яму не падабаецца глыбокая вада.

Я ўжо бачыў, да чаго ўсё йдзе. На наступны дзень ён зьдзівіў усіх у аддзяленьні, падняўшыся рана і адшмараваўшы прыбіральню так, што тая ажно блішчала, а потым пайшоў мыць падлогі ў калідоры, калі яму сказалі чорныя. Ён зьдзівіў усіх, акрамя Вялікай Сястры; яна паводзілася так, быццам у гэтым няма нічога дзіўнага.

А ўдзень на сходзе Чэзўік сказаў, што ўсе дамовіліся неяк вырашыць сытуацыю з цыгарэтамі, і выгукнуў:

– Я не дзіця малое, каб ад мяне цыгарэты хавалі, як цукеркі! Мы хочам, каб з гэтым нешта зрабілі, правільна, Мак? – ён чакаў, што Макмэрфі яго падтрымае, а ў адказ атрымаў толькі цішыню.

Ён паглядзеў у кут на Макмэрфі. Усе туды паглядзелі. Макмэрфі быў на месцы, вывучаў тальлю, якая то зьнікала, то зьяўлялася ў яго руках. Ён нават не падняў вачэй. Было страх як ціха; чуваць толькі пляскач засаленых картаў і цяжкае дыханьне Чэзўіка.

– Я хачу, каб нешта зрабілі! – раптам зноў закрычаў Чэзўік. – Я не дзіця малое! – ён тупнуў нагой і агледзеўся з такім выглядам, нібы згубіўся і вось-вось расплачацца. Сьціснуў кулакі і падняў іх да круглых пукатых грудзей, як маленькія ружовыя мячыкі на зялёным фоне. Яны былі сьціснутыя так моцна, што ён ажно трэсься.

Ён ніколі не здаваўся вялікім; ён быў нізкі і затлусты, і на патыліцы ў яго была пляшына, як ружовая манэтка, але стоячы так у адзіноце пасярод дзённага пакою ён выглядаў малюпаценькім. Ён паглядзеў на Макмэрфі, не атрымаў погляду ў адказ і пайшоў уздоўж шэрагу вострых, шукаючы дапамогі. Штораз, калі адзін зь іх адводзіў вочы і адмаўляўся яго падтрымаць, паніка ў яго на твары падвойвалася. Ягоны позірк нарэшце спыніўся на Вялікай Сястры. Ён ізноў тупнуў нагой.

– Я хачу, каб нешта зрабілі! Чуеце мяне? Я хачу, каб нешта зрабілі! Нешта! Нешта! Не!..

Двое вялікіх чорных заламалі яму рукі ззаду, а найменшы накінуў на яго адмысловую папругу. Чэзўік абвіс, быццам зь яго выпусьцілі паветра, і два вялікія санітары пацягнулі яго да агрэсіўных; можна было пачуць, як яго абмяклае цела падскоквае на прыступках. Калі чорныя вярнуліся і селі, Вялікая Сястра павярнулася да шэрагу вострых і агледзела іх. Ніхто нічога не сказаў з моманту сыходу Чэзўіка.

– Ці ёсьць яшчэ жаданьне абмеркаваць, – прамовіла яна, – нормы выдачы цыгарэтаў?

Гледзячы на парадзелы шэраг твараў, завіслых насупраць мяне ля сьцяны, я нарэшце спыняю вочы на Макмэрфі на ягоным крэсьле ў куце, ён усё паўтарае здым тальлі адной рукой... І белыя лямпы ў столі зноў пачынаюць пампаваць замерзлае сьвятло... Я адчуваю гэта, прамяні дабіраюцца ажно мне ў вантробы.

Пасьля таго, як Макмэрфі перастае за нас заступацца, некаторыя вострыя ў размовах міжсобку кажуць, што ён па-ранейшаму дурыць Вялікую Сястру, кажуць, што яму перадалі, быццам яна зьбіралася паслаць яго да агрэсіўных, таму ён наважыўся крыху прыкінуцца паслухмяным, каб не даваць ёй падставаў. Іншыя мяркуюць, што ён дае ёй расслабіцца, а потым выкіне супраць яе нешта новае, яшчэ больш шалёнае і нахабнае, чым раней. Яны гуртуюцца, абмяркоўваюць гэта, дзівяцца.

Але я, я ведаю чаму. Я чуў ягоную размову з ратавальнікам. Ён нарэшце робіцца хітрэйшым, вось і ўсё. Гэтак, як Тата нарэшце пахітрэў, калі зразумеў, што ня зможа перамагчы тых гарадзкіх, якія хацелі, каб урад паставіў дамбу, бо гэта прынясе грошы і працу, і ад вёскі можна будзе пазбавіцца: хай племя індзейцаў-рыбакоў бярэ свае сьмярдзючыя манаткі і дзьвесьце тысяч даляраў, якія ім плоціць урад, і сыходзіць зь імі адсюль куды хоча! Тата зрабіў разумна, падпісаўшы паперы; супрацівам нічога б не дабіўся. Улады ўсё роўна атрымалі б што хацелі, раней ці пазьней, а так племені хоць добра заплацілі. Гэта было разумна. І Макмэрфі рабіў разумна. Я гэта бачыў. Ён паддаваўся, бо гэта быў самы разумны выбар, а ня зь нейкіх тых іншых прычынаў, што выдумлялі вострыя. Ён пра гэта не казаў, але я гэта ведаў і тлумачыў сабе, што гэта разумны выбар. Я паўтараў сабе зноў і зноў: гэта бясьпечна. Як хавацца. Гэта разумны выбар, ніхто тут ня можа запярэчыць. Я ведаю, што ён робіць.

А потым неяк ранкам усе вострыя таксама даведаліся – даведаліся сапраўдную прычыну ягонай асьцярожнасьці і тое, што іншыя прычыны, якія яны навыдумлялі, гэта проста хлусьня, каб падмануць сябе. Ён не сказаў ані слоўца пра размову з ратавальнікам, але яны даведаліся. Мяркую, што мэдсястра абвясьціла пра гэта ўначы праз маленькія правадкі ў падлозе палаты, бо яны ведалі ўсе адначасова. Разумею гэта па тым, як яны глядзяць на Макмэрфі той раніцай, калі ён заходзіць у дзённы пакой. Глядзяць ня так, нібы на яго злуюцца ці нават расчараваныя ў ім, бо яны цямяць ня горш за мяне, што для яго адзіны спосаб дамагчыся, каб Вялікая Сястра скасавала яму прымусовую шпіталізацыю, – гэта паводзіцца так, як ёй хочацца. Але ўсё роўна яны глядзяць на яго, быццам шкадуюць, што ўсё так атрымалася.

Нават Чэзўік гэта зразумеў і не злаваўся на Макмэрфі за тое, што той не падтрымаў яго і не падняў вэрхалу наконт цыгарэтаў. Ён вярнуўся ад агрэсіўных у той жа дзень, калі мэдсястра перадала інфармацыю ў ложкі, і ён сам сказаў Макмэрфі, што разумее ягоныя паводзіны і што гэта, вядома ж, самае правільнае, і што калі б ён сам памятаў, што Мак тут прымусова, ён бы ніколі яго не падстаўляў, як тады на сходзе. Ён патлумачыў гэта Макмэрфі, калі нас усіх павялі ў басэйн. Але як толькі мы туды прыйшлі, ён сказаў, што хацеў бы, каб хоць нешта можна было зрабіць, і нырнуў у ваду. І неяк уплішчыў пальцы ў краты над вадасьцёкам на дне басэйну, і ані вялікі ратавальнік, ані Макмэрфі, ані двое чорных ня здолелі яго выцягнуць, а калі яны прынесьлі адвёртку, адкруцілі шрубы і паднялі Чэзўіка разам з кратамі, сьціснутымі пукатымі ружова-сінімі пальцамі, ён ужо захлынуўся.



Перад сабой у чарзе па абед бачу, як у паветры ляціць паднос, зялёная плястыкавая хмара, зь якой дажджом ліецца малако, і гарох, і суп з гародніны. Сэфэлт вылузваецца з чаргі на адной назе з паднятымі рукамі і падае назад здубянелай дугой; бялкі ягоных вачэй мінаюць мяне, перакуленыя. Ягоная галава б’ецца аб кафлю зь ляскатам, нібы камяні пад вадой, і ён трымае дугу, быццам дрыготкі, сутаргавы мост. Фрэдрыксан і Скэнлан падскокваюць да яго, каб дапамагчы, але вялікі чорны адштурхоўвае іх і выцягвае з задняй кішэні абматаную ізаляцыйнай стужкай дошчачку зь вялікай рудой плямай. Ён расьціскае Сэфэлту рот, засоўвае дошчачку таму паміж зубоў, і я чую, як яна трэскаецца ад ціску сківіцаў. У мяне ў роце смак стрэмак. Сэфэлтава дрыганіна запавольваецца, мацнее, набірае разгон і ператвараецца ў магутныя тугія ўдары, якія падымаюць яго мостам, а потым ён падае – падымаецца і падае, павольней і павольней, і тут прыходзіць Вялікая Сястра, становіцца над ім, а ён, абмяклы, расьцякаецца па падлозе шэрай лужынай.

Яна складае перад сабой рукі, нібы трымае сьвечку, і глядзіць, як тое, што ад яго засталося, выцякае з нагавіцаў і кашулі.

– Містэр Сэфэлт? – пытаецца яна ў чорнага.

– Ага, гэты чарцяка, – чорны торгаецца, каб забраць назад сваю дошчачку. – Міста Сіі-філ.

– А містэр Сэфэлт яшчэ сьцьвярджаў, што больш не патрабуе лекаў. – Сястра ківае і адступае на крок ад яго, размазанага па падлозе перад ейнымі белымі чаравікамі. Яна падымае галаву і аглядае кола вострых, якія падышлі паглядзець. Зноў ківае і паўтарае: «...больш не патрабуе лекаў». На ейным твары – усьмешка, шкадаваньне, цярплівасьць і агіда ў адным фляконе: натрэніраваны выраз.

Макмэрфі ніколі такога ня бачыў.

– Што зь ім такое? – пытаецца ён.

Яна затрымлівае позірк на лужыне, не паварочваючыся да Макмэрфі.

– Містэр Сэфэлт – эпілептык, містэр Макмэрфі. Гэта значыць, што зь ім у любы час можа здарыцца такі прыпадак, як цяпер, калі ён ня будзе выконваць рэкамэндацыяў мэдыкаў. Ён гэта добра ведае. Мы патлумачылі яму, што здарыцца, калі ён ня будзе прымаць сваіх лекаў. І ён усё роўна працягвае паводзіць сябе неразумна.

З чаргі, натапырыўшы бровы, выходзіць Фрэдрыксан. Гэта мускулісты бледны хлопец зь бялявымі валасамі, такімі ж бялявымі густымі бровамі і доўгай сківіцай. Час ад часу ён задзіраецца, як спрабаваў Чэзўік: раве, крычыць і кляне нейкую з мэдсясьцёр, кажа, што сыдзе з гэтай установы вашывай! Яму заўсёды дазваляюць пакрычаць і патрэсьці кулаком, пакуль ён не супакоіцца, а потым пытаюцца, ці вы скончылі, містэр Фрэдрыксан, мы ўжо ідзем афармляць выпіску – а потым б’юцца аб заклад у кабінэце, праз колькі часу ён пагрукае ў шкло зь вінаватым выглядам і пачне прасіць прабачэньня, маўляў, ці нельга проста забыцца на ўсе гэтыя штукі, што ён нагаварыў у запале, проста пакладзіце гэтыя паперы ў шуфляду на дзень ці два, добра?

Ён падыходзіць да Сястры, трасучы кулаком:

– А, во як? Во як яно, га? Вы старога Сэфа ўкрыжаваць гатовыя, быццам ён гэта робіць вам на злосьць, ці што?

Яна супакаяльна кладзе далонь яму на руку, і ён расьціскае кулак.

– Усе ў парадку, Брус. З вашым сябрам усё будзе ў парадку. Выглядае, што ён не прымаў свайго дылянтыну. Нават ня ведаю, што ён зь ім робіць.

Яна ведае ня горш за іншых: Сэфэлт трымае пігулкі ў роце, а пазьней дае іх Фрэдрыксану. Сэфэлту ня хочацца іх глытаць, бо ён кажа пра «жахлівыя пабочкі», а Фрэдрыксан рады падвойнай дозе, бо ён да сьмерці баіцца прыпадку. Мэдсястра гэта ведае, лёгка зразумець па голасе, але толькі паглядзіце на яе, такая спагадлівая і лагодная, можна падумаць, што ёй нічога не вядома пра Фрэдрыксана і Сэфэлта.

– Та-а-ак, – кажа Фрэдрыксан, але ўжо ня можа сабраць сілаў для новага нападу. – Ага, добра, ня трэба сябе так паводзіць, быццам усё так проста, глытаць гэтыя штукі ці не глытаць. Вы ж ведаеце, як Сэф хвалюецца за свой выгляд, і што жанчыны палічаць яго брыдкім і ўсё такое, і вы ж ведаеце, як ён думае, што ад дылянтыну...

– Я ведаю, – адказвае яна і зноў дакранаецца да ягонай рукі. – Ён вінаваціць прэпарат і ў тым, што ў яго выпадаюць валасы. Бедны стары.

– Ён не такі ўжо стары!

– Ведаю, Брус. Чаму вы так расхваляваліся? Ніколі не магла зразумець, што такое адбываецца паміж вамі і вашым сябрам, што вы гэтак хваравіта рэагуеце!

– А-а, чорт, што тут! – мармыча ён і ўпіхвае кулакі ў кішэні.

Мэдсястра нахіляецца, вымятае сабе месьцейка на падлозе, абапіраецца на калена і пачынае ляпіць Сэфэлта ў нейкую форму. Яна кажа чорнаму, каб той пабыў зь няшчасным старым, а яна сходзіць дашле каталку, каб таго закацілі ў палату і далі яму сёньня выспацца. Калі яна падымаецца, то зноў суцяшальна дакранаецца да Фрэдрыксанавай рукі, і той бурчыць:

– Так, мне таксама трэба прымаць дылянтын, вы ж ведаеце. Таму я разумею, праз што Сэфу даводзіцца прайсьці. То бок, я таму – а-а, чорт...

– Я разумею, Брус, праз што вам абодвум даводзіцца прайсьці, але хіба вам не здаецца, што як заўгодна будзе лепш за вось гэта?

Фрэдрыксан глядзіць, куды яна паказвае. Сэфэлт напалову вярнуўся ў нармальны стан, надзімаецца і зьдзімаецца вялікімі вільготнымі сіпатымі глыткамі паветра. З таго боку галавы, на які ён прызямліўся, вытыркаецца гузак; вакол дошчачкі ў роце – чырвоная пена, а бялкі вачэй пакрысе закочваюцца назад у вачніцы. Рукі паабапал прыбітыя да падлогі далонямі ўгару, а пальцы сутаргава сьціскаюцца і расьціскаюцца. Якраз гэтак торгаліся людзі, якіх я бачыў у Шок-Блоку прышпіленымі да крыжовага стала, і зь іхных далоняў ад току віўся дым. Сэфэлт і Фрэдрыксан ніколі не былі ў Шок-Блоку. Іх зрабілі так, каб яны выпрацоўвалі ўласны ток, накоплівалі яго ў хрыбетніку, а калі ня будуць слухацца, ток можна выпусьціць дыстанцыйна, з пульта ў сталёвых дзьвярах у Сястроўні – ад такога жарціка яны здранцьвеюць, быццам іх маланкай жахнула ў крыж хрыбетніка. Нават няма патрэбы цягаць іх на шок.

Сястра крыху трасе Фрэдрыксану руку, нібыта ён заснуў, і паўтарае:

– Нават калі ўзяць пад увагу пабочныя эфэкты прэпарату, хіба вы ня лічыце, што так лепш, чым вось гэта?

Ён узіраецца ў падлогу, і бялявыя бровы падымаюцца, быццам Фрэдрыксан упершыню пабачыў, як ён выглядае прынамсі раз на месяц. Мэдсястра ўсьміхаецца, кранае яму руку і крочыць да дзьвярэй, злосна паглядаючы на вострых, каб прысароміць іх за тое, што яны сабраліся паглядзець на такое; калі яна сыходзіць, Фрэдрыксан дрыжыць і спрабуе ўсьміхнуцца.

– Нават ня ведаю, чаго я на цётку раззлаваўся, яна ж нічога не зрабіла, каб у мяне была прычына гэтак разьятрыцца, праўда ж?

Ня тое, каб ён чакаў адказу; хутчэй ён проста паскардзіўся, што ня можа намацаць прычыны. Ён зноў уздрыгвае і сыходзіць убок ад астатніх. Макмэрфі падыходзіць да яго і ціха пытаецца, што яны такое прымаюць?

– Дылянтын, Макмэрфі, гэта лек супраць канвульсіяў, калі табе ўжо так трэба ведаць.

– Ён што, не спрацоўвае ці што?

– Не, здаецца спрацоўвае нармальна... Калі яго прымаць.

– Дык з чаго гэныя ваганьні, прымаць ці не прымаць?

– Глядзі, калі хочаш ведаць! Вось чаму чортавы ваганьні, ці прымаць.

Фрэдрыксан адцягвае двума пальцамі ніжнюю губу, каб паказаць дзясны, блякла-ружовыя і зношаныя вакол доўгіх бліскучых зубоў.

– Дзясмы, – гугнявіць ён, трымаючы губу. – Ад дылямтыму дзясмы гміюць. А калі ў цябе прыпадак, ты скрыгочаш зубамі. І тады...

З падлогі чуецца шум. Яны глядзяць туды, адкуль даносяцца Сэфэлтавы стогны і хрыпы, і якраз у гэты момант чорны выцягвае два зубы разам са сваёй дошчачкай.

Скэнлан бярэ паднос і сыходзіць са словамі:

– Во жытка клятая. І так кепска, і гэтак пагана. Чалавека круціць у заблытаны вузел, я б сказаў.

Макмэрфі ківае:

– Так, разумею, пра што ты. Ён глядзіць уніз, назірае, як вяртаецца ў ранейшую форму Сэфэлтаў твар. Аблічча Макмэрфі пакрысе робіцца такое ж змарнелае і прыціснутае, як і твар на падлозе.



Што б там ні сапсавалася ў мэханізьме, яны гэта ўжо амаль адрамантавалі. Ясны, пралічаны аднастайны рух вяртаецца: шостая трыццаць – пад’ём, а сёмай – у сталоўку, а восьмай зьяўляюцца складанкі для хронікаў і карты для вострых... Я бачу, як у Сястроўні белыя рукі Вялікай Сястры лунаюць над пультам кіраваньня.



Мяне часам бяруць разам з вострымі, а часам не. Аднойчы мяне бяруць разам зь імі ў бібліятэку, і я кіруюся да сэкцыі тэхнічнай літаратуры, стаю там, разглядаю назвы кніжак – кніжак, якія пазнаю яшчэ з таго году, калі хадзіў у коледж; я памятаю, што ўнутры гэтыя кніжкі поўныя схемаў, ураўненьняў і тэорыяў – строгія, пэўныя, бясьпечныя рэчы.

Хачу паглядзець адну з кніжак, але баюся. Я ўвогуле баюся нешта рабіць. Мне здаецца, нібы я лунаю ў пыльным жоўтым паветры бібліятэкі пасярэдзіне паміж падлогай і стольлю. Кніжныя паліцы нада мной гойдаюцца, шалёныя, перакошаныя, пастаўленыя пад рознымі вугламі адна да адной. Адна паліца загінаецца крыху налева, другая – направа. Некаторыя нахіляюцца нада мной, і я не магу ўцяміць, як кнігі не выпадаюць. Яны ўсё вышэйшыя, вышэйшыя, так што вокам не акінуць, хісткія паліцы, змацаваныя разам ліштвай і цьвічкамі, падпёртыя шастамі, прыхіленыя да драбінаў, з усіх бакоў вакол мяне. Калі б я нейкую кнігу выцягнуў, невядома які б тут жах пачаўся.

Чую, як нехта заходзіць: гэта чорны з нашага аддзяленьня, а зь ім Гардынгава жонка. Яны размаўляюць і пасьміхаюцца адно аднаму.

– Зыр сюды, Дэйл, – кліча чорны Гардынга, які чытае кнігу, – зыр сюды, хто да цябе прыйшоў. Я ёй гаварыў, цяперака не пускаем наведнікаў у гэты час, але ж ты знаеш, як яна мяне ўгаварыла-ўлагодзіла прывесьці яе адразу сюды. – Ён пакідае яе каля Гардынга і сыходзіць з загадкавымі словамі. – Цяпер ужо не забудзьцеся, чуеце?

Яна пасылае чорнаму паветраны пацалунак, потым паварочваецца да Гардынга, выставіўшы сьцёгны:

– Прывітаньне, Дэйл.

– Сонейка, – кажа ён, але не падыходзіць да яе. Ён азіраецца на ўсіх, хто на іх глядзіць.

Яна аднаго зь ім росту. На ёй чаравікі на высокіх абцасах, і яна трымае чорную сумачку не за раменьчык, але як трымаюць кнігу. Ейныя пазногці чырвоныя, як кроплі крыві на фоне лякаванай чорнай скураной сумачкі.

– Гэй, Мак, – Гардынг кліча Макмэрфі, які сядзіць на іншым канцы пакою, разглядаючы коміксы ў кніжцы. – Калі вы на хвілінку адарвяцеся ад сваіх літаратурных досьледаў, я вас пазнаёмлю са сваёй спадарожніцай жыцьця і Нэмэзыдай. Я мог бы сказаць банальна, «з маёй лепшай палавінай», але мне здаецца, гэтая фраза прадугледжвае нейкі больш-менш роўны падзел, як вы лічыце?

Ён спрабуе засьмяяцца; два тонкія белыя пальцы ныраюць у кішэню кашулі па цыгарэты і крыху падрыгваюць, дастаючы апошнюю з пачка. Цыгарэта трасецца, калі ён засоўвае яе паміж вуснаў. Яны з жонкай па-ранейшаму не падышлі адно да аднаго.

Макмэрфі цяжка ўздымаецца з крэсла і, падыходзячы, сьцягвае кепку. Гардынгава жонка глядзіць на яго і пасьміхаецца, прыпадняўшы брыво.

– Дабрыдзень, місіс Гардынг, – вітаецца Макмэрфі.

Яна пасьміхаецца ў адказ яшчэ шырэй і кажа:

– Не выношу «місіс Гардынг», Мак. Завіце мяне Вера, добра?

Яны ўтраіх сядаюць на канапу, дзе сядзеў Гардынг, і ён расказвае жонцы пра тое, як Макмэрфі абставіў Вялікую Сястру, а жонка ўсьміхаецца ды кажа, што яе гэта зусім ня дзівіць. Пакуль Гардынг гаворыць, ён заводзіцца і забывае пра рукі, і яны малююць у паветры перад ім ясную карціну, танцуюць гэты сюжэт пад музыку ягонага голасу, як дзьве прыгожыя балерыны ў белым. Ягоныя рукі могуць быць чым заўгодна. Але як толькі ён завяршае аповед, ён заўважае, што Макмэрфі і жонка глядзяць на ягоныя рукі, і хавае іх паміж каленяў. Ён сьмяецца з гэтага, а жонка кажа яму:


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю