Текст книги "Выбраныя творы"
Автор книги: Янка Брыль
Жанры:
Советская классическая проза
,сообщить о нарушении
Текущая страница: 2 (всего у книги 36 страниц)
«Няхай яна стаіць у маёй памяці такою, якая была, – у белай лютай бездані, у яркім крузе святла, у кароткай кужэльнай кашульцы…
Толькі няхай не баіцца нас, тых, што і ў завею не спім з-за яе, дзеля такіх, як яна.
Я не паспеў ёй гэтага сказаць: дзіцяці было холадна».
З цягам часу, не губляючы ні каліва жывой непасрэднасці ва ўзнаўленні мінулага, Брыль у яго ацэнцы становіцца ўсё больш па-філасофску заглыблены, усё больш лірычна і публіцыстычна стрыманы, афарыстычна дакладны.
Характэрная ў гэтых адносінах аповесць «Золак, убачаны здалёк», напісаная ў 1978 годзе. Гэта твор пра ранняе дзяцінства, пра далёкія дваццатыя гады, калі яшчэ паўсюль відаць былі сляды першай сусветнай вайны. Напісана чалавекам, у якім час той і сёння жыве – у яго сэрцы і памяці. І, можа, галоўнае ў творы якраз і заключаецца ў тым, што Брыль эмацыйна, зрокава ўзнаўляе перажытае ягоным героем, за якім выразна бачыцца аўтар (герой тут фігура чыста ўмоўная), імкнецца прааналізаваць, пранікнуць у сутнасць падзей і часу, зрабіць філасофскія высновы. Ён добра разумее, што «бачыць самога сябе з вялікай адлегласці бывае вельмі прыемна. Бо бачыць не проста самога сябе, а сябе найлепшага, без памылак-грахоў і балючых дакораў сумлення». І тут, у гэтым творы, Брыль імкнецца «бачыць сябе таго – дапытлівага, чыстага, вясёлага – выразна бачыць, дзякуючы дараванай узростам ды вопытам дальназоркасці, мудра асцерагаючыся залішняга самалюбавання, прэсна расчуленага на старэчы лад». Мэты гэтай пісьменнік дасягае праз насычанасць аповесці рэальнымі жывымі фактамі жыцця, вядома, даступнымі дзіцячаму ўспрыманню, робячы нязмушаныя акцэнты на момантах сацыяльнага, нацыянальнага ды канфесійнага характару. Паэзія дзіцячых адносін да навакольнага свету часам прыземлена самім няпростым жыццём. («У пачуццях мы былі шчырыя, свабодныя, а час і абставіны рабілі сваё».) Мастацкая структура, эмацыйны лад, стылістыка аповесці слугуюць гэтай пісьменнікавай мэце. Светлыя, узнёслыя, лірычныя ўспаміны пастаянна адценьваюцца аўтарскімі развагамі або рэплікамі дарослых драматычнага, а то і трагічнага зместу. Гэта – як крык душы.
Дзядзька Алесь успамінае вайну, гераічныя ўчынкі. «А потым аднойчы ён уздыхнуў, памаўчаў і як выстагнаў:
– Божа мой!.. Божа мой!.. Рукі, ногі, галовы – навалам!.. І кішкі на дроце… Людзі – людзей, чалавек – чалавека!..»
Твар сяброўкі героя-апавядальніка Мані Вароны «быў скарэжаны ад выбуху той „бомбачкі“, якую два хлопцы разбіралі, а яна, таксама смелая, толькі глядзела». Яе бацька, «прастадушны дзядзька Цыбук, гаварыў неяк нашай маме:
– Бяда такая, Ганно. Каб гэта ж цяля ці аўца, то чалавек прадаў бы ці дарэзаў бы, а гэта ж дзіця…»
Пачатак твора светлы, паэтычны. У такім эмацыйным ключы пачынаецца аповед-успамін пра далёкае мінулае. Паступова межы ўспаміну пашыраюцца. Навакольны свет паказваецца не толькі праз успрыманне хлопчыка, але і праз успаміны чалавека сталага. Завяршаецца твор на драматычнай ноце, драматычнай сцэнай пра тое, як дарослыя, гуляючы, «дзеля дурнога, дзікага смеху», страўлівалі на бойку двух хлопчыкаў-бязбацькавічаў – Валодзю Казака і Толю Немца…
Ва ўсіх гэтых творах заўважаецца скупасць матэрыялу, аўтаравых заўваг і рэмарак, адсутнасць разгорнутых апісанняў абставін, відаць глыбокі роздум над трагедыяй. Тут факт гаворыць сам за сябе. Ён не патрабуе ўпрыгожвання, лішніх слоў; фарбы могуць толькі размыць яго строгія контуры, зацьміць суровую натуральнасць жыццёвых колераў. Факт гэты значны, велічны чалавечым зместам. Напэўна, істотнае значэнне мела тут праца (сумесна з Алесем Адамовічам і Ўладзімірам Калеснікам) над унікальнай кнігай «Я з вогненнай вёскі…»
Дваццаць італьянскіх салдатаў адмаўляюцца страляць у мірных жыхароў вёскі, жанчын і дзяцей. Дваццаць не захацелі цаной нявіннай крыві вяртацца ў сваю непаўторна прыгожую краіну. Яны загінулі («Дваццаць»).
Гіне стары, гіне разам з роднымі, суседзямі, з усімі добрымі людзьмі. Ён не хоча жыць адзін, не хоча жыць, калі гінуць людзі ягонай вёскі, не хоча прымаць літасць ад катаў. І ён згарэў, адзін, хто мог бы ў той дзень не згарэць. І ён жыве («Memento mori»).
Ідзе на смерць маці. Ідзе ціха, спакойна, як і жыла, трымаючы «свае худыя, так мала ў жыцці цалаваныя рукі… мазалямі да мазалёў». Ідзе і моліцца, як вучыла яе яшчэ мама. Моліцца «і за сваіх сыноў, і за чужых, і за сябе…». Ідзе толькі таму, што ў яе вялікае чалавечае сэрца, поўнае любові, пяшчоты і шкадавання да дзяцей, сваіх і чужых («Маці»).
Светлы высакародны вобраз Маці праходзіць праз усю творчасць Янкі Брыля. Гэта яна, не дасыпаючы начэй, зберагаючы кожную капейку, выводзіць дзяцей у вялікі свет. Гэта яна вучыць любіць і шанаваць роднае слова, бацькоўскую зямлю і свой родны Край. Гэта яна з'яўляецца носьбітам дабрыні, прыгажосці, чалавечнасці.
Таму нездарма Брыль, пісьменнік з выключна абвостраным пачуццём прыгажосці і справядлівасці, зноў і зноў звяртаецца да маці як увасаблення ўсяго самага сумленнага, прыстойнага і светлага ў жыцці.
І зразумела ж, што калі Янка Брыль пісаў і піша пра маці, то бачыць перад сабою, мае на ўвазе сваю родную матулю.
«На долю яе прыйшлося чатыры вайны, тры рэвалюцыі, дзесятак перамен улады, семдзесят шэсць год прасніцы, сярпа і цэпа, трохі песняў ды смеху, куды больш думак, чакання і слёз. Абедзве дачкі аўдавелі амаль услед за ёю. З пяці сыноў, што выжылі да сталага ўзросту, усе пяць былі, кожны ў свой час, салдатамі, чатыры ваявалі ў трох войнах, два былі ў варожым палоне, два – праз памылку – сядзелі ў роднай турме, трэці, за праўду, у панскай, аднаго, найстарэйшага, з'еў трыццаць сёмы год…
Я ведаю – гэта яшчэ далёка не найгорш. Я мог бы расказаць і, можа, раскажу пра пакуты іншых, знаёмых мне маці, – непараўнана большыя, чым выпалі на долю маёй» («Ты жывеш»).
Увогуле ж, калі паглядзець на творчасць пісьменніка ў плане суаднесенасці ў ёй моманту аб'ектыўнага і суб'ектыўнага, гэта значыць суаднесенасці рэальных жыццёвых фактаў і асобы аўтара, то вельмі выразна і адчувальна можна ўбачыць: піша ён галоўным чынам пра тое, што рэальнай жыццёвай асновай звязана асабіста з ім, з ягонымі роднымі і блізкімі.
З гэтым звязаны, а магчыма, гэтым абумоўлены і характар творчасці – лірычна-суб'ектыўны, дзе апавяданне вядзецца найчасцей ад першай асобы і ў ёй (гэтай асобе) – у лірычных і публіцыстычных адступленнях, у моцнай эмацыйнай насычанасці – выразна бачыцца аўтар, дзе ў разгортванні дзеяння, у арганізацыі сюжэта – не адналінейная прычынна-вынікавая храналагічная паслядоўнасць, а дзе ўся сістэма фактаў і падзей падпарадкавана выяўленню аўтаравай думкі-пераражывання.
Бываюць і выключэнні. Найбольш выразны прыклад тут – аповесць «Ніжнія Байдуны». Асноўнага героя, галоўнай дзеючай асобы па сутнасці няма. Увогуле іерархія персанажаў даволі своеасаблівая, ідэйна мэтанакіраваная. Ёсць вёска. За ёю адчуваецца вялікі свет жыцця. Яе свет, дакладней, мікрасвет узноўлены натуральна, арганічна, у сваіх унутраных выяўленнях, адкрыты ў прасторы і часе, становіцца ўвасабленнем свету вялікага, аналагам макрасвету. Герой тут – народ. У яго свая манера апавядання. Лірычны Брылёў герой перад такім героем як бы адступіў. Голас ягоны змяніўся, прыціх. У гэтым кіпенні гучнага смеху, жартаў, байдунства задушэўны, шчыры лірычны голас амаль не адчуваецца.
Дзея ў аповесці адбываецца ў грамадзе, для грамады, дыялогі гучаць для многіх слухачоў. Тут гутарка, спрэчка, узаемны абмен жартамі, рэплікамі, пакепліваннем адзін з аднаго. У апавядальнай плыні аповесці гэты голас грамады з'яўляецца вядучым, вызначальным.
Назва аповесці «Ніжнія Байдуны» дакладна перадае своеасаблівасць зместу твора. Пісьменнік, схільны да глыбокага псіхалагічнага і маральна-этычнага даследавання і асэнсавання чалавека, на гэты раз даследаваў вёску. Даследаванне адметнае. Хоць, праўда, само слова «даследаванне» сюды неяк быццам і не стасуецца. Хутчэй адчуванне такое, што пісьменнік узнаўляе жыццё. Прычым, узнаўляе яго арганічна знітаваным асобай самога аўтара, які, ведаючы, адчуваючы вёску знутры, глядзіць на яе з пэўнай дыстанцыі, бачыць яе ўсю, успрымае яе арганічна цэласна. Цэласнасць гэта зноў жа вельмі рухомая, зменлівая, рознакаляровая. Мастацкі свет «Ніжніх Байдуноў» – гэта жывы, рэальны, унутрана блізкі аўтару свет, аплоднены паэзіяй мастака. У сваю чаргу рэальны свет арганічна цэласны, пры ўсёй яго адкрытасці перад вялікім жыццём, складаецца як бы са светаў ягоных галоўных герояў, ягоных стваральнікаў. Перад чытачом праходзіць цэлы шэраг вельмі каларытных прадстаўнікоў гэтай паэтычнай краіны, назва якой Ніжнія Байдуны.
Усе яны непаўторныя ў сваёй чалавечай адметнасці, але адзіныя ў сваіх сацыяльных і нацыянальных вытоках і сутнасці. Дарэчы, сацыяльная і нацыянальная абумоўленасць байдунства адчуваецца надзвычай моцна. Само байдунства – не толькі жыццялюбства, весялосць, жарты (хоць гэтыя якасці найбольш вылучаюцца), але і шчырасць, спагадлівасць, дабрыня. Усе гэтыя якасці ў сваім арганічным адзінстве, як цэласнасць і адметнасць характару многіх, грамады, народжаны былі гісторыяй, складаным ХХ стагоддзем. Генетычна вытокі можна шукаць значна далей і глыбей, але менавіта ХХ стагоддзе ўсю сутнасць гісторыі, яе характар як бы сканцэнтравала, завастрыла і вылучыла асабліва выразна. У дадзеным выпадку гэта адносіцца да Ніжніх Байдуноў. А за імі – лёс народа, жыццё пры буржуазнай Польшчы, Вялікая Айчынная вайна, сучаснасць. Мінулае пісьменніка цікавіць толькі ў тым змесце і аб'ёме, у якім яно адбівалася ў свядомасці, псіхалогіі, мове ніжнебайдунцаў. Праўда, у асобных выпадках аўтар дае і пэўныя абагульненні, вытлумачэнні: «Калі разліць на стале трохі вады і, побач, трохі малака, каб гэтыя лужынкі сышліся, мяжу паміж вадой і малаком не правядзеш. Гэта я недзе прачытаў, у нечым разважанні пра этнаграфічныя межы.
У нас, беларусаў, яны размываюцца з пяці бакоў, на стыках з Польшчай, Летувой, Латвіяй, Расеяй і Ўкраінай. А ў сярэдзіне? У нашым заходнім кутку?»
Далей Брыль звяртаецца да гісторыі, звязанай з ягонымі роднымі: «Мая бабуля па маме з пятнаццаці год служыла ў маёнтку пакаёўкай і потым, усё жыццё, будучы праваслаўнай, малілася па каталіцкай кантычцы. Прывучыла да польскіх малітваў і дзеда. Тым больш, што дзеда, яшчэ маладога, паўстанцы восемсот шэсцьдзесят трэцяга года бралі ў абоз і потым ён „адбываў“ пакаянне пры нясвіжскім кляштары, можа, таму, што Ніжнія Байдуны ў паншчыну належалі Радзівілам». Бацька змоладу падаўся на чыгунку, «многа ездзіў па Эўрапейскай Расеі, Украіне, Малдавіі, Закаўказзі, сяк-так далучыўся да расейскай культуры, любоў да яе прышчапіўшы і нам…»
Далей пісьменнік гаворыць пра свой лёс і лёс аднагодкаў: «Ну, а калі ўжо гаварыць пра нас, тое пакаленне „заходнікаў“, чыё маленства і маладосць прыйшліся на міжваеннае дваццацігоддзе пад буржуазнай Польшчай, дык нас тады „размывала“ знутры і школа, і служба ў войску, і турма, і падаткова-шарварковыя сутыкненні з нялепшымі сынамі братняга народа…»
Гэта – як бы гістарычная канспектыўная лінія нацыянальнага «размывання» адной сям'і, якое адбывалася на месцы. Але не менш інтэнсіўна ішло яно і іншымі шляхамі, у адносінах да іншых людзей.
То быў лёс Ніжніх Байдуноў, лёс усяго краю. Лёс гэты адбіўся на народзе, на асобных яго прадстаўніках, сфармаваў іхнюю псіхалогію, жыццёвую філасофію, мову. Гаворка многіх ніжнебайдунцаў перасыпана словамі і выразамі, прынесенымі імі з шырокага свету, з паходаў у далёкія ці больш блізкія краіны.
Прыклады, ужытыя «з натуральнай і шчодрай свабодай» можна прыводзіць і прыводзіць. Ды справа не ў колькасці. За іх моўнай, псіхалагічнай натуральнасцю, побытавай нязмушанасцю выразна акрэсліваюцца сацыяльна-гістарычны змест, уся складанасць, шматбаковая гістарычная абумоўленасць прыватнага чалавечага лёсу, а за ім – лёсу народа. Але пісьменніка гэтая складанасць, драматычнасць чалавечага і народнага лёсу сама па сабе менш за ўсё цікавіць. Гэты драматызм, гэта складанасць успрыняты не непасрэдна, а як бы з пэўнай дыстанцыі, з пэўнай вышыні. Адсюль цэласнасць, арганічнасць мастакоўскага жыцце– і светаўстрымання, адсюль сіла жыццесцвярджальнага пафасу, жыццестваральнай энергіі. Адсюль і прыглушанасць драматызму. Перажыўшы Вялікую Айчынную вайну, народ мае маральнае права дазволіць сабе пасмяяцца над непрыемнасцямі і недарэчнасцямі ранейшымі і пазнейшымі, менш значнымі. Маральнае здароўе, жыццерадаснасць, вялікі запас жыццесцвярджальнай энергіі народжаны гістарычным жыццём народа.
Змены розных улад, бадзянне па свеце, узаемадачыненні з іншымі народамі, іншымі культурамі, вядома, «размывалі» нацыянальнае аблічча гэтых людзей, гэтага краю, але адначасова і фармавалі яго своеасаблівасць, адметнасць. І яшчэ выхоўвалі яго здаровы нацыянальны характар, вялікую жыццеўстойлівасць, моц духу. Менавіта гэты момант вылучыў і перадаў у сваім творы Янка Брыль.
Аповесць «Ніжнія Байдуны» – твор адметны не толькі для самога Брыля, але і для ўсёй беларускай літаратуры. У пісьменніка мы не знойдзем твора, дзе б так арганічна зліліся ў адной апавядальнай плыні голас аўтара і голас героя ці герояў. У пераважнай большасці твораў ранейшых вельмі моцна ў апавядальнай плыні гучаў голас пісьменніка-апавядальніка. У аповесці аўтарскі голас па сутнасці не вылучаецца. Ён нібы паглынуты галасамі герояў-ніжнебайдунцаў, хоць Брыль-апавядальнік тут таксама прысутнічае. І голас ягоны па-ранейшаму адметны – то лірычна прачулы, то па-жыццёваму мудры. Але жывая, народная моўная плынь такая яркая, інтэнсіўная і гучная, што непасрэдна аўтарскі голас амаль не чуваць. Ва ўсялякім разе гучыць ён не вельмі моцна. Сапраўды, калі гаворыць народ, голас асобнага чалавека пачуць цяжка. Думаецца, «Ніжнія Байдуны» ў такой сваёй якасці маглі быць напісаны толькі пасля працы Брыля над кнігай «Я з вогненнай вёскі…», гэтай сапраўды народнай – і па сваім змесце, і па форме – кнігай.
Свядома ці несвядома так атрымалася, але, думаецца, тая непасрэднасць, свабода выказвання, якою надзелены героі аповесці Брыля, сам галоўны мастацкі прынцып – народ сам за сябе гаворыць вуснамі розных сваіх прадстаўнікоў – народжаны ў працы над кнігай «Я з вогненнай вёскі…» Тут апавядальная форма прадыктавана мастацкай філасофіяй. Як і заўсёды ў значным творы, у «Ніжніх Байдунах» ёсць арганічнае адзінства зместу і формы, ідэй і іх мастацкага ўвасаблення – адзінства, народжанае глыбока асабістай мастакоўскай перажытасцю, унутраным далучэннем да лёсу народа. У канцэпцыі свету Брыля (як яна ўвасоблена ў аповесці) чалавек, створаны гісторыяй, грамадствам (залежнасць чалавека ад гісторыі надзвычай моцна адчуваецца), выступае як творца лёсу народнага. Вельмі выразна адчуваецца непадзельнасць індывідуальнага і грамадскага лёсу чалавека. Індывідуальнага лёсу ў яго «чыстым» выглядзе няма. Ён заўсёды грамадскі, гістарычна абумоўлены.
Час, у які жыў, жыве сёння Янка Брыль, час, з якім звязана ягоная жыццёвая біяграфія, напоўнены аж да краёў падзеямі выключнай складанасці, падзеямі гераічнымі і трагічнымі. Пісьменнік усё гэта бачыў, перажыў, увабраў у сябе. Народнае стала асабістым. Асабістае арганічна ўлілося ў лёс народны. І вось у гэтым – для мастака невычэрпная крыніца.
У 1990 годзе была напісана аповесць «Муштук і папка», напісана на канкрэтным рэальным матэрыяле. Твор гэты ўяўляецца выключна асабістым. Матэрыял рознага часу (сучаснасць, дваццатыя гады, трыццаць сёмы, пасляваенны перыяд), розны па месцы дзеяння (Менск, Адэса, Белая Царква, Быкаўня каля Кіева, Загора – родная вёска бацькі пісьменніка), лёс аднаго брата, другога, лёс маці і асабісты Брылёў, аповед пра мінулае, звязанае з культам, і сучаснасць, цытаванне дакументаў, разважанні аналітычна-філасофскага зместу і як бы маналогі моцнага лірычнага і драматычнага напаўнення – усё знітавана ў гэтым невялікім творы ў адзін клубок неўразумення, роспачы, болю. Здаецца, ніводзін Брылёў твор не напісаны з такім болем, як гэты.
У аснове аповесці – трагічны лёс самага старэйшага пісьменнікавага брата Валодзі, якога «закатавалі ў Белай Царкве, паблізу якое ён працаваў заатэхнікам ў калгасе».
Усё пачалося са званка з Кіева. 23 сакавіка 1989 года патэлефанаваў украінскі карэспандэнт «Литературной газеты» і паведаміў, што пры эксгумацыі парэшткаў сталінскіх ахвяр, закапаных у Быкаўні (украінскі адпаведнік Курапатаў), знойдзены быў муштук з надпісам: «Брыль В. А. 16.ІХ.1937 г.». Пра смерць брата Янка Брыль даведаўся пасля вайны. У 1957 годзе ваенны трыбунал Кіеўскай ваеннай акругі справу перагледзеў і пастанову тройкі адмяніў «за отсутствием состава преступления». Але званок з Кіева ўскалыхнуў душу пісьменніка, прымусіў яшчэ раз звярнуцца да гэтай гісторыі – лёсу брата, больш уважліва на ўсё паглядзець. Брыль пачынае шукаць, апытваць, высвятляць, едзе ў Кіеў, у Быкаўню, знаёміцца са сведчаннямі тых, хто ведаў брата ў час працы, тых, хто з ім быў разам у турме, гутарыць з чыноўнікамі з адпаведных ведамстваў, праглядае некаторыя дакументы па справе. І чым далей, тым больш тагачасныя падзеі бачацца балючымі, да неверагоднасці жахлівымі.
Галоўная братава віна – «шпіянаж на карысць Германіі». Яе ён прызнаў, прызнанне «выбіта было катаваннямі». «Агавор самога сябе, выбіты катаваннямі, быў для ахвяры не проста небяспечны, а смяротны». Далей – болей: «быў жа яшчэ і нагавор» на таварыша па працы. На абурэнне таго, як жа ён так зрабіў, адказаў: «Если бы тебя так избивали, как меня, ты ещё не то сказал бы». Пісьменніку цяжка ўсё вытлумачыць. Ён цытуе В. Шаламава, А. Салжаніцына. У канцы прызнаецца: «Я не ведаю, колькі ён перанёс, мой брат, ці на долю яго выпалі ўсе катаванні, усе пакуты, якія можа вынесці чалавек. Мне вельмі прыкра, балюча, што ён зламаўся, і мне яго, роднага, вельмі шкада».
Ды змест твора, яго сутнасць не зводзіцца да адной трагедыі. Сама братава трагедыя дазволіла ўбачыць, адчуць трагедыю краіны, народа. За ёю – зламаныя лёсы людзей, пакалечаныя, знявечаныя, разбурэнне сем'яў, грамадства.
«Пры той жахлівай масавасці генацыду – у адным чалавечым лёсе няма нічога надзвычайнага. Апроч цуду з імянным муштуком, цуду – аднаго на сотні тысяч ці на мільёны. І мне так неабходна найясней убачыць, як расказаць пра гэта – пра звычайнасць і незвычайнасць, універсальнасць трагедыі, заключанай, як у маленечкай кроплі, у гісторыі адной чалавечай сям'і. На прыкладзе свайго мне лепш, а можа, і найлепш відно, як гэта жудасна – замучыць, забіць невінаватага. Думаючы пра мільёны, адзін бачыцца вельмі маленькім у вялікай краіне, тым больш ва ўсім вялізным свеце гэта так мала – адзін. А ў сям'і, у душах родных гэта ж цэлы свет болю. А ў душы найраднейшай – у матчынай?»
Брыль змог перадаць гэты «цэлы свет болю», болю асабістага, болю родных і блізкіх, болю агульнага. І надзвычай характэрна, што ў гэтым творы, творы пра такі няпросты чалавечы лёс, для самога аўтара асабіста вельмі балючы, ён не хаваецца за нейкую падстаўную асобу, не перадаручае такую нялёгкую размову з чытачом апавядальніку прыдуманаму, старонняму. Адкрыта, шчыра, не хаваючы болю, недаўмення, шкадавання, пісьменнік сам расказаў пра ўвесь жах гэтай трагічнай гісторыі. Тон узяты высокі, чысты. І вытрыманы ён да канца. Аповесць успрымаецца як своеасаблівы мастацка-паэтычны рэквіем.
Пасля гэтай аповесці з'явіліся і з'яўляюцца новыя творы. Творы праўдзівыя, шчырыя, чыстыя, напоўненыя любоўю і павагай да чалавека, пранізаныя святлом захаплення прыгажосцю навакольнага свету.
Ёсць у Янкі Брыля характэрная для разумення сутнасці ягонай творчасці мініяцюра. Ён там піша: «Чытаю гісторыю, думаючы пра змены фармацый, стагоддзі… І раптам яскрава, міжволі ўбачыў нястомную бабку Прузыну або Агату – як яна дробна, мільгаючы чорнымі, парэпанымі пяткамі, ідзе, спяшаецца ў поле ці з поля, дзе толькі праца ды праца… Дзеля кавалка яшчэ ўсё не вельмі шчодрага хлеба.
Бабка прайшла ўслед за многімі. Зямля ўсё круціцца, ідуць другія бабкі…»
Тут адказ-развага на самае істотнае жыццёвае і эстэтычнае пытанне. Думаючы пра вечнае, дбаючы пра агульназначнае, бачыць штодзённае, сённяшняе, цікавіцца звычайным, простым. Ды не проста бачыць, цікавіцца, холадна канстатаваць. А адчуць сэрцам, усвядоміць розумам. Адчуць і ўсвядоміць ў прасторы і часе, у пастаянным руху.
Серафім Андраюк
Аповесці
Ніжнія Байдуны
ГісторыяПэўна ж, ёсць і ў мяне паваротка з гасцінца на палявую дарогу, у родную вёску. Нават не адна, а дзве, з захаду і з усходу, нібы сімвалічна. З захаду я аднойчы вярнуўся дахаты пасля даўжэйшай разлукі; з усходу, госцем, прыязджаю даволі часта і амаль заўсёды з хваляваннем. Яно бывае то большае, то меншае, але ж у нечым кожны раз адно, сваё на ўсё жыццё.
Аўтамашыны пакуль што не адчуваюць на паваротках ніякай узрушанасці, а коні калісьці, чуючы дом, таксама як і людзі, хваляваліся.
Гнеды ў старога Качкі быў сляпы, з гасцінца яго трэба было паварочваць ляйчынай. А гаспадар і сам не бачыў на правае. Пра іх з канём гаварылі: «адно на двух». Цяжэй сказаць, як там яны дзялілі сваё хваляванне.
Зрэшты, у тую ноч, калі на свеце гула і падвывала белая завірушная цемра, Захар Іванавіч Качко (так ён любіў называцца) вяртаўся з карчмы пехатою. Доўга ішоў з мястэчка, нялёгка, з блытаннем ног і адпаведным унутраным маналогам. Урэшце сяк-так набрыў на слуп каля павароткі і, шчасліва абняўшы яго, прытуліўшыся да сцюдзёнай драўніны аброслай шчакой, ціха, пяшчотна спытаўся:
– Чы тутэй весь Дольнэ Байдуны?
Спытаўся на мове тады афіцыйнай, бо гэта – з краіны майго маленства, з палавіны дваццатых, заходнебеларускіх гадоў.
Колькі часу мінула, а згадваеш тое пытанне амаль кожны раз, калі маўклівы слуп на паваротцы набліжаецца да цябе, калі на яго адзіным, выцягнутым драўляным рукаве зноў праяўляецца надпіс – імя нашай вёскі, ужо даўно па-свойму, як у загалоўку.
Адзін з маіх сяброў, вядомы крытык з братняй рэспублікі, з якім мы сустракаемся даволі рэдка і з прыемнасцю, неяк раіў мне, мякка, але настойліва, напісаць «два-тры апавяданні на гістарычную тэму». Яго аўтарытэтная настойлівасць падказвала падазрэнне, што апавяданні тыя патрэбны не столькі нашай літаратуры, як мне самому, – для разрадкі, ці што, каб трохі адцягнуць мяне ад залішне аголенай лірыкі. Ды я тады толькі смяяўся, не падазраючы, што і такое можа калі-небудзь здарыцца.
«На гістарычную тэму…» Тое, што я хачу цяпер гаварыць, таксама ўжо гісторыя. Паўстагоддзя ад завірухі ў цёмную ноч, горны хрыбет вайны, які пралёг паміж тым часам і сённяшнім днём, круты пераход ад вузкай цераспалосіцы ў індустрыяльны сацыялізм…
Ды лепш, відаць, проста пачаць, без усякай уступнай тэорыі. З таго, што часта і весела ўспамінаецца, што добра бачыцца – адно здалёк, другое зблізку.