Текст книги "Завеі, снежань"
Автор книги: Иван Мележ
сообщить о нарушении
Текущая страница: 7 (всего у книги 18 страниц)
Паклаўшы трубку, пакруціў галавою, шумліва выдыхнуў: «Уф!» Хвіліну сядзеў моўчкі, быццам не мог апамятацца. Потым глянуў на Апейку, паведаміў аптымістычна:
– Сказаў: голавы здымуць!
Апейка згадзіўся:
– Так, прыйдзецца пакласці іх…
– Пакласці не страшна, – прамовіў нелагодна Башлыкоў. – Калі б было за што…
Апейка сказаў раздумліва:
– Баюся: трэба чакаць горшага.
Башлыкоў кінуў на яго хуткі, неспакойны позірк.
– Дачакаемся! Калі будзем сядзець, як бажкі! Склаўшы рукі…
Ён не вытрымаў, рэзка ўзняўся, нервова захадзіў. Штосьці таіў у сабе непрыемнае. Потым падышоў да Апейкі, стаў насупраць. Упяў вузкія, вострыя зрэнкі.
– Мне не спадабаліся твае паводзіны на сходзе. – Ён гаварыў горача, выразна – слова за словам. Удакладніў: – Тваё выступленне. Тваё і Гайліса.
– Чаму?
– Чаму? – Башлыкоў прамовіў так, быццам не верыў, што гэта незразумела. – Таму, што так не робяць! У такі момант!
Апейка няцямна павёў вачыма.
– Ясней кажы.
– Ясней? – Апейкаў спакой раззлаваў Башлыкова. Цвёрда, тонам абвінаваўцы стаў рэзаць, пункт за пунктам. – Спасавалі ў рашучы момант! Замест таго каб – наперад, туліцца да зямлі сталі! Лавіраваць! Падладжвацца.
Апейка абурыўся:
– Хто – падладжваўся? Хто лавіраваў? Ты ведаеш, што гаворыш?
Шчокі Башлыкова пакрывіла на міг ухмылка.
– Байку развёў!..
– Байка – прыказка! Намёк!.. – Апейка стрымаўся. Схаваў хваляванне за насмешкай: – Ты мяне ставіш у цяжкае становішча. Каб апраўдвацца перад табой, я павінен хваліць сябе. А я не люблю гэтага…
– Апраўдвацца няма чаго. Улічыць трэба. – Башлыкоў прапусціў міма ўвагі нязгоду, нават іронію, якія былі на Апейкавым твары, сказаў цвёрда, але спакайней: – Павінен наогул, як таварыш, зазначыць табе, каб ты сур'ёзна ўлічыў: ты не першы раз абыходзіш даваць палітычныя ацэнкі. Быццам пазбягаеш іх.
– Гэта – няпраўда.
– Ты ўлічы гэта, – настойліва параіў Башлыкоў. – Ты – не адзін раз ужо – замест чоткай палітычнай ацэнкі даеш перавагу старасвецкім мудрасцям. Сялянскай «філасофіі». Я разумею, кожнаму хочацца падабацца. Але гэта, глядзі, можа далёка завесці.
Апейка стрымаў сябе.
– Дзякую за папярэджанне. Толькі, думаю, яно мне не спатрэбіцца.
– Глядзі. Усякае забыццё палітыкі – небяспечная штука. І не заўважыш…
– Заўважу! – перабіў яго Апейка. Не мог ужо слухаць больш гэтых парад. – Тым больш што ніякага «забыцця палітыкі» ніколі ў мяне не было. Проста палітыка такая штука, што трэба яшчэ варыць і сваёй галавой. А мы варым – кожны па-свойму. – Але яму не хацелася ў гэты момант весці агульную, наўрад ці карысную спрэчку. Карцела іншае, жывое. – А ты ведаеш, – сказаў ён, ваяўніча падаючыся тварам да Башлыкова, – я таксама не ў захапленні ад тваёй прамовы!
Башлыкоў зірнуў недаверліва.
– Чым жа яна была дрэнная?
– Яна была проста выдатная. Але ў яе быў адзін недахоп. Гэта быў – пусты стрэл. Стрэл – у неба. Абы-куды.
Башлыкоў не разумеў.
– Па-мойму, калі я што-небудзь кемлю, кожнае слова мае значэнне толькі тады, калі яно… як бы сказаць – адказвае людзям… памагае ім разабрацца ў тым, што іх непакоіць… І даходзіць да іх. Да іх душы… Тваё – не адказала ім і не дайшло.
Башлыкоў момант думаў. Хацеў, было падобна, спрачацца спачатку, але стрымаў сябе.
– Трэба людзей падымаць, – прамовіў як канчатковае. – А не плесціся ў хвасце.
Ён пайшоў за стол і, заклапочана-засяроджаны, паказваючы, што дыскусію кончыў, загаварыў пра тое, для чаго запрасіў:
– Абмеркаваць трэба, што рабіць. Давай падумаем.
Апейка моўчкі кіўнуў. Трэба абмеркаваць. Ён гатовы.
– Мы ў прарыве. Трэба зараз жа зрабіць сур'ёзныя вывады. І прыняць неадкладныя захады. Перш за ўсё – вывады пра сябе, пра нашу дзейнасць. Трэба адкрыта паглядзець, назваць рэчы сваімі імёнамі. Мы гулялі ў лібералізм, міндальнічалі. У абстаноўцы, дзе трэба было дзейнічаць рашуча. Праявілі недаравальнае галавацяпства. – Бышлыкоў, відаць, адчуў, што Апейка гэта можа зразумець, як папрок яму, дадаў строга: – У гэтым у першую чаргу вінаваты я, як сакратар райкома. – Ён сказаў, бачыў Апейка, не для прыліку. Ды Апейку гэта і не здзівіла: Башлыкоў заўсёды быў строгі да сябе. Але Башлыкоў не быў настроены доўга крытыкавацца. Трэба было дзейнічаць. Рэзка, рашуча стаў весці далей: – Вынікі нашага галавацяпства – на кожным кроку. Самы галоўны – актывізацыя кулацкіх элементаў. Карыстаючыся нашай паблажлівасцю, кулаччо ўзняло галаву! Ідзе адкрыта вайною! Сход учарашні – паказаў гэта вачавідкі!.. – Ён стрымаў прыкрасць ад успаміну. Стройны ў абцягненай пад поясам гімнасцёрцы, важка апусціў руку на стол. – Першая задача – ударыць па кулаччу!
Апейка кіўнуў галавою. Згодны.
– Я думаю зараз жа выклікаць Харчава і даць указанне. Выехаць у «Рассвет», расследаваць прычыны. Прыняць неадкладна строгія захады. Найбольш злосных прыцягнуць да судовай адказнасці. Я лічу, што, акрамя кулачча, трэба ўдарыць і па іх саюзніках усіх масцей. Па ўсіх, хто самкнуўся з імі, дзейнічае як іх пасобнік. Па ўсіх падгалосках. Незалежна ад сацкатэгорыі.
– Харчаў – чалавек гарачы, – дзелавіта перапыніў яго Апейка. Разважліва памеркаваў уголас: – Трэба – каб разабраўся цвяроза. Каб пад гарачую руку не перахапіў. Спіскі, меры трэба перагледзець разам. Абавязкова.
Башлыкову не спадабалася ні тое, што Апейка перабіў яго, ні тое, што ён казаў. Неахвотна згадзіўся:
– Прагледзім… Сур'ёзныя партыйныя вывады, – загаварыў ён ранейшым, рашучым тонам, – трэба зрабіць адносна дзейнасці Алешніцкай ячэйкі. Я лічу, што дзейнасць Гайліса, Чарнаштана трэба абмеркаваць на бюро і даць ім належную ацэнку. І даць па заслугах. Рашэнне бюро шырока абмеркаваць у іншых ячэйках раёна.
Яму надакучыла стаяць. Ён неспакойна варухнуўся, ступіў за сталом крок, другі – туды, назад. Па тым, якія напружанасць, імкненне адчуваліся ў прамой, зграбнай постаці, было відаць, што будзе яшчэ гаварыць. І вельмі важнае.
– Я наогул лічу: тое, што адкрылася ў Глінішчах, служыць нам сігналам, што трэба зрабіць сур'ёзныя вывады ў цэлым па раёну. Мы павінны прыняць неадкладныя меры ў адносінах да кулачча па ўсяму раёну. Усе найбольш злосныя элементы трэба ізаліраваць. Прыняць меры ў адносінах розных іх пасобнікаў, падбухторшчыкаў. Яўных і тайных кулацкіх агітатараў. Адным словам, прыняць рашучыя меры па ўсяму раёну.
Раздзел другі
1Скончыўшы, Башлыкоў адчуваў сябе ўзрушана і дужа. Рашучасць, з якой гаварыў, нібы падняла самога, надала сілы. Ён гатоў быў дзейнічаць.
Башлыкоў помніў, што яны з Апейкам на многае глядзяць па-рознаму і што Апейка чалавек упарты, але цяпер тое, што выказаў, Башлыкоў лічыў настолькі правільным, неабходным, што ўсё ж чакаў – павінен згадзіцца. Калі ж Апейка пачне зноў гнуць сваё, Башлыкоў гатоў быў і да гэтага: гатоў быў даць бой, сур'ёзны і прынцыповы. Папярэдзіць як належыць.
Ён хацеў толькі аднаго, каб спрэчка не была доўгай: нельга было траціць час попусту. Засунуўшы рукі ў кішэні штаноў, ён пранікліва глядзеў на Апейку.
– Я згодны, – сказаў Апейка, – трэба дзейнічаць. І дзейнічаць зараз жа… І згодны, што трэба вывады па ўсяму раёну… Ты праўду кажаш: тое, што здарылася ў «Рассвеце», – сігнал. Сігнал – небяспечны… А от вывады, якія ты зрабіў, – у Апейкавым голасе пачулася цвёрдасць, – я лічу аднабаковымі.
– Якія ж твае вывады? – Башлыкоў прамовіў так, быццам паказваў, што ні трохі не здзіўлены. У Апейкі заўсёды свае вывады.
– Вывады мае такія, – павысіў голас Апейка, – што ва ўсім вінаваты перш за ўсё мы самі. Давай глядзець праўдзе ў вочы! І не ківаць на кагосьці! Калі ўжо сказаў, што вінаваты…
Папрок Апейкі, нібы ён, Башлыкоў, не глядзіць праўдзе ў вочы і ўзяў віну на сябе толькі для прыліку, Башлыкову не спадабаўся. Адчуваючы сябе несправядліва пакрыўджаным, ён усё ж больш заўважыў дзіўнае: «не ківаць на кагосьці!».
– Як гэта разумець: «не ківаць на кагосьці»?
– Так і разумець. – Апейка глянуў прама, рашуча. – Узяць віну найперш на сябе. Не шукаць чарцей там, дзе іх няма. А сур'ёзна разабрацца ў сапраўдных прычынах.
– Ты разумееш, што твой намёк – дрэнна пахне?
У тоне Башлыкова добра адчувалася, што ён папярэджвае – пах гэты вельмі небяспечны.
– Я разумею, – сказаў Апейка ўпарта, – што ніякага міндальнічання ў нас не было. Наогул! Тым больш да кулацкіх элементаў! А от ты разумець не хочаш, што сілаю не ўсяго можна дабіцца!
– Ліберальнічанне – у такі момант, як цяпер, – наогул…
– Ліберальнічанне! – непахісна перабіў яго Апейка. – Якое ліберальнічанне?.. Тыя людзі, якіх мы ўчора ўгаворвалі, прыйшлі самі ў калгас. Сярод першых… Значыць, яны не горшыя. Не праціўнікі нашы ва ўсякім разе. Не праціўнікі. – Апейка ўзняў вочы на Башлыкова, позіркі іх сустрэліся. Башлыкоў заўважыў: позірк Апейкі быў настойлівы, патрабавальны. – А от пабылі, паспрабавалі абяцанага і ледзь не ў адзін голас: «Не хочам!» І ўгавораў новых не паслухаліся. І ўгавораў, і пагроз!.. От што зрабілася! От што павінна трывожыць!.. Людзі паверылі нам, пайшлі, куды мы звалі. Пабылі і – расчараваліся і ў арцелі, і разам – у нас… А цяпер мы рашылі, – у Апейкавым голасе пачулася насмешлівасць, – «правільны вывад»: «прыняць меры!». Папомсціць ім! За што? За тое, што яны паверылі нам? За тое, у чым мы самі вінаваты?
Башлыкоў, чым далей, тым больш, слухаў яго нецярпліва. Не толькі таму, што гаворка была не ў час і блытала думкі, а і таму, што чуў у Апейкавых словах непатрэбную, проста шкодную цяпер жаласлівасць. Жаласць, да ўсяго і фальшывую: тое, што Апейка так чулліва маляваў, – ён, Башлыкоў, сам бачыў – выглядала крыху інакш. Ён хацеў спыніць Апейку, але той сухім голасам апярэдзіў:
– Пачакай! Каб было ўсё ясна, слухай, яшчэ раз скажу: кулацкія элементы, розных крыкуноў і злосных трэба прыціснуць!.. Але ж, зразумей, – голас яго пацішэў, – там былі не адны кулацкія элементы…
– Што там былі не адны кулацкія элементы, я сам добра ведаю, – загаварыў Башлыкоў з раздражненнем. – А вось ты гаворыш так, быццам іх не было. Быццам мы выдумалі «чарцей», як ты выказаўся. Ты фактычна змазваеш, што ідзе жорсткая класавая барацьба…
– Нічога я не змазваю! Я толькі лічу, што даволі нам ківаць на гэтую барацьбу адну. Што трэба пачаць нарэшце сур'ёзна працаваць з людзьмі. Прыслухоўвацца да іх, старацца зразумець. І памагаць ім. Што пара нарэшце нам узяцца за калгасы, як гаспадары. Добрыя гаспадары. Разабрацца ва ўсім. Навесці парадак.
– Я гэта ўжо чуў учора.
– Я скажу гэта і сёння. І дадаць магу. От мы заварушыліся – бяда ў «Рассвеце». А пра бяду гэту папярэджваў Чарнаштан два ці яшчэ тры месяцы. У гэтым самым кабінеце. Цябе самога. І мяне – таму, што я быў таксама тут. Казаў: «Недавольны людзі. Хто работае, хто не работае – кожнаму палачка!» За тое, што адбыў дзень. Што ты, што я зрабілі на гэта?.. А такія гаворкі, настроі такія не толькі ў «Рассвеце»!..
– Ты зноў пра гэта! – Башлыкоў нецярпліва захадзіў за сталом. – Няўжо не ясна, што не ўсякім настроям мы павінны патакаць! Што патаканне такое – чысцейшы апартунізм! Прывычкі старога – гэта пустазелле, якое моцна трымаецца. І мы яму не кланяцца павінны, а рваць яго. Змагацца з ім.
– Я не думаю, што гэта «пустазелле старога». І не бачу нічога ў тым, што людзі хочуць, каб той, хто больш зрабіў, больш атрымаў.
– Ты многага не бачыш! – Башлыкоў не таіў, што адчувае перавагу перад гэтым блытанікам, якому ўсё не ясна. – Бярэшся толькі меркаваць аб усім. Дай табе волю: зноў кулакоў новых развядзеш! На калгаснай аснове!
Апейка, запалены сваімі думкамі, не мог спыніцца:
– Мы разгарнулі гаспадарку, а нярэдка сунемся, як сляпыя. Мацаем дарогу кіёчкам. Туды ступім, памацаем, у другі бок ступім. Разгарнулі, а яшчэ спрачаемся, як плаціць. Па едаках, па паі… Не ведаем толкам – што абагульняць?! Адны – толькі коней, кароў, другія – падчыстую…
– Ты, канечне, напалавінку рабіў бы. Каб адной нагой – у калгасе, другой – на сваёй палосцы. Каб у калгасе так, напалавінку. Для выгляду.
– Пры чым тут – для выгляду! Што з тых курачак ды свінак, – зазлаваў Апейка. – Што, калгас на курачках паедзе? А з-за іх столькі галасу ў жанок! Як бы весялей пайшло б усё, каб не гэтыя курачкі!
– Рэвалюцыю трэба рабіць або да канца, або – зусім не брацца! Рэвалюцыю нельга рабіць напалавіну! І жаласць у ёй – штука небяспечная. Асабліва тут, у сяле. Дзе ў кожным жыве ўласнік!.. Дзе гэты самы мужычок і ў табе ўвесь час гаворыць!..
Башлыкоў і выглядам, і тонам гаворкі паказваў: пара канчаць гаварыльню. Ён кінуў нецярплівы позірк на тэлефон: трэба зараз жа выклікаць Харчава, даць указанні.
Але Апейка не хацеў канчаць.
– Я не прарок, Аляксей. Але я прадчуваю: можа быць горш. Калі мы сур'ёзна не перагледзім усё. Калі мы не перастанем лічыць толькі працэнты. Як кура кураняты! Ашукваць сябе і іншых! – Башлыкоў пачуў: Апейкаў голас судзіў. – Ты ўпэўнен, што сярод тых працэнтаў няма такіх, якія мы мелі ў «Рассвеце»? Ты ўпэўнен, што няма яшчэ арцеляў, якія ледзь ліпяць? Няма калгаснікаў, якія глядзяць убок?
– Для чаго ты ўсё гэта разводзіш?
Башлыкоў, засунуўшы рукі ў кішэні, глядзеў на Апейку строга і востра. І ў позірку, і ў тоне адчувалася, што разважанні Апейкі для яго не проста развагі. Што ва ўсім гэтым ёсць, ён разумее, і іншы сэнс.
– А для таго «разводжу», – павысіў голас і Апейка, – што трэба нам з табою – зразумей ты – сур'ёзна агледзецца, разабрацца. Адзначыць, дзе ёсць слабіны. І «прыняць меры». Своечасова. І яшчэ для таго, што мы з табой павінны стаць гаспадарамі. Займацца калгасамі, як добрыя гаспадары…
– Я за ўсёй гэтай тваёй філасофіяй, – цвёрда, упэўнена загаварыў Башлыкоў, – бачу адно жаданне: каб мы затрымаліся. Сталі, аглядаліся. Корпаліся. Даўняе тваё жаданне, якое ты ніяк не хочаш кінуць. І якое ты ўжо каторы раз адстойваеш. Раздуваючы нашы цяжкасці і некаторыя памылкі… Я цябе, Іван Анісімавіч, яшчэ раз папярэджваю: ты становішся на хісткую глебу. Твае гэтыя развагі – гэта хістанні, якія маюць небяспечны палітычны характар.
– Давай не будзем падводзіць вялікую палітыку сюды. – Апейка гаварыў таксама рэзка, цвёрда. – Не трэба прыпісваць мне грахі, якіх у мяне няма. Ды яшчэ з палітычнымі ацэнкамі. У мяне сваіх даволі.
– Я папярэджваю цябе яшчэ раз. І раю вельмі сур'ёзна задумацца! Цябе ўжо не першы раз фактычна заносіць управа! – Башлыкоў заўважыў, што Апейка намерыўся быў запярэчыць, але прамаўчаў. Нібы палічыў, што спрачацца – ніякай карысці. Гэта Башлыкову дадало жорсткасці. – Ты ўжо не першы раз рознымі спосабамі фактычна стараешся прытармазіць нашы тэмпы. Як гэта назваць цяпер, калі партыя патрабуе ад нас – не спыняючыся, з усіх сіл ісці наперад? Калі партыя патрабуе: тэмпы, тэмпы, тэмпы?!
Башлыкоў глядзеў гнеўна: словы, якія ён сказаў горача, узрушылі і самога. Глядзеў, поўны разумення сваёй дужасці: праўда яго думкі, адчувалася, была такою моцнаю, бясспрэчнаю. Апейка адвёў вочы. Сумна маўчаў.
– Ты не быў пад Варшаваю? – не то спытаў, не то проста сказаў. – У дваццатым. Калі наступалі.
Башлыкоў не адказаў. Пры чым тут гэтае недарэчнае пытанне? Тым больш што ён добра ведае – не быў.
– А я быў. Ледзь не пайшоў там… у іншы свет… Узводны Сарокін вывез. Паўз уланскія патрулі… – Ён зірнуў на Башлыкова. Вачыма, якія былі недзе далёка, з успамінамі. Загаварыў раптам непрыязна: – Калі мы ішлі на Варшаву, у дваццатым, таксама, помню, былі тэмпы. Дайшлі да самай Варшавы. А потым аказаліся – пад Менскам…
Башлыкоў наогул не любіў Апейкавых «штучак»: вобразы-намёкі, загадкі. Тут жа гэтае параўнанне проста нібы дражніла.
– Аналогія гэта твая – няўдалая. Палітычна нясмачная.
– Гэта – не аналогія. Проста ўспомнілася дарэчы… Пры любых тэмпах трэба добры тыл. Асабліва – пры хуткіх…
2Башлыкову пачулася насмешачка: «асабліва – пры хуткіх». І гэта дакончыла ўжо цярплівасць яго. Апанаваў гнеў: так гаварыць на яго прынцыповае, партыйнае папярэджанне!
Башлыкоў рэзка абарваў гаворку. Першы. Паказаў, што ён выклаў самае важнае і не дасць сябе заблытаць у непатрэбнай гаварыльні. У разважаннях з нядобрым душком.
З адчуваннем праваты сваёй і дужасці маўкліва стаяў за сталом, трымаючы руку ў кішэні штаноў, адасоблены, замкнёны ў сабе. Не хаваў нездавальнення. Не лічыў патрэбным хаваць.
Была цішыня, няветлівая, нязгодная. Потым Апейка неахвотна ўзняўся, прамовіў панура: «Да пабачэння». Башлыкоў адказаў стрымана, як бы знарок паказваючы тую мяжу, што легла між іх. На момант позіркі іх сустрэліся, і Башлыкоў дадаў – як папярэдзіў:
– Раю падумаць сур'ёзна.
Апейка прыпыніўся, зірнуў спадылба, па-бычынаму:
– Нам абодвум падумаць трэба…
І ўпартасць, і тон гаворкі: нібы звысака гаворыць! – зноў зачапілі Башлыкова, і ў ім ускінуўся гнеў. Нелагодна сачыў ён, як Апейка, угнуўшы галаву, важка сунуўся да дзвярэй.
Калі дзверы зачыніліся, яшчэ нейкі час стаяў за сталом. Не мог адразу адолець злога ўзрушэння спрэчкай, тым, што Апейка не разумее нічога і не хоча зразумець. Не слухае, па сутнасці. Дазваляе сабе гаварыць так, нібы не сам, а ён, Башлыкоў, чагосьці не разумее. Башлыкоў думаў пра гэта без сумненняў у сабе, з добрым адчуваннем сваёй праўды. Яму было добра ад таго, што ён вёў у спрэчцы не толькі адзіна правільную лінію, але і трымаўся прынцыпова, цвёрда.
Ён трымаўся прынцыпова цяпер і, што там ні будуць плясці потым розныя блытанікі, з прынцыповай лініі не саступіць ніколі. Не пахіснецца нават.
Думкі гэтыя давалі адчуванне дужасці, трываласці грунту пад сабой. Яснасці таго, што ёсць навокал і куды трэба ісці. Перавагі над чалавекам, які многае не бачыць. Не можа зразумець.
Ён выйшаў з-за стала і цвёрда, упэўнена захадзіў.
Але дзіўна: якім цвёрдым ні хацеў ён здавацца сабе, у жаданую ўпэўненасць яго ўсё ж штосьці ўнізвалася, трывожыла. Неспакойны, ён стаў перабіраць спрэчку з Апейкам. Амаль адразу памяць нагадала, што Апейка сказаў пра яго выступленне: «Пустое… Пусты стрэл!..» Непрыемна зашчымела ўсярэдзіне – Апейка крануў балючае: выступленне не дайшло, не адгукнулася ў людзях. Памяць адразу за гэтым падсунула новае: Апейка папракнуў, быццам ён ківае на кагосьці. Баіцца глядзець праўдзе ў вочы. Хлусня гэтых слоў пачулася Башлыкову такой відавочнай, што ў ім зноў ускінулася абурэнне. Калі гэта ён, Башлыкоў, спіхваў на кагосьці адказнасць, туліўся за спіны другіх?
Ён успомніў, як Апейка сіліўся даказаць, што ва ўсёй бядзе з калектывізацыяй у раёне вінаваты быццам няправільны падыход да сялян. Мала, бачыце, вучылі, як трэба сеяць і касіць у калгасах, лічыць заробленыя грошы. Мала чуласці да тых, хто ўчапіўся ў сваю латку зямлі і не хоча разумець нічога. Мала чуласці «да душы»! Перабіраючы ўсё гэта нанава, Башлыкоў пранікліва бачыў, што пад усімі гэтымі «мудрымі» прыдумкамі скрываецца, па сутнасці, не што іншае, як імкненне пераканаць, што патрэбна не ясная і цвёрдая партыйная лінія, а туманныя ўгаворчыкі. Не бязлітасная класавая барацьба, а ліберальнае міндальнічанне. Наступаючы ў думках на Апейку і мімаволі шкадуючы, што не ўсё выказаў як мае быць, не знайшоў найлепшых слоў, ён з уцехай успомніў, што ўдала, дакладна выказаў формулу дзеянняў. Рэвалюцыю трэба рабіць або рашуча, да канца, або зусім не брацца. Да канца, да канчатковай перамогі трэба ісці!
«Апартуніст. Форменны апартуніст, – з той жа яснасцю, пераконанасцю даў адзначэнне Апейку. – Яўна кульгае на правую. І відаць ужо – безнадзейна… Не разумее сутнасці. І не хоча разумець… – Тое, што чулася раней, набыло выразнасці. – З такім далёка не пойдзеш у адной упражцы. – Натуральна вынікла далейшае, практычнае: – Не на месцы. Яўна не на месцы».
Падумаў, што трэба рабіць сур'ёзныя вывады з усяго, даць усім фактам палітычную, бальшавіцкую ацэнку. Што далейшае яго замоўчванне поглядаў Апейкі падобна ўжо на ўласны апартунізм.
Так, яго, Башлыкова, цярплівасць папахвае апартунізмам. Вельмі чутна папахвае. Трэба неадкладна прыняць меры. Абмеркаваць на бюро. Папярэдзіць акружком.
І наогул – дзейнічаць больш рашуча!
3Башлыкоў перастаў мераць пакой, энергічна пакіраваў да тэлефона. Выклікаў Харчава.
У нецярплівым чаканні ўзяўся пераглядаць паперы. Калі ўвайшоў Харчаў, адразу ўзняўся за сталом, моцна паціснуў руку.
Башлыкоў з самага пачатку даў зразумець, што гаворка будзе самая сур'ёзная. Ні аднаго пытання папярэдне, выгляд засяроджаны, афіцыйны. Як бы падкрэсліў афіцыйнасць тым, што сеў на сваё месца, па другі бок стала.
Пачаў адразу з галоўнага. Учора быў у Глінішчах. Высветліў, што там адбываецца. Днём прайшоў па многіх дварах, вечарам правёў сход. Яшчэ знаёмячыся з абстаноўкай удзень, пераканаўся: калгас распаўся невыпадкова. У сяле ваўсю ідзе скрытая антыкалгасная агітацыя, якая шырока пусціла карэнне. Сход, які ён рашыў склікаць, паспрабавалі сарваць, сабаціравалі. На сходзе перайшлі да адкрытых выступленняў, да злосных выкрыкаў пад выглядам голасу мас. Асабліва актыўнічаў тып з яўна кулацкім нутром па мянушцы Свердзел. Адным словам, абстаноўка, якая склалася ў Глінішчах, вельмі нездаровая і патрабуе неадкладных і самых рашучых мер.
Ведаючы, што баявому, надзейнаму Харчаву нярэдка не хапае ўмення глядзець на з'явы ў іх шырокім палітычным значэнні, Башлыкоў спецыяльна падкрэсліў, што ўсё, што адбылося ў Глінішчах, нельга разглядаць як мясцовую з'яву. Варожыя вылазкі ў Глінішчах, бясспрэчна, выклікаюць варожую актыўнасць у іншых месцах. Па ўсяму раёну. Коратка, патрабавальна скончыў: трэба зараз жа выехаць у Глінішчы, расследаваць усё на месцы. Прыняць самыя строгія меры.
Абветраны, важкаваты твар Харчава быў уважлівы. Харчаў толькі раз-другі мелькам сустрэўся з позіркам Башлыкова, але ў Башлыкова было добрае адчуванне еднасці з ім. Гэтаму не толькі не шкодзіла, а нават нібы спрыяла тое, што Харчаў, як заўсёды, трымаўся незалежна, як роўны з роўным. Башлыкоў быў упэўнены ў галоўным: Харчаў разумее ўсё і на яго можна спадзявацца.
Калі Башлыкоў скончыў, Харчаў кінуў позірк: ці ўсё, спакойна ўзняўся. Ад усёй постаці Харчава ішло адчуванне дужасці: моцнае цела пад напятай, бляклай ужо гімнасцёркай, чырванаватая шыя цісне на каўнер. І дужасць гэта, і спакой падзейнічалі на Башлыкова абнадзейліва. Падтрымала і кароткае, гаспадарскае: зараз паедзе, зробіць усё.
Якраз увайшоў Міша, далажыў, што явіўся, чакае карэспандэнт з Менска. Башлыкоў з афіцыйнай жа стрыманасцю, усё асцерагаючыся паказаць кволасць, паціснуў руку Харчаву, загадаў Мішу ўпусціць карэспандэнта.
Карэспандэнт аказаўся чорненькім, вельмі маладым хлопцам. Дробны, кірпаты, ён здаваўся проста хлапчуком, але Башлыкоў сустрэў яго з увагай. Башлыкоў паважаў журналістаў. Прывітаўшыся, ён, аднак, папрасіў пасведчанне: парадак ёсць парадак. Пільнасць ніколі не лішняя, раён, можна сказаць, у прыгранічнай зоне. І ён, журналіст, няхай ведае, што тут ёсць парадак.
Журналіст замітусіўся, з-пад пацёртага картовага пінжачка дастаў згорнуты, памяты лісток паперы. Ого, «Савецкая Беларусь», цэнтральная рэспубліканская газета. Хведар Кулеш, супрацоўнік аддзела калгаснага будаўніцтва. Башлыкоў вярнуў пасведчанне, запрасіў сесці, высветліў, калі той прыехаў, ці ўладзіўся з жыллём, што цікавіць у раёне.
Госця, вядома, цікавіла калектывізацыя. Як ідзе калектывізацыя гаспадарак, і ў цэлым становішча ў раёне з калгасамі.
– Ясна, – сказаў Башлыкоў. Як гавораць пра самае простае.
Ён і выглядам сваім паказваў, што яму ўсё гэта ясна і проста. Але ў душы яго было і няясна, і няпроста. Супярэчліва было. З пытаннем журналіста ў ім як бы памацнела трывожнасць ад учарашняга. Чалавека ўражлівага і праўдзівага перад сабой, яго гэта найбольш вярэдзіла. Але разам з праўдзівасцю жыла ў ім і даўняя звычка не паказваць нікому свайго непрыемнага, слабасці сваёй. Тым больш не любіў ён скардзіцца. Тут жа, да ўсяго, выступаў ён не проста як Башлыкоў, звычайны чалавек, а як сакратар райкома партыі. І быў перад ім не сябра-прыяцель, а работнік прэсы, прадстаўнік рэспубліканскай установы. І патрэбны былі яму не прыватныя адчуванні нейкага Башлыкова, а погляды партыйнага кіраўніка раёна. Прынцыповыя погляды.
Ясна было, перш за ўсё належала даць палітычную характарыстыку становішча ў раёне. У адпаведнасці з агульнымі, прынцыповымі палажэннямі аб калектывізацыі. Ён пачаў з таго, што паведаміў: у раёне ідзе вострая класавая барацьба. Кулацтва, адчуваючы сваю блізкую пагібель, не спыняецца ні перад чым. Дзейнічае ўсімі метадамі. Расказваючы пра варожую дзейнасць, Башлыкоў нанава ўспомніў спрэчку з Апейкам, загарэўся больш. Нібы стаў працягваць незакончаную спрэчку…
Як адзін з прыкладаў, дзе кулацтва асабліва разгарнула дзейнасць, Башлыкоў назваў вёску Глінішчы. Хацеў расказаць пра сход, але стрымаў сябе: непазбежна ён выказаў бы сваё бяссілле, сваё і ўсяго кіраўніцтва раёна. Ды і балела гэта занадта для таго, каб паказваць пабочнаму чалавеку…
– Вы, напэўна, ведаеце, што раён уключан у першую групу, – пайшоў Башлыкоў далей. Карэспандэнт кіўнуў: ведае. – Мы павінны калектывізаваць раён да вясны наступнага года. Гэта наша галоўная задача… – Башлыкоў самакрытычна прызнаў, што тэмпы калектывізацыі ў раёне пакуль недастатковыя. Каб у карэспандэнта не засталося думкі, што ў раёне змірыліся з гэтым, ён адразу ж запэўніў, што раён будзе рабіць усё для таго, каб тэмпы рашуча паскорыць. І што задача, якая пастаўлена, будзе выканана.
Ён помніў: краіна павінна ведаць сваіх герояў, з гонарам стаў расказваць пра лепшыя калгасы, лепшых людзей. Карэспандэнт, схіліўшы галаву, на якой тапырыліся неадрослыя валасы, падобны на маладога шпака, хапатліва пісаў у сшытак, і Башлыкоў гаварыў павольна, каб той упраўляўся. Калі казаў назвы, лічбы, то нават паўтараў, каб газетчык не памыліўся. Сачыў, як той піша прозвішчы, папраўляў. Ён разумее, якая адказная справа – газета.
Перабіраючы ў памяці людзей, ён між іншых успомніў Казачэнку, Дубадзела, Міканора, Гайліса. Да паганай гісторыі з «Рассветам» ён ставіўся да іх па-рознаму, то хваліў, то крытыкаваў, цяпер жа, і то вагаючыся, адзначыў добрым словам аднаго Дубадзела. Башлыкоў параіў, куды лепш паехаць, да каго звярнуцца. Паабяцаў пазваніць, каб там дапамаглі. Тут жа ўстаў, паклікаў Мішу, загадаў арганізаваць падводу. У карэспандэнта было пісьмо з рэдакцыі. Башлыкоў паглядзеў яго: рэдакцыя пісала, што са Слабодкі паступіла скарга – прыцясняюць селькора Корбіта. Башлыкоў тонам, які паказваў, што ён добра разумее палітычнае значэнне скаргі, заявіў, што будуць прыняты строгія меры.
Правёўшы журналіста да дзвярэй, Башлыкоў вярнуўся за стол. Нейкі час сядзеў нерухома. У памяці засталося: у хлопчыка-журналіста быў дзіўна пранізлівы позірк. Зусім не юнацкі позірк. Было смутна на душы: нібы не ўсё сказаў добра. Было неспакойна. У кепскі час журналіст прыехаў…
Башлыкоў як бы прыслухоўваўся да сябе. Яго не палохае, што ён там напіша, карэспандэнт. Самае паганае – напіша ён ці не – гэта ёсць. Правал. Зноў гняло адчуванне ўчарашняй няўдачы. Помнілася сённяшняя размова з Апейкам. І званок сакратара акружкома. Была хвіліна суму, адзіноцтва. Потым ён стаў ліхаманкава думаць: што рабіць, як выбрацца з прарыву?
Трэба ўсё перагледзець нанава, усе сілы. Усё і ўсіх падняць на ліквідацыю прарыву. Апошнімі днямі, ездзячы па раёну, ён зусім выпусціў з рук раённыя звенні. Трэба ўзняць іх: агітацыю, моладзь, культурныя сілы. Шэфаў.
Ён даўно збіраўся паставіць пытанне пра шэфскую работу. Трэба сёння ж нарэшце паставіць. Сабраць усіх шэфаў і спытаць з іх. Ён дастаў паперу, пачаў складаць спісак. Спісак сакратароў партячэек. Усіх, каго належыць сабраць на нараду па шэфскай рабоце ў калгасах.
Імкліва рушыў да дзвярэй. Міша ўжо быў у пакойчыку прыёмнай. Загадаў яму склікаць усіх на семнаццаць нуль-нуль. Папярэдзіць, каб прыйшлі з матэрыяламі пра зробленае. Усе павінны будуць далажыць.