Текст книги "Выбраныя творы"
Автор книги: Янка Брыль
Жанры:
Советская классическая проза
,сообщить о нарушении
Текущая страница: 6 (всего у книги 36 страниц)
Тут – не адзін які ўспамін, а некалькі вельмі вялікіх, шматфарбных малюнкаў, убачаных праз акно самалёта ў розныя гады і ў розных шыротах, сваіх і замежных. Палі ў шматфарбным летнім росквіце.
Па-польску цераспалосіца называецца «шахаўніцай» – ад шахматнай дошкі. Іменна так было б зручней называць вялізныя квадраты і прастакутнікі нашых палёў, бо палосы ў цераспалосіцы – звычайна падоўжныя і, у большасці, вузкія.
Летась я з групай сяброў-літаратараў быў на Таймыры. Цяпер успомнілася, з якім хваляваннем, пад прыкры трэск у верталёце, глядзелася зверху на тундру. На яе зялёна-бура-шэрую самотную бязмежнасць, на бліскучую процьму малых і меншых азёр-азярынак, – нібы на шкуру казачна вялізнага аленя, зусім не казачна пабітую на сотні дзірачак заеддзю, запалярнымі аваднямі. На наша шчасце, як сказалі лётчыкі, дзень быў на рэдкасць сонечны. Хваляванне ўзмацнялася тым, што напярэдадні мы апускаліся ў адзін з нарыльскіх руднікоў. Трэск верталёта спалучаўся ў памяці з магутным грукатам горнага камбайна. Складана было на душы ад такога «вышынна-глыбіннага» пазнавання гэтай зямлі, незвычайна багатай і сцішна суровай… Назаўтра хваляванне паўтарылася інакш, прасцей. У параўнаўча ціхім пасажырскім лайнеры мы вынырнулі з-за высокіх, рэдкіх аблокаў у сонечнае, спелажоўтае, сакавіта-зялёнае Падмаскоўе. Кантраст паміж тундрай і панарамна вялізнай «шахаўніцай» культурных палёў адчуўся па-новаму, як штосьці так па-хатняму ласкава, хораша абжытае… Тады і падумалася пра ёмкасць і дакладнасць польскага азначэння цераспалосіцы.
Цераспалосіца, палосы і палоскі… Зверху бачыў я іх у Францыі, у Пакістане, у Канадзе, у іншых краінах. І ўжо не помню, дзе, у якім падарожжы, над чыімі палямі згадаў яшчэ аднаго вясёлага земляка з яго незвычайнай прывычкай.
Дзядзька Тодар Клімовіч, за вочы Грамузда, напасвіўшы ў нядзелю ці ў свята якое каня, дзе-небудзь на поплаве або на мяжы, адводзіў яго на выган па вёсцы, пасля па дарозе, а сам вяртаўся дахаты інакш. Ішоў па полі, упоперак загонаў па жыце, па аўсе, па бульбе, па канюшыне. Ішоў памалу, адпачываў такім чынам і думаў. Можа, чытаў з гэтых палосак жывую гісторыю роднай вёскі, расслаенне яе на багатых, бяднейшых і бедных, а можа, проста радасць адчуваў – ад чаргавання збажыны і нібы ад палёту. Вось я іду па зямлі – нібы лячу над ёю, без усякай дарогі!.. За гэта яму ніхто ніколі ды нічога не сказаў. Усе суседзі зараз, усёю вёскай не збяруцца дзеля таго, каб асудзіць («чаго ты грузішся па хлебе, га?»), а кожны паасобку – ат, падумаеш! Хіба што пасмяецца хто, адзін другому скажа: «Бачыў, бусел ізноў пасігаў!..»
Грамузда – мянушка з самага маленства. Яшчэ ў той старэнькай школе, што згарэла ў акупацыю, калісьці малы Тодарка павінен быў расказаць настаўніцы байку Крылова «Ворона и лисица». А ён не вывучыў. Калі яму ззаду шапнулі чарговы радок: «На ель ворона взгромоздясь», ён, беларускі хлапчук, паўтарыў яго па-свойму: «Варона ела грамузду». І ад таго пайшло. Мала што смешна, дык яшчэ і незразумела – грамузда, ад чаго і смяшней.
Усе ніжнебайдунскія мянушкі пачыналіся ад смешнага, за кожнай з іх было першае здарэнне.
Злоснага здаравілу Жмаку празывалі яшчэ і Бог-бачко. У школе, на ўроку «божага закону», поп загадаў малому назваць «лица пресвятыя троицы». Той цягнуў сяк-так на падказцы, і выйшла ў яго, тады бяззуба-шапялявага, так: «Бог-ачэч… бог-шын і… бог-бачко!»
Да нярослага каваля Пучка з самага малку цэлая фраза прыліпла ў якасці мянушкі: «Не хачу хлеба, дай сала». Кавэнчыў, скварку ў маці прасіў, а яна была баба вясёлая, надзела яму торбачку: «Ідзі, сынок, пажабруй, бо ў нас ужо таго сала ані бародавачкі няма». І ён пайшоў. Суседкі смяюцца, хлеба малому даюць, а той шморгае носам з марозу ды: «Не хачу хлеба, дай сала».
Было і «Важнае ліцо». Мітроша Рагач. Хлопец, здаецца, як хлопец, толькі і розніцы ад іншых дзецюкоў, што нярослы ды што ў яго такі добранькі бацька: да самай сынавай жаніцьбы не даваў яму араць ды сеяць. У хаце ў іх было поўна жанчын – маці, цётка і сёстры, – можна туляцца і ад іншай палявой работы. Мітроша то габлюе што-небудзь у халадочку, а потым, маме на радасць, распішацца на кожнай стружцы тоўстым сталярскім алоўкам, то возьме рыдлёўку, шнур і выпроствае ў полі мяжу. Вярнуўшыся з войска, дзе ён служыў у коннай артылерыі, Мітроша павыгаблёўваў ды павыпісваў шыльдачкі і панавешваў іх у хляве, правёўшы казарменны ўлік: «Кабыла Лысая», «Карова Красуля», «Цялуха Манька». Толькі авечак ды свіней не выдзеліў паасобку. Выпісаў з Варшавы, з выдавецтва «Добро», эмігранцкую газетку «Меч», паўгода чытаў у ёй пра італа-абісінскую вайну, а потым перамог-такі свой гонар, спытаўся ў мяне, шмат маладзейшага, сам-насам: «Скажы, пажалуста, а што гэта за гасударства – Мусалін?» Мянушку сваю Мітроша набыў раней, яшчэ да службы ў войску. Ішоў у нядзелю з мястэчка з плёхаўскімі дзяўчатамі. Развітваючыся каля нашай павароткі, яны запрасілі яго на танцы да іх, увечары. І ён згадзіўся: «Харашо. Тока скажыце вашым кавалерам, што да іх прыйдзе важнае ліцо». Гумар такі. А дзяўчаты паверылі. І сказалі. А кавалеры абдумалі, як тут яго сустрэць і правесці. Сустрэлі падкрэслена-ветліва, а потым, як сцямнела, выгналі з вёскі не цяжкай зброяй дзецюкоўскіх боек, не штанкетамі ці каменнем, а далікатна – пугамі.
Мянушкамі здавён была пацярушана ўся наша вёска, хапіла на кожную хату па адной, і па дзве, і па тры. Свой фальклор, для саміх сябе і найлепш зразумелы, і найбольш вясёлы. Як і ў кожнай іншай вёсцы, спрадвеку, у нялёгкай мужыцкай долі – па прыказцы: «Не пацешыўся б, дык павесіўся б». І я тут не буду іх больш прыводзіць. Толькі адну з пазнейшых, сучасную, што не стаяла на месцы, а год ад году расла, сталела, разам з тым, каму належала з пялёнак.
Сыночка мама называла «мой анёлачак». Такім ён выбег з хаты на вуліцу. Калі падрос на падлетка – ужо сама вёска, без мамы, пачала называць яго Анёлак. А стаў студэнтам, пасля інжынерам – назаўсёды ўсталявалася саліднае ды «гарадское» – Ангел.
Ах, чорт! Разбалбочашся, дык і спыніцца цяжка. Яшчэ хоць гэта:
«Гоп, Мар'яно, тры дні свят!»
«А можа, яна пойдзе на Плёхава?»
«Коштык, а джэ тое?»
Першае – бядняцкі аптымізм. А пачалося з дзядзькі Гора, які так пацяшаў сваю жонку ў нястачы, нават задоўга да тых свят, якія таксама невядома чым было сустракаць.
Другое пайшло ад бабулі Барбары, старэнькай, глухой і не вельмі відушчай. «Бабо, вайна, кажуць, будзе?» – «Га?» – «Вай-на бу-дзе!!» – «А можа, яна, бог мілы дасць, пойдзе на Плёхава?» Нібы пра дажджавую хмару ў сенакосны прыпар.
А з Коштыкам – пра канспірацыю. Два Самусёвы хлопчыкі ўкралі суседавага пеўня. Сям'я такая, дзеці ад бацькоў вучыліся. Ды яшчэ без належнага спрыту. Увечары да іх, як заўсёды, сабраліся вячоркі. А хлопчыкам карціць праверыць, ці ўсё ў іх шыта-крыта са здабычай. Меншы з печы пытаецца: «Коштык, а джэ тое?» А большы, з лавы, супакоіў: «Мама яго ўзо загэзала…»
Ды вернемся да Грамузды.
Апроч гэтай, галоўнай, мянушкі была ў яго яшчэ адна: «Ён затрубіў». Дзядзька Тодар, як і Цімох Ярмоліч, служыў у царскай кавалерыі і здорава мог пасля, на начлезе, трубіць у кулак. Усе нашы коні ад гэтага гуку ўзрываліся табуном і ўцякалі. І вось аднойчы як быццам і трэба было, каб Грамузда ляжаў трохі воддаль ад іншых начлежнікаў. Затрубіў ён тады асабліва ўдала. Спалоханы табун, як па дамоўленасці, грымануў якраз на трубача, і… назаўтра ўранні старэнькая маці, баба Ліска, рабіла яму націранне. А потым бабін унучак, вясёлы па бацьку, прыходзіць з вуліцы і кажа:
– Бабо, вы яго не лячэце, ён не хворы, не прастудзіўся, ён затрубіў!
Кавалерыйская натура дзядзькі Тодара сышла з былых гарачых скакуноў на сівага, трыбухатага каня, па старасці шчодра абсыпанага грэчкай. А з гэтым Сівым звязаны дзве навелы, кожная, як і належыцца, з нечаканай канцоўкай.
Царква ў нашым мястэчку прыгожая, стаіць у спрадвеку высокіх ліпах, на высокім, зрэзаным узгорку. У час абедні, я памятаю гэта з маленства, быў момант, калі поп заводзіў: «Создателей и благотворителей святаго храма сего, стоящих здесь и молящихся, да помянет господь Бог во царствии своем!..» Тады на левым клірасе, дзе звычайна стаялі найсаліднейшыя прыхаджане, стары фальварковец Троска важна схіляў сваю сівую галаву ў заслужана сціплым, набожным паклоне. Ён будаваў калісьці гэты святы храм і, гаварылася, купіў у нейкай сувязі з гэтым фальварачак.
Царквы ў Ніжніх Буйдунах не было, стаяла толькі драўляная, самшэлая капліца, з такімі ж старымі іконамі ўсярэдзіне і са званіцай перад дзвярмі. Званіца – слуп са стрэшкай з дранкі і два блёмкалы-званы.
Капліца наша стаіць і сёння. А званіцу нядаўна забраў малады, таленавіты кінарэжысёр, якому яна спадабалася, калі ён з групай праязджаў міма на здымкі яшчэ адной, вельмі патрэбнай, карціны. Ехаў удзень, прасіў аддаць яму званіцу таксама завідна, а калі бабы не згадзіліся, ён, разам з адным прадстаўніком мясцовай улады, вярнуўся на могілкі ноччу. Нашы бабкі ды цёткі ходзяць цяпер у клуб яшчэ пільней. Усё прыглядаюцца на экран, каб пазнаць там сваю прапажу. Я таксама пакуль што не бачыў яе. І жаданне сустрэцца з тым рэжысёрам спакваля прайшло, тым больш што ён – з качэўнікаў і недзе ўжо зноў растварыўся ў мностве іншагародніх талентаў.
Вернемся ў час даваенны, давераснёўскі. Дзядзька Лукаш Хмялеўскі, інакш Несалёны, не быў «создателем» ніжнебайдунскага храма, а толькі «благотворителем» яго, царкоўным старастам, як гаварылася. Ды важнасці, набожнасці ў яго было не менш, чым у таго фальваркоўца Троскі. Неяк царкоўны актыў, узняты новым, маладым дыяканам, пайшоў з нашага мястэчка хрэсным ходам у Жыровіцкі манастыр, ажно за сто кіламетраў. Пеўчыя час ад часу спявалі, хто нёс пратэсы, хто падмяняў, а наш Хмялеўскі (для зручнасці гаварылі і Хмель) ішоў наперадзе з вялікім драўляным крыжам. І з рук яго не выпусціў, не даўся падмяніць. А потым, дома, ляжаў цэлы тыдзень з патрэсканай ад сонца лысінай, мажучы яе то смятанай, то несалёным маслам. Капліцу Несалёны адмыкаў не вельмі часта: калі хавалі каго-небудзь і ў тую нядзелю перад жнівом, калі тут бывала сваё, ніжнебайдунскае свята. З паніхідамі каля магіл, з хрэсным ходам па вёсцы і па «сценках» сярод даспяваючай збажыны. Наш царкоўны «благотворитель», добра такі пажылы ўдавец, частаваў потым дома папа, дыякана, дзяка, пеўчых і сяго-таго з мясцовага каплічнага актыву. А мы, падшыванцы, падглядалі праз вокны. Потым у вёсцы казалі (не змоўчаў хто-небудзь з тых актывістаў), што бацюшка пад канец пачастунку ніяк не мог выгаварыць: «Лука Іралы… Іралы… Іларывонавіч…», а больш душэўна захмялелы дзяк, сухашчавы і чарнавусы бас Харкевіч, выбраўшы момант, шаптаў гаспадару з другога боку: «Ну, Хмель, а как же твоя вдовица сирая?..» І падміргваў. Бо гаварылі, што Несалёны заглядвае начамі да салдаткі Жэні. Відаць, няпраўда, бо вельмі ж быў ён салідны, і сам нібы з духоўнага звання.
Грамузда, як чалавек бывалы і трохі пісьменны, разумеў гэтую саліднасць і ставіўся да Хмеля з усёй належнай павагай.
– Здрастуйця вам, Лукаш Ларывонавіч, – павітаўся ён з ім аднойчы каля Пучковай кузні. – Лошадзь каваць прывялі. І я во таксама сваю хачу падкаваць…
Не свайго, а сваю. Тым больш што «лошадь» – жаночага роду.
Трыбухаты, густа абсыпаны грэчкай Сівы чакаў свае чаргі, прывязаны да плота. Драмаў пра запас ці думаў штосьці невясёлае, адвесіўшы губу.
– Дзякуй богу, жарэбная, – гаварыў тым часам Грамузда. – Кажуць, Лукаш Ларывонавіч, што на сёмым месяцы ўжо можна пазнаць, жарэбчык будзе ці жаробачка. Па левай цыццы пазнаюць, яна цяпер цвярдзейшая. Ужо і Сідар-гоп глядзеў, казаў: жаробачка. Дзякуй богу пры нашых дастатках! Чалавек жа валнуецца, каб як найлепш. Ён і мне паказаў, як гэта пазнаваць. Па левай. Мо зірняце?
Зацікаўлены ды налагоджаны пашанай, дзядзька Лукаш падышоў да Сівага і, салідна прыгнуўшыся, цапнуў старога за тое, што не было ніколі левай цыцкай.
– Цьфу, шарлатан! – плюнуў ён, як быццам толькі цяпер уведаўшы, што ў Грамузды, суседа праз пяць хат, «лошадзь» то «лошадзь», але ж конь.
А тонкі носік дзядзькі Тодара так і тырчэў сабе востранька, нерухома над светла-русымі вусамі, што злёгку падрыгвалі ад бязгучнага смеху.
Другім разам Сівы так і прайшоў за жарэбную Сіўку. Ужо з начальствам не духоўным, а свецкім. Было гэта на шарварцы, дзе драгомістшам, дарожным майстрам, наглядчыкам стаяў штабс-капітан Вяршынін, белаэмігрант.
Прыбіўся ён у наша мястэчка богведама адкуль, наняў хату, ледзь улез туды з мноствам большых і меншых сямейнікаў, а працаваў то драгомістшам, то падатковым секвестратарам, усюды аднолькава злосны. Асабліва ж тады, калі і такой, больш-менш пастаяннай, працы не было і ён аціраўся на пошце, у пакоі для наведвальнікаў, чакаў, каб каму-небудзь што падпісаць, запоўніць, даць параду. Не за так, вядома. На століку былі ў яго свае чарніліца і ручка. Іншых, казённых, у такія дні на стале не было.
Двойчы я сустракаўся з натурай Вяршыніна.
Падлеткам, на шарварцы, калі я не вельмі так, як трэба было ці як хацелася пану драгомістшу, адгладжваў рыдлёўкай адхон глыбокай дарогі. За ўсё жыццё ніхто не брыдзіў мяне так, нават пазней у войску, дзе я быў ужо ўсё-такі дарослы, не ўчарашняе дзіця.
Другая сустрэча са злосцю штабс-капітана адбылася на пошце, гадоў праз пяць пасля той шарваркі. Штосьці мне трэба было паправіць у адрасе, як сказаў з акенца паштар, і я прастадушна ды ветліва звярнуўся да штабс-капітана знарок па-польску: «Можэ, мі пан на хвілечкэ позволі?» І паказаў на ручку на стале, нават і растлумачыўшы, што сваю самапіску забыўся дома. Як ён зірнуў на мяне з-пад капелюша! Лаяцца тут не мог, уся тая чорная, гнойная лаянка была ў яго вачах, губы пад вусікамі скрывіліся ў атрутнай усмешцы, і ён прыцішана прасіпеў:
– Вы что, за дурачка меня принимаете?
Я замахнуўся на ягоны хлеб.
І вось аднойчы, ужо на другой шарварцы, якую той восенню рабілі ў самім мястэчку, пан драгомістш хацеў накінуцца на Грамузду. Што і едзе памалу, і жвіру на возе замала. Так і пачаў. Але былы кавалерыст не збянтэжыўся, як я калісьці.
– А вы напрасна так, ваша высокаблагароддзе, – перапыніў ён Вяршыніна. – Нельзя мне. Лошадзь-то жаробая.
Сказана гэта было з такой сур'ёзнасцю і пашанай, што ў сезонным наглядчыку, без падазронасці на іронію, прачнуўся былы пяхотны афіцэр, які прыкметна разгубіўся:
– Как так – жеребая?
– Да так, абыкнавенна. Вунь Асечка…
– Что еще за осечка?
– Ды Косця Асечка. Яму не пяршынка…
Шарваркоўцы былі ў асноўным з Байдуноў: і пешыя з рыдлёўкамі, і возчыкі. І таму навокал драгомістша, хто бліжэй, пачалі рагатаць. Бо толькі што послаўка пра Асечку пайшла, – як быццам гэта ад яго патаўсцелі адразу дзве старыя дзеўкі, адна ў Плёхаве, а другая ў Хлюпічах. І трэба ж было на дадатак, каб якраз тады, як Грамузда апраўдваўся, сам наш Косця Асечка, «Дай я гахну», вечны вясёлы кавалер, паказаўся з-за павароту местачковай вуліцы. Сядзеў на возе, надзьмута падвязаны хусткай: зубы ехаў лячыць або загаворваць…
А ўсё ж «высокаблагароддзе» ад нашага рогату так і не здагадаўся, што Сіўка – конь, і ён так і ездзіў да вечара з меншай нагрузкай.
МолькаДзядзька Тодар праславіўся быў яшчэ і Арэсевай сучкай.
Арэсь (так Алесь Макарэц выгаворваў сваё імя) празываўся яшчэ і Вінтоўкай: не гнулася адна нага. Высокі, сутулавата-здаравенны, нейкі не тое што дурны, як гаварылі некаторыя, а такі сабе прастарэка, нядоля. Нікуды ён ніколі не спяшаўся. І сам расказваў, як быў аднойчы ў гасцях у сястры, што замужам у Хлюпічах, як яна частавала яго аладкамі.
– Адну спякра – градзу я, другую, трэцюю, цацвёртую – градзу я. Цуес? А ўзо як восьмую спякра – узяў Арэсь ды ў момант цасу з'еў!
Ну, а аладкі ў тых далёкіх Хлюпічах, таксама казаў ён, пякліся адна на ўсю скавараду, і пухкія, «на добрым падыходзе».
Або насоўваецца, скажам, хмара навальнічная, дзядзьку Арэсю трэба на гвалт спяшацца па ячмень, які і не звязаны, у жменях ляжыць. Жонка з дачкой пабеглі вязаць, а ён скрыляе на сваёй «вінтоўцы» цераз усю вёску, а потым – глядзі! – спыніўся каля лужка, дзе людзі, дзве-тры сям'і, завіхаюцца перад дажджом, грабуць і копяць сухое.
– Памагай бог! – гукае дзядзька Арэсь. І, у доказ яшчэ большай прыязнасці, хоча суседзям штосьці пільнае расказаць. Пачынае ён, як звычайна, пытаннем: – Цуес?
– Ты вось, Алеська, не «чуеш», а ішоў бы па таго каня, калі ідзеш, – скажа якая-небудзь суседка, якой і не да слухання, і не да смеху з чалавека.
– А я ў момант цасу, – адказвае ён.
Не хочаце слухаць – таквеля тое бяды, паскрыляў сабе далей. А потым, калі ўжо тыя суседзі, скапіўшы сена, не паспелі ўцячы ў вёску і суха-весела сядзяць пад копамі, а дождж з грымотамі цабаніць, як з вядра, – дзядзька Арэсь памалу едзе сабе, адставіўшы «вінтоўку», верхам на непатрэбным дома коніку, і анікуды яму, прастарэку, не рупіць. Лепей жа ехаць, чым ісці.
І такое яшчэ. Захацелася смажанай бульбы. А жонкі і дачкі няма: пайшлі кудысьці, нядзеля. Што ж, ён падсмажыць і сам. Паласуецца па-святочнаму. У яго была мерка багацця свая, пра Грамузду ён казаў: «О, бедны, бедны, а ўранку я зайсоў, дык яны снедаюць. Картопра скрэбеная, цай. У будні дзень. Цуес?» Агонь з печы дзядзька Арэсь высунуў у самыя чалеснікі, ледзь не на прыпек, – глядзі, што вось-вось загарыцца ў коміне сажа. Вядома ж, які гаспадар, – калі ён той комін чысціў.
У хаце некалькі чалавек суседзяў. Найбліжэйшы сусед, якому разам будзе і гарэць, Цівунчыкаў Жмака сядзіць перад агнём, на лаве, і, па сваім звычаі, старанна абгрызаючы пазногці, маўчыць. Потым Жмака памалу ўстаў, спакойна ўзяў з лавы вядро з вадою і, таксама спакойна, пляснуў у печ. І бульба скрэбеная туды, і апаноўка з трыножкаю следам. Жмака спакойна паставіў на лаву вядро, памалу сеў амаль каля яго і – зноў свае пазногці ў зубы.
– І ты думаес, сто ўзо вермі разумны? – не менш спакойна спытаўся дзядзька Арэсь. – Бог-бацко быў, бог-бацко і будзес. А я сабе ў момант цасу картопры зноў наскрабу.
У здаравеннага дзядзькі была маленькая сучка. «Да ноцы добрая», – хваліў яе гаспадар, хоць і ахоўваць не было асабліва чаго, і страх з тае Молькі быў невялікі. Нават, здаецца, не гаўкала, толькі круцілася пад нагамі. Былі такія моманты, калі Арэсь сваю пярэсценькую браў, нібы кошку, за пазуху, пад рыжую суконную сярмягу, хаваючы ад небяспекі. Скажам, калі ён скрыляў па мястэчку і пабойваўся паліцыянта, што возьме ды аштрафуе: які ні пес, а ўсё ж не навязаны.
Аднойчы ў мястэчку зайшлі да Гірша Грамузда і Арэсь, а там ужо, чакаючы гаспадара, сядзелі дзядзька Яўхім Заяц і я. Ён, як заўсёды, маўчаў, а я, вучань шостага класа, не асмельваўся загаворваць.
Гірш-Эля Кумагерчык быў шавец. Халодны. Шыць новае неслі да Вэльвула, а Гірш толькі лапіў ды падбіваў. Ён быў яшчэ, па сумяшчальніцтву, і шамэс, служка пры сінагозе, якую называлі «школай». У пятніцу на змярканні нярослы і мітуслівы Гірш бегаў па местачковай плошчы, ад дома да дома сваіх аднаверцаў, і ледзь не па-пажарніцку крычаў пад вокнамі:
– Цайт ліхт бэнтшн! Ін шул арайн!
Першы заклік адносіўся да жанчын і азначаў, што прыйшла пара запальваць шабасовыя свечкі і пачынаць над імі благаславёную малітву. Другі заклік – нібы каманда мужчынам: «у школу!»
Быў яшчэ Гірш і пажарнікам, і не простым, а камандзірам тапорнікаў. У тую зіму, калі гарэлі Хлюпічы і з усіх вёсак кінуліся туды добраахвотныя пажарныя каманды, дзе яны былі, галоўная каманда, местачковая, так ляцела, што аж згубіла ці забылася свайго найгарачэйшага – Гірш-Элю. Ён пабег наўздагон, вытрымцеў дзевяць кіламетраў і паспеў яшчэ да сваіх тапорнікаў на асмалкі, за што і атрымаў пасля медаль.
Дабрадушны, крыклівы Гірш-Эля. Боты мае ў той час, у школьныя гады, прашморгваліся найчасцей на халявах, з сярэдзіны, дзе костачкі. І майстар, трымаючы такі бот, ужо знаёмы яму, круціў галавой, заўсёды пад кепкай:
– Уй, Іванко, Іванко! Табе сабакі рвуць, ці што? Біў латке – зноў латке!..
А я не толькі маўчаў, але і пабойваўся, што ён нарэшце возьме ды спытаецца: «Ну, а чаму гэто і ты крычаў і шпрынген па школе?» Іхняя «школа», старая, драўляная сінагога, стаяла недалёка ад нашай сямігодкі, і нядаўна мы на вялікім перапынку заўважылі, што Кумагерчык кудысьці пайшоў, а «школа» не зачынена. Нашы агледзіны яе знутры былі гэтым разам такія вясёлыя, што бедны шамэс, дабегшы туды, не толькі загалёкаў на ўвесь свет, не толькі гнаўся за намі з мятлою, але знайшоў і нашага «кероўніка» (дырэктара) у настаўніцкай і доўга крычаў яму, як мы там, у святой сінагозе, шпрынген – скакалі па сходах і лаўках.
Старэйшы Гіршаў сын быў «падрабінкам», вучыўся ў Міры на рабіна, і пра яго казалі: «О, гэто кэпэлэ!» Гэтую «кэпэлэ», вучоную галаву пад чорнай ярмолкай ды з пейсамі, я бачыў раз ці два, калі той «падрабінак», госцячы дома, праходзіў з двара ў сваю баковачку або выходзіў з яе на двор. Малодшы сын, ужо не безыменны для мяне, а Гіршаў Бэрка, вучыўся на краўца. Спрытны, вясёлы, таварыскі юнак, цяпер ён успамінаецца мне часамі перад тэлевізарам, калі на экране ўсміхаецца і не вельмі развязна шчабеча адзін маладзенькі канцэртны канферансье. Бэрку я бачыў часцей не дома ў іх, а ў Нохіма, дзе ён вучыўся, бо я заходзіў туды з Нохімавым Тэпсікам, з якім мы сябравалі.
Дык, значыцца, дзядзька Яўхім і я моўчкі сядзелі і чакалі Гірша, а потым зайшлі Грамузда і Арэсь, і мы ўжо чакалі гаворачы, а тады гаспадар нарэшце прыйшоў.
Ён, як заўсёды, уварваўся з сенцаў мітусліва, а разам з ім – непрыкметна, з-пад ног – прашмыгнула штосьці не то кашэчае, не то сабачае. Пакуль хто паспеў здагадацца, што гэта Молька, якую дзядзька Арэсь культурна пакінуў у сенцах, Грамузда ўсхапіўся з месца, ускочыў на зэдлік і дзіка закрычаў:
– Кручаны! Ратуйся!
На гэты покліч у Гірш-Элю прачнуўся былы салдат і сучасны тапорнік, – ён кінуўся ў качарэжнік, паспеўшы крыкнуць жонцы:
– Ентэ, хавайся! Мах ды тыр цу!
Квела ссутуленая Ента і цяпер, як амаль заўсёды, стаяла каля прачыненых дзвярэй бакоўкі. Яна і шуснула туды, зрабіўшы «мах ды тыр цу» – зашчапіўшы за сабою фанерныя дзверцы.
Дзядзька Яўхім, Арэсь і я – як сядзелі, так і не паспелі ўстаць.
– З гаршка вунь хлебча! – крычаў з-пад самай столі Грамузда. – Бі, Гірш, чаго ты глядзіш!
Каля прыпека стаялі два чыгункі-стаўбуны, адзін з вадою, а другі са скрэбенай бульбай. Гірш замахнуўся гаршчэшнікам угару, стукнуў па столі і тропнуў па чыгунку. Стаўбун паваліўся, пакацілася бульба і палілася вада.
– Пена, пена на мызе! – крычаў Грамузда. – Кручаная, Гірш!
Гаршчэшнік – зноў да столі і – па сучцы. Пералёт! яшчэ раз – міма!
Ды тут ужо апрытомнеў Арэсь. Яшчэ не ўстаўшы з лавы, ён перагнуўся ў бок ад свае «вінтоўкі», спрытна, як для яго, схапіў сваю Мольку, як кошку, цяжкаю лапай пад жывот, і тая, нават не кеўкнуўшы, апынулася ў яго пад сярмягай, за пазухай. Зноў жа, з неверагоднай для яго рухавасцю, Вінтоўка сігануў міма разгубленага, з узнятай зброяй, Гірша ў сенцы і – на двор.
– Гірш, не ідзі за ім! – крычаў Грамузда. – Ён яе сам прыдушыць, яму да гэтага не прывыкаць!
Тады ўжо скокнуў з зэдліка на падлогу.
– Ну, дзякуй богу, – сказаў прысеўшы. – Усё абышлося добра. Нават стаўбуна не раскалоў. Пяхота, браце Гірш, усё-такі пяхота! Другі ўмлеў бы са страху, а ты… Вунь на Зайца зірні – яшчэ ніяк не адыдзе.
Дзядзька Яўхім і тут маўчаў. Толькі што галавой крутануў ды ўсміхнуўся.
Нават і я стрымаўся, не захіхікаў хоць цяпер. А Гірш тым часам трохі адсопся, паставіў зброю ў кут, падперазаў фартух, сеў на сваё шавецкае месца і загадаў у бакоўку:
– Ентэ, мах а парадак!
Яна паслухмяна і ціха, відаць, яшчэ ўсё спалохана, выйшла і пачала прыбіраць каля печы.
– Пяхотэ, – сказаў Гірш-Эля. – А думаеш ты, Грамузда, ваяваў? На сваім кабыле, у сваім кавалерыя? Ваш, расеец ваяваў? Ваш толькі ваймяцасына і ляжыць! Фарфалн міт ды ганцэ пастройкес! [1]1
Прапаў з усімі будынкамі! (жыд.)
[Закрыть]А я? – Тут у ім канчаткова прачнуўся былы імператарскі пехацінец: ён усхапіўся і загадаў: – Ентэ, гіб а гаршчэшнік!
Ссутуленая ціхоня адагнулася з анучай ад падлогі, ступіла да качарэжніка, узяла той гаршчэшнік і, як свяцільнік, рожкамі ўгару, паднесла яго мужу, а сама прыпынілася каля дзверцаў бакоўкі.
Гірш, не зняўшы зрэбнага, зашмуленага фартуха, ужо камандаваў сам сабе:
– К ноге! Наперавес! К атаке – гатоўсь! Упярод! Ур-ра!..
Дабег да парога і, грозна патыкаўшы рожкамі гаршчэшніка ў вушак, сам паставіў яго на месца. Вярнуўся да зэдліка, сеў і, трохі задыханы, заключыў:
– Вот так я ваяваў.
А мне ўявілася, раптам і ярка, як там недзе скрыляе па бруку перапалоханы дзядзька Арэсь і, з сучкай за пазухай, азіраецца, усё яшчэ ўцякае ад магчымай пагоні. І я не вытрымаў, засмяяўся.
Аднак гэта справы не сапсавала: чаго вы хочаце ад хлапчука? Дзядзькі пачалі пра шавецкае, у каго што было да халоднага майстра. А я магу і пачакаць.
…Лягчэй было б так і закончыць гэты ўспамін. Ды мне здаецца, што тут паставіць кропку я не маю права.
Усё, што ўспамінаецца з жыцця жыдоўскага насельніцтва нашага мястэчка, і вясёлае, і не, і ўсе вобразы людзей, менш блізкіх і бліжэйшых мне, – усё абрываецца той небывала, неверагодна жахлівай трагедыяй, якую і ў наш зялёна-сонечны прыпушчанскі куток прынесла фашысцкая акупацыя.
І другое. Пра Грамузду.
У ліпені сорак чацвёртага, калі прыйшло вызваленне, дзядзька Тодар быў у Ніжніх Байдунах старастам. Стаў вінаватым без віны. Ніхто тады, пры гітлераўцах, не хацеў у нас гэтай сабачай пасады, і таму вырашылі адбываць абавязак кожная хата па тыдню. Так і ішло сабе, пакуль чорт не прыгнаў павятовага бургамістра. Прыехаў ён, казалі, не адзін, з паліцаямі, пад аховай, і загадаў, каб мясцовая ўлада была пастаянная. Хто цяпер стараста? Тодар Клімовіч? Няхай і будзе ён. Так Грамузда і дастаршыняваў у нас апошні месяц акупацыі.
Неяк пад восень ён зайшоў да нас, у рэдакцыю раённай газеты, і, папрасіўшы мяне на двор, пачаў:
– Антонавіч, можа, што памаглі б? Усё цягаюць мяне… Трэці раз. Што ж я каму зрабіў?..
Ніколі яшчэ я не бачыў яго такім горкім. Ён гаварыў мне «вы», «Антонавіч» – упершыню ў жыцці. Зусім пажылы чалавек, два сыны якога былі на фронце, весялун, якога мой бацька калісьці з прыязнасцю старэйшага называў у гутарцы «галубчык Федзя» – добры, сумленны чалавек, ён не ўсміхаўся нават, хоць бы і сумна.
На вострым носіку, над паніклымі светлымі вусамі сабралася сляза…
Я ўжо раней заходзіў туды, дзе могуць памагчы. Я зноў пайшоў, зноў гаварыў пра тое, што было зусім ясна для нас, мясцовых партызан.
Больш мы не сустракаліся… Трыццаць гадоў мінула. Ніхто не скажа, што я – раённы літработнік, радавы партызан – мог тады зрабіць больш, чым я зрабіў, каб папярэдзіць яшчэ адну памылку. Ніхто не скажа, і сам я не скажу. Але, як гаварыў адзін з любімых, і тут застаецца яно: «но всё же, всё же, всё же…».
Усё ж лягчэй, прасцей было б успамінаць, каб і не гэтая адна праклятая сляза…