Текст книги "Выбраныя творы"
Автор книги: Янка Брыль
Жанры:
Советская классическая проза
,сообщить о нарушении
Текущая страница: 4 (всего у книги 36 страниц)
З вайны, улетку сорак пятага, Цімох вярнуўся смешна.
Кожнага мог ён падкалоць, нават і Ёсіпа, меншага брата, не шкадаваў. Той неяк прывёз зімою з лесу дзве тоўстыя крывуліны, скінуў на вуліцы перад хатай, і ляжалі яны ўлетку неакораныя, без кладуноў. «З аднаго палена будзе малатарня, а з другога арха», – гаварыў Цімох, намякаючы на тое, што Ёсіп быў «ні за кол, ні за цям», толькі што працавіты, як вол, і без толку гарачы.
З Германіі Цімох прынёс трафейнае… кавадла. Праўда, маленькае. І малаточак да яго, і клешчыкі. Але ж – кавадла!.. Відаць, што пацешна малое – таму і спадабалася, і валок, блізкі свет, хоць майстар быў ён не лепшы за Ёсіпа.
Як толькі я, трохі пазней, наведаўся з Менска дахаты і пачаў цікавіцца, хто, што і як, пра Цімоха з гэтым кавадлам мне расказалі адразу.
– Ну, як ты там? Як ваявалася? Як куецца? – спытаўся я, калі мы сустрэліся.
Маё апавяданне, у якім гаварылася і пра Цімохавы байкі, было ўжо напісана, але яшчэ не надрукавана. Зрэшты, тады мне неяк і не думалася, што ў Ніжнія Байдуны яно як-небудзь можа дайсці. Дый апісаў я Цімоха, вядома ж, пад іншым імем. І таму адчуваў сябе перад ім чыстым, смелым, не тое што трохі пазней…
– Спачатку быў у пяхоце, – сказаў Цімох з нейкай крыўдай у голасе. – А потым, браце мой, здалёк убачыў, што карова праглынула цвік, дык узялі мяне да коней.
– У кавалерыю?
– Ага, у тую, што ў хамуце.
Мы з ім былі на «ты», аднак ён быў на дваццаць з гакам старэйшы. Ужо, здавалася б, не крыўдна чалавеку і ў абоз.
Наступным разам мы сустрэліся з ім на нейтральнай тэрыторыі, больш чым праз год і зусім нечакана – на кірмашы ў райцэнтры.
Я ўжо ведаў, што Цімоху прачыталі маё апавяданне і ён як быццам сказаў: «От зараза!..» Як хочаш разумей: злуе чалавек, не злуе? Калі ён гукнуў мяне з гушчы кірмашных вазоў і коней, я ішоў да яго не вельмі каб спакойна…
Цімох сядзеў на возе адзін, нібы кагосьці чакаючы. Павіталіся. Тады ён, як і заўсёды, не спяшаючыся, дастаў з-пад сена торбу, з торбы хлеб і сала, накроіў аднаго, нарэзаў другога, зноў пасадзіў руку ў сена і дастаў бутэльку.
«Спачатку чарку дасць», – падумаў я асуджана.
А ён сказаў:
– З горла ды ў горла. Будзь здароў!
Пацягнуў добра сам і перадаў бутэльку мне. Самагонка, вядома. І добрая. Была сякая-такая прывычка, – я пацягнуў, нібы з адчаю перад цяжкай гутаркай, і мы пакуль што пачалі закусваць.
– Збіраешся, можа, зноў неўзабаве быць?
Я не збіраўся.
– А што?
– Прывёз бы, можа, пораху трохі? Бяздымнага.
Ну, калі толькі гэта, калі ягонае «от зараза!» – не злосць была, а пахвала байдуна байдуну, дык я табе магу і дымнага і бяздымнага!.. Аднак я сказаў пакуль што стрымана:
– Чаму ж. Пагляджу.
Падбадзёраны гэтым, Цімох пайшоў далей:
– І патронаў. Шаснаццатага. І шроту, калі ўжо так.
Пра апавяданне маё – ані слова. Мала таго – яшчэ і сам пачаставаў мяне вясёлымі навінамі.
Перш за ўсё – пра Асечку.
– І яшчэ, браце мой, не ажаніўсё. – Тут Цімох, пераймаючы Косцю, пляснуў у ладкі, звонка зарагатаў і тонкім голасам ускрыкнуў: – «Паспеем! Нажывёмсё!» А самому ўжо… Ну але, ён за мяне на год старэйшы, пяцьдзесят тры. І на вайну пасля партызан не ўзялі, як таго Лётчыка. Кавалер! Я яму ўдоўку нядаўна нагледзеў, у Хлюпічах. Грышку Лазовіча забілі, баба засталася. Пад сорак будзе. Гладкая, браце мой, адных цыцак колькі! І шые яшчэ на машыне. Праўда, дзяцей няма, але няўжо ж табе конча ўжо на гатовае? «Пайшоў бы ты, – кажу яму, – хоць голку ёй зацягнуў. Яшчэ ж у вушка, можа, пападзеш? Там жа, можа, не протар». – Цімох яшчэ раз перакрывіў Асечку: – «Паспеем! Нажывёмсё!» Збіраўсё ён нібыта, але ж і яна чакаць не будзе. Навалач нейкую знайшла, прымака. Нейкі Швілі ці Швіляў. Худзізна – скура ўжо не на рэбрах, а пад рэбрамі. Чорны, як Каін, і дзве левыя нагі. Тры дні, тры ночы, браце мой, з хаты не выходзілі! А потым выйшаў ён… Я якраз міма праходзіў, бачу: пааўзе і, як п'яны, хістаецца. «Ты што, – пытаюсё, – толькі што з шахты вылез?»
Літаратура! Дзе тыя ў чорта Хлюпічы – ці быў, ці бачыў, ці гаварыў што сам – не важна…
Пра самога сябе Цімох, памятаю, казаў: «Які я там бабнік – проста адзін баюсё спаць». Як там бывала раней – у вёсцы гаворана і гаворыцца розна, а ўжо ў пасляваенныя гады яму памалу рабілася не да гэтага. А пагаварыць, пацмакаць ласы ён быў і ў старасці.
Другая страсць, паляванне, таксама спакваля міналася.
У калгасе ён быў спачатку лесніком і заадно вартаваў зарэчныя лугі. Скардзіўся мне аднойчы, што вельмі ж нялёгкая гэта работа – сена ў копах пільнаваць, бо лясныя хутаранцы, шляхцюкі, «зладзеі спрадвеку», вельмі ж на копы тыя насядалі, цэлымі чародамі.
– Адзіналічнікі, браце мой, дый злосныя яшчэ, як тыя мухі ў спасаўку. Махалам не адмахаешся! Страляў я раз, страляў, а потым давай тою двухстволкай попускам – па нагах!
– Па іх страляў?
– Ды не. Солі якраз не было…
Потым яго шляхцюкі паўступалі нарэшце ў суседні, плёхавіцкі, калгас, і аднойчы Цімох, вяртаючыся з лесу, сабраў каля нашай хаты чараду мужчын – паказваў, як тыя хутаранцы выйшлі на сваю першую калектыўную сяўбу.
Мужчыны нашы днямі ўжо бачылі гэты спектакль, цяпер Цімох частаваў ім мяне, аднак рагаталі ўсе. Расказчык адзін за некалькіх сейбітаў п'яна крычаў на ўсялякія галасы, з розным ды розным тварам і жэстамі, уяўна набіраў насенне ва ўяўны фартух, за аднаго шляхцюка ішоў, хістаючыся, за другога паказваў першаму, як кіравацца на яго сігнальны свіст і ўзнятую руку, за трэцяга – толькі стаяў і тупа, дзіка глядзеў кудысьці… А потым сейбіты, зноў жа ў асобе аднаго Цімоха, ішлі да ўяўнага воза з мяхамі, дзе ў іх была пачатая ці поўная, і, як гаворыць адзін мой знаёмы паэт, папраўлялі там галаву.
– Толькі і ведаюць, што самагонку добрую гнаць, – спакайней канчае Цімох, сядаючы на лаўцы. – І не зловяць ніводнага, як пад зямлёю ўсё роўна гоняць. А бабы і дзеўкі старыя курыць з дасады пачалі. Культура! Нацягнуцца, браце мой, адна з другою – толькі вочы, як белыя гузікі або як у рыбы ў юшцы. Памочнікі прыйшліся плёхаўцам, работнічкі, трасца іх матары!..
Цімох і сам, як вядома было і раней, таксама не надта перадаваў. Што лянота, любоў да прыволля, а што ўжо і старасць. Яшчэ гадоў праз некалькі яго вызвалілі ад вартавання лесу і лугоў, і стаў ён хатнім, тым больш што сын і дачка, ужо гарадскія, з вясны падкідалі ім з Волечкай унукаў, і дзеду было каго вартаваць.
Усё жывое ён любіў, можна сказаць, згадаўшы Лермантава, «странною любовью». У хаце ў яго адзін час вісела клетка… з трыма пацукамі. Толькі хвасты звісалі паміж пруцікаў. «Чырыкаюць сабе», – казаў Цімох, ледзь не захоплена. А мог і пазабаўляцца, госця пазабаўляць. Здыме клетку з крука, раскруціць вяровачку ў далонях, а тады смяецца, бо яны, тыя чырыкалы, па меры таго як клетка аціхае круціцца, п'яна хістаюцца па ёй.
Аднак пра стрэльбу ён зусім не забываўся. Ваўкоў было ўжо куды менш, чым адразу пасля вайны, але страляць іх трэба было ўсё роўна.
Ад вёскі нашай да лесу найдалей адсунуўся, яшчэ здавён, хутарок Бурака, які таксама ледзь што не спаў з тою вудай ды стрэльбай.
– Прывезлі нам туды, браце мой, здохлага каня, – адзін такі вясёлы быў, зайшоўсё з рогату. Скінулі воддаль за хлявом, ад лесу. Сядзелі мы з тым Бурачком, сядзелі ноч, і другую, і трэцюю – не ідуць, чуюць нас калядныя салаўі. Толькі здалёк заспявае каторы…
– А з якім Бурачком – з Аркадзем?
– Які табе, браце мой, Аркадзь! З бацькам, з Кандратам.
Аркадзя, маладога Бурака, Цімох недалюбліваў. Можа, таму, што той стаў пасля яго лесніком і паплаўнічым, а то, глядзі, і за тое, што з вайны, з Германіі, Аркадзь прынёс не кавадла, а паляўнічую стрэльбу.
– Гэта дык стрэльба, браце мой! – хваліў мне яе аднойчы Цімох. – Завар – чатыры кальцы!
Чацвёртае кальцо да «Заўэра» дадалося тут ад зайздроснага захаплення.
Гады праз тры мы зноў успомнілі пра Бурачкоў трафей. Цімох толькі рукой махнуў.
– Не ў тыя рукі трапіць, дык у глум і пойдзе.
– Як гэта?
– Ды так. Гусі, браце мой, напрадвесні селі на лузе. Дзікія. Эх, зарадзіў Аркадзік завар і папоўз. Думае…
Цімох скрывіўся і ўголас паказаў, што тады моўчкі ды сам-насам думаў Бурачок: «Чым большы дам, птамаць, зарад, тым далей той шрот панясе, лепей, птамаць, дастане…» Добра, дурыла, даў таго пораху, дый бяздымнага яшчэ. Поўз, поўз, заскерыўсё (Цімох паказвае), прыцэліўсё і – цяў!.. Усяго таго, браце мой, завара к чорту парвала, і зубы яму апошнія ўшчэнт пакрышыла. Стралок! Крыстына Роўбіха потым пыталася (зноў адпаведны, тут танклявы, голас): «Што ты там, Цімафей, такое здзелаў? Гэта, кажаш, не ты, а Бурак? Свісцела, свісцела, а потым равела, равела!..»
Гэта ляцела, значыцца, левая руля Аркадзевай стрэльбы, якую «парвала наўздоўж». Аж на суседні хутар, добры кіламетр.
Ці праўда тут, ці трохі нейкай праўды, ці толькі зайздрасць, што ўжо не сам ты малады ляснік, што не ў цябе такі «завар», – праверыць мне не ўдалося. Дый не вельмі карцела. Тым больш што Аркадзя я потым неяк сустрэў у Менску, можна сказаць, зусім на хаду: ён спяшаўся на свой аўтобус, быў, вядома, без стрэльбы, і я толькі па ўсмешцы яго паспеў заўважыць, што зубы ў чалавека хораша ды бела адраслі. Тыя «апошнія, пакрышаныя ўшчэнт». Што ж, можа, і стрэльбу Бурачок таксама сабраў ды склеіў…
Згасаў Цімох памалу і доўга, ужо не ў лесе, не ў лузе, а ў хаце і каля хаты. Сівы і цяжка ссутулены, хоць і вясёлы. І лёг ён апошні раз таксама па-свойму, арыгінальна – на былым панскім полі, толькі што шчодра прырэзаным да нашых вельмі ж перанаселеных могілкаў на схіле крутога зялёнага ўзгорка. У вялікім квадраце роўнай жытняй пожні, у далейшым кутку – адна, бо першая, Цімохава, магіла.
«Якога ліха, браце мой, тоўпіцца там, дзе ўжо і ўздоўж, і ўпоперак, і наўскасяк», – падумалася мне ягоным словам, можа, нават з ягонай усмешкай, хоць і быў я там у той дзень у зусім невясёлым настроі…
«Я галодзен!»Лгаць не ўмелі і лгуноў не любілі браты Цівунчыкі. Хоць абодва таксама людзі бывалыя.
Жылі яны па-суседску, асобнымі гаспадаркамі.
Сцяпан, старэйшы, ваяваў у пачатку стагоддзя з японцамі, у Маньчжурыі, і жонку сваю называў па-кітайску – «фіма». Маладзейшы, Алісей, быў на першай сусветнай у Румыніі, і баба яго стала ад гэтага «фумеяй».
Дзядзька Сцяпан быў не толькі старэйшы, але і бывалейшы. Нават скончыў гарадское вучылішча, на той час – вельмі рэдкая для вёскі вышыня. Нядаўна адзін з маіх добрых знаёмых, вясковы настаўнік-пенсіянер, расчулена ўспамінаючы сваю далёкую маладосць, сказаў ажно так, што «гарадское – ого-го! – гэта больш, як цяпер аспірант». А мне пры гэтым успомнілася, як я рабіў калісьці ўрокі, а дзядзька Сцяпан, які сядзеў у нас, доўга глядзеў на мяне спадылба, а потым буркнуў – спытаўся, зусім нечакана:
– Сямю дзевяць?
Я быў у чацвёртым класе польскай сямігодкі, лічыўся нават выдатнікам, але так разгубіўся ад гэтага раптоўнага пытання, што ляпнуў штосьці не так.
– Д-да, вучоба! – сказаў дзядзька Сцяпан з прыціскам, якім і перакрэсліваў усё, што не па Малініну з Бурэніным.
Гадоў праз трыццаць пасля гэтага, калі ўжо ў мяне было больш за дзесяць кніжак на трох мовах, стары аднойчы пацікавіўся, на лавачцы перад хатай, што ж я ў тым горадзе раблю. Мы былі толькі ўдвух, аднак ён спытаўся зусім па-змоўніцку, ледзь не шэптам:
– Што, Антонавіч, па-відзімаму шчатаводам, д-да? Рублёў пяцьсот акалпачваеш?
Гэта яшчэ дарэформенных, на сённяшнія – пяцьдзесят.
Што ж, «несть пророка» і ў Ніжніх Байдунах… І ў Байдунах, і па суседству. Неяк улетку, калі ўжо тых кніжак было з пятнаццаць, ды на мовах чатырох, ішоў я да цёткі ў Плёхава. А насустрач, стоячы на пустых вазах, весела ехалі два плёхаўскія падшыванцы. Звычайна ў нашым баку школьнікі вітаюцца са старэйшымі, нават і незнаёмымі, але цяпер яны, два гэтыя хлопцы, былі на канікулах, памагалі вазіць снапы. Моўчкі мінулі мяне, а потым першы звонка, радасна крыкнуў другому:
– Валерка, бачыў? Во дзе рыла наеў!
Я засмяяўся, але ж, прызнаўшыся, трохі і прыкра было.
Там – малыя. А з дзядзькам Сцяпанам – другое. З гарадскім вучылішчам, з такою бываласцю, ён не чытаў ніколі ні кніг, ні газет. Не верыцца нават, што сам калі-небудзь і радыё мог уключыць. Гэта – пасля вайны ўжо, калі ён, нарэшце, развітаўся з беднасцю, калі аджыла яго вечная скарга «я галодзен», што была заадно і мянушкай.
З японскай вайны ён вярнуўся фельдфебелем з двума «Георгіямі» і цяжкім раненнем. Не хапае адной рабрыны, трасуцца сінія, набрынялыя рукі. Зрэшты, яны трэсліся ўжо і тады, калі я ўведаў яго, калі з дзіцячым захапленнем і жахам слухаў яго расказы пра штыкавыя баі. Пасля Маньчжурыі была Адэса-мама, то ўзлёт да пісара, то падзенне да біндзюжніка. Жаніцца прыехаў у родную вёску (ці не прыехаў, казалі, па шпалах прыджгаў), тады ўжо ўдваіх падаліся ў Піцер. Быў там шчаслівы перыяд у іхнім жыцці, калі ён спачатку служыў тэатральным пажарнікам, а пасля паштальёнам. А потым – зноў Ніжнія Байдуны, ды ўжо шасцёра дзяцей і поўная ў дзядзькі Сцяпана няздатнасць да гаспадаркі. З братам у іх надзелы былі роўныя, але старэйшы, які так доўга «не сядзеў на бацькаўшчыне», жыў намнога бядней, як ні трапяталася яго «Сама», жанчына ўладная і працавітая.
Ён не любіў ні Качкі з яго кітайскім Танку, ні Лётчыка з яго Пецяргофам, ні Цімоха з яго мясцовай маною. У жыцці дзядзькі Сцяпана было залішне сапраўднай бывальшчыны, аднак і ў смяшнейшых расказах яна была ў яго чамусьці прасякнута то горкім скепсісам, то апатыяй і цынізмам. Расказваючы, ён не шкадаваў і самога сябе:
– Д-да, біндзюжнікі… Наша прапіўшаяся брація… Адзін прарэзаў у мяху дзіркі: для рук і галавы. А ўтары – зусім голы. «Мар-роз – тока звёзды мярцают!..» Гэта – адзін. А той, што ў мяшку: «Д-да, б-брат, сачуўствую, і сам у прошлым гаду без адзёжы страдаў». З такою публікай жывал Сцяпан Міхайлавіч. На самым дне Максіма Горкага. Патом – праверка. Гоняць нас, галубчыкаў, ад самага сіняга мора ды ў паліцэйскі ўчастак. «Па аднаму! Па аднаму!» Уваходзіш – адзін вярзіла стаіць, кулакі па пуду. Ка-ак смажат па рожы – ляціш да дзвярэй! А там утары вярзіла. Ка-ак саданёт па шэі – дзвер башкой адкрываеш. І ўсё, ты ўжэ на вуліцы і нікакіх фармальнасцей, апяць ты ў самага сіняга мора.
Пра «фіму» сваю і наогул пра ўсіх жонак:
– Д-да… Толькі ажэнішся – так і пайшло! Рот разявіць:
«А-а-а!..» Ты туда лапці, бацінкі, анучы, чулкі! Ты туда кофты, спадніцы, шляпкі, зонцікі, платкі! Мала, мала і мала! У Піцеры фіма мая і да святога прападобнага Іаана Кранштадскага мяне таскала. Ка гробу яго чудатворнаму, за благадзенствіе памаліцца. Д-да… Палажу сваю трудавую лепту да яшчо і лбом сваім собсцвенным стучу, як баран, у той халодны каменны пол. Сама, усё яна сама…
Аднойчы Сама адна паехала на кірмаш, купіла парку парасят, а яны аказаліся няежныя. Дацягнулі сяк-так да наступнага кірмашу, і прадаць парасят Сама паслала свайго Сцяпана. Яшчэ і непагадзь была, як на тое. Дзядзька стаяў, згорбіўшыся, каля воза, дарма стараўся сагрэць у рукавах мокрага, палапленага кажушка набрынялыя сінія рукі. Худая кабыла грэлася рэшткамі мокрага сена, а на ручцы воза вісеў завязкамі доўгі, мокры мех, у якім, ужо на зямлі, варушыліся ды кавэнчылі ацэплыя «пацучкі».
– Парасяты? – спытаецца, праходзячы, магчымы пакупец.
– Д-да, б-брат. Б-бяры, хоць рукі мне апрастай. Ніч-чаво не ядзят.
Цярплівасць яго вельмі рэдка, аднак жа ўзрывалася дзікасцю страшнага гневу. Тады хапала і Самой, і дзецям. А потым ён зноў уваходзіў у сваю апатыю і скепсіс, спускаўся да панылага, бясконцага: «Я галодзен. Мне б уцілізіраваць свіных плячэй…»
– Д-да… У свабоду было, – успамінаў ён петраградскую вясну семнаццатага года. – Талпа збярэцца – мітынг. Адзін узлезе на бочку: «А-ла-ла-ла!..» Той не кончыў – сцягнулі з бочкі, а то і па шэі далі – зляцеў. Потым другі, потым трэці, чацвёрты… А я стаю – у адным кармане булка, у другім кармане каўбаса. І я на бочку – гоп! Маложа быў, лягчэйшы. Тока хацеў «а-ла-ла!» – а тут мяне за штаны ды па шэе. І ўжэ не пяты, а шастой на бочке. Д-да… У адным кармане булка, у другім – каўбаса… І чаго я хацеў?
Горкі і беспрасветны смех. Кароткімі, сутаргавымі рыўкамі.
Японцы ў яго, ідучы на штыкі, крычалі не «банзай!», а як туркі – «ала!». І сцвярджалася гэта з матэматычнай катэгарычнасцю. Як і тое, што сам ён, «лічна», будучы паштальёнам, «насіў пошту пісацелю Гогалю. У дзевяцьсот дванаццатым і позжа». Яшчэ і малюнак даваўся, як той Гогаль, ці нават Гогалеў (куды важней), хадзіў «задумчыва па сваім велікалепным кабінеце», а потым «харашо даваў на чай».
Быў у дзядзькі Сцяпана і трохі святлейшы смех, – зрэдку, нямнога, але быў. Пасе ён, скажам, карову – прыпасвае на повадзе на сценцы, палявой дарозе, або на поплаве сярод збажыны. І суседскія дзеці таксама прыпасваюць. Пагаварыць малым ахвота не толькі паміж сабою, але і са старым. І шукаюць пра што. За раскошнай улетку хлебнай далінай, воддаль – на ўзгорку, над хатамі і дрэвамі мястэчка светла ўзвышаецца царква, белая, з салатавымі купаламі.
– Дзядзько, а цэркаў перад Сёмухай пабялілі, – пачынае бліжэйшая ад старога дзяўчынка.
– Д-да, пабялілі, – згаджаецца ён.
– Дзядзько, – не сунімаецца гаваркая суседачка, – а як гэта яе пабялілі? Так жа высока! Як?
– Очань дажа, уважаемая, проста: павалілі, пабялілі і апяць паставілі.
Сваіх дзяцей ён, вядома ж, таксама любіў. Але іх было многа на такую бядоту, а да таго ж яшчэ абодва хлопцы не вельмі ўдаліся. Старэйшы, якога клікалі па мянушцы – Жмака, сам пакінуў вучыцца, па два гады пахадзіўшы ў першы і ў другі класы, а меншага, Мішу, выгналі з трэцяга за безнадзейныя двойкі і злоснае хуліганства.
– Д-да, – гаварыў пра гэта дзядзька Сцяпан, – оба выбылі па сакрашчэнію штата.
Словы такія дзядзька любіў. Да нас, вечарамі, заходзіў ён часта, сядзеў і расказваў доўга. І амаль заўсёды, адыходзячы, маме нашай, што нястомна сядзела на прасніцы, гаварыў з аперэты, якую калісьці слухаў з-за сцэны, быўшы пажарнікам, – стары старой гаварыў:
– Д-да… Да свіданія, Джульетка, паслязаўтра я прыйду.
Але прыходзіў і назаўтра.
І ён, і ягоКуды весялейшы быў другі Цівунчык, дзядзька Алісей, той самы, якога богведама чаму празывалі Рыўкай.
Яго ўжо даўно тым часам няма, больш за дзесяць гадоў, а я нядаўна, у сонечны дзень і ў светлым настроі, адзін ідучы па варшаўскай адноўленай вуліцы Кракаўскае прадмесце, успомніў дзядзькаву прыгаворку. На польскай мове на ніжнебайдунскі лад:
«Ішла пані Ядкова па Кракоўскім пшадмесці і згубіла седэмнасце злотых. Кеды цывільны зналяз – проша оддаць, а кеды жолнеж – згінэнло на векі векуў. Аман».
Калі разліць на стале трохі вады і, побач, трохі малака, каб гэтыя лужынкі сышліся, мяжу паміж вадой і малаком не правядзеш. Гэта я недзе прачытаў, у нечым разважанні пра этнаграфічныя межы.
У нас, беларусаў, яны размываюцца з пяці бакоў, на стыках з Польшчай, Летувой, Латвіяй, Расеяй і Ўкраінай. А ўсярэдзіне? У нашым заходнім кутку?
Мая бабуля па маме з пятнаццаці год служыла ў маёнтку пакаёўкай і потым, усё жыццё, будучы праваслаўнай, малілася па каталіцкай кантычцы. Прывучыла да польскіх малітваў і дзеда. Тым больш што дзеда, яшчэ маладога, паўстанцы восемсот шэсцьдзесят трэцяга года бралі ў абоз і потым ён «адбываў пакаянне пры нясвіжскім кляштары», можа, таму, што Ніжнія Байдуны ў паншчыну належалі Радзівілам. За праваслаўныя грахі дзед калоў каталіцкія дровы, насіў ваду, цэлымі днямі касіў мятлою. Наша Ўлляна, ад якое я ўсё гэта чуў, сама памятала яшчэ, як дзед, ужо стары, даўно пасля таго пакаяння, маліўся «па-панску». Дзеда па маме звалі Іван, а дзеда па бацьку Даніла. Некага там хаўтурылі з нашых сваякоў, і дзед Іван, пакуль прывезлі папа, чытаў над нябожчыкам па кантычцы. Дайшоў у той літаніі да слоў «свенты Данелю, мудль се за намі», зірнуў на свата Данілу і, грэшны беларус, засмяяўся. На адпяванні!.. Дзед Даніла таксама быў панскім парабкам, толькі ў іншым маёнтку, таксама трохі набыльваў па-польску, відаць, яго там Данелем і клікалі.
Бацька наш з самага моладу, ад пугі дваровага пастуха, падаўся ў горад, на чыгунку, многа ездзіў па Эўрапейскай Расеі, Украіне, Малдавіі, Закаўказзі, сяк-так далучыўся да расейскай культуры, любоў да яе прышчапіўшы і нам, сёстрам Улляне і Надзі, брату Паўлу, які застаўся ў Савецкім Саюзе, Андрэю і мне. Але ў яго, у бацькавых, расказах мы чулі многа і ўкраінскага: і анекдоты, і песні, і так паасобныя словы.
Ну, а калі ўжо гаварыць пра нас, тое пакаленне «заходнікаў», чыё маленства і маладосць прыйшліся на міжваеннае дваццацігоддзе пад буржуазнай Польшчай, дык нас тады «размывала» знутры і школа, і служба ў войску, і турма, і падаткава-шарварковыя сутыкненні з нялепшымі сынамі братняга народа…
Дзядзька Алісей бываў таксама далёка. Салдатам служыў у Чыце, ваяваў у Румыніі і ў Галіцыі, а ў маладосці, да салдатчыны, працаваў у маёнтку пані Ядковай сыраварам. Праўда, сыры аднойчы былі не ўдаліся, і, каб зацерці сляды, рагатун Рыўка з яшчэ адным такім майстрам, не з нашай вёскі, уз'ехалі з цяжкім возам на стары склеп, і ён праваліўся.
І прыгаворка пра «седэмнасце злотых» – адтуль.
Школьнікам я ахвотна маляваў. Найахвотней «партрэты». То алоўкам, то акварэльнымі фарбамі. Не з натуры, а больш па памяці або «зрысоўваў» з кніг, з паштовак. Аднойчы, дома, гэта быў Хрыстос у цярновым вянку. Над гэтай копіяй і застаў мяне дзядзька Алісей, мой самы часты назіральнік і дарадчык. Малы, як маці казала, «маляр» падпёр шчаку языком і робіць выгляд, што яму абыякава, хто там стаіць за спіной, а сівы аптыміст прыглядаўся спачатку моўчкі, а потым не стрываў:
– Во-во! Давай!.. Пане божа, ты мяне ствожыл, а я цябе намалёвал, спшэдал і пянёндзы пшэпіл!..
Таксама, відаць, успомнілася ці не з маёнтка, з парабкоўскага фальклору.
Наша маці, калі ўжо і старая была, магла часамі заспяваць, прадучы ці шыючы, не толькі роднае «Учора не быў, сягоння не быў», не толькі расейскае «Все люди живут, как цветы цветут», але і такое вось «польскае»:
Сядзем, паедзем, каханне маё,
ніц не паможа плаканнё тваё,
ніц плаканнё не паможа —
стоён коні, стоён уроны —
юж залажоны…
Дзядзька Алісей заходзіў у нашу хату адзін раз, напрыклад, з такою прыгаворкай:
Прыйшоў, прыдыбаў казёл пад акенцо:
«Ці прадуць, ці вядуць дзеўкі вераценцо?..»
Гэта – тады, калі ў хаце былі скудзельніцы, хоць і даўно ўжо не дзеўкі, пра якіх далей гаварылася так:
І прадуць, і вядуць, вераценца шумяць.
А як прасці не хоча – за казла яе аддаць.
Іншым разам былі прыгаворкі яшчэ больш недарэчы – абы вясёлыя. Скажам, такая, пра пераборлівую паненку:
«Святая пакрова, пшыедзь хоць на пары коней – дальбуг жа, не пуйда!» А потым, дзеўкай насядзеўшыся: «Свенты Дамініку, пшыедзь хоць на едным коніку – дальбог жа, пуйда!»
Таксама сумесь беларускага з польскім, нават і са святамі: праваслаўнымі Пакровамі і каталіцкім Дамінікам.
Было і румынскае: «Нушты русешты, нумот румэнэшты» – «Не разумею па-расейску, толькі па-румынску». Была і тая «фумея» – на цётку Зосю, яго гаспадыню.
Былі ў дзядзькі і словы свае: «гамталязікі» – пра аладачкі або піражкі, «ахламенька» – пра сала ці каўбасу, «камінарнік» – пра франтаватага кавалера або пра мужа наогул…
Лаяўся ён з натуральнай і шчодрай свабодай. Любімая прымаўка, і да мужчын, і да жанчын аднолькава: «Будзь дуг, на…ы ў шапку!» Гутарачы з нашай маці на зусім сур'ёзныя, жыццёва важныя тэмы, ён гаварыў:
– Дзеўкі мае, Катрыно, зрабілі ў хаце цэлую краму: паліца вобуву – чаравікі, туфлі, снягоўцы. Што ні заробяць – тарпу ў князя капаючы, на жніве, на бульбе – усё на с…, усё на сябе! Шура адны боты зрабіў – і ўсё. А гэта? Зіна сабе, Ліда сабе. Ды ўжо і Жэнька, глядзі ты, ладнае курвяня.
– Каб табе, Алісейка, язык нечага аблез! Ну як жа можна так – на сваё, на такое харошае?
Маці нават плявалася, без усякай, вядома, надзеі, што праз два-тры словы такога ці горшага не пачуе.
Тут, з жанчынай, у яго было яшчэ нейкае далікацтва, а поўная свабода – у мужчынскай кампаніі.
У Цімоха Ярмоліча, я гаварыў ужо, быў меншы брат, Ёсіп. Калі яны з Цімохам падзяліліся, Ёсіпу прыйшлася бацькава хата. Яна стаяла глухой сцяной да вуліцы, а ён захацеў павярнуць яе фронтам дый адарваць такім чынам ад сяней, каморкі і хлява, якія ўзяў з падзелу Цімох. Сабраў Ёсіп усю вёску мужчын, узялі мы той апусцелы ды раскрыты зруб на добрыя друкі і, пад каманду Асечкі, заўсёды найбольш ахвочага да талакі, толькі хацелі напяцца рвануць угару і панесці – пачуўся натужны голас дзядзькі Алісея:
– Перанясенне машчэй з бардака ў паліцыю!
Большасць чула такое ўпершыню, сказана яно было пад руку, настрой гурту і так прыўзняты, узбуджаны, – што ж, грымнуў рогат, і хата зноў асела на стары падмурак. Шчасце яшчэ, што не зусім набок.
У блазнаванні сваім ён быў заўсёды лёгкі, рухавы. Што мне цяпер успомнілася, дык гэта наша «вострая брама». Андрэю было тады семнаццаць. Гаспадар. А мне дванаццаць. Памагаты. Змайстравалі мы браму ад вуліцы, з новых штыкетаў. Хацелі, вядома ж, каб здорава, на дзве форткі, уверсе з бакоў абрэзаныя ўвагнутыя паўкругам, а пасярэдзіне – востра. Начапілі форткі на крукі – атрымалася крыва, не зачыняецца… Я рагачу, Андрэй – у злосць. Ён на мяне сказаў Гезыль, а пасля і зусім Касавокі, а я на яго то Цененькі, за пісклявы голас, то Вярблюд, хоць ён гарбатым або слінявым ніколі не быў. Сядзім на лаўцы злосныя, маўчым. Добра, што хоць нікога няма. І маці з Надзяй у полі, на поліве. А тут – на табе! – едзе аднекуль дзядзька Алісей. Спыніў перад намі кабылу, скокнуў з воза. А нас нібыта зусім і не бачыць. Падышоў да брамы, укленчыў, зняў шапку, перахрысціўся і рукі злажыў:
– Святая, вострая, негабляваная! Амін, амін!..
Гора ў жыцці яго было многа. Два разы гарэў. Другі раз так, што «і попел развеяўся, і каменне патрэсканае». Без пары памерла «фумея», дабрадушная цётка Зося, а потым Зіна, старэйшая замужняя дачка. У акупацыю другую дачку, Ліду, разам з яе Сяргеем, малымі дзецьмі і Жэнькай, найменшай і найспраўнейшай дзядзькавай дачкой, якая гасціла тады ў Ліды на хутары, карнікі арыштавалі ў блакаду і вывезлі ў Германію. Там яны ўсе і пагінулі з дзецьмі, – ніхто не скажа дзе – у лагеры якім ці ад саюзніцкіх бомбаў. А тады яшчэ, і зусім дабіваючы старога бацьку, з фронту прыйшло, што загінуў і Шура, адзіны сын.
Зусім аглухлы, дзядзька Алісей апошні свой час хадзіў палявым вартаўніком. Закурваючы з ім, вясёлы брыгадзір Васіль Кураўка крычаў старому ў самы твар:
– Ты ўжо толькі дарогаю, дзядзька Алісей, хадзі!.. Дарогаю, кажу, хадзі!! А то павалішся дзе-небудзь, і не знойдзем!..
Уцяміўшы, што да чаго, стары спачатку смяяўся, а потым махаў рукою: «Ат, адзін чорт!» Але і то, здаецца, весела. І тупаў полем ці дарогаю далей. Пакуль зусім не натупаўся.
У адрозненне ад старэйшага брата, Сцяпана, з яго гарадскім вучылішчам, дзядзька Алісей, што закончыў толькі царкоўнапрыходскую, ахвотна і многа чытаў. Пры Польшчы з кнігамі ў вёсцы было вельмі туга, у акупацыю тым больш, а потым ужо ён, як сам гаварыў, прысмактаўся да нашага клуба, дзе памалу расла сабе ладная бібліятэка.
І яшчэ адно – самае сімпатычнае ў ім – дзядзька любіў дзяцей. За што, вядома, і яны яго любілі. Не толькі сваіх і не толькі свае.








