Текст книги "Завеі, снежань"
Автор книги: Иван Мележ
сообщить о нарушении
Текущая страница: 16 (всего у книги 18 страниц)
З гэтым увесь час, амаль не сціхаючы, жыло іншае. Што ні рабіў, пра што ні турбаваўся, увесь час помніў: "Сёння. Як сцямнее…"
Амаль неадступна, ці хадзіў, ці рупіўся за сталом, адчуваў побач тую, глінішчанскую. Нельга сказаць, каб прагнуў гэтага, больш было такое меркаванне, што ёй тут пакуль не трэба быць. Цяпер не яе час. Яе час будзе пазней. І месца іх іншае. Увечары, як сцямнее. На дарозе з вёскі. Дзе бярозы…
Цяпер у яго справы. Важныя абавязкі адказнага за цэлы раён чалавека. Да таго ж, у яго сёння такая падзея, такі важны дакумент перад ім. Гэты дакумент вызначае, можна сказаць, новы кірунак у яго жыцці, трэба добра падумаць над многім, засяродзіцца. Нельга рассейваць увагу.
А ў важныя раённыя клопаты, як ні працівіўся, унізвалася, урывалася тое, патайное, недазволенае. Сцінала сэрца радасцю і нецярплівасцю, тлуміла галаву іншымі згадкамі і клопатамі. Згадваліся школа, сустрэча, зноў і зноў вярэдзіла сэрца. Мроілася – вечар, бярозы, яна; такое, што дзіўна кружылася галава…
За вокнамі ўсё мітусілася белае і зіхцела сонца. І падобна – мітусілася, зіхцела штосьці ў душы Башлыкова.
Радасць, нецярплівасць былі не адны ў душы. З імі тачыліся, трывожылі Башлыкова нядобрая вінаватасць і незычлівы одум. І раз, і другі назалелы одум гэты судзіў: што ты робіш? Ты – кіраўнік раёна. У такі час, калі ўсё трэба аддаваць справе. Замест таго каб думаць пра справу, пра раён, ты думаеш пра непатрэбства. Пра жанчыну. Да таго ж – пра выпадковую жанчыну.
У рэшце рэшт, разважаў одум, – калі табе ўжо так захацелася жаночай ласкі, хіба мала тут дзяўчат, прыгожых і надзейных. Адданых справе, з ясным жыццём. Дзяўчат, якія могуць стаць сапраўднымі таварышамі ў справе. Колькі дзяўчат – камсамолак – з радасцю пайшлі б насустрач, каб ты зажадаў гэтага. Чаго ж ты паўз іх прайшоў і прыліп да нейкай невядомай?
Башлыкоў пярэчыў сабе: чаму – невядомай? Ведае і самую, і нават бацькоў яе. Таксама – наш чалавек, няхай і не камсамолка. І што, калі на тое, перашкаджае ёй, калі прыйдзе час, стаць таксама камсамолкай, таварышам па справе? Бацькі – беднякі, можна сказаць, пралетарыі сельскія. Праўда, не калгаснікі, гэта, вядома, мінус, пляма. Ва ўсім віною – маці, цёмная, злая істота, непрыемная, скажам шчыра, асоба. Відаць, з-за яе дачка і пакінула бацькоўскае гняздо. А бацька – чалавек што трэба. Хоць зараз мог бы на новую дарогу пайсці… Так, аднаасобнікі – гэта, канешне, мінус. Але ж, калі на тое, то яна ж ужо не з бацькамі. Сваё становішча ў яе – на службе. Савецкая служачая. Ды і з бацькамі павінна паправіцца. Быць не можа, каб не паправілася. Да таго ідзе.
Сярод усяго ўнізвалася няёмкае: становішча яе. Школьная тэхнічка. Прыбіральшчыца. Ён, кіраўнік раёна, і – прыбіральшчыца школьная!.. А што – прыбіральшчыца? – уздымалася нязгода. Хіба на ўсё жыццё гэта – прыбіральшчыца! Хіба не відаць – што выпадкова там! Што прыладзілася, відаць, на момант. Пасварыўшыся з маці-ўласніцай. Рашыўшы пачаць новае жыццё. Сёння – тэхнічка ў школе, а заўтра работніца арцелі. Можа быць, актывістка новага жыцця.
"Прыбіральшчыца". Можна падумаць, што сам – сакратаром нарадзіўся. Не з таго пачынаў. Колькі прайшло з той пары, як сам падмятаў за кульгавым шаўцом? А ўжо – арыстакратычныя замашкі. Арыстакратычныя не арыстакратычныя, а мяшчанскія – то яўна. Мешчанінам добра папахвае.
Раз-пораз у развагі прыходзіла горшае. Такое, ад чаго, здавалася, нібы трапіў у тупік. З якога адзін выхад – назад. Гэта звычайна было тады, калі ўспамінаў сустрэчу ў школе, той момант, калі прыйшла Параска. Няёмка зноў было, што таіўся, хлусіў фактычна, і з гэтым неадступна вярэдзіла: не ўтаіў, напэўна, здагадалася, ведае. Яна-то, відаць, не панясе навіну па свеце, чалавек разумны, але, як там ні таіся, заўтра вядома ўсё будзе многім. У вёсцы ўсё на віду. Усё на віду ў раёне.
Як бы ні хаваўся, раней ці пазней усё адкрыецца, стане вядома, у тым ліку і тут.
Як ён будзе выглядаць перад людзьмі, перад раёнам! У такія моманты першай думкай было: спыніцца, пакуль не позна. Не ехаць, не сустракацца. Кончыць.
У такія моманты ўсё станавілася раптам ясным. Ні да чаго гэта, асабліва цяпер, калі такія справы. Усяго сябе, усё трэба аддаваць справе. Не драбніць сябе.
Тады завіхаўся хутка, хадзіў цвёрда. І чуў лёгкасць і дужасць у сабе. Нібы скідваў цяжар з плеч.
Але лёгкасць, і дужасць, і яснасць былі не доўга. Кожны раз за гэтым чуў яе перад сабою, блізкую, вабную, і чуў, як непаслухмяна захлынаецца нечым гарачым, пранізлівым сэрца і тлуміцца галава. І як з гэтым знікаюць і лёгкасць, і яснасць, і як незразумелая сіла адбірае дужасць, вабіць, вядзе наперакор разумным развагам.
Тады не першы раз думаў здзіўлена: што ў ёй такое, чым яна займела такую ўладу над ім? Іншы раз, злуючыся на сябе, дакараючы сябе і яе, убіваў у сябе знарок груба: ва ўсім вінаваты яго дурная ўражлівасць, мяккацеласць! І тое, што кроў дурная гуляе, маладая, дзікая. Усё ад таго, што захацелася жанчыны, бабы! І ад таго, што характар, натура дурныя. Калі захацеў што, не ўмее стрымлівацца, адступаць. Ад прыроды такі. І не ўмее зыначыць сябе.
Калі спакайнеў, здзіўленне было іншае. Закахаўся, любіць! Сустрэў выпадкова, у такі паганы вечар, і закахаўся. Не разгледзеў толкам у той вечар, а прыкіпеў. Не разгледзеў, а не памыліўся. Колькі бачыў жанчын, а такую, здаецца, першую сустрэў! За ўсё жыццё першую такую. І дзе!..
І вось жа, у душы так – нібы нікога не было дасюль роўнага ёй! І такое ў душы – нібы не сустрэне больш такой, як яна!
А можа, і не сустрэне. Не сустрэў жа раней. Не было ж раней такога ні да адной. Можа, гэта – доля яго. Не, гэта не абы-што, гэта – рэдкасць. Такое хараство, такі розум. І да таго ж – дзіва – неабыякавая да яго. Відаць было. Хінецца душой. Рада была. Хвалявалася. Ці ж разумна – страціць гэта. Самому адмовіцца, загубіць. Загубіць і потым не знайсці больш.
Што ж, што ён кіраўнік, што да яго патрабаванні асобыя?! Што, яму і любіць нельга?
У такія хвіліны турбавала практычнае: дзе б ім знайсці нейкі прыстанак для сустрэч? Ну, сёння сустрэча кароткая, можна і пастаяць пад бярозамі. А дзе потым? Не стаяць жа сярод дарогі ці лесу, марозіць яе? Але што рабіць? У Юравічы прывезці, да сябе? Цяпер, калі яны адно аднаму яшчэ невядома хто? Выклікаць такую ўвагу да сябе?
У школу, да яе – таксама нельга. Нельга і ў Курані яе, да бацькоў. Нельга.
Як бы ён ні тлумачыў, што ў яго сур'ёзныя пачуцці, гэта выкліча крыватолкі. На яго рэпутацыю, бясспрэчна, ляжа пляма. Яго аўтарытэт будзе падарваны. Загадзя можна сказаць.
Ён ад душы пашкадаваў, што жыве не ў Гомелі. Там усё зрабіць было б прасцей.
Нялёгка і няпроста Башлыкову было ў гэты дзень. Не раз яшчэ брала цвярозае: спыніцца, не ехаць. І кожны раз за гэтым было: паехаць, пабачыць. Хоць адзін, апошні раз.
Вочы нецярпліва паглядвалі на гадзіннік. Дзень ішоў паволі.
5Пад вечар ён загадаў запрэгчы каня. І Міша, і возчык ведалі, што трэба ў Загалле, на сход.
Калі запрэжаны конь стаў каля вокан, Башлыкоў нехапатліва пакіраваў на вуліцу. Ледзь ён падышоў да вазка, возчык падабраў лейцы, намерыўся сесці на звычайнае месца. На лавачку ўперадзе вазка. Башлыкоў спакойна стрымаў яго.
– Дайце, – ён узяў лейцы, пугу. Растлумачыў возчыку: – Адзін даеду. – Пажартаваў: – Каню лягчэй.
Заўважыў: возчык неахвотна аддаў лейцы, пугу. У вачах былі здзіўленне і недавер'е: сакратар першы раз выбіраецца адзін. Ніколі раней такога не было.
– Дарога цяжкая… – сказаў Башлыкоў.
Возчык кіўнуў: цяжкая. Свежы снег. І ўсё ж было яму дзіўна. Вядома, дзіўна. Але што ты зробіш. Нельга інакш.
Башлыкоў памацаў наган у кішэні, усеўся ў вазку. Перш чым шмаргануць лейцамі, загадаў Мішу, што цікаўна глядзеў побач з возчыкам: ноччу каб былі зводкі. Ноччу вернецца. Тузануў каня лейцамі.
Ехаў вельмі неспакойны. Не бачыў вуліцы, не заўважыў толкам, як уз'ехаў на гару. Толькі тут, на гары, апамятаўся: мястэчка было ззаду. Былі ззаду сумненні: ехаць – не ехаць.
Поўны супярэчлівасці ў душы, разумеў: едзе. На дабро ці на зло – едзе.
Як там ні будзе, трэба ехаць. Не можа не ехаць.
Раздзел чацверты
1На дварэ было свежа і ціха. Лёгка мяло.
Абышла школу, сцежкай, пратаптанай малымі, выбралася за сяло. За загуменне.
У полі – як вокам кінуць – бель, чысціня. Толькі наводдаль вятрак круціць крылы. Вецер свежы, незласлівы.
Ад загумення проста да шляху – дарога, вылізаная саннымі палазамі. Між іх снег, пабіты капытамі коней. І каляіны, і сляды капытоў ледзь прыцярушаны свежым снегам.
Ішла каляінамі. Ісці было лёгка, як па падлозе, толькі ногі часам паслізгваліся. За тым толькі і сачыць трэба было. Тут, у полі, святлей было на душы. Не трэба было хавацца перад Параскаю. Але радасць не адну несла ў сабе, радасць хмарылася непадатным одумам. Чула сябе так, як бы грэх рабіць намерылася, вінаватая.
Яна запярэчыла сабе: няма перад кім ёй вінаваціцца! Няма! Вольная птаха. Усё ж калі не вінаватасць, то няёмкасць нейкая тачылася ў душы, і яна падумала разважліва: мабыць, такое таму, што не дзеўка ўжо. Што была – сплыла пара на спатканні бегаць. Што трэба б ужо жыць, як жывуць усе сталыя. За розум трэба б узяцца. Яна рашуча заспрачалася: што ж, яна такая ўжо, што ёй і шчасця хацець грэх? Што ж ёй – усё кончана?
Ад таго не толькі радасць несла, хоць і нібы падганяў нехта нецярпліва, завабліва: хутчэй, хутчэй! З гэтым поўз у душу, хмарыў усё важкі одум, лажыўся на плечы, чапляўся за ногі, перасцярожваў: не бяжы, стань, пакуль не позна, вярніся. Але, як ні назаляў одум, не тое што вярнуцца, але і прыпыніцца ўжо не магла. Пасля Яўхіма, пасля дурных, не аціхлых, здаецца, яшчэ здзекаў як ёй было спыніцца, не бегчы, калі наперадзе бліснула надзея. Як ёй было стаць, калі звала радасць.
"Што будзе, тое будзе!" – прайшло ў галаве, гарачае, адважнае.
Злева сярод поля зацямнеў гаёк, Ганна ўспомніла: яго звалі таксама, як вёску, Глінішчы. Далей, сярод аднастайнай белай роўнядзі, доўгі, са шчарбінамі, значыўся строй старых бяроз. Шлях. Здалёк заўважыла: насустрач з-за бяроз выкаўзнуліся сані. Дробны конік трушком хутка набліжаў кагосьці. Яна насцярожана ўгледзелася, паспакайнела, адзначыла: не ён. Пэўна, нехта з глінішчанскіх.
Пайшла цішэй. Знарок нагнала абыякавасць на сябе. Калі пад'ехалі, саступіла з дарогі, уехала валёнкамі ў снег. У санях было трое: два дзядзькі і цётка, захутаная хусткай. Дзядзька і цётка сядзелі, другі дзядзька ляжаў, уткнуўшыся галавой у каўнер, відаць, п'яны.
– Куды ето проціў ночы? – зачапіў гарласта чалавек, што правіў канём.
Цётка нядобра зіркнула з-пад хусткі. Той, што ляжаў, варухнуўся, але не ўзняўся. Не чакалі адказу, праехалі сабе далей.
Яна зноў выбралася на дарогу. З тым жа супярэчлівым хваляваннем падалася коўзкаю каляінаю далей.
Вось і бярозы, шлях. З-за бярозы вызірнула востра ў адзін, другі бакі – нікога. Паглядзела яшчэ са шляху: пуста. Кранула прыкрая маркота: нібы ашукалася. Бегла, бегла, дурная, а тут пуста. Паспрабавала супакоіць сябе: рана яшчэ.
Што рабіць? Не тырчаць жа тут, навідавоку! Можа, шляхам пайсці насустрач? Не, яшчэ чаго не хапала.
За шляхам пачынаўся лес. З гэтага боку, пры бярозе, цямнела купка хмызняку. Вунь і пратаптаная сцежачка ў хмызняк. Падалася ў заснежаны зараснік, перабыць.
Ціха, халаднавата, мяце трохі. Колькі таго пастаяла, дайшло, акурат ад Юравіч, – раз-другі пырхнуў конь. Адразу навастрылася ўвагаю: хутка пачула, як парыпвае вупраж. Калі рыпанне наблізілася зусім, зірнула на шлях – і ўмомант адхіснулася за куст. Ад неспадзеўкі аж пахаладзела.
Трэба ж такое! У санях горбіўся Яўхім. Шапка была насунута, каўнер наставіў, але яна адразу пазнала. Мала не сутыкнуліся! Затаілася ў не надта густым цяпер хмызняку, чакала. Пабачыў ці не пабачыў? Здалося, як бы зірнуў у яе бок. Не, паехаў далей…
Ужо калі мінуў, выглянула зноў: Яўхім ехаў па дарозе, аддаляўся. Адчула палёгку: небяспека адыходзіла. Ад перажытага ўтрапення не адразу дайшло, што Яўхім паехаў не па сваёй дарозе. На Курані паварот быў далей, ён жа збочыў тут, на гэты край Глінішчаў. Дзе школа.
У школу наведацца рашыў? Глядзела ўслед яго саням ужо з іншым неспакоем: заедзе, запытаецца, чаго добрага – кінецца сюды?.. Не, не кінецца, супакоіла ўпэўнена сябе. Не вернецца. Параска не скажа. Пашле, не інакш, у другі бок…
Ледзь паспакайнела, пачула – мерзнуць калені. Холад ішоў вышэй, стаў лезці ў валёнкі. Яна пачала тупаць, біць валёнкам аб валёнак. Пашкадавала: як павольна ідзе час, як марудна цямнее – цемра неяк асцярожна, нясмела абступае. І цішыня, ад якой аж ломіць у вушах. А на дарозе – ні гуку.
Рана прыйшла, падумала яна. Казаў жа: "Як сцямнее". Нібы апраўдваючыся, гаворачы яму ў думках, растлумачыла: давялося раней выйсці. Не надта зручна было б ісці пазней, поцемкам. Адной, сярод поля. Ды і ад Параскі адысці раней хацелася, пабыць вольна…
Пацямнела даволі. Можна ўжо і выйсці на шлях. Стала каля бярозы, затулілася ёй ад ветру, прыслухалася. Ні гуку на дарозе. Адно бярозы ледзь чутна шумяць. І мяце снегам. Дарогу не далёка відаць.
А можа, і не прыедзе? – узяло раптам. Можа, яна дарэмна бегла, попусту калее тут упоцемку, дурная. Можа, толькі так сабе сказаў, а яна і паверыла, прыбегла. Гэта, аднак, не надта занепакоіла, падумала пра гэта нібы знарок. Думкі гэтыя ўмомант сышлі, іх выгнала моцнае, упэўненае: не, не так сабе сказаў. Хацеў сустрэцца, сама бачыла. Можа, падумала разважліва, няўпраўка якая выйсці хіба. Не здолее чаму, заняты нечым. Не то з папрокам сабе, не то са спачуваннем яму адзначыла: ёсць калі яму займацца гэтым. Такою для такога чалавека драбязой.
Мяло, і шумела бяроза, маркотна, безнадзейна. На дарозе нікога ўсё не было. Праз мяцеліцу і поцемак убачыла каня, калі ён падышоў ледзь не ўсутыч. За канём вызначыла цёмны вазок і постаць. І конь, і вазок рушылі нячутна, павольна.
Было відаць, возчык прытрымліваў каня. Чалавек быў адзін і нібы прыглядваўся. Зноў ускінулася хваляванне. Білася моцна сэрца. Прытулілася да бярозы бліжэй. Вазок праехаў паволі, потым вярнуўся, стаў. Ён. Няхай пастаіць, пачакае! – падумала раптам ганарліва.
Ён пастаяў хвіліну, пачаў заварочваць каня на дарогу да школы. Хоча насустрач ёй.
Яна адарвалася ад бярозы, ступіла на шлях. З няёмкасцю, цяжка гукнула: "Эй, дзядзько!"
Ён павярнуў каня да яе, пад'ехаў. Саступіўшы з вазка, прывітаўся.
2– А я ўжо рашыў… – прамовіў Башлыкоў весела, з кпінкай над сабой. Ён схамянуўся, сказаў урачыста: – Ну, з Новым годам.
– І вас таксама!
Бачыла: рады быў. Ад хвалявання маўчаў трохі, не знаходзіў слоў.
– Даўно тут?
– Не. Толькі што.
Каб яна ды выставіла сябе цяпер недарэкаю, прызналася: як бегла, як мерзла! Як магла, яна таіла радасць, паказвала сябе спакойнаю. Папрасіў, ну і прыйшла. І ўсяго.
– Не замерзла?
Яна стрымлівала дрыжыкі.
– Не.
Башлыкоў яшчэ памаўчаў. Здагадалася: думае аб нечым. Ён сказаў, запрашаючы:
– Сядай.
Сказаў не вельмі ўпэўнена. Не ведаў, мусіць, што рабіць. Яна села ў вазок. Пад ёй былі кажух, мяккае сена. Ён зайшоў на другі бок вазка, сеў побач.
– Паедзем, – сказаў ён весялей, чым трэба было. Як бы падбадзёрваў не толькі яе, а і сябе.
Зноў са здзіўленнем адзначыла ўжо вядомае ёй: ён з ёю не такі важны, жалезны, як на людзях. Далікатны надзіва і нібы разгублены. Як бы бянтэжыцца і не хоча, каб яна заўважыла. Як хлопец. Ёй гэта падабалася.
Башлыкоў крануў лейцамі каня. Намерыўся ехаць па шляху. Яна спыніла яго:
– Лепей сюды… У лес…
Калі ён павярнуў каня, больш каб не маўчаць, каб выказаць яму ўдзячнасць, што поўніла невядома чаму яе, дадала ціха, па-сяброўску:
– Дарога тут ціхая… Тут і днём мала хто… А цяпер…
Яе нястрымна апаноўвала хваляванне. Усё, што было да гэтага, растала, змыла гэтае хваляванне, хваляванне першай блізкасці з ім. Звінела ў галаве, калацілася сэрца, мала не калаціла яе ўсю. Шчасце ці прывід шчасця, што з таго, завалодалі ёю, залілі ўсю яе. Калі б гэта зычыла і пагібель, Ганна, напэўна, кінулася б, не раздумваючы, не шкадуючы.
Самае незвычайнае было ў тым, што яна чула: і ён так жа хвалюецца. Што і ў яго тое ж самае, як і ў яе. І што хоць яны сядзяць толькі побач, яны нібы з'яднаны. Цішынёй гэтай, цемрай, лесам, ноччу. Вазком, у якім яны адны. І ад таго, што ён маўчыць, далікатна стрымліваецца, шануе яе, гэта іх еднасць чулася яшчэ нібы вастрэй.
– Стань. Давай пастаім, – папрасіла яна, калі праехалі трохі. Прамовіла ціха, далікатна, быццам баялася парушыць нешта. І быццам змоўніца.
Чамусьці хацелася стаяць. Стаяць сярод ціхага, з ледзь чутным угары пошумам лесу і маўчаць. Маўчаць, як гэтыя засяроджаныя, зацятыя дрэвы.
– Ты змерзла, – заўважыў ён, што яна дрыжыць.
– Не, нічого…
– Уздыміся трохі.
Ён дастаў кажух з-пад яе і сябе, накрыў ёй плечы, затуліў калені. Заклапочана і пяшчотна. З насцярогай пільнавала – абдымаць возьмецца, абшчэпіць. Чамусьці вельмі не хацелася цяпер гэтага. Здавалася, гэта разбурыла б тое харошае, што поўніла ўсю. І рада была, што з пашанай абышоўся.
Адзначыла толькі: рука яго на момант затрымалася на яе каленях. Даўгавата затульваў калені ёй. Але адарваў руку.
– Я ненадоўга, – сказала яна.
Сказала невядома чаму. Бо хто ёй не даваў быць тут доўга. Сама сабе нібы загадала. Нібы баялася чагосьці, калі застанецца доўга.
– Я таксама, – прамовіў ён. Дадаў тонам важнага клопату: – Сход у Загаллі.
Заўважыла: ён нечым недавольны. Незразумела чым. Здалося: далёка думкамі ён. Сваімі думкамі, далёкімі ад яе. І ўвесь ён, пабачылася, далёкі. Узяло раптам вострае: нераўня яны, чужыя. Падумала з папрокам сабе: Божа, што яна ўдумала! На што спадзявалася! Чаго прыйшла!
Ледзь стрымала сябе.
– Е ў вас калі час для сябе? – прамовіла здзіўлена і нядобра.
– Цяпер мала, – адказаў ён, тоячы недавольнае. – Цяпер не да асабістых спраў.
– Як жа жыць так?
– Гарачая пара ў нас цяпер. Адказная.
Ён сказаў шчыра, дружалюбна, нібы са спадзяваннем, што яна зразумее, адчуе, як яму. Яна адчула, згадала на момант той даўні сход у школе. Душу кранула спачуванне яму, але блізкасць, якая так хораша толькі што чулася, усё ж не вярнулася.
Нейкі час маўчалі побач, розныя, далёкія.
Ён, відаць, адчуваў гэту адасобленасць, яна яму, пэўна ж, не падабалася, але ён не рабіў нічога, каб развеяць яе. Ці ўзрушаны быў вельмі, ці неспрактыкаваны ў такіх справах. Вельмі магло быць, што ён не знаходзіў, як трымацца, як павесці гаворку.
Можа, і недавольнасць, і стрыманасць яго былі ад гэтага.
– Як ты жывеш? – павярнуўся да яе. Цяжкавата вымавіў "ты".
– Так і жыву…
Яна сказала знарок весела, бесклапотна.
– Трэба выходзіць на дарогу, – параіў ён шчыра. – На сваю. Сапраўдную.
– Дзе яна, тая мая? – Ганна нібы пакпіла задзірліва.
Ён не адгукнуўся на смех яе, сказаў пераканана, сур'ёзна:
– У цябе добрыя здольнасці. Ты многа можаш дасягнуць.
– Аге! – падхапіла яна насмешліва. – З маёй граматай.
– Колькі яе ў цябе?
– А ніколькі!
– Зусім не вучылася?
– Вучылася. І багата. Толькі не таму, што некаторыя. Кароў даіць, на кроснах ткаць.
– Трэба вучыцца.
Ён цяпер знайшоў сябе. І гаварыў, і трымаўся ўпэўнена. І, падобна было, давольны быў сваёй роляю, дужага, дасведчанага. Мужчынскай роляю.
– Цяпер усюды патрэбны пісьменныя. На любым заводзе. У арцелях. Ды і калгасах. У вас жа, у школе, гурток ёсць!
– Е.
– А што ж не вучышся?
– Спрабую.
– Трэба!
Ён памаўчаў. Ганне здалося: пра яе, мабыць, думае – от з якой цемнатой звязаўся. У душы ўскінулася ганарлівае: не ўсё шчасце ў вашай грамаце. Свая грамата ёсць. "Звязаўся!" Нядоўга і развязацца. Ніхто не набіваецца. Ён раптам ашаламіў:
– А то, можа, у мястэчка давай? – Апярэджваючы яе пытанне, дадаў: – У мястэчку лягчэй будзе вучыцца.
Яна ўмомант убачыла мястэчка, чыстае, святочнае, сябе ў ім, прыбраную, незнаёмую. Мястэчка было, што там ні думай, як бы вышэйшым светам, яно вабіла. І словы Башлыкова завабілі, аж нібы закружылася галава ад прадчування нязнанага, цудоўнага… Яна намаглася, адолела непатрэбнае захапленне, прамовіла разважліва, з насмешачкай:
– Што я там рабіць буду?
– У нас арцелі там, – сказаў Башлыкоў стала, надзейна. – Работніцай можна будзе ўладзіць. Спачатку – падвучыцца трэба будзе, канечна. Пабудзеш вучаніцай. А там – майстрам станеш. Спецыяльнасць і прафесія рабочая! Рабочы клас, можна сказаць! Ну, а там і далей можна пайсці. Адтуль табе ўсе дарогі адкрыты.
– Унё, так проста! – стрымала яна сябе, хоць ад слоў яго ўсё ж нібы кружылася галава.
– Не проста, і не так страшна, як ты думаеш. – Ён, чула, зазлаваў на яе недавер'е, загаварыў гарачэй: – Я, ты думаеш, з чаго пачынаў? З таго ж, можна сказаць, што і ты. Распісацца ледзь умеў! Але рашыў: вазьмуся, адолею ўсё! І ўзяўся! Гурткі, курсы, камсамол! Работа і самаадукацыя! І дабіўся!
– Дык то вы! – знарок запярэчыла яна.
– Галоўнае: захацець і праявіць настойлівасць. І ўсяго даб'ешся. Ты зможаш, я бачу!
Праз некалькі хвілін ён раптам перарваў гарачую гаворку, сказаў клопатна:
– Ну, мне трэба ехаць. Справа чакае.
– Трэба дык трэба, – згадзілася яна, тоячы шкадаванне.
Ён завярнуў каня, тузануў лейцамі. Вазок лёгка, нячутна паплыў да шляху, перацяў шлях. Ужо калі па баках разышлася роўнядзь шэрага поля, ён аб'явіў:
– Заўтра выберуся на больш. Зможаш?
– Прыйду.
– Туды ж?
– Добра.