Текст книги "Завеі, снежань"
Автор книги: Иван Мележ
сообщить о нарушении
Текущая страница: 12 (всего у книги 18 страниц)
Цяпер ужо доўга маўчалі. Конь цяпер не бег – клыпаў цярпліва свежым снегам. Вазок не кідала на паваротах і ў ямах, далікатна паводзіла. І дрэвы, чорна-белая пярэстасць, плылі паволі, і можна было думаць, што ім канца не будзе.
Але Башлыкоў думаў пра іншае. Растрывожаная памяць вяртала яго назад, у Курані, да пабачанага і пачутага там.
Найперш вярэдзіла, пякло незразумелае. Неверагоднае. Як гэта магло здарыцца? Чаму гэта здарылася! Што выпусцілі з-пад арышту, пасля такога злачынства! Пасля замаху на савецкага работніка. Замаху фактычна на законы і парадкі, вызначаныя савецкай уладай. Выпусцілі яўных антысаветчыкаў, ворагаў. Арыштавалі, адправілі і адпусцілі! «Гайліс загадаў: адпусціць!» «Пашкадаваў дзяцей!»
Які дабрадзей! Сам бацька не дбае пра дзяцей, дык ён паклапаціўся! І Глушака дарослага пашкадаваў, відаць, таксама, каб не трывожыць бацьку! Праявіць такую даверлівасць, глухату і слепату! Проста немагчыма паверыць, што гэта – усяго неразуменне, неразуменне элементарных законаў! Не хочацца думаць, што тут горшае, свядомае ўкрывацельства, але ж факты пра што гавораць! Не паведамілі нават райкому, адпаведным органам! Мімаволі прыходзіцца думаць, што спадзяваліся – ніхто ведаць не будзе! І не ведаў бы ніхто ў раёне – каб не прыехаў, не раскапаў! Сам! І сакратар ячэйкі – дзіва проста. Быў пры гэтым, бачыў усё і хоць бы варухнуўся. Глядзеў, назіраў, як пабочны, не паправіў, не запярэчыў нават! Не паведаміў райкому! Ніякага сігналу не даў!
Не сыходзіла з памяці: «А нас куды? Усіх нас куды? На падсцілку! На гной! Ці – як вошы, пад ногаць!» Помнілася так, быццам гучала яшчэ ў вушах. Быццам пёк вочы люты позірк. Ён добра разумеў значэнне гэтага позірку і разумеў небяспеку, якая свяцілася ў гэтых вачах. З гэтым мяшалася насмешлівае, крыўднае: «Знаеце хоць, як адрозніць грэчку ад жыта?» «Дзела нашаго не знаеце! Дак хоць грамату знаеце! Давайце к нам!.. Ну от!» Вярэдзіла, паліла гэтае злое, злараднае «ну от» – я, маўляў, так і ведаў: ты толькі ўгаворваць майстар, а сам сядзець будзеш збоку, у чыстай местачковай кватэры, у кабінеце сваім!
Як яны, Гайліс і Глушак, могуць мірыцца з такімі! Як маглі дараваць адкрытае выступленне супраць калгасаў, супраць савецкай палітыкі! Больш таго – арыштаваць, адправіць у сельсавет і – выпусціць! Класавага ворага выпусціць на волю! Башлыкоў ніяк не мог звыкнуцца з гэтым фактам, не мог спакойна думаць пра яго.
У яго даўно былі сумненні, што да бальшавіцкай прынцыповасці Гайліса. І ўсё ж і ад Гайліса ён не чакаў такога.
З гэтым спляталіся развагі пра Міканора Глушака. Чаму ж ён не паправіў, не запярэчыў нават? Не паведаміў райкому? Ці не захацеў сам, са сваіх перакананняў, ці не рашыўся пайсці супраць Гайліса? Вядома, першае слова тут, у гэтай гісторыі, за Гайлісам, Гайліс вярнуў арыштаванага. Гайліс тут непахісны аўтарытэт, камандзір. Але як можна было – сакратару ячэйкі – праяўляць такую мяккацеласць і проста бесхарактарнасць пры Гайлісу, патакаць усім яго фокусам! Як можна так адносіцца да сваіх партыйных абавязкаў, да таго давер'я, якое аказана!
А можа, тут прычына не толькі ў мяккацеласці, у паслухмянасці перад Гайлісам. Можа, тут прычына перш за ўсё ў тым, што такая «дабрата» па сэрцы самому. Што самому па душы сядзець ціхамірна, аберагаць свой асабісты спакой. Жыць мірна побач з варожай поганню, таму, што і яна, як кажа маці яго, таксама «людзі». Глушак абураўся развагам маці, але – наколькі шчырае гэтае абурэнне. Ці не ад таго яно, што – перад сакратаром райкома. І адкуль гэтыя погляды ў маці сакратара партячэйкі, і чаму сакратар ячэйкі не мог зламаць іх?
І ці так ужо бяскрыўдна тое, што сакратар ячэйкі, аказваецца, састаіць няхай і не ў непасрэднай, а ўсё ж сваяцкай сувязі з кулацкай сям'ёй? Канешне, у вёсках гэта не так і рэдка, але ж ці не пакідае следу ў поглядах Міканора Глушака гэтая сувязь? У поглядах і ва ўчынках. Ці не ў гэтым корань таго, што Дубадзел добра называе – «сердабольнасць»?
Так, чуццё не ашукала яго, што тут, у Алешніцкім сельсавеце, кіраўніцтва не на ўзроўні. Не памыліўся тады, на сходзе ў Глінішчах, і потым, у Юравічах, калі шукаў прычыны таго прарыву, у які трапіў сельсавет. Тады ён толькі меркаваў, цяпер ён ужо мае факты, дакладныя факты, якія гавораць пра тое, што кіраўніцтва сельсавета і кіраўніцтва ячэйкі, па сутнасці, займаюць апартуністычную лінію, не вядуць належнай барацьбы з антыкалгаснымі, кулацкімі праявамі.
Калі думаў пра гэта, мацнела адчуванне, якое ўжо не раз прыходзіла, што добра зрабіў, выбраўшыся сюды: раскапаў, знайшоў факты, якія праяснілі становішча ў сельсавеце і, што яшчэ больш важна, кірунак таго, як выправіць гэта становішча. Фактычна тое, што адкрылася тут, калі паглядзець шырэй, – а яму і належыць глядзець так, хоць бы з абсягам раёна, – паказвае, якім кірункам можна вывесці з прарыву і ўвесь раён. Тое, што адкрылася тут, дае зрабіць вывады для ўсяго раёна. На фактах гэтых вёсак ён навучыць усе вёскі раёна, уздыме ўвесь раён.
Так, трэба брацца. Дубадзел добра сказаў: «Брацца крэпкай рукою!» Брацца не аднаму яму, брацца ўсім! Поспех у маштабе раёна будзе залежаць ад таго, наколькі ўдасца ўзняць усе кадры! Каб зламаць ворага, трэба ўзняць баявы дух усіх партыйцаў, усяго актыву! Для гэтага трэба навесці перш за ўсё парадак у нашых радах! Перш за ўсё вытравіць у нашых радах які б ні было лібералізм да ворага, расхлябанасць. Для гэтага – строгасць, непрымірымасць да саміх сябе! І не на словах, слоў ужо даволі было, а на справе! На канкрэтных фактах, якія ён выявіў тут!
Трэба справу аб злачынствах у гэтым сельсавеце паставіць на бліжэйшым бюро. Трэба Гайліса і Глушака прыцягнуць да суровай адказнасці, пакараць са ўсёй строгасцю! Гайліс за ўсё тое, што ўчыніў, бясспрэчна, заслугоўвае выключэння з партыі. Строгае спагнанне варта даць і Глушаку. Абодвух, вядома, належыць вызваліць ад пасад. Бесхрыбетным згоднікам не месца на такіх адказных пасадах, дзе патрэбны рашучасць і цвёрдасць!
Строгія вывады па справе Гайліса і Глушака павінны, няйнакш, падцягнуць іншых, мабілізаваць усіх. Гэта будзе варты ўдар па мяккацеласці і марудлівасці, гэта прывядзе да пералому ў справах. Наш крок будзе спарнейшы! Пойдзем хутчэй!
Ніякіх мер не прыняць да адкрытых варожых выступленняў, няньчыцца з такімі небяспечнымі элементамі, даваць разгульваць ім на волі! Башлыкоў усё не мог ні зразумець Гайліса і Глушака, ні супакоіцца. Гэта так хвалявала, што хацелася проста павярнуць каня, вярнуцца ў Алешнікі, выказаць усё цяпер жа Гайлісу. Вярнуцца ў Юравічы, расказаць усё членам бюро, пачаць рыхтаваць бюро.
Сярод гэтага ў памяць унізвалася іншае, што бачыў і чуў у хатах. З гэтага першым прыйшло і найбольш хвалявала тое, што ўбачыў у хаце глінішчанскай неадступнай прыгажуні. Было такое адчуванне, быццам раптам, шчасліва адкрылася вельмі важнае і вельмі цікавае аб ёй. І зноў, як у хаце, хвалявала здзіўленне, што такая чулая, багатая душою, такая ганарліўка нарадзілася, вырасла ў такой хаце, у такой затхласці. Недарэчнае, разумеў, здзіўленне. Але яно было, не сыходзіла.
А яшчэ было, ад таго, што ўведаў раптам такое важнае, адчуванне нязвыклай блізкасці і еднасці. Было такое, нібы сустрэўся з ёй самою, нібы дакрануўся да яе, адчуў яе перад сабою, усутыч, так што чуў цёплае дыханне яе. І адчуў, што яны блізкія і што іх нішто не раздзяляе. Што яны людзі аднаго свету.
Яшчэ да гэтага дня незразумела завабная, цьмяная, яна бачылася ўжо блізкаю, рэальнаю, сваёй.
Гэта востра хвалявала ўсяго. Калі думаў пра гэта, глядзеў на бела-чорную пярэстасць лесу, што ішоў і ішоў насустрач, нецярплівым і вясёлым позіркам. У такія хвіліны знікалі з душы трывога і злосць і было толькі гэтае, харошае і дзіўна маладое, бяздумнае. Поўнае добрага чакання і прадчування. Але за гэтым раз-пораз унізваліся некаторыя падрабязнасці ўбачанага ў хаце, і ў душу ішоў неспакой. Неспакой гэты браў кожны раз, калі згадваў маці яе. Чуў зноў Глушакова: «Злая жмінда! З-за прагнасці дачку родную з дому выпхнула. Жыццё дзеўцы пакалечыла!» Так, нялёгка, пэўна, было ёй з гэтай зласліўкай, якая, здаецца, і не здатна зірнуць прыхільным вокам.
У такія хвіліны ў сэрца Башлыкова лілося спачуванне да Ганны. За спачуваннем быў гонар за яе, за непадатную, смелую душу яе. Душу, як думаў пераканана ён, новага чалавека.
З тым, што пабачыў у яе хаце, мяшалася пабачанае ў іншых хатах. Прыходзіла на памяць, як спаткала жонка гэтага маладога, Дзятла. «Сходамі жыць не даюць! Дак шчэ і ў хату век лезуць!» Успомніў, колькі нянавісці было ў яе зацятым позірку. «Кулацкаго роду». Успомніў зноў развагі маці сакратара партячэйкі. Падумаў: з асаблівай упартасцю за старое чапляюцца жанчыны. Самая адсталая і цёмная сіла.
Тады памяць нагадала, як стаяў перад ім, як зіркаў спадылба Дзяцел. «А я пабачыць хочу, што з етаго ўсяго будзе!» Ён хоча яшчэ пабачыць, ён яшчэ наогул не ўпэўнены, што з «етаго» што-небудзь выйдзе! І паспрабуй давядзі яму, як гэта сур'ёзна ўсё абдумана, давядзі, што думаць тут ужо няма чаго! Не такія розумы думалі, абдумалі ўсё! Прадумана ўсё, і – вырашана! Вырашана, а раз вырашана, то будзе – зроблена! Зноў вярэдзіла адчуванне неадольнай глухаты ўсюды, няздольнасці разумець просты сэнс. І зноў узяло злое: было б за што чапляцца! Быў бы не тое што рай, а было б хоць бы чалавечае жыццё. Былі б гаспадаркі як мае быць. А то ж – беднасць, галеча, цемра, бруд, смурод. І ўсё адно – «асмеліцца трудно!». Нібы палацамі рызыкуюць!
Пякла злосць: гэтыя ўпартасць, недаверлівасць, якія не хочуць, здаецца, ведаць нічога! Дурная сялянская глухата і слепата, бяссэнснае чаплянне за старое, за гнілое, абы было сваё. Гэта асабліва пякло таму, што было іменна бяссэнсным. Ну, калі на тое, кулацтва, што цікуе адусюль, шкодзіць усюды, робіць сваё са свядомай мэтай. Абараняе нажытае эксплуатацыяй, нарабаванае, адстойвае свае класавыя інтарэсы. Яго супраціўленне натуральнае: непрымірымы класавы вораг. Але ж як спакойна думаць пра тое, што з ім, з ворагам, заадно фактычна колькі такіх, што павінны быць з намі. Павінны быць з намі, а фактычна стаяць побач з імі, з кулацтвам, з ворагам! Як іх пасобнікі, як іх сіла! Толькі з-за дурной сялянскай глухаты, з-за чапляння за старое, з-за нежадання бачыць і разумець новае.
І раней не любіў гэтае, а цяпер думаў пра яго проста з нянавісцю.
Была ў яго думанні пра гэта адна асаблівасць. Ён гэту асаблівасць ужо рэдка калі і заўважаў. Кожны раз у такія хвіліны Башлыкоў ці ўспамінаў, ці проста адчуваў, як звыклае, той час, калі малым уражлівым хлапчуком упершыню сутыкнуўся з усім гэтым. Можна нават сказаць, што ён ніколі не забываў пра гэта, што гэта як бы назаўсёды было ўжо ў крыві. На ўсё жыццё ўвайшлі ў яго гнеў і злосць тых нелагодных, галодных гомельскіх дзён, калі на вірлівым рынку ён упершыню сутыкнуўся з такімі цёткамі і дзядзькамі. Сутыкнуўся, як з незнаёмым і нялітасцівым светам. Светам чужым. На ўсё жыццё асела ў душы яго непрыхільнасць да цётак і дзядзькоў, што, здалося яму, бесчалавечна дралі з іх, гарадской беднасці.
Пазней да гэтага далучылася вычытанае з разумных кніг. У кнігах было не толькі гэтае, у лепшых з іх таксама было няпроста, але Башлыкоў вылучыў і запомніў больш гэтае: што ён, сялянін, у аснове сваёй – двудушны, што ў кожным ім ёсць уласнік. Эксплуататар. Саюзнік не толькі рабочага, а і кулака. Башлыкоў заўсёды помніў, што кулацтва – гэта частка сялянства.
З гэтым было ў Башлыкове набытае ў жыцці і ў кнігах разуменне сваёй гарадской, рабочай перавагі перад цёмнай вясковай масай. Разуменне вышэйшасці перад ёй.
Цяперашнія сустрэчы раз-пораз блыталі гэты цвёрды лад башлыкоўскіх поглядаў. У цёмнай масе сустракаў ён іншы раз такі розум, што дзівіўся: адкуль гэта? Больш таго, адкрываў праявы такой культуры, якая не ўступала ні ў чым не толькі юравіцкай, а і гомельскай. Ці трэба казаць, як блытала адносіны з гэтым светам сустрэча з куранёўскай красуняй, да якой увесь час вяло яго думкі.
3Не раз, не два ён вяртаўся думкамі да Ганны.
Хто б мог падумаць, што маладога, але такога сур'ёзнага, засяроджанага сакратара хвалююць такія тайныя думкі.
Мусіць, ад таго, што ў душы так востра чулася нядаўняя сустрэча са светам, у якім яна жыла, з хатаю, з бацькамі яе, у душу лезлі, мроіліся з дзіўнай рэальнасцю, надзвычай хвалюючы, як бы жывыя, відовішчы, у кожным з якіх была, жыла яна. Гучалі словы, і ад слоў гэтых аж кружылася галава. І млела, дзіўна, недарэчна, сэрца. Млела, сціналася ад гарачыні, як у хлапчука.
У такія хвіліны мімаволі перасцярожліва паглядваў да Дубадзела, як бы пэўны ў тым, што той сочыць за ўсім, што яму мроіцца. Паглядваў, быццам хацеў пабачыць, што той думае пра яго. Тады цверазеў, адводзіў вочы. Сам-насам хаваў у душы тайнае сваё.
Ад моцнага, непадатнага ўзрушэння раптам недарэчна закарцела: загаварыць пра Ганну, запытацца пра тое-сёе, Дубадзел, няйнакш, ведае. Павінен ведаць, старшынстваваў жа тут, не раз быў, канешне. Не мог не заўважыць такую красуню. Пэўна, ведае, чаму яна ў школе. Ведае, ці была замужам. І наогул, што яна сабою.
Карцела загаварыць. Цяжка было таіцца, утаймоўваць неспакойнае, ліхаманкавае бачанне і думанне. Але не загаварыў, нават не памкнуўся як мае быць. Помніў: не мог, не меў права паказаць такое. Зацікаўленасць такімі рэчамі. Дубадзел адразу зразумеў бы ўсё. Рашыў разважліва: як-небудзь навядзе даведкі ў справах. Ці самую запытае.
У рэшце рэшт – галоўнае ведае. Карэнні яе пабачыў. Бацькоў бачыў, хату яе.
Ад таго, што яна раптам так пабліжэла, мацней брала імкненне – заехаць да яе. Мацней брала і здавалася больш простым: варта толькі збочыць з дарогі. Едучы ў Юравічы, збочыць у Глінішчах да школы. Пакіраваць не на шлях, а на загуменную дарогу.
Калі думаў пра гэта, проста вачавідкі бачыў: кончыліся рады гумнаў і вось – узыходзіць на ганак. Уваходзіць у цёмны калідор, у яе пакой. І вось ужо – удваіх, насупраць, вочы ў вочы.
Кожны раз, калі бачыў ахвочаю ўяваю гэта, сэрца, усяго залівала гарачынь. Горача біла ў скроні. Лес, дарога ківаліся, як у ліхаманцы.
Частка трэцяя
Раздзел першы
1Гэта было вельмі дарэчы, што Казачэнка аказаўся ў сельсавеце і цяпер ківаўся разам з Башлыковым у вазку.
Праўда тое, што з Алешнікаў Башлыкоў выправіўся ў Глінішчы, і надта цікаўных не павінна было б, пэўна, дзівіць. Глінішчы як-ніяк проста на дарозе ў Юравічы, ды да таго ж і адна з найбольшых у сельсавеце вёсак. Натуральна, здаецца, павінна выглядаць тое, што сакратар райкома захацеў наведацца сюды.
Усё ж тое, што Казачэнка ківаўся побач, было не лішнім: яно як бы паказвала кожнаму, каго магла зацікавіць сакратарова паездка, дзелавы характар яго наведання ў Глінішчы. Пра гэта гаварыла і тое, што, заехаўшы ў Глінішчы, Башлыкоў адразу падаўся па калгасных дварах, клопатна высвятляў, як ідзе калгас. Можна было бачыць, што ён давольны: той помны сход быў усё ж не марны, частка людзей вярнулася ў калгас, і гаспадарка жыла. Калгас патрохі як быццам выкіроўваў на лад.
Адсюль Башлыкоў заехаў яшчэ ў хату Казачэнкі. Ад Казачэнкі неўзабаве ён вярнуўся назад на коварат і збочыў да шляху на Юравічы. На звыклую дарогу…
Яшчэ і тут, пакуль не даехаў да краю сяла, Башлыкоў вагаўся – ехаць, не ехаць у школу. Вагаўся, можа, нават больш, чым раней, бо трэба было рашаць.
А рашаць было цяжка. Чамусьці думалася цяжка, і ў думках не было пэўнасці. У думкі ўпарта лезла тое, што пабачыў і перажыў за паездку, хвалявала, вярэдзіла яго. Але пэўнасці не было не толькі з гэтай прычыны, а і таму, што тое, што так карцела, не бачылася, як і раней, яму неабходным і годным яго становішча. Разуменне свайго становішча і той адказнасці, якая вынікала з гэтага, рашуча пярэчыла яго незвычайнаму, дзіўнаму імкненню. Але імкненне гэта, як і раней, не хацела саступаць. І не толькі не хацела саступаць, а час ад часу нават брала нібы мацней.
Таму ў яго развагі ішла зноў думка, што заехаць у школу, можа быць, варта хоць бы дзеля таго, каб не тлуміць сабе лішне галаву, вызваліцца такім чынам ад непатрэбшчыны. Каб потым жыць толькі дзеля справы.
Ён цяпер проста-такі быў перакананы, што імкненне яго да куранёўскай прыгажуні – усяго толькі непатрэбная прымха, якую не цяжка будзе адагнаць. Вядома, лепш за ўсё – паглядзеўшы спакойнымі вачыма, пераканаўшыся, што тое ўсё, што ён прыдумаў, дурное.
Паглядзіць, пераканаецца – і канец.
Было зноў і такое меркаванне. Канешне, спецыяльна дзеля такога ён не паехаў бы, не стаў бы неашчадна траціць дарагі час. А тут жа школа, можна сказаць, проста пры дарозе. Варта толькі збочыць, запыніцца на нейкія хвіліны.
Не было ў ім яснасці і тады, калі ўжо збочыў на загуменную дарогу, пакіраваў да школы. Як бы павастрэлымі вачыма бачыў, як ішлі абапал, глядзелі на яго, сачылі за ім з-пад белых, нізка навіслых шапак стрэх панурыя, непрыязныя гумны. Дзе-нідзе каля гумнаў трапляліся людзі, здавалася, усе яны пранізвалі яго пільнымі, здагадлівымі позіркамі. Пранізвалі, падсмейваліся.
Гэтыя позіркі, аднак, не толькі не кволілі яго, а нібы дадавалі дужасці. Бачачы, як ідуць побач і як цікуюць за ім гумны і людзі, ён насуперак усяму злому, што магло быць, мацнеў душою. І ехаў усё больш упэўнена.
Адно тачылася ў ім, не знікала – няёмкасць. Няёмкасць ад таго, што ў такі адказны час, такі адказны чалавек, сакратар райкома, ён дазваляе сабе губіць час на асабістае, на дробнае. Што дапушчае ўчынак, які не адпавядае яго годнасці.
Што ж да самой сустрэчы ў школе – не трывожыўся надта. Паглядзіць, пераканаецца – і канец. У кожным разе так пераконваў сябе.
Адкуль было яму ведаць, што пачынаецца, завязваецца з гэтага наведання!
Вунь і школа. На дарожцы, найбольш вытаптанай лапцямі і ботамі, звярнуў да яе. Саскочыўшы ля ганка з вазка, загадаў возчыку пачакаць крыху. Лёгкім, дужым крокам узышоў на ганак. Калі ішоў, здавалася, быццам з вокан абапал глядзяць. Таму і ішоў так, як трэба, калі на цябе пазіраюць. Аднак, спыніўшыся на ганку, адчуў з прыкрасцю, што ў нагах няма цвёрдасці. Стаў абмятаць дзеркачом снег з ботаў і пачуў, што сэрца б'ецца мацней, часцей.
І было такое ў душы, нібы вінаваты. І не толькі перад сваім адказным становішчам, але і яшчэ перад нечым, невядома перад чым. З'явілася раптам нейкая незразумелая трывожнасць, стала браць недарэчная млоснасць. Чорт ведае што! Ад гэтай блытаніны ў душы ўскінулася злосць – на сябе, на ўсё на свеце. Найбольш на сябе, на нікчэмнасць сваю. З гэтай злосцю, з імкненнем трымацца як належыць і ступіў у калідор, пастукаў у дзверы пакоя.
Ён пачакаў. Чамусьці быў упэўнены, што Параска дома. Чакаў яе голасу. Чакаў, адольваючы дурную трывожнасць. Неспакойна гадаў, як яна сустрэне, як паглядзіць. Мусіць, гэта і трывожыла: зіркне сваім хітрым позіркам і адразу зразумее ўсё.
Ніхто не адгукнуўся, і ён адчыніў дзверы. Параскі ў пакоі не было. Нікога не было. Ён ступіў у пакой і, адразу пачуўшы сябе вальней, рушыў па пакоі гаспадарскім крокам. Пастукаў у дзверы суседняга пакоя, кухні. Адчыніўшы трохі дзверы, запытаў голасна:
– Ёсць хто тут жывы?
У пакоі была яна.
Яна ішла насустрач, і яны ледзь не сутыкнуліся ў дзвярах.
Момант яна нібы не пазнавала ці не верыла сабе. Не чакала. Тады раптам, адразу твар яе заяснеў.
– А-а! – сказала яна, уся свецячыся радасцю.
Радасць яе была надзіва смелая, як бы безразважная. І гэта смеласць, гэта раптоўная, як усплёск, сіла пачуцця рабілі яркія, як вішні, вочы яе, смуглявы яе твар такімі прыгожымі, што хараство іх быццам асляпіла Башлыкова.
Ён не чакаў гэтага. Не быў гатоў да такога. Не ўмеў так адкрываць душу, хоць бы на момант. З падрыхтаванымі загадзя асцярогай і важнасцю, якія здаваліся чамусьці абавязковымі, сказаў не надта прыязна:
– Добры дзень!
Ён быў разгублены. Разгублены больш таму, што тое, што яна так проста і шчыра сказала, незвычайна ўсхвалявала яго. Ён ледзь хаваў у сабе гэта хваляванне і з гэтай прычыны асабліва датрымліваўся звыклай ролі.
– Вечар хутка! – адказала яна, здалося, з папрокам, неяк дзіўна ўглядваючыся, як бы стараючыся штосьці зразумець.
Яго бянтэжыў яе хуткі і востры позірк. Быццам у душу глядзела.
Тады ж ён пабачыў, як вочы яе і твар сталі паволі, нібы неахвотна, шкадуючы аб гэтым, хмурнець.
Яна не адразу выйшла насустрач, мусіць, таму, што нешта затрымала яе. Нешта тады рабіла. Рукі яе былі закасаныя за локці, на іх бялела мука. Цяпер яна ўспомніла пра іх і з тым жа выразам шкадавання, одуму стала выціраць аб фартух.
– Д-да, хутка, – сказаў ён важна. Клапоцячыся, каб яна не заўважыла, што там у ім, стоенае. Зняў шапку. – От ехаў міма…
– Работы багато?
Яна прамовіла так, што ён адчуў: запыталася, абы не маўчаць. Нацяты, чуў яе вострую ўвагу, праніклівы позірк.
– Многа работы… – Ён трымаўся ўсё важна, незалежна. – Гарачая пара…
– Можна сказаць – ворыва… – Прамовіла так, быццам затаіла, а схавала нешта іншае.
– Ворыва… Скора – пералом будзе… Лягчэй пойдзе…
– Лягчэй? – здалося, не паверыла яна.
– Лягчэй. Пералом будзе!
Ён сказаў цвёрда, тонам чалавека, які добра ведае, як будзе, і ўпэўнены ў сабе. І тым, што сказаў і як сказаў, ён як бы ўмацаваў сваю годнасць.
Яна прамаўчала, але ў маўчанні яе пачулася нязгода. Нібы казала: лягчэй не будзе. Мусіць, сход той помніла…
Дзіўна, ён не мог глядзець на яе проста, адкрыта, адводзіў вочы. І, як ні хацеў, не было ў ім спакою, належнай яснасці. Было гарачае, збродлівае, недзе там, у глыбіні ўзрушанай свядомасці: якая краса! З гэтым увайшло, важка лягло на душу выразнае, самотнае: «Не трэба было заходзіць! Не трэба было!..»
Разуменне красы яе было такім моцным, што гэтая незнаёмая, вясковая жанчына нібы ўзяла неадольную ўладу над ім.
«Не трэба было… Не трэба было…» – чуў ён у сабе асцярожлівае, цвярознае.
Хаваючы кволасць, шкадаванне сваё, ён прамовіў знарок дзелавіта:
– А дзе… Параска Андрэеўна?
Улавіў на сабе хуткі, праніклівы позірк яе. Здалося: бліснула насмешлівае ў вачах. Убачыла хлуслівасць яго, нікчэмнасць яго паводзін.
– На сяле недзе… Пайшла ў сяло…
І ў тоне слоў яе чулася насмешлівае, упіклівае.
– Пазваць яе?
Іменна таму, што яна бачыла, сачыла насмешліва, ён трымаўся належнай ролі.
– Д-да, канешне…
– Зараз…
Яна, хапаючыся, адвязала фартух, здалося, намерылася ісці, але затрымалася. Ён улавіў на сабе яе позірк. Здалося, яна чакала, што ён спыніць гэту нікчэмную хлусню.
Ён прамаўчаў, і яна рушыла да дзвярэй. Бачачы, як яна ідзе, хутка, імкліва, ён адчуў, што яшчэ момант – і ён страціць яе, і гэта дало яму дужасці, рашучасці. Хаваючы няёмкасць, стараючыся трымацца як можна годна, ён прамовіў:
– Не. Не трэба.
Яна спынілася. Ужо гатовая ўзяцца за клямку, азірнулася, нібы не разумеючы. Ніякай насмешкі ў вачах яе не было. Яна чакала тлумачэння.
Спыніўшы яе, ён зрабіў самае цяжкае ў сабе. Ён зрабіў першы крок, ён пачаў дзейнічаць адкрыта. Ужо не хаваючыся, ён шчыра, цвёрда сказаў:
– Я не да яе ехаў.
Першы момант ён адчуў палёгку, як бы скінуў тое, што замінала. Адкінуў фальш, зрабіў учынак па законах праўды. Але амаль адразу ж за гэтым у яго ўнізалася цвярозае, разважнае: «Што я раблю?» Асцярожлівае, яно паспрабавала разумна стрымаць яго: «Не трэба! Не трэба гэтага!» Праз сумяціцу пачуццяў ён добра адчуваў гэтае разумнае: «Не трэба!» – аднак яно не мела над ім належнай улады. Мала было ў ім, у гэтым перасцярожлівым, сілы. Іншае, заваблівае, смелае, было мацней, вяло, звала.
А, чорт, зазлаваў ён на сябе, на таго асцярожнага. Нашто гуляць у хованкі, круціць! Ён усё ж мужчына!
Ён глянуў рашуча. Пайшоў напралом:
– Я – да цябе.
Ён прыпыніўся на міг перад гэтым першым «цябе», але вымавіў цвёрда.
Башлыкоў бачыў, як вочы яе, твар яе ўмомант успыхнулі. Яна раптам ураз уся засвяцілася радасцю, быццам дзівосна змянілася. Змянілася так імкліва і такім хваляваннем адкрылася, што гэта ўразіла і ўзрушыла Башлыкова. Захапіла яго.
Услед, аднак, амаль адразу – як у ёй гэта хутка мянялася! – радасць яе саступіла нейкаму клопату і нават, падобна было, недавер'ю.
Цяпер вочы яе, здалося, не зычылі дабра, судзілі. Было відаць, яе мучыць нейкі цяжкі, паганы роздум. Ён улавіў, што гэты роздум пагражае ўсяму таму, чаго ён прагнуў. Гэта разуменне небяспекі ўзняло ў ім рашучасць. Ён паўтарыў цвёрда:
– Я хацеў цябе ўбачыць.
Яна, усё яшчэ ва ўладзе панурага роздуму, угледзелася ў яго невясёлымі, уважлівымі вачыма. Угледзелася і адвяла позірк, як раней, клопатны, важкі.
Яму здалося, яна не верыла яму. Ён разумеў, што патрэбны яшчэ нейкія словы, нейкія доказы, якія б пераканалі яе, развеялі б недавер'е. Але ён не шукаў гэтых слоў. Не хацеў шукаць. Як ні быў узрушаны, ён быў усё ж Башлыковым, сталым, дзелавым чалавекам, нават цяпер помніў, хто ён і якім павінен быць. Зрабіўшы і так, здавалася, многа, больш, чым мог бы нядаўна, ён адчуў патрэбу спыніцца, падумаць. Разважыць – як быць далей.
Тое, што выспела ў ім, ён выказаў. Далейшае ж было вельмі цьмяным. Трэба было разабрацца, падумаць. А думалася цяжка. У галаве не было яснасці. Цяжка, горача біла ў скроні.
Было няёмкае, здавалася, доўгае маўчанне, поўнае тлумнага хвалявання і супярэчлівасці ў настроі.
Ён у гэты час не глядзеў на яе. Аднак, чулы, нацяты, адразу ўлавіў незразумелы, неспакойны рух, кінуў позірк да яе. Ён не памыліўся: яна з нейкім новым хваляваннем глядзела ў акно.
– Параска ідзе… – прамовіла, сустрэўшыся з ім вачыма.
З сэнсам гэтых слоў ён улавіў непрытоенае шкадаванне ў яе голасе. Азірнуўся ў акно: Параска была ўжо на двары, блізка да ганка. У яго з Ганнай заставаліся цяпер нейкія дзве-тры хвіліны.
Гэта як бы дало знак Башлыкову, што марудзіць нельга. Што ўсё трэба рашыць зараз жа. Інакш будзе позна.
Можна было б, вядома, спыніцца на тым, што ён сказаў. Гэта было б самае простае. Але ў гэты момант, калі ўзнікла небяспека, ён у раптоўным парыве адчуў, што пакінуць усё так, недагавораным, нявысветленым, нельга. Што можа так абарваць усё.
Чуючы патрэбу дзейнічаць неадкладна, рашуча, Башлыкоў хапатліва загаварыў:
– Слухай… Заўтра. Як сцямнее. Выйдзі на шлях. Добра?
Можа, гэта гаварыў і не Башлыкоў, цяперашні сталы чалавек, кіраўнік. Можа, гэта аб'явіўся той гарачы, зялёны хлопец, якім ён быў некалі. Такая маладая імклівасць, безразважнасць былі ў гэтым яго парыве…
Яна не адказала адразу. Усё нібы не магла адолець чагосьці, вагалася. Потым моўчкі кіўнула.
Кіўнула стрымана, без радасці.
Але кіўнула. Згадзілася.
Так раптам адбылося тое, што зблізіла іх, звязала адной змовай. Так, у маладым парыве, спехам, Башлыкоў зрабіў крок, які потым даў яму столькі турбот.