355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Иван Мележ » Завеі, снежань » Текст книги (страница 10)
Завеі, снежань
  • Текст добавлен: 29 сентября 2016, 02:00

Текст книги "Завеі, снежань"


Автор книги: Иван Мележ



сообщить о нарушении

Текущая страница: 10 (всего у книги 18 страниц)

3

Глушак як бы не цяміў. Відаць, усё не мог супакоіцца. Схамянуўся нарэшце:

– Да от, к суседу можно.

Дадаў: адзін з тых, што ўпіраюцца асабліва. Дзяцел Васіль.

Пакіравалі да Дзятла.

Адразу, як ступілі на двор, ля новага зруба, трапілася пажылая жанчына. Ішла з хлява з пустым драўляным вядром.

– Эй, цётко, можно ў госці?! – Глушак як мог нагнаў на сябе весялосць.

– А чаго ж, – жанчына мелькам зірнула на іншых, прамовіла да Глушака: – Сусед, а рэдко заходзіш нешто…

Паяўленне нязваных гасцей выклікала ў яе клопатнасць, але яна схавала гэта. На прывітанне Башлыкова адказала ветліва, прыхільна.

– От госць з раёну, – сказаў Глушак, усё яшчэ з ранейшым хваляваннем і імкненнем разагнаць яго. Глушак назваў Башлыкова, і жанчына зноў зірнула на яго, з большай увагай і цікавасцю.

Запрасіла ў хату, першая падалася на ганак.

У хаце, каля палацяў, была яшчэ жанчына, паўнацелая, маладзейшая, з дзіцем на руках. Перад ёю паволі вяло калыску, што звешвалася са столі, – відаць, дзіця ўзяла з калыскі. Полаг на почапках калыскі быў адхінуты.

Башлыкоў і з ёй ветліва прывітаўся, але жанчына не адказала. Паглядзела на яго, кінула позірк на іншых, нядобра, спадылба. Вочы нібы судзілі: чаго прыперліся! Абвяла вачыма і адвярнулася.

Паказала, што ведаць не хоча.

Глушак, як бы і не бачыў маладой, з вясёлым тварам павярнуўся да першай, што паставіла вядро ў кут ля парога.

– От застаўляеце вы, цётко, начальство з раёну трывожыцца!

Башлыкоў прыкмеціў: маладая зірнула злосна, злосна адвярнулася. Лагодна перапыніў Глушака, дзелавіта спытаў у старой:

– Дзе гаспадар ваш?

Дубадзел паясніў Башлыкову, што чалавека ў цёткі няма, загінуў на вайне, гаспадарыць у цёткі сын Васіль.

– Ці дома ето Васіль?

– Дома, – кіўнула Глушаку старая. Момант як бы думала, разважала, не зусім упэўнена сказала: – У хаце новай корпаецца. Ніяк не ўлезем…

Дзядзька ў кароткім кажушку, што аказаўся і тут, варухнуўся быў кінуцца пазваць, але адумаўся. Рашыў, мусіць, што і тут старанне яго можа не спадабацца.

Старая выйшла. Пакуль не вярнулася, у хаце была негасцінная цішыня. Дзядзька ў кажушку не вытрываў, папракнуў маладую:

– Што ж ето ты, Маня, так нявежліво да гасцей? Спінаю, так сказаць…

Тая яшчэ нацялася, прамаўчала. Дзядзька гарэзліва падміргнуў Глушаку, Дубадзелу, пакруціў галавою: «От стварэнне!» Башлыкову прыйшло ў галаву, што гаспадар, не інакш, бачыў іх з новай сваёй будовы, не пажадаў бачыцца. Думаў, значыць, адсядзецца!

Башлыкоў павёў позірк па хаце: цесна, бедна. Як ва ўсіх беднякоў, ні аднаго ложка. Палаці, на палацях даматканае рыззё. Падлога, праўда, не земляная, але падгніла ўжо. Гнілыя вушакі ў акенцах. Сцены пакрыўленыя, гнілаватыя таксама. Па ўсіх прыкметах – век хаты нядоўгі. Як і ў іншых хатах – бруду даволі.

– От і хадзяін наш! – аб'явіла жанчына з парога.

Малады гаспадар, у свіце, у лапцях, з парога паздароваўся, кінуў позіркам, запыніўся на Башлыкове. У тым, як паводзіў ён сябе, найбольш адчувалася годнасць, іменна яе ён выказваў тым, як спакойна зняў шапку, як стаяў каля дзвярэй. За гэтай знешняй упэўненасцю Башлыкоў, аднак, бачыў насцярожанасць. Позірк, прыкмеціў, быў пільны, нібы пытаў: чаго прыбылі! І ведаў загадзя: не для добрага.

Башлыкоў разумеў: дыпламатнічаць тут няма чаго. Пайшоў адразу напрасткі.

– Прыбылі мы да вас – даведацца, чаму не хочаце ісці ў калгас.

– Чаго ад народу адстаеш! – падмацаваў Башлыкова Дубадзел.

Гаспадар пераступіў з нагі на нагу, адвёў позірк. Адвёў з нудою: чуў ужо такое. І адказваў не раз. Чаго ж тут гаварыць попусту. Знарок зачапіў словы Дубадзела:

– Народ шчэ і там, і тут…

– Перадавы народ увесь там! – заявіў пераканана Дубадзел.

Гаспадар перамаўчаў яму. Перамаўчаў, было відаць, таму, што не хацеў пустой гаворкі, не таіў, што словы Дубадзела ні трохі не змянілі яго ўпэўненасці. Падобна было, што не надае тым словам ніякага значэння. Здавалася, што і самога Дубадзела не надта шануе.

Тут у хату ўвайшоў дзед, зняў шапку, пакланіўся. Лагодна з-пад белых броў агледзеў усіх. Башлыкоў думаў, што прыйшоў хтосьці з цікаўных суседзяў, але дзед, старэча горбячыся, зняў кажух, звыкла палез на палаці. З палацяў, цьмяна свецячы лысінай, ціха папытаў нешта старую, кіўнуў галавою. Башлыкоў улавіў, што глядзіць на яго. Разумным дапытлівым позіркам.

– Дак як ты, Дзяцел, на тое, што сказано? – прамовіў строга, патрабуючы, Дубадзел. – Чаму не ідзеш?!

Тон, якім ён гаварыў, добра паказваў, што далікатнічаць, валаводзіцца тут няма чаго. Трэба цвёрда весці сваё.

Маладая ля калыскі неспадзеўкі рэзка крутнулася. Твар яе скрывіла лютасцю.

– Сказалі ўжэ! Сто разоў казалі! – закрычала яна прарэзліва. – Чаго вы ўсё лезеце!

Гаспадар нядобра, строга зірнуў на яе:

– Не тваё дзело.

– Сходаў мало! – не паслухалася жонка. – Сходамі жыць не даюць! Дак шчэ і ў хату век!

Твар гаспадара скамянеў ад гневу.

– Не сунь носа! – узняў голас гаспадар. – Сказано!

У голасе яго чуліся сіла і цвёрдасць. Жонка зірнула на яго, недавольная, яшчэ поўная лютасці, але не запярэчыла. Не наважылася.

– Усё лезуць! – не вытрывала, прамовіла непрыхільна. Цішэй ужо, саступаючы.

– Тым часам, думаем пра ето ўжэ, – прымірэнча, разважліва ўступіў дзед ад палацяў.

У тым, як гаварыў дзед, адчувалася, што ён бачыць, што гаворка пайшла неразумна і нічога добрага з яе не будзе. Што без яго ўдзелу не будзе ладу ў гарачай і бесталковай спрэчцы маладых. У тым, як гаварыў і трымаўся дзед, бачылася, што ён наогул перакананы ў асаблівым значэнні сваім тут.

– Доўга думаеце, – з павагай, нібы становячыся ўпоравень з ім, як роўны роўнаму, зазначыў Башлыкоў.

– Доўго, – не запярэчыў дзед.

– Хутчэй думаць трэба! – параіў Башлыкоў з павагай і зноў як роўны з роўным. Нават непрыкметна для сябе пераняў яго лад гаворкі.

– Да яно б трэба. Толькі ж яно, – з давер'ем сказаў дзед, – тым часам, не просто так і рашыцца! Усё аддаць. Астацца ні з чым.

– Чаму ні з чым?! – здзівіўся Башлыкоў. – Усё ваша вашым і астанецца. Толькі што агульным стане.

– Аге, – кіўнуў дзед.

Башлыкову ў гэтым «аге» пачуліся цікаўнасць, разуменне, і ён стаў цярпліва, па-прыяцельску тлумачыць выгады агульнага гаспадарання. Дзед – Башлыкоў ведаў ужо, як яго завуць, казаў да яго пачціва «Дзяніс Ігнатавіч» – слухаў уважліва, ківаў згодна, ухваляў, падобна. Але абяцаў толькі адно: «Трэба падумаць».

Пільны Башлыкоў хутка зразумеў, што лагодны дзед, не інакш, хітруе, адводзіць гаворку ў спакойны кірунак. Змазаць хоча пытанне.

– Думаць цяпер ужо мала, – сказаў Башлыкоў цвёрда. – Дзейнічаць, рашаць трэба! Неадкладна!

Ён адвярнуўся ад дзеда, паказваючы, што ў яго не лішне часу, што чакае рашучых дзеянняў, патрабавальна зірнуў на маладога гаспадара.

– А што гаспадар «думае»?

Ён не таіў іроніі, знарок з націскам сказаў «думае».

Малады адразу, як адчуў увагу да сябе, нацяўся зноў, пастражэў позіркам. Выпрастаўся, нібы падрыхтаваўся да бойкі.

– А я пабачыць хочу, што з етаго ўсяго шчэ будзе, – заявіў без хітрыкаў, як бы з выклікам.

– Значыць, вы яшчэ сумняваецеся, што гэта – сур'ёзна?

– Пабачыць хочу.

Спрачацца, даводзіць, адчуваў Башлыкоў, было бескарысна. І ўсё ж, ледзь стрымліваючыся, паказаў, як гэта грунтоўна абдумана і праверана; абдумана партыяй, лепшымі галовамі, праверана мільёнамі людзей. Не першы раз, не першаму гаварыў гэта і не першы раз бачыў, што не даходзяць яго такія ясныя, пераканаўчыя доказы. Як і многія іншыя, нібы не разумеў дарослы, сталы чалавек надзейныя, важкія факты! На шчырае слова Башлыкова ў адказ была тупая глухата.

Бачыў: позірк у гаспадара – упарты, тупаваты. Разумеў: марна даводзіць такому, не дойдзе да такога!

Башлыкова дурная глухата гэта паліла. Трываць не мог ён гэту няздатнасць разумець такі просты сэнс. Гэту дзікую ўпартасць. Каб трохі яшчэ, сарваўся б, нагаварыў бы нястрымных, гнеўных слоў. Але не хацеў паступацца годнасцю, даць ім адчуць перавагу іх. Стрымаў сябе.

Павёў позіркам па хаце, нібы нанава ўбачыў беднасць, убоства яе, гэтага іх «раю», які яны так аберагаюць; варухнулася цяжка, няцямна: чаго яны так чапляюцца за гэта?! Не мог уразумець гэтага. Падумаў ужо без горычы, апанавала раптам душу стома. Надакучыла, без меры надакучыла здзіўляцца глупству. Гаварыць адно і тое ж глухім…

У цішыні, што настала ў хаце, чулася варожасць.

– Мы не проціў, не думайце, – азвалася зычліва і вінавата ад прыпечка старая. Яна глядзела Башлыкову ў вочы з трывогай і надзеяй, як бы прасіла яго злітасціцца. – Толькі ж, праўда, – асмеліцца трудно…

Яна верыла, што ён, такі дасведчаны, адукаваны, зразумее іх.

– Доўга вы асмельваецеся! – не паддаўся ёй, строга вымавіў Башлыкоў. Рэзка заявіў: – А мы чакаць не можам! Не можам!

Не тоячы незадавальнення, нават знарок выказваючы яго, узняўся. Узняліся іншыя.

– Саветуем падумаць, Дзяцел! – з пагрозай параіў Дубадзел. Ён зірнуў так, як бы намякаў на нешта грознае.

Зноў апынуліся на двары. Башлыкову вастрэй кінулася цяпер: новая, з жаўтлявымі, старанна ачышчанымі бярвеннямі хата была не раўня старой – прасторная, з размахам. Трое вокан на двор, два пакоі – відаць у прарэз дзвярэй. Сенцы шырокія пачаты. Гэта ўжо іншая, не бядняцкая хата.

– Выясніць трэба, адкуль лесу набраў! – зазначыў Дубадзел, перахапіўшы позірк Башлыкова. Намякнуў: – Сколькі аплачано.

Калі выйшлі на вуліцу, Глушак вінавата паведаміў Башлыкову:

– Ета – жонка яго – кулацкага роду. – Дадаў з роздумам: – І сам ён, не сакрэт, з кулацкім нутром. Хоць ты цвёрдае давай…

Дубадзел як бы чакаў гэтага, падхапіў адразу ўпэўнена:

– А можно і даць!

Башлыкоў прамаўчаў. Але не запярэчыў.

Раздзел чацверты
1

Прыпыніліся: куды цяпер ісці. Глушак, не доўга думаючы, параіў – на край, пачаць з першай.

Башлыкоў згадзіўся.

Ступаючы побач з Башлыковым, паведаміў: гэты, калі б не Куліна, жонка, хоць цяпер гатовы ў калгас. Там усё жонка круціць…

Ужо калі ўздымаліся на ганак, Глушак сказаў раптам спакойна, абы сказаць:

– Ето хата той Ганны, што ў школе ў Глінішчах.

Сказаў так, што было відаць: не надае факту гэтаму нейкага значэння. Разумее, што Башлыкову ніякай цікавасці да гэтага, ён, можа, і не помніць ужо тую Ганну. Сказаў таму, што трэба было гаварыць, тлумачыць.

Башлыкоў і не сказаў нічога. Як бы не выказаў цікавасці да весткі. Зрабіў так, як належала. Але ў душы яго ўсё, што было перад ім, умомант зыначылася. Усё набыло раптам асаблівае значэнне, як бы зазырчэла ў неспадзяваным, яркім святле. На яго як бы абрынулася, апанавала яго моцнае хваляванне. Такое моцнае, што, здалося, не змог стрымаць, здалося, кінулася ўсім у вочы.

Добра, што ступілі ў сенцы, змрок іх памог ухаваць утрапенне. Даў момант, каб абвыкнуцца хоць трохі з неспадзеўкай. Мімаволі падумалася: трэба ж, каб так сышлося! Проста ў хату яе трапіць! Як знарок! За гэтым узяло вострае, новае: «А можа, і яна тут?!»

Хваляванне яго ўзяло новы кірунак. Сэрца забілася часта і трывожна прадчуваннем неспадзяванай, блізкай сустрэчы. Сустрэча гэта трывожыла асабліва таму, што чулася важнай яму і ён не быў, зусім не быў гатовы да яе.

Пільны, насцярожаны, ступіў ён у хату. Адразу ўхапіў позіркам: у хаце была адна пажылая, чырванатварая жанчына, што клапацілася пры печы. Як бы не верачы, агледзеў хату: у пакоі нікога больш не было. Ён на момант як бы ўзрадаваўся, адчуў палёгку.

Хаваючы толькі што перабытае, паважна, упэўнена прывітаўся. Жанчына, падгарнуўшы жар у печы, трымаючы чапялу ля ног, дапытліва і няцямна ўгледзелася. У позірку яе нелагодных, унізлівых вачэй было насцярожанае: чаго прыйшлі? Гэта, відаць, так турбавала, што не адказала на прывітанне.

– А дзе дзядзько? – са знарочыстай весялосцю спытаў Глушак.

– На печы… – нелагодна і, падобна, неахвотна прамовіла жанчына.

Дзядзька, мусіць, прыслухоўваўся да размовы. Пасля жончыных слоў на печы паказалася яго ўскудлачаная галава, потым і ўвесь ён, хударлявы таксама, у даматканых сарочцы і штанах, босы, з кручкаватымі жоўтымі пальцамі на нагах. Мелькам зірнуўшы на гасцей, павольны і спакойны ссоўваўся з печы.

– Што ж ето ты, Чарнушка! Сярод белаго дня! – папракнуў яго Дубадзел.

Чарнушка зніякавела паскардзіўся:

– Прастудзіўся недзе. – Нібы падмацоўваючы словы свае, сіпла закашляў: – Грэюся от.

Башлыкоў сачыў за ім з цікаўнай увагай. Звычайны селянін, якога ён упершыню бачыў, адразу вылучыўся сярод іншых: гэта быў яе бацька. Як і жонка яго, самы блізкі да глінішчанскай знаёмай незнаёмкі чалавек. Яна, тая загадкавая прысуха, была часцінкай гэтых людзей, у іх нібы таілася адгадка той загадкі, якая карцела яму.

Сочачы за дзядзькам, адзначыў мімаволі: тая, глінішчанская, мала падобная на бацьку. Толькі ў ладзе твару нешта блізкае, у позірку вачэй, спасцярожлівым, разумным. Але ў позірку гэтым няма той жывасці, неспакою, што раз-пораз паблісквалі ў вачах глінішчанскай красуні. З маці яшчэ менш падабенства. Здаецца, зусім няма… Побач з гэтым прайшло мімаволі: колькі зацятасці і непрыязнасці ў твары маці! Як бы загадзя папярэджвае: нічога добрага не чакайце!

Трывогі той, амаль страху, што момант былі апанавалі, ужо не ведаў. Сэрца білася ўпэўнена. Усё ж спакою поўнага не было. Хваляваў, даваў вастрыню адчуванням той факт, што гэта яе хата, яе звыклы свет. Ад таго з не абы-якой цікавасцю ўбіраў усё, што бачылася: пафарбаваная, сіняватая старая печ, прыладдзе для печы і венік у куце ля дзвярэй, кажух, кінуты на ложку. Ложак накрыты даматканай коўдрай. Вазоны ў абодвух вокнах, што на вуліцу. Стары, учарнелы стол без настольніка, з непрыбранымі міскай і лыжкамі. Абразы ў куце, здаецца, няветліва ўзіраюцца ў няпрошаных гасцей… Небагатая, нават – бедная сялянская хата. Кожная рэч у ёй, здаецца, гаворыць пра кепскі дастатак, пра затхлую даўніну, затхлае жыццё.

Гэта дадавала ў адчуванні Башлыкова супярэчлівасці: неяк цяжка было паверыць у тое, што бачыў сваімі вачыма – што тут, у гэтай беднасці, гэтай затхласці, гэтай нікчэмнасці, магла яна нарадзіцца, жыць! Тое, якой ён яе бачыў і помніў, так не пасавала з гэтым, што не ядналася ў адзін свет, ён нібы не мог уявіць яе сярод усяго гэтага. Не мог нават нібы згадзіцца, што такое магло быць.

Гэты факт меў і іншае, добрае значэнне. Тое, што яна не дзе-небудзь, а іменна тут жыла, адсюль выйшла, значыла, што ў яе годнае, блізкае паходжанне. Вядома, паходжанне яе не пралетарскае, не рабочае, але ўсё ж – працоўнае і, як можна бачыць, бядняцкае. Гэты факт значыў, што яна блізкая яму па становішчы, у адных з ім шэрагах. Ён, Башлыкоў, канешне, і не думаў, што яна памешчыцкая дачка, памешчыкаў даўно няма, але магло ж здарыцца, што ў становішчы яе ёсць якая-небудзь закавыка, якая б сапсавала ўсё адразу. Бывае ж такое тут ледзь не на кожным кроку… Не прызнаючыся сабе, пабойваўся гэтага: тым больш што ў глінішчанскай знаёмай чуліся нейкая ганарлівасць, непадступнасць. На шчасце, падазрэнне гэта адпала…

У тым, што хвалявала Башлыкова ў гэты момант, было і яшчэ адно, прытоенае. Ён стрымліваў гэта, як не вартае яго, але яно ўсё ж было і ўсё ж цешыла. Тое, што яна выйшла з такой беднасці, з такой чарнаты, што ён бачыў гэта, можна сказаць, дакранаўся сам да гэтага, рабіла яе ў яго вачах больш звычайнай, блізкай. Як бы там ні было, ад той сустрэчы ў Глінішчах жыло ў Башлыкове неадольнае захапленне ёю, адчуванне нейкай нібы незямной завабнасці, нават нібы недаступнасці. Смешнае, хлапечае пачуццё, дзіўнае ў сталым чалавеку, адказным работніку. І вось бачыў сам, сваімі вачыма: зусім зямная, падобная на іншых, нават звычайная. Даступная.

Поўны супярэчлівых адчуванняў, пільным позіркам вылучыў картку на сцяне ў самаробнай дубовай рамцы. Зацікавіўся ўмомант: на картцы было двое, мужчына і жанчына, маладыя, побач. Працяла здагадка: яна з некім, ледзь не ўстаў, не ступіў бліжэй. Стрымаўся, прыгледзеўся зводдалек: на здымку былі бравы, з круглай мікалаеўскай фуражкай, з пагонамі салдат і танклявая, у белай кофце і доўгай спадніцы жанчына. Даўняя, пажоўклая ад часу картка і мікалаеўская, набок, зухаватая фуражка сведчылі, што здымку багата гадоў.

Але танклявая маладая жанчына здалася дзіўна падобнаю на Ганну. Хто гэта?

Гадаючы пра гэта, узрушаны яшчэ ўбачаным і адчутым, Башлыкоў цяжкавата сачыў за тым, як Глушак цырымонна, па-сялянску падступаўся да гаспадароў, тлумачыў, чаго зайшлі.

Дубадзел, што нецярпліва і з гаспадарскай упэўненасцю пахаджваў па хаце, не вытрываў глушакоўскай цырымоннасці, перабіў яго, аб'явіў адразу:

– Адным словам, явіліся выясніць: чаго ў калхоз не ідзеце?

У тым, як ён гаварыў, было не так пытанне, як патрабаванне адказаць, адкрыта і ясна. Было і абвінавачанне: чаму валаводзіце ў гэтай, такой простай справе?

Стары, падобна было, і наогул чуў сябе ніякавата ад таго, што засталі на печы, горбіўся, адводзіў вочы. Пасля Дубадзелавых слоў ён, здалося, яшчэ больш угнуў плечы, унурыў позірк. Хвіліну было цягучае, звыклае ўжо маўчанне. Тады стары неспадзявана ажыў, усміхнуўся, дзіўна, па-змоўніцку да гасцей: як бы пасмейваючыся з імі. Вясёлым вокам павёў да печы, да жонкі.

– Да я хоць сягоння гатовы, – прамовіў хітравата, нібы бесклапотна. – Хоць зараз. Калі яна скажа, што згодна. Угаварыце яе!..

У позірку яго, у манеры гаварыць мільгнула Башлыкову знаёмае: так мела звычку паглядваць, гаварыць тая, глінішчанская, яго дачка. Старая ля печы, чырвоная, злосная і да таго, зіркнула на мужа так люта, што і Башлыкову стала не па сабе. Разгневаная, усхапіла чапялу, што трымала, з такім рашучым выглядам, што было відаць – не завагаецца ні на момант. Чарнушка адразу спрытна ўскочыў. Сур'ёзны, пагрозны, папракнуў:

– Ну, здурнела! Гасцей пасаромейся!

Мяркуючы па тым, як яна глянула на Башлыкова, толькі дзякуючы яму чапяла затрымалася, стала зноў на падлогу. Але старая дала волю гневу свайму:

– Ён хоць сягоння гатовы! Угаварыце яе! Гаспадар, няма чаго! Сам гатовы распетрыць усё! «Хоць зараз аддам усё!..» Кепікі яшчэ строіць!

Чарнушка, мусіць, каб не рызыкаваць больш перад гасцямі, адно прамовіў з папрокам:

– Чаго там распетруваць!..

Старая, разгневаная, не глядзела на яго. Худыя грудзі хадзілі часта, неспакойна.

Дубадзел, што сярод хаты сачыў за ўсім весела, як бы забаўляючыся, – на што аптыміст, а зазначыў важка, без радасці:

– З тваёй жонкай, Чарнушка, чорт не згаворыцца! – Ён, аднак, тут жа змяніў тон гаворкі: не яму было паказваць кволасць, ды яшчэ перад Башлыковым, дадаў нібы жартам: – Дажджэцца яна, што прыпаяем цвёрдае!

Жанчына ці не разумела жартаў, ці ведала, што значыць жарт Дубадзела, зірнула люта на яго, урэзала:

– Цвёрдае! Ето нам цвёрдае?! Кеб у цябе язык папух, за такія твае словы!

Яна ў запале вельмі спрытна далучыла да гэтага яшчэ некалькі, такіх жа ласкавых і шчырых пажаданняў.

Было відаць: старая не ведае, што такое далікатнасць. Зацятая, было відаць, і смелая: стоячы за сваё, ні перад чым не спыніцца. Дубадзел, ці то таму, што добра ведаў старую, ці таму, што лічыў не годным паступацца перад жанчынаю, адказаў ёй рогатам: нібы ўхваліў спрыт пажаданняў. Паказаў, што не крыўдзіцца.

Усё ж надышла нядобрая няёмкасць. Няёмкасць гняла і Башлыкова, яго, можа, нават больш, чым іншых. Усё тое, што ён адчуў ад старой, маці яго завабнай знаёмай, так не пасавала з усім тым, што ад сустрэчы ў Глінішчах было ў душы. Гэтае так груба таптала тое кволае, добрае, што чулася яму як абраза яго шчырым пачуццям.

Абражаны, Башлыкоў не знаходзіў той цвёрдасці, якая прыходзіла заўсёды ў такі момант. Тое, што перад ім быў не нехта чужы, а самы блізкі чалавек загадкавай глінішчанкі, зыначвала, блытала ўсё.

Глушак, відаць, лічыў сябе асабліва вінаватым за нядобры лад гаворкі: як-ніяк, такое было ў яго вёсцы. У вёсцы, за якую ён фактычна адказваў перад райкомам як адзіны партыец і старшыня калгаса. Таму натуральным было, што ён рашыў выправіць становішча. Глушак палічыў самым надзейным сродкам ласкавасць.

– З цёткай Кулінай мы згаворымся, – прамовіў ён па-таварыску, мусіць, тым тонам, якім гавораць добрыя суседзі.

Жанчына, аднак, не адгукнулася на гэту хітрасць. Ліслівасць, што чулася ў голасе Глушака, яе нават запаліла. Яна з дзіўнай радасцю абрэзала:

– Ты сваю матку ўгавары спярша!

Быў у яе словах нейкі намёк. Улавіўшы гэта і, пэўна, зразумеўшы, што гэта адчулі і другія, Глушак занепакоіўся, але зрабіў выгляд, што ў словах Чарнушчыхі няма нічога.

– Чаго яе ўгаворуваць? – нібы здзівіўся ён. – Яна ўжэ ўступіла…

Здзіўленне яго было такім няшчырым, так чулася ў ім трывога, што гэта было відаць усім. Ён, няйнакш, хацеў годна адступіць, не ганьбячыся перад гасцямі.

Лепш бы ён перамаўчаў старой. На яго словы Чарнушчыха зноў ускінулася.

– Аге! – згадзілася яна радасна-з'едліва. – Уступіла! Улезла! Да не знае, як вылезці!

– Што ето вы кажаце, цётко? – Глушак гаварыў зноў няшчыра і мірна, як бы прасіў перамаўчаць. Не сарамаціць перад чужымі.

– Што кажу! А што сяло ўсё чуе! – Не жадаючы гаварыць марна, яна змяніла кірунак размовы. Каб адразу выказаць усё, заявіла непахісна: – І слухаць не хочу пра ваш калгас!

Тут уступіў у спрэчку Башлыкоў. Роўным, стрыманым тонам, з упэўненасцю чалавека, які багата больш ведае і разумее, папракнуў за баязлівасць, за тое, што верыць варожым плёткам. Сказаў, што мільёны працоўных сялян адкінулі паклёпы кулацкіх элементаў, смела пайшлі па калгаснай дарозе. Што мільёны людзей пераканаліся ўжо на жывым вопыце ў перавагах калгасаў. Выбраліся з галечы, з голаду.

– Хто выбраўся, а хто – улез! – адрэзала нецярпліва жанчына.

Сказала так злосна і непахісна, што было відаць: гаварыць з ёй далей марна. Усё ж Башлыкоў з цярплівасцю, на якую толькі быў здатны, павёў гаворку далей. Паспрабаваў пераканаць, што страхі іх – дарэмныя, што трэба смела выходзіць на новы прастор. Гаварыў то да старой, то да Чарнушкі – Чарнушка, звесіўшы ногі з палацяў, горбячыся, слухаў з пільнай цікавасцю, старая ля печы камянела нерухома. Не таіла, знарок паказвала, што чуць нічога не хоча.

Зацятая злосць і глухата старой панурым ценем захмарылі ўсё, што ўвайшло ў душу Башлыкова ў гэтай неабыякавай яму хаце.

Нарэшце цярплівасць яго скончылася, ён важка ўзняўся з лаўкі. У яго было брыдкае адчуванне бяссілля і нібы зняважанасці, яны асабліва хвалявалі яго ў гэтай хаце. Стараючыся адолець прыкрасць, паказаць як мае быць сваю годнасць, ён строга, з намёкам параіў старой, Чарнушку добра падумаць над тым, што ён сказаў. Тон, якім ён гаварыў, паказваў: гэта вельмі важна. Каб не шкадавалі потым.

Даў стрыманае «да пабачэння» і цвёрда рушыў да дзвярэй. На ганку зіхнула шырокім святлом снежнага дня, дыхнула марозам. Башлыкоў маркотна, няцямна акінуў вузкі, убогі двор, падумаў стомлена: як яна вырасла такая тут, у глухамані, у затхласці гэтай!.. Акінуў неўразуменным позіркам двор, пакіраваў на вуліцу.

За веснічкамі Дубадзел, што выйшаў першы, пачакаў яго, пакрочыў побач, дужа, бадзёра пагойдваючыся ў хадзе. Зірнуўшы на заклапочаны твар Башлыкова, здагадліва зразумеў настрой таго, адгукнуўся па-сяброўску:

– Ету разгаворчыкамі не возьмеш! Етай трэба другое срэдство!.. Меры трэба!..

Глушак гойдаўся з другога боку, маўклівы, з вінаватым тварам. Башлыкоў не дзівіўся: было чаго адчуваць вінаватым. Не дзівіўся і не спачуваў Глушаку: заслужана атрымаў. Глушак, як бы дабіваючыся вярнуць страчаную дружбу, выказаў раптам горача, гнеўна:

– Злая жмінда!.. Ето ж, – паведаміў шчыра, – з-за прагнасці сваёй Ганну выпхнула з дому! Жыццё дзеўцы пакалечыла!

Вестка гэта працяла панылае думанне Башлыкова, ён кінуў зацікаўлены позірк на Глушака. Вунь што! Вунь чаму яна ў Глінішчах! – адкрыў ён адну з загадак. У ім зацеплілася спачуванне. Башлыкоў, аднак, тут жа нагнаў строгасць на твар, паказаў, што турбуецца іншым, галоўным, і Глушак перамаўчаў.

Не адгукнуўся на Глушакову вестку і Дубадзел. Не да таго было: падышлі да новага двара.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю