355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Янка Брыль » Выбраныя творы » Текст книги (страница 22)
Выбраныя творы
  • Текст добавлен: 5 октября 2016, 23:29

Текст книги "Выбраныя творы"


Автор книги: Янка Брыль



сообщить о нарушении

Текущая страница: 22 (всего у книги 36 страниц)

2

З усіх Паўлюковых сабак найлепш я памятаю двух. Адзін быў звычайны гаспадарскі Цюлік. Другі ж быў гончы, хорт, якога Паўлюк горда зваў Ваўкадавам.

Перад летам, як толькі на нашым балоце вывадкі дзікіх качак абрасталі першым пер'ем, Цюлік паказваў свае паляўнічыя здольнасці. Маладыя качкі лятаць яшчэ не маглі. Яны прабіраліся па куп'і, аеры ці асацэ – пехатой, а вадою, вядома, уплаў. Паўлюк заставаўся на грудзе ці брыў следам за Цюлікам так далёка ззаду, каб не перашкаджаць яму. Старыя качкі ўзляталі, а сыты, цяжкі падлётак застываў, прытаіўшыся ў асацэ ці між куп'я, пакуль не трапляўся на нюх Цюліку. Сабачка далікатна паднімаў яго за крылы, паказваючы здобыч гаспадару. Калі ж больш рухавы падлётак з крыкам кідаўся ўцякаць – плысці подлетам па балотнай вадзе, разганяючы раску, – Цюлік абурана кідаўся за ім і даганяў. Дахаты Паўлюк вяртаўся абвешаны жывымі качкамі і горда казаў сваёй Ганне:

– А што, глядзі!

Ваўкадаў вечна снаваў следам за Паўлюком, маркотна апусціўшы да зямлі вострую мызачку.

– Жалезная! – горда казаў Паўлюк пра гэтую мызу. – Як абцугамі бярэ! А ногі, браце, зірні!..

І праўда: абы толькі зайчык папаўся на вочы, Ваўкадаў, распасцёршыся ў пагон, заўсёды насцігаў яго, і на заячую спінку ці гарляк хапала таго, каб ён раз толькі цапнуў зубамі. Хуткасць доўгіх ног і моц «жалезнай» мызы Ваўкадаў найлепш паказаў Паўлюку, злавіўшы за адзін год два лісы, што было, дарэчы кажучы, сурова забаронена для такіх, як Паўлюк.

Аднак ні Цюлік, ні Ваўкадаў не прабылі ў яго лішне доўга. Паўлюк быў верны сваёй натуры: Цюліка ён змяняў, здаецца, на Ваўкадава, а Ваўкадава адступіў пану за іншага сабачку і за некалькі пнёў лесу на новую хату ў прыдачу.

З ліку «сабачак», якія перайшлі цераз Паўлюковы рукі, толькі гэтыя два ў нейкай меры замянілі яму адсутнасць правай рукі паляўнічага – стрэльбы. Праз доўгія дваццаць год панавання пілсудчыкаў Паўлюк мог толькі марыць пра яе.

Незабыўны верасень трыццаць дзевятага года зрабіў яго нарэшце сапраўдным паляўнічым.

* * *

Пачалася жоўтая восень.

Пад ботамі прыемна шуршала залатое лісцё маладога бярэзніку, сяды-тады патрэскваў сучок, а спакойны мядзведжы голас гудзеў:

– Сустрэў мяне Царучок (сапраўднае прозвішча ляснога хутараніна Царук, але ў Паўлюка ён «Царучок» – таксама, як ваўчок, сабачка, зайчык), – дай, кажа, браце, раду, – усю бульбу перарылі! Ну што ж, я ламаначку ўзяў і пайшоў. Засеў, чакаю. Нешта так і не доўга чакаў. Чую – чухаюць сцежкай адзін за адным. Прымергаваўся я, бачу – ідуць. Першы, браце, здаровы лабач, унурыўся, чэша, а ўслед за ім яшчэ з восем. Задні шляхціц дык зусім яшчэ кныручок. Важак, мусіць, пачуў мяне, ліха яму, бо – гоп! ды – гу-у!..

«Ламаначка» ў Паўлюка за плячыма. Ён раптам спыняецца, разгірачыўшы здаравенныя боты, а рукі настаўляе на падабенства вушэй вепрука.

– Я гэта, браце, яму калі ткнуў! Ён на дыбы ды ўголас! А заднія як чмыхануць! Гэты за імі з гарачкі здорава часаў. Я з сабачкамі ўслед. Каб ты выдах! – толькі досвіткам знайшлі мы яго ў гушчары, у ламаччы. Яшчэ цёпленькі. Кашкануў я яго нагой, дык ён: гу-у! як праз сон. Зарадзіў я ламаначку, яшчэ раз цюкнуў яму, так ён душой і загавеў. «Ну, а цяпер што?» – кажу я на Мурзу. Круціць, падла, хвастом. Думаў я, думаў, мергаваўся, мергаваўся – ніяк. Гляджу – пачаў вепручок пруцянець. Стой жа, – думаю я, – ты сам мне паможаш. Прыўзняў яго за хіб, паставіў і трымаю. Сабачка – аж канчаецца! – то за вуха яго, то за нагу! Пшоў вон! – пусціў я адну руку, замахнуўся. Гляджу – стаіць вепручок, сам стаіць! Пусціў я другую руку, а сам гэта тыц пад яго з галавой. А гэты, ліха яму, за сцягняк яго ззаду – як хваціць. Вепручок так і сеў мне на карак. Свету белага, браце, не бачу, – мызаю ў мох, – ну, думаю, дайшоў Паўлюк. Як узяла мяне злосць, як уляпіўся я за зямлю, як упяўся, – устаў! Цяпер як жа ламанку падняць? «Падай, – кажу, – сукін сын!» Махае, падла, хвастом, падвільвае. Прыгнуўся я, падняў ламаначку, павалок… Аж у вачах, браце, цёмна! Ледзь далез да Царучка. Зваліў, давай будзіць… Дванаццаць, браце, пудоў!..

Мне карціць памагчы Паўлюку кончыць лішне багатую казку вядомым спосабам: «Ну ж мы і рагаталі!», – але я маўчаў. Як не маўчаць! – гэта ж сёння, нарэшце, ён узяў мяне з сабой на вепручкоў. За плячыма ў мяне другая ламаначка, з якой я хутка пальну. Ламаначка таксама Паўлюкова.

І вось мы сядзім у засадзе. На лузе яшчэ дзень, а ў гушчары сутуняецца. Падкурчаныя ногі ныюць, ды я баюся правіць іх, каб не спудзіць дзічыну, якая вось-вось… Першы стрэл – Паўлюкоў, бо на яго, ён кажа, пойдзе вепручок. Калі Паўлюковага стрэлу не хопіць – я павінен «цюкнуць» яшчэ раз. Калі ж ён сядзе адразу – я павінен біць па другім. Разам з Паўлюком за пнём прытаіўся Мурза, вось-вось гатовы скочыць на любога вепручка.

Хвіліны цягнуцца, цягнуцца, ныюць… І раптам – ёсць! Зусім недалёка пачулася «чуханне», затым з-за альховай падсады, за некалькі крокаў ад мяне, паказалася страшэнная лабаціна. Першае, што я паспеў падумаць, было тое, што лабаціна і клыкі – на мяне! Тады я нацэліўся, зажмурыўся і пальнуў!..

Я спадзяваўся на візг і на Паўлюкоў стрэл, аднак… пачуў толькі адчайны брэх Мурзы, які пусціўся ўдагон за дзічынай, і… самы цвёрды, адборны мат…

– Пудоў пятнаццаць штука!.. Цьфу, смаркач!.. Цяпер дагані, пацалуйся!..

…Цямнее. У твар цярушыць стрэчны дожджык. Есці хочацца – падцягнула духі. А на сэрцы зусім такі нясмачна ад няўдачы.

– Таксама вось, як толькі Пілсудскі зайшоў, – гудзе побач Паўлюк, – адбываў я рэзерву ў Пружанах. Канаводам быў у паручніка. Паедзем тыя разы на дзікоў. Што ж, пасядуць паночкі за пнямі ды толькі пах-пах! пах-пах!.. І ўсё на вецер! «Каб вам, – кажу, – ручкі паадсыхалі!» А мне страляць не даюць. Карабіначка, браце, як цацка, французская. Не стрываў я аднойчы: як цяў, дык ён толькі: «Пі!» – і асеў. «Усё роўна, – кажу, – пане паручнік, ён на вас не пайшоў, а мне было вельмі ж з рукі». У пана, браце, рука гуляшчая, пшанічная, – калі зачэрпаў мне па вастрыі – толкі зоры ў вачах захадзілі… Заліўся я юхаю, плюнуў, карабінку аб зямлю! «Каб ты, – кажу, – разам з ім упруцянеў!..»

Я смяюся, ды неяк не зусім. Так і хіліць цікнуць на мядзведжую, жытнюю лапу майго настаўніка. А «вастрыё» ў мяне было тады яшчэ зусім-такі маладое, далікатнае…

Аднак гэта былі толькі словы, якія мусілі акрэсліць горыч ашуканага чакання. З гадзіну пасля гэтага тая самая лапа гасцінна налівала мне «Маскоўскай», падсоўвала хлеб і скавародку з гарачай смажанінай – паласатым, праслоеным салам з «дванаццаціпудовага» вепрука.

3

Наступны раз частаваў паляваннем я. Было гэта ажно тры гады пасля, увосень сорак трэцяга.

У той час мяне ўжо лічылі нядрэнным камандзірам падрыўной групы. І вось захацелася Паўлюку пайсці са мной на двухногіх ваўкоў.

Браць дзядзьку на адзін падрыў, на два-тры дні, камандзір атрада не дазволіў. Паўлюк быў добрым сувязным, работнікам больш патрэбным пакуль што на месцы, чым у атрадзе, і рызыкаваць яго непадазронасцю дзеля ягонай цікавасці толькі – справа зусім несур'ёзная. Аднак Паўлюк не адставаў.

Нарэшце, нібы выкарыстоўваючы апошні доказ, ён упікнуў мяне даўнейшым доўгам. І праўда, за мной быў ладны даўжок – скрынка патронаў, наган і сёе-тое больш.

Яшчэ ў першыя, змрочныя дні адступлення, калі мы, мясцовая моладзь, апушчалі ў сажалкі і рачныя віры старанна спавітыя кулямёты, вінтоўкі, наганы, – не драмаў і Паўлюк: ён зняў з пакінутай машыны «скрыначку» патронаў і закапаў яе на полі, пра запас.

Што больш – я не ведаў, бо толькі гэта зусім выпадкова прыкмеціў.

Дрэнна, не па-суседску зрабіў я, не пайшоўшы з атрада па гэтую «скрыначку» сам, а паслаўшы сяброў па групе. Быў у нас такі Міхась, што вельмі любіў адводзіць убок ды шаптаць на вуха. Адвёў ён мядзведзя за вугал і шэпча: «У вас, дзядзька, вось так ды гэтак, нам Мікола казаў…» Міколу, вядома, прыдумаў. «А ліха яму, – загудзеў Паўлюк, – такі не змаўчаў! То ж мы з ім разам закопвалі. Я, дурань, адну толькі вінтовачку і ўзяў, а ён жа, хлопцы, кулямётаў, патронаў, гранат!» – «Які Мікола, дзядзька, скажыце…» – натапырыўся Міхась. «Як які? То ж ты кажаш, што вы ад яго!» Што зробіш, прыйшлося хлопцам адказацца ад Міколы. Калі ж Паўлюк дастаў з-пад застрэшша новую «вінтовачку», – ім прыйшлося паверыць яму і падумаць, што я салгаў. Наступны раз паслалі самога мяне. Перш-наперш я, вядома, прызнаўся. «Вось з гэтага трэ было і пачаць, – гудзеў Паўлюк, – а то скалацілі мне, жэўжыкі, ноч. Ну, пайшлі!» Узялі «рыдлёвачку», пайшлі. «А ты, браце, таксама вуж, – гудзеў Паўлюк, ідучы, – і як ты прыкмеціў тады?» Адкапалі мы «скрыначку» – цяжкая. Прыйшлося запрэгчы Мышатку. Другім разам я пачаў адразу з ласкі і атрымаў зусім новы «наганчык», старанна ўквэцаны і спавіты бадай што цэлымі порткамі. Трэцім разам я атрымаў тры гранаты і «жменьку» наганных патронаў. Затым было яшчэ разоў са два «па жменьцы», пакуль Паўлюк не сказаў: «Закрываецца крамка, няма, браце, усё».

Пра гэты вось «даўжок» ён і напомніў мне, зноў просячыся на «жалезку».

– Мне, браце, толькі зірнуць, як ён стане на дыбы!.. – сціпла тлумачыў Паўлюк.

І што ж, прыйшлося нарэшце ўзяць.

– Падумаеш, – параіліся мы, – ходзіць жа дзядзька і так, па заданню, ці проста валочыцца цэлымі днямі. Так ужо конча будзе некаму падумаць, што ён з намі пайшоў. Толькі, хлопцы, каб адна наша група ведала – больш ніхто.

Паўлюк чакаў за вёскай, на ўмоўленым месцы. Калі ён выйшаў на свіст з-за куста, на ім мы ўбачылі… вінтоўку-«дзесятачку», наган, за «ласяком» [4]4
  Рэмень з ласінай скуры.


[Закрыть]
– гранату.

– Э, брат, дык ты маніў, што нічога сабе не пакінуў!

– Што ж, – загудзеў ён у адказ, – без снасці, браце, і вошы не заб'еш.

У дарозе, вылучыўшы момант, калі мы з ім засталіся ззаду, Паўлюк таямніча шапнуў:

– Семачак хочаш?

Я зразумеў справу проста.

– Давай паплюемся, – сказаў я. Наставіў кішэню, і ён мне ўсыпаў… гарцавую «жменьку» наганных «патрончыкаў».

– Зойдзеш калі, яшчэ, можа, знойдуцца шчопці-другія, – шчасліва гудзеў ён у цемры.

Днявалі мы на хутары. Наступная ночка падтасавалася якраз для нашага промысла – цёмная, з дожджыкам. У Засуллі мы ўзялі правадніком Ігната, сувязнога.

– Паўлюк, ці не ты? – прыгледзеўся ў цемры дзядзька Ігнат, калі я вывеў яго на загуменне.

– Я, браце, як маешся?

– Што ж вы, – здзівіліся мы, – знаёмыя, за трыццаць вёрст?

– Мой Цюлік быў адгэтуль… Той, што качкі лавіў. Не забыўся?

…Лёня, Косця і Кныш засталіся ў засадзе. Дзядзька Ігнат, я і Паўлюк падаліся на справу ўтрох. Крокаў больш сотні ад рэек, дакуль быў высечан фашыстамі лес, за прыгоркамі між карчоў мы прыселі, параіліся. Дзядзьку Ігнату я даручыў канец шнура, строга наказаўшы не дакранацца да яго, а самі з Паўлюком папаўзлі. Паўзучы, я разматваў шнур. Час ад часу мы спыняліся, каб прыслухацца: ці не шаркаюць па жвіры, усцяж рэек, падкаваныя боты патруля… А потым паўзлі далей. Спачатку – быў грудок, і пад намі шуршала мокрая ад дажджу шорсткая лясная трава.

Пасля, у лагчынцы каля насыпу, намоклі калені і локці. Пасля мы выпаўзлі на насып. Паўлюк са сваёй «дзесятачкай» урачыста ўталопіўся ў цемру, у той бок, адкуль мы чакалі патруля…

Гэта быў мой шосты падрыў. Дагэтуль рукі прызвычаіліся амаль зусім не дрыжаць ад хвалявання, – я працаваў хутка і спраўна. Выграб ямку пад рэйкай, паміж шпаламі, уставіў тол, тады – найбольш адказная работа, – сабраўшы ўсю асцярожнасць, прывязаў да кручка шнурок і капсуль заправіў у зарад. Мы адпаўзлі, абмінаючы наш папярэдні шлях, каб не крануць як-колечы шнурок.

Чакаць прыйшлося не вельмі доўга.

– І раздабрыўся ж, трасца яму, як на злосць! Ушчэнт раскіснем, – нездаволена мармытаў Паўлюк на дождж. – А той не ідзе, не грукоча, каб ён галавой налажыў!

Я быў у творчым, шчаслівым настроі – трохі ўстрывожаным, трохі гуллівым.

– І наложыць, ты думаеш – не? – шапнуў я ў адказ.

Памаўчалі. А дожджык, і праўда, так і паўзе за каўнер. Крышку правей ад міны, адпаўзаючы, я прыкмеціў велікаваты кусцік. Гэта мой арыенцір. На фоне цёмна-шэрага неба над насыпам ледзь вызначаецца яго сілуэт. Я не зводжу з яго вачэй.

– Як паглядзіш на ўсё, што вырабляюць чэрці, – гудзе, пачакаўшы, Паўлюк, – дык хоць і сёння з вамі ў лес пайшоў бы… І прыйдзецца, мусіць…

– Не ўсім, брат, з намі быць, пачакай, – шапчу я. – Дзядзька Ігнат і ў хаце сядзіць, ля дзяцей, а мы без яго як без рук. А пра сябе – ты ведаеш сам…

Я ўспамінаю пра днёўкі ў Паўлюковым гумне і тое, як нядаўна наш Міхась-шаптун, ранены ў нагу, два месяцы адлежваў на гары Паўлюковай хаты, і пра іншыя «сувязныя» справы майго земляка… І да болю ў вачах пазіраю на куст… Пасля мне раптам робіцца чамусьці вельмі весела.

– Дзядзька, – шапчу я Ігнату, які нахохліўся ад дажджу, – а ці ведаеш ты, навошта тол патрэбен у мірны час?..

– На каросту, – за дзядзьку адказвае Паўлюк.

Зноў цішыня, чаканне. Паўлюк выкарыстоўвае іх на складанне новай казкі – пра тол.

– Пярэськава Тэкля жаліцца мне аднойчы, – пачынае ён, пачакаўшы, – «азадак, Паўлючок, хоць таркаю дзяры…».

– Стой, ідзе, – асякаю я казку.

Застыглі.

– І праўда, – шэпча Ігнат, – ідзе…

Сэрца маё грукаецца бадай што мацней, як цягнік, гэтак ціха ён сунуўся. Быццам на мушку вінтоўкі, я ўзяў яго на куст… Перад сабой паравоз папіхае пустую платформу. Фашыст прывык закрывацца другімі. А мы на гэтую «хітрасць» – вяровачку. Вось… платформа… закрыла… мой куст… вось… паравоз…

– Тузай! – ледзь не падскочыў я.

Так, тады было цёмна, усё разбілася ўмомант, – а ўсё ж і дагэтуль стаіць у вачах тая прагная страсць, з якой Паўлюк тузануў за вяровачку.

4

Не адной тысячай мокрых ножак па страсе адрыны тупаціць дождж. Соладка, парна пахне цёплая атава, на якой я ляжу, пазіраючы ўверх, на запыленае павуцінне пад лацінамі. Вакол, як хто паспеў паваліцца, спяць нашы хлопцы. Я ж толькі прыкідваюся, што сплю: я слухаю. На ўскраі тарпа сядзіць Паўлюк. Ён бае новую казку дзядзьку-хутараніну, у якога мы спыніліся перадняваць.

– Нарабілі, браце, мяса, – гудзе яго прыцішаны голас. – Падлажылі мы гэтую самую цацку пад рэйку і ляжым. А цёмна – хоць ты на ваўка ўссядзь. Чуем пасля – ідзе. Крадзецца, браце, на пальчыках, босы, баючыся ступіць на шкло. Навучылі паршыўца хадзіць! А тут жа яму пад чэрава як гапне!.. Перакуліўся на спіну, і толькі колы, як жывыя, як лапкамі перабірае, круцяцца… А вагоны цераз галаву, цераз галаву, поныр'ю!.. Падняўся вэрхал, піск – якраз, як гэта пацукоў недзе ў скрыні напрэш…

Ён змаўкае на момант, а потым канчае:

– Сотні дзве наглушылі!..

Я маўчу і думаю:

«Дык вось яна – казка і пра нас. Ды якая тут казка! Гэта – наша партызанская сапраўднасць, абагуленая мастаком. Яна ў нас – як казка, толькі добра расказвай. Нічога, калі заўтра ці пазаўтра ў сённяшні Паўлюкоў расказ паступіць папраўка: наш сувязны, магчыма, данясе ў атрад, што гэтым разам мы пусцілі пад адкос эшалон толькі, скажам, з вуголлем ці з нейкім ломам! Мінулы раз у мяне былі цыстэрны з гаручым – дванаццаць цыстэрн! – а ў Юзіка – „жывая сіла“. Чаго ж не было яшчэ ў мяне ці ў яго, тое напэўна будзе. У іншых жа бывае! А Паўлюк – ён па-свойму выказвае нашы жаданні, нашу нянавісць да захопніка, – чым больш набіта будзе „пацукоў“, тым лепш…».

– Будзі, братка, – шэпча гаспадар, – а то і гарох астыне…

Адпырхваючыся, праціраючы вочы, мы садзімся на атаве, вакол бяздоннага гаршка гарохавай кашы, лустаў хлеба, салёных гуркоў.

– За вашыя, хлопчыкі, і ручкі, і ножкі, і ўсё… Каб мы, Бог мілы даў, ды прычакалі… – пачынае дзядзька, дастаючы з-пад палы заткнутую лапінкай бутэльку.

У шклянку прыемна забулькаў пяршак.

* * *

– Дык што, Снапок, мабілізацыяй заняўся, га?..

Іван Кузьміч, з неразлучнай люлькай у зубах, глядзіць на мяне, мнагазначна прыплюшчыўшы вока. А мне – не прыдумаеш проста, як тут выкручвацца.

Ноччу, калі мы праходзілі паўз нашу, маю з Паўлюком, вёску, я сказаў:

– Ну што ж, ідзі ўжо хіба, Паўлюк.

А ён са шчырым здзіўленнем спытаўся:

– Куды?

– Як куды? – у сваю чаргу здзівіўся я. – Дахаты!

– Дахаты? А што яна, у поле збяжыць? Зойдзем за тыднік-другі…

І як тут давесці цяпер камандзіру, што я не хацеў самавольна пераводзіць Паўлюка з сувязнога ў падрыўнікі, што я хацеў толькі сплаціць яму наш доўг, што Паўлюк гэтым падрывам назаўсёды ўрос у маю групу, а з групай – прырос да атрада?

Аднак я тлумачу:

– Таварыш камандзір…

– Я ведаю, што я – «таварыш камандзір», – перабівае Іван Кузьміч, – вось ты дык, відаць, забыўся пра гэта. Самавольства, язві яго душу!..

Іван Кузьміч – з-за лініі фронту, партызан грамадзянскай вайны, сібірак, з неразлучным алтайскім нажом і «язві яго душу». Звыш усіх яго камандзірскіх і чалавечых якасцей, ён – аматар дысцыпліны і знаўца бадай што ўсіх гатункаў табаку.

Я не куру. Для мяне што мультан, што не мультан – адзін чорт. А дысцыпліну я люблю таксама. А потым у мяне адна такая звычка ёсць, што я люблю да сэрца лезці напрасткі. І заўсёды амаль удаецца. Дык вось і цяпер я таксама рвануў:

– Іван Кузыміч, дык вы б хоць зірнулі на яго спачатку. Дальбог, падзякуеце!..

Іван Кузьміч спачатку маўчыць, а потым ледзь прыкметна ўсміхаецца і кажа:

– Ну што ж, давай яго, тваё дзіва, сюды.

Па дарозе ад сталярні, дзе я знайшоў Паўлюка, да камандзірскай зямлянкі я тлумачыў яму, як трымацца, каб адразу прыйсці даспадобы майму начальству. І вось Паўлюк стаіць перад Іванам Кузьмічом «смірна». Ботам унізе прасторна, і яны, па старой артылерыйскай памяці, зусім прыстойна вытрымліваюць статут. Затое галава на шырокіх мажных плячах міжвольна прыгнулася наперад так, як служыць пакатая столь невысокай зямлянкі.

– Таварыш камандзір! – чаканю я, бадай што лепш, як заўсёды. Аднак Іван Кузьміч як быццам не чуе мяне.

– Так, нічога сабе, – кажа ён. – Ну і што, дзе гуляў?

– А я ў Міколы-сталяра сядзеў. Глядзеў, як гэта ён скрыначкі стружа. Спраўны хлапчына!

Сталяру Міколу – пад пяцьдзесят, і мы, маладыя – больш палавіны атрада, – завём гэтага «хлапчыну» – дзядзька Мікалай.

– Што, што ён робіць? – перапытвае, як недачуўшы, Іван Кузьміч.

– Ну, міны, скрыначкі для мін…

– А, вось яно што! Так, ён у нас майстар – няма што казаць. Абы толькі толу хапала.

– А каб гэта са снарадаў паспрабаваць, таварыш камандзір, – пачынае Паўлюк, як быццам ніколі не чуўшы аб тым, што мы выплаўляем шмат толу з валяшчых снарадаў і бомбаў. – Я ведаю адно месцечка…

А я чамусьці гляджу на яго здаравенныя боты. Калені ўжо самавольна прыгнуліся ў паўдарогі са «смірна» на «вольна», і адзін ступак адставіўся ўбок, выразна парушыўшы дысцыпліну.

– Слаўнае месцечка, – гудзе Паўлюк. – Вось вы мне толькі дайце заўтра хлопцаў са два, таварыш камандзір, дык мы падыдзем на Нёман. Там у мяне штук з дзесятак самалётных бомбачак ляжыць на дне. Трэба іх будзе падняць.

– А што, Снапок, – звярнуўся да мяне Іван Кузьміч, – пашлі з ім заўтра пару чалавек, а то і сам, калі хочаш, пайдзі.

Іван Кузьміч увачавідкі мякчэе. Ён бярэ са стала сваю вечную люльку і круглую баначку – прадмет нашай зайздрасці – з надпісам: «Нашым партызанам і партызанкам слава!» Баначку гэтую ён прынёс сюды з Вялікай зямлі разам з мноствам іншых каштоўнасцей. Пакуль ён прывычным рухам скручвае з баначкі вяршок, я зноў гляджу на Паўлюковы боты. Яны ўжо і зусім забыліся пра ўмоўленае «смірна»:

Паўлюк па-сяброўску ступае наперад і кажа:

– А вы майго, таварыш камандзір, мультанчыку… А то вы, гляджу я, нейкую там сабе пацяруху курыце. Эх, і хлопцы ж у вас: каб чаго – табаку не прынесці!..

– Яны толькі за дзеўкамі, язві іх душу, – зусім дабрадушна мармыча Іван Кузьміч, лезучы трыма пальцамі ў Паўлюкоў капшук.

Ён напіхае люльку, тады, не без важнасці, падстаўляе Паўлюку аганёк зайздроснай самапалкі, якая таксама з Вялікай зямлі, потым прыкурвае сам, смачна зацягваецца поўнай зацяжкай і, амаль што зусім захоплена, кажа:

– Язві яго душу – хар-рош!..

Я не куру. Мне мультан не мультан – адзін чорт. Ды якое там, па-мойму, з табаку хараство! Я ўпэўнены, што камандзір гаворыць гэта больш пра Паўлюка.

1945

Ліпа і клёнік

Галі


1

Зялёны домік дарожнага майстра стаіць каля самай шашы.

Праязджаючы тут на машыне, на хаду можна заўважыць толькі зялёныя сцены, зялёны плоцік, белыя ліштвы вялікіх акон і стракаты чарапічны дах. Потым абапал дарогі зноў пабягуць дрэўцы прысадаў, тэлеграфныя слупы і за слупамі то поле, то лес…

Не заўсёды заўважыш з машыны, што ў гэтым прыгожым, адзінокім доміку жыве Ліпа, дзяўчынка, якой нядаўна пайшоў пяты год.

Спачатку, калі яна прыехала ў гэты домік, Ліпе было вельмі цікава стаяць пры дарозе, махаць рукамі на кожную машыну і на кожную з іх нацкоўваць свайго неразлучнага сябра – старога калматага сабаку Дзіка.

Аднойчы Ліпа нават не вытрымала: паплявала ў маленькія жмені таксама заўзята, як гэта робяць хлопчыкі, разагналася і пабегла па другі бок шырокай-шырокай і гладзенькай, як стол, асфальтавай паласы. Яна не дабегла і да палавіны шашы, як раптам з-за горкі – адзін і другі раз – сярдзіта загудзеў сігнал машыны. Маленькія босыя ножкі занылі ад страху. Ліпа затупацела на месцы, а потым заплакала: «Мама!» Машына спынілася, і шафёр, адчыніўшы дзверцы кабіны, хацеў нешта крыкнуць. Але Дзік накінуўся на яго з такім злосным, абураным брэхам, што дзядзя шафёр сам спалохаўся, залез назад у машыну і паехаў далей.

З таго часу Ліпа ніколі больш не адважваецца без таты ці мамы пераходзіць на той бок шашы. І наогул цяпер яна вельмі рэдка стаіць пры дарозе. Хіба толькі тады, калі на шашы ідзе адразу вельмі шмат машын ці паўзе і грукоча, аж вушы баляць, які-небудзь вялізны, замурзаны цягач.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю