Текст книги "Выбраныя творы"
Автор книги: Янка Брыль
Жанры:
Советская классическая проза
,сообщить о нарушении
Текущая страница: 15 (всего у книги 36 страниц)
Калі мы вярнуліся з бежанства, у нашай хаце мяне ўразіла мноства дзвярэй і іконаў.
Пазней стала ясна, што дзвярэй тых чацвёра: з двара ў сенцы, з сенцаў адны ў хату, другія ў кухню-бакоўку, чацвёртыя – з кухні ў хату. А як узяць усё ў адваротным парадку, дык гэта ж яшчэ з хаты ў кухню, з кухні ў сенцы, з сенцаў або на двор, або назад у хату… Як многа! Былі і пятыя дзверы, з сенцаў у каморку, але яны былі замкнёныя і не ішлі ў гульню – я толькі пастаяў перад імі і зноў кінуўся ў свой лабірынт. Не мог нацешыцца, бегаў, тупаў, смяяўся і крычаў, клічучы ўсіх падзяліць маю радасць ад гэтага дзіва.
А ў мамы з Раманам толькі і радасці было, што хоць хата не згарэла. Яны не бегалі, не смяяліся, і я іх радасці не адчуваў – была ў мяне свая.
Другое дзіва – малюнкі на покуці. Зноў жа, як аказалася пазней, іх было толькі восем, яны і тут называліся іконамі, і мама кожную з іх растлумачвала мне: госпад бог, святая багародзіца, божы ўгоднік, святыя анёлы… А я, хоць і раней, у горадзе, бачыў іконы ў тым пакойчыку, дзе мы жылі, і ў царкве, куды мяне мама вадзіла, цяпер, у хаце з мноствам дзвярэй, бачыў на мностве ашклёных малюнкаў сваё. Адзін дзед, тры дзяды барадатыя, адзін дзядзька, дзве цёткі з белымі крыламі, хлопчык у свае мамы на руках… А яшчэ і дрэвы, і рэчка, халаты нейкія, крыжы, кароны і ўсё іншае, што я ўжо мог назваць і чаго не мог, – усё гэта зялёнае, чырвонае, сіняе, залатое…
Апроч тых, што на покуці, быў яшчэ малюнак і ў міжваконні. Таксама пад шклом, але большы, і там былі белыя лебедзі, сіняе возера, зялёныя дрэвы і чырвоны замак, як мне сказаў пра гэты дом Раман.
На ўсе гэтыя дзівы-малюнкі я, першы раз у хаце, глядзеў не адразу, а добра набегаўшыся, нібы толькі тады іх і заўважыў. Потым на ўсё гэта глядзелася значна пільней, асабліва ў мароз ці ў слату, калі не пушчалі на двор і было вельмі сумна. Многа дзіцячай задумы цягнулася перад гэтым святым і не святым тандэтам. Думаецца цяпер: а каб жа не такая муць, а змалку добрае, мастацкае?..
Затое ж была ў нас прырода, якая кожны дзень паказвала ўсё новую ды новую красу, хвалявала і таямніцамі і іх штодзённым радасным раскрыццём. Уражвала і летняй шматколернасцю палёў, і нізкай навальнічнай хмарай з яркім размахам вясёлкі, і нечым зусім невялічкім, як тыя «люстэрачкі» – сінія пёркі на крылах качара або гудлівы чмель на малінавай шышачцы канюшыннай кветкі.
І былі яшчэ кнігі. Вельмі нямнога іх, але і такія былі, што з «цацкамі», як гаварылі мае новыя вясковыя сябрукі.
Карціну Мясаедава «Касцы» я ўбачыў у Рускім музеі ўжо на чацвёртым дзесятку гадоў. І так цікава было, па-даросламу, і ўсцешыўся, як ад сустрэчы з даўняй радасцю. Успомнілася «цацка» ў кнізе, якую калісьці гартаў – можа, з Тоняй ці з Казаком, а то і адзін, яшчэ не ўмеючы чытаць. Звычайная некаляровая застаўка. Адна з тых «цацак», што так вабілі, цягнулі да кнігі, да новых таямніцаў, няхай сабе спачатку падсвядома, але ж і моцна, пераканаўча гаварылі пра тое, што ў сталасці і для мяне, выкладчыка роднай літаратуры, стала называцца сувяззю слова, мастацтва з жыццём. І тыя касцы, адзін за адным, і тое жыта на кніжнай застаўцы, шорстка і залаціста спякотнае, і зеляніна ды кветкі пустазелля, і злёгку бела-воблачнае неба – усё такое бачыў я і на нашым полі.
Вялікі свет быў тады значна большы, бо і ва ўсім найменшым, калі пільна прыгледзецца зблізку, ён быў вялікі. І ўжо не толькі кніжная застаўка, але і значна меншая «буквіца», «сюжэтны ініцыял», з якім-небудзь васільком у траве ці ластаўкай у палёце мог усхваляваць на ўсю душу. Іменна сувяззю з усім тым, што акружала мяне, што ўражвала паэзіяй, музыкай казкі, якое так прагне кожнае дзіця.
Літары мне паказаў і складаць іх – да школы, расейскія – навучыў Раман. Далей пайшло ў мяне само.
Перш за ўсё – подпісы пад малюнкамі. Адны літары растлумачвалі тыя малюнкі, а іншыя рабілі іх нават яшчэ больш таямнічымі. Так было, скажам, з «венгерскай пуштай», дзе калодзежная вага. Дзіцячых кніжак у нас не было, яны прыйшлі пазней, у школе, і прабівацца да цікавага ў тых кнігах, якія былі ў нас ці ў Шуры, і ў тых, якія прыносіў ад каго-небудзь Раман, даводзілася нялёгка. Сам ён, Раман, чытаў вельмі многа, «абы дарваўся», як гаварыла мама, але часцей за ўсё моўчкі. Памятаю толькі «Дуброўскага», якога ён па мамінай просьбе прачытаў уголас, аднак з усёй аповесці мне з тых зімовых вечароў найжывей помніцца сцэна пажару, калі каваль Архіп, са сваім «как не так», ратаваў на страсе палаючай адрыны кошку. Памятаю і сон Раскольнікава са «Злачынства і кары», бо толькі той сон Раман і прачытаў нам, маме і мне. Пра тое, як п'яныя дурні – толькі так мне тады здавалася – білі да смерці каня, а хлопчык Родзя цалаваў яго і плакаў…
Мама смяялася з мяне: «Во дзе лёгкі на слёзы, як сабака на сік!..» А з ёю і Раман тады смяяўся. Перад мамай я толькі апраўдваўся: «А сама ты не плачаш?», бо і ў яе вачах часам відаць былі слёзы, і я, мусіць, пайшоў па ёй. А ад Рамана лепш было абараняцца злосцю. Але і ў злосці я яшчэ плакаў, калі ён смяяўся, пацвельваўся. Хоць ён і добры быў са мною малым, а потым, калі я вырас і мы з ім, пры розніцы ў адзінаццаць гадоў, як быццам зраўняліся, абодва сталі дарослымі, – добра дружылі. За ўсё жыццё ні разу не пасварыліся. Для нашай мамы ён не быў ніколі пасынкам, а мама для яго – ніколі мачыхай. Перад вайною Раман гаспадарыў, пасля вайны з яе партызаншчынай зноў застаўся ў Аўсяніках, просты, сумленны рабацяга-калгаснік. Пазалетась, калі ён памёр і я, развітваючыся з ім на могілках, укленчыў на снезе каля труны і дакрануўся лобам да яго сцюдзёнага лоба, мяне скаланула ад думкі, што я ўжо так і не скажу яму тых добрых слоў, якіх чамусьці ўсё не гаварыў…
У сталыя гады, падумаўшы калі-небудзь пра свой характар, з усёй яго сумессю нейкіх усё-такі плюсаў і мінусаў, я спрабаваў разабрацца, адкуль яна ў мяне, тая жаласлівасць, нават павышаная, ці што? Сказаць, што ад фізічнай кволасці або ад лішняй баязлівасці – не скажу. І ў вайну, што ў партызанах, а што і потым, на фронце, дастаткова было магчымасцей пераканацца ў адваротным. Дый перад гэтым, у юнацтве і ў маленстве, я быў не з апошніх: здаровы, дужы, ахвотна смяяўся і спяваў. Калі, скажам, Валодзя або Зяма былі хлапчукі далікатныя, дык Шура ў маленстве бываў і не такі ўжо часам добранькі, любіў камандаваць мною. Часцей за ўсё я слухаў, бо і меншы на два з гакам, і па дружбе. Але неяк, калі я памагаў яму браць бульбу з іхняга пограба, ён так ужо закамандаваўся, што мы з ім і счапіліся. Ды не счапіліся нават, а я схапіў з вушака іх вялікі замок за адкрытую дужку і кінуўся да Сцягача, а ён – на здзіўленне маё пасля – сумеўся, ці што… Здалося нават, што спалохаўся мяне, і я тады спалохаўся таго, што мог бы, што хацеў зрабіць… Гэта было ў нас першы і апошні раз. Наогул – біцца я не любіў і не ўмеў. Раззлуешся, яшчэ не ўдарыш, а ўжо і шкада…
Гэта ў мяне цяпер – не пахвальба, не самалюбаванне, а цёплы ўспамін пра тое, як добра было кагосьці пашкадаваць, і не проста кагосьці, а чалавека, жывёлу ці птушку. Хоць жаласць тая была для цябе не заўсёды цёплай.
Валодзева маці, цётка Жэня, часта хварэла.
Тады ўжо ў іх была свая хатка на агародзе, за хатай-каморай-хлявом Каці Курыцы, усё-такі памяркоўнай сваячкі, што дазволіла ім прытуліцца на сваім пляцы. Хатка ў Паганкі малая, па сірочай беднасці ды па людской літасці збоцьканая з сякіх-такіх аполкаў ды канчароў. Але зімой яна, на мой дзіцячы розум, была вельмі прыгожая. Ад іскрыстага інею на сценах і столі, ад узорыстай намаразі на несуцэльных шыбінах. Асабліва прыгожа было, калі з двара свяціла ў хатку сонца. Аднак жа ў гэтай снежна-іскрыстай казцы, увайшоўшы з двара, з марозу, нават і ў кажушку неўзабаве рабілася холадна – аж да касцей, калі даўжэй пабыць.
Часта выходзіла чамусьці так, што калі я прыходзіў у гэтую хатку не так сабе, а прыносіў хворай ад мамы цёплага ў загорнутым гаршку, Валодзі дома не было. Толькі яго навінка – пісклявая самаробная скрыпка маўчала на сцяне, акалеўшы ад холаду, заінелая…
Валодзева мама, калі не хварэла, часцей за ўсё была вясёлая. Яна мяне называла цёзкай. Таму, што і яна ў сапраўднасці не Жэня, як я – не Юрка. Калі яе маленькую хрысцілі, кумы, вярнуўшыся з Мілтачоў, ушчэнт забыліся на марозе, якое ж гэта імя даў дзяўчынцы бацюшка. Таксама з кніжкі, па «святцах».
– Як жа так? – не адзін раз расказвала смяшлівая ды галаганістая цётка Жэня, як быццам сама яна ўсё гэта чула і разумела. – Ну, кажуць тыя кумы, як гэта ў нас бывае зімою, калі добра падзьме? Замець? Кудаса? Завіруха? Мяцеліца? Усё не так. А потым і схамянуліся: «Зімавея!» Вядома ж, дзеравенскія! Гэта яны так Зіновію панялі. А нашы кажуць: наліха нам тая Зімавея, няхай будзе Жэня. Вось я і Жэня. І добра.
Цяпер цётка Жэня ляжала на халоднай печы моўчыкам, накрыўшыся ўсім іхнім лап'ём, і толькі ціха павойквала. А мне хацелася хутчэй уцячы – і ад таго, што яна так многа дзякуе маме і мне, і ад таго, што дома ў нас і цёпла, і ўсё ёсць, а яна, маці майго таварыша, у такой вось галечы ды ў сцюжы, і ад таго, што цётка Жэня не есць, пакуль цёплае, як мама прасіла ёй перадаць, а кажа: «Я пачакаўшы, я не галодная…», як быццам я не ведаю, што есці гэта будзе потым Валодзя… І мне ад гэтага ўсяго было да болю сорамна, нават і сцішна – і так, і для нашай з Валодзем дружбы. А ўсё ж і назаўтра, і колькі б разоў мама ні пасылала мяне ў тую жахліва-казачную хатку, я ахвотна ішоў, і стараўся ісці з загумення, «каб не вельмі хто бачыў», але ж і рад быў, зноў не застаўшы Валодзю дома…
Толя Немец жыў ненамнога лепш за Казака. Праўда, хата ў іх была цяплейшая, хоць і старая, і сама цётка Каця была, як гаварылі, не такая «піцерская» ды «нямоглая», куды больш за Паганку хадзіла на ўсякія заработкі. Аднак яе зацюканы, нейкі перапалохана вінаваты Немец хадзіў заўсёды недагледжаны.
Неяк зімою я яго пашкадаваў, што шапка парваная, летняя кепачка з такою дзіркай, што аж касмыль адтуль тырчыць. Я яму вынес на вуліцу сваю старую аблавушку: мне цеснаватую, а ён жа меншы за мяне больш як на год. На вуліцы нікога не было – я так падпільнаваў. Аднак жа, колькі я яго ні ўгаворваў, Толя шапкі не ўзяў. Можа, таму што на мне аблавушка была навейшая? Ці не хацеў, каб нават праз акно хто-небудзь гэта ўбачыў? А можа, таму, што мы з ім ўсё-такі па-сапраўднаму не сябравалі?..
Цяжка сказаць і сёння, чаму ён тады так занурыўся і пайшоў ад мяне, ледзь не да слёз уразіўшы, збянтэжыўшы маю, няхай сабе, можа, і кніжную трохі, а ўсё ж і шчырую спагаду.
А помніцца тое і сёння яшчэ ўсё прыкра. Гарчэй, чым наведванне Валодзевай казачнай хаткі.
14Пра долю сіраты пры ліхой мачасе мы змалку многа чулі ад нашых мам і бабуляў. Праўду народных казак і песняў яны звычайна пацвярджалі новымі жывымі фактамі, убачаным і пачутым за век у блізкім і далейшым наваколлі.
Амаль зусім, а то, здаецца, і зусім не чуў я тады пра горкае сіроцтва каго-небудзь старога. Відаць, таму такой дзіўнай і страшнай здалася мне смерць дзеда Кеды. Абодва яго сыны загінулі на вайне: адзін ужо быў жанаты, толькі дзяцей не пакінуў, і вось пры нявестцы дзед Кеда дажываў сваё. Як дажываў – пра гэта можна меркаваць па тым, што памёр ён у сенцах, проста на таку каля сцяны, у той самай старэнькай сярмязе, у якой яго можна было і ў мароз, і ў слату, і ў спёку ўбачыць на вуліцы ці на прызбе. Так яго ўранні суседка і ўбачыла ў Кедавых сенцах: дзед ляжаў, можа, яшчэ звечара ўпруцянеўшы, а на ім сядзеў і заходзіўся брэхам верны сябрук, малы, уедлівы Курта. Нявестка, мардатая Тэкля, яшчэ не ўставала: «Нешта ў мяне галава…»
Цётка Анэта, наша суседка цераз вуліцу, вясной або ўлетку, у нядзелю ці ў свята якое выходзіла на грудок перад іхнім гародчыкам, садзілася на зямлі і, абняўшы аберуч калені худых босых ног, доўга сядзела так – моўчкі, адна.
– Анэта тужыць, – казала мама, гледзячы ў акно. – Зноў тужыць, бедная. Ды што ты хочаш? – пыталася яна ў кагосьці непрысутнага і тут жа адказвала яму: – Беднасць такая, поўная хата дзяцей. «Купілі, кажа, пуд жыта – хоць хлеба ад млосці з'ямо…» Малыя паплачуць з голаду, а дзеўкам жа сорамна плакаць. А ўжо самой – і не кажы. Сядзі, глядзі… Хоць ты і дзірку ў небе праглядзі – нічога добрага не ўбачыш.
Дзяцюк Гаўрыла, за вочы Тарапач, часта садзіўся на жарабца і пёр уздоўж вёскі ўгалоп, на ўсе бакі раскідаючы гразь. Ён то крычаў па-мацерынску, каб уцякалі з дарогі, то важна надзімаўся і маўчаў. Казак, улан, кавалерыя!.. Потым гэтая мара яго збылася, – нягледзячы, што ён і жмурыўся, што і калені разам, вечна порткі ў тых месцах прашморганы, – Тарапача ўзялі ў кавалерыю. Улан з белым аколышам, у доўгім шынялі і з шабляй, ён прыйшоў перад Калядамі «на урлёп», на пабыўку, і, пастукаўшы раненька ў шыбу з двара, па-свойму важна сказаў, на новы лад абкультураны дурань:
– Матко! Отвуж, курва твоя маць!..
Перад службай у войску, у нядзелю ці ў свята, ён часта быў п'яны. Прыставаў да людзей, каго не баяўся, чапляўся на агароджу з калючага дроту, здароўкаўся са слупамі: «Дай пяць! А, не хочаш? Я табе не раўня?..» І лупіў той слуп, «па мардах». З акрываўленымі рукамі, у парванай, залітай крывёю кашулі, так сабе, або з друкам якім, ці з адарванай штакецінай ён, дзіка лаючыся, кідаўся за намі, а мы, малыя гледачы, то весела, то спалохана разбягаліся, каб потым зноў наблізіцца да яго. Нарэшце, найбліжэй – калі ўжо ён асунецца недзе пад плотам і захрапе.
Такое было незвычайным, бо пілі тады значна менш, чым цяпер. Тарапач быў з патомна п'янай сям'і. Піў яго бацька, піла бабуля, бацькава маці. Сам ён, Гаўрыла, яшчэ пастушком, знайшоў раз, казалі, у бабінай пасцелі поўны паўбутэлек і, ад радасці, выліў яго ў міску, накрышыў туды зялёнай цыбулі ды, не спяшаючыся, бо адзін быў у хаце, высербаў лыжкай з хлебам. Гэта сёння можна пачуць пра кагосьці: «Яму паўлітра – за адну шчаку». Тады ж дзецюкі бралі бутэльку на чатырох-пяцёх, і ўсе былі вясёлыя. На вяселлі пілі малою рубцаватаю чарачкаю на доўгай ножцы, адзін за адным, па чарзе.
Раз толькі бачыў я тады, што чалавек можа выпіць цэлую шклянку гарэлкі. Гэта дзядзька Васіль, мужык цёткі Анэты. Але той быў наогул пацэтны. Сам ён – Васіль, а конік – Васілёк, таксама быстры, як і гаспадар. Дзядзька вясёлы, з дабрадушнай прымаўкай: «Каб цябе ў жыта галавою!» Пра беднасць іхнюю ён гаварыў: «Як ты, браце, ні круціся, а ўсё с… ззаду». І заядлы быў на работу. У хаце адны дзеўкі, сам толькі касец; уляжа – скосіць морг за дзень, а потым тры дні бегае, портак не падцягаючы. І тады, на вяселлі, ён захацеў паказацца. Выходзіла Прочымава Люба, дзядзька Васіль хварэў, але яго такі прывялі. І ён нібы загадаў, паказаўшы Цімоху пальцам на шклянку, якою пілі квас: «Мне – сюды!» І ўсе аж паўставалі, гледзячы, як ён выжлукціў тую гарэлку…
Пілі мала, а біліся часта.
І сёння горка, успомніўшы, як гэта дзядзька Цыбук, бацька Мані Вароны, біўся аднойчы са сваім братам за граніцу на агародзе. Як яны біліся, я не бачыў, – Манін тата толькі прабег каля мяне, моўчкі ўцякаючы па загуменнай дарозе. Ён трымаўся аберуч за твар, а праз пальцы лілася кроў – у гэтым быў мой дзіцячы жах, і гэта я ўспомніў праз многа гадоў, прачытаўшы ў кагосьці як быццам простыя словы:
Няма відовішча больш агіднага, чым тое, калі чалавек б'е чалавека.
Такія відовішчы ў Аўсяніках былі. Часта бывалі бойкі, можна сказаць, калектыўныя, на вуліцах, дзе танцавалі. Чаму б'юцца, за што – мы, малыя, не ведалі. Бойкі ўзнікалі зусім нечакана. Нехта некага ўдарыў, спачатку адзін аднаго, а тады ўжо ўсе хапаліся, хто за што – аддзіралі ад плота штакеціны, знаходзілі друкі, вымалі з-пад палы бязмен ці шворан – і пачыналася!.. З апошняй лаянкай, са страшэнным крыкам, з бабскім віскам і галашэннем, з крывёю на тварах, з глухімі ўдарамі па целе, з тупатам уцёкаў і пагоні. Каго паднімалі, каго адлівалі вадой, каго нават везлі ў Мілтачы да доктара, каб потым было як падавацца ў суд…
Раз на такую бойку нагадзіўся наш дзядзька Алесь. Ішоў ён, як і заўсёды, з загумення, цераз Анэцін двор, і ледзь яго не завірыла ў тую кудасу. Вывільнуўшы з крыкліва азвярэлага натоўпу, ён пастаяў са мной і мамай воддаль, каля нашых варотаў, а потым ужо, у хаце, сказаў:
– Цемната наша горкая!.. Хоць бы гэты Тарапач… Ты маладзец, Раман, што не ўлез. І ніколі не лезь. Што хацець?.. У акопы б другога або на «ўра», у штыкавую ці на кулямёт, – скора нацешыўся б! Уся храбрасць прайшла б…
Дзядзька Алесь тыя разы штосьці пачне, тады задумаецца, а потым – нібы пра іншае. Так і тады:
– На закаўказскім у нас у абозах вярблюды былі і буйвалы. Гарбачэ гэтыя цягавітыя, добра сігае, а трэба, то і падбяжыць. А буйвал – ат, на дзесяты дзень дзевятую вярсту. А ў малаканаў коні добрыя, фургоны добрыя, спраўнае ўсё. Расказваў мне адзін, як гэта туркі там армянаў рэзалі. Людзей. Сам я не бачыў, дарма не буду гаварыць. А ён кажа: усіх гамузам – што стары, што малы, і бабаў, і мужчын. «Брацец, кажа, краста на іх нет! Азіяты!..» А сам другі турак у плен пападзецца – лахудра лахудрай, аскеры гэтыя, сэплі папусціць – ужо ён тады чалавек…
Дзядзька Алесь памаўчаў.
– Ды што ты хочаш ад урага? – пачаў пасля. – Казакі нашыя… Кручкоў, Шмучкоў… Жулік, пустальга адна, лож! Ох, і звяры ж былі яны каторыя!.. Папрывыкалі, сволачы, людзей у гарадах нагайкамі хвастаць. Калі на дэманстрацыях. А то і шашкамі… На Букавіне раз было. Там жа таксама людзі свае, праваслаўныя. Зайшоў адзін у хату, а там нікога няма: пахаваліся людзі са страху. Печ на хлеб напалена, дзяжа сярод хаты стаіць. А на лаве сядзіць малое. Як на бяду. Казалі, дзевачка, яшчэ сядушка, да году. Дык той казак узяў ды на піку яе ды на жар, у печ…
– Госпадзі! – ахнула мама.
– І малады ж яшчэ, дурыла. Я сам яго потым бачыў, рабята паказвалі. Смяецца, скаціна жывотная, вочы заліўшы… А дружныя, адзін за аднаго, не зачапі…
Дзядзька яшчэ памаўчаў, а потым, як быццам зноў не пра тое:
– Першы раз мы на гэтае братанне ішлі і баяліся. Не верыцца! То рэзаліся колькі год, а то… Божа мой! – арцілерыя тая, і кулямёты, і конніца, і ўрукапашную… А тут… Ды што ты хочаш – усім за тры гады агоркла. Аўстрыяк – той далікатнейшы, ён не тое што немец. Гэты – таксама азіят, стаіць, як мур, а пойдзе – толькі дзяржыся! Цехніка! А аўстрыяк – не ваяка, ён і раней пачаў бы братацца. Ды ўжо ў свабоду і ў немца другое пайшло. Нашага Мікалашкі няма, іхні вусач сядзеў яшчэ, але і ў іх ужо не той нажым. І дзісціпліна не бярэ! Гэта ў нас у Курляндзіі было, цяпер яна Латва. Раўніна такая, луг. Але прадвесне, яшчэ не пусціла. У акопах сушэй. Памахалі мы белым, яны са свайго памахалі, і я тады: «Упярод, рабята, пайшлі!» І першы сам устаў над брустверам: што ўжо будзе, то будзе. Ідзем. Яны ідуць. І дзіка неяк, што без аружыя ўсе, што ціха так. Толькі боты па мёрзлай траве шалпацяць, лядок, дзе застаўся, хрупае. Ну, сышліся. Я і спачатку бачыў немца блізенька, але каторы забіты або ў пляну. А гэта… Чалавек – як чалавек. Адзёжа толькі не тая, форма. І не пагаворыш. Рукамі толькі разводзіць – ці то паказвае, што ў руках нічога няма, ці то другі і абдымацца палез бы, ужо як сваяк. «Камарад! Камарад!..» Дажа й «товарыш!». З намі паручык быў, Гаршэчнікаў, разумны парань, з вучыцялёў, дык той ужо за ўсіх: то ім гаворыць, па-іхняму, то нам. Закурваць пачалі. Яны ўсё бальшынство з люлькамі. Хто ў бесказырцы, хто ў касцы гэтай, з вастрыём. І пажылыя, як у нас, і маладзейшыя. Гавораць, смяюцца. Людзі – як людзі. Каб начальства не гнала – і ён не пайшоў бы. А то ж і абдурваюць нашага брата…
Ва ўсім перапляценні дзядзькавых расказаў пра вайну, дзе неаднойчы паўтаралася то храбрасць, гордасць за сваё, то чалавечы жах і праклёны на тых, праз каго дарма лілася кроў, – цар, царыца, Распуцін, буржуі, свае і нямецкія, – быў расказ і пра тое, як ім, нашым салдатам, з'явілася раз на небе Прасвятая Багародзіца. «Як сонца з-за хмары! І буквы вялікія: праваслаўныя пабядзяць!..» Нават і ў гэта верылася мне, усё з яго частых і доўгіх расказаў успрымалася па-дзіцячы, вобразна, як у казках. Тое, чаго я зусім не ведаў, хоць бы па «цацках» у кнігах, уяўлялася цяжэй, – скажам, тыя армяне, малакане і турэцкія аскеры, – а іншае ўсё адразу, само клалася на краявіды знаёмага наваколля. Не цяжка было, напрыклад, уявіць Багародзіцу, такую, як на нашай покуці, – як яна высветлілася з-за хмары; нават і хмары я выразна бачыў, як быццам усё яно было над нашай вёскай ці над пашай…
А тое братанне на латышскім лузе адразу прымацавалася ў маім уяўленні да «венгерскае пушты» – яроўскай пашы з самотнай вагой на зялёнай прасторы. Адразу прымацавалася і – назаўсёды. Спачатку былі там выбухі снарадаў, гул і віскат асколкаў, густое цёўканне куляў, хрыпата-дзікае «ўра», і «кровь лилась из свежей раны на истоптанный песок…». Тут ужо адхіленне было: стаптаны, акрываўлены пясок уяўляўся не каля вагі, а над нашай ракою… А потым з двух бакоў, з-за аднаго і з-за другога калючага дроту, расейцы і немцы махалі адны адным чым-небудзь белым, тады смела, як дзядзька Алесь, уставалі, вылазілі з акопаў і ішлі адны адным насустрач. Ужо без штыхоў, шорстка топчучы разбітымі ботамі даўно не кошаную траву, густую і яшчэ намёрзлую ў тое прадвесне, калі пачалася Свабода, шалпочучы над травою поламі збуцвелых у сырых акопах шынялёў…
Сярод расейцаў, колькі б разоў гэта мне ні ўяўлялася, першым заўсёды быў дзядзька Алесь. Не такі, як цяпер, худы, аброслы, у лапцях, а як тады, што ў нас на картачцы, – аж з чатырма крыжамі, толькі ўжо без кулямёта. А побач з ім – разумны паручык Гаршчэшнікаў: так у мяне выходзіла – не ад гаршка, а ад гаршчэшніка. Паручык – не такі, як той штабс-капітан, які свістаў у хаце дзеда Богуша, і не такі, як прапаршчык Салавей, што звар'яцеў, не дажыўшы да братання…
Можа, такі, як Шураў тата, хоць той і не быў камандзірам?..