Текст книги "Завеі, снежань"
Автор книги: Иван Мележ
сообщить о нарушении
Текущая страница: 5 (всего у книги 18 страниц)
– Таварышы, тут, відаць, некаторыя думаюць, – у роўным, мерным голасе Башлыкова Ганна ўлавіла злую ўпартасць, – што мы сабраліся сюды жартачкі жартаваць. І хочуць сход наш ператварыць у вясёлую гаварыльню. У пустапарожнюю балбатню! – Голас яго ўсё стражэў, усё набіраў жорсткасці. – Дык – каб не было сумнення – аб'яўляю: мы прыбылі сюды не для вясёлых забавак, не для пустой гаварыльні! І мы выступалі, пераконвалі вас не для таго, каб дазволіць некаторым, што таксама прыйшлі сюды, са сваімі мэтамі, – сарваць сход! Мы прыбылі для таго, каб зрабіць важную справу – паправіць становішча, у якім вы апынуліся! Паправіць вашы неабдуманыя дзеянні, якія шкодзяць усяму раёну. Мы спадзяваемся, што вы зразумелі вашу цяжкую памылку і – выправіце яе!.. Я прапаную прыняць такое рашэнне: «Мы, калгаснікі калгаса „Рассвет“, усведамілі сваю памылку і аднагалосна рашылі аднавіць калгас. Для чаго вяртаем у калгас усю абагуленую маёмасць і абязуемся працаваць па-бальшавіцку!..» Вось так!
Ганна слухала яго з дваістым пачуццём: павагі да смеласці, рашучасці яго і – трывогі. Вельмі ж неасцярожна, напралом лез ён: каб не раззлаваў людзей, не сапсаваў усё. «Без падходу… Не знае нашых. Не знае – нашы не любяць такога… Да шчэ цяпер, калі ўсё так пячэ…» Яна павяла позіркам – твары былі недавольныя, зацятыя. Вочы вострыя, злыя. Не падабалася, не ўхвалялі…
Але маўчалі. Рашучасць Башлыкова, яго моцная пагроза трывожылі. Трывожылі, злавалі і – стрымлівалі. Пагроза Башлыкова – не жартачкі… Нядобрае, небяспечнае было маўчанне…
І раптам прарвалася:
– А як я – не хочу?!
Сказаў той, худы, у кепачцы, што тырчаў навідавоку. Сказаў голасна, як бы нават задзірліва. У позірку, ва ўскінутай, з паголенымі вострымі сківіцамі галоўцы быў нібы выклік. Вочы проста шалёныя адвагаю, усмешачка з-пад вусоў. «Ану, паспрабуй! Не хочу, от і не хочу!..»
– Чаго? – не зразумеў адразу Башлыкоў. Ці не чакаў такога.
Глінішчанец з тым жа выклікам заявіў:
– Вяртацца не хочу! У калгас!..
Башлыкову не далі сказаць. Спачатку беражліва, а потым усё больш вольна, злосна рынулася:
– Няма такога права!.. Застаўляць!..
– Ета так трэба?! Сілаю?!.
– Паспыталі ўжэ! Хваціло!..
– Не хочам! Не вернемся!
– Няхай другія папробуюць!
– Аге! Каторыя не булі!
– Не канешне нам адным!
– Па чарзе!..
Дарэмна Барыс загадваў, стукаў штосілы па стале – не слухалі. Гаманілі, крычалі ў пакоях, у калідоры мужчынскія пракураныя, жаночыя прарэзлівыя, звонкія маладых, хрыпатыя старых – усё шматгалоссе, сабранае з усяго сяла, гневалася, пагражала, клялося. Ганна глядзела на Башлыкова, што стаяў цярпліва побач з Барысам, і ад душы шкадавала яго: «Нялёгко, мабуць, ето яму бачыць, начальніку! Такое непаслушэнство…» Яна быццам моўчкі супакойвала: не перажывай, глядзі спакойна! Чаго было чакаць іншага, калі людзям яшчэ так баліць! Няўжо ты не прадчуваў гэта да сходу! Прадчуваў, канешне, але ж трэба было паспрабаваць! Бо і так пакідаць нельга было!
У тую хвіліну яна асабліва, усім сэрцам і розумам, адчула, што і яго абавязак нялёгкі. Цвёрды і яго хлеб. Адчула і праніклася спачуваннем да яго, як бы наблізіла яго да сябе. Стала побач з ім…
Толькі калі выказаліся, спатолілі нецярплівыя пачуцці, пачалі паволі аціхаць.
– Тут раздаваліся галасы, – адчула яна жорсткасць у голасе Башлыкова, – якія нельга інакш расцаніць, як варожыя. Як кулацкія, антысавецкія заявы. – Ён асабліва важка вымавіў апошнія словы. – Кулацкія элементы, што прабраліся на сход, і іх адгалоскі – відаць за вярсту – паставілі сабе задачу: сарваць сход, любымі метадамі не дапусціць аднаўленне калгаса!.. Але я заклікаю ўсіх сумленных жыхароў вёскі не паддацца гэтай кулацкай і падкулачніцкай вылазцы, даць належны, бальшавіцкі адпор і вярнуцца зноў на калгасныя рэйкі. Аднавіць калгас.
– А калі хто не хоча? – дапытліва, быццам думала ўголас, і настойліва сказала цётка Маня.
– Вам гаварылі ўжо, – рэзкавата прамовіў Башлыкоў. Ён, адчула Ганна, траціў цярплівасць. Канчалася вытрымка. Выразна, з непрытоенай зласлівасцю ён аб'явіў: – Таму, хто не хоча вярнуцца ў калгас, трэба будзе вярнуць у калгас маёмасць!
– Ето чаму? – не так запытаў, як запярэчыў недавольны мужчынскі голас з задніх радоў. Яго адразу падтрымалі гоманам.
– Вы ведаеце, – Башлыкоў і тонам гаворкі, і выглядам паказваў, што не хоча гаварыць попусту.
– Ведаем-то ведаем. Ды – не разумеем! – Дзядзька закрычаў злосна: – Ужэ сваім не распараджайся!
– І нашае ўжэ – не нашае!
Башлыкоў адужаў гоман:
– Вы абагулілі яе. Яна належыць калгасу.
Хтосьці запярэчыў зларадна:
– Няма ўжэ калгаса!
Башлыкоў коратка, непахісна адрэзаў:
– Гэта – калгасная маёмасць!
– Калгасная! Аге! – Хтосьці мацюкнуўся на ўвесь пакой. Гарачыя галасы прарэзаў нахабны свіст.
– Не вернем!!! – пачуўся крык.
– Не аддадзім!
– Нашае!..
Башлыкоў не стрымаўся. Паддаючыся агульнаму крыку, адужваючы яго, поўны гневу, распарадзіўся:
– Маёмасць усю неабходна вярнуць! – Відаць, адчуў, што гэта не падзейнічала. Падмацаваў сябе, пагразіўся: – Усе, хто не верне, будуць адказваць! Прыцягнем да строгай адказнасці!
Яго пагроза падліла масла ў агонь.
– Засудзіце? За нашае ж добрае!
– Арыштуеце! За што?
– За тое, што ўступалі!
– Усіх не арыштуюць! – крыкнуў нахабна, са здзекам пярэдні, з кепачкай.
Башлыкоў, разгневаны непаслушэнствам, заўважыў гэты крык. Ледзь Барыс прыцішыў галас, Башлыкоў накінуўся на дзядзьку:
– Гэта – варожы голас! Кулацкі голас! Вы – хто?..
– Я – Свердзел, – адказаў дзядзька. У вусах затаілася ўсмешка.
– Гэта – што, прозвішча? – Башлыкоў прыціх, раптам страціў упэўненасць.
– Так імянуюць. – Дзядзька адчуў увагу на сабе, яшчэ пасмялеў. Як бы насміхаўся. – Свердзел. Значыць, свердзел…
– Празвалі так, – памог Башлыкову Барыс. – Прозвішча яго – Чарняк Змітро.
Башлыкоў момант вагаўся. Непрыемная выйшла сітуацыя. Стараючыся паказаць сябе па-ранейшаму ўпэўненым, аб'явіў:
– Я пазбаўляю вас голасу!
Ганна пачырванела: нашто гэта ён! Разгубіўся, зусім страціў разважнасць. «Не трэба! Не так!» – проста хацелася сказаць яму. Так захацелася паправіць, памагчы. І так раптам адчула: малады, зялёны зусім! І гарадскі, зусім не ведае нашых!..
Дзядзька азірнуўся, усе глядзелі на яго, чакалі. Ён раптам адкрыта засмяяўся проста ў твар Башлыкову:
– Дак, можа, мне дадому можно? А то ж цярпення ўжэ няма!
Башлыкоў жорстка прыплюшчыў вочы.
– Ідзіце! – Паабяцаў пагрозна: – А пасмяецеся потым!
Свердзел патаптаўся лапцямі, не пайшоў адразу. Спадабалася роля.
Паспрабаваў яшчэ:
– Дак, можа, і другіх адпусціце? А то ж – утаміліся ўсе…
– Ідзіце! – загадаў Гайліс Свердзелу.
Калі Свердзел выйшаў, устаў Апейка. Паспрабаваў памагчы Башлыкову вывесці сход з тупіка. Загаварыў, што адразу цяжка ўсё рашыць, што ён і яго таварышы спадзяюцца, што калгаснікі абдумаюць усё спакойна, разважліва. І вернуцца ў калгас…
Але і яго не хацелі слухаць.
– Падумалі ўжэ! Хваціць!..
Калі Апейка, Башлыкоў і іншыя ішлі з класа, у калідоры дзядзькі і цёткі прыпыніліся, моўчкі прапусцілі іх. У Парасчыным пакоі было чуваць, як яшчэ доўга, сумна тупалі, шаргалі боты і лапці. У пакоі маўчалі, нібы слухалі гэты тупат і шарганне.
Башлыкоў стаяў адасоблена ад іншых, засяроджаны, затоены з невядомымі, нядобрымі думкамі. Ён быў так паглыблены ў сябе, што не адразу зразумеў, што яму гаворыць Чарнаштан, які нясмела падышоў да яго.
– Што? – нахмурыўся Башлыкоў.
– Я хачу пайсці ў Туманы, у калгас, – асцярожна паясніў былы старшыня калгаса. – Рахункаводам могуць узяць. Дак – ці можно?
– Ідзіце кім хочаце, – Башлыкоў упершыню падняў позірк на Чарнаштана. Позірк быў цяжкі, не зычыў дабра. – Толькі спачатку адчытаецеся за сваю «дзейнасць» камісіі з раёна…
Ён павярнуўся, пашукаў вачыма па пакоі. Важка пайшоў да Міканора і Гайліса.
– А вам прыйдзецца растлумачыць гісторыю з калгасам «Рассвет» на бюро райкома…
Ён прыслухаўся і раптам стаў хутка збірацца. Ганна падрыхтавала яму і Апейку перакусіць, папрасіла на хвіліну затрымацца. Апейка гатоў быў згадзіцца: прагаладаўся, але Башлыкоў не прыпыніўся.
За ім заспяшаўся і Апейка.
– Другім разам, – папрасіў прабачэння. – З лепшым настроем…
Раздзел пяты
1На ганку адразу навалілася халодная, з ветрам цемра. Пасля святла вочы першы момант бачылі кепска, Башлыкоў прыпыніўся.
– Мяце! Халадзеча! – апынулася побач Параска. – Сама прырода – каб перачакалі!
– Праўда: заначуйце… – памог ёй Барыс.
Башлыкоў цвёрда кінуў:
– Не! – Прытрымліваючыся за бакавінкі, стаў рашуча сыходзіць па ступеньках.
Цяпер было відаць: не так і цёмна. У шэрым прыцемку зімняй ночы добра значыліся цёмныя абрысы коней, постаці возчыкаў, два вазкі. Башлыкоў гукнуў свайго возчыка, пайшоў на голас. Іншыя, што выйшлі са школы, пайшлі таксама, моўчкі глядзелі, як ён уладжваецца на заднім сядзенні. Было падобна, што чакалі яшчэ чагосьці.
Ён маўчаў. Возчык азірнуўся, шмаргануў лейцамі, і ўсе, хто быў побач – Дарошка, Казачэнка, Гайліс, Глушак, – імкліва пайшлі назад. Зніклі ў цемры.
Паўз самы школьны двор – зімняя дарога да шляху. На самым выездзе з двара вазок нагнаў некалькі чорных постацей, што неахвотна збочылі ў снег. Калі прамчаў міма, здалося: спіну ніжуць нядобрыя позіркі, мімаволі насцеражыўся. Насцярожанасць уздымалася, калі ўслед палезлі ў вочы гарбатыя, варожа затоеныя абрысы: справа – нядаўняя вуліца з хатамі, хлявамі, гумнамі, а злева – загуменне той, старой часткі вёскі.
Праехаў між іх – быццам вырваўся з палону. Вольна, прасторна разлеглася ўперадзе шараватая снежная шыр. Адчуваючы, як у ім не сціхае, гоніць яго нецярплівае, злое – хутчэй, далей адсюль, Башлыкоў чуў у сабе проста патрэбу падганяць возчыка, коней. Не без намагання стрымліваў ён у сабе гэта жаданне: бачыў, што возчык разумее яго, стараецца і без падгонкі. Не першы раз едуць, ведае ездака. Таму, калі ў полі вазок раптам спыніўся, Башлыкоў нервова і нездаволена кінуў:
– Ну што такое!
– Іван Анісімавіча не відно!.. – адказаў возчык, гледзячы да сяла.
А, чорт! Башлыкова ў яго нервовым неспакоі ўзлавала не толькі тое, што давялося спыніцца, але і павага, пяшчота ў возчыкавым: «Іван Анісімавіча!» Нібы папракнуў, што – Іван Анісімавіч от затрымаліся, развітваюцца па-людску. Яшчэ адзін дарадчык, інструктар знайшоўся. Нядобра падумаў пра Апейку: затрымаўся, разводзіць лагоду, каб паддобрыцца, набыць сабе аўтарытэту; выставіць сябе шырокім дэмакратам побач з башлыкоўскай рэзкасцю.
Недзе шчымела няёмкасць. Не было цвёрдасці, што зрабіў вельмі добра. Нешта далікатнае не першы раз пярэчыла грубасці. З кім-кім, а з Дарошкай, з Казачэнкам можна было б абысціся лепш. Асабліва – з Дарошкай, з жанчынаю. Але ён не даў раскволіцца, стрымаў сябе. Усё гэта – дробязі, нікчэмнасць у параўнанні з тым галоўным, што адбылося. І значэнне якога ён не будзе прытойваць ніякімі далікацтвамі, як – іншыя дэмакраты… Ён і паказваў, і будзе паказваць, як недавольны. Галавацяпы! Слоў няма такіх, якія заслужылі!..
Ён, не азіраючыся, пачуў, калі пад'ехаў Апейка. Вазок падышоў амаль упрытык: Апейкавы коні саплі ў патыліцу.
Вазок піскнуў і зноў памчаў. Хутка ён, аднак, запыніўся так рэзка, што коні ззаду ледзь не наскочылі на яго. Пад палазамі цяжка зашаргацела: пацягнулася голая, вымеценая ветрам дарога. Адолеўшы гэты адрэзак, коні былі зноў узялі лёгкі бег, але неўзабаве пільны возчык сам прытрымаў іх. Зноў шаргала ўнізе і марудна ішло амаль голае поле. Ехалі так марудна, што Башлыкову хацелася саскочыць на зямлю і пабегчы самому.
Увесь час налятаў вецер, сыпаў снегам у твар, усё намагаўся насыпаць за каўнер. Пасмы снегу раз-пораз перабягалі цераз дарогу, праносіліся ў паветры перад вачыма – ад гэтага ўсё выглядала варухлівым, неспакойным і нібы няпэўным. Уражанне неспакойнасці і няпэўнасці яшчэ ўзмацняла цьмяная шэрань, што атульвала ўсё поле, давала больш-менш добра бачыць толькі блізкае. Неспакойнае было ў бегу коней, у няспынным дзікім варушэнні быльнягу абапал дарогі, на межах, у самім няроўным, кідкім ветры…
Злева, трохі наводдаль, штосьці зачарнела, Башлыкоў не так разгледзеў, як успомніў – невялікі гаёк у полі. Калі цёмная пляма трохі наблізілася і стала няпэўна акрэслівацца, Башлыкоў раптам праз варушэнне снегу заўважыў там, пад покрывам цемры, дзіўныя постаці. Ён прыгледзеўся, і разважлівае сумненне пацішэла: тое, што ён хацеў бы лічыць прывідамі, жыло, варушылася, рыхтавалася. Адчуваючы, як халадзее спіна, ён нервовым рухам палез у кішэню, сціснуў цёплую, цвёрдую рукаятку нагана. Рашуча пералажыў наган за пазуху паліто. Павярнуўся назад крыкнуць Апейку, папярэдзіць, але вазок, нібы знарок, плёўся далёка.
«Не паслухаўся!.. Не застаўся!.. Дурная нецярплівасць!.. Даказаць хацеў нешта!.. – хутка, хваравіта, горача білася ў галаве. Апякло крыўднае: – Як гэта мог не бачыць, што і сляпы пабачыў бы! Прагныя, злосныя позіркі. У якіх вачавідкі гарэла: разлічыцца! Кончыць!.. – І горкае, кволае: – Так па-дурному ўліпнуць! Так кончыць! Не ўправіўшыся нічога!..»
Пальцам адвёў курок, другі паклаў на спускавы кручок і ўсё ўглядаўся ў цемру ўзлеску, да рэзі ў вачах. Ад напружання вочы завалакло, ён нецярпліва выцер вочы, нязводна сачыў. «З абрэза ці з вінтоўкі пекануць, – прайшло ў свядомасці. – Хутчэй – з вінтоўкі. З вінтоўкі – больш дакладна…» Як гэта цягуча было: ехаць, адчуваючы сябе пад прыцэлам вінтоўкі, наведзенай вопытнай рукой. Ехаць і чакаць, калі грымне стрэл, які кончыць усё. «Так рана! Калі толькі пачаў!.. І так па-дурному!..»
Стрэлу не было. Ужо ад'ехалі нямала, а сэрца гулка грымела. Супакаенне прыходзіла паволі і няпоўнае: трывога па-ранейшаму гняла грудзі. Быў там хто ці не было? Няўжо толькі здалося?.. Не можа быць, што здалося!.. Ён жа добра бачыў: постаці, рухі нават!.. Чаму ж не стрэлілі? Пабаяліся ў апошні момант?..
З радасцю, што жыве, з супакаеннем – не стрэлілі, абышлося пакуль, увёў сабе клопатнае, значнае: сказаць Харчаву, загадаць, каб прыгледзеўся, высветліў. Няпрошанае ўзяло сумненне: а можа, не варта казаць – стары, грубы рубака, можа, не паверыць. Палічыць, што – усё прывіды багатай фантазіі. Страху. Гэта – можа быць. І Апейку не гаварыць, відаць. Гэты наогул мог праспаць і заявіць, што нічога не было. І не дакажаш нічога. Відавочца… Адужаў прыкрую няёмкасць, пакпіў з сябе: а брыдкая была хвілінка! Аж у пот, ліха яе, увагнала!..
За белым поплавам дарога вывела да шляху. Па баках у сухім шорсткім пошуме адна за адной пайшлі старыя бярозы. Вушы зноў востра лавілі гукі, сярод якіх супакойвалі толькі тупат і пырханне ззаду Апейкавых коней; вочы падсцярожліва сачылі за ценямі, за ўсякім рухам. Бярозы за бярозамі, з аднаго боку і з другога, і за кожнай можа чакаць небяспека. А тут злева насунуўся, узняўся чорнай сцяной усутыч лес. Лес да засценка, і далей, да Прыпяці. На многія кіламетры – балота і лес. Райскі прытулак для бандытаў.
Пакуль сунуўся лес, Башлыкоў насцярожана цікаваў яго цемру. За роўняддзю шлях пачаў сыходзіць уніз, уціснуўся ў крутыя берагі. З аднаго боку бераг і з другога – усё закрылі. Знізу не відаць, што на іх, за грэбнем. А стуль усё – як на далоні. Берагі блізка – нейкія тры крокі ў бакі. Сціснулі так, што і развярнуцца з вазком няпроста. От дзе пекануць зручна!.. Добра адно, што коні, як бы разумеючы небяспеку, з горкі падбавілі бегу. Непрыемнае, цягучае чаканне. Увага адначасна ў адзін і другі бок. Рука аж нямее, сціскае наган.
Нарэшце берагі пачалі рассоўвацца, рассунуліся. Ні лесу, ні бяроз абапал, шэрая, мутная шыр. Шыр балота. Шлях пабег грэбляй, што выткнулася над заснежанай нізінай. Позірк Башлыкова ўнізваўся ў змрок наперадзе, намагаўся разгледзець цёмны, шырокі бераг. Камунарскі бераг. От ужо масток над Тур'ёй – капыты коней, як у бубен, застуганелі па дошках. За мастком – зусім побач – горка, на ёй цёмныя камунарскія будынкі.
Коні на горку прыцішылі бег, пайшлі спакайней. Нібы адчулі, што небяспека ўжо ззаду. Злева плыў плот, плылі копы яблынь за плотам. Справа – некалькі хат, без адзінага агеньчыка. Уткнуліся ў неба і зніклі ў змроку таполі, і зноў разлеглася, папаўзло па баках мутнае поле. Башлыкоў перастаў ціснуць ручку нагана, сунуў яго ў кішэню. Уткнуў шыю, бараду ў каўнер, прыплюшчыў вочы. Сядзеў расслаблена, слухаў прасторны пошум ветру, чуў халодны пах снегу. Як бы здаля, але суцешліва даходзіла, як паскрыпвалі палазы, што час ад часу чаплялі голую зямлю. Як горача пасапвалі ззаду Апейкавы коні.
Нядаўняе ўтрапенне паволі прыціхала. Трывога жыла ўсярэдзіне ўжо не толькі як рэальнасць, але і як успамін пра перажытае. Успамін гэты вярэдзіў непрыемна: цяпер, калі ўсё цверазеў, няёмка было адчуваць, што так гарачыўся, нерваваўся. Нават нібы спалохаўся. Не, не спалохаўся – няма чаго кляпаць на сябе. Проста быў напагатове, як трэба. Глядзеў адкрыта ў вочы праўдзе. Гатовы быў адказаць у любы момант. І адказаў бы як належыць!.. Усё ж – непрыемна вярэдзіла яго – не круці: спакою, вытрымкі належнай не было. Хваравіта трымаўся: сэрца хапалася, як у навабранца. Хлапчук! Ледзь не прызваў на дапамогу Апейку!..
Зноў узяло ранейшае: было там, у кустах, што ці не было? Праўдзівы перад сабой, ён адчуваў цяпер, што вельмі магло стацца – не было нічога. Здалося. Прычаўплося. Ад неспакою. Багатай фантазіі… Ён вылаяўся ўголас: «Ч-чорт!.. Дайшоў!..» Папракнуў: «Праклятыя нервы!..»
Непрыемнае ўзрушэнне, што не хацела адыходзіць, увяло іншае. У памяці ажыло: духата, густы, едкі дым папярос. Цяжкі дух поту, аўчын і свіст. Цёмныя, з неспакойнымі ценямі абліччы. Потныя, непадатныя. Злосна ашчэраныя раты. «Няма такога права!» «Ето не па закону!..» За гэтым прыйшло дзённае: як хадзіў па пустым калгасным двары – сіратлівая пустэча канюшні і свірна, сумная адзінокасць паржавелай жняяркі. Як хадзіў з Чарнаштанам, з Гайлісам па дварах уцекачоў, спрабаваў кожнага ўгаварыць адумацца, вярнуцца. Згадаў, як ледзь не кожны, заўважыўшы яго на двары, насцярожваўся, спрабаваў схавацца. Жонкі, злыя іх вочы. І злыя, варожыя крыкі.
Чым больш хадзіў, тым больш адчуваў – марна гэта. І цяпер запякло адчуванне глухаты іх, варожасці, нават – нянавісці. І разам – сваёй слабасці, сваёй прыніжанасці. Брыдкае адчуванне. Ніколі, здаецца, не было такога…
Ён успомніў, што тая ж глухата і варожасць сталі перад ім, калі загаварыў на сходзе. Успамін пра гэта асабліва ўсхваляваў, бо тут ён выйшаў, вытраціўшыся за дзень, звярэдзіўшы ўсяго сябе. Бо тут высільваўся над меру. Аддаваў рэшткі сябе. Дзіўна, хоць, перабіраючы тое, што казаў, не бачыў памылкі, яго ўсё ж гняло нездавальненне сабой. Нібы ўсё-ткі казаў не тое, што трэба, і не так, як трэба. Можа, гэта было ад таго, што не пераканаў жа, не змяніў нічога. З прыкрасцю думаў, што не вытрываў пад канец, загарачыўся. І яшчэ больш сапсаваў усё… За гэтым пачаў перабіраць паводзіны, выступленні іншых прамоўцаў. Ад Дубадзела нельга было чакаць большага, стараўся, колькі хапіла. А вось Глушаку можна было б лепш выступіць. Гаварыў, нібы хацеў адбыць. І Дарошка – далікацтва нейкае развяла. Але найбольш «цікавае» ўсё ж – слова старшыні выканкома. Байка пра нейкага Івана – проста анекдатычны ўзорчык сярмяжнай філасофіі. Падробкі пад мужычка. А фактычна – узор апалітычнасці, апартунізму. Якіх далей проста-такі нельга ўжо дараваць. Якія ўжо чорт ведае куды вядуць.
Ён успомніў, што Апейка з самага пачатку не таіў, што не верыць у поспех гэтага сходу. І хоць цяпер непрыемны вопыт быццам бы паказваў, што ў яго была рацыя, Башлыкову не хацелася згаджацца. Усё-ткі сход трэба было зрабіць, як гэта ні непрыемна. Трэба было! Трэба было выпрабаваць усе сродкі. Высветліць усё да канца. Цяпер сумленне чыстае можа быць. Усё, што маглі, зрабілі…
А што не ўдалося змяніць, не іх, не яго, Башлыкова, віна. Нічога нельга было зрабіць. Цяпер відна, як на далоні: сплялося варожае кубло. Усё заражанае паганым, кулацкім душком. Нават бядняцкая частка заражана. Ці – запалохана кулачком… «Вылезлі ў адкрытую, – прыйшла, як ясны вынік, думка. – Скінулі маску!.. Вайна ў адкрытую!.. Што ж – тым лепш! Ударам – на ўдар!.. Трайным ударам на паганы ўдар!..»
Ад злосці, што ўздымаецца, у ім мацнее адчуванне сілы, упэўненасць у сабе, у сваёй уладзе. Трайным ударам! Ён не ўдакладняе, як гэта будзе – трайным ударам: думаць цяжка. Даўно ўжо чуе – усё мацней навальваецца, абцяжарвае ўсяго змора. Але ён ведае: гэта будзе, трайным ударам!..
Думаць глыбей яму замінае не толькі стома. Ён знарок стрымлівае сябе, смутна адчувае: са злосцю грозіцца ўпаўзці большы неспакой. Бяда. Катастрофа. Адганяе думкі пра гэта, трымаецца за ранейшае: трайным ударам!
Знарок прыслухоўваецца да сваёй стомы: ах, як ён змарыўся! Хутчэй бы дапасці да дому, кінуцца на ложак. Ці хоць на падлогу. Не распранаючыся нават. Перадыхнуць трохі ад усяго…
Яшчэ ён чуе, як унізваецца, сцінае ўсяго мароз. Ён мерзне ўсё мацней, але трывае, не варушыцца. «Зіма бярэцца… Бярэцца…» – думае ён дзіўна ўсцешана.