355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Иван Мележ » Завеі, снежань » Текст книги (страница 4)
Завеі, снежань
  • Текст добавлен: 29 сентября 2016, 02:00

Текст книги "Завеі, снежань"


Автор книги: Иван Мележ



сообщить о нарушении

Текущая страница: 4 (всего у книги 18 страниц)

Раздзел чацверты
1

Было вельмі позна, але ўсё не пачыналі. Усё збіралі людзей. У пакоях ужо густа вісеў дым і ўсё часцей чуліся недавольныя галасы: «Дакуль жа ето ждаць?», «Ці да рання?».

Нарэшце дзверы з Парасчынага пакоя расчыніліся, і ў іх паявіўся заклапочаны Барыс, за ім – Дубадзел, важны і вельмі энергічны. За імі выйшлі стрыманы, цвёрды ў хадзе Башлыкоў, спакойны, нібы бесклапотны, Апейка, сабраны, нацяты Гайліс, сціплы Міканор. Апошнім, вінавата горбячыся, ступаў Чарнаштан.

Гоман, што прабіваўся там-сям, адразу апаў, але ў суседнім пакоі хтосьці гаманіў. На яго кінуліся нецярплівае шыканне, галасы: «Ціхо вы там!», «Пачынаецца ўжэ!». Пад гэтыя гукі Барыс зайшоў за стол.

– Дак е прапанова выбраць прэзідзіум, – аб'явіў ён у цішыні.

Барыс прачытаў з лістка паперы спіс. Спрэчак не было, прагаласавалі. У тым, як стрымана ўздымалі рукі, як пільна маўчалі, чакаючы далейшага, адчувалася, што насцярожанасць яшчэ павастрэла. З маўклівай насцярожанасцю сачылі, як заходзілі за стол, сядалі Гайліс, Апейка, Башлыкоў. Нават на сваіх аднавяскоўцаў, што ішлі ў прэзідыум, глядзелі недаверліва.

– А вы, цётко Мар'я, чаму не ідзеце? – паглядзеў Барыс у пакой.

– А чаго я там не бачыла? – адказала пракураным голасам Гечыха.

– Выбіралі. Значыць – трэба ісці.

Гэчыха адрэзала:

– А я не хочу!

Ускінуўся і адразу аціх смех. Барыс намерыўся ўступіць у спрэчку, але Апейка даў знак: не трэба. Пачынай сход.

Барыс стрымаўся. Памаўчаў, настроіўся на іншы лад.

– От што мы нарабілі з вамі, дзядзькі і цёткі, – пачаў ён засмучона, такім тонам, быццам запрашаў усіх раздзяліць агульную, вялікую бяду. – Нарабілі такое, што на ўвесь раён шум пайшоў. Усё раённае кіраўніцтва кінуло другія справы і зразу прыбуло к нам у Глінішча. На ўсё Глінішча мы палажылі пляму перад цэлым раёнам. Просто сорамно глядзець у вочы людзям. Што пра наша Глінішча ідзе такая слава. Што ў нас такі несазнацельны народ… Трэба адумацца, пакуль не позно!

– Хто шчэ хоча сказаць? – павёў ён вачыма па зале.

– Дай мне! – устаў з падаконніка Дубадзел. Яшчэ да таго, як Барыс даў згоду, Дубадзел рушыў да стала прэзідыума.

Момант стаяў моўчкі, сярод нацятай цішыні. Выцягнуў шыю, ускінуў галаву, рашучы, адважны.

– Граждане, а такжа гражданкі сяла Глінішча! І асобенно – калхознікі, якія ўчора разабралі сваю маёмасць і тым самым выйшлі з калхоза «Рассвет»! – Голас яго быў поўны настойлівасці і закліку. Нервова абцягнуўшы зашмальцаваны картовы пінжачок, Дубадзел, вастраплечы, з касцістым тварам, на якім крывіўся, торгаўся сіняваты шрам, імкліва кінуўся ў наступ: – Тут ужэ ў сваім выступленні Барыс Казачэнко, які выступаў перада мной, правільно сказаў, што вы сваім учарашнім паступкам паклалі пляму на ўсё сяло. Але ён не сказаў, што ета пляма, якую вы ўчора паклалі, легла не толькі на ваша сяло, а легла яна і на ўвесь сельсавет, Алешніцкі сельсавет, а такжа і на ўвесь Юравіцкі раён. Бо сваім паступкам, усім тым, што вы зрабілі, а іменно – тым, што вы самавольно расхваталі ў прошлом часных коней і кароў, а такжа свае ў прошлом часныя калёсы, плугі, бароны і ўвесь іншы абагулены інвентар, вы паказалі ўсяму народу, якое ў вас яшчэ мужыцкае, некалхознае нутро. Якое думае толькі пра сваю выгаду і якому напляваць на тое, што робіцца ў перадавом нашым раёне і ў нашым окрузе, а такжа ў нашым Савецкім Саюзе, які ў даны мамент акружаны з усіх бакоў рознай буржуазіяй, якая з усіх сіл стараецца задушыць наш Савецкі Саюз, а іменно – стараецца, штоб сарваць нашу пяцілетку, нашу індустрыялізацыю і калекцівізацыю, якія наносяць ёй смярцельны ўдар!

Дубадзел гаварыў амаль без прыпынку, усё высокім голасам – вінаваціў, заклікаў. Па тым, як ён гаварыў, адчувалася, што для яго не так важныя самі словы, думкі, якія ішлі часта без ладу, паўтараліся, – колькі тон прамовы, той запал, якім ён не даваў прытухаць ні на секунду.

– От рэжа! Як рэпу грызе! – сказаў нехта каля Ганны, у прыцемку калідора. Яна ўлавіла ў голасе непрыхільнасць.

– Стараецца! – адгукнуўся хтосьці іншы, хрыпаты, прастуджаны. – Прапіўся, паляцеў з сельсавета, дак цяпер са скуры лезе!

– Начальство ж унь, побач сядзіць! Заўважыць можа!

– Аж ахрып! І патыліца – умокла!..

Патыліца, праўда, мокла ад поту, Дубадзел нецярпліва раз-пораз выціраў яе далоняй. І хрып, што далей, то больш: усё часцей вымушан быў прыпыняцца, пракашлівацца. Але і не думаў канчаць гаворку. Ганна не першы раз дзівілася яго настойлівасці і ўпартасці. Здзіўленне яе, як і ў тых, што смалілі цыгаркі побач у прыцемку, было не толькі без якой-небудзь спагады, а рэзка непрыхільным: за ўсім тым, што гаварыў Дубадзел, увесь час адчувала яна жывога яго, даўно ўжо і непрыемна знаёмага ёй. «Даў жа Бог сілу чалавеку і зацятасць!..» – думала яна з насмешкай, цярпліва чакаючы, калі ж ён зможацца. Водзячы вострым позіркам па тварах людзей, што сядзелі ў пакоі, яна бачыла, што многія з іх таксама амаль не слухалі і чакалі таго ж самага. Вельмі ж добра вядома была ўсім асоба гарачага прамоўцы! Ганна захацела пабачыць, як слухае Дубадзела Башлыкоў, але з калідора відна была ёй толькі спіна. Усё ж яна суцешыла сябе: «Етаго не правядзе, пэўне! Еты бачыў ужэ такіх, не інакш!..»

2

Гайліс пасля Дубадзела загаварыў, здалося, незвычайна спакойна, ціха. Выпрастаны, у вайсковым кіцелі, з акуратна зачасанымі назад русявымі валасамі, стаяў ён за сталом і нехапатліва, старанна вымаўляючы кожнае слова, выразна выказваючы кожную думку, разважаў:

– Былі недахопы ў рабоце. Это – праўда. Былі. І недахопы немалыя. Вялікія… – Людзі і ў калідоры, і ў пакоях глядзелі моўчкі, пільна чакалі. Ён жа спакойна, важна клаў, нібы цагліны: – Чэсныя людзі работалі, работалі, а палучылі – мало. Дзвесце грамаў за дзень – это не палучка. Кілаграм картошкі – тожэ не палучка!..

– Не палучка! – выдыхнуў хтосьці побач з Ганнай.

– Правільно!

У калідоры і ў пакоях завірыў усхваляваны, гарачы гоман. Гайліс нерухома, быццам безуважна, пастаяў, перачакаў яго.

– Мало кармоў нарыхтовано, – павёў ён тым жа роўным, важкім голасам. – Скаціну вясной не будзет карміць чым. Саломай карміць трэба будзет. Скаціна будзет галадаць – это ўжэ відно… – Кожнае слова латыша адгукалася сярод слухачоў неспакойным гулам. У калідоры так гаманілі, што Ганне цяжка было слухаць. Хтосьці з мужчын не вытрываў, крыкнуў:

– Ціхо бо вы!

Слухаючы, як слова за словам строгі латыш маляваў невясёлае становішча ў калгасе, як рос нядобры гул, Башлыкоў, адзначыла Ганна, нецярпліва павярнуўся да Гайліса. Відаць, быў нездаволены кірункам яго выступлення. Але Гайліс не заўважыў – ці не хацеў заўважаць – башлыкоўскага позірку: вёў і вёў гаворку пра бядоты няўдалага калгаса. Толькі дамаляваўшы становішча, спыніўся.

– Канечно, тут дым без агня не бывает, – нібы падумаў ён услых. – Есць усякія прычыны. Віна есць… Вінавато кіраўніцтва калгаса. Праўленне, старшыня калгаса таварыш Чарнаштан. Это – правільно… Але, – голас Гайліса памацнеў, набраў упартасці, – вінаваты не толькі яны. Не адно кіраўніцтва. Вінаваты і вы самі! Калгаснікі. – Ён перачакаў гоман нездавальнення: – Які ўраджай сабралі?!

Ён глядзеў у залу, як суддзя, чакаў адказу. Адказаў Барыс Казачэнка:

– Жыта – чатыры з палавінаю цэнтнеры з гектара, картоплі – дзвесце трыццаць пудоў…

– Вот! Это не ўраджай!.. – заявіў строга Гайліс. – Чаму так палучылось? – Ён абвёў вачыма прыціхлы пакой, патрабаваў адказаць. Усе маўчалі. Адказаў сам: – Так палучылось таму, што – пагано аралі. Пагано сеялі. Пагано ўбіралі… Работалі не так, як на сябе. А як на паноў! – У цемры калідора завязалася нейкая спрэчка, у класе зноў рос гоман, але Гайліс не зважаў, вёў сваё. Многа дабра пакралі зладзеі. А нікога не паймалі. Гайліс судзіў непахісна: у калгасе не было парадку, дысцыпліны. А без парадку, дысцыпліны – няма работы. Або ёсць паганая работа… Ён заявіў горача: у калгасе павінна быць добрая дысцыпліна. І трэба працаваць – як на сябе, а не як на паноў! Скончыў, нібы распарадзіўся: трэба вярнуцца ў калгас! Умацоўваць яго!

Калі ён сеў, у абодвух пакоях хвалямі хадзіў гоман. Гаманілі і ў калідоры, каля Ганны, зацята зыркалі цыгаркамі. Гоман быў, чула Ганна, больш нездаволены, але Гайліс хоць бы варухнуўся за сталом.

Устаў Барыс.

– Здаецца, багато ахвотнікаў выступіць паявілася? – У голасе яго была кпіначка. – Дак хто хоча сказаць слово?

Гоман пачаў хутка сціхаць. Вочы амаль усіх скіраваліся да Барыса, але ніхто не прасіў слова.

– Няўжэ няма нікога?! – з кпінкай здзівіўся Барыс. – Столькі ж унь гуло!..

– Няхай начальство гаворыць! – крыкнуў задзірлівы худы, з кепачкай на макаўцы.

– Начальство ўжэ гаварыло! Добра було б паслухаць трохі і народ!

– Паслухаеце вы! – унізаўся злосна галасок.

– Аге!

3

Зноў пайшоў нядобры гоман. Барыс аб'явіў, што выступіць Міканор, сакратар алешніцкай партячэйкі. Міканор устаў, няёмка сутуліўся сярод гоману, тады як Барыс прасіў сціхнуць, паслухаць.

– Ужэ і куранёўцы вучыць будуць! – мацюкнуўся хтосьці ў прыцемку.

– Не кажы! Усе лезуць!

Ганна ад неспадзяванай прыкрасці стаілася, пачырванела. Тоячы крыўду, з асаблівай раўнівасцю сачыла за Міканорам: нібы яму трэба было абараніць гонар не толькі свой, а і яе, і ўсіх куранёўцаў. Адчула яго раптам самым блізкім сабе: адзін ён быў тут з яе роднага кутка, з яе маладосці.

Міканор пачаў таксама з дакору: усе глядзелі на Глінішчы – як на перадавую вёску, як на прыклад для іншых, на які трэба ўсім раўняцца. А выйшла так, што Глінішчы паказваюць цяпер прыклад таго, як не трэба рабіць.

– От ты і пакажы! – перабілі яго насмешлівым воклічам.

Барыс адразу моцна застукаў па стале, загадаў не перабіваць. Міканор перамаўчаў вокліч, маўкліва сцярпеў яго. Нібы не захацеў увязвацца ў спрэчку. Калгас распусціўся – стрымана вярнуўся да таго, на чым перапынілі, – і гэта ў такі час, калі Алешніцкі сельсавет у цэлым павярнуў на новую дарогу. Калі ў нас, не сакрэт, ёсць немалыя поспехі – асабліва ў калгасе «Камунар» і іншых. Апярэджваючы гоман, што стаў расці, Міканор тут жа адзначыў разважліва: канешне, у нас ёсць і калдобіны, і ў другіх, бывае, нягладка ўсё ідзе. Ён доўга гаварыў пра тое, як цяжка было спачатку наладжваць калгас у Куранях і як не ладзілася раней у «Камунары». За гэтым стаў расказваць пра тое, што трэба сельсавету зрабіць у гэты год. Гаварыў пра ўсё, што прыходзіла ў галаву, раскідана і дзіўна для яго няўпэўнена. Слухаючы яго, Ганна адчувала, што гісторыя гэта з глінішчанскім калгасам вельмі прыгнечвае яго, што ён не верыць, нібы сход можа паправіць штосьці. І гаворыць толькі таму, што трэба гаварыць па абавязку. Ганне спадабалася, што ён адчуваў настрой людзей і не задзіраўся, як звычайна ў Куранях, – гаварыў стрымана, сціпла.

За ім Барыс звонкім, давольным голасам аб'явіў:

– А зараз выступіць наша настаўніца – Параскева Андрэеўна Дарошка!

Параска пайшла да стала сваёй лёгкай, пругкай хадою, ледзь паводзячы звыкла плячыма, з вясёла ўзнятай галавой. Упэўнена паклала руку на край стала, з узнятай галавой павяла позіркам па пакоі. Ганна бачыла: проста вачавідкі адбылося незвычайнае – хмурныя, недаверлівыя твары па ўсім пакоі яснелі. Вочы глінішчанцаў глядзелі з прыхільнасцю і цікаўнасцю…

– О тут Барыс сказаў, – весела кіўнула яна на Барыса, – сказаў – зараз выступіць настаўніца!.. Я – настаўніца. Я – чалавек, якому па закону трэба вучыць. Мяне для гэтага рыхтавалі. Мне для гэтага далі многа розных парад. – Параска ўсё трымалася таго ж даверлівага, вясёлага ладу. – Вядома, могуць знайсціся такія разумныя людзі, якія скажуць, што я не наогул настаўніца, а школьная настаўніца! Што мая задача адна – вучыць школьнікаў! Ды яшчэ школьнікаў пачатковай школы, самых малых! Але так могуць казаць толькі людзі, якія носа не высоўвалі з горада. Не ведаюць, хто такі – настаўнік у вёсцы!.. Настаўнік у вёсцы, – у голасе пачулася гарэзнасць, – і кум, і сват, і – чорту брат!.. Павінен умець навучыць усяму і малога, і старога! Ён не можа сядзець толькі ў школе і не бачыць таго, што робіцца на вуліцы!.. І от я таксама, на стале кожны вечар – гара сшыткаў, стараюся не сядзець толькі ў школе. Адкладваю сшыткі на ноч, выходжу ў сяло! Паглядзець, што хто робіць! І што наогул у нас робіцца!.. І от я і цяпер гляджу – і стараюся разабрацца: што ж гэта ў нас робіцца?.. – Ганну не дзівілі ні бойкасць, ні знарокавая Парасчына шчырасць: ведала добра Параску. Бачыла, што Параска недарэмна старалася падступіцца. Па калідоры, па пакоі ішоў згодны, прыхільны гул. Жанкі ўздыхалі, ківалі галовамі: праўду кажа, хадзіла, глядзела, памагчы старалася! – Бачыла я, як гаравалі, бедавалі ўсе. І дзядзька Змітро, і цётка Мар'я, і цётка Гечыха, і ўсе іншыя… Бачыла я, як гаравалі, і думала сабе: няхай цяпер цяжка – потым лягчэй будзе! Наладзіцца!.. Быць не можа, каб не наладзілася! У іншых жа ідзе на лад, чаму ж у нашых не наладзіцца?.. Хіба ж нашы горшыя, як другія? Хіба ў нашых рукі горшыя ці рабіць яны не прывучаны? Ці не такія разумныя?.. – Параска горка пашкадавала: – А вось жа не выйшла ў нас!.. Чаму?!. – Ганна пільна чакала: што яна далей скажа, як павядзе далей? Параска не адказала адразу. Толькі шчыра, разумна адзначыла: – Я ведаю, кожнаму з вас баліць. І мне таксама баліць, вельмі баліць… А калі баліць, то хочацца крычаць, а не думаць!.. Але не трэба і гарачыцца вельмі! – асцярожна параіла яна. – Трэба падумаць добра. Падумаць, што зрабіць, каб паправіць усё, што не так!..

– Думай не думай, адна трасца! – перабіў яе нечы безнадзейны басок: відаць, Гечыхі.

– Паламалася ўсё! Сам чорт не разбярэ!..

– Няма чаго папраўляць!..

– Не збівай хоць ты, Параска!

– Я хіба кажу, што гэта лёгка… Баліць, кажу, і мне… Трудна гэта… Я кажу, што не трэба гарачыцца… Падумаць цвяроза трэба…

Яна гаварыла і цяпер са шчырасцю і спагадай, з вопытнай дасведчанасцю, але яе ўжо, як і Міканора, не раз перабівалі, слухалі нязгодна. Спрачаліся, праўда, мякка – стрымлівалі, відаць, даўняя пашана да Параскі і яе спачувальная далікатнасць. Усё ж яна, хоць і хавала гэта, было відаць Ганне, трымалася няўпэўнена, бянтэжылася. Збівалася ў гаворцы, нялёгка знаходзіла доказы. Яна, заўсёды такая знаходлівая, хуткая…

4

Апейку сустрэлі насцярожанай увагай. Ён жа падняўся ленавата, з нейкай нядбайнасцю хіліў галаву. Ва ўсёй постаці была дзіўная расслабленасць.

– Была ў нас калісьці гісторыя… – мірна, паблажліва загаварыў ён. Загаварыў так, быццам вагаўся: гаварыць ці не гаварыць. – Я быў тады смаркачом. Чужыя агароды правяраў… Пажаніліся ў нас хлопец з дзеўкай. Ён быў наш, праз дзве хаты жыў, Іван, канешне, зваўся. А дзеўка з-за ракі, з Барбарова. Алена… – Ён пальцам будзённа пачасаў макаўку. Успомнілася – от і гаворыць. Вочы глядзелі на яго збольшага спакайней. Дзе-нідзе – з цікаўнасцю. – Дзеўка – як дзеўка. І хлопец – як хлопец… Але от пабраліся, аддзялілі іх. Хатку сваяцтва скляпала. Сталі жыць сабе. Самі па сабе… Не ўломкі, старацельны хлопец ён. І яна – як тая мурашка. З рання да вечара – у полі, у хляве. Шчыруюць абое… Не ўломкі… А от што выйшла… Пасеялі. Нізінка ў іх была. Дак вясной усё вымакла. Сена накасілі. Дождж. Пагніло… Зімой у нас каля ракі – ночы вялікія. І лучыны мало. Дак – дзело маладое – летам яна ўжо раджаць гатова. А часу няма. Усё – на бягу. На бягу, у разоры, і радзіла!.. Мёртвае!.. Як наканаваў хто – то адно, то другое. Як напасць якая! Не там – дык тут!.. Праўда, калі разабрацца, дык і самі там-тут вінаватыя. Маладыя, нявопытныя… Яно, можа б, і нічога ўсё – мала ў каго не бывае! Толькі ж яны да ўсяго папаліся і гарачыя. Як от некаторыя ў нас, у Глінішчах! – падчапіў раптам Апейка. Барыс засмяяўся. Засмяялася яшчэ некалькі з тых, што глядзелі насустрач. – Яна – што не так – на яго, ён – на яе. Такая-сякая! А часам і з кулакамі!.. Яна вартая была яго. Ён ёй слова, яна – два! Век на іх двары гвалт! Як на юравіцкім базары ў нядзелю! – Зноў пайшоў смяшок. Апейка ж будзённа павёў далей: – Чубіліся, чубіліся. Не вытрывала яна. Уцякла! Чалавек яе спачатку: ну, няхай! Можа, і на лепшае! А потым – жаль узяў. Ды і гонар мужчынскі, мабыць, загаварыў!.. Адно – калі ты кідаеш, а калі цябе – ето саўсім другое!

– Аге! – чула адгукнулася некалькі галасоў. Найбольш – жанкі.

– Зашчымела ў Іванавым сэрцы! – паспачуваў Апейка. – А тут – матка і бацько з угаворамі. «Дзе ето відано такое! Пазаві!..» Угаварылі. Селі на паром – і цераз раку. Што там было – не чуў. Не скажу. А толькі – прывозяць яе… Ва-ажная прыехала!.. А ўсё-такі ўжэ не крычыць! А пра яго і казаць не трэба: цішэй вады. Абыходлівы – не пазнаць! Людзям ужэ нудна стало – спектакля няма!.. Зімой ён – на заработкі ў лес. Вясной добра ўгнаіў, пасеяў у пару. Лета ўдалае. Добра выспела ўсё. Да збожжа – сена добрае… Парадак стаў. Даўно ето было, – задумаўся, пастражэў голас Апейкі. – Як я яшчэ цялят не ганяў. Даўно ўжэ абое пастарэлі. А жывуць усё разам. Жывуць – не горай, як людзі… Усяляк, праўда, і цяпер часам бывае: загаворыць раптам гарачая кроў. А не чубяцца, як было. І не кідаюцца ў розныя бакі. Ведаюць: жыццё пражыць – усяго пабачыць. Не трэба адразу – у адчай!.. – Не разабраць было спачатку: ці то разважаў проста, ці раіў. – Усякая гаспадарка цяжка зладжваецца. Не адразу – бывае – усё складна выходзіць. Трэба часам прыцерціся, як кажуць. Ето – што да сям'і, да двух чалавек. А што казаць ужэ пра вялікую гаспадарку. Пра калектыў.

Ён памаўчаў. Як бы даваў падумаць пра тое, што сказаў, ці збіраўся з думкамі.

– От тут я і хацеў бы сказаць, што думаю пра ваш калгас… – Ён гаварыў па-ранейшаму будзённа, але ўжо вельмі сур'ёзна, значна. – Вы можаце сказаць, што – позна. Аднак, я думаю, агледзецца з толкам не позна ніколі. Трэба разабрацца, высветліць усё. Трэба выясніць: што ж такое здарылася? У чым прычына, што так здарылася?.. Я згодзен з тым, што сказаў таварыш Гайліс пра ўраджай і пра дысцыпліну. Я лічу, што таварыш Гайліс асабліва правільна сказаў: вялікая віна ва ўсім кіраўніцтва. У тым ліку і наша віна – што не паправілі ў час, не папярэдзілі… Мы з гэтай няўдачы зробім вывады. Мы паправім памылкі. – Ён павёў вачыма па ўсіх, хто быў у прэзідыуме, як бы паказваючы: тое, пра што ён гаворыць, усе гатовы ўзяць на сябе. Чарнаштан глядзеў спадылба на стол, выгляд быў такі, як бы яго гняла гэта віна найбольш. Як на судзе падсудны. Гайліс таксама, здавалася, гатоў быў узяць сваю частку віны. Башлыкоў, падобна, віны за сабой не бачыў. Апейка нібы не заўважыў гэтага, кіўнуў у залу: от прызнаём сваю віну. – Але і вы павінны прызнаць свае! – Ён, аднак, не стаў ушчуваць надта: нашто перабіраць тое, што было, яно і так добра вядома. Вінаваты ўсе. Лепш падумаць разам, як зрабіць, каб не было такога. – От я і хацеў бы даць парады на будучае… Што трэба ўлічыць вам на будучае?.. Першае, – раіў ён па-сяброўску, – не карміць болей гультаёў і трутняў! Карміць толькі тых, хто дае карысць. Па долі той карысці, якую кожны дае. Хто больш – таму больш, хто менш – таму менш. А таму, хто бокі абіваў, – дулю!.. – Неспакойны гул ухваліў яго. – Трэба паставіць добры ўлік. Усё лічыць: працу, прыбытак, палучку. Кожную капейку, кожны грам – на ўлік. Усім, у каго рукі лішне доўгія, – па руках… Адным словам – кантроль ва ўсім. Строгі кантроль. Калі не ўстановіце кантроль – усё прападзе. Ніякага дабра не хопіць!..

«От хітры, – падумала Ганна. – Гаворыць так, нібы яны яшчэ ў калгасе! Па-калгаснаму настрайвае!..» Заўважыла: прамова Апейкі растрывожыла людзей, ішоў гоман, чуліся воклічы, але воклічы былі нейкія дзелавітыя: папракалі – кармілі трутняў, разбазарвалі дабро!..

– Хто рабіў, хто не рабіў – усё адно! Кожнаму палачка!

– Хто ўрваў, той і спажыў!..

– Якая тут ахвота – старацца! Карак гнуць!..

– Усё ветрам пайшло!..

Калі Барыс устаў, гоман, воклічы пачалі хутка спадаць. Ён дачакаўся поўнай цішыні, важна, як асаблівую падзею, аб'явіў:

– А зараз выступіць сакратар райкома таварыш Башлыкоў!

5

Вочы ўсіх – мноства вачэй – глядзелі толькі на яго. Перасталі дыміць у калідоры, падступілі да дзвярэй. Сціснуліся так, што нельга было варухнуцца. Ганне сцінала дыханне.

Бачачы, як глядзяць на яго, як чакаюць, што ён скажа, разумеючы, як цяжка будзе яму разбіць насцярожанасць, Ганна раптам пачала хвалявацца за яго. Яе не супакойвала тое, што ён, адзначыла сабе, трымаўся спакойна, упэўнена.

І тон, і выгляд яго паказвалі, што тое, аб чым ён павінен будзе сказаць, вельмі сур'ёзнае і нядобрае і паставіцца да ўсяго гэтага трэба належна сурова.

Ён пачаў з міжнароднага становішча. Галоўная асаблівасць міжнароднага становішча СССР, сказаў ён, у тым, што Савецкі Саюз – адзіная рабоча-сялянская дзяржава – з усіх бакоў акружаны капіталістычнымі дзяржавамі, якія вядуць раз'юшаную барацьбу з намі. З той жа строгасцю на твары, з жорсткімі складкамі каля рота Башлыкоў стаў гнеўна расказваць пра разнастайныя злосныя ўчынкі і шкодніцтвы, якія арганізоўваюць капіталістычныя дзяржавы і іх паслугачы для таго, каб сарваць будаўніцтва сацыялізма ў СССР і, нарэшце, знішчыць Савецкі Саюз. Адабраць заводы ад рабочых, ад сялян – зямлю. У сваёй звярынай нянавісці да Савецкага Саюза, бачачы, што Савецкі Саюз не толькі не гіне, а ўсё ўзмацняецца, яны ўпарта выношваюць планы крывавай вайны супраць нас. І тон, якім усё гаварылася, і тое, што малявалася за словамі, асабліва пагрознае – адбяруць зямлю, пойдуць вайной, прынясуць знішчэнне, смерць, – гэта моцна падзейнічала на ўсіх, хто слухаў. Цішыня была важкая, трывожная.

Вайна ў любы момант, паказваў Башлыкоў, гатова ўварвацца ў нашы гарады і сёлы. У нашы хаты. Паліць наша дабро, прымусіць туляцца па лясах нашых дзяцей, нашы сем'і. Вайна ўвесь час стаіць каля граніцы Савецкага Саюза. Вораг гатоў выкарыстаць любую нашу слабасць, любы зручны момант. Гэта абавязвае нас быць увесь час напагатове, трымаць порах сухім. Не дапускаць ніякай слабасці ў нашых радах.

Ганна лавіла кожнае яго слова. Яго клопатнасць, трывога і яго гнеў хвалявалі Ганну, уводзілі яе ў свет, які яна не ведала і які, аказваецца, так гразіўся ёй, усім людзям, і гэтым, і многім іншым на свеце, што жывуць бесклапотна, слепа. Яго хваляванне пра ўсё гэта і між усяго – таксама ж і пра яе, зноў непрыкметна і хораша збліжалі яе з ім, ядналі. Узрушаная, захопленая тым, што ён гаворыць, яна раз і другі дзівілася, як ён багата ведае. Ведае, што робіцца на ўсім свеце. «Було за што паставіць над раёнам! – падумала з гонарам і неадступнай рэўнасцю. – Е ж такія адукаваныя!..»

Ёй падабалася дзіўна тое, што ён часам гаворыць не так, як іншыя, быццам незразумела, па-вучонаму: да таго адукаваны, што дацягнуцца няпроста.

Строгім, трывожным быў Башлыкоў і тады, калі пачаў расказваць, што робіцца ў нашай краіне. Унутры СССР бальшавіцкае наступленне, адкрыта паведаміў ён, ідзе ў няспыннай барацьбе з самымі рознымі варожымі сіламі, якія ўсімі спосабамі імкнуцца падарваць нашу краіну знутры… Не зважаючы на тое, што бальшавіцкая партыя вядзе бой з ворагамі ўсіх масцей, гэтае супраціўленне не толькі не заціхае, а ўсё абвастраецца і стварае яшчэ большыя цяжкасці на нашым шляху. І калі мы ўсё ж дабіліся вялізных поспехаў у будаўніцтве сацыялізма, то гэта толькі гаворыць пра непераможную сілу Савецкага Саюза… Голас Башлыкова палагоднеў, нават павесялеў, калі ён з захапленнем, многімі прыкладамі, пачаў расказваць, як ператварае Савецкую краіну індустрыялізацыя, што разгортваецца па плану пяцігодкі. Далёкія Магнітагорск, Чэлябінск, Харкаў раптам аказаліся быццам блізкімі сваякамі і памочнікамі іх Глінішчаў, іх надзейнымі абаронцамі. Праўда, Ганна заўважыла, што тут увага да Башлыкова і яго ўплыў на людзей прыкметна паслабелі. Людзі варушыліся, у вачах паявіліся нецікаўнасць, недавер'е. Нібы казаў пра неабавязковае і пра такое, пра што можна варажыць па-рознаму. У гэты момант прамова Башлыкова страціла багата сваёй сілы.

– Што мы маем у сельскай гаспадарцы? – Башлыкоў зрабіў паўзу, як бы даваў час падрыхтавацца да новага, вельмі важнага. У голасе яго былі трывога і цвёрдая мужнасць, калі ён пачаў расказваць, што наступленне ў вёсцы асабліва абвастрыла шалёнае супраціўленне варожых элементаў, якія, прадчуваючы сваю блізкую пагібель, не спыняюцца ні перад чым. Тут Ганна адчула, як залу зноў працяла пільная, насцярожаная цішыня. Усе зноў глядзелі на яго, чакалі… – Па ўсёй краіне кулакі і іх пасобнікі ў бяссільнай злосці ідуць паўсямесна на адкрытыя выступленні. Паляць калгасныя пабудовы, дамы сельскіх актывістаў, страляюць з абрэзаў селькораў… Яны думаюць, што гэтым звярыным тэрорам запалохаюць нас, сарвуць калектывізацыю! – Голас Башлыкова набыў сілы. Башлыкоў заявіў цвёрда: – Дарэмна яны разлічваюць на гэта! Бальшавікі не з палахлівага дзесятка! Кулацкая барацьба яшчэ больш згуртоўвае нашы рады! Рады бальшавікоў і перадавога сялянства!..

Сіла яго слоў, чула Ганна, была не так у саміх словах, як у тым, што было за гэтымі словамі, у тым пачуцці, з якім яны былі зліты. За ўсім адчувалася шчырая, непахісная пераконанасць, адданасць, якая прымушала прыціхаць недавер'е многіх, а Ганну проста звала, захапляла. Такога гарачага пераканання яна яшчэ не адчувала ні ў кога. Ад гэтага да ўсяго прымешваўся непатрэбны раўнівы сум…

– Па ўсёй краіне, – загаварыў ён раўней, але ўсё з той жа пераконанасцю, – нечуванымі тэмпамі разгортваецца масавая калектывізацыя… Па ўсяму Савецкаму Саюзу ёсць ужо не толькі такія раёны, дзе калектывізавана больш за пяцьдзесят працэнтаў, але ёсць і раёны суцэльнай калектывізацыі!.. Такія раёны ёсць у Паволжы, на Кубані, на Украіне, у важнейшых зернавых раёнах СССР. Ёсць такія раёны і ў нас, у Беларусі. Напрыклад, Клімавіцкі раён… Ідзе справа да суцэльнай калектывізацыі і ў нас. Мы паставілі пытанне аб тым, – голас Башлыкова зноў набыў асаблівую значнасць, – каб і наш, Юравіцкі раён, уключылі ў вышэйшую групу па калектывізацыі, і ў ЦК падтрымалі нас. Мы ўзялі ўдарную, бальшавіцкую задачу: да вясны наступнага, 1930 года калектывізаваць раён на ўсе сто працэнтаў!.. Мы паставілі гэту задачу, – загаварыў Башлыкоў моцна, нібы вылучыў, – і мы яе выканаем! Нягледзячы ні на што!

У пакоях, у калідоры была цішыня. Быў момант – здалося, усіх апанавала здранцвенне. Перасталі раптам дыміць цыгаркамі, сапці побач. З павагай і раўніва Ганна адчула: гэты зробіць! Што захоча – зробіць! От сіла!..

– У гэтым святле ўсім павінна быць ясна, – голас яго пацішэў, стаў дзелавіта стрыманым, – якое значэнне надае райком таму, што адбылося ў вашым калгасе. Гэта ўдар па ўсяму раёну. Таварыш Дубадзел правільна сказаў… Таму мы павінны прынцыпова ўскрыць прычыны, якія давялі да ўсяго гэтага. Тут таварышы, якія выступалі, называлі розныя прычыны, каб вытлумачыць тое, што здарылася. Чаму разваліўся калгас… Яны назвалі многа прычын, – у голасе Башлыкова пачулася стрыманая насмешка. – Але не назвалі галоўнай… Галоўная прычына – не будзем заплюшчваць вочы, назавём рэчы сваімі імёнамі! – сур'ёзная, палітычная. Калгас распаўся, – загаварыў Башлыкоў, вылучаючы кожнае слова, – у выніку варожай дзейнасці! Калгас падарвалі – яўнымі і скрытымі метадамі – кулацкія элементы!.. Таму тое, што адбылося тут, райком разглядае як палітычную з'яву, якая патрабуе палітычных вывадаў і мер. Бязлітасных мер.

Варожыя сілы ўсіх масцей, – загаварыў ён выразна, дужа, – дзейнічаюць шырокім фронтам. Яны дзейнічаюць у міжнародным маштабе і на ўнутраным фронце. Яны не грэбуюць нічым, каб падарваць нас. Яны шкодзяць нам і ў вялікіх, дзяржаўных, справах, і ў малых. У любым сяле, у любым калгасе…

Класавы вораг дзейнічае. І мы таксама, – голас Башлыкова ўсё цвярдзеў, – будзем дзейнічаць! Мы будзем бязлітасна біць па ворагу і яго пасобніках! Дзе б яны ні вылезлі!

У святле ўсяго таго, што я сказаў, – Башлыкоў, было відаць, сабраўся канчаць, – райком заклікае ўсіх калгаснікаў вёскі Глінішча вярнуцца ў калгас, аднавіць яго. Ударыць па ворагу нашай аб'яднанай сілай, калгасам!

Ён сеў. Была цішыня. Хоць бы хто кашлянуў. Хоць бы варухнуўся хто. Была разгубленасць перад ім. Перад сілай і праўдай, якую выставіў ён. І якую раптам адчулі так моцна. Потым Ганна заўважыла, як з калідора перасталі ціснуць, пачалі адступаць ад дзвярэй, у цемру. Заварушыліся ў пакоі, задымілі, хтосьці закашляў.

Схамянуўся, узняўся Барыс:

– Хто шчэ хоча сказаць?

Ён павёў галавой па класе. Адводзілі позіркі, апускалі вочы, смалілі цыгаркі. Пачакаў. Ніхто не адгукаўся.

– Няма ахвотнікаў?

– Хваціць ужэ! – заявіла спакойна і важка цётка Маня. – І так позно!

Як бы чакалі гэтага, адразу, нецярпліва падхапілі. Па пакоі, у калідоры пайшло:

– Аге! Развідняе ўжэ скоро!.. Дзень унь!..

– Пагаварылі ўжэ!.. Сколькі ж гаварыць!

– Хваціць!..

Барыс нахіліўся да Башлыкова. Той нешта гаварыў яму.

– Ну, калі няма ахвотнікаў, – сказаў Барыс прымірэнча, – дак трэба прыняць рашэнне.

– Якое шчэ рашэнне? – востра нацэлілася Гечыха. Зноў засмактала папяросіну, але вачэй не адвяла. У пакоі ўсе глядзелі на Барыса, чакалі.

– Ну, рашэнне, што мы, – стрымана, з годнасцю павёў Барыс, – аднаўляем калгас. І ўсе, каторыя выйшлі, вяртаемся назад… І будзем работаць, як раней…

Момант зноў была цішыня. Цішыня напружаная і насцярожаная. Позіркі то неспакойна бегалі па тварах бліжніх, што сядзелі за сталамі, на сталах, то ўціналіся ў Барыса, у Башлыкова.

– А нашто ето канешне? – асцярожна запярэчыў хтосьці ззаду.

– Не трэба етаго! – адгукнуўся больш упэўнена другі голас.

– Не трэба! – загуло па радах.

Барыс стаў моцна стукаць далонню, пакуль не прыціхлі. Як неадменнае, заявіў зноў:

– Трэба рашэнне! – Нібы для таго, каб не было сумненняў, дадаў: – Ето – абязацельно.

– Абыдземся! – адрэзаў голасна, як бы з выклікам, худы, з кепачкай.

Па пакоі адразу пайшло:

– Паслухалі – і хваціць!..

– Хваціць!..

Устаў Башлыкоў. Упэўнена высіўся сярод гоману, чакаў, калі сціхнуць. Але гоман не сціхаў, нават памацнеў. Гаманілі, кідалі неспакойныя позіркі ўжо нібы да аднаго.

Ён не зварухнуўся, пакуль не наступіла мёртвая цішыня.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю