412 000 произведений, 108 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Кен Кізі » Палёт над гняздом зязюлі » Текст книги (страница 2)
Палёт над гняздом зязюлі
  • Текст добавлен: 26 июня 2025, 06:10

Текст книги "Палёт над гняздом зязюлі"


Автор книги: Кен Кізі



сообщить о нарушении

Текущая страница: 2 (всего у книги 21 страниц)

Ён гэта кажа наўпрост Білі Бібіту. Нахіляецца да Білі і глядзіць на яго цяжкім позіркам, таму Білі адчувае сябе абавязаным прамармытаць, што ён яшчэ ня ба-ба-бацька-атаман, але на-на-наступны па ранжыры.

Макмэрфі працягвае Білі велічэзную руку, і таму нічога не застаецца, як яе паціснуць.

– Добра, братка, – кажа ён Білі. – Я сапраўды рады, што ты на-наступны па ранжыры, але я мяркую сам тут верхаводзіць на ўсе сто, таму, відаць, мне лепей пагутарыць з галоўным. Ён аглядае вострых, якія адклалі карты, кладзе далонь на далонь і з трэскам разьмінае пальцы.

– Ведаеш, братка, я тут прыкінуў, што зраблюся картачным баронам гэнай палаты, наладжу няхілую гульню ў ачко. Так што лепей адвядзі мяне да вашага галоўнага, і мы разьбярэмся, хто тут кіравацьме.

Нікому няясна, ці гэты шыракагруды чалавек са шнарам і шалёнай усьмешкай прыдурваецца, ці ён сапраўды такі вар’ят, каб зрабіць, як сказаў, альбо і тое, і другое разам. Але яны ўсе пачынаюць лавіць кайф, падыгрываючы яму. Назіраюць, як ён кладзе сваю вялікую рудую далонь на тонкую руку Білі, чакае, што Білі адкажа. Той разумее, што трэба неяк зрэагаваць, таму азіраецца навокал і выбірае аднаго з гульцоў у тысячу.

– Гардынг, – кажа Білі. – Відаць, гэ-гэта да вас. Вы ж п-прэзыдэнт Рады па-па-пацыентаў. Гэты ча-чалавек хоча з вамі пагутарыць.

Цяпер вострыя пасьміхаюцца ўжо ня так зьбянтэжана. Яны радуюцца, што адбываецца нешта незвычайнае. Усе пацьвельваюць Гардынга, пытаюцца ў яго, ці ён сапраўды псыха-бацька-атаман. Той адкладае карты.

Гардынг – плоскі, нэрвовы чалавек з абліччам, якое здаецца тварам кінаактора, быццам яно занадта прыгожае, каб належаць чалавеку з вуліцы. У Гардынга шырокія тонкія плечы, і ён спрабуе скруціць іх вакол грудзей, калі намагаецца замкнуцца ў сабе. Яго рукі такія доўгія, белыя і далікатныя, што выглядаюць, нібы выразаныя з мыла, і часам яны вырываюцца на волю і сыходзяць у свабодны палёт перад ім, як дзьве белыя птушкі, пакуль ён іх не заўважае і ня ловіць у капкан паміж каленяў; яго турбуе, што ў яго прыгожыя рукі.

Ён прэзыдэнт Рады пацыентаў з той прычыны, што мае ўнівэрсытэцкі дыплём. Гэты дыплём у рамачцы стаіць на ягонай тумбачцы побач з фота жанчыны ў купальніку, якая таксама выглядае, як кінаакторка, – у яе вельмі вялікія грудзі, і кончыкамі пальцаў яна трымае верх купальніка над імі, касавурачыся ў аб’ектыў. За ёй можна пабачыць Гардынга, які сядзіць на ручніку – скура ды косьці ў плаўках, – нібыта чакае, што нейкі здаравіла зараз сыпане на яго пяску. Гардынг часта хваліцца, што мае такую жонку, кажа, што яна самая сэксуальная жанчына ў сьвеце і што ўначы зь ім яна проста неспатольная.

Калі Білі паказвае на яго, Гардынг адкідваецца ў крэсьле і робіць важны выгляд, зьвяртаючыся да столі, ня гледзячы на Білі ці на Макмэрфі:

– Гэты... джэнтэльмэн запісаўся на прыём, містэр Бібіт?

– Вы запісаліся на прыём, містэр Макм-м-мэрфі? Містэр Гардынг заняты чалавек, ніхто не сустракаецца зь ім без папярэдняга запісу.

– Гэны заняты чалавек, гэны містэр Гардынг, ён і ёсьць бацька-атаман? – Макмэрфі адным вокам глядзіць на Білі, і той робіць хуткі сьцьвярджальны ківок; Білі цешыцца, што яму надаюць столькі ўвагі.

– Тады скажы атаману Гардынгу, што Р.П. Макмэрфі чакае сустрэчы зь ім, і што гэная больніца замалая для нас дваіх. Я прызвычаіўся быць першым нумарам. Я быў першым лесарубам на ўсіх браканьерскіх вырубках на Паўночным Захадзе, першым гульцом у карты яшчэ з Карэйскай вайны; я быў першым нумарам, нават калі гарох палоў на гэнай «хіміі» клятай – таму я так мяркую, што калі ўжо наканавана звар’яцець, дык варта быць супэр-пупэр-псыхам. Скажы гэнаму Гардынгу, што альбо ён сустрэнецца са мной як мужык, альбо ён баязьлівы сабака-задавака, і тады хай пакідае горад да заходу сонца.

Гардынг яшчэ больш адкідваецца назад і закладае адзінцы за штрыфлі шпітальнага пінжака:

– Бібіт, скажыце гэтаму малакасосу Макмэрфі, што я сустрэнуся зь ім на калідоры апоўдні, і мы разьвяжам гэтую спрэчку раз і назаўжды ў двубоі нашых палкіх лібіда. – Гардынг намагаецца гаварыць працяжна, як Макмэрфі; гэта гучыць сьмешна яго тонкім задыханым голасам. – Вы можаце яго таксама папярэдзіць, каб усё было па справядлівасьці, што я псыха-бацька-атаман гэтай палаты ўжо лічы два гады і што я найбольшы вар’ят з усіх, хто цяпер жыве на плянэце Зямля.

– Містэр Бібіт, вы можаце папярэдзіць гэнага містэра Гардынга: я такі шызік, што, трэба прызнацца, на прэзыдэнцкіх выбарах галасаваў за Айзэнгаўэра.

– Бібіт! Скажыце містэру Макмэрфі: я настолькі вар’ят, што галасаваў за Айзэнгаўэра двойчы!

– А вы адразу ж адкажыце містэру Гардынгу, – Макмэрфі кладзе рукі на стол, нахіляецца і сьцішае голас, – я настолькі вар’ят, што маю намер зноў галасаваць за Айзэнгаўэра ў лістападзе.

– Здымаю капялюш, – кажа Гардынг, схіляе галаву і паціскае Макмэрфі руку. У думках я не сумняваюся, што Макмэрфі перамог, але я ня ўпэўнены, у чым.

Усе астатнія вострыя кідаюць свае ранейшыя заняткі і ўжо вальней набліжаюцца да Макмэрфі, каб паглядзець, што гэта за чалавек. Ніколі раней у палаце не было нікога падобнага. Яны пытаюцца, адкуль ён і чым займаецца, пытаюцца так, як я раней ніколі ня чуў. Ён кажа, што цалкам адданы сваёй справе. Кажа, што быў простым валацугам і бадзяжным лесарубам, перш чым яго забралі ў войска і паказалі, у чым ягонае пакліканьне; так як некаторых навучылі махляваць, а некаторых лынды біць, яго навучылі гуляць у покер. З таго часу ён усур’ёз прысьвяціў сябе азартным гульням на ўсіх узроўнях. Проста гуляць у покер, заставацца нежанатым і жыць там, дзе хочацца і як хочацца, калі людзі дазволяць, «але ж вы ведаеце, як грамадзтва перасьледуе людзей, адданых сваёй справе».

– З часу, калі я знайшоў сваё пакліканьне, я адседзеў у столькіх местачковых каталажках, што мог бы даведнік пра іх напісаць. Кажуць, што я хуліган-рэцыдывіст. Нібыта шмат у бойкі лезу. Во трасца. Нікога гэта не хвалявала, пакуль я быў дурным лесарубам; кажуць, што гэта даравальна, кажуць, што працоўнаму чалавеку трэба спусьціць пару. Але калі ты гулец, калі ведаюць, што ты час ад часу сям-там ладзіш партыю на стаўкі, дастаткова сплюнуць наўскос, і ты ўжо невядома які злачынца. Аё-ё-ёй, якраз праз гульню на інтэрас я й боўтаўся нейкі час за кратамі.

Ён ківае і надзімае шчокі.

– Але так было нядоўга. Я ўжо прасёк усе хады-выхады. Калі па праўдзе, дык у Пэндлтане я сядзеў за напад са зьбіцьцём першы раз амаль за год. Таму мяне і злавілі. Згубіў навыкі: гэны мужык здолеў ачомацца, падняцца і дабрацца да паліцаяў раней, чым я змыўся з гораду. Круты трапіўся...

Ён зноўку сьмяецца, працягвае знаёміцца з пацыентамі і сядае дужацца на руках штораз, калі да яго падыходзіць той чорны з градусьнікам. Калі ён перазнаёміўся з усімі вострымі і паціснуў рукі ўсім на тым баку, ён адразу ж ідзе да хронікаў, нібыта мы нічым ад вострых не адрозьніваемся. Цяжка сказаць, ці ён сапраўды такі прыязны, ці гэта стратэгія картыжніка – знаёміцца зь людзьмі, зь якіх шмат хто зайшоў так далёка, што ня памятае ўласнага імя.

Вось ён ужо цягне Элісаву руку ад сьцяны і паціскае яе, нібыта ён палітык на выбарах, для якога Элісаў голас ня горшы за астатнія.

– Братка, – кажа ён Элісу ўрачыстым голасам. – Мяне зваць Р.П. Макмэрфі, і мне не падабаецца глядзець, як дарослы мужык коўзаецца на ўласных сіках. Чаму б табе не падсушыцца?

Эліс глядзіць долу на лужыну ля ног у поўным зьдзіўленьні.

– І сапраўды, дзякуй вам, – кажа ён і нават робіць некалькі крокаў у кірунку прыбіральні, пакуль цьвікі зноў не прыцягваюць яму рукі да сьцяны.

Макмэрфі праходзіць уздоўж шэрагу хронікаў, паціскае рукі і Палкоўніку Мэтэрсану, і Раклі, і Старому Піту. Паціскае рукі вазочнікам, хадакам і нават кабачкам, паціскае рукі, выблытваючы іх з халатаў, як мёртвых птушак, завадных птушак, як зробленыя з тонкіх костачак і дроту мэханізмы, што спыніліся і ўпалі. Ён паціскае руку кожнаму, да каго падыходзіць, акрамя Вялікага Джорджа, памяшанага на чысьціні – той усьміхаецца і хавае далоні ад гэтай нестэрыльнай рукі, таму Макмэрфі толькі салютуе яму і, адыходзячы, кажа сваёй правіцы:

– Рука, як думаеш, адкуль гэны стары даведаўся пра ўсё зло з тваім удзелам?

Ніхто не разумее, да чаго ён вядзе ці чаму так выжыльваецца, каб з усімі перазнаёміцца, але гэта весялей, чым зьбіраць складанкі. Ён кажа, што трэба абысьці ўсіх і пазнаёміцца зь людзьмі, зь якімі будзеш мець гешэфты – маўляў, гэта частка працы гульца. Але ён, мусіць, разумее, што ня будзе ніякіх гешэфтаў з васьмідзесяцігадовым паўмерцьвяком, які тальлю картаў можа хіба што ў рот пакласьці і пасмактаць. І ўсё роўна выглядае, што ён ад усяго гэтага атрымлівае асалоду, нібы яго сапраўды забаўляюць іншыя.

Я апошні. Усё яшчэ прышпілены да крэсла ў куце. Макмэрфі спыняецца, падышоўшы да мяне, зноў засоўвае адзінцы ў кішэні, адхіляецца назад і сьмяецца, нібы пабачыў ува мне нешта сьмяшнейшае, чым у астатніх. Раптоўна я спалохаўся, што ён сьмяецца, бо ведае: тое, як я сяджу з задранымі каленькамі, абхапіўшы іх рукамі і гледзячы роўна наперад, нібыта нічога ня чую, – усё гэта гульня.

– Аё-ё-ёй, – кажа ён, – глядзіце, што ў нас тут.

Гэта я памятаю вельмі ясна. Памятаю, як ён прыплюшчыў вока, адкінуў галаву і паглядзеў праз свой сьвежы барвовы шнар на носе, сьмеючыся зь мяне. Спачатку я думаў, што ён сьмяецца, бо гэта пацеха: індзейскі твар і чорныя тлустыя індзейскія валасы ў такога, як я. Думаў, што, можа, ён рагоча з таго, якім слабым я выглядаю. Але потым, памятаю, я падумаў, што ён сьмяецца, бо яго ні на хвіліну не надурыла маё прыкідваньне глуханямым; не было ніякай розьніцы, як хітра я прыкідваўся; ён мяне раскусіў, і сьмяяўся, і падміргваў, каб я гэта ведаў.

– А з табой што здарылася, Вялікі Правадыр? Выглядаеш, як Правадыр Сядзячы Бык, які абвясьціў сядзячы страйк. – Ён зірнуў на вострых, каб праверыць, ці нехта засьмяецца зь ягонага жарту; калі яны толькі ўхмыльнуліся, ён зноўку паглядзеў на мяне і зноўку падміргнуў. – Як цябе зваць, Правадыр?

Білі Бібіт адгукнуўся зь іншага боку палаты.

– Яго з-з-завуць Бромдэн. П-п-равадыр Бромдэн. Усе завуць яго П-п-правадыр Мятла, бо санітары амаль увесь час п-п-рымушаюць яго месьці. Б-больш ён асабліва ні на што ня з-здольны, напэўна. Ён глухі, – Білі абхапіў рукамі падбародзьдзе. – Калі б я быў г-г-глухі, – уздыхнуў ён, – я б забіўся.

Макмэрфі ўсё яшчэ глядзіць на мяне.

– Але ж ён і вымахае, як школу скончыць, праўда? Цікава, колькі ў ім росту.

– Здаецца, нехта яго аднойчы замераў: ён быў за д-два м-мэтры; але ён б-б-баіцца ўласнага ценю, хоць і здаравенны. П-проста зда-даравенны глухі індзеец.

– Калі я пабачыў, як ён тут сядзіць, дык адразу падумаў, што выглядае крыху, як індзеец. Але ж Бромдэн – імя не індзейскае. Зь якога ён племені?

– Ня ведаю, – кажа Білі. – Ён ужо быў тут, к-калі я сюды па-патрапіў.

– Я маю інфармацыю ад доктара, – улазіць Гардынг, – што ён толькі напалову індзеец. Здаецца, гэта вымерлае племя зь цясьніны Каламбіі. Доктар казаў, што ягоны бацька быў лідэрам племені, адпаведна ён і мае тытул «Правадыр». Што датычыць прозьвішча «Бромдэн», тут, на жаль, мае веды індзейскай культуры бясьсільныя.

Макмэрфі нахіліў галаву да маёй так, што мне давялося глядзець на яго.

– Дык гэта праўда? Ты глухі, Правадыр?

– Ён г-г-глуханямы.

Макмэрфі наморшчыўся і доўга разглядаў мой твар. Потым ён зноў выпрастаўся і працягнуў мне руку.

– Ну, якая б там трасца ні была, руку ён можа паціснуць, праўда? Глухі ці які. Богам клянуся, Правадыр: хоць ты й вялікі, але руку мне пацісьнеш, інакш я гэта зьнявагай палічу. Ня дужа добрая ідэя – зьневажаць новага бацьку-атамана больніцы.

Сказаўшы гэта, ён зноў паглядзеў на Гардынга і на Білі і зрабіў сьмешны твар, але руку пакінуў перада мной, з далоньню вялікай, як міска.

Я вельмі ясна памятаю, як яна выглядала: пад пазногцямі – чарната ад працы ў гаражы, над костачкамі кулака – наколаты якар, на сярэдняй костачцы – брудны плястыр, які адклеіўся з краю. Усе астатнія суставы пальцаў былі ў шнарах і парэзах, старых і сьвежых. Я памятаю, што далонь была гладкая і цьвёрдая, як костка, – далонь, якая цягала за драўляныя дзержакі нямала сякераў і матыкаў. Пра такую адразу не падумаеш, як пра руку картыжніка. Далонь была мазолістая, і мазалі патрэсканыя, а ў трэшчыны падчас працы ўбілася зямля. Мапа яго падарожжаў па Захадзе. Гэтая далонь шоргнула аб маю. Я памятаю, што пальцы былі вялікія і моцныя, калі абхапілі мае, і ў маёй далоні зьявілася дзіўнае адчуваньне, што яна набракае на маёй тонкай руцэ, быццам ён уліваў туды сваю ўласную кроў. Мая далонь зазьвінела крывёй і сілай. Яна надзьмулася амаль да памеру ягонай, я памятаю...

– Містэр Макмарфа.

Гэта Вялікая Сястра.

– Містэр Макмарфа, ці не маглі б вы падысьці?

Гэта Вялікая Сястра. Чорны з градусьнікам пайшоў і прывёў яе. Яна стаіць там, бразгае градусьнікам аб наручны гадзіньнік, ейныя вочы гудуць, пакуль яна спрабуе ацаніць гэтага новенькага. Ейныя вусны складзеныя ў трохкутнік, як вусны лялькі, гатовыя смактаць пустышку.

– Асыстэнт Ўільямз сказаў мне, містэр Макмарфа, што з вамі даволі цяжка арганізаваць душавыя працэдуры. Гэта праўда? Калі ласка, зразумейце, я рада, што вы праявілі ініцыятыву наладзіць кантакт зь іншымі пацыентамі ў палаце, але ўсё добра ў свой час, містэр Макмарфа. Мне шкада перапыняць вас і містэра Бромдэна, але ж вы разумееце: усе... мусяць выконваць правілы.

Ён адхіляе галаву і падміргвае, каб паказаць, што яна надурыла яго ня болей, чым я, што ён яе раскусіў. Пазірае на яе адным вокам нейкую хвіліну.

– Ведаеце, мадам, – кажа ён, – ведаеце, гэта аку-рат тое, што мне ўсе заўсёды кажуць аб правілах...

Ён шырока ўсьміхаецца. Яны нейкі час пасьміхаюцца твар у твар, вывучаюць адно аднаго.

– ...якраз тады, калі мяркуюць, што я зьбіраюся парушыць іх к чортавай мацеры.

Потым ён адпускае маю руку.



У сваім шкляным пакоі Вялікая Сястра адчыніла пасылку з замежнага адрасу і цяпер засмоктвае з флякончыкаў у шпрыцы вадкасьць салатавага колеру. Адна зь сястрычак – дзяўчына з вокам, якое ўвесь час блукае і ўстрывожана зазірае за плячо, у той час як другое жыве сабе спакойна, – падымае невялічкі паднос з поўнымі шпрыцамі, але пакуль што не сыходзіць зь Сястроўні.

– А што, міс Брыдар, вы думаеце пра гэтага новага пацыента? Я пра тое, што, ну, ён сымпатычны і дружалюбны і ўсё такое, але, як на маю сьціплую думку, ён тут пачынае весьці рэй.

Вялікая Сястра правярае голку шпрыца пазногцем:

– Я баюся, – яна ўтыкае голку ў гумавы каўпачок флякончыка і цягне за поршань шпрыца, – што новы пацыент плянуе менавіта гэта: весьці тут рэй. Мы такіх людзей называем «маніпулятары», міс Флін, такі чалавек скарыстае каго заўгодна і што заўгодна для сваіх уласных мэтаў.

– А-а-а... Але... Я маю на ўвазе, у псыхіятрычным шпіталі? Якія ў яго могуць быць мэты?

– Шмат якія, – яна ўсьміхаецца, спакойная і цалкам паглыбленая ў працу са шпрыцамі. – Напрыклад, камфорт і прывольнае жыцьцё; магчыма, адчуваньне ўлады і павагі з боку іншых; магчыма, усё гэта разам. Часам мэта маніпулятара – проста дэстабілізацыя аддзяленьня сама па сабе. У нашым грамадзтве ёсьць такія людзі. Маніпулятар можа ўплываць на іншых пацыентаў і дэстабілізаваць іх настолькі, што спатрэбяцца месяцы, каб усё зноў працавала гладка. З сучаснай вольніцай у псыхіятрычных установах ім лёгка пазьбегчы адказнасьці. Колькі гадоў таму ўсё было ня так. Я памятаю, калісьці ў нас у аддзяленьні быў пацыент, містэр Тэйбэр, і ён быў невыносны маніпулятар. Да пары да часу.

Яна падымае вочы, трымаючы насупраць твару напоўнены напалову шпрыц, як маленькі пруток. Ейныя вочы робяцца далёкімі і задаволенымі з успамінаў.

– Міс-тэр Тэй-бэр, – павольна вымаўляе яна.

– Але ж, божачкі, – кажа сястрычка, – што ўвогуле можа прымусіць чалавека хацець нечага такога... дэстабілізацыі аддзяленьня, міс Брыдар? Які матыў?..

Яна перарывае сястрычку, зноў уваткнуўшы голку ў гумавы каўпачок флякончыка, напаўняе шпрыц, рэзкім рухам дастае яго і кладзе на паднос. Я назіраю, як ейная рука цягнецца да пустога шпрыца, падлятае, завісае над ім, апускаецца.

– Здаецца, вы забыліся, міс Флін, што ў нас установа для звар’яцелых.



Вялікая Сястра звычайна вельмі турбуецца, калі нешта замінае ейнаму аддзяленьню працаваць як дасканалая, дакладная, ідэальна зробленая машына. Любы дробны непарадак, няспраўнасьць ці перашкода закручвае яе ў белы ўсьмешлівы вузельчык шалу. Яна ходзіць навокал зь нязьменнай лялечнай ухмылкай, заціснутай між падбародзьдзем і носам, і зь нязьменным спакойным гудзеньнем з вачэй, але ўнутры яна напружаная, як сталь. Я ведаю, магу гэта адчуць. І яна не расслабляецца ні на валасок, пакуль не разьбярэцца з такой назолай – яна гэта называе «прыстасаваць да навакольля».

Пад яе кіраўніцтвам аддзяленьне амаль цалкам прыстасаванае да навакольля. Але праблема ў тым, што яна ня можа быць увесь час у аддзяленьні. Ёй даводзіцца бавіць нейкі час звонку. Таму яна пільна працуе, каб усё прыстасаваць і там. Працуе разам зь іншымі такімі ж – я іх называю «Камбінат», бо гэта вялікая арганізацыя, якая імкнецца прыстасаваць вонкавы сьвет гэтаксама, як яна робіць у шпіталі. Яна ў гэтай справе сапраўдны вэтэран – ужо была мэдсястрой у старой установе, калі я трапіў туды вельмі даўно, і яна прыстасоўвае ўсё ўжо Бог ведае колькі гадоў.

Я назіраў, як яна з гадамі рабілася ўсё спрытнейшай. Досьвед зрабіў яе непахіснай і моцнай, і цяпер яна валодае неаспрэчнай уладай, якая пашыраецца па ўсіх кірунках праз танюткія правады, якіх ня здольны бачыць ніхто, акрамя мяне. Бачу, як яна сядзіць у цэнтры гэтага павуціньня, нібы пільны робат, пляце сваю сетку з мэханічным умельствам казюркі, ні на сэкунду не выпускаючы з памяці, які провад куды вядзе і які разрад току празь яго даслаць, каб атрымаць жаданы вынік. Я быў памочнікам электрыка ў вайсковым падрыхтоўчым лягеры, перш чым мяне выправілі ў Нямеччыну, і крыху вывучаў электроніку, калі год хадзіў у коледж – там я й даведаўся, як можна ладзіць такія штукі.

Седзячы ў цэнтры гэтых правадоў, яна марыць пра сьвет дасканалай эфэктыўнасьці і парадку, як кішэнны гадзіньнік са шкляным корпусам, – месца, дзе расклад непарушны, і ўсе пацыенты звонку, якія ня рухаюцца паводле ейнага сыгналу, – гэта хронікі-вазочнікі з катэтэрамі, што цягнуцца наўпрост з нагавіцаў у каналізацыю пад падлогай. Год за годам яна назапашвае свой ідэальны пэрсанал: дактары ўсіх узростаў і тыпаў зьяўляюцца перад ёй з уласнымі думкамі пра тое, як трэба арганізаваць працу аддзяленьня, некаторыя маюць дастаткова характару, каб абараняць свае ідэі, а яна дзень за днём утаропліваецца ў іх сухімі ледзянымі вачыма, пакуль яны не адступаюць, адчуваючы дзіўныя дрыжыкі.

– Кажу вам, я ня ведаю, што гэта такое, – гавораць яны начальніку аддзелу кадраў. – Як я пачаў працаваць у гэтым аддзяленьні з гэтай цёткай, адчуваю, нібы ў мяне ў жылах – аміяк. Увесь час дрыжу, мае дзеці адмаўляюцца сядаць мне на калені, а жонка ня хоча са мной спаць. Я настойваю на пераводзе – у нэўралёгію, у пэдыятрыю, у выцьвярэзьнік, мне ўсё роўна!

Яна робіць так шмат гадоў. Дактары вытрымліваюць хто тры тыдні, хто тры месяцы. Пакуль нарэшце яе не задавальняе маленькі дзядзечка зь вялікім шырокім лобам, шырокімі адвіслымі шчокамі і тварам, завужаным па лініі малюткіх вачэй, быццам ён некалі насіў замалыя акуляры, насіў іх так доўга, што яны сьціснулі яму твар пасярэдзіне. Цяпер ягоныя акуляры прывязаныя шнурком да гузіка на каўняры; яны гойдаюцца на фіялетавым маленькім пераносьсі і ўвесь час сасьлізгваюць то ў адзін, то ў другі бок, таму ён нахіляе галаву, калі размаўляе, каб утрымаць акуляры ў раўнавазе. Гэта ейны доктар.

На тое, каб прыдбаць трох чорных дзённых санітараў, у яе пайшло яшчэ больш гадоў выпрабаваньня і адкідваньня тысячаў кандыдатаў. Яны прыходзяць да яе доўгім чорным шэрагам змрочных насатых масак, узьненавіджваючы яе і ейную крэйдавую лялечную бель зь першага ж погляду. Яна вывучае іх і іхную нянавісьць прыкладна месяц, а потым ад іх пазбаўляецца, бо яны ненавідзяць недастаткова. Калі яна нарэшце атрымоўвае тых траіх, якіх хацела, – паасобку цягам шэрагу гадоў, уплятаючы іх у свой плян і ў сваё сеціва, – яна цалкам перакананая, што тыя ненавідзяць дастаткова, каб быць спраўнымі.

Першага яна прыдбала на мой шосты год у аддзяленьні – скручанага мускулістага карузьліка колеру мокрага асфальту. Ягоную маці гвалцілі ў Джорджыі, пакуль ягоны тата стаяў, прывязаны пастронкамі ад плуга да распаленай жалезнай печкі, і кроў сьцякала яму ў боты.

Пяцігадовы хлопчык назіраў за гэтым з каморкі, вылупляючы вока, каб глядзець у шчыліну паміж дзьвярыма і вушаком, і ад таго часу ён ня вырас ані на цалю. Цяпер ягоныя павекі зьвісаюць з броваў, быццам яму на пераносьсе ўсеўся кажан. Павекі як тонкая шэрая тканіна, ён паднімае іх толькі крыху штораз, калі ў аддзяленьні зьяўляецца новы белы; ён пазірае з-пад іх, вывучае гэтага чалавека з галавы да ног і ківае толькі раз, быццам бы ён, так-так, абсалютна пераканаўся ў нечым, у чым ужо і раней быў упэўнены. Ён хацеў насіць з сабой шкарпэтку, поўную шроту, калі ўпершыню зьявіўся на працы, каб прыводзіць пацыентаў у парадак, але яна сказала яму, што так ужо ня робяць, прымусіла яго пакінуць гэтую штуку дома і навучыла свайму ўласнаму мэтаду; навучыла, як не паказваць сваёй нянавісьці, і быць спакойным, і чакаць, чакаць невялічкай перавагі, невялічкай слабіны, а тады зацягнуць вяроўку і ціснуць, не паслабляючы. Увесь час. Вось так іх прыводзяць у парадак, навучыла яна яго.

Астатнія двое чорных зьявіліся на два гады пазьней, прыйшлі на працу з розьніцай у часе прыкладна месяц. Абодва выглядаюць настолькі падобнымі, што я думаю, яна замовіла копію з таго, які зьявіўся першым. Яны высокія, кашчавыя і вострыя, а на іхных тварах вышчарблены выраз, які ніколі не мяняецца, як каменныя аканечнікі стрэлаў. Іхныя вочы завостраныя, а калі церануцца аб іхныя валасы, дык зьдзярэш скуру.

Усе яны чорныя, як тэлефоны. Чым яны чарнейшыя, зразумела яна з доўгага цёмнага шэрагу, што працаваў тут раней, тым болей яны будуць прыбіраць, шараваць і ўтрымліваць аддзяленьне ў парадку. Напрыклад, уніформы ва ўсіх траіх заўсёды чысьцюткія, як сьнег. Белыя, халодныя і шорсткія, як ейная ўласная.

Усе трое носяць накрухмаленыя беласьнежныя нагавіцы, белыя кашулі з мэталёвымі кнопкамі на адным баку і белыя чаравікі, адпаліраваныя, як лёд, з чырвонымі гумавымі падэшвамі, ціхімі, як мышы ў калідоры. Яны ніколі ня робяць ніякага шуму, калі рухаюцца. Яны матэрыялізуюцца ў розных месцах аддзяленьня штораз, калі хтосьці з пацыентаў наважваецца зрабіць нешта прыватнае ці прашаптаць іншаму нейкі сакрэт. Пацыент у куце ў самоце, калі раптам чуецца піск і ля яго шчакі марозіць; ён павяртаецца ў тым кірунку і заўважае халодную каменную маску ў паветры над ім каля сьцяны. Ён бачыць толькі чорны твар. Ніякага цела. Сьцены такія ж белыя, як уніформа, адпаліраваныя, як дзьверы лядоўні, і на гэтым фоне здаецца, што чорны твар і рукі лунаюць у паветры, як прывід.

Гады трэніровак падладжваюць усіх траіх чорных бліжэй і бліжэй да частаты Вялікай Сястры. Адзін за адным яны ўжо здольныя адключацца ад правадоў і працаваць праз радыёсыгнал. Яна ніколі не дае загадаў услых і не пакідае пісьмовых інструкцыяў, якія магла б знайсьці падчас наведваньня жонка некага з пацыентаў ці школьная настаўніца на экскурсіі. Ёй гэтага болей ня трэба. Яны ў кантакце на высакавольтавай хвалі нянавісьці, і чорныя ўжо выконваюць каманду раней, чым тая зьявіцца ў ейнай галаве.

Таму калі Сястра набрала свой пэрсанал, аддзяленьне запрацавала спраўна, як гадзіньнік вартаўніка. Усё, што прысутныя думаюць, кажуць і робяць, сплянаванае за некалькі месяцаў загадзя на падставе кароткіх запісаў, якія Сястра робіць удзень. Усё гэта друкуецца і заганяецца ў машыну, якая гудзе за сталёвымі дзьвярыма ў куце Сястроўні. З машыны вылазяць карткі распарадку дня, на кожнай зь іх – узор з маленькіх круглых дзірачак. На пачатку кожнага дня адпаведна датаваную КРД засоўваюць у шчыліну ў сталёвых дзьвярах, і сьцены пачынаюць гудзець: сьвятло ў палаце запальвацца а шостай трыццаць, вострыя хутка выскокваюць з ложкаў, бо чорныя могуць іх балюча падагнаць на працу – шараваць падлогі, чысьціць попельніцы, паліраваць драпіны на сьцяне, там, дзе напярэдадні закараціла аднаго старога, і той засмаліўся, спавіты дымам і смуродам гарэлай гумы. Вазочнікі перакідваюць зьмярцьвелыя зьдзервянелыя ногі на падлогу і чакаюць, седзячы, як статуі, пакуль нехта падкоціць ім крэслы. Кабачкі мочацца ў ложкі, спрацоўвае электрашок і званок, і яны скочваюцца на кафляную падлогу, дзе чорныя могуць паліваць іх са шлянгаў і апранаць у чыстую зялёную ўніформу...

Шэсьць сорак пяць, бзыкаюць машынкі ў галільні, і вострыя ў люстэрках шыхтуюцца ў шэраг паводле альфабэту, А, Б, В, Г... Хронікі-хадакі кшталту мяне заходзяць, калі з вострымі скончана, потым закочваюць вазочнікаў. Астатніх трох старых, з покрывам жоўтай цьвілі на адвіслай скуры пад падбародзьдзямі, голяць у іхных крэслах у дзённым пакоі, прышпіліўшы за ілбы скуранымі пасамі, каб яны ня вырубіліся ад электрабрытвы.

Часам раніцамі – асабліва ў панядзелкі – я хаваюся і спрабую вырвацца з раскладу. Іншымі раніцамі я мяркую, што хітрэй будзе проста рухацца паміж А і В у альфабэтным шэрагу, як і ўсе астатнія, не падымаючы ног, – магутныя магніты ў падлозе цягнуць усіх праз аддзяленьне, нібы машынкі на атракцыёне.

Сёмая гадзіна, адчыняецца сталоўка, і парадак чаргі мяняецца на супрацьлеглы: спачатку вазочнікі, потым хадакі, а потым вострыя бяруць падносы, кукурузныя шматочкі, яечню з бэконам, тосты – а гэтым ранкам яшчэ й кансэрваваны пэрсік на лісьціку зялёнай парванай салаты. Некаторыя вострыя прыносяць падносы вазочнікам. Большасьць вазочнікаў – гэта проста хронікі з хворымі нагамі, але сярод іх ёсьць трое, у якіх целы ад шыі долу зусім не працуюць, дый вышэй ня вельмі. Іх завуць кабачкамі. Чорныя прыкочваюць іх, калі ўсе астатнія ўжо ўселіся, ставяць іхныя вазкі ля сьцяны і прыносяць ім аднолькавыя падносы з прымацаванымі дыетычнымі карткамі і гразкай цёртай ежай. «МЭХАНІЧНА АПРАЦАВАНАЕ МЯККАЕ» – напісана на картках для гэтых траіх: яйкі, шынка, хлеб, бэкон, усё перажаванае трыццаць два разы сталёвай машынай на кухні. Я бачу, як яна надзімае закратаваныя вусны, нібы шлянг пыласоса, і выплёўвае камяк пражаванай шынкі на талерку з такім гукам, як у хляве.

Чорныя загружаюць ежу ў ружовыя сьлінявыя раты кабачкоў крыху захутка, каб глытаць, і «мэханічна апрацаванае мяккае» вылазіць і спаўзае па малюткіх падбародках на зялёную ўніформу. Чорныя лаюцца на кабачкоў і разьдзіраюць ім раты, круцячы лыжкамі, нібы вышкрабаюць гніль зь яблыка.

– Гэты стары пярдун Блэстык, ён проста ў мяне на вачах на шматкі рвецца. Ужо й ня ведаю, жарэ ён пюрэ са скваркамі ці кавалкі свайго сранага языка...

Сем трыццаць, зноў у дзённым пакоі. Вялікая Сястра пазірае праз сваё адмысловае шкло, заўсёды адпаліраванае да празрыстасьці, і ківае ў згодзе з тым, што бачыць, потым працягвае руку і адрывае аркушык са свайго календара – на дзень бліжэй да мэты. Яна націскае на кнопку, каб усё пачалося. Я чую вібрацыю нейкай нябачнай вялікай бляхі. Усім увага. Вострыя: сядайце на сваім баку пакою і чакайце, пакуль прынясуць карты і «манаполькі». Хронікі: сядайце на сваім баку і чакайце скрынку-падарунак ад Чырвонага Крыжа з карцінкамі-складанкамі. Эліс: ідзі на сваё месца ля сьцяны, падымі рукі для цьвікоў і сікай сабе ў калашыну. Піт: круці галавой, як лялька. Скэнлан: рухай вузлаватымі рукамі на стале перад сабой, рабі ўяўную бомбу, каб падарваць уяўны сьвет. Гардынг: пачынай гаварыць, махаючы рукамі-галубамі ў паветры, потым злаві іх у пастку пад пахамі, бо дарослыя мужчыны ня мусяць так махаць сваімі прыгожымі рукамі. Сэфэлт: пачынай скардзіцца, што ў цябе баляць зубы і выпадаюць валасы. Усе разам: удыхнулі... выдыхнулі... У дасканалым парадку; усе сэрцы б’юцца з частатой, загаданай КРД. Гук адладжаных цыліндраў рухавіка.

Як у мультфільмах, дзе плоскія чорныя контуры фігурак прадзіраюцца скрозь нейкую дурнаватую гісторыю, якая магла б быць сапраўды сьмешнай, калі б гэтыя мульцяшныя фігуркі не былі сапраўднымі людзьмі...

Сем сорак пяць, чорныя ідуць уздоўж шэрагу хронікаў, прыладжваюць катэтэры тым, хто сядзіць для гэтага дастаткова спакойна. Катэтэры – скарыстаныя прэзэрватывы, абрэзаныя з двух бакоў і прыматаныя ізаляцыйнай стужкай да трубак, якія спускаюцца па назе ў плястыкавыя пакеты з надпісам: «АДНАРАЗОВЫ. НЕ ВЫКАРЫСТОЎВАЦЬ ДВОЙЧЫ». У канцы кожнага дня я мушу іх мыць. Чорныя прымацоўваюць прэзэрватывы да валасоў на целе, таму старыя катэтэрныя хронікі безвалосыя, як немаўляты, – валасы застаюцца на адарваных стужках.

Восьмая гадзіна, сьцены зумкаюць і гудуць напоўніцу. Дынамік на столі кажа: «Прыём лекаў», – голасам Вялікай Сястры. Мы глядзім на шкляную скрынку, дзе яна сядзіць, але яна ня побач зь мікрафонам; насамрэч яна ад мікрафона за тры мэтры, вучыць адну зь сястрычак, як правільна падрыхтаваць паднос зь лекамі, каб усе пігулкі былі ў дасканалым парадку. Вострыя шыхтуюцца ля шкляных дзьвярэй. А, Б, В, Г, потым хронікі, потым вазочнікі (кабачкі атрымоўваюць свае лекі пазьней, разьмяшаныя ў лыжцы яблычнай мязгі). Пацыенты падыходзяць па адным і атрымліваюць капсулю ў папяровым кубачку – закідваюць яе ў глотку, а сястрычка налівае ў кубачак вады – запіць. Зрэдку нейкі дурань можа спытацца, якія штукі яго абавязваюць глытаць.

– Пачакай крышачку, сонейка: што гэта за дзьве маленькія чырвоныя пігулкі побач з маімі вітамінкамі?

Я яго ведаю. Гэта вялікі злосны востры, які ўжо набывае рэпутацыю бунтаўніка.

– Гэта проста прэпарат, містэр Тэйбэр, ён вам на карысьць. Давайце, глытаем.

– Але я пытаюся, які гэта прэпарат. Вядома ж, я бачу, што гэта пігулкі...

– Проста глытайце ўсё, добра, містэр Тэйбэр?.. Ну, дзеля мяне, – яна кідае хуткі позірк на Вялікую Сястру, каб праверыць, ці прымальны гэты мэтад лёгкага флірту, а потым зноў глядзіць на вострага. Ён усё яшчэ не гатовы глытаць нешта, зьмесьціва чаго яму невядомае, нават дзеля яе.

– Міс, я не хачу ствараць вам праблемаў. Але і мне недаспадобы глытаць няясна што. Адкуль я ведаю, што гэта не адна з тых дзіўных пігулак, якія робяць мяне ня тым, кім я ёсьць?

– Не хвалюйцеся, містэр Тэйбэр...

– Хвалявацца? Я проста хачу даведацца, Божа ж ты мой...

Але Вялікая Сястра ціха падыходзіць да яго і бярэ за руку, паралізуючы яго да пляча.

– Нічога, міс Флін, – кажа яна. – Калі містэр Тэйбэр хоча паводзіцца, як дзіця, магчыма, зь ім так і трэба абыходзіцца. Мы спрабавалі быць зь ім добрымі і паважлівымі. Відавочна, гэта не працуе. Варожасьць, варожасьць, вось якую мы атрымліваем падзяку. Вы можаце ісьці, містэр Тэйбэр, калі не жадаеце прымаць лекаў пэраральна.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю