Текст книги "Завеі, снежань"
Автор книги: Иван Мележ
сообщить о нарушении
Текущая страница: 13 (всего у книги 18 страниц)
Параска адразу, як увайшла, весела аб'явіла:
– Вось хто, аказваецца, у госці да нас!
Башлыкоў сказаў як мог спакойна, сціпла:
– Да от ехаў міма. Завярнуў…
– І добра! Даўно ж ужо не было! – Параска хутка скінула паліто, развязала хустку. І так жвавая, захадзілася, загаманіла яшчэ больш – іграла перад госцем, артыстка: – Мы ўжэ думалі тут, што мінае знарок!
– Ды не, часу не было…
– Пачулі пазаўчора: прыехалі ў Алешнікі. Паехалі ў Курані. Праехалі міма!
– Рана ехаў…
– Не адгаворвайцеся! – упікнула Параска весела, гулліва. – Ну, але калі вы ўсё ж заехалі, то віна ваша ўжэ змяншаецца. Можа, мы і даруем вам! Даруем? Праўда, Ганна?
Ганна сказала стрымана:
– Трэба дараваць, мабуць…
Яна стаяла каля дзвярэй на кухню, зацятая, з ледзь прытоенай гаркаватай усмешкай.
А Параска павяла ўжо новую ролю: гасціннай гаспадыні.
– Хоць рэдка, ды – метка! У час прыехалі! У самы час! У нас – боршч якраз умлеў! Боршч такі! – Параска аж смачна заплюшчыла вочы.
Башлыкоў прамовіў:
– Я на хвілінку толькі… Спяшаюся…
– Такога баршча нідзе не будзе!.. А да яго яшчэ – дранікі! – Параска па-змоўніцку падміргнула Ганне, заклікаючы падтрымаць яе.
Ганна няўпэўнена адгукнулася:
– Праўда, паабедайце…
– Ну от, – як бы ўзрадавалася падтрымцы Параска, – падмацуйцеся на дарогу! Тады і паедзеце! Весялей у дарозе будзе!
Башлыкоў паважна, цвёрда адмовіўся:
– Дзякую за запрашэнне. Толькі я паабедаў ужо. У «Камунары».
– Што вы там абедалі! – пацішэла, не ўтаіла папроку Параска. А можа, знарок паказала, што пакрыўджана незгаворлівасцю на яе гасціннасць.
Башлыкоў першы раз паблажліва ўсміхнуўся:
– Не падбівайце, Параскева Андрэеўна! – Без усмешкі ўжо, значна растлумачыў зноў: – Я на хвіліну. Ехаць трэба. – Дадаў весялей: – Падвезці от магу.
– Не, дзякую, – адказала нядобра Параска. Тон гаворкі яе выказваў, што яна ў крыўдзе на Башлыкова.
Вельмі вострай цяпер увагай Башлыкоў яшчэ раней перахапіў, што ў яе вачах паявілася клопатнасць. Нібы яна штосьці заўважыла дзіўнае, хацела зразумець і не магла. Здалося: яна зразумела ўсё, што адбылося тут. Вядома, зразумела. Але не паказвае гэтага.
Ён тут жа, аднак, супакоіў сябе: не ведае і не здагадваецца ні аб чым. Проста яму, Башлыкову, насцярожанаму, здаецца, што ўсё ўсім відаць.
Пасля ўсяго, што адбылося між ім і Ганнай, Башлыкоў перад Параскай чуў сябе вельмі няёмка. Але ён як мог хаваў гэта і, калі глядзець збоку, трымаўся, здавалася, упэўнена, ураўнаважана, як і належала трымацца такому паважнаму чалавеку.
Няёмка было, але трэба было трымацца, годна трымацца.
– А вы?.. А вам не трэба ў Юравічы? – зірнуў Башлыкоў, нібы спакойна і абыякава, на Ганну.
– Не… – У вачах яе мільгнуў неспакой, амаль страх.
Башлыкоў адзначыў: Ганна ледзь прыхоўвала хваляванне. Стаяла, склаўшы рукі на грудзях, моўчкі ціснулася да вушака дзвярэй. Раней такая імклівая, лёгкая ў рухах, яна цяпер хоць бы зварухнулася, ціснулася, невядома што тоячы. Знешняя яе стрыманасць дзіўна не пасавала з тым, што свяцілася на яе твары, у вачах. З вачэй яе проста зырчэў, біўся неспакой. Сляпы і той, здавалася, мог бы бачыць: сама не свая, штосьці здарылася…
– Я пайду… – нарэшце скранулася, знікла на кухні.
Башлыкоў, як і належала, затрымаўся трохі. Павінен быў затрымацца. Зняў паліто, у якім усё яшчэ стаяў, прайшоўся па пакоі. Сказаў некалькі слоў пра тое, дзе быў гэтыя два дні, што рабіў. Павёў дзелавы роспыт пра справы ў Глінішчах, пра настроі. Паказваў, што з заклапочанасцю і вялікай цікавасцю слухае Параску. Тады загаварыў пра раённыя турботы, пра тое, якая небяспечная сітуацыя цяпер у раёне. Пасля ўсяго даў парады Парасцы, што да яе грамадскай працы сярод сялян. Гаворачы гэта, у сваёй звычайнай ролі, набыў нарэшце, хоць на час, нетрывалую раўнавагу, сцішыў насцярогу Параскі.
Сабраўшыся ехаць, надзеўшы зноў паліто, выйшаў да Ганны развітацца. На Ганніным твары былі ранейшы неспакой, сумяціца. Рука, гарачая, разгубленая, паспешліва адказала на поціск. Ганна не пайшла праводзіць. На двор, накінуўшы на плечы каптанчык, выйшла адна Параска. Ужо без ранейшай гуллівасці, з нядобрай прытоенасцю папракнула, што не застаўся абедаць, сказала не мінаць іх дому, заязджаць. Ён, паказваючы, што заклапочаны ўжо новымі справамі, падзякаваў, паабяцаў, што будзе заязджаць. Калі будзе час.
Была сумяціца пачуццяў і думак, калі вазок выслізнуў з-за гумнаў, пад рыпенне гужоў нячутна паплыў у белае пустое поле. Спачатку гарэў перажытым. Бачыў вочы яе, усю яе, не мог супакоіцца: якая краса! Проста чорт ведае што: нічога, здаецца, такога не бачыў! Як яна тут вырасла такая! У звычайнай сляпой хатцы! Цуд нейкі, і толькі! І краса, і разам – годнасці колькі! Розум які свеціцца! Здзівіўся: як ён не пабачыў гэтага першы раз! Аслеп тады ад няўдачы. За гэтым згадваў, чуючы, як у грудзях гарачэе: «Да цябе прыехаў… Цябе пабачыць хацеў…» Словы гэтыя, здавалася, гучалі ў галаве. Асабліва ж гучала, моцна, нецярпліва, завабна: «Заўтра… Як сцямнее… Каля дарогі…» Згадваў, як яна кіўнула, і нібы не паверыў шчасцю…
Чым далей, тым больш, аднак, у душу ўпаўзала іншае. Жаданае, добрае хмарыла няпрошаная, непрыемная прыкрасць. Згадваў з няёмкасцю, як сустрэўся, гаварыў з Параскаю. Як бы пачуў папрок сабе: таіўся, хлусіў! Хлусіў, і Параска гэта зразумела. Зразумела – ён цяпер бачыў гэта, здавалася, зусім ясна. Ад гэтага на душы было проста брыдка. Тады прыйшла недавольнасць наогул сабою: не ўтрымаўся на ўзроўні, збочыў з лініі. Не паказаў вытрымкі. Падатны аказаўся, слабаваты. Сваё, асабістае не стрымаў. Даў волю свайму, асабістаму. Непатрэбнаму, недаравальнаму ў такі час. Захацелася любові!..
Раптам узяло разважнае: не трэба было заязджаць. Не трэба было сустракацца. Разважнае гэта павяло далей: а можа, спыніцца, адмовіцца? Вядома, адмовіцца трэба. Сказаць, што не мае часу, заняты. І скончыць тым.
Але з гэтым было: якая краса! Яе неспакойны позірк, адчуванне блізкасці. «Заўтра. Як сцямнее…» Непатрэбнае, яно хораша цяплела ў грудзях, вабіла. Сціскала сэрца чаканнем.
«Спыніцца. Спыніцца трэба…» – думаў ён.
3Пакуль ехаў дадому, думкі Башлыкова блыталіся.
Дома, у кабінеце, дзе адразу абступілі звыклыя, значныя клопаты, тое, што адбылося ў Глінішчах, здалося раптам зусім простым і далёкім. Яно, праўда, час ад часу прабівалася ў важны, раённы свет яго кіруючых турбот, адцягвала на момант думкі, але Башлыкоў без асаблівай цяжкасці адганяў яго.
Увечары, калі навалач турбот сышла і застаўся адзін, яно, тое далёкае, зноў падабралася. Дзіўная рэч: удзень амаль рашыў, што ўсё, адмовіцца, скажа, што няма часу, і скончыць тым. А тут як бы і не было той цвёрдасці. Зноў нібы пачуў: «Заўтра. Як сцямнее…» Зноў убачыў, як яна кіўнула. Згадаў, як радасна заблішчалі вочы, калі ўбачыла адразу. Успамінаючы ўсё, чуў, бачыў: любіць яго. Такая красуня любіць! Мала хто ведаў, што Башлыкоў быў вельмі падатны жаночаму хараству. І калі дадаць да гэтага тое, што ведалі многія: што Башлыкоў быў аж занадта самалюбны, то можна ўявіць, як цешыла яго цяпер разуменне, што чалавек такога хараства хінецца да яго. Што заўтра яны будуць разам, адны.
Башлыкоў узрушана захадзіў па пакоі. Засунуўшы рукі ў кішэні галіфэ, молада, імкліва стаў мераць кабінет. Бачыў, здавалася, побач яе, перад сабой, твар у твар. Чуў, здавалася, цяпер яе. Чуў сябе маладым, дужым, удачлівым.
Не адразу супакоіўся. Калі захадзіў спакайней, падумаў: яна ўражвала яго не толькі знешнім хараством, але і неспадзяваным багаццем унутранага жыцця. Нейкай незвычайнай, трапяткой чуласцю. Цэлы свет угадваўся ў ёй, вабіў, клікаў. І хто б мог падумаць – прыйшло недарэчнае: звычайная прыбіральшчыца. Ён, праўда, тут жа спыніўся, цвяроза папракнуў сябе, што разважае, як арыстакрат, як законны дваранін. Дваранін з залінейных гомельскіх баракаў. Падумаў са з'едлівай насмешкай з сябе: адкуль гэта ў яго з'явілася такая вышэйшасць! Нагадаў сабе: кожная кухарка павінна навучыцца кіраваць дзяржавай. Далучыў упэўнена: гэта так званая прыбіральшчыца зможа. Калі даць толькі падвучыцца.
Ён стаў думаць пра яе. Ён адчуваў, што так мала ведае яе. Хто яна? Чаму яна ў школе? Чаму не з бацькамі? Ці вольная, не замужняя? Яна не падобная на дзяўчыну. Відаць, была замужам, відно: нямала паспытала. Успомніў, як стрымлівалася, падумаў: а можа, і цяпер замужам?.. Не, запярэчыў адразу – калі і была, то разышлася. Інакш не жыла б адна, пры школе. Свайго кутка няма. А калі быў муж, то хто ён? Чаму разышліся? Ці – з'ехаў куды? Багата пытанняў раптам узнікла, і яны так закарцелі, што Башлыкоў перастаў хадзіць, гатоў быў усё зараз жа высветліць. Ён ледзь не ступіў да стала, да тэлефона – выклікаць каго трэба, загадаць высветліць. У час схамянуўся, што выклікаць нікога нельга. Не толькі таму, што ніхто тут такога не ведае, а і таму, што так лепш – не высвятляць. Нельга дапускаць у гэта нікога.
Пашкадаваў: мог бы высветліць там, былі нагода і час. Успомніў доўгае маўчанне, з-за гэтага, падумаў цяпер недавольна, многае і засталося недагаворанае. Зазлаваў на сябе, што лічаны час быў страчаны так па-дурному. Пра што б ён ні думаў, сярод усяго неадступна тачылася ў яго вінаватасць, што адступіўся ён ад дзённага, належнага: адмовіцца, скончыць, і ён думкаю ўхапіўся за згаворлівае, што апраўдвала яго. Нельга канчаць так, як ён думаў раней. Трэба пабачыцца. Пагаварыць, высветліць усё і тады развітацца. Сумленна і годна…
Аднак ён да гэтага часу пастражэў ужо да сябе і асудзіў гэты хітраваты подступ, што прыхоўваў маладушнасць. Як бы там ні было, трэба называць усё сваім імем. Што ёсць – тое ёсць. Не можа справіцца з сабою, са сваім жаданнем. Непатрэбным жаданнем. Не можа ўтаймаваць дурной крыві, якая не ў час разгулялася. Мужчынскага імпэту, якому захацелася жанчыны. Бабы. З гэтым злым нездавальненнем увайшла няёмкасць за сябе: да чаго ж, відаць, недарэчна выглядаў перад ёю. Як хлапчук. Вярнулася прыкрасць ад таго, як ён нікчэмна маніў Парасцы. У гэты момант у злосць яго, што давала добрую дужасць, раптам увайшло кволае, амаль беспараднае: што ж гэта завязалася, што будзе? Пачуў жаль: як ён кіне сам такую красу?! Такое шчасце…
Думкам не было ладу. Заблытаўшыся ў думанні, ён зноў зазлаваў на сябе, на ўсё і падужэў. Намогся, адкінуў бескарыснае думанне. Узяўся думаць пра паездку. Згадаў, як хадзіў па Куранях, па Мокуці, гаворкі, адчуванні. У душу ўлілася злосць на людскую дурнату, на сляпую ўпартасць. Зноў убачыў нядобрыя твары, сярод іх вылучыліся Ігнат і Яўхім Глушакі. Нібы паўтарылася, ясна і ўнізліва, размова з Гайлісам. Нічога не разумее, апартуніст аслеплы! З-за такіх вось, з-за ліберальных дабрадзеяў, і бяда ўся, прарыў у раёне! На бюро, гэта правільна, адзіна правільна. І абавязкова – аргвывады! Трэба належныя кадры! З такімі і тое, што ёсць, загубім.
Кадры – аснова ўсяму. Башлыкоў заўсёды надаваў асаблівае значэнне кадрам. Ён потай быў перакананы ва ўменні сваім падбіраць кадры, з таго, што было пад рукой, выкарыстоўваць лепшае для справы. Ён бачыў: ідэальных па ўсіх якасцях людзей мала – і таму ведаў, як няпроста выбраць тое, што трэба. З усіх патрабаванняў, якія ён выстаўляў да чалавека, найпершымі былі палітычныя якасці чалавека, яго адданасць справе. Тут ніякіх кампрамісаў ён не рабіў ніколі. Палітычная надзейнасць была неадменнаю ўмоваю прыдатнасці чалавека. Усё іншае даводзілася вырашаць, кіруючыся складанай жыццёвай дыялектыкай. Тут і выяўлялася тое, што Башлыкоў лічыў сваім уменнем.
Башлыкоў ужо і сам не помніў, калі ўзнікла ў ім нездавальненне Гайлісам. Даўно ўжо стала карцець думка, што трэба б замяніць некім гэтага ўпартага, недалёкага чалавека, які нярэдка гне нейкую сваю лінію. Можна сказаць, гэта думка акрэслілася канчаткова на сходзе ў Глінішчах. Тады ж, на недалужным гэтым сходзе, кінулася ў вочы і асоба Дубадзела. Едучы з Алешнікаў, Башлыкоў не так сабе падсадзіў у свой вазок яго, рашыў прыгледзецца, праверыць.
Мераючы цяпер кабінет, уткнуўшы рукі ў галіфэ, Башлыкоў заглыблена думаў пра Дубадзела. Думаў не з бескарыснай цікаўнасцю, а з дзелавой заклапочанасцю. Як пра кадравага работніка. Развагі былі няпростыя. Ведаў: Дубадзел малакультурны, грубаваты. П'е. Ва ўсякім разе – піў. Быў ужо старшынёй сельсавета, правалілі. А разам з гэтым – дзелавітасць, веданне народа. Веданне мясцовых умоў. Паходжанне, даныя ўсе – што трэба. Ніякіх заган са сваякамі. Мінулае – чыстае. Былы чырвонагвардзеец. А галоўнае – адданасць якая і рашучасць. І энергія – пазайздросціць можна. Гэты цацкацца з кулаччом не будзе.
Піў – гэта агідна. Пра гэта папярэдзіць трэба, са ўсёй строгасцю. Папярэдзіць, што за такое з партыі гнаць будзем… Малакультурны і грубы – а дзе ты знойдзеш даволі культурных, адукаваных? Мала іх. Ды і ці многа сярод гэтых культурных, адукаваных так адданых, з такой рашучасцю! І гэта ў такой абстаноўцы, дзе неабходны цвёрдыя, жалезныя! Здольныя крышыць ворага, рушыць усё, што на шляху замінае. Гэты – цвёрды, гэты – крэмень, барацьбіт. Гэта – галоўнае. А недацягвае ў нечым – падымаць трэба. Расціць трэба, правільна накіроўваць! Добра кіраваць – усё ў гэтым!.. Ды калі падумаць толкам – палітычны кірунак ён разумее нядрэнна. Ёсць палітычнае чуццё. Тэарэтычна не аформленае, а ёсць. Стыхійнае, але правільнае. Лепшае, чым у некаторых засохлых ад кніг грамацеяў.
Так што галоўнае выходзіла на карысць Дубадзела. Гэта супакойвала Башлыкова, давала яму адчуванне нямарнасці пражытага дня, абнадзейліва звязвала з будучымі днямі.
4Пасля таго як Башлыкоў паехаў і Параска вярнулася, Ганна не ведала, дзе дзець вочы.
Стала раптам такою вінаватаю перад Параскаю, было так нядобра перад ёю, а трэба было быць разам. Падаваць абед, сядзець насупраць, абедаючы: так было ўжо ў іх заведзена. Сядзець вочы ў вочы пасля таго, што адбылося, і не паказваць, што ў цябе на душы.
Ганну гняло разуменне таго, што яна стала раптам між Башлыковым і Параскаю. Убілася ў іх дружбу ці, можа, і любоў, адвяла Параску ўбок, пабурыла, лічы, яе шчасце. Аддзячыла, можна сказаць, Парасцы за ўсё добрае, што тая зрабіла для яе! Аддзячыла – больш няможна: адбіла кавалера! Няхай не таму, што яна, Ганна, старалася для гэтага; як бы там ні было, на віду будзе адно: адбіла! Улезла ў чужое шчасце, адхапіла!
Ды і то сказаць, калі добра падумаць, прыгледзецца, не такая ўжо яна і невінаватая. Не старалася, праўда, асабліва, але – чаго таіцца перад сабой – хацела ж гэтага, зайздросціла Парасцы. Няхай не старалася, а неяк, пэўне, дала знак, што рада б! І не спыніла ж, не адрэзала, калі здарылася ўсё! Так што не такая ўжо і невінаватая. Вінаватая!
Асабліва няёмка было сядзець перад Параскаю таму, што добра чула: Параска, вострая на вока, адразу прыкмеціла, што яны, Ганна і Башлыкоў, нядобра тояцца. Што між іх, значыць, нешта здарылася, паганае для яе. Кепска на душы было Ганне яшчэ і таму, што, хоць чула сябе вінаватаю перад Параскаю і хоць разумела, што павінна была б расказаць пра ўсё сама, павінаваціцца, ні расказваць, ні вінаваціцца не магла. Як бы разам адняло мову і сумленне.
Калі праўду казаць, то маўчанне і стрыманасць Ганны тлумачыліся не гэтымі прычынамі, а тым, што яна была яшчэ вельмі ўзрушана ўсім, што раптам звалілася на яе. Яна не магла яшчэ прывесці да ладу свае пачуцці і думкі, разабрацца ў іх.
Параска, прытворшчыца, сёрбала гарачы боршч, ела дранікі з такой ахвотай, нібы згаладалася немаведама як і нібы ў гэтым, у ядзе, была найвялікшая радасць. Яна такі, праўду сказаць, любіла паесці, ведала смак у ядзе, але сёння, бачачы, як яна кідаецца на боршч, на дранікі, Ганна не верыла ёй. Бачыла, здавалася, што тоіцца, што збіраецца, вось-вось выбера момант і скажа. Не, паабедала і хоць бы знак які падала, як яна глядзіць на тое, што здарылася.
Калі ўстала з-за стала, давольная, абцерла губы, пахваліла:
– Смачна паела!.. – Амаль папракнула весела сябе: – Наелася на два дні!.. – Мелькам, весела ж, зазначыла: – Дарэмна ён не застаўся! Не пашкадаваў бы!.. – Заплюшчыўшы соладка вочы, пацягнулася, нібы спалохалася: – Ой, на сон нешта павяло!.. – Яна пазяхнула, потым выпрасталася, нязгодна крутнула галавой: – Не, спаць няма калі! Трэба – за сшыткі!
З выгляду рашучая, нібы ганарлівая, той цвёрдай хадою, якою кіравала звычайна ў клас, на заняткі, падалася ў свой пакой. Крокі там амаль адразу ж запыніліся, чыркнула, пасоўваючыся, гнутае з дручкоў, з фанерным донцам, крэсла, што стаяла каля стала і на якім Параска любіла сядзець, і ўсё сціхла. Падобна было на тое, што Параска села-такі за стол, правяраць сшыткі.
Праверка сшыткаў, ведала Ганна, – доўгі клопат.
Калі толькі яна будзе сапраўды чытаць, то гэта надоўга. Надоўга ці ненадоўга ўзяла яна сшыткі, Ганна пачула палёгку. Можна нарэшце пабыць адной, перадыхнуць.
Прыбрала са стала, перамыла посуд, праз калідор выйшла ў клас, стала прыбіраць там пасля дзённых заняткаў. Рабіла ўсё хутка, нецярпліва, як бы хацела перадаць, збыць з душы той неспакой, што неадступна вярэдзіў яе. Сярод класа раптам кінула мокрую анучу, якой мыла падлогу, з адчаем села на парту, бяссіла апусціла рукі на калені. «Заўтра. Як сцямнее…» – біла, здавалася, у скроні.
Горача было. Задыхалася нібы. Аж паверыць няможна. Як бы выдумка якая: «Да цябе прыехаў… Заўтра. Як сцямнее…» Думкі рваліся ў тое заўтра, на шлях. Галава тлумілася ад гэтых думак. Радасць залівала ўсю. Радасць і неспакой. І радасць, і неспакой былі моцныя, грымелі проста, здавалася, на ўвесь пакой. Першы час не магла саўладаць з імі, не магла думаць ні аб чым. Потым ужо вылучылася неспакойнае: што ж гэта значыць? Што будзе? Нарэшце зусім стрымала сябе, зірнула на ўсё стомлена і, як бы працверазеўшы, прысудзіла сабе: «Нічого не будзе. Нічого!»
Калі паспакайнела, стала больш назаляць тая вінаватасць, якую чула перад Параскаю. Нейкі час думкамі горача даводзіла не то сабе, не то Парасцы, быццам тая стаяла перад ёй, чула, што не рабіла нічога для таго, не старалася ніяк. Скончылася гэта тым, што яна рашыла смела: пайсці да Параскі, вылажыць ёй усё, як яно ёсць і як было, няхай ведае. І няхай не думае, чаго не трэба. Не думае няхай, што яна, Ганна, такая, як ёй, мабыць, здалося.
Спусцілася з парты, выцерла рукі аб фартух, прыгладзіла валасы. У калідоры, перад тым як адчыніць пакой, прыпынілася, пачула цішыню ў Парасчыным пакоі. Мудра не паверыла цішыні. Не чытае, канешне, сшыткаў сваіх. Не да чытання. Сядзіць, няйнакш, і думае: каго прыгрэла?..
Упэўненай рукой адчыніла дзверы, рашуча ступіла. Ведала: будзе непрыемная, цяжкая гаворка, але гатовая была да яе. Скажа ўсю праўду. Няхай не думае. Ступіла і здзівілася, узяло расчараванне: Параска хілілася за сталом, чытала. Вочы пільна бегалі па лістках, аловак раз-пораз хутка ставіў знакі. Знаёмы чырвоны аловак.
Не азірнулася нават на Ганну. Ганна бачыла: не прыкідваецца, уся ў клопаце. У сшытку сваім.
У такія хвіліны Ганна раней выходзіла з пакоя. Цяпер цвёрда пайшла да стала, села побач на табурэт. Выказаць усё адразу. Скінуць з сябе.
– Параска, – прамовіла строга, тонам загаду.
Тая, не адрываючыся ад сшытка, матлянула галавою: пачакай. Пабегла вачыма далей па радках, паставіла хутка некалькі знакаў.
Ганна зазлавала:
– Ды паслухай ты!
– Пачакай, патрывай!.. – зноў крутнула галавой. – Бачыш жа…
Толькі дачытаўшы, паставіўшы ў канцы апошняе – адзнаку, подпіс, узняла галаву. Зірнула надзіва лагодна, з усмешкай.
– Ну што?
– А от што! – Ганна знарок выказвала злосць. – Не знала ты, каго брала к сабе!
– Ты чаго гэта? – здзівілася Параска. Здзівілася, бачыла Ганна, шчыра.
– А таго! – Ганна гаварыла задзірыста. Нібы падбівала Параску на спрэчку. З націскам, са злосцю аб'явіла: – Папрашчайся са сваім Башлыковым!
Параска, было відаць, не зразумела нічога.
– Папрашчацца… Чаму?
Ганну ўздымала рашучасць.
– А таму! – Рэзаць, дык рэзаць адразу: – Адбіла я яго ў цябе!
Параска, праўда ж, усё не магла ўразумець як след тое, што ёй казалі.
Можа, падумалася Ганне, гэта ад таго, што яна гаварыла Парасцы нібы з насмешкай над сабой. Нібы не сур'ёзна.
– Калі ж ты ўправілася! – засмяялася раптам Параска. – От і не падумала б!
У голасе Параскі было захапленне. Быццам хваліла Ганну.
– Ты не смейся. Спатканне назначыў, – сказала Ганна строга.
Як ні рашуча настроена была, нядобра было. Твар гарэў, дыханне сцінала. Вінаватаю перад Параскаю, навек вінаватаю чула.
– Спатканне? – не паверыла Параска.
– Спатканне.
Параска нарэшце зразумела ўсё, перастала смяяцца. Але жалю не паказала. Проста, годна прамовіла:
– Што ж, віншую.
Было трохі маўчанне.
– От каго ты прытуліла! – не вытрывала Ганна.
Параска доўга глядзела ў сшытак. Нерухома ўжо. Ціха сказала:
– Не думай пра гэта. Пра мяне.
Трэба было б пайсці: галоўнае ж зрабіла. Але не магла ўстаць. Не адразу выказала:
– Што ў вас було?
Параска ўсё глядзела ў сшытак.
– Што было? – Павольна, цвёрда прамовіла: – Нічога не было.
– А казалі… Чула я…
– Разы тры заехаў. Увесь грэх.
– А гаварылі ж… – У Ганніным голасе быў папрок.
Параска ўскінула вочы, адолела тугу. Пажартавала нават:
– Глядзі, каб пра цябе гаварыць не сталі…
Ганна бачыла: туга ўсё таілася ў Парасчыных вачах. Не адазвалася на жарт.
– Ні на што мне ўсё ето, – прамовіла цвёрда, шчыра. – Да і не пара мы. Што дуб і лаза… Не дацягнешся… Каб і можно було…
– Ну, ты гэта – глупства, – задуменна запярэчыла Параска. – Невядома яшчэ: каму да каго цягнуцца.
– Сказала!
Параска маўчала. Ганна дадала наастатак:
– Да і ні да чога ўсё ето.
Калі Ганна ўзнялася, Параска адразу ўзяла наступны сшытак, разгарнула, пабегла вачыма па радках.
А Ганна не магла супакоіцца. Вярнуўшыся ў клас, паспрабавала зноў мыць падлогу – і не здолела. Кінула анучу ў вядро. Сядзела за партай, хадзіла па пакоі, тады выйшла на ганак, на халодны вецер. Думала, што, можа, на холадзе паспакайнее. Вечарэла. Далячынь – балотны хмызняк – агортваў сумны прыцемак. Сумны вячэрні прыцемак клаўся і на хаты, на вуліцы, на двор перад школай. А ёй было, насуперак усяму, радасна. Цяпер, калі ўсё выказала Парасцы, калі Параска як бы дазволіла, дык радасць гэта нібы выбавілася на волю, падужэла. Захапіла мацней.
Яна не ўспамінала, яна ўся жыла адчуваннем незвычайнага. Такога дзівоснага, што, хоць сама бачыла і чула, проста не верылася. Як гэта магло здарыцца з ёй, якой усе гады так не шанцавала? Як магло зваліцца іменна да яе такое шчасце? Як выдумка.
Адно вылучылася з усяго, білася, паліла, спявала: «Да цябе прыехаў… Цябе пабачыць хацеў… Заўтра, як сцямнее. На шлях…»
«Заўтра. Як сцямнее». Заўтра. Заўтра.
Не, і цяпер радасць была нядоўга адна. Не тая цяпер была Ганна, каб так лёгка паверыць у шчасце, ды яшчэ такое. Якое і ўявіць сабе нельга і якое так неспадзеўкі звалілася да яе. Неспадзеўкі і нібы не па закону.
Стаяла ў кофтачцы, без хусткі. Рукі былі яшчэ закасаны. Вецер сцінаў усю. Стрымліваючы дрыжыкі, знарок кпіла з сябе: знайшла шчасце, дурная! Само ў рукі ўляцела! Трымай мацней! Халодны вецер такі выдзімаў тлум з галавы, думалася ясней. Цвяроза прысудзіла сабе: нічога не будзе з усяго гэтага. Пустое! Не пара яму! Прыбіральшчыца!.. Не такую яму трэба!
Параска – от хто яму пара!
«Пара не пара, а от выбраў! – запярэчыла ў ёй неразумнае, даверлівае, што вельмі ж не хацела траціць радасць. – Выбраў! Не Параску, а яе, Ганну, выбраў!» – «Выбраў! – пакпіла яна з той даверлівай дурніцы. – Захацелася пацешыцца мужчыну. Падурэць трохі: маладая кроў! Пабачыў – адзінокая, вольная!..» – «Адзінокая, вольная, – адразу падхапіла тая, якой так хацелася шчасця. – А Параска – не вольная?..» – «Вольная – ды не такая, няпростая. Да гэтай так не падыдзеш, не пазавеш так зразу!..»
Вучыла сябе розуму, а не разумела. Не слухалася ўсё ж сама сябе. Не даходзілі неяк, не бралі цвярозыя перасцярогі. Калі азіралася на тое, што было, які быў ён, калі казаў «да цябе», «заўтра» – чулася, верылася: няпроста і ў яго. Не так сабе казаў. Упадабаў. Бачыла, не сляпая. Упадабаў.
Трымаўся, праўда, важна, аж лішне. Але, відаць жа было, знарок гэта: гонар свой мужчынскі помніў. І начальніцкі гонар не забываў. Ганарлівы аж занадта, відаць. З-за гонару, не інакш, так багата маўчаў, нібы не адважваўся паступіцца. І сказаў толькі некалькі слоў, і то не адразу, і не абы-як. Дзівілася, згадвала з ухвалаю: далікатны які, не дакрануўся нават, не тое што не палез сляпіцаю, як нашы вясковыя. Ведама, культура.
А можа, і ад таго такі – радасна хацелася гэтага, – што ўпадабаў. Як ні стрымлівала гэта, баючыся памыліцца, весела чула: сілу мела над ім. І ён знаў гэта. Таму і быў такі, не падобны на сябе, ціхі, стараўся адолець гэта. Стараўся і не змог! Сказаў: «Да цябе прыехаў!» Да цябе адной. Не магла думаць інакш, як пра дзіва: такі чалавек быў неабыякавы да яе. Прыкмеціў, выбраў, захацеў яе, іменна яе. Такі дужы, такі разумны, такі строгі!
Вярнулася ў клас, запаліла лямпу. Стала завіхацца. Потым кінула ўсё, зноў села, задумалася. Зноў судзіла сябе: не строй, дурная, свят. Не будзе ў цябе нічога. Не пара!..
Не будзе, і няхай не будзе, унізалася яшчэ адно цвярозае. Можа, ёй нічога і не трэба. Ёй, можа, і таго даволі, што ёсць. І тое – свята ёй…
А наогул – няма чаго сушыць галаву.