Текст книги "Завеі, снежань"
Автор книги: Иван Мележ
сообщить о нарушении
Текущая страница: 8 (всего у книги 18 страниц)
Было ліхаманкавае жаданне дзейнічаць. У дзейнасці як бы шукаў трываласць сабе, упэўненасць.
То аднаго, то другога выклікаў работнікаў райкома, адказных работнікаў раённых устаноў. І ў райкоме, і ў іншых раённых установах у мястэчку заставалася мала, большасць былі ў вёсках, займаліся калектывізацыяй, але яго гэта не супакойвала. Увесь час, як цень, жыла ў ім памяць пра ўчарашняе, пра спрэчку з Апейкам, званок з Мазыра.
Усе давалі адказ, што зроблена, што плануецца зрабіць. Усе адчувалі яго энергічную, строгую патрабавальнасць, незадаволенасць зробленым.
Пасля некалькіх такіх гаворак ён выклікаў загадчыка агітпропа Каржыцкага. Каржыцкі, чалавек таксама новы ў раёне і таксама малады, амаль увесь час бадзяўся па раёну. Выпраўляць не трэба было, ведаў сваю справу: то з агітатарамі дзе-небудзь у сельсавеце ці школе, вучыць, адукоўвае, то сам – на сходзе, з дакладам, з прамовай. Узялі яго з вучобы, з менскага інстытута.
Башлыкоў звычайна не папракаў свайго агітпропа. У той павазе, якую ён чуў да загадчыка агітпропа, было нават стоенае разуменне некаторай перавагі таго над ім, Башлыковым. Каржыцкі, не адзін раз заўважаў Башлыкоў, мацней быў у веданні гісторыі партыі, тэарэтычна быў лепш падкаваны. Башлыкова супакойвала тое, што Каржыцкаму было далёка да яго ва ўменні звязваць тэарэтычныя веды з практыкай, ва ўменні арганізаваць справу. Хіліў Башлыкоў да Каржыцкага мяккі, светлы характар загадчыка агітпропа.
У Каржыцкага і сёння быў чысты, сіні позірк вачэй. Былі дзелавітая сабранасць, акуратнасць ва ўсім. І расказваў ён талкова, з веданнем, роўным, як звычайна, голасам. Усё было ў ім як заўсёды, але сёння ўсё гэта выклікала ў Башлыкова глухую непрыхільнасць. Было такое адчуванне, быццам Каржыцкі, хоць таксама вінаваты ва ўсім, не хоча браць сваю долю віны на сябе. Стрымліваючы нядобрае ў сабе, распытваў Башлыкоў пра работу ў асобных сельсаветах, хатах-чытальнях, пра асобных агітатараў. З асаблівай пільнасцю высвятляў, што агітпроп рабіў у Алешніках, у Глінішчах. З раздражненнем слухаў, што было зроблена ў Глінішчах: выходзіла – нямала было зроблена. З нездавальненнем пачуў ён хвалу Парасцы Дарошка, адразу ўспомніў яе выступленне на сходзе. Успомніў так, быццам яна здрадзіла яму, які так спадзяваўся. Здрадзіла ў такі момант, ухілістка…
Вядома, не трэба было хваліць агітпропаўцаў у Глінішчах. Няма за што хваліць, калі на іх вачах развалілі калгас. У неразуменні гэтага выявілася слабасць Каржыцкага, якую Башлыкоў адзначыў зноў: мала практычнай хваткі. З адчуваннем бясспрэчнай перавагі сваёй над Каржыцкім і дакладным веданнем мэты Башлыкоў пайшоў у крытычны наступ на загадчыка агітпропа.
– Там папрацавалі добра, – панура падхапіў думку Каржыцкага. Рэзка павярнуў: – Толькі – не мы, а іншыя. Вынікі іх работы добра відны. Учора сам бачыў у Глінішчах. Добра папрацавалі! Кулакі і ўсе іх падгалоскі. – Сінія, чыстыя вочы Каржыцкага замутніла збянтэжанасць. Вінавата адвёў позірк. На твары вынікла далікатнае, дзявочае ружавінне. Быў, здалося, не згодны, але не запярэчыў. Змоўчаў. Гэта яго нязгода дадала Башлыкову ўпартасці.
– Аб рабоце ўсіх нас будуць меркаваць па выніках, – сказаў ён, усё як бы набіраючыся дужасці. – А вынікі нашы – вось яны. Трыццаць сем гаспадарак за тыдзень новых улілося. І дваццаць дзевяць за дзень – з калгаса. Крок наперад, два назад. Нашы тэмпы. Вынікі нашай работы…
Башлыкоў добра разумеў, што, хоць ён гаворыць «нас», «нашы», Каржыцкі чуе гэта як абвінавачанне яго асабіста і яго аддзела. Гэта зусім адпавядала імкненню Башлыкова, ён і хацеў, каб Каржыцкі ўзяў вялікую долю віны на сябе. Чым большую, тым лепш. Тым лепш будзе старацца рабіць. З гэтым імкненнем Башлыкоў і вінаваціў Каржыцкага ў тым, што агітпроп далёка не спраўляецца з задачамі, якіх патрабуюць ад яго цяперашні адказны момант, тыя тэмпы, якія неабходна ўзяць, каб выканаць абавязацельствы па калектывізацыі раёна. Каб ліквідаваць той прарыў, у якім раён апынуўся. Каб дабіцца рашучага пералому.
Башлыкоў строга, прыдзірліва разгледзеў план агітпропработы, пакрэсліў яго, пакрытыкаваў, вярнуў дадумаць, дапрацаваць. У плане, на яго думку, недастаткова скіроўвалася ўвага на барацьбу з кулацкай агітацыяй, і асабліва – на барацьбу за ўзмацненне тэмпаў калектывізацыі.
Калі Каржыцкі пайшоў, Башлыкоў адчуваў, што недарэмна стараўся: агітпроп, падобна, зразумеў становішча. Але супакаення ў Башлыкова па-ранейшаму не было. Наперадзе чакалі многія іншыя клопаты: многія звенні яшчэ трэба было мабілізаваць. Перш за ўсё – моладзь.
Кудравец толькі што прыехаў з раёна. Ён увайшоў у кабінет Башлыкова яшчэ чырвоны з холаду. Башлыкову кінулася ў вочы: быў незразумела чаму радасны і нават быццам бесклапотны. Гэта яго бесклапотнасць – у такі час – непрыемна здзівіла. Здзівіла, тым больш што Кудравец быў асабліва блізкі. У Башлыкова да Кудраўца было нават адчуванне роднасці: Кудравец жыў у тым свеце, які нядаўна зусім быў і яго, башлыкоўскім, светам, у дарагім камсамольскім віраванні.
Кудравец прыехаў з Бярозаўкі. Башлыкоў спасцярожліва запытаў, што там у Бярозаўцы. Навіны былі добрыя, камсамол дабіўся – калектывізавалі яшчэ дванаццаць гаспадарак. Але Башлыкова гэта не супакоіла, ледзь даслухаў адказ, павёў гаворку на тое, што балела. Коратка, энергічна расказаў пра ўчарашнія дзень і вечар у Глінішчах, асабліва вылучыў, як паводзілі сябе камсамольцы і ў цэлым моладзь. Большасць камсамольцаў, павінен адкрыта сказаць, дзіўна сябе паводзіла: і днём – ззаду, цішком, і ўвечары, на сходзе, – моўчкі. Многіх і наогул нельга было зразумець: за каго яны? Адзін Казачэнка дзейнічаў смела, актыўна. Адным словам, усе факты гавораць пра поўнае разлажэнне цэлай ячэйкі. На вачах у райкома камсамола.
Башлыкоў бачыў, як проста вачавідкі вясёлую бесклапотнасць на твары Кудраўца змянілі вінаватасць і няёмкасць. Заўважыўшы мелькам, як ён стуліўся, як нацята, нібы школьнік, чакае далейшага, горшага, Башлыкоў раптам адчуў жаласць да яго. Але тут жа цвяроза прыглушыў жаласць: не тая абстаноўка, каб паддавацца кволасці. І наогул ведаў: павінен быць як мага строгім, прынцыповым. Цвёрда павёў далей: разлажэнне ячэйкі ў Глінішчах недаравальнае асабліва таму, што яно не выпадак, што ўсё гэта здарылася не за адзін дзень. Гэта, бясспрэчна, паступовае разлажэнне. І тое, што райком камсамола не змог заўважыць яго, гаворыць пра поўную страту пільнасці, пра слепату. Пра галавацяпства. Факт гэты сведчыць і пра тое, што райком у цэлым дрэнна ведае становішча ў ячэйках. Дрэнна ведае – значыць, і дрэнна кіруе імі.
Башлыкоў ніколі не гаварыў так рэзка з Кудраўцом, але ж ніколі дасюль не было і такой прычыны, такога становішча, якое вымагала само па сабе і асаблівай патрабавальнасці, і асаблівай строгасці. Не забываючы ні на момант становішча, Башлыкоў адчуваў як абавязак выказаць жорстка: калі галавацяпства ў кіраўніцтве наогул нельга дараваць, то цяпер – у ганебным прарыве, да якога яны давялі раён, – такое галавацяпства ёсць злачынства. Самае цяжкае палітычнае злачынства.
Адсюль Башлыкоў вёў гаворку пра тое, што найбольш трывожыла: як выправіць становішча ў раёне. Ужо не толькі судзячы, а і нібы далучаючыся, выказваючы спадзяванне на Кудраўца, на райком камсамола, яшчэ нелагодным голасам тлумачыў: трэба ўсё падцягнуць. Усе арганізацыі, усе сілы ўзняць. Дабіцца рашучага павароту ў тэмпах.
Не толькі таму, што перад ім быў кіраўнік моладзі, а і з непахіснага пераканання Башлыкоў падкрэсліў: вынікі ўсёй работы ў раёне будуць вельмі залежаць ад камсамола, ад моладзі. Шукаючы ратунку са сваёй бяды, ён больш за ўсё спадзяваўся на тое, што калі хто і можа выратаваць, то найперш – камсамол, моладзь. Была гэта вера і ад таго, што яшчэ і сам жыў, можна сказаць, у камсамоле, і ад адчування, што моладзь – самая жывая і дзейсная сіла ў грамадстве. У сельскую моладзь ён, праўда, і верыў, і не верыў. Яна не раз і радавала, і ашуквала. Здавалася – больш ашуквала: больш востра расчароўвала сваёй непадатнасцю, абмежаванасцю, чым старыя сяляне. У маладых вясковых ён проста цярпець не мог прывязанасці да прыватнай уласнасці, недаверлівасці, асцярожнасці. Памяць пра ўчарашняе гэтую звыклую непрыхільнасць яго рабіла яшчэ больш чутнай. І ўсё ж, як бы там ні было, – ён нагадваў сабе цяпер: і ў сяле, у гэтым нерухомым балоце, моладзь часта лягчэй адгукалася на новае. Хоць і не так, як трэба было і як хацелася б. Але хто асабліва абнадзейваў Башлыкова, дык гэта пралетарская моладзь. Яе, праўда, небагата ў мястэчку, дзе самы вялікі завод – паравы млын. Але яна ёсць. А ад таго, што яе мала, асабліва важна ўмела арганізаваць яе. Арганізаваць і накіраваць так, каб яна павяла іншых за сабой. У сяло, на калектывізацыю.
Няпростыя пачуцці турбавалі Башлыкова, калі ён раіў Кудраўцу, як арганізаваць моладзь, каб вывесці раён з прарыву, узняць тэмпы калектывізацыі. І надзеі, і сумненні, і цвярозая ацэнка, і легкадумныя мары – усяго было ў яго пачуццях, з якіх упарта лез, намагаўся адолець усё адчай.
Башлыкоў глушыў адчай, стараўся не паддавацца. Практычныя парады, указанні, якія пераказваў Башлыкоў Кудраўцу, то седзячы за сталом, то праходжваючыся, давалі дужасці самому. І давала дужасці яшчэ тое, што сакратар райкома камсамола, худы, русявы, аддана сачыў за кожным словам, кожным рухам яго. Гатоў быў падставіць плячо, верыў яму. Праўда, Башлыкова гэта Кудраўцова вера, наіўная, амаль дзіцячая, трохі і дражніла. Як бы ненадзейным чуў плячо, якое той мог падставіць. Ад таго ў патрабавальную строгасць тону гаворкі Башлыкова не раз унізвалася раздражненне.
Ён стрымліваў раздражненне. Як мог упэўнена і патрабавальна, тонам старэйшага таварыша скончыў:
– Прадумай усё, парайся. Прыходзь з прапановамі. Абмяркуем на бюро райкома.
Калі Кудравец выйшаў, было нейкае супярэчлівае нездавальненне. Відаць, лішне рэзка гаварыў, асабліва спачатку. Пакрыўдзіў несправядліва стараннага, адданага хлопца. Тады ж зазлаваў на сябе, на сваю мяккацеласць: няма чаго шкадаваць, праўду сказаў. Адданы, старанны – гэта так. Але ж таксама факт, што – слабаваты. Мала арганізатарскай хваткі. Настойлівасці малавата… Ці не замяніць? Кім? Можна папрасіць у акружкоме? Пашкадаваў мімаволі: каго-небудзь з Гомеля б, з сяброў!
Пасля Кудраўца Башлыкоў выклікаў яшчэ некалькі чалавек. Самым важным сярод іх быў, бадай, загадчык райана Мормаль.
Мормаль, былы настаўнік, немалады ўжо, увайшоў у кабінет, нібы ў клас, выпрастаны, падрыхтаваны да ўсяго, з папачкай у руцэ. У картовым пінжаку, у чырвонаармейскіх штанах і начышчаных ботах, ён спыніўся каля дзвярэй, няўпэўнены і быццам вінаваты.
Башлыкоў выйшаў насустрач яму, паціснуў руку, запрасіў сесці. Мормаль сеў на край крэсла, папачку ўзяў у абедзве рукі на каленях, ціха глядзеў на сакратара райкома.
Башлыкоў трымаўся з ім ветліва, але строга афіцыйна. За знарокавай ветлівасцю і афіцыйнай халаднаватасцю прыхоўваў Башлыкоў незадавальненне: загадчык райана не падабаўся, глухаваты што да палітыкі, няўпраўны, быў яўна не на сваім месцы. Яго трэба было б даўно замяніць, Башлыкоў і замяніў бы, але Апейка ўпарта пярэчыў гэтаму, заступаўся за старога. Мела, вядома, значэнне і тое, што замяніць загадчыка было не так проста. Адукаваных, з арганізатарскім талентам людзей не хапала і на больш важных месцах.
Мормаль, не інакш, ці ведаў, ці здагадваўся пра адносіны сакратара да сябе. Усё гэта ўскладняла гаворку.
Немаладыя гады і настаўніцкае званне загадчыка райана вымушалі Башлыкова гаварыць як мага далікатна. Абавязак лічыцца з гадамі і званнем былога настаўніка, аднак, не перашкодзіў Башлыкову выказаць усё, што трэба было, з належнай прынцыповасцю. Аддзелены ад загадчыка райана мяжой стала, цвёрда ўсклаўшы рукі на яго паверхню, Башлыкоў слова за словам выкладваў, важка, жорстка. Настаўнікі мала працуюць з жыхарамі вёсак. Недастаткова вядуць работу па калектывізацыі. Не ўцягваюць сялян у калгасы, не вядуць растлумачальнай работы пра перавагі калгаснага ладу. Ухіляюцца ад барацьбы з кулацтвам. Амаль не прыцягваюць да калектывізацыі дзяцей. Каб дзеці ўплывалі на бацькоў, дабіваліся ад іх уступлення ў калгасы.
Гаворачы гэта, Башлыкоў успамінаў сход у Глінішчах: дзіцячыя постаці, што гайсалі па хатах, склікалі. Цікаўныя, усхваляваныя вочкі на сходзе, між дарослых. Чуў як бы дакор сабе за няпраўду жорсткіх слоў пра дзяцей, але не мякчыў выразаў – помніў: галоўнае – настроіць загадчыка на рашучы пералом. Неабходнасць такіх слоў падмацоўваў успамін пра тое, як выступала на сходзе Параска.
Як вывад усяму Башлыкоў заявіў Мормалю, што райана, па сутнасці, амаль не займаецца калектывізацыяй, пусціў гэту важнейшую дзяржаўную кампанію на самацёк. Што гэтага ва ўмовах таго прарыву, у якім апынуўся раён, райком трываць далей не можа.
Мормаль, неспакойна соўгаючы папачку на каленях, вінавата спрабаваў пярэчыць: настаўнікі не ўхіляюцца ад калектывізацыі. З дзецьмі работа вядзецца, але бацькі не слухаюць іх. Райана ўвесь час займаецца калектывізацыяй. Бачачы, як недавольна слухае яго пярэчанні Башлыкоў, загадчык райана ніякавеў, згаджаўся: вядома, трэба больш рабіць. Лепш агітаваць.
Башлыкоў разумеў: Мормаль казаў праўду. Настаўнікі рабілі сваё, і райана займаўся калектывізацыяй. І ўсё ж гэтыя адгаворачкі злавалі: загадчык райана імі быццам хацеў адасобіцца. Не хацеў зразумець становішча, напружыць сілы так, як гэтага вымагаў момант. Башлыкоў гаварыў усё больш рэзка, дабіваўся зламаць гэты благадушны, апартуністычны настрой.
Дабіўся нібы нарэшце, бачылася – быццам дайшло. Мормаль пакляўся, што мабілізуе ўсе сілы настаўнікаў і школьнікаў. Башлыкоў дамовіўся, што Мормаль увесь час будзе дакладваць пра зробленае.
Калі развіталіся, не было палёгкі. Было ўсё тое ж адчуванне, што зрабіў мала. Увесь дзень вярэдзіла яно, не аціхала і цяпер.
5Яно было прыціхла на бюро райкома, якое ён сабраў пасля поўдня.
На бюро прыйшло толькі чацвера, ды і то двое з іх – Апейка і Каржыцкі. З кандыдатаў у члены бюро быў Кудравец. Іншыя былі на раёне. Але сабраць бюро было неабходна, сярод усяго таго, што трэба было мабілізаваць у гэты момант, бюро належала найважнейшая роля. Акрамя таго, што Башлыкоў хацеў узняць супраць прарыву сваіх асноўных таварышаў, бюро неабходна было і для таго, каб арганізаваць некаторыя далейшыя мерапрыемствы. У бліжэйшыя дні Башлыкоў рашыў сабраць раённы сход упаўнаважаных па калектывізацыі і партыйнага актыву. Трэба, каб бюро выказала свае меркаванні пра такі сход.
Башлыкоў знарок гаварыў стрымана, каб у членаў бюро не стварылася думкі, нібы ён паддаецца адчаю. Разам з тым ён і не прыхарошваў становішча, зрабіў усё, каб члены бюро зразумелі, які небяспечны момант настаў. Асцерагаючыся, што спрэчка з Апейкам можа адвесці ўвагу ад галоўнага, ён ні словам не зачапіў старшыню выканкома.
Члены бюро ва ўсім падтрымалі Башлыкова: згадзіліся, што ўсім ім трэба раз'ехацца па сваіх сельсаветах, прыняць захады, каб не даць паўтарыцца таму, што здарылася ў Глінішчах. Усе дружна ўхвалілі думку Башлыкова пра сход упаўнаважаных і актыву. Усе згадзіліся, што сход такі ў цяперашні момант проста неабходны. Даклад даручылі Башлыкову, і Апейка згодна кіўнуў з іншымі.
Ці ад таго, што Башлыкоў адчуў падтрымку іншых, што бюро прайшло вельмі дружна і дзелавіта, ці ад таго, што на бюро зрабіў важныя захады на далейшае, першы час ён адчуваў сябе лягчэй. З адчуваннем дужасці сваёй і з настойлівай нецярплівасцю думаў ён пра заўтрашнюю паездку ў Алешніцкі сельсавет, якую аб'явіў на бюро і якою ён спадзяваўся выправіць тое, што пачалося ў Глінішчах.
З гэтым настроем рыхтаваўся Башлыкоў да нарады пра шэфства. Перагледзеў звесткі пра работу шэфаў, і даўнейшыя, і новыя, якія толькі што прынёс Міша. Перачытаў падабраныя Мішам рашэнні, у якіх гаварылася пра шэфства. Прадумаў і накідаў на паперы план выступлення на нарадзе. Калі ён рабіў гэта, думкі яго адбягалі то ў заўтрашнюю паездку ў Алешнікі, то яшчэ далей – на нараду актыву. Ён быў упэўнены, што дабярэцца там, у Алешніках, да самых каранёў, выведзе ўсякую нечысць напаверх. Навядзе парадак. Навядзе ды яшчэ іншых навучыць. На нарадзе актыву… Да нарады будзе жывы матэрыял. Тое, што ўбачыць сваімі вачыма…
За акном было цёмна, калі сталі сыходзіцца шэфы. Першым аб'явіўся Гірш Кофман, старшыня шавецкай арцелі, рушыў адразу ў кабінет, па-прыяцельску, зычліва прывітаўся. Ён быў у брызентавым плашчы, з пугаю, з чаго Башлыкоў вывеў, што Кофман прыехаў з Прудка. Кофман адразу ўлавіў, што Башлыкоў заняты, умомант нагнаў на сябе заклапочаны, афіцыйны выгляд, запытаў: «Дзе ето будзе?» – папрасіў прабачыць, што перашкодзіў. Проста ён хацеў высветліць, бо там нікога няма. І Мішы таксама…
Роўна а шостай, нібы хвалячыся дакладнасцю, Міша ступіў у кабінет, далажыў, што народ сабраўся, чакае, і Башлыкоў узяў падрыхтаваныя лісткі, пакіраваў да залы, большага пакоя ў будынку, дзе мелася быць нарада. З-за стала ён агледзеў пакой, зала была не запоўнена і напалову, але галоўныя, хто найбольш патрэбны, былі тут. Акрамя Кофмана, ён вылучыў чарнявага, маўклівага Лазара Голада, старшыню швейнай арцелі, загадчыка млына – рослага, нецырымоннага Сопата, маладога, усмешлівага загадчыка школы Волаха, дырэктара дзіцячага дома Бабуру. Былі сакратары партыйных ячэек, камсамольскія кіраўнікі з ячэек, сярод якіх Башлыкову кінулася ў вочы Міхаленка, што калісьці, на чыстцы, так адважна абараняла Апейку.
Адразу было відаць, што сабраліся далёка не ўсе. Вядома, нямала каго не аказалася тут таму, што былі на раёне, не ўправіліся прыехаць ці не ведалі пра нараду. Як бы там ні было, Башлыкоў ад сваёй ужо нязменнай звычкі перагледзеў спісак запрошаных, час ад часу ўздымаючы вочы, пытаючыся ў залы, чаму не відаць на нарадзе таго ці іншага чалавека. У зале то гаманілі, адказваючы, то маўчалі, з самага пачатку, калі Башлыкоў пачаў перабіраць спісак, у ёй усё больш мацнела рабочая патрабавальнасць. Башлыкоў з самага пачатку даваў зразумець, што размова будзе строгая.
Ён быў сабраны і настроены рашуча, але разам з гэтым цяпер, калі ён чуў і бачыў людзей, у яго было і, няхай ціхае, адчуванне палёгкі. Перад ім нібы было падмацаванне, якое давала права спадзявацца на добрае.
Ён рашыў пачаць з дакладаў кіраўнікоў прадпрыемстваў і сакратароў ячэек. Седзячы за сталом, засланым чырвоным бляклым паркалем, ён запытаў, хто хоча пачаць, узяць першы слова. Хвіліну была цішыня, варушыліся, адводзілі вочы ўбок. Кофман на гэта сказаў, што таварыш сакратар ставіць усіх у цяжкае становішча, бо нікому няёмка першаму выходзіць хваліцца поспехамі. Яго жарт зразумелі, у зале паявіліся ўсмешкі, пачуліся вясёлыя водгукі. Усе ведалі: поспехаў няма, гаворка чакае нялёгкая, і слова Кофмана палагодзіла нядобрае чаканне. Кофман жа першы і ўзняўся ўсё з той жа пугай у руцэ. Хваліцца ён не хваліўся, цікава расказаў пра справы ў вёсцы, з якой прыехаў, але Башлыкову не спадабаўся яго гарэзны і бесклапотны тон, які, бачылася, няправільна, легкадумна настройваў людзей. Башлыкоў рашуча перапыніў яго, стаў патрабавальна дапытваць, што канкрэтна зроблена па шэфскай рабоце.
Ён хутка збіў бесклапотнасць з Кофмана, паказаў яму шэфскія яго «поспехі» ў сапраўдным святле, так што, вяртаючыся назад, Кофман адно круціў галавою ды адгукваўся. Узрушаны размовай з Кофманам, тым урокам, які падаў яму, Башлыкоў ужо не стаў пытацца добраахвотнікаў, а пачаў выклікаць. Уважліва, патрабавальна слухаў кожнага. Раз-пораз перапыняў пытаннямі, адзначэннямі таго, што чуў, найбольш – крытычнымі, незадаволенымі. Часам ён спехам запісваў у лістку думку, каб не забыць, прабягаў вачыма па зале, па тварах, але ні на момант не аслабляў пільнай увагі, цвёрдай рукой вёў належную лінію. Кожнаму прамоўцу і ўсім у зале ён паказваў, як мала і як кепска зроблена такой важнай справы. І якія недаравальныя адносіны да яе.
Не ўсе разумелі яго становішча. Былі спробы апраўдацца рознымі прычынамі, нават – спробы ўхіліцца былі. Слухаючы некаторых, іх абяцанкі, ён адчуваў, што яго клопаты мала турбуюць іх. Што змен асаблівых не будзе. Гэта вярэдзіла яго, злавала.
Можа, ад таго, што яму так даліся ўчарашнія дзень і ноч, ён так хутка пачаў зноў нервавацца. Праўда, і становішча з шэфскай работай было – горш горшага; але ў тым, як адгукаўся цяпер Башлыкоў на нелады, з якой гарачкавасцю, адбівалася, не інакш, тое, што нервы не вытрымлівалі напружання. Гэтая гарачкавасць была ў ім і калі ён устаў, каб сваім словам скончыць нараду. Ён не толькі не шукаў нейкіх лагодных слоў, а як бы выбіраў самыя балючыя, бязлітасныя, калі маляваў становішча раёна з калектывізацыяй, калі расказваў пра тое, што здарылася ў Глінішчах, пра тую агідную работу, якую вядзе ў вёсках кулацтва і яму падобная нечысць супраць калгасаў. Вядзе ў той час, калі большасць шэфаў спяць абыякава. Ён, як бы выкрываючы, судзячы, гнеўна заявіў, што ў той фактычнай катастрофе, у якой раён апынуўся, вялікая віна і шэфаў, іх слабой дзейнасці, а ў многіх, па сутнасці, выпадках – бяздзейнасці. Такія адносіны да шэфскай работы, якія выявіліся ў некаторых выступленнях і тут, на нарадзе, заявіў Башлыкоў, ёсць не што іншае, як галавацяпства, цяжкае злачынства.
Яго гарачая, вострая прамова, бачыў Башлыкоў, хвалявала, даходзіла. Факт гэты, аднак, з-за незадавальнення станам спраў не толькі не цешыў, але і не супакойваў ні трохі. Настойлівы, зацяты, ён, як бы грозячыся, сказаў, што за зрыў шэфскай работы райком будзе патрабаваць, як за зрыў важнейшай дзяржаўнай кампаніі. Ніякія адгаворкі не будуць прымацца.
Як ні ўсхваляваны быў, не толькі належна настроіў усіх, але і даў канкрэтныя ўказанні. Дакладна падаў, што неабходна зрабіць кожнай установе. Назваў тэрміны, вызначыў адказных.