Текст книги "Выбраныя творы"
Автор книги: Янка Брыль
Жанры:
Советская классическая проза
,сообщить о нарушении
Текущая страница: 17 (всего у книги 36 страниц)
Яшчэ адно, пасля сагі, высокае слова – архіў. У мяне ён за паўстагоддзя сабраўся, можна сказаць, немалы: антрэсолі забіты папкамі, поўна і ў тумбах стала. А дома ў нас, у Загоры, перад вайной была на гарышчы вялікая карзіна, з кнігамі прывезеная з Адэсы. У тую карзіну «за польскім часам» клаліся і пісьмы ад замежных братоў, замежнага дзядзькі, замежных братавухаў, калі яны засталіся адны, толькі з малымі дзецьмі. У партызаны мы пайшлі сям'ёй, схапіўшы толькі неабходнае, дый то далёка не ўсё. Праўда, свае рукапісы я загадзя закапаў у дубовай бачулцы, таксама адэскай, у суседняй вёсцы, у гумне дваюраднага брата. Толькі гэта і ацалела, бо ад карзіны на гарышчы не засталося і следу.
У канцы сорак дзевятага года, пад націскам падазрэнняў ды паклёпаў вакол маіх уцёкаў з палону і «сацыяльнага паходжання», спалохаўшыся горшага, мы з Мішам пераглядзелі тое, што ў акупацыю закопвалася. Сёе-тое яшчэ давялося спаліць, каб «у выпадку чаго лішне не ўскладняць біяграфію». Маю, вядома. Я ўжо не раз пашкадаваў, што мы тады так зрабілі. На добры лад, можна было зноў схаваць гэта недзе да лепшага часу. Ды хто ж яго так ужо спадзяваўся? А ў страха вочы заўсёды вялікія.
Даваенная перапіска не захавалася. Захаваліся фотаздымкі. Што ў нас, у сем'ях сёстраў і братоў, што ў сваякоў па розных вёсках ды гарадах.
Я і пачну з адной дарэвалюцыйнай фатаграфіі.
Ніжняя палавіна здымка наўскасяк адарвалася і прапала. Знаёмы фатограф перазняў яго так, што як быццам яно з тым абрывам так было і задумана. На ацалелай палавіне – бацька і абодва старэйшыя браты, пазней, на працягу нашых вясковых гадоў, для нас, трох меншых, дзіўна замежныя…
Думкі, згадкі адны, паасобку не ходзяць. Над гэтым здымкам-паўздымкам я летась быў неяк задумаўся, успомніўшы Жукоўскага з той гарышчанскай карзіны – дванаццацітомны Збор твораў у чатырох кнігах, акуратна, моцна пераплеценых. Жыва ўявілася, як і калі гэтае багацце магло быць куплена: ці яшчэ тады, калі яны, хлопцы, вучыліся ў Міры, у гарадскім вучылішчы, ці тады, калі былі ў Адэсе гімназістамі?.. Трэба сказаць, што хоць Ігнат малодшы на паўтара года, вучыліся яны ўвесь час вобруку, і ў загорскай царкоўнапрыходскай, і ў гарадскім, і ў класічнай гімназіі, і ў сельскагаспадарчым інстытуце. Чамусьці найцяплей мне думаецца, што здымак зроблены тады, калі яны закончылі гарадское і прыехалі паступаць у гімназію.
Бацьку – сорак чатыры. Ён пасярэдзіне. Абняў у поясе старэйшага, стройна-высокага пятнаццацігадовага Валодзю. Меншага бацька называў па-гарадскому Ігнашай, а імені Ігнат, Игнатий па святцах, не любіў. Меншы ці самахоць, ці па ўдалай падказцы фатографа абняў аберуч бацькаву левую руку, на локцевым згібе, і злёгку прытуліўшыся да гэтай дужай і добрай рукі з ледзь не дзіцячым яшчэ, чыстым, сур'ёзным выразам твару. Падлетак на чатырнаццатым годзе.
Усмешка ў мяне. Ад таго, што нядаўна расказваў Шура, Ігнатаў адзіны сын, на шэсць гадоў маладзейшы за мяне пляменнік. З бацькавых слоў успомніў ён, як тыя два выпускнікі местачковага вучылішча пайшлі ў Адэсе на славуты базар Прывоз, а там купілі «сініх», баклажанаў, вельмі ж смачных з выгляду, і паспыталі іх на хаду, і ўпотай папляваліся.
На хлопцах строгія цёмныя гімнасцёркі, шырокія рамяні з адпаведнымі спражкамі. З якімі «сімваламі» на іх, наогул чыя гэта форма – ўжо і спытацца няма ў каго. Усе мае знаёмыя, што ў розны час вучыліся ў гарадскім, паадыходзілі ў вечную памяць.
Зноў адхіленне ў мяне. У адзін час з нашымі ў Міры вучыўся Ўладзімір Жылка, у сталасці – таленавіты паэт і таксама сталінскі асуджэнец. Над старонкамі грунтоўнай кнігі пра яго жыццё і творчасць мне прыемна і сумна думалася і зноў вось думаецца, што яны, падлеткі з Загора і Макашоў, і зналіся, і сябраваць маглі…
А галоўнае, што, гледзячы на абарваны здымак, уявілася, дык гэта ўзаемнае шчасце: хлопцам мець такога бацьку, а яму – такіх сыноў.
Па гімназічным «Свидетельстве» за шосты клас, прысланым сёлета мне з архіва адэскага сельгасінстытута, можна меркаваць, што Валодзя літаратуру любіў. Паміж двух «хорошо» і дзевяці «удовлетворительно» горда ўзвышаецца адно «отлично» – па расейскай мове і «Словесности» (там гэта з вялікай літары). Аднак большым кніжнікам мне бачыцца Ігнат. Таму што і вершы яго, юнацкія і пазнейшыя, я чытаў, і ў перапісцы нашай з ім у 1944–1960 гадах бывала гаворка пра літаратуру. У яго – Дастаеўскі, о! «А вы, инженеришки человеческих душ, мелко плаваете». І непасрэдна гутарылі мы з ім пра любімыя кнігі ў летнія дні сорак шостага года, калі ён са сваім Шурам, студэнтам, нядаўнім афіцэрам-франтавіком, гасцявалі ў мяне ў Менску і ў вясковых родзічаў. Са здымка мне ўявілася, што хлопец, які абнімае бацькаву руку, што іменна ён просіць у нашага папы (па-гарадскому ўсё) грошай на той поўны збор Жукоўскага, які значна пазней і мне даў нямала высокае асалоды. Просіць, добра ведаючы, што адмовы не будзе, як ніколі не было. А бацька дае, як даваў і будзе даваць, з тою шчаслівай гордасцю, якую мог ведаць сын патомнага «дваровага» мужыка, што так шчасліва выбіўся ў людзі: праваднік першакласных вагонаў!..
І яшчэ адно, ужо зусім сваё, тады мне адчулася – жаль, што на маю долю дружбы з бацькам прыйшлося так мала…
Ранейшых здымкаў Валодзі і Ігната не захавалася, а быць яны, трэба думаць, былі. Як было ў іх і маленства, якое праходзіла там, дзе і маё, наша з Мішам (другая дружная пара), і іхнія ўспаміны пра маленства мне ў асноўным не вельмі цяжка ўявіць. Тое, што ўспаміналася аднаму з іх на таежным лесапавале, на будаўніцтве Беламорканала, а другому за перадсмяротнымі кратамі, у горадзе з паэтычнаю назвай Белая Царква. Дашкольнае і школьнае маленства ў родным Загоры, у старадаўнім Міры, з яго замкам і паркам, з шумнымі кірмашамі, дзе так цікава было патаўчыся, з царквой, у якую іх, «гарадскіх», вадзілі, з касцёлам, у які з'язджалася навакольнае панства, з сінагогай і ешыботам, каля якіх снавала многа пейсатых «падрабінкаў», сваіх і замежных, з мячэццю для агароднікаў і кажушнікаў татараў.
Было дзевяць вёрстаў дахаты, стары гасцінец, па якім у свой час нямала выхадзіў ды выездзіў і я…
З матчыных расказаў пра зусім малога Валодзю помніцца тое, як ён, дачакаўшыся бацькі з Адэсы, спаць лажыўся ў абдымку з яго чыгуначніцкай шапкай, – каб той ноччу не ўцёк у свой далёкі таямнічы Горад, каб потым зноў так доўга не прыязджаць. І такое яшчэ – як ён аднойчы, ужо крыху старэйшы, некуды знік, прапаў, і мама была ў вялікай трывозе. «Можа, дзе ў Каралевец ужо з віціннікамі заплыў?!» Ад гэтага сказа, які дакладна запомніўся, добра пахне мне роднай гісторыяй. І Каралевец, а не Кёнігсберг, і віціны, віціннікі, да якіх на Нёман, шэсць вёрст па нашай ціхай лугавой Вушы, не наўда і дабрацца. Прынамсі, ва ўяўленні запрацаванай, спалоханай маладзіцы. Яшчэ ж і гаварылася – і тады, і ў маім маленстве: «Лусту адкрою табе тоўстую, як віцінніку!..» Чалавеку цяжкай працы.
Малы Ігнась не толькі вучыўся лепш за Валодзю, гультаяватага «бацькавага пестуна», не толькі пайшоў у школу не зусім шасцігадовым, але наогул быў у нейкай меры вундэркіндзікам. І сястра Віліта, і наш сусед Алесь Шут, калі яны ў сорак шостым сустрэліся з Ігнатам у Загоры і трохі паўспаміналі свае школьныя гады, весела называлі яго, пажылога ўральскага выкладчыка, Сусаніным. Гэта іх першая настаўніца так яго называла, калі на праходцы з вучнямі па зімовых сцежках пускала яго першым у ланцужку малечы. Гноміка ў гарадскім башлыку.
Мама расказвала і пра яго «распусту».
У наваколлі нашым былі тады маёнткі ды маёнтачкі. У адным з большых, што называўся Ўцехай, у пана Анцуты быў аканомам беларус Дзядзюшка. Ездзіў на пары, у брычцы, і для вёскі быў панам. І вось аднойчы з чародкі малых, калі гэты пан ехаў ступою, наш Сусанін гукнуў на яго: «Дзядзюшка-пярдзюшка!..» А сам наўцёкі. Пан аканом не паленаваўся спыніцца, спытаўся ў дзяцей, чый гэта хлопец, зайшоў у наш двор, балазе недалёка, і паскардзіўся гаспадыні, нават і пакрычаў. Маці знайшла распусніка і, хоць пан ужо і пайшоў, дала дурноце махроў. Яна не толькі потым, удавою, ужо для Мішы і мяне, была ў выхаванні строгай.
Яшчэ пра сябе, гледзячы на другіх.
Думаю вось, якія ў нашага бацькі былі пачуцці да Валодзі, першага сына, і якія да мяне, апошняга? Пасля дзвюх дачок, калі адной было пяць, а другой тры, – нарэшце першы сын!.. А я нарадзіўся, калі яму было сорак сем. Пра гады, якія мне вельмі мала помняцца, пазней, калі ўжо бацькі даўно не было, мама неяк успамінала: «З каленяў не спускаў, па галоўцы ўсё гладзіў». І першы здымак такі, трошкі на трэцім годзе – на бацькавых каленях.
У «Птушках і гнёздах» раздзел «Падарожжа ў найлепшае» і тая асаблівая сцэна ў ім, дзе смяротна хворы бацька, калі мы былі адны ў хаце, прасіў мяне маліцца за яго, бо «молитва ребенка услышится», напісана з памяці, без выдумкі.
Я не мудрую з кампазіцыяй і тут – гэта проста частка ўспамінаў з тых леташніх сакавіцка-красавіцкіх дзён, калі – ад званка да наведання Быкаўні, да спаткання з Валодзевай справай – нямала думалася пра адно. І запісы рабіліся.
Я, вядома, хацеў ехаць у Кіеў адразу, аднак абодва карэспандэнты «Литературной газеты», якія былі мне там неабходныя для пачатку, службова выязджалі на даўжэйшы час. Пасля надарылася зручная прычына пабываць і ў Адэсе, і ў Кіеве, а можа, думалася, і ў Белай Царкве, – мяне запрасілі на Шаўчэнкаўскае святочнае падарожжа ў палавіне мая па Дняпры, ад самага Чорнага мора.
Мая АдэсаТрэба вярнуцца ў жнівень сорак дзевятага. Тады мне было трыццаць два, жонцы дваццаць восем, а нашай Галі, старэйшай, няпоўныя чатыры. Да гэтага часу малая паспела шмат адпакутаваць. Блізу год ляжала ў пасцелі, ад каленяў да грудзей закаваная ў гіпсавую шкарлупу, поўзала ў ёй, як чарапаха, па падлозе, да болю жаласліва прасілася «на ручкі», а потым, вызваленая з гіпсу, зноў пачала вучыцца хадзіць. Пажылы, культурна дасціпны прафесар, які і наша дзіця выратаваў ад калецтва, павіншаваў мяне з перамогай і загадаў:
– У Крым, таварыш дарагі, у Крым!..
Жнівень, амаль да канца праведзены намі ў краі шчодрага сонца і цёплай вады, якая дзень-ноч набягала то меншымі, то большымі хвалямі на чысценькі мяккі пясок, прайшоў надзвычай хутка. Ды ўсё ж дзяўчынка наша паспела добра загарэць, пасмялець у хадзе і «аддаць рыбкам» ледзь не ўвесь запас сваіх трусікаў, якія ласкавае мора ахвотна брала з яе вясёлых рук.
І вось мы вяртаемся. Ужо не едзем у вагоне, як сюды, а плывём. На палубе цеплахода – маленькая малпа Яшка, якою ўвесь дзень заняты многія пасажыры, асабліва такія, як наша. Яна – пад пільным, шчаслівым наглядам мамы. А мне прыемна стаяць бліжэй да самага носа нашага судна, паміж спакойным морам і ясным небам Поўдня…
Цеплаход ідзе з Феадосіі ў Адэсу, у мой сямейна легендарны горад. Мы начавалі ў ялцінскім порце, потым на рэйдзе перад Еўпаторыяй, і вось набліжаемся да канца цудоўнага марскога падарожжа, першага ў маім жыцці.
«Дэльфіны любяць музыку». Пра гэта і чыталася, і чулася. А тады, у сорак дзевятым, іх было вельмі многа.
Пазней я бываў на Чорным моры або каля яго даволі часта, і з захаду і з усходу, перасёк з поўдня на поўнач, і ніколі не бачыў столькі дэльфінаў за адзін раз. На шляху Стамбул – Адэса мы двойчы спыняліся на ноч, у Варне і ў Канстанцы, – з асцярожнасці, бо і тады яшчэ, увосень пяцьдзесят шостага, лепш было пабаяцца не дазвання вылаўленых мін. Не памятаю, ці падумаў я тады, як думаецца цяпер, калі пішу гэта: як жа іх абыходзілі разумныя, гуллівыя прыгажуны яшчэ на сем гадоў бліжэй да другой сусветнай?
Святочна помніцца мне той першы падыход да адэскага порта. Уваход у пачатак жыцця, у першую, гарадскую палавіну маленства. На раскошна пагодлівым захадзе сонца, пад прывольна-пяшчотную мелодыю і словы новай тады песні «В тумане скрылась милая Одесса» дэльфіны суправаджалі наш разрумянены сонечным развітаннем цеплаход нібы ганаровы эскорт. Вынырвалі, ныралі, зноў вынырвалі, як вывінчваліся з чысценькага прадоння ў высока іскрыстых усплёсках, і толькі што не перагукваліся радасна з усіх бакоў, паміж сабой і з людзьмі, што ўсе былі на палубах, што ўсе заслуханыя ў музыку, як і яны…
Сустрэчы, а лепш сказаць – знаёмствы з роднымі мы, позна ўладкаваўшыся ў гасцініцы, пачалі назаўтра зранку. І з самага галоўнага – з дзядзькі Паўла.
У нашага бацькі родных братоў не было, у дзядзькі таксама, і яны, дваюрадныя, дружылі лепш за іншых родных. Дома мы дзядзьку не засталі. Людзі, што жылі пры ім, у другім пакойчыку двухпакаёвай кватэры, на здзіўленне нам сказалі, што ён – семдзесят восем гадоў! – на рабоце… То за ручку з Галяй, то на руках з нашай курортніцай мы падаліся на вакзал, балазе туды з Вазнясенскага завулка, з маленства памятнага па назве, недалёка.
Шматпакутны ён быў чалавек, дзядзька Павел. Старэйшага сына, у грамадзянскую чырвонаармейца, белыя захапілі ў палон і замучылі. Таксама з маленства памятаю тое жахлівае, што чуў – пра пяцікутныя зоркі, павыразаныя на жывым чалавеку. Адзіная дачка памерла ад сухотаў, пакінуўшы бацькам малога сына. Ён памёр, калі ўжо нас у Адэсе не было, на тое самае, што і маці. Цётка Марта памерла ў акупацыю. Малодшы сын, ніколі мною не бачаны траюрадны брат, інжынер «по мукомольному делу», жыў далёка, у Данбасе. Забраў быў бацьку, калі той зусім састарэў, але ён там не прыжыўся: «Разведзены жаніўся з разведзенай, з дзецьмі ад першага мужа, – ну што яны мне за родзічы?..» Так ён пісаў у Загора Віліце.
Мы знайшлі яго на пероне. Сівы дзядок у форменнай шапцы і тужурцы, – не ў такім, праўда, шыку, як на даўнейшых здымках з нашым бацькам, – сядзеў на табурэтцы каля брамкі, правяраючы перонныя білеты. Калі мы ўтраіх спыніліся каля яго, адбыўся такі дыялог:
– Добрый день! Вы Павел Осипович Брыль?
– Да, я. А вы кто будете?
– Узнавайте.
Ён паглядзеў на мяне больш уважліва і абыякава крутнуў галавой:
– Не знаю вас.
– Я – Ваня, сын Антона Даниловича.
– Голубчик! – з усхліпам крыкнуў стары, нялёгка ўсхапіўся і працягнуў да мяне дрыготкія рукі.
І вось я ўжо плачу, пішучы гэта, убачыўшы побач з дзядзькам свайго бацьку, адчуўшы цеплыню іх адносін.
З усяго даваеннага ліставання Загора з Адэсай, цераз граніцу, для дарослых тады зусім незразумелую, нейкім цудам захавалася ў мяне бацькава пісьмо дзядзьку, напісанае 6 снежня 1923 года, вечарам на зімовага Міколу, роўна за тры месяцы да бацькавага перадсмяротнага «духовного завещания», якое таксама ёсць у мяне. Пісьмо чамусьці не адаслана было. Яно пачынаецца словамі «Дорогой братец, Павел Осипович», а далей, з усёй кранальнай непісьменнасцю бацькі адукаваных дзяцей (на ўвазе маю старэйшых братоў), яно расказвае, як жылося тады, калі чалавек вярнуўся туды, адкуль падаўся ў свет, як думалася – назаўсёды. Вось урывак з таго вялікага і шчырага, як апошняя споведзь, паслання:
«…А мне скажу Павлуша скажу откровенно живется несладко а хуже всего что здоровья нет больше болею чем здоров а еще досадно и трудно терпеть недостатки коник паршивеньки и его мучу и себя земля твоя запущена обрабатывать с трудом ох голубчик от жизни остались только воспоминания а жизнь похоронена не знаю как живется тебе там а здесь деревня была есть и будет деревней а нам разоренным и без денег приехавши в голые старыя углы это не жизнь а пытка все жалеем что уехали…»
«Голубчик Павел», нягледзячы на дружбу з «голубчиком Антоном», – а слова гэтае было ў іх як быццам адно на двух, – у Загора разам не вярнуўся. Ён быў па натуры яшчэ больш за нашага невясковы, хоць і не такі энергічны ды абароцісты. Можна сказаць: мядзведзь наадварот – бо ён, калі ажаніўся, мерыўся па нагаворы жонкі і радні заняцца гаспадаркай, але ўздыхаў: «Эх, каб гэта ж так, як мядзведзь на зіму, заснуць на ўсё лета, а на зіму прачнуцца і – на цёплую печ!..»
Праўда, карэнне вясковае ён, застаўшыся ў горадзе, не абсякаў. На сваю зямлю прыслаў нам заверанае польскім консульствам у Кіеве даручэнне на часовае карыстанне – усё ж з надзеяй на славуты «ўсякі выпадак». Польскія ўлады спрабавалі зямлю тую ў нас забраць, як маёмасць чужынца, а мы судзіліся з казной аж да прыходу іншай улады. Тады ўжо Міша, польскі салдат, які па абмену вярнуўся з нямецкага палону ў лістападзе трыццаць дзевятага, пайшоў з тым даручэннем у сельсавет: бярыце, таварышы, зямлю савецкага грамадзяніна. Шнуры тыя пайшлі па людзях, а Міша з Колем былі рады, што так цяпер не раскулачаць, не вывезуць, хоць на гэта і свайго ўласнага хапала, а на дадатак – я быў у Германіі…
Дарэчы, улетку сорак першага, калі прыйшла акупацыя, у пакінутым сельсавеце нашы знаёмыя бачылі спісы людзей, якіх не справіліся вывезці на ўсход. Там – з-за мяне – значылася і наша сям'я, і яшчэ дзве сям'і, у тым ліку і ўдовай бяднячкі Турчыхі з дзецьмі, два старэйшыя сыны якое таксама былі з польскага войска ў палоне.
Дзядзькавай хатай, каморкай, пограбам, хлявом і гумном карысталіся далейшыя сваякі, а потым яшчэ ўсё пры Польшчы, ён напісаў нам прадаць будынкі і пляц і грошы выслаць яму, бо і жывецца туга, і хварэюць жонка і ўнук. Перапіскай ды перасылкай займаўся я. Памятаю з прыемнасцю, як паслаў тыя злоты, а таксама і недаўменне помніцца, з якім чытаў дзядзькавы радасна-ўдзячныя каракулі, з пералікам тых звычайных і не вельмі дарагіх у нашым мястэчку рэчаў, якія там, у Саветах, купляюцца цераз загадкавы, экзатычны «Торгсин». Скажам, бялізна, порткі, чаравікі…
Пасля вайны старому не палепшала…
Ды ён заставаўся самім сабою, усё яшчэ службістам.
Нам ён сказаў, што вызваліцца ў шэсць гадзін і будзе нас чакаць. А пакуль што, як мы зразумелі, ён на рабоце. Людзі зрэдку ідуць праз брамку, у каго трэба праверыць перонны, каму адказаць на пытанне, што ён тым часам, гаворачы з намі, і рабіў.
Здарылася так, што мы, без віны вінавата, увечары прыпазніліся да яго. І тут я ўспомніў тое, што чулася пра дзядзьку ад старэйшых сямейнікаў: што і нервовы ён, і крыўдлівы, і рэзкі бывае, хоць і душэўны чалавек, і любіў спяваць украінскія песні, асабліва са сваёю галасістай хросніцай, нашай Вілітай. Гэта і ў Загоры, калі ён туды прыязджаў, і ў Адэсе, дзе яна вучылася шыць, а ў вайну і ў бежанстве была. На нас ён пакрыўдзіўся, пабурчаў, што мы «знайшлі раднейшых», а тут і вячэра даўно гатова, і суседзі запрошаны. Мы з жонкай павінаваціліся, ён хутка адышоў, разгаманіўся. Пад смажаную скумбрыю, якая і сапраўды астыла, пад памідоры, кабачкі і іншую смакату мы выпілі маленькімі чарачкамі «Червоного міцного», ад чаго Адэса цяплей спалучылася з Украінай, а адтуль – і з нашымі роднымі мясцінамі.
Ён гаварыў па-адэску. «Я слышал за тебя по радио, но думаю: не напишу! Кто чей племянник – я твой или ты мой? Почему Улита мне пишет, а ты что – не можешь?» Хвалячы каго-небудзь, гаварыў: «Это – тот парень». «Слушай, голубчик, сюда…» Да Ніны маёй звяртаўся «мадамачка». «Внучаньку», як і на пероне, пагладзіў па галаве. Паскардзіўся на сваю пенсію: шэсцьдзесят гадоў у адным дэпо, а плацяць капейкі. «Обидно, голубчик Ваня! А все равно – приболею когда, не выйду, так и кажется, что там без меня все поезда постали!..» Праз мноства небеларускіх гадоў прарывалася і наша, загорскае. «Колхоз там хочуць рабіць? Так жа з нашых гор трактары к чорту пазвальваюцца!» А яшчэ і такое, зусім ужо сваё:
«Ванячко, сэрцо маё ўсё баліць. Стары я, адзін-адзіночанькі…»
Калі яго субкватаранты, пажылая бяздзетная пара, што і з падрыхтоўкай вячэры дапамагалі, сціпла развіталіся і пайшлі, я нарэшце спытаўся – пачакаўшы і прыцішана:
– Дядя Павел, как же это с Володей нашим случилось?
Стары, заслужаны рабочы, партрэт якога вісіць на вакзале, бацька двух камуністаў, старэйшы з якіх яшчэ і герой, ён адказаў мне зусім «па-старарэжымнаму», не вельмі і прыцішаючыся:
– Жидова партейная погубила его, вот как!..
Так мы з жонкай другі раз за дзень пачулі тое, чаго не было ў пісьмах. Што нейкі М., партыйны сакратар, жыд, калі Валодзя, загадчык саўгаснага аддзялення, па справядлівасці выкрасліў яго са спісу на ўзнагароджанне, спадцішка насмуродзіў у гістарычнае «куды трэба». Былі ў яго і сувязі, і памагатыя, на беспартыйнага «паляка», радня якога за мяжой, ды яшчэ і «памешчыкі», таго «куды трэба» хапіла…
Цяпер – пра тых, кім дзядзька папракнуў мяне, сказаўшы пра «раднейшых за яго».
Ігнат яшчэ вясной сорак пятага пісаў мне: «Дяде Павлу и Наде по некоторым причинам не пишу». Маё заходніцкае неўразуменне ён праясніў праз год пры сустрэчы. А нядаўна яго Шура, калі мы зноў закранулі гэтую тэму, яшчэ раз растлумачыў тыя «некаторыя прычыны». Сам ён, Ігнат, спачатку свяшчэннік, пасля «перековки» на Беламорканале са сваёй папоўскай маланадзейнасцю схаваўся за ўральскім хрыбтом, а Валодзя наогул «вораг народа» – што гэта за сваяцтва для дзядзькі з яго сынам-камуністам? А для Надзі – мужаў брат і поп былы, і зэк? А для самога Ігната – з адзіным сынам, за якога дрыжалася ўсю вайну, які павінен далей вучыцца? І асцярожнасць тут, і ўсемагутны таварыш Страх!..
Тыя «некаторыя прычыны», сцішнаватае для нас з жонкай пачужэнне родных людзей паміж сабою мы ў нейкай меры адчулі і самі. У адносінах дзядзькі з удавой і сіротамі найстарэйшага пляменніка, сына «голубчика Антона», а тым больш да сваякоў па жонцы другога пляменніка, Ігната. Здалося нават, што ўсе яны, бліжэйшыя і далейшыя родзічы, нібы толькі дзякуючы нашаму прыезду і дачуліся адны пра адных, схамянуліся, што вось жа поблізу жывуць, а так даўно не сустракаліся, не ведаюць дакладней: хто, дзе, што…
На «Сквере 9-го Января», які я памятаю як «Старосенную площадь», дзе замест сённяшніх пастарэлых таполяў і акацыяў была проста бязмежная для малечы прастора, стаіць у рад некалькі аднатыпных, невысокіх камяніцаў з брамамі і тунельнымі ўваходамі на квадратныя «італьянскія дворыкі», замкнёныя сценамі – на тры паверхі адна, ад вуліцы, і на два з цокалем з трох іншых бакоў, з вялікімі вокнамі і балконамі – у сярэдзіну. Мяркуючы па колішніх расказах старэйшых і па сваёй памяці, а цяпер і па некалькіх дзвярных візітках, якія паспелася заўважыць, кватэры тут здаўна і пераважна заселены беларусамі. Лейка, Літвінка, Радзюк, Шавейка, Стэльмах, Булдык, Пляскач… У большасці гэта ўжо дзеці і ўнукі тых, што наязджалі ў Адэсу-маму на лягчэйшы хлеб і часцей за ўсё ўладкоўваліся на «жалезнай дарозе». Удала сяліліся паблізу ад вакзала, які цяпер, пасля ваеннага разбурэння, адбудаваны па-сучаснаму, а дамы – тыя самыя.
Зайсці ў нашу былую кватэру, паказаць яе жонцы, а перш за ўсё пабачыць самому, я не змог, бо там не было нікога дома. Зайшлі мы толькі да Ігнатавых сваякоў па ягонай Веры Раманаўне. Старая мачаха, пажылая сястра па бацьку. Выпадкова, па-суседску пабачыўся там і з мамінай, нібы спрадвечнай сяброўкай, якая пляснула далонькамі і развяла іх, пачуўшы, чый я: «Господи, такой крошка был! Сколько же лет прошло?..» А ў іншым доме, цераз адзін, праясніўшы нумарацыю, якая змянілася, мы знайшлі нарэшце і засталі дома тых, каго хацелі пабачыць першымі.
Вузкі, бедны пакойчык. На тое маё, у сорак дзевятым, яшчэ маладое ўспрыманне – немаладая жанчына, як пішацца даўно і часта, са слядамі былое красы, не вельмі здаровая з выгляду. Надзя, «Надежда Ивановна Бриль». Беларуска, па бацьках зямлячка, з не надта далёкага ад Загора Бярозаўца. У дзявочым прозвішчы Трыбуць расейскае вымаўленне даўно адкінула мяккі знак і пераставіла націск з другой на першую галосную – Трибуц. Нават такой беларускасці не засталося.
Праз нейкі месяц яна мне напіша: «…Вы все стоите перед глазами, особенно Вы, Ваничка (разрешите мне называть Вас так, как-то роднее), – как много общего у вас с Володей!..» А тады, спачатку, была таксама стрыманасць. «По некоторым причинам»? Аднак не доўга. Потым пайшлі і гутарка блізкіх людзей, і плач, і трохі смеху…
Віктар – бялявы, моцна загарэлы, быстры адэскі галубятнік і рыбак. У мамы, – яна мне сцішана расказвала, – быў клопат і страх, калі ён, у іхняй чуткай камунальнай камеры з дзвюма койкамі, малым сталом каля сцяны і традыцыйнай «керосинкой» у кутку, аднойчы закрычаў… «подумайте только!» – пра Сталіна: «Я ненавижу его! Он убил моего папу!..»
Набліжалася першае верасня, яму трэба было ў сёмы клас, а яшчэ не сабраўся, падручнікаў ды сшыткаў не купіў. Я тады, ужо трэці год, быў «пры грашах»: за той час выйшлі два зборнікі, вясной апублікавалася ў часопісе першая частка рамана. Мы былі з Віктарам адны ў пакойчыку, жанчыны выйшлі ў магазін. І вось я з грошай, якія заставаліся да Менска, працягнуў хлопцу купюрыну: меншыя грошы былі ў жонкі. Ён сумеўся: «Мне никогда таких денег не давали. У мамы нет. Она мне не разрешила бы взять…» Заплакаць можна ад такога, але я стрымана і з няёмкасцю ўгаварыў яго ўзяць і пайсці, адразу цяпер, купіць усё, што трэба. Потым, калі ён хутка вярнуўся з бярэмем кніжак і сшыткаў, мы і далей былі адны ў пакоі, зноў трэба было ўгаворваць пляменніка рэшту пакінуць сабе. «Нет, дядя, я отдам их маме». Строгасць выхавання? Сталенне ў беднасці?.. Кранае гэта і помніцца. І вывад я для сябе зрабіў тады, на некалькі гадоў наперад…
Валя жыла асобна і з'явілася пазней.
Сярод маіх пляменнікаў – большасць дзяўчат. Калі я ўпершыню ўбачыў «адэскую Валю» (ёсць і другія Валі, вясковыя), іх, пляменніц, было чатырнаццаць. Няёмка перабіраць, ацэньваць, але пятнаццатую, Валодзеву, я любіў, здаецца, найбольш. Перад усім, вядома, з-за яе трагічнага сіроцтва. Дый так, сама па сабе, яна была слаўная. Добрая, шчырая, шчабятліва вясёлая. І ўся наша радня яе любіла. Гэта – пазней ужо, пасля таго, як я ўлетку пяцьдзесят дзевятага ездзіў на толькі што купленай «Волзе» ў адэскі дом адпачынку ўкраінскіх пісьменнікаў, а вяртаючыся адтуль з прыемнасцю пачаставаў нашу Валю радзімай бацькоў. З жонкай, траіма дзецьмі і госцяй – на Кішынёў, Львоў, Берасце, з заездам у Белавежскую пушчу, і – у нашу сталіцу, Загора. Дзе жылі яе цётка і дзядзька. Тады ў суседнія Маласельцы, дзе яшчэ адзін дзядзька. Пасля ў «далёкае» па-ранейшаму, за цэлых семнаццаць вёрст, Палужжа, дзе найстарэйшая цётка. І ўсюды столькі дваюрадных, і ўсе так шчыра рады ёй!..
А ў сорак дзевятым убачыў яе і сапраўды «з першага позірку» палюбіў я першы.
…Два здымкі ў альбоме. Гляджу на іх – праз сорак гадоў пасля той першай сустрэчы.
На адным – дзве сям'і, абедзвюх Трыбуцянак, Надзі і яе старэйшай сястры. У тое хлопец і дзве дзяўчынкі, у нашай толькі маленькая Валя. Па выглядзе яе можна меркаваць, што было ў трыццаць трэцім або ў трыццаць чацвёртым годзе. Цыбаценькая, тады светлагаловая, яна сядзіць на бацькавых каленях, тварыкам вельмі падобная на таго, каго абняла тонкай ручкай за шыю, замкнутая ў кальцы ягоных рук, счэпленых спераду ў «клямары» вялікіх далоняў. Вясёленькая – побач з яго вялікай, пад машынку астрыжанай галавой і худым, чагосьці сумным тварам. Побач з тым, каго я ледзь-ледзь, «як праз сон», памятаю і не ведаю так, як трэба ведацца братам. Яна – як іскарка, што збліжае нас хоць так: з ім была ў маленстве, са мной у маладосці… Мець брата і так вось, больш як праз паўстагоддзя, пазнаваць яго вельмі здалёк, прыблізна, па здымках такое даўнасці – як гэта дзіўна, нязвычна да сцішнаватасці!
На другім здымку, таксама не пазначаным датай, Валі, адной тут, па выглядзе нейкіх дзевяць гадоў. Яна ўжо чарнявенькая, пастрыжаная пад хлопчыка з непаслухмяна прыгладжанай направа грыўкай. Вялікія цёмныя вочы, гатовыя бачыць не проста вельмі многа, але ўсё-ўсё. І стрыманая ўсмешка. Бацькава. Складзеныя рукі – локцямі на засланым стале, а далоні схаваныя. Шчаслівае дзіця ў сям'і, якой страшны лёс мноства іншых людзей яшчэ не пагражаў сваім наканаваным набліжэннем…
Цяпер адной з маіх унучак, сынавай дачцэ таксама шчасліва вясёленькай, якраз столькі, колькі Валі на здымку. Я даўно прызвычаіўся да глыбейшага пазнавання жыццёвых з'яў такім чынам, што перш за ўсё і міжвольна стаўлю ў розныя незвычайныя сітуацыі сваіх найбліжэйшых, уяўляючы іх на тым месцы. І мне цяпер, праз унучку, балюча бачыць, як яе даўняя равесніца, – Надзя расказвала мне і пра гэта, – крычала цераз бездапаможны плач:
– Ты не иди за ним! Ударь его! Прогони их! Папочка, не иди!..
Гэта – увосень трыццаць сёмага, калі Валодзю арыштоўвалі. Калі прыйшлі ў сям'ю і па нейкім «праве» забралі бацьку. У тых, для каго ён – усё.
Думаючы пра яго, бацьку тое дзяўчынкі, пра лёс яго, мне страшна, жудасна перайсці думкай і сэрцам да бацькі гэтай дзяўчынкі, ставіць унучку на месца пляменніцы, сына на месца брата. А ён жа, Валодзя, таксама быў сынам!.. Цераз сваіх найбліжэйшых – да разумення агульналюдскога. Тут мы становімся найбліжэй да спрадвечнага, найвярнейшага запавету чалавечнасці: палюбі бліжняга – як самога сябе, як сваіх найраднейшых, такое хочацца дадаць.
У сорак дзевятым Валя была на сваім дваццаць першым. Мела сыночка, мужа. (Мы не пабачылі яго, ён паехаў да маці, у сяло.) Прыгожанькая, стройная, бойкая адэсітка. Калі мы віталіся, упершыню ў жыцці, яна какетнула: «Я не целую вас, дядя, я накрашена». «А мне это совсем не мешает», – адказаў я, абняўшы яе, танклява, модна элегантную, ці то з нейкім дзіўным, невыразна светлым напамінам пра кагосьці вельмі блізкага, любімага, ці то з прадчуваннем нашай сардэчнай дружбы, з перапіскай і спатканнямі.
На працягу наступных гадоў, да восені семдзесят другога, – да таго адвячорка, калі яна, касір невялікай аптэкі, маці двух сыноў і жонка хваравітага мужа, шафёра таксі, сумна вярталася з працы і… назаўсёды ўпала на тратуары свайго завулка. Падкошаная кровазліццём у без пары пасівелую галаву, бездапаможную ў жахлівым тупіку наркаманавай маці.
І ўсё гэта жыццё, жыццё!..
Дзядзька Павел яшчэ ў пяцьдзесят трэцім годзе пайшоў з дому і не вярнуўся, так ужо абяспамяцеў. Надзя ледзьве знайшла яго ў адной з бальніцаў, на самым адыходзе.
Сама яна, сардэчніца, памерла ўлетку шэсцьдзесят сёмага.
Потым Валя. І ўжо таксама семнаццаць прайшло.
Мая Адэса для мяне пусцее…
Зрэшты, на гэты раз я меў толькі тры гадзіны вольнага часу, ад самалёта да вечара ў тэатры, дзе будзе Шаўчэнкава міжнароднае свята, дзе трэба будзе выступіць, а пасля вечара – на цеплаход і ў Херсон, і далей.
Я паспеў толькі сустрэцца з Віктарам, пагаварыць ды памаўчаць удвух над Валіным фотаальбомам… Інжынер-будаўнік, і ён тым часам – куды мы, Божа, спяшаемся? – таксама ўжо добра на шостым дзесятку.
А бацьку не памятае зусім…