355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Иван Сипаков » Падары нам дрэва » Текст книги (страница 9)
Падары нам дрэва
  • Текст добавлен: 8 октября 2016, 17:48

Текст книги "Падары нам дрэва"


Автор книги: Иван Сипаков


Жанр:

   

Прочая проза


сообщить о нарушении

Текущая страница: 9 (всего у книги 17 страниц)

Зірні, зірні,– пацягнула яго за рукаў Оя і паказала пальчыкам зусім у другі бок. – І там, здаецца, дурні…

І праўда: там таксама адзін чалавек лоўка біў другога ёмкаю доўбняю, а той ад вялікай радасці і ўзрушэння ўсё хацеў абняць яе і прыціснуць да сябе.

Той, што біў, толькі што прамахнуўся, стаяў, злаваўся на няўдачу і незадаволена моршчыўся, а той, каго білі, узрадаваўшыся, што доўбня нарэшце нерухома стаіць зусім блізка, ля ног ката, расчулена абмацваў і абнюхваў яе з усіх бакоў.

Што гэта? Рабская пакорлівасць? Ачмурэнне? Атупенне? Удзячнасць? А хіба можа быць нейкая ўдзячнасць таму, хто цябе б'е? А можа, гэта простая цікаўнасць? Вар'яцтва нейкае!

У другі раз кат ужо не прамахнуўся – вінаваты сам хуценька падставіў пад даўбешку свой худы, шылаваты азадак.

Потым яны памяняліся ролямі: кат стаў на месца ахвяры, а ахвяра ўзяла ў рукі доўбню.

– Дурні,– нібы сама сабе прамовіла Оя.

– Ага, дзяўчынка, дурні,– гледзячы не на тых, што ўзаемна катаваліся, а некуды ўдалячынь, згадзіўся з ёю дурбуд. – У нас усе дурні. Гэта нашы імёны і прозвішчы.

– А як вы іх адрозніваеце між сабою? – пацікавіўся Радзім. – Калі ўсіх дурнямі называеце?

А тут нічога складанага няма. У нас ёсць свая градацыя, свая дакладная сістэма. І чым горш, тым лепей, чым смяшней тым паважаней. Вось, скажам, Проста Дурань. Гэта самая ніжэйшая ступень. З імі ніхто не лічыцца. Гэта – ізгоі. Затым ідзе Яшчэ Большы Дурань. Пасля: Самы Вялікі Дурань. А там – і Ідыёт. Зноў жа – Славуты Ідыёт. Самы Лепшы Ідыёт. Яго Вялікасць Ідыёт. Ёсць і Балбес Балбесавіч, Лапух Лапухавіч, Ідыёт Ідыётавіч. І крый божа вы нешта наблытаеце ў гэтай градацыі і, да прыкладу, Яго Вялікасць Славутага Ідыёта назавеце Проста Дурнем. Гэтага вам тут ніколі не даруюць.

Радзім успомніў, як узрадаваліся далакопы, што закопвалі хлеб, калі ён назваў іх вялікімі ідыётамі, а Оя, хітравата ўсміхаючыся, спыталася:

– А якая ж у вас па гэтай градацыі мянушка?

– Дзяўчынка, – дурбуд, здаецца, узлаваўся, – гэтыя высокія званні трэба заслужыць, яны проста так не даюцца. Іншы чалавек так высільваецца, усё сваё жыццё, як кажуць, кладзе, каб атрымаць к старасці хоць бы Дурня Першай Ступені… А я, дзяўчынка, нават звычайнай дробязі – Проста Дурня – не заслужыў.

– А як усё ж вас клічуць? – дапытвалася Оя.

– У мяне грэблівая, абразлівая мянушка – Разумны. А гэта, каб вы ведалі, самае крыўднае слова ва ўсёй нашай дзяржаве. І самае небяспечнае – за яго нават караюць. Бо гэта мянушка злачынцы. Словам, як у вас: вораг народа.

Ён павярнуўся і, апусціўшы галаву, пайшоў са стадыёна. Ім нічога не заставалася, як падацца ўслед за Разумным.

Радзім яшчэ раз азірнуўся на катаў і ахвяр – цяпер ён ужо не адрозніваў іх, ведаючы, што любы кат становіцца ў свой час ахвяраю і наадварот, – убачыў, што шмат хто ўсё яшчэ лашчаць сродкі экзекуцыі, і шпарчэй рушыў да варот.

Дурбуд, мусіць, і праўда пакрыўдзіўся на Ою: ён ішоў вельмі хутка, не звяртаючы на іх увагі, адно толькі бубніў сабе пад нос, але што, Радзім не мог разабраць, бо гаварыў туземец вельмі ціха.

Калі яны выйшлі на нейкую плошчу, дурбуд спыніўся, пачакаў, каб яны параўняліся з ім, а тады звярнуўся зноў жа да Оі:

– Дзяўчынка, я хачу табе паказаць, чым звычайна заканчваецца жыццёвая дарога для тых, хто не выслужыўся нават да Дурня Трэцяй Ступені.

Плошча была шырокая, прасторная. Пасярод яе ўжо стаяў якійсьці размаіты, нібы зводны, аркестр. Такія на зямлі звычайна іграюць на пахаваннях, – мусіць, і тут чакалася нейкае масавае мерапрыемства з музыкаю. Перад аркестрам узвышалася невялікая, зробленая, здаецца, назаўсёды, пляцоўка – хутчэй за ўсё для дырыжора. Яна была пакуль што пустая.

Народ паволі запаўняў плошчу. Бліжэй падышлі і яны. Неўзабаве сюды, аж да самага аркестра, пад'ехаў белы лімузін, з яго выйшаў нейкі чалавек і падышоў да музыкаў. Радзім прыгледзеўся да яго, і яму здалося, што чалавека ён ужо недзе бачыў. Падумаў, ці не той гэта важны начальнік, які сустрэў іх з Ояй за гарою, а потым на такой жа самай белай машыне падвёз да палаца.

Радзіму памроілася, што і той уважліва разглядае яго, тужачыся ўспомніць, дзе бачыў, а таму, пацягнуўшы Ою за руку, паспяшаўся схавацца за спіны людзей.

Усе раптам заварушыліся, пачалі азірацца, загулі:

– Вядуць! Вядуць!

Азірнуліся і яны. Да ўзвышэння двое дужых малайцоў у нейкай уніформе, апранутыя, як блізняты, вялі босага, бледнага тварам чалавека. Бледната здавалася яшчэ большай ад чорнага, строгага, нібы дырыжорскага фрака, у які быў апрануты чалавек.

Хутчэй за ўсё гэта і ёсць дырыжор, але Радзіму было незразумела, чаму ён босы, навошта яго сілаю, пад прымусам вядуць на гэту плошчу, да гэтага аркестра. Дырыжор упіраўся, што было яшчэ болей дзіўным: чаму яго вядуць, а ён не хоча, не ідзе сам?

Нейкія людзі прынеслі аднекуль высокі шост, уторкнулі яго ў дзірку на пляцоўцы, зробленую, здаецца, якраз для гэтага. І адразу, падпіхнуўшы на ўзвышэнне, пачалі прывязваць дырыжора да шаста.

Навошта яны яго прывязваюць? Толькі паспеў так падумаць, як тут жа, нібы ён падслухоўваў Радзімавы думкі, над ім нагнуўся дурбуд і зашаптаў:

– Ты памыляешся, калі думаеш, што будзеш прысутнічаць на канцэрце. Так у нас караюць смерцю. Караюць музыкай. І гэта не дырыжор, як табе здаецца, а асуджаны.

Тым часам дурбуды прывязалі чалавека ў фраку да шаста і самі адышліся.

І тут жа грымнуў аркестр. Ён іграў жахліва, нязладжана, сумбурна. Гэта была не музыка, а суцэльная какафонія. Без плаўнасці, без гармоніі: гукі то натыкаліся адзін на аднаго, заміналі адзін аднаму, то раптам заціхалі і тут жа выбухалі нечаканым, не да месца грукатам. Гучалі габоі, флейты, гармонікі, бубны, скрынкі, трубы… Божа мой, у якім жа несуладдзі паядноўваліся яны!

Назіраючы за аркестрам, Радзім раптам зразумеў, што ім усё ж нехта дырыжыруе. Зірнуў у той бок, куды глядзелі і музыкі, і зніякавеў: кіраваў аркестрам і праўда чалавек у чорным фраку, прывязаны да шаста!

Ён нецярпліва пераступаў босымі нагамі па памосце, падскокваў, ліхаманкава махаў рукамі. А ўсе яго рухі, кожны ўзмах рукі і выгіб цела лавілі аркестранты і стараліся як мага дакладней перадаць гукамі.

– Чаго ён танцуе? – спытаўся Радзім.

– Дык пад нагамі ж бляха, а яна гарачая, – адказаў дурбурд.

Так яно і было на самой справе: ахвяра дырыжыравала аркестрам! Яна сутаргава курчылася ў канвульсіях, а аркестранты ігралі яе пакуты.

– І дакуль яны будуць іграць? – спытаўся Радзім.

– Да самага канца.

– Што гэта значыць – да канца?

– Да яго смерці. Паступова рухі цішэюць, слабеюць, а разам з імі цішэе і сціхае музыка. З апошнім уздыхам чалавека замаўкае і аркестр. Але ж дурбуды ёсць дурбуды! Яны тут жа грымнуць на ўсю моц – аж сцены задрыжаць у суседніх дамах – марш «Радуйся!»

– Хадзем! – раздражнёна сказаў Радзім і першы пайшоў прэч з гэтай плошчы.

– А ты ведаеш, куды трэба ісці? У які бок? – пацікавіўся дурбуд, які рушыў услед за ім.

Радзім нічога яму не адказаў.

На вуліцы, за плошчаю было ўжо шмат людзей і ўсе яны цяпер ішлі ў адным кірунку – вядома, шыбавалі на аэрадром. Дарогу яму паказваць ужо не трэба было, таму ён не чакаў, калі дурбуд абгоніць яго і стане паперадзе – сам ішоў разам з усімі.

Праз нейкі час дурбуд усё ж дагнаў яго.

– Ну, цяпер убачыў, як мы жывём? Зразумеў? – зазіраючы яму ў вочы, спытаўся ён.

Радзім і на гэты раз прамаўчаў. Размашыста ішоў сярод іншых і думаў якраз пра тое ж.

Дурбудзія яго здзівіла і ўразіла. І чым больш ён разумеў яе жыццё, тым страшней яму рабілася: краіна сама сябе знішчае! Ён здагадваўся, што яна, відаць, ідзе па тым жа самым згубным шляху, які прайшлі перад ёю Зэмія, Талямалія, Жалезны Хаос. Яны ж таксама хутчэй за ўсё былі некалі вось такія квітнеючыя, а ў што ператварылі іх дурні: голая зямля, шэрая пустыня, горы мёртвага жалеза, дзе жыць можна толькі пад зямлёю ці ў штучных аазісах…

Гэта ж трэба дадумацца – яны абражаюцца, злуюцца, калі іх назавуць разумнымі, і радуюцца, калі ім прысвояць, да прыкладу, вельмі пашаноўнае тут званне – Ідыёт Першай Ступені.

– Слухай, хлопча, не крыўдзіся, я сур'ёзна гавару, – не адставаў ад яго ні на крок Разумны. – Паколькі яны прызналі цябе за Пляшывага, можа, і праўда не адмаўляйся. Вазьмі ўладу ў свае рукі і ратуй Дурбудзію. Хаця табе і браць нічога не трэба – уладу ж на дзяржсавеце заўтра яны самі ўручаць.

– А потым вернецца сапраўдны Пляшывы… Што тады будзе?

– Анічога не будзе. Проста арыштуеш яго, у турму пасадзіш. Скажаш, што самазванец.

– А народ?

– Народ «дур-ра» табе будзе крычаць.

Яны ішлі ў натоўпе, які цяпер вельмі пагусцеў, і нікога не баючыся гаварылі пра такія небяспечныя справы. Але іхняй размовы ніхто не чуў. Людзі ішлі радасныя і шчаслівыя, узбуджаныя і задаволеныя, яны жылі прадчуваннем свята, і гэтае свята – сустрэча з прэзідэнтам – было ўжо зусім блізка, а таму яны ні на кога не звярталі ўвагі, смяяліся і ажыўлена гаварылі самі.

– А ты ведаеш, што Дурыс Першы-калматы, які цяпер ляйчыць намі, пра нас за мяжою гаворыць? Што Дурбуды нягоднікі, тупіцы, мярзотнікі, што мы сволачы, падлюкі, гультаі, што мы не ўмеем працаваць, што мы брудныя і нікчэмныя.

– За мяжою? Пра свой народ? – не паверыў сваім вушам Радзім. – Які ён ні ёсць, але ж гэта свой народ. І прэзідэнты звычайна хваляць і абараняюць сваіх землякоў.

– А наш – ненавідзіць. Яны ж, – Разумны махнуў вакол сябе рукамі, нібы стараючыся захапіць у гэты круг як найболей людзей, – бягуць, спяшаюцца, каб не спазніцца, каб у час сустрэць свайго дарагога, усенародна абранага прэзідэнта.

Цяпер ужо людзі не ішлі, яны беглі трушком – відаць, самалёт павінен быў хутка прызямліцца.

Радзім бег разам з усімі, побач з Разумным. За імі спяшалася Оя.

Цяпер ужо натоўп бег зусім хутка, як кажуць, з усіх ног, людзі былі яшчэ больш узбуджаныя і шчаслівыя. Нарэшце яны зноў убачаць свайго дарагога і любімага правадыра!

– Такую зямлю спаскудзілі, сволачы, – нібы сам сабе гаварыў Разумны. – Такую зямлю…

– Дарэчы, а чаму вы не змагаецеся супраць усяго гэтага глупства?

– Я не змагаюся? Хлопча ты мой дарагі, ды я ж з турмы не вылажу. І вось зараз я на волі толькі таму, што твар змяніў. Але гэта часова. Думкі – не твар, не зменіш. Мяне высачылі саксупы і ідуць па следзе. Хутка арыштуюць…

– Дык чаму вы не сцеражэцеся, а ідзяце якраз туды, дзе вас могуць арыштаваць. Там жа, дзе сустракаюць прэзідэнта, заўсёды шмат саксупаў.

– А навошта сцерагчыся? Усё роўна, што я адзін зраблю? А іх жа, – Разумны зноў махнуў вакол сябе рукою, – ніхто ніколі ні ў чым не пераканае. Бачыш, якія яны шчаслівыя?

Ён крыху памаўчаў. Бег нейкі час, нічога не гаворачы, адно толькі загадкава ўсміхаўся. Затым, падбегшы зусім блізка да Радзіма, пачаў гаварыць яму як не на самае вуха – так, каб не чула нават Оя:

– А ведаеш, што іх больш за ўсё раздражняе. Не тое, што я хачу скінуць прэзідэнта, а тое, што я сцвярджаю, што ўсе мы жывём на звычайнай седаўцы. І аром на седаўцы, і дрэвы садзім на ёй, і чыгункі па ёй пракладаем… І ўсё на седаўцы. Я ім кажу пра гэта, а яны не вераць. Злуюцца. Абураюцца. Як? Наша цудоўная, квітнеючая краіна – і ўсяго толькі седаўка?! Таксама разумнік знайшоўся! У турму яго, згнаіць! І гнояць. А мы як жылі на седаўцы, так і будзем жыць. Незалежна ад таго, у турме я ці не. Бо і турма ж на седаўцы стаіць. Гэта ашаламіла Радзіма.

– А адкуль вы яе ўзялі? Седаўку сваю?

– Што, і ты не верыш? – зласліва спытаўся Разумны.

– Як бы вам сказаць…

– Нічога мне не трэба гаварыць. Але сам ты неўзабаве пераканаешся, што я кажу праўду. Словам, бяры заўтра ўладу. Я табе буду дапамагаць.

Іх абагнаў белы лімузін. Відаць, экзекуцыя на плошчы ўжо закончылася.

Па ўсім адчувалася, што аэрадром зусім блізка…

Праз колькі часу яны праціснуліся праз шырока, гасцінна расчыненыя вароты і далучыліся да людзей, якія прыбеглі сюды раней за іх і задаволеныя, у нейкім нервовым нецярпенні пільна сачылі за небам, каб крый божа не прапусціць таго моманту, калі між светлых аблачынак з'явіцца маленькая крапка самалёта, якая ўсё будзе большаць і большаць, пакуль нарэшце не чыркне коламі па бетоннай паласе.

Людзі, асабліва нафарбаваныя дамачкі, нібыта ў экстазе, закочвалі вочы, шапталі: «Ой, ён зараз прыляціць! Ой, ён зараз вернецца!» – і аж дрыжалі ад напружання.

Таму не дзіўна, якое вар'яцтва пачалося тут, калі хтосьці першы ўбачыў самалёт, а калі той урэшце сеў, ніхто і нішто ўжо не змог стрымаць да слёз расчулены натоўп – ні ланцугі міліцыянераў і салдат, ні жалезныя загародкі. Людзі ўмомант змялі ўсё гэта і той жа час апынуліся на лётным полі – самалёт падрульваў ужо да натоўпу, і многія сустраканцы апынуліся пад яго крыламі.

Народ у нецярпенні збіўся ў кучу, людзі стаялі блізка адно да аднаго, а таму абслуга доўга ніяк не магла падаць трап – дурбудаўцы не расступаліся перад ім.

Калі трап усё ж падалі, калі адчыніліся дзверы, калі на прыступку з цёмнага чэрава самалёта ступіў сам Дурыс Першы, людзі нібы звар'яцелі. Яны скакалі, махалі рукамі, крычалі: «Няхай жыве!», «Хвала!», «Дур-р-ра!».

Прэзідэнт, магутны і плячысты, стаяў і самазадаволена ўсміхаўся.

Пышныя валасы, калматыя бровы, ламаны нос. Маленькія свінячыя вочкі. Тупыя-тупыя – як у асла.

Вецер матляе калашынне яго штаноў (дарэчы, пашытых з дзяржаўнага сцяга), а здаецца, што гэта трасуцца ногі – ці то ад страху, ці то ад якога захворвання. І сам ён таксама хістаецца.

– Прэзідэнт п'яны? – спытаўся Радзім.

– Ага, – адказаў Разумны, – і п'яны, і дурны. Дурыс Першы глядзеў на сваіх падданых нейкім невідушчым, замутнёным позіркам.

Пастаяўшы вось так – мусіць, для фотакарэспандэнтаў – ён пачаў паволі спускацца на зямлю. Па тым, як ён перастаўляў ногі, як махаў рукамі, як асцярожна ступаў на ніжэйшыя прыступкі, Радзіму да ўсяго яшчэ здалося, што гэта не жывы чалавек, а ўсяго толькі робат. Каб поўнасцю пераканацца ў гэтым, ён, распіхваючы тых, што стаялі перад ім, пачаў прабівацца да прэзідэнта. І ўсё ж дапяў да самага трапа, і калі Дурыс Першы спусціўся на самую ніжнюю прыступку, ён незаўважна для іншых дакрануўся рукою да яго рукі – яна была халодная-халодная – і кіпцюрамі калупнуў скуру. Скура лёгка ссунулася, і Радзім убачыў пад ёю не косць, а жалеза, начыненае нейкімі правадкамі. Божа мой, так і ёсць – гэта не чалавек, а робат, абцягнуты звычайнай чалавечай скурай! Яны ўсяго толькі выкарыстоўваюць, эскплуатуюць жывую скуру!

Прэзідэнт не адчуў нават ніякага болю, не звярнуў увагі на яго кіпцюры. Ён асцярожна злез з апошняй прыступкі і, нібы не заўважаючы працягнутую да яго руку чалавека з белага лімузіна, які ўжо таксама быў каля трапа, – паспеў, бачыце, і на пакаранне музыкаю і на сустрэчу прэзідэнта! – пайшоў уздоўж самалёта. Чалавек з лімузіна закрыў ужо адкрыты для прывітання рот, паплямкаў губамі, пацмокаў ротам, нібы глытаючы падрыхтаваныя словы, паправіў некалькі валасін на галаве, перакінуўшы іх праз лысіну, і незадаволена, сумеўшыся, апусціў руку.

А прэзідэнт тым часам абышоў самалёт, і неўзабаве з другога боку пачулася нешта падобнае на шум вады. Той жа час дальняе кола самалёта зрабілася мокрае і з-пад яго пацёк ручай.

Прэзідэнт вярнуўся і, як нічога і не здарылася, сам падаў чалавеку з белага лімузіна руку, патрос яе, нейкім сінтэтычным, невыразным, як усё роўна ў яго была ўстаўная сківіца, голасам адказаў на прывітанне таўстуна і зноў палез па трапе наверх.

– А ў яго і праўда ўстаўная сківіца. І не адна, а дзве, – апярэдзіўшы Радзімава пытанне, сказаў Разумны і дадаў: – Неяк прыязджаў з візітам да нас у Дурбудзію кароль з дальняга замежжа. Дык вось Дурыс Першы на працягу ўсяго візіту – а гасцяваў той тры дні – усё расказваў пра свае сківіцы: як іх ламалі, як устаўлялі…

Людзі тым часам аж вар'яцелі ад шчасця, людзі скандзіравалі:

– Хвала! Хвала! Хвала!

На верхняй прыступцы Дурыс Першы спыніўся, неяк вельмі штучна, па-старэчы, топчучыся на месцы, павярнуўся, абедзвюмя рукамі расправіў густыя-густыя, калматыя-калматыя бровы – дарэчы, Радзім успомніў, што якраз такія бровы былі ў аднаго з кіраўнікоў на зямлі,– і без усялякай падрыхтоўкі пракрычаў:

– Няхай жыве беспрацоўе!

– Дур-р-ра! – узрадавана зароў у адказ шматтысячны натоўп, быццам прэзідэнт сказаў людзям нейкую вельмі прыемную навіну.

– Далоў бясплатныя адукацыю, жыллё, медыцыну! – Дурыс Першы свае лозунгі выкрыкваў з цяжкасцю, быццам варочаў у роце цяжкія камяні.

– Дур-р-ра! – зноў разнеслася над лётным полем, і ўсчаліся раптам такія воплескі, якія заглушылі нават рэактыўныя рухавікі самалётаў, што збіраліся ўзлятаць.

– Мы павысім цэны! Мы зробім вас жабракамі! – прыкладаючы шмат намаганняў, хрыпеў Дурыс, а ў адказ – тыя ж воплескі, тое ж:

– Дур-р-ра!

Радзім слухаў і назіраў за ўсім, што робіцца, і ніяк не мог зразумець гэтых людзей: ці то яны і напраўду лічаць «вялікімі дасягненнямі» ўсё тое, што ім абяцае прэзідэнт, ці то яны на самой справе бачаць, што ім рыхтуецца, але няшчыра падтрымліваюць глупства, спадзеючыся такім чынам выжыць у гэтай калатнечы.

А ўрэшце яму здавалася, што людзі загіпнатызаваныя, таксама робаты і выконваюць яны ўсяго толькі загады нейкага схаванага гіпнатызёра. Нежывыя, яны, як добра змазаныя машыны, механічна працуюць і не скрыпяць.

Міжволі заўважыў, што бліжэйшыя дурбуды, крычучы «дур-р-ра!» і радасна пляскаючы ў далоні, насцярожана назіраюць за ім. Канечне, будзеш дзівіцца, калі ўсе аж заходзяцца ад радасці, весяляцца, смяюцца, а ён адзін сярод такога натоўпу стаіць і нічога не робіць.

– Пляскай хутчэй у далоні і крычы «дур-р-ра!» – адчуўшы небяспеку, зашаптаў яму Разумны. – А то зараз цябе будуць трэсці. У нас гэта робяць, каб вытрасці словы з тых, хто маўчыць падчас святочных урачыстасцяў.

Ён і сам зразумеў, што трэба было паводзіць сябе, як і ўсе. Але ўжо было позна. Да яго падышлі два дужыя малойцы, схапілі за ногі, лоўка, нават у такой цеснаце, перакулілі ўніз галавою і пачалі трэсці – хто яго ведае, можа, і напраўду верылі, што зараз з яго пасыплюцца словы.

Радзіму было кепска, непрыемна, галава матлялася, кроў прылівала да скроняў, а яны ўсё трэслі і трэслі.

Зразумеўшы, што саксупы не пакінуць у спакоі, пакуль не загаворыць, Радзім пачаў прарэзліва крычаць «дур-р-ра!» і малаціць у далоні.

І гэтага хапіла. Дужыя хлопцы адразу ж перасталі яго трэсці, гэтак жа лоўка, як і перакулілі, паставілі зноў на ногі, і задаволеныя, што так хораша выканалі работу, адышліся ўбок.

І тут жа аслупянелі. Нейкі час яны стаялі, вырачыўшы вочы, і не маглі вымавіць ніводнага слова. Радзім таксама глядзеў на іх, па інерцыі крычаў «дур-р-ра», але ніяк не мог зразумець што іх здзівіла.

А хлопцы, пастаяўшы крыху вось так, у разгубленасці, раптам схамянуліся і ў адзін голас закрычалі:

– Ён вярнуўся! Зірніце, ён вярнуўся!

Тады толькі Радзім здагадаўся, што здарылася. Ён памацаў, павадзіў рукою па валасах і аж сцяўся ад жаху: касніка на галаве не было…

Абодва малайцы, якія толькі што трэслі яго за ногі, падбеглі бліжэй і пачалі гладзіць рукамі па метцы – пальцы іхнія былі потныя, і Радзім адчуваў, як яны размазваюць па ілбе тое, што звалася мухаю ці пчалою і назаляла яму ў скафандры.

Завішчалі жанчыны, што стаялі непадалёку:

– Ён вярнуўся! Ой, Мечаны вярнуўся!

Яны таксама кінуліся да Радзіма і, адпіхваючы адна адну, лаўчыліся пацалаваць яго метку.

– Ён вярнуўся! – зараз ужо неслася з усіх бакоў.

Дурыс Першы ўсё яшчэ выкрыкваў свае дзівацкія лозунгі, але людзі ўжо не слухалі іх, а, павярнуўшыся ў той бок, дзе стаяў Радзім, падымаліся на дыбачкі, выцягвалі шыі, каб лепей разгледзець Мечанага, які, нарэшце, вярнуўся.

Мужчыны ўжо хацелі падхапіць яго на рукі, каб падкінуць угору, але жанчыны не аддавалі ім Радзіма, цалавалі і цалавалі ў метку.

Цяпер ужо ўся ўвага была не Дурысу Першаму, а яму, Радзіму. Оі, надзіва, ніхто не заўважаў – жанчыны, здаецца, прызналі яе за сваю.

Бледны ўвесь, вельмі занепакоены, напружаны, стаяў зводдаль Разумны, але блізка не падыходзіў,– ён, мусіць, адзін ведаў, чым усё гэта можа скончыцца.

– Ён вярнуўся! Ён вярнуўся! – аж вар'яцелі навокал яго дурбуды.

Тыя, што былі далей, узбіраліся на розныя ўзвышэнні, якія толькі трапляліся пад ногі, каб лепей бачыць сярод натоўпу яго, не вельмі высокага ростам. Некаторыя нават узлезлі на трап, як не да самога прэзідэнта, а іншыя дапялі да крыла самалёта – іх там сабралася ўжо шмат, а лезлі ўсё новыя і новыя – і адтуль выкрыквалі сваё: «Мечаны вярнуўся! Мечаны вярнуўся!»

І ўсё ж яго вырвалі з жаночых рук і падкінулі ў паветра.

– Дур-р-ра! – зароў, заенчыў натоўп.

І ў гэты час штосьці здарылася. Нешта затрашчала, нібыта ўдарылі аўтаматныя чэргі, нешта бухнула, быццам непадалёк разарваўся снарад, нешта зашчоўкала, як адзіночныя стрэлы.

Людзі спалохаліся, замоўклі, разгубіліся – яго злавілі ўжо як не ля самой зямлі і паспешліва паставілі на ногі. Нешта здарылася, і дурбудам было ўжо нават і не да Мечанага. Усе скіравалі позіркі ў бок прэзідэнта, але на прыступках таго не было відаць.

– Забілі! Замах! – закрычалі людзі. Прыгледзеўшыся лепей, Радзім убачыў адно толькі боты Дурыса Першага, што вытыркаліся з-пад людскіх цел – відаць, саксупы, пачуўшы стрэлы, таксама падумалі, што гэта замах, узброенае нападзенне на прэзідэнта, і, ужо асабліва не асцерагаючыся, бесцырымонна павалілі Калматага на прыступкі і самі пападалі зверху, прыкрываючы яго сабою.

Спачатку нават здалося, што ўсе яны мёртвыя, што менавіта па іх і стралялі тыя, хто нападаў. Але неўзабаве, калі саксупы, не чуючы новых стрэлаў і выбухаў, паволі пачалі варушыцца і ўставаць, стала зразумела, што ніхто ні на каго не нападаў, ніхто ні па кім не страляў.

Прэзідэнт жа ўсё яшчэ ляжаў на прыступках, як нежывы: хутчэй за ўсё целаахоўнікі, падаючы на яго, паадрывалі ўсе правадкі, і ён, абясточаны, не мог цяпер нават паварушыцца.

Радзім не адразу ўбачыў прычыну перапалоху, а як убачыў,– ледзь не рассмяяўся: гэта ж усяго толькі, не вытрымаўшы процьмы навіслых людзей, адламалася крыло самалёта і разам з імі грымнулася на зямлю, а ўсім здалося, што гэта страляюць.

Ён, расслабляючыся, выцер спацелы лоб рукавом сарочкі і з палёгкаю ўздыхнуў. Але тут жа сцяўся ад жаху: «Што ж я нарабіў!»

Убачыўшы, што з прэзідэнтам нічога не здарылася, што ім самім нічога не пагражае, людзі паварочваліся да Радзіма, гатовыя зноў падкідаць яго і крычаць сваё любімае «дур-р-ра!». І тут жа здзіўлена, нічога не разумеючы, спыняліся і глядзелі на Радзіма так, быццам яны ўпершыню бачаць яго: пляму ж, метку, падобную на Афрыку на зямных геаграфічных картах, ён толькі што выпадкова сцёр рукавом, а без яе хто ж прыме за Мечанага?!

Дурбуды ужо зусім падазрона прыглядаліся да яго.

– Пачакайце, пачакайце, тут штосьці не тое: быў мечаны, а цяпер меткі няма… – здзіўляліся яны, няпэўна разводзячы рукамі.

– Не, гэта не Пляшывы, – сумняваліся адны.

– Канечне, не Мечаны, – пагаджаліся з імі другія. Людзі доўга вывучалі яго, пакуль нейкі ўважлівы – ці не з саксупаў? – дурбуд не закрычаў як рэзаны:

– Гэта ж самазванец! Ілжэпляшывы! Карайма яго на месцы!

– Карайма! – зараўло лётнае поле. – Дур-р-ра!

Тым часам памочнікі прэзідэнта і саксупы зноў падключылі да датчыкаў правадкі, пашчоўкалі нейкімі тумблерамі,– гэта таксама гучала, як стрэлы, – але яны ўжо нікога не палохалі.

Праз колькі хвілін Дурыс Першы заварушыўся, ажыў і пачаў падымацца на ногі сам, яму толькі злёгку, падтрымліваючы пад пахі, дапамагалі целаахоўнікі.

Робат нарэшце выпрастаўся, патаптаўся на месцы, каб стаць зручней, каб не ўпасці, і ўжо, відаць, хацеў выкрыкнуць чарговы заклік, але ў гэты час па прыступках да яго паспешліва ўзбег нейкі маленькі жвавенькі дурбудзік, нешта зашаптаў яму на вуха, паказваючы раз-пораз у Радзімаў бок. Прэзідэнт слухаў яго, забаўляючыся са сваімі густымі, калматымі брывамі,– ён то падымаў іх, то апускаў, то гладзіў даланёю. Выслухаўшы ўсё, што яму нагаварыў дурбуд, прэзідэнт пачырванеў, напружыўся, надзьмуўся і злосна, качаючы ў роце словы – відаць, заміналі сківіцы, – закрычаў:

– На другое паўшар'е ілжэпляшывага! І Пляшывага, як зловім!

Радзім зразумеў, што гэта яго так пакаралі, але сэнсу пакарання пакуль што не ведаў.

Адразу ж праз натоўп, збегшы з прыступак, да яго кінуліся двое ахоўнікаў, заламалі яму рукі і, пракладаючы між людзей дарогу, некуды павялі.

Цяпер ужо ён заўважыў і трэцяга – той распіхваў перад імі людзей, – а да гэтага саксуп, як высветлілася, непрыкметна стаяў побач і, канечне ж, сачыў за ім, чакаючы, у які бок усё павернецца: калі гэта і праўда Пляшывы, ён будзе яго ахоўваць, калі ж самазванец – дапаможа затрымаць.

Саксупы падвялі Радзіма да прыгожай белай машыны, вельмі ж падобнай да ўжо знаёмага яму дзяржаўнага лімузіна – нават падумалася, што тут на ўсю краіну толькі адзін вось гэты аўтамабіль. За рулём сядзеў, здаецца, той жа самы шафёр. Радзім, садзячыся ў машыну, ніякавата ўсміхнуўся яму – вось як, маўляў, бывае. А той у адказ падбадзёрваюча падміргнуў яму – маўляў, нічога, трымайся…

– Да вісячага моста! – грозна скамандаваў шафёру адзін з саксупаў, і той, нібы спалохаўшыся, рэзка рвануў машыну з месца. Па тым, як шафёр слухаўся іх, нічога не пярэчыў і ні пра што не распытваў, Радзім здагадаўся, што да вісячага моста вязуць яго высокія саксупаўскія шышкі.

Ехалі доўга і цяжка – нібыта па якой дрыгве. Машына зыбалася па дарозе, увесь час гонячы перад сабою, моршчачы, нібы хвалю, зямлю.

А дзень усё не канчаўся. «Які ж ён вялікі ў Дурбудзіі!» – падумаў Радзім. Усё стаяла, здавалася, на адным месцы сонца, усё свяціла і свяціла, ярка і чырвона. Ужо нават з'явілася думка, што яно тут ніколі не заходзіць.

Ехалі моўчкі. Маўчалі саксупы, паміж якімі ён сядзеў на заднім сядзенні, маўчаў і, ужо здавалася б, знаёмы шафёр – хутчэй за ўсё баяўся перад ахоўнікамі паказаць сваю ўвагу да самазванца.

Саксупы тым часам рыхтавалі нейкае пісьмо. Штосьці напісалі на шматку паперы, паклалі ў канверт, заклеілі.

А дарога ўсё не канчалася. Што ехаць яшчэ доўга, Радзім зразумеў, калі шафёр, перакінуўшыся колькімі словамі з саксупамі, з'ехаў на ўзбочыну, ад'ехаўся да невялікага ляска нейкіх незразумелых дрэў – лісцё ў іх пачыналася ад самай зямлі, ад самых каранёў,– спыніў машыну і адразу ж, паклаўшы галаву на рукі, што былі на рулі, заснуў. Захраплі з абодвух бакоў і саксупы.

Яму ж спаць чамусьці не хацелася. Ад няма чаго рабіць ён разглядаў дзівосныя дрэвы, у якіх не было ствалоў,– лісты, як кактусы, прымацоўваліся адзін да аднаго, і таму дзіўна было бачыць, што яны не згінаюцца, не звісаюць, а роўна, старчаком шугаюць угору.

Абводзіў вачыма далёкія краявіды, спрабаваў зблізку разгледзець мятлушак, якія ляталі перад самым шклом, але шкло было матавае, а таму праз яго нічога асабліва не ўдавалася разгледзець.

Ахоўнікі спалі моцна. Радзім падумаў, што яны хутчэй за ўсё не прачнуліся б, калі б ён паспрабаваў уцячы, але тут жа горка сам сабе ўсміхнуўся: а што будзеш рабіць, уцёкшы? Куды пойдзеш і чаго возьмешся шукаць?

Ою! Яна ж асталася адна сярод дурбудаў. На што ёй спадзявацца, як жыць паміж сапраўдных Ідыётаў Ідыётавічаў? Яна ж там такая адзінокая і бездапаможная.

Калі б не гэтыя думкі пра Ою, з якою яго разлучылі, калі б не клопат пра тое, як яна там адна, Радзім хутчэй за ўсё ўзрадаваўся б: то ж добра, што ён не будзе ўрэшце бачыць гэтай Дурбудзіі, гэтага абсурду, гэтых Дурняў Розных Ступеняў, якія здзекуюцца самі з сябе.

«А ты думаеш там, на Другім Паўшар'і, табе будзе лепей? Калі туды ссылаюць, то там, мусіць, ой як няхораша… – рыхтаваў ён сябе да самага горшага, але тут жа наноў злаваўся: – А няхай сабе і горай! Абы гэтых ёлупняў не бачыць!»

Заварушыліся саксупы. Прачнуліся самі і, паказваючы адзін аднаму на гадзіннікі, пачалі тармасіць і шафёра.

– Паехалі! – як толькі ён працёр вочы, строга загадалі ахоўцы, і шафёр, яшчэ пазяхаючы, паспешліва націснуў на газ, і машына рванулася з месца.

Куды яны едуць, як выглядае тое Другое Паўшар'е, ён, канечне ж, не ведаў і таму абыякава назіраў за ўсім, чакаючы, калі яго прывязуць куды трэба.

На месца прыехалі, як сонца было ўжо на захадзе. Ён здагадаўся, што дарога скончылася, калі машына спынілася ля нейкай вялікай упадзіны, ля самага адхоннага краю, калі з яе выйшлі саксупы і, размінаючы зацёклыя ад доўгага сядзення ногі і рукі, падышлі да нізіны, паглядзелі ўніз, зазірнулі ў будачку, што стаяла пры беразе, але нікога там не знайшлі, яна была парожняя.

Пачалі шчоўкаць рознымі тумблерамі, пакуль нарэшце нешта не залязгатала, заскрыгатала, забразгала, і з-пад будкі ў бок абрыву пасунулася раптам заржавелая жалезная лесвіца. Калі яна навісла над лагчынаю, саксупы спынілі механізм. Падышлі да машыны, паказалі, што трэба выходзіць. Радзім выйшаў і разам з ахоўнікамі падышоў да краю. Ахоўнікі сталі на лесвіцу, паставілі Радзіма між сабою, а шафёру паказалі рукамі, каб заняў іхняе месца ў будцы.

Праз хвіліну лесвіца зноў зарыпела, заскрыгатала і, паволі высоўваючыся, везла іх усё далей і далей ад берага. Хутка зменшыліся і сам бераг і машына, што засталася на ім, а лесвіца ўсё даўжэла і даўжэла. Зямля пад імі ўсё далела, правальвалася і правальвалася, а таму, стоячы на лесвіцы, амаль не маючы нічога пад рукамі, за што можна трымацца, боязна было глядзець уніз.

Нарэшце лесвіца падсунулася пад нейкі масток, што немаведама як і вісеў у паветры, – гэта потым ужо Радзім разбярэцца, што ён трымаецца на доўгім і тонкім стрыжні, замацаваным глыбока ў прорве.

Саксупы пераскочылі з лесвіцы на пляцоўку, махнулі рукамі на бераг, і там, хоць гэта было і далёка, шафёр убачыў іх і зразумеў – лесвіца адразу спынілася.

Адзін саксуп паказаў Радзіму на вераўчаную лесвіцу, якая пачыналася ад самай пляцоўкі і, прагінаючыся, цягнулася далёка-далёка, аж за небасхіл:

– Гэта адзіная дарога на Другое Паўшар'е. Іншых шляхоў туды няма.

І, апусціўшы вочы, відаць, крыху няёмячыся, дадаў:

– І як бы табе, чужаземец, не было балюча такое пачуць, я мушу ўсё ж сказаць: туды пакуль ніхто не даходзіў. І ніхто адтуль не вяртаўся.

Божа, чаму лёс такі не ласкавы да яго?! Толькі і чуеш: адтуль ніхто не вяртаўся, туды ніхто не даходзіў… А ён дойдзе! І вернецца! Так, як і з Жалезнага Хаосу вярнуўся. Чакай, чакай, а куды вернецца? У Дурбудзію?

Радзімавы разважанні перапыніў другі дурбуд:

– А калі табе ўсё ж удасца дайсці да Другога Паўшар'я, вось твае дакументы, – і падаў паперы, якія яны рыхтавалі яшчэ ў машыне.

– Тут усё напісана, – дадаў другі ахоўнік.

Радзім узяў у рукі канверт і рассеяна паклаў яго ў кішэню.

Ахоўнікі з двух бакоў, падбадзёрваючы, паляпалі яго па плячах, асцярожна сышлі на жалезную лесвіцу – тая аж прагнулася пад імі, завагалася – і пачалі махаць рукамі. Але на беразе – ці то гэтага не заўважаў шафёр, ці то там штосьці ў яго не атрымлівалася – лесвіца не скрыгатала і не рухалася, стаяла на месцы. Саксупы яшчэ ажыўленей пачалі махаць рукамі, пачалі нервавацца, аднак ад гэтага нічога не мянялася: шафёр, які быў у будцы, мусіць, і праўда не мог даць рады машыне.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю