412 000 произведений, 108 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Кен Кізі » Палёт над гняздом зязюлі » Текст книги (страница 12)
Палёт над гняздом зязюлі
  • Текст добавлен: 26 июня 2025, 06:10

Текст книги "Палёт над гняздом зязюлі"


Автор книги: Кен Кізі



сообщить о нарушении

Текущая страница: 12 (всего у книги 21 страниц)

– Дэйл, калі ты ўжо навучысься сьмяяцца, а не пішчаць, як мыш?

Гэта тое ж самае, што Макмэрфі сказаў пра Гардынгаў сьмех у першы ж дзень, але ёсьць розьніца: калі словы Макмэрфі Гардынга супакоілі, дык ад ейных словаў ён нэрвуецца, як ніколі раней.

Яна просіць цыгарэту, і Гардынгавы пальцы зноў ныраюць у кішэню, але там пуста.

– Нам вызначылі норму, – мармыча ён і згортвае наперад худыя плечы, нібы спрабуючы схаваць свой недапалак у руцэ, – адзін пачак на дзень. Выглядае, што на рыцарскі падарунак запасу няма, мая мілая Вера.

– Ах, Дэйл, у цябе ж ніколі няма, праўда?

У ягоных вачах зьяўляецца гарэзьлівая ліхаманкавая хітрынка, і ён глядзіць на яе з усьмешкай:

– Мы тут размаўляем у сымбалічным сэнсе ці ўсё яшчэ пра канкрэтныя тутэйшыя цыгарэты? Але няважна, ты ж ведаеш адказ, незалежна ад таго, што ты мела на ўвазе.

– Ды нічога я на ніякай увазе ня мела, акрамя таго, што сказала, Дэйл...

– Ты проста нічога ня мела на ўвазе, ясачка; тваё выкарыстаньне «ніякай» стварае двайное адмоўе. Макмэрфі, Верына маўленьне можа памылкамі спаборнічаць з вашым. Паслухай, сонейка, ты ж разумееш, што паміж «на» і «ўвазе»...

– Добра! Хопіць ужо! Я мела і так, і так. Я мела так, як табе хочацца разумець. У цябе ніколі чагосьці няма, кропка.

– Заўсёды чагосьці няма, маё здольнае дзіця.

Яна кідае злы позірк на Гардынга, а потым паварочваецца да Макмэрфі, які сядзіць зь ёй поруч:

– А вы, Мак, як наконт вас? Вы здужаеце прапанаваць дзяўчыне цыгарэту?

Ягоны пачак ляжыць у яго на калене. Ён глядзіць на цыгарэты так, нібы жадае, каб іх там не было, потым кажа:

– Вядома ж, у мяне заўсёды ёсьць цыгарэты. Уся штука ў тым, што я страляю. Страляю ўва ўсіх пры першай магчымасьці, так што ў мяне даўжэй застаецца, чым тут у Гардынга. Ён курыць толькі свае. Таму бачыце, у яго болей шанцаў, што скончацца, чым...

– Ня трэба выбачацца за маю неадэкватнасьць, мой дружа. Гэта не пасуе вашаму характару і ня робіць гонару майму.

– Сапраўды, – кажа яна. – Проста дайце мне агеньчыку.

І яна так далёка нахіляецца да яго запалкі, што нават праз пакой я магу зазірнуць ёй у кофтачку.

Яна яшчэ крыху гаворыць пра нейкіх Гардынгавых сяброў, кажа, што лепей бы яны не прыходзілі і не пыталіся пра Гардынга.

– Вы ж ведаеце гэты тып, праўда, Мак? – кажа яна. – Такія мажорыстыя хлопчыкі з дагледжанымі доўгімі валасамі, ідэальна прычасаныя, з млявымі далонькамі, якія яны манерна падымаюць.

Гардынг пытаецца, ці яны заходзяць, толькі каб спытацца пра яго, а яна адказвае, што ў любога мужчыны, які заходзіць, каб пабачыць яе, падымаецца больш, чым нейкія млявыя далонькі.

Яна раптам устае з канапы і кажа, што ёй ужо час сыходзіць. Бярэ Макмэрфі за руку, кажа, што спадзяецца яго зноў калі-небудзь пабачыць, і выходзіць зь бібліятэкі. Макмэрфі сядзіць моўчкі. Ад цоканьня ейных высокіх абцасаў ува ўсіх галовы зноў падымаюцца, і ўсе глядзяць, як яна ідзе па калідоры, пакуль не зьнікае зь віду.

– Што думаеце? – пытаецца Гардынг.

Макмэрфі пачынае:

– Ну, няхілая ў яе парачка буфэраў, – усё, што ён можа прыдумаць. – Ня меншыя, чым у цёткі Брыдар.

– Я меў на ўвазе не фізычныя характарыстыкі, мой дружа, а што вы...

– Халера цябе дзяры, Гардынг! – раптам крычыць Макмэрфі. – Што я магу думаць? Хто я, па-твойму? Шлюбны кансультант? Я толькі адно ведаю: усе мы невялікія, а яшчэ выглядае, што кожны ўсё жыцьцё спрабуе астатніх апусьціць. Я ведаю, што ты хочаш ад мяне пачуць: хочаш, каб я цябе пашкадаваў, каб я думаў, што яна сучка сапраўдная. Ну дык ты зь ёй таксама не як з каралевай абыходзіўся. Трасца на цябе і на тваё «што думаеш». У мяне сваіх клопатаў хапае, каб яшчэ ў твае ўлазіць. Так што валі! – Ён са злосьцю азірае астатніх пацыентаў у бібліятэцы: – Усе валіце! Хопіць лезьці да мяне, чэрці вас бяры!

Нацягвае кепку на галаву і вяртаецца да коміксаў у іншым баку пакою. Вострыя глядзяць адзін на аднаго з разяўленымі ратамі. З чаго ён раптам на іх гарланіць? Ніхто да яго ня лез. Ніхто яго ні аб чым не прасіў ад таго часу, як яны даведаліся, што ён спрабуе добрымі паводзінамі не дазволіць працягнуць яму прымусовую. Цяпер яны зьдзіўленыя, чаго ён узьеўся на Гардынга, і ня могуць уцяміць, з чаго раптам ён хапае кніжку з крэсла, сядае і трымае яе насупраць твару – ці ня хоча, каб на яго глядзелі, ці сам ня хоча бачыць людзей.

У той жа дзень за вячэрай ён просіць у Гардынга прабачэньня, гаворыць, што ня ведае, чаму так раззлаваўся ў бібліятэцы. Гардынг кажа, што, можа, гэта празь ягоную жонку; яна часта злуе людзей. Макмэрфі адказвае, гледзячы ў свой кубачак кавы:

– Ня ведаю, дзядзька. Я яе сёньня ўпершыню пабачыў. Таму ясная халера, што не празь яе я ўвесь гэны паганы тыдзень сьню нейкую дрэнь.

– А-а-а, міс-тыр Макмэрфі, – енчыць Гардынг, спрабуючы размаўляць, як нізенькі практыкант, які бывае на сходах, – вам проста неабходна расказаць нам пра гэтыя сны. Э-э, пачакайце, я вазьму асадку і нататнік. – Гардынг спрабуе жартаваць, каб аслабіць напружаньне ад прабачэньняў. Ён бярэ сурвэтку і лыжку, і робіць выгляд, што запісвае. – Так. Дык што менавіта вы бачылі ў гэтых... э-э... снах?

Макмэрфі нават не пасьміхаецца:

– Ня ведаю, дзядзька. Нічога, акрамя твараў, здаецца, адны толькі твары.



Наступнай раніцай Марціні за кантрольным пультам у купальні гуляецца ў лётчыка і самалёт. Гульцы ў покер робяць паўзу, каб паглядзець і пасьмяяцца.

–ІіііііііааГГААааммээррр. Я Зямля, я Зямля: на радары аб’ект, каардынаты чатыры – тысяча шэсьцьсот... Падобна, што ракета праціўніка. Неадкладна выконвайце заданьне. ІііііаггАААммм.

Круціць нейкі дыск на панэлі, штурхае наперад вагар і нахіляецца разам зь віражом самалёта. Даводзіць стрэлку на індыкатары збоку панэлі да адзнакі «максымум», але вада не ліецца з фарсунак, натыканых у душавой кабіне перад ім. Гідратэрапіі больш не выкарыстоўваюць, і ніхто не падлучыў вады. Новенькае храмаванае абсталяваньне і сталёвы пульт ані разу не скарысталі. Калі не лічыць хромавых дэталяў, дык пульт і душ выглядаюць дакладна гэтак сама, як абсталяваньне для гідратэрапіі, што ўжывалі ў старым шпіталі пятнаццаць гадоў таму: фарсункі, зь якіх вада можа трапіць на любую частку цела пад любым вуглом, тэхнік у гумавым фартуху стаіць на другім канцы пакою і круціць рэгулятары на пульце, дыктуючы, якія фарсункі куды накіруюць ваду, зь якой сілай, якой тэмпэратурай – мяккія і лагодныя пырскі, потым сьціснуты струмень, востры, як голка – ты вісеў там паміж фарсунак, прышпілены брызэнтавымі рамянямі, прамоклы, бездапаможны і зморшчаны, пакуль тэхнік цешыўся са сваёй цацкі.

– ІііііааАААмммм... Я Зямля, я Зямля: ракета ідзе ў наш сэктар...

Марціні нахіляецца і прыцэльваецца над пультам праз кола фарсунак. Ён прымружвае адно вока, а другім глядзіць скрозь кола.

– Прыцэл! Увага... Наводзім... Аго!..

Ягоныя рукі торгаюцца прэч ад пульта, а сам ён падскоквае, валасы матляюцца, зьдзічэлыя і спалоханыя вочы выпучыліся на душавую кабінку. Усе картыжнікі паварочваюцца ў крэслах, каб зірнуць, што там, але яны ня бачаць нічога – толькі паміж фарсунак вісяць спражкі на новенькіх тугіх брызэнтавых пасах.

Марціні паварочваецца і глядзіць проста на Макмэрфі. Ні на кога больш.

– Ты ж іх бачыў? Бачыў?

– Каго, Марці? Нічога я ня бачу.

– У гэтых рамянях? Хіба не?

Макмэрфі паварочваецца і касавурыцца на кабінку:

– Не-а. Нічога.

– Чакай хвілінку. Ім трэба, каб ты іх пабачыў, – кажа Марціні.

– Трасца на цябе, Марціні, я ж сказаў, што ня бачу. Уцяміў? Ні ражна!

– Ага, – Марціні ківае і адварочваецца ад кабінкі. – Ну, я іх таксама ня бачыў. Проста жартую.

Макмэрфі здымае тальлю і тасуе з гучным ляскатам.

– Ну... не падабаюцца мне такія падколкі, Марці.

Ён зноў здымае, каб патасаваць, і карты разьлятаюцца навокал, быццам тальля выбухнула ў ягоных дрыготкіх руках.



Памятаю, што зноў была пятніца, праз тры тыдні, як мы галасавалі наконт тэлека, і ўсіх, хто мог хадзіць, загналі ў першы будынак, сказалі, што будуць рабіць нам рэнтген грудной клеткі для прафіляктыкі сухотаў, але я ведаю, што гэта праверка, ці ўва ўсіх нармальна працуе электраначыньне.

Нас пасадзілі на лаўкі доўгім шэрагам на калідоры ля дзьвярэй з надпісам «Рэнтген». Побач – дзьверы з надпісам «ЛОР», дзе яны ўзімку правяраюць нам горлы. Насупраць праз калідор – яшчэ адна лаўка ля мэталёвых дзьвярэй. З шэрагам заклёпак. І зусім ніякіх надпісаў. Двое дрэмлюць на лаўцы паміж чорных, а яшчэ адна ахвяра ўжо ўнутры праходзіць лячэньне, і я чую адтуль крыкі. Дзьверы адчыняюцца ўнутр са сьвістам; бачу, як у пакоі мігцяць лямпы. Выкочваюць ахвяру, якая яшчэ дыміцца, і я хапаюся за лаўку, каб мяне не зацягнула ў гэтыя дзьверы. Чорны і белы санітары падымаюць на ногі аднаго з хлопцаў на лаўцы ля тых дзьвярэй; ён хістаецца і спатыкаецца, нашпігаваны лекамі. Звычайна перад шокам табе даюць чырвоныя пігулкі. Хлопца запіхваюць усярэдзіну, тэхнікі трымаюць яго пад рукі. На імгненьне я бачу, што ён зразумеў, куды яго прывялі, і ён прымярзае нагамі да цэмэнтавай падлогі, каб яго не падцягнулі да стала, – потым дзьверы з трэскам зачыняюцца, бабах, мэтал б’ецца аб ізаляцыю, і хлопца ўжо не відаць.

– Слухай, што тут такое робіцца? – пытаецца Макмэрфі ў Гардынга.

– Там? А, праўда... Вам пакуль што не пашэнціла. Шкада. Кожнаму чалавеку неабходны такі досьвед, – Гардынг пераплятае пальцы на патыліцы і адкідваецца назад, пазіраючы на дзьверы. – Гэта Шок-Блок, пра які я вам некалі расказваў, дружа, ЭШТ, электрашокавая тэрапія. Гэтых шчасьліўцаў там адпраўляюць у бясплатнае касьмічнае падарожжа. Не, калі крыху падумаць, дык яно не зусім бясплатнае. Вы плоціце за паслугу мазгавымі клеткамі замест грошай, а ў кожнага на рахунку цэлыя мільярды мазгавых клетак. Не бяда, калі крыху згубіце.

Гардынг хмурыцца, паглядаючы на самотнага пацыента на лаўцы:

– Выглядае, што сёньня ня вельмі шматлікая кліентура, ня тое, што ў мінулыя часы. Але што паробіш, сэ ля ві, мода прыходзіць і сыходзіць. Баюся, што мы назіраем заняпад ЭШТ. Нашая дарагая галоўная мэдсястра – адна з апошніх дастаткова сьмелых, каб падтрымаць гэтую слаўную фолкнэраўскую традыцыю ў лячэньні ворагаў псыхічнага здароўя: выпальваньне мозгу.

Дзьверы адчыняюцца. Адтуль з гудзеньнем выяжджае каталка, ніхто яе не штурхае, яна заварочвае на двух колах і зьнікае ў калідоры, вывяргаючы дым. Макмэрфі глядзіць, як яны заводзяць усярэдзіну апошняга пацыента і зачыняюць дзьверы.

– Яны што, – Макмэрфі сэкунду прыслухоўваецца, – бяруць туды нейкага байца і запускаюць яму праз чэрап ток?

– Так, калі сьцісла сфармуляваць.

– А на якую халеру?

– Як, для карысьці пацыента, вядома ж. Тут усё робіцца для карысьці пацыента. У вас можа часам ствараецца ўражаньне, бо вы ж пабылі толькі ў нашым аддзяленьні, нібы гэты шпіталь – агромністы мэханізм, які мог бы даволі добра дзейнічаць, калі б яшчэ пацыенты не заміналі, але ж гэта не зусім так. ЭШТ не заўсёды выкарыстоўваюць з мэтай пакараньня, як гэта робіць нашая мэдсястра. Гэта таксама ня чысты садызм з боку пэрсаналу. Некаторым так званым невылечным вярнулі кантакт са сьветам з дапамогай шоку, гэтаксама як некаторым дапамагла лябатамія ці лейкатамія. Лячэньне шокам мае шэраг перавагаў: яно таннае, хуткае, абсалютна бяз болю. Яно проста выклікае прыпадак.

– Што за жыцьцё, – стогне Сэфэлт. – Камусьці даюць пігулкі, каб спыніць прыпадак, а астатнім шок, каб яго выклікаць.

Гардынг нахіляецца наперад, каб патлумачыць для Макмэрфі:

– Вось як гэта пачалося: двое псыхіятраў наведвалі бойню, Бог ведае зь якім вычварнымі мэтамі, і назіралі, як быдла забіваюць ударам молата паміж вачэй. Яны заўважылі, што ня ўсё жывёліны паміраюць: некаторыя падалі на зямлю ў стане, які моцна нагадваў эпілептычныя канвульсіі. «А, зо, я-я, – кажа першы доктар. – Фантасьцішь, тое шьто трэба нашім, паціэнтам – шьтучьны прыпадак!» Ягоны калега, натуральна ж, пагадзіўся. Было вядома, што чалавек пасьля эпілептычных канвульсіяў нейкі час больш спакойны і міралюбны, і што звышагрэсіўныя пацыенты, зь якімі раней не атрымоўвалася кантакту, былі здольныя пасьля прыпадку на рацыянальную дыскусію. Ніхто ня ведаў чаму, і дагэтуль ня ведаюць. Але было відавочна, што калі справакаваць прыпадак у неэпілептыкаў, гэта можа даць цудоўны вынік. А тут перад імі стаяў чалавек, які рэгулярна выклікаў прыпадкі зь вялікім аплёмбам.

Скэнлан пытаецца, пры чым тут «вялікія плёмбы», бо дзядзька ж быў скуралуп з молатам, а не зубар з бормашынай, але Гардынг кажа, што такія заўвагі будзе цалкам ігнараваць, і працягвае тлумачыць.

– Так, там выкарыстоўвалі менавіта молат. І якраз на гэты конт калега меў засьцярогі. Урэшце, чалавек жа не карова. А што, калі малаток сьлізгане і зломіць нос? Ці нават усе зубы павыбівае? Як яны будуць выкручвацца, бо паслугі дантыста надта ж дарагія? Калі ўжо лупіць чалавека па галаве, трэба нешта больш надзейнае і акуратнае, чым малаток, таму яны ўрэшце пастанавілі карыстацца электрычнасьцю.

– Божачкі, а яны не падумалі, што ад гэтага будзе шкода здароўю? Няўжо не было грамадзкіх пратэстаў, тут жа ж мусіў сапраўдны вэрхал падняцца?

– Здаецца, вы не зусім разумееце, як пабудавана нашае грамадзтва, мой дружа; у нашай краіне калі нешта сапсавалася, дык найхутчэйшы спосаб гэта паправіць лічаць самым лепшым.

Макмэрфі ківае:

– Ух ты! Токам у галаву. Дзядзька, гэта ж як электрычнае крэсла за забойства.

– Прычыны гэтых дзьвюх зьяваў значна больш зьвязаныя міжсобку, чым вы думаеце: і там, і там – лячэньне.

– І ты кажаш, гэта не баліць?

– Я асабіста гарантую. Цалкам бяз болю. Бліск – і ты адразу ж без прытомнасьці. Ніякага газу, ніякіх шпрыцаў ці малаткоў. Абсалютна бяз болю. Але рэч у тым, што ніхто ня хоча другога разу. Вы... мяняецеся. Забываеце нейкія рэчы. Гэта як... – ён прыціскае далоні да скроняў і заплюшчвае вочы, – ...нібыта разрад запускае карнавальнае кола вобразаў, эмоцыяў, успамінаў. Вы ж бачылі такія колы: зазывала бярэ вашыя грошы і націскае кнопку. Жых! Сьвятло, гук, лічбы круцяцца і круцяцца віхурай, і можа, у выніку вы выйграеце, а можа, прайграеце, і трэба будзе зноў гуляць. Заплаці дзядзечку за яшчэ адзін пуск, сынку, заплаці, заплаці...

– Спакайней, Гардынг.

Дзьверы адчыняюцца, вывозяць хлопца на каталцы пад прасьцірадлам, а тэхнікі ідуць піць каву. Макмэрфі лахмаціць валасы:

– Нешта ў мяне ўсё гэта ў галаве не ўкладаецца.

– Што гэта? Шокавае лячэньне?

– Ага. Не, ня толькі гэта. Усё тут... – ён паказвае рукой навокал. – Усё, што тут адбываецца.

Гардынг дакранаецца яму да калена:

– Супакойце свой устурбаваны розум, дружа. Хутчэй за ўсё, вам ня варта пераймацца наконт ЭШТ. Гэта цяпер ня ў модзе і, як лябатамія, выкарыстоўваецца толькі ў выключных выпадках, дзе нішто іншае не дапамагае.

– А лябатамія – гэта калі табе адразаюць кавалак мазгоў?

– Зноў маеце рацыю. Вы ўжо робіцеся вельмі дасьведчаным у прафэсійнай тэрміналёгіі. Так, адразаюць кавалак мозгу. Кастрацыя франтальнай долі. Відаць, калі яна ўжо ня можа адрэзаць паміж ног, дык адрэжа над вачыма.

– Ты пра Брыдар, так?

– Менавіта.

– Ня думаў, што мэдсястра ў такіх пытаньнях нешта вырашае.

– Яшчэ як.

Выглядае, што Макмэрфі рады спыніць гутарку пра шок і лябатамію і вярнуцца да абмеркаваньня Вялікай Сястры. Ён пытаецца ў Гардынга, што, на ягоную думку, зь ёй ня так. Гардынг, Скэнлан ды іншыя прапаноўваюць плойму розных вэрсіяў. Нейкі час яны абмяркоўваюць, ці сапраўды ад яе ўсе тутэйшыя праблемы, і Гардынг кажа, што галоўныя менавіта ад яе. Бальшыня астатніх пацыентаў з гэтым пагаджаецца, але Макмэрфі ўжо ня вельмі ўпэўнены. Ён гаворыць, што сам нейкі час так лічыў, але цяпер ужо ня ведае. Кажа, што калі яе прыбраць, наўрад ці шмат зьменіцца; кажа, што корань усіх гэтых праблемаў у нечым большым, і спрабуе сказаць, у чым. Нарэшце ён спыняецца, бо ня можа патлумачыць.

Макмэрфі ня ведае, але ён адчувае нешта, што я зразумеў ужо даўно: што Вялікая Сястра не сама па сабе і што тут цэлы Камбінат, які дзейнічае па ўсёй краіне, а яна ў іх проста займае адну з высокіх пасадаў.

Але нашыя пярэчаць Макмэрфі. Кажуць, што ведаюць, у чым праблема; потым пачынаецца спрэчка. Яны спрачаюцца, пакуль Макмэрфі іх не перабівае.

– Халера вас дзяры, вы б толькі сябе паслухалі. Толькі й чуваць, што крыўды, крыўды, крыўды. На мэдсястру, на дактароў, на санітараў. Скэнлан хоча ўвесь шпіталь бамбануць. Сэфэлт скардзіцца на лекі, Фрэдрыксан – на сямейныя праблемы. Вы ўсе перакладаеце адказнасьць на іншых.

Ён кажа, што Вялікая Сястра – проста азлобленая старая цётка зь ледзяным сэрцам, і што ні халеры няма сэнсу ва ўсіх гэтых спробах нацкаваць яго на яе – нікому ад гэтага ня будзе лепей, асабліва яму. Нават калі пазбавіцца яе, не пазбавісься ад сапраўднай глыбіннай праблемы, ад якой усе крыўды.

– Вы так думаеце? – пытаецца Гардынг. – Тады калі вы ўжо раптам зрабіліся такім спэцыялістам у сфэры псыхічнага здароўя, у чым тут штука? Што гэта за глыбінная праблема, як вы пранікліва сфармулявалі?

– Я табе кажу, дзядзька, ня ведаю. Ніколі нічога падобнага ня бачыў. – Ён моўчкі сядзіць недзе хвіліну, прыслухоўваючыся да гудзеньня з рэнтгенаўскага кабінэту, потым кажа: – Але калі б усё было па вашаму, як вы гаворыце, толькі старая мэдсястра і ейныя сэксуальныя клопаты, дык усе праблемы было б лёгка разьвязаць: проста зацягнуць яе ў ложак і разабрацца зь ейнымі турботамі, правільна?

Скэнлан пляскае ў далоні:

– Ат, халера! Геніяльна. Цябе і прызначым, Мак, ты ў нас якраз жарабец для такой работкі.

– Толькі ня я. Не, шаноўныя. Не да таго зьвярнуліся.

– Чаму не? Я ж думаў, ты супэржарабец з гэтымі тваімі трахбамамі.

– Скэнлан, братка, я зьбіраюся трымацца ад старой кані як мага далей.

– Я ўжо заўважыў, – усьміхаецца Гардынг. – Што там паміж вамі адбылося? Вы яе завалілі на канаты на нейкі час, а потым спыніліся. Раптоўнае спачуваньне да нашага анёла міласэрнасьці?

– Не, я сёе-тое даведаўся, во чаму. Задаў пару пытаньняў розным людзям. Даведаўся, чаму вы, хлопцы, так ёй сраку ліжаце, прагінаецеся і дазваляеце аб сябе ногі выціраць. Уцяміў, для чаго вы мяне карысталі.

– Вось як? Цікава.

– Яшчэ б яно было нецікава. Мне самому цікава, што вы, жульлё гэткае, мне нават не сказалі, пад што я падстаўляюся, калі яе чапляю. Хоць яна мне й не падабаецца, але ж гэта ня значыць, што я ёй тут назаляць буду, каб атрымаць яшчэ які годзік да свайго тэрміну. Часам трэба пра гонар забыцца дзеля важнейшых рэчаў.

– Ого, сябры, няўжо вы думаеце, што ёсьць доля праўды ў гэтых чутках, нібы Макмэрфі выконвае правілы, проста каб палепшыць шанцы на датэрміновую выпіску?

– Ты разумееш, пра што я, Гардынг. Чаму ніхто мне не сказаў, што яна можа мяне тут трымаць, пакуль ёй хочацца?

– Ну, я проста забыўся, што ты тут прымусова, – Гардынгаў твар складаецца пасярэдзіне ад усьмешкі. – Так, ты робісься хітрэйшы. Як усе мы.

– Ясная халера, што раблюся хітрэйшы. Чаму менавіта я на ўсіх гэных сходах мушу вылазіць з гэнымі скаргамі дробнымі, каб дзьверы ў палату не замыкалі ці каб цыгарэтаў у Сястроўні не хавалі? Я спачатку ня ўцяміў, чаго вы да мяне ўсё чапляецеся, быццам я які збаўца. А потым я выпадкова даведаўся, што ад мэдсястры вельмі нават залежыць, каго выпішуць, а каго не. Тады я дужа хутка паразумнеў. Я сабе сказаў: «Ага, гэныя прайдзісьветы папросту мяне разьвялі, каб я ім каштаны з агню цягаў. Гэта ж трэба дадумацца, разьвесьці старога Р.П. Макмэрфі».

Ён адхіляе галаву назад і пасьміхаецца нашаму шэрагу на лаўцы:

– Тут нічога асабістага, братва, але на халеру мне такія расклады? Я адсюль ня менш за вас хачу выбрацца. І калі я буду гэную каню старую дапякаць, дык магу згубіць ня менш за вас.

Ён пасьміхаецца, падміргвае і тыцкае Гардынга адзінцом у скобы, быццам з гэтым усім скончана і няма ніякіх крыўдаў, але раптам Гардынг кажа яшчэ нешта.

– Не, вы можаце згубіць больш за мяне, мой дружа.

Гардынг зноў пасьміхаецца, хутка азіраецца па баках, як спалоханая кабыла, рэзка нахіляючы і адкідваючы галаву. Усе пасоўваюцца, бо Марціні адыходзіць ад рэнтгенаўскага экрану, зашпільвае кашулю і мармыча: «Я б не паверыў, калі б сам не пабачыў», а Білі Бібіт ідзе за чорнае шкло на месца Марціні.

– Вы страціце больш за мяне, – паўтарае Гардынг. – Я ж добраахвотны, не прымусовы.

Макмэрфі маўчыць. На ягоным твары ўсё тое ж зьдзіўленьне, быццам нешта ня так, нешта, чаго ён ня можа ўцяміць. Ён проста сядзіць і глядзіць на Гардынга, і ў таго на вяртлявым твары пачынае таяць усьмешка; ён тузаецца пад гэтым дзіўным поглядам Макмэрфі. Глытае сьліну і кажа:

– Калі ўжо пайшла такая гаворка, дык у нас у аддзяленьні прымусовых толькі некалькі чалавек. Толькі Скэнлан і, ну, здаецца, некалькі хронікаў. І вы. Прымусовых ва ўсім шпіталі няшмат. Зусім няшмат.

Потым ён спыняецца, ягоны голас згасае пад позіркам Макмэрфі. Пасьля кароткай паўзы Макмэрфі ціха пытаецца:

– Ты што, дурыш мяне?

Гардынг адмоўна круціць галавой. Ён выглядае спалоханым. Макмэрфі падымаецца і кажа на ўвесь калідор:

– Вы што, хлопцы, мяне дурыце?

Усе маўчаць. Макмэрфі ідзе ўздоўж нашай лаўкі, запусьціўшы руку ў густыя валасы. Ён даходзіць да самага канца чаргі, потым вяртаецца ў самы пачатак, да рэнтгенаўскага апарату. Машына шыпіць і плюецца на яго.

– Божачкі, ты, Білі... Хоць ты тут мусіш быць прымусова.

Білі стаіць на дыбачках сьпінай да нас; ягоны падбародак – на чорным экране. Не, кажа ён у мэханізм.

– Тады чаму? Чаму? Ты ж малады хлопец! Ты цяпер павінны на спартовай тачцы расьсякаць, дзяўчат здымаць. А во гэта, – ён зноў паказвае рукой наўкол, – навошта ты гэта трываеш?

Білі маўчыць, і Макмэрфі паварочваецца ад яго да іншых.

– Скажыце мне, чаму? Вы скардзіцеся, ныеце цэлымі тыднямі, як вам тут невыносна, як вас дастала мэдсястра і ейныя штучкі, і раптам высьвятляецца, што ўвесь гэны час вас тут ніхто не трымае. Я яшчэ магу зразумець нейкіх старых з аддзяленьня. Яны вар’яты. Але ж вы не. Ясна, такія, як вы, па вуліцах пачкамі ня бегаюць, але ж вы не вар’яты.

Яны не спрачаюцца. Ён пераходзіць да Сэфэлта.

– Сэфэлт, а ты? З табой жа ўсё ў парадку акрамя прыпадкаў. Халера, мой дзядзька закочваў гістэрыкі ўдвая горшыя за твае ды яшчэ й галюны з д’яблам бачыў, але ж у вар’ятні не зачыняўся. Ты мог бы жыць на волі, калі б набраўся сьмеласьці...

– Вядома ж! – гэта Білі павярнуўся ад экрану, ягоны твар пырскае гарачымі сьлязьмі. – Вядома ж! – зноў енчыць ён. – Калі б мы на-набраліся сьмеласьці! Я б мог сёньня адсюль выйсьці, калі б быў сьмелы. Мая м-м-маці – добрая сяброўка м-міс Брыдар, і мне б сёньня ж выпіску зрабілі, калі б я быў сьмелы!

Ён хапае сваю кашулю з лаўкі і спрабуе яе нацягнуць, але занадта моцна трасецца. Нарэшце ён адкідвае яе і зноў паварочваецца да Макмэрфі.

– Думаеш, я х-х-хачу тут заставацца? Думаеш, мне ня х-х-хочацца ў та-та-тачку зь дзяўчынай? А зь цябе калі-небудзь сьмяяліся? Н-не, бо ты такі круты здаравіла. Ну, а я не круты, і Гардынг, і Ф-Фрэдрыксан, і Сэ-сэфэлт. А-а-а, ты, ты так гаворыш, нібы нам тут падабаецца! А-а-а, няма сэнсу...

Білі занадта моцна плача і заікаецца, каб сказаць нешта яшчэ. Ён трэ вочы тыльным бокам далоні, зрывае струп з аднаго з парэзаў, і чым больш ён трэ, тым больш размазвае кроў па твары і па вачах. Тады ён бяжыць усьляпую па калідоры, б’ючыся аб сьцены, твар завэдзганы крывёй, адзін з чорных санітараў рушыць яму ўздагон.

Макмэрфі паварочваецца да астатніх і адкрывае рот, каб нешта яшчэ спытаць, але адразу ж закрывае, пабачыўшы, як на яго глядзяць. Ён стаіць недзе хвіліну перад шэрагам вачэй, скіраваных на яго, як шэраг заклёпак на дзьвярах, потым кажа: «Халера вас дзяры», – ціхім і няўпэўненым голасам, зноў нацягвае кепку і займае сваё месца на лаўцы. Двое тэхнікаў вяртаюцца зь перапынку на каву і йдуць у той пакой праз калідор. Калі дзьверы са сьвістам адчыняюцца, у паветры – пах кіслаты, быццам перазараджаюць акумулятар. Макмэрфі сядзіць і глядзіць на дзьверы.

– Нешта гэта ў мяне ў галаве не ўкладаецца...



Па дарозе назад у наш будынак Макмэрфі з задумлівым выглядам затрымаўся ў хвасьце групы – рукі ў кішэнях уніформы, кепка насунутая на вочы, патухлая цыгарэта між зубоў. Усе маўчалі. Білі Бібіта ўжо супакоілі, і ён ішоў наперадзе паміж чорным і белым санітарамі з Шок-Блоку.

Я запаволіў хаду і даў Макмэрфі абагнаць мяне, хацеў сказаць яму не турбавацца, бо тут нічога нельга зрабіць. Я бачыў, што яго сьвідруе нейкая думка, трывожыць, як сабаку трывожыць нара, пра якую ён ня ведае, што там. Адзін голас кажа: «Дружа, гэтая нара – не твая праблема, надта ўжо яна вялікая і чорная, і сьляды навокал сьведчаць, што тут мядзьведзь ці нешта яшчэ горшае». Але нейкі іншы голас прыходзіць рэзкім шэптам з глыбіняў памяці ягонай пароды, неразумны голас, у якім няма асьцярожнасьці: «Ату яго, дружа, ату яго!»

Я хацеў сказаць яму не турбавацца і ўжо зьбіраўся зрабіць гэта, нават выкрыўшы сябе, калі ён раптам падняў галаву, ссунуў кепку на патыліцу, пасьпяшаўся да найменшага з чорных, пляснуў таго па плячы і спытаўся:

– Сэм, а што калі заскочым у сталоўку на хвілінку, каб я мог купіць пару блокаў цыгарэтаў?

Мне давялося прысьпешыцца, каб іх дагнаць, і ад гэтай прабежкі маё сэрца зазьвінела ў галаве высокай усхваляванай нотай. Нават у сталоўцы я ўсё яшчэ чуў гэты гук, які маё сэрца запусьціла ў галаве, хоць мой пульс ужо запаволіўся да звычайнага. Гэты гук нагадаў мне, як я некалі стаяў халодным пятнічным вечарам на футбольным полі, чакаючы першага ўдару па мячы і пачатку гульні. Гэты звон нарастаў і нарастаў, і вось я ўжо ня мог яго трываць, а потым удар нагой па мячы – гук зьнікаў і гульня пачыналася. Цяпер я зноў чую гэты звон пятнічнага вечара і адчуваю тую самую шалёную напятую нецярплівасьць. Я таксама бачу ўсё вельмі выразна і акрэсьлена, як некалі перад гульнёй і як я бачыў нейкі час таму са шпітальнага вакна ўначы: усё рэзка, ясна і грунтоўна – я ўжо забыўся, што так можа быць. Шэрагі цюбікаў з пастай і матузкоў, сонечных акуляраў і шарыкавых асадак з пажыцьцёвай гарантыяй, хоць пад вадой на камянях пішы, і ўсё гэта ахоўвае рота цацачных мядзьведзікаў на верхняй паліцы над прылаўкам.

Макмэрфі тупае да прылаўку, становіцца поруч са мной, засунуўшы пальцы ў кішэні, і кажа прадавачцы даць яму пару блокаў «Мальбара».

– Не, дайце нават тры, – просіць ён, пасьміхаючыся ёй. – Я зьбіраюся шмат курыць.

Звон у галаве не спыняецца да сходу ў той дзень. Я краем вуха слухаў, як апрацоўвалі Сэфэлта, каб ён усьвядоміў сапраўднасьць сваіх праблемаў і здолеў прыстасавацца («Гэта ўсё дылянтын!» – урэшце выкрыквае ён. «Паслухайце, містэр Сэфэлт, калі вы хочаце дапамогі, вы павінны быць шчырым», – кажа Сястра. «Але ж гэта пэўна ад дылянтыну; хіба не ад яго дзясны псуюцца?». Яна ўсьміхаецца: «Джым, вам ужо сорак пяць...»), калі мой позірк упаў на Макмэрфі, які сядзеў у куце. Ён не круціў у руках картаў і не драмаў, ссутуліўшыся над часопісам, як звычайна апошнія два тыдні. Ён сядзеў, выцягнуўшыся па струнцы ў сваім крэсьле, з расчырванелым дзёрзкім тварам, пазіраючы то на Сэфэлта, то на Вялікую Сястру. Звон у мяне ў галаве ўзмацніўся. Ягоныя вочы былі блакітнымі палоскамі пад бялявымі бровамі і стралялі сюды-туды гэтак жа, як калі ён сачыў за картамі ля покернага стала. Я быў упэўнены, што з хвіліны на хвіліну ён выкіне нейкую шалёную штуку, за якую яго ўпякуць да агрэсіўных. Бачыў такі самы выгляд у іншых перад тым, як яны накідваліся на нейкага з чорных. Я ўчапіўся ў парэнчу крэсла і чакаў, баючыся таго, што адбудзецца, і, як я пачаў разумець, крыху баючыся, што не адбудзецца нічога.

Ён маўчаў і глядзеў, як яны разабраліся з Сэфэлтам; потым павярнуўся напаўабароту ў сваім крэсьле і назіраў, як Фрэдрыксан, спрабуючы неяк адпомсьціць ім за свайго сябра, некалькі хвілінаў гучна скардзіўся на тое, што цыгарэты трымаюць у Сястроўні. Фрэдкрыксан выгаварыўся і ўрэшце пачырванеў, як заўсёды папрасіў прабачэньня і зноўку сеў на месца. Макмэрфі па-ранейшаму нічога не рабіў. Я крыху аслабіў хватку на парэнчы і падумаў, што памыляўся.

Да канца сходу заставалася пару хвілінаў. Вялікая Сястра сабрала свае паперы, паклала іх у кошык і паставіла кошык на падлогу. Потым кінула хуткі позірк на Макмэрфі, быццам хацела ўпэўніцца, што той ня сьпіць і слухае. Яна склала рукі на каленях, паглядзела долу на пальцы і глыбока ўдыхнула, хістаючы галавой.

– Хлопцы, я вельмі доўга думала пра тое, што зараз скажу. Мы абмеркавалі гэта з доктарам і з астатнім пэрсаналам, і як бы нам гэта ні было цяжка, мы ўсе прыйшлі да адной высновы: павінна быць нейкае пакараньне за тое ганебнае стаўленьне тры тыдні таму да абавязкаў падтрымліваць чысьціню ў аддзяленьні. – Яна падняла руку і агледзелася: – Мы доўга чакалі, спадзеючыся, што вы знойдзеце ў сабе сілы папрасіць прабачэньня за сваё непаслухмянства. Але ніводны з вас нават і блізка не раскаяўся.

Яна зноў падымае руку, каб спыніць любыя пярэчаньні – як варажбітка ў шкляной будцы на атракцыёнах.

– Калі ласка, зразумейце. Мы не ствараем нейкіх правілаў ці пакараньняў для вас, не абдумаўшы вельмі ўважліва іх тэрапэўтычнай каштоўнасьці. Шмат хто з вас тут таму, што вы не маглі прыстасавацца да грамадзкіх правілаў у вонкавым сьвеце, таму, што вы адмаўляліся прымаць іх, таму, што вы спрабавалі іх абысьці і пазьбегчы. Некалі – магчыма ў вашым дзяцінстве – вам, пэўна, дазволілі беспакарана пагарджаць грамадзкімі правіламі. Калі вы парушылі правілы, вы гэта ведалі. Вы жадалі, каб з вамі разабраліся, вам гэта было патрэбна, але пакараньне не прыйшло. Неразумная паблажлівасьць вашых бацькоў магла быць той бацылай, зь якой разьвілася ваша цяперашняя хвароба. Я кажу вам гэта са спадзевам, што вы зразумееце: мы дамагаемся дысцыпліны і парадку выключна для вашай жа карысьці.

Яна круціць галавой, азіраючы пакой. На твар нацягнутае шкадаваньне праз тое, што ёй даводзіцца рабіць. Стаіць поўная цішыня, акрамя высокага, ліхаманкавага, шалёнага звону ў маёй галаве.

– Цяжка дамагчыся дысцыпліны ў такім асяродзьдзі. Вы пэўна самі гэта бачыце. Што мы можам з вамі зрабіць? Вас нельга арыштаваць. Вас нельга пасадзіць на хлеб і ваду. Вы пэўна бачыце, што перад пэрсаналам стаіць праблема: што мы можам зрабіць?

У Раклі ёсьць ідэя, што яны могуць зрабіць, але яна не зьвярнула на гэтую ідэю ніякай увагі. Ейны твар зь ціканьнем рухаўся, пакуль не набыў іншага выгляду. Яна нарэшце адказала на ўласнае пытаньне.

– Нам трэба пазбавіць вас нейкага прывілею. І пасьля ўважлівага разгляду акалічнасьцяў гэтага бунту мы пастанавілі, што будзе нейкая справядлівасьць у тым, каб скасаваць доступ да купальні, якую вы ўдзень выкарыстоўваеце для картачных гульняў. Хіба вам гэта не падаецца справядлівым?

Ейная галава нават не паварушылася. Яна не глядзела. Але адзін за адным усе астатнія павярнуліся ў тым напрамку, выцягнулі худыя шыі, каб паглядзець на Макмэрфі, – твары павярнуліся да яго, поўныя непрыкрытай, спалоханай надзеі.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю