355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Иван Сипаков » Падары нам дрэва » Текст книги (страница 14)
Падары нам дрэва
  • Текст добавлен: 8 октября 2016, 17:48

Текст книги "Падары нам дрэва"


Автор книги: Иван Сипаков


Жанр:

   

Прочая проза


сообщить о нарушении

Текущая страница: 14 (всего у книги 17 страниц)

Кат

Яму было вельмі балюча.

Кат, мажны, рослы, пульхны, з тоўстым азадкам, з вялікім і мяккім, як гумовы мяч, жыватом, што ўпіраўся чалавеку як не ў самы твар, сцябаў яго не шкадуючы. Бізун з навязанаю на самым кончыку гайкаю са свістам рассякаў паветра і біў, не зважаючы, па чым трапляла – па спіне дык па спіне, па руках дык па руках, па галаве дык па галаве: спачатку балела там, куды пацэльвала гайка, а затым ужо саднела ў тым месцы, дзе да цела прыліпала, прыклейвалася, нібы гарачае жалеза, уся пуга, сплеценая ў некалькі столак з сырамятнай скуры. Добра адчуваўся тонкі дрот, устаўлены ў пугу – ад яго не ратавала ніякае адзенне, яно рассякалася, разлазілася проста на вачах.

Чалавек спрабаваў абараняцца, выстаўляў наперад рукі, але бізун ламаўся аб іх, гайка мяняла свой звыклы рух і яшчэ балючай біла па твары.

Спрабаваў ён таксама натаўчы кату ў ненавісны жывот, які нібыта знарок здзекліва тырчаў перад ім, але гэта было падобна на крык адчаю: кулакі вязлі ў жываце і потым адскоквалі ад яго, нібы ад гумовіка.

Чалавеку хацелася як-небудзь паваліць ката, пасіліць яго, але той вельмі цвёрда і ўпэўнена стаяў на нагах – як усё роўна нехта наліў у іх свінцу – і, не зважаючы на недарэчныя высілкі ахвяры, сцябаў, здаецца, яшчэ руплівей і з большаю асалодаю.

Кат маўчаў, абыякава глядзеў перад сабою лупатымі вачыма, не азіраўся па баках, і здавалася, што для яго нічога не існуе на свеце, апрача таго, каго ён павінен караць.

– За што?! – малоцячы кулакамі па жываце ката, крычаў чалавек, але яго як не чулі,– бізун сцябаў усё гэтак жа мерна і спакойна.

Можа, ён і напраўду нічога не чуў, бо галава ката была вельмі высока і голас ахвяры, схаванай пад жыватом, да яе хутчэй за ўсё не даходзіў.

– Людзі, памажыце! – прасіў чалавек тых, што праходзілі побач, хапаў іх за рукі, але яны незадаволена вырываліся і спяшаліся як найхутчэй адсюль знікнуць, уцячы – ці то баяліся ўліпнуць у нейкую непрыемную для сябе гісторыю, ці то асцерагаліся, каб самім не трапіць пад бізун з гайкаю.

Ён, дарэчы, ведаў, што ад гэтага ката няма ніякага паратунку, – пакуль не зробіць сваю справу, не выканае дадзеную яму работу, ад яго нікуды не ўцячэш. Прасіць яго, угаворваць, наогул гаварыць з ім немагчыма, марна – ён, здаецца, і глухі, і сляпы.

Чалавек ні ў чым не лічыў сябе вінаватым. Проста яго злавілі на вуліцы нейкія невядомыя людзі – ці то яны памыліліся, ці то ім і праўда нешта не спадабалася, але што – не сказалі,– прывялі сюды, да ката, далі таму ў рукі бізун, загадалі сцябаць, а самі пайшлі – мусіць, лавіць новых.

Кат біў усё мацней і мацней. Ужо зусім падралася на каснікі адзенне, яно ашмоццем звісала з цела, ужо ўся скура была ў крывавых рубцах ад пугі і ў сініх буграх ад гайкі, а злыдзень усё не спыняўся.

Аднак тое, што кат нічога не бачыць і не чуе, як высветлілася, было няпраўдаю: калі ахвяра паспрабавала ўхіліцца, выкруціцца ад удару, ён моцна згроб яе за руку і зноў паставіў на месца.

Чалавеку было балюча, і яму хацелася плакаць.

Але ён раптам зарагатаў. Пляснуў сабе па лобе і зарагатаў. Усе, хто на гэты час праходзіў побач, замест таго, каб уцякаць хутчэй, спыняліся і здзіўлена глядзелі на ахвяру – што гэта з ім здарылася: ці не звар'яцеў – яго б'юць, а ён рагоча.

Чалавек хапатліва лапаў сябе па кішэнях, нешта ў іх паспешліва шукаў. І ўсё рагатаў – як самы шчаслівы чалавек, які зразумеў нейкую вялікую таямніцу, вядомую толькі яму аднаму.

Але ў кішэнях, відаць, нічога не знаходзілася. Таму ён, усё яшчэ рагочучы, пачаў лапаць па пінжаку, што, падраны, звісаў каснікамі. Нарэшце яго далоні наткнуліся на вялікую-вялікую шпільку, якою было сашпілена разам крыссё пінжака, і ад радасці аж падскочыў. Ды так, што ўдарыўся галавою кату ў жывот, ад чаго ўзмах бізуна сарваўся і ўдар гайкі прыйшоўся якраз па седаўцы.

Чалавек зарагатаў яшчэ больш радасна і нязмушана, абняў, наколькі хапала рук, неабсяжны катаў жывот, прыхінуўся да яго шчакою і з вялікаю асалодаю ўваткнуў шпільку – скура была тоўстая, шпілька не лезла, але ён доўга і настойліва круціў яе, пакуль, нарэшце, не прапароў дзірачку.

Калі, выходзячы вонкі, зашыпела паветра, пакараны яшчэ мацней прыхінуўся вухам да жывата і, услухоўваючыся ў гэтае злоснае шыпенне, сам ціскаў ката, камячыў яму бакі, каб хутчэй яго спустошыць.

Калі абмякла і нежыццёва павісла рука ката, калі, балюча выцяўшы напаследак гайкаю, з яе выпаў бізун, які толькі што быў такі грозны і няўмольны, ён адштурхнуўся ад ката, што пачаў ужо асядаць, не спяшаючыся адышоўся ад яго і з нейкаю вялікаю злацешнасцю да крыўдзіцеля і гордаю павагаю да сябе стаяў і слухаў, як усё болей і болей шыпіць, нават свішча паветра – яно само пашырала дзірачку і ўжо вырывалася адтуль з неўтаймаванаю сілаю.

Калі монстр зусім зморшчыўся, а потым пачаў завальвацца на бок – дзе той і жывот падзеўся! – чалавек падышоў да яго, піхнуў нагою ў апалую гуму і ўзрадавана сказаў:

– Дык ён жа проста гумовы!

Людзі, якія стаялі побач і здзіўлена назіралі за тым, што тут робіцца, таксама паўтарылі за чалавекам:

– Дык ён жа ўсяго толькі гумовы! І пайшлі ўслед за ім.

Ён і сам пакуль што не ведаў, куды ідзе. І яны таксама не ведалі, куды іх вядуць. Але ішлі.

Утаймаванне ліфта

У высотным доме-хмарачосе нечакана для ўсіх жыхароў звар'яцеў раптам ліфт.

То ён знарок праскочыць патрэбны паверх, а пасля сам расчыніць дзверы на чужым і як не сілаю выштурхне чалавека не на сваю пляцоўку, а сам, парожні, з безразважным рогатам возьмецца катацца сюды-туды паміж паверхамі.

То ўпусціць чалавека, які спяшаецца пасля працы дадому, і возіць яго, не адчыняючы дзвярэй, аж пакуль той, пазлаваўшыся-пазлаваўшыся, пагрукаўшы кулакамі па чым толькі можна, не стоміцца і, змірыўшыся, бездапаможна не асядзе на падлогу.

То з зачыненымі дзвярамі зацята, як учадзелы, нідзе не спыняючыся, не прыстойваючы, носіцца ўверх-уніз – аж звініць жалеза, аж калоціцца лесвічная пляцоўка: як усё роўна яго пакрыўдзіў хтосьці.

Спрабавалі яго ўтаймаваць самі жыхары – нічога не атрымалася. Паклікалі ліфцёршу. Прыйшла маладая прыгожая дзяўчына, але што яна ні рабіла, ліфт не слухаўся і яе. Праўда, урэшце ён усё ж адкрыўся, а калі ліфцёрша мела неасцярожнасць зайсці ў яго адна, хуценька зачыніў дзверы і не выпускаў дзяўчыну аж цэлага паўдня. Рагатаў ён, вельмі дзіўна смяялася і дзяўчына – як усё роўна хтосьці казытаў яе…

Затым яна пачала плакаць. Мужчыны, спрабуючы вызваліць ліфцёршу, недарэчна бегалі па паверхах, націскалі на розныя кнопкі, але ліфт выпусціў яе толькі тады, калі сам захацеў. Спыніўся на адным з паверхаў, шырока расчыніў дзверы і выпіхнуў дзяўчыну на пляцоўку:

– Наце вам! Бярыце! – нібы выдыхнуў ён. Жанчыны, якія адразу ж сабраліся ля ліфцёршы, пачалі распытваць яе:

– Што, ён здзекваўся з вас?

– Ой, здзекваўся! – праз слёзы адказала ліфцёрша. – Ой, здзекваўся…

Жыхары, усе разам, думалі, меркавалі, як утаймаваць ліфт. Нехта падказаў, што трэба, мусіць, паклікаць міліцыю. У запале гэтай дзіўнай, непрадбачанай барацьбы ніхто не змог цвяроза разабрацца ці хоць бы ўсумніцца: пачакайце, а што ж тут зробіць міліцыя?

Вырашылі паклікаць – і паклікалі. Прыехала міліцыя – з дубінкамі, пісталетамі, рацыямі – пахадзіла па паверхах, аблаяла дурняў ды так ні з чым і паехала: ліфт жа не чалавек – яго не арыштуеш і на пятнаццаць сутак не пасадзіш.

Тады людзі ўспомнілі пра дактароў. Пазванілі ў псіхіятрычную бальніцу:

– Прыязджайце хутчэй! У нас тут адзін звар'яцеў. А хто звар'яцеў – не сказалі. Прыехалі. Цэлая брыгада

ў пад'езд увалілася. З утаймавальнаю сарочкаю, з вяроўкамі, з насілкамі.

– Дзе хворы? – пытаюцца.

А ўсе – хто пальцамі, хто галавою – на ліфт паказваюць.

– Во ён.

– Дзе, дзе? – нічога не разумеюць дактары. – У ліфце?

– Не, не ў ліфце, – адмоўна трасуць галовамі жыхары. – Сам ліфт!

Тут ужо і дактары разгубіліся. Яны думалі, што толькі адзін хворы, а тут, высвятляецца, цэлы пад'езд звар'яцеў. Плюнулі яны на ўсё, санітары скруцілі зноў насілкі ды і паехалі адсюль – усе ж хворыя ў адну машыну не ўлезуць, да таго ж і ўтаймавальная сарочка ў іх толькі адна…

А жыхары дома зноў засталіся сам-насам са сваёю бядою.

Ліфт, нібы разумеючы, што сюды прыехалі санітары з псіхбальніцы і таму трэба паводзіць сябе асцярожна, замоўк, затаіўся, сцішыўся, а калі тыя паехалі, зноў разышоўся: ездзіць і рагоча, ездзіць і рагоча…

Цяпер ужо ліфт хапаў чамусьці толькі адных жанчын, асабліва маладых дзяўчат. А мужчын і блізка не падпускаў да сябе. Калі ж хто з іх і прарываўся, калі і паспяваў падставіць між дзвярамі нагу ці прасунуць руку, ліфт з такою сілаю сціскаў створкі, што мужчына ледзь вырываўся сам.

Жанчыны пачалі абыходзіць вар'ята бокам, стараліся прабегчы каля яго як мага хутчэй – баяліся, што раптам адчыняцца самі сабою дзверы і ліфт уцягне іх у кабіну.

Але так рабілі толькі тыя, хто ведаў пра ліфтавы дзівацтвы. А хто не ведаў, жанчыны, якія не жылі ў гэтым пад'ездзе, траплялі ў пастку часта. Нічога не падазраючы, заходзілі ў кабіну, а потым, усё зразумеўшы, ніяк не маглі вырвацца: і смяяліся, і лаяліся, і плакалі.

У адной маладой пары, якая ішла ў госці якраз у гэты пракляты пад'езд, ліфт схапіў жонку, а муж з тортам у руках, замест таго каб сядзець за святочным сталом і піць гарэлку, як дурань, аж да паўночы бегаў па паверхах і крычаў, і злаваўся, і лаяўся, і пагражаў – а на каго, дзівак, крычаў, каму пагражаў і навошта?

Апоўначы ліфт спыніўся перад мужам і дазволіў яму ўзяць жонку – яна, стомленая, сядзела на падлозе і спала.

Аднаго дня тут выпадкова аказалася Маня Смачная – тоўстая, мажная, моцная, рашучая жанчына: яна, відаць, ішла ў госці да сястры, якая жыла ў суседнім доме. Пачула пра звар'яцелі ліфт і адразу ж накіравалася ў пад'езд:

– А давайце-тку мне яго сюды! Я гэтага вар'ята хутка ўгаманю!

Ліфт адразу ж адкрыў перад ёю дзверы і тут жа зачыніўся.

Усе насцярожана замоўклі. Стаялі, слухалі і чакалі, што будзе далей.

Спачатку з кабіны быў чуваць толькі смелы Манін голас:

– Я табе зараз пакажу! Я т-табе… Я т-табе… Як усё роўна Маня некага нечым сцябала.

Ліфт нейкі час стаяў ціха-ціха – нібы прыслухоўваўся да чаго.

Але раптам ён як сарваўся з ланцуга – заскрыгатаў, завішчаў, заторгаўся і стрымгалоў панёсся спачатку ўгору, потым гэтак жа імкліва кінуўся ўніз. А да слыху цікаўных жыхароў адно толькі даносілася:

– Я табе пакажу! Ану на дваццаты паверх! Ану на першы! Ану на дзесяты! Ану ў цокальны!

І што дзіўна – ліфт слухаўся яе, падпарадкоўваўся Маніным загадам.

Яна мучыла яго вельмі доўга. Калі ж сама спыніла ліфт і выйшла з яго свежая, задаволеная і гордая сабою, той стаяў, як заезджаны конь. Каб у ліфтоў быў язык, можна б было, убачыўшы гэтую карцінку, сказаць, што той стаяў, высалапіўшы яго.

Ліфт аж да вечара стаяў з разнасцежанымі дзвярыма і нікуды не ехаў – як усё роўна адпачываў. А ўвечары маладая маці паставіла ў кабіну калыску з немаўлём, а сама не паспела ўвайсці – ён хутка зачыніўся.

Людзі, што былі побач, анямелі: звар'яцелы ліфт адабраў у маці калыску, а ў ёй жа дзіця! Усіх адразу як паралізавала – жыхары пад'езда ведалі: адабраць у яго што-небудзь, што яму спадабалася, немагчыма. З жахам уявілі, як ліфт з малым у кабіне пачне зараз насіцца ўверх-уніз, як усё пачне калаціцца і скрыгатаць.

А ліфт павольна, амаль бясшумна скрануўся з месца і вельмі ціха пачаў падымацца ўгору. Гэтак жа павольна і асцярожна ён спусціўся ўніз і, не раскрываючы дзвярэй, зноў павёз дзіця ўверх.

Усе зніякавелі: ліфт, здаецца, люляў малога! Некаторым нават падалося, што ён спявае калыханку. Але гэта ўсяго толькі здалося – на самой справе песень не было. А ў тым, што ліфт люляе дзіця, ніхто не сумняваўся: ён яшчэ і да вар'яцтва так ціха і беражліва ніколі не ездзіў.

Малое перастала плакаць, яно пачало гугукаць – з ім і праўда нехта гуляў, забаўляўся.

Страх на тварах у людзей паступова пачаў мяняцца на добрую ўсмешку – і яны, як зачараваныя, слухалі гэтае гугуканне. Крыху супакоілася і маці. Яна хоць і нервавалася, але ўсё ж на вачах спакайнела: дзіцё жывое, не плача, з ім пакуль што нічога не здарылася.

Калі ліфт, нагуляўшыся з дзіцем, спыніўся і адчыніў дзверы, да яго адразу ж кінулася маці, а за ёю і ўсе іншыя, хто стаяў побач. Яны, таўхаючыся, замінаючы адно аднаму, выкацілі з кабіны каляску, а маці адразу ўзялася цалаваць і лашчыць немаўля.

Малое ж спакойна ляжала і ўсміхалася ўсё яшчэ ўзбуджаным людзям сваім мілым бяззубым раточкам.

А ліфт так і стаяў з разнасцежанымі дзвярыма – ён як усё роўна памёр: яму не хацелася ні зачыняць іх, ні з імі, незачыненымі, падымацца ўверх. Асмялелыя мужчыны заходзілі ў кабіну, націскалі на кнопкі, аднак ліфт ні на што не рэагаваў – стаяў і нібыта драмаў.

З гэтага дня пачалося яго паздараўленне. Праз які месяц у кабіну, ужо не баючыся, заходзілі і мужчыны, і жанчыны, і ён спакойна, паслухмяна, нават абыякава вёз іх на той паверх, на які ім трэба было. Праўда, адзін раз хвароба нібы вярнулася – гэта калі ў кабіну зноў зайшла маладая і прыгожая ліфцёрша, але яна чамусьці хуценька выскачыла на пляцоўку і болей да ліфта не падыходзіла.

А ў гэтай хваробе была вінавата якраз яна, ліфцёрша.

Дзяўчына адносілася да ліфта, як да машыны, а ён хацеў, каб з ім абыходзіліся як з чалавекам.

Ён любіў яе. Звычайнай чалавечай любоўю.

І ўся гэтая гісторыя здарылася пасля таго, як ліфт, каб яшчэ раз убачыць каханую, знарок сапсаваўся, а яна прыйшла сюды разам з нейкім рыжым тэхнікам, і ў яго ж кабіне той брыдка гаварыў да яе, непрыгожа паводзіў сябе, а пасля яны непрыстойна цалаваліся.

Вось тады ліфт і разышоўся, разбушаваўся – раўнаваў ён апантана, бурна, як і чалавек.

Потым ліфцёрша, нібыта штосьці зразумеўшы, паспешліва звольнілася і некуды знікла. На яе месца ўладкаваўся нейкі п'яніца. Яго зусім не цікавіў ліфт, ды і ліфту ён таксама быў непатрэбны.

Ліфт супакоіўся, амаль не псаваўся і сумленна выконваў сваю працу: зразумеў, што іншыя людзі ў яго нягодах не вінаватыя.

І праз нейкі час ужо ніхто не ўспамінаў не толькі ў пад'ездзе, але і ва ўсім горадзе, як звычайны ліфт адчуў сябе аднойчы жывым чалавекам…

Труба

У першыя дні гасцявання на гэтай чужой зямлі яго ўвагу прыцягнула доўгая жалезная труба, якая ляжала непадалёк ад Дома Урада, на пусташы, у бур'яне і адусюль, дзе б ён ні быў, кідалася ў вочы. Каля яе, асабліва перад уваходам, была ладна вытаптана трава, па чым можна было здагадацца, што труба не проста забытая, выпадкова кінутая кімсьці на пустэчы, а яна мае нейкі свой сэнс і як магнітам прыцягвае да сябе, мусіць, не толькі яго аднаго.

Не ведае чаму, але яму здавалася, што яна тут ці не самая галоўная: усюды ён чамусьці помніў пра яе, успамінаў пра яе, шукаў яе.

Таму як толькі яму ўдалося астацца на якую хвіліну аднаму, без прыгляду, ён, канечне, той жа час ужо быў каля трубы.

Трава і праўда была вытаптаная каля яе аж да зямлі – шмат хто, відаць, тоўкся тут да яго і, цікаўны, заглядваў у яе цеснаватае жарало.

Азірнуўшыся – ці бачыць хто? – ён і сам пальцамі ўзяўся зверху за няроўна абрэзаныя беражкі трубы, нагнуўся і зазірнуў у яе цёмную, нават чорную пройму. Труба была настолькі доўгая, што і на выхадзе нават маленькаю крапкаю не пазначалася святло.

Труба палохала сваім змрокам, холадам, глядзець у яе было вусцішна, нават жудавата, але той жа час штосьці моцнае, настойлівае і неадольнае насуперак волі змушала яго згінацца ўсё ніжэй і ніжэй, засоўваць галаву ўсё глыбей і глыбей у трубу – аж пакуль самі сабою не расшчапіліся пальцы і не адпусцілі беражкі.

Тады ён, ужо не раздумваючы, рашуча, на руках і каленях папоўз у вузкую дзірку, нібы ў пашчу якога звера.

І што было асабліва страшна: яму хацелася ў гэтую зяпу!

І той жа час, як толькі яго ногі ўвабраліся ў трубу, ён пачуў, што за ім ляпнула жалеза, нешта зашыпела і засквірчэла, быццам недзе побач працавала электразварка, а потым усё сціхла.

У трубе стала зусім цёмна. Ён здагадаўся, што нехта – а хто, бог яго ведае: калі аглядаўся, нікога ж нідзе не было відаць – прыставіў да ўвахода жалезны ліст і заварыў дзірку, у якую ён толькі што ўпоўз.

Вось цяпер толькі яго апанаваў страх.

Ён пачаў задыхацца – у трубе не хапала паветра, пахла паленым жалезам, акалінай, хацелася кашляць. І колькі ні ўглядаўся наперад, не было бачна нават намёку на святло – чорна, цёмна, хоць вока выкалі.

Няўжо яны і выхад заварылі?!

Ад такой думкі зрабілася яшчэ больш жудасна: гэта ж сапраўдная цэльнаметалічная труна! І ці намнога хопіць яму паветра, замураванага разам з ім у трубе?! Разумеў, што хутка ператворыць увесь кісларод у вуглякіслы газ і памрэ.

У роспачы пасунуўся назад і пачаў малаціць абцасамі па жалезе, якім заварылі ўваход. Жалеза грымела, труба рэзаніравала, што аж ламіла ў вушах, а ён усё малаціў і малаціў нагамі. Потым пачаў біць перад сабою кулакамі па трубе – грымела ўжо меней, да таго ж ён бачыў і разумеў сваё глупства: ты што, думаеш, кулакамі размалоціш жалеза?!

Прыслухаўся, а што робіцца на волі? Там было зусім ціха: ці то і напраўду ля трубы нікога не засталося – зрабілі сваю гнюсную справу і разышліся, – ці то яны там і шумелі, і гаварылі, але сюды, у запаяную, як кансервавая бляшанка, трубу ніякія гукі не даходзілі.

Яго разбірала злосць: навошта ім гэта? Запрасілі ў госці, так міла сустрэлі, так шчыра ўсміхаліся, а цяпер запаялі ў трубе?!

І тут ён усё ж разгледзеў далёкую-далёкую крапку святла і ўзрадаваўся: значыць, труба на выхадзе не запаяна! І памагаючы сабе локцямі, каленямі, нават наскамі і пяткамі чаравікаў, выгінаючыся, як уюн, усім целам, спяшаючыся папоўз на гэтую крапку.

Дыхаць было дужа цяжка, а паўзці яшчэ цяжэй: яму нават здалося, што труба да выхада звужаецца. Яна сціскала плечы, ім ужо было цесна зусім, яны выціралі ўсюды пыл – той, хоць і нябачны ў цемры, хутчэй за ўсё клубіўся навокал, запаўняючы сабою кожны зазор паміж ім і трубою, набіваўся ў нос, у рот.

Не, ён не памыліўся – труба к выхаду і праўда звужалася!

Затрывожыўся, што неўзабаве не пралезуць плечы, і ён тады зусім заткне сабою гэтую трубу, а паветра яму застанецца толькі тое, што перад ім. Пачаў спяшацца, бязладна тузацца, варушыцца, шкрэбціся рукамі і адчуў, што выбіваецца з сіл, – ці то ад страху, ці то ад лішняй мітусні.

«Пачакай, пачакай, – загаварыў сам да сябе і пачуў, якія глухія і чужыя яму словы паўтараюць сценкі,– што ж ты робіш? Зусім зняможашся, акволееш, і тады ўжо ніхто табе не дапаможа».

Ён паляжаў крыху спакойна, адпачыў. А затым паціху пачаў варушыцца зноў.

Поўз ён зараз вельмі марудна, але ўсё ж поўз. Хоць да святла ўжо было як рукою падаць, набліжаўся да яго госць дужа доўга. І калі ўжо засталося прыкласці апошнія намаганні, каб выціснуць сябе на волю, перад вачыма штосьці мільганула і ў трубе зноў зрабілася зусім цёмна.

«І тут заварылі выхад, нягоднікі!» – з прыкрасцю падумаў госць.

Памацаў, павадзіў рукою перад сабою, але ні на якую перашкоду пальцы не наткнуліся: значыць, дзірка хутчэй за ўсё засталася адкрытая. Значыць, не заварылі, значыць, пралаз вольны!

Крыху падсунуўся, зноў павадзіў рукою па трубе. Пальцы наткнуліся на шурпатае шво – яно было яшчэ гарачае… «О, – здагадаўся госць, – яны наварылі новую трубу! Падкацілі і наварылі».

Перапаўзаючы ў яе, ён ледзь не паапякаў далоні; адчуваў, як ад шва горача плячам, бакам, нагам – усё сваё цела трэба было прасунуць праз гэтае гарачае кольца.

Ужо калі ўвесь быў у новай трубе, яго, нібы пугаю, ударыла раптам нечаканая думка: а што, калі і гэта труба таксама звужаецца да выхада?! Тады ўжо напраўду нішто яму не дапаможа…

Хто і навошта здзекуецца з яго? І галоўнае – за што на яго так злуюцца тутэйшыя? Што ён ім кепскае зрабіў? Здаецца, яны самі спакусілі госця гэтаю трубою, зазвалі туды, а цяпер што хочуць, тое і вырабляюць.

Што ім ад яго трэба?!

Колькі ні прыглядаўся, як ні ўглядаўся, наперадзе ніякага святла і на гэты раз не ўбачыў. А можа, яны наварылі новую трубу, ужо загадзя запаяўшы ў ёй выхад?

Адчуў, што лоб і ўсё цела пакрываецца халодным потам – страх заўсёды выціскае з чалавека халодны пот.

Але ён усё ж змусіў сябе супакоіцца і пачаў настойліва, з сілаю праціскацца наперад – у яго не было іншага ратунку, як толькі паўзці да выхада.

Прадзіраўся па трубе з цяжкасцю – нялёгка даставаўся яму кожны сантыметр: даводзілася варушыць усімі цягліцамі, каб хоць крышку прасунуцца наперад.

Святла ўсё не было відно. Дыхалася ўсё цяжэй і цяжэй – ці то ад роспачных думак, ці то, і праўда, паветра станавілася меней: ён сам, змяншаючы прастору, спрасоўваў яго.

І раптам ён у штосьці ўпёрся галавою: труба з таго боку ўжо была нечым заткнутая! Памацаў рукамі, натрапіў на нешта круглае, абмацаў яго з усіх бакоў, затым пальцы намацалі нібыта вуха… Яму нават здалося, што перад ім звычайная чалавечая галава! Паспрабаваў піхаць яе даланёю, яна спружыніла, але не пасоўвалася ні на грам.

Тады ён пачаў шукаць плечы – калі ёсць галава, павінны ж быць і плечы – і неўзабаве знайшоў іх. Упёрся абедзвюма рукамі, але скрануць з месца таго, каму належалі гэтая галава і гэтыя плечы, і цяпер не змог: сам ад'язджаў па трубе назад, бо там, дзе ён прапоўз, было крыху шырэй.

Але куды і навошта ён піхае тое, чым забіта труба, што замінае яму паўзці далей?!

Ну добра, скране ён гэтае заткала. А далей што? А калі і другая труба да выхада звужаецца? Гэты корак заб'е зусім выхад, і тады, як кажуць, стойце, прыехалі: ні наперад, ні назад, бо туды, адкуль прыпоўз, вяртацца няма сэнсу, а наперадзе яго таксама нічога не чакае – з чалавекам жа, тым больш з мёртвым, у вузкай трубе не размінешся. Ды і зноў жа няма надзеі, што труба на выхадзе не заварана…

І ўсё ж у яго няма іншага выйсця, як толькі піхаць гэтае заткала, што нечакана з'явілася на яго шляху. Хто заткнуў ім трубу?

Уперціся не было ў што, і таму ногі саслізгвалі ўсё часцей і часцей. Пакутаваў ён вельмі доўга, аж пакуль заткала, здаецца, ледзь-ледзь скранулася. Ён прыціх, ляжаў і не варушыўся – не верыў і сам, што яму ўдалося скрануць яго з месца.

І правільна рабіў, што не верыў: у трубе нічога не скранулася з месца, а галава чалавека хутчэй за ўсё змяла шыю і ўціснулася ў плечы – чалавек, канечне ж, нежывы, і яго шыя зусім не трымае галавы.

Гэтая думка па-новаму яшчэ болей зачапіла яго, ад яе ён увесь сцяўся, скалануўся: ён запаяны ў адной трубе з мерцвяком! І гэты мярцвяк, упёршыся з ім галава ў галаву, не дае яму выйсці адсюль, робіць усё, каб і ён неўзабаве ператварыўся ў мерцвяка.

Госць моцна ўчапіўся ў плечы мерцвяка і раз'юшана, са злосцю пачаў круціць яго, нібы вывінчваючы з трубы. Рабіў гэта так доўга, упарта, зацята, што і сам не заўважыў, калі той скрануўся. А як убачыў, што мярцвяк пасунуўся, што ў трубе папрасторнела, узрадаваўся, як малое дзіця: труба ж, на шчасце, да выхада не звужаецца, а расшыраецца!

Цяпер ужо ён паспешліва піхаў перад сабою мерцвяка, лягчэй поўз да выхада і сам. Яшчэ болей павесялеў, калі ўбачыў, што ў зазоры паміж трупам і сценкамі трубы пасвятлела, – значыць, выхад з трубы, канечне ж, не завараны!

Гэта дало чалавеку, які ўжо збіраўся і паміраць у гэтай жалезнай труне, столькі сілы, што ён у адно імгненне дапхнуў мерцвяка да выхада, выштурхнуў яго з трубы і хуценька выпаўз сам.

Падымацца не спяшаўся: ляжаў у бур'яне і радаваўся волі.

Ён яшчэ не бачыў, што яго сустракаюць, што тут сабралася дужа многа людзей, і спалохана падхапіўся толькі тады, калі зусім непадалёк ад яго грымнуў аркестр.

Госць пакуль не ведаў, што ў гэтай краіне вось так, праз трубу, выбіраюць сабе кіраўніка дзяржавы, а таму стаяў, лыпаў вачыма і, нічога не разумеючы, углядаўся ў святочна апрануты натоўп, які з вялікаю ўвагаю і павагаю пазіраў на яго.

Да госця, стомленага, запыленага, бруднага – ён жа выцер сабою аж дзве такія даўгія трубы! – падышоў нехта з тутэйшых, пакланіўся яму і сказаў:

– Мы горача віншуем вас, наш шаноўны прэзідэнт! І надзеў яму на галаву карону.

Побач беражліва, таксама з пашанаю клалі на насілкі мерцвяка, якога ён толькі што выштурхнуў з трубы.

– А гэта хто? – спытаўся Прэзідэнт.

– Ён па другой трубе поўз вам насустрач, – невыразна адказаў тутэйшы.

– Навошта?

– Таксама, як і вы, хацеў стаць прэзідэнтам…

– Ніякім прэзідэнтам станавіцца я не хацеў! – раззлаваўся Прэзідэнт. – Я проста…

– Кіньце вы! – перапыніў яго тутэйшы. – Каб не хацелі, у трубу б не палезлі… Адным словам, мы віншуем вас з перамогаю на нашых прэзідэнцкіх выбарах!

І тут падышоў народ і пачаў шчыра віншаваць свайго новага Прэзідэнта.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю