Текст книги "Завеі, снежань"
Автор книги: Иван Мележ
сообщить о нарушении
Текущая страница: 9 (всего у книги 18 страниц)
За вокнамі была ўжо ноч, калі Башлыкоў закрыў нараду і зала пачала пусцець.
Ён вярнуўся ў кабінет. Тут, за зачыненымі дзвярамі, адзін, нейкі момант пастаяў, як бы на раздарожжы. Як бы хацеў разважыць: што ж далей. Не прыдумаў нічога. Угледзеў на стале пачак папярос. Закурыў, захадзіў.
Была вялікая стома і разам – узрушанасць. І рабіць больш не быў здатны, і адпачываць не мог. Не першы раз у галаве прайшло: гэтымі сваімі прамовамі, пэўна, не так другіх уздымаеш, як расцвельваеш сябе.
Трэба было б пайсці паабедаць, але есці не хацелася.
Схамянуўшыся, ён пазваў Мішу, распарадзіўся, каб той перадаў возчыку: заўтра да сямі быць гатовым у дарогу. Дазволіў Мішу ісці дадому.
Можна было б і самому ісці. Нават – трэба б. Адпачыць перад заўтрашнім. Але і ісці не хацелася. Нічога не хацелася.
Не зважаючы на змору, душу трывожыў неспакой. Вось жа ліха, разумеў: усё зрабіў як мог, а задавальнення не было. Не толькі задавальнення, а і якой-небудзь палёгкі.
Не, і разумення такога, што зрабіў тое, што мог і павінен быў, не было. Не было такой упэўненасці, тачыла нават глухое, але настойлівае адчуванне, што рабіў не тое, не галоўнае. Што мала зрушыў тое, што павінен быў. Можа быць, зусім не скрануў. І гэта адчуванне было тады, калі ўсё больш ціснула трывога, важкая, вялікая, неадступная. Калі так упарта насядалі паганыя згадкі-напаміны.
Удзень паганае гэта прыціхла за клопатамі, яго можна было стрымліваць; да таго ж тады – дзень быў наперадзе, надзея была. Цяпер дзень быў ззаду, усё, што мог, зрабіў, і цяпер відаць была цана зробленаму. З яснасцю, ад якой брала кволасць, бачыў, што зрабіў мала, нікчэмна мала, амаль нічога не зрабіў, а ў галаву, гарачую, узрушаную, усё ўнізваліся згадкі: учарашнія дзень і вечар у Глінішчах, размова з Галубовічам, Нінін ліст, спрэчка з Апейкам. Як бы нанава гучала: «Не пойдзем! Не аддадзім!..», «Галаву здымем!..», «Ты сваяк пана Шэпеля!..».
Сярод усяго ўбілася Апейкава, асабліва жорсткае, таму што і сам чуў значэнне, небяспечнасць яго: «Гэта толькі сігнал!.. Можа быць горш…» Пачуўшы зноў гэта, захадзіў хутчэй, крайне неспакойны. Можа быць горш. Хоць горш не трэба. І так пагана, далей, здаецца, няма куды. Да вясны з такімі тэмпамі – правал бясспрэчны… Тут думкі яго працяла раптоўнае: «Алёшка, чарцяка! Мы табой ганарымся!..» – і вокліч гэты стрэмкаю ўчапіўся ў сэрца. Як знарок, як насмешка!.. Не адразу змог вярнуцца да перарванай думкі, даць нейкі лад свайму думанню… Яму даверылі такую важную справу, паставілі на такі важны ўчастак. А ён, відаць ужо, можа не спраўдзіць надзей…
За нядобрымі развагамі ўзяла больш кволасць. Сем месяцаў тут! Не спіць, не есць, можна сказаць – усю душу аддае! А вынікі?!. Узяў адчай, такі моцны, які можа захапіць, толькі калі ты без меры нацяты, калі ты гарачы і табе дваццаць пяць…
У гэту хвіліну агіднай кволасці яго апякла зноў згадка пра ўчарашні сход, пра паводзіны на ім Апейкі і Гайліса. Нанава ўспомнілася ранішняя спрэчка з Апейкам, і ў ім з новай сілай ускінулася нязгода з усім, што Апейка спрабаваў увесці ў яго.
Ён цяпер з яшчэ большай яснасцю ўбачыў усю ілжывасць Апейкавых мудрагельстваў, ілжывасць і нават небяспечнасць іх, якія маглі збіць з правільнай дарогі, аслабіць у той момант, калі так патрэбны цвёрдасць і ўпэўненасць. «Яўна кульгае на правую! Сам кульгае і другіх падбівае!» – падумаў абурана.
Пасля гэтага лепш адкрылася, чаму недавольны пражытым днём. Лепш бачылася, што гэты дзень і тое, што зрабіў, мала што зменяць у становішчы, таму што і Каржыцкі, і Мормаль не тая сіла, якая можа сур'ёзна выправіць тое, што ёсць. І не таму, што Каржыцкі і Мормаль кепскія самі па сабе. Хто б ні быў на іх месцы – нічога не зробіць. Таму што патрэбны не размовы, а дзеянні. Дзейныя, цвёрдыя людзі, сапраўдныя бальшавікі патрэбны там, на месцы. А там – чарнаштаны ды гайлісы. Мяккацеласць. Апартунізм. Правы ўхіл.
«Не тое робім, не так, – мацнела ўпэўненасць. – Гаворым многа. Многа спадзяванняў на словы. На ўгаворы. Тут наша няўдача. Угаворы – пустазвонства. Дзейнічаць трэба! Сіла трэба. На сілу сіла! І не чыкацца! Не міндальнічаць! Рашучасць трэба! Націск!.. Націснуць падаткамі! Судзіць злосных! Каб адчулі сілу!..» Ён ухваліў сябе, што добра распарадзіўся Харчавым…
Ад гэтых думак весялей было. Нібы ўбачыў наперадзе прасветліну, ясна ўбачыў, куды ісці, і ўбачыў, што дарога там абяцае яму добрае. Сам не заўважыў, як стаў хадзіць дужа, цвёрда.
У думкі ўнізалася вестка з пісьма: Лена пыталася, цікавіцца, шкадуе. У гэты момант напамінак пра Лену быў лагодны. Лена бачыла яго дужым, прыгожым. Няхай паглядзіць!..
Згадаўшы пісьмо, думаў нейкі час пра маці, пра Ніну, рашыў цвёрда: «Трэба забраць сюды. Забраць…» За гэтым ён намогся, павёў думкі на заўтрашнюю паездку. І раптам ва ўсю яго супярэчлівую турботнасць памяць увяла ўпарта яго новую глінішчанскую знаёмую. Нібы ўбачыў зноў, як яна схілілася да яго, льючы ваду; адчуў цяпло яе рукі, якую яна падала, вылазячы са склепа. Яна раптам нібы стала перад ім. Яе вочы, кплівыя, незразумелыя, уся яна, незалежная, поўная годнасці, была, здалося, побач. І побач, і далёка.
Умомант апанавала дзіўнае: як не хапае яе тут. Яе воч, яе голасу, яе смеху. Усёй яе. У гэты вечар. У гэтую хвіліну. Здзівіўся, пашкадаваў: як ён так развітаўся з ёю? Чаму не прыгледзеўся, не распытаў хоць бы толкам?
Так захацелася пабачыць яе, пабыць з ёю, што ўзяла шалёная думка: сесці зараз у вазок ды махнуць туды. Зірнуць хоць. Ён тут жа стрымаў сябе цвяроза: прыхамаць дурная. Гэтага яму толькі не хапала. І наогул – што ён ведае пра яе? Хто яна?
Але развагі не даходзілі. Не знікала: яна павінна быць тут. З ім павінна была быць!..
Раздзел трэці
1Башлыкоў выехаў з Юравіч зацемна, з такім разлікам, каб дабрацца да Алешнікаў у самым белым ранку. Калі яго вазок узняўся на гару, уся шырокая раўніна, што разлягалася перад ім, была шэрая, непраніклівая. Ішла ад гэтай шэрані ў душу неадольная панылая сумотнасць; толькі вецер, што налятаў тут, на абдзьмутай вышыні, як бы абяцаў штосьці абнадзейлівае.
Каля Вадавіч, як ён і спадзяваўся, стала прыкметна развідняцца. У гэтай парадзелай каламуці, што ўсё расступалася, вазок Башлыкова шухнуў цераз масток над Тур'ёю, паплыў па шляху паўз Глінішчы. Са шляху Башлыкоў мімаволі неспакойна і востра зірнуў туды, дзе павінна была быць глінішчанская школа. Разам з нядобрым, што засталося ад сходу, як ад павеву ветру, зацеплілася ў душы зноў згадка пра нераспазнаную жанчыну. Спадзяваўся ўбачыць агеньчык з вокан, але яго не было. Можа, закрывала поле.
Толькі развіднела, калі ён выйшаў з вазка каля сельсавета. У сельсавеце быў адзін дзяжурны, ён, відаць, драмаў перад гэтым і, калі Башлыкоў, моцна гупаючы ботамі, абабіваючы снег, ступіў у пакой, сустрэў яго нібы вінавата. Глядзеў з незразумелай насцярожанасцю. Башлыкоў знарок весела патупаў па пакоі, паціраючы рукі, паказваючы, што памёрз трохі ў дарозе, трэба сагрэцца, весела запытаў пра навіны. На людзях Башлыкоў заўсёды меў звычку трымацца весела і бадзёра. Дзядзька, аднак, трапіўся негаваркі, на пытанне Башлыкова адно няветліва аб'явіў, што Гайліс у Хвойным, па калектывізацыі, а сакратар пакуль не прыйшоў.
Ён павесялеў толькі тады, калі Башлыкоў загадаў яму паклікаць Дубадзела. Пажвавелы ўраз, усцягнуў на калматую галаву барановую кучомку і, мякка ступаючы валёнкамі, выбег на ганак. Башлыкоў зноў захадзіў па пакоі, раз-пораз кідаючы позіркі ў акно на вуліцу. Ён чакаў Дубадзела з неспакоем: было б прыкра, калі б Дубадзела дома не аказалася. Дубадзел яму быў вельмі патрэбны. Яшчэ ўчора, думаючы пра гэту паездку, Башлыкоў згадваў Дубадзела, таму ён рашыў, што Дубадзел будзе ў гэтай паездцы пры ім. Башлыкоў хацеў прыгледзецца лепш да яго, прымерыцца, чаго ён варты. З Дубадзелам у Башлыкова былі важныя надзеі. Надзеі гэтыя трэба было праверыць.
Дубадзел быў дома. Башлыкоў убачыў яго, калі ён паявіўся перад акном – ішоў хутка, імкліва, так што крылы яго зашпіленага на адзін кручок шыняля разляталіся ў бакі. Разляталіся ў бакі вушы будзёнаўкі, што трымалася на макаўцы. Ногі ў разношаных ботах ступалі цвёрда, а на касцістым твары была рашучасць. Чалавек як бы спяшаўся на выручку і гатоў быў на ўсё.
Ён імкліва пратупаў па ганку, ступіў у пакой. Голасна прывітаўся, зычліва і разам з павагай назваўшы: таварыш сакратар. Руку, якую падаў Башлыкоў, паціснуў моцна, як бы пацвярджаючы, што ў ім усё надзейна.
Башлыкоў зацягнуўся, зірнуў спасцярожліва:
– Трэба ў Курані.
У тым, як прамовіў, была значнасць. Значнасць была і ў позірку.
Дубадзел кіўнуў моўчкі і таксама значна: ясна. Твар дзелавіта засяродзіўся; шмаргануў прастуджаным носам.
– Зараз?
– А чаго ж? – Башлыкоў па-таварыску дадаў: – Адклад, кажуць, не ў лад.
– Аге, – шмаргануў носам Дубадзел. – Адкладуваць няма куды.
– От іменна. Так што – збірайцеся. Хутка.
Дубадзел ускінуўся, як па камандзе. Адазваўся ўмомант:
– А чаго тут сабіраць?
Рукі хутка, рашуча ўхапілі другі кручок на шынялі, зашпілілі, нацягнулі глыбей будзёнаўку.
– От толькі перакусім, – дадаў дзелавіта. – Паснедаем толькі…
– Вы не снедалі? – спыніў яго Башлыкоў.
– Да я ўжэ, канешно. Я пра вас. Жонка там умэнт…
Башлыкоў улавіў, што ў голасе яго тут не было цвёрдасці, не надта дабіваўся. Відаць, не вельмі верыў у снеданне сваё. Башлыкоў супакоіў:
– Я паснедаў ужо.
– Ну, тады – хоць зараз.
– Заедзьце дадому і паведаміце, – распарадзіўся Башлыкоў. – Каб не турбаваліся. Дні на два, скажыце…
Дубадзел рынуўся да дзвярэй.
2Вазок хутка адкінуў назад рэшту алешніцкай вуліцы, павярнуў за вугал яе, рушыў да грэблі, да зараснікаў. Вымерзлая, наезджаная грэбля ўмомант дамчала да цагельні, і вось зачарнелі наперадзе ранішнія дымы над куранёўскімі стрэхамі.
У Башлыкове і дымы гэтыя, і стрэхі, нахмураныя, панурыя, хоць падбеленыя снегам, адазваліся неспакоем. Падыходзіла ўсутыч, уздымалася каменнай сцяной непадатнае, чужое, што належала зрушыць. І што не хацела зрушвацца.
Башлыкоў загадаў кіраваць да хаты Міканора Глушака.
Калі ехалі вуліцаю, чуў сябе пад маўклівым наглядам з двух бакоў. Пільна лавіў насцярожаную чарнату вокан, стракатасць двароў: і вокны, і двары былі амаль усе пустыя, вёска жыла, здавалася, бесклапотна, але ён добра ведаў, што спакой гэты зманлівы. Заўважыў, як выйшаў з хаты, застыў на ганку дзядзька, пільным вокам праводзіў, пакуль не схаваліся за рагом хаты. Двое жанок унізаліся позіркамі ад калодзежа, адна аж перастала цягнуць вочап.
Ад неспакою, ад адчування ўвагі падабраўся, сеў раўней, паставаю ўсёй выказваў рашучасць, смеласць. Бачыў: Дубадзел пажвавеў, выцягнуў шыю, нецярпліва і весела цікаваў за хатамі, за дварамі. Здавалася, трымаўся так, нібы адчуваў блізкую бойку і радаваўся ёй, ірваўся да яе. Гэтая вясёлая задзірлівасць была даспадобы Башлыкову. Перад двума радамі насцярожаных хат Башлыкову добра было чуць такую смелую ўпэўненасць, чуць побач чалавека, які ў любы момант гатоў быў памагчы.
Ля хаты Міканора Глушака Дубадзел першы саскочыў з вазка, рашуча пакрочыў да варот. Ужо ля варот ён схамянуўся, як бы стрымаў сябе, пачакаў Башлыкова, прапусціў яго наперад.
Ледзь ступілі на двор, на ганку паявіўся Міканор Глушак. Быў апрануты ў нефарбаваны, заношаны кажух, з заечай шапкай у руцэ. Падобна было: збіраўся кудысьці ісці, апрануўся за хвіліну перад гэтым. Глядзеў цікаўна, вочы на васпаватым твары былі неспакойныя, пыталіся, чаго наведалася такое высокае начальства. З гэтым была ўсмешка на твары, лагодная, гасцінная.
– Сустракай гасцей! – прамовіў Башлыкоў, весела крочачы насустрач. Ён прыязна працягнуў Міканору руку.
Глушак спехам надзеў шапку, падаў сваю руку. Башлыкоў моцна, дужа паціснуў яе.
– Угадалі! Заспелі дома! – сказаў Башлыкоў зноў, звонка, задаволена.
Ён узяўся абабіваць снег з ботаў, атрэсваць з паліто, з шапкі.
Гледзячы на яго, стаў абабіваць снег і Дубадзел, але без старання, абы-як. Нібы рабіў непатрэбнае.
Міканор няёмка, як належала, папрасіў:
– Ат, чаго тут… Заходзьце!..
У хаце было двое старых. Мужчына, седзячы на палацях, абуваў лапці, накручваў анучы, а старая замятала пры печы гліняную падлогу. Замятала, хапаючыся.
Башлыкоў тым жа звонкім голасам даў ім «добры дзень», працягнуў ружовую з марозу руку да старой. Тая, хапаючыся, выцерла сваю аб прыпол, як бы ўрачыста, лапатачкай падала яму. Рука яе была цёмная і касцістая, Башлыкоў паціснуў яе асцярожна, з пашанай. Стары, завязаўшы абору, таксама ўстаў насустрач Башлыкову. На дужы поціск рукі сакратара адказаў ветліва, ахвоча.
Дубадзел растлумачыў, што гэта бацька і маці Міканора: Дамецік і Дамеціха – цётка Аўдоцця.
– Угадалі! Заспелі дома! – зноў сказаў Башлыкоў, ужо да старых. Завязваючы гаворку.
– Аге! – адразу адгукнулася Дамеціха. – То ж ужэ унь шапку ўзяў, сабраўся ісці! Кеб на мінуту пазней, дык і не було б тут!
– Не далеко сабраўся! – далучыўся Міканор. – Хазяйство паглядзець!..
Ён усё з цікаўнасцю чакаў адгадкі, чаго завітаў Башлыкоў. Такая ж цікаўнасць, толькі больш адкрытая, была відаць і ў старой.
Але над усім быў звычай, неадменны закон гасціннасці да чалавека, што ступіў у хату. Міканор запрасіў Башлыкова распрануцца, і старая з ухвалай падтрымала сына. Башлыкоў ведаў «закон», разумеў, што трэба было гасцінным гаспадарам паказаць сябе прыязным госцем, распрануцца, сесці да стала. Але не цярпелася, дораг быў час. Адно сеў да стала, расшпіліў верхні кручок паліто.
Глушак, пэўна, зразумеў настрой яго; аднак з сялянскай настойлівасцю паўтарыў, што просіць распрануцца, а маці распарадзіўся: накарміць гасцей. З дарогі людзі.
Маці падтрымала яго, але, адзначыў Башлыкоў, не надта цвёрда.
– Паснедалі ўжо, – сказаў Башлыкоў мякка і разам заклапочана.
– Калі тое було! – павёў сваё Міканор.
Башлыкоў даў зразумець, што ён не мае звычкі цырымоніцца, сказаў рашуча:
– Пройдзем па вёсцы. Тады – вернемся!
– Не зарабілі шчэ на снеданне! – весела кінуў позірк на Міканора Дубадзел. Ён зарагатаў. – Зарабіць трэба, ясно!
Трэба было ўсё ж, хоць трохі, аддаць належнае звычаям. Паказаць сябе перад гаспадарамі чалавекам, культурнаю істотаю. Башлыкоў затрымаўся ў хаце, дазволіў пабавіцца тут дзесятак хвілін. Да таго ж варта было лепш прыгледзецца да Глушаковага жытла, бацькоў яго.
За гэтым адразу пайшло галоўнае, турботнае: высветліць абстаноўку ў сяле, як яна бачыцца іх вачыма…
Седзячы пры стале, не выказваючы цікаўнасці, агледзеўся: хата маленькая, на адзін пакой, падлога з гліны. Можна сказаць, няма падлогі. Палаці, двое палацяў: сына і старых. Даматканыя коўдры. Вялікая скрыня – гонар сялянскіх хат на Палессі. Таксама, мабыць, з даматканым палатном, са святочнай вопраткай. На сценцы – партрэты Сталіна і Калініна. У кутку ўверсе – пуста, абразы зняты. Але ручнік вісіць, як даніна старому… На падаконніку – стосік кніжак. Брашуры… Дзе ж калгасныя дакументы? Пэўна, у скрыні…
Паветра было нясвежае, нячыстае. Нядобра, кісла пахла. Мусіць, у хаце кармілі свінню ці парася. І наогул у хаце не адчувалася чысціні, дбайнасці. Звыкліся. Башлыкоў набачыўся ўсякага, але ў апошнія гады ўсё ж меў свой пакой, звык да чыстага паветра, да ахайнасці. І тут, як і кожны такі раз, ён адчуваў, што горад – гэта горад, а вёска – вёска і што між іх ва ўсім адлегласць вялізная. Як два розныя светы. І адчуваў востра, нязменна, што ён – чалавек да драбніцы гарадскі, з таго, гарадскога свету. Ніколі не звыкнецца з гэтай чарнатой, нясвежым пахам. Трываць зможа, а звыкнуцца не звыкнецца.
Увайшоў з пугаю возчык, на запрашэнне Дамеціхі распрануўся, сеў каля Дубадзела.
Трэба было весці зычлівую гаворку.
– Як жа жывем, Аўдоцця Пятроўна? – пацікавіўся звонка, прыязна Башлыкоў. Імя па бацьку старой выпытаў ціха ў сына.
Тая на момант перастала завіхацца, азірнулася.
– Да як? Жывем.
Зноў адвярнулася да печы, стала чапялой гаспадарыць у глыбіні печы.
– Сын не крыўдзіць?
– Аге! – адказала насмешліва. – Е калі яму! Рэдко і відаць дома!..
– Нявестку б трэба, пэўна?
– Казала яму. Слухаць не хоча. Усё – дзело адно…
– Пары, можа, няма? – памог Башлыкову Дубадзел.
– Етаго цвету хапае. – Маці Глушака паставіла чапялу ў кут. Гаворка, было відаць, зачапіла за жывое. – Дзве было дабрэнныя. Адну, Хадоську, дак думалі ўжэ…
– Мамо! – перабіў Глушак-сын недавольна.
Але яна даказала сваё:
– Празяваў. Хоня забраў.
– Знайдзем другую, цётко! – весела паабяцаў Дубадзел. – І жэнім! У парадку парційнай дзісціпліны! – Ён зарагатаў.
Старой не спадабаліся і яго жарт, і яго рогат. Не тоячыся, нелагодна зірнула на Дубадзела; Башлыкоў заўважыў, што яна наогул не надта шанавала яго спадарожніка.
Не сказала нічога. Аднак спыніла гаворку, павярнулася да печы, узялася за вілкі. Стала гаспадарыць у печы.
Башлыкоў перачакаў, пакуль маці Міканора ўправілася ў печы, перабіў непатрэбнае маўчанне. Павёў гаворку пра тое, што карцела:
– Аўдоцця Пятроўна, скажыце, калі ласка: чаго гэта ў калгас у вашай вёсцы так туга ідуць?
Яна зірнула на Башлыкова, пільна, як бы з недавер'ем. Башлыкову здалося: позірк яе не верыў, што ён пытае гэта сур'ёзна, не ведае сам. Як бы павагаўшыся, адказала:
– Чаму? Баяцца.
– Чаго?
– Цёмны народ, – растлумачыў бацька Глушака, што звешваў ногі з палацяў.
– Як бы не ўскочыць у пельку, баяцца, – прамовіла яна, не слухаючы мужа, а выказваючы сваё. І ўсё быццам не верыла, што Башлыкоў гэтага сам не ведае.
– Чаго тут баяцца!
Маці Міканора нейкі час маўчала. Святло з печы ўскідвалася і ападала на яе твары, на плячы. Рухавы ад святла, у маршчынах, твар быў засяроджаны.
Міканор глядзеў на яе яўна занепакоена. Баяўся яўна нечага.
– Да і тое, – сказала яна задуменна, – вельмі хутко гоняць. А людзям – агледзецца хочацца. Прымерыцца.
– Хто ето гоніць? – абурыўся Глушак-сын. – Што вы кажаце, мамо!
Дубадзела, здавалася, пацешыў сынаў гнеў. Але ён не выказаў весялосці, строга папракнуў:
– Доўго думаюць, цётко!
– Абдумана ўсё, – заявіў Башлыкоў спакойна, паблажліва. – Па ўсіх пунктах. З усіх бакоў. Сур'ёзна абдумана. Можна не сумнявацца.
– Яно-то, пэўна, так, – кіўнула яна. Не то не вельмі паверыла, не то не хацела спрачацца. Далікатна, як бы тлумачачы, выказала: – Толькі ж не ўсе тое знаюць. Да і тое: у кожнаго ж свая галава е.
– У тым-то і бяда! – з'едліва адгукнуўся сын. – Да добра, калі ў каго шчэ разумная!
Башлыкову не давялося сказаць: тут у сенцах стукнулі дзверы і ў хату ступіў дзядзька ў кароткім кажушку і ў ботах. Чыста паголены, з вусікамі, ён з парога скінуў шапку, прывітаўся з усімі: «Здраствуйце». Упэўнена падышоў да Башлыкова, працягнуў руку, з выразнай пачцівасцю назваў: «Таварыш сакратар». Абышоў усіх, падаючы руку, назваў кожнага імем яго – бацькавым.
Справіўшы належна гэты абавязак, дзядзька зноў, з годнасцю, пакіраваў да Башлыкова, сеў побач. Дастаў капшук з-пад кажушка, стаў круціць папяросу. Па-сяброўску пацікавіўся ў Башлыкова:
– Рашылі, значыцца, пасяціць нашу куранёўскую глуш? Паглядзець, чым жыве-дыша ў глушы народ?..
Здавалася, ранейшая гаворка перарвалася зусім і будзе цяпер уладарыць іншая, тая, якую завязаў дзядзька – Андрэй Руды. Так яно нейкі час і было: папыхваючы папяроскай, далікатна пускаючы праз ноздры дым, Андрэй растарэкваў пра цемнату людскую, пра калектывізацыю – новы шлях для людзей, паказваючы, што і тут, у глушы, таксама не ўсе лыкам шыты.
Гаспадыня, здавалася, слухала яго і не слухала. То корпалася пры печы, то неспакойна думала. Было відаць: вярэдзяць старую нейкія турботы, не даюць спакою. Недавольна паглядвала на Рудога: трэба ж, прынесла не ў час балбатуна пустога.
– Да і ето, – адважылася нарэшце, нагадала пра перарваную размову, – гаворкі тут усякія. Пра раскулачанне…
Башлыкоў адвярнуўся ад Рудога, уважліва зірнуў на яе.
– Баяцца етаго. Не наравіцца ето, – горача выказала яна.
– Каму «не наравіцца»? – адразу напаў Глушак-сын.
– Людзям не наравіцца.
– Сказала!
– А то не? Не баяцца?
– Усе?! Кулакі, можа! Кулакам етаго трэба баяцца!
– Правільно, Дамецевіч! – з ухвалай кіўнуў Руды.
Дамеціха не паддалася сынаваму гневу. Нават як бы заўпарцілася.
– Брату на брата нагаворуваюць, – загаварыла галасней, зацята. – Сваяку на сваяка. Як бы кусаць адзін аднаго трэба!
– Кажаце вы, мамо!
Яна зазлавала, ускінулася:
– Дай сказаць людзям! Не з табой гавораць! Слова ўжэ сказаць не можно!
– Гаварыце, да знайце што!
– Правільно, Дамецевіч! – заявіў важка Руды.
– Ты, Андрэй, прыйшоў, дак сядзі! Не лезь, куды не просяць!.. – Яна перавяла дыханне, заявіла сыну, усім: – Знаю! Праўду кажу!.. – Стрымала сябе, сказала цішэй: – От тут у нас сваяк е! Брат мой дваюрадны!
– Знайшлі брата!
– Брат! Халімон! Мая матка і яго бацька – сястра і брат родныя!
– Ето – пра Карча Халімона! Халімона Глушака! – растлумачыў Башлыкову Руды, задаволена пыхнуўшы папяроскай. Было відаць: страшэнна рады быў спрэчцы. Як цікаваму здарэнню.
Міканор з нянавісцю зірнуў на яго: знайшоў забаву. Трэба ж, прынесла ў такі момант, заўтра брахня пойдзе па ўсяму сялу…
– Аге, Глушак. Глушак Халімон, – пацвердзіла старая, у запале не заўважыўшы тону гаворкі Рудога. – Дак чаго ўжэ на яго! – Павяла шчыра, горача, верачы непахісна ў сваю праўду: – Мало таго што налогамі. Дак і ў калгас не пускаюць! Свет чалавеку завязалі! Так ето трэба?
– Сколькі ні талкую, не разумее нічого!
Міканор, ружова-чырвоны, няспрытнымі рукамі скруціў папяросу, схіліўся да Рудога, прыкурыўшы, патупаў да палацяў, сеў на іх. Згорбіўшыся, густа задыміў. Башлыкоў разумеў яго: Міканор Глушак, як на суддзю, глядзеў на яго, сакратара райкома. Быў разгневаны на маці і адчуваў сябе такім вінаватым, што гатоў быў на любую кару.
Так, было чаго хвалявацца: зганьбіла старая, і перад кім, перад сакратаром райкома. Ды перад Дубадзелам, які яўна не спачувае, а як бы потай цешыцца.
– У адносінах да кулацкіх элементаў, Аўдоцця Пятроўна, – лагодна, стрымана сказаў Башлыкоў, – лінія ў нас цвёрдая. Кулацкія элементы мы лічым класавым ворагам.
– Які ён цяпер элемент! – старая зняважліва махнула рукой. – Толькі званне асталося – што багацей!
Дубадзел хацеў падчапіць жартам: не ведаў, што яна такая кулацкая заступніца, але старая не адазвалася на жарт.
Міканор Глушак, хапаючыся, нервова дыміў, ледзь стрымліваў гнеў.
– Падгаварыў ён вас, ці што! – У голасе яго з гневам чулася крыўда.
Башлыкоў улавіў: словы гэтыя былі як бы не толькі да яе, а і да яго з Дубадзелам. Можа, нават – больш да іх дваіх.
– Не можно – штоб брат на брата! – выказала яна зацята, непахісна.
Сын, угневаны, саскочыў з палацяў. Зірнуў злосна на старую, захадзіў нецярпліва.
Башлыкоў узняўся з лаўкі, сказаў, што пара ісці. Час не чакае.
Старая ўраз схамянулася, згадала пра абавязак гаспадыні:
– Дак калі вернецеся? Кеб знаць…
– От як вызвалімся, – няпэўна сказаў Башлыкоў. – Калі справу зробім…
– Дадзім знак як-небудзь! Калі прагаладаемся!
Старая няёмка папрасіла:
– Мо я што не так. То вы не сярдуйце… Я ад душы. Што думаю…
– Не сярдуем, – Башлыкоў паблажліва ўсміхнуўся. – Але з поглядамі вашымі не згодны…
Ён лагодна патрымаў старую за локаць, рушыў з хаты. На двары азірнуўся: усе выйшлі ўслед, нават стары стаяў, у сарочцы, без шапкі. Башлыкоў паклапаціўся перш пра яго: параіў вярнуцца, не прастудзіцца. Потым сказаў возчыку ісці ў хату, чакаць.
Заўважыў: Міканор Глушак лавіў яго позірк. Башлыкоў зрабіў выгляд, што не бачыць гэтага.
Калі выйшлі на вуліцу, Глушак не вытрываў.
– Падгаварыў, мабуць, гад, – сказаў вінавата. Як бы прасіў злітасціцца, зразумець. Дадаў злосна: – У сям'ю маю ўжэ ўлезці хоча!
– Васпітацельнай работай не займаешся! – укалоў знарок Дубадзел з рогатам.
Башлыкоў адвёў нялітасцівы позірк.
Чуў: Глушак пабойваецца нядобрага свайго сваяцтва, таго, што гэта вядома яму, Башлыкову. Так, трывожыцца ёсць чаго. Такое сваяцтва не ўпрыгожвае… Што там ні кажы, а сваяцтва ёсць сваяцтва. Сувязь. Сувязь з кулаком…
Было незадавальненне сабою: такога факта пра Глушака, пра актывіста, партыйца, не ведаў.
Праўда, віна тут найбольшая Глушака, але і сам вінаваты!
Не першы раз, як пра абрыдлае, непрыязна падумаў: «Усе яны тут перамешаны, паспрабуй разбяры!..» За гэтым як бы нанава пачуў плаканне-войканне старой, плаканне аб крывасмоку, узяло злое: жаласці дурной у людзей аж лішне! Крывасмокаў самых яўных то не судзяць, то – шкадуюць! І каб адзін-два, з дабраты шчодрай, а то ж – не ў адной вёсцы! Чуласць якая!..
Ён з прыкрасцю перарваў думанне, кінуў позірк да Глушака:
– З каго пачнем?