Текст книги "Выбраныя творы"
Автор книги: Янка Брыль
Жанры:
Советская классическая проза
,сообщить о нарушении
Текущая страница: 10 (всего у книги 36 страниц)
Сябравалі мы з Тоняй Латышкай нядоўга. Адна з дзвюх яе цётак, маладзенькая рагатуха Люба застала нас на блізкасці, што здалася ёй вельмі смешнай. Неяк, гуляючы ў іх на двары, калі ўжо пчол на ліпе не было, а вуллі стаялі воддаль, за плотам, мы з Тоняй адышліся да хлява і з малечай свабодай пачалі кожнае на свой лад…
А Люба тая выйшла з сяней і давай:
– А во, і не брыдка, жаніх і нявеста! А во!..
І так смяялася, вясёлы шаламок, што я пабег дахаты і ледзь не плакаў, а Тоня, я чуў, уцякаючы, плакала ўголас… З таго дня мы пакінулі разам гуляць, хадзіць адно да аднаго. Пакуль не падраслі і дружба наша не стала трохі іншай. Ужо калі мы пасвілі і ў школу пачалі хадзіць.
Царскі салдат Франц Бікша, колькі там наша вёска ні гаварыла, пра сваю «харосую» не забыўся. Пасля «мікалаеўскай» вайны і «свабоды», як называлі ў нас рэвалюцыю, зноў пасля вайны, з палякамі, калі, нарэшце, усё аціхла, усталяваліся граніцы і пачала хадзіць пошта, латыш даведаўся, што яго беларуска не толькі не выйшла замуж за іншага, але і дзяўчынку гадуе, іх дачку, якая нарадзілася добра такі пасля таго, як іх разлучыў яго салдацкі лёс. Франц пісаў часта, многа прасіў «Надзезду» прыехаць у яго Ліепаю, дзе ён, адзін у бацькоў, мае кватэру, добра зарабляе на заводзе і ўсё чакае яе. Аднак ні Надзя, ні сямейнікі, хоць Прочым і пабываў у горадзе, не змаглі асмеліцца на такое незвычайнае, – не паехала яна «невядома куды», за граніцу, не паверыла Францу настолькі, каб узяць ды назаўсёды парваць з родным гняздом, хоць у ім ужо рабілася цесна: ажаніўся брат, і братавая ледзь не з ходу пачала ваяваць за поўную самастойнасць. Малодшыя сёстры, нават таўкач Параска, а потым і рагатуха Люба павыходзілі замуж, дзед Прочым ішоў на спад, Тоня расла, а сама яна, Надзя, не маладзела з году ў год, – прыйшлося падумаць і пра сябе з дачкой. Латыш чакаў, чакаў дый напісаў, што ажаніўся, і толькі вельмі ўжо ўпрошваў сваю даўнейшую «харосую» аддаць, пусціць да яго Антаніну. Дарма, не пусцілі. Гадоў пад сорак Надзі знайшоўся нямоглы, бяздзетны ўдавец, і яна перайшла туды з Тоняй, якой было ўжо каля дваццаці.
Тады, пад канец трыццатых гадоў, з нашых Аўсяннікаў, як і з кожнай заходнебеларускай вёскі, ад нядолі не было куды ўцякаць. Не тое што раней, няхай сабе і пры цару, – хочаш у тую Адэсу-маму, а хочаш, дык і ў самы Піцер. Туды дарогі былі перакрыты недарэчнай, незразумелай граніцай, а ў іншы бок, на захад, куды ад нас ніколі не ездзілі, можна было паехаць ці навабранцам у войска, ці – «за палітыку» – у турму, а калі ўжо на заработкі, дык ці ў маёнтак за сыравара або за парабка, а дзяўчыне – за наймічку да багацея ў суседнюю ці ў далейшую вёску або ў мястэчка, да гандляроў-жыдоў. Хто смялейшы, тыя ад беднасці кідаліся і ў свет вочы – вербаваліся ў Аргенціну, у Францыю, у Парагвай. А потым найбліжэйшай заграніцай стала Латвія, якую – ад сумесі з польскай назвай: Лотва – вёска называла Латвай. На тых заможных ды культурных хутарах яны ўжо так стараліся, так шчыра працавалі, нашы хлопцы і дзяўчаты, ад беднасці залатыя работнікі. Дзяўчаты прывозілі з Латвы ці швейныя машыны, ці так капейку на пасаг, хлопцы – грошай на хату, каб аддзяліцца, сяк-так пачаць сваю гаспадарачку.
І Тоні, падчарыцы, без надзеі на больш-менш людскі замуж, не цяжка было, нарэшце, згадзіцца на ўгаворы бацькі, якога яна ведала па здымках ды па пісьмах, цяпер ужо толькі да яе адной, з прывітаннямі маці.
Вясною ў 1938 годзе яна – не па-мясцоваму бялявая, высокая і ціхая, міла наіўная работніца – ішла з канца ў канец роднай вёскі, ад тое хаты, дзе яна марна жыла пры маме з яе старым, бурклівым кашлюном, да тое хаты пад векавечнаю ліпай, дзе прайшло яе, не горшае, чым у іншых, маленства і дзе цяпер жылі, абкідаўшыся дзецьмі, цялюкаваты дзядзька за злоснай дзядзінай, сама сабе гаспадыняй, бо ўжо і свёкар, дзед Прочым, памёр. Ішла Тоня Латышка па вуліцы і з усімі, каго сустракала, развітвалася – упершыню і апошні раз за руку.
– Да таты еду, у Латву – гаварыла яна і як быццам апраўдвалася сваёю, ад нараджэння сталаю, светлавокаю ўсмешкай крыху спадылба: – Усё ж такі бацька.
Так і са мною развіталася. Я якраз выйшаў на вуліцу.
Потым, пэўна ж, і ўспамінала таксама, а то і цяпер яшчэ калі-небудзь успомніць вялізную дзедавую ліпу і нашу маленькую светлую дружбу.
Так, як і я ўспамінаю.
3Нічога не зробіш – ужо не толькі наогул, але і пасля перамогі над Гітлерам пражыта так многа, што мне часамі хочацца перанесціся нейкім цудам з вялікага, шумнага горада ў наша старое гумно – якога, дарэчы, даўно ўжо няма, – легчы на свежым сене і ў той непараўнанай цішыні, толькі пад роўны шум абложнага дажджу ды пад дзяціны шчэбет ластавак, спакойна і грунтоўна перабраць у памяці ўсё…
Якое там усё, – ужо нават тое хочацца толкам прыпомніць, як гэта дзеці твае былі калісьці малыя… А што ўжо казаць пра самога сябе, пра сваё… ужо нібы спрадвечнае маленства.
Яно прыходзіць калі-нікалі неверагодна прыгожымі снамі. Адзін такі паўтарыўся ў мяне… ну, не раз ужо і не два. Вельмі проста, як быццам успамін які. Пасля гвалтоўнай навальніцы на нашым неабсяжным выгане, – у маленстве ж усё нам здавалася большым, – на пашы, яшчэ смачней пазелянелай пасля дажджу, пад майскім сонейкам, яшчэ святлейшым пасля нізкай, грукатлівай хмары, на густой, маладзенькай траве ў лагчынках стаіць вада. Яна – толькі што з неба, і так яе многа навокал у лужынах, а сам ты, як гэта ў сне бывае, чамусьці сухі. Вада такая цёплая, празрыстая, так весела, так добра плёхаць па ёй, нарэшце, босымі пасля зімы, яшчэ не паколатымі ржышчам, нагамі, так цікава спыніцца ў гэтай незвычайнай лужыне, заціхнуць і праз зусім-зусім празрыстую ваду глядзець, як у густой, залітай траве, сярод лісточкаў ды сцяблінак рэдкімі зоркамі жоўта цепляцца кветачкі кураслепу.
Бачыць самога сябе з вялікай адлегласці бывае вельмі прыемна. Бо бачыш не проста самога сябе, а сябе найлепшага, без памылак-грахоў і балючых дакораў сумлення. Бачыць сябе таго – дапытлівага, чыстага, вясёлага – выразна бачыць, дзякуючы дараванай узростам ды вопытам дальназоркасці, мудра асцерагаючыся залішняга самалюбавання, прэсна расчуленага на старэчы лад, – тут адчуванне незвычайнае, крыху падобнае да таго хвалявання, з якім разглядаеш ніколі дагэтуль не бачаны твой вельмі даўні фотаздымак, які ў кагосьці нейкім цудам захаваўся.
Тым больш хвалюе гэта, што на здымку ты не адзін, а з тымі, з кім табе добра было, каго так радасна ўспамінаць.
…Вось яно едзе, маё маленства, на нашым гнедым кані, з мамай і нашым Раманам на возе, у перадку якога, спіной да каня, сяджу я – трохі сам, а трохі мой, цяпер прыдуманы, літаратурны герой – усё ў адной асобе. Асобе гэтай шосты год, той узрост, калі на пацеху табе хтосьці добры часамі весела скажа: «Вунь ты які ўжо герой!..» Ён сабе, гэты смаркаты герой, едзе па пыльным, шырокім гасцінцы, ужо ў канцы летняй святочнай раніцы, калі той дзень неўзабаве пяройдзе ад свежага, звонкага халадку да нуднае, потнае спёкі, ён сабе едзе… значыцца, я сабе еду, і мне вельмі добра. Гнеды тупае шпарка, з горачкі нават трухціць, аднак наш Раман, намнога старэйшы за мяне мой брат па бацьку, час ад часу ўсё ж падварушвае яго ляйчынай. Мацней ляпнуўшы па конскім баку і сцягне, старая, няжорстка сырамятная ляйчына значна слабей, нібы між іншым, кранаецца майго пляча. Раман і мама не заўважаюць гэтага, а мне прыемна, што я ўжо таксама вялікі і мне не баліць. Раман і мама гавораць пра штосьці сваё, дарослае, я гэта чую – не чую. Я перш за ўсё і больш за ўсё шчаслівы, што еду, і еду вельмі далёка. І вельмі незвычайна гэта, што ўсё навакольнае раскрываецца мне не так, як заўсёды, спераду, а з'яўляючыся адразу злева і справа, наплываючы з-за спіны. То поле абапал гасцінца, то луг, то старыя карэлыя бярозы і шырокацяністыя клёны прысадаў, то танкастволы і пярэсценькі гушчар бярозавай кудзеркі гаю на ўзгорку, то хаты, і платы, і дрэвы, і куры, што купаюцца ў пяску, і людзі, што сядзяць на лаўках, абапал вясковай вуліцы, то зноў поле, і луг, і бярозы…
Лета далёкага 1923 года. Зноў вялікае падарожжа, другое пасля вяртання з бежанства, якое, зрэшты, малому помніцца даволі цьмяна і абрыўкамі і ўжо за два гады шмат у чым перакрылася свежымі, яркімі фарбамі і гукамі новых, вясковых уражанняў. Па тым, дзіцячым, вымярэнні часу два гады – вельмі многа. Пасля вялікага падарожжа ў таварным вагоне мяне на доўгі час – на цэлыя два гады! – замкнулі ў маленечкім на ўсёй Зямлі, але ж вялізным для дзіцяці свеце. На поўдзень ад цэнтра гэтага свету – ад нашай хаты, двара, агарода і прыгумення – быў пастаўнік, а потым шырокі гасцінец – мая граніца, цераз якую перайсці без дазволу, з большымі дзецьмі, мне давялося дагэтуль раз ці два. На ўсход, за апошнімі хатамі вёскі, быў выган, за ім – вялікая кругліца поля і той далёкі луг, куды мяне аднойчы бралі на сенаванне. На поўначы, за полем, была суседняя, найбліжэйшая вёска, Рута, адкуль наша мама, дзе жыве яе малодшы брат, дзядзька Алесь, які часта прыходзіць да нас, і куды я з мамай некалькі разоў хадзіў. На захад еду я толькі цяпер, упершыню, еду ў далёкі свет, кажуць, за дзевятнаццаць вёрст, у тыя таямнічыя Яры, таксама вёску, з якое да нас, толькі летась вярнуўшыся з бежанства, разоў некалькі прыязджала цётка Аксеня, маміна сястра, малодшая і за дзядзьку Алеся.
– Што, пасажыр, нацешыўся?
Раман смяецца, гледзячы на мяне. А мама, пакуль я паспеў адказаць, пацяшае:
– Яшчэ тры вярсце.
Мы ехалі, ехалі па ўзбоччы гасцінца, а потым Раман сказаў:
– Ну, пасажыр, трымайся!
Воз павярнуў у той бок, дзе мая правая рука, потым ён раптам шухнуў уніз. Трымаўся я за сена пад сабой, але ўсё роўна адкінуўся на спіну і над сабой спалохана ўбачыў неба. Потым воз ірвануўся ўгору, я зноў убачыў маму і Рамана. Мама працягнула руку, схапіла мяне за запясць і пасадзіла. Воз зноў пакаціўся роўна. Цяпер направа ад мяне вельмі блізка хілілася да нас калоссе жыта, а налева была нізкая пакоша. Мы ехалі па ўзмежку лугавой дарогай. Пасля жыта пайшоў авёс, і над аўсом я ўбачыў штосьці незвычайнае…
Нейкая чорная, вялізная капа, непадобная на копы сена, несамавіта ўзвышалася над сіва-зярністаю зелянінай аўсянага поля.
– Мама, што гэта?
– Гэта? – перапытала яна. – Гэта калючы дрот.
Я ведаў дрот – ім абгароджвалі поле ад пашы, нацягвалі на нізкіх слупчыках адну бясконцую калючую драціну; ім адгароджваліся, у некалькі драцін, да суседняга агарода. А гэта?
– Чаму такі дрот?
– Што тут табе сказаць? – за маму адказаў Раман. – Тут нядаўна праходзіў фронт. Вайна была. Такія провалачныя заграждзенія. А цяпер іх сцягнулі, у копы сабралі. Потым забяруць. Во, зірні – яшчэ адна. Не туды, на пакошу глядзі.
Спачатку мне, як я ні стараўся, не ўстаючы, выхіліцца з-за конскага зада, нічога не было відно, а потым паказалася, зусім ужо блізка, вялізная, чорна-карычневая калючая капа, наматаная з дроту, як недарэчна кантовы клубок.
– Ужо і заржавеў не адзін раз. Мо і крыві было на ім…
– Раман, не трэба так пры дзіцяці.
Яны памаўчалі. А потым зноў паказалася незвычайнае. Над полем, справа ад мяне, дзе ўсё было то жыта, то авёс, то зялёная бульба, то зноў жыта, то яшчэ адна драцяная капа, пасля з'явілася высозная будыніна. Не як гумно, не з дрэва і не з высокаю саламянай страхой, а як царква, але і не царква, бо без сіняга купала, як у тых Мілтачах, цераз якія мы праязджалі, а неяк дзіўна зверху абламаная. Я не паспеў спытацца, што гэта, бо тут наша мама сказала, гледзячы туды ж, куды і я:
– І цэркаў святую нехрысці не пашанавалі. Трэба ж так збіць!
– З цяжолай арцілерыі, – растлумачыў Раман.
Зноў невядомае, зноў хочацца спытаць: «А што гэта? А хто?» Ды тут наш Гнеды спыніўся, і я адразу ж пачуў, як ён за мной, за плеценай сценкай палукашка шчодра цурболіць на зямлю. А Раман яшчэ і падсвіствае.
– Устань, можа, Юрык, – сказала мама і падала мне руку. – Твае і ножкі, мусіць, памлелі.
Ух ты, як здорава!.. Я стаяў на нашым возе, і ніхто мяне не трымаў, а навокал было так далёка відаць. Там, дзе за полем тырчала тая абламаная царква, былі яшчэ стрэхі будынкаў і дрэвы. Вёска. А на другім баку, за пакошай з рэдкімі, але вялікімі чорнымі копамі дроту, было зелена трохі інакш, і мама мне адказала, што гэта ўжо яроўская паша. А на той пашы воддаль стаяў задзёрты ўверх шэры кручок над нейкай шэрай скрыначкай, побач з якой працягнута шэрая палоска. Я здагадваўся, што гэта, бо яно і ў нашай вёсцы ёсць, але ж мне было вельмі добра так во стаяць, зверху глядзець на ўсё, пра ўсё пытацца, і я спытаўся:
– А там вунь што?
– Не дурыся, – усміхнуўся Раман. – Сам добра бачыш, што гэта калодзеж з вагой і карыта.
– А там? – паказаў я на жоўта-зялёныя ўзгоркі за зелянінаю вялікай, роўненькай пашы.
– Там ужо Яры, – сказала мама.
– Там, дзе Люда жыве?
– Там, там.
– Там, дзе наш певень жыў?
– Ат, бэйбус! Песцішся, як малое. Садзіся вот, бо паляціш.
Гнеды наш зноў затупаў, нават ужо ахватней. Ды я паспеў плюхнуцца ў перадок, у ямінку ў сене, не паляцеў на зямлю.
Зімою цётка Аксеня прывезла нам залаціста-чырвонага галагуцкага пеўня і цэлую торбу гароху. Гарох быў буйны і смачны, яшчэ не сухі, бо толькі што абмалочаны. Добра было глыбока запусціць руку ў тую белую торбу, адчуць, як халадок варушыцца між пальцаў. А пеўню развязалі ногі, ён гупнуў з цётчыных рук на падлогу, і мама сказала: «Во жарабец!» Не паспеўшы спытацца, ці можна, я сыпнуў яму жменю гароху. Гарошыны спружыніста падскочылі ўраздроб і раскаціліся па чыстых, учора пад вечар вымытых дошках падлогі, хто да парога, а хто і пад ложак. Певень спачатку спалохаўся, а тады пачаў стукаць сваёю дзюбай па дошках, і вясёлыя гарошыны адна за адной знікалі ў яго вялікім, залацістым валляку.
– Пад печ ганіце, – сказала цётка, – а то ён тут вам і падзякуе на чыстае.
А вясной, на Вялікдзень, цётка Аксеня прыехала ўжо не адна, а са сваім чорнабародым Міхаілам і з іхняй Людай, маёй дваюраднай сястрой. З Тоняй Латышкай я тады яшчэ не дружыў, і з Людай нам было так весела, мы так многа бегалі, смяяліся. На двары і на вуліцы было ўжо амаль усюды суха, у садзе нават расла ўжо трохі трава, і я паказаў маёй госці, як мы з хлопцамі пазаўчора куляліся, убачыўшы першага бусла.
– Гэта трэба вось так, – тлумачыў я, хоць Люда і старэйшая на цэлы год, – калі ён прыляціць, дык трэба так вось перакуліцца.
Важна было паказаць. Я ўкленчыў на рэдзенькай траве, прыгнуўся лобам да сырой зямлі, упёрся ў яе рукамі і, падбрыкнуўшы, кульнуўся. Карак трохі балеў, і лоб зямлёю замазаўся, аднак я быў на вышыні.
– І насі хлопцы куляюцца, – сказала Люда. – А мы, дзяўцяты, не.
Яна, хоць і старэйшая, а трохі шапялявіла, і не з пястоты, а так выходзіла. І смешная была, вясёлая. Сказала чамусьці і так:
– Ты, Юрык, мой дзядзька. Не брацік, а дзядзька. У цёткі Ганны ты сынок, а я ў яе ўнуцька-суцька.
І засмяялася, і пабегла. А я – за ёю.
4На тых узгорках, якія градой узвышаюцца за вялікай пашай, там, дзе ў глыбокай даліне хаваецца Людзіна вёска Яры, там і далей на поўдзень і поўнач калісьці была нямецкая лінія. З верасня 1915-га да студзеня 1918 года на гэтай лініі стаяла «ў стратэгічнай абароне» войска баварскага прынца Леапольда, генерал-фельдмаршала. Амаль таксама, як і ўся нямецкая армія, з агаворкай пра ўсебаковую і нязменную перавагу прусакоў, баварцы, хоць у асноўным ландвер ды ландштурм, пажылыя апалчэнцы, былі загадзя добра абучаныя, узброеныя найнавейшай тэхнікай і культурна ўбетаніраваныя ў зямлю. Як сведчыць «душа германскага генеральнага штаба» Эрых фон Людэндорф, пазней адзін з галоўных настаўнікаў Гітлера, баварцы былі да таго ж на належным узроўні «eisener Fleiss», незвычайнай, нястомнай, даслоўна – жалезнай руплівасці на службе кайзеру і фатэрлянду.
Слова «калісьці» падкрэслена мною цяпер, з гістарычнай дыстанцыі. А ў той далёкі дзень майго шчаслівага падарожжа, у разуменні і адчуванні мамы і Рамана і ўсіх дарослых людзей, той расейска-нямецкі фронт, тая вайна – была зусім нядаўна. Бо на немцах яна не закончылася: пасля іх была «свабода», потым белапалякі, тады бальшавікі, зноў палякі, якія і ўсталяваліся ў нашых мясцінах са сваімі панскімі парадкамі, якія пасля «свабоды» былі працоўным людзям вельмі не да душы.
А мне і Людзе, да якой я прыехаў, усё такое было і недаступна, і цікава толькі па-нашаму, для гульні. «Унуцька-суцька» дома была яшчэ весялейшая, чым у нас, бо госцем быў ужо я, і ад гэтага яна стала як быццам больш, чым на год, старэйшая за мяне. Да таго ж у яе была сяброўка, Наста, зноў жа трохі старэйшая, ужо за нас з Людай абодвух, і я пры іх стаў такім, што хоць за ручку бяры. Але прыкра ад гэтага не было. Нават і тады, калі мы, нагуляўшыся на Людзіным і Насціным дварах і на вуліцы, пайшлі «сценкаю», палявой дарогай, а потым зарослай мяжой з кустамі калючай шыпшыны і апынуліся на зялёным абрыве над глыбачэзным ярам, і Наста, а потым і Люда ўзялі мяне за абедзве рукі. Яр быў такі глыбокі, што не толькі высокія густыя кусты ляшчэўніку на яго крутых схілах, але і старыя яліны на дне былі зусім унізе. Я, праўда, не дрыжаў са страху, што дзяўчаты захочуць звесці мяне ажно ўніз, але ж, прызнацца, і баяўся. Моўчкі баяўся, сам сабе, раптам жыва згадаўшы, што расказвала мама зімою. Як гэта тады яшчэ, вельмі даўно, калі цётка Аксеня ішла сюды замуж, ёй далі ў пасаг карову, і тая карова ніяк не ўмела сыходзіць у яр, пасвіцца разам з другімі на схілах. «Стане, бедная, і са страху раве. А потым яе другія каровы сапхнулі ў той роў. І прыйшлося дарэзаць…» Я, вядома, уніз пайшоў бы, калі б дзяўчаты ішлі, аднак яны мяне туды не павялі, бо дома ім было вельмі строга загадана (сам Міхаіл загадаў) гэтага не рабіць. Мне толькі зверху паказалі штосьці светлае ў зеляніне, на дне яра, побач з лапінай гліністай дарогі, дзве каляіны і конская сцежка якое зноў зніклі ў кустах. Наста сказала:
– Гэта бліндаж. Цы-ман-то-вы! Іх тамака многа. І ў гэтым рове і ў другіх.
А Люда растлумачыла:
– Там былі немцы.
Ціха сказала гэта і таямніча, нібы і страшачы, і сама баючыся…
Калі мы пад вечар, з мамай і Раманам, вярталіся дахаты, на вялікай яроўскай пашы я яшчэ вельмі здалёк убачыў тую шэрую вагу над калодзежам і не тады, вядома, а потым зразумеў, што гэта яна была і засталася для мяне найбольшым уражаннем з той франтавой паласы, якую ў нас і тады называлі, і цяпер яшчэ людзі старэйшыя называюць «лініяй Гіндэнбурга».
…Шэры кручок вагі, самотны шэры журавель – адзін тырчыць на зялёным бязмежжы…
Нашы Аўсянікі, калі глядзець на іх збоку, з гасцінца, тырчалі і яшчэ тырчаць у неба высокімі, улетку густымі, зімой бязлістымі кронамі рэдкіх, вышэйшых за будынкі дрэў, сярод якіх найвышэйшыя тры магутныя, несмяротныя ліпы, пад адной з якіх жыла мая Тоня Латышка. У зямлю наша вёска ўваходзіць, умацоўваючыся, як доўгімі, тоўстымі палямі, стваламі калодзежаў, нябачнымі збоку слупамі чыстай, сцюдзёнай вады. Адны з гэтых ствалоў даўжэйшыя, ідуць глыбей, некаторыя нават і вельмі глыбока, два найкарацейшыя называюцца крыніцамі, з іх драўляных, нізкіх зрубікаў ваду чэрпаюць проста вядром. Над калодзежамі, якія ў большасці з цымантовых кругоў, то цяжка клыгаюць, з поўным вядром, то гулліва ляскочуць, з пустым, круцёлкі з жалезнымі корбамі. І толькі над тым калодзежам, што на вуліцы, перад Суботавай хатай, вялікім крукам тырчыць у неба журавель, вага, адна на ўсю нашу вёску.
Гэта рыплівае, калі цягнуць ваду, а то ўсё больш маўклівае, шэрае збудаванне было для нас, малых, і велічным, і таямнічым. Нашу сталасць і сілу яно выпрабоўвала сурова і бязлітасна. Спачатку паспрабуй дацягнуцца рукой да вялікага драўлянага вядра, што вісіць на смыку. А ўчапіўшыся за тоўсты край вядра, часцей за ўсё мокры ад нядаўняга акунання, трэба ж перацягнуць вядро ў свой бок, каб потым ужо, натужна хапаючыся лапкамі за гладкі і таксама не тонкі для хлапечай жмені смык, прымусіць усю тую механізацыю задраць угару цяжэйшы канец вагі. Ён самым задам камля ляжыць на перакладзіне, а той канец, які танчэйшы і тырчыць у неба, трэба прыгнуць носам да зруба, каб вядро дайшло да вады і зачэрпала, хоць бы напалавіну. Ну, а наверх дастаць? Над зрубам не нахілішся, бо ты малы, на зрубе, на самым узмежку таго свету, не станеш – усе-такі страшна. Страшна, але ж і хочацца, аднаму перад адным. Таму нас і ганялі ад калодзежа – амаль усе, хто большы.
Строгая самавітасць гэтага незвычайнага збудавання парушалася толькі адзін раз у год, свавольнай купальскай ноччу.
Якое гэта было вясёлае свята, які, на жаль, кароткі вечар! Спачатку, па поўдні, кветак трэба на лузе нарваць, перш за ўсё тых, што завуцца купаллем. А хадзілі па кветкі не толькі нашы дзяўчаты, але і мы. З кветак разам вілі вянкі, вязалі крыжы і закідалі іх на стрэхі хат. Нават каровы ў той вечар вярталіся з пашы з вянкамі на рагах. А трэба ж было яшчэ прынесці з ямаў за вёскай пяску ў прыполах сукенак і кашуль, высыпаць сцежкі ад хаты да хаты, – хто каго любіць, хто да каго хадзіў бы ці ходзіць. І дзецюкам, і дзеўкам такое рабілі, і самі сабе, куды вясялей, размяркоўвалі такім чынам або намячалі нашы першыя сімпатыі.
А самае важнае, чым вызначаўся гэты вечар, яшчэ было наперадзе, пра яго нам, найменшым, можна было толькі здагадвацца, хоць і ніколі не ўгадаеш, што яны вычвараюць, тыя вялікія, дзецюкі і маладзейшыя мужчыны. Гэта тады ўжо, калі нас, малечу, нарэшце, расклічуць, разгоняць па хатах.
І вось уранні акажацца, што ўсяго, чаго мы спадзяваліся, так і не ўгадалі. Ну, добра – зноў нечы комін накрылі шкляною шыбай: глядзі, гаспадыня, ад прыпека ўгару – неба табе відно, а дым туды не ідзе, увесь на хату. У кагосьці знялі вароты і з дзвюх вярэяў зрабілі на вуліцы перад хатай буду. «Укралі» чыйгосьці каня, прывязалі за чужым гумном, нават і торбу з сечкай на храпу надзелі, каб не ржаў. Яшчэ і кароў суседзям мянялі ў хлявах, а то і чужога бычка паставілі падслепаватай бабе Агаце на месца зведзенай каровы – дой. І вялікая шыльда была на хаце ў Парасчыных. Бо звяглівая, быстрая цётка Параска сама звычайна стрыгла свайго папіхача Максіма. На шыльдзе той не толькі літары выпісаны: Парыкмахер, але і цётка намалявана, як яна верхам на дзядзьку сядзіць, біндзёжыць яго кудлачы вялізнымі авечымі нажніцамі.
Сярод усіх тых прыштукаў, за якія ніхто, каб надта, не злаваў (цётка Параска, вядома ж, уранні крычала на вуліцы), асаблівае месца займала вага. Яна была адна, не на нечым двары, а на вуліцы, гуртавая, а на дадатак – на ўзгорачку, і кожны раз яе каранавалі чым-небудзь іншым. На задзёртай дзюбе то барану павесяць старую, шаноўную, з яшчэ драўлянымі, вялізнымі зубамі, узяўшы яе ў некага з-пад страхі, то веснічкі вялікія туды ўсцягнуць, то лясныя сані без аглобляў… Для малога, ад саменькага нізу гледзячы, – проста цуд! Гэта ж табе не вянок карове на рог начапіць!..
А потым шэрая, высозная вага зноў па-будзённаму доўга, самотна тырчэла над зрубам, над вуліцай, нават над стрэхамі, над тымі дрэвамі, што ў садах.
Але не тая гэта была самотнасць, як у вагі, што так далёка ад нашай вёскі стаіць на зялёнай пустэчы…
Пазней, калі я ўжо кнігі не толькі гартаў, але мог і чытаць, тая не наша вага спалучылася для мяне з двума датуль не чутымі, загадкава незвычайнымі словамі: венгерская пушта… Вельмі проста цяпер разгарнуць энцыклапедычны том і ўбачыць: «Пушта, пуста (венг. рuszta, славянск. паходжання) – назва стэпаў у Венгрыі». Тады ж я тыя два словы праслібізаваў пад малюнкам у расейскім растрэсеным падручніку геаграфіі. Слова «венгерская» даволі доўга, а «пушта» яшчэ даўжэй чаравалі мяне сваёй таямнічасцю, абуджаючы ў прагным на новае ўяўленні цьмянае адчуванне, якое можна назваць падсвядомай патрэбай экзотыкі, да якое мы цягнемся з самага малку, як да вуголля, замурзана жуючы яго без найменшага паняцця пра неабходны дзіцячаму арганізму кальцый.
Адтуль жа, ад падсвядомай тугі па экзотыцы пазней прыйшла мая цікавасць і любоў да геаграфічнай карты з яе карычневымі, зялёнымі і блакітнымі адценнямі гор, раўнінаў і мораў ды акіянаў з іх рознай глыбінёй. Добра было разглядаць тыя карты, яшчэ больш прыемна – самому іх расфарбоўваць алоўкамі ці акварэллю. І ва ўсім гэтым быў свой глыбокі падтэкст, свая свядомая і несвядомая мара, надзея: ах, каб жа гэта і мне!.. А можа, яно і будзе?..
На ілюстрацыі ў старым падручніку была вага над калодзежам, доўгае карыта, раўніна і самотнасць – адчуванне ўжо знаёмае, што вось і набыло двайное, загадкава прыгожае імя: «венгерская пушта». Самотнасці зусім не перашкаджала тое, што пад вагою каля калодзежа былі чалавек і коні, якія пілі з карыта: я разумеў, што і вага, убачаная на чужой, далёкай яроўскай пашы, стаіць не так сабе, а каб у спёку пастухі паілі з карыта кароў. Аднак такое, праца яе, бывала рэдка, больш яна проста стаяла – адна ў чыстаполіцы…
Дома ў нас, за гасцінцам, які спачатку быў паўднёвай граніцай майго дзіцячага свету, віднеўся голы, самотны хутар, за ім прастора падсохлага куп'істага балота, тады святлейшае поле, а на полі, на ўзгорачку – яшчэ больш самотнае, здалёк маленькае дрэва. Яно таксама клікала кудысьці ўдаль, і да яго я за ўсё маё пражыванне ў родных Аўсяніках так і не выбраўся дайсці. Спачатку, па малалецтву, не змог, а потым, калі падрос і свет мой пачаў з кожным годам рабіцца ўсё большым, дрэва тое – з яго сумам ды заклікам – спакваля адыходзіла ў перажытае, ва ўспаміны.
А да вагі на яроўскай пашы я не вытрымаў-такі, нарэшце, падышоў. Хоць і не хутка, а ўжо як быў юнаком. Да цёткі мы ездзілі не часта, але рознымі порамі года. Упершыню ўбачаную ўлетку, вагу пасля бачыў я і ў асенняй імглістай аголенасці палёў, і ў белай сцюдзёнасці адзіноты зімовай. Зімою я і наблізіўся да яе, не падышоў, а пад'ехаў, вяртаючыся з Яроў. Снегу было яшчэ няшмат, самы пачатак зімы, і кабыла весела бегла па белі, з адным чалавекам ў лёгкіх санках. І ў чалавека было лёгка на душы, бо ў тых Ярах, якія ён, здавалася, добра ўжо ведаў, яго спаткала рэдкая ўдача. Дзякуючы Людзе, што з шапялявай ды смяшлівай шчабятушкі вырасла на талковую і прыгожую дзеўку, я даведаўся, што ў аднаго яроўскага пажылога бывальца ды кнігалюба ёсць Рубакін, «Апавяданні пра вялікія падзеі разных часоў і народаў», кніга з багатай, прынаднай назвай, яшчэ адна кніга, пра якую дагэтуль я толькі чуў. І вось яна ўжо ў мяне пад кажухом, над поясам! Дзядзька, сябар нябожчыка Міхаіла, ахвотна паверыў, пазычыў на цэлых два тыдні, «ну, а не зможаш, дык хай сабе і трохі надаўжэй». Радасць далёка не бібліятэчная, дзе безліч шчыльна застаўленых паліц і загадкава перапоўненых кнігасховішчаў; радасць – на малады апетыт самотнага, прагнага самавука, для якога ад кнігі да кнігі няпэўныя месяцы надзеі на ўдачу і часта многія кіламетры ад вёскі да вёскі. Ад новай рэдкай удачы мне і падумалася тады: «Ну, дакуль жа я буду ўсё міма ды міма свае венгерскае пушты? Паўкіламетра збочыць, ды яшчэ на зімовай дарожнай свабодзе». І збочыў.
Тады я ўжо ведаў, нават даволі даўно, што гэтая вага на працягу двух з нечым ваенных гадоў стаяла на нейтральнай паласе, паміж акопамі расейцаў і немцаў. Ні разу за той час не зарыпела, не апусціла ў застаялую ваду выпетранага ад многіх спёкаў ды сцюжаў драўлянага вядра, не асвяжыла першым попаўзам плыні доўгае, патрэсканае, ужо нібы па-музейнаму старадаўняе карыта-дзяўбунец…
Як выбухалі тут, навокал гэтага мёртвага вадапою, снарады, гулі-сіпелі асколкі і цёўкалі кулі?.. Чаму не збіла вагі – калі не снарадам, дык асколкамі?.. Няўжо і тут было чутна хрыпатае, дзікае штыкавое «ўра»?.. А потым, можа, і тут снавалі вялыя санітары і, набрыўшы на яшчэ адзін труп, утыкалі яго вінтоўку штыком у зямлю, прыкладам высока ўгару, значачы такім чынам яшчэ адну сваю нялёгкую знаходку?..
А можа, і тут, на гэтай пашы, якая за два пустыя леты ператварылася ў шчодра зарослы, чатыры разы не скошаны луг, па густой і намёрзлай траве якога, мякка топчучы разбітымі ботамі і шалпочучы поламі збуцвелых шынялёў, ішлі насустрач адны адным людзі, нарэшце, без зброі, – з усходніх акопаў салдаты ўжо не царскія, а з заходніх яшчэ ўсё кайзераўскія, – каб тут, у першым братанні, напіцца з аднаго вядра?..
Так я думаў тады, першы і адзіны раз у жыцці пастаяўшы каля свае даўняе загадкі. Ужо не дзіця, а без двух год салдат другой вайны, яшчэ шырэй, яшчэ глыбей, страшней сусветнай, ужо без братання…
Гэтай другой вайны, якая зноў жа здаецца людзям апошняй, калодзеж на пашы не перажыў, хоць і дайшоў, казалі, ад старасці. Едучы да цёткі Аксені пад восень 1944 года, пасля даўжэйшай разлукі, я ўжо не ўбачыў самотнай шэрай вагі. Аднак яшчэ праз трыццаць год, у службовай камандзіроўцы, яна мне прыгадалася ў новым, страшным падабенстве.
Далёка ад нашага Наднямоння, у трохі інакш маляўнічым магілеўскім Прыдняпроўі, на месцы колішняй, назаўсёды ўжо невядомай вёскі, спаленай гітлераўцамі разам з людзьмі, у лугавой, па-летняму раскошнай чыстаполіцы стаяў самотным помнікам шэры калодзежны журавель. Ужо не над вадой, заваленай у спарахнелым зрубе, з неяк ненатуральна строма задзёртай вагой і дубовай, тупой ды тоўстай рагацінай сахі, каля якіх бездапаможна звісаў і ад ветру пагойдваўся смык без вядра – як рука з адарванай далонню.