355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Иван Мележ » Завеі, снежань » Текст книги (страница 1)
Завеі, снежань
  • Текст добавлен: 29 сентября 2016, 02:00

Текст книги "Завеі, снежань"


Автор книги: Иван Мележ



сообщить о нарушении

Текущая страница: 1 (всего у книги 18 страниц)

Іван Мележ
Завеі, снежань

Частка першая

Раздзел першы
1

Снег пацерушыў трохі і перастаў. Вецер за дзень вымеў белую муку, пазаганяў яе па шчылінах, па закутках. Яркія белыя пасы і латкі толькі дзе-нідзе пярэсцілі панурасць двароў і агародаў.

А холад не толькі не адступіў, а як бы нават узяўся мацней. І днямі, і начамі ўсё стыла на роўнай, шкляной халадэчы. І днямі, і начамі, не сціхаючы, гайсаў над зямлёй сухі, сіверны вецер, сунуліся нізкія шэрыя хмары. Пад нелагодным небам, вылізаныя ветрам, цьмяна льсніліся заледзянелыя лужы на вуліцы, балотныя разлівы, што падступалі да голых зараснікаў. І тыдзень, і другі лічылі толькі халады ды сцюдзёныя вятры: на самым разыходзе восені і зімы нібы раптам прыпыніўся адвечны рух прыроды; восень адышла, а зіма не бралася як след. Усё жыло, здавалася, чаканнем снегу. Чакалі парадзелыя, чорныя алешнікі на балоце, гладкая, бліскотная роўнядзь разліваў і луж, гарбатыя, крывыя рады хат і гумнаў, цвёрдыя, у скамянелых грудках і каляінах дарогі, бясколерная, нежывая трава…

Далёка да позняга ў гэтыя дні світанку ўставала Ганна, вобмацкам выбіралася ў вузкую каморку кухні, поцемкі намацвала запалкі, лямпу. Лупіла бульбу, паліла ў печы, распальвала дзве грубкі ў калідоры, што павінны былі грэць класы, грубку на пакой другой настаўніцы, пачынала варыць снеданне. У клопаце сваім ніколі не прапускала той момант, калі на звонкім, намерзлым двары паяўляліся першыя галасы, патрэскваў ад першых крокаў ганак. Пад тупат і гоман, што ўсё мацнелі, множыліся, весялей было ўпраўляцца са сваім клопатам, самую поўніла беспрычынная радасць. Яна ўжо без здзіўленасці і без няёмкасці хадзіла ў калідоры сярод таўкатні дзяцей, якім да самага званка не сядзелася ў класе; ды і дзеці ўжо не дзівіліся ёй. Яна цяпер нямала каго ведала: з якога класа, як зваць, які характарам, з кім дружыць. Амаль са ўсімі яна абыходзілася, як знаёмая.

Пад той час, калі дзеці сыходзіліся ўсе, грубкі былі выпалены, у класах было цёпла, утульна, снеданне для Параскі прыгатавана. Калі звінеў званок і Параска з журналам, кніжкамі і сшыткамі, важная, строгая, выходзіла ў клас, Ганне наступаў доўгі час цішыні, у які можна было не спяшацца; можна было чуць сябе дзіўна, нязвыкла вольнай ад пільных абавязкаў. Колькі таго трэба было хуткай Ганне, каб прыбраць у пакоі, прыгатаваць абед: яна часта не ведала, што б яшчэ зрабіць, куды дзець сябе. У такім настроі Ганна любіла прыслухоўвацца да галасоў у класах, радавалася вірліваму тлуму перапынкаў, не разумела Галіну Іванаўну, якая моршчылася ад галаўнога болю і крычала на дзяцей, каб прыціхлі.

Ганна была давольная, што школа жыла з ранку да позняга вечара. Толькі перад вечарам і ў пачатку вечара – гадзіны дзве-тры – маўчалі пустыя класы. Тады ўвальваліся хлопцы, дзядзькі, цёткі: уціснуўшыся ў світах і кажухах у дзіцячыя парты і між доўгіх сталоў, разгортвалі па загаду Параскі газеты і кніжкі, чыталі, адказвалі ёй; часам збіраліся самі, на сход, – гаманілі, крычалі, іншы раз да мацюкоў, абмяркоўвалі свае арцельныя справы; дымілі так, што ў калідоры кашлялі. Раз сабралася купка маладых, дзверы зашчапілі з калідора: развучвалі з Параскай спектакль. Доўгі, нязграбны хлопец Мікалай, запхнуўшы пад сарочку згорнуты пінжак, паказваў пузатага багацея-кулака; другі, трохі шапялявы Апанас, выдаваў з сябе папа. Злосны Мікалай з хітрым Апанасам згаворваліся, як настрашыць людзей, каб яны баяліся ісці ў калектыў. Удвух яны пускалі ўсялякія плёткі, гразіліся божаю караю, і людзі дрыжалі перад калектывам і адмаўляліся ісці, але прыходзіла Параска, смелая і разумная камсамолка з горада, выкрывала плёткі кулака і папа, звала людзей у калектыў, і людзі дружна падымалі рукі за калгас і спявалі «Інтэрнацыянал»…

Параска, у чырвонай хустачцы, завязанай ззаду, у белай, з кароткімі рукавамі кофтачцы, не толькі з запалам гаварыла за камсамолку, але і паказвала Мікалаю, Апанасу, усім іншым, як трэба ім хадзіць, гразіцца, паказваць страх. Пакуль дайшлі да канца п'есы, Параска стамілася, але гаварыла весела, падбадзёрвала ўсіх; згарнуўшы сшытак з п'есаю, здаволена сказала, што будзе добрая пастаноўка. Ужо калі засталіся адны, падміргнуўшы Ганне, пагразілася, што ў новай п'есе і Ганне падбярэ ролю!

Ганна смехам жа адказала, што нічога, мабыць, у яе не выйдзе. Не здатная яна, Ганна, на такія штукарствы!

2

Ганна і Парасцы, і ўсім, хто цікавіўся, як ёй жывецца цяпер, паказвала, што яна шчаслівая і нават бесклапотная. Але калі праўда, што яна, як бы там ні было, радая была вялікаю, такою чаканаю пераменаю ў сваім жыцці, то ніякай бесклапотнасці яна не знала.

Пільна схаваны ад людскіх вачэй неспакой жыў у ёй, насцярожваў, не даваў поўна, шырока цешыцца радасцю вызвалення. Як ні цвёрда стаяла перад Яўхімам, калі ён дабраўся сюды, як ні смела, ганарліва адказвала на яго пагрозы, абяцанне яго: «Усё роўна без мяне табе не жыць» – увесь час помніла; як папярэджанне, якое абавязвала быць заўсёды напагатове. Яна знарок пасміхвалася са сваёй трывогі: і сцены школы, і Парасчына заступніцтва, і само новае становішча – нагадвала яна сабе – давалі ёй чуць сябе тут усё ж у бяспецы, але цвярозы розум не драмаў, напамінаў няспынна, што бяспека гэта не вельмі надзейная. Хто яго можа стрымаць, калі ён уварвецца сюды, разлютаваны, з нажом; або ж хіба цяжка яму падцікаваць яе на двары, на ганку. Ледзь не ўвесь час цягнула яе да акна на вуліцу, прымушала ўслухоўвацца ў крокі дарослых, у галасы.

З гэтым неспакоем жыў у Ганне яшчэ адзін, пра які ніхто не толькі не ведаў, а і не мог здагадвацца, але да якога яна ўсё больш звыкала і які ўсё больш вызначаў, як ёй быць, што рабіць далей. Трэці месяц у Ганне расло, дужэла, заяўляла пра сябе дзіця. Несказаўшы нікому слова пра яго, Ганна, мяркуючы, як жыць далей, ужо нязменна прымяркоўвала і яго. З ім у Ганніна жыццё ішло багата невядомага, багата такога, што давала яе думкам пра будучыню няпэўнасць. Як ёй, адной, з ім, калі і самой між зямлёй і небам жыць даводзіцца? Калі – гэта ж ясна – давядзецца выйсці з гэтага, няхай сабе не вельмі надзейнага, а ўсё-ткі ж знойдзенага прытулку. Гэта ж ясна – не жыць жа ёй тут, калі прыйдзе пара раджаць! Трэба будзе кудысьці ісці – куды, хто прыме ад яе малое? Цяпер, калі яна і думаць не можа пра тое, каб хоць пад якім прымусам вярнуцца ў Курані…

У гэтыя турботы нязменна ўлазілі горкія думкі, што от суджана малому, якое яшчэ не нарадзілася, спатыкацца з бядою. Паявіцца, быць без бацькі. Невядома як быць. Не раз сярод гэтых разваг цяжка, супярэчліва ўспамінала яна Васіля. Яна ведала, што дзіця – не Васілёва. Ад Яўхіма. Цяпер, калі гарачкавы чад хапаткіх сустрэч, хваравітай прагі шчасця, ліхаманкавых надзей сышоў, яна думала цвяроза, што Васіль, калі б сышліся, сталі жыць разам, – пакуль не прывык бы, мабыць, нядобра глядзеў бы на малое. Злаваў бы на яе. Раней, у тым гарачкавым імкненні, гэта не толькі не стрымлівала яе, а нібы не даходзіла добра да галавы; дзіўна ўпэўнена, лёгка думала: прывыкне хутка, злагодзіцца. Цяпер, працверазелая, яна не думала пра гэта з такой лёгкасцю, але, хоць і ведала, што няпроста і не адразу прымірыўся б ён з малым, была і цяпер упэўнена: прывык бы ўсё ж, прымірыўся б. Маглі б жыць добра, шчасліва! Малое не шкодзіла б іх шчасцю, як і яго сын, калі б ён узяў з сабою! Таму і цяпер, між блытаніны разваг пра сённяшняе, пра заўтрашняе, не раз ажывала, ныла крыўда на тое, што ён, Васіль, мала любіў яе, не захацеў пераступіць усяго. Не паслухаўся яе, не падаўся разам. Удваіх было б усё інакш.

У хвіліны спакойнай разважнасці крыўду змяняў одум: ці ж Васіль вінаваты ў тым, што не можа пайсці? Ці ж можна вінаваціць чалавека, што ён жыве так, як умее? Як душа вядзе? Што ён не можа іначай, што яму так цяжка мяняць? Што тое, што аднаму лёгка, другому – такое цяжкае, што сілы не мае пераступіць! Была пара, лёгка было ім, вольным, само, здаецца, шчасце ішло. Бяры яго, шчасце, ды дзякуй долі, дык – не ўзяла, дурная! Страціла з-за дурной сваёй галавы! Назаўсёды страціла! Не хлопец, не вольны цяпер. Гаспадарку зладзіў сваю, столькі сілы ўпяў, столькі агораў. Прыкіпеў душою, душу ўсю аддаў. Калі б і кінуў усё, пайшоў з ёю, багата б там асталося. Не вольны. Не можа. Свая дарога. Неахвотна, прымушаючы сябе, адступалася, адрывала яго ад сваіх надзей: няма чаго хапацца за тое, што прапала. Трэба жыць тым, што дае доля. Жыць адной. Меркаваць адной.

Думала не раз пра Курані: што там гавораць пра яе? Стараючыся адгадаць, яна амаль чула галасы: спачуванне, асуджэнне, ухвалу. Сярод іншых згадвала – насцярожана – мачыху, лагодна, журліва – бацьку: як ён перажыў падзею гэту ў несамавітай долі сваёй дачкі?

Даведаліся ж, пэўна, дзе яна. Не могуць не даведацца. Павінны, мабыць, прыехаць скора…

Яны прыехалі на другі дзень пасля таго, як заявіўся Яўхім.

Ганна толькі памыла падлогу ў Парасчыным пакоі, выйшла з вядром бруднай вады на ганак, калі ўгледзела, што з вуліцы на шырокі школьны двор уязджаюць калёсы. Адразу насцярожана стала: пазнала – перад калёсамі ступаў сівы бацькаў конь. Яна кінулася назад, ткнула вядро ў куток кухні, хапатліва апусціла падаткнуты край спадніцы, хутка выцерла ногі, рукі.

Ступіла ў Парасчын пакой, па мокрай яшчэ падлозе падышла да акна. З хваляваннем, з неспакоем сачыла: бацька спыніўся сярод двара, няўпэўнена агледзеўся. Мачыха кіўнула ў бок школы, штосьці сказала, але ён, крутнуўшы нязгодна галавою, палез з калёс, стаў наматваць вожкі на ручку. Кінуў каню сена. Мачыха таксама злезла з калёс, навастрылася позіркам на школу. Ганна схамянулася, выйшла на ганак. З ганка ступенька за ступенькай сышла ўніз.

Мачыха ўзрадавана заспяшалася насустрач. Бацька замітусіўся, узяў з воза клунак, таксама пайшоў хапаючыся, быццам баяўся спазніцца. Мачыха паздаровалася, пацалавалася, бацька ад хвалявання толькі любасна, жаласна заморгаў вачыма.

– Мы тут падушку ды коўдру прывезлі, – сказала дзелавіта мачыха. Яна трымалася спакойна, з такім выглядам, быццам нічога і не здарылася асаблівага.

– От ето добра, – спакойна ж адказала Ганна. Са спакойнай жа гасціннасцю запрасіла: – Заходзьце. Гасцямі будзеце!.. Дайце мне клунак, тато!

– Да ўжэ данясу, – не згадзіўся бацька.

Яна першая пайшла ў калідор, у баковачку кухні. У кухні заўважыла: мачыха, прыціхлая, пільная, азіраецца, разглядвае ўсё навокал, бацька стаіць няёмка, не зварухнецца – трымае на руках клунак. Ганна ўзяла клунак, ускінула на печ, каб не маўчаць, растлумачыла:

– Ето – кухня. Тут я гатую…

Мачыха кіўнула спрытнай галоўкай:

– Аге.

Падала абаім табурэткі. Бацька сеў асцярожна, сядзеў напружаны, не зводзіў з Ганны ўважлівых, спачувальных вачэй. У пакой убегла вясёлая, з бляскам у вачах Параска, мачыха адразу падхапілася, дала «добры дзень». Устаў, пакланіўся бацька.

– Ето бацько з маткаю прыехалі, – сказала Ганна.

– Праведаць захацелася… – памагла мачыха.

– А-а! Я так і падумала! Як пабачыла, што ідуць, – рашыла: не інакш – бацькі!.. Вельмі добра! – пахваліла яна так, быццам прыехалі да яе. – Сваякі не павінны забывацца на сваіх!

– Хто ж думае… – падхапіла мачыха.

– Я і кажу – вельмі добра!.. Толькі што гэта вы сядзіце так? Чаму гэта вас не просяць распрануцца? Не частуюць чаму? – Бацька сказаў, што нічога не трэба, але Параска слухаць не хацела: – Ганначка, самавар гасцям! Чаю з варэннем клубнічным!.. – Яна прыслухалася: з класа, які яна пакінула, ішоў гоман, недавольна пакруціла галавой: – На хвіліну пакінуць адных нельга! – Выскачыла з кухні.

Мачыха сказала, як бы не верачы: харошая якая. Ганна адазвалася з захапленнем: харошая! Схамянулася, падбегла да самавара, дастала з печы гарачага вуголля, укінула ў трубу. Пакуль яна гнулася каля самавара, мачыха не ўтрывала, прыадчыніла дзверы ў Парасчын пакой, зазірнула. Зачыніўшы, стуліла сухія губы, паківала галавой Чарнушку:

– Чысто, як у паноў!

Яна хацела глянуць і ў другі пакой, Галіны Іванаўны, але раптам зазвінеў званок, і яна спалохана адскочыла ад дзвярэй. Борздзенька села на табурэтку, ураз нагнала на сябе выгляд ціхі, нясмелы. Адразу пасля гэтага ўвайшла Галіна Іванаўна, нелагодна зіркнула на абаіх, моўчкі прайшла ў свой пакой. Пазней зноў зайшла Параска, стала распытваць, як жывецца, хваліць Ганну за працавітасць, за розум. У калідоры між тым бушавалі тупат, крыкі, потым – было падобна – пачалася нават бойка. Параска ўсхапілася, кінулася туды…

Пасля перапынку, калі Галіна Іванаўна зноў моўчкі прайшла праз кухню і ў калідоры стала ціха, распрануўшыся ўжо, асцярожна налівалі ў сподачкі чай, сёрбалі і амаль увесь час маўчалі. Мачыха піла ўпраўна, і варэнне спытала добра, і хваліла яго, бацька цягнуў ваду без смаку, да варэння не дакрануўся. Глядзеў усё жаласнымі, трывожнымі вачыма; па вачах відаць было, як шкадаваў, трывожыўся. Ганне аж супакоіць яго хацелася.

Напіўшыся, выціраючы яшчэ чырванейшы, потны твар, мачыха хвіліну сядзела важная, сур'ёзная. Як бы паказваючы, што цяпер пара пра галоўнае пачаць.

– Буў ужэ?.. – не то запытала, не то адзначыла проста. Ганна зразумела – пра Яўхіма гаворыць.

– Буў.

Мачыха сур'ёзна стуліла губы. Уздыхнула.

– І к нам прыходзіў. Гразіўся.

– Няхай грозіцца! – Ганна весела ўстала, накрыла слоік з варэннем. – Тут таксамо страшыў! Да я астудзіла трохі!

Бацька не павесялеў ад яе слоў. На твары паявілася нешта нават такое, нібы папракнуць хацеў.

– Ты асцярожней будзь, – папрасіў лагодна. – Ён – паганы…

– Аге, ён калі пагразіўся, дак нешто думае, – павучальна дадала мачыха. – Ты ўсё-такі бойся!

– Не такі ён страшны, – разважліва ўжо, каб не трывожыць лішне бацьку, прамовіла Ганна.

– Страшны не страшны, а – асцярожней будзь.

– Да ўжэ ж, сама не палезу на ражон.

Зноў папілі чаю са сподачкаў і сталі збірацца. Ужо каля калёс, перад тым як развітацца, бацька яшчэ нагадаў:

– Ён – паганы. Не адступіцца так… Ну, і тое – беражонага – Бог беражэ…

– Ето праўда, – стуліўшы губы, кіўнула мачыха.

Ганна не стала пярэчыць. Бацька раптам болесна скрывіўся, ледзь не заплакаў. Але стрымаўся.

– Калі што трэба будзе, накажы.

– Накажу.

Пасля іх было маркотна, трывожна думала пра Яўхіма. Але з усім была і палёгка: цяпер ведала, як яны там, пасля ўсяго, што яна зрабіла.

Пад вечар таго ж дня заехаў Міканор. Прывязаў каня каля плота, доўга атрэсваўся каля калёс, выціраў запыленыя боты. На ганку ўжо прыпыніўся, агледзеў сябе яшчэ раз, абцягнуў пінжак, з калідора громка, смела пастукаў.

Ганна, хоць у акно бачыла ўжо, запыталася, хто там; а калі ён брава ўвайшоў, акінуўшы позіркам яго нацятую постаць, сказала радасна:

– О, Міканор сам! Не забывае сваіх куранёўскіх!

– А чаго ж забываць, – у тон адказаў Міканор. – Ето от штоб некаторыя куранёўскія не зазналіся. Не забылі сваіх!..

Ён, адразу заўважыўшы, што Параскі няма, прыслухаўся, ці не чуваць на кухні, у класах. Ганна перахапіла яго, з насмешачкай памагла:

– Параскевы Андрэеўны няма. Пайшла на сяло. Саўсім нядаўна.

Ён нібы не заўважыў яе насмешкі, знарок спакойна патупаў, зірнуў у акно да каня.

– Ехаў от з Юравіч. Дай, думаю, пагляджу, як жывуць…

– Жывем от неяк. Не жалуемся. – Падчапіла: – Каб часцей заязджалі некаторыя, дак, можа б, шчэ лепей жылі.

– На адчот у райком вызывалі, – нібы не заўважыў ён жарту. – Як да зімы падгатовіліся. – Міканор сеў на крэсла каля стала са сшыткамі, узяў адзін, разгарнуў. – Ето ж сколькі труда трэба, штоб навучыць чалавека розуму!..

– Ну, і што там у раёне? Пахвалілі?

– Усяго было. Трохі пакрыцікавалі. Далі саветы. Усё як паложано. – Міканор устаў, ступіў некалькі крокаў спакойна, павольна. Глянуў на Ганну, што сачыла з усмешачкай. Нібы не бачачы гэту ўсмешачку, пахваліў: – Усё-такі набралася духу! Дала адстаўку Глушаку! Даўно трэба было!

– От не магла дадумацца сама! А ты не падказаў!

– Сама думаць павінна б! Е галава на плячах!.. – Прайшоўся яшчэ трохі, сказаў тонам, у якім таілася нешта грознае: – Нічого. Скора возьмемся так, што заенчаць Глушакі! Канчаецца іх панаванне! Так што ты не бойся!.. Буў, кажуць, ужэ?

– Буў…

– Не бойся!

– Дзякую за падмогу. Толькі я – не баюся.

– От і правільно.

Ганна падумала раптам, што і ходзіць, і гаворыць ён так, быццам Параска бачыць і слухае яго. Ёй стала смешна за яго. Міканор улавіў кплівы яе позірк, недавольна нахмурыўся.

– Твой Дзятлік от за розум не бярэцца! – прамовіў строга, з папрокам. – Пагано можа кончыцца!

Ганна перастала смяяцца.

– А ты б памог яму. Падышоў бы як трэба.

– К яму падыдзеш! Толькі загаворыш, морду адварочвае!

– Значыць, гаворыш так! Ты ж так гаворыш, што часто і не зразумееш, ці ты раіш, ці загадуеш! Як камандуеш усё адно!

– Нагаварыўся ўжэ, аж у роце горко! Увесь час таўчэш адно, а яны хоць бы варухнуліся!

– Так ето проста варухнуцца! Даў загад – і зразу ўсе штоб пагналі ўсё ў камуну! Пабеглі, падскокуючы з радасці!

Міканор зазлаваў. Не стрымліваўся ўжо:

– Ты ўсё знаеш! Усе падходы!

– Знаю, – сказала яна, зноў нібы ўсміхнуўшыся. – А і табе знаць бы трэба! Калі за гуж узяўся.

Ён толькі ўзлавана зіркнуў. Хаваючы злосць, падышоў да стала, зноў разгарнуў сшытак, стаў разглядаць.

– Ты ето, можа, прыйшоў, кеб указанне Парасцы даць, як вучыць?

– А што ж, думаеш, не магу? – Ён зноў гаварыў паблажліва: – Маю право на ето!

– То-то я і гляджу: прыйшоў важны! Прыбраўся! – Хацела стрымацца і не магла, дадала кпліва і сур'ёзна: – Е ўжэ ў яе, каму ўказваць!

– Мало хто е…

– Не мало і не багато. Адзін.

Міканор момант вагаўся. Зірнуў з асцярогай.

– Хто ето?

– Ён. Знаеш…

Міканор спахмурнеў. Знае. Невясёлы, ссутулены, доўга маўчаў. Лістаў, не бачачы, сшыткі. Нарэшце схамянуўся, устаў.

– Трэба ехаць. – Пастараўся ўсміхнуцца. – Есці хочацца. А зямлячкі не частуюць… Бацьку, можа, што перадаць?

– Буў тут сам.

Падаў здаровую, абыякавую руку. Ужо без смеху, шчыра яна папрасіла:

– Прыязджай. Хоць – па дарозе…

– Будзе час – заеду…

Яна потым пашкадавала: нашто растрывожыла яго? Але адразу ж запярэчыла сабе: няхай не дзярэ галаву вельмі! І попусту няхай не цешыцца!..

Раздзел другі
1

Наступным вечарам неспадзеўкі прынесла Дубадзела. Дужы, жылаваты, у шынялі і ў ваеннай шапцы, крывароты, адразу заўважыла Ганна, трымаўся неяк нязвыкла лісліва і разам афіцыйна, і гэта зацікавіла яе. Ён неахвотна прысеў на крэсла, калі Параска, таксама цікаўна зірнуўшы на яго, запрасіла сесці, мякка сказаў, што сядзець асабліва няма калі – справы. Пра гэта гаварыў, здавалася, не толькі ўвесь яго выгляд, але і палатняны партфель, які Дубадзел трымаў на каленях і па якім неспакойна бегалі яго пальцы.

– Ну, не ўвесь час справамі аднымі займацца? – хітравата зірнула Параска, падымаючы галаву ад сшыткаў, якія правярала.

– Увесь не ўвесь. А гуляць, можно сказаць, некалі…

– Вам жа не трэба сшыткаў правяраць! І непісьменных вы грамаце не вучыце! Часу ў вас павінна быць аж лішне!

– Дыхнуць некалі! Як у раён перайшоў!

Ён, пасля таго як не выбралі ў сельсавеце, уладзіўся раённым упаўнаважаным. Невялікае, але ўсё ж начальства, з партфелем ходзіць! І палёгку даць, і прыціснуць можа, што ні кажы – раённы прадстаўнік! Недарэмна частуюць ледзь не ўсюды! Ганна заўважыла неспакойны бляск у яго вачах, падумала: і цяпер от, не інакш, з пачастунку! Аж шрам каля рота пачырванеў!

Дубадзел перахапіў яе позірк, кіўнуў, каб выйшла на ганак. Яна павяла плячыма, нібы не зразумела. Ён падумаў, устаў, строга афіцыйным тонам вялеў:

– Ганна, прашу выйсці.

– Чаго ето?

– Дзело есць! Выясніць трэба…

– Дак выясняй тут.

Ён ніякава памаўчаў. Скоса, асцярожліва зірнуў на Параску. Перавёў позірк на Ганну, недавольна пакруціў галавою: нездагадлівая!

– Пры пастаронніх нельга…

Параска адразу адгукнулася:

– Дык я магу выйсці!

– Не, вы работайце! – Ён сказаў нецярпліва, патрабуючы: – Часу няма. Выйдзі!

Ну што ж. Ганна, не апранаючыся, выйшла ў калідор. Ён папрасіў выйсці на ганак. Паслухалася. На ганку стала.

– Ну, выясняй.

– Хадзем трохі шчэ, – лагодна ўзяў за руку.

– Не хочу.

– От скула ж ты! – засмяяўся, як бы хвалячы. – Усё па-свойму гнеш!

– Ну, што ты хацеў выясніць?

Ён выпусціў яе руку, важна прамовіў:

– Ты ето правільно зрабіла, што Глушака кінула.

– Дак ты для етаго і пазваў – штоб пахваліць?

– Ну язык! – Ён зноў засмяяўся, як бы хвалячы. Сказаў: – Правільно. Хваціць гнуць карак на іх!

Дубадзел узяў яе за руку. Ганна хацела зразу ж адабраць яе, але ён не аддаў. Пацягнуў Ганну да сябе. Аж заванітавала: дыхнуў гарэлкай.

– Т-ты што ето?! – здзівілася нібы.

– А нічого! – забулькаў брыдкі смех. – Паўхаджуваць от хочу за табою.

– Унё! Дак для етаго трэба было цягнуць сюды? На холад. – Холад такі браў яе. Асабліва мерзла спіна. – Паўхаджуваў бы там. Перад Параскаю.

– Наравішся ты мне! – як бы не заўважыў ён кпіны, усё цягнуў да сябе. Яна цвёрда ўперлася яму ў грудзі. – Ну, чаго ты? Н-не нараўлюся?

– Не наравішся.

Рукі яго трохі паслабелі. Але ён усё ж не выпусціў яе.

– Чаму ето?

– А не знаю. Просто – гадкі.

Чула: гэта яго нібы ўдарыла. Момант разгублена маўчаў. Потым сказаў злосна:

– Чаго дзярэш нос?

Яна спакойна загадала:

– Пусці!

Дубадзел пусціў.

– Няма чаго дзеўку строіць з сябе! Не знаю, думаеш, як ты з етым Дзятлікам на гумне?

– Знаеш?

– Знаю.

– Дак старайся не забыць!

Гэта здзеклівая парада раз'ятрыла яго.

– Чаго дзярэш нос, кулацкая падсцілка!

Яна стрывала, прамовіла з пагардай:

– Ето ўсё, для чаго ты пазваў мяне?

– Т-ты шчэ пашкадуеш аб етом! – выціснуў ён люта.

– Тады тое будзе!

Ганна спакойна зачыніла дзверы.

Калі ўвайшла, Параска зірнула ад сшыткаў гулліва, падсмейваючыся:

– Ну што, пагаварылі?

– Пагаварылі, – Ганна сказала такім тонам, што ўсмешка на Парасчыных губах замерла.

Параска ўгледзелася ўважліва і не стала распытваць. Нахілілася зноў над сшыткамі. На кухні, на адзіноце, Ганна дала волю гневу: «Ах ты, гад, гад, як абазваў, аж успомніць гадко!» Старалася суцешыць сябе: добра ўпякла яго – адскочыў адразу; але гнеў не сціхаў. «Думае, як я адна, дак і ўсё можно. Прыходзь дый бяры, рада будзе… Кінецца сама! Аге, толькі цябе мне і не хапало… Ждала, не магла даждацца!.. Грозіцца яшчэ: „Пашкадуеш!“ Пашкадую, ды пра другое! Што не плюнула ў вочы!..»

Неўзабаве супакоіла сябе зусім: ёсць перажываць з-за каго!

Праз дзень прыйшоў яшчэ чалавек. Быў вечар, позні вечар, хутка павінны былі кончыцца вячэрнія заняткі – са старымі, калі Ганна пачула, што ў калідор нехта зайшоў. Пашаргаў у цемры лапцямі, стаў, мабыць, не ведаў, куды ісці.

Яна адчыніла дзверы ў калідор, глянула ў змрок.

– Хто тут?

Ён стаяў наводдаль, са святла ў змроку калідора ледзь відна была постаць. Яна не так пазнала, як здагадалася.

– Ты?..

Голас яе дрыжаў. Яна ўмомант захвалявалася. Узрадавалася: прыйшоў! Радасць нядаўніх сустрэч першая ажыла.

Ён паволі, таксама ўзрадаваны, падаўся насустрач.

– Заходзь!

Калі ён асцярожліва зайшоў, амаль заплюшчыўся ад святла, у яшчэ летняй шапцы, у расшпіленай свіце, яна ўзрадавана прыпала да яго позіркам, але амаль нічога добра не бачыла. На міг недарэчы заўважыла нейкі белы пыл на рукаве: снег, ці што? – і больш нічога, што б здзівіла неяк. Усё было такое знаёмае, роднае. Гледзячы на яго, яна не так бачыла, як адчувала, можна сказаць, толькі адчувала. Быццам стаялі, прытуліўшыся…

Ён, хмурачыся, няёмка, як бы недаверліва агледзеўся. Хмурыўся ён, можа, ад святла, але ёй падумалася, што яму не падабаецца тут. Яна схамянулася. Накінула на плечы хустку. Рашуча ступіла ў калідор.

– Хадзем!

Выйшлі на ганак – на цемру, на вецер. Момант здавалася, быццам нічога іншага не было, толькі спатканні. Усё было, як тады перад гумном, пад яблыняю. Як у гумне.

Ішлі хутка, нецярпліва. Нецярпліва стала. У баку ад дарогі, каб не зашкодзіў ніхто.

– Прыехаў! Не забуў! – Голас яе перарываўся.

– Не…

– Я думала, забуў!

– Скажаш!..

– Не прыязджаў доўго!

Ён памаўчаў.

– Не так просто…

Яна зразумела недагаворанае: не так проста вырвацца. Маня, матка, суседзі. Усе сочаць. Абавязкі перад сваімі. У радасць яе ўліўся нядобры халадок. Не так проста. Не так проста!

– Ты прыйшоў? – спытала стрымана.

– Прыехаў…

– З дому?

– З Алешнікаў… – Ён дадаў: – Муку малоў…

Яна запытала, абы не маўчаць:

– А дзе – калёсы?

– На вуліцы.

Узялі дрыжыкі. Пачула, які халодны вецер. Трэба было хоць бы накінуць каптан. Выскачыла згарача!

– Як ты тут? – пачула.

Смутак, трывога, любоў былі ў голасе.

– А нічого. – Пастаралася схаваць гаркату. – Жыву… Добра жыву… А – ты?

– Ат…

Многа сказала ёй гэтае «ат»!

– Маня – як? – не стрымала раўнівае.

– Што ёй…

– А сын?

– Расце…

Нялёгка было гаварыць: за тым, што казалі, было багата іншага, пра што і казаць не хочацца, і забыць не забываецца. Таму ахвотна маўчалі.

Але і маўчанне было поўнае хвалявання.

– Землю адабралі! – нібы паскардзіўся ён. Яна пачула ў голасе адчай. – Усю, што каля цагельні.

– Мне казалі, – паспачувала яна.

– Пасеянае перааралі. Міканор усё…

Ён, здалося, чакаў, што яна паспачувае. Скажа нядобрае пра Міканора. Яна не сказала. Нашто вярэдзіць лішне боль яго.

– Не знаю, што будзе, – зноў пачула адчай.

– Будзе нешто. – Спакойна, супакойліва сказала: – Горай, як було, не будзе.

Ён падумаў над тым, што сказала.

– Можа і горай буць.

– Не будзе.

Яна была ўпэўнена ў гэтым. Зноў маўчалі. Гуляў вецер, халадзіў шыю, плечы. Бралі дрыжыкі.

– Ты не абіжаішся на мяне? – прамовіў ён ціха. Як бы нясмела і вінавата. Насцярожыўся, чакаючы, што яна адкажа.

– Не-а, – сказала яна спакойна. Нібы здзівілася: – Чаго абіжацца?

Ён узрадаваўся. Памкнуўся да яе, хацеў, здалося, абняць. Але стрымаўся. Не наважыўся. Усё ж нейкая вясёласць, зухаватасць была, калі гаварыў:

– Чорт яго знае, запуталася ўсё!..

– Запуталася…

– Што будзе, адзін Бог знае!..

Ён быццам апраўдваўся перад ёю. Вінаватым усё чуў сябе, хоць яна і знаку не падавала на гэта. Нашто ён пра гэта – вінаваты не вінаваты, што ад таго? Лягчэй хіба стане?

– Як ты будзеш далей? – пачула зноў вінаватую заклапочанасць.

– А так і буду.

– Ты не абіжайся, – зноў папрасіў. – Калі б можно було!..

Ну, нашто ён гэта! Як бы яна вінаваціць! Не вінаваціць яна нікога: кожны жыве як можа. Кожны сам за сваю долю вінаваты.

– Не абіжаюся я.

Ён усё ж наважыўся. Абняў на развітанне, нясмела, нязграбна. Быццам не абдымаў ніколі. Яна не развяла яго рукі, але і не прыгарнулася вельмі. Як бы не ўзрадавалася. Ён адразу чула заўважыў гэта, стрымаўся. Дужыя, нецярплівыя рукі яго аслабелі. Абняўшы, ён нібы не ведаў, што рабіць. Стаялі моўчкі, нерухома. Было непагана, але ўжо не было так, як раней. Чагосьці ўжо не хапала. Халаднаватасць была ўжо нейкая.

Ён пацалаваў. Яна адказала. Але таксама спакойна – нібы з успаміну пра тое, што было.

– Дак бувай…

– Бувай…

Пастаяла, паслухала, як стукаюць яго калёсы ўпоцемку. Па мёрзлай, скамянелай зямлі.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю