Текст книги "Выбраныя творы"
Автор книги: Янка Брыль
Жанры:
Советская классическая проза
,сообщить о нарушении
Текущая страница: 31 (всего у книги 36 страниц)
* * *
Увосень сорак першага года нехта падказаў жыдам у Мірскім геце, што заўтра іх будуць расстрэльваць. Мужчыны – сёй-той – пачалі ўцякаць. Аднаго злавілі, і ён выдаў падказчыка: «Гэта Освальд, перакладчык майстра жандармерыі».
Майстар вельмі здзівіўся, што перакладчык таксама жыд, аднак – чаго не бывае! – пашкадаваў яго: «Ты ўцякай, а я цябе буду шукаць». Освальд падаўся на поўнач, дзе Налібоцкая пушча. На самотным шляхецкім хутары яго так добра прынялі, што ён не толькі застаўся там, але неўзабаве перайшоў на іх каталіцкую веру. Калі пазней ад партызанаў прыехалі да яго беларус і жыд, два камуністы, ён хрысціянства тое апраўдваў тым, што свае яго прадалі, а тут ён – як свой. А ў партызаны не пайшоў, ужо з меркаванняў, відаць, не рэлігійных.
Праз семнаццаць гадоў пасля вайны адзін з маіх польскіх сяброў, якраз той жыд, што прыязджаў па Освальда, расказаў мне працяг сюжэта. У Варшаве з'явіўся славуты «брат Данель», прапаведнік, манах ордэна «братоў кармелітаў босых». На пропаведзі яго ў адным з найбольшых касцёлаў сталіцы плакала каля чатырох тысяч верных.
І вось майму сябру пазванілі ад гэтага «брата» з просьбай сустрэцца. Як жа ён здзівіўся, калі ў манаху тым пазнаў парабка са шляхецкага хутара. «Брат Данель» папрасіў майго сябра, чалавека партыйна аўтарытэтнага, дапамагчы яму выехаць у Ізраіль, у той манастыр, што на гары Кармель. Асцярожны сябар паабяцаў дапамагчы, але спачатку параіўся з вышэйшымі. Яны сказалі: «Хай едзе, усё на аднаго святога менш будзе».
Праўда, і сябар мой праз дзесяць год таксама падаўся туды ж, на «землю обетованную». Але гэта ўжо іншы сюжэт.
* * *
Калі мы слухалі людзей для кнігі «Я з вогненнай вёскі…», мяне двойчы балюча раздражнялі выпадковыя, дурныя кулі…
Адна такая вылецела з кустоў у калону карнікаў, што ехала па дарозе. І ў вёсцы Разліцце, якая заціхла побач, «легла за гэта», – як нам расказвалі старыя заплаканыя жанчыны з тых, што цудам тады ацалелі, – дзвесце чалавек.
Другая – у Мсціжах. Партызан начаваў у кагосьці, а тут у вёску заехалі і спыніліся немцы. Ён выскачыў з хаты, бабахнуў у той бок, а сам схаваўся ў прыбіральні за хлявом і там застрэліўся. За першы яго стрэл было заплочана сотняй мясцовых мужчын.
Абодва выпадкі з Барысаўшчыны. І такое не вельмі мне зразумела – як мэтазгоднасць у барацьбе.
У Застарынні каля Баранавіч партызанамі быў праведзены першамайскі мітынг. Павыступалі і паехалі. А назаўтра ўранні прыехалі іншыя – батальён карнікаў з недалёкага Гарадзішча. І вымардавалі больш за тры з палавінай сотні людзей, у тым ліку і некалькі партызанаў, што там заначавалі.
І так яшчэ яны набіраліся – нашы мільёны ахвяр, уваходзячы ў неабдымна жахлівую лічбу – дваццаць. А ўжо ж і гаворыцца: звыш дваццаці…
* * *
Скідзельскае, жлобінскае, обальскае антыфашысцкія падполлі. Подзвігі, пакаранні, слава. Аднак у цэнтр трэба ставіць агульнасаюзнае, значыцца, расейскае – Краснадон.
Чатыры салдаты ў шлюпцы на бурным акіяне, якіх ад галоднай смерці выратавалі амерыканцы. Старшы па званні – татарын, два ўкраінцы і расеец. Ахламоністы хлопец, і вушы смешна тырчаць. Аднак «Комсомольская правда» фотапартрэт яго дала асобна, з подпісам «Русский богатырь».
Уявім такое: група салдатаў ці партызанаў мужна адбіваліся ў акружэнні. Іх шмат, а член партыі толькі адзін, так сабе, малапрыкметны, заўсёды задні мужчынка. Аднак усё роўна, калі напішацца, як яны з боем выходзілі з акружэння, гэта будзе гучаць няхай прыблізна, але і бясспрэчна так: «Вперед! – воскликнул коммунист Хвостов, поднимая товарищей в последнюю атаку…»
Гэта ўжо з іншай оперы, але і тут аднак. Яшчэ мацнейшае, асабліва калі ў спалучэнні нацыянальнага з партыйным.
Дарэчы, так нам, паміж сябрамі, жартавалася і да 1953 года.
А яно ўсё жыве…
* * *
Савецка-польскія ветэраны другой сусветнай вайны, набліжаючыся да канца свайго шляху Разань – Шчэцін, мы павінны былі звярнуцца – у імя найважнейшай справы – да ўсіх пісьменнікаў свету.
Праект звароту напісалі гаспадары, палякі, на чале з Войцехам Жукроўскім. А рэдагаваць яго з незразумела поўным правам узяўся кіраўнік нашай савецкай дэлегацыі, чыноўнічак з маскоўскага апарату Саюза пісьменнікаў, таварыш Нятой, якому за тым Жукроўскім як літаратару толькі б чамадан падносіць.
Аказёньвае тэкст, абанальвае. Палякі пярэчаць, даводзяць сваё, для справы безумоўна лепшае. А ў нашага – апошні аргумент:
– Я что – из-за тебя должен свой партбилет положить?!
Праўда, было гэта ў канцы восемдзесят трэцяга.
* * *
Па дарозе з Алма-Аты ў Талды-Курган мы, група ўдзельнікаў Дзён літаратуры ў Казахстане, аглядалі авечы адкормачны комплекс.
Лета семдзесят чацвёртага. Гарачыня – як вытрымаць. Дзве неабсяжныя прасторы – млосна-бясхмарнае неба і рыжа-спалавелы стэп. Церпкі пах безлічы светла-шэрых жывых кажухоў. Яшчэ і нейкія прамовы, і расказ пра дасягненні…
Ах, як не хочацца называць і не буду, бо ў гэтым ён вельмі далёка не ўвесь, добры расейскі пісьменнік, які і тут каторы ўжо дзень з ранку да вечара ледзь-ледзь трымаецца на нагах. Горка скажам: як ад імя свайго вялікага народа – перад народам меншым.
Стоячы ў гурце ззаду, раскіслы твар «старэйшага брата» бачыў я толькі памяццю. І тое зблізку бачыў, як адзін з гаспадароў, што сустракалі нас, кіраўнік раённага рангу, пад гальштукам і ў капелюшы, слухаючы прамову яшчэ вышэйшага, ціха, старанна, урачыста – як ад імя казахскага народа – раз-поразу зганяў з прыгорбленай спіны маскоўскага госця, які стомлена пагойдваўся, сярэднеазіяцкую назолу-муху…
* * *
У падарожжы па Хабараўскім краі мы, група літаратараў, трапілі якраз на адлоў гарбушы. У рыбгасе над вусцем Амура ў Татарскую пратоку нам паказалі выдатны японскі канвеер, дзе жывая рыба ідэальным спосабам ператвараецца ў экспартныя кансервы. А перад гэтым мы аглядалі «заездак», дзе тая рыба ловіцца, нам расказалі, што за гэты новы спосаб лову вынаходнік яго быў адзначаны Сталінскай прэміяй. А ўся справа ў інстынкце левай шчакі – ён, інстынкт гэты, і заводзіць рыбу ў паўкруг «заездка», дзе з глыбіні калаўротамі паднімаюцца сеткі, густы сярэбраны касяк гарбушы, адна ў адну, адцэджваецца і апускаецца ў лодку-басейн, кунгас, і адтуль – жыўцом на канвеер.
Інстынкт левай шчакі… Я яго ўспомніў, нібы зусім недарэчы, у іншым прыстасаванні, гледзячы з залы ў прэзідыум.
Адзін з нашых таварышаў, літаратурны шлях якога дзесяцігоддзямі значыцца, як бясконцым пункцірам, сядзеннем у самых розных прэзідыумах. У зале яго я наогул не прыпамінаю. І сам ён настолькі ўжо прывык да такога сядзення, што інакш свайго месца і не ўяўляе.
Адзін з маіх сяброў, значна старэйшы, выседжваў у прэзідыумах таксама вельмі доўга. Цяпер ужо не сядзіць і вельмі гэта перажывае. Не назваўшы першага, я тым больш не назаву і другога, бо справа тут не ў імёнах, а ў характэрнай асаблівасці нашай атмасферы. Аднак мне трэба сказаць, што мой старэйшы сябар – з іншай рэспублікі. Я быў госцем на іхнім пісьменніцкім з'ездзе, сядзеў з сябрам у зале, мы трохі перашэптваліся, а мне і ў галаву не ішло, што ён тым часам горка змагаўся са сваім інстынктам… А потым і не вытрымаў – у перапынку пакінуў мяне аднаго, нічога не сказаўшы, пайшоў і сеў, і пасядзеў – аказваецца, для душы. Хоць і не ў першым радзе, як раней, хоць і наогул «незаконна»…
* * *
У снежні сорак сёмага года мы ўтрох, Вялюгін, Кірэенка і я, ехалі ў Таджыкістан. У міжнародным вагоне з двухмеснымі купэ. Вагон быў пуставаты, дарога далёкая, пажылы праваднік гаваркі. Любіў ён пасядзець у нас, расказаць сёе-тое са сваёй бывальшчыны.
Хоць бы такое, што вось у адным з папярэдніх рэйсаў у гэтым вагоне ехаў архіерэй. Спачатку адзін у купэ, а потым (на станцыі, назвы якое я не запомніў) зайшоў у вагон ваенны. Маёр, Герой Савецкага Саюза. Адчыніў дзверы свайго, па білеце, купэ, зірнуў і раскрычаўся: «Што – з папом? Забраць адгэтуль папа!..»
– Скандал, вы разумееце. А месцаў свабодных больш няма. І ўгаварыць яго аніяк не ўдаецца. Гэта ўжо і начальнік поезда прыйшоў. Маёр скандаліць на калідоры – і ўсё. А каб яго, вы разумееце, супакоіць або ссадзіць, патрэбен не толькі старшы па званні, але таксама Герой…
Начальнік поезда на бліжэйшай станцыі пазваніў «па пуці следавання» ў Сызрань (гэта я добра запомніў), там у вагон зайшоў генерал-маёр, Герой. Далей расказ – на сумленні правадніка. Генерал-маёр зняў з маёра Зорку Героя, зняў пагоны і аформіў пратакол. Тады папрасіў архіерэя падпісаць тую паперу. Рэшту перадаю даслоўна, як дагэтуль помніцца:
– Архіерэй дастаў сваю ручку з залатым пяром, распісаўся акуратна, ручку склаў і сказаў:
«Дураков учить надо».
Тысячагоддзе хрышчэння Русі. Па тэлевізары столькі сівых і цёмных бародаў, белых і чорных клабукоў, столькі сустрэч на высокім і вышэйшым узроўні, сугучна з датай і часам, столькі дастойных паводзін, мудрых прамоў…
І ўспамінаецца тое пяро, тыя тры словы.
* * *
Часопіс «Literatura na swiесіе» ў лютаўскім нумары за 1991 год надрукаваў такі расейскі дакумент:
«Каштарыс экзекуцыі Івана Каляева ў Шлісельбургскай крэпасці, складзены катам Філіпавым:
„Пераезд (у абодва бакі) – 6 рублёў, вяроўка і дадаткі – 2 рублі, пабудова вісельні – 10 рублёў, медык для сцвярджэння смерці – 4 рублі, ганарар папу – 2 рублі, выкапанне і засыпанне магілы – 5 рублёў, нагляд за рабочымі – 8 рублёў, памочнікі (два) – 14 рублёў, кат – 25 рублёў. Усяго – 76 рублёў“».
Пакуль царква была дзяржаўна пакрыўджаная, перш за ўсё думалася пра гэтую несправядлівасць. Цяпер, калі яна так прыкметна набірае ўладную сілу, – трэба для раўнавагі нешта прыгадваць, адно з адным параўноўваць.
Хоць бы тое, напрыклад, што я дазволіў сабе ў тым дакуменце падкрэсліць…
* * *
«Каб я быў расейцам, дык і не лез бы нікуды з Расеі, з вялікай расейскай літаратуры: хапіла б мне і свайго».
Пасля надрукавання гэтага ў цыкле волжскіх запісаў у «Новом мире» Броўка перадаў мне пісьмо чытача, адрасаванае яму, хоць ужо і не старшыні Саюза пісьменнікаў. Нейкі масквіч, пенсіянер, абурыўся гэтым «не лез бы», крыў мяне велікарускім інтэрнацыяналізмам, рэвалюцыйнай місіяй, а ў заключэнне патрабаваў абмеркаваць публікацыю, асудзіць аўтара і – галоўнае – «о результатах обсуждения сообщить по адресу», які акуратна паведамляўся.
Праўда, потым, для кнігі я тое «лез» замяніў на «ішоў».
* * *
Пачатак восемдзесят чацвёртага года, андропаўская абарона расейскай мовы.
Абурана гаворыцца пра тое, што ў Ерэванскім універсітэце таму, хто пойдзе не на сваё, а на расейскае аддзяленне філалогіі, прапануецца на пятнаццаць рублёў большая стыпендыя.
– Яны на гэта не бяруцца. Чаму ж, кажуць, не трыццаць срэбранікаў, а толькі палавіна?
Гаворка пра гэта ідзе ў беларускай сям'і. Бацькі разумеюць госця-расказчыка, а іхні сын, эканаміст з вышэйшай адукацыяй, разважае інакш:
– Армяне – яны жывуць лепш за нас, ім можна і адмаўляцца.
На каго крыўдаваць?
* * *
У Варшаву я ехаў у двухмесным купэ з маладым энергічным армянінам.
– Як – вы адмаўляецеся ад армянскага каньяку?! – ледзь не абурыўся ён, калі я падзякаваў за такую зранку прапанову. Але і пахваліўся, што ў Ерэване толькі адзін выцвярэзнік, у які за год трапіў толькі адзін чалавек, вядома ж, не армянін. Як гэта часта бывае ў гутарцы з армянамі, даволі хутка дайшло да турэцкай разні ў 1915 годзе, да нянавісці – іхняй да туркаў.
– У нас гэта – на мільярд гадоў!..
І слухаць не хоча, што мардаванне нашых дзяцей гітлераўцамі – тое самае па жахлівасці.
– Як, дарагі мой, не тое самае? Узяць наша, беларускае, расейскае, жыдоўскае дзіця за ножкі і галоўкаю аб сцяну – гэта не тое самае, што з армянскім?..
Адукаваныя чорныя вочы гараць.
– Гэта зусім не тое! У вас была вайна, а ў нас – вы разумееце – у нас генацыд!..
Стомлены яго патрыятызмам, я памаўчаў даўжэй. А потым, спакайнейшы, нават нібы з гумарам сказаў, што вось калісьці прыйдзе час, людзі паразумнеюць, усе народы памірацца паміж сабой, ну, а тады ўжо звернуцца да армян, каб і яны памірыліся з туркамі.
– Як па-вашаму?
– Можа, тады падумаем.
Як быццам і ўсміхнуўся. Ці не ад ветлівасці толькі схіліўшыся на кампраміс.
І захацелася хутчэй да месца прызначэння.
* * *
Нешта ў пачатку пяцьдзесят восьмага года, на пісьменніцкім пленуме, Кандрат Крапіва гаварыў пра лёс нашых сатырыкаў. Ён яму нагадвае тых лекараў, якіх даўней, у змрочным сярэдневякоўі, калі пачыналася якая эпідэмія, натоўп раз'ятрана мардаваў, бо лічылася, што гэта ад іх, ад медыкаў, чума ці іншая халера…
Гэта не трапіла ні ў друк, ні ў стэнаграму. Не надрукавана і яго выступленне на рэспубліканскім з'ездзе настаўнікаў у жніўні шасцідзесятага. Не надрукавалі поўнасцю, абкарнаўшы да бяззубага стандарту. А на другі дзень, на вячэрнім пасяджэнні таго з'езда, дзве знаёмыя камсамольскія кар'ерыстачкі, седзячы ў прэзідыуме абапал мяне, шэптам, уперабіўку расказвалі мне, што было ўчора, калі я не быў, абураліся паводзінамі «гэтага дзіўнага Крапівы», якому трэба было б «усыпаць», і як быццам нехта ўжо «ўсыпаў» за тое, што ён – падумаць толькі! – заклікаў любіць і ахоўваць беларускую мову. Сказаў нават, што ў настаўнікаў, як і ў пісьменнікаў, гэта – святы абавязак!..
* * *
Успомніўся бальнічны супалатнік, былы міністр, перад тым старшыня аблвыканкома, а калі раскручваць яго біяграфію да самага заходнебеларускага юнацтва – вясковы хлопец, якому здорава пашанцавала. Хочучы ўцягнуць мяне ў дыскусію па нацыянальным пытанні, ён успомніў выступленне Коласа на чэрвеньскім пленуме 1953 года, на якім дзядзька Якуб гаварыў пра родную мову. Былы начальнік, яшчэ ўсё энергічны пенсіянер, недаўмяваў: «Почему, говорит, дорожные знаки, где в какую деревню поворот, написаны не по-беларусски? А тебе что – по-русски непонятно?!»
Згадаў я тое гарачае недаўменне, чытаючы «Далекий гул» Ржэўскай, тыя старонкі, дзе яна ў паходзе на Берлін чула ад палякаў, якую асвету дазвалялі ім гітлераўцы. Тое самае, што і нам, беларусам, як і ўсім славянам, рыхтавалася па плане «Ост». Лічыць ледзь не на пальцах, распазнаваць дарожныя знакі… Абы было «понятно»…
* * *
Іду з малымі ўнукамі па алеі дзіцячага парку. Перад намі два незнаёмыя хлопчыкі. Адзін кажа, што ўвосень ён пойдзе ў школу, будзе там вывучаць англійскую мову. Другі таксама пойдзе ў першы клас. Ён кажа – вядома ж, з пэўнай зухаватасцю, каб выйшла яшчэ лепш:
– А я буду изучать белорусский язык. А как вырасту – поеду в Белоруссию. У них там всегда тепло, они там все черные.
Такога не прыдумаеш.
Адна пацеха, што гэта было пазалетась…
* * *
Беларус Быкаў напісаў таленавітую аповесць «Сотнікаў», украінка Шапіцька паставіла па ёй таленавіты фільм «Восхожденне». І разам у іх – пра веліч расейскай душы галоўнага героя…
І сапраўды па-евангельску: у каго няма, у таго аднімецца, а ў каго ёсць, таму яшчэ і дадасца. Ад беднасці яно, нашай і ўкраінскай, ці ад лішняга багацця?
І робіцца гэта на нашых вачах.
А што ж рабілася вякамі!..
* * *
Будзь ты пісьменнікам нарвежскім, ад чатырох з нечым мільёнаў, ці нават ісландскім, ад некалькіх сот тысяч суайчыннікаў – цябе ў правінцыялізме не папракнуць.
А так, паколькі ты не сам па сабе, не ад сваіх дзесяці мільёнаў, а з «вялікай сям'і народаў», пры таксама вялікім «старэйшым браце», – так можна.
1957–1992
Заўсёды слова
У наш нялёгкі ды шалёны час чаго-чаго, а палітыкі ўсім хапае. Радыё, тэлевізар, прэса, сходы, чэргі – усюды яна… Кажуць, багатаму не спіцца. Не спіцца і старому. І дзень ад гэтага даўжэйшы. І ўвесь з палітыкай!..
Як быццам не нацешыўшыся ёю, ужо ў пасцелі ўключаю радыё. І раптам – Смактуноўскі [17]17
Смактуноўскі Інакенці Міхайлавіч (1925–1997) – народны артыст СССР.
[Закрыть], якога я яшчэ больш палюбіў, калі даведаўся, што ён вясковы хлопец з нялёгкім лёсам, а не з нейкай, як здавалася, рафінаванай інтэлігенцкай сям'і, выдатны артыст Смактуноўскі пачаў чытаць яшчэ выдатнейшага мастака – Пушкінаву «Метель». Як хораша стала на душы, якім гэта святам адчулася!..
Сёння ў мяне такім святочным быў увесь дзень. Без радыё, тэлевізара, без газет, толькі з Коласавай паэзіяй, у яго родных мясцінах, дзе ўсё нагадвае «Новую зямлю» з яе прыродай, жыццёвай красою, душэўнай шчырасцю.
Гэта не азначае, што так вось трэба ўцякаць ад пытанняў гарачай сучаснасці. Я пра тое, што гэтак добра і хочацца палячыць душу высокім, найвышэйшым.
* * *
Хораша гэта – месца на сваёй зямлі, у родным кутку, стол перад самым акном у любае поле, неба, аддалены лес… І слова сваё, якое трэба сказаць. З упэўненасцю і з сумненнямі: а ці дойдзе яно да людзей будучыні, да твайго народа?.. У Багушэвіча – дайшло.
І на яго радавой сядзібе, у адноўленым доме, з якога робіцца музей, а потым і каля валуна на лясным узвышшы, толькі ў адным месцы прычасанага валуна, дзе па-польску, але пра беларускага паэта Mасіeja Вuraczka сябрамі сказана высакароднае слова братэрства, – усюды там, у Кушлянах, добра, глыбінна думалася. І пра тое, што вось праз дзве сусветныя вайны, праз безліч дзён і начэй, марозных, слотных, сонечных, месячных, словы тыя і мне на семдзесят трэцім годзе іх існавання моўчкі гучаць пра вечнасць.
* * *
Пра Чорнага мне было жыва, хораша згадалася здалёк, з Польшчы, з Зялёнагурскага ваяводства.
Гаварылі там пра славутых сілезскіх ткачоў – не толькі пра іх умельства, але і пра тое, што ім было цесна ў родных мясцінах і яны ездзілі, а то і хадзілі далёка ў людзі, шукаць работы, месца на Зямлі.
І ў Беларусь траплялі. А потым – і на старонкі яе грунтоўнага таленавітага летапісца.
Праз год, на васьмідзесяцігоддзі Мікалая Карлавіча, у Цімкавічах, я гаварыў пра гэта ў сваім выступленні каля школы, перад землякамі патомнага парабка, якому жорсткі час не даў стаць нашым Бальзаком, гаварыў у яго роднай вёсцы, якой яму прататыпна хапіла б, як ён казаў, на ўсё яго творчае жыццё.
Ён спадзяваўся, вядома, на доўгае, плённае. Не на сорак чатыры гады. Уключна з арыштам, катаваннямі, турмой і немаччу на апошняй свабодзе…
* * *
Нешта ўвосені сорак пятага года, калі ў мяне было больш сялянскага клёку, я, супрацоўнік «Вожыка», ужо тым часам і пасмялелы ў дэмакратычным рэдакцыйным калектыве, спытаўся ў нашага галоўнага, Крапівы, пра адно сваё неўразуменне.
Добры касец скошвае ў дзень паўгектара ці больш. Працуючы – «як сабе», на ўсю сілу, добрасумленна. Як жа ён можа перавыканаць план?
Кандрат Кандратавіч, – а мы былі толькі ўдвух у пакоі, дарэчы, адным на ўсю рэдакцыю, – паглядзеў на мяне праз свае нетаропкія акуляры і пачаў паволі ды грунтоўна гаварыць штосьці правільнае, што ні мяне не вельмі пераконвала, ні яго самога, думалася мне, таксама. Бо і ён жа ад плуга, ад касы.
А ўлетку пяцьдзесят першага мы з Уладзімірам Калеснікам, перад сваім падарожжам па Наваградчыне, прыйшлі на Камароўскі рынак, каб забраць з рамонту мой (пазычаны) веласіпед. Дома ў мяне нікога не было, жонка з малымі ў вёсцы, а Валодзя наогул божая птушка, аспірант, і мы вырашылі там жа, на рынку, і паабедаць. У драўлянай «чайной» старога рынку нам падалі нейкі «суп», нейкае «ўтарое». Гародніны – анізвання. А цераз нешырокую, спякотна-пясчаную вуліцу яе – можна сказаць, і процьма. Чырвона, жоўта ды зялёна на доўгіх сталах. Але ў чайную гэтай свежасці не перабрацца. Бо толькі ж цераз базы, накладныя, перавозкі, добра прыпсаваўшыся…
Гэтага нам, хлопцам з вёскі ды «заходнікам», таксама, як і са стаханаўскай касьбой, было не зразумець.
І гэта – адзнакай здаровага сэнсу, народнага клёку – помніцца мне чатыры з гакам дзесяцігоддзі.
* * *
Гэта было б натуральна, каб ён яшчэ жыў, наш Мележ, як жывём і працуем мы, – няхай нямногія ўжо, – яго сябры, равеснікі ды менш ці больш старэйшыя. Была б паўнацэнна завершана і раз, і дза, і тры разы грунтоўна дапрацавана, перад здачай у друк і пры кожным перавыданні, яго «Палеская хроніка». Ажыццявіліся б, новымі адкрыццямі выйшлі б з тайнікоў глыбокай, шчырай душы іншыя задумы. Нібы не цяжка ўявіць, як ён балюча перажываў бы чарнобыльскае гора родных надпрыпяцкіх мясцін, як ён па-сыноўняму, па-грамадзянску, па-чалавечы ўдзельнічаў бы сёння ў жыцці Беларусі, краіны, свету…
Журботна і радасна стаяць на Іванавых кнігах аўтографы і мне. Пачынаючы з першай кнігі, аж надта сціпла выдадзенага зборніка апавяданняў, пад ваеннай назвай «У завіруху», і да апошняга з яго рук падарунка – важкага тома з таксама змястоўнай назвай «Жыццёвыя клопаты». У «капітальным», а ўсё ж няпоўным яшчэ, бо патузаным, пакляваным цэнзурай, дзесяцітомніку з найболыпай цеплынёй бачыцца мне вяршыня ягонай творчасці – тыя сардэчна-запаветныя чатырыста старонак «Людзей на балоце», што былі калісьці і маім хвалюючым адкрыццём, і маёй чытацкай радасцю, што найбольш надзейна застануцца з намі і застануцца пасля нас – як нятленны народны набытак.
* * *
Музей Алесю Пальчэўскаму зрабілі ў школе добры. Светламу, добраму чалавеку можна трохі і перадаць як пісьменніку – за пакуты яго турэмна-лагерныя, за чалавечнасць, якую адчулі многія. Родная хата і роднае месца апошняга супакаення пад урачыстай засенню спрадвечных дрэў. Адрамантаванай, пафарбаванай хаце нязвычна быць у вясковым бязлюддзі нібы таксама музеем, а помнік, гранітная стэла з прафесійным барэльефам, сярод старых, нават замшэлых, і навейшых, стандартна танных помнікаў па радні і суседзях не выбіваецца нясціпласцю. «Добры быў чалавек, такому не шкада», – скажу за Алесевых землякоў. І не думаю, што памылюся.
* * *
Папрасілі выступіць у тэлеперадачы, што рыхтуецца да 70-годдзя Веры Палтаран [18]18
Палтаран Вера Сямёнаўна (1919–1989) – беларускі празаік, нарысіст.
[Закрыть]. Спачатку падумаў: а што я магу сказаць больш пасля таго, што напісаў дзесяць гадоў таму назад? Перачытаў колішняе, і ясней не стала… А пасля падумалася пра той «дэфіцыт», які ў наш час найгалоўнейшы, – недахоп, удушлівы недахоп прыязнасці, дабрыні, узаемаразумення… Дарэчы, і гэта ўжо стала пашлець у моду, і пра гэты недахоп ужо замнога крычаць, стараюцца адзін аднаго апярэдзіць у крыку… А іншыя сціпла маўчаць, нясуць тую святую службу чалавечнасці, якая была для іх заўсёды непрыкметна галоўным. Пра адну з такіх я і сказаў сваё юбілейнае слова.
…Верачка. Якою яна была неўзабаве ў рытуальнай зале крэматорыя. Не «страшная» ад бязмежных пакутаў, а дзіўна, ледзь не хораша спакойная. У дарозе яе крыху раскалыхала ў труне, галава ад гэтага трохі збочылася, легла свабадней. Пасля прамоў і развітання паволі пад ціхую музыку яна – з мноствам кветак – паехала, апусцілася ўніз, у нашу светлую, сумную памяць.
Згадалася, як два… так, ужо два гады таму назад мы наведалі яе ў трагічных Бараўлянах з Міхасём Стральцовым. Дзве блізкія і мне душы. А яго ж – пад музыку жаль удвая – таксама ўжо год і восем месяцаў няма…
Тэлеперадачы пра сябе яна ўжо не бачыла, была ў непрытомнасці.
Яшчэ адзін з бліжэйшых пазваніў мне пасля пахавання, што перадача наша і для яго прагучала як рэквіем…
* * *
Сакратарыят Саюза пісьменнікаў Беларусі звярнуўся ў ЦК КПБ з пісьмом, больш за дзесяць старонак машынапісу, пра непаладкі з нацыянальным пытаннем у працы дзяржаўнага выдавецтва. Пісаў тое пісьмо ў асноўным Іван Мележ, я збольшага дапамагаў, падпісалі ўсім сакратарыятам, плюс сакратар партыйнай арганізацыі.
Сем чалавек, і немаладых, і нібы вопытных, а пралічыліся ў адным. Кнігі на расейскай мове, выдаваць якія абавязвала Масква, з'ядалі львіную долю нашай паперы. І трэба ж было, каб на той час сярод такіх кніг была і «Молодая гвардия», якую мы ў пераліку назвалі. І таварыш Машэраў знайшоў у гэтым выхад з пікантнай сітуацыі: «Да как они смели?!» Нават як быццам назваў тую кнігу «нашим Евангелием», на якое мы «посягнули»…
На гэтым справа і закончылася.
Гэта было ў пачатку шэсцьдзесят восьмага года. Праз два гады пасля вялікай гутаркі ў ЦК па нацыянальным пытанні. Вялікай гутаркі – з дзесяці гадзін раніцы да васьмі вечара, «чтобы не отвлекаться на обед» – з перакускай на месцы, у цэкоўскім буфеце. З аднаго боку наш прэзідыум, з другога – члены бюро і ўрада. Гаварылася многа, адкрыта. Намі, вядома. Я і сам, якраз вярнуўшыся з пахавання брата, гаварыў на ўсю душу. А ўсё абышлося касметыкай, абяцаннямі, і яшчэ раз ясна стала, што пытанне вырашаецца не ў рэспубліцы… Хоць новы сакратар па ідэалогіі, самападкрэслены беларус Пілатовіч, які толькі што замяніў вялікага маўчуна Шауру, што за паўтара года на знайшоў часу прыняць наш прэзідыум, каб пагаварыць па тым горкім нацыянальным пытанні, здаўся нам тады на штосьці добрае надзейным.
Дарэчы, гэта і спакусіла Мележа, Панчанку і мяне пайсці праз два месяцы ў пісьменніцкі сакратарыят – таксама з надзеяй…
* * *
Зноў жа ў пачатку шэсцьдзесят восьмага, выступаючы на нарадзе ў ЦК, я гаварыў і пра тое, што дырэктар і загадчык літаратурнай рэдакцыі выдавецтва «Беларусь» – адзінага тады, што выдавала мастацкую літаратуру, – наладзілі, нібы па прыкладзе яжоўскіх «троек», вырашальна безапеляцыйныя «пяцёркі».
Спрэчны рукапіс абмяркоўваўся такім складам: дырэктар, галоўны рэдактар, загадчык літаратурнай рэдакцыі, сакратар партыйнай арганізацыі, хоць сабе і адстаўнік-маёр з нейкай гаспадарчай пасады, і, нарэшце, рэдактар рукапісу, найменшы ў «пяцёрцы». Ён жа потым перадаваў аўтару вырашэнне ягонага лёсу.
Так было, напрыклад, са мною, з «Птушкамі і гнёздамі». Пратакол у мяне захаваўся. Вядома ж, крытычна-адмоўны. І вынесены мне рэдактарам на калідор. Алесь Адамовіч казаў тады, што калі б у яго было сваё выдавецтва, ён выдаў бы маю кнігу з тым пратаколам у канцы. Факт усё-такі гістарычны.
На той цэкоўскай нарадзе гаварыў я і пра Якава Герцовіча [19]19
Герцовіч Якаў Бенцыянавіч (1910–1976) – беларускі крытык.
[Закрыть], галоўнага «бракера», ацэншчыка Быкава, Караткевіча і іншых ненадзейных, прыдворнага крытыка і рэцэнзента, «явно и тайно образующе». Назваў яго нават літаратурным рабінам.
І кіраўнік той нарады, ідэалагічны сакратар Пілатовіч, сказаў мне пасля яе заканчэння, сам-насам, што як сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў я не меў права так гаварыць. Не толькі, вядома ж, пра рэбэ…
Я адказаў, – што як толькі калі адчую, што вось і перастаю быць пісьменнікам – адразу ж перастану быць сакратаром.
З такім вырашэннем сваёй пазіцыі было часамі даволі складана, яшчэ ажно тры гады…
* * *
З трыбуны сходу, скліканага на асуджэнне Пастарнака за «Доктара Жывага», таварыш Б. выступаў, каб з найбольшай ударнай сілай, па-расейску:
– І этат празрэнны Пястрак…
Піліп Сямёнавіч, які з-за глухаватасці сядзеў у першым радзе, пырхнуў смехам, разам з усімі, і з узнятым наперад пальцам павучальна сказаў:
– Акадэмікам трэба выступаць па паперцы!..
Праз некалькі гадоў, у Нарыльску, пасля нашага беларуска-расейскага выступлення па тэлебачанні, да нас, беларусаў, прыйшоў у гасцініцу нарыльчанін, здаецца, бухгалтар, і назваўся братам Б. Даўняя заслуга акадэміка: у канцы трыццатых гадоў ён ад гэтага брата публічна адмовіўся. Сцішнаватае пачужэнне, убачанае і адчутае мною ўпершыню так канкрэтна. Цяжка сказаць, як гэта паварушвалася ў выпетранай рознымі накірункамі душы нашага Б. А яго малодшы, і мы разумелі гэтага чалавека, не меў намеру братацца нанава.
Яшчэ адно, пазнейшае. Абмеркаванне на рэдкалегіі «Полымя» дзённікавых запісаў Івана Мележа. Рэдакцыя, у згодзе з духам часу, патрабавала купюраў. Там, дзе развагі пра культ асобы і штрыхі да вобразаў некаторых, завысока ўзнятых, сучаснікаў. Зноў жа найбольш запомнілася выступленне Б. Ён, вядома, стаяў за купюры.
– Прабачце, – сказаў я, – дык вы ж гэтага рукапісу не чыталі.
Ён – чалавек на восьмым дзесятку – бойка, пачырванела абсек мяне:
– Ну і што з гэтага? А я веру рэдакцыі!
Адхілімся ў пастскрыптум.
Румяна ўсмешлівы філосаф, таксама Б., сказаў тады, што ён «рассматриваемую рукопись тоже не читал, но, уважаемые товарищи, поскольку теперь на Западе…». Як быццам «на Западе» толькі цяпер!.. Словам, і філосаф, хоць і кроў з малаком, і маладая, хітрая ўсмешка, і толькі дальні прыцэл на акадэміка, таксама выказаўся за купюры.
* * *
Рукапіс пабіты воспай дурных рэдактарскіх і цэнзарскіх заўваг.
У кнізе меціны гэтай немачы прыязны чытач не заўважыць – яны толькі ў горкай памяці аўтара.
* * *
Патрабаванні бывалі ўсякія – сам такога як быццам і не прыдумаеш.
У апошнім брэжнеўскім годзе галоўны рэдактар партыйнага часопіса, знаёмы з партызанскага лесу, па-сяброўску прасіў мяне ў юбілейным артыкуле пра славутага паэта – ужо ў карэктуры – «дапісаць яшчэ некалькі абзацаў». Навошта? Каб апошняя старонка была запоўнена ніжэй. Паперу трэба лепш выкарыстоўваць. Бо згодна з дэвізам часу «эканоміка павінна быць эканомнай».
Ён не настойваў, ён прасіў, аднак з усёй прафесійнай сур'ёзнасцю, і здзіўлены быў, што я не згадзіўся дапісваць.
* * *
Мантэнь [20]20
Мантэнь Мішэль дэ (1533–1592) – французскі філосаф-гуманіст.
[Закрыть], «Вопыты»:
«Честолюбие несовместимо с уединением. Слава и покой не могут ужиться под одной крышей».
Першае, што захацелася выпісаць, бо найбольш яно падыходзіць да майго тут, у вёсцы, жыцця, бо ў гэтым і я знаходжу пункт апоры.
Думаў спачатку чытаць усё падрад, але пасля некалькіх раздзелаў павяло на выбарку, што цікавейшае. Бо ж і нялёгка дый нецікава бясконца лазіць з тэксту ў каментарыі, каб лепш зразумець той далёкі час. Далёкі і агромністы, таямнічы. Ажно навальнічныя хмары згадаліся – з глухім мармытаннем грому, які сваё адгрымеў, але яшчэ ўсё варушыцца, злуецца, як патрывожаны ў берлагу мядзведзь… «Я ведаю толькі тое, што я нічога не ведаю». А пасля таго, як гэта было падумана і сказана, чалавецтва назапасіла такую процьму культуры, што адчуваеш сябе зусім бездапаможным, каб хоць часткова, сяк-так у ёй разабрацца.
…Дзіўна ды цьмяна думалася над Мантэнем пра тое, як чалавецтва жыве ў слове сваіх лепшых сыноў, якія нібы свядома перадаюць адзін аднаму агеньчыкі несмяротнасці, што і мала, і больш пажыўшы як быццам не паміраюць яны – для тых, што былі перад намі, што будуць пасля нас.
…І заўсёды было шмат палітычнай блытаніны, то мутнай, то крывавай, і не ўсім яна перашкаджала паводзіць сябе разумна.
* * *
Шаламаў [21]21
Шаламаў Варлам – расейскі пісьменнік.
[Закрыть], «Четвертая Вологда». Шчырыя, мудрыя ўспаміны, якія пісаліся «для сябе»… ва ўсякім выпадку без асаблівай надзеі на хуткае ці нават пазнейшае надрукаванне. Подзвіг і катарга сапраўднага інтэлігента, у гэтым выпадку расейскага.
Бог мой, колькі ж яшчэ трэба ўбачыць, пачуць, каб думаць або гаварыць, што ты ведаеш жыццё хоць бы ў пэўнай меры!.. Не толькі ў вялікай літаратуры, але і ў меншай. Вось жа не ведаў я, упершыню пачуў нядаўна пра мовазнаўцу Анатоля Багдановіча, які добра, плённа пачынаў, а потым быў лягчэй за іншых выкінуты з роднага асяроддзя: не застрэлены, не замучаны ў тайзе ці ў шахце, а толькі сасланы туды, куды і вароны нашы не далятаюць, каб там яму вылечыцца ад «беларускага нацыяналізму». Прыжыўся там недзе, як Язэп Пушча расейскім настаўнікам на Ўладзіміршчыне, як Сцяпан Ліхадзіеўскі [22]22
Ліхадзіеўскі Сцяпан Іванавіч (1911–1979) – беларускі паэт, перакладнік, крытык.
[Закрыть]і Сяргей Гайко расейскімі выкладчыкамі ВНУ, адзін у Ташкенце, другі ў Сярове на паўночным Урале… З першымі двума я сустракаўся, памятаю сумную ўсмешку Пушчы, энергію Ліхадзіеўскага. З Гайком, вялікім кніжнікам, мы перапісваліся да яго апошніх дзён…