Текст книги "Выбраныя творы"
Автор книги: Янка Брыль
Жанры:
Советская классическая проза
,сообщить о нарушении
Текущая страница: 7 (всего у книги 36 страниц)
Здаецца, люты трыццаць чацвёртага.
Глухая, белая, марозная зіма. Вёска заціснута ў цішыню, адарвана ад свету, ізалявана – як востраў які сярод белага, непарушнага акіяна.
І раптам – такая падзея! У Ніжнія Байдуны ўехалі поўныя сані-развалы музыкаў. Гармонік, скрыпка, бубен і кларнет. Уехалі ў вёску як немаведама адкуль, разбудзілі яе сярод белага, соннага адвячорка. Грымнулі, рэзнулі, жарнулі – як хочаш гавары, а да таго ж яшчэ – закукурыкалі.
Кукурыкаў адзін кларнет. У гэтым і была найбольшая незвычайнасць падзеі, бо музыка, урэшце, як музыка, полька як полька, а кларнеціст, што кленчыў у развалах на саломе, ускіне раптам сваю чорную дуду і самым сапраўдным чынам, толькі пісклява, закукурыкае. Нібы ад радасці якой, не могучы знайсці ёй іншага выхаду.
Дзень быў будзённы, і танцы наладзілі не дарослыя, а мы, падлеткі. У малой і сцюдзёнай, з тоўста замёрзлымі вокнамі хаце старога Ляпножкі. Якія там танцы – вучэбная таўкатня, нават ніхто не распранаецца, каб не калець у перапынках паміж полькамі, вальсамі, «кадрэлем».
І вось яно, тое пісклявае «кукурыку», адно за адным, спачатку пацешнае, потым, у хаце, да нудоты аднастайнае, успамінаецца цяпер яшчэ сумней, знакам таго, як яно бедна пачыналася, наша юнацтва, як нялюдска звязана было яно тым часам і тым ладам…
Уранні, падмацаваныя нашымі медзякамі, бадзягі адбылі ў той белы свет, адкуль прыехалі, ужо без «кукурыку», берагучы яго для наступнага вострава ў белай сумоце. І сёння не памятаю, і тады, здаецца, мы не ведалі, хто яны былі, тыя музыкі са сваёй фурманкай, адкуль прыехалі і куды падаліся. Гэтая загадкавасць толькі ўзмацняе ўсмешлівую горыч успаміну.
Цяпер у нашай вёсцы клуб. Не лепшы і не горшы, як у іншых вёсках наваколля. Ужо і пастарэў за дваццаць пяць гадоў, хоць з цэглы ды пад шыферам, атынкаваны. У клубе часта бывае кіно, сяды-тады наладжваюцца спектаклі, выступае свая і прыезджая самадзейнасць, а найчасцей, вядома, танцы. Тым больш што ёсць свой баяніст і свой скрыпач. Ды не абы-якія.
Скрыпач Петрык прыйшоў да нас у прымы з Плёхава, усе яго ў Ніжніх Байдунах ведаюць даўно, і ў нас ён хутка стаў яшчэ больш сваім, чым тады, калі толькі прыходзіў са скрыпкай ці так сабе. Музыка з тых, што апантаныя гэтым з пялёнак і нястомныя да самай дамавіны. А да таго ж яшчэ Петрык прынёс з вайны, у якасці трафея, не кавадла, як Цімох Ярмоліч, а скрыпку, якую называе «страдыварус». Слова, што прагучала ў Плёхаве і ў нас упершыню, дзякуючы Петрыку, які цяпер ужо нібы не са сваёй гвардзейскай танкавай, ордэна Кутузава, слова тое прынёс, а нават і свіней з ім пасвіў. «Мой страдыварус», – гэта гучыць у яго зусім упэўнена і прывычна. Не бянтэжыць і тое, што Петрыка амаль адразу ж і празвалі Страдыварусам.
Баяніст наш таксама прышлы. Гэты ўжо – бог ведае адкуль. Цыган Рома, які прыбіўся да хутарское Зіны, дачкі Крыстыны Роўбіхі, калі ўжо сама Крыстына памерла, а Зіна, наймалодшая ў яе, засталася на хутарку адна. Быстры хлапчына, чорны і кучаравы, як належыцца, а вочы, карыя і вялікія, не хітрыя зусім.
Бедны Рома! Так і карціць мне забегчы наперад, каб сказаць, як усе шкадавалі яго, калі ён так недарэчы, так непатрэбна загінуў, засыпаны ў толькі што выкапанай студні. Капаў ён, людзі казалі, выдатна. Некалькі студняў выкапаў на новым пасёлку, дзе будуюцца, жэнячыся, маладыя ніжнебайдунцы і куды сцягнулі некалькі нашых хутароў, у тым ліку і Ромаў. Ён вылез з ужо гатовай студні, а потым («такі заядлы!») апусціўся яшчэ раз, каб штосьці паправіць, ды ўжо і самога адтуль не адразу змаглі дастаць. Я пачуў пра гэта пазней. І быстры, шчыры, вясёлы хлапчына ўспамінаецца, хочаш не хочаш, праз агульны жаль па ім…
Калі наш Страдыварус іграў з душой і ў сорак пяць гулліва і нястомна па-юнацку, дык Рома, здаецца, яшчэ весялей. Усё пачутае і там, адкуль ён прыйшоў, і ў нашым ужо наваколлі, і ў свеце вялікім – па радыё, па тэлебачанні, з юнацкіх магнітафонаў і прайгравальнікаў, цыган, нібы вясняны шпак, лёгка ператвараў у сваё папуры, радасна новае, свежае нечаканасцю, сваё і для танцаў, і проста так, для слухання, калі вясёлага, а калі і з сардэчнай журбою. І ўсё гэта ён аддаваў з усмешкаю, у якой таксама спалучалася многа чаго: і дабрата, і гарэзлівасць, і сціпласць, і гордасці трохі, а больш за ўсё харошай чалавечай прастаты.
З гэтай усмешкай ён і жыве і хай жыве ў маёй і многіх іншых памяці, у радасным, вясняным шматгалоссі музыкі, Петрыкавай і яго.
Я ўжо казаў, што маладых у сваёй вёсцы пазнаю цяпер у большасці па бацьках: хто на маму сваю падобны, хто на тату. А то дык і спытацца трэба, чый гэта хлопец або чыя дзяўчына. Маіх аднагодкаў і старэйшых мужчын засталося ўжо няшмат. А хто жывы і ў клуб заходзіць, з тым добра ўспомніць былое. Нават не толькі з ім, але і пры ім, седзячы моўчкі, толькі ўсміхнуўшыся ці падміргнуўшы.
Калі маё пакаленне пачынала сваю маладосць, моднай была полька-цыганачка. Не трасуха, а, як казалі, «шырокім сцягам», «галоп». У нас – завіруха, а мужчыны навокал стаяць ды, як толькі танец аціхне, крычаць, як блазнота: «Хлопцы, нанава! Нанава!..»
Цяпер у модзе танцы іншыя, як бабы кажуць, гарадскія, бо і моладзь, калі паз'язджаецца ўлетку ці на святы, у большасці гарадская.
На крэслах, спалучаных радамі і парасстаўляных каля сцен, апроч тае, дзе сцэна, сядзяць у якасці прыязнай і зайздрослівай публікі больш і менш пажылыя жанчыны і некалькі мужчын.
З колішніх смехуноў сёння тут толькі Васіль Кураўка і Ўладзік Чыркун, інвалід з кавялою, той, што спяваў каля плота. Маўчым і прыглядаемся да танцаў.
Плёхаўскі кавалерчык. Цыбаты, з малою галоўкай, зверху да пояса рухавы, як кенгуру, а ногі значна цяжэйшыя, сяды-тады як анямелыя. «Бугі-вугі» яго бесталкова нервовыя, нібы знарок для кепікаў збоку. Куды там Сідар-гоп з яго падскокамі – тут дрыганне і крыўлянне свядомае. І валасаты, і з бародкай нейкаю. А важнасці – і не кажыце, пацеха! Калі чаго не хапае яшчэ, дык толькі гумавай жвайкі.
Як толькі танец закончыўся, Кураўка раптам устаў, падышоў да цыбатага юнака, ветліва папрасіў яго падысці з ім да Чыркуна і, паказаўшы на Ўладзіка, зусім сур'ёзна сказаў:
– Таварыш хоча з вамі пагаварыць.
Я затаіўся ў вясёлым чаканні. Яны ж, Кураўка і Чыркун, сядзелі абапал мяне і ні ў чым не змаўляліся – будзе чыстая імправізацыя.
– В меня вам тока адзін вапрос, – пачаў Уладзік, таксама, як і Кураўка, вельмі спаважна, нібы беручы гістарычнае інтэрв'ю. – Скажыце, пажалуста, гэта не вы на тым тыдні прывозілі з Хлюпіч прадаваць цабры і ражачкі? Хадзяін такі самы пажылы, як вы, з бародкаю. І кабыла пярэстая, як у адэскай пажарнай камандзе. Пры старым, канечне, рэжыме. Васіль Пятровіч, бойкі на возе, здаецца, таксама былі?
– Былі, Уладзімір Цупронавіч, – зусім сур'ёзна адказаў Кураўка.
Юнак стаяў разгублены.
– Вы панімаеце, што такое па-дзеравенскі бойка? – разварушваў яго Чыркун. – Такая храновіна з сасновых клёпак, у якой б'юць масла.
Юнак яшчэ ўсё маўчаў. Дзе там у чорта тыя Хлюпічы і што там за цабры ды ражачкі і бойкі?.. А навокал сабралася моладзь. Свае, заўсёды спадзеючыся па гэтых дзядзьках чагосьці вясёлага, а прышлыя ды прыезджыя – у недаўменні, як і той плёхаўскі кенгуру.
Момант гэтай напружанасці Чыркун запоўніў «замежнаю мовай». Гэта адна з дзвюх яго спецыяльнасцей: Уладзік мог вельмі добра імітаваць нямка і «гаварыць па-інастраннаму». Балбатаць чортведама што, ні крышку не збіваючыся, не трацячы важнасці тону. І цяпер ён пачаў плесці нешта, вельмі падобнае на чыюсьці мову. Звяртаўся то да Кураўкі, то да таго танцорчыка, то да ўсіх астатніх. Кураўка толькі ківаў галавою і час ад часу мармытаў сваё, ніжнебайдунскае «ага» або «яволь» і «йес», прынесеныя з міжнародных сустрэч на вуліцах разбітага Берліна і над Эльбай. Нарэшце Чыркун закончыў свой маналог нейкім складаным, доўгім выкрунтасам і сказаў Кураўку больш празрыстае «данкішэн». А той перадаў асноўны змест усяго сказанага кароткім паведамленнем таму, яшчэ ўсё збянтэжанаму, юнаку:
– Ён гаворыць, – ківок на Чыркуна, – што вы можаце быць свабодны.
Калі дагэтуль у гурце моладзі, што акружыла нас, чуўся то нечы абрывісты смяшок, то стрыманая рэпліка, дык цяпер проста выбухнуў рогат. Смяяўся, здаецца, і сам той хлопец.
А потым у шум уступілі баян і «страдыварус», і ўсё аціхла ў новым танцы.
Чыркун ваяваў яшчэ і ў першую сусветную, а потым і ў грамадзянскую. Знакам даверу, ён мне аднойчы пры панах паказваў «краснаармейскую афішку» пад загалоўкам «Слезное моление вши» – дасціпны сатырычны верш, зброя ў змаганні за салдацкую гігіену. І расказаў тады, як гэта ў «свабоду», пасля рэвалюцыі, іх, акопнае брацтва на часовым перадыху, вадзілі разоў некалькі ў тэатр. А ў некаторых хлопцаў было назапашана па «аптэчнай» бутэльцы вошай, уласнага ўраджаю і пазычаных. І ў тэатры яны, тыя хлопцы, як толькі гасла святло, церушылі з бутэлечак на далонь і ціха, асцярожна сеялі на футравыя каўняры і боа новага начальства, што з жонкамі сядзела спераду.
Уладзік не казаў, але і так няцяжка было здагадацца, што пачынальнікам з тымі бутэлечкамі быў хутчэй за ўсё ён.
Дарэчы, жулікаватасць перадалася і сыну яго, наймалодшаму, таму Анёлачку-Анёлку-Ангелу, які на другім пасляваенным годзе яшчэ толькі канчаў у мястэчку школу. Вучыўся Анёлак не вельмі, найбольш ад ляноты. І вось на ўсяночную перад Вялікаднем, калі на плошчы перад царквой колішнім ладам сядзелі на вазах ды пры вазах і паміналі калекі-старцы, малады Чыркунок, разам з сябрамі-дзесяцікласнікамі, заказаў старцам памінанне. За плату, вядома. Па жывых-здаровых настаўніках, матэматыку і фізіку, найбольш «любімых». І дзед з бабаю памянулі.
Бачыўшы, чуўшы ўсяночнае памінанне многа разоў, няцяжка ўявіць і Анёлкава. На возе – зрэбная буда, нацягнутая на арэхавыя каблукі. Каняжына хрупае сена не з перадка, як звычайна, не ў аглоблях стоячы, а прывязаная за возам. Паміж задзёртымі аглоблямі, на ахапку саломы, сядзіць бязногі ці бязрукі дзед. Сляпая бабуля – на возе, у чалесніках буды. З бабінага слязлівага раешніка возьмем толькі пачатак, а можа, і з сярэдзіны, словам, тое, што мне запомнілася з маленства.
За галоснымі званамі
ды за яснымі свяцамі,
за бажэсцвеннымі службамі…
Знаеш, ведаеш, як то
Бог кожную душачку хрысціянскую,
па імені назваўшы…
Тут уклінялася канкрэтнае – заказ дзесяцікласнікаў:
Івану Максімавічу і Аляксею Іванавічу,
душэўным настаўнічкам нашым
царства нябеснае!..
А дзед у аглоблях уторыць, як чмель:
Божа, васпомні душачкі змарлыя,
Божа, васпомні…
Нямком старэйшы Чыркун прыкідваўся, вядома, не сярод сваіх. Часамі гэта выручала ніжнебайдунцаў, а то дык бывала і дрэнна…
Па дровы нашы ездзілі пры панах далёка, бо лес бліжэйшы быў малады, казённы і не прадаваўся. А торфу тады капалі мала. У тую зіму, якую згадваю, было вельмі многа снегу. Звернеш трохі з наезджанай дарогі, і конь правальваецца, і сані тыя з дровамі – як выцягнуць, і гуртам папіхаючы. І вось на Галым балоце, у пушчы, сустрэліся два абозы з дровамі, наш і, здаецца, хлюпіцкі. Сутыкнуліся першымі коньмі, храпа ў храпу, і стаяць – кожны вазак сам сабе хітры, ніхто не хоча скрануцца ў аб'езд.
У нашых першы ехаў Кураўка. Тут да яго, саней за трое, падышоў Чыркун і, як нямко, прычапіўся сварыцца. Не да таго чужога, сустрэчнага, а да свайго. Адзін мармыча штосьці, нема паенквае, размахвае рукамі, а другі крычыць. І скачуць ужо загрудкі. Кураўка так раз'ярыўся, што давай распрагаць кабылу. Прасцей было б сякеру з воза ўзяць, а ён распрог, схапіў дугу за канец і, трасучы ёю над галавой «нямка», крычаў усякую несусвеціцу. Доўга дурыліся. Нашы ўсе ад вазоў сабраліся, і тыя ад сваіх. Нашы, вядома, ніхто не смяяўся. Хлюпічане спачатку глядзелі, слухалі, а потым плюнулі і пачалі аб'язджаць, гразнучы ў снезе і лаючы нашых. Кураўка тады запрог, закурылі, рагочучы, і паехалі.
Абозамі ездзілі не толькі ў пушчу. З мястэчка на бліжэйшую чыгуначную станцыю, за дваццаць сем кіламетраў, вазілі збожжа з купецкіх «шпікняроў» (вялізных свірнаў), ад Бейліна і Бісінкевіча. Заработак быў не лішне вялікі, аднак і лепшых не было. Ездзілі людзі бяднейшыя, і нашы, і плёхаўскія, і з іншых вёсак. Разоў некалькі ездзіў і я, калі Андрэй служыў у войску, а мы з сястрою Надзяй гаспадарылі.
Мікіта Турак у гэтыя асенне-зімовыя заработкі ганяў сваіх двух сыноў. На двух вазах, на добрых конях. Чалавек ён быў працавіты і прагны – да прыдуру. Сечкі тым коням трэба многа, дык ён начамі грыз яе старой касою, скоскам. Сам такую сячкарню прыдумаў: як церніца, ці што, толькі не лён яна трэ, а рэжа салому. Потым, казалі, сячкарня тая прыснілася яму ў «смяртэльнай» кашулі, белай і доўгай, і добра такі напалохала: «Зарэжу к чорту самога! Замучыў ты мяне! Купляй фабрычную!» Тады ўжо Турак купіў ручную сячкарню, якую хлопцы яго, што якраз падняліся на памочнікаў, круцілі на змену. Здаравенныя грукачы, паслухмяныя.
Здаўшы на станцыі збожжа, абознікі заходзілі ў чайную. Са сваімі торбамі, але перакусіць у цяпле, узяць шклянку чаю, а то і абаранак ці селядца. Толькі Туркавым хлопцам бацька такога рэспусту не дазваляў. На холадзе яны, вядома, не сядзелі, аднак елі толькі сваё, усухамятку ці запіваючы халодным малаком з бутэлек.
Раней, пакуль я сам не паехаў, Кураўка мяне пераконваў, што Туркі ішлі са сваёю торбай не ў чайную з усімі, а да помпы на плошчы, адзін пампаваў ваду, а другі запіваў ёю хлеб, а потым, на змену, другі.
І вось аднойчы, калі мы сядзелі ў чайной і сёрбалі гарачы чай, туды зайшлі два нейкія панкі. З дробных ужэнднічкаў, відаць, або якія перакупшчыкі. Трохі пад мухай, а больш з фанабэрыяй. Падышлі да буфета, папрасілі яшчэ па адной.
Чыркун устаў з-за століка і падышоў да іх. Нямком. Жэстамі і мімікай папрасіў закурыць. Пачаставалі яго папяроскай. І запальнічкай пстрыкнулі пад нос. Ён стаў ім дзякаваць, мармычучы, размахваючы свабоднай рукой і штосьці нема ўскрыкваючы ад захаплення.
Тут я не вытрымаў, засмяяўся.
– Ты цо се смееш? – павярнуўся да мяне адзін з панкоў. – Он ест калека, ему так пан Буг дал. Ты цо се смееш?
Ён падышоў. А я… спалохаўся, ці што. Хутчэй збянтэжыўся. Бо што ж рабіць, калі палезе біцца?..
Я не паспеў нічога вырашыць, бо тут паміж намі ўшчаміўся Кураўка.
– Пане, – сказаў ён вельмі перапалохана, – вы яго лепш не чапайце. Не глядзіце, што ён такі маладжавы. Ён двухжыльны. Падковы гне. Восі ломіць. Любога каня паднімае навыцяжку. А як разыдзецца – не дай бог бачыць! Што я вам, пане, скажу…
Ён нагнуўся да панскага вуха і штосьці зашаптаў. Пасля кіўнуў у мой бок галавою і зноў зашаптаў. Панок паглядзеў на мяне. Спадылба, таямніча. Нічога не сказаў. Кураўку ён, ужо сам, без просьбы, прапанаваў папяросу. Працягнуў тую пачку і мне, а калі я адмовіўся, ён паглядзеў яшчэ раз і моўчкі адышоўся да свайго калегі.
Ужо ў дарозе ўсе смяяліся з таго, што там Кураўка пашаптаў.
– Пане, кажу яму, ён ні за што вас, як муху, плясне. Ён ужо трох забіў. А сам у турму не сядзе. Апраўдаюць. Самі не ведаем чаму – але не сядзе.
Так я і пахадзіў пасля з яшчэ адной мянушкаю – Двухжыльны.
«Няма чаго пакрываць!..»Кураўка смяшыў заўсёды на поўнай сур'ёзнасці, а сам часцей усміхаўся, чым рагатаў.
Едзем мы, скажам, з таго абозу, вяртаемся ўлегцы. Восень позняя, але яшчэ ўсё цёплая, добра ляжаць на возе. Коні з узгорка падварушыліся трухта і даганяюць – узбоч гасцінца, па сцежцы ідзе незнаёмая спраўная маладзіца. Кураўка, угрэўшыся пад кажухом, ляжыць сабе на баку, падпёрся далонню пад правую сківіцу, ласа глядзіць на шуструю загладуху, а потым, калі зусім параўняліся, ціха гукае:
– Кабето!
– Што, дзядзько?
– Купі качалко на лето.
– На чорта мне яно? – разгублена спыталася яна.
– Як на чорта? – зусім сур'ёзна здзівіўся ён. – Макарону будзеш качаць.
Урэшце здагадаўшыся, тая зачырванелася і плюнула.
А ён глядзіць ды прыязна ўсміхаецца, нібы нічога лішняга і не сказаў, і не падумаў.
Чуць і бачыць Васіль быў мастак.
У Арэся была тады незамужняя дачка Марыля, таксама здаравенная, не вельмі, як і тата, складная. Але ўсяго дзявочага было ў яе нямала. І дабрадушная. Каля яе прыпасваўся суседскі Вінцучок, дзяцюк нярослы, але спрытны і памаўзлівы. Сядзяць мужчыны ў Арэсевай хаце зімою, яшчэ трохі завідна, гамоняць ды пакурваюць, а Марыля ляжыць на цёплай печы жыватом, тырчыць сваім багаццем угару. Усё ў мужчын нібы перагаворана, а то яшчэ, здаецца, і не ўсё, і хтосьці кажа, без усякага на што-небудзь намёку:
– Вінцучка нешта сёння няма. Няўжо ён з лесу яшчэ не прыехаў?
– Прыехаў, – спакойна і ўпэўнена, як быццам ведаючы гэта, гаворыць Кураўка. І дадае, кіўнуўшы на печ: – Ужо вунь і сані перавярнуў…
Пайшоў зімовай ноччу, задоўга да світання, будзіць суседа – ехаць у лес па дровы. Суседзяў было ў адной хаце двух, братоў жанатых, але не падзеленых. Бо і дзяліць не было асабліва чаго, і ленаваліся абодва, асабліва старэйшы, вечна пануры, кіслагубы Авос. Такая мянушка, бо яму не хапала чамусьці свайго «што?» і ён перапытваў па-местачковаму, па-жыдоўску: «А вос?» І заўсёды і ўсюды насіў у кішэні портак камень з гусінае яйцо, цёплы, абгладжаны там рукою. На пытанне: навошта ён, Авос адказваў: «А як сабака?» На чалавека, чаго добрага, камень таксама мог прыдацца. Зрэшты, нічога такога не памятаю. Затое бачыў, як ён, Авос, вось-вось заплача, калі чытаецца штосьці пра чалавечую крыўду… Меншага брата, які ўсё-ткі гаспадарыў сяк-так, звалі Мікіта, а мянушка, за пэўныя, так сказаць, хімічна-абаронныя якасці, Тхорык.
– Ледзьве я дастукаўся да іх, – неяк расказваў Кураўка. – Алена Мікітава адчыніла. Сам Тхорык сядзіць на пасцелі, чухаецца. А ў другім кутку Авос сама цяпер зрабіў буду…
Гэта – пра зорны час на жанатым, няхай сабе немаладым пасланні.
Неяк пры Польшчы мястэчка наша моцна гарэла і пасля гэтага дружна сабрала грошай на матароўку, маторную помпу. Для большай пэўнасці набожныя мешчанчукі вырашылі яе пасвянцаць. Пасля абедні поп з дзякам і пеўчымі выйшаў на паперць. Унізе, ад плошчы, адчынілі святую браму, і малайцы-пажарнічкі, не паздымаўшы сініх форменных канфедэратак, а толькі па-службоваму апусціўшы раменьчыкі пад бараду, па ціхай камандзе «бегем марш!», без гіку ўскацілі матароўку на высокі ўзгорак, у вялікі натоўп прыхаджан. На той час і гэта было не абыякое відовішча, культурнае мерапрыемства. Поп нараспеў маліўся, пеўчыя стройна спявалі, а нейкая бабка, што прыпазнілася, ніяк жа, людцэ мае, не магла праціснуцца наперад, да таго цікавага… І трэба ж ёй было спытацца якраз у нашага Кураўкі:
– Сынок, а што гэта яны там робяць? Я ўжо дадому была пайшла, але вярнулася.
– Карову, бабко, да быка пускаюць.
– Вой, а чаму ж гэта тут?
– Папову, бабко. Да камендантавага быка.
– Камендантавага? Гэта таго, што ў пастарунку?
– У пастарунку, бабко. Ты толькі так не крычы, а цішэй. Зараз во будуць і ў званэ званіць…
Адзін час, таскама пры Польшчы, Мітроша – Важнае ліцо быў у нас солтысам. Праўда, вёска на яго не скардзілася – от сабе смешная важнасць, і толькі. Нават купіў нейкую скураную куртачку, чорна-бліскучую, у якой праводзіў сходы. Перад сваёй хатай, на вуліцы. Сам ён звычайна прыпазняўся, выходзіў з хаты тады, калі ўжо мужчыны і збяруцца, і пачакаюць. Следам за ім выходзіла маці, старая, нядаўна аўдавелая Рагачыха, станавілася ў гародчыку за плотам, паміж кустамі бэзу, і час ад часу ўстаўляла сваё, рэжысёрскае:
– Дзе што добрае зробіцца, дык усё ж мы, Рагачэ ды Рагачэ. Ніхто ж другі не глядзіць, ніхто ж не пастараецца…
– Ціха, мамаша, дай гаварыць.
І гаварыў, упэўнена і важна, як з трыбуны.
Зімой па Ніжніх Байдунах пачала лятаць незвычайная галка. На валляку ў яе, на моцным шнурочку, вісела круглая, як медаль, фанерынка, на якой выразна, каломаззю было кругам напісана «Soltys». Выйдзеш з хаты – сядзіць на плоце: «Каў!..» І паляцела. На другі двор, на трэці, чацвёрты… Усе двары аблятае за дзень. Не было б таго медаля, дык і не падумаў бы ніхто, што гэта ўсё адна ды тая самая.
І да Мітрошы, вядома, лятала. Ён і пра гэта гаварыў на сходзе, ужо ў хаце:
– Дурная безабразія! Каб я толькі ведаў, хто такую насмешку зрабіў…
Што тады быў бы за страх – невядома. Толькі пазней стала ясна, што зрабіў гэта Кураўка. Пры дапамозе свайго старэйшага, школьніка, які і выдаў іхнюю таямніцу.
Васіль быў дабрадушны, ціхі. І вельмі бедны, з найбольшым правам на смех.
У партызанах нехта аднойчы падшапнуў новаму камандзіру нашага атрада, што іменна ў яго, у Кураўкі, схаваны ў гумне два кормныя япрукі. І ён, наш Сашка-лейтэнант, нядаўна прысланы з Вялікай зямлі, паверыў і даручыў паехаць «изъять излишки» іменна мне. Колькі я ні ўтлумачваў яму, што гэта жывая лухта, Сашка ўпёрся і паслаў нас з Коржыкам удвух, хоць той быў і не наш, а з Хлюпіч. «Няма чаго залішне пакрываць сваіх аднавяскоўцаў», – сказана было нават і так.
І мы паехалі. Ёлкі зялёныя, – паклікаў я таго багацея на двор (хата старэнькая, поўна малых) і расказаў яму, што да чаго. Толю Коржыка, маладзенькага, баявога хлопца, Кураўка не ведаў, і мы, каб усё прайшло па ўсіх законных правілах, пайшлі на пошукі ўтрох.
Ішло прадвесне, і, як у нас гаворыцца, у многіх бог Вярбіч (першая ажывае вярба) паеў ужо і сена, і салому, і амеці. У прыстаранках Кураўкавага гуменца было амаль зусім пуста. Утрох з гаспадаром шуршэлі мы па прыстаранках, хто ботамі, а ён лапцямі, нават пасвечвалі трафейнаю батарэйкай, вось-вось гатовы засмяяцца, палохалі тых фантастычных, створаных дурным падшэптам, парсюкоў: «Аюсь! Аюсь!..» А потым і засмяяліся – і мы з Кураўкам, і Толя, які і так паверыў мне раней, а цяпер, пачаўшы з хаты, і сам убачыў, што наш Сашка-лейтэнант заслугоўвае слова, якое тут жа было і сказана. Пра Васілёву беднасць я ведаў змалку, пра тое, што ён звязаны з партызанамі – толькі здагадваўся, а потым, пасля вызвалення нашай мясцовасці, і пачуў. І ад самога яго, і ад хлопцаў з суседняй брыгады, якой Кураўка добра памагаў. Нават медаль яму далі – партызанскі, другой ступені.
На фронце, калі фарсіравалі з боем рэчку Шэшупэ, граніцу з Усходняй Прусіяй, Васіль са сваім аддзяленнем першы ступіў на той бераг. Але героя не далі, хоць перад боем і гаварылася.
– А што далі? – спытаўся я.
– «За адвагу».
Адказваў ён без найменшага жалю ў голасе ці ў вачах, толькі з усмешкай, як заўсёды, сціпла-хітраватай. І дадаў, памаўчаўшы:
– Ох, і далі ж мы ім тамака! Кацюша як жарне, як жарне – толькі шыняле ўгару ляцяць!..