355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Янка Брыль » Выбраныя творы » Текст книги (страница 18)
Выбраныя творы
  • Текст добавлен: 5 октября 2016, 23:29

Текст книги "Выбраныя творы"


Автор книги: Янка Брыль



сообщить о нарушении

Текущая страница: 18 (всего у книги 36 страниц)

Брат № 17643

Быкаўнянскія сосны больш дародныя за нашы, што ў Курапатах, хоць і растуць таксама на пясчаным грунце. І лес як быццам чысцейшы, цяплейшы. Як у нас на Берасцейшчыне. Сярод соснаў сям-там акацыі, якім гадоў па дваццаць пяць. Трава і траўка, свежая, якою гэтай вясной пакрылі раскопкі, маскуючы сляды эксгумацыі. Яшчэ і бярозкі, таксама сёлета пасаджаныя, – у светлым дзіцячым няведанні яны хораша прыняліся, зелянеюць новай лістотай, пяшчотна стракацяць тоненькімі стваламі і галінкамі.

Прастадушны румянец вялікіх півоняў – букеты ў нашых руках. Я прыехаў сюды са сваім даўнім сябрам, украінскім пісьменнікам. Кветкі мы пакладзём да помніка з чырвонага граніту, перад якім стаімо. На ім надпіс: «Вічна пам'ять», а што было яшчэ ў правым ніжнім кутку – пра ахвяры… нямецка-фашысцкіх зверстваў – акуратна здзёўбана. Нядаўна. Пад націскам грамадскасці.

«У мяне не забілі нікога – ні маці, ні жонкі, ні брата…» Успамінаецца такі пачатак ваеннага верша аднаго з нашых паэтаў. Гэты першы радок засеў у памяці даўно і частавата паўтараецца з нейкім няпростым сэнсам.

Успамінаецца і бліжэйшае, з телеперадачы пра адкрыты, паказальны суд паміж староннікамі розных лагераў: прасталінскага і новага, сучаснага. Слова сваё прагрэсіўны адказчык пачаў з таго, што ў сям'і яго ніхто не быў рэпрэсіраваны, і таму ён будзе гаварыць зусім аб'ектыўна. Як і той, у каго не забілі нікога, і таму ён пра зверствы гітлераўцаў таксама гаворыць з вышэйшай пазіцыі.

І дзякуй Богу, што не забілі, не рэпрэсіравалі.

А ў мяне тут брат, у сябра майго жончын бацька. Усенароднае мы адчуваем праз сваіх. Мяркую так па сабе, бо мы, вядома, маўчым. Усе ж яны, якіх тут пад старой і новенькай травой толькі сям-там прыкрытая безліч, усе камусьці блізкія, а з гэтых блізкасцей і складаецца неабдымна жахлівая лічба сталінскіх ахвяраў, пра якія так пранікнёна гавораць словы памінальнай малітвы: «…имена же их Ты, Господи, веди…» І ад свайго, ад роднага ідучы, я неяк бачу, нібы ўяўляю мноства тых, каго не бачыў, не ведаў, а намагаюся адчуць іх жывымі, у невыносных пакутах. З яшчэ большай безліччу іхніх сем'яў, таксама ж ахвяр, пакутнікаў.

Зусім нядаўна я ўпершыню дакрануўся да братавай «справы».

Адзін з карэспандэнтаў «Литературной газеты», не той, што званіў мне два месяцы таму назад, а цяпер у далёкім ад'ездзе, – другі, старэйшы, знаёмы і паважаны даволі даўно, дапамог мне і кіеўскаму сябру скантактавацца з гарадской пракуратурай. Там нас прыняў следчы па Быкаўні, сярэдніх гадоў таварыш, інтэлігентны і сціплы.

Нечакана, адразу расхваляваўшыся, я пачаў гаварыць яму тое, што чуў і думаў дагэтуль пра брата, паўтараць паўвекавую сямейную легенду пра «сына польскага памешчыка», закатаванага ў белацаркоўскіх засценках, які на спатканні з жонкай сказаў, – я паўтарыў гэта ледзь не з прыплачам гордасці, – што ён нічога не падпісаў…

І тут таварыш следчы па асоба важных справах падсунуў злева да сябе нейкую папку, разгарнуў яе і ветла, сумна паведаміў страшнае, паваротнае:

– Падпісаў. Падпісаў…

І адразу дадаў пра вочную стаўку з братам у турме, пра што ў папцы маецца запіс.

Той чалавек, з кім была вочная стаўка, братаў таварыш па працы, разам арыштаваны ў трыццаць сёмым па падазрэнні ў шкодніцтве, у пяцьдзесят шостым, калі рыхтавалася Валодзева рэабілітацыя, засведчыў – братава прызнанне ва ўсім, што яму навязвалі, выбіта катаваннямі.

А галоўная яго «віна», адно з трох абвінавачванняў, – славуты, увіверсальвы шпіянаж. Але не ў польскім варыянце, як можна было б па простай логіцы меркаваць, а… нямецкі, на карысць Германіі, яшчэ з дагітлераўскай пачаўшы, з дваццатых гадоў…

Здаецца, што не пазней, а іменна тады, у горкім ашаламленні такім паваротам трагедыі, я ўспомніў не толькі тое наша пісьмо пра градабой трыццатага года і словы з Валодзевага пісьма: «Вы пишете, что у вас побил град. А кто у нас побил – черт его знает». Калі ён мог такое пісаць за мяжу, дык мог жа і думаць так, і гаварыць з кім-небудзь. Я ўспомніў і іншае. Спачатку тое, як мы ад'язджалі з Адэсы, як Валодзя, плачучы, ніяк не мог закончыць развітвацца з бацькам, на хаду саскочыў з праёма таварнага вагона, у якім мы ўжо ціха паехалі, і доўга махаў услед сваёй студэнцкай шапкай. І тут жа ўспомніў я, як вясной дваццаць чацвёртага Валодзя нам пісаў, што, атрымаўшы вестку пра бацькаву смерць, ён кінуў усё і паехаў да нас, у Загора, аднак на граніцы яго затрымалі, вярнулі назад. Гэта магло б лічыцца доказам, не меншым за тое «черт его знает», але не стала, знайшлося другое…

Карэспандэнт, якога з намі не было, які папярэдне дагаварыўся са следчым пра наша спатканне і даў нам з сябрам сваю службовую машыну, спачатку ў пракуратуру, потым у Быкаўню, гаварыў мне па тэлефоне, што братаву справу хутчэй за ўсё, дый напэўна, мне не пакажуць: таямнічае «не положено…».

Папка ляжала перад следчым, разгорнутая на той вочнай стаўцы, а я глядзеў на яе здалёк, усё-такі збіраючыся папрасіць – хоць кінуць вокам, хоць у руках патрымаць. Следчы тым часам рабіў сваё. Паколькі справа пачыналася са знойдзенага муштука, ён спытаўся, ці пацвярджаю я, што брат мой курыў. Я сказаў, што па расказах маці і старэйшых братоў ведаю – курыў. Спачатку ўпотай, выходзячы на балкон. Ад матчынага вока цяжка што-небудзь утаіць. Калі бацька вярнуўся з чарговай паездкі, яна расказала яму пра патайныя папяроскі. І бацька вырашыў справу так, што падарыў даросламу любімцу партсігар – куры ўжо адкрыта.

Расказваючы гэта, я нібы раптам успомніў, што пазычыў у Віктара Валін фотаальбом, а там жа на адным са здымкаў – Валодзя якраз з цыгарэткай у муштуку. Не надта выразна, аднак…

– О, гэта вельмі важна, – сказаў следчы. – Альбом з вамі?

Ён папрасіў прынесці яго з гасцініцы. А я спытаўся пра муштук – ці можна паглядзець. Яго, аказалася, няма, ён у іншым месцы, вось толькі фотаздымак, але ў адным экзэмпляры, і даць мне хоць здымак нельга.

Калісьці пра аднаго з маіх літаратурных герояў я напісаў, што ён любіў часамі ісці да сэрца другога чалавека напрасткі. Гэтую рысу характару я герою пазычыў. А цяпер, успомніўшы пра яе, вырашыў прымяніць. Пачаў з муштука, што вельмі хацеў бы яго не толькі ўбачыць, але атрымаць, як горкую сямейную рэліквію. А тады сказаў і пра папку. І потым дзякаваў сабе ў душы за тое напрасткі. Пра муштук следчы сказаў, што той, магчыма, пойдзе на экспертызу, аднак ён перадасць маю просьбу. А што да папкі, дык прамаўчаў, а потым знайшоў такі выхад:

– Пачнём з таго, таварышы, што вы цяпер, паколькі транспарт у вас ёсць, паедзеце ў Быкаўню, а пасля абеду пазваніце, каб я быў на месцы, і прыязджайце з альбомам.

Я зразумеў, што тут не ўсё залежыць ад яго, хоць ён і па асоба важных справах, аднак і на яго, як чалавека, можна разлічваць.

Сябру майму, паглядзеўшы даведку пра таксама пасмяротную рэабілітацыю яго цесця, медыка з дарэвалюцыйнай адукацыяй, ён сказаў «пакуль што» адно: расстраляны – бясспрэчна, але ці ў Быкаўні закапаны, ці ў іншым лесе каля Кіева – цяжка сказаць. Такіх захаванняў знойдзена некалькі, і яшчэ, трэба думаць, яны не ўсе…

Пасля абеду мы званілі з майго гасцінічнага нумара ў пракуратуру доўга і беспаспяхова. «Найгорш даганяць і чакаць» – мудрасць з вялікага вопыту. Толькі зусім пад канец рабочага дня панылыя працяглыя гудкі перасталі нас раздражняць – трубка паднята!

Следчы, яшчэ задыхана, растлумачыў простую прычыну: ездзіў па выкліку, толькі што зайшоў, і ясна, таварышы, – сустрэнемся ўжо заўтра ўранку.

Глядзенне на папку толькі здалёк і на наступны дзень закончылася не адразу. Сябру майму не было чаго рабіць у пракуратуры, і я прыехаў туды адзін. Следчы спачатку пазнаёміўся з «вельмі важным» фота ў прынесеным мною альбоме, папрасіў яго для пераздымкі, прыняў у мяне другія братавы фатаграфіі, копіі іх, захопленыя мною з Менска, нібы з прадчуваннем патрэбнасці, а тады выклікаў падначаленага, даў яму тую балючую папку, а мяне папрасіў ісці з гэтым таварышам у яго кабінет. Я падзякаваў з пэўнай палёгкай, зразумеўшы, што і прасіць, і чакаць было варта. І ўжо раскрыўся душой на чытанне, якім бы яно ні было для мяне…

У сваім кабінеце новы таварыш сядзеў не адзін, за другім сталом пісаў нешта яшчэ адзін супрацоўнік. А сам ён папрасіў мяне прысесці паўзбоч яго стала, на якім станкачом грувасцілася старая пішучая машынка. Таварыш сеў таксама. А папка лягла на стол – зноў здалёк… Таварышу трэба было спачатку апытаць мяне для справы па Быкаўні, пасля надрукаваць пратакол…

Праз месяц я зноў сядзеў у гэтым пакоі. Таварыш зноў апытваў мяне, дадаткова – пра тыя здымкі, якія я даў следству, а ён тады забыўся спытацца ў мяне, хто там яшчэ на тых здымках, калі яны, здымкі, рабіліся. За другім разам гутарка наша была карацейшая, і таварыш убачыўся больш сімпатычным, асабліва калі сказаў, што тады, у тыя трыццатыя, проста «уничтожались все мыслящие люди», калі да ўсяго, што мною чыталася ды чулася, ён дадаў і такое, новае для мяне, так сказаць – «чыста савецкае». Некаторым жанчынам яшчэ і цяпер паведамляецца пра пасмяротную рэабілітацыю мужоў, а гэтыя цёткі ды бабкі, аказваецца, не проста не ведалі пра тое, што іхнія расстраляны або памерлі ў лагеры, а думалі столькі гадоў, што гэта яны, сволачы, пакінулі сям'ю, удала замёўшы сляды…

А першы раз таварыш апытваў мяне так няспешна, у два пальцы клацаў на сваім «станкачы» так марудна, даваў мне той пратакол прачытаць, падпісаць… А папка ўсё ляжала… і мне ўжо да болю хацелася выбухнуць, толькі ж баяўся, што напсую, і цярпеў, паглядаў. І нарэшце яна, тая ліловая папка з пяцізначным нумарам, чорна, выразна выведзеным пасля стандартна надрукаванага «ДЕЛО», лягла перада мною на суседнім невялікім стале.

Анкета. Ордэр на арышт. Другі – на вобыск. Даносаў няма, допытаў сведак таксама. Пачата справа 27.ХІ.1937 года. Пасля – паўза на цэлыя чатыры месяцы, а 22.ІІІ.1938-га – «заявление» на імя начальніка аператыўнай групы «куста», падпісанае вязнем белацаркоўскай турмы. Служыў дзянікінцам. Потым дэзерціраваў з Чырвонай Арміі. З 1928 года нямецкі шпіён, цераз консульства ў Кіеве. Шкодніцтва на працы заатэхнікам, знішчэнне маладняку. І перад подпісам вязня – подпісам іншым почыркам! – такая канцоўка:

«Моя работа как шпиона и двурушника заслуживает тяжелейшего наказания, сознавшись чистосердечно прошу даровать мне жизнь и дать возможность исправиться».

Гэта я запісаў.

Ашаломлены болем, ухапіўся пасля таго «заявления» за сведчанні братавых саслужыўцаў, узятыя пад канец 1956 года. Таксама выпісаў з некаторых галоўнае. Перш за ўсё тое – з вочнай стаўкі.

Ветэрынар Л. Клісенка, у адзін дзень з Валодзем арыштаваны за сумеснае шкодніцтва на рабоце, да чаго потым яму дадаліся яшчэ і «антысавецкія анекдоты», праз два месяцы пасля вочнай стаўкі быў выпушчаны з турмы, а ў кастрычніку пяцьдзесят шостага засведчыў, «як камуніст», што на той вочнай стаўцы:

«…Бриль подтвердил о тех анекдотах. На коридоре я возмущенно спросил, как же это ты сделал, и он мне сказал: „Если бы тебя так избивали, как меня, ты еще не то сказал бы“. Наблюдая за Брилем, я заметил, что он находился в крайне подавленном состоянии и был ко всему безучастен. Тогда он бросил такую фразу: „Если бы ты знал, что я на себя наговорил! Я уже не жилец на этом свете, я почти слеп“. Более того, в тот момент Бриль производил впечатление полувменяемого человека».

У пакой да таварыша, які здымаў з мяне пратакол, і да яго маўклівага супрацоўніка за трэцім сталом пачалі заходзіць то адзін, то другі, з пагаворваннем пра абед. Мяне з папкай пакінуць аднаго, вядома, не маглі, і я пачаў спяшацца. А ўсё ж і са сведчанняў іншых братавых саслужыўцаў у пяцьдзесят шостым паспеў сёе-тое выпісаць.

Я сазваніўся з сябрам, да якога паабяцаў зайсці адгэтуль, і не падумаў адразу, чаму ён здзівіўся, што я не стаў слухаць, як мне лепш даехаць да яго, сказаў, што дайду пехатой.

А тады я ішоў – спачатку ўніз па крутым завулку, завужаным высокім плотам нейкага будаўніцтва, а потым доўга, вельмі доўга па люднай, шумнай вуліцы. І ў маёй утрапёнай душы паўтараліся то чорныя, то святлейшыя плямы з той акаяннай папкі, то запісаныя мною, то не. Канцоўка «заявления», падпісаная іншым почыркам, – тая апошняя просьба.

Вузенькая паперына, не першы і не другі, а то і не трэці або чацвёрты, цьмяна-мурзаты экзэмпляр з-пад машынкі, куды персанальнае ўпісана ад рукі, а ўсё падпісана чырвоным алоўкам і замацавана трохкутнай пячаткай – пра тое, што «приговор приведен в исполнение».

Братавы словы ў двайной падачы – цераз Клісенку і таго, хто пратаколіў: «Если бы ты знал, что я на себя наговорил!.. Я уже не жилец…»

Тады яшчэ словы іншага саслужыўца, старшага заатэхніка В. Коваля, які ведаў Валодзю ў 1930–1937 гадах:

«Характеризуя Бриля с политической стороны, я могу сказать, что он был настоящий советский человек. Политикой он не интересовался, так как все время отдавал основной работе. Случаев вредительства в совхозе не было никогда. Один из лучшнх совхозов не только на Украине, но и в СССР…»

Яшчэ адзін, Ф. Гацэнка, дырэктар саўгаса, у якім Валодзя працаваў раней, у іншым кутку Кіеўшчыны:

«Работал Бриль добросовестно, все у него было в образцовом порядке. Всем своим поведением он создавал впечатление лойально настроенного по отношению к советской власти человека».

Звычайныя, пратакольна будзённыя словы. Можа, яны і гаварыліся людзьмі, якія сведчылі, даслоўна так, а хутчэй так службова запісваліся. А мне яны гучалі так па-людску, так высока, змястоўна, былі такою светлай разрадкай у невыноснай чарнаце, што я, як толькі выйшаў са старога цаглянага дома пракуратуры, яшчэ спускаючыся па крутым, пустым завулку, заплакаў ад шчасця такога выхаду ў справе, ад удзячнасці тым людзям…

Дайшоўшы нарэшце да сябра, я пачаў званіць па гарадской даведачнай, шукаць тэлефоны тых, чые адрасы запісаў. Адзін з Васількава, другія два кіяўляне. Аказалася, што тэлефонаў кватэрных няма. А ісці шукаць людзей я ў той дзень не мог.

Назаўтра ўранні, па тэлефоне развітваючыся са следчым, чаго я не змог зрабіць учора ў пракуратуры, бо ён кудысьці пайшоў, я спытаўся пра тых, каму хацеў падзякаваць. Ён адказаў, што ўсе яны ўжо не жывуць. Пра гэта я і сам учора, астыўшы, падумаў: дзе там – дзевяцьсот першы, дзевяцьсот трэці, дзевяцьсот шосты гады нараджэння… Палажыўшы тэлефонную трубку, я сказаў сам сабе, – чамусьці па-польску, як выдыхнуў:

– Czesc ich pamieci!

Чаму ты пакінуў?

«Чаша сия» Ігната таксама не абмінула. Па-свойму. І на шэсць гадоў раней за Валодзю.

Пасля заканчэння гімназіі ў яго спачатку быў намер паступіць на медыцыну. Цьмяна ўспамінаю мамін расказ пра тое, што ён ад гэтага намеру адмовіўся, не могучы пераносіць анатамічкі. Сярод прысланага мне з архіва адэскага сельгасінстытута ёсць таксама даведка, што «Бриль Игнатий Антонович, 19 лет», працаваў у бальніцы санітарам. Магчымасць наглядзецца на розныя жахі была. Разам з Валодзем, нібы па іхняй спрэжанасці ў вучобе ад самага маленства, і ён паступіў у сельгасінстытут, але закончыў толькі два курсы. Бо паралельна і ледзь не падпольна рыхтаваўся да іншага. Вясной дваццаць другога экстэрнам здаў экзамены за духоўную семінарыю і неўзабаве быў рукапаложаны, перад гэтым, як належыцца, ажаніўшыся.

Гэта – знешні бок справы, частка біяграфічных даных. Як знешняе можна дадаць, зноў жа з матчынага расказа, што ён яшчэ гімназістам, ды нешта хутка пасля паступлення, уцёк быў у манастыр, а бацька знайшоў яго там і забраў, пасля чаго называў часамі трынаццатым апосталам. Забягаючы наперад, ажно ў 1952 год, згадаю, як ён пісаў мне тады: «Радует твое трудолюбие в развитии дарования, печалит твое отношение к самому дорогому для меня и покойной матери». На ўвазе мелася «безбожие», праяўленае ў аповесці «У Забалоцці днее», а таксама і наша з Мішам захапленне Талстым, пра што Ігнат ведаў яшчэ з даваеннага часу.

Хто з іх на каго больш уплываў у набожнасці, ён на маці пазней ці яна на яго раней, з маленства, мне цяжка сказаць. Мама, пры ўсёй наяўнасці ў яе натуры здаровага сялянскага сэнсу і гумару, і верыла, і малілася шчыра. Ад нашага з Мішам юначага вальнадумства, калі ўжо махры ў выхаванні не памагалі, яна, старая і нямоглая, з невылечна хворай нагой, магла часамі сысці на ранішнюю малітву ў каморку, дзе, стоячы перад цьмяна-гарызантальным акенцам, шаптала ўвесь немалы набор сваіх пацераў. Не памятаю, ці гэта я неяк аднойчы падгледзеў, ці потым, у палоне, у суме разлукі ўяўляў яе перад тым акенцам, цераз якое ў спакутаваны, адухоўлены твар свяціла роднае сонца, таксама нястомнае. Затое помніцца зусім выразна, як яна тады, калі лепш хадзілася, прыйшла аднойчы з мястэчка, за чатыры вярсты з царквы і, сеўшы каля стала адпачыць, сказала:

– Вось хоць ачалавечылася. А то і жыў бы чалавек без слова божага, як якая скаціна…

Кожны з нас, а я думаю перш за ўсё пра братоў, любіў яе па-свойму. Па праву старэйшага, бо Валодзі ўжо не было, Ігнат пісаў мне, але з надзеяй на перадачу Колю і Мішу, вясной сорак пятага, калі ўсе ваенныя злыбеды закончыліся: «Дорогие братья, насколько возможно заботьтесь о маме, мы все в большом долгу перед нею. Она выносила в сердце все наши невзгоды». Гэта ўжо цяпер мне захацелася падкрэсліць, наўздагон, думаючы перш за ўсё пра нашага найстарэйшага, – колькі яна выплакала па ім, спачатку як прадчуваючы бяду, а потым і ведаючы пра яе…

Быў у адным з Ігнатавых пісьмаў і прыклад з геніяльным Пастэрам, які, калі ў яго спыталіся, як ён сумяшчае свае веды з вераваннем, адказаў: «Я многа вучыўся і веру, як брэтонскі селянін, а калі б я мог яшчэ больш вучыцца, я верыў бы, як брэтонская сялянка».

Ігнат наш верыў – амаль з маленства і да смерці ў сане протаіерэя з акадэмічнай адукацыяй, закончанай у апошнія гады жыцця завочна.

Ягоны Шура ў бяздольным маленстве ізгоя-паповіча, калі бацьку забралі, быў пераведзены маткай на яе прозвішча, бо інакш не прымалі ў школу. Мабілізаваны на другі дзень вайны «са студэнцкай лаўкі», вярнуўся ардэнаносным, параненым афіцэрам. Энергетык з грунтоўнай адукацыяй і шматгадовай практыкай на ўральскіх электрастанцыях, у канцы шасцідзесятых ён пераехаў з сям'ёй і з аўдавелай маткай у Менск, «бліжэй да радні і радзімы». Праз нейкі час яго павысілі на пасадзе і адпаведна прапанавалі ўступіць у партыю. На прыёме знайшоўся, вядома, марксіст «с вопросиком»: «А скажыце, таварыш Лейка, як вы ставіцеся да таго, што ваш бацька быў папом?» Адказ чалавека на шостым дзесятку гадоў: «Я ўсё жыццё глыбока паважаў яго, і памяць яго паважаю». Такое ж магу сказаць і я – пра бацьку і пра сына. Дарэчы, «вопросик» не перашкодзіў на прыёме, бо і кандыдат – адпаведны работнік, і час быў ужо крыху не той, хоць і «застойны».

А ў даўнасці маёй, у тым дваццаць другім годзе, калі на адэскім пероне ішло развітанне перад разлукай, калі наша сям'я трагічна распалавіньвалася ўслед за падзелам і Беларусі на дзве палавіны, калі Валодзя ніяк не мог развітацца, – Ігнат адчуваў сябе як быццам спакайней. Удваіх са сваёю Верай яны развіталіся з усімі як належыцца хораша і сталі сабе на пероне, побач. «Той плача, – успамінала мне ў вёсцы мама, прадучы, – а гэты стаіць са сваёю матушкай і абое маўчаць». «Матушка» – гэта пра Веру, маладзенькую вось-вось і пападдзю. Бо ён, Ігнат, быў яшчэ не ў расе.

Веру нашы бацькі любілі, я памятаю гэта па маме. Ціхая, сціплая сірата пры мачасе, дачка бацькавага саслужыўца і блізкага земляка. А з Ігнатам яны, маладыя, сябравалі яшчэ ходзячы ў гімназіі, кожнае ў сваю. Дый жылі нашы сем'і – вокны ў вокны, цераз забрукаваны дворык, нават паверх той самы.

Яшчэ раз, і не апошні, вяртаючыся да розных дакументаў, якія Валодзеў Віктар сёлета што выпрасіў, а што спісаў для мяне ў архіве сельгасінстытута, адкуль і ён, як званіў мне, так нямала даведаўся пра свайго бацьку, я з прыемнасцю сустрэў даведку, выдадзеную Ігнату. Будучы студэнтам, ён, аказваецца, падзарабляў у садаводстве ў якасці «огородного рабочего» і, як дадаў да гэтага Шура, калі мы глядзелі з ім тыя даведкі, «насіў маёй маме ружы. Яна расказвала мне». Тады, відаць, расказвала, калі яны, маці і сын, былі з Ігнатам разлучаны.

Шура прынёс мне яшчэ адзін цікавы і патрэбны дакумент, знойдзены ў маленькім чамаданным архіве, што застаўся пасля яго набожнай мамы. Мне хочацца прывесці тое пасведчанне ў шэрых вокладачках проста поўнасцю:

«УССР. Губтрудсобес и Губкомтруд. Подотдел учета и распределения силы.

Личный учетный билет No.8292. Лейко Вера Романовна, 1901 г. р., возраст 19 лет. Педагог дошкольн. Белорусская труд. школа No.115. Судейский пер., 2.16.ХІІ.1920 г.

Продлен до 9.V.1921 г.».

На Ігната такой даведкі няма, не захавалася. А ён таксама працаваў тады вечарамі ў беларускай школе, можа, і ў той самай. У пачатку сорак пятага, калі я паслаў яму свае першыя публікацыі ў газеце-плакаце «Раздавім фашысцкую гадзіну», ён мне пісаў, што яны з Верай чытаюць іх разам, бо «мы ведь с нею учительствовали в белорусских школах в Одессе».

Пішучы пра вучобу ў Мірскім гарадскім вучылішчы, а адзначаў, як мне прыемна было думаць, што ў адзін час з нашымі вучыўся Ўладзімір Жылка… У верасні шэсцьдзесят сёмага мы, чатыры беларускія літаратары, будучы ў Маскве, паехалі ў Хімкі – наведаць старога Міхайлу Грамыку. Вучоны-геолаг, паэт і драматург, яшчэ адна ахвяра сталінскай барацьбы з беларускім «нацыяналізмам», ён быў яшчэ і вельмі змястоўны, абаяльны чалавек. Светла ўспамінаецца мне вечар, праведзены ў гасціннай сям'і гэтых маскоўскіх беларусаў, а перш за ўсё – сам белабароды, у белай доўгай кашулі, светлы душой гаспадар. Потым, прачытаўшы, што ён у пачатку дваццатых гадоў наладжваў і вёў у Адэсе беларускія школы, я сумна пашкадаваў, чаму не ведаў пра гэта ў той вечар. Тады старэнькая гаспадыня сказала, адкуль яна родам, – з мястэчка Ярэмічы, што за шэсць кіламетраў ад маёй вёскі, і мы весела паўспаміналі роднае Наднямонне. Зноў жа неяк па-зямляцку шчымліва-светла думалася над Верыным даўнім адэскім пасведчаннем пра тое беларускае настаўнічанне, і шкада (ох, ці мала чаго шкада!..), што і ў Грамыкаў пра гэта не згадалася, бо не ведаў, і з братавай не сабраўся пагаварыць як след пра гэта дый пра іншае таксама…

Тая адэская моладзь, пераважна дзеці чыгуначнікаў, русіфікаваная царкоўнапрыходскімі школкамі ў вёсках, гарадскімі вучылішчамі ў мястэчках Беларусі, гімназіямі ды інстытутамі ў расейскамоўным горадзе, дома чула беларускую мову бацькоў, адчувала роднасць яе такім чынам. Нашы хлопцы найбольш па маме, якая потым, у вёсцы, і мне дала вельмі нямала роднага ў пісьменніцкім станаўленні. І таму мне Ігнатава з Верай настаўнічанне бачыцца невыпадковым. Не думаю, што і ў Валодзі тое роднасці не было, хоць ён чамусьці не настаўнічаў.

Службу свяшчэннікам Ігнат пачаў – выразна помніцца гэта змалку па зваротным адрасе яго пісьмаў адтуль – у сяле Візірка на Адэшчыне. Арыштавалі яго ў кастрычніку трыццаць першага года; Шура і дзень мне дакладна назваў – 31-га, страшны дзень іх сямейнай гісторыі. Спачатку рабілі вобыск. Хлопцу было тады восем гадоў, ён памятае, як адзін з чэкістаў нават вядро памыйнае не абмінуў – выплюхнуў яго перад ганкам: ці не схаваны там якія доказы або каштоўнасці. Ігнат яшчэ заставаўся дома. Назаўтра, калі малы прачнуўся, то ўбачыў, што бацькаў ложак – засланы. Спытаўся, дзе папа, а мама заплакала. Зрэшты, яна, відаць, яшчэ і не спынялася ціхенька плакаць.

Свяшчэнніка адправілі на лесанарыхтоўкі, у тайгу каля Марыінска, адкуль пасля перавезлі на будаўніцтва Беламорканала.

Амаль праз сорак радоў пасля таго будаўніцтва, падарожнічаючы па Карэліі, у драўлянай Кемі, перавалачнай перад Салаўкамі, я, наслухаўшыся расказаў пра частыя гукі начных адстрэлаў у той час, успамінаў Ігнатавы пісьмы з тых катаржных мясцін. Пісьмы – ужо без зваротнага адрасу, з суровай тэлеграфнасцю тэксту, на няпоўную старонку са сшытка, адкуль тры словы адчаканіліся ў маёй памяці, нібыта назва аповесці з таго жыцця: «Одет, обут, накормлен». І подпіс: адно загалоўнае «И» з кропкай… (У лістападзе трыццаць дзевятага, мокры, халодны, галодны нявольнік, зусім нядаўні польскі салдат, я пісаў з «арбайтскаманды» маме – тымі самымі словамі пра сваё ўжо – «адзеты, абуты, накормлены». Пісьмо гэтае, на стандартным лагерным бланку, першае маё пісьмо з палону, дайшло і захавалася…) Успаміналіся ў Кемі і чатыры радкі Ігнатавага зэкаўскага верша, што трапілі ў маю памяць з яго пасляваенвага пісьма з Урала:

 
Малыша моего мне хотелось бы видеть портрет:
У меня, как вы знаете, ведь его нет.
Радость будет большая моя.
Ах, мой мальчик, порадуй меня!
 

Улетку трыццаць трэцяга года мы атрымалі ў Загоры яшчэ адно кароценькае пісьмо з подпісам И., і я са здзіўленнем убачыў на паштовым штэмпелі слова Мінск (а можа, і Менск: не запомнілася). Колькі розных здагадак і меркаванняў у нашай вясковай глухамані!.. Намнога пазней стала вядома, дзе ён быў, адкуль вяртаўся. З «перековки», датэрмінова, як ударнік. Так успамінае яго сын. А я чытаў нядаўна, што, калі тое славутае будаўніцтва было трыумфальна закончана, начальства атрымала ордэны, а кожны шосты зэк (там гэтае слова і ўзнікла) адпускаўся дахаты. Відаць, наш аказаўся шостым.

Забралі айца Ігнація ў расе, а вярнуўся ён у нейкім бушлаце, «лагерном серяке», разрэзаным на левым баку, дзе нутраная кішэня. Расказаў, што ў вагоне ён засынаў на сярэдняй паліцы, а цераз праход ляжала нейкая жанчына. Нібыта праз сон, яна махнула рукой і – ён пачуў праз дрымоту – ляпнула па левым баку яго грудзей. А потым, калі ён прачнуўся – там было разрэзана, дакументы і сякія-такія грошы зніклі. Суседка – таксама. Праз нейкі час, ужо ў Адэсе, дзядзька Павел прынёс з вакзала яго паперы, знойдзеныя ў смеццевай урне: па прозвішчы іх аддалі старому Брылю.

Неўзабаве прыехаў з Кіеўшчыны Валодзя. Шура бачыў тую сустрэчу. Мамы, фельчаркі, дома не было. Абдымаючы брата, дзядзька Валодзя расплакаўся, але ж адразу тады і сказаў:

– Ну что, помог тебе твой Христос?

На што Ігнат адмахнуўся:

– Об этом не будем. Не будем.

Па характары ён быў стрыманы, аскетычны. У маладосці купаўся ў моры зімой, правяраў сябе доўгаю галадоўкай, строга займаўся гімнастыкай па сістэме Мюлера. Бязлітасна муштраваў па ёй Колю і Мішу, з абліваннем халоднай вадой уключна. Толькі мяне яшчэ не чапаў, па малалецтве ці па матчынай забароне. Нават і ў вёску ён нам тое «пособие» палажыў у карзіну разам з іншымі кнігамі, і мы з Мішам, вярнуўшыся з вучобы на гаспадарку, у разгары самаадукацыі нават і таго Мюлера не абмінулі, што было смешна для юнакоў, скажам, пасля накідання гною або малацьбы цапамі. А Ігнату ён, Мюлер, і галадоўкі, і маржаванне, можна думаць, і ў тайзе, і на канале прыдаліся, як набытая загартоўка.

Пра стрыманасць. У сорак шостым, калі яны з Шурам прыехалі да мяне, я быў на рабоце, у рэдакцыі. Прыбег дахаты, куды было недалёка, задыханы, кінуўся вітацца і заплакаў. А брат, такі незнаёмы і такі свой па расказах ды пісьмах, у той час не святар, а часова, дзесяць гадоў, выкладчык расейскай літаратуры, геаграфіі і нямецкай мовы ў Троіцкім рабфаку, саракапяцігадовы, трохі вусаты мужчына ў даўгавечнай выгаралай касаваротцы, – ён павітаў мяне стрымана, словамі першымі і ў памяць маю – назаўсёды:

– Спокойно. Спокойно.

Расказваючы пра тую сустрэчу бацькі з дзядзькам, дзе быў закрануты Хрыстос, Шура мне сказаў, што бацька тады вельмі пакрыўдзіўся. Гэтую крыўду я памятаю і па Ігнатавым расказе пра сустрэчу са старэйшым, які ў той час, можна сказаць, быў у росквіце сваёй кар'еры: і прэміі атрымліваў, і на курорты ездзіў, нават з наркомам сустракаўся. І крыўда тая, справядлівая, усё-такі ў нечым была для мяне з нейкай горкай недагаворанасцю…

Сухаром Ігнат не быў. У адзін з тых радасных дзён, над рэчкай і яго маленства, над нашай ціхай, маляўнічай Вушай мы сядзелі з ім удвух, з вудачкамі, глядзелі на паплаўкі, на родную красу, няспешна гаманілі. І вось ён пачаў спакваля падбірацца са сваім запаветным – угаворваць, каб я ахрысціў сваю Галю, якой не было яшчэ года.

Пасля «перековки» ён быў паспрабаваў зноў стаць свяшчэннікам, але яго зноў, ужо ў іншай вобласці, выклікалі і строга папярэдзілі. Прыйшлося падацца за Ўрал, балазе там былі знаёмыя па Адэсе, надзейныя. Яны, самі ўжо там абжыўшыся, змаглі ўладзіць яго настаўнікам у іх рабфаку. Дырэктар, праўда, касавурыўся на той разрэзаны ды зашыты лагерны «серяк», аднак і выкладчыкі былі патрэбны, і рэкамендатар салідны, – новага прынялі. Настаўнічаў ён на добрым узроўні, карыстаўся пашанай студэнтаў і выкладчыкаў, аднак у душы заставаўся самім сабою. Што і ўсплыло наверх праз год пасля гасцявання ў нас. Ён па здароўі звольніўся ў рабфаку і зноў аблачыўся ў расу.

Але пакуль што мы з ім над ракой.

Мама жыла тады ў мяне, яна засталася ў Менску, не з яе здароўем было ехаць у вёску на спадарожных грузавіках. На тэму святога хрышчэння яны з Ігнатам паспелі сам-насам пагаварыць. І вось ён прадоўжыў тэму на адпаведным узроўні:

– Не лишай ты своего ребенка благодати, которую сам получил…

Я ўжо добра асвойтаўся з ім, і ў адказ, з цёплай рыбацкай лянотай, адказаў нешта так: я вельмі рад, што вы з Шурам прыехалі, што мы, нарэшце, убачыліся, і я магу табе, бадай, уступіць – ахрысціць малую…

І тут ён зусім нечакана сышоў з набожнага тону, засмяяўся свабодным мужчынскім смехам:

– Чудак! Да разве же это – для меня?

І стаў яшчэ бліжэйшым.

Аднак невыразна прыкрае ўражанне ад той яго сухавата праведнай крыўды на Валодзю за Хрыста не толькі закранула мяне ў тыя нашы загорскія дні – я гэта ўспомніў і летась, пасля ракавога кіеўскага званка. Баюся браць грэх на душу, але быў, здаецца, і затоены працяг той праведнай крыўды: калі прыйшоў Валодзеў час – яму, маўляў, ніхто не дапамог, нічога не дапамагло!..

І горка думалася мне, пасла таго званка згадалася, што калі б і самому яму, Ігнату, пасля арышту, – Шура расказваў: не бітаму, – прыйшлося так пакутаваць у бясконцых, пякельна напрактыкаваных катаваннях, дык, можа, і ён сказаў бы са свайго крыжа – у душы ці ўголас:

– Божа мой! Божа мой! Чаму ты пакінуў мяне?

Як гаварыў гэта – нялёгка думаецца – і Валодзя.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю