355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Янка Брыль » Выбраныя творы » Текст книги (страница 19)
Выбраныя творы
  • Текст добавлен: 5 октября 2016, 23:29

Текст книги "Выбраныя творы"


Автор книги: Янка Брыль



сообщить о нарушении

Текущая страница: 19 (всего у книги 36 страниц)

Вакол падтэксту

Сорак гадоў насіць у памяці вобраз брата, які не скарыўся ад катаванняў, «нічога не падпісаў», а потым уведаць, што адбылося не так, – гэта нялёгка…

Пасля дняпроўскага тыдня, на працягу якога столькі было вячэрняй і ранняй красы ўкраінскай прыроды, шматлюддзя сустрэчаў у некалькіх гарадах, столькі паэзіі і музыкі, Шаўчэнкавай і народнай, пасля Быкаўні і папкі з пяцізначным нумарам – я апынуўся ў родным наднёманскім кутку, у прылясной цішыні.

І кожную раніцу абуджаўся з тым самым сумам і болем…

За тым, пра што я даведаўся, прыадкрыўшы заслону паўвекавое даўнасці, адчуваўся глыбокі, цёмны, студзёны падтэкст…

Я шукаў выхаду, і ён мне ўсё з большай ды большай настойлівасцю бачыўся ў тым, што трэба зноў ехаць у Кіеў, пагартаць тую папку яшчэ раз.

Было і тое, што адцягвала ўвагу ад аднаго, рассейвала яе і неяк супакойвала, – сякія-такія дачныя клопаты, чытанне вялікай карэктуры, глядзенне па тэлевізары першага з'езда народных дэпутатаў. Аднак жа праз некалькі дзён я ўжо званіў з Менска ў Кіеў, следчаму, і дамовіўся пра сустрэчу. Справа была яшчэ ў яго.

Пачалося лета, курорты, канікулы, з білетамі ў паўднёвым кірунку стала туга, і самалёт быў мне ў Саюзе пісьменнікаў забяспечаны толькі на дваццатае чэрвеня. Але і гэты дзень нарэшце прыйшоў. І вось я яшчэ з аэрапорта званю ў гарадскую пракуратуру, зноў чую знаёмы голас: калі ласка, чакаю.

Праз дзве гадзіны, уладзіўшыся ў гасцініцы і дачакаўшыся канца абедзеннага перапынку, я прыйшоў да следчага і, павітаўшыся яшчэ раз, прысеў да стала, у добрым настроі і поўнай гатоўнасці. А ён, усё-такі сімпатычны хлапчына, скажам па праву ўзросту, убачыўся нейкім стомленым ды маркотным. І зусім не спяшаўся даваць мне папку. На ягоным стале яе не было. І ён прыкметна змагаўся з няёмкай неабходнасцю штосьці сказаць. А потым і сказаў, з недагаворваннем ды невыразнасцю, што справу даць мне другі раз – не можа. Яна ўжо не ў яго…

Ясна стала адно – я прыляцеў дарма. І падумалася таксама, пачалася такая здагадка, што за дзве гадзіны, ад майго званка да прыходу, адбылося тое, што ён камусьці пазваніў, на ўсякі выпадак папрасіў дазволу паказаць мне яшчэ раз, і яму, таксама на ўсякі выпадак, не дазволілі.

Дзіўны характар у мяне! – успрыняў я няўдачу… раптам спакойна, як быццам нават ці не з палёгкай. А ў апраўданне самому сабе падумаў: ну што ж, нічога не зробіш, можа, нічога я там больш і не вычытаў бы, хопіць і таго, што прачытаў месяц таму назад. Цудам паказаўшыся з таго страшнага часу, папка тая махнула ліловым хвастом і, нібы залатая дзедава рыбка, нырнула ў сваю, зноў таямнічую, недасягальную глыбіню – «пучину совершенной секретности», выкінуўшы на бераг «вещдок с индивидуальным признаком» – муштук.

Яшчэ раз успомніўся компас у маім палоне: як хітра мы з сябрам схавалі яго перад вобыскам у бараку – загарнулі ў шматок бруднай газеціны і кінулі каля лагернай «лятрыны», так сказаць, адкрытай прыбіральні, даўжэзнай яміны з жэрдкамі на слупках, для доўгага, натужнага сядзення галодных нявольнікаў. Нехта яшчэ хітрэйшы прыкмеціў, як быў кінуты той шматок, падняў яго, компас узяў, а газеціну шпурнуў. Як жа абурыўся гэтым мой сябар па таямніцы, па намеры ўцякаць дахаты, як ён злаваў на мяне за… спакой! Ён той компас недзе (ужо не памятаю дзе) раздабыў, спачатку насіў таямніцу адзін, потым даверыўся мне, а я… Што ж, я цяпер, праз сорак дзевяць гадоў, зноў успомніўшы тое, падумаў, што ў мяне, чаго добрага, было і падсвядомае прадчуванне, чым закончыліся б на радзіме нашы ўцёкі, калі б яны ўдаліся. Тады, улетку саракавога. Яшчэ на двух «нямецкіх шпіёнаў» стала б і больш, а потым і менш – адразу, у Курапатах, ці, спакваля, у якім-небудзь з гулагаў. Праўда, праз два месяцы я ўсё-такі ўцякаў, з іншым сябрам, бо з тым разлучыла няволя, і праз тры тыдні нас злавілі, ужо на польскай зямлі. І яшчэ раз, відаць, трэба падзякваць лёсу, што не ўдалося стаць «шпіёнам»…

А якая ж тут аналогія з папкай? Так думаў я, ідучы з пракуратуры. І адказаў самому сабе: ды проста тая, што ўжо не будзе больш так балюча рупіць, абы прачнуўся, што не прачытаў братаву справу з як найбольшай увагай, што павінен быў убачыць у ёй значна больш, чым убачыў. Хопіць, відаць, і таго, што ведаю, каб належна сказаць сваё, напісаць патрэбнае. Нават канцоўка сама па сабе атрымалася. Тое, што называецца крывавай сталіншчынай, не канчаецца, – ёсць яшчэ сілы, якім не патрэбна поўная ліквідацыя белых, чорных, чырвоных плямаў нашай жахлівай гісторыі, што не так лёгка сілы тыя пойдуць на ператварэнне ўсіх лубянак у музеі ці кнігасховішчы, як прапанаваў на з'ездзе адзін з народных дэпутатаў, не дадуцца яны, тыя сілы, і пад народны кантроль, як патрабаваў другі дэпутат. Хутчэй паставяць помнікі ў раскрытых Курапатах ды Быкаўнях, чым пойдуць на раскрыццё іншых захаванняў памардаваных, на рассакрэчанне цяжкаўяўнай безлічы спраў – у папках і без іх…

Калі пра безліч, дык вось і прыклад: з адной Белай Царквы, з аднаго «куста раёнаў» – 17 643. А на Валодзю нашым і не пачалося, і не закончылася…

Канец майго сумнага дня прайшоў у беспаспяховых намаганнях дастаць на заўтра білет на самалёт або цягнік; пад вечар прыйшлося-такі звярнуцца ў Саюз пісьменнікаў.

А ўранні трэба было пазнаёміцца з тым палацам культуры, дзе раней рыхтаваліся трупы для Быкаўні.

…Мой Кіеў.

Першае ўражанне – у тым усё, не раз успомненым дваццаць другім – доўгі мост на шырокім Дняпры, які мы пераязджаем, высокі бераг, густая зеляніна дрэў, золата купалоў з іскрыстымі крыжамі. Праз шэсцьдзесят сем гадоў бачу, як ён асцярожна сунецца па тым мосце, наш бруднавата-белы таварны вагон… І я ўдзячны таму, хто тады разбудзіў мяне зарана, каб я панёс на ўсё жыццё ўспамін пра першае бачанне такой красы. А разбудзіў хутчэй за ўсё бацька. Маці пашкадавала б у сваёй больш практычнай любасці да найменшага, а бацька не мог не паказаць таго, чым сам неаднойчы любаваўся з правадніцкага акна. Так мне хочацца думаць. Бо так зрабіў бы і я, дый рабіў падобнае з дзецьмі, а цяпер з унукамі.

Пасля, у глухой заходніцкай вёсцы, Кіеў быў для мяне на каляровай паштоўцы, забытай некім у адной з нашых адэскіх кніжак. На ёй быў і Дняпро, і зеляніна на кручы, і залатыя купалы. На для кагосьці звычайнай, паднішчанай паштоўцы, з якое дзіцячае сэрца так многа бачыла. Гэта – пакуль навучыўся чытаць. Бо тады ён, мой Кіеў, пачаў адкрывацца ў кнігах, скажам – у Гогаля, з апісання Падола ў «Віі», а далей і ў многіх іншых.

Першы ў жыцці, дзіцячы прыезд у Кіеў адбыўся ў раннюю рань канца мая. Другою майскай ранню, і таксама з поўдня, летась я набліжаўся да любага горада па Дняпры. Пад салаўіны бой на абодвух церпка-зялёных, крыху прымглёных берагах, абапал шырокай, спакойнай вады. Пад гутарку з другім старым дзіваком, якому таксама не спіцца, – з кітайскім паэтам, перакладчыкам Кабзара. Таварыш і ў нас, у Менску, бываў. У гутарцы на сыравата-чысценькай, яшчэ пустой палубе, пад песні салаўёў мы ўспомнілі, між іншым, і пра яшчэ аднаго салаўя, – несмяротную дацкую казку з прастадушна чароўным пачаткам, які мы на мове Талстога, якога таксама згадвалі, працытавалі, дапамагаючы адзін аднаму, амаль з дзіцячай прыемнасцю: «Ты, верно, знаешь, что в Китае все жители китайцы и сам император китаец». Без лішніх ды гучных слоў адчувалася намі і мудрасць, і краса чалавечых, братніх адносін, да якіх яшчэ так далёка…

А ў душы ў кожнага з нас было, вядома, і штосьці толькі сваё. Што ў яго – я магу вельмі прыблізна меркаваць. А ў мяне быў глыбінна прыглушаны боль, прадчуванне ўжо недалёкай сустрэчы з братняй трагедыяй…

Побач са словам Быкаўня, з якім я нядаўна зблізіўся, стаялі яшчэ тры словы: Жовтневий палац культури. За першым бачылася невымерная магіла, за другімі – патайное месца забойстваў…

Палац гэты я ўбачыў спачатку толькі збоку, праездам. Першы раз едучы ўранні з гасцініцы ў пракуратуру, папрасіў таксіста паказаць мне яго, паехаць тою дарогай. І неўзабаве здзівіўся, што гэты будынак з выгляду я ведаю, што ён – цераз вуліцу ад высотнай гасцініцы на гары, дзе я некалькі разоў спыняўся. І ў падарожжы з найбліжэйшымі, вяртаючыся з чароўнага Закарпацця, і ў камандзіроўцы, калі мы, прыехалі ў Кіеў удвух з маладым, ці не найбольш сімпатычным мне нашым пісьменнікам, а тут і з даўнімі сябрамі сустрэліся, і новых набылі…

А наведаць палац культуры ў маі мне не ўдалося, не хапіла часу.

Цяпер, уладжаны якраз у той, даўно знаёмай гасцініцы, я з найранейшага ранку быў гатовы да сустрэчы з палацам, перад вайной – галоўным падзямеллем братняй Украіны. Гатовы і толькі стрымліваўся, каб не прыйсці зарана, калі там яшчэ не будзе яго цяперашніх гаспадароў. А ледзь прычакаўшы пачатку рабочага дня – пайшоў.

У даведніку «Киів» пра «Жовтневий палац культури» напісана, што ў дваццатых – трыццатых гадах ХХ стагоддзя ў ім «розмищувалися різні державні установи». І як даніна сучаснасці (год выдання даведніка – 1981) адзначана, што двойчы там выступаў Леанід Ільіч Брэжнеў, уручаючы гораду і рэспубліцы ўзнагароды.

У нашай украінскай кнізе я прачытаў, што гэты колішні «Институт благородных девиц», збудаваны ў пачатку мінулага стагоддзя, пераабсталяваны быў пад сядзібу Народнага камісарыята ўнутраных спраў УССР пасля таго, як у чэрвені 1934-га ў Кіеў з Харкава перанеслі сталіцу рэспублікі. У гэтым гмаху размясціліся і работнікі наркамата, і тыя, з кім яны «працавалі». У турме гэтай было ціха, як у магіле. Наглядчыкі хадзілі перад камерамі ў валёнках па дыванах, вязняў на допыты выклікалі шэптам.

Падобнае, пра цішыню, чытаў я летась і яшчэ ў адной кнізе, расейскай, у дачыненні да самых першых насельнікаў палаца «благородных девиц», якія тут «ходили бесшумно, как того требовал устав заведения».

Трэба думаць, што гэтай даўняй традыцыі прытрымліваліся і «тройкі» з усім дапаможным персаналам інстытута ўсясільных катаў, і гукі расстрэлаў не парушалі рабочай цішыні паверхаў, – схаваныя глыбока, за тоўстымі сценамі.

Дзень абяцаў стаць зноў спякотным, але раніца была яшчэ толькі прыемна светлая, молада свежая пасля начной астыласці. Лістота дрэў і травы на адкосе ад вуліцы гусцела сакавітасцю. Урачыста яснелі кветкі. Чысценька ўсюды, злёгку росна. Перачырыкваліся вераб'і. Стары дворнік на ўзбочнай ад вуліцы алеі ішоў сабе па нядаўна палітым асфальце. Мы павіталіся, пастаялі, ён паказаў мне, дзе, за вуглом, цэнтральны ўваход.

Даўні, класічны колер сцен – светла-жоўты. Белыя калоны, белая аблямоўка акон і дзвярэй. Тры паверхі і цокаль, пад якім падзямелле, куды мне трэба заглянуць.

Пажылы вахцёр, калі я пачаў гаварыць яму, што мне трэба, сказаў, што ён тут працуе даўно, але нічога такога не ведае. Аднак начальніку свайму, па маёй просьбе, пазваніў. Неўзабаве да нас спусціўся малады, ветлы мужчына і, выслухаўшы мяне, павёў у падзямелле.

Бясконцы лабірынт. Былыя камеры. І сцішна, як пад пірамідай. Хоць я пад пірамідамі і не бываў – проста такое адчуванне, чагосьці аграмаднага, цяжэннага над табою… Як быццам усе тыя асоба-троечныя фараоны яшчэ ўсё сядзяць наверсе, яшчэ ўсё «судзяць», ціснуць зверху ўсім сваім злавесным цяжарам… Там, дзе былі камеры, карцэры, бойні, – цяпер то нейкія майстэрні, дзе відаць адзін-два чалавекі, а то ўсё дзверы, дзверы, ці так зачыненыя, ці пад навясным замком. Дзе ж тут стралялі? Адкуль на паверхах, з дыванамі і валёнкамі, не чуваць было наганных туканняў?.. Ветлы таварыш не ведае. Ідзём, ідзём… І вось ужо выхад – на задні двор.

Тут мой прыязны чычэронэ ўбачыў каля грузавіка старога без шапкі, з мноствам ордэнска-медальных планак, павітаўся з ім і папрасіў падысці.

Пазнаёміў нас. Чалавеку гэтаму, як аказалася, ужо за восемдзесят, сёе-тое ведае і раскажа.

І расказаў, што прыблізна, па чутках, а што і дакладней, вядомае яму. Вазьму з дакладнага.

У вайну гмах быў разбураны бомбамі. Аднаўляць яго сабраліся толькі ў пачатку пяцідзесятых гадоў. Прыбіраючы, вымятаючы ацалелае падзямелле, вёдрамі выносілі кулі. Была тут у той час і механізацыя, транспарцёр для падачы трупаў на грузавікі. Начамі…

Так я выйшаў адтуль – з тою транспартнай стужкай, на якой мне бачыўся і Валодзя, з тымі кулямі, відаць, у большасці расплясканымі аб бетон, кожная з якіх 9 грамаў, стандартных, як і 100 грамаў, агульнанародных, і адна з іх – ягоная, наша.

Працяг

Калі мы развітваліся са следчым, ён параіў мне пра муштук напісаць у пракуратуру рэспублікі. Даў адрас і прозвішча.

«На гэтым будзе і ўсё», – падумалася, запісаўшы.

З пракуратуры той мне адказалі тыдні праз два, а паехаць па «вещдок» я сабраўся ажно праз тры месяцы.

…У чорным канверце ад фотапаперы ў тумбе майго пісьмовага стала вось ужо хутка чвэртку стагоддзя ляжыць страшны здымак. Канверт гэты не адзін, у іншых таксама здымкі, у розны час атрыманыя ад сяброў-фатографаў. Але ж як толькі я, для чаго-небудзь перабіраючы фота, выпадкова ды памылкова загляну і ў той канверт – заўсёды міжволі ахну!.. Там – наш, мой Міша на белым, пад белым, пакуль прывязуць труну…

Здаецца, першая смерць, што так глыбока мяне ўразіла, нават у параўнанні са смерцю бацькоў. Бацькаву смерць я, шасцігодак, усвядоміў не адразу. Маці памерла ў такім узросце, калі мы, пачуўшы ад знаёмага пра смерць каторага з яго бацькоў, міжволі пытаемся, а колькі ёй ці яму гадоў. Пачуўшы, што і нямала, гаворым, каб перакрыць няёмкасць: «Усё роўна шкада». А Міша памёр так нечакана, так без пары, так адчувальна нагадаўшы мне, што вось і гавары, і спадзявайся, плануй, а яна толькі пстрыкне, як з-за вугла, і ўсё – назаўсёды, беспаваротна…

Пра здымак той я ўспомніў, думаючы, як жа сустрэнуся з муштуком. Стары ўжо, здаецца, і з вопытам, а наіўна падумаў, што яго аддадуць мне ўсё-такі неяк больш-менш урачыста…

Праўда, таварыш, які адказаў мне замест таго, каму я пісаў, сустрэў мяне ветліва, нават здзівіўся, што я прыехаў, бо можна ж было і выслаць мне муштук. Як быццам не сам ён, пракурор і кіраўнік адпаведнай групы, пісаў мне, што «мундштук будет вручен Вам в удобное для Вас время», і нумар свайго кабінета паведаміў. Я сядзеў, ён шукаў, адамкнуўшы адзін з двух сейфаў каля сцяны. Шукаў марудна, шалпочучы раскалмачанымі папяровымі скруткамі, перабіраючы, абшукваючы іх адзін за адным, некаторыя развязваючы, тады завязваючы, усё гэта няспешна, заклапочана, і толькі ў самым апошнім скрутку знайшоў патрэбнае. Падаў мне, а я… без хвалявання ўзяў яго, амаль зусім спакойна. Распіску напісаў пад дыктоўку, нібы атрымаўшы на складзе нейкую запасную частку.

І таксама спакойна спытаўся, ці можна мне паглядзець у іх братаву справу.

А яна, аказалася, была ўжо не тут, а там, адкуль бралася для следства. Я ўжо ведаў, што іменна гэты таварыш, з кім гавару, не дазволіў у чэрвені даць мне папку яшчэ раз. І я не паверыў яму, што справа не ў іх, – падумаў, што ён адводзіць убок. Але таварыш параіў мне самому зайсці ў камітэт дзяржаўнай бяспекі і папрасіць. Назваў адрас, растлумачыў, як даехаць. І я, у тым самым – дзелавым, ці што, – спакоі вырашыў сваё «ісці да сэрца напрасткі» прымяніць яшчэ раз.

Там, пакуль што ў прыёмнай, элегантны прапаршчык прапанаваў мне пасядзець. Намеснік старшыні камітэта якраз заняты іншым наведвальнікам. Хвілін праз дзесяць мой папярэднік выйшаў, і я быў запрошаны ў кабінет. Яшчэ ўсё спакойна вылажыў сваю просьбу. Малады чалавек выслухаў мяне, сказаў, што іменна сёння вырашыць гэта нельга. «Гэта ж не проста спусціцца ўніз ды папку тую ўзяць – архіў наш не тут, гэта справа некалькіх дзён». А ў мяне зваротны білет, цягнік праз тры гадзіны. Таварышу намесніку, вядома, трэба і параіцца. А мне, старому, з хворымі нагамі, не так ужо і зручна паехаць-прыехаць… І тут ён параіў зрабіць прасцей: напісаць ім з дому, на імя старшыні камітэта (назваў імя, па бацьку, прозвішча), і папку мне, «у парадку выключэння», вышлюць для прачытання ў ваш, беларускі, камітэт дзяржбяспекі.

Вунь на якім узроўні пайшло! Ажно, вядома ж, не верыцца…

Дома, адаспаўшыся пасля дзвюх начэй «пункцірнага» ад грукату колаў недасыпання, я павагаўся трохі, а ўсё ж такі напісаў у тую найвышэйшую інстанцыю – хай ужо будзе, што будзе. Адаслаў пісьмо ў панядзелак, а ў пятніцу пад вечар – чаго не бывае ў наш час! – сам старшыня камітэта пазваніў мне з Кіева, што папка будзе днямі выслана. Пра «выключэнне» і намёку не было. Яшчэ больш – на развітанне ён ажно расчуліў мяне, пажадаўшы добрага здароўя… «от вашего читателя».

Яшчэ праз два тыдні мне пазванілі з нашага камітэта.

Права болю

Ідучы на другое спатканне з братавай справай апоўдні, я думаў, што сёння, вядома ж, прачытаць яе як след не здолею. Так і сказаў супрацоўніку ў цывільным, які зачыніўся са мной у пакоі і, пакуль я чытаў, цярпліва, карэктна глядзеў на мяне з-за другога стала. Ці проста так сабе, ці хутчэй успамінаючы тое, што ён, трэба думаць, сам папярэдне вычытаў у гэтай кіеўскай папцы. Яго прысутнасць я, і заглыблены ў сумна знаёмы тэкст, адчуваў па ягоных вачах – не бачыў іх, а падсвядома адчуваў.

Першы раз, у Кіеве, справу чытаў я трохі больш за дзве гадзіны. Цяпер прайшло тры, калі я адчуў, што годзе, усё, больш не магу… І не здзівіў гэтым свайго наглядчыка: ён і гэта прыняў карэктна.

Выбух, што скалануў маю душу ў канцы мая, дэтаніраваў болем і сумам усе пяць месяцаў. Сёння боль паўтарыўся ці не з большай нават сілай, хоць і без выбуху. Здавалася, што я сваёй настойлівасцю вось і дамогся таго, што сам сябе падняў на новую, вышэйшую паліцу, на якую цяпер паложана папка, і сам сябе гвазнуў адтуль аб падлогу. Потым – бяссонная ноч, блакнот, раз-поразу святло, ад якога не рабілася відней. Падтэкст, адчуты раней, заставаўся. Жахлівы падтэкст таго часу, а ў ім – аднаго чалавечага лёсу. Спробы пранікнуць у той падтэкст зноў натыкаліся на глухату навечнага маўчання, у якое пайшлі ўсе тыя, хто мог бы мне многае праясніць або сказаць хоць нешта, так неабходнае!..

Было і тое, што пры другім чытанні праяснілася. З муштуком. Але і гэта не адразу.

Чытаючы справу ў Кіеве, я не звярнуў увагі на дату на адной з самых першых паперак – 16.ІХ.1937 г. Не звярнулі на гэта ўвагі і юрысты. Следчы, напрыклад, пытаўся, што яна азначае на муштуку, і я сказаў: братаў дзень нараджэння. Раней, з маіх слоў, так было напісана ў газеце «Літаратура і мастацтва», а пазней, увосені, паўтарыў я гэта, выступаючы ў Курапатах. Словам, нібы і ўзаконілася. Пры Шуравай дапамозе. Ведаючы абодва, што бацька яго маладзейшы за дзядзьку больш-менш на паўтара года, мы пайшлі ад Ігнатавага дня нараджэння 20.ХІІ (стст.) 1900-га, і выйшлі на той загадкавы верасень. Бо дакладнейшай даты не было, ні ў нас, ні ў Віктара. А тут нібыта першы раз гляджу – у справе паперка – папярэдні, больш за два месяцы да арышту, выклік Валодзі да пракурора, іменна ў гэты дзень, 16 верасня.

Ну, а як жа дзень нараджэння?

Дапамога прыйшла з нечаканага боку. Пасля беспаспяховых тэлефонных перамоваў ды перапіскі з архівамі ў Менску, Горадне, Наваградку я ўспомніў нарэшце пра адэскі сельгасінстытут, пазваніў Віктару, каб ён спытаўся, як там у іх з архівам. Праз месяц, у лютым, я атрымаў цэлы пакет дакументаў, сярод якіх пасведчанне пра заканчэнне шостага класа гімназіі і копія метрыкі, двойчы з дакладнай датай Валодзевага нараджэння – 10 (22) ліпеня 1899 года.

Муштук – касцяны, ім ні зарэзацца, ні парэзацца нельга, таму яго ў вязня і не забралі. Выскрабці на ім тую сакраментальную дату пасля таго, як той вязень зусім аслеп ад катаванняў, сам ён не мог. Выходзіць – або ён зрабіў гэта неўзабаве пасля арышту ў белацаркоўскай турме, або і раней, вярнуўшыся ад пракурора Вялікапалавецкага раёна, з гутаркі пра «шкодніцтва на рабоце», бо быў жа яшчэ два з палавінай месяцы дома. А магло быць і так, што па просьбе яго, аслеплага, калі ад пералому да смерці было яшчэ столькі дзён і начэй, гадзін і хвілін для роздуму, успамінаў, адчаю, надзеі… хоць бы на лагер, можа, тады гэтую няхітрую гравіроўку мог зрабіць хто-небудзь з сяброў па камеры…

У Курапатах, у некалькіх правераных захаваннях, сярод мноства астанкаў не знойдзена ніводнага «рэчавага доказу з індывідуальнай адзнакай», на якім стаяла б прозвішча ці хоць імя ахвяры. Толькі на адной расчосцы, таксама касцяной, ёсць надпіс, таксама выскрабены нечым, на польскай мове:

Ciezkie sa chwile wieznia. Minsk, 25.04.40. Mysl o was doprowadza mnie do rozpaczy.

А на другім баку расчоскі:

26.ІV.40. Rozplakalem sie – ciezki dzien.

Тут свой падтэкст, які мяне, пры пэўным веданні Польшчы наогул, а тым больш палякаў у Заходняй Беларусі, хвалюе з іншымі здагадкамі ды меркаваннямі…

У Быкаўні, сярод знойдзеных імянных «вещдоков», чатырнаццаты па ліку – муштук. З прозвішчам, з ініцыяламі, з датай, але нічога на ім пра «цяжкія хвіліны», думкі пра родных, пра плач… Такое тут – зноў жа ў падтэксце. І ён, падтэкст гэты, не толькі ў лёсе гэтых двух, курапацкага паляка і быкаўнянскага беларуса, – усенародны ён, усясветны!..

Муштука, што цяпер затаіўся ў шуфлядзе майго пісьмовага стала, магло і не быць – ужо і знойденага, і абвешчанага ў друку. Нібыта падказаў мне хтосьці мудры – папрасіць у следчага аддаць рэліквію родным. Ён сказаў тады пра экспертызу, а пазней, калі мне муштук аддалі, растлумачыў па тэлефоне, у чым яна, экспертыза, заключалася б. Вельмі проста – дзеля таго, каб навукова ўдакладніць, што муштук сапраўды касцяны, яго спачатку трэба было б раскрышыць…

А так ён сведка і катаванняў, і падзямельных стрэлаў, і начнога закопвання, і сам выйшаў з таго палітычнага пекла, і мяне ўжо двойчы – цераз ліловую, з мноствам наклеек, крыху зацапаную папку – уводзіў туды ж…

Ці вытрымаў бы я яшчэ і трэці раз?

Выпісваю блакнотнае:

«Бывае так горка і цёмна ад тое папкі, што ўчора нават… праўда ўпершыню, падумалася: няхай бы лепш я, ужо адзін, апошні з сясцёр і братоў, застаўся лепш пры тым варыянце Валодзевага канца, які мы ведалі да знойдзенага муштука!.. Хоць „ведалі“ не падыходзіць – толькі меркавалі…»

За пятнаццаць месяцаў, падораных муштуком і папкай, я многа чытаў блізкага майму болю, патрэбнага для маёй задумы. Турэмныя ды лагерныя ўспаміны тых людзей, што выжылі. Яны – і нямногія з ліку забітых ды замучаных, іх адначасна і многа, калі далічыць і тых, пра каго яны расказалі, а ўлічыўшы іх права і абавязак гаварыць і за тых, што самі ўжо нічога не скажуць, іх – вялікае мноства. Бо праўда іх – найвялікшая.

Гэтая праўда свяціла і мне, дапамагаючы ад свайго, сямейнага ісці шырэй. І тое, чым я хачу падсумаваць свае пошукі, свой роздум, мне цяжка дый і не трэба аддзяляць ад таго, што я ўзяў ад народжанай у пакутах праўды другіх людзей, ад іх вопыту, што мне дапамагала ў цяжкія хвіліны.

Справу чытаў я двойчы, з пакутлівай пільнасцю. Раіўся з двума юрыстамі, у Кіеве і ў Менску. Па маёй просьбе, з ужо адасланай папкі, мне прыслалі ксеракопіі чатырох вырашальных дакументаў: з аднаго боку – выпіска з пратакола пасяджэння «тройкі» і з акта пра выкананне прысуду, а з другога боку – заключэнне па архіўна-следчай справе па абвінавачанні і акрэсленне ваеннага трыбунала, – прысуд і забойства, расследаванне і рэабілітацыя, яшчэ адна чалавечая гісторыя, заключаная ў векапомных датах: 1937–1956.

І шкодніцтва (артыкул 54-7 украінскага крымінальнага кодэкса), і шпіянаж (артыкул 54-6) юрыдычна палічаны поўнасцю бяздоказнымі. Так і падкрэслена: «не нашло своего подтверждения». Са спасылкамі на розныя архіўныя нумары і абрэвіятуры. А тое, што як між іншым, дадаткова, без якога-небудзь артыкула; ушчэмлена паміж тымі «вінамі» – служба ў белых і дэзерцірства ад чырвоных – пры разглядзе справы на рэабілітацыю праігнаравана зусім, не згадваецца аніяк…

Што ж застаецца?

Жахлівы махавік круціўся ва ўсю няспынную сілу, жорны малолі, не буксуючы ў чалавечай крыві. І брату майму, як і многім, патрэбен быў той, хто штурхане пад махавік, у жорны, і той знайшоўся. Гэта мог быць і загадкавы М., жыд, і нехта расеец, украінец, беларус – у мярзотнікаў таксама ж ёсць свой няпісаны інтэрнацыянал. Імёны членаў яго з надзейнай сакрэтнасцю, відаць, наперад ахоўваючы сакрэты метадаў, схаваны недзе ў іншых папках, кажуць: з паметкай «агентурные сведения», і папкі тыя не паказваюць нават «у парадку выключэння». Ва ўспамінах людзей, якія цудам ацалелі ў жорнах «класавай барацьбы», мне двойчы сустрэлася такое акрэсленне «судоў» і «асобых нарад», – судзілі не за што, а дзеля чаго. Чалавека трэба было знішчыць, камусьці гэта было патрэбна, і яно рабілася. З усёй каравасцю крыважэрнага хамства, з тоўстымі белымі ніткамі юрыдычнага дылетанцтва, з магільнай неразгаданасцю падтэксту. Многа ўсялякіх варыянтаў у тым падтэксце, а вядома агульнае адно – такі быў час і лад.

Яшчэ два запісы з розных дзён.

Першы – зроблены адразу пасля другога чытання справы:

«… Душа мая зноў дакранулася да бездані жаху, ужо ў большым спакоі, аднак і зноў яна смуткуе, няхай сабе не смяротна, як у Валодзі было, але блізка да гэтага. Хрысту было лягчэй: ён жа і Богачалавек, і тры апосталы, найвярнейшыя з дванаццаці, былі пры ім. А брату майму не было каму сказаць у безвыходнасці чалавечай тугі: „Душа моя скорбит смертельно; побудьте здесь и бодрствуйте со мною…“»

І другі запіс, пазнейшы:

«І зноў, і ўжо даўно не ўпершыню вяртаецца бачанне страшэнна невымернай чалавечай крыўды і абразы. Ён працаваў сумленна, жыў сціпла, шчасліва ў сям'і, і вось яго бяруць, катуюць датуль, пакуль яму не стане абыякава, што перапісваць пад дыктоўку (тое „заявление“), што падпісваць, нібы нямоглай старэчай рукой (тыя тры пратаколы), тады яшчэ паўгода – скатаванага да слепаты, зламанага, зганьбаванага – трымаюць за кратамі, каб потым завезці за сто з гакам кіламетраў, у галоўнае падзямелле, дзе ў рабочым парадку, на масавым канвееры застрэліць ва ўпор у скронь ці ў патыліцу, а потым механізавана, на транспартнай стужцы выкаціць у грузавік, – ноччу! ноччу! – завесці далей за горад, у лес, і закапаць разам з мноствам таксама скатаваных, зламаных, зганьбаваных, у скронь ці ззаду застрэленых, навекі, – бо так і лічылі каты-следчыя, атлусцелыя „троечнікі“ і радавыя забойцы, – навекі, наглуха закапаных у „праклятае народам“ небыццё. Разам з усімі бездапаможнымі пратэстамі, заклікамі да справядлівасці, з мільённадушным адчаем: за што? у імя чаго?..»

Пры той жахлівай масавасці генацыду – у адным чалавечым лёсе няма нічога надзвычайнага.

Апроч цуду з імянным муштуком, цуду – аднаго на сотні тысяч ці на мільёны. І мне так неабходна найясней убачыць, як расказаць пра гэта – пра звычайнасць і незвычайнасць, універсальнасць трагедыі, заключанай, як у маленечкай кроплі, у гісторыі адной чалавечай сям'і. На прыкладзе свайго мне лепш, а можа, і найлепш відно, як гэта жудасна – замучыць, забіць невінаватага. Думаючы пра мільёны, адзін бачыцца вельмі маленькім, у вялікай краіне, тым больш ва ўсім вялізным свеце гэта так мала – адзін. А ў сям'і, у душах родных гэта ж цэлы свет болю. А ў душы найраднейшай – у матчынай? Я памятаю, я чую зноў, як яна плакала начамі… Не ведаю, што адчуваў бы я як сын яго, як бацька, як шчыры друг. Я адчуваю сваё, як ледзь не па-сыноўняму малодшы брат. Так пазнаю, і яшчэ пазнаю свайго таямнічага, амаль зусім невядомага… Вось я чытаю пра допыты, пакуты, стойкасць і ламанне і ўвесь час міжволі думаю пра свайго. Ён трымаўся чатыры месяцы. Ён быў, як маці казала, «гарачы і горды», і гэта раз'юшвала катаў, яшчэ ўзмацняла яго і так невыносныя пакуты. Сам ён зламаўся? Яго зламалі! Як многіх, вельмі многіх… Гляджу на фота яго, адно з апошніх, ужо, як мне здаецца, з тым сумам у вачах, гляджу найменшы на найстарэйшага, цяпер старэйшы за яго на паўстагоддзя, і хочацца бацькавым любімым словам сказаць, і я гавару: «Голубчик мой!..» І плачу за ўсіх, за бацькоў, за сясцёр і братоў. І за Валю ягоную, нашу мілую Валю, якая плакала б цяпер найбольш.

«Віна» з пакутнікаў пераходзіць на віну – падкрэслена, без двукосся – на іхніх «суддзяў», на той час, на тую палітыку, аслепленасць, апантанасць, чуму, халеру… штосьці яшчэ горшае!.. І як ні многа я чытаў і слухаў пра той генацыд, не памятаю, каб сярод прычын, якія спрыялі яму, накіроўвалі яго, была названай яшчэ адна прычына, вельмі істотная, з найгалоўнейшых – партыйная дысцыпліна, што спараджала, натхняла, апраўдвала выканаўцаў…

У «Выпісцы з пратакола пасяджэння Тройкі», нібы незаўважна, сціпла, стаіць такая вышынская фраза: «В проведении шпионской деятельности сознался». І яна там, для «тройкі» – галоўнае. Агавор самога сябе, выбіты катаваннямі, быў для ахвяры не проста небяспечны, а смяротны. Канцоўка ў «заявлении», трафарэтна прадыктаваная вязню, з тым «сознавшись чистосердечно прошу даровать мне жизнь и дать возможность исправиться» – гэта банальны інквізітарскі цынізм. Ужо само накіраванне следствам справы на «асобую нараду» азначала і суд і прысуд адразу…

А быў жа яшчэ і нагавор. На ветэрынара Клісенку, таварыша па працы. Таксама выбіты катаваннямі, а тым не менш такі мне балючы. І радасна, што нагавор Клісенку не зашкодзіў. Праз два месяцы пасля вочнай стаўкі з Валодзем ён быў выпушчаны з турмы пад распіску пра нявыезд, дапушчаны да ранейшых абавязкаў, каб потым, у маі трыццаць дзевятага, калі ўжо не было яжоўшчыны, а прыйшло берыеўскае ўступнае паслабленне, быць апраўданым пракуратурай «як няправільна арыштаваны». Не ўзяўся пад увагу і той «антысавецкі анекдот», які, дарэчы, не падняўся да самога Сталіна, а быў нібыта расказаны пра Калініна. Сяржант Сагалаеў, які і следства вёў, і пратакол вочнай стаўкі падпісваў, вышэй узняцца не асмеліўся…

З падтэкстам бачыцца мне ўвесь той нагавор. Балюча было ад падазрэнняў, чытаючы і ў «заявлении», і ў пратаколах перадсмяротнае трызненне блізкага чалавека… Няўжо і гэта было патрэбна толькі для таго, каб так ламаць і зламаць упартую ахвяру?

Я паўтараю – як гэта добра, радасна, што нагавор той не зашкодзіў, што Клісенка дажыў да часу, калі ў яго сталі зноў пытацца пра Валодзю, і сумленна сказаў пра яго тое, што так прычынілася да зразумення, да апраўдання хоць пасмяротнага. Свет не без добрых людзей, і шкада, што падзякаваць ім ужо нельга.

У прачытаным мною для тэмы маёй, занатаваным ёсць і развагі аднаго з тэарэтыкаў мужнасці. З вышкі сваёй ён «аб'ектыўна» прымервае ды акрэслівае, хто з пакутнікаў як заламаўся, як ён мог не заламацца, і як гэта, бачце, добра было б, каб і тут герояў было ў нас як найбольш. Такое адчуваецца ў гэтай дасужай філасофіі.

Назаву два імёны.

У пісьме да Аляксандра Салжаніцына Варлам Шаламаў, турэмна-лагерны пакутнік з дваццацігадовым стажам, піша так:

«…Я за свае два следствы не падпісаў ніводнага пратакола супраць самога сябе і ніякіх прызнанняў не даваў – толк быў той самы. Далі тэрмін і так. Да таго ж на следстве мяне не білі. А калі б білі (як з другой палавіны 1937 года і пазней) – не ведаю, што я зрабіў бы і як бы паводзіў сябе». А праз два гады, у іншым пісьме, паўтарае: «Я не ведаю, як бы я трымаўся, калі б мне іголкі ўсаджвалі пад пазногці».


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю