Текст книги "Завеі, снежань"
Автор книги: Иван Мележ
сообщить о нарушении
Текущая страница: 17 (всего у книги 18 страниц)
Башлыкоў падвёз яе да гумнаў і адразу завярнуўся. Хутка вазок яго знік упоцемку.
Яна прайшла некалькі крокаў і стала на сцежцы, поўная тлумнага, супярэчлівага хвалявання. Стаяла адна сярод цемнаватага поля між загуменнем і школаю, сярод цішыні, у якую адно ўбіваліся п'яныя галасы, аднекуль з сярэдзіны сяла. Там спрабавалі спяваць. Яна не думала ні аб чым, не спрабавала разабрацца ў тым, што адбылося. Нібы разумела, што ні да чаго ўсё роўна цяпер думанне, не дадумаецца ні да чаго.
Проста хацелася пастаяць адной, пабыць з сабою. Пабыць пад гэтым паяснелым небам, з якога перастала сыпаць снегам. Цешачыся халаднаватаму ветру, што свежа абвяваў твар, парадавацца адчуванню волі, прасторы, якія так мілы цяпер душы.
Можа, ёй пасля Башлыкова нядобра было бачыцца цяпер з Параскаю. Можа, было і такое. Але яна не думала ясна пра гэта. Не хацела думаць ні аб чым. Нейкі час яна цешылася адно ноччу, цішынёю, воляю.
Неахвотна падалася да школы. Акно ў Парасчыным пакоі свяцілася, і яе кранула вінаватасць. Узяла няёмкасць перад Параскаю, і яна ўжо ясна адчула, што не проста будзе пабачыцца, глядзець у вочы ёй. Падумала мімаволі: лепш было б, каб яна спала ўжо. Каб не бачыцца цяпер, не сарамаціцца.
Нацятаю была, калі, прыцішваючы крокі, прайшла паўз паску святла з Парасчынага пакоя. Чакала з насцярожанасцю, што выйдзе з дзвярэй сама, паглядзіць, зразумее ўсё. Не выйшла. На кухні Ганна намацала лямпу, запаліла, больш для таго, каб прыглушыць сумяціцу ў душы, няцвёрдасць, стала пераціраць чысты посуд, перастаўляць тое, што было на месцы.
Рабіла так, нібы вярнулася з нейкіх адведак з сяла. Параска ўсё не выходзіла, гнулася, пэўна, над сваімі сшыткамі. Ці, можа, разумела ўсё, што на душы ў яе, Ганны, не хацела даваць прыкрасці. Ганна ж ужо як бы пачула дакор свайму хаванню, якое прыніжала яе, кранала яе гонар.
З вяртаннем гонару вярталася ўпэўненасць. Ужо як бы захацелася пабачыцца вочы ў вочы, выказаць годнасць сваю. Няхай не думае пра яе, Ганну, чаго не трэба!
Смела адчыніла дзверы.
– Слепіш вочы ўсё? – прамовіла амаль задзірыста.
Параска як бы неахвотна адарвалася ад стала. Але сустрэла неспадзявана давольнаю, нават шчасліваю ўсмешкаю:
– П'еску выкапала! Такая смешная! Рогату будзе на ўсё Глінішча! Тут адна ролька ёсць, удавы-барыні! Хочаш, дам табе, па знаёмству?
– Найшла пра што! – папракнула Ганна.
– Не, я праўду! Згаджайся, пакуль не позна! А то перадумаю, сама вазьму! Зайздросная ролька! Кар'еру можна зрабіць адразу! Адразу славутай артысткай стаць! На ўсё Глінішча праславіцца! Ну?
– Хопіць мне той славы, што ўжэ е.
– От дзівачка! Удачы сваёй не бярэш! Ну што ж, я сказала! Дзела тваё! Кусай потым локці сабе! – Параска памаўчала, амаль не мяняючы тону гаворкі, сказала: – Заязджаў твой, былы. – "Былы" прамовіла з націскам, з насмешачкай.
– Гаварыў што? – не таіла насцярожанасці.
– Не, нічога. Пабачыць захацеў! Занудзіўся!
– І не пачакаў!
– Негасцінна сустрэла!
Пагаварылі яшчэ тым жа ладам, Параска раптам з адчайнай рашучасцю пазвала:
– Давай пагуляем! Першы ж дзень новага года як-ніяк! Не будзе ж больш першага?
Учора быў вечар у школе. Было поўна дзядзькоў, цётак, вучняў. Як заўсёды, і ў класах, і ў калідоры, і пад вокнамі. Даклад быў Парасчын пра новы год, вучні групкаю і паасобку спявалі песні, чыталі вершы. Была і п'еса маленькая, позна пачалі і позна скончылі, апоўначы. Параска, шчаслівая і стомленая, адно павіншавала Ганну і павалілася спаць.
Параска адразу захадзілася, кінулася ў куток, дзе стаяла шафа з адзеннем, выхапіла адтуль фасоністую бутэлечку, што бліснула густа-чырвона.
– О! Наліўка вішнёвая!
– Галіна Іванаўна спіць ужэ, – паспрабавала ўгаманіць яе Ганна.
– Ну, дык мы тут!
Параска змяла са стала кніжкі, журналы, сшыткі, паставіла слупам бутэльку. Ганна заспяшалася на кухню. Стараючыся не стукаць, хапатком унесла што было закусіць. Як ведала, уранку зрабіла студзень. Так што закускі было добрай.
– Ну от! – І словы, і выгляд Параскі гаварылі, што вось яна хацела і дабілася таго, што належала. Яна з разуменнем важнасці моманту ўзняла чарку з наліўкай, стукнула яе з Ганнінай. – Штоб добры быў год!
– Няхай бы.
– Ды і не год. Дзесяцігоддзе пачынаецца, – прамовіла Параска задуменна. – Дзесяць гадоў… Якімі яны будуць?
Яна тут жа адагнала смутак: не для таго селі за святочны стол. І гаварыла, і трымалася весела, па-сяброўску, знаку не дала, што яна ў якой-небудзь крыўдзе на Ганну. Як бы паказвала, што толькі дабра зычыць Ганне.
Ганна бачыла, што зычлівасць яе ад душы, што не тоіцца, і ёй станавілася ўсё лягчэй, вальней. Нарэшце разышліся так, што адна адну са смехам стрымлівалі, нагадвалі: Галіна Іванаўна спіць.
Спаць лажыліся вясёлыя, давольныя вечарам, адна адной.
У ложку, у цемры, Ганна чула, што нібы плыве. Узяла, хмеліла Ганну салодкая Парасчына наліўка. Праз хмель Ганне бачыліся дарога сярод белага поля, пусты шлях, Башлыкоў на вазку. Пачула сябе на вазку, побач з ім, так жыва, нібы і праўда цяпер сядзела з ім. У памяці пайшла іх гаворка, загучалі, захвалявалі яго словы: "Трэба вучыцца!.. А можа, у мястэчка давай? Там лягчэй будзе вучыцца… У нас арцелі там… Адтуль табе ўсе дарогі адкрыты… Я сам з таго пачынаў. Распісацца не ўмеў… Галоўнае, праявіць настойлівасць – і ўсяго даб'ешся!.. Ты зможаш, я бачу!.." Слухаючы гэта, поўнілася непаслухмяным, радасным хваляваннем. Бачыла сябе, незнаёмую, чыста апранутую, годную, у мястэчку, у Юравічах. Не адна была там, з ім! Нібы была ўжо гарадская зусім, такая граматная, як Параска. У трызненне гэта амаль неадчэпна прадзіралася цвярозае, недаверлівае. Паддаючыся яму, аберагала сябе, наганяла ў думанне одум: "Настроіла сабе бог ведае што! Так ето ўсё просто!" І ўсё ж бачыла мястэчка і сябе ў ім, і Башлыкова, і галава кружылася ад незвычайнага, што мроілася ўжо як рэальнае. "Новы год, – прайшло ў думках, як поўнае важнага значэння. – Новае пачынаецца. Пачалося!.." Чула, што як бы разарвалася ці вось-вось разарвецца ўсё, што аблытала, абціскала яе.
Сярод гэтага думання халадком працяла: ці ведае ён пра Яўхіма? Што ў яе такі муж, з такой сям'і. А калі не ведае і даведаецца, то што скажа? Але гэта адышло лёгка: мала хто быў яе мужам! Што было – сплыло.
У сне ёй бачыўся горад. Не Юравічы, а нейкі нябачаны, неймаверна вялікі. І снілася, што яна блукае, блукае па незнаёмых вуліцах, шукае і ўсё не можа знайсці свой дом. У адчаі яна прагне знайсці Башлыкова, ён ведае ўсё. І не можа ніяк знайсці яго…
4Назаўтра, пад вечар, яна зноў была ля шляху. Першым поцемкам убачыла вазок. Башлыкоў здалёк выгледзеў яе, борзда пад'ехаў. Калі зноў збочылі ў лес, Башлыкоў спытаў раптам:
– Ты была ў Нароўлі?
– Не… – здзівілася яна.
– Я – адзін раз. З'ездзім?
Яна зразумела: сказаў невыпадкова. Абдумаў загадзя. Адказала, не вагаючыся:
– А чаго ж.
– Так і быць, – прамовіў ён задаволена. – Адзначым Новы год і сустрэчу!
Ён завярнуў вазок. Выкіраваў на шлях. Між двух блізкіх адхонаў спусціліся на грэблю. На грэблі мацней хадзіў вецер – абапал было адкрытае поле. Балота. Калі ўздымаліся шляхам пасля балота, насустрач прайшлі сані. Моўчкі размінуліся. Упоцемку было не разабраць – хто. І іх, мабыць, не пазналі.
Зноў былі адны, адны з цемрай, з ноччу.
– Утаміўся я, – сказаў Башлыкоў шчыра. – Усе гэтыя ночы – сходы. І без поспеху, можна сказаць. Не паддаюцца мужыкі. Рукамі і нагамі за лапік свой трымаюцца. Як у тваіх Глінішчах.
Ён нагадаў пра Глінішчы без злосці, пакпіў нібы смехам.
Ёй спадабаліся яго шчырасць і давер'е яго, якое за шчырасцю адчувалася. Кранула яе, што ён так проста прызнаўся, нібы папрасіў падтрымкі ў яе.
– Трудно ето людзям, – сказала яна, як бы супакойваючы яго. – Усё ж кроўю нажывалі. А тут зразу – аддай.
– Ведаю, што – нялёгка… Але ж талкуем, убіваем у галаву: ніхто не адбірае. Аб'ядноўваем для вашага ж дабра. Каб вылезлі з беднасці, з голаду.
– Многа чуў мужык абяцанак на вяку… Таму і верыць няпроста.
– Да, спадчына мінулага жыве. Але ж пара ўжо і адвыкаць ад гэтай спадчыны!.. Злуе, разумееш, глухата страшная! Колькі ні талкуй, не даходзіць!
– К мужыку падход трэба, – як больш дасведчаная, лагодна аб'явіла Ганна. Папракнула па-таварыску: – У цябе падходу не хапае. Гарачы ты, хутко хочаш! Па-гарадскому ўсё мерыш!.. Ты глядзі от як Апейка!..
– Апейка, Апейка!.. – нецярпліва перарваў яе Башлыкоў. – Не хачу я глядзець: як Апейка! Апейка кульгае – правы ўхіл, яўны!
– Ухіл ці не ўхіл, не знаю. А толькі ў яго – падход! Хітры ён!
– Хітры. Гэта – праўда, – згадзіўся ён ахвотна. Засмяяўся нават: удала падмеціла. – А я не люблю хітрасць, – выказаў ён як вельмі важнае, дарагое. – Я люблю проста, па-рабочаму! Па-партыйнаму… Я ўвесь час дасюль сярод рабочых жыў, – з гонарам і давер'ем адкрыў ён частачку мінулага свайго. – На чыгунцы… Прывык рэзаць проста. І далей буду так.
Ёй не хацелася спрачацца з ім. Але была нязгода з тым, што ён казаў; у жыцці не заўсёды разумна гэта – рэзаць. Памкнулася памагчы, падказала яму:
– Знаеш, часам, абышоўшы, хутчэй дойдзеш, як напрасткі.
– Гэта – на балоце, – сказаў ён рэзка, амаль з насмешкай. – У палітыцы трэба ісці толькі прама.
Яна прамаўчала яму. Прытаіўшы крыўду, падумала: усё ж яны розныя вельмі, і ганарлівы занадта ён, не ўмее слухаць.
Ехалі зноў моўчкі і нібы адасобленыя. Башлыкоў, мабыць, каб разагнаць гэту нядобрую маўчанку, чужаватасць, пакпіў з сябе:
– Не прыжывуся я ўсё ніяк да вашай зямлі і да вашых парадкаў. Па дому свайму ўсё нуджуся. – Як мару выказаў: – Вось выканаю тут заданне і папрашуся назад, да сваіх. У Гомель, на чыгунку.
І гэта не спадабалася: хоць і кпіў, а нібы хваліўся горадам, парадкамі сваімі. Нібы вышэйшасць сваю паказваў. Але не адазвалася на яго прымірэнне больш з-за ранейшай крыўды. Няхай ведае, што ў нас таксама гонар ёсць.
Башлыкоў трохі маўчаў. Потым раптам захваляваў гаворкаю пра тое, што быў у Куранях, у яе хаце, пазнаёміўся з бацькамі яе.
– Маці ў цябе – з характарам!
– З характарам… – згадзілася яна.
Усё, што было да гэтага, умомант выветрылася з душы. З раптоўным халадком у грудзях чакала, што скажа зараз пра Яўхіма.
Чакала, быццам удару.
Доўгім, назольным здалося гэта чаканне. Пакуль чакала, зазлавала на сябе, на Башлыкова: што пачаў гэта; пацвярдзела душой. Гатова была ўжо як мае быць сустрэць удар, калі Башлыкоў уразіў нечаканым:
– Ты чаму адна? – Растлумачыў: – Не замужам?
Яна прыслухалася, старалася зразумець: шчыра ён гэта, сапраўды не ведае ці ад яе пачуць хоча. Па тону пытання цяжка было зразумець, чула толькі, што пытанне гэта – важнае яму. І што, можа, думаў пра гэта.
Нялёгка адужала хваляванне, выціснула, нібы жартуючы:
– Не бярэ ніхто…
– Не падобна, – цвёрда, сур'ёзна прамовіў ён. Не падтрымаў жарту.
Яна спахмурнела. Адказала нелагодна:
– Паспытала. Больш не хачу.
– А што… разышліся?
Божа мой, няўжо ён, праўда, нічога не ведае! Не ведае, пэўна ж. Што яму сказаць?
– Разышліся. – Зазлавала. – Няма яго, лічы. Памёр.
– Памёр?..
– Не хочу пра яго! – адрэзала.
Ехалі зноў моўчкі, кожны па сабе. Тады ён загаварыў, стаў лагодна, раздумліва расказваць пра сябе. Можа, таму, што вінаватым чуў за тое, што зрабіў прыкрасць ёй, а можа, ад таго, што згадка пра яе бацькоў напомніла яму пра сваё. Аказалася, і яму паспытаць давялося: не ў харомах рос, у цёмным бараку, бязбацькавічам. Бацька кінуў сям'ю, маці цёмная, зарабляла грашы, хоць рабіла свету не бачачы. Пасля работы на складзе – там прыбіральшчыцай была – вечарамі, вольнымі днямі мыла бялізну багацеям. У пакоі іх тады не было як дыхаць ад пары, сцінала грудзі, кашаль душыў. А жылі так, што хлеб не заўсёды быў на стале.
Ён старэйшы. Ледзь хадзіць навучыўся, давялося памагаць маці, зарабляць. Пачалося з бялізны, якую маці мыла, – разносіў па дамах. Тады аддалі вучыцца ў майстэрню, на цесляра. Багата перапробаваў ён работ, пакуль знайшоў сваё месца. Але і цяпер няпроста ў яго дома: сястра, Нінка, няшчасная, калека, брат – здаровы, пешчаны, разбэсціўся зусім. З нэпманаўскай дачкою надумаў ажаніцца. Робіць яго, Башлыкова, нэпманаўскім сваяком…
Апошняе – словы пра "нэпманаўскага сваяка" – Ганну кальнула, але яна адагнала думкі пра гэта. Шчырая гаворка Башлыкова ўзрушыла яе: акрамя таго, што ёй неабыякавым было ўсё, што яму давялося паспытаць, шчырасць яго кранула Ганніна сэрца тым, што ён, не тоячыся, шануючы, як бы ўвёў яе ў сваю сям'ю, у сваё жыццё. Яе ўсхвалявала, што жыццём сваім ён падобны на яе, можна сказаць, блізкі ёй. З удзячнасцю яму за шчырасць яна пачула блізкасць сваю яму.
Ад звычкі за дабро плаціць дабром яна, хоць і стрымана, коратка, расказала яму пра сваіх – бацьку, мачыху, Хведзьку. Расказала таксама шчыра, праўдзіва, ні словамі, аднак, не згадала Яўхіма і Васіля. Да тайны гэтай яна не захацела дапусціць яго. Тайна гэта, здалося, лягла між іх як нейкая вельмі чутная мяжа.
Ён ці не пачуў гэту тайну, ці не надаў ёй значэння. Абняў Ганну за плечы, прытуліў да сябе. Яна не здзівілася, не спрабавала вызваліцца. Не дзеўка, ведала, што гэта будзе. Раней ці пазней – будзе. Тоячы сваю тайну, чутную ёй цяпер, маўчала, паслухмяная ў яго абдымку.
Каб не тайна гэта, ёй было б зусім хораша. Але тайна была, жыла ў ёй. Мімаволі прайшло ў думках: няўжо ён так і не ведае нічога пра Яўхіма? Для іх, для партыйцаў, гэта, здаецца, важна ж? Ці – ведае і не зважае? Смелы такі? Любіць так? Праўдзівая і смелая, яна, аднак, не наважвалася высвятляць. Баялася рызыкаваць тым, што ёсць. Адагнала думанне, неспакой, моўчкі цешылася яго ласкай, цішынёй, бегам вазка, шараватай упоцемку дарогай.
Толькі калі пачула яго далонь пад кажухом, на грудзях, адвяла руку Башлыкова.
– Не трэба.
Ён паслухаўся.
Мелькам адзначыла: ехалі незнаёмым полем. Шлях на Юравічы быў даўно ўбаку. Ішло і ішло гэта шэрае, нібы зажуранае поле. Потым поле скончылася, палезлі насустрач хаты, кінуўся пад каня сабака. Калі хаты адступілі, пачаў выбягаць чорнымі купамі нейкі лазняк. Вазок стала моцна хіліць з боку на бок, так што самой трэба было туліцца да Башлыкова.
За лазняком пайшла роўная дарога. Рака, напэўна. Штосьці бліснула ўперадзе, як бы на ўзгорку, – агеньчык нейкі. Потым яшчэ адзін, другі. Раптам вырасла, амаль усутыч, не відная раней града-бераг. Нейкім ярам сталі ўздымацца на яе, уехалі ў вуліцу. Чым далей, больш свяцілася агнёў. Башлыкоў адхінуўся. Сядзеў ужо роўна, трымаў аберуч лейцы.
Ля нейкага чалавека Башлыкоў прыпыніў каня, запытаў, дзе тут сталовая. Дзядзька расказаў, як праехаць да яе. Башлыкоў падзякаваў, рушыў далей. На плошчы яшчэ спыніў чалавека, запытаў. Нарэшце прытрымаў каня каля нейкіх светлых вокан. Загадаў ёй пачакаць, саскочыў на зямлю. Вярнуўся давольны:
– Тут. Прыехалі!
5У велікаватым пакоі, дзе стаяла поўна сталоў, было амаль пуста. Пасля змроку і холаду дарогі весела было мружыцца ад святла, чуць утульнасць, цяпло жылля. Святло і цяпло нібы зычылі радасць.
З чаканнем гэтай невядомай радасці Ганна і села за стол, які выбраў Башлыкоў. Ён зняў шапку, але не сеў, стоячы ля стала, заклапочана азірнуўся. Быў ён цяпер засяроджаны, строгі, падобны на таго, якім яна бачыла яго на сходзе ў Глінішчах.
Паявілася аднекуль, штосьці дажоўваючы, таўставатая цётка з фартушком, кінула нядобра позіркам на Башлыкова, на дзверы, крыкнула недавольна: хто адчыніў дзверы! Рушыла проста да іх, не гледзячы, адрэзала:
– Усё. Зачынено.
Яна аб'явіла так, што пярэчыць было лішне. Башлыкоў не варухнуўся. У твары яго з'явілася нешта цвёрдае. Ён, відаць, стрымаў сябе, прамовіў спакойна:
– Мы з дарогі. Нам перакусіць.
Цётка ікнула. Жалезна паўтарыла:
– Сказано. Зачынено.
Твар Башлыкова яшчэ пацвярдзеў.
– Дзе загадчык?
– А што загадчык? Няма загадчыка!
– Тады паклічце буфетчыцу.
У голасе яго чулася такая цвёрдасць, што таўстуха, каб не дурная, павінна была б скеміць, з кім мае гаворку. Але не адступала, усё насядала са сваім: "Сказано!"
Башлыкоў, нібы не лічыў годным весці з ёй спрэчку, моўчкі, рашуча пакрочыў да буфета. Буфетчыца корпалася за доўгім сталом сваім са шкляным верхам, сустрэла таксама не надта ветліва, але адказала яму, і ён смела адчыніў дзверы побач. Паявіўся ён з дзвярэй з маладым, хударлявым чалавекам, што пакульгваў. Чалавек гэты штосьці сказаў буфетчыцы і пазваў афіцыянтку, тая была ўжо ля аднаго століка, разлічвалася з людзьмі. Яе, аказалася, звалі Надзяй.
Афіцыянтка, не хапаючыся, строячы з сябе няшчасную, паклыпала да буфета.
Усё гэта здарэнне адазвалася ў Ганне такой прыкрасцю, што яна глядзець на гэта не хацела. На яе характар, яна з такой ласкі ўстала б даўно і, пекануўшы належным слоўцам дурную таўстуху, з пагардай на твары выйшла б сама. Трэба яна ёй, такая вячэра, калі такі прывет. Але разам з тым, бачачы ўсё гэта, яна не магла не адзначыць, як трымаўся ў паганай гэтай гісторыі Башлыкоў. Тое, як ён годна гаварыў, як настойліва дабіваўся і дабіўся свайго, выклікала не толькі павагу да яго, але і ўдзячнасць: так клапаціўся, можна сказаць, пра яе. З гэтым жылі і прытоенае захапленне, гонар: з такім можна не баяцца нічога, такі не дасць у крыўду.
Ён прынёс ад буфета цёмную бутэльку, дзве шклянкі. Бутэльку паставіў між іх, адну шклянку перад Ганнай. Спрэчка, было відаць, запаліла яго, твар быў неспакойны яшчэ, але было ў ім ужо задавальненне тым, што ўсё ж дабіўся свайго.
– Ёсць толькі катлеты, – буркнула таўстуха, стаўляючы сподак з тоўстымі скрыдлікамі хлеба.
– Давайце катлеты.
Башлыкоў не глянуў на яе. Помсціўся за абразу. Узяў бутэльку, адкаркаваную ўжо – корак тырчаў толькі для прыліку, – лёгка выняў корак. Паднёс бутэльку перш да яе шклянкі, стаў далікатна наліваць. Калі наліў да паловы шклянку, яна ўзялася за бутэльку, сказала, што ўжо годзе, але ён лагодна адвёў яе руку, даліў поўна. Тады ўжо наліў сабе.
Віно было чырвонае, густое, падобнае на вішнёўку. На бутэльцы, аднак, была паперка з нейкімі зялёнымі ягадамі, гарамі, прыгожымі залатымі літарамі.
– За наша шчасце, Ганна, – Башлыкоў глядзеў ёй у вочы, глыбока, прыхільна. – За Новы год!
У голасе яго як бы было штосьці асобае: абяцанне і спадзяванне нібы. Голас гэты незразумела хваляваў.
Віно было добрае, салодкае. Не вішнёўка, невядомае нейкае. Не тое што дурная самагонка. Гэтае хацелася піць, смакуючы. Яна і смакавала, хоць і старалася не паказваць гэтага.
Незвычайнае, дзіўнае віно гэтае як бы ўзмацняла незвычайнасць усяго, што адбывалася. Ён выпіў, адзначыла, да дна, адзначыла з павагаю, бо помніла, Параска казала, не п'е наогул. Дзеля яе, значыць, выпіў. Яна ўсё ж стрымалася, выпіла толькі палову, як і належала. Палову пакінула ў шклянцы. Ён заўважыў, папрасіў дапіць, але яна не паддалася. Паказала, што дбае аб прыстойнасці. І ела катлету з тоўчанай картопляй, таксама помнячы сябе. Не як галодная.
Башлыкоў даліў ёй у шклянку, а сабе зноў наліў поўна. І зноў яна не дапіла. Елі моўчкі. Трымаліся як проста знаёмыя, нібы нават чужыя. Ганне гэта падабалася: нашто ж сарамаціцца перад людзьмі, выстаўляць тое, што ў душы. Тое, што ў душы, у душы і павінна быць. Для адных іх. Башлыкоў на людзях, бачна, паводзіў сябе так, нібы за ім увесь час назіраюць. Яна – разумела ж усё – трымалася таксама так, каб ніхто не падумаў нічога. Не глядзела нават на яго, хоць некалькі разоў чула вострыя позіркі яго на сабе. Але, хоць амаль не гаварылі, хоць амаль не перамаўляліся і вачыма, было ў Ганны і, пэўна ж, у Башлыкова харошае адчуванне блізкасці, святочнасці.
Да ўсяго і віно хоць і слабое, а ўсё ж паволі брала больш і больш. Хмеліла галаву, усё цела. Ганна чула сябе ўсё лягчэй. Усё весялеў і ён, весялеў і нібы прыгажэў. Рабіўся прасцейшым, бліжэйшым.
6Яны скора ўзняліся, выйшлі. Калі сталі пры вазку, Башлыкоў узяў яе за локаць, нахіліўшы твар да яе, сказаў шчыра, з прыяцельскім смехам:
– Ты ведаеш, ад самага прыезду ў мяне першы такі вечар. Што я вось так – гуляю…
Ён дзівіўся з сябе, запрашаў яе падзівіцца. Захмялелы, ён быў, здавалася, зусім адкрыты і дабрэйшы. І нібы маладзей выглядаў.
Тут, упоцемку, на адзіноце, было лепш, лягчэй: не крывілася таўстуха, не карцелі іншыя, не трэба было так берагчыся чужых вачэй. Вальней было. І пасля цяпла і віна ў радасць быў халодны вецер, што пачынаў мясці снегам.
Яны селі ў вазок і паехалі па мястэчку, што моўчкі абступала іх каменнымі і драўлянымі пабудовамі, дрэвамі, цемраю, сярод якой яшчэ часта значыліся светлыя вокны. Але ўсё гэта мала цікавіла Ганну: мястэчка як мястэчка, што тыя ж Юравічы.
На халодным ветры хмель хутка сыходзіў, у галаве яснела. І хоць нібы, як і раней, добра было, ужо больш і больш учэпліваліся, вярэдзілі думкі. Ноч. Дадому няблізка. Пакуль дападуць, будзе за поўнач. Як яна явіцца да Параскі ў такі час. І не так Параскі трывожыцца трэба, як Галіны Іванаўны. Гэтая не тое што Параска – строгая, недавольная век. Пачуе адразу, выгаворваць стане. І да дня далёка; калі надыдзе той цяперашні, позні дзень! Дзень, у які можна будзе вярнуцца як бы з адведзін. Узяло раптам; можна было б, праўда, явіцца ў Бярозаўку, да цёткі! Можна было б, запярэчыла сабе, – але не сярод ночы!.. Як ні думай, пакпіла з сябе, застаецца адно: начаваць у полі ці ў лесе, на марозе!.. А чаго ж, падхапіла задзірыста, – можна і ў полі, на марозе! Такой бяды!..
Пра штосьці, можа, пра тое ж самае, думаў і Башлыкоў. Яна наогул не любіла, калі ён уцінаў падбародак у каўнер паліто, задумваўся: тачылася падазрэнне, нібы яго бярэ нядобры одум. Цяпер падавалася, быццам ён шкадуе, што выдумаў гэта, палез невядома чаго ў такую далеч.
Яна першая і бадзёра заявіла, што – пара дадому! Наглядзеліся, наездзіліся ўжо. Башлыкоў як бы толькі і чакаў, адразу павярнуў каня, відаць, да берага. Вецер біў цяпер амаль насустрач, кідаў свежым снегам. Адчувалася, што завея ўсё разыходзіцца. Ганну не палохала завея, нават радавала яе, уздымала дзіўна весялосць. Разганяла нудныя развагі. Нешта завейнае, мяцельнае білася ў Ганне.
Праз завейную мітусню яна чула адгукалася на ўжо рэдкія агеньчыкі ў хатах. Агеньчыкі гэтыя трывожылі і вабілі яе: там, дзе яны бліскалі, мроілася Ганне жыццё, якога яна не ведала, не падобнае на яе. Там, з гэтымі агнямі, бег паўз яе свет, не толькі незнаёмы, але і ўтульны, поўны святла і цяпла. Свет, які ледзь адкрыўся ёй, дзякуючы Башлыкову. І які павінен быў вось-вось знікнуць.
Што іх чакае там, у полі? Сярод мяцеліцы, што разгульваецца. На самым выездзе з вуліцы, дзе блізка зашарэла шырокая рухомая роўнядзь, бліснуў яшчэ агеньчык, як апошні кліч. І яна раптам з тым імкненнем, якое ўскідвалася ў ёй умомант, схапіла Башлыкова за руку, за лейцы:
– Давайце заедзем!
Ён стрымаў каня. Азірнуўся на акно. Нейкі час глядзеў туды. Адарваў позірк, думаў, вагаўся.
– Дадому позно, – выказала нецярпліва яна. – Да й мяцеліца…
Ён без асаблівай ахвоты пад'ехаў бліжэй, сышоў з вазка. Пастукаў у акно, на якім ад святла з сярэдзіны паблісквалі марозныя ўзоры. Там, за марознай мярэжай, паявіўся цень. Прытуліўшыся да яго, Башлыкоў папрасіў:
– Выйдзіце на хвілінку.
Цень нейкі час яшчэ чарнеў на шыбе. Потым прапаў, у доме чулася нейкая гаворка. Нарэшце стукнулі дзверы недзе, потым рыпнулі веснічкі пры варотах. У іх акрэслілася цьмяная постаць, можна было вызначыць – мужчына ў кажуху.
– Хто тут? – У голасе дзядзькі чуліся цікаўнасць і неспакой. Але ён прыхоўваў іх, гаварыў спакойна, амаль абыякава.
– Мяцеліца разгульваецца, – сказаў Башлыкоў, здалося, яшчэ з нерашучасцю. – Ці не можна спыніцца ў вас, пакуль прыціхне?
Так, Ганна прыкмячала, Башлыкоў адчуваў сябе няёмка. Але можна было падумаць, няёмкасць гэта была да таго, што трэба прасіць, даваць людзям клопат. Бачачы, што дзядзька-гаспадар прыглядаецца да іх, ахвотна памагла Башлыкову:
– У Хвойнікі едзем. З Міхалак. У гасцях булі, дак от позно выбраліся.
Яна лёгка выдумляла, было весела ад таго, што яна вось лаўчэй за Башлыкова ўмее распарадзіцца ў бядзе. Як бы разумней за яго.
Дзядзька прыгледзеўся і адчыніў вароты. Заехалі, распраглі каня, паставілі ў хляве, далі з вазка сена. Разам з дзядзькам падаліся да ганка. Башлыкоў доўга абтрэсваў, абіваў снег на ганку, у сенцах.
Усе, хто быў у хаце, адразу з цікаўнасцю навастрыліся на іх. Былі тут немаладая, вясковага выгляду жанчына, што нешта латала, чарнявая, падобная на маці, дзяўчынка гадоў дванаццаці за сталом, з кніжкай.
Адзін хлопец, трохі меншы за дзяўчынку, стрыжаны, бялявы, сядзеў на палку пры печы. Двое ці трое зырылі з печы.
Ганна і Башлыкоў весела прывіталіся.
– Папрасілі ў гаспадара вашага дазволу перабыць ноч. Мяцеліца разгулялася… – сказаў Башлыкоў да гаспадыні, стараючыся трымацца проста.
– А чаго ж, пабудзьце, – адказала прыхільна жанчына. – Тут і заблудзіцца нядоўга. На рацэ і ўдзень, бувае, з дарогі збіваешся. Калі ў мяцеліцу бярэшся з таго боку…
Башлыкоў, бачыла Ганна, быў насцярожаны. Перахапіла, як ён востра зірнуў на гаспадара, нібы правяраў: ці не знаёмы той, ці не пазнаў, хто да яго ў госці. Хоць стараўся трымацца ўпэўнена, Ганна адзначыла, што ён стоена нацяты. Неспакойнаю была і яна. Нават пашкадавала раптам, што падбіла Башлыкова завярнуць сюды. У той момант здалася не так ужо і страшнаю ноч у полі.
Але змяняць позна было. Заехалі, дык заехалі, трэба прынараўлівацца да таго, што ёсць. Павяла бяседу, якую належала весці ў чужой хаце, каб паказаць сябе як гасцей найлепшым чынам. Як бы дзякавала за прытулак, паскардзілася: на вуліцы мяце – страх, холад бярэ, конь змарыўся. Упікнула сябе за неразумнасць: позна выбраліся, не паслухаліся добрых людзей, раілі ж пачакаць да раніцы. "Праўда, – разважыла з одумам, – хто ж тады знаў, што будзе так. Ціхо ж саўсім було!"
За гэтым узялася распытваць пра сям'ю. Перш пра дзяўчынку, што хілілася над сталом, – як завуць, як вучыцца, пахваліла: відно адразу, што старатлівая. Пацікавілася пра хлопца на прыпеку, пра тых, што зіркалі з печы. Башлыкоў гаварыў мала, Ганна проста падзівілася, да чаго ён няспрытны быў тут. Праўда, гаспадар трапіўся таксама не надта гаваркі, але ж няўжо не можна было яму, такому адукаванаму, разгаварыць дзядзьку. Маўчалі абодва, дымілі адно папяросамі.
Падобна было: Башлыкоў усё не мог прызвычаіцца да таго, што заехаў сюды. Папракае, пэўна, сябе, яе. Зазлавала раптам на яго, ну і хай, сам вінаваты ва ўсім! Сам выдумаў ехаць на ноч гледзячы! А мерзнуць у полі яна не будзе! Вялікая ахвота калець у полі такую ноч! Тут гаспадыня ў гаворцы, нібы знарок, назвала ёй Башлыкова: "ваш чалавек"! Ганна ад неспадзеўкі ледзь не выказала праўду, але ў час спахвацілася: паказала абыякавасцю, як бы даўно прывыкла да гэтага – яе "чалавек". Пазней ужо не вытрывала, хітравата бліснула на Башлыкова, затаіўшы смех: значыцца, ужо "чалавек і жонка"! Як ён да гэтага, неспадзяваны "чалавек"?
Гаспадыня перарвала гаворку, захадзілася: трэба ж даць павячэраць людзям з дарогі. Яна адразу папрасіла прабачыць, што жывуць бедна, ды і павячэралі ўжо, так што няхай госці не крыўдуюць. Башлыкоў адразу перастаў дыміць, устаў нават, цвёрда аб'явіў, што павячэралі зусім нядаўна таксама, заехалі ў сталовую. Ганна памагла яму. Але гаспадыня ведала закон, зрабіла сваё: паставіла міску з гуркамі, міску з капустай, нарэзала трохі хлеба. Ганна для прыліку ўзяла гурок, з'ела са скібачкай хлеба. Паспытала капусты, пахваліла ўсё, падзякавала. Следам за ёй пачаставаўся і яе "чалавек".
– Мы вам у баковачцы, – сказала раптам гаспадыня.
Ганна ад гэтай навіны стаілася. Мімаволі зірнула на Башлыкова.
Башлыкоў не паказаў неспакою. Ён ужо ўстаў з-за стала, намерыўся было, відаць, зноў задыміць, пацягнуўся ў кішэню за папяросамі. Пачуўшы словы гаспадыні, перахапіўшы Ганнін позірк, ён прамовіў паважна, стрымана:
– Не трэба. – Ён павёў вачыма па лаўках абапал стала. – Нам вось тут. На лаўках.
Гаспадыня разважыла па-свойму.
– Вы не думайце нічога, – супакоіла Башлыкова і Ганну. – Там – чысто.
– Я не пра тое, – заявіў Башлыкоў. Ён на момант запыніўся: што ж сказаць. – Што ж мы – прыехалі і адразу – высяляем гаспадароў.
– А нічого! – не адступала жанчына. – У нас такі парадак. "Госцю – гадзі", кажуць.
– "Госцю гадзі, да й сябе – глядзі!" – падхапіла, падтрымала Башлыкова Ганна.
– Глядзім, глядзім і сябе! – запэўніла гаспадыня. – На палку паспім. Пры цяпле. А вы не сумнявайцеся. Там – чысто. Добра будзе. Ідзіце, перадыхніце. Рано ж ехаць, да й дарога не блізкая.
– У вас і тут, на лаўках, добра, – паспрабавала адгаварыць гаспадыню Ганна. – Лепей не трэба!
Гаспадыня палічыла іх развагі, мабыць, за звычайную гаворку для прыліку. Загадаўшы малым спаць, запытаўшы старога, ці зачыніў вароты, параіла Башлыкову і Ганне:
– Лямпу вазьміце.
Спрачацца не мела толку. Ганна для прыліку сказала:
– Нічого. Так разбярэмся.
Праз адчыненыя дзверы Ганна ўжо разгледзела: баковачка была вузенькая, адразу за дзвярыма пры сцяне стаяў ложак, засланы даматканаю, у клетачку, коўдраю. Ганна, ідучы туды, пачула, як стала холадам поўніцца, калаціцца сэрца. Яснай, ліхаманкавай свядомасцю чула: гаспадары сочаць, чакаюць, стаяць, нельга, трэба ісці. З абыякавым выглядам рабіць усё, што належыць. Перамагаючы халадок у сэрцы, трывогу, зайшла ў баковачку і раптам зазлавала на сябе: чаго гэта яна так, бы на шыбеніцу! Адчула такі прыліў смеласці, хоць з гары галавой уніз. Рашучымі рухамі зняла валёнкі, скінула жакет, паклала на спінку ложка, каля акна. Мелькам адзначыла: акно зеленавата шарэла ад нейкага святла.
Не раздзяваючыся больш, адважна ўзняла коўдру, схавалася пад ёй.
Без трывогі слухала, як мерным крокам увайшоў Башлыкоў. Зачыніў дзверы. Упоцемку сеў на край ложка, пачакаўшы момант, нібы яшчэ падумаўшы, стаў шаргаць ботамі. Здымаў іх. Спачатку адзін, потым другі. Расперазаўся, зняў гімнасцёрку. Рабіў усё марудна, цяжка. Як бы раздумваў усё – рабіць не рабіць. Лёг, нарэшце.
Ляжаў нерухома. Можа, раздумваў: правільна ці няправільна зрабіў. "Муж і жонка"! Ганну раптам узяў дураслівы смех, ледзь утрымалася, каб не зарагатаць.
Не зарагатала. Помніла: гаспадары не спяць, чуваць усё.
Ён доўга ляжаў, думаў. Потым Ганна пачула, павярнуўся да яе, на плячо яе лягла гарачая рука. Пагладзіла плячо.
– Давай спаць! – параіла шэптам яна.
Ён не паслухаўся, абняў, прытуліў да сябе. Яна пацалавала яго, як хлопца, і рашуча адхіліла. Загадала:
– Спі!
Ён сілаю прыцягнуў яе да сябе, сціснуў. Стаў нецярпліва шукаць яе вусны, цалаваць. Цалаваў вусны, цалаваў шчокі, шыю. Гарачэў. Рукі нецярпліва хадзілі па спіне, па плячах, дакраналіся грудзей, дрыжалі. Яна адказвала на яго пацалункі, адзывалася на яго пяшчоты, яе самую ўсё больш паліў агонь. Ёй самой хацелася згарэць у гэтым шалёным, нясцерпным агні.
Але калі рука яго, пагладзіўшы калена, хутка пайшла вышэй, яна сціснула руку, адвяла яе. Выдыхнула горача, непахісна: