355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Иван Мележ » Завеі, снежань » Текст книги (страница 14)
Завеі, снежань
  • Текст добавлен: 29 сентября 2016, 02:00

Текст книги "Завеі, снежань"


Автор книги: Иван Мележ



сообщить о нарушении

Текущая страница: 14 (всего у книги 18 страниц)

Раздзел другі
1

Познім завейным вечарам, апошнім вечарам дваццаць дзевятага года, вяртаўся Апейка з «раёна» дадому. Вецер, што ні на момант не ўціхаў, налятаў то збоку, то спераду. Збоку і спераду гнаў снег, кідаў яго на коней, на вазок, у твар Ігнату, у твар Апейку. Клубы абодвух коней былі белыя, у вазку было поўна снегу, снег лажыўся на грудзі, на плечы паліто, біўся ў вочы. Коні то беглі, паслізгваючыся, па голым шляху, то грузлі, важка лезлі ў сумётах, якія ўжо часта перагароджвалі шлях. У посвісце ветру амаль няўціхна было чуваць цягучае, неспакойнае гудзенне правадоў.

Было цёмна. Ад завеі не было відаць агнёў нават недалёкіх вёсак, ды і блізкія слупы ішлі ў цемры ледзь прыкметнымі мутнымі знакамі. Відаць былі адно рухлівы перадок вазка, конскія клубы ў мерным пакалыхванні ды хвасты, якія матляліся ад бегу і ветру. Апейка чуў, што ногі мерзнуць, засоўваў іх у сена, утульваў ад ветру і снегу твар у каўнер. Як праз дрымоту, адзначаў лёгкі лёт, з посвістам, па санных каляінах, важкі скрып па голых прагалінах, павольны, мяккі рух у сумётах. Ён драмаў, дрымота была такая, што відовішчы сну, ява, трызненне, думкі мяшаліся, зблытваліся так, што і сам не дабраў бы ладу. Ён амаль не спаў некалькі начэй і, як толькі рушылі з сяла, адразу, нібы з надмернай ношай, уваліўся ў сон. Але сцюжны вецер неўзабаве, хоць і не дарэшты, разварушыў сон. Апейка то драмаў, то расплюшчваў вочы і бачыў поле, панылы хмызняк, слупы, то зноў заплюшчваўся і адно чуў снег, вецер, посвіст, пад якія рвана, бязладна ішлі, выходзілі думкі. У дрымотнай душы было то неспакойна, то клопатна, то радасна. У хвіліны яснасці ён некалькі разоў лез рукой пад паліто, нахаладалымі, непаслухмянымі пальцамі даставаў вялікі і нязвычна коўзкі кішанёвы гадзіннік, падносіў да самых вачэй, узіраўся – ці не позна? Ён выехаў пазнавата: нельга было раней ды і спадзяваўся, што дарога будзе лягчэйшая; а гэта завея запыняла, і ён баяўся, што не ўправіцца. У цемры лічбаў на гадзінніку амаль не было відаць: ён хутчэй здагадваўся, чым бачыў – колькі часу. Позіркі гэтыя на гадзіннік іншы раз былі і ад таго, што сядзець нязрушна станавілася сумна, што таміў нейкі цьмяны, няпэўны, як змрок навокал, неспакой.

У галаву лезлі малюнкі і галасы гэтых пяці неспакойных, амаль бяссонных сутак, амаль няспынных сходаў, гаворак, пераконванняў, спрэчак. Яму раптам у дрымоце так ясна бачыўся які-небудзь твар, чуўся які-небудзь голас, што ўсё гэта як бы нанава станавілася яваю, і ён зноў як бы ўрываўся ў гоман, у галас, гаварыў тое, што не знайшоў тады, як трэба было, што трывожыла і цяпер. Як заўсёды, у гэтыя хвіліны, хвалюючы, гарачачы, набягалі раптам вельмі ўдалыя доказы, трапныя адказы. І ў дрымоце яго таміла адчуванне незавершанасці, неразвязанасці тых гаворак-спрэчак, імкненне адолець, даказаць, пераканаць іх у сваёй, у цяжкай іхняму разуменню праўдзе. Ён ішоў, прабіваўся, даказваў – думкамі яшчэ як бы прадаўжаў тое, чым жыў усе дні і ночы. Ён мог бы быць давольны: недарэмна ночы не спаў, расцінаўся, аж у галаве гуло, аж ахрып: за пяцёра сутак яшчэ амаль пяцьдзесят чалавек сталі калгаснікамі, дакладна – сорак сем. Але амаль заўсёды цвярозая яснасць хмарыла ўцеху нярадаснай, ужо звыклай рэальнасцю: тое, што ён зрабіў, – як кропля ў моры. Амаль нічога не змяняла. Раён далёка адставаў ад таго плана калектывізацыі, які быў дадзены яму. І Апейка добра адчуваў, што ніякага радаснага дзіва чакаць не трэба. Не будзе яго. Значыцца, раёну і далей давядзецца адставаць, з усімі непрыемнымі дадаткамі для яго кіраўнікоў.

Яго душу трывожыла – і гэта было, можа, самае даўкае – памяць пра нядобрыя настроі, якія ён заўважаў і раней, але ў гэты прыезд адчуў і пабачыў асабліва моцна. Тое, што ён прыкмячаў яшчэ ўвосень, усё расло і шырылася, гразілася ўсяму раёну, ды, можа, не толькі раёну. Яны станавіліся ўсё большай перашкодай на дарозе – няўпэўненасць людзей у заўтрашнім, недавер'е да таго, што нёс ён, Апейка, іншыя ўпаўнаважаныя. Нецярплівы націск, несправядлівыя і грубыя меры, якія з часам не толькі не знікалі, а большалі, нібы падмацоўвалі закарэлае, векавое мужыцкае недавер'е ў тое, што збоку могуць прыйсці з добрым, зрабіць добрае…

Няпэўныя ў заўтрашнім, у кожным сяле рэзалі, з нязвыклай для сялянскай ашчаднасці лёгкасцю губілі нажытае – авечак, цялят, кароў. Апейка не з адным загаворваў пра гэта, не на адным сходзе пераконваў, патрабаваў – і бачыў, што нішто не дае толку. «Трэба неадкладна – нейкія строгія меры…» – падумаў заклапочана і расплюшчыў вочы: за завеяю, за рухомай аднастайнасцю прысад разабраў некалькі кустоў вышэй поля. «Курган», – здагадаўся Апейка; самога кургана не было відаць: выбелены снегам, зліваўся з навакольнай шэранню. «Скора ўжэ дома… Дацягліся…» Ён палез быў па гадзіннік, але адумаўся: усё роўна ўжо – спазніўся ці не спазніўся. Ён як бы ўбачыў жонку, сына, дачку – уявіў, як услухоўваюцца, ці не пад'ехаў вазок, ці не рыпнулі веснічкі. Нецярпліва варухнуўся, скінуў снег з паліто, выпрастаўся. Чым вышэй узбягалі коні па ўздыме дарогі, тым мацнеў вецер, што вольна і шырока рушыў з-за Прыпяці, насустрач. Дарога пайшла тут цвёрдая, без сумётаў, падмеценая, вылізаная ветрам. Ці ад таго, што і Ігнат як бы ажыў, ці ад таго, што коні самі пажвавелі – пачулі блізка дом, – вазок па ўздыме памчаў лягчэй, лётам. Бліснуў, – здалося, весела – агеньчык, і вось ужо блізка відаць сталі і само акно, цёмны абрыс хаты – адной, другой. Уехалі ў Юравічы, у верхнюю вуліцу. На спуску зноў раз-пораз дарогу пераймалі сумёты, але тут гэта нават памагала: ямчэй было спускацца з кручы. У прарэзе між гор зажаўцела ўжо некалькі блізкіх ніжніх агеньчыкаў. Усяго мястэчка не было відаць – засцілала завея.

Жаўцеў агеньчык і ў выканкоме. Апейка затрымаў Ігната, узбег па зледзянелым – з трэскам – ганку на другі паверх. Павітаўшы, павіншаваўшы з Новым годам санлівага дзяжурнага, які адказаў узрадавана, голасна, – убег у свой пакой, хапаючыся, запаліў лямпу. На стале было некалькі лістоў папер, паперка са зводкай аб стане калектывізацыі ў раёне. Ён паглядзеў: дваццаць дзевяць і сем дзесятых працэнта. Пісана рукою Зубрыча, унізе яго ж акуратны, сціплы подпіс.

Лісты, паперы. Адносіны з Мазыра: на папяроснай паперы, пад капіроўку – хутка прагледзеў адну, другую. Разарваў канверт, дастаў пісьмо. Чытаючы, схамянуўся, адкінуў крысо паліто, дастаў гадзіннік: яшчэ не позна. Можна ўправіцца. Сабраў паперы, лісты ў папку. Узяў тэлефонную трубку, крутнуў ручку. Райкомаўскі дзяжурны адазваўся адразу. Башлыкова яшчэ не было. Не вярнуўся. Ужо сабраўшыся ісці, Апейка кінуў позіркам на стус газет, складзеных ускрай стала. Заўважыў адразу на верхняй: «І.Сталін. Да пытанняў аграрнай палітыкі ў СССР». Забраў увесь стус пад паху, хукнуў у лямпу і рынуў уподбег назад.

Ледзь сеў у вазок, Ігнат шмаргануў коней. Даляцелі дамоў умомант.

– Прывяжы пакуль – ды ў хату. Здаецца, управіліся!..

Тут намёрзлыя ступенькі таксама трашчалі пад нагамі нецярпліва і радасна. Стукаць не трэба было: дзверы нібы самі адчыніліся. У цёмных сенцах абняў жонку. У хату ўвайшоў, абдымаючы за галаву сына. Валодзя папракнуў:

– Каб трохі, пачалі б без цябе.

– Усё-ткі ж управіліся!

Стол быў засланы белым абрусам. На стале ўсё было падрыхтавана да сустрэчы. Ніначка, што таксама не спала, адразу пабегла да стала. Апейка пацалаваў яе, хутка скінуў паліто, рушыў умывацца. Калі вярнуўся, Ігнат быў у пакоі ўжо, і лямпа гарэла ярка, святочна. Вера памагала Ігнату распрануцца.

– Што ж, каб гэты год быў не горшы за іншыя. За шчасце ўсіх нас!.. – Апейка па чарзе паднёс да ўсіх сваю чарку: да малых, якім налілі чырвонага морсу, да Веры, да Ігната.

Ігнат, як і каля коней, трымаўся за сталом чынна. Сказаўшы за Апейкам: «За тое, штоб дабро не пераводзілася ў етым доме!» – ён потым і піў, і закусваў ужо моўчкі. Як і ў дарозе, і ў сёлах, ён трымаўся незалежна, з годнасцю, як бы паказваючы ўсім, што ведае мяжу, якая ёсць паміж ім і старшынёй. Ён і тут не бянтэжыўся – ды і чаго было бянтэжыцца: свой, лічы, даўно ў хаце, – але і не дапушчаў, хоць павесялеў ад гарэлкі, якой-небудзь вольнасці. Вера гасцінна сачыла, каб у яго ўвесь час было і выпіць, і закусіць. Ён браў гэта як належнае, са звычайнай паважнасцю.

Ігнат не спяшаўся асабліва, але неўзабаве паважна ж устаў, падзякаваў. На Верына запрашэнне пабыць яшчэ сказаў цвяроза:

– Не. Трэба і пра другіх не забуваць. – Апейка здагадаўся: «другія» на той час – коні.

Апейка правёў яго на ганак, хвіліну пастаяў пад павевамі халоднага ветру. Весела пайшоў зноў у бесклапотны, шчаслівы гоман і смех за сталом. Вясёлай, бясхмарнай была гэта ноч, гэта сустрэча года, які потым суджана было Апейку ўспамінаць і з нязменным гонарам, і – не адзін год – з болеснай крыўдай. Годам, у які суджана было зазнаць і вялікія радасці, і вялікія няшчасці.

Тады ж, у тую ноч, усім ім за сталом было вельмі весела. Дзеці дурэлі, рагаталі, смяяліся па-маладому, закахана тулілася Вера. Молада, хораша было і Апейку. Весялосць прыціхла ненадоўга толькі тады, калі паявілася жонка Харчава, стрымана і неяк вінавата загаварыла:

– З Новым годам вас, суседзечкі нашы! Хай будзе добра ўсё!

І гаварыла, і кланялася яна па-вясковаму. Ва ўсім яна была вясковаю жанчынаю: жывучы даўно ў «горадзе», яна, Маруся, амаль нічога не змяніла ў звычках. Нават крамныя кофта і спадніца, пашытыя ў юравіцкай швейнай, выглядалі на ёй па-вясковаму.

Вера з радасцю пасадзіла яе за стол, наліла ў чарку. Выпілі разам.

– На Новы год неяк нядобра адной. У другія дні – дак не так… А ў Новы год – дак проста сэрца смокча…

Апейка заўважыў, што яна, гамонячы па-вясковаму ахвотна, амаль увесь час услухоўвалася, ці не чуваць чаго на вуліцы, на двары. Ці не прыехаў чалавек. Добрая душою, Апейка ведаў, яна няёмка чула сябе за свайго мужа, за яго разлад з ім, з Апейкам. Не магла згадзіцца сэрцам і абыходзілася заўсёды лагодна і вінавата, хоць і стрымлівалася і пабойвалася Харчава. От і цяпер Апейка чуў і яе дабрату, і прыхаваную апаску, што чалавек, калі пабачыць, не пахваліць. «А ўсё ж такі – прыйшла…»

Ёй не сядзелася. Пагаманіўшы столькі, колькі трэба было для прыліку, яна падалася дадому. Пайшла ў час – амаль адразу за гэтым пад'ехаў Харчаў. Ён прыехаў не адзін, з нейкімі знаёмымі, за сцяной стала адразу шумна – затупалі боты, загаманілі дужыя галасы. Апейка мімаволі прыслухоўваўся да гэтых галасоў, стараўся пазнаць, хто там: выдзеліў сярод іншых напорлівы барытон Дубадзела. Сябры! Здалося, пачуў сваё прозвішча: успомнілі! Але не разабраў – што казалі, ды і не хацеў разбіраць: яны вясёлыя, і яму няма чаго псаваць весялосці!

Пазней падляцеў яшчэ нехта. Апейка прыслухаўся да хуткіх крокаў: можа, да яго. Не, таксама да Харчава. Вера сабралася ўжо весці дзяцей спаць, калі на іх ганку пачуліся крокі. Хтосьці ўвайшоў у сенцы. Апейка адчыніў – у пакой ступіў Башлыкоў, вясёлы, п'янаваты.

– Чытаў? – Ён усміхнуўся шырока, па-п'янаму прасцецкі, як бы ўрачыста.

– Што?

На твары Башлыкова паявілася, праўда, паблажлівая, пагарда:

– Адстаеш!.. Зараз жа вазьмі! Праштудзіруй!.. – Ужо па-сяброўску, з захапленнем: – От – галава! От – розум! Недарэмна – на самым версе! Прачытаеш – і ўсё ясна становіцца! На сто вёрст наперад відаць! І ўглыб – на сто! Усё ясна! Як двойчы два!.. – Паблажліва, па-сяброўску ж папракнуў: – Ну, чаго стаў?! Як сустракаеш госця! Налі! Выпіць трэба!

Ён звонка чокнуўся, хвацка перакуліў чарку. Весела, узнята прайшоўся, стройны ў сваім амаль вайсковым гарнітуры, у хромавых ботах, дужы ў хадзе, прыгожы.

– Усё – ясна! Як двойчы два! Усё – па палічках разлажыў! Гэта – сюды, гэта – туды! Недарэмна – на самым версе! Самога Энгельса, брат, на месца паставіў!.. Зараз жа вазьмі!.. Ну, яшчэ па адной! Раз такое дзела!

Ён выйшаў так жа хутка, як і паявіўся.

2

Вера засталася ў спальні з дзецьмі, і Апейка ўзяў стус газет, палажыў на стале, дзе яшчэ былі чаркі, навагодні пачастунак. Зверху апынулася газета, у куточку якой у рамачцы было надрукавана пісьмо Сталіна, якое ён чытаў ужо спехам, калі ехаў у раён. Пісьмо яму тады спадабалася сціпласцю, якая Апейку не здзівіла ні трохі, бо так пасавала з тым абліччам Сталіна, якое нязменна бачылася яму і якое ён заўсёды паважаў. Сталін быў Апейку чалавекам і незвычайнай адвагі, і незвычайнай цвёрдасці ў нялёгкія гады барацьбы з трацкістамі і бухарынцамі. У яго, у Сталіна, былі найвялікшыя заслугі перад партыяй, і тая сціпласць, з якой адзначылі яго пяцідзесяцігоддзе, сціпласць, якою было поўна і гэта пісьмо, яшчэ ўздымалі ў Апейку павагу да Сталіна.

З гэтай павагай ён стаў нанава перачытваць: « Усім арганізацыям і таварышам, якія прыслалі прывітанні ў сувязі з 50-годдзем Сталіна…Вашы віншаванні і прывітанні адношу на рахунак вялікай партыі рабочага класа, якая нарадзіла і выхавала мяне па ўзору свайму і падабенству. І іменна таму, што адношу іх на рахунак нашай слаўнай ленінскай партыі, бяру на сябе смеласць адказаць вам бальшавіцкай падзякай… Можаце не сумнявацца, таварышы, што я гатоў і ў далейшым аддаць справе рабочага класа, справе пралетарскай рэвалюцыі і сусветнага камунізму ўсе свае сілы, усе свае здольнасці і, калі спатрэбіцца, усю сваю кроў, кроплю за кропляй… З глыбокай павагай І.Сталін. 21 снежня 1929 года».

За гэтым, не чытаючы больш нічога, Апейка выбраў той артыкул Сталіна, пра які казаў Башлыкоў. Гэта была прамова на канферэнцыі аграрнікаў-марксістаў 27 снежня 1929 года. З першых радкоў прамова зацікавіла Апейку: Сталін гаварыў пра тое, што найбольш хвалявала – пра калгасы, пра калгасны рух. «Калгасны рух ператварыўся з руху асобных груп і праслоек працоўных сялян у рух мільёнаў і мільёнаў асноўных мас сялянства…» «Але калі мы маем падставы ганарыцца практычныміпоспехамі сацыялістычнага будаўніцтва, то нельга тое ж самае сказаць пра поспехі нашай тэарэтычнайпрацы ў галіне эканомікі наогул, у галіне сельскай гаспадаркі ў прыватнасці…» Багата што з таго, што чытаў Апейка, пераклікалася з тым, пра што ён думаў, як бы падмацоўвала яго развагі, давала яго думкам упэўненасць і зладжанасць. Яснасць, лагічнасць, прастата, з якімі Сталін тлумачыў, раскрываў самыя складаныя, супярэчлівыя праблемы, надавалі радасную яснасць і прастату і думкам, якія не адзін раз вярэдзілі Апейку. Звыклы верыць розуму Сталіна, цешачыся, што от яны ёсць самыя дакладныя адказы на самыя трудныя пытанні, Апейка проста ўбіраў у сябе думку за думкай, развагу за развагай. Ён ахвотна згаджаўся з усімі доказамі, цвёрдымі, абгрунтаванымі, якімі Сталін разбіваў адну за адной буржуазныя тэорыі ў сялянскім пытанні. Падуладны роўнай, моцнай плыні сталінскай логікі, ён гатоў быў, здаецца, даверліва ісці за прамоўцам да канца, калі раптам наткнуўся, як на нечаканы пень, на адну думку. Думка гэта здзівіла, запыніла ўвагу. Ён, яшчэ добра не цямячы, як бы не верачы, што не памыліўся, перачытаў неспадзяваны радок другі раз. Не, ён не памыліўся – так і было напісана: «У нас няма… рабскай прывязанасці селяніна да шматка зямлі… якая ёсць на Захадзе…»

Няма? Няма – «рабскай прывязанасці да зямлі»?.. Сталін тлумачыў гэта тым, што ў нас няма прыватнай уласнасці на зямлю. Ён лічыў, што гэта «акалічнасць» «не можа не аблегчыць» пераходу сялян «на рэйкі калгасаў». Больш таго, ён гаварыў, што гэта дае калгасам магчымасць «так лёгка»дэманстраваць свае перавагі перад аднаасобнымі сялянскімі гаспадаркамі. З дзіўным адчуваннем, з разгубленасцю чытаў Апейка тое, як Сталін тлумачыў, чаму Энгельс у сваёй брашуры «Сялянскае пытанне» раіў быць асцярожнымі і ўважлівымі да селяніна, ведучы яго на новую дарогу калгаснага жыцця. Гэта, мабыць, было тое, што ўзрадавала Башлыкова: «Самога Энгельса на месца паставіў!» Апейку зноў усхвалявала вялікая чуласць, з якой пісаў пра селяніна Энгельс: «Мы будзем рабіць усё магчымае, каб яму было лягчэй жыць, каб аблегчыць яму пераход да таварыства…» Сталін не пярэчыў, згаджаўся нібы з Энгельсам; але ўслед гаварыў такое, што можна было думаць: чуласць да селяніна, пра якую пісаў Энгельс, неабходна нібы толькі на Захадзе. Дзе ёсць прыватная ўласнасць на зямлю. «Ці можам мы сказаць, – што ў нас, у СССР, ёсць такое ж становішча? – спытаўся Сталін і тут жа адказаў: – Не, нельга гэтага сказаць. Нельга, бо ў нас няма прыватнай уласнасці на зямлю, якая прыкоўвае селяніна да яго індывідуальнай гаспадаркі. Нельга, бо ў нас ёсць нацыяналізацыя зямлі, якая аблягчае справу пераходу індывідуальнага селяніна на рэйкі калектывізму… Вось дзе адна з прычын, – упэўнена гаварыў Сталін, – той параўнаўчай лёгкасці і быстраты, з якой у нас развіваецца ў апошні час калгасны рух…» Тут Апейка зноў спыніўся, вярнуўся, перачытаў сказ. Сталін лічыў, што калгасны рух расце «параўнаўча лёгка»! Лёгка!

Нецярплівая цікавасць павяла Апейку далей, але сачыў ён за прамовай Сталіна ўжо як бы з насцярожанасцю. Згадзіўся, што і ў калгасах застануцца яшчэ элементы класавай барацьбы, што там могуць быць перажыткі індывідуалістычнай ці нават кулацкай псіхалогіі, некаторая няроўнасць у матэрыяльным становішчы. Раптам напаткаў ленінскую думку, душа ўзяла яе ахвотна, узрадавана: у словах Леніна была падтрымка таму, што нарадзілася з незлічоных сустрэч з людзьмі і што разам як бы пярэчыла поглядам некаторых лішне хуткіх, «прынцыповых» дзеячаў. Апейка хапатліва пашукаў аловак у пінжаку, акуратна, задаволена двойчы адкрэсліў збоку. Перачытаў, стараючыся запомніць слова ў слова: «Справа пераробкі дробнага земляроба, пераробкі ўсёй яго псіхалогіі і навыкаў ёсць справа, якая патрабуе пакаленняў». «Пакаленняў!» – паўтарыў ён думкаю, нібы гаворачы Башлыкову.

Башлыкова, мабыць, найбольш усцешыў раздзел, дзе Сталін казаў, што партыя ад палітыкі абмежавання кулацтва перайшла да ліквідацыі яго як класа. Сталін разважліва даказваў, чаму правільнай была ў свой час палітыка абмежаваннякулацтва. Заявіў, што цяпер створана эканамічная аснова для таго, каб замяніць кулацкую прадукцыю – калгаснай і саўгаснай. «Ну, а як быць з палітыкай раскулачвання, – лавіў Апейка з вострай увагай, – ці можна дапусціць раскулачванне ў раёнах суцэльнай калектывізацыі? – пытаюць з розных бакоў. Сталін цвёрда адказваў: – Смешнае пытанне! Раскулачвання нельга было дапускаць, пакуль мы стаялі на пункце гледжання абмежавання эксплуататарскіх тэндэнцый кулацтва, пакуль мы не мелі магчымасці перайсці ў рашучае наступленне супраць кулацтва, пакуль у нас не было магчымасці замяніць кулацкую вытворчасць вытворчасцю калгасаў і саўгасаў… А цяпер? Цяпер другая справа… Цяпер мы маем магчымасць павесці рашучае наступленне на кулацтва, зламаць яго супраціўленне, ліквідаваць яго як клас і замяніць яго вытворчасць вытворчасцю калгасаў і саўгасаў».

Як стрэмка, упілося ў памяць – першымі словамі адказу Сталіна было: «Смешнае пытанне!» Што ў гэтым было смешнае! Далей Сталін зноў амаль паўтарыў гэты выраз: «Смешна і несур'ёзна гаварыць доўга цяпер пра раскулачванне. Зняўшы галаву, па валасах не плачуць». Нешта гуллівае пачулася Апейку ў гэтым новым «смешна». «Не менш смешным, – гаварыў зноў Сталін, – здаецца другое пытанне: ці можна пусціць кулака ў калгас?.. Канешне, нельга яго пускаць у калгас. Нельга, бо ён з'яўляецца заклятым ворагам калгаснага руху…»

3

Дачытаўшы, Апейка хвіліну сядзеў ціха. Потым закурыў над шклом лямпы, стаў хадзіць па пакоі. Хмелю ў галаве не чулася, стомы як не было. Адну за адной успамінаў ён думкі з прамовы, цвёрдыя, упэўненыя довады. Тое, што яшчэ нядаўна здавалася цьмяным і выклікала трудныя развагі, сумненні, стала раптам простым, ясным. Было такое адчуванне, быццам пасля блуканняў і пошукаў у тумане выбраўся раптам на чыстае, дзе ўсё ляжала адкрытае вачам, з палямі і лясамі, з дарогамі і сцежкамі. Чалавеку заўсёды хочацца прастаты, яснасці, Апейка ж у той вечар зусім не меў схільнасці такой, каб ацэньваць ці ўзважваць нешта, правяраць у прамове. Для яго гэта была найперш прамова кіраўніка партыі, тлумачэнне найбліжэйшай задачы ўсіх войск, у якіх ён, Апейка, быў, можа, толькі аддзялённым камандзірам. Кім бы ён ні быў, задача гэта датычылася яго, і ён перш за ўсё з клопатнасцю думаў пра тое, на што яна скіроўвала ўвагу, якую ставіла мэту, чаго патрабавала ад яго.

Пры ўсім давер'і да Сталіна, разбіраючы са сваёй няўціхнай і ўедлівай паляшуцкай уважлівасцю прамову, Апейка хутка зноў запыніўся, задумаўся. Насуперак таму, што казаў Сталін, улезла сумненне, што калгасам так проста – са сваімі сялянскімі конікамі ды дзядоўскімі плужкамі – паказваць перавагі над аднаасобнымі гаспадаркамі. Варта толькі, выходзіла з прамовы, проста сысціся разам – і з'явіцца цудадзейная сіла: можна і араць, і сеяць наўздзіў, паказваць цуды і з тымі конікамі ды плужкамі. Неяк лёгка, здавалася, разворвалі так багата цаліны названыя да прыкладу данскія казакі, без машын, без трактароў.

Ён закурыў, пастаяў каля акна: у святле за шыбай круціла снег. Завіруха ўсё мяла. Падумаў: «Замяце ўсе дарогі: чорт знае, як дабірацца будзеш… Самы час, каб дарога была, а яе замятае. Як знарок…» Ён згадаў Загалле, апошні сход, не скончаны з-за гэтай віхурнай навагодняй ночы, адчуў імкненне ехаць назад, давесці справу да ладу. Стары год сышоў, а клопаты не сыходзілі; без мяжы, без якога-небудзь прыпынку пераходзілі ў новы. Амаль адразу ж Апейка цвяроза падумаў, што – пры ўсім гэтым – новы год будзе не зусім працягам старога. «Тая ж дарога, але ўздым другі. Другая круцізна пачынаецца…»

Мяло, кідала снегам у шыбу. У галаву раптам зноў увайшло здзіўленне: «лёгка!.. параўнаўча лёгка і быстра!..». Ён падумаў пра свае амаль няспынныя паездкі па сёлах, пра незлічоныя, бясконцыя, зацятыя сходы. Падумаў пра тую ўпартую нязгоду, якая была ў Глінішчах, калі спрабавалі зноў зладзіць калгас. «Параўнаўча лёгка»! Чаму – «параўнаўча лёгка»?! Думка адразу падказала: лёгка – у другіх месцах; але цвярозая разважнасць запярэчыла: законы сялянскай псіхалогіі – адны ўсюды…

«У нас няма рабскай прывязанасці да шматка зямлі…» – успомніліся яму словы Сталіна. «На Захадзе ёсць, а ў нас – няма…» «Бо ў нас няма прыватнай уласнасці на зямлю…» У вельмі яснай галаве паявілася здзіўленне: «Няма прывязанасці да зямлі? Рабскай прывязанасці?.. Чаму – няма?!.» Не толькі прыдзірлівая разважнасць – душа запярэчыла: «Ёсць!.. У тым і бяда – што ёсць!.. Фармальна, можа, няма, а фактычна – ёсць!.. Той шматок зямлі селяніну – свой! Не чый-небудзь, а яго, свой!Ён зямлю – гэта праўда – не купляў, але ж яму дала яе рэвалюцыя! Дала, і ён – узяў, з радасцю ўзяў, як справядлівую дачу, – і стаў лічыць сваёй! І яна, шматок той, стала яго найдаражэйшым набыткам, яго ўласнасцю, яго – не чым іншым – прыватнайуласнасцю! І ён любіць яе, як немаведама што, прывязаны да яе, як уладар яе і рабяе, – па-рабскупрывязаны! У яго ёсць– рабская прывязанасць! Ёсць!У тым і ўся бяда!.. І прывязаны ён, пэўна, не менш, чым той селянін – на Захадзе! Той – купіў; а гэты – за „шматок зямлі“ – паліў памешчыкаў, гнаў пілсудчыкаў і дзянікінцаў; як адзіную надзею сваю на жыццё ратаваў савецкую ўладу. Ён – не купіў; ён – заваяваў сабе яе, зямельку сваю, – штыком, агнём, крывёю! Хіба ж – меншаю цаною?!. Ці ж выпадкова першыя савецкія дэкрэты былі – аб міры, аб зямлі? Самае дарагое, да чаго рваліся людзі адвеку, ад дзядоў і прадзедаў, у гэтых дэкрэтах: мір і – зямля! Савецкая ўлада, абвясціўшы іх, адразу заваявала мужыцкія сэрцы мільёнаў. Не трэба думаць іншага – амаль кожны з тых, хто змяніў на шынель світку, бачыў больш не зямлю наогул, а зямлю за сваім сялом, свой шматок зямлі!.. І вось – калі параўноўваць селяніна ў нас і на Захадзе, то ці трэба забываць, што наш набыў свой шматок зямлі толькі дзесятак гадоў якіх! Можна сказаць, хвіліну якую назад! Можна сказаць, не спатоліў яшчэ ахвоту сваю! І як яно выходзіць, калі глянуць збоку, адтуль: тая самая савецкая ўлада, якая хвіліну назад дала яму зямлю, сёння ў нашым абліччы прыходзіць да яго ўгаворваць адмовіцца ад свайго шматка, падзяліцца ім з другімі. Прыходзіць – дакажы катораму іншае – адабраць яе! „Учора далі, а сягоння – адбіраюць! Ето – ваша справядлівасць?!. Ашукалі!!!“

„Не, Энгельсава парада – быць чулым да селяніна, каб памагчы лягчэй выйсці яму на новую дарогу, – не лішняя і ў нас. Не лішняя. Можа быць, у нас яна яшчэ больш важная…“

Апейка падумаў: чаму Сталін сказаў, што ў нас – „параўнаўча лёгка“? Яму, які верыў Сталіну, які верыў у вялікі вопыт Сталіна, яго розум, не прыходзіла нават у галаву, што Сталін мог гэта сказаць таму, што не ведаў добра селяніна, усяго таго складанага, супярэчлівага, што стаяла на калгаснай дарозе. Самому Апейку, звычайнаму, радавому аддзялённаму ў вялікай арміі, усё гэта здавалася такім зразумелым, простым для разумення, што нават на момант не падумалася: Сталін мала ведае селяніна. Як Сталін мог не ведаць самага важнага і самага простага, самага віднага ўсякаму, хто бачыў блізка мужыка. Натуральна прыйшло меркаванне: Сталін сказаў гэта з асаблівых, тактычных меркаванняў…

Ужо раздзеўшыся, слухаючы цягучы посвіст ветру, гледзячы ў поцемак, Апейка як бы пачуў зноў: „Смешнае пытанне!“ Чаму смешнае, калі яно такое – важнае?! Калі яно – перад такою вялікай і цяжкай бітвай!.. „Смешна і несур'ёзна!..“ „Зняўшы галаву, па валасах не плачуць!..“ „Несур'ёзна!..“ – як бы гучала ў яго галаве.

Думкі блыталіся, у галаве звінела. Ён чуў ужо неадольную стому, што раптам навалілася на яго, зрабіла яго бяссілым. Пабачыў зноў мяцельную ноч, сумётную дарогу, мернае пакалыхванне конскіх клубоў. Пачуў маркотны гул правадоў. „Смешна і несур'ёзна…“ – прабілася яшчэ, і, каб адагнаць, ён загадаў сабе: „Спаць, спаць!.. Нарэшце – выспацца…“

Дарога бегла ўсё мякчэй, хутчэй.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю