355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Янка Брыль » Выбраныя творы » Текст книги (страница 5)
Выбраныя творы
  • Текст добавлен: 5 октября 2016, 23:29

Текст книги "Выбраныя творы"


Автор книги: Янка Брыль



сообщить о нарушении

Текущая страница: 5 (всего у книги 36 страниц)

Пралля і вартаўнік

Баба прадзе, мама прадзе, і маленькай унучцы зрабілі нарэшце маленькую прасніцу. Тыдзень таму назад, і Анечка ўжо добра смыкае. Слініць тую кудзелю, нібы клюючы яе губкамі, і нітку цягне, вядзе. Нават сказала, задаволеная ўдачай:

– Во, як я ві-ва-ла-а!

Прыйшоў дзед Алісей. Стаіць у парозе, прыпёршыся плячом да вушака. Спачатку штосьці гаварыў, а цяпер вось глядзіць на маленькую праллю, сам сабе ўсміхаецца, а потым ціха кажа бабулі:

– Катрыно! Га?

І паказвае ёй кіўком галавы на ўнучку.

А тая Анечка нібы і не чуе, не бачыць нічога – вядзе сабе, смыкае з усёй пацешнай сур'ёзнасцю чатырохгадовай памочніцы.

Стары памалу, нібы непрыкметна ды так сабе, здымае сваю ягнячую шапку-каўпак, прыплюшчвае вока, прыцэльваецца і спрытна кідае на праллю. Папаў! – нітка перарываецца паміж кудзеляй і ручкай. Гэта ўжо не ўпершыню, і ўчора так было, і Анечка злуецца, смешна, «па-даросламу»:

– Алісей ты! Ты мне ніколі прасці не даеш!

– А я цябе, Гануся, не баюся! – нараспеў пацвельваецца дзед.

Тады яна ўстае са свае прасніцы, ставіць яе каля ножкі стала і не на жарты прыступае да свайго перашкаджальніка. Неўзабаве дзед ужо ляжыць, «павалены» на падлогу. Анечка то ляпае яго далонькай па пухкім кажусе, то верхам сядзіць на яго жываце і пераможна смяецца. Потым яна ўстае, поўнасцю здаволеная і стомленая, а ён садзіцца на падлозе і пачынае пакрыўджана «плакаць». Як малы, выціраючы кулакамі вочы.

– Набіла, шапку за печ закінула, ы-ы-ы!..

Спачатку Анечка прымае гэта як працяг гульні, а потым у яе маленькім сэрцы абуджаецца далёка-далёкае, будучае матчына шкадаванне.

– Устань! – спачатку крычыць яна на старога. – Сказала табе, устань! – І нават мякка тупае валёначкам.

Гэта яшчэ ўсё толькі гульня.

Дзед плача – зусім як плача. І Анечка пачынае яго шкадаваць:

– Алісеечка мой, сыночак маленькі! Я больш не буду. Я табе малачка.

Гэта – таксама яшчэ ўсё з іхняга рэпертуару.

– І шапку тваю знайду, вушкі твае не памерзнуць.

Дзед плача горка і няўцешна. І тут ужо Анечка бянтэжыцца: а можа, ён і папраўдзе?.. Яна глядзіць на яго, і вочы яе пачынаюць большаць і вільгатнець. Стары яшчэ ўсё хныкае, закрыўшыся рукой, аднак і глядзіць праз карэлыя пальцы і, адчуўшы, убачыўшы, што ўжо тым часам годзе, што і малая можа заплакаць, аднімае ад твару далонь і смяецца:

– Што, Гануся, спалохалася?

І малая таксама смяецца.

– От вы, дзядзько, які! – гаворыць пралліна мама, а ў голасе яе і маладая весялосць, і сталая матчына ўдзячнасць.

Бабуля перастала прасці і ціха смяецца, нічога не кажучы. Да «вычварання» гэткага і іншага яна па-суседску прывыкла даўно.

Задоўга да таго, як на свеце з'явілася Анечка, здарылася аднойчы такое.

У канцы лета, пад вечар, у вёску ўтупацеў, убразгацеўся потны, запылены эскадрон уланаў. Не так, як некалькі гадоў перад гэтым, калі і салдаты разам з паліцыяй шукалі па нашых прыпушчанскіх вёсках чырвоных паўстанцаў, і не так, як гэта пазней рабілася ў Заходняй Украіне ці на Берасцейшчыне, дзе войска ставілі ў сёлах на карны пастой, – цяпер былі проста манеўры. Па двух, па трох, па чатырох, спешыўшыся на вуліцы, уланы з коньмі разышліся па дварах і – усякая праца ў Ніжніх Бандунах спынілася.

Здымаліся сёдлы з танканогіх узмакрэлых коней. Коні, усе аднамасныя, задаволена пырхалі. Бразгацелі, звінелі страмёны, цуглі, шпоры. Былі сапраўдныя шаблі, пікі, карабіны, якія можна было нават пачапаць. Чулася польская гамана – то каманда якая, то проста гутарка, жарты, нязлосная лаянка, смех. Рассядланыя, расцугляныя «ганчакі» зусім па-конску хрупалі сена і, як свае, глядзелі добрымі, глыбокімі вачыма. Перад Качкамі, дзе шырэйшая вуліца, спачатку толькі дыміла, а потым і незвычайна духмяніла кавай палявая кухня. Кіславата пахла хлебам, пабразгвалі кацялкі. Уланы, вызваліўшыся ад усіх сваіх патранташоў ды рамянёў, сталі з ваякаў звычайнымі хлопцамі з розных далёкіх вёсак і гарадоў, асабліва свойскімі тады, калі захацелі «купіць» малака, а «наша мама» (бо так было ледзь не на кожным двары) вынесла ім цэлы збан і грошай, вядома ж, не ўзяла.

У дваццаць чацвёртым – дваццаць пятым гадах, ганяючыся за «бальшавіцкімі бандытамі», ніякае войска ў Ніжнія Байдуны не заходзіла, крыўды ад яго ніхто не памятаў. І раней, у польска-савецкую вайну, нашу вёску абмінулі і бітвы, і ваенны пажар. А цяпер, ужо даўно не на першым годзе пасля крывавага ліхалецця, многа і нашых хлопцаў служыла ў польскім войску, і ў кавалерыі, і ў пяхоце, – служылі і раней, і ў тое лета, далёка ад роднага дому…

Таму яны, матчыны сэрцы, і раскрываліся.

Цётка Катрына не была яшчэ тады бабуляй Анечкі. Будучы бацька малое праллі ў салдаты пойдзе яшчэ не хутка. Ды матчын клопат, яе трывога, насцярожанасць даходзяць у прадбачанні вельмі далёка. І цётка, вядома ж, таксама вынесла гэтым уланам непачаты збан малака і паўбохана хлеба – проста як нечым сынам.

А ўсё ж, калі пачало сутуняцца, яна, руплівая ўдава, паклікала меншага сына-падлетка і ў сенцах, каб ніхто не чуў, сказала:

– Пойдзеш спаць у аўсяныя мэндалі за Алісеева гумно. Чорт ім верыў, яшчэ снапы пакрадуць сваім коням.

Хлопец, як яму ні хацелася застацца дома, на вуліцы, зблізку пачуць, як трубач зайграе «цапштык» – адбой, паслухмяна пранікся матчынай асцярожнасцю. Ніхто не чуў, няхай жа ніхто і не бачыць. Загарнуўшы кажушок у посцілку, нібы так сабе клунак нейкі нясе, ён перайшоў цераз вуліцу, цераз Цівунчыкаў двор, міма аціхлых там людзей і коней, заўважыў, што ні самога дзядзькі Алісея, ні цёткі Зосі, ні Шуры іхняга, ні дзевак там няма, перайшоў цераз загуменную дарогу і ціха пашамацеў мяккім аўсяным іржышчам да першых мэндлікаў. Паслаўся паміж імі на цёплых яшчэ снапах, лёг і накрыўся посцілкай і кажушком.

Хлопец успомніў, як ён нядаўна, гэтай вясною, вяртаючыся познім вечарам з Плёхава, ад цёткі, свіснуў на скрыжаванні за сваёю вёскай. Кажуць, што, калі там свіснуць апоўначы, – з'явіцца чорт. Хлопец свіснуў, а чорт не з'явіўся. Можа, таму, што яшчэ не поўнач была? Яму, аднак, стала страшна, ён спачатку пайшоў памалу, а потым не вытрымаў – азірнуўся, пайшоў хутчэй і, нарэшце, пабег. І толькі ўжо на вуліцы, а яшчэ больш на сваім двары падумаў, што вось і не вельмі спалохаўся.

Успомніў хлопец таксама і тое, як летась у жніво была вялікая навальніца, а пад вечар, калі яна сціхла, маці паслала яго на далёкае поле, паправіць паваленыя ветрам і ліўнем жытнія мэндлі. Уранні таго дня, яшчэ задоўга да навальніцы, у Ніжніх Байдунах было накідана «афішак» (так у нас называлі лістоўкі), у якіх не па-польску, але па-нашаму было надрукавана, каб не плаціць панам-пілсудчыкам падаткаў, дамагацца школы на роднай мове, свабоды зняволеным палітвязням, дамагацца, каб і тут, як у Савецкім Саюзе, была ўлада рабочых і сялян. Хлопец ціха ішоў па мокрым бадылістым жытнім іржышчы, набліжаўся да мэндляў, адны з якіх былі абернуты, а з іншых толькі пазбівала шапкі, ішоў і думаў, што тыя смелыя і таямнічыя, хто раскідаў «афішкі», цяпер – сядзяць у мэндлях… Яму было сцішнавата, і ён пачаў ціха напяваць. З дзвюх песняў, якія ўжо трохі ведаў – «Ад веку мы спалі» і «Вставай, проклятьем заклейменный». Спяваў не так для смеласці, як дзеля таго, каб пачулі тыя, што недзе тут сядзяць у мэндлях, а ноччу зноў пойдуць па вёсках, спяваў, каб пачулі і зразумелі, што ён ім – свой…

А што ж ён будзе рабіць цяпер, калі прыйдуць уланы – па іхні авёс? Няўжо толькі крычаць? Няўжо яны тады адразу вернуцца, уцякуць?..

Навокал сакаталі конікі, у небе паміргвалі, таксама незлічоныя, зоркі, у вёсцы амаль зусім аціхла гамана, вось-вось павінен быў пачуцца горн адбою… Лета гарачае канчалася, але дні былі яшчэ ўсё па-летняму доўгія. Хлопец, пастух, устаў вельмі рана, за дзень набегаўся, а потым, пад вечар, і нагледзеўся. На цёплым аўсе, пад дзяругай і кажушком, нядаўна павячэраўшы, было так цёпла, што песню горна хлопец пачуў ужо як праз сон. А потым – каб і стралялі яны, з усіх сваіх карабінаў – і таго не пачуў бы…

Уранні ён прахапіўся раней, чым у вёсцы пачуўся сігнал вайсковай пабудкі. Мэндляў абапал яго – не было!.. Нейкі момант ён, яшчэ седзячы, лыпаў вачыма, тужыўся разгадаць, што ж гэта адбылося, а потым, устаўшы, убачыў свой авёс. Крокаў за трыццаць далей, трохі за ўзгорачкам, відаць толькі крайнія шапкі. Падбег туды, палічыў. Усе пятнаццаць, без таго, шаснаццатага, на якім спаў. І пастаўлены хораша, нібы тут яны і стаялі.

Спачатку хлопец занёс туды і паставіў шаснаццаты, потым ішоў дахаты і на Цівунчыкавым двары, дзе спалі і ўланы і коні, сустрэў дзядзьку Алісея.

– Здароў, Іванко, – адказаў той на прывітанне, нібы нічога ніякага, як і заўсёды. Але па ўсмешцы дзядзькавай малому стала ўсё ясна, хоць і смяяўся Рыўка «навыварат», гаворачы за ўланаў «па-польску»:

– Як богем кохем, ніц не вем!..

…Анечка прала на маленькай прасніцы гадоў… хутка сорак таму назад. Нядаўна мы з ёю, Ганнай Андрэеўнай, тэхнікам на льнозаводзе, весела ўспаміналі тое прадзенне. Я бачыў яго тады разам з яе бабуляй і мамай, адна з якіх мая маці, а другая братавуха.

Снапы я вартаваў яшчэ на некалькі гадоў раней.

Дзядзька Алісей быў тады, на аўсяным іржышчы, пад зоркамі зусім адзін. Але я дагэтуль бачу, хоць і не бачыў, як ён стаіць над сонным хлапчуком і сам сабе ўсміхаецца…

Песня

Ёсць такая пара, на стыку вясны і лета, калі нядзеля ў мужыка свабодная, калі ён можа не ў працы, але «па-панску» палюбавацца прыродай. Тым больш што яна тады – у самым росквіце.

Мы, пастушкі, занятыя былі і ў нядзелю. Ды ў нас, у хлопцаў, былі ж і сяброўкі, якія маглі «адпусціць», калі ўжо такая патрэба. Час мы мералі не гадзіннікам – на ўсю вёску іх са два, можа, і было – а даўжынёю ўласнага ценю. «Пусці мяне на ступак, на паўтара, на два…» У самы поўдзень каровы, прыгоненыя «з ранак», былі дома, але і тады, калі мы іх зноў выганялі на пашу, цень быў яшчэ ўсё кароткі, мы мералі яго з дакладнасцю да палавіны і да чвэрткі ступака, у хлопцаў невялікага, а ў дзяўчатак яшчэ меншага. А што да патрэбы, дык дзе там ужо большая за тую, калі з вёскі па выгане, цераз падсохлае балота, на луг да рэчкі ідзе вялікая грамада – мужчыны, хлопцы, свабодныя ад пасты хлапчукі! Ясна, што будзе…

Калі грамада збіралася ў вёсцы на выхад трохі раней, а нашы каровы яшчэ стаялі ці ляжалі кожная на сваім двары, мы дамаўляліся з дзяўчатамі дома; калі ж трохі пазней, дык мы ўжо на пашы мералі цень ступакамі і з крыкам, у падскоках даганялі тую грамаду.

Рэчка наша спакойная, з тарфяністым дном, шмат крутых (у нас кажуць «прыткіх», а то і «спрытных») берагоў, пад берагамі многа падрэзаў, а на дне – вялікага куп'я.

Гэта якраз і трэба, гэта, па-сучаснаму кажучы, і абумовіла даўні мясцовы від маладзецкага спорту.

Над рэчкаю, на мурагу, што расквітнеў купаллем, рамонкамі, кашкамі, вогнікамі, смолкай, браткамі і процьмай іншых кветак, усе мужчыны, ад найстарэйшых да найменшых, распранаюцца. Ні трусоў, ні трусікаў – не было яшчэ такога звычаю. Малыя распранаюцца хутчэй, як быццам баючыся не паспець на самае галоўнае. А мужчыны і дзецюкі не спяшаюцца. Раздзеўшыся, сядзяць у сонцы, абменьваюцца заўвагамі наконт таго ці іншага, ахвотна адводзячы тэму ў той бок, дзе малым асабліва цікава, ласа слухаецца.

Пасля нарэшце даецца каманда, – Цараў норт, той участак ракі, які сёння трэба апрацаваць. Абняць яго з двух бакоў, разысціся адгэтуль ніжэй і вышэй і ўзняць належны шолам. Хто бяжыць, а хто ідзе да вады, хто лявей, хто правей – натоўп падзяліўся на дзве голыя палавіны. Пачынаецца плаванне з крыкам і буханнем нагамі па вадзе – рыбу заганяюць пад берагі, у норы і падрэзы, а на дне – пад вялізнае тарфяное куп'е.

Потым хто-небудзь старэйшы камандуе «годзе!» і – пачынаецца галоўнае.

Словы «спорт», «чэмпіён», «рэкорд» і іншыя падобныя былі тады ў нас не ў модзе, як і трусы, – хто чуў дзе, у войску ці ў школе, а хто і зусім не чуў. А чэмпіёны былі. Ды гаварылася пра гэта проста: рыбу рукамі дастаюць найлепш каваль Пучок, Цівунчыкаў Жмака і, вядома ж, Цімох Ярмоліч.

Пучок, праўда, лавіў не так ужо добра, як пацешна. Малы, шыракароты, «чарнамызенькі» дзядзька, ныраў ён густа і часцей за ўсё напуста. Захопіць з сабой паветра, падскочыць шпунцікам угару, нырне нагамі ўніз, і даволі доўга яго няма. Так доўга, што за гэты час можна паспець разоў пяток узапар сказаць яго доўгую мянушку: «Не хачу хлеба, дай сала!» Тады ўжо ён вынырвае і перш за ўсё, развеўшы рукі, паказвае, якая рыбіна ўцякла. Тады, амаль адразу ж, зноў хапае паветра, падскоквае і – у дно. Сяды-тады вынырваў з рыбінай, аднак яшчэ ўсё меншай за тую, па душу якое зноў і зноў даваў нырца.

Дужы і звераваты Жмака часта вымаў з-пад доннага куп'я ці з берагавога падрэзу вялікіх язёў, мянькоў і акунёў, часамі рэзаў рукі акунёвай пілкай і кожную рыбу ці рыбінку, узняўшы яе над вадой, раней чым шпурнуць на бераг, абкладаў панурым конскім матам.

Цімох сюды не прыходзіў разам з усімі з вёскі – улетку ён жыў з сабакам у сваёй паплаўнічай будзе і, калі да рэчкі дагамоньвала святочная мужчынская грамада, далучаўся да яе часамі так непрыкметна, што нібы з-пад куста ці нават з-пад зямлі. На глыбіні, стаяка плывучы на адным месцы, ныраў ён не нагамі ўніз, як іншыя, але дзябёла падскокваў, згінаўся над вадою ў поясе і, пацешна бліснуўшы незагарэлым азадкам у неба, як цераз жэрдку, перавальваўся ў глыбіню. Але сядзеў там найдаўжэй і вынырваў заўсёды з рыбай. То з большым чым-небудзь, то з аднымі плоткамі. Бывала, наўсаджвае, назаціскае тых плотак паміж пальцамі абедзвюх рук, а яшчэ па адной – паміж пальцамі на абедзвюх нагах. Ужо і маніць не трэба, колькі іх там, пад адным подрэзам ці між вялікімі грудамі торфу.

– Толькі, браце мой, пагладжвай ды бяры. Як бабу…

У палоне, куды я трапіў з польскага войска ў верасні трыццаць дзевятага, мне разоў некалькі дакучаў адзін і той самы сон. Поўная апаноўка яечні. Адно пакрэктвае ды папырсквае салам – толькі што з агню. І луста хлеба, тоўстая, наздравата-пухкая і вялікая на ўвесь бохан. І думка, з логікай натуральнай у сне: «От хіба дурань! Чаму ж я тады так мала, так неахвотна еў?..»

Другі сон прыходзіў, здаецца, толькі аднойчы. Адзін толькі раз так бязлітасна ярка. Я ўбачыў наш мурожны луг з усімі яго кветкамі і матылямі, з усімі пахамі і песняй жаваранка над спякотнай цішынёй, з усёю травяною, зялёнаю ласкай для босых, заўсёды паколатых ног… Са сцішнаватай, ледзь празрыстай цемраддзю рачное глыбіні, у найглыбейшым падрэзе, дзе я – ужо не пастушок – пагладжваю, улагоджваю майго найбольшага язюка… Луг і рэчка, і той радасны гоман і смех – сіламі ўсіх ніжнебайдунскіх хлопчыкаў, хлопцаў, мужчын, – смех, ад якога я і прачнуўся на нарах, найшчаслівей заплаканы.

Вельмі мала знаёмыя са словамі «спорт», «рэкорд», «чэмпіён», мы не ведалі тады і слова «браканьер». Рыба была, і рыбу лавілі. Трохі сеткамі, трохі вудамі, трохі рукамі. Але рыба была. А сёння, калі яе і ахоўваюць, і глушаць амаль усенародна, – і лесхімгасаўцы, замест таго каб карчаваць тым толам лес, і мяшчане на персанальным транспарце, і некаторыя на ўсюдыходных «газіках», – калі яе і токам б'юць, і «тэлевізарам» ашукваюць, калі яе шкоднымі адыходамі дастаюць нават у такіх далёкіх лугах, як наш, – цяпер ужо і сетачкай на юшку налавіць – таксама браканьерства.

І мы не згодныя з гэтым. Тыя «мы», што сёння, у чэрвеньскі выходны дзень пяцьдзесят восьмага года, бродзім з таптухай. Дзе ў беразе, дзе на мяльчэйшым, у зеллі. Колькі нам трэба – дай бог вядро, ці хоць няпоўнае – на восем чалавек. Ды раз у год ці ў два гады, – так усё часу няма, каб спаткацца, як людзі.

Добра, канечне, любіць людзей маладых, каторыя варты гэтай любові. Аднак сустракацца з тымі, з кім сёе-тое перажыта, каторых усё менш ды менш, – гэта таксама добра.

Калі я пражыву і трыста трыццаць год, дык усё роўна буду з цёплым, высокім сумам успамінаць такія вечары, дзе чокаюцца не дзеля таго, каб напіцца, а каб смялей, шчырэй было сказаць, як мы рады сяброўскай сустрэчы, той сустрэчы, калі мы потым і заспяваем, ладна сышоўшыся не так галасамі, як для ўсіх нас зразумелым хваляваннем.

Наша вёска песенная здаўна. Мужчыны добра спяваюць. А больш дык правільна будзе сказаць: спявалі. Адны не павярталіся з франтоў, а хто вярнуўся, дык ужо і пастарэў. З тых асабліва, што на вайну пайшлі сямейнымі, пажылымі.

Хлопцы ў той вечар расказалі мне, што два з найлепшых ніжнебайдунскіх спевакоў, Уладзік Чыркун і Антось Навумовіч, летась увосень сабралі да плота ледзь што не ўвесь кірмашны натоўп. Ды не збіралі яны, а проста самі паселі, стаміўшыся, каля высокага тыну, на духмянай бясцветным рамонкам траве, на тым свабаднейшым на рынку месцы, дзе прадаюцца гаршкі, і заспявалі ціха і няспешна, для сябе.

Побач аціх спакваля перастук па гаршках ды збанках, торг спыніўся, і людзі сталі падыходзіць на песню. Спачатку мужчыны. Бліжэйшыя, пасля далейшыя. Хто на песню ішоў, а хто і на той збор, але, услухаўшыся, і сам заставаўся.

Што ж яны там спявалі? Што з тых песняў, якія ў розны час слухаў, а то спяваў і я? Можа, гэтую, горда-арліную:

 
…Зовет меня взглядом и криком своим
И вымолвить хочет: «Давай улетим!..»
 

Ці, можа, гэтую – будзённую, зусім ужо сваю, вясковую, гарэзліва-вясёлую:

 
…А каб свінні паздыхалі
і хата згарэла,
як мне гэта прымачае
жыццё надаела!..
 

Ці гэтую – журботна-задушэўную:

 
…Як хороше, як весело
на білім світі жить!
Чому ж у мене серденько
І ние, и болить?..
 

Людзі стаялі, слухалі, і людзям было добра. То задумацца можна, то весела стане, то засумуецца. Так па-святочнаму, незвычайна.

Бо вось паселі гэтыя двух каля плота, адзін нават выцягнуў на траве кавялу. Гэта Ўладзік, што з Вялікай Айчыннай прыйшоў без нагі. Антосю ж яшчэ ў першую сусветную паадбівала пальцы на правай руцэ. Першаму будзе за шэсцьдзесят, і не ведаючы пазнаеш, а другому ўжо і на восьмы дзесятак трохі пайшло. Можна сказаць: лебядзіная песня. Правалачы сваю безліч дзён і начэй праз войны, нястачы, трывогі, некалькі зменаў улады – тут можна і стаміцца, і засумаваць. А людзі гэтыя спяваюць! Так шчыра, хораша. На два галасы. Нягучна, аднак яшчэ ўсё молада. І ім самім, відаць, таксама добра. І сумна і добра. Можа, нават і так, як бывала ў іх рэдка калі…

Як і нам цяпер, хлопцы, сябры мае, ужо таксама даўнія, не ўчарашнія партызаны.

Маёр Асмалоўскі

Вось так. А цяпер мне – думай, як ад такой узнёсласці вярнуцца зноў да смеху?

Што ж, і ў жыцці яно так: бывае самае нечаканае чаргаванне.

…Дык мы сядзім сабе, спяваем за сталом. Акно адчынена ў зялёны сад, асветлены з хаты. І раптам у гэтае акно з таго саду даволі спрытна гоцнуў чалавек, якога я прывык лічыць… бадай што і нябожчыкам.

Ускочыў, выхапіў з-пад пінжака (пад гальштукам!) добры аполак сала, пляснуў яго на стол, сказаўшы: «Мой уклад!» – і працягнуў мне цераз стол руку:

– Здароў, Антонавіч!

– Сідар – ты?! – гукнуў я міжволі.

– Сідар – я! – адказаў ён у тон мне і засмяяўся: – Хрыстос васкрэсе, браток!

І трэба ж было (і такое бывае), што зранку дома, тады на рэчцы, пасля зноў дома – і ніхто мне ані слова пра тое, што Сідар-гоп і сапраўды ўваскрос, другі ўжо раз пасля вайны!..

Пра Сідара пачнём з мянушкі. Проста ён смешна танцаваў, няўдала падскокваючы ды падрыгваючы ў польцы, а то і ў вальсе, таксама без толку і ладу. Калісьці, гледзячы збоку, Уладзік Чыркун падбадзёрваў яго: «Сідар – гоп!», гэтае «гоп» падхапілі мы, падшыванцы, і так яно прыліпла назаўсёды.

Сідару вельмі ж хацелася ў войска, а яго ўсё бракавалі. Пазней я даведаўся, што па Версальскім дагаворы Польшча Пілсудскага мела права толькі на трыста шэсцьдзесят тысяч войска, таму і адбіралі «пабаровых» так прыдзірліва. Сідару першы раз далі адтэрміноўку, на другі год таксама, а ўжо на трэці забракавалі зусім. Паміж другім і трэцім годам надзеі з Сідарам здарылася такое, што ён лічыў нядрэнным козырам. На ўзгорку за нашай вёскай паставілі «маяк», трыганаметрычную вышку, якая нам, пастушкам, здавалася проста паднебнай. Аднак знайшоўся чалавек (не з тых, што ставілі «маяк»), які не толькі залез на яго да самага верху, але, ашчарэпіўшы нагамі шпіль, апусціўся ўніз галавою. Гэта быў Штокала, вядомы местачковы жулік. Другі да шпіля далез Сідар-гоп. Зачапіцца нагамі і павіснуць уніз галавою ён не асмеліўся, рэкорд свой адзначыў тым, што скінуў адтуль галёш. Была ўжо восень, гразь, і галёш, прасвістаўшы снарадам, урэзаўся ў раллю. А вясною, «на здачы», Сідар-гоп казырнуў маяком: «У мяне вельмі моцная галава, вазьміце ў лётчыкі!..» Не памагло. Выхад сваёй няўрымслівасці ён знайшоў у іншым… Зноў тлумачэнне патрэбна – не была б гэта гістарычная тэма!..

У бліжэйшым ад нас, невялікім маёнтку быў панам Сідараў дваюрадны брат. У рэвалюцыю пані Ядкова (тая самая, што згубіла «седэмнасце злотых») са страху і дзеля самастрахоўкі ўзяла да дачкі прымаком сялянскага дзецюка, стала такім чынам нібы і сама сялянкай. Потым панская ўлада вярнулася, і ўсё стала наадварот, – прымак, звычайны, нават не вельмі спраўны Ганнін Мечык, з прозвішчам, як і Сідар-гоп, Асмалоўскі, з мянушкаю Сэпель, зрабіўся панам Мечыславам. Панскай радні, якая жыла ў асноўным у Варшаве, не гонар быў такі сваяк, але, параіўшыся, пагадзіліся на тым, што паслалі яго на нейкія курсы, каб трохі абгладзіць. А ён пасля, не вельмі зазнаўшыся на пасадзе панінага мужа, узяў да сябе, у маёнтачак, і свайго дваюраднага. Ведаючы яго другую, пасля мілітарнай, страсць – лячыць жывёлу, Мечыслаў уладзіў Сідара, узброенага двума класамі царкоўнапрыходскай школы, на ветэрынарныя курсы, з якіх ён, дарэчы, вярнуўся хутчэй, чым чакалі.

Ці так, ці гэтак, а нашы Ніжнія Байдуны набылі сваю арыстакратыю – пана і доктара.

Пан співаўся настолькі паслядоўна ды настойліва, што да верасня трыццаць дзевятага года ад яго маёнтачка засталіся ўжо толькі рожкі без ножак. А доктар лячыў сялянскую жывёлу так самааддана і ўдачліва, што неўзабаве набыў сабе славу на некалькі вёсак і мястэчка. І гэта – без адрыву ад уласнай гаспадарачкі, якую яны вялі сяк-так з малодшым братам і сястрою. Праўда, калі людзі прыходзілі з яго рэцэптамі ў аптэку, аптэкар круціў галавой і ўсміхаўся ад Сідаравых польскай і, тым больш, лацінскай моў, аднак здагадваўся, чаго пан ветэрынаж Асмалоўскі хоча: з гадамі ён прывык да невялікага асартыменту Сідаравых лекаў.

Сідар лячыў душою і нахабствам. Вязе яго, скажам, які-небудзь не з нашай вёскі дзядзька да хворай каровы, а той доктар ужо на пад'ездзе да вёскі ажно гарыць. Не чакае, пакуль і веснікі адчыняць – гоп цераз іх, пінжак ці кажушок з сябе, на плот, і крычыць гаспадыні: «Цёплай вады!» За вочы людзі пакеплівалі, аднак бралі яго ахвотна, бо да гміннага ветэрынара з мужыцкай капейкай не вельмі было даступіцца, а гэта і свой чалавек, і цаны ніякай не вызначае, – што хто дасць. Нават і чаркі з яечняй ды добрага слова хапала.

Трэба дадаць яшчэ адно. Сідар-гоп быў усё-такі «доктарам» не афіцыйна, толькі народным, ці што, і на лячэнне яго гмінная ўлада глядзела праз пальцы: няхай сабе, як-ніяк – панскі сваяк.

Ветэрынарства гэтае Сідара і падвяло.

У ліпені сорак трэцяга, у дні вялікай блакады нашай партызанскай пушчы, у мястэчку спыніўся быў уласаўскі карны батальён. Сідара хтосьці там з местачковых рупліўцаў ці проста дурняў падаткнуў: «Вунь стаіць ніжнебайдунскі доктар…» Яго забралі як патрэбнага пры конях, і так ён знік з родных мясцін, а для добрых людзей – «прапаў за сабаку».

А ўлетку сорак шостага, праз тры гады, я прыехаў да брата і на вуліцы роднай вёскі, у сонечны дзень – проста аслупянеў…

Насустрач мне ішоў, злёгку накульгваючы, шыкоўны савецкі маёр – з залатымі пагонамі, з двума ордэнамі і, як адразу здалося, мноствам медалёў. Ён падпіраўся далікатнай кульбачкай, відаць, не толькі для большай важнасці, але і з патрэбы, бо на яго парадным кіцелі была і жоўтая стужка цяжкага ранення.

Тады я першы раз выгукнуў сваё: «Сідар – ты?!», а ён адгукнуўся ў тон мне, з прастадушна шырокай усмешкай: «Сідар – я!»

У адказ на маё маўклівае недаўменне ён выняў з кішэні кіцеля свой ваенны білет, яшчэ (не памятаю які) дакумент, адкуль у памяць маю назаўсёды ўступіла фраза: «Смыл кровью вину перед Советской Родиной и восстановлен в звании майора». Іменна, іменна гэтае «восстановлен»! У чалавека, што ні ў польскім войску, ні ў Чырвонай Арміі да вайны не быў нават і радавым. А тут: «майор Исидор Алексеевич Осмоловский»… Гучыць?

Яшчэ адным пераканальным доказам поўнай Сідаравай легальнасці была яго жонка. Бо чалавек нарэшце і ажаніўся. Пад яблыняй у дзядзькавым садочку, на вярблюджай коўдры, з белай падушкай ляжала завітая дамачка ў ярка-стракатым халаце, з кнігай. Сідар нас пазнаёміў. Я даведаўся, што Злата Аркадзьеўна – ваенфельчар, і заўважыў, што яна па-мірнаму цяжарная.

Далейшае адбылося без мяне, я толькі чуў пра гэта ад некалькіх землякоў, і з тых расказаў, дадаўшы іх да Сідаравых, склалася даволі выразная карціна вялікага пераўтварэння нашага Сідара-гоп у маёра, а потым наадварот.

З таго карнага батальёна ён перабег у партызаны, на развітанне як быццам атруціўшы ўколамі некалькі ці нават многа коней. Сідар мог і дадаць сёе-тое, так што ўсяму не надта і верылася. У арміі, куды ён трапіў з партызан, прыйшлося праясняцца ў штрафніках. Пры штурме нейкай вышыні «загінулі ўсе камандзіры», адчайны Сідар (гэта – без іроніі) павёў рэшткі роты ў атаку, вышыня была ўзята, а цяжка паранены Асмалоўскі апынуўся ў шпіталі. Калі ён апрытомнеў і ў яго спыталіся пра былое званне, Сідар доўга не выбіраў.

І найдзіўнейшае ў тым, што ён быў у сваім маёрстве ўпэўнены. Яшчэ мацней, чым старшы унцер Качко ў сваіх сяброўскіх выпіўках з капітанам французскага крэйсера або яфрэйтар Бохан-Калоша ў сваім камандаванні «воздухоплавательной ротой». Хвароба нейкая ніжнебайдунская, ці што?.. З Усходняй Прусіі «маёр» Асмалоўскі трапіў у Маньчжурыю, пасля разгрому Квантунскай арміі (там Сідар атрымаў другі свой ордэн) блізу год праслужыў у адным далёкаўсходнім гарнізоне, а пасля, на бяду сваю, з бляскам наведаў родную вёску.

Тут яго не было каму і дзе прыняць. Малодшы брат, якога нездарма яшчэ на пашы празвалі Катлом, служыў паліцаем, а потым уцёк на Захад разам са сваімі новымі панамі, забраўшы з сабою, у беззваротнае бадзянне, маці і сястру. Іхнюю хату, як «бросовое хозяйство», часова занялі пад школу. Сідар з жонкай спыніўся ў дзядзькі. Наслухаўшыся на сваяцкіх частаваннях рознага захаплення наконт яго геройства, ён не вытрымаў (і не з такімі здараецца) выпрабавання славай, паехаў у райцэнтр і з усёй катэгарычнасцю запатрабаваў аддаць яму хату. Легенда кажа, што там ён нават і стукаў і грукаў – кулаком па стале і кульбаю ў падлогу. Маёрства высветлілі. Злата Аркадзьеўна паехала з адпачынку адна.

А выплыў Сідар для мяне, і сапраўды ўваскрос, – ускочыўшы з саду ў акно.

Трэба сказаць, што на ўсе свае віны і заслугі глядзеў ён цяпер… проста дзіва, з якой аб'ектыўнасцю. Першы свой тост за нашым сталом узняў:

– За савецкую, хлопцы, турму! Бо гэта, я вам скажу, не турма, а сплашная прывілегія. З дурня зрабілі з мяне чалавека. Зноў я нашы кароўкі лячу, зноў нашым людзям дабра хачу, п'ю нашу родную чарку, ем нашу родную скварку, няхай жыве наша рабоча-сялянская ўлада і – нічога нам болей не нада!..

Ён не вельмі зманіў пра кароў – цяпер не лячыў іх, праўда, але ўжо ад зімы займаўся ў калгасе справай штучнага абсемянення, якое называюць проста «саматыкам», ды так старанна і талкова працаваў, што ў вёсцы пачалі казаць: «Сідар-гоп цяпер за быка».

У рыфму гаварыць ён мог заўсёды і зусім свабодна. Памятаю я гэта яшчэ з далёка-даваеннага часу.

Маці наша смяецца ажно да слёз, а Сідар стаіць перад ёю, як на эстрадзе, у творчым экстазе імправізацыі.

 
– Мілая мая цётка Катрына,
ёсць у вас і хлявок, і адрына,
і агарод, і садок, і хата.
Толькі памёр ваш нябожчык тата…
Не ваш, канечне, а вашых сыночкаў,
а такжа вашых і дочкаў,
а ваш – любімы мужык,
што з вамі жыць дружна прывык…
 

Так магло б і плясціся, калі б не трапляліся словы, дзе з ходу не вельмі і зарыфмуеш. Скажам, такое:

 
Цяпер жывяце вы, цёця, удавою,
над хазяйствам сваім галавою,
і жызня ваша больш ужо не скарбейная,
бо сыночкі вашы павырасталі… Ага!
 

Няма тае рыфмы да самаробнага слова «скарбейная» – і такое бяды: тут падстаўлялася запасное, дзяжурнае «ага!». Як у той польцы – «Сідар – гоп!..». Гопнуў, брыкнуў і – паэзія.

У гэты свой яшчэ адзін талент Сідар верыў, як і ў маёрства.

– Антонавіч, – гаварыў ён мне аднойчы, зусім цвярозы. – У цябе ж, браток, машынка пісучая ёсць. Прыеду я да цябе калі-небудзь, сядзем і ўдвух усю жызню апішам сціхамі!..

Задуму гэтую мы з ім, на жаль, не здзейснілі. А ён быў, думаецца, і сапраўды здольны. У яго была і фантазія, і назіральнасць, і ўменне коратка, дакладна перадаваць другім убачанае. Расказваючы мне пра Маньчжурыю, Сідар так згадваў рыкшу, мімаходзь: «А капялюш, браток, шырэйшы за аглоблі!..» Расказваў ён мне і пра тое, як намагаўся забраць сваю хату, як тады «трохі памацаў тых бюракратаў». «Гарбуновіч – адразу са страху пад стол, а Марцыян як сігануў у акно, дык раму на шыі вынес на вуліцу і папёр!..» У дачыненні да тых, каго я добра ведаў як паважаных ды салідных, неверагоднае было міжволі смешным, бо і расказанае з мімікай, з жэстамі і з перайманнем галасоў. Не горш за Цімоха Ярмоліча. Быў таксама расказ пра лагернага старшыну, страшэннага заразу, якога Сідар, падаўшыся не ветэрынарам, а «чалавечым фельчарам», лячыў ад гемарою шкіпінарам. Было і яшчэ сёе-тое. Словам – буйства фантазіі і гарачая, непахісная вера ў самога сябе. Пакуль яны, разам з ім, спакваля не атухлі.

З Сідара зрабілі забаўку. Былы наш старшыня калгаса, чалавек недалёкі, спачатку нядрэнны гаспадар, пасля раздзьмуты і ачмурэлы, лічыў Асмалоўскага сваім прыдворным паэтам, і на выпіўках – стацыянарных і выязных – Сідар зарыфмаваўся пры начальстве да поўнай старэчай нікчэмнасці.

А чалавек ён быў, калі глыбей узяць, і недурны, і нядрэнны. Не п'яны або не ў «творчым настроі», ён разважаў і так:

– Не вер, браток Антонавіч, калі каторы стогне. І колюць, і рэжуць, і хаты будуюць пад бляхай. А колькі ў нас маладзёжу вучонага? Каб не Савецкая ўласць, не было б чаго другому і дзяліць паміж сыноў, і дочкам у пасаг даваць. А гэта? Вяселле – тры дні і мора магазіннае гарэлкі, хрысціны – два дні, у армію ідзе – два дні! Няўжо ж такое з гора? Калі пры тым адзіналічастве адзін ці два гаспадары жылі ў нас, як яны думаюць, лепш, чым яны сённека жывуць, дык што ж ад гэтага другім, усяму нашаму бальшынству? Што мы з табой, браток, не бачылі тае скарбейнае жызні? Што ты стогнеш другі, як карова, аб'еўшыся роснае канюшыны?..

Пра Сідара я неяк чуў: «Харошы, просты чалавек». Яшчэ і тут, на гэтым прыкладзе, я намагаўся пранікнуць у глыбінны сэнс такога азначэння. Тыя, хто так гаварыў пра Сідара, і самі былі людзі простыя, і ён, зрабіўшы захмарны віраж са сваім фантастычным маёрствам, адбыўшы потым сваю «прывілегію», зноў быў шчыра руплівы, вечна з-за недахопу часу непаголены, у недачышчаных кірзачах. І з яго, можна думаць, было б не тое, калі б яго з самага моладу ды ў спрыяльныя ўмовы, – як сёння моладзі: школа, завод, інстытут… А прастата яго – у нечым іншым, не знешнім, глыбейшая якасць. Толькі ж гарэлка, гарэлка… Ды ў гэтым ён не першы і не апошні.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю