355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Иван Сипаков » Падары нам дрэва » Текст книги (страница 2)
Падары нам дрэва
  • Текст добавлен: 8 октября 2016, 17:48

Текст книги "Падары нам дрэва"


Автор книги: Иван Сипаков


Жанр:

   

Прочая проза


сообщить о нарушении

Текущая страница: 2 (всего у книги 17 страниц)

Аднаго разу у куб нечакана зайшла Оя. Хоць валасы ў яе на гэты раз былі зялёныя, Радзім пазнаў дзяўчыну адразу, бо добра запомніў па тым першым допыце, на якім яна назвала яго таля-маля. Да таго ж здавалася, што ён бачыў яе колькі разоў перад гэтым за шклом – то яна, не спяшаючыся, гледзячы ў яго бок, праходзіла каля куба, то стаяла на другім баку вуліцы і, не асабліва вытыркаючыся, асцярожна назірала за ім здалёку.

Тады яго здзівіла, што валасы ў яе кожны раз былі іншага колеру – то зялёныя, то чырвоныя, то блакітныя, – а потым, паназіраўшы за тутэйшымі жанчынамі з свайго жытла, зразумеў, што іхнія валасы маюць здольнасць мяняць афарбоўку проста на вачах.

І вось цяпер Оя прыйшла ў самую турму. Наглядчык ветліва і ласкава сустрэў дзяўчыну, добра да яе гаварыў, ні ў чым не пярэчыў, дазволіў ёй зайсці да вязня ў шкляны пакой.

Оя, як высветлілася потым, і праўда была ягонай равесніцай. Яна, амаль як і яны з Юляю, таксама скончыла сёлета школу і паступіла ўжо ў Шкляны універсітэт, які вывучаў касмічныя мовы. Сярод шматлікіх моў сусветаў, галактык дзяўчына выбрала для вучобы менавіта беларускую, якую ведала ўжо нават у школе, – таму яе і запрасілі на размову з Радзімам, калі ён назваўся беларусам.

Дзяўчына прынесла з сабою ў турму ладны стосік нейкіх кніжак. Зноў жа з апаскаю падышла бліжэй, паклала кнігі на шкляны столік, сказала:

– Чытайце. Вучыце. Гэта мае падручнікі па вашай мове, – яна быццам засаромелася, зачырванелася яшчэ болей і дадала: – А то ж ганьба такая… Ведаеце, у нас не разумеюць, як гэта можна жыць і не ведаць роднай мовы… Пытаюць, як вы размаўляеце між сабою без сваіх слоў?

Оя гаварыла далікатна, таму ён не крыўдзіўся на яе. Міжволі зірнуў на рукі, на жалезныя рубінавыя ружы, якія моцна сціскалі запясці, і нічога не адказаў. Дзяўчына перастрэла ягоны позірк, супакоіла:

– Усё будзе добра. Я вам паспрабую памагчы. Неўзабаве яны ўжо былі на «ты» і размаўлялі як даўнія добрыя знаёмыя, – быццам Оя вучылася ў яго школе і ў яго класе. Хоць у калідоры сядзеў наглядчык і, раз-пораз прыкладаючыся да нейкай чорнай, закопчанай конаўкі, глядзеў на іх, гаворачы сам з сабою, яны ўжо на яго не звярталі аніякай ўвагі.

Оя зняла з ягоных рук наручнікі, пад якімі аж зачырванелася садраная там-сям скура, далікатна вадзіла пальчыкам па ранках, і ад гэтага яму было шарготка і адначасова прыемна-прыемна – аж пачынаў дыбіцца пушок на руках.

– Слухай, Оя, а за што мяне ўсё ж пасадзілі сюды? За тое, што я не размаўляю на роднай мове?

– Не толькі за гэта. Але і за гэта. Разумееш, у нас чалавек, які выракся сваёй мовы, лічыцца… як бы табе мякчэй сказаць… лічыцца злачынцам. Але, калі б твая віна была толькі гэткаю, то цябе б, канечне, пасадзілі сюды, але наручнікі табе не адзявалі б, – яна знарок, не асцерагаючыся кінула рубінавыя ружы на шкляны стол – тыя, моцна бразгочучы, затрымаліся на самым крайку, ля стосіка кніг.

Наглядчык, пачуўшы грукат, замоўк, насцярожыўся, уважліва паглядзеў на іх, а потым махнуў рукою, заківаўся, зноў загаварыў сам з сабою.

– Дык а за што ж мне адзелі іх? – Радзім вачыма паказаў на рубінавыя ружы.

– За хімію!

– Чаму вас так напалохаў мой школьны падручнік па хіміі?

– Ведаеш, каб табе ўсё расказаць і каб ты ўсё зразумеў, я павінна нагадаць сёе-тое пра нашу краіну, пра яе нядаўнюю гісторыю…

Оя прысела на краёк яго шклянога ложка, задумалася.

– Разумееш, наш край яшчэ зусім нядаўна быў квітнеючым ва ўсіх адносінах. Гэтаму спрыяла і само геаграфічнае становішча: у нас не было вельмі марозных зімаў і дужа спякотных летаў, у нас расла бульба і спеў вінаград, у нас былі чыстыя рэкі і такія ж крыштальныя азёры. Шумелі густыя лясы, поўныя птушак і жывёл. Людзі былі шчаслівыя і вясёлыя – было дзе жыць, было што есці. Яны нават і не падазравалі, што ў краіне з'явілася частка змоўшчыкаў. Яны прыкінуліся хімікамі і пачалі сваю чорную патаемную працу – пачалі шукаць атруту на зямлю і людзей. І пакуль людзі разабраліся, што і да чаго, яны многа паспелі зрабіць.

Оя дрыжэла, нібы ад холаду. Радзім узяў яе за руку, пагладзіў пальцы, сказаў:

– Супакойся.

Крыху памаўчаўшы, Оя гаварыла далей:

– Спачатку яны загубілі нашы палі – сыпалі на іх шкодныя хімічныя ўгнаенні, труцілі ядахімікатамі і іншай нечысцю. Затым загінулі рэкі – уся ж гэта брыда сцякала ў рэкі і азёры і труціла і іх саміх, і ўсё, што было ў іх. Пасля знішчылі траву, лясы, падчыстую ўсе дрэвы – яны не перанеслі кіслотных дажджоў. І вось зніклі ўсе птушкі – птушка ж жыве альбо на зямлі, альбо на дрэве. А ў нас і тое і другое было ўжо заражонае – і дрэва, і нівы на той час зрабіліся міжвольнымі забойцамі. І вось прыйшла чарга чалавека – як яму выжыць, калі ўсё вакол яго заражонае, калі нават тое, што на полі і на лузе – нельга есці: адна хімія!

Яна заплакала. Зноў замоўк стары. Уважліва паглядзеў у іх бок, але ўбачыўшы, што яе ніхто не крыўдзіць, што плача яна сама па сабе, пацягнуўся рукою да конаўкі.

– Оя! – усклікнуў узрушаны Радзім. – Ты ж не пра сябе расказваеш, а пра нас! Вось гэткая бесталач цяпер робіцца ў нас. Паліваюць ядахімікатамі жывога чалавека.

– І вы маўчыцё? – спыталася дзяўчына. Ён зірнуў у яе вочы: у іх стаялі слёзы.

– Не маўчым. Пішчым! Але толку з гэтага… Колер Оіных валасоў увачавідкі мяняўся – з зялёных яны рабіліся зноў чырвонымі-чырвонымі…

– А ў нас, калі пачалі паміраць людзі, успыхнула паўстанне супраць хімікаў.

– А пры чым тут хімікі? Гэта ж палітыкі вінаватыя. То ж яны заўсёды скарыстоўваюць тое, што робяць вучоныя. Да прыкладу, адкрыцці. Адкрыў нешта разумны чалавек, глядзіць, а каля яго працы ўжо чорт завіхаецца – загадвае яму, што далей рабіць. Хоць сама навука і ад бога, але да яе часцей за ўсё чэрці падсуседжваюцца.

Яна слухала Радзіма ўважліва, не перапыняла і пачала гаварыць далей толькі тады, калі ён скончыў.

– Паўстанне было жорсткім – адступаць людзям не было куды: і там смерць, і там смерць. Шмат людзей загінула. Некаторыя хімікі былі забітыя падчас паўстання, некаторых паслалі на гільяціну пасля яго, шмат хто ўцёк у іншыя краі. І вось так у Зэміі на асталося ніводнага хіміка. Гэтая прафесія, нават адно гэтае слова стала ў нас страшным – яго з тых часоў усе баяліся вымаўляць.

– І таму ўсе так спалохаліся, калі я па недасведчанасці сваёй вымавіў яго? – усміхнуўся Радзім. – Нават ты збегла з экрана. І ты баялася?

– Канечне, у нас жа гэтым словам палохаюць дзяцей. Як у вас чортам. Таля-маля – перакладаецца, як «хімік-сатана» ці яшчэ: «нячыстая сіла». Вось таму і рукі твае зашчапілі рубінаваю ружаю. Гэта ў нас лічыцца самаю вялікаю абразаю. Бо кайданы Рубінавая Ружа адзяваюцца толькі на самых небяспечных злачынцаў.

– Ого, дык я – злачынца, самы люты ваш вораг? Мяне могуць расстраляць?

– Не смейся – усё можа быць.

– І ты прыйшла да мяне, такога страшнага злачынцы, у турму. Чаму?

– Таму што ведаю: ты ніякі не злачынца. Злачынцам зрабіла цябе я. Магла і прамаўчаць, не сказаць уголас, якая кніга ў цябе за поясам. А я – таля-маля, таля-маля!..

Оя адхінула з вачэй пасму валасоў – яны ўжо былі зараз блакітныя.

– А што цяпер са мною будзе?

– Не ведаю. Ведаю толькі, што я сама буду памагаць табе. Я ж адна разумею тваю мову…

– І няўжо ў вас ва ўсёй краіне не засталося ніводнага хіміка?

– Здаецца, не засталося. Хаця вось жа дзед Жыў, твой наглядчык. Цяпер ён ветэран таго паўстання і ўдзельнік руху супраць хімікаў. Хоць сам быў напачатку такі ўжо заўзяты хімік! А потым убачыў, куды яго вядуць хцівыя прайдзісветы, і пайшоў супраць іх. Толькі ён, мусіць, і застаўся з удзельнікаў таго змагання. А зараз мы ў яго самога спытаемся…

І яна крыкнула нешта дзеду, загаварыла да яго пасвойму. Дзед Жыў падняўся з табурэткі – у яго пакоі, дарэчы, таксама ўсё было шкляное, – падышоў да дзвярэй і, гледзячы на Радзіма, пачаў нешта тлумачыць.

– Дзед кажа, што ён і праўда апошні з паўстанцаў, што хваробы і старыя раны даканалі ягоных баявых сяброў. І яшчэ ён гаворыць, што кожны дзень расказвае табе, як яны ваявалі, як перамаглі. Шкада, што ты не ведаеш нашай мовы. А то табе б дома, у тваёй краіне, многае з таго, што расказвае дзед Жыў, магло б спатрэбіцца.

– Памажы мне вывучыць вашу мову…

– Добра. Але пасля таго, як ты вывучыш сваю.

– Ведаеш, – нібы не пачуўшы яе, разважаў далей Радзім, – мне цікава не толькі, як яны паўсталі, але і тое, як людзі, даведзеныя да адчаю, змаглі пабудаваць вось гэтую шкляную дзяржаву. Там жа, за ёю, за шклом, пустэльня, смерць…

Раптам дзед Жыў неспадзявана ўгледзеўся ў стол, спалохана кінуўся да яго, спяшаючыся схапіў Рубінавыя Ружы і спрытна, як і тыя папярэднія канвойцы, зашчоўкнуў іх на Радзімавых запясцях. Дакорліва паглядзеў на Ою, паківаў ёй пальцам і тады паціху падаўся ў свой пакой. Оя ўслед яму нешта яшчэ гаварыла, але ён адказваў ёй неахвотна, не адварочваючыся.

Дзед Жыў сеў на табурэтку, зноў прыгубіў штосьці са свае чорнае конаўкі, зноў пачаў ківацца, загаварыў – мусіць, і гэты раз расказваў пра паўстанне і пра сваіх сяброў.

– Ніхто не ведае, што ён п'е. Кажуць, нейкую атруту, нейкую дурную горкую ваду. А ён ніколі не раскрывае сакрэтаў яе прыгатавання. Сам робіць, сам і п'е. І нікому нават паспытаць не дае. Кажа, што і яна памагала губіць нашу зямлю, а таму сакрэт гэтай злой вадкасці ён забярэ з сабою ў магілу.

– Мне здаецца, я разумею, што гэта за вадкасць, – пачаў быў гаварыць Радзім, але Оя двума пальчыкамі сваімі сашчапіла яму вусны, папярэдзіла: маўляў, маўчы – быццам і сама яна нешта ведала.

Дзед Жыў адчуў, што гавораць пра яго, насцярожыўся, а потым супакоіўся, убачыўшы, што яны маўчаць, і зноў загаварыў сам з сабою.

І тады Радзіму міжволі здалося, што дзед – такі ж вязень, як і ён сам. Відаць, нягледзячы на вялікія заслугі ў паўстанні, усё ж яму не даравалі ранейшую сувязь з таля-малямі, і гэтая яго сённяшняя праца выглядала ўсяго толькі як ганаровае зняволенне, як магчымасць безвыходна трымаць старога ў шкляной турме…

Цяпер Оя прыходзіла да Радзіма як не кожны дзень, здымала з яго рук жалезныя ружы – цікава, нягледзячы на спалох, з якім дзед Жыў той раз кінуўся адзяваць наручнікі, цяпер ужо ён не звяртаў на іх ніякай увагі.

Радзім размінаў рукі, Оя гладзіла тыя мясціны, што былі пад наручнікамі,– паступова зацягваліся, сыходзілі і раны, нацёртыя жалезам, і сінякі, якія засталіся з таго часу, калі ён падаў і зноў лез на каменне, – а потым яны садзіліся займацца беларускаю моваю.

Урокі гэтыя Радзіму надзіва падабаліся – Оя так цікава расказвала яму пра яго ж родную мову, пра яе высакароднасць і чысціню, пра яе прыгажосць і мілагучнасць, што ён палюбіў гэты, калісьці такі сумны і такі нудны, здавалася, прадмет і зараз ужо з нецярпеннем чакаў кожнага новага прыходу дзяўчыны. Праз нейкі час урокі роднай мовы зрабіліся штодзённымі, а яму ўсё роўна было мала і гэтага: Радзім ніяк не мог дачакацца Оі, каб нагаварыцца па-свойму. Цяпер свая мова для яго стала жыццём, і ў гэтым жыцці галоўнаю была Оя. Яна праз мову нібы вяртала яму радзіму, той свет, па якім ён пачынаў ужо сумаваць.

У перапынках, калі, стаміўшыся ад урокаў, яны адпачывалі, Оя расказвала яму пра сваю радзіму. Пыталася, ці спадабалася яна яму.

– Жыць можна, – адказваў ён. – Рай, у параўнанні з тым, што за шклом…

– Але ведаеш, і гэты наш шкляны рай – таксама прывідны, часовы. Кіне хто каменьчык у шкло – і ўсё разляціцца. Паветра выйдзе, атрута зойдзе. Трэба нешта рабіць, нешта шукаць. – Оя задумалася, відаць, меркавала, як яму даходлівей растлумачыць. – Разумееш, мы жывём толькі на тым, што схавалі пад шкло. Нічога не паступае да нас звонку, і нічога мы адсюль не выпускаем… Ты ж ведаеш пра кругазварот вады ў прыродзе? Дык вось такі кругазварот адбываецца ў нас з усім – з зямлёю, з ядою, з вадою, з паветрам. Дыхаем адным і тым жа паветрам, п'ём адну і тую ж ваду. Па некалькі разоў. Затым усё ачышчаецца, і мы зноў дыхаем, п'ём, ядзім. Бачыў, колькі ў нас высільваецца ачышчальных станцый? Яны пакуль працуюць дакладна, але мне часам бывае боязна: а раптам што здарыцца? Тады і шкло не паможа… Нашы вучоныя стараюцца шмат і шчыра, каб як мага меней залежаць ад гэтых станцый, каб зрабіць наша жыццё самастойным, каб спадзявацца не толькі на шкло. Сяго-таго яны ўжо дамагліся. Скажам, вада. Мы ўжо ўмеем ствараць ваду! Ствараць паветра навучыліся раней. Ведаеш, як кепска, немагчыма жыць, калі няма вады, няма паветра. А сёння мы ўжо дыхаем. І ў нас ёсць возера, якое падаравалі вучоныя. Мы беражом яго як толькі можам. Ты не бачыў гэтую нашу радасць?

Радзім падумаў, што менавіта да славутага возера хутчэй за ўсё ён і прыбіўся напачатку, што гэта, мусіць, і была якраз тая, падораная зэмам, вада, праз якую пераносіла яго незвычайная, быццам шуфель, рука, але адказаў няпэўна:

– Хто яго ведае, можа, і бачыў. Спадзяюся, што мы яшчэ ў ім пакупаемся.

– Вар'ят! – жахнулася дзяўчына. – Якое глупства ты гаворыш! Возера ж для нас святое…

Оя памаўчала – толькі з-пад зялёных валасоў, што пасмаю спадалі на лоб, таямніча бліснула блакітнае-блакітнае вока, – задумалася, нібы на штосьці адважваючыся, а затым схамянулася і, спяшаючыся, загаварыла:

– Ваду мы пачынаем рабіць, а вось з зелянінаю пакуль што нічога не атрымліваецца. Бачыш, якая ў нас шэрая зямля? І як ёй не стае такіх, як у вас, дрэў і травы!

– І птушак таксама, – дадаў ён.

– Не, птушкі нам пакуль што лішнія, – запярэчыла яна. – Разумееш, птушкам, каб жыць, трэба неба з воблакамі, зялёныя дрэвы і чыстая зямля. Ні аднаго, ні другога, ні трэцяга даць мы ім сёння не зможам: няма! Да таго ж паветра… Ведаеш, яго нам самім не хапае. Не выжывем, калі будзем яшчэ дзяліцца ім з птушкамі…

Радзім, уявіўшы, як птушкі, цэлыя чароды птушак, адбіраюць у яго паветра, пачаў напраўду задыхацца – нібыта іх і на самой справе шмат наляцела, набілася пад шкло. Оя не заўважыла гэтага – яна якраз задумліва глядзела некуды ўдалячынь, – а потым, усміхнуўшыся, сказала, як спыталася:

– Ты, мусіць, дзівішся, што ў нас такія кароценькія, аднаскладовыя, двухскладовыя імёны? Чаму, як ты думаеш? А ўсё тое ж паветра віною. Мы прыдумалі такую эканомію, калі нам было вельмі цяжка, – каб лепш расходаваць паветра, калі гаворым.

– Нічога сабе эканомія! Тут вы эканоміце, а коней пад шклом вунь які статак трымаеце. Колькі яны з'ядаюць вашага паветра, не лічылі?

– Коней ты не чапай. Коні ў нас таксама святыя. Як у Індыі каровы.

– Святыя? А чаго ж яны тады цягаюць аўтобусы і тралейбусы, калёсы і аўтамабілі?

– Мы такім чынам спалучаем два пачаткі – духоўны і матэрыяльны. Коні ў нас святыя, але яны не дарэмна ядуць наша паветра, – яны жывуць нашымі клопатамі.

Оя памаўчала. А потым, мусіць, адважылася на тое, галоўнае, дзеля чаго яна і пачала гэтую размову:

– Слухай, падары нам дрэва! Такое, як у вас! Зялёнае-зялёнае… З пошумам лісця…

Ён нічога не адказаў. А што ён мог адказаць? Як ён мог падараваць дрэва такой зняможанай зямлі?

Оя зразумела гэта і адразу ж перавяла размову на іншае:

– Радзім, ты ўжо вельмі добра размаўляеш на сваёй роднай мове. Віншую! Наступны раз мы возьмемся за нашу. Ведаеш, я шчыра хачу, каб ты хутчэй змог пагаварыць з Жывам. Ён кажа, што ты яму дужа спадабаўся.

І праўда, цяпер Радзім не адчуваў ніякай насцярожанасці, падазронасці з боку наглядчыка. Рубінавыя Ружы ляжалі амаль заўсёды на стале – зняволены нават ўночы спаў без іх, вольна раскінуўшы рукі.

А аднойчы пасля заняткаў Оя, папярэдне пагаварыўшы з дзедам Жывам, – ласкава зазіраючы яму ў вочы, далікатна гладзячы яго па плячы, – узяла за руку Радзіма, і яны прашмыгнулі каля вартоўні і вартаўніка, які зрабіў выгляд, што нічога не бачыць, – нават адвярнуўся ў другі бок.

Па дарозе, хоць ён і дапытваўся, куды яны ідуць, Оя нічога не тлумачыла.

– Сам убачыш, – адно ўсміхалася зэмка.

На волі, між незнаёмых людзей яму ўжо было крыху ніякавата – пасля турмы вуліцы здаваліся цеснымі, шумлівымі, люднымі, і ён толькі асцерагаўся, каб крый бог не таўхануць, не зачапіць каго. Не хацелася, каб нехта глядзеў, разглядаў і яго самога. Але людзі былі занятыя сваімі клопатамі, да таго ж і ён нічым не вылучаўся між імі,– калісьці Оя прынесла ў турму яшчэ адны штаны (трыко ў абліпку) і нейкі світэр – традыцыйнае адзенне зэмаў,– і ў гэтым адзенні ён ужо быў, як свой, а таму ніхто не звяртаў на іх з Ояю ніякай увагі.

Яны ішлі хутка – Оя вельмі спяшалася, мусіць, баялася, каб іх не перанялі і не вярнулі раней часу ў турму, – і ён не паспяваў разгледзець тое, што бачыў вакол сябе. Адно ён зразумеў, што ўсё ў гэтым горадзе ды, пэўна, і ва ўсёй краіне – шкляное. Са шкла былі хаты і крамы, агароджы і тратуары. Многія шкляныя пліты былі трэснутыя, і ступаць на іх было боязна, як на тонкі, нямоцны яшчэ лёд. Таму ён стараўся ісці не па тратуары, а побач з ім, па звычайнай шэрай зямлі.

Шкляныя былі аўтобусы і трамваі, і толькі коні, што, фыркаючы, цягалі іх, былі сапраўдныя, зямныя.

Дзяўчына прывяла яго на нейкі пагорак, на якім ужо было шмат людзей. Усе яны, нібы ў храме, стаялі на каленях і глядзелі ў адзін бок – як маліліся ўсё роўна. Там, куды глядзелі зэмы, Радзім нікога і нічога не ўбачыў: позірк натыкаўся на шкляную сцяну, за якой недзе ўдалечыні відаць былі цёмныя, непрыветлівыя, суровыя горы, якія чамусьці не хацелася бачыць – такія голыя і жудасныя былі яны.

Оя, прайшоўшы каля ўкленчаных, і сама стала на калені. Каля яе апусціўся на зямлю і ён. Зірнуўшы ўніз, куды глядзела дзяўчына, Радзім убачыў ваду.

– Гэта наша мора, – шапнула яна. – Пакланіся яму.

Мора, якому ўсе пакланяюцца, на самай справе было невялікаю лужынаю, налітаю да самай шкляной сцяны, якая, нібы кавалак празрыстага лёду, адразала ваду. За шклом ужо нічога не было, і ён, успомніўшы, як стаяў з таго боку, пашкадаваў, што не меў тады часу, а так бы з-за сцяны можна было добра разгледзець, нібы ў марскім акварыуме, усё возера ў разрэзе – ад паверхні да самага дна.

Каля вады стаялі дрэвы. Зялёныя-зялёныя. Убачыўшы іх, Радзім здзівіўся: Оя просіць: «Падары нам дрэва», а дрэвы ж у іх ужо растуць. Але потым, прыгледзеўшыся, зразумеў, што дрэвы гэтыя, як і ўсё ў Зэміі, шкляныя – вунь як звініць на іх зялёнае шкляное лісце!

Адсюль само возера яму было кепска відаць, але, паважаючы маўклівую ўрачыстаць і стоеную, напятую цішыню навокал, ён не варушыўся і сам – рабіў выгляд, што таксама замоўк у шчырай споведзі да вады.

І вось тут раптам, зусім нечакана з'явілася перад ім яна, Юля. Яе прывідная, туманная, светлая выява ўзнікла спачатку на фоне чорных удалечыні гор. Яна ўсё большала і большала, набліжалася, пакуль нарэшце, бесперашкодна мінуўшы шкло, не спынілася непадалёку. Стаяла неяк дзіўна, як вясёлка – ці то на беразе, ці то на самой вадзе – і не танула. Хоць вусны яе былі сцяты, Радзім усё ж пачуў Юлін голас:

– Чаму ты не шукаеш мяне, Жэўжык?

І ў гэтым пытанні было столькі крыўды і дакору, што ён аж перасмыкнуўся.

Мусіць, нешта адчула Оя і таксама пачала трывожыцца.

– Пайшлі,– шапнула яна Радзіму і паднялася з каленяў.

Ён жа ўсё яшчэ стаяў укленчаны. Чамусьці захвалявалася і Юля. Яна, паволі, як усё роўна яе хто падняў, адарвалася ад зямлі і паціху, злёгку пагойдваючыся, пачала здаляцца, мінула шкляную сцяну, нібыта яна для яе ніякая не перашкода, і паплыла ў бок цёмных гор. Ён праводзіў Юлю позіркам аж да таго часу, пакуль яна маленечкаю хмаркаю не затрымалася ля самай высокай вяршыні, а затым, быццам перавалілася за гару – як яе пацягнуў хто – і зусім знікла.

Радзім нехаця ўзняўся з каленяў і пайшоў услед за Ояю – пайшоў у сваю шкляную турму.

Вяртаючыся, ідучы па вуліцах за Ояю, ён, нібы наўздагон ёй, шчыра расказваў зэмцы пра ўсё – і як яны з Юляю вучылі хімію, рыхтуючыся да экзаменаў, і як раптам пачалі змяншацца, і як глыба, якая яшчэ нядаўна была звычайнаю пясчынкаю, расшчапіла іх рукі, і як ён пасля гэтага згубіў аднакласніцу.

– А я ўсё гэта чула, – і яе валасы зрабіліся аранжавымі-аранжавымі.

– Чула? Дык дзе яна? – аж падскочыў да зэмкі Радзім.

– Хто яна? Ах, дзяўчынка твая… Не ведаю.

– А хто ведае? – настойваў, дапытваўся свайго ён.

– Ніхто. Разумееш, мы ўкралі цябе. У Дурбудаў. Усе маніпуляцыі з табою рабілі яны. І ты павінен быў трапіць у Дурбудзію. А мы перахапілі цябе. Нашы вучоныя вылічылі, што з табою павінна быць яшчэ і дзяўчына, але яе ва ўсёй папуляцыі нашых планет ніхто пакуль не можа знайсці.

Оя нейкі час ішла моўчкі, а затым журботна так патлумачыла:

– Ведаеш, вы з ёю можаце жыць побач, але ў розных вымярэннях. Можа, ты вось зараз знаходзішся на яе вейцы, а можа, яна стаіць у гэты час на тваёй далоні і, склаўшы рукі рупарам, крычыць на ўсю папуляцыю – кліча цябе. Ва ўсім свеце чуюць, а ты – не. Бо гэта ісціна: тыя, што жывуць у розных вымярэннях, ніколі не змогуць сустрэцца між сабою, не змогуць убачыць адно аднаго, пагаварыць.

Радзім зірнуў на свае далоні, быццам і напраўду спадзяваўся каго-небудзь на іх убачыць, але Оя вярнула яго на зямлю:

– Так што не шукай Юлі, Жэўжык…

Ён страпянуўся, затрывожыўся – адкуль яна ведае ягоную школьную мянушку? Можа, таксама пачула. Але нічога не адказаў зэмцы. Відзежа, якая нечакана з'явілася яму ля возера, усё стаяла перад вачыма, і хлопец чамусьці, насуперак словам Оі, верыў, што калі ён убачыў і пачуў Юлю, то яны па часе, нягледзячы на розныя вымярэнні, змогуць усё-ткі сустрэцца з ёю.

Усю астатнюю дарогу да турмы яны маўчалі. Оя была чымсьці дужа не задаволеная, нават раззлаваная – яна і не хавала свайго раздражнення. Заняты думкамі пра Юлю – дзе яна? што з ёю? яна ж, ты чуў, крыўдуе: «Чаму ты не шукаеш мяне?» – не асабліва лез у размову і ён.

Оя прывяла яго ў шкляны куб, кораценька сказала нешта наглядчыку – дзед Жыў, быццам прачнуўшыся, вытрашчыў вочы, нібыта ён нічога дасюль не бачыў і не чуў, паківаў на дзяўчыну пальцам: ці ж то жартачкі – нявольніка выпусціла! – і, паспешліва развітаўшыся, знікла за шклом.

Больш яна ў турме не з'яўлялася. Радзім нудзіўся адзін, спрабаваў гартаць падручнікі па чужой мове, якія загадзя прынесла Оя, але нічога ў іх не змог зразумець: усё было такое далёкае, чужое, незнаёмае, што не знаходзілася нават за што зачапіцца. Паклікаў быў дзеда Жыва, каб хоць у чым з яго дапамогаю разабрацца, але і той таксама нічому не даў рады – вачамі і пальцамі мову не растлумачыш.

Выпадкова дзед Жыў убачыў на яго стале «Хімію», пачаў гартаць яе, разглядаць, натрапіў на формулы і схемы, на табліцу Мендзялеева – і, нібы забыўся на ўсё на свеце, нібы ўсё для яго перастала існаваць, упіўся вачыма ў кнігу. Так і праседзеў ён у Радзімавым пакоі увесь дзень і ўсю ноч, здаецца, ні разу не схадзіўшы да свае чорнае конаўкі, каб глынуць з яе чорнай вадкасці,– прачынаючыся ўночы, Радзім бачыў, што дзед Жыў, адарваўшыся ад формул, глядзіць няўцямна некуды ўдалячынь: ці то задумаўся над імі, шукае рашэнне, ці то ўспамінае тыя далёкія часы, калі сам яшчэ быў таля-малем і калі ўсе хімікі знаходзіліся ў вялікай пашане – яны ратавалі народ ад голаду.

Пад раніцу ціхенька, азіраючыся, нібы баючыся, што на яго нехта будзе нападаць, каб нешта адабраць, дзед Жыў з «Хіміяй» у руках пайшоў на сваю палавіну шклянога куба і ўжо зараз зусім не звяртаў ні на што ўвагі – цэлымі днямі ён крукам сядзеў над кнігаю, рашаў формулы, штосьці падлічваў і зноў схіляўся над падручнікам, амаль зусім забываючыся на сваю конаўку – мусіць, кніга гэтая была для яго найлепшым наркотыкам.

У адзіноце Радзім нудзіўся ўсё больш і больш, не ведаючы, чым яму заняцца.

У невялічкім дворыку турмы, які быў прызначаны для праходак вязняў, ён вытаптаў усю зямлю – усё хадзіў і хадзіў, не спыняючыся, удоўж і ўпоперак, думаючы пра свой незайздросны лёс: навошта яго тут трымаюць? Што будзе далей?

Часам яму хацелася падняць камень, пабіць, памалаціць усе шкляныя сцены сваёй вязніцы і выйсці з яе. Але куды выйдзеш? У новую вязніцу з такімі ж самымі сценамі. Паб'еш і гэтыя, а далей што? Там жа, ён ведае, голая пустыня, там няма як дыхаць – кожны, хто выйдзе, задыхнецца без паветра.

І раптам зусім выпадкова ён знайшоў сабе занятак.

Прагульваючыся, хацеў дастаць з кішэні насоўку, якую вышыла і падаравала яму на дзень нараджэння Юля, – рукі ў яго цяпер былі ўвесь час вольныя: дзед Жыў, заняўшыся «Хіміяй», зусім забыўся на вязня – пальцамі наткнуўся на нейкае цвёрдае каліва, дастаў яго і абыякава хацеў кінуць пад шкляную сцяну – гэта было ўсяго толькі не патрэбнае тут яблычнае семка. Аднак нечакана ў вушах паўтарылася, як успомнілася, Оіна далікатная просьба: «Падары нам дрэва», і ён, усё яшчэ, здавалася б, безуважна гледзячы на карычневае семка, ужо ведаў дакладна, што будзе з ім рабіць.

Хуценька апусціўся на калені, пасярод двара пальцамі разгроб, узрыхліў зямлю, закапаў у яе семка, схадзіў у цэлю, набраў там у шклянку вады і, выйшаўшы зноў, паліў тое месца – а раптам семка і напраўду прарасце?

І дзіва дзіўнае – яно прарасло той жа дзень! Спачатку паказалася дзюбачка плёнчыка, затым з'явіліся два лісточкі. Радзім увачавідкі бачыў, як расце парастак, як ён большае, цягнецца ўгору, як на ім з'яўляюцца галінкі, і ад гэтага было крыху ніякавата: няўжо гэта наяве, а не ў сне?

Відаць, зернетку спадабалася зямля, а можа, наадварот – зямлі спадабалася зернетка… Якая розніца! Галоўнае, – што ў яго расце дрэва, якое ён неўзабаве зможа падараваць Оі.

На другі дзень у двары ўжо шумела густым зялёным лісцем вялікае дрэва – яму аж цесна было ў шкляных сценах! На трэці дзень яблыня зацвіла. Яна цвіла сем дзён і сем начэй. Божа мой, якая гэта была прыгажосць – бела-зялёная яблыня на фоне шэрай і сумнай зямлі!

Неўзабаве яблыня сваёю моцнаю кронаю, сваім неўтаймоўным цветам узламала, узняла на сабе шкляную столь – тая друзам асыпалася на дол – і, выпрастаўшы галіны, вольна і шырока зашумела над турмою.

Адарваўшыся ад табліц і формулаў, нарэшце заўважыў яблыню дзед Жыў. Ён як услупянеў. Доўга глядзеў не міргаючы, доўга нічога не мог зразумець. Спалох у яго ніяк не праходзіў. І ўсё ж ён перасіліў страх, падышоў да яблыні, памацаў рукою кару, пагладзіў яе, шурпатую, даланёю, затым вярнуўся да Радзіма і, паказваючы на дзіва пальцам, усё нешта пытаўся: га-ха? га-ха?

Радзім зразумеў: дзед пытаецца, што гэта такое, і растлумачыў яму:

– Дрэва.

– Дэва! Дэва! – нібы ўспомніўшы штосьці, узрадавана, усхвалявана некалькі разоў паўтарыў стары, з павагаю зірнуў на хлопца, прыклаў руку да сэрца, нізка пакланіўся Радзіму і выйшаў з турмы да людзей.

Справа ў тым, што ўжо некалькі дзён вакол шклянога куба, у якім, як у вазоне, расла яблыня, збіраліся натоўпы цікаўных зэмаў. Усе стаялі, як зачараваныя, глядзелі на гэты цуд і маўчалі – нават дзеці, якіх было тут многа, трымаліся ціха і не сваволілі, не гарэзавалі. Самыя цікаўныя аставаліся і на ноч, нібыта ім не хапала дня, а ўраніцы зноў тут было аж цесна ад вачэй.

Пасля шчодрага цвету з'явілася шмат завязі. Яблыкі раслі, большалі, наліваліся, спелі, як кажуць, не па днях, а па гадзінах.

Некаторыя зэмы зусім асмялелі: з натоўпу пачалі вылучацца самыя рызыкоўныя, яны падыходзілі вельмі блізка і нешта гаварылі да яго – яму здавалася, што людзі, гэтак жа, як калісьці Оя, просяць дрэва. І ён пераканаўся, што гэта так, калі неўзабаве то ў адным, то ў другім канцы плошчы, як на мітынгах, пачалі гучаць настойлівыя выкрыкі:

– Падары нам дрэва!

Вось тады па яго і прыйшлі. Прыйшлі тыя самыя канвойцы, якія і прывялі Радзіма ў гэтую турму. Адразу ж, насварыўшыўся на дзеда Жыва, зашчапілі на руках вязня Рубінавыя Ружы, якія да гэтага без патрэбы ляжалі на шкляным стале, і павялі. Куды, навошта – гэта ён не ведаў, а канвойцы не маглі растлумачыць. Але тое, што на яго адзелі наручнікі, гаварыла ўжо, мусіць, само за сябе: нічога добрага яму хутчэй за ўсё чакаць не варта. Відаць, ва ўсім вінавата яблыня – выгадаваўшы яе, ці не парушыў ён нейкіх тутэйшых законаў?

Вялі яго доўга крывымі, вузкімі вуліцамі і завулкамі – нібы пятляючы. Нарэшце спыніліся каля якогасьці шклянога, здавалася, невагомага шара, які быццам сам сабою вісеў у паветры – гэта пасля ўжо Радзім заўважыў тоненькую, але, відаць, моцную ножку, што трымала яго над зямлёю. З шара ў адно імгненне спусціўся трап, які іх адразу ж, як эскалатар, завёз усярэдзіну гэтага дзіўнага збудавання. Не паспеў Радзім як след агледзецца, як ужо стаяў адзін пасярод парожняга скляпеннепадобнага, нібы станцыя метро, памяшкання.

У прыгожым крэсле, што шыкоўна віднелася ў глыбокай нішы, сядзеў самавіты мужчына – гэта потым ужо ён разабраўся, што бачыць не крэсла, а сапраўдны трон, а на ім сядзіць не нейкі там звычайны чалавек, а сам Верхавод зэмаў – Яго Мосць.

Побач з ім, на ніжэйшым і сціплейшым крэсле сядзела дзяўчына. Прыгледзеўшыся, Радзім не адразу пазнаў Ою: валасы яе на гэты раз былі паласатыя – пасма жоўтых, пасма зялёных, пасма блакітных, а вочы чырвоныя-чырвоныя. Зірнула яна, і яму здалося, што з вачэй шуганула трывожнае полымя. Оя паглядзела на Радзіма, як на чужога, як на незнаёмага, і ад гэтага ў яго яшчэ мацней сціснулася сэрца: значыць, ён правільна здагадваўся – паслаў Верхавод па яго не проста так.

Яго Мосць пачаў штосьці гаварыць. Оя адразу ж пераклала яму:

– Падыдзі бліжэй, о Вялікі Беларус!

Ён гаварыў павольна, а таму Оі было вельмі лёгка перакладаць. Радзім уважліва ўслухоўваўся і ў ягоны голас, і ў голас Оі, усё яшчэ чакаючы чагосьці дужа непрыемнага для сябе. Але Верхавод быў далікатны з ім, і гэта супакойвала.

– Даруй нам, о Вялікі Беларус, што мы цябе так негасцінна сустрэлі і нават зняважылі Рубінавымі Ружамі.

Нам здалося, што ты – таля-маля, а для гэтай нечысці самае адпаведнае месца на нашай зямлі – турма. І мы шчыра рады, што памыліліся. Падыдзі ж да мяне, я сам хачу зняць з цябе вярыгі.

Радзім падышоў да трона, выставіў рукі. Яго Мосць доўга корпаўся ў Рубінавых Ружах, але ў яго нічога не атрымлівалася – што тут дзіўнага: самі ж верхаводы не кожны дзень адзяваюць ці здымаюць кайданы.

– Дазвольце дапамагчы? – адважылася Оя і, маючы вопыт – яна ж ужо вызваляла яго рукі,– вельмі хутка зняла наручнікі. Радзім толькі адчуў, якія ў яе халодныя рукі.

Страх зусім прайшоў. Яму стала лёгка і спакойна, – калі сам Верхавод хоча зняць наручнікі, баяцца няма чаго.

– Цяпер ты самы вольны між нас чалавек. Ты выгадаваў нам дрэва, пра якое мы так марылі. Бо ведалі, што толькі з дапамогаю дрэва выйдзем са свае турмы – на волю, за шкляныя сцены, у мёртвую пустыню. Дзякуй табе, о Вялікі Беларус, і хвала і слава тваім рукам ва ўсім нашым царстве. Дарэчы, а каму ты падорыш гэтае дзіва, гэтае дрэва?

– Ваша Мосць! Я вельмі ўсцешаны вашаю дабрынёю і ўвагаю да мае сціплае асобы. Але даруйце мне, няўдзячнаму, – гэтае дрэва я хацеў бы падарыць вось ёй, – і паказаў на Ою. – Яна навучыла мяне маёй роднай мове і дапамагла палюбіць ваш шкляны рай і ваш загадкавы народ.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю