355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Иван Мележ » Завеі, снежань » Текст книги (страница 15)
Завеі, снежань
  • Текст добавлен: 29 сентября 2016, 02:00

Текст книги "Завеі, снежань"


Автор книги: Иван Мележ



сообщить о нарушении

Текущая страница: 15 (всего у книги 18 страниц)

Раздзел трэці
1

Пачынала днець, калі Башлыкоў прачнуўся. Ён заўважыў: у вокнах бела – і адразу пацягнуўся да гадзінніка. Было без дзесяці дзевяць. Ганьба! Даўно так доўга не валяўся ў ложку.

Ён адкінуў коўдру, ускочыў. Хапатком нацягнуў галіфэ, абуў боты, сарваў з цвічка, накінуў ручнік на шыю. У майцы рушыў да ўмывальніка.

Умывальнік – жалезны бачок – вісеў на сцяне каля дзвярэй у бакоўцы кухні. Блізка ад умывальніка была печ, крываватая, пабеленая, падобная на іншыя печы ў мястэчку і ў вёсках. Пры печы корпалася гаспадыня, Цыля. Башлыкоў прывітаўся з ёю і дзелавіта схіліўся над эмалевым тазікам, што стаяў пад бачком на табурэтцы.

Цыля адхілілася ад печы, выцерла па-сялянску твар, адказала на прывітанне весела, са святочнай урачыстасцю:

– З Новым годам вас!

– А! Дзякую, Цыля Савулаўна! З Новым і вас!

Вада ў бачку здалася цеплаватаю. Змыўшы мыла з рук, Башлыкоў выйшаў у сенцы, у вялікім медным карцы нанасіў з вядра халоднай. Наліў поўны бачок. З асалодай халадзіў рукі, шыю, твар, ледзь стрымліваўся, каб не закрактаць.

Калі дужымі і хуткімі рухамі выцерся і пакіраваў назад у свой пакой, злавіў сябе на тым, што мармыча нейкую вясёлую мелодыю. Гатоў быў заспяваць, хоць спяваць наогул не любіў і не ўмеў. У душы ўздымалася невядомая, хлапчукоўская радасць.

Толькі намерыўся адчыніць дзверы ў свой пакой, як хтосьці праляцеў паўз вокны, у сенцах бразнула клямка. Праз момант з сенцаў уварваўся расчырванелы, у паліто наросхрыст, Лёва.

Лёва таксама быў у выдатным настроі. Ці ад таго, што зрабіў нешта ўдалае, ці ад таго проста, што прабег па марозе, што маладая кроў загаварыла, Лёва быў перапоўнен энергіяй. Можа, пачаў бы мітусіцца, кідацца па пакоі, спрачацца задзірыста з маці, але адразу вясёлым, гарэзным позіркам трапіў на паважанага іх кватаранта. І хоць сакратар райкома быў без гімнасцёркі і ўсміхнуўся ў адказ таксама гарэзна, Лёва адразу схамянуўся. Амаль умомант стаў тым разумным, разважным Лёвам, якім яго Башлыкоў ведаў звычайна.

– Добры дзень, Аляксей Іванавіч! – прывітаў ветліва і стала зняў паліто, павесіў на цвік.

Цыля была ўжо ля дзвярэй з кухні, з насмешачкай, пад якой таілася пяшчота, глядзела на сына. З другога боку, ад акна на вуліцу, у камізэльцы і расшпіленай сарочцы, з сумнаватай усмешкай сачыў стары Савул.

– Сабраў? – сказала Цыля. – Ад усіх сабраў налог?

І ў твары, і ў голасе была пяшчота да сына, але яна выстаўляла насмешачку.

– Сабраў, – адказаў Лёва з годнасцю. – Але не налог, а – попел.

– Дак попел ето, мабуць, твой налог.

– Попел ето попел! – адрэзаў, не дазваляючы жартаў, Лёва.

– Дак ты ж сабіраеш яго па хатах як налог, – сказала Цыля, яўна маючы на ўвазе Башлыкова. – Нашы жанкі смяяліся, гаварылі: дзеці сабіраюць попел як налог.

– Не трэба слухаць глупства, – адрэзаў Лёва.

Башлыкоў ведаў, пра што гаворка: Лёвавы камсамольцы ўзяліся сабраць для падшэфнага калгаса, для "Рассвета", трыццаць пудоў попелу. З гэтай мэтай хлопцы абышлі многа местачковых хат, растлумачылі, што попел ёсць карыснае ўгнаенне, і дамовіліся, што попел будуць зберагаць і аддаваць ім. З дня ў дзень камсамольцы абыходзілі хаты, збіралі попел. Вось і сёння Лёва вярнуўся якраз з аднаго такога абходу.

Башлыкоў разумеў, што гаспадыня запаліла гэту гаворку дзеля яго забавы, але не лічыў годным забаўляцца з таго, што рабілі хлопцы. Рызыкуючы, што яго палічаць няўдзячным і нетактоўным, цвёрда стаў на бок Лёвы, пахваліў за карысную справу.

Ён рушыў у свой пакой. Надзяваючы гімнасцёрку, падпяразваючыся, думаў пра камсамольцаў са школы: нямала добрага рабілі хлопцы і дзяўчаты – лом металічны сабралі, бібліятэчкі падарылі калгасам, са спектаклямі ездзяць. З сабранага лому скавалі некалькі плугоў, перадалі калгаснікам. Але думкі пра гэта былі нядоўга і хвалявалі мала. Карцела іншае. Карцела радасць, тая, якая бруілася, калі плёскаўся пад умывальнікам, якую перапынілі Лёва і Цыля. Ён злавіў сябе на адчуванні, што радасць яго зусім не без прычыны, што яго чакае штосьці добрае і важнае. Тады ж згадаў прычыну радасці: Сталін, яго выступленне! Газета з выступленнем у кабінеце, чакае!

Услед, а можа, і разам, дзіўна з'яднаўшыся са згадкай пра выступленне, увайшло ў душу: быў у школе, дамовіўся! Сёння, як сцямнее, пабачацца!.. Гэта ўзрушыла моцна, гэта аж заліло гарачым, нецярплівым. Сёння, як сцямнее!

Ад хвалявання ён захадзіў неспакойна і дужа. Першы момант не думаў нічога, быў перапоўнены хваляваннем, незвычайным, здавалася, неймаверным прадчуваннем. Сэрца білася так гулка, так молада, што адчуў няёмкасць, папракнуў знарок сябе: як хлапчук!

Тады ў хваляванне яго прарваліся ўспаміны: нібы нанава ўбачыў яе перад сабой, зноў уразіўся яе хараству. Якая красуня! І дзе вырасла! І колькі хараства не толькі знешняга, а і ўнутранага! Якая годнасць! Згадаў, як кіўнула: сёння, як сцямнее!.. Успомніў: нялёгка было сказаць ёй, але ён сказаў, дамовіўся! Зрабіў тое, чаго так хацелася.

Але калі думаў гэта, у душу ўжо тачылася штосьці нядобрае. Успомніў Параску, як няёмка было перад ёй. Як давялося таіцца, фактычна, калі глядзець праўдзе ў вочы, – маніць. Ён запярэчыў сабе: не маніў ён, нельга было інакш. Не меў ён права, калі на тое, выдаваць тайну іх без згоды яе, кахання свайго. Але неспакой, недавольнасць сабой не сыходзілі ўжо. Бачыў ужо, што і адзін перад ёю паводзіў сябе нядужа. Недарэкам, мусіць, выглядаў у яе вачах. Папракнуў сябе: не пагаварыў як след. Мала ведае пра яе. Амаль нічога не ведае.

Ён адагнаў нядобрае, перапыніў думанне. Няма калі думаць попусту. Час дарагі. Трэба на працу. Энергічнымі рухамі зняў паліто, надзеў. З шапкаю ў руцэ выйшаў у суседні пакой, кіруючыся на вуліцу.

– На работу? – сустрэў яго стары Савул.

– На работу.

У голасе старога было ці то здзіўленне, ці то папрок. Савул глядзеў з-пад акуляраў востра, дапытліва. Нібы турбавала штосьці і не мог сам высветліць.

– Сёння – Новы год, – аб'явіў ён значным тонам. І змоўк, і глядзеў, дапытваючыся, з-пад акуляраў.

Башлыкоў не разумеў, што ад яго трэба.

– Так, Новы год…

Савул кіўнуў. Аказалася, яму гэтага было пакуль даволі.

Памаўчаў, як бы даваў зразумець значнасць таго, што сказана, ці – скажа зараз. З кухні паявіўся, дажоўваючы нешта, Лёва, зірнуў насцярожана на дзеда. Але не сказаў нічога.

– Раней пасля Новага года, – загаварыў Савул тонам прапаведніка, – быў святочны дзень. Ці, як цяпер гавораць, – выхадны дзень. Цяпер гэты парадак адмяняецца?

Башлыкоў усміхнуўся. Усмешка была паблажлівая. Стары настроены па-філасофску. Адказаў з адчуваннем перавагі:

– Раней многа чаго было.

– Многа розных забабонаў! – пацвердзіў упэўнена Лёва.

Дзед кінуў на яго пагардлівы позірк. Як бы загадаў маўчаць, не ўцінацца ў гаворку сталых, мудрэйшых. Глядзеў толькі на Башлыкова. Глядзеў востра, строга.

– Ёлку на Новы год, напрыклад, вы лічыце таксама – забабонам? – Дзед вымавіў "забабонам" з націскам, яхідна.

– Забабонам, – усміхнуўся Башлыкоў.

Стары не адступіў. З вядомай ужо Башлыкову звычкі дабіваўся высветліць усё дарэшты:

– Новы год без ёлкі – хіба ето свято?

– У нас Новы год будзе ў працы.

– Праца – ето наша свято! – убіўся зноў Лёва.

Дзед зноў звысака зіркнуў на ўнука. Памаўчаў засяроджана.

– Значыць, выхадны дзень на Новы год не будзе?

– Рабіць будзем!

Дзед улавіў нецярплівасць Башлыкова, спыніў цікаўнасць сваю. Пачціва падзякаваў, пакланіўшыся.

Башлыкоў рушыў да сянец.

2

На ганку вочы засляпіла белым, мітуслівым, грудзі заліло свежым халадком.

Мяло, круціла. Сонца весела паблісквала ў белай мітусні. Сама прырода нібы радавалася з ім.

"Выхадны дзень!" Які тут можа быць выхадны! І што такое наогул – выхадны! Забыў ужо, што гэта такое! Ніякіх выхадных даўно няма. Ад таго і забыў, можна сказаць.

Даўно не было выхадных. І сам не сядзеў, і людзям не даваў. Раней не да таго было, цяпер – тым больш. Няма калі сядзець. Не да таго. Боты цвёрда мералі мяккую ружаватую бель. Чуў у нагах, ува ўсім целе маладую, нецярплівую дужасць.

Сам добра разумеў прычыну яе: Сталін, яго выступленне. Памяць пра гэта ўвесь час жыла, бруілася, праменілася. Як сонца ў снежнай мітусні.

Ішоў лёгка і молада. З юначай задзірыстасцю паглядваў на вуліцу, на дамы абапал, на людзей. Учарнелыя драўляныя пабудовы і аблезлыя камяніцы хмурна і санліва драмалі абапал. На дзвярах і аканіцах крам усюды завалы. Людзей амаль не відаць. Ды і тыя марудлівыя, як бы санлівыя. Спакой і ціша ў мястэчку.

Драміце, драміце! Хутка абудзіцеся! Разварушым вашы бярлогі запляснелыя! Новы год гэты будзе сапраўды новым! Пабачыце!

Ледзь распрануўся ў баковачцы ў сталоўцы, прысеў да стала – Ліза была побач. Толькі зірнула пільным вокам, зразумела настрой сакратара райкома. Умомант на стале з'явіліся талерка з хлебам, талерка з рагу і пюрэ, шклянка чаю. Еў маўкліва, засяроджана і хутка, непрыкметна для сябе, па даўняй звычцы налягаў на хлеб. Апетыт сёння быў выдатны, Башлыкоў усё ўбіраў са смакам.

Быў заклапочаны, спяшаўся, а ў памяць зноў увайшло – школа, яна, размова з ёю. "Да цябе прыехаў… Сёння, як сцямнее…" Захвалявала, пагнала кроў гарачэй, унесла ў бадзёрую яснасць клопатнасць, што і радавала, і непакоіла.

Гэта разбівала думкі, і ён адагнаў непатрэбнае думанне.

Зноў былі ганак, санлівая ціша і снежная мітусня. Жыццярадасны, засяроджаны чалавек цвёрда крочыў вуліцаю да райкома.

На ганку значыліся сляды, прыцярушаныя снегам і зусім свежыя. У калідоры патхнула цяплом жылля, жыццём знаёмым, добрым душы і надзейным. Поцемкам калідора ён звыкла пакіраваў да дзвярэй прыёмнай. Міша, што гнуўся над нейкай паперай, адразу ўскочыў. Ускочыў, вядома, хвалячыся спрытам, гатоўнасцю зрабіць усё.

– Добры дзень, Аляксей Іванавіч! З Новым годам вас! – сказаў, нібы робячы падарунак.

Башлыкоў павіншаваў таксама, ветліва і сабрана.

Фрэнч, галіфэ Мішавы былі прымяты, а зграбная Мішава постаць была поўная энергіі і імкнення. Аднак Башлыкова гэта не ашукала, пільным вокам адзначыў адразу: Мішаў твар быў шараваты, прытомлены. Спаў Міша, было відаць, мала. Пагуляў у гонар Новага.

Распрануўшыся ў кабінеце, прычасаўшыся, абцягнуўшы рэмень, стрымаў Мішу, што ўварваўся з папкаю ў руцэ.

– Пачакай. Потым. – Паказаў далонню пачакаць у прыёмнай.

Энергічны, стройны, рушыў з кабінета. Як заўсёды выказваючы сабранасць, ён цяпер не таіў урачыстасці ў абліччы, у словах. У кожным кабінеце, пакоі – шчырае, узрушанае: "З Новым годам!" – кароткае пажаданне і моцны, дужы поціск рукі.

На віншаванне і пажаданні адгукаліся ахвотна, радасна, асабліва жанчыны. Адчувалася, што ўсе жылі разуменнем: новы год. У кожнага былі свае надзеі, і надзеі радасныя. Кожны раз, калі віншаваў, ціснуў руку, узнікала адчуванне асаблівай таварыскасці, еднасці, якое расчульвала самога. З расчуленасцю прыйшло перакананне, што вельмі добра гэта, чалавечна – аказаў увагу, праявіў такт, у такім выпадку.

Праўда, з гэтым кінулася ў вочы: людзі жылі яшчэ нібы не на зямлі, луналі ў святочных марах. Настрой быў яўна святочны, лёгкі. Падобна было, што ніхто не працаваў як належыць. Не было сапраўднай, рабочай сабранасці. Гэта не падабалася: не да часу бесклапотнасць, размагнічанасць.

Цешыла, супакойвала, што двое: другі сакратар Сташэўскі і загадчык аддзела кадраў Сагайдак – былі на раёне, Каржыцкі збіраўся ехаць. Памчаў толькі што, раніцаю, на раён Кудравец. Гэта як бы пацвярджала, што людзі райкома і ў гэты дзень з народам. Што і сёння нешта робіцца для вялікай справы, якой так неабходны тэмпы і якой гэтых тэмпаў не хапае.

– Зводку, – загадаў ён, вярнуўшыся зноў у прыёмную.

Міша адказаў: зводка на стале. У тоне голасу было здзіўленне: як гэта ён, Башлыкоў, можа думаць, што Міша будзе чакаць, калі яму загадаюць прынесці яе? Можа, яшчэ пачне рыхтаваць яе, пасля таго як напомняць? Нібы Міша не ведае, што трэба ў першую чаргу.

Башлыкоў у кабінеце адразу пакрочыў да стала. Сапраўды, на самай сярэдзіне стала бялеў ліст. Башлыкоў зайшоў за стол, нецярпліва ўзяў ліст паперы. Рост ёсць. Лічба зноў пайшла ўгару. Але які малы рост. За тыдзень – пяцьдзесят пяць гаспадарак. Менш працэнта ад агульнай колькасці гаспадарак. За цэлы тыдзень. Чарапашыя тэмпы.

Увайшоў Міша. Башлыкоў узняў вочы: што яшчэ? Міша сказаў: трэба падпісаць. Так, трэба падпісаць, паслаць у акружком. Падпісаць, распісацца ў сваім адставанні. У няўменні павесці народ за сабою. У насцярожанай увазе мімаволі адзначылася: Мішаў твар, не адпаведна падзеі, недарэчна быў вясёлы, бесклапотны. Але не сказаў нічога, перамаўчаў.

Калі падаваў падпісаную зводку, здзівіўся: Міша па-ранейшаму пасміхваўся. З нейкім нібы намёкам. Незразумела гулліва.

Башлыкоў зірнуў недавольна, патрабавальна.

Міша засмяяўся па-дружбацку, змоўніцкі.

– Соня ўчора пра вас гаварыла, – растлумачыў ён шчыра. – Глядзі, кажа пра вас, – прыклад табе!.. Яна лічыць, што я, як яна выражаецца, за кожнай спадніцай гатоў пагнацца! Што я толькі і думаю – пра іх спадніцы…

Башлыкова не надта вабіла гаворка такая і зусім не падабалася Мішава панібрацтва, але ён стрываў. Помніў, што – Новы год і гэта абавязвае да нечага.

Міша яшчэ асмялеў.

– Аляксей Іванавіч, можна – па сакрэту? – Ён ледзь не падміргнуў. Паведаміў як тайну, як сябру: – Дзяўчаты ўсе проста захапляюцца вамі. І – дзівяцца!..

– Чаго гэта? – нахмурыўся Башлыкоў.

– Дзівяцца, што малады вы, прыгожы, а нікога з дзяўчат не заўважаеце! Яны глядзяць на вас, а вы – хоць бы адным вокам! Саша, Соня, Маруся, Сара – усе дзівяцца!

– Скажы, няхай не дзівяцца.

– Я разумею – становішча ваша, – сказаў Міша тонам мудрага. – Становішча ваша ёсць становішча. Кожны крок бачыць усё мястэчка, увесь раён! Могуць пабачыць тое, чаго і не было! Трэба думаць пра кожны крок. Але і так нельга. Што за маладосць – без любві!

Башлыкоў перарваў яго:

– Міша, зводку трэба паслаць зараз жа.

Міша глянуў на Башлыкова і ўсё зразумеў. Твар і ўся пастава ўмомант змяніліся.

– Ведаю! – адрапартаваў Міша. Тон быў такі: гаварыць пра гэта лішне.

Вочы і ўвесь Міша чакалі распараджэнняў. Іншых распараджэнняў не было. Міша знік за дзвярыма.

Застаўшыся адзін, Башлыкоў падумаў, што ў нечым ён няправільна паставіў сябе з Мішам. Канешне, работнік ён нядрэнны. На сваім месцы. Але панібрацтва гэтае – ні да чаго. Трэба гнаць гэтае панібрацтва. Даць трэба яму ўрок належны.

"Завёўся ўночы і ніяк не можа перастроіцца на рабочы лад…" – прайшло ў думках. Але больш хвалявала іншае. І згадка пра тое, што дзяўчаты дзівяцца, і словы Мішавы пра яго становішча. "Кожны крок бачыць усё мястэчка…"

У гэтае думанне зноў уварвалася – школа ў Глінішчах, аблічча той. "Да цябе прыехаў". "Сёння, як сцямнее…"

3

Ён прымусіў сябе супакоіцца. На стале ляжалі іншыя зводкі – з сельсаветаў, з райза, быў пакет з акружкома. Ён прачытаў усё хутка, похапкам і працягнуў руку да "Правды", што ляжала побач на стале. Тут ён палажыў яе ўчора з намерам – вярнуцца, перачытаць. Цяпер ён і браў яе дзеля гэтага – перачытаць на ясную галаву, паглыбіцца, удумацца. Высветліць усё. Учора ён быў для гэтага занадта ўсхваляваны.

За некалькімі сказамі рука яго пашукала аловак. Важныя думкі ён меў звычку падкрэсліваць.

Чытаў ён сёння не так хутка, як учора. Гэта было зусім не тое, што ўчора, гарачае, ліхаманкавае чытанне, калі ён нецярпліва бег вачыма ўперад: а што далей, а як там? Ён сёння не рваўся так наперад, ён добра помніў, што там, далей. Яму сёння важна было пранікнуць глыбей, высветліць усё. Вызначыць усё ясным поглядам, цвярозаю думкаю.

Сёння чытаў ён не хапаючыся, паволі. Раз-пораз нават вяртаўся назад, калі думка бачылася асабліва важнаю або калі што-небудзь з першага разу, здавалася, не спасцігаў да канца. Чытаў, можна сказаць, больш цвяроза і разважна. Аднак і гэтае, сённяшняе чытанне не было зусім спакойным. Працятае цвярозасцю, разважнасцю, чытанне гэтае было поўнае ўзрушэння.

Узрушала Башлыкова, як і ўчора, найперш тое, што Сталін адказваў на самыя вострыя, пякучыя пытанні. Хоць Сталін у сваім выступленні, як ён сам казаў, высвятляў тэарэтычныя асновы становішча ў вёсцы, для Башлыкова ўсё, што ён чытаў, мела перш за ўсё значэнне практычнае. У сталінскім выступленні ён найперш шукаў адказ на тое, што турбавала і мучыла. Чытаючы, Башлыкоў амаль увесь час чуў побач Апейку: чытанне гэтае было нібы працягам той спрэчкі, якую яны фактычна няспынна вялі. Падобна было на тое, што Сталін уступіў таксама ў іх спрэчку, выказвае свае погляды.

У выступленні Сталіна Башлыкоў шукаў падтрымку сабе. Ён, вядома, не сумняваўся, што погляды яго ва ўсім адпавядаюць сталінскім, што гэта ва ўсім – бальшавіцкія погляды. Ён быў упэўнены, што не мог ні ў чым памыліцца, што не магло чуццё ашукаць яго. І з уцехай знаходзіў усё новыя доказы правільнасці сваіх меркаванняў. Як і ўчора, як падтрымку сабе чытаў ён развагі Сталіна аб адносінах сялян да зямлі на Захадзе і ў нас. І Апейка, і Гайліс ніяк не здольны зразумець простую ісціну, што зямля ў нас не прыватная, што яе нікому не дадзена права прысвойваць. Башлыкоў над гэтымі радкамі думкамі пераносіўся на глінішчанскі сход, у Курані, з абурэннем успамінаў галасы-пагрозы: "не дадзім", "не згодны". Якое права мелі яны там не даваць зямлю, якая належыць не ім, а народу, дзяржаве. Ён пашкадаваў, што тады, на сходзе, у вёсцы, сам не дадумаўся, не сказаў гэтага.

Адсюль, ад гэтага, браў вытокі і другі важны вывад, які Башлыкоў выразна вычытваў у выступленні. Ён, Башлыкоў, не памыліўся, бачачы небяспечную шкоду ў Апейкавых павучаннях пра "псіхалогію" і нейкі спецыяльны падыход да селяніна. Вось тут, дзе Сталін успамінае пра Энгельса, пра розніцу між сялянамі на Захадзе і ў нас, ён жа фактычна высмейвае "мудрых падыходчыкаў". Ён жа фактычна строга судзіць апартунізм, міндальнічанне, спекуляцыю на "чуласці"! Па сутнасці, судзіць апейкаў і гайлісаў.

Зноў, як і ўчора, асабліва хвалявала і радавала тая частка прамовы Сталіна, дзе ён аб'яўляў аб пераходзе ад палітыкі абмежавання кулацтва як класа да раскулачвання. Башлыкоў яшчэ ўчора, адразу, асабліва адзначыў гэты факт як факт незвычайны, у поўным сэнсе – гістарычны. Сёння, цвярозым, праніклівым розумам, ён яшчэ мацней адчуў значэнне гэтага як аднаго з самых рашучых крокаў у рэвалюцыі на сяле. Тут Сталін, бачыў Башлыкоў, асабліва моцна біў па асцярожненькіх ціхаходах тыпу Апейкі, з асаблівай смеласцю зваў наперад. Башлыкова проста захаплялі цвёрдасць і рашучасць Сталіна.

У памяці між іншага мімаволі праходзілі глінішчанскі сход, гаворкі ў Куранях, і душу радавала прадчуванне блізкіх вялікіх падзей, рашучых дзеянняў. Ён усёй душой прагнуў гэтых рашучых дзеянняў. Так і трэба! Даволі слоў, асцярожнасці, міндальнічання!

Башлыкоў з захапленнем ухваліў, што пытанне пра тое, ці можна дапусціць раскулачванне, смешнае. Гэта пытанне могуць ставіць толькі недарэкі-бухарынцы ці падобныя ім недабіткі. Такога пытання няма і быць не можа ў сапраўднага бальшавіка! Башлыкоў зноў засмяяўся, калі прачытаў: "Зняўшы галаву, па валасах не плачуць!" Вельмі падабалася Башлыкову гэта ўменне Сталіна ў належны момант сцебануць слоўцам, прымаўкай. Тут яно здалося асабліва ўдалым.

Так, "па валасах не плачуць"! Наогул, плакаць нам – ні да чаго! Нам – калі што – то радавацца! Пачынаем рашуча брацца! Даём апошні бой кулацтву! Цвёрдасць, рашучасць Сталіна як бы перадаваліся Башлыкову, поўнілі яго ўпэўненасцю, імкненнем ісці, зрабіць усё, што належыць. Хоць зараз гатоў быў Башлыкоў зрабіць усё, што патрабавалі законы класавай барацьбы дзеля перамогі над апошнім, зацятым ворагам. Непахісна, бязлітасна.

Дачытаўшы, устаў, энергічна захадзіў. Зноў, як і ўчора, адчуў, што спаў з душы паганы цяжар. Было адчуванне радаснай палёгкі. Увесь поўніўся імклівай дужасцю. Здалося: пакуль чытаў, нібы падужэў.

Мераючы пакой, калі ішоў да стала, узняў позірк на партрэт: Сталін, стоячы ўрост, нібы глядзеў насустрач уважлівымі вачыма. Башлыкоў мімаволі спыніўся, прыгледзеўся. Глядзеў хвіліну з удзячнасцю, з павагай. Падумаў: якое ўменне бачыць углыб і вучыць нас бачыць! Так ясна бачыць, мабыць, толькі адзін ён умее.

Усё было добра відным. Ясным і простым. Ясным было становішча. Яснымі – задачы.

"Як двойчы два!" – успомніў Башлыкоў словы, што вырваліся ў яго ўчора. Удала сказаў: сапраўды, пасля прамовы ўсё – як двойчы два! Усё відаць.

Пахадзіўшы, вярнуўся зноў да стала, схіліўся над газетаю. Але чытаў ужо не ўсё падрад – асобныя радкі. Хацеў запомніць найбольш важныя, вострыя выразы даслоўна. Для будучых сваіх выступленняў.

Запомніць самае важнае даслоўна – у гэтым была асаблівая адзнака прачытання.

Тады зноў хадзіў, думаў. Пра тое, што сказаў Сталін. Пра тое, як выглядаюць становішча раёна, яго дзейнасць у святле выступлення. Якія вывады зробіць з выступлення Апейка. Што належыць зрабіць райкому, усім арганізацыям раёна дзеля выканання ўказанняў Сталіна. Пра многае думаў.

Сярод гэтых думак адна была асаблівая. Яна не была выказана ў прамове, але, Башлыкоў лічыў, вынікала з яе. Ён лічыў, што яе ўбачаць усе дасведчаныя, праніклівыя людзі. Яна не выказана адкрыта таму, што гаварыць яе не варта, з няпісаных, але вядомых кожнаму разумнаму дзеячу меркаванняў. З меркаванняў, як ён адзначыў, палітыкі.

Гэта здагадлівая думка Башлыкова была ў тым, што раскулачванне, ён лічыў, мае значэнне не толькі як справядлівая дзея супраць кулака. Якая вырве з асяроддзя сялян класавага ворага, абясшкодзіць яго для грамадства, расчысціць глебу для новага. Башлыкоў лічыў – хоць пра гэта ў прамове не было тактоўна ні слова – яшчэ больш важным тое, што раскулачванне дасць адчуць іншым, што савецкая ўлада не збіраецца доўга ўгаворваць. Не збіраецца цырымоніцца надта. Дасць адчуць не толькі кулакам, а і астатнім сялянам. Тое, што гэта, вядома ж, падзейнічае і на іншыя пласты сялян, Башлыкову і здавалася вельмі важным для яго, для цяперашняга становішча ў раёне. Раскулачванне, прадбачыў ён, павінна падахвоціць многіх іншых, асабліва сераднякоў, да калгасаў. Небяспека страціць усё: маёмасць, хату, сесці на пясок, на балота каму не паддасць ахвоты!

Трывожны тым, як марудна ідзе калектывізацыя ў раёне, ён у гэтай акалічнасці бачыў абнадзейлівую, радасную прасветліну. Ён быў проста ўпэўнены, што самае непадатнае павінна хутка зрушыць. Не можа быць, каб не зрушыла!

Ад таго, што блізка чуў жаданую перамену, брала нецярплівасць. Мімаволі пачаў крочыць хутчэй, дужэй. Усё мацнела, вярэдзіла імкненне: пачаць дзейнічаць зараз жа. Але нейкі час замінала раскіданасць думак. Не адразу ўдалося засяродзіцца.

На паўдарозе спыніў крок, цвёрда пакіраваў да стала.

Бюро. Трэба рыхтаваць бюро. Справу Гайліса і іншых. З гэтага пачне.

Гэта будзе пачатак новага этапа ў яго дзейнасці. Этапа рашучай дзейнасці.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю