355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Янка Брыль » Выбраныя творы » Текст книги (страница 25)
Выбраныя творы
  • Текст добавлен: 5 октября 2016, 23:29

Текст книги "Выбраныя творы"


Автор книги: Янка Брыль



сообщить о нарушении

Текущая страница: 25 (всего у книги 36 страниц)

Memento mori

Позняй восенню сорак трэцяга года на адным з самых спакойных перагонаў Беларускай чыгункі ўзарваўся нямецкі вайсковы эшалон.

Праз дзень, халодным, золкім досвіткам, бліжэйшую да месца катастрофы вёску акружылі карнікі. Жандары ў касках і стракатых плашч-палатках і мясцовыя здраднікі-паліцаі ў чорных, прамоклых шынялях прыехалі з райцэнтра на пяці машынах. Вёска была вялікая, але «накрыць» яе ўдалося хутка і спраўна. Як высветлілася значна пазней, уцалела толькі двое: хлапчук, які выпаўз баразной у загуменныя кусты, і дзед, што якраз заначаваў у сваяка на дальнім хутары.

Усе іншыя жыхары сагнаны былі ў той канец вёскі, дзе стаяла старая вялізная адрына, – усё, што ўцалела ад калгаснай фермы.

Зондэрфюрэр, начальнік экспедыцыі, разважыў, што прымусіць «бандытаў» капаць сабе яму – доўгая гісторыя. Значна прасцей спаліць іх у гэтай адрыне. Пакуль яго падначаленыя заганялі вёску ў трое шырокіх варот драўлянай будыніны, ён стаяў трохі збоку, на ўзгорачку, і непрыемна моршчыўся ад дзікага крыку і плачу…

Побач з ім амаль непрыкметна ўздрыгвала ад пранізлівай слаты маладая збялелая перакладчыца.

– Мы хутка скончым гэтае швайнэрай [5]5
  Свінства.


[Закрыть]
, і тады, фройляйн Вэра, паедзем дахаты. Будзе зноў цёпла… О так!..

Істота ў скураным паліто і белай вязанай хустцы выклікала на твар крывое падабенства службова-інтымнай усмешкі.

Так бы ўсё і было, як бывала, аднак, зірнуўшы ў натоўп сваіх ахвяр, што набліжаліся да крайняй ад яго чорнай пячоры варот, зондэрфюрэр заўважыў знаёмага.

– Адкуль я ведаю яго?.. О! Мэншэнскінд [6]6
  Даслоўна – «дзіця чалавечае», адпавядае беларускаму «хлопча».


[Закрыть]
, дык гэта ж той пячнік! Скажыце, фройляйн Вэра, каб яго падагналі сюды.

Печніка падагналі.

– Біст ду дох аўх гір, майн лібэр кэрль? [7]7
  І ты таксама тут, мой дарагі?


[Закрыть]
– засмяяўся начальнік.

Пячнік нічога не зразумеў. Ды, відаць, і не чуў. Бледны, без шапкі на лысіне, аброслы сівеючай шчэццю, ён упёрся ў немца скамянелымі вачыма і маўчаў. Толькі бяскроўныя губы перасмыкаліся, як ад нязбытнага жадання гаварыць.

Улетку ён рабіў зондэрфюрэру печы. Знайшлі яго і прывялі, вядомага на ўсю ваколіцу. Пяць раніц дзяжурны жандар абшукваў яго і кожны раз аднолькава весела знаходзіў у кішэнях майстра тое самае крэсіва, самасад і кавалак чорнага хлеба. А печы атрымаліся выдатныя. Кухар хваліць пліту, а сам зондэрфюрэр – грубку з белай кафлі. Вось і цяпер ён ледзь не заахкаў на ўспамін аб яе гладкай цеплыні.

– Скажыце яму, фройляйн Вэра, што ён не будзе спалены. Спытайцеся, ён хоча жыць?

– Спадар зондэрфюрэр кажа, што вы, дзядзька, будзеце жыць. І ён пытаецца, ці вы гэтага хочаце?

Пячнік толькі паварушыў бяскроўнымі губамі.

– І скажыце яму… Спытайцеся, хто ў яго там ёсць.

– Спадар зондэрфюрэр пытаецца, хто ў вас там ёсць? Там – у адрыне?

З вуснаў у чалавека сарваліся словы:

– Там… мая… баба…

– Ён кажа, што там яго жонка.

– Скажыце яму, што жонка яго таксама не згарыць. Ён можа ўзяць яе.

– Спадар зондэрфюрэр кажа, што фраў… што жонку сваю вы можаце забраць.

Бяскроўныя губы ў сівеючай шчэці заварушыліся зноў:

– У мяне там і дачка… з малымі дзет… камі…

– Ён кажа, што там у яго ёсць дачка са сваімі дзецьмі.

– О! Мэншэнскінд! Можа, у яго яшчэ хто-небудзь ёсць?

– Спадар зондэрфюрэр пачынае выказваць нездавальненне. Ён пытаецца, хто ў вас там ёсць яшчэ?

– Скажы яму, што ў мяне там суседзі… А ты скажы, што яны сваякі…

– Ён кажа, што ў яго там многа сваякоў. А таксама суседзі.

– Суседзі?! Эс іст абэр этвас цу ляхен!.. [8]8
  Гэта ўжо проста смешна!..


[Закрыть]
Можа, ён хоча, каб я аддаў яму ўсю гэтую банду? Спытайцеся ў яго апошні раз: чаго ён хоча, вар'ят?

– Спадар зондэрфюрэр пачынае злаваць. Вы, дзядзька, не дурыцеся, калі хочаце жыць. Зараз адрыну падпаляць. Ён кажа, што вы, мусіць, хацелі б забраць адтуль усю банду.

Пад чорнай навіссю броваў ажылі нарэшце вочы. Губы зусім перасталі дрыжаць. Нібыта не сваю, незвычайным жэстам, пячнік узняў галаву:

– А ён што думаў? І ўсіх! Усіх добрых людзей!.. Можа, ён ім раўня – гэты твой гаспадар? Або ты, можа?.. Цьфу!..

Чалавек плюнуў пад ногі, тады павярнуўся і ўжо не тым няпэўным крокам, як сюды, пайшоў да варот адрыны.

Быў нейкі момант разгубленасці, а потым зондэрфюрэр сарваў з правай рукі мокрую скураную пальчатку, адшпіліў кабуру, выхапіў пісталет і прыцэліўся…

У жудасным ляманце стрэл амаль не пачуўся.

Але пячнік упаў.

Ён яшчэ ўздрыгваў, калі яго паднялі і кінулі цераз парог, пад ногі збою аднавяскоўцаў.

Тады вароты назаўсёды зачыніліся.

І ён згарэў – адзін, хто мог бы ў той дзень не згарэць.

І ён жыве.

1958

Туга

Андрэю


1

Калі праўду сказаць, дык і тут было часам нядрэнна.

Перш за ўсё, тут было вельмі многа вады, і яна называлася мора. Глядзіш з самага берага, седзячы на пяску, глядзіш з высокага абрыву, са сцежкі ў шорсткай траве – а яно ўсё бясконца мора ды мора!..

Пясок гарачы, і мама сцеле для Юркі шырокі, калматы ручнік. Горача вельмі і зверху, бо сонца тут пячэ ўвесь дзень. Тата знайшоў чатыры кіёчкі, прыносіць іх сюды, утыкае ў пясок і зверху нацягвае прасціну, якая тады называецца тэнт.

Спачатку Юрка баяўся мора і не лез у яго. Ён то ляжаў пад тэнтам, то ішоў на самы бераг і шпурляў у мора каменьчыкі. А іх тут таксама вельмі многа. І яны называюцца галька. У тое, другое лета, калі Юрка з мамай і татам жылі ў лесе над рэчкай, каменьчыкаў было куды менш. Там іх тата збіраў для Юркі і ўсё знаходзіў мала. А цяпер – кідай, кідай, ажно рука забаліць!.. І так – то пад тэнтам ляжы, то гальку кідай. І сёння, і ўчора, і ўжо даўно, даўно!.. І тата смяяўся:

– Эх ты, курыца! Трэці дзень на курорце, а ўсё сядзіш ды глядзіш.

Ды вось тата ўзяў Юрку на рукі, занёс у мора і, колькі малы ні прасіўся, паставіў яго ў ваду па саменькія грудзі. Юрка яшчэ ўсё то крычаў, то дрыжаў, то пачынаў смяяцца, а вада як плюхне на яго – і ў рот, і ў вочы, і на валасы!.. Ды такая ж салёная, страшная!..

Ну, так было раней, калі Юрка баяўся мора. А цяпер ужо мама баіцца, каб ён не лез. І аднаму купацца Юрку не даюць, – і тады, калі ціха, і тады, калі на бераг коціцца з шумам адна за адною вада, якая ў той час называецца хваля.

– Сёння, сынок, хваля вялікая, ты купацца не будзеш. Ты – харошы, і ты не будзеш нават прасіцца.

Праўда, харошым тут быць вельмі сумна, але ж і з мамай трэба дружыць. Тату добра – ён купаецца і тады, калі тая хваля аж надта шуміць і хвошча па беразе, нават тады, калі мама і яго – такога вялікага! – просіць, каб не купаўся.

У той дзень Юрка прыдумаў нештачка вельмі вясёлае. Ён браў сваё блакітнае вядро з намаляваным на баку вялізным жоўтым яблыкам і ішоў да самага берага. Берага, зрэшты, цяпер не было. Хваля за хваляй так шумна і так злосна каціліся на гальку і пясок, што бераг усё ўцякаў – быў то бліжэй, то далёка… Хваля адкоціцца, і толькі пена, як з мыла, усмоктваецца ў гальку і пясок. А ты бяжыш следам за берагам, каб чарпануць вады. І толькі ты сагнешся – хваля зноў як плясне, і бераг твой пабег, пабег, а ты ўжо стаіш у вадзе. І ты з вады ўцякай, бо хваля другая таксама – як плясне!.. Мама ўсё яшчэ баіцца, а то і крычыць нешта, хоць што яна крычыць – не чутно, бо відаць толькі, як яе рот раскрываецца. Затое тата не крычыць. Ён нават так сядзіць ды так павернецца бокам, што нібы цябе і не бачыць… У гэтым іменна ўвесь смак гульні. Юрка падкрадаўся да таты з вядзерцам вады ды знячэўку на спіну як плюхне! – тата ажно падскочыць і закрычыць. Як жа гэта прыемна Юрку і як жа тут нарагочашся! І можна яшчэ і яшчэ раз, бо тата будзе кожны раз так сядзець, што нібыта ён нічога і не бачыць… Вось і ўсё, што вясёлае.

Праўда, было аднойчы вельмі весела ў кіно.

Першы раз, калі Юрку ўзялі туды, ён спачатку глядзеў, потым драмаў, а тады і зусім заснуў у таты на каленях. І мама сказала, што лепш ужо яна сама не пойдзе ў кіно, але ж і дзіцяці марнаваць не будзе. Але і назаўтра пайшла, бо карціна, казалі, вельмі ж цікавая.

Кіно тут не такое, як у іх, у Менску, а проста на дварэ. Цёця ўпушчае туды праз брамку. І за брамкай лаўкі стаяць, навокал высокі плот, а столі няма. На сцяне расцягнута палатно, якое і тут называецца экран. Дзе левая ручка – там плот і дрэвы, а дзе правая ручка – там плот і пад абрывам мора. Яно так далёка ўнізе, што адгэтуль нават і не чутно, як шуміць. Толькі месяц высока над морам, а на моры доўгая, бліскучая дарожка. Пакуль пачнецца кіно, навокал сакочуць конікі, якія тут называюцца цыкады. А ўжо калі залапоча рухавік, калі на экране пакажуцца людзі і зайграе музыка – тады чуваць толькі кіно. Але яно зусім невясёлае, бо гэта ж не Бураціна і не Беласнежка, а толькі ўсё для вялікіх. Усё нешта гавораць, гавораць… І сумна.

Ды вось раз на экране паказаўся сабака… Вялікі, вялікі! І чорны. І ён як загаўкае!.. А тады за плотам, з таго боку, дзе пад абрывам мора, – таксама нешта як загаўкае!.. Ужо не з экрана, а нейкі жывы сабака, што, відаць, сядзеў дагэтуль ціхенька ды глядзеў кіно. І ўсе дзядзі і цёці зарагаталі. І Юрка так рагатаў, і так хацелася пра гэта гаварыць, што мама ажно зазлавала…

І Юрку ўжо не бяруць у кіно. Кладуць яго спаць, а самі ідуць. І ён калі адразу засне, а калі дык ляжыць і думае.

Сёння, напрыклад, думае.

2

У слоўніку трохгадовага чалавека слова «туга» пакуль што не значылася. Аднак душу яго – хоць неназваная яшчэ і неўсвядомленая – яна ўжо наведвала.

Адчуванне гэтае, лепш сказаць – цэлы комплекс вобразаў і звязаных з імі пачуццяў пачаўся ад брэху – таго, з экрана і на экран.

Здаравенны, чорны кіно-сабака і той, з-за плота, яшчэ невядомы, брэхам сваім напомнілі Юрку далёкага, добрага друга, ад якога хлопчык спачатку доўга ехаў машынай, а потым высока-высока ляцеў самалетам…

Юрка забраўся ажно сюды, дзе мора, а Шарык застаўся там, у цёцінай вёсцы, на ланцугу.

Цёці Верын сабака быў вельмі добры, але нецікавы і нават смешны з выгляду: пярэсты, палавіна галавы белая, палавіна чорная наўскасяк, як быццам ён завязаў нейкай лапінай падбітае вока і ўсё падвільвае хвастом ад сораму. І зусім не кругленькі, хоць і называецца Шарык.

Можа, каб Юрка баяўся яго, як ён баяўся спачатку мора, дык самі б яны і не пасябравалі. Але ж Юрка не вельмі баіцца! Ён не баяўся яшчэ і ў тое, другое лета, калі яны жылі ў лесе над рэчкай і калі там было многа-многа індыкоў, а ён аднойчы сам зайшоў да іх, у загарадзь, і ўсе крычаў, як паравоз, каб яны балбаталі… І Шарыка ён не пабаяўся, а назаўтра пасля таго, як да цёці прыехаў, сам падышоў да цюцькі і пагладзіў. Цюцька ляжаў у будцы, палажыўшы сваю пярэстую галаву на парожак, і ціха пазіраў на двор, дзе быў якраз поўны парадак. Калі маленькі чалавек, што спаў і еў сёння ў іхняй хаце, павёў рукой па яго лабаціне, Шарык заплюшчыў вочы і ціха зашастаў хвастом па саломе.

А быў ён, Шарык, не з ціхіх. Брахаў вельмі многа і вельмі ахвотна, то злосна, то весела несучы службу, на думку самога – зусім неабходную ў гаспадарцы.

Брахаў ён нават на жоўтага карнавухага ката Базыля, абы той трапіў яму на вока. Хоць Базыль і сам быў не лайдак які-небудзь, а сур'ёзны работнік, стары ўжо і, можа, больш за Шарыка паважаны ў хаце, – ён добра ловіць мышэй і вось ужо адзінаццаць год мармыча казкі цёцінай Іры, з якой яны, цёця Вера казала, і нарадзіліся ў адну зіму. Так што Базыль не вельмі баяўся Шарыкавага брэху, хоць само сабою блізка каля будкі не хадзіў.

Найбольш і наймацней брахаў Шарык тады, калі Іра выганяла з хлява свінню і трое парасят, каб удваіх з Юркам гнаць іх на пасту.

А трэба сказаць, што цёці Верына Ірачка вельмі вясёлая, і Юрка любіць яе. Яна і гуляе з ім, і свіней яны разам пасуць, і казкі яму вечарамі расказвае. У Іры балела вока, і цяпер яна носіць акуляры, як старая бабка. І ўсё бегае, шмыгае ды смяецца. А сама малая ды худзенькая. Дык Юркаў тата выдумаў, што яна – мыш на пенсіі.

– Ты, мыш на пенсіі, што ты ўсё толькі маўчыш ды гыкаеш? Ну, скажы: мама, тата, карыта… А што, і не ўмееш гаварыць! Смяешся толькі: гы ды гы.

У адказ Ірачка не толькі рабіла сваё «гы», але і смяялася ціхім ды такім жа смяшлівым смехам, што ты глядзіш на яе дый сам засмяешся.

Маўчала Ірачка толькі з вялікімі. А так яна вельмі добра ездзіла верхам на іхняй свінні. Разбяжыцца, падскочыць, крыкне «эп!», перавесіцца жыватом, перакіне нагу і сядзе. «Ану, – крычыць, – садзіся, Юрка, на прэчып!..» Вялізная белая свіння, якая – мама пяці падсвінкаў і называецца Каруля – бяжыць, трасе вушамі, рохкае – аж за брамку, на вуліцу. За ёю следам – парсючкі і Юрка.

А Шарык ажно ланцуг са сцяны вырывае – так ірвецца і брэша ім наўздагон.

Мілы, хорошы цюцька! І лапа твая, відаць, яшчэ не паправілася…

Захварэлі Шарык з Юркам у адзін дзень. Але Юрка паправіўся першы. Калі цёця Вера сказала, што сёння ўжо можна ісці гуляць, ён узяў з шафкі ў кухні лустачку хлеба і пабег у будку. Бо нехта дрэнным кіем ці каменем перабіў іхняму Шарыку пярэднюю правую лапу. І Шарык ужо не гаўкаў, як раней, а толькі хныкаў, гледзячы на госця, і ціха, памалу шастаў хвастом па саломе. А Юрка ўжо не тузаў яго аберуч за вушы і не абнімаў, не ціснуў за шыю, а ціха залез у будку і таксама лёг.

І лапы хворай не чапаў, нават пагладзіць яе баяўся.

– Еш хлеб, – гаварыў ён. – Еш. Ён смачны.

І цюцька, хоць не галодны, узяў у зубы лустачку і не па-свойму, не прагна, як раней, а проста ветліва пачаў жаваць…

Таксама, як той брэх з-за плота напомніў Юрку Шарыка, лустачка хлеба прывяла, адкрыла ў памяці другі малюнак.

Старая Шутка, цёці Верына авечка з крывым, смешна сагнутым рогам…

Трэба сказаць таксама, што ў цёці Веры ўсе працавалі. Цёця і дома рабіла, і ў поле хадзіла штодня. Іра і свіней пасвіла, і двор падмятала, і мыла падлогу, і Юрку карміла, калі яны толькі ўдваіх былі дома. Шарык гаўкаў і днём і ноччу, пільнуючы хату і сад. А кот Базыль лавіў мышэй, толькі зрэдку лежачы на «кашэчай гары». Так цёця Вера называла іх вялікую, заўсёды цёплую печ.

Працаваў і Юрка. З цёцяй Верай ён хадзіў часамі «ў калгас» – лён палоць, сушыць сена, куды яны ездзілі з другімі цёцямі на грузавой машыне. З Ірай ён пасвіў свіней. Але галоўнай Юркавай работай лічылася ў хаце адно – заганяць увечары авец.

Калі яны, авечкі з усёй вёскі, узняўшы пыл, бэкаючы, вярталіся з пашы, трэба было паспець адчыніць брамку, выбегчы на вуліцу, адлучыць ад чарады свае і загнаць іх у двор. Гэта, зрэшты, было няцяжка. Шутка ішла дахаты сама, ведучы за сабою сям'ю: барана Шмэрку, авечку Дусю і маленькіх, яшчэ безыменных блізнят. Апроч таго, што яна была авечая мама і сама пазнавала свой двор, старая Шутка ведала яшчэ і тое, што Юрка сустрэне яе не так сабе. Як змоўшчыкі, яны амаль штовечара заходзілі з ім за вугал хаты, ён даставаў з кішэні лустачку хлеба, моцна трымаў яе ў працягнутай руцэ, а авечка адкусвала і старанна, ціха жавала, ах, як пацешна варушачы чорнай, наздратай і казытлівай, калі дакранешся, мызачкай!..

У Шуткі дык малая мызачка, а вось у Кветкі, цёцінай каровы, – вялікая, халаднавата-вільготная пыса…

Бо мы забыліся сказаць пра яшчэ адну Юркаву з цёцяй работу, – яны штовечара разам даілі карову.

Пакуль цёця Вера, прысеўшы на маленькім зэдліку, даіла сваю бакастую ды вымістую Кветку, пакуль малако ўсё дзюрчала ў даёнку, Юрка стаяў перад каровай і то правай, то левай ручкай гладзіў яе па пысе. А Кветка то ўсё жавала сваю жвайку, то пакідала жаваць і ўздыхала, і з вялікіх ноздраў яе на Юркаву руку цёпла дыхаў шырокі, ласкавы струмень паветра. Ручка міжвольна ўздрыгвала, і хлопец ціхенька, удзячна смяяўся. Мілая, добрая Кветка!..

Кот Базыль быў гарушчы, ён еў што папала, не перабіраючы, хлеб – хлеб, бульба – бульба… Аднак і ён любіў пагрэць сваю старасць тым цёплым Кветчыным малаком, што называецца – сырадой. Базыль хлябтаў са свайго чарапка пад лаваю, а Юрка і Ірачка сядзелі за сталом. І сырадой з хлебам быў такі смачны! Яны яго пілі ды закусвалі папоўніцы, і над губою то ў аднаго, то ў другога рабіліся белыя вусы. І гэта было так смешна! Над цёці Верыным сталом гарэла ў вялікім белым шары электрычная лямпа. Акно было адчынена, і на шырокім падаконніку маленькі радыёрэпрадуктар так весела граў, што ажно сам падскакваў. Ажно лісце за акном, на яблыні, варушылася!..

А цёця Вера казала:

– Ну, я яшчэ падлію. Колькі ж ты з'еў – менш за ката.

І Юрка еў «больш за ўсіх» – поўную шклянку, і яшчэ амаль поўную шклянку, і цэлую лусту, як Шутка!..

А пасля яны з Ірай лажыліся спаць. Бралі з сабою Базыля, і ён ім мармытаў сваю казку – адну і тую ж, аднак такую цікавую, цёплую, сонную… Але адразу ім не спалася, і яны рабілі свой «схованы домік» – накрываліся прасціной з галавою і там ужо або шапталіся, або хіхікалі. Пакуль цёця Вера не скажа:

– Ну, спаць, рагатуны. А то людзі ўсю ноч разбяруць. Чуеце, вунь як ціха?..

І праўда, ціха было. Толькі чуваць, як у трэцяй за імі хаце, – а Юрка ведае: гэта ў Ласёвага Ванькі, – яшчэ ўсё гаворыць радыё. Або яшчэ, вясною, як толькі Юрка прыехаў сюды, жабы кумкалі на балоце, за цёці Верынай капустай. Часамі загудзе на вёсцы ці на дарозе машына. І гэтак хочацца крыкнуць, што гэта – дзядзі Алёшава, таго, што Юрка з ім ездзіў на сенажаць!.. Часамі з клуба на тым канцы вёскі доўга чуваць былі песні і музыка. А то гудзеў у полі трактар, блізка ці недзе далей. І конікі ўсё сакаталі. Ды часам Шарык гаўкне на некага ці на нешта, ці так сабе, прабягаючы ціхенька вакол хаты.

Любы сон неўзаметку залазіў у іхні з Ірачкай «схованы домік».

«А лапка яго, відаць, ужо не баліць», – думае Юрка, адзін у далёкім-далёкім пакоі. Там, каля мора, куды трэба высока, высока ляцець самалётам.

Але нарэшце ён засынае.

3

І сон прыходзіць з вясёлымі, поўнымі сонца і шчасця карцінамі.

Вось яны едуць у цёці Верыну вёску. Тата сядзіць за рулём, побач мама, а на каленях у мамы – Юрка. І ён глядзіць ды глядзіць у акно. Але ўжо змяркаецца, і тата ўключыў фары. Як гэта добра! Спачатку мігціць калоссе абапал вузкай дарогі, а тады пачынаецца грэбля і паша, дзе ўжо нікога няма: ні дзяцей, ні свіней, ні гусей…

А потым з мосціка нешта белае – як шыбане! – і пабегла, пабегла да гумнаў…

– Ага, твой Базыль, – кажа тата.

І Юрка крычыць:

– Гэта ён сустракаў мяне! Ён сустракаў!..

І вось яны павярнулі нарэшце ў вуліцу, вось ужо цёціна хата, і брамка, і яблыні. Вось ужо Юрка бяжыць туды, – сам, адзін, без машыны, і таты, і мамы! – бяжыць і бачыць, што цёця Вера ідзе і смяецца, што Ірачка бяжыць і таксама смяецца. Гэта ён, гэта Базыль наказаў!..

– Я прыехаў!! Я зноў прыехаў да вас! – крычыць Юрка. І ён смяецца і плача ад радасці…

Тата і мама яшчэ ўсё не прыйшлі з кіно. Ніхто не бачыў, як Юрка прачнуўся, шчасліва заплаканы. Але і сам ён яшчэ не вярнуўся ў свой белы, пусты пакой, з цыкадамі за адкрытым акном, – ён толькі паплямкаў губамі, падкурчыў ножкі і зноў паляцеў у краіну духмяных рамонкаў, сасновых сцен ды бясконцай і цёплай, басанож абтупанай зеляніны…

У цёці Верыным хляве жывуць сабе карова Кветка, старая Шутка са сваёй сям'ёй і свіння Каруля з падсвінкамі.

Думаеце, што гэта і ўсё?

А другая палавіна хлява называецца адрынай. Там ляжыць сена і салома. Там, уверсе, пад лацінамі, гнёзды ластавак. І ластавяняткі ўсё пішчаць, а іхнія мамы і таты носяць ім мошак.

А часамі там, недзе ў куточку, знясецца курыца, і тады ўжо на ўвесь свет кудахкае.

І ўсё?

Ого!.. Юрка таксама думаў спачатку, што ўсё.

А тут з-пад цёці Верынай адрынкі на траву выйшла – глядзіце! – вожыкава мама, а з ёю тры маленькія важаняткі. Па вялікім для іх, па сапраўдным рамонкавым лесе яны – адно за адным, а мама спераду – прабіраюцца да жоўценькага збаночнага чарапка, у якім – малако. І малако такое смачнае, такое сырадоістае, што ў Юркі ажно язык засвярбеў. Зараз во, зараз будзеце хлябтаць!..

А Юрка – паглядзіць.

– Ну, ну, хутчэй! Хутчэй! – нагінаецца ён над імі, падышоўшы зусім блізенька.

І вожычыха скручваецца клубком. А за ёю скручваюцца клубочкамі і малыя.

«Ну што ж, я пачакаю», – думае Юрка і лажыцца ў цёплым ад сонца, духмяным рамонку.

Падпёр шчокі загарэлымі кулачкамі і маўчыць, чакае.

Ах, як добра, што Шарык дрэмле ў будцы і нічога не бачыць! А то пачаў бы брахаць і напалохаў бы вожыкаў. Добра, што і Базыля тут няма, а то ён выхлебтаў бы малако. Добра, што і нікога пакуль што няма, што так ціхенька, светла. Яны вось-вось раскрыюцца. Важаняткава мама расшчэпіць трохі свой вельмі калючы клубок, цікне праз шчыліну і ўбачыць, што гэта толькі хлопчык Юрка ляжыць. А ён жа хоча толькі паглядзець…

«Ідзіце, ідзіце, – думае Юрка, – не бойцеся, тут жа нікога няма…»

Ды раптам чуецца Іраччын голас:

– Юрка-а! Ідзі свіней пагонім! Юрачка-а!..

Ён хоча адмахнуцца ад яе, але нешта дужае-дужае, цёплае-цёплае абнімае яго і – ніяк не махнеш. Ён хоча крыкнуць: «Ну цябе, гані адна!», ён намагаецца, і крык ягоны вылятае з вуснаў ужо не там…

Гэта мама яго абнімае, гаворачы:

– Юра, Юрачка, уставай! Што ж гэта сёння ты так заспаўся?

А ён крычыць:

– Сама гані сваіх свіней! Сама!..

– Сама пагоніць! – смяецца мама. – Глядзі – разышоўся…

І Юрка прачынаецца канчаткова.

– Трэба снедаць ісці, сынок. Усе ўжо даўно пайшлі. А мы з табой спазняемся.

Памытага, адзетага, але яшчэ ўсё надзьмутага Юрку за ручку вядуць у сталовую. Там з яго бесцырымонна здымаюць цюбецейку, садзяць за стол і пачынаюць карміць.

Цёця Паліна Іванаўна, якая называецца сястра-гаспадыня, спачатку то ідзе, то спыняецца каля другіх сталоў, а потым падыходзіць і да іх.

– Добрай ранічкі, – кажа яна. – Ну, і чаго ж мы такія сумненькія? Як жа мы спалі? У гэтым заездзе, разумееце, амаль зусім няма дзяцей. Вось толькі ваш ды прафесара Маркава, Аляксандра Паўлавіча, Вова. Ды Вовачка, разумееце, прыхварэў ангінкай і пакуль што на пасцельным рэжыме. А так бы яны гулялі разам. Вовачка таксама, як і Юра, вельмі прыстойны хлопчык…

Цёця сястра-гаспадыня і сама вельмі прыстойная. У чысценькім, хрумсткім халаце, поўная, ходзіць салідна, нібы плыве, і гаворыць ласкава, роўненька.

І ўсё тут вельмі прыстойна – пальмы ў кадках, сталы пад беласнежнымі накрухмаленымі абрусамі, дзядзі і цёці, што вітаюцца па пяць разоў на дзень. І мама не крычыць на Юрку, як дома, а толькі ўсё шэпча ціхенька, прыстойна:

– Еш! Божа мой, еш ты!..

І ў тую раніцу ўсе тут, вядома, вельмі здзівіліся, калі такі мілы ды ціхі хлопчык, седзячы з мамай і татам, раптам крыкнуў на ўсю сталовую:

– Я тут ждохну ў вас! Я хачу да цёці Веры!

1961


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю