355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Янка Брыль » Выбраныя творы » Текст книги (страница 35)
Выбраныя творы
  • Текст добавлен: 5 октября 2016, 23:29

Текст книги "Выбраныя творы"


Автор книги: Янка Брыль



сообщить о нарушении

Текущая страница: 35 (всего у книги 36 страниц)

Зноў прыгадаўшы ўражанне, якое я адчуў, перачытваючы па-расейску працу Адамовіча пра Чорнага, – свежы позірк на тое, што мы, беларусы, нясём у скарбніцу агульналюдской духоўнай культуры, – прыемна прадбачыць і тую радасць, з якой мы сустрэнем выхад кнігі «Браму скарбаў сваіх адчыняю…» у серыі «Жизнь замечательных людей», – гэта павінна здзейсніцца.

Будуць і іншыя радасці не толькі ў літаратуразнаўстве, але і ў другой (ці ў першай?) галіне дзейнасці Алеся Адамовіча – у прозе, дзе ён арыгінальна і плённа прычыняецца да ўзмацнення маштабнасці нашай мастацкай літаратуры. «Хатынскую аповесць» мне давялося чытаць тройчы – па-беларуску, па-расейску і па-польску. На ўсіх гэтых мовах, радасна адчуваў я, чытаючы, аповесць па сваёй сутнасці і беларуская, і, разам з тым, агульналюдская. Бачыў я ўжо выданні ўкраінскае, чэшскае, славацкае, нямецкае… Буду бачыць выданні на мовах далейшых краін. Разам з усімі шчырымі прыхільнікамі таленту Адамовіча і я быў двойчы ўсцешаны высокім айчынным прызнаннем яго «Хатынскай аповесці» – прэміямі Міністэрства абароны СССР і Дзяржаўнай прэміяй Беларусі. І ў гэтым не нейкі там збег выпадковасцей, не свой ці нечы арганізатарскі спрыт, ціск службовага аўтарытэту – гэта поспех сапраўдны, заслужаны.

Сёння Алесь Адамовіч у новых клопатах, у новых пошуках вырашэння свае запаветнае тэмы. Удвух з Даніілам Граніным ён ужо трэці год запісвае расказы людзей, якія перажылі блакаду Ленінграда; удвух з «масфільмаўскім» рэжысёрам Э. Клімавым працуе над мастацкай кінакарцінай «Забіце Гітлера»; а сам, ужо адзін, піша тым часам новы празаічны твор, і радасці, і пакуты гэтай працы носячы толькі ў сабе.

* * *

Успамінаюцца словы старога, вясёлага медыка:

«Нішто так не ўплывае на ўзрост, як гады». І Сашу – пяцьдзесят… Мы ўжо не дужаемся, хоць і на самай прывабнай траве. Часу як быццам няма… Ды гэта не настройвае на лад зусім мінорны. Маладзеем у працы, якое наперадзе многа.

1977

Наш Караткевіч
1

Паслязаўтра год, як яго няма…

За маім расчыненым на ўсход акном, у пакоіку на гарышчы вясковага дома, застыла ў чаканні, можа, нарэшце, і сенакоснага дня сонечна-церпкая, росная раніца, асабліва прыгожая пасля зацяжных дажджоў. Над акном, у белацагляным вільчыку, пачырыквае ды шалпочацца ў цеснаватым ужо гняздзе ластаўчына малеча, падлёткі. З блізкага лесу зрэдку пачуецца гівал. Гэты голас Валодзя любіў. У слове пра маё пяцідзесяцігоддзе, успамінаючы наша падарожжа па маіх родных мясцінах, ён называў гэтага птаха двойчы і за пісьмовым сталом, чуючы яго песню, – «дзьме ў дудку з вадой». Час ад часу недзе воддаль гаркне варона, зімой і летам аднолькава, а ўсё ж, здаецца, сёння трошкі прыгажэй.

Во, і ластаўкі маладзенькія так ужо блізка – зляцелі з гнязда, паселі на белых фортках акна. Калупаюцца дзюбкамі ў новым перайку, прыхарошваюцца, змалку чысцюлі, зрэдку якая чырыкне штосьці, як і мама з татам, зусім даверліва, не баючыся чалавека. Бачу іх праз сетку фіранкі, няхай сабе менш выразна, але ж з жывымі ценямі, якія пацешна трапечуцца на ўзорыстай белі. Гэта тады, калі прылятае адно з бацькоў і насустрач чарговай мошцы ўся дзетвара адразу і галасамі, і крылцамі выказвае нецярплівасць.

Каб ён, Валодзя, наведаў мяне тут (а гаварылася ж!..), дык і заціхнуў бы разам у назіранні, а потым і засмяяўся б, па-свойму гучна ды молада, што акно цяпер шаноўнай панечцы гаспадыні прыйдзецца мыць часцей!..

Успамінаю словы яго, што ўразілі нядаўна, пры перачытванні шматпакутнай кнігі «Нельга забыць»:

«Прыйдзе дзень, і мяне не будзе. А свет не застанецца без слоў.

…Прыйдзе дзень, і мяне не будзе. Але будзе вечнай зямная цеплыня.

…А на цёплай зямлі ў буркатлівых галубоў лапкі ў векі вякоў будуць каралавымі».

Зусім інакш чытаецца гэта цяпер, чым чыталася вось ужо больш за дваццаць гадоў таму назад, у рукапісе.

Увосень васьмідзесятага я запісаў у блакноце:

«Думаў учора, што трэба будзе перачытаць Караткевіча, якога я чытаў найбольш у першых рукапісных варыянтах. І гэта па-свойму гаворыць мне пра яго значнасць. У нейкай залежнасці ад яго юбілею».

Пасля, праз няпоўныя чатыры гады, прыйшла другая – горкая, балючая залежнасць. Жаданне перачытаць паўтарылася. За гэты год перачытаў амаль усё надрукаванае. (Найбольш – за гэтым столікам, на якім цяпер пішу.) У мностве папак, якія мы, сябры, сумна кажучы – члены камісіі па яго літаратурнай спадчыне, перабралі ў папярэднім азнаямленні, ёсць яшчэ нямала таго, што будзем не перачытваць, а чытаць упершыню. Асабліва блакноты з рабочымі запісамі зачараванага вандроўніка па самых розных кутках Беларусі, па ўсёй савецкай краіне і за межамі яе, з запісамі хатнімі, за перагружаным сталом. Уражанне ад таго, што ён паспеў зрабіць, як ён нямала зрабіў – пазней яшчэ пабольшыцца. Яно немалое і так, я гэта адчуваў над яго старонкамі неаднойчы. І мне з ім добра было, нібы з жывым гаворачы…

Інакш загучалі і пісьмы Валодзевы, паўсотні пісем з Воршы, з Масквы, з Рагачова. І мае да яго таксама перачыталіся цяпер інакш. І аўтографы на кнігах таксама гучаць па-іншаму. Хоць бы такі, апошні на тытульнай старонцы «Чорнага замка Альшанскага»:

«Другу майму з год былых, цяперашніх і, спадзяюся, доўгіх яшчэ будучых…» Дата: «11 лютага 84 г.». За пяць месяцаў і чатырнаццаць дзён…

Днямі, яшчэ раз убачыўшы гэты аўтограф, успомніў словы Адама Багдановіча з яго ўспамінаў пра Максіма. Не памятаю іх у зусім дакладным гучанні, помніцца жаль, які і ў мяне кладзецца ў падобныя словы: «Не думаў я, што мне прыйдзецца пісаць пра цябе, а не наадварот…»

Леташні ліпень… Валодзя паехаў зноў на Палессе, у апошняе, скажам цяпер – у адчайнае падарожжа. Некалькі дзён перад гэтым, калі ён вярнуўся з Кіева, з юбілейнай сустрэчы выпускнікоў універсітэта імя Шаўчэнкі, а я «на дзянёк» прыехаў з вёскі, мы гаварылі па тэлефоне. Ён мне сказаў, што ў Кіеве яшчэ застаўся наш агульны друг, таксама былы «шаўчэнкаўскі» студэнт, Флёрыян Няўважны, вядомы польскі ўкраініст, шчыры, актыўны прыхільнік і нашай літаратуры. Знайсці яго можна зноў жа па сяброўскай лініі, цераз іх аднакашніцу, кіяўлянку Музу Сняжко. З гэтай мілай жанчынай, якую я пакуль што ведаю па расказах беларуса ды паляка і па голасе ў тэлефоннай трубцы, мы нямала пагаварылі пра нашага беларуса. Куды менш весела, чым сумна, заклапочана. І з Флёрыянам крыху пазней – таксама. Муза Яўгенаўна перадала мне пасляВалодзева фота, зробленае ёю ў Кіеве, у тым апошнім чэрвені. Ён быў зусім стары на сваім толькі пяцьдзесят чацвёртым годзе, стары і тужліва-зняможаны.

І здымак той, для мяне апошні, і гутарка па міжгароднім з украінкай і палякам, і наша з Валодзем гутарка па тэлефоне менскім – усё было апошнім нечакана.Як яно, такое,было ўжо неаднойчы, як будзе і потым. Да нас, у нас, пасля нас…

Здарылася так, што ў тыя ліпеньскія дні я злёг у вёсцы ад нейкага віруса, дзён колькі ныў у нязвычна высокай тэмпературы, і жонка, вярнуўшыся з Менска, застаўшы мяне хворага, не адразу паведаміла пра страшнае. Гэта было пад вечар 27-га. А ў дзве гадзіны поўдня, яшчэ адзін, у пэўным прасвятленні, я ўключыў транзістар, узяў пасля Менска Варшаву, дзе якраз дванаццаць, і пачуў адтуль славуты кракаўскі «гейнал».

Хай мне прабачаць тыя, хто гэта ведае і сам, – сказаць трэба для тых, хто не ведае. «Гейнал» гэты, шчымліва прыгожы, глыбока гістарычны голас горна з акна высачэннай вежы Марыяцкага касцёла, гучыць на ўсе чатыры бакі свету кожную гадзіну. І кожны раз мелодыя яго абрываецца недагукам.На ўспамін пра тую татарскую стралу, што – па легендзе – упілася ў напружанае горла гарніста ў адзін з жахлівых для стольнага Кракава дзён 1241 года. Я гэты «гейнал», – хвалюючы, радасна-ўрачысты, з сямівекавым абрывам ў канцы, – ведаю яшчэ з тых даваенных, заходнебеларускіх дзён, калі і ў нашу хату маленькім і вялікім цудам прыйшоў чорны эбанітавы радыёпрыёмнічак з навушнікамі. Чуў яго потым і непасрэдна, у Кракаве, то знарок, то міжвольна спыніўшыся на прасторнай, гладка забрукаванай плошчы, з найбольшай сілай адзначанай тою плітой з надпісам, на месцы якое наш высакародны, палымяны зямляк Касцюшка, паўстаўшы на няроўную барацьбу, прысягаў сваю вернасць паняволенаму народу.

«Гейнал» гучыць, лунае з аднаго акна. Пасля чуваць завучана мерны крок гарніста, які няспешна ідзе да акна другога. Потым ён нясе свой урачысты голас да трэцяга, да чацвёртага…

Гэтак чуваць мне па радыё. Я слухаў, лежачы, і ўжо не першы раз успомніў, што туды, на тую касцельную вышыню – 222 крутыя прыступкі – да тых гарністаў аднойчы цудам, праз усе забароны, трапіў і беларус. І гэта быў вясёлы беларус, адзін з нашых найлепшых, калі не найлепшы апошнім часам знаўца сваёй і суседскай гісторыі. Не ведаю, чуў ужо ён тады ці не чуў, што гэты ж хмельна-вясёлы подзвіг зрабіў да яго вельмі дастойны польскі аптыміст і рызыкант паэт Галчыньскі, пан і таварыш Канстанты Ільдэфонс, высокай пробы слова якога Караткевіч ведаў і любіў. Ну што ж, з усмешкай думаў я, слухаючы песню горна, не важна, што быў папярэднік, – так ці так, а яно і ў нашага рызыканта зрабілася молада ў кожным узросце.

Бог мой, і гэта ўсё – думкі, усмешкі мае – было якраз у тыя хвіліны, калі за сто кіламетраў, у Менску, якраз пачалося жалобнае развітанне. З тым, каго і я любіў, люблю, як дарагога, нялёгкага, светлага, незабыўнага брата…

Яшчэ праз два дні мне сказалі ўсё, паказалі газету з некралогам.

2

Пра нашу першую сустрэчу і знаёмства ён пісаў у згаданым ужо юбілейным «штрыхавым партрэце» пад назвай «Мой друг і мая зямля», назвай, якая тады, на старонках «Маладосці», здалася мне хоць і прыемнай, але залішне ўзнёслай. Што ж, па-ягонаму. На той, улетку І955-га, нарадзе маладых пісьменнікаў я не быў, прыехаў з Нарачы, калі яна ўжо закончылася. Аднак да сустрэчы з Караткевічам паспеў пачуць пра яго, як пра найцікавейшага з маладых. А сустрэліся мы ў кнігарні, дзе ён здзівіў мяне і маладым, свабодна гучным беларускім голасам у размове з прадаўшчыцамі, і колькасцю купленых кніг, і сваім адметным выглядам высока-танклявага юнака, маладзейшага за свае, як потым стала мне вядома, дваццаць пяць.

Гадоў праз дваццаць, а то і больш, на адной з менш вясёлых сустрэч, я спытаўся ў яго, ці памятае ён таго ўкраінскага вясковага настаўніка, пачынаючага беларускага паэта, неацяжаранага, імклівага ў юначай захопленай чысціні, – ці добра памятае сябе з тых дзён, калі прыйшоў да ўражанага чытача першай кніжкай паэзіі, а неўзабаве і прозы, калі пісаў сябрам, і маладым, і старэйшым, поўныя і перапоўненыя гумарам, розумам, аптымізмам пісьмы, калі бываў у іх сем'ях жаданым, у кожны дзень святочным госцем?.. Не зазлаваў Валодзя ад гэтага няментарскага пытання, толькі пасумнеў ледзь не да слёз у вялікіх вачах, пачаў, як і ўсе мы, раздражнёна шукаць прычын перш за ўсё толькі звонку. Хоць і было тых вонкавых, «аб'ектыўных» прычын вельмі нямала, як на аднаго, няхай сабе і дужага.

Няўжо так было заўсёды і так заўсёды будзе, што некаторым з найбольш таленавітых трэба прабівацца да чытача з незвычайнымі цяжкасцямі ды перашкодамі, як потым акажацца – лішнімі і шкоднымі не толькі для носьбіта таго жывога агню, але і для сапраўднай літаратуры? Потым акажацца… А тое потым прыходзіць не толькі позна, але ж і запозна. І вінаватых як быццам няма…

Кнігу «Нельга забыць» вышэй я назваў шматпакутнай. Паміж яе часопіснай публікацыяй і першым асобным выданнем прайшло больш за дваццаць гадоў. Перачытваеш цяпер і дзіву даешся, чаго, за што, навошта чапляліся да кнігі адкрытыя ды закрытыя выдавецкія рэцэнзенты, куды глядзела само выдавецтва, чаму не больш настойліва змагалася за правы таленту пісьменніцкая грамадскасць? Раман «Каласы пад сярпом тваім», у якім з дыстанцыі, пры перачытванні, яшчэ больш удзячна бачыцца ва ўсёй гістарычнай грунтоўнай эпічнасці яшчэ і чыстата, шчырасць захаплення, мудрасць высокай чалавечнасці, – раман гэты трэба было прабіваць згуртаванымі сіламі літаратараў і навукоўцаў. З няменшым націскам прабіванне ішло і ў Маскве, дзе ў адным шаноўным выдавецтве мне давялося пачуць, што Караткевіч, – аўтар двухтомных «Каласоў…», «Дзікага палявання караля Стаха», яшчэ некалькі ёмкіх аповесцей, многіх яркіх апавяданняў, вершаў, нарысаў, п'ес, – што Караткевіч, бачыце, «не дарос да асобнай кнігі»!.. Такога могуць дамагчыся крыкуны ды шаптуны, зайздроснікі ды «знаўцы»!.. Крыху пазней паэтычная аповесць, а то і паэма ў прозе – «Чазенія», першая Валодзева кніга прозы ў перакладзе на расейскую мову, пабіла ўсе шматгадовыя рэкорды па колькасці чытацкіх пісьмаў у выдавецтва «Молодая гвардия» і, дзякуючы гэтаму выданню на мове нашых братніх кантактаў, неўзабаве сіганула за Пірэнеі, да чытача іспанскага.

Тут дарэчы будзе згадаць, як добра, хутчэй, чым у іншых краінах, Караткевіч быў зразуметы, прыняты ў залатой, скарынаўскай Празе. Мне жыва помніцца гордае адчуванне сяброўскай, зямляцкай радасці, нябрыдкай зайздрасці, з якімі я прыняў з рук дырэктара выдавецтва «Svoboda» важкую, багата ілюстраваную таміну рамана «Хрыстос прызямліўся ў Гародні». Раман гэты, як і «Дзікае паляванне…» і «Нельга забыць» (раней чым дома!) выйшлі ў Чэхіі ў дабротным, як ацэньваюць знаўцы, перакладзе – з арыгінала – нашага добрага і нястомнага друга Вацлава Жыдліцкага.

Цяжкасці, перашкоды… Усё такое ды падобнае трэба было пераносіць чуламу сэрцу, вострай сумленнасці, абражанай годнасці чалавека і мастака. Аднаму, у горкай самоце, з роднымі і сябрамі, дзе былі і мудрая падтрымка, і бездапаможнае спачуванне, і шкоднае перазахвальванне з застольных вуснаў спачувальнікаў не вельмі шчырых або проста і недалёкіх, а гэта ж і для моцнай, мэтанакіраванай натуры можа стаць згубным…

Валодзя быў моцны не толькі духам. Я бачыў, як ён нястомна плаваў у сваім рагачоўскім Дняпры, у Чорным моры пры васьмі-сямі градусах, мы з ім нямала пахадзілі па сцежках горных і нізінных. Рыбак, і летам, і зімой, надрэчны вогнепаклоннік; і ў мора хадзіў з рыбакамі як свой чалавек. Зацікаўлены, цягавіты, вясёлы ў сваёй дужасці – такі ён быў і, здавалася, будзе заўсёды…

А потым малады знаёмы медык ціха расказваў мне пра апошнія дні і гадзіны свайго пацыента, цану якому ведаў і ён. У Валодзі не было ўжо ні ціску, ні пульсу, а ён яшчэ ўсё гаварыў з дзяжурным доктарам. І гэта яшчэ раз сведчыць, наколькі дух нашай добрай надзеі заставаўся мацнейшым за цела, так заўчасна зняможанае, загубленае навалай неабавязковай немачы.

Цяжка пра гэта гаварыць…

3

І я не мог. Два месяцы не мог пісаць далей пачатае. А вось перачытаў яго і захацелася сказаць:

Смейся, мой слаўны, і спявай, як мы смяяліся і спявалі, асабліва ў дарозе!

Трохі свайго я ўжо расцерушыў у надрукаваным (з апошняга – «Адкрытка» ў кнізе «Сёння і памяць»), мала сказаўшы пра Валодзеву шчырую, натуральную паэтычнасць, прастату і складанасць, дзіцячую схільнасць да смеху, часамі крыўдлівасць, таксама ледзь не дзіцячую, лёгкую ранімасць, што ніколі не затойвалася ў недастойнай помслівасці, пра яго юначы рамантызм і сталае высакародства, што пераходзіла сяды-тады ў крыху пацешнае рыцарства, як быццам ён пазычаў яго ў сваіх гістарычных герояў.

Пра некаторыя з нашых падарожжаў ён пісаў. З ім нялёгка спаборнічаць – столькі зоркага вока, вернай рукі, безагляднай свабоды і добрага сэрца ў яго то, здаецца, зашчодрых, то заскупых, аднак заўсёды яркіх, дакладных штрыхах.

У дарозе мы маладзеем, часамі нават дзяцінеем, ці што. Ад адчування свабоды, палёту ў новае, якога ў нас наперадзе – так верыцца – вельмі многа.

Стары, маўклівы шафёр, чалавек практычна-хітраваты, і Валодзева мама, таксама старая, інтэлігентная жанчына, маглі аднойчы, майскай ранняй раніцай, кожны па-свойму здзіўляцца, недаўмяваць, што гэта вычвараюць тры дарослыя пісьменнікі, едучы з Менска на многа дзён з намерам рабіць у гэтай самакамандзіроўцы штосьці сур'ёзнае?..

А быў такі намер, была такая задума. Утрох – Караткевіч, Барадулін і я – мы вырашылі наведаць разам родныя мясціны кожнага з нас, пабыць там столькі, каб потым можна было разам напісаць пра гэта. Разам… А можа, і не варта шкадаваць, што мы не напісалі тое ўтрох? Відаць, і не змаглі б як след. Чэхаў казаў пра сааўтарства, што нельга ўдвух іграць на адной скрыпцы, а тут жа нават утрох. Потым Валодзя збольшага напісаў, а мы з Рыгорам не. Аднак яно бясследна не прайшло для нас, для творчай памяці – тое цудоўнае падарожжа ў два прыёмы: на іх радзіме вясной 1965-га, на маёй – праз год.

А для пачатку мы ў машыне, сонечнай раніцай, на лёгкапахадной дарозе, спявалі, балбаталі і смяяліся. Былі і песні-імправізацыі. Скажам, на паскакушна-хлёсткую мелодыю «бульбы», якую, як вядома, вараць, параць і таўкуць, складалася песня, новая, з жывымі героямі ды пацешнымі сітуацыямі, якая ў запісе, калі б я цяпер зрабіў яго, не гучала б так весела ды бяскрыўдна для некаторых сяброў і таварышаў рознага ўзросту і рангу, як бяскрыўдна, дасціпна гучала яна тады. Радасць палёту ў родную, новую красу, да новых людзей шукала выхаду, знаходзіла яго ў блазенскім рыфмаплёцтве, то разам, то на змену, ад кожнага па кветцы ды калючцы.

Весела ды цікава бывала і ў іншым складзе, у розны час. Утрох у машыне, з двума Ўладзімірамі, Караткевічам і Калеснікам (за рулём) – па маляўнічых прасторах заходняй Гарадзеншчыны; да гэтых трох дадаўшы Міколу Аўрамчыка – Пружанскі, Камянецкі раёны, маці-Белавежа; з Фёдарам Янкоўскім – у яго Клетным каля Глуска, у легендарнай Рудабелцы…

Дарогі, дарогі!.. І па зямлі, што «пад белымі крыламі», і па ўсёй нашай раздольнай неабсяжнасці.

Між іншым светла помніцца Магнітагорск, калі мы былі зноў на некалькі год старэйшымі, аднак і зноў шчасліва, радасна гатовымі амалоджвацца падарожжам, свежасцю песні і смеху. Ад велізарнай ямы, што зеўрае на месцы гары Магнітнай (гара пайшла ў асноўным на танкі і снарады Вялікай Айчыннай), ад палымяна-грымучых цэхаў славутага камбіната, ад цікавых, адказных сустрэч са сталяварамі, бібліятэкарамі, школьнай моладдзю, ад менш ды больш дымных, копатных кварталаў абапал ракі Ўрал, граніцы Эўропы і Азіі, гасцінныя гаспадары на выхадныя дні вывозілі нас у свае дамы адпачынку. Над Банным возерам, назва якога, па легендзе, паходзіць ад «банно-прачечного» прывала, які тут дазволіў свайму войску Пугачоў. У башкірскіх гарах, у тым Абзакаве, дзе было так беласнежна, белабярозава і сонечна, што маладзейшыя ды смялейшыя з нашай групы, – а першы, вядома, Караткевіч, – да пояса голыя загаралі… у сакавіку. Дзесяць пісьменнікаў, што дзесяць дзён знаёмілі магнітагорцаў з беларускай літаратурай, мы там былі, вядома, не адны, з гаспадарамі і гаспадынямі. І зноў жа – столькі смеху было, столькі песень! І нават сярод маладых ды маладзейшых за яго самым вясёлым, непасрэдным бачыўся, чуўся ён, Валодзя…

Дзень яго сумнай гадавіны быў сонечны, як спецыяльна пасля занудна-заложных дажджоў. Пасля соснаў і кветак над месцам яго спачыну, ужо за людным сталом, дзе многа, шчыра і цвяроза гаварылася пра таго, хто сапраўды «быў, ёсць, буду»,як сведчыць назва апошняй з падрыхтаваных ім самім кнігі паэзіі, адзін з яго найбліжэйшых сяброў, Адам Мальдзіс, з якім мы побач сядзелі, спытаўся ціха пасля майго выступлення:

– А пра той цвік ва ўспамінах вы скажаце?

Мы ціха засмяяліся… не, толькі ўсміхнуліся, нібы з ягодазволу, ледзь не з імразам, з нашым Уладзікам. Бо прыгадалі такое.

Нястомны падарожнік, замілаваны знаўца роднай даўніны, ён умеў акружаць сябе, сваё месца на свеце, свой дом і стол і кніжныя паліцы ўсім тым, што люба, што заўсёды гаворыць пра запаветнае, галоўнае.

Гадоў некалькі мы жылі па-суседску, за сцяной майго рабочага пакоя была яго сталовая, хутчэй гасцінная, густоўна і шчодра запоўненая рознай, дробнай і буйнейшай, даўніной. Разьба, карціны, чаканка, ліццё, шкатулкі, альбомы.

І вось аднойчы за сцяной у мяне пачуўся спачатку нібы асцярожны, але ўсё больш ды больш настойлівы стук малатка. У тым месцы, дзе гэты стук цэнтраваўся, на сцяне маёй пачаў прыкметна ўздрыгваць, напухаць, трэскацца пафарбаваны тынк. Кавалачак яго вось-вось мерыўся адваліцца. А потым, ад стуку таго, не вельмі ахвотна, а ўсё ж палез, пачаў вытыркацца даволі вялікі цвік!..

Першае, што я зрабіў, гэта гукнуў туды: «Эй, вы!» і на дадатак грукнуў у сцяну кулаком. Тады пайшоў да суседа. Маё «эй, вы!» сказалася як быццам у прадчуванні, што гаспадар там не адзін. І сапраўды – удвух, з Мальдзісам. Сабраліся прыладзіць на сцяне драўлянага, у блекла-светлых фарбах старадаўняга, касцельнага або каплічнага анёла. Для гэтага спачатку трэба было ўбіць цвік, прытым адпаведна надзейны.

Нічога не кажучы, я запрасіў майстроў да сябе. Перад маёй салатавай сцяной яны застылі ў недаўменні. Пасля даўгаватай мінорнай паўзы наш паважаны Адась Іосіфавіч, – і сапраўды паважаны за сваю плённую працу ў родным літаратуразнаўстве, за свае чалавечыя, таварыскія якасці, – здзіўленне выказаў першы. Даволі сімпатычна ды салідна прышапетваючы, са сваім, усюды абавязковым «перш-наперш», ён спытаўся глыбакадумна, з багатым вопытам архіўнага даследніка:

– Чаму ж ён, перш-наперш, лезе адтуль не вастрыём, а капялюшыкам?

Зрэшты, адразу прызнаюся: гэтага ён, здаецца, не сказаў, – гэта я ўбачыў у яго нязвычна разгубленым позірку, і потым, расказваючы пра здарэнне, так той позірк «агучыў».

Яшчэ больш разгублены быў паважаны Ладысь Сямёнавіч. Ну, зусім-зусім як малы, з поўнай дзіцячай верай у казачна-фантастычнае. Той Валодзя, які як часам здавалася, ведаў усё на свеце, паэт, празаік, драматург, публіцыст з трыма вышэйшымі асветамі, з зайздроснай памяццю і фантазіяй, з начытанасцю ўсебаковай і грунтоўнай.

І мне прыйшлося прызнацца, каб потым ужо ўтрох зарагатаць.

Гадоў некалькі перад гэтым, рыхтуючы кватэру да рамонту, я выдзіраў у сваім пакоі цвікі з-пад карцін, каб потым, на свежых сценах, павесіць іх інакш. Ёсць жа і ў гэтым нейкае задавальненне. Найбольшы цвік, які трымаў пейзаж у масіўнай раме, цягнуць я пабаяўся, каб не выдраць і глыбу тынку (а то і проста філасофія ляноты), і забіў яго на ўсю глыбіню. А потым ён гладка знік пад новай афарбоўкай. І трэба ж так – той цвік, што забіваўся пад анёла, трапіў якраз у мой падпольны, канец у канец, і мой палез – сусветна-гістарычна – капялюшыкам наперад.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю