355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Янка Брыль » Выбраныя творы » Текст книги (страница 1)
Выбраныя творы
  • Текст добавлен: 5 октября 2016, 23:29

Текст книги "Выбраныя творы"


Автор книги: Янка Брыль



сообщить о нарушении

Текущая страница: 1 (всего у книги 36 страниц)

Янка Брыль
Выбраныя творы

Думаючы пра вечнае, бачыць штодзённае

Янка Брыль – класік нацыянальнай літаратуры. Заняў ён гэтае ганаровае месца не па афіцыйным загадзе і не з афіцыйнага дазволу. Многія ягоныя творы сёння сталі хрэстаматыйнымі. Яны вывучаюцца ў школе і ў вышэйшых навучальных установах. Яны ў беларускай літаратуры, найперш у прозе, вызначылі, па сутнасці, стварылі, вельмі яркую і глыбокую лірычную плынь. На канец дваццатага стагоддзя плынь надзвычай перспектыўную. Яны, нарэшце, сталі незаменным набыткам у духоўным жыцці нацыі і народа.

Янка Брыль – пісьменнік-наватар. Наватар па самой прыродзе таленту – непасрэдна лірычнага, па-філасофску заглыбленага. Разам з тым уся творчасць пісьменніка грунтуецца на глыбокім засваенні гуманістычных і рэалістычных традыцый сусветнай літаратурнай класікі, у першую чаргу – расейскай, польскай, беларускай.

На сённяшні дзень Янкам Брылём пройдзены вялікі жыццёвы і творчы шлях. Шлях значны, прыгожы. 4 жніўня 1997 года на гэтым жыццёвым шляху народнага пісьменніка час паставіў вяху, пазначаную лічбай 80. З'явіліся ўжо і вехі з лічбамі 81, 82. Восемдзесят два гады жыцця. Ой, які гэта немалы шлях! Часы, праз якія ён праходзіў, не былі лёгкімі і простымі – ні для краіны, ні для народа. Таксама і для самога пісьменніка. Напэўна ж, і для ягонай творчасці.

Нарадзіўся Янка (Іван Антонавіч) Брыль 22 ліпеня (4 жніўня) 1917 года ў Адэсе: бацька працаваў правадніком на чыгунцы. У 1922 годзе сям'я вярнулася ў вёску Загора (цяпер Карэліцкі раён Гарадзенскай вобласці) на радзіму бацькі. У 1924 годзе бацька захварэў і памёр.

«У маці нас засталося тры хлопцы, старэйшаму з якіх, Мікалаю, не было яшчэ чатырнаццаці год.

За граніцай, якая і не думала адкрывацца, жылі недзе ў горадзе, што стаў для нас, малых, легендай, і скупа пісалі адтуль два старэйшыя нашы браты, маміна горкая гордасць – „вучоныя“».

Янка скончыў польскую сямігадовую школу ў мястэчку Турэц. У 1931 годзе паступіў у Наваградскую гімназію. Вучыцца не змог: трэба было дапамагаць па гаспадарцы. Узмоцнена займаўся самаадукацыяй, шмат чытаў, захапляўся творчасцю і вучэннем Льва Талстога. У 1939 годзе, у сакавіку, быў прызваны ў польскую армію. Служыў у марской пяхоце. Удзельнічаў у абарончых баях пад Гдыняй, дзе трапіў у нямецкі палон. Увосень 1941 года з двума сябрамі ўцёк на радзіму. Удзельнічаў у партызанскім руху, супрацоўнічаў у падпольным друку. Пасля вызвалення Беларусі працаваў рэдактарам мірскай раённай газеты «Сцяг свабоды». Пазней працаваў у часопісе «Вожык», Дзяржаўным выдавецтве БССР, намеснікам рэдактара часопісаў «Маладосць» і «Полымя». У 1966–1971 гадах Янка Брыль – сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў БССР.

Можна сцвярджаць: свае творы – у іх падзейнай і эмацыйнай аснове – Брыль спачатку пражыў і перажыў у рэальным жыцці. Усё ў іх асабістае, адчутае, перажытае, выпакутаванае. А жыццё рэальнае аж да краёў было насычана падзеямі агульназначнымі, падзеямі багатага грамадска-сацыяльнага зместу. Яны для Брыля і ў Брыля сталі асабіста ягонымі – і ў жыцці, і ў творчасці. Таму, пішучы пра сябе, Брыль заўсёды піша пра жыццё роднага краю, жыццё народа. Зноў жа, пішучы пра падзеі агульназначнага зместу, ён піша пра свае адносіны да іх, сваё разуменне іх, сваё месца ў іх.

І вось гэта яшчэ. У аўтабіяграфіі Брыль напіша: «Было жыццё і кнігі». Як адзінанепадзельнае. Сама творчая натура ў яго ўзмоцнена глыбока ўсвядомленай, угрунтаванай на багатай глебе сусветнай літаратуры эстэтычнай пазіцыяй. Гэта пазіцыя не тэарэтыка, не філосафа (хоць гэта ні ў якой ступені не выключае глыбіні і арыгінальнасці), а мастака, у якога высновы, меркаванні, разважанні народжаны жывой творчай, шырэй – усёй жыццёвай практыкай. Свет літаратуры, мастацтва, філасофскай думкі ў Брыля ні ў якой ступені не мае самамэтнага ці аўтаномнага значэння; ён – арганічная частка духоўнага ладу мастака, дзе пачатак творча-мастацкі з'яўляецца вызначальным.

Такія адносіны да жыцця, да чалавека, да свету навакольнага спеліліся, угрунтоўваліся свядома і з самай ранняй пары. Брыль прызнаецца пазней, што ў яго, падлетка і дзецюка, «ужо была свая таямніца, сваё запаветнае – я ўжо вучыўся, рыхтаваўся на пісьменніка. І таямніца мая, таму-сяму ў пэўнай меры вядомая, не адгароджвала мяне ад людзей. Наадварот – ад кніг, ад паперы яна вяла мяне да іх лепшым, глыбейшым і – мне хацелася гэтага – яшчэ больш іхнім. Кожны мой дзень быў вучобай: я прагна слухаў, глядзеў, запамінаў. Шчаслівае маўчанне няспыннай карпатлівай падрыхтоўкі да тае працы, якая, я веру, чакае мяне, якая будзе патрэбна простаму чалавеку, карміцелю і бедняку, – патрэбна маёю шчырасцю, нашай праўдай, якая сваімі фарбамі і гукамі сальецца з красою роднай прыроды, роднай мовы і песні, роднага суму і смеху» («Гуртавое»).

Брыль ішоў у родную літаратуру ад жыцця – жыцця роднага Краю. Але ішоў і ад літаратуры – расейскай, польскай, нацыянальнай, імі ўзбагачаны, натхнёны і асветлены. Асаблівую ролю ў духоўным станаўленні Брыля-пісьменніка і чалавека адыграла творчасць і сама асоба Льва Мікалаевіча Талстога. «Льва Мікалаевіча нейкі час успрымаў без агаворак – з непраціўленнем і вегетарыянствам. З гадамі юнацкая закаханасць саступіла месца сталаму захапленню сілай, праўдзівасцю, чалавечнасцю геніяльнага мастака, здзіўляючай нястомнасцю, добрасумленнасцю вялікага настаўніка ў пажыццёвай творчай вучобе». І напэўна менавіта Л. М. Талстой з'яўляецца для Брыля ва ўсе гады творчасці прыкладам ненатольнай прагі да кнігі, у ягоным пастаянным імкненні вывяраць напісанае самім, суадносячы яго з тым, што зроблена папярэднікамі.

Чытаючы і перачытваючы напісанае Янкам Брылём, ягоны раман, ягоныя аповесці, апавяданні, эсэ, нарысы, ягоныя мініяцюры (можа, апошнія асабліва), адзначаеш сабе, якім багатым у падзеях, фактах, праявах, чалавечых асобах, якім разнастайным у колерах і фарбах бачыць ён свет, успрымае яго. Здаецца, быццам пісьменніка ў жыцці цікавіць усё, няма для яго галоўнага і другараднага. Вярхоўны суддзя – сам мастак. І тут не проста стыхійнае праяўленне таленту. Для Брыля гэта – эстэтычная пазіцыя. Абагульняльна-філасофскія высновы грунтуюцца на звычайных канкрэтных фактах. Пісьменнік іх, гэтыя канкрэтныя факты, не проста ўзнаўляе, апісвае, ён перадае сваё ўражанне ад іх, сваё разуменне іх. Заўсёды непаўторна-асабістае, арыгінальнае, заўсёды глыбокае.

Асабліва адчуваецца, відаць гэта ў эсэ і мініяцюрах. Эсэ ў пераважнай большасці прысвечаны літаратуры. Для Брыля, які многія гады жыве ў літаратуры, жыве літаратурай, гэта натуральна. Здаецца, няма ў нашай літаратуры за апошнія многія гады ніводнага прыкметнага твора, у гісторыі літаратуры прыкметнай постаці, якія б не былі заўважаны і адзначаны Брылём. Сутнасць ягоных адносін да літаратуры і асобных літаратараў дастаткова акрэслена выяўлена ў эсэ «Мой Чэхаў», дзе акцэнт робіцца на першым слове. Мой Талстой (зразумела, Леў Мікалаевіч), мой Чэхаў, мой Гарэцкі, мой Мележ, мой Караткевіч, мой Адамовіч… – для Брыля гэта галоўнае. І не толькі ў плане літаратурным, але і ў жыццёвым. Жыццёвае асяроддзе, жыццёвыя абставіны, асабістыя ўзаемаадносіны, побытавы план заўсёды займаюць у гэтых эсэ істотнае месца.

Дзякуючы Янку Брылю мініяцюра займела статус паўнапраўнага жанру ў нашай літаратуры. У творчасці ж самога пісьменніка ў апошнія гады мініяцюры займаюць, па сутнасці, галоўнае месца. Іх адрознівае глыбокі роздум, назіральнасць Я. Брыля, дасканалае валоданне словам, адчуваецца вышыня, выверанасць маральных крытэрыяў. Разам яны ўяўляюць яркую, сонечную, рознакаляровую, мазаічную панараму нацыянальнага жыцця.

Вось мініяцюра пра наведванне Жупранаў:

«Учора быў першы раз у Жупранах. Магіла, помнік і, у касцёле, партрэт Багушэвіча.

Радасна, дзіўна, што ён – не легенда, не гістарычнае штосьці, а чалавек, які зусім паблізу жыў, памёр і пахаваны тут вось, на звычайных вясковых могілках, дзе на кожным помніку па некалькі пацешных памылак…

І другое пачуццё. І здзіўленне, і недаўменне, і пашана да таго, хто блізу сто гадоў таму назад упарта, як парастак паміж плітамі тратуара, пралез паміж дзвюма стыхіямі, расейскай і польскай, насуперак усім, уключаючы і сваіх найбліжэйшых, пралез і вырас са сваім і зрэбным, і глыбока, па-народнаму, па-хлебнаму свежым беларускім словам. І славы не было, а толькі адчуванне абавязку.

Шчасце наша, відаць, у самой апантанасці».

Якой мужнай, самаахвярнай, нават велічнай постаццю паўстае перад намі адзін з першых змагароў за нацыянальнае адраджэнне, адзін з першых свядомых стваральнікаў нашага нацыянальнага менталітэту Францішак Багушэвіч. Якое глыбокае разуменне подзвігу паэта! І сказана гэта было ў часы самыя застойныя, у часы гвалтоўна-добраахвотнага збліжэння нацый і іх моваў.

Глыбокім, чыстым пачуццём любові да сваёй радзімы пранізана ўся творчасць пісьменніка. Пачуццё патрыятызму ў Брыля не стыхійнае (хаця гэта пачуццё першароднае), а глыбока ўсвядомленае, выпакутаванае на нялёгкіх жыццёвых сцежках, узбагачанае асабістым творчым вопытам і вопытам сусветнай літаратуры. Брылёвы эсэ і мініяцюры, прысвечаныя творчасці і жыццёваму лёсу беларускіх майстроў слова, асабліва Максіма Гарэцкага, Івана Мележа, прысвечаныя гісторыі і сённяшняму стану роднай мовы, уяўляюць з сябе выключна цэласную, прадуманую, жыццём адкрышталізаваную нацыянальную праграму. Прычым праграма гэтая падмацаваная, пацверджаная жыццём і творчасцю самога майстра.

«Гэта нармальна, што ў мяне яно ёсць, было і будзе – адчуванне роднай зямлі, народа, мовы, – нягледзячы ні на што.

Я быў рады, знайшоўшы гэтую сцежку ў юнацтве, яна мяне вядзе і сёння, даволі часта грэючы, адаграваючы запаветным цяплом».

Яно ідзе разам – адчуванне роднай зямлі, народа, мовы. Гэта адзінае. Прыйшло як бы неўсвядомлена. Пазней асэнсавалася. Выказалася як вызначальны жыццёвы і творчы прынцып.

«Днямі зноў думалася пра крыніцу – родную мову, якой служыў і буду служыць як першааснове выхаду ў агульналюдскае. І не таму, што без гэтага мяне не будзе, а таму, што толькі так, толькі кожны ад свайго, ад сыноўняй любасці, ад мудрай пашаны да свае крыніцы, да свайго карэння па-сапраўднаму выходзіць да ўсіх людзей».

Словам гэтым нельга не верыць. За імі, у іх – не толькі творчасць, практыка слынных майстроў свету, за імі, у іх – жыццё і творчасць самога пісьменніка.

Сёння ў нас, трэба прызнаць, усё яшчэ мала, гаворыцца пра нацыянальны менталітэт беларусаў. Акрэсліваюцца асобныя рысы, вызначаюцца пэўныя якасці, асаблівасці. Зразумела, ёсць у гэтым глыбокая жыццёвая неабходнасць. Бо сапраўднае нацыянальнае адраджэнне можа адбыцца толькі на аснове глыбокай нацыянальнай ідэі, што каранямі ўваходзіць у мінулае, ідэі, якая б стала сваёй, унутрана блізкай і неабходнай для мільёнаў беларусаў, ідэі, якая для пачатку хоць бы авалодала свядомасцю мільёнаў. Пакуль што пра ментальнасць як узровень індывідуальнай і грамадскай свядомасці гаварыць не даводзіцца. Нацыянальная адметнасць, нацыянальныя асаблівасці, нацыянальны характар беларуса і народа ва ўсім іхнім аб'ёме (а не толькі ў якіхсьці сацыяльна-палітычных праявах, не толькі ў экстрэмісцка-выкрывыальным змесце ў адносінах да суседзяў і да негатыўных праяў мінулага) – гэта яшчэ амаль не вывучаецца, не асэнсоўваецца. Нешта адмаўляецца без замены больш значным, больш прымальным іншым.

У гэтым сэнсе нацыянальная пазіцыя Янкі Брыля на сённяшні дзень уяўляецца выключна важнай і актуальнай. Для самога ж пісьменніка яна і раней, і заўсёды была такою.

І яшчэ пра адзін момант творчай пазіцыі пісьменніка.

Ён піша: «Недастатковасць праўды. Жаданне як быццам збоку, як быццам зверху бачыць усё так, як яно выглядае па-сапраўднаму. Многа, калі не большасць, звестак ды плётак, карыслівай хлусні ў найцяжэйшыя чарнобыльскія дні, але з замежных перадач…»

І тут жа абгрунтаванне творчых прынцыпаў:

«А нам, каб пісаць хоць прыблізную праўду, трэба ж ведаць яе як найбольш, бо ўся яна – таксама не ўся! – прыйдзе значна пазней, тады, калі ўжо яе заслоніць праўда іншая, „больш патрэбная“, не гістарычная, а сучасная зноў жа».

Такі агульны суб'ектыўна-эстэтычны прынцып: імкнуцца як мага глыбей і паўней узнавіць жыццё. Выказаць сваё разуменне яго, разуменне сённяшняе, не баючыся быць да канца шчырым і адкрытым. Ведаць, што чытача, бо і сам чытач даўні, прыдзірлівы і спрактыкаваны, не ашукаеш, што ў творы ён заўсёды бачыць цябе, пісьменніка.

«Чытача не ашукаеш. Калі ты любіш, то любіш па-сапраўднаму, а ненавідзіш таксама на ўсю душу, калі ты ўкладваеш у тое, што пішаш, усё, што маеш найлепшага, калі робіш гэта натуральна, шчыра, без усякай задняй нізкай думкі, – чытач гэта бачыць, ён прымае тваю руку, працягнутую на дружбу.

Наколькі што будзе ў тэксце, наколькі ў падтэксце – гэта ўжо, здаецца, не заўсёды ў нашай уладзе. Але гэта павінна быць, гэтым павінен дыхаць твор, і гэтага не падробіш. Шчырасць – толькі яна будзе відаць, і толькі яна – галоўнае».

Без шчырасці не можа быць праўды. Слова праўды заўсёды слова шчырае. А яно патрабуе ад мастака бязлітаснасці ў самараскрыцці, самавыяўленні. Бо што такое ў канчатковым выніку мастацтва, як не выяўленне індывідуальна-непаўторнага бачання свету, як не выяўленне менавіта сваёй праўды.

Аднойчы Брыль заўважыў:

«Першым у пераліках я не быў ніколі. Але самім сабою – амаль заўсёды. І гэта самае надзейнае, маё». Дададзім: для літаратуры – самае галоўнае. Для чытача – самае цікавае, патрэбнае.

У адной мініяцюры Янка Брыль згадвае, як аднойчы сваё выступленне перад амерыканцамі ён пачаў з прывітання прадстаўнікам іхняй літаратуры, якую любіць, пачынаючы са старонак Бічэр Стоў і Марка Твэна. Потым думае, што такое можа каму-небудзь здацца правінцыйным.

«І можна было б адказаць, што перад абліччам сусвету – а гэта ўжо сучасна – усе мы па-свойму правінцыя».

Пісьменнік нідзе – ні ў сваіх творах, ні ў сваіх выступленнях-разважаннях – ніколі не баіцца быць правінцыйным, нязначным. Можа, нават «не баіцца» – не тое слова. Пра гэта ён проста не думае, бо тое, пра што ён піша, што гаворыць – для яго самае важнае, самае істотнае. Гэта тое, чым ён жыве, што жыве ў ім. Гэта – глыбока асабістае.

Брылёвы разважанні пра мастацтва, пра мастакоўскую шчырасць, аб праўдзе ў творчасці і ў жыцці, пра добрае і дрэннае далёкія ад самамэтнага голага тэарэтызавання, яны пазбаўлены і малой долі эстэцкай гульні. Яны падмацаваны творчасцю, увасоблены ў ёй ды і самі з'яўляюцца непасрэдна мастацкай творчасцю. Гэта чалавечая і мастакоўская пазіцыя. Прычым пазіцыя гэтая на працягу ўсяго творчага шляху пісьменніка прынцыпова нязменная. Яна толькі паглыбляецца, удакладняецца, пашыраецца (дастаткова нагадаць тут хоць бы аповесць «Ніжнія Байдуны»).

Любы творчы прынцып, любая мастацкая пазіцыя – і самі па сабе як тэорыя, і яшчэ ў большай ступені ўвасобленыя ў творах – заўсёды вывяраюцца жыццём: жыццём чалавека, жыццём народа і краіны. Вывяраюцца ўрэшце часам.

Першая кніга Янкі Брыля «Апавяданні» выйшла ў 1946 годзе. Прадмову да кнігі напісаў Кандрат Крапіва. У перыёдыцы творы пачалі з'яўляцца яшчэ раней. Як бачым, больш за 50 гадоў беларускі чытач ведае творы пісьменніка, чытае ўважліва (яны патрабуюць якраз такога чытання), вывучае ў школе, ліцэі, інстытуце і ўніверсітэце, думае над жыццём і літаратурай.

І можна з усёй адказнасцю сцвярджаць, што той чытач, якога пісьменнік займеў на пачатку свайго творчага шляху, і па сённяшні дзень яму не здраджвае. Больш таго, кола чытацкае ўсё пашыраецца і пашыраецца. Нягледзячы ні на якія сацыяльна-палітычныя змены, тым больш на літаратурную і кніжную моду. Такое выпрабаванне часам вытрымліваюць не ўсе. Колькі літаратурных імёнаў, а яшчэ больш твораў, якія ў свой час, нават ужо зусім нядаўна, ну, проста грымелі, раптоўна зніклі. І адчуванне такое, што незваротна. Чаму? Напэўна, не толькі таму, што новыя імёны і новыя творы іх пацяснілі і выцеснілі. Хоць і на гэта забывацца нельга. Сучаснаму чытачу яны аказаліся непатрэбныя па прычыне больш сур'ёзнай – прычыне іх духоўнай недастатковасці для сённяшняга стану грамадства, стану чалавека.

Брыля ж чытаюць, як і чыталі. Чытаюць сур'ёзна, уважліва, чытаюць па патрэбе душы. Чытач не расчараваўся ў ім. Бо ў пісьменніка не было палітычна-кан'юнктурнай мітусні, падладжвання пад непатрабавальны густ чытача, не было і няма спекуляцыі.

Ёсць каштоўнасці эстэтычныя і этычныя, асноватворныя, непераходныя ў жыцці і ў літаратуры: высокая адказнасць за выказанае слова, найдасканалейшае майстэрства, вернасць праўдзе і шчырасць.

Пра што піша Янка Брыль?

Пра вечнага працаўніка, пакутніка і творцу, гаротніка і вечнага шукальніка, простага чалавека. Пра дзяцей ягоных і бацькоў. Пра такі складаны, пакутлівы і гераічны лёс радзімы. Карацей, піша пра тое, што хвалявала нас учора, хвалюе сёння і будзе хваляваць заўтра. Пра тое, што непадуладнае часу, пра тое, на чым, як кажуць, свет стаіць.

«Ціхае, цёплае адчуванне любасці да роднай зямлі, прыроды, нашых людзей, нашай мовы і песні заўсёды жыло ўва мне і жыве. І дома ў розны час, і ў людзях заўсёды было, – у Заходняй, у войску і на вайне, у палоне і ў час ўцёкаў, у далёкіх паездках на поўнач і поўдзень сваёй, савецкай краіны, і за межамі яе». Так пісаў Брыль у свой час.

Тут не проста прыгожыя словы. Гэтаму верыш, гэта сапраўды так. Бо інакш адкуль тады гэты чысты і светлы настрой любасці, якім наскрозь пранізаны творы пісьменніка, іх празрысты эмацыйны лад, іх жыццесцвярджальны, аптымістычны настрой, празрыстасць і чысціня слова і фразы. Або адкуль тады боль, роспачлівасць, адчай, што наскрозь пранізваюць аповесць з такой простай звычайнай назвай – «Муштук і папка». Ці велічная, драматычна-эпічная стрыманасць аповеду і эмацыйнага ладу такіх твораў, як «Маці», «Memento mori», «Дваццаць». Або дзе крыніца адкрытай паўнаводнай чыстай лірычнай плыні ў рамане «Птушкі і гнёзды».

Раман гэты – адзін з самых асабістых твораў Янкі Брыля. Асабістых не толькі паводле духоўна-эмацыйнай напоўненасці, надзвычай адкрыта суб'ектыўнай, але і насычанасці падзеямі і фактамі непасрэдна аўтабіяграфічнага характару і зместу.

Жанр рамана даў сапраўдную прастору чыстаму, празрыстаму, глыбокаму лірызму пісьменніка. Лірызм Брыля – гэта не толькі настрой, эмацыйны лад, не толькі «лірыка слоў». Лірызм – стыхія, агульная атмасфера, паветра, вызначальная сіла творчасці. Выбар характараў: душэўна багатыя, надзвычай чулыя і ўражлівыя; прынцып іх стварэння: менш паказваюцца ў дзеянні, а больш праз аналіз унутранага свету – раскрыццё іхніх думак і пачуццяў; развіццё і вырашэнне канфліктаў у маральна-этычным плане; рух сюжэту як рух унутраны, рух думкі і пачуццяў, сюжэтныя счапленні, якія пераважна ідуць па настроі, асацыятыўна; дыялогі, у пераважнай большасці пабудаваныя на адпаведным настроі, ім пранізаныя; мова, эмацыйна афарбаваная – усё абумоўлена лірычнай прыродай таленту Янкі Брыля, вынікае з яе. Спосаб асэнсавання рэчаіснасці ў яго ў асноўным эмацыйна-паэтычны. Усе падзеі падаюцца праз прызму ўспрымання галоўнага героя. Асабістае лірычнае «я» пісьменніка выяўляецца вельмі непасрэдна, афарбоўвае ўсё шчырым, глыбокім пачуццём. Калі чытаеш твор, успрымаеш не столькі сам па сабе факт, падзею, гісторыю таго ці іншага персанажа, колькі іх пачуццёва-інтэлектуальны адбітак, пэўны настрой, імі выкліканы.

У цэнтры рамана лёс Алеся Руневіча. Але аўтара не ў першую чаргу цікавіць падзейная біяграфія. Уся ўвага скіравана на даследаванне інтэлектуальнага, духоўнага жыцця героя, унутраных пачуццёвых працэсаў. Сам Брыль у своеасаблівым лірычным уступе да рамана піша: «…Для гэтай кнігі я аддаў свайму герою многае з перажытага». Але ўсё ж яна – «не аўтабіяграфія, а – біяграфія адной душы…»

Твор напісаны з думкай пра Чалавека, з сардэчным клопатам пра ягоную будучыню, з болем за незабыўнае, такое недалёкае для сэрца і далёкае па часе і сацыяльных зрухах ваеннае мінулае.

«Горкая памяць ахвяр…

Светлая памяць сяброў…

Трывожная дума пра тое, што будзе…

Кніга напісана не па праву заслуг і пакут. Толькі па праву любасці да Чалавека – які ён ёсць, які ён будзе, бо павінен быць».

Так аўтар вызначыў тыя маральныя, высока гуманістычныя прычыны, што прымусілі яго вярнуцца да перажытага і напісаць гэтую шчырую, усхваляваную кнігу.

«Птушкі і гнёзды» – так метафарычна выяўлена ў самой назве асноўная думка Брылёвага рамана, менавіта яна вызначае яго філасофскі план і лірычны настрой.

«Пачуццё радзімы ў рамане Янкі Брыля ўвасабляецца не толькі ў змесце, у адкрытых прызнаннях, перажываннях героя, у аўтарскіх адступленнях, – пісаў у свой час у артыкуле „Людзі і радзіма“ Віктар Каваленка. – Яно па-асабліваму ўплывае на кампазіцыю твора, на яго сюжэт, ствараючы ўнутрана-лірычную сувязь паміж асобнымі часткамі і раздзеламі. Больш таго, увядзенне шмат якіх эпізодаў і малюнкаў дыктуецца пераважна гэтым пачуццём».

Радзіма – сюжэтна-кампазіцыйны і ідэйны цэнтр рамана. У адносінах да радзімы развіваецца і вырашаецца ў творы праблема станаўлення чалавека і грамадзяніна. На жыццёвым шляху Алеся Руневіча паняцці «чалавек» і «Радзіма» былі тымі высокімі і светлымі маякамі, якія клікалі наперад і вызначалі, накрэслівалі шлях. Радзіма – ягоная журба і трывога, ягонае жыццё. Само ўспрыманне і разуменне Алесем Радзімы непарыўна звязана з ягоным духоўным ростам.

Першыя дзіцячыя крокі, першыя адкрыцці ў такім агромністым і багатым свеце. Звычайны сялянскі побыт, звычайныя дзіцячыя радасці і засмучэнні. Усё штодзённае, нібыта дробнае і нязначнае, успрымаецца пачуццёва, інтуітыйна, таму ў сэрцы адбіваецца назаўсёды. Адсюль пачынаецца чалавек, з гэтага пачынаецца і Радзіма. Расце духоўна герой – і ўсё больш шырокі і глыбокі сэнс набывае паняцце «Радзіма».

Відаць, без чыста эмацыйнага ўспрымання родных мясцін няма і сацыяльна-філасофскага асэнсавання і разумення Радзімы. Без краіны сэрца няма радзімы розуму. Сам Брыль вуснамі свайго героя гаворыць, што ў дзяцінстве ён бачыць выток, крыніцу ўсяго.

Алесь, як і ягоны старэйшы брат Толя, не разумее спачатку ўсёй складанасці і супярэчлівасці жыцця. Але само жыццё ўсё больш і больш настойліва і патрабавальна ставіць пытанні і патрабуе на іх адказу. Духоўнае развіццё абодвух братоў праходзіць у значнай ступені ў свеце літаратуры. Адносіны да жыцця яшчэ ў прынцыпе сузіральныя. Свет рэальны пакуль што суадносіцца са светам літаратуры.

Свет літаратуры… Для Алеся гэта Пушкін, Лермантаў, Гогаль,

«Горкі – з усёй абветранай і сонечнай абаяльнасцю сваіх „басяцкіх“ апавяданняў», «сурова, бязлітасна глыбокі Дастаеўскі з „Братамі Карамазавымі“», «спакойна мудры бывалец Караленка», Чэхаў, Купрын, Міцкевіч, Славацкі, задушэўны і просты Колас, бунтарны Купала. І вышэй за ўсё, больш за ўсё – Леў Мікалаевіч Талстой, чые маральныя прынцыпы для Алеся Руневіча сталі на даволі працяглы час асноўнымі. Кнігі для яго – не проста чытанне. Гэта ягонае жыццё, ягоныя захапленні і парыванні, радасці і пакуты, ягоная вялікая нязменная любоў. «Кнігі тыя… адна за адной напаўнялі яго душу чароўнымі гукамі і фарбамі, вачам давалі відучасць, прабуджанай думцы адрошчвалі крылы».

З выключна абвостраным пачуццём дабра і справядлівасці, з тонка развітым адчуваннем прыгожага, з глыбокім усведамленнем сваёй нацыянальнай і чалавечай годнасці, разбуджаным у душы жаданнем служыць народу і Бацькаўшчыне Руневіч выходзіць на шырокія прасторы жыцця.

Пісьменнік глыбока прасочвае духоўнае развіццё героя, ягоны шлях ад кніг да жыцця, шлях ад сузіральнасці, пасіўнасці да актыўнага змагання за народ і Бацькаўшчыну.

У Руневіча рана зараджаецца абвостранае нацыянальнае пачуццё, гонар і боль за свой край, за родную мову. У палоне, дзе ўсё роднае становіцца асабліва блізкім і дарагім, бачачы, адчуваючы пагарду да свайго нацыянальнага не толькі з боку немцаў, але і асобных здраднікаў народа, Алесь балюча ўсё гэта ўспрымае, пратэстуе. У ягонай душы жыве і крышталізуецца ўпэўненасць, што і шматпакутнаму беларускаму народу «нароўні з усімі дадзена права жыць сапраўдным жыццём, што і нам, на нашай бясконца, дзіўна жывучай, па-народнаму невычэрпна багатай мове давядзецца яшчэ сказаць чалавецтву наша вялікае, братняе слова!..»

У палоне Радзіма для Руневіча становіцца яшчэ больш любай, дарагой і неабходнай. Яна кліча яго, падштурхоўвае да дзеяння, надае сілы ў барацьбе. Імкненне ягонае на Бацькаўшчыну цяпер не толькі пачуццё настальгіі, гэта і абавязак грамадзяніна. Ён разумее, усёю душой адчувае, што ягонае месца цяпер сярод тых, хто змагаецца, са зброяй у руках абараняе родны Край.

Любоў да Радзімы ў сэрцы ягоным непарыўна зліваецца з любоўю да Маці, жанчыны працавітай, шчырай, сардэчнай, часам строгай, сціплай і клапатлівай. Радзіма і Маці для Алеся атаясамліваюцца, становяцца нечым адным, самым дарагім і святым. У далечыні ад роднага дому ён як бы збоку зірнуў на ўсё і ўбачыў, як яму не хапае цяпла Маці і Радзімы, іхняй суровай патрабавальнасці і вялікай любові.

Галоўным у мастацтве Руневіч лічыць служэнне свайму народу, служэнне чалавецтву. Як дэвіз свайго жыцця і творчасці ён выпісвае словы з аповесці В. Серашэўскага «Заморскі д'ябал»: «Будзь самім сабою і не саромейся, што ты як быццам бездапаможны! Узвышайся над іншымі высакароднасцю: будзь чысты, мужны, добры. Няхай імя тваіх суайчыннікаў заўсёды спалучаецца ва ўяўленні чужынцаў з самымі ўзнёслымі вобразамі. Аднак галоўнае, – як толькі зможаш, вяртайся да сваіх. Там твая ніва. Праз свой народ – для чалавецтва!» (курсіў наш. – С.А.).У гэтых словах сутнасць духоўных пошукаў Алеся Руневіча.

Ён уцякае з палону, вяртаецца да маці, у бацькоўскі кут. Ступіўшы на родную зямлю, думае пра сваё месца чалавека і грамадзяніна ў будучым жыцці.

Увогуле разнастайныя творы пісьменніка ўяўляюць з сябе ў сукупнасці своеасаблівую гісторыю духоўнага росту і станаўлення чалавека, фармавання і праяўлення яго як індывідуальнасці і асобы, гісторыю ягонага выхаду ў вялікі свет жыцця. Чалавека не абстрактнага, не наогул, а чалавека пэўнага часу і пэўнай мясцовасці: час і месца ў Брылёвых творах выключна адчувальныя. Чалавек расце – пашыраецца і ўзбагачаецца кругагляд. Робіць першыя крокі ў такі агромісты, багаты і таямнічы свет жыцця. Усё для яго тут нечаканае, незнаёмае, непаўторна адметнае. Брыль вельмі добра адчувае, разумее псіхалогію дзіцяці, цудоўна ўмее перадаваць ягонае здзіўленне перад жыццём, здольнасць у звычайным, штодзённым адкрыць непаўторнае, паэтычнае; пісьменнік праўдзіва, па-майстэрску перадае гатоўнасць дзіцячага сэрца адгукнуцца на ўсё прыгожае і добрае ў жыцці, успрыняць яго і засвоіць, унутраную здольнасць далучыцца да прыроды, успрыняць яе як жывую, як бы ачалавечыць яе. Усё пранізана настроем любасці, пяшчоты (аповесці «У сям'і», «Сірочы хлеб», апавяданні «Сняжок і Волечка», «На сцежцы – дзеці»).

У творах пазнейшых, асабліва ў творах апошніх гадоў, пісьменнік ужо як бы не можа стрымаць пачуцці пяшчоты, захаплення і выказвае іх непасрэдна, ад сябе, нібы абагульняючы ўсё тое, пра што расказвае.

«Дзеці бягуць па сцежцы ў зялёным, у сонцы, адно за адным – як гэта хораша. Ім трэба бегаць, як птушкам лятаць. Дзяўчынка, быстрая, са страката-празрыстым капялюшыкам у правай руцэ, і хлопчык, паслухмяны госць, з паласатай шапачкай, якую ён таксама зняў, у левай. Пацешна бягуць, падкідаючы босымі пяткамі. Хораша – ці то зверху спусціцца, ці знізу падняцца сюды, ад найнавейшых праблем, ад найгалоўнейшай небяспекі – сюды, дзе яны, рассмяяныя, быстрыя, цікаўныя ў ясным і цёплым свеце травы, лістоты, ластавак, індыкоў, матылёў, сюды, дзе прырода і дзеці, і цішыня яшчэ, мудрая цішыня» («На сцежцы – дзеці»).

Увогуле для Брыля ў роднай прыродзе – вытокі прыгажосці і дабрыні, глыбокія крыніцы, што жывымі сокамі сілкуюць чалавечыя сэрцы, не даючы памерці ў іх здзіўленню жыццём, напаўняючы іх свежай крывёю, узмацняючы рытм сэрцабіцця.

Уздзеянне прыроды на чалавека, на фармаванне ягонага ўнутранага свету, высокіх духоўных і душэўных якасцяў пісьменнік найбольш звязвае з дзяцінствам. Паказаць, як навакольны свет прыроды, сацыяльнае жыццё, бытавыя ўмовы ствараюць характар чалавека, фармуюць ягоны светапогляд, закладваюць першыя цагліны ў падмурак чалавечнасці і дабрыні – для яго галоўнае. У рэшце рэшт адтуль, з маленства, пачынаецца ўсё. Брыль выключна многа піша пра дзяцей і дзяцінства. У аўтабіяграфіі ён зазначае: «Захапляцца маленствам, наогул пачаткам жыцця, пісаць пра гэта – найцікавей. Усё там ясна, міла здалёк, адстаялася ў часе, выдатна вынашана…»

І Брыль цудоўна напісаў пра сваё дзяцінства, пра дзяцінства сваіх дзяцей, напісаў і піша пра дзяцінства сваіх унукаў, пра дзяцінства наогул.

Пісьменнік любіць дзяцей, адчувае іх душу, ён стварыў яркія, поўнакроўныя, светлыя і чалавечныя вобразы іх. Умее паказаць маленькага чалавека шырока, перадаць адчуванне паўнаты жыцця («Гуртавое»), не засланяючы ад жыццёвых складанасцяў, нягод.

Гэта ў плане эстэтычным: пісьменнік не стварае для сваіх маладых герояў нейкія штучныя ўмовы, пазбаўленыя складанасцяў і драматызму. Іншая справа, што дарослыя ў Брылёвых творах усяляк імкнуцца засцерагчы, аберагчы дзяцей ад нягодаў, ад усяго балючага.

Дастаткова згадаць тут апавяданне «Апоўначы».

Герой-расказчык (магчыма, гэта сам аўтар) успамінае эпізод з часоў вайны. Успамінае выпадкова, убачыўшы адзінокі хутар: «адзін гэты ўпарты небарака ліпіць у лагчыне паміж узгоркамі».

Здарылася так, што групе партызанаў (з трох чалавек) трэба было высветліць, чаму дзядзька-хутаранец, які быў сувязным, раптам перастаў з'яўляцца на ўмоўленае месца. Раз, другі, трэці…

Паехалі праверыць. Сустрэліся з дзядзькам. Той адмаўляецца быць сувязным: баіцца нявесткі. Паехалі назад ні з чым. Надвор'е – горш і быць не можа. Завіруха, холад. Заўважаецца, што «сёння нават і думаць холадна». Ды і есці хацелася. Так, у такім настроі патрапілі на хутар, які здаўся «адзін ва ўсім свеце».

Пастукалі адзін раз, другі. Патрабавальна, бесцырымонна: маўляў, нейкі хутаранец ніяк не хоча вылазіць з-пад коўдры. Нарэшце ляснула клямка, адчыніліся дзверы. «…У святле ліхтарыка стаяла за парогам белая, у адной кашулі, дзяўчынка гадоў дзесяці. Удараная святлом, яна закрылася левай рукой, прылажыўшы яе запясцем да лоба, і з-пад рукі глядзела, міргала на нас».

Сказала, што бацькі няма – яшчэ з польскай вайны, маці пайшла да хворай сястры, а ў хаце толькі меншы брацік.

«Гэта было так страшна… не, так незвычайна і нечакана, і гэта так распранула мяне, што я… ледзь не ўсхліпнуў».

Разведчыкі ў хату не зайшлі. Паехалі далей.

Брыль – пісьменнік вельмі непасрэдны, вельмі шчыры ў сваіх адносінах да жыцця, да таго, пра што піша. Прайшоў час (апавяданне напісана ў 1966 годзе). Але нічога не забылася, бо за гэтым – вайна, трагізм дзіцячых лёсаў.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю