Текст книги "Завеі, снежань"
Автор книги: Иван Мележ
сообщить о нарушении
Текущая страница: 11 (всего у книги 18 страниц)
Праз некалькі хат натрапілі на застолле.
На стале, пасярод яго, круглілася чорная скаварада з недаедзенай яечняй. Побач былі глыбокая гліняная міска з мокрымі агуркамі, кацялок з бульбай у мундзірах, паўбохана хлеба. Мутна значыліся дзве пустыя шклянкі.
Бутэлькі на стале не было. Пэўна, прыхавалі спехам, пакуль яны, госці, ішлі па двары, у сенцах.
Было відаць: не ў час прыбіліся.
У хаце было траіх. Адна, старая, сухая, корпалася пры печы. Двое другіх гаспадарылі за сталом, яны найбольш кідаліся ў вочы. Асабліва ўпадаў у вочы той, што быў насупраць: чырвоны, з сальным водбліскам на лбе, на шчоках, здаровы, горбіўся над сталом магутнай глыбай. З-пад нізкага лба дробныя вочы глядзелі нядобра, тупавата. Башлыкову мімаволі падумалася: сустрэнешся з такім у лесе – аднаго выгляду напалохаешся. Другі на першы погляд не вылучаўся нічым: нярослы, сухаваты, у старым пінжаку, у расшпіленай сарочцы, здаваўся вельмі звычайным. Заўважаўся хіба позірк: светлыя, з-пад чуба, вочы глядзелі востра, пранізліва.
– Здароў, Ларывон! – сказаў Глушак асобна, калі прывіталіся з усімі.
Ларывон зірнуў нібы з недавер'ем, не адказаў. У тупым позірку паявіўся цяжкі роздум.
– Здароў, – выціснуў неахвотна, пільна ўтаропіўся.
Башлыкоў успомніў мянушку Ларывона, якую яму сказаў Глушак: «Бугай». Падумаў з ухвалай: «Дакладна назвалі. Бугай і ёсць».
– Угашчаецеся? – ці то проста адзначыў, ці то папракнуў Дубадзел. Голас быў звонкі, гаспадарскі. – Свято якое?
– Свято, – адказаў Бугай з насцярожанасцю і з выклікам. Башлыкоў прыкмеціў: Бугай павёў позіркам да таго, у пінжачку, з чубам. Павёў позіркам не проста так, а нібы пытаючыся.
Глушак помніў сваю ролю, выказваючы тонам голасу належную значнасць моманту, назваў Башлыкова, яго пасаду. Потым, павярнуўшыся пачціва да Башлыкова, сказаў пра гаспадара: Ларывон Глушак. Тут Міканор затрымаўся, вагаючыся, мусіць, знаёміць ці не знаёміць з Ларывонавым госцем. А можа, разважаючы – як яго назваць.
Той, у пінжачку, унізаў востры позірк у Міканора Глушака, пачакаў з выразнай насмешкай. Устаў, з гуллівым выразам на твары пакланіўся:
– Яўхім Глушак. Сын Халімона Глушака.
У тоне, якім ён назваўся, пад гуллівасцю таілася значнае, сур'ёзнае.
«А-а, вось ён!» – Башлыкоў не ўхаваў цікавасці, прыгледзеўся: асоба гэта завочна даўно была вядома сакратару райкома. І неабыякаваю была. Таму першым адчуваннем была цікавасць: а, вось які ён знешне. Гэта прабівалася праз даўнюю і трывалую непрыхільнасць да яго, кулацкага сынка, па вестках, якія даходзілі да Башлыкова – небяспечнага тыпа. Тое, што цяпер бачыў Башлыкоў, не мяняючы нічога, дапаўняла ўсё, што ён ужо ведаў, рабіла больш наглядным, жывым. Такою была цікавасць, з якою Башлыкоў глядзеў на Глушака.
Услед за гэтым Башлыкоў адзначыў уважліва, як пранікліва гэты кулацкі выкармак выкрыў сэнс Міканоравага вагання і як спрытна знайшоў, што сказаць. Умомант зразумеў, што ад яго трэба. Здагадлівы проста надзіва. І разумны, відаць. Па-свойму, вядома, разумны.
«Халімона Глушака сынок. Яс-сна».
Яўхім Глушак нібы ведаць не хацеў, што там пра яго могуць разважаць. З той жа насцярожлівай гуллівасцю глянуў да печы, з дзіўнай, задзірлівай весялосцю сказаў:
– Цётко, што ж вы ето! Не прыглашаеце гасцей за стол! – Ён павярнуўся да Ларывона, крутнуў галавой і з дакорам: – І ты, Ларывон!
– Аге! – адразу азвалася старая. Мітусліва ўзялася перавязваць фартух, як бы паказваючы, што зараз гатова старацца для гасцей.
Ларывон не зварухнуўся, утаропіўся ў Яўхіма Глушака п'яна, няцямна: як бы хацеў зразумець нешта і не мог.
– Такія госці прыбулі! З самаго раёну! – Яўхім Глушак гаварыў без ліслівасці і без насмешкі, нібы тлумачыў абоім: – Можно сказаць, першы чалавек у раёне. І – сваё начальство! – Тут Глушак кіўнуў на Дубадзела.
Пры апошніх словах, улавіў Башлыкоў, зноў пачулася гуллівасць. Гуллівасць была такая, быццам кулачок падсмейваўся з Дубадзела. Быццам лічыў сябе роўным з ім.
Ларывон Бугай кінуў позірк на Яўхіма Глушака і раптам дзіўна павесялеў. І позірк быў вясёлы, гарэзны, як бы змоўніцкі; здалося, паказваў дружку: зразумеў усё, падтрымаю.
Чырвоны твар распоўзся дурнаватаю ўсмешкаю. Дужа ўзняўся, шырока павёў рукою з тоўстымі, нібы распаранымі, пальцамі. Нахабна-шчодра аб'явіў:
– Давайце!.. Прыглашаю ўсіх!..
Башлыкоў паглядзеў на яго са знішчальнай строгасцю, хацеў асадзіць адразу, адкінуць недарэчныя жарцікі. Адрэзаў строга, годна:
– Дзякую. Але мы прыйшлі па справе.
– А што, за сталом хіба не робяць справы? – адгукнуўся адразу той, у пінжаку.
– За сталом толькі і робяць! – падхапіў Ларывон. – Усякая справа за сталом – як па маслу! За яечняй ды з чаркай – адразу йдзе!
Ён зіркнуў на Глушака, як бы чакаючы ўхвалы, голасна зарагатаў. Адчувалася, здаравіла гэты ва ўсім слухаўся таго, дружка. Той кіраваў ім.
Глушак не падтрымаў рогату, і Ларывон сціх.
Тут у гаворку ўступіў Міканор Глушак: адчуў, што настала яго пара. Важна, вельмі недавольна, як бы судзячы, папракнуў:
– Чаго з калгасам валаводзіш? Заяву не падаеш!
Ларывон знарок пачухаў патыліцу. Ашчэрыўся задзірліваю, нахабнаю ўсмешкай:
– Няграматны я. Пісаць не ўмею.
Міканор не адказаў на ўсмешку, але падхапіў яго словы:
– Дак, можа, – памагці? Напісаць табе?
– Не трэба, – адказаў ён цвёрда. Потым паспрабаваў зноў нібы пажартаваць: – От сам вывучуся…
– Доўго сабіраешся! – аб'явіў упэўнена Дубадзел. У тым, як ён сказаў свае словы, здавалася, быў яшчэ важны, недагавораны сэнс.
– А хіба трэба канешне хутко? – Ларывон, адчувалася, не хацеў адступацца ад свайго тону. Стараўся трымацца малайцом. Нават пакпіў: – Ці вы баіцеся не ўправіцца?
– Каму, можа, і трэба баяцца, – адказаў рэзка Дубадзел, зноў быццам прытаіўшы важнае, з якім лічыцца трэба. – Толькі не нам. Нам баяцца няма чаго. Цягнуць не хочацца. Ясно?.. Дак як?
Пытанне Дубадзела было грознае. Ларывон сцёр усмешку.
– Што вам канешне я? – сказаў ніякавата. Ён глянуў на дружка, які быццам не бачыў нічога. – У вас ужэ і без мяне багато. Хапае без мяне… А я і граматы не знаю…
– Хваціць граматы! А не хваціць – навучым! Бо ты ж, мабуць, араць, сеяць не вучаны! – паіранізаваў Дубадзел.
Ларывон прамаўчаў.
Башлыкоў адчуваў, што ва ўсім тым, што гаварыў і як трымаўся Ларывон, мела значэнне, што побач быў друг яго, Яўхім Глушак. Ларывон усё рабіў так, каб выглядаць малайцом перад другам.
Друг жа, можна было падумаць, вельмі спакойна сачыў за ўсім, што было з Ларывонам. Выглядам сваім паказваў: тое, што гаварыць і як паводзіць, – клопат аднаго Ларывона, нікога больш не датычыцца. Башлыкоў, аднак, бачыў, што слухае і сочыць за ўсім Глушак гэты неспакойна, нацята. Толькі стрымліваецца, тоіць. Умее стрымлівацца. Па ўсім відаць, характар дужы. Відаць: цану сабе ведае. Цэніць сябе высока. Больш, чым трэба, няйнакш…
Башлыкоў быў упэўнены, што бачыць яго навылёт. Не з такіх Башлыкоў, каб надта даверыцца таму, што бачыцца звонку. Ды і звонку пільнае вока нямала прыкмеціць можа. Тоіцца Глушак, але выдаюць яго вочы. Не-не ды і пакажуць, што там на душы. Цікаўнасць і непрыязнасць там, схаваныя. Апасліва схаваныя. Башлыкову такое вядома ўжо. Не адзін раз прыкмячаў такое ў іншых.
Яўхім Глушак, аднак, раптам засмяяўся адкрытай, задзірыстай усмешкай. Задзірыста запытаў Дубадзела:
– Дак, можа, і мяне возьмецеся навучыць грамаце?
Дубадзел памаўчаў строга. Засунуўшы рукі ў кішэні шыняля, стаяў недаступны, непахісны. Паказаў, што не ўхваляе такога несур'ёзнага тону з такім пытаннем. Прамовіў важка:
– З табой не возьмемся. З табой асобы разгавор.
– Чаму ето?
– Ты знаеш.
Глушак раптам парывіста павярнуўся да Башлыкова. Башлыкоў убачыў проста перад сабой яго вочы: яны глядзелі востра, патрабавальна.
– А мяне чаму не завеце? – сказаў ён ціха, з выклікам.
Позірк быў такі смелы і ў тоне была такая ўпэўненасць, што Башлыкоў мімаволі прыгледзеўся: як бы нанава пазнаваў чалавека ў пінжаку. Як бы ўбачыў толькі што.
Башлыкоў не быў чалавекам вельмі ўражлівым. Усяго нагледзеўся і да ўсяго быў гатовы. І ўсё ж тое, з якой смеласцю, нават нахабнасцю глядзеў і пытаў гэты выкармак, адзначылася ў ім. Нібы судзіць, нібы загадвае!
Было ў тым, што адчуваў Башлыкоў, яшчэ адно: вось ён, адкрыўся сваёй сапраўднай сутнасцю, кулацкі выкармак. Паказаў сваё аблічча. Выказаў жаданне сваё.
«Чаму мяне не завеце?» Чаго захацеў!
– А я – пайду! – сказаў Глушак, нібы задзіраючыся. – Зразу пайду! Ей-бо! От хоць цяпер!
Па тым, як ён глядзеў і казаў, Башлыкоў адчуваў: пойдзе!
Башлыкова не дзівіла гэта: сярод такіх нямала ўжо бачыў, што гатовы былі. Толькі чаму гатовы былі, дзеля чаго? Гатовы – таму, што хацелі ўхавацца ад падаткаў, цёпла ўладзіцца, зашыцца. Каб дачакацца зручнай пары. Каб шкодзіць знутры.
– Пайду! Толькі скажыце!
– Ведаю, – дасведчана, лядзяна аб'явіў Башлыкоў.
– Не хочаце!
– Не хочам.
– Чаму? – наступаў Глушак. – Я здам усё! Рабіць буду, як усе. Старацца буду. – Позірк яго ўсё вастрэў. Усё нецярплівей унізваўся ў Башлыкова.
– Старацца вы будзеце, – губы Башлыкова працяла з'едлівая, мудрая ўсмешка. Уся іронія яго была ў гэтым «старацца».
– Старацца буду! – зацята вёў сваё Глушак. З рашучасцю, як самае пераконлівае, выказаў: – Што я, жыць не хочу?
Башлыкоў падхапіў гэта:
– Іменна таму, што жыць хочаце. Па-свойму! Па-кулацкі!
Ён сказаў з нудою на твары і з нудою ў голасе. Сказаў і адвярнуўся, паказваючы, што кончыў непатрэбную балбатню.
– Не хочаце! – пачуў ён.
Глушак прамовіў гэта так цвёрда і з такой нястрымнай злосцю, што Башлыкоў азірнуўся.
Іх позіркі сутыкнуліся. У вачах Глушака гарэла такая лютая нянавісць, што здавалася: ён любы момант можа кінуцца, учапіцца рукамі ў шыю.
– Не хочаце! Куды ж мяне? Куды ўсіх нас? На падсцілку! На гной! Ці – як вошы, пад ногаць!
Па тым, як казаў ён, Башлыкоў адчуў, што гэта – невыпадковае. Перадуманае. Што яно збіралася не сёння і вось – вырвалася.
І ад таго, што ён бачыў, якая лютасць за гэтым і якая смеласць у вачах кулацкага выкармка, ён адразу зразумеў, як небяспечны гэты тып. І як неабходна ўжыць належныя захады, каб яго абясшкодзіць.
Ён павёў гаворку з Ларывонам. Стараўся гаварыць разважна, стрымана, але ўзрушанасць не адступала. З ёю ён і пакрочыў з хаты.
На вуліцы ён увесь час адчуваў на сабе ненавідны, бязлітасны позірк Яўхіма Глушака. Недарэчна падумалася, што, калі з такім трапіцца сустрэцца на дарозе адзін на адзін!
Тады прыйшла іншая, цвярозая думка, важнасць якой ён адчуў адразу: вось такія тут і верхаводзяць! Разумеючы нядобрае значэнне гэтага факта, Башлыкоў падумаў турботна: «Чаму ён расхаджвае на волі?»
3Яшчэ адна сустрэча выдалася асабліваю.
Ігнат Глушак – вядома ж, Глушак, – хударлявы, нервовы, лысы, з нейкай дзіўнай іроніяй ківаў, калі Міканор, Дубадзел, а потым і Башлыкоў тлумачылі прычыну прыходу, папракалі за адсталасць.
Да пары да часу маўчаў, ківаў лысаю галавою, а вочы, пільныя, хваравіта-неспакойныя, сцераглі, высочвалі і ўсё свяціліся іроніяй. Нібы паказвалі: вось слухаю, чакаю, калі разумнае што пачую, а няма ўсё, няма…
Не вытрываў хутка, рынуўся, запалены:
– От зганяеце ў гурт!..
– Не зганяем, а арганізуем, – адразу паправіў Башлыкоў. – У калектыў.
– Ну добра – арганізуеце. Зводзіце, нібыто. А хто – над гуртам… над калектывам будзе?
– Каго выбера агульны сход калгаса. – Башлыкоў без усмешкі дадаў: – Могуць і вас выбраць.
Ігнат зіркнуў строга, заявіў:
– Хрэн вы мяне, нібыто, паставіце!
– Паставім, калі выберуць! – Башлыкоў гаварыў такім тонам, што і сумнявацца не даваў.
Ігнат на момант задумаўся.
– Не выберуць мяне, – сказаў упэўнена, без шкадавання. Проста канстатаваў факт. Потым з выклікам, не вагаючыся, нібы радуючыся, заявіў: – А калі б і выбралі – я б не пайшоў! От!
Вочы яго свяціліся рашучасцю.
– Гэта – іншая рэч… – сказаў Башлыкоў.
– А чаму б я не пайшоў? – Ігнат глядзеў на Башлыкова так, нібы патрабаваў: ну, дапетры, вучоны чалавек! Адказаў сам, з гонарам: – Бо з такім кагалам, нібыто, зладзіць – не з маім харакцерам! Я пераб'ю палавіну!
Так казаў, што было відаць: не жартуе. Пераб'е. Жонка ля стала ўхапілася за галаву: што гаворыць!
– Ігнатко, што ето ты пляцеш? – амаль прастагнала яна. – Людзі і праўда падумаюць.
Ігнат зіркнуў на яе.
– За ето – знаеш што? – падчапіў яго Андрэй, дзядзька ў кажушку, што зноў аказаўся пры іх. Ён яўна пакепліваў дзеля начальства. – Засудзяць па закону!
– Ты, Андрэй, не лезь! Куды не просяць! Не сунь, нібыто, носа!
– Да дайце выказацца да канца! – распарадзіўся Дубадзел. У голасе яго чулася незразумелая Башлыкову злараднасць.
Міканор Глушак маўчаў, было відаць, неспакойны: пабойваўся, мусіць, што гэты несамавіты таксама выкіне што-небудзь на бяду яму.
Ігнат, здавалася, не мог бы ўжо спыніцца. Прагнуў дагаварыць, давесці.
– А чаму я перабіў бы? – зноў патрабаваў ён ад Башлыкова: дапетры. – А таму! Бо за кажным вачэй не зводзь! Тут жа стаў чалавека да за ім, нібыто, наглядчыка! Штоб глядзелі, як робіць кажны! Штоб сцераглі дабро! Вачэй не зводзілі! А не, дак такое наробяць! Расцягаюць усё па норах сваіх! І не ўгледзіш!.. Кажны, ён што? Да сябе добранькі! Да сябе грабе! От!
Башлыкоў спыніў Міканора, які абурана хацеў запярэчыць штосьці, сказаў дасведчана:
– Калгас хутка пераробіць гэту псіхалогію. У калгасе будзе іншая псіхалогія.
– Іншае? – засмяяўся горача Ігнат. – Адкуль яно возьмецца! – Не даў нікому слова сказаць, заявіў: – А я такога цярпець не магу! Я праўду люблю! А тых, хто за праўду, – не любяць!
– Гэта ў вас – адсталы настрой, – сказаў Башлыкоў.
– Дак от, я не пайду! – вёў сваё Ігнат. – Кеб і выбралі, не пайду! – Ён прыпыніўся на момант, востра зірнуў на Башлыкова: – Да і вы не паставіце! – выказаў непахісна. – Я – непаслухмяны, нібыто. Нязручны! А начальство ўсякае нязручных не любіць! Дак вы не возьмеце! А калі і возьмеце, дак патом – пад зад! А я етаго – не люблю! І не пайду адтаго!
Ён перачакаў пярэчанні Міканора, Башлыкова з усмешачкай, якая казала: гаварыце, гаварыце, не саб'еце! Было падобна, што і не слухаў нікога. Ледзь настала паўза, выказаў сваё:
– Дак вы і паставіце – каго?
Ігнат глядзеў з насмешкай, у якой былі і з'едлівасць і непахіснае перакананне ў сваёй мудрасці. Ён імкліва павярнуўся да Міканора Глушака:
– Яго паставіце! Паставілі ўжэ!.. А ён – які гаспадар, запытайце? Ну, Андрэй, скажы, – загадаў ён раптам дзядзьку ў кажушку.
Дзядзька падумаў, аўтарытэтна адказаў:
– Міканор – чалавек сазнацельны, ідзейны.
– «Сазнацельны, ідзейны», – перакрывіў яго Ігнат. – Гаспадар ён які, пытаю!.. Гаспадар ён, – сказаў Ігнат дзіўна зларадна, – нібыто з г… пуля! От які ён гаспадар!
– Вы дарэмна абражаеце, – нелагодна сказаў Башлыкоў. Дубадзел падтрымаў яго.
Ігната гэта яшчэ больш запаліла.
– Я праўду кажу. Ён і ў сваёй гаспадарцы не быў ніколі гаспадаром. Поля сам, можна сказаць, адзін не абрабіў. Бацько ўсё. Ці пад бацькавым наглядам. Няпраўду хіба, Міканор? – бязлітасна сказаў ён да цяперашняга старшыні. Той, гнеўны, не адазваўся.
– Ну от, – Ігнат як пераможца павярнуўся да Башлыкова. – А цяпер яму – усе гаспадаркі!
Зноў з насмешачкай чалавека, якога ніхто не можа збіць з адзіна правільных пазіцый, слухаў, што пярэчылі яму. Перачакаўшы, зацята павёў далей сваё:
– От і вы! Адкуль? – рынуўся ўжо на Башлыкова. – З горада – відно! Знаеце хоць, як, нібыто, адрозніць грэчку ад жыта?
– Ты, Глушак, кінь ето! – адразу важка, з пагрозным намёкам сказаў Дубадзел. – Кінь ету кулацкую анцімонію!
– Ігнатко! Памаўчы! – забедавала жонка. Ухапілася за рукаў, хацела адвясці ўбок, як ад бойкі. Ён нецярпліва адштурхнуў яе.
– Не лезь! – У нястрымным запале сказаў Дубадзелу: – Не, няхай ён паслухае! Бо вы ж не скажаце! – Узрадавана сказаў Башлыкову пра грэчку-жыта: – Не знаеце!
Башлыкоў не спрачаўся, не пярэчыў: смешна, нікчэмна было спрачацца, абараняць сябе ў такой дыскусіі. Годнасць не дазваляла прыніжаць сябе такім чынам.
Ігнат махнуў неспакойнаю, кручкаватаю рукою, як чалавек, што гатовы на ўсё.
– Ну, так і быць! Станьце ў нас старшыном! Пайду! Ей-богу! Хоць зараз! Пайду!
– Ты, Глушак, етыя кулацкія свае штучкі! – заступіўся зноў за Башлыкова Дубадзел. – За агітацыю проціў прадстаўніка ўласці – знаеш што?!
– Дзела нашаго, нібыто, не знаеце, – Ігнат не зважаў на Дубадзела, бачыў толькі Башлыкова, – дак хоць грамату знаеце! А сельскаму хазяйству – навучыцеся! Давайце! Пайду! Ей-бо!
Башлыкоў сказаў строга:
– Маім жыццём распараджаецца партыя. Куды яна загадае, туды я і пайду. Не раздумваючы.
– Ну от! – адгукнуўся Ігнат з насмешкай, якая значыла: я так і ведаў. – Не пойдзеце.
– Ты, Глушак, кінь етыя жартачкі! – пагразіўся Дубадзел. – Далеко завядуць яны цябе. Запомні!
Ігнат не паслухаўся папярэджання Дубадзела.
– А я не жартую, – сказаў ён задзірыста. – Дзеці унь. Карміць трэба.
Калі ішлі вуліцаю, Міканор Глушак адстаў, прытрымаў з сабой дзядзьку ў кажушку. Башлыкоў, што неўзабаве спыніўся, азірнуўся, бачыў, як Глушак штосьці недавольна кажа дзядзьку, дзядзька спрачаецца з ім ці апраўдваецца.
Башлыкоў падумаў, што Глушак, няйнакш, хоча адшыць дзядзьку, які невядома чаму круціцца побач. Згадзіўся, што правільна робіць: дзядзька тут ні да чога. Падумаў, аднак, Башлыкоў пра гэта мімаходзь, хвалявала, турбавала яго іншае: толькі што перабытая размова. Было ад яе на душы нядобра, мутна, адчуваў патрэбу разабрацца, праясніць…
– Усюды трэба ўткнуць яму нос! – сказаў Глушак, нібы апраўдваючыся.
Башлыкоў не адгукнуўся. Дымячы папяросай, паказаў, што ў яго свой клопат, і клопат сур'ёзны.
– Душок нядобры! – прамовіў ён значна, ледзь кіўнуўшы да хаты Ігната. Позірк, якім павёў да Глушака, да Дубадзела, казаў, як гэта важна: «душок».
– Д-да, – адразу падтрымаў Дубадзел. Тон згоды паказаў, што ён разумее цалкам, як гэта сур'ёзна.
Глушак вінавата пераступіў з нагі на нагу.
– Пляце сам не ведае што.
– Знае. Добра знае, – выказаў непахісна Дубадзел.
У тым, як сказаў, чуліся і праніклівасць, і нейкі сур'ёзны намёк. Быццам мудрае папярэджанне: небяспечны тып. Трэба пільна глядзець…
– Ад кантузіі, можа… Кантужаны буў…
Дубадзел смыкнуў губамі недавольна, сказаў, судзячы:
– Сердабольны ты нешто, Глушак!
Башлыкова таксама здзівілі словы Глушака, паблажлівасць яго. Падумаў: разгублены пачутым, ці не хоча, каб палічылі, што ён помсціць за злыя словы? Ці – мяккацеласць?..
Не дадумаў, гледзячы ў вочы Глушаку, выказаў галоўнае:
– Як ён, не займаўся такімі разгаворчыкамі публічна?
Міканор на момант задумаўся. Сказаў няцвёрда:
– Да не. Ён не вылазіць асабліва…
– Што значыць – не асабліва? Значыць, бывае часам?
– Да не. Можно сказаць, не…
– Зноў: можна сказаць!
Міканор зусім зніякавеў. Адолеў сябе:
– Не.
Дубадзел хмыкнуў з пагардай.
– А летам? Калі наразалі землю? – сказаў з намёкам. Як бы выкрываючы.
Глушак пачырванеў, пацвердзіў:
– Схапіўся загрудкі. З каморнікам…
– Узялі пад арышт, – Дубадзел гаварыў да Башлыкова. Адкрыта, аддана. – Адправілі ў Алешнікі, у сельсавет.
– Судзілі?
– Не. Адпусцілі.
– Калі?
– Адразу!
– Хто?
– Гайліс.
– Чаму?
Дубадзел прамаўчаў. Маўчанне яго сказала больш за словы. Твар яго сказаў: ён, Дубадзел, дасюль зразумець не можа такі фокус.
– З-за дзяцей… Пашкадавалі… – адгукнуўся Глушак.
Башлыкоў быццам не зразумеў. Раптам, не дакурыўшы, кінуў папяросу ў снег. Рашуча загадаў Глушаку:
– Вядзі!
Раздзел пяты
1Гадзіны за тры абышлі яшчэ дзесятак хат, агледзелі калгаснае, паабедалі ў Міканора Глушака.
Было далёка да вечара, калі выехалі з Куранёў. Башлыкоў хацеў пабыць яшчэ ў Мокуці, адной з самых далёкіх і глухіх вёсак раёна.
За крайнімі хатамі Куранёў было трохі поля, белага, чыстага прастору. Хоць конь бег трушком, не надта хапаўся, поле хутка сышло, падступіў сцяною падбелены, маўклівы лес. Неўзабаве вазок нырнуў у гэту зацятую маўклівасць, ва ўладанні лесу, якому, ведаў Башлыкоў, тут канца-краю не было.
Фактычна лясы тут, а можна сказаць, што і лес, адзіны, агромністы, цягнуліся больш як на сотню кіламетраў. У гэтае вялізнае, зацятае ўладарства і ўехаў цяпер вазок.
Ехалі нейкі час моўчкі. Шархалі адно палазы ды парыпвалі гужы. Дубадзел, горбячыся побач з Башлыковым, наставіўшы каўнер шынелькі, не то драмаў, не то думаў. Не варушыўся, маўчаў Башлыкоў. Адпачываў ад нядаўняга клопату, ад бачанага і чутага.
Ад лясной вусцішнасці аж звінела ў вушах. Пакуль не звыкся, пярэсціла ў вачах ад чорнага і белага, ад дрэваў і галін, што насоўваліся, звісалі, знікалі, зноў ішлі і ішлі абапал, над імі. Хоць быў стомлены і не хацеў думаць попусту, было не надта добра, не па сабе сярод гэтай бясконцай лясной глухамані, зацятай цішыні. Было з прыдушаным неспакоем разуменне пэўнай гераічнасці ад таго, што сам, самохаць рашыў дабрацца ў такую глуш.
Пра гэта, пра гераічнасць, аднак, не думаў. Перакананы, што неабходныя сціпласць і самакрытычнасць, нават стрымана іранізаваў над нікчэмнай гэтай уцехай. Падтрымліваў, не студзіў у душы гарачага імкнення, якое было цяпер самым важным для яго: як бы далёка ні было і якія б нялёгкія дарогі туды, усё роўна даедзе, дабярэцца. І дакапаецца. Усё раскапае. Сам.
Дубадзел зварухнуўся, палез у кішэню. Закурыў. Нейкі час курыў, адвярнуўшыся, каб дым не ішоў да Башлыкова. Пра нешта затоена думаў. У вачах, прымружаных, засяроджаных, было вострае, жорсткае. Сутаргава хадзілі худыя сківіцы.
Курыў похапкам, нервова. Акуркам апёк пальцы, ледзь не мацюкнуўся. Са злосцю кінуў акурак у снег, плюнуў.
Яшчэ нейкі час мружыў вочы кудысьці, соўгаў сківіцамі. Не пазіраючы на Башлыкова, нібы думаючы ўголас, хрыпата, горача прамовіў:
– Ім разгаворчыкі етыя… – Ён запыніўся, нецярпліва саўгануў сківіцамі. Хацеў, відаць, знайсці належнае слова. Грэблівае. Скончыў звычайным, але з грэблівасцю: – Як гарох аб сценку.
Башлыкоў не варухнуўся. Нібы не чуў. Але словы Дубадзела ўразілі яго. Дубадзел быццам пачуў яго думкі, выказаў за яго. Аднак разам з тым думкі гэтыя, сказаныя не ім, а Дубадзелам, былі непрыемныя яму. Башлыкоў як бы пачуў знявагу сваёй рабоце.
– Без разгаворчыкаў таксама нельга, – сказаў ён павучальна, значна. «Разгаворчыкі» – вымавіў з насмешкай: паставіў Дубадзела на месца.
Дубадзел, падобна, не заўважыў іроніі. Таропячыся ўсё перад сабой, сказаў ранейшым тонам:
– Ім не разгаворчыкі трэба!
Былі ў тоне яго гаворкі важкасць і непахісная пераконанасць. Чуліся трывожнасць і нават боль, і Башлыкоў зацікаўлена чакаў, што ён яшчэ скажа.
Але ён сцяў губы, маўчаў.
Башлыкова не раз ужо дзівіла яго ўменне маўчаць. Скажа што-небудзь важнае і абарве гаворку, не дагаварыўшы. Думай, гадай, як разумець.
Гэта дзівіла, тым больш што ў выступленнях сваіх Дубадзел быў надзіва гаварлівы і гарачы: як пачне, паліць без перадыху, здаецца, не спыніцца.
– Тлумачыць трэба, – сказаў Башлыкоў стомлена. – Без тлумачальнай работы – нельга…
Дубадзел абазваўся не адразу.
– Многа разгавораў у нас… – Ён гаварыў з той жа пераконанасцю і нібы судзячы. – А ён слухае, слухае, а сам думае: «Гавары, гавары!»
Словы гэтыя краналі чулае ў душы Башлыкова. Можа быць, самае чулае, нават балючае цяпер, вярэдзілі, як свежую рану. Башлыкоў слухаў, як і раней, з адчуваннем: Дубадзел нібы падгледзеў, што яго рупіць.
І ўсё ж непрыемна было чуць гэта. І хацелася пярэчыць.
– Нельга без тлумачальнай работы…
– Разгаворы само сабой… – не то згаджаючыся, не то думаючы ўголас сваё, сказаў Дубадзел. – А толькі – мало етаго!
Дубадзел памаўчаў момант, выказаў горача, непахісна:
– Брацца трэба за яго! Крэпкай рукою! Як таварыш Сталін вучыць. Па-бальшавіцкаму.
– А мы што ж, «не бярэмся»? – У Башлыкова ўмомант ускінулася абурэнне.
Дубадзел не зварухнуўся.
– Вы-то бярэцеся, – прамовіў ён пазней, як бы разважаючы сваё. Памаўчаў хвіліну: – Да трэба, кеб усе браліся!
Ён нібы вучыў Башлыкова, але гнеў Башлыкова апаў.
– Трэба.
Дубадзел сказаў павучальна і важка:
– Асабліво тыя, каторыя на месце. У нізах.
Башлыкову ўжо зусім не хацелася злаваць і нават спрачацца. Чуў ужо ў Дубадзела не толькі шчырасць і боль, але і гарачае жаданне перасцерагчы, памагчы. І бачыў добрае разуменне рэальнага становішча і цяжкасцей яго.
– Вы кіруеце, даеце ўказанні, як і што, – Дубадзел усё таропіўся кудысьці, раз-пораз сцінаў сківіцы. – А на месцы павінны брацца. А яны – не бяруцца! Від толькі паказуюць. Сердабольныя!
Ён плюнуў. Заявіў цвёрда:
– Ад таго слабо ідзе!
Зноў ехалі моўчкі. Ківаючыся ў вазку, пад ледзь чутны тупат капытоў і парыпванне гужоў, Башлыкоў думаў пра Дубадзела. Нязграбны нібы, не надта граматны, а – з галавой. Недалёкі, здавалася б, а бачыць – і вакол, і ўглыб. Правільна бачыць і мысліць. Лепш, чым некаторыя «далёкія», адукаваныя. Разумны па-свойму. Усё ясна, проста ў яго. Пазайздросціць можна.
І моц ёсць у яго. Надзейнасць адчуваецца. На такіх можна спадзявацца. Недарма, значыць, ён кінуўся ў вочы. Не памыліўся ў ім.
Падумаў з усмешкай: неадукаваны, а такт які! Слова лішняга не скажа. Кожнае слова – са значэннем. «Падумай», маўляў. «Разваж».
А галоўнае – шчырасць якая, адданасць. Усё – з душой, са страсцю…
– Глушак еты, Яўхім – штучка! – прамовіў унураны ў думкі свае Дубадзел. «Штучка» – праказаў так, што Башлыкоў зірнуў пільна. – Выкіне шчэ. Пабачыце.
Прарочыў з такой упэўненасцю, быццам бачыў ужо, загадзя.
– І Ігнат – загадачка!
У памяці Башлыкова надоўга засела гэта: «штучка», «загадачка». Засела тым больш моцна, што сам думаў падобна.