355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Янка Брыль » Выбраныя творы » Текст книги (страница 8)
Выбраныя творы
  • Текст добавлен: 5 октября 2016, 23:29

Текст книги "Выбраныя творы"


Автор книги: Янка Брыль



сообщить о нарушении

Текущая страница: 8 (всего у книги 36 страниц)

Грэх ці не грэх

У гэтай сціплай і няпоўнай галерэі маіх вясёлых літаратурных продкаў па мужчынскай лініі асобнае месца займае кравец Рафалак.

Дваюрадны брат майго бацькі, ён быў яшчэ татаў і мамін кум, а мой хросны. З мяне хапіла б і гэтага, другога сваяцтва, тым больш што хросная мая засталася ў Адэсе, дзе я нарадзіўся, дзе тады быў у бежанстве і хросны. А бабкі-павітухі я наогул не меў, бо мяне не бабіла, а прымала, як гаварыла маці, дзяжурная акушэрка.

Бабкі, хросныя, кумы – гэта ў той час было сваяцтвам, няхай не кроўным, а ўсё ж блізкім. Сем'і такія не толькі клікаліся (на вяселлі, радзіны, хаўтуры), але і дружылі, што асабліва падабалася малым.

У Андрэя быў поўны камплект: бабка, хросны і хросная. Бабку Ганулю, Грамуздову маці, празывалі Ліскай, хоць і была яна зусім не хітрая, а толькі ўвішная, весела-гаваркая і добрая. Калі мы вярнуліся з горада, мне было пяць, Андрэю – дзесяць, ужо не малы, аднак Ліска то жменьку сушаных груш прынясе, то трохі гарбузянят, то жывое яблыка зімою, то велікоднае яйка. Андрэю перападала і ад хроснай, але куды радзей, бо яна была ўжо замужам у Хлюпічах. Праўда, і тая Андрэева хросная, і асабліва Ліска, даючы што-небудзь яму, не забываліся і пра малога, пра мяне, ды гэта было зусім не тое, бо я ж тут ішоў на дадатак. І я зайздросціў брату ўдвая, за бабу і за хросную. А ўжо мой хросны, Рафалак, быў куды лепшы, чым Андрэеў – маўклівы і скупаваты дзядзька Яўхім Заяц.

Зрэшты, хросныя бацькі з хрэснікамі не вельмі ўжо так і няньчыліся. Гэта мой замяняў мне і бабку, і хросную. Ён і наогул быў другам нашай сям'і. У бацькі нашага не было ні братоў, ні сясцёр, а хросны рос пры сваім старэйшым браце, чалавеку благім, і таму наш тата і Рафалак з маленства дружылі. Любіла майго хроснага і наша мама, і ўсе мы, сёстры і браты, бо ён быў не толькі сваяк, але ж, – а можа, і перад усім, – харошы чалавек. Да слёз чуллівы, да слёз вясёлы і добры. З нашай сям'ёй ён і пасля татавай заўчаснай смерці дружыў, вядома ж, таксама дапамагаючы ўдаве з сіротамі («Катрынко, сястрыцо мая»), чым толькі мог.

Хросны быў вельмі нярослы і нібы гарбаты, і называлі яго не Рафаіл, а толькі Рафалак, нібы кавалак сапраўднага Рафаіла. Імя ў нашай мясцовасці, можна сказаць, унікальнае, дадзенае папом па святцах, і таму яно гучала хутчэй як мянушка. Ды ён не крыўдзіўся, бо і прывык да гэтага змалку, і сам любіў пасмяяцца, заўважыўшы што-небудзь смешнае ў іншых.

Трэба сказаць таксама, што як там мы ўсе ні любілі ды ні шанавалі яго, ні ад бацькі, ні ад маці, калі яна засталася з намі адна, не было нам ніколі ўшчування за тое, што мы сяды-тады смяяліся з чаго-небудзь пацешнага, якое адбылося з маім хросным.

Да споведзі і прычасця школьнікаў напрадвесні, у вялікі пост, вадзілі з Ніжніх Байдуноў у мястэчка арганізавана. А я, першакласнік, якраз на тым тыдні хварэў. Потым, калі паправіўся, маці не было як павесці мяне ў царкву самой, і яна даручыла гэта хроснаму, які і сам ішоў туды ж, па той жа справе.

І мне запомніўся той першы выхад у вялікі свет.

Як у краўца, у хроснага было ў наваколлі многа знаёмых, у тым ліку і з людзьмі, як ён казаў, духоўнага звання. Хросны і сам пасмейваўся з гэтага, параўноўваючы свае высокія знаёмасці з тым, што казала старая Гіта, хвалячыся сваім Хаімам, краўцом: «Уй, мы старому бацюшку шылі пітрахіль!..» Епітрахіляў бацюшкам ён не шыў, ні старому, ні новаму, тагачаснаму, але ж і дзяк Харкевіч, і царкоўны стараста дзед Бойка, хоць і ў мястэчку былі краўцы, шылі ў хроснага, чым ён не мог, як майстар, не ганарыцца.

Чорны і сухашчавы вусач Харкевіч, суровы з выгляду і громападобны сваім, злёгку хрыпатым, басам, запісваў нас да споведзі па знаёмству, без чаргі, тым больш што хросны выйшаў з чародкі жадаючых трохі наперад і дзяк спачатку кіўнуў яму, а потым і сказаў: «Прошу вас, Рафаил Степанович!» Мяне ён бачыў у хроснага, можа, не раз і не два, але цяпер спытаўся прозвішча, імя, імя па бацьку, а тады, на нейкі доўгі момант, зверху ўпёршыся ў малога злоснымі вачыма, грымнуў:

– Холост?

І ад пытання, і ад голасу я задрыжаў, нібыта злоўлены ў чужым садзе. Ды хросны мой, які таксама ж быў у горадзе, засмяяўся ў адказ дзяку не менш культурна:

– Ах, Радзівон Парфіравіч, да ведзь жа младзенец, яшчэ і сіротка.

Дзяк пакруціў галавою:

– Младзенец? Поверим, Рафаил Степанович, поверим.

Хросны нават пагладзіў мяне па ім жа самім на бручку абстрыжанай учора галаве, відаць, і не падазраючы, што сцэнка гэтая, у маёй перадачы, сёння ж яшчэ насмяшыць нашу маму і Надзю з Андрэем.

Другі знаёмы духоўнага звання, дзед Бойка, жыў зусім недалёка ад царквы, пры якой быў старастам і званаром. Хатка яго стаяла ўнізе пад узгоркам, каля нізкага муру царкоўнай агароджы, у зацішным кутку пад высознымі ліпамі.

У хатцы і так была духата, а мы пілі гарачы чай. Дзед Бойка быў родам з Плёхава, але доўга жыў у Маскве і адтуль прывёз сваю бабу. На грудзях у дзеда, з выпадку свята, было начэплена некалькі медалёў, на адным з якіх я цераз стол прачытаў «За спасение утопающего», а на другім – «За отличную стрельбу». На іншых чатырох здалёк не змог разабраць. Дзедава баба чай піла ўпрыкуску, са сподачка, палажыўшы на прыпол сабе ручнік. Дзед і хросны таксама сёрбалі са сподачкаў, прасмоктваючы той чай цераз кавалачкі цукру. Толькі я піў салоджаны, з вялікага фарфоравага кубка, прыкусваючы хлебам з маслам. Пілі ўсе доўга. Баба выціралася адным ручніком, дзед з хросным другім, а я ўжо, як у тым анекдоце, абсыхаў і так.

Я кончыў піць хутчэй за ўсіх, мне пачало быць сумна ад іх бясконцай гутаркі і хлюпання, і дзед, дзякуй яму, здагадаўся – даў кнігу. Гэта быў, як я сказаў бы пазней, вялікі і раскошна выдадзены том біяграфій расейскіх пісьменнікаў, ад Ламаносава да Горкага. Не памятаю: можа, быў хто-небудзь і ранейшы за Ламаносава, аднак апошнім быў, бясспрэчна, Горкі.

З тых нямногіх кніжак, якія былі ў нас дома, я ведаў па партрэтах Ас-Пушкіна (так мы чыталі-забаўляліся з Качкавым Валодзем), Мю-Лермантава, Энвэ-Гогаля, Іа-Крылова. Гартаючы дзедаву кнігу, я пазнаваў там сваіх нешматлікіх знаёмых, а з мноства новых найбольш чамусьці ўразілі тры. Іменна той, апошні ў кнізе, Горкі, толькі Максім, без Аэм, а перад ім – Тэгэ-Шаўчэнка і Элэн-Талстой. У першага (хоць і апошняга ў кнізе) мне спадабалася і чорная, доўгая кашуля, падпяразаная шырокім рэменем, і доўгія, назад адкінутыя валасы. У другога – кажух, калматая папаха і вусы. У трэцяга – зноў жа доўгая і падпяразаная вузкім раменьчыкам, але белая кашуля і вельмі ж вясковая барада, амаль як у старога Чыркуна, дзеда Цупрона.

Неўзабаве і чаяванне, і гутарка хроснага з дзедам і бабай здаліся мне вельмі ж кароткімі. Хросны мяне ад кнігі проста адарваў, а дзед Бойка пацешыў, што, калі я буду добра паводзіць сябе, старанна вучыцца і шчыра хадзіць у царкву, – ён і яшчэ калі-небудзь кнігу гэтую мне пакажа. Нагаварыў амаль таго самага, што і поп, калі я стаяў у яго пад крылом, накрытытым «пітрахілем», ці як яно там называецца.

З той кнігай больш не паўтарылася. З душнай прыцаркоўнай хаціны (яе ўжо даўно, як і дзеда з бабай, няма) у памяці засталося толькі дзіцячае пачуццё, так сказаць, закаханасці з першага позірку, якое, можа, і было падсвядомым прадчуваннем пазнейшых сустрэч не толькі ўжо з партрэтамі тых трох, двух у кашулях і аднаго ў кажусе, але з вялізным і чароўным светам іхніх душ, без якога і мне цяпер не ўявіць свайго ўласнага існавання… А за паводзіны дзед Бойка меў потым права не раз і не два разы накруціць мне вушы.

Гэта тады ўжо, калі я хадзіў не ў ніжнебайдунскую, а ў местачковую школу. У будзень, пасля заняткаў, нам сяды-тады ўдавалася зайсці ў прычыненую царкву і, пакуль той стараста прыбіраў там недзе ў яе вялізнай, звонкай пустэчы, ціхенька, асцярожна ўзабрацца па крутых і вітых усходах званіцы ажно пад самае неба…

Куды там той «маяк», з якога Сідар-гоп скінуў галёш! Якое гэта, ні з чым не параўнанае, шчасце – глядзець на ўсё на свеце з вышыні! І на ўсё мястэчка, і на палі вакол яго, і на дарогі – і тыя, што ва ўсе бакі, і на тую адну, на гасцінец, па якім ты, нябачнай зверху сцежкай на абочыне, столькі пратупаў ужо і столькі яшчэ пратупаеш…

Нам, аднак, гэтага шчасця – толькі глядзення зверху – было замала. Бо тут, пад самым небам, віселі званы. Малыя, большыя і найбольшы, вялікі. Галасы іх мы неаднойчы чулі, але знізу. Цяпер, з усім адчуваннем урачыстасці і небяспекі, мы падыходзілі да найбольшага. Затаіўшы дых, як перад нырцом у найглыбейшую, найхаладнейшую ваду, мы дакраналіся да яго вяроўкі. Пасля такі і тузалі. І звон нездаволена адгукаўся прыцішаным, але глыбінным «б-бом-м!..».

І гэтага нам было мала. Мы тузалі смялей, яшчэ адзін раз. А тады ўжо кідаліся ўніз, каб паспець спусціцца на зямлю, сто тысяч разоў пратарахцеўшы па тых сходах быстрымі, вясёлымі нагамі, пакуль нас знізу не сустрэне дзед Бойка – з венікам ці з анучай… Званара мы баяліся больш, чым Гірш-Элю з яго сінагогай: шамэс толькі крычаў, а не біўся. Уніз мы заўсёды спазняліся: дзед добра ведаў нашага брата, а сам быў чуткі і шустры; на голас звона, нават і найцішэйшы, адразу ж бег, дабягаў да выхада са званіцы. Каму пападала, каму не, як калі пашанцуе, але заўсёды ўсім было весела. І ніжэй, прарваўшыся міма дзеда, і на царкоўным пляцы, і на вуліцы, і на сцежцы ўзбоч гасцінца, з якое так добра было азірацца на белую красуню на ўзгорку, на той адзін з салатавых купалоў, пад якім ты нядаўна быў…

Малыя мы бывалі жорсткімі. Відаць, усе. Асабліва калі збіраліся разам і жорсткасць нашу пакрываў, вязаў у адно наш невычэрпны, нястомны смех.

Нядаўна мне, у прэзідыуме аднаго высокага сходу, знячэўку ды недарэчы, успомніўся Жмака. Вельмі ярка, з вострым, жывым, – праз паўстагоддзя – адчуваннем дзіцячай крыўды. І з дзікім смехам гэтага недалёкага дзецюка. Мы, некалькі пастушкоў, нават яшчэ не каровіных, а свіных, палезлі ў рэчку, дзе ўжо купаўся ён. Адзін. Не ведаю, чаму адзін, але ж у памяці – так. Ён выйшаў на водмель – такі здаравенны! – і раптам пачаў забаўляцца: хапаць каго-небудзь з нас і з галавою панураць у ваду. Ты задыхаешся ў перадапошнім жаху, пачынаеш ужо балбатаць пад вадой, а ён – рагоча, як жарабец, які падбіў цябе процьмай цяжэразных капытоў. Толькі тады ўжо, калі ты, здаецца, зусім заходзішся ў вадзе, пад націскам яго капыцістых далоняў, ён адпускае цябе, а сам яшчэ шчырэй іржэ – ужо з таго, як уцякаюць з вады твае сябры, уся бездапаможная малеча. Яму ўжо не відно і не чутно, як ты плачаш і лаешся, спачатку, бліжэй да яго – толькі плачаш… Зрэшты, не памятаю, ці задыхаўся пад вадой і ці плакаў я сам. Толькі той смех памятаю. І вострую горыч той самай крыўды.

Ну, а тады ж і нам самім было часамі вельмі смешна ад крыўды, якую мы прычынялі іншым, старэйшым за нас і старым. Весела, смешна было забаўляцца, перамагаючы страх, гуляючы з небяспекай, – калі магло за гэты смех і папасці ад таго старэйшага ці старога, абы ты трапіў яму ў рукі.

І толькі зрэдку калі-небудзь да самога цябе, раздурка, даходзіла, што гэта – не тое, зусім не той смех, што і другому таксама баліць…

Зімою дзед Бойка рабіў калядны аб'езд парахвіі, прыязджаў і ў нашу вёску. Зрэшты, не прыязджаў, а прыходзіў, цягнучы за сабой «козачку» – санкі-прычэп, якія, возячы з лесу бярвенні, падстаўляюць пад верхавіну. Паставіўшы на вуліцы сваю «козачку» з двума няпоўнымі мяхамі жыта і мукі, дзед заходзіў у хату, здымаў шапку, хрысціўся на покуць і змрочна вымаўляў тры нейтральныя словы:

– Ваш царкоўны стараста.

Што азначала: падайце і не скупіцеся. А тым часам яго «козачцы» перад чарговай хатай не стаялася. Калі гэта было на ўзгорку – мы папіхалі яе ўніз. Эх, пайшла, павіляла! Абернецца, рассыплецца мука і жыта? Не, дзед хітры, мяхі ён кожны раз завязвае. Калі ж яна стаяла перад другою хатай на роўным, мы яе адцягвалі і ставілі ўпоперак дарогі. Дзед выходзіў і – пачыналася вясёлае. Ён або трухаў з горкі ўніз, або падыходзіў да «козачкі» на дарозе і крычаў не на нас, бо мы былі ў недасяжнай адлегласці або затуленыя за зруб студні ці за вугал хаты, – ён крычаў на памочніцу:

– Я цябе дзе паставіў? Дзе? Колькі разоў табе гаварыць? Колькі разоў?

І біў яе – брэнкаў кіем па выгнутым перадку, а мы рагаталі здалёк або хіхікалі ў сваёй недалёкай схованцы.

Абедаў дзед Бойка заўсёды ў хроснага. Сядзеў ён там доўга, «козачку» зацягнуўшы на двор і прывязаўшы да плота. Але ў хату да хроснага я ніколі тады не заходзіў: спачатку баючыся за здзекі з «козачкі», а потым, калі ўжо хадзіў у школу ў мястэчка, і з-за таго паднебнага шчасця – званіцы.

Аднойчы, калі я радасна расказаў свайму хроснаму, як дзед б'е і лае «козачку», ён пакруціў галавой і сказаў:

– Ой, нядобра, сынок, ой нядобра? Гэта ж ён хворы чалавек, ён нервенны. З такога брыдка смяяцца, грэх.

Не скажаш, што гэта так ужо да мяне і дайшло. Тым больш што мой настаўнік памаўчаў крыху над шытвом і раптам, штосьці ўспомніўшы, засмяяўся. Расказаў тое штосьці і мне.

– Ён і бабу сваю так ганяе. Не думай, што яны толькі чай папіваюць. Раз ён пры мне разышоўся, пачаў пасуду біць. Ой, а Лукер'я яго Цімафееўна… Нехта, відаць, навучыў, а можа, і сама даўмелася. Бо ціхая яна, благачасцівая. А то дык давай і яна малаціць па гаршках, па талерках! «Гасподзь з вамі, – кажу я, – што ж вы робіце, людзі такія харошыя!» А сам у кут, каб і мяне, чаго добрага, не раскалолі, як гаршчок. А дзед тады спыніўся і пытаецца: «Луша, а што ты дзелаеш?» – «А ты, Мікалаевіч, што?» Дык ён гэта плюнуў ды з хаты. Во як!.. Але смяяцца з гэтага грэх. Стары, нервенны чалавек.

Хросны шые моўчкі, а потым смяецца зноў.

– Захара Качка, – кажа ён, – прымак у Юсты. Чалавек ён нішто сабе. От, бухукае, ілжэ. А цесць яго – ты, канечне, не памятаеш – быў трапяткі, як Юста. І заўсёды што-небудзь вычварыць. Юста дзяругі ткала, у вялікую клетку, чырвоную і сінюю, здаецца. Дык ён сабе, Захараў цесць, дзядзька Габрусь, узяў ды на порткі з гэтага адрэзаў. Сам адрэзаў, сам скроіў, сам пашыў. Вядома ж, якое там было шытво – збоцькаў толькі сяк-так, абы ногі ўсадзіць. Надзеў, выйшаў на вуліцу і стаіць. У тых чырвоных ды сініх, як певень які галагуцкі! А тут ідзе Ганчарыха. І яе ты не ведаеш. Памерла ўжо даўно. Баба была прыветлівая, дый кума яго, і нічога ж яна такога яму не сказала, а толькі ўсміхнулася: «Ну ж ты і выстраіўсё, кумок!» А той як гыркне: «Пацалуй, мая кумко, сабаку ў…» Пабег у хату. І ўжо ніхто яго ў тых пеўневых портках не бачыў. Юста казала, што на анучы іх палупіў. Таксама нервенны быў чалавек.

Кончыўшы абмётваць рукамі, хросны сеў за машыну. Пастракатаў сваім «зінгерам», а потым перастаў, бо зноў смяецца.

– Монька Грыгоры Іванавіч… Цяпер ужо ён пан Гжэгаж. Плёхаўскі настаўнік. Таксама шые ў мяне. Шыў адзін раз. Кажух. А ўжо цяпер у яго не кажух, а паліто. Што там Габрусь ці Бойка! Гэта ж такі абразованы чалавек, і гарадское кончыў, як Сцёпа Цівунчык, ды яшчэ і нясвіжскую семінарыю. І цяпер жа яго паны перавучвалі недзе на Гжэгажа. Можа, і не далі б вучыць па-польску, але ён у бацюшкі нашага родны пляменнік. Вучыць. І каму б гэта так даравалі, як яму даруюць. От нервенны дык нервенны! Свістам яго знаравілі. Проста бяжыць, уцякае, калі хто свісне. І нашы ж таксама, – скажам, Валодзя Чыркун або Косця Асечка, а то і Цімох… Едуць з лесу, а ён насустрач ідзе па дарозе. Ды ўжо здалёк, як толькі пазнае, што гэта нашы, сыходзіць з дарогі ў поле – па снезе, па цаліку. Адвернецца да іх, нагнецца, паліто задзярэ – на, свішчы! Пан навучыцель! – Хросны рагоча да слёз, а потым, супакоіўшыся, зноў растлумачвае: – Нервенны чалавек.

Ды ўжо не кажа, што з такога грэх смяяцца.

Мужчынская гаворка

Хросны сядзіць на кароткім зэдліку, і ногі яго, абутыя ў самаробныя валёнкі, ледзь дастаюць да падлогі. Ён абвесіўся полкай: яго стрыжэ Цімох Ярмоліч.

– З лета самога збіраўсё, Цімоша, і, дзякуй богу, прыйшоў, – смяяўся хросны, калі садзіўся на зэдлік.

– Каб у мяне было адно столькі клопату, што цябе абіндзёжыць, дык я даўно зайшоў бы, – спакойна апраўдваўся Цімох, які і ўвосень яшчэ прападае то ў лузе, то ў лесе, то над ракою. Балазе падняўся яго старэйшы хлопец, ёсць каму рабіць у полі. – Затое я цябе цяпер ачалавечу, хоць яшчэ раз жаніся.

Калі б той зэдлік можна было, як у цырульні, падкруціць угару, Цімоху было б значна зручней, бо так ён стаіць над хросным крукам.

У хаце яшчэ толькі цётка Агата і я. Цётка недамагае штосьці і таму ляжыць на печы, а я сяджу на лаве, гляджу і слухаю.

Гнучыся над хросным, Цімох то засяроджана наводзіць «польку», то штосьці сам сабе ўсміхаецца. Магчыма, што і ўспамінае…

Не, гэта сам я ўспомніў тую «радаслоўную», якую ён, Цімох, нядаўна прыдумаў. Пачуўшы ад свае Волечкі ці, можа, нарэшце, і прачытаўшы ў самым пачатку «Евангелля», як гэта «Авраам родил Исаака; Исаак родил Иакова; Иаков родил Иуду и братьев его», ён перанёс тое ў Ніжнія Байдуны, пачаўшы з хроснага:

– Рафалак радзіў Ляпножку; Ляпножка радзіў Пучка; Пучок радзіў Мітрошку, а ўжо Мітрошка – Вінцучка.

Ляпножка – гэта той маленькі і адзінокі ўдавец, у сцюдзёнай хатцы якога мы танцавалі сваё «кукурыку»; мянушка пайшла ад таго, што ён, ідучы, смешна згінаў у калене правую нагу і ляпаў лапцем зверху, нібы знарок. Пучок – наш каваль і найлепшы нырэц. Мітрошка – Важнае ліцо. А Вінцучок – той самы, што ў Арэсевай хаце перавярнуў на печы «сані». Усе яны нярослыя, а Рафалак найменшы, – таму з яго і пачынаецца.

Мне за хроснага не крыўдна, а таксама смешна. Смяяцца за вочы бывае і не брыдка, хоць і не хочацца, каб ён пра гэта ведаў. Як тады ў нас з Качкавым Валодзем было, калі мы ўкралі ў хроснага галубку і хіхікалі, прабіраючыся агародамі дахаты, што вечна злосная цётка Агата возьме яго ў дзяругу за плечы і кінецца нас даганяць. Смех, можа, і дурны, але – што ж ты зробіш? – вясёлы.

Нават і цяпер, калі мне ўжо не дзевяць, а шаснаццаць.

Хросны і сам не крыўдзіцца на Цімоха, не думае выгаворваць яму. І, відаць, не таму толькі, што і сам любіць смешнае, але і ў нейкай сувязі з жаданнем лічыцца сапраўдным, паўнацэнным мужчынам. Ён быў не толькі смяшлівы, але і слязлівы, мог заплакаць ад песні, ад чужое крыўды, а пра такія натуры ў вёсцы гавораць: «як баба». Мала што ты калека, дык яшчэ і «баба»… Радзіў? А што ж, калі не «Ісаака ды Іакава», дык Мікалая, Сяргея і Жэніка. Старэйшыя недзе ў школе, Мікалай у мястэчка ўжо ходзіць, Сяргей у сваю, а Жэнік пабег на вуліцу. Хлопцы яшчэ малыя, таму што хросны ажаніўся позна, а потым дзеці паміралі адно за адным, таксама трое, пакуль не нарадзіўся Мікалай.

Сцвярджаючы сваю мужчынскасць, хросны любіць пагаварыць з Цімохам і пра тое, пра што ўжо ён цяпер гаворыць пры мне не вельмі асцерагаючыся.

Гутарка ў іх, у цырульніка і кліента, ідзе даўно, я бяру яе тут з сярэдзіны:

– Як я быў, Цімоша, малады… Ды каб жа людскае што, а то ж калека няшчасны, а вып'еш тыя разы з хлоцамі, дык не толькі, здаецца, што, а сцяну цалаваў бы!..

– А чаго ж, – гудзе Цімох, даволі спрытна і нягучна ляскаючы нажніцамі. – Вось і нацалаваў. Хлопцы здаровыя, як бурвэлкі, як самому сабе робленыя. Вам бы яшчэ…

– Брахунэ вы! Што толькі сліна вярзе… – перабівае з печы цётка Агата, амаль заўсёды нечым нездаволеная.

Але Цімох як быццам і не чуе, гаворыць далей:

– …дачок са тры ці з чатэры. Пагаварыў бы ты з Братам Арсеніям. Ты яму – як гэта хлопцаў, а ён – як дзявок. Па-суседску…

– Дочкі, – гаворыць, нібы ў роздуме, хросны. – Яны ў Арсеня беленькія, далікатненькія, як маца.

– У яго як маца, а ў цябе будуць як халы. Ён свяцейшы, а ты каранасцейшы.

Цётчына «брахунэ вы!» не было, відаць, вельмі злосным, а толькі так, па прывычцы быць нездаволенай, бо вось і яна далучаецца:

– Старыя мы ўжо, Цімох, на дочкі. Куды там. Дай Бог сыноў пагадаваць.

Цімох зноў лезе ў тое, чаго наслухаўся ад свае Волечкі, толькі ўжо не ў «Новы запавет», а яшчэ далей – у «Стары».

– А як жа Сорка ў таго Аўраама? – пытаецца ён. – Старая баба была, дзевяноста гадоў. Дый «гаспадзіну твайму», Рафалку, не дзевяноста дзевяць, як таму Аўрааму, калі яму Бог зрабіў абразанец.

Хросны хоча смяяцца, а пад нажніцамі яму не вельмі зручна, дый боязна, што тузяне, і ён толькі моршчыцца ва ўсмешцы.

– Ты кажаш, што па-суседску, – паўтарае Цімохава, ужо далекаватае. – Па-суседску бывае ўсяляк. Табе казалі, а я ж сам бачыў і чуў, як ён, Арсень, Аленку Секачыху адвучваў. Ігнат яе – от, Балалэй, толькі што пасмяяцца з каго-небудзь умее спадцішка. А сама ж яна – малатарня!

– Злосная ўрэдзіна, аж у роце чорна, – удакладняе Цімох.

– Ну, – згаджаецца хросны. – Толькі і ведае, што «лерара» ды «лерара». Праўду гаворыць той Заяц Яўхім: «Слова скажа, дык і не ведаеш, куды яго апрадзяліць». Мала таго што свайго з ранку да ночы дзяўбе, дык і на Арсеня спанатрыла. Бапціст, «Бог есць любоў». Калі-то жох быў, сам ведаеш, а сёнека – хоць дой, такі рахманы. Дык можна ўжо, другая думае, і на галаву чалавеку на… Гэта ж цярпенне трэба на такую суседачку! А тут ён пута з плоту хапіў і давай па азадку шалёстаць!

– Колькі там і азадку таго, – зноў удакладняе Цімох. – Высах і ён ад злосці.

– Ну, – згаджаецца хросны. – Аленка ў крык: «Табе ж не можна! Ты ж святы!» А ён: «Можна, – кажа, – такую, як ты, можна. Гасподзь скаціну вервіем з храма святога выганяў!» А пута тое, тое вервіе, у яго яшчэ ж і мокрае: ён толькі што кабылу з поплава прывёў. Святою раніцай і пачалі…

Тут ужо хросны не можа стрываць і рагоча.

І Цімох разгінаецца над ім, не стрыжэ.

– З расіцай яно лепш, – удакладняе ён і гэта. – І касіць, і з бабай…

Цімох прыйшоў не толькі стрыгчы хроснага – прынёс і порткі шыць.

У той час хросны быў яшчэ, і праўда, дужы. Шыў і кажухі, і суконныя сярмягі, якія ў нас называлі буркамі. А порткі – колькі хочаш. Мог і клёш, і «гальфе», і ні тое ні сёе.

– Прымерку зробім, – сказаў ён, падзякаваўшы за стрыжку.

Але спачатку адышоўся да парога, высцепаў полачку ад валасоў, склаў яе з прафесійнай павагай да кожнай тканіны, тады ўзяў з качарэжніка венік, падмёў ад зэдліка ў качарэжнік, зэдлік паставіў да грубкі і паўтарыў:

– Давай будзем мераць.

– А на чорта нам тая прымерка? – лена і мудра спытаўся Цімох. – Мне абы крэсла спераду.

Хросны спачатку проста абураецца:

– Ну што гэта ты, Цімоша, гаворыш? Трэба ж мне і дліна, і паясніца, і ў подшагу…

А потым хросны смяецца:

– «Крэсла спераду»… А мо табе яго ззаду зрабіць? Як у малых цыганянят? З распоркаю на ўсю…


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю