Текст книги "Завеі, снежань"
Автор книги: Иван Мележ
сообщить о нарушении
Текущая страница: 6 (всего у книги 18 страниц)
Калі спусціліся ўніз, у цішыню юравіцкай вуліцы, возчык павярнуўся да яго:
– Куды везці?
Башлыкоў апусціў каўнер, трасянуў плячыма.
– У райком…
Намерзлыя губы варухнуліся непаслухмяна, выйшла нейкае «вайком».
Возчык мог бы і не пытацца: кожны раз, вяртаючыся, ехалі найперш у райком. Можа, пакуль ездзіў, адбылося што-небудзь важнае: трэба неадкладна даць распараджэнні. Ды і наогул даведацца пра становішча, быць у курсе апошніх падзей. Ведаць усё… Пасада такая і час такі, што трэба ўвесь час быць напагатове…
З акна райкома прывітаў жоўты агеньчык. Ураз адкідаючы здранцвенне, што сцінала ўсяго, Башлыкоў ахвоча выскачыў з вазка. Левая нага ледзь не падагнулася, ён прытрымаўся, адужаў млявасць у ёй, яшчэ накульгваючы, падаўся на райкомаўскі двор, узышоў на ганак. Паспрабаваў адчыніць дзверы, але яны былі зашчэплены з сярэдзіны. Цёплай пасля рукавіцы рукой энергічна пастукаў па дошках.
Адчынілі не хутка. Дзяжурны, русявы хлопец, убачыўшы яго, лыпаў вачыма санліва і няёмка. Задрамаў. Ухапіўся прыгладжваць валасы.
Башлыкоў з той лёгкасцю, якая заўсёды паяўлялася пры людзях, рашуча прайшоў міма. Не сказаў нічога, папрок вымавіў маўчаннем. Ужо ў прыёмнай прыпыніўся, кінуў:
– Званіў хто?
– Званілі!.. – злавіў яго позірк дзяжурны. У голасе была радасць: мабыць, ад таго, што можна выправіцца.
– Даўно?
– Ды – за поўнач. За поўнач добра.
– Адкуль?
– З Мозыра. З округа. Таварыш Галубовіч…
– Казаў што?
– Казаў. Запытаў, дзе вы. «Дзе таварыш Башлыкоў?» Я сказаў: на раёні. Калектывізацыю праводзіць…
– Не пытаў нічога?
– Пытаў: «Як справы?» Я сказаў: «Ідуць». Тады ён папрасіў прачытаць зводку. Я прачытаў. Міша мне пакінуў…
– Больш нічога не казаў?
– Сказаў: «Дзякую. Усяго добрага».
Башлыкоў адамкнуў дзверы ў кабінет. Упоцемку знайшоў у кутку вешалку, павесіў паліто. Падаўся да стала, дзе павінна была стаяць лямпа. Чыркнуў запалкаю, падняў пад зялёным абажурам шкло, запаліў падгарэлы беражок кнота. Зялёны абажур на лямпе адзначыўся раздражненнем: ч-чорт, не забраў гэтае мяшчанства! Раздражненне было на памочніка, які недзе выкапаў дурны гэты абажур і не выканаў загаду зняць.
Не хапала яшчэ, каб у кабінеце сакратара райкома разводзілася гэта мяшчанская ўтульнасць! «Для вачэй зручнасць, супакойвае зрок!» – згадаў ён з'едліва памочнікаў доказ. Самы клопат – супакойваць зрок, калі трэба толькі глядзець ды глядзець! Не першы раз затурбавала: дзе ён дастаў гэта, ці не ў нэпмана якога? Канечне ж, не ў бедняка. Падумаў строга: трэба прыгледзецца лепш, узяцца як належыць за памочніка. Часу ўсё не знойдзеш, круцішся, як чорт. Ды і хлопец спраўны ж, талковы…
Зняў абажур, сунуў у куток пад вешалку. Заўтра ж загадаць, каб і знаку нэпманскага гэтага блуду тут не было.
На стале на заўсёдным месцы бялеў лісток. Зводка за суткі. Башлыкоў, зайшоўшы за стол, звыкла працягнуў да яго руку і раптам важка спыніў. Зводка! Устарэла, паламалася зводка! Стрымліваючы непрыемнае пачуццё, што адразу ажыло, узяў два канверты, якія ляжалі побач зводкі. На першым ён адразу пазнаў почырк Нінкі – сястры. Ліст з дому. Почырк на другім быў таксама знаёмы, пісаў гомельскі прыяцель Лёня Мандрыка. Аб гэтым сведчыў і подпіс унізе канверта: некалькі літар з адмысловымі кручкамі. Подпіс, годны, як смяяўся Лёня, таго, каб падпісваць грошы. Пісьмо было напісана пачціва, афіцыйна – «Сакратару Юравіцкага райкома таварышу…». Нават за подпісам гэтым бачыўся вясёлы таварышаў характар.
Башлыкоў адарваў край канверта: захацелася пачуць вясёлы голас. Ледзь разгарнуў сіні, шурпаты, з лінеечкамі лісток, у вочы кінулася: «Алёшка, чарцяка!» Ад гарэзнага, таварыскага ўсярэдзіне адразу пацяплела: быццам раптам аказаўся ў мілым Гомелі, сярод прыяцеляў ці дзе-небудзь у парку над Сожам. Ухапіўся позіркам у ліст: «Як ты там ваюеш? Як ты пераворваеш там старыя ўласніцкія межы? Крышы там кулацкую і ўсякую іншую нечысць! Штоб усе адчувалі тваю цвёрдую, рабоча-пралетарскую руку!.. Алёшка, я чытаю пра цябе ў газетах і – ганаруся! І проста не веру, што гэта з табой лазіў праз плот, у дзірку, на стадыён. Помніш, чарцяка?.. А цяпер я – ганаруся, ты – наша слава!..» За ўсім гэтым Башлыкоў чуў задзірысты, гарэзны голас Лёнькі, якога ён калісьці любіў, з якім так лёгка было глядзець на свет. Сёння голас гэты не толькі не весяліў, а абуджаў непрыемнае ў душы, тое, што не хацелася чапаць. «Ганарымся!.. Ты – наша слава!.. Чытаем!..» – словы гэтыя сёння быццам недалікатна дражнілі.
Ён ужо хацеў кінуць чытаць, калі позірк раптам выхапіў сярод радкоў – «Лена». Чуючы, як часта стала біцца сэрца, ён пайшоў па радках: «Зайздрошчу і ганаруся, між іншым, не толькі я. Я зараз табе напішу такое, што ты – заікам станеш! Падрыхтуйся, чарцяка, і трымайся! Не падай на падлогу! Бачыў я тут на днях, каго б ты думаеш? Век не адгадаеш! Лену!.. Іду па Савецкай і проста – твар у твар! Я аж вачам не паверыў!..» Як бы праз туман, праз гарачы звон, пранізвалася: Лена ў Гомелі. Прыехала ад мужа. Не вельмі шчаслівая – «мякка кажучы!». Хоць і выгляду не падае. Доўга, «аж сцінала ёй дыханне», распытвала пра яго. «Пра Алёшку». Сказала, што ён далёка пойдзе і што яна – «рада за яго»! А пра сябе расказваць не стала: «Нічога асаблівага. Жыву і – усё…» Кожнае слова адгукалася звонам, біла, а апошняе мацней за ўсё: «Праз дзень, сказала, паедзе назад! Нявесела сказала!.. Разумееш ты, чарцяка, што робіцца на свеце?!» – пытаўся недарэчы весела Лёня.
За гэтым Лёня пісаў пра гомельскія навіны, пра тое, якая гэта неспакойная і вясёлая служба – яго клуб. Відаць, здагадваючыся, што растрывожыў напамінкам пра Лену, зазначыў, што ў Гомелі многа паявілася дзяўчат харошых, і раіў: на свеце ёсць і іншыя важныя рэчы, акрамя спраў. Вырвіся на дзень-два, шкадаваць не будзеш!..
Башлыкову не спадабаліся пашлаватая гуллівасць апошніх радкоў пісьма і запрашэнне з намёкамі, асабліва непатрэбныя пасля ўсяго, што было пра Лену. Але гэта адзначылася мімаходзь у душы, ва ўсёй істоце было адно: Лена! Ці ад таго, што ён быў стомлены, ці ад таго, што такая навіна абрынулася так неспадзявана, Башлыкоў дзіўна не мог думаць, жыў толькі гарачым і важкім адчуваннем: Лена, была ў Гомелі, нешчаслівая, любіць. Любіць усё ж. Лена, Лена, Лена – звінела на розныя галасы…
Ён з намаганнем зварухнуўся, узяў пісьмо ад Ніны. Кожны раз, калі ён браў пісьмо з дому ці проста думаў пра дом, пра родных, яго нязменна апаноўваў складаны свет. Вярталася галоднае, у знясільнай працы маленства, цёмны, сыры барак у залінейным раёне. Уваходзіла ў пакой, станавілася побач, век у турбоце, у страху пра хлеб, пра дзяцей, маці. Пяшчотная і няшчасная на ўсё жыццё сястрычка Ніна, здаровы, пешчаны маткаю Барыс. Ажывала ў памяці даўняя крыўда, непрыхільнасць: мучыліся адны, пры жывым бацьку, які недзе, былі ўпэўнены, раскошастваваў з іншаю жанчынай. Стракатае, поўнае прагнай дзейнасці і шырокіх, на ўвесь сусвет, надзей камсамольскае юнацтва ледзь не ўвесь час хмарылі неадольныя супярэчнасці з тым, што было дома. Старыя бядоты не ўсе засталіся ў бараку, многія пераехалі ў светлы, каменны пакой каля парку, які далі Башлыкову. Пяшчота да маці, што гадавала траіх, мяшалася са шкадаваннем: не ўберагла, дала на памяць яму і Ніне сухоты. Ніну зрабіла калекай. Ніна, мілая, разумная Ніна, з вострымі плячыма, з няшчасцем-горбам…
У супярэчлівы свет памяці заўсёды ўнізвалася, турбавала адчуванне віны: памагае мала. Праўда, грошы пасылае, кожны месяц усё, што можа. Але хіба даволі грошай адных ім. Ніне, якую неяк трэба было б завезці да добрага спецыяліста, паспрабаваць выбавіць з бяды. Барысу, якога трэба было б накіроўваць цвёрдай рукой. Маці, якая адна разрываецца між абаіх…
Сёння з усім гэтым неспакоем мяшалася і свежая, неспадзяваная туга пра Лену. Лена, Лена…
Нініна пісьмо, як заўсёды, пачыналася пяшчотным: «Добры дзень, любы наш Алёшка!» Пытанні, як жыве, шкадаванне, што, мабыць, работы многа. Не глядзіць сябе, недасыпае і галадае. У дарозе ўсё, на холадзе. А яна – вучыцца, і вучыцца добра. На вельмі добра. І здаровая, і вясёлая. «Дзяўчаты і хлопцы ў нас – як адзін. Дружныя і дасціпныя. На пераменку да нас прыходзяць з другіх груп – каб парагатаць! Ведаюць: у нас сумаваць не ўмеюць!» Маці таксама здаровая. Толькі ўсё перажывае за яго, за Алёшу. І наказала нават, каб напісала: няхай беражэ сябе! «Адным словам – усё ў нас па-ранейшаму», – супакойвала, цешыла Башлыкова сястра. Здаецца, сёння яна лішне ўжо старалася супакоіць яго, і ў Башлыкова ў стоме з'явілася прадчуванне, што ў іх там нешта здарылася. І праўда, за гэтым ішло асцярожнае: «Толькі з Барысам – важныя навіны. Барысік наш, здаецца, сур'ёзна сабраўся стаць дарослым! Прыбіцца, нарэшце, да берага і пачаць сталае жыццё!.. Пра тое, як гэта сур'ёзна, можна меркаваць ужо з таго, што ён цяпер усе дні ля адной прыстані… Прыстань гэта – Ліза Шэпель!.. Усе дні, усюды – разам! Проста – галубкі!.. Увесь вольны час – у яе пакоі… Мяркуючы па ўсім, у іх далёка зайшло. Ходзяць чуткі, што можа быць нейкі нашчадак… Так што ў нас, Алёшка, новы сваяк – таварыш Шэпель!..»
Як ні быў знябыты, перапоўнены ранейшымі падзеямі, Башлыкоў некалькі хвілін не знаходзіў месца ад хвалявання. Устаў, закурыў, зацягнуўся, аж зайшоўся кашлем. Нецярпліва, раззлавана захадзіў па пакоі. «Сваяк – таварыш Шэпель!» Таварыш Шэпель! Пан Шэпель! Гаспадар некалі багатай аптэкі! І моднага парфумнага магазіна! Нэпман, гандляр, вядомы ўсяму гораду!
Усяго, здаецца, можна было чакаць ад гэтага балбеса, ад Барыса. А такога не чакаў. Дадумацца не дадумаўся б! «Сваяк таварыша Шэпеля! Таварыша Шэпеля!» Сакратар райкома – сваяк Шэпеля, нэпмана, прайдзісвета!
З глузду ён з'ехаў, ці што, дурань гэты? Гэта ж дадумацца – з тысяч дзяўчат, харошых, рабочых дачок выбраць такую спадарожніцу! Нібы знарок! Ды і знарок, каб хацеў, дадумацца б трэба! Каб раней гады два-тры! Зразумець яшчэ неяк можна было б! А цяпер, цяпер!.. Зразумець можна было б, ён бачыў Лізу Шэпель, ведаў красуню. Але ён так абураны быў цяпер усім, што не разумеў, не хацеў разумець! Зрабіць такое глупства ў цяперашні час – калі ідзе такі наступ! Паставіць сябе і яго, брата, у такое становішча!
Ён падумаў, як адгукнуцца на ўсё гэта сябры там, у Гомелі. Загадзя ўявіў, што ледзь не кожны, не інакш, будзе вінаваціць яго, Башлыкова. Не выхаваў як належыць. Свайго меншага брата не здолеў выхаваць! Кіраўнік!.. Будуць вінаваціць – і будуць рабіць справядліва! Не выхаваў! Не змог!
Прыйшло ў галаву: цяпер, кожны раз, расказваючы пра сябе, ён павінен будзе паведамляць пра гэта. Тлумачыць у анкетах, у аўтабіяграфіях! Упісваць у сваё жыццё! Якое ён хацеў жыць чыстым! І быў чыстым дасюль!..
Усё так блыталася, што яго раптам узяў адчай. Чорт ведае што за ноч! Злыя твары на сходзе. Поўны правал у Глінішчах. Непатрэбная, балючая вестка пра Лену. І напаследак – гэтае: сваяк пана Шэпеля! Усё разам, сышлося адусюль!
Не было ўжо сілы ні думаць, ні трываць гэта. Ён раптам перастаў мераць кабінет, кінуў недакурак. Прыдушыў аб прыбор. Рашуча абарваў думанне: хопіць на сёння!
Дастаў з шафы падшыўку газеты, згарнуў на канапе пад галаву. Узяў з вешалкі паліто, шапку, рушыў да стала. Крутнуў колца кнота, дзьмухнуў у лямпу. Падаўся да канапы.
Частка другая
Раздзел першы
1Устаў рана. Цвёрдая сялянская канапа не давала залежвацца. Ды і пачуў, што мястэчка абудзілася, трэба было пачынаць дзень.
Ад таго, што спаў мала, у галаве нядобра звінела, ува ўсім целе была млявасць. Але ён намацаў шапку, што была за падушку, усцягнуў на сябе паліто. Хістаючыся, няцвёрдай хадою выйшаў на ганак.
Ранішні сіняваты прыцемак сустрэў добрым, вострым халадком. Важка рыпаючы ботамі па снезе, Башлыкоў выйшаў з двара, пакрочыў па вуліцы. Хаты ўжо часта жаўцелі вокнамі, у іх на дварах усюды віднеліся постаці; насустрач выткнуліся, праехалі сані з двума седакамі. Рух гэты, клопат навокал настройвалі і яго на дзейны лад. З турботнасцю жывой рэальнасці прыходзіла звыклае адчуванне нязменнага абавязку дзейнічаць. Цішэла санлівасць, дужэў.
Пачынаўся дзень. Важны, нялёгкі дзень.
Башлыкоў харчаваўся ў сталоўцы, якую называлі райвыканкомаўскай. Сталоўка гэтая служыла ўсім дзяржаўным работнікам раённага цэнтра, розным камандзіровачным, удзельнікам пленумаў і нарад. Непрыкметная з выгляду, стараватая драўляная хата гэта, комін якой дыміў з ранку да вечара, была паважнай, неабходнай установай, значэнне якой асабліва вырастала, калі ў цэнтры збіраліся дэлегаты ці ўдзельнікі.
Гаспадыня, дзе Башлыкоў кватараваў, бралася гатаваць яму дома, клапатліва ўгаворвала нават, што так, як яна, там не згатуюць, але ён ветліва, цвёрда адмовіўся. Акрамя таго, што ён у душы лічыў клопат пра тое, дзе паесці смачней, нечым не вартым дзелавога чалавека, ды яшчэ партыйца, кіраўніка, было тут і іншае меркаванне. Што там ні кажы, харчаванне ў гаспадыні ў нейкай ступені – мяшчанства, уступка старому быту. Сталоўка ж – гэта разам і асаблівая грамадская ўстанова, і новы быт, які трэба падтрымліваць і ўвагай да якога належыць паказваць прыклад іншым работнікам.
У сталоўцы снедала некалькі чалавек, сярод якіх Башлыкову кінуўся ў вочы Зубрыч, што ўжо разлічваўся з афіцыянткай, строгі, заклапочаны. Башлыкоў з тым уздымам, які звычайна ўзнікаў у ім на людзях, бадзёра паздароваўся, распрануўся каля вешалкі, па-дамашняму нахіліўся каля ўмывальніка. Вада была халодная, відаць, нядаўна з двара, і ён з асалодай чуў яе сцюдзёную свежасць. Весела пакіраваў у сціплы куток, дзе меў звычай абедаць. Афіцыянтка – паўнацелая, крамяная полька Ліза, з местачковых – чакала ўжо, калі ён сядзе. Адразу падышла.
Ведала: сакратар райкома – чалавек вельмі заняты, сядзець попусту, чакаць яму няма калі.
– Перакусіць чаго-небудзь, Ліза. – У голасе яго былі разам і ветлівасць, і дзелавітая сабранасць.
– Сягоння – рагу і чай.
– Давай рагу і чай, – сказаў ён згаворліва.
Яна адразу павярнулася да кухні, кемлівая полька. Яму заўсёды прыемна было бачыць яе, але цяпер, зірнуўшы ўслед, ён раптам адчуў штосьці прыкрае. Не адразу зразумеў: прыкрасць была з імем яе – Ліза… У пісьме была таксама Ліза… Ён адагнаў успамін. Сапраўднае імя не Ліза, а Алаіза Янкоўская.
Алаіза Янкоўская не дала доўга чакаць. Быццам убачыла, што ён, звычайна спакойны да яды, сёння галодны. Галодны, як звер.
За тыя дзве-тры хвіліны, што яе не было, ён раптам адчуў, як страшэнна хоча есці. Нецярпліва чакаючы, ён згадаў, што не вячэраў учора. Выпадак не быў выключны, раней такое здаралася не раз, і ён гатоў быў папракнуць сябе за нецярплівасць, нявытрыманасць. Але голад не слухаўся.
Шчыруючы над рагу, ён успомніў, як яго запрашалі павячэраць учора. Ноччу. За гэтым, нібы праз туман, але з дзіўнай прывабнасцю згадаў абед у школе. Нібы нанава ўбачыў, як побач стаіць, лье з карца на яго рукі. Адчуў цвёрдую далонь, калі памагаў вылезці са склепа. І пачуў голас, што прасіў застацца, павячэраць… Дзіўны голас. І дзіўная рука. І ўся дзіўная. Хто яна?.. Але адразу ж з гэтым усярэдзіне ажыло глухое, нядобрае – сход, злыя позіркі і крык. І ганебнае адчуванне бездапаможнасці. Ён сціснуў зубы, стрымаў сябе.
Хутка даеў рагу, не чуючы смаку, выпіў шклянку фруктовага чаю. Забыўшы разлічыцца, рашуча апрануўся і выйшаў на двор.
Трэба было пераадзецца з дарогі. Ён не быў франтам, у адзенні імкнуўся да сціпласці, якую таксама лічыў абавязковай партыйнай, сакратарскай адзнакай. У яго было два не новыя, дзе-нідзе ўжо акуратна падлапленыя касцюмы, якія ён насіў з той беражлівасцю, што засталася ў спадчыну ад матчыных павучэнняў і беднасці, зазнанай у залінейным бараку. З той жа прычыны, а можа, ад звычкі, якая прыжылася потым, у Башлыкова было разам проста хваравітае правіла: адзявацца заўсёды ў чыстае. Ён зусім не выносіў бруднасці. Чыстымі павінны былі быць не толькі бялізна, але і гімнасцёрка, і штаны, якія ён нярэдка, пад аханне і дакоры гаспадыні, мыў і прасаваў сам…
Гаспадыня – Цыля Савулаўна, або, як яе найбольш звалі, Савельеўна, – убачыла яго праз шыбу, яшчэ калі ён узыходзіў на ганак. Але, калі ён паявіўся ў пакоі, не прызналася: нібы непрыстойна было паказаць, што бачыла раней, – уразілася так, быццам заявіўся сын з Ленінграда, матчыны скруха і гонар.
– Ох, хто прыйшоў!.. Тато, Лёва! – пазвала гаспадыня парадавацца.
Сын – Лёва, што тут жа за сталом снедаў, мабыць, збіраючыся ў школу, хутчэй дажаваў нешта, праглынуў, устаў і, пачырванелы, задаволены, прывітаўся. Тады ж з прыадчыненых дзвярэй, прыгорблены, у нязменнай чорнай камізэльцы, выпацканай крэйдай, высунуўся стары Савул. Уткнуўшы вострую бародку ў грудзі, паглядзеў на Башлыкова з-пад акуляраў, моўчкі кіўнуў. Быццам падумаў нешта, але не сказаў – моўчкі павярнуўся назад. Спакоем сваім паказаў гэтай мітуслівай, ненармальнай жанчыне, што неабавязкова падымаць крык на ўсё мястэчка ад таго, што вярнуўся чалавек.
Радасць жанчыны, як заўсёды, адразу змянілася цвярозай дапытлівасцю:
– Зноў на сходзе начавалі? – У тоне, як звычайна, чуліся разам дакор і насмешачка старэйшай. І дабрадушная нецырымоннасць.
– На сходзе, – усмешліва пацвердзіў Башлыкоў.
– І вячэралі – на сходзе?
– Пасля.
– А можа, і не вячэралі?
– Вячэраў. Нават паснедаў ужо…
Башлыкоў заўважыў, як чырванеў за матчыну недалікатнасць, але стрымліваўся Лёва, што звешваў галаву над талеркай. Цыля ж не зважала на яго, прыгледзелася – зусім як стары Савул, трохі скасабочыўшы галаву, – і раптам заявіла:
– У вас нешта здарылася непрыемнае!
Як ні ведаў яе, Башлыкоў крыху збянтэжыўся. От жа зіркастая.
– Не… Нічога асаблівага…
Падаўся нарэшце ў свой пакой.
Пакой быў невялічкі, вузкі, але Башлыкоў быў давольны ім. Нашто яму, адзінокаму, партыйцу, да таго ж вельмі занятаму, харомы. Ды і які ён прыклад паказаў бы ўсім, сакратар райкома партыі, калі б паддаўся харомным прынадам, мяшчанскай раскошы. Якія толькі адрывалі б ад справы, зацягвалі ў балота. Усё тут, у пакоі, ёсць, і больш не трэба. Акенца на вуліцу, з форткай для чыстага паветра. Жалезны ложак, стол пры сцяне з кніжкамі, з двума гнутымі крэсламі. Чысты, адпрасаваны касцюм на плечыках на сцяне, прыкрыты прасцінаю. Пад ложкам – плеценая карзіна з бялізнаю, з рознымі патрэбнымі дробязямі. Падлога памытая, чысціня ўсюды. Што яшчэ трэба дзелавому чалавеку?
Пераадзяваючыся, Башлыкоў чуў праз дзверы, як Цыля разважала:
– Непрыемнасць зноў!.. Адны непрыемнасці!.. Якая радасць так жыць!.. Днём – сход, вечарам – сход! Паесці няма калі!..
– Мама, ты нічога не разумееш, – перабіў яе Лёва. Ён так гаварыў, што адчувалася – яму вельмі няёмка за яе перад сакратаром райкома партыі, які ўсё чуе. Лёва – камсамолец, член бюро камсамольскай ячэйкі школы.
– Ты – разумееш! Ты рана стаў разумны, Лёва! Такі разумны, што ўжэ матку вучыш! – Цыля не так абураецца, як высмейвае сына. Разважліва наступае: – Чалавек павінен спаць? Павінен есці? Няхай ён і бальшавік… Бальшавікі павінны есці ці не?
– Мама!..
– Што – мама! Я ўжэ скора семнаццаць гадоў табе мама!.. Я – не разумею! Вы чулі, тато, я ўжэ не разумею нічога?!. – Яна, вядома, не чакае адказу, ведае, што стары Савул прамаўчыць. Пытанне – проста так, як звычка. Яна зноў надае гаворцы практычны кірунак: – Ты таксама, калі матка не напомніць, дак не паясі. І спаць не ляжаш у час! Да раніцы будзеш сохнуць над кнігай! Я ўжэ не кажу пра твае бясконцыя сходы!..
– Мама! – Голас у Лёвы ўжо рашучы, пагрозны.
– Ну добра, не буду чапаць сходы! Вы жыць без іх не можаце! Як без хлеба! Ну добра, добра! Не буду! Хадзі на сходы, калі ўжэ так трэба! Будзь актывістам!.. – Яна змоўкла, але толькі на момант. Потым зноў павяла – для Лёвы і Башлыкова: – Калі вы не будзеце спаць і есці, вас хопіць ненадоўга… У чалавека галоўнае што? Здароўе! Што навука і пасада добрая, калі няма здароўя? Ноль…
Тут Башлыкоў, ужо адзеты, зашпілены, выйшаў з баковачкі, і яна павярнулася да яго:
– Можа б, чаю выпілі?
Башлыкоў не прыпыніў хады.
– Няма калі.
2Праз некалькі хвілін ён быў каля райкома. Дзелавітым, цвёрдым крокам прайшоў па калідоры, адзначыў: у пакоях яшчэ амаль ціха. Ранішняя млявасць. Быццам знарок, пярэчачы яму, застукала пішучая машынка. Бася пачала працу.
Сакратарка была на месцы, штосьці хапатліва хавала ў стале. Люстэрка, не інакш. Ён прывітаўся, загадаў паклікаць памочніка. Але клікаць не прыйшлося – не быў бы то Міша. Гатовы, ужо стаяў побач, з заўсёднай папкай у руцэ. Следам за Башлыковым увайшоў у кабінет.
Кашчавы, у франтаватым фрэнчы і галіфэ з крагамі, па-вайсковаму выцягнуўся, уручыў папку. Пісьмо, тэлефанаграму. Паведаміў, што павінны званіць з акружкома, таварыш Галубовіч. Башлыкоў прачытаў пісьмо, тэлефанаграму – нічога асаблівага. Узняў галаву:
– Больш – нічога новага?
У хітрых, зладзейкаватых Мішавых вачах успыхнулі гарэзныя агеньчыкі:
– Яшчэ – Абрам з Хаімам пабіліся. Хаім сказаў, што Абрам – нэпман, спекулянт…
Ён адразу ж асекся: па адным мімавольным руху броў Башлыкова перахапіў – сакратару райкома сёння не да жартаў. Адразу нагнаў сур'ёзнасць і паважнасць на твар, ціха і з годнасцю пакіраваў да дзвярэй.
Башлыкоў пасядзеў хвіліну нерухома. Прыгорблены, стомлены, заклапочаны з выгляду і – бяздумны. Быццам адпачываў, набіраўся сілы перад дарогай, што павінна была пачацца.
Пачуў зноў звон у вушах, трываў цягучую знямогу ў спіне, у плячах. Не выспаўся. Стаміўся. Трэба было б прылегчы на які дзесятак хвілін. На дзесятак хвілін, і ўсё пройдзе. Але ён з намаганнем адужаў сябе: няма чаго кволіцца, песціць сябе. Рашуча зварухнуўся, працягнуў руку да газет, пакладзеных на стол.
Выбраў «Правду» і менскі «Рабочий»: даведацца пра агульныя і рэспубліканскія навіны. Газеты былі ўжо нязменнай неабходнасцю: чытаць іх было таксама неабходна, як глядзець – каб бачыць.
Радкі за радкамі ўцягвалі яго ў неспакойны і неабсяжны свет, адгукаліся рознымі пачуццямі – радасцю, гневам, нецярплівасцю. Ён уважліва ўчытваўся ў тое, чым жыве свет, лавіў зацікаўлена навіны з Гомеля, весткі пра акругу. З хваляваннем сцярог, ці няма чаго пра раён, мімаволі, нядобра чакаў – можа быць крытыка. Ні хвалы, ні крытыкі не было. Раён не згадвалі. Але гэта не супакоіла. За ўсім, што ён чытаў пра другія раёны, ён чуў свой раён. Усё, што там, блізка і далёка, адбывалася, адгукалася ў ім так, быццам датычыла яго асабіста.
Кожны раз, калі чытаў газеты, Башлыкоў асабліва моцна адчуваў еднасць усяго, што робіцца ў вёсках і раёнах краіны. Уся краіна бачылася ім як адно неабсяжнае вялікае поле, дзе ідзе цяжкае калектыўнае наступленне. Дзе па ўсім полі – кулацкія звярыныя стрэлы, падпалы, смерць актывістаў і пажары. Дзе ідзе лютая, крывавая класавая барацьба. Ён адчуваў, што наступленне цяпер, можа быць, у самым вялікім напружанні, што іменна цяпер трэба напяць усе сілы, каб зламаць праціўніка, рушыць далей. Кожны крок цяпер бярэцца боем, але яго трэба браць. Кожны раён бярэ, і ён павінен узяць.
Сярод усіх гэтых думак адна мела для Башлыкова асаблівую важнасць. Ён заўсёды помніў, што наступленне гэтае, якое яно ні цяжкае, павінна ісці самымі вялікімі тэмпамі. Тэмпы – гэта мэта, да якой трэба імкнуцца ўсімі сіламі, якой неабходна аддаць усё. Тэмпы – гэта не проста поспех, гэта – жыццё. Ён бачыў, што поле наступлення ўсё ў няроўным руху: адны вырываюцца ўперад, другія адстаюць. Тым, хто ўперадзе, – гонар і слава, тых, хто ззаду, – б'юць. І справядліва.
Сёння ў адстаючых будзе плесціся ён. Яго раён…
Башлыкоў неспакойна згарнуў газету, адлажыў. Сціснуў ручку тэлефона, загадаў звязаць з Апейкам.
– Пагаварыць трэба. Зайдзі.
Пачаў мераць неспакойнымі крокамі кабінет – з кутка ў куток.
У новым яшчэ будынку старога мястэчка, што выцягнулася ўсцяж нізіны паўз Прыпяць, мераў і мераў пакой чарнявы чалавек у сіняй гімнасцёрцы. Адметны як асоба, ён разам з тым клопатам, настроем быў падобны на многіх іншых, што ў мястэчках, гарадах, у палях хадзілі, вялі нарады, спяшаліся цераз заснежаныя прасторы. Тысячы людзей, большасць якіх асабіста не ведалі адзін аднаго, не думаючы адзін аб адным, былі аб'яднаны аднолькавымі турботамі і імкненнямі.
Пры ўсім тым гэта былі вельмі розныя людзі, і розныя акалічнасці былі, у якіх пачыналі яны гэты дзень. Башлыкоў пачынаў яго ў звыклай абстаноўцы. Вакол яго былі няхітрыя, арцельнай, юравіцкай красы стол, канапа, шафа. Звыклыя сцены, бляклыя, з цьмяным «срэбрам» шпалеры, што спадалі з-пад столі няроўнымі хвалямі: шпалеры былі наклеены проста на бярвенне. Будынак не тынкавалі. Ад таго, што тынку не было, унізе там-сям пацёртыя спінамі шпалеры былі прарваны. На сценах ярчэлі ўвесь у чырвані, у магутных літарах і заводскіх трубах плакат «Пяцігодку – у чатыры гады!» і дзве карты – Савецкага Саюза і паўшар'яў. На самым пачэсным месцы, над сталом, узвышаліся два партрэты: чорна-белы – Леніна і каляровы – Сталіна. Ленін стаяў у рост, рука ў кішэні, глядзеў кудысьці лагодным, засяроджаным позіркам. Сталін стаяў за сталом, у жаўтаватым, вайсковага крою фрэнчы, костачкамі сагнутых пальцаў лёгка дакранаўся да стала. Башлыкова хвалявала нязменнаю пашанаю тая сціпласць, якая адчувалася і ў простым фрэнчы, і ў самой паставе, і ў кладцы рота пад коратка падстрыжанымі вусамі. Пашана гэта была асабліва трывалаю, бо за сціпласцю Сталіна помнілася такое незвычайнае, вялікае жыццё: ссылкі, уцёкі, рэвалюцыя, Грамадзянская вайна.
Больш за ўсё хваляваў Башлыкова позірк арэхавага колеру вачэй з-пад смаляной, без адзінай сівінкі, шорсткай чупрыны. Уважлівы позірк гэты, здавалася Башлыкову, заўсёды глядзеў проста ў яго. Здавалася, пытаўся: як ты тут? Калі справы ладзіліся і быў добры настрой, позірк гэты не толькі не турбаваў, а радаваў. Быццам было каму паказаць сваю працу. Далажыць, што не падвёў. Сёння Башлыкоў, не заўважаючы таго, мімаволі не ўздымаў вачэй. Трывожыўся сустрэцца позіркам…
Як толькі ўвайшоў Апейка, Башлыкоў спыніў меранне. Паціснуў руку і адразу з заклапочаным выглядам пакіраваў за стол. Не трэба марнаваць часу. Ён сеў і толькі намерыўся пачаць гаворку, калі рэзка, патрабавальна зазвінеў тэлефон.
Башлыкоў мімаволі павярнуўся, але не ўзяў трубкі. Момант марудзіў, насцярожаны, нацяты. Не таіў трывогі. Потым адолеў сябе.
– Башлыкоў слухае, – сказаў раптам упэўнена, з годнасцю. З імя, якое ён назваў, адказваючы на прывітанне, Апейка даведаўся: на другім канцы трубку трымае сакратар акружкома Галубовіч. Апейка стаў зацікаўлена ўслухоўвацца.
Башлыкоў гаварыў:
– Быў у ад'ездзе. Сход праводзіў… Не магу пахваліцца, – прамовіў Башлыкоў, як бы вымушаны прызнавацца ў нядобрым. – Няма чым хваліцца… Трыццаць сем гаспадарак… Так, за тыдзень… Так, менш за працэнт… Так, топчамся… – Башлыкоў не пярэчыў, самакрытычна судзіў сябе. Ён згаджаўся, трываў тыя жорсткія словы, якія чуў, заўважыў Апейка, з нязвычнай вытрымкай, нават спакоем. Відаць, ад таго, што Апейка добра ведаў: тое, што пакуль паведаміў Башлыкоў, не самае горшае, ён зразумеў прычыну стрыманасці, якую выказваў сакратар райкома. Чаго тут бедаваць, калі ёсць горшае.
Ад таго, што гэтае горшае яшчэ было наперадзе, Апейка чакаў далейшае неспакойна. Скажа ці не скажа, цяпер ці на іншы раз адкладзе?
Башлыкоў, відаць, вагаўся. Апейка зразумеў гэта па тым неспакоі, нават адчаі, што з'явіўся ў вачах Башлыкова. Позірк Башлыкова прабег па пакоі, спыніўся на момант на Апейку, але не ўбачыў яго. Быў невідушчы, сабраны ў сабе.
Раптам у твары Башлыкова з'явілася рашучасць. А, што будзе, тое будзе!
– Дзмітрый Андрэевіч! – загаварыў ён цвёрда. – Я павінен далажыць вам: у нас – прарыў! Распаўся калгас – «Рассвет»! Я якраз там і быў! Разабраўся ў прычынах, правёў сход! Спадзяваўся выправіць становішча, але не змог!.. – Нейкі час Башлыкоў маўчаў, чакаў, што там скажуць. Але там таксама маўчалі. Потым запыталіся, ён адказаў: – Дваццаць дзевяць гаспадарак.
З гэтай хвіліны Башлыкоў панура, цярпліва слухаў, што казаў Галубовіч. Сказаўшы самае цяжкае, ён спачатку прымаў тое, што чуў, з нязвычным спакоем. Адчуваў, было відаць, нават быццам палёгку: зрабіў сваё. Амаль абыякава, як асуджаны, гатовы да ўсяго, адказаў:
– Сячыце.
Згадзіўшыся яшчэ раней з тым, што – вінаваты, нават не паспрабаваў апраўдвацца. Як бы ажыў, загарэўся толькі тады, калі абяцаў:
– Зробім сёння ж, Дзмітрый Андрэевіч!