Текст книги "Падары нам дрэва"
Автор книги: Иван Сипаков
Жанр:
Прочая проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 1 (всего у книги 17 страниц)
Янка Сіпакоў
Падары нам дрэва
Блуканне па іншасвеце
Пад нагамі ў мурашоў– Зірні, зірні, што гэта такое? – здзівілася Юля.
Яны сядзелі пад яблыняю на коўдры, пасланай на маладую зялёную траву, і паўтаралі хімію – рыхтаваліся да прадметных залікаў і неўзабаўных выпускных экзаменаў у школе. Але вучыць ужо нічога не хацелася – больш думалася не пра выпускныя, а пра ўступныя экзамены ва універсітэт, куды яны разам збіраліся паступаць: яна – на біяфак, ён – на гістарычны факультэт.
У Радзіма не ўсё было добра з хіміяй, – не, хлопец ведаў яе, але не на пяцёрку – і таму ён вельмі сур'ёзна адносіўся да заняткаў з выдатніцай Юляю, для якой гэты прадмет, здаецца, быў самы лёгкі.
Збіраўся разам з імі ісці яшчэ і Губашлёп – так усе ў школе звалі Юрася Кулету – але яны ўцяклі ад яго ў калгасны сад: Кулета вельмі любіў пагаварыць і з ім наўрад ці ўдалося б адкрыць падручнікі. Але хутчэй за ўсё яны ўцяклі з іншае прычыны – проста ім захацелася пабыць удваіх…
Была надзіва дружная вясна, усё ў прыродзе аж буяла ад цвету – амаль адначасова зацвілі травы, краскі, кусты, дрэвы: над самымі іхнімі галовамі навісалі буйныя ружавата-крамяныя кветкі яблынь, непадалёку пеніліся бела-белыя вяночкі вішань і бела-зеленкаватыя пялёсткі груш, якія пахлі чысцінёю і свежасцю, зводдаль да іх даносіўся п'янлівы водар бэзу і калакалушы, што цвілі ў лагчыне, у надрэчных кустах. Вачам было аж жоўта ад дзьмухаўцоў, з-за якіх, здавалася, не відаць і самой травы, неяк роўна і ціхамірна, пералятаючы з кветкі на кветку, гулі пчолы.
– Ну зірні ж ты хутчэй! – ужо спалохана, нецярпліва закрычала Юля, і тады Радзім, усё яшчэ не спяшаючыся, падняў вочы ад падручніка і зірнуў туды, куды паказвала яна.
Над імі вісела штосьці вялізнае і пачварнае, яно ўвачавідкі рабілася яшчэ большым, яшчэ страшнейшым і яшчэ пагрозлівей махала сваімі вялікімі, нібы пластмасавымі, крыламі.
Хоць ён і адчуў, як, падымаючыся, трашчаць на галаве ад страху кароценькія валасы, якія не паспелі адрасці,– ваенкамат, нібыта ўпэўнены, што хлопец не паступіць, адразу ж пасля экзаменаў намерваўся забраць яго ў армію і загадзя падстрыг пад нулёўку – усё ж імкнуўся не падаваць выгляду, што і яму самому жудавата.
– Дык гэта ж пчала, – няўпэўнена, але спакойна, разважліва адказаў ён, спрабуючы заспакоіць Юлю, а заадно і самога сябе.
– А чаго яна такая вялікая?! Радзічак, мне страшна! – Юля ўскочыла на ногі, схапіла за руку Радзіма, змусіла ўстаць і яго: яны саступілі з коўдры, адбегліся крыху ўбок – абы толькі не вісела, не гуло над самымі галовамі гэтае страшыдла.
Яны, узяўшыся за рукі, як скамянелыя, стаялі на адным месцы, толькі вачыма азіраліся па баках і ніяк не маглі зразумець, што вакол іх адбываецца.
Усё, як звар'яцелае, расло, падымалася ўгору. Выпроствалася і вялізнымі шурпатымі зялёнымі пасамі шыбавала ў неба трава. Да дзьмухаўцоў, нібы да вялікіх сланечнікаў, яны, каб і хацелі, не змаглі б зараз дацягнуцца – перад вачыма былі толькі іхнія тоўстыя, як тое бярвенне, ствалы. Яблыня, пад якою яны стаялі, так вырасла ў неба, што яе галіны хісталіся недзе аж ля самага сонца, а тоненькі яшчэ нядаўна камель зрабіўся суцэльнаю пакарабачанаю, пукатаю сцяною, якая засланіла сабою ўсё на свеце.
Недзе знікла крылатая пачвара, якая іх напалохала, – пчала, мусіць, паляцела сваёю дарогаю. А на тым месцы, зверху, крыху збоку ад іх, высока-высока вісела ўжо, як хмара, нешта вялікае-вялікае, яно засланяла паўнеба, і ў ім цяжка было пазнаць тую коўдру, на якой яны толькі што сядзелі.
Маладая, густая, як шчэць, трава знікла, зрабілася рэдкаю, зараз ад травіны да травіны было так далёка, як у высечаным, прарэджаным лесе ад дрэва да дрэва. Ды і сама трава стала падобнаю на дрэвы: вока ўжо не брала шырокія каснікі лістоў, якія хісталіся так высока. Коўдра ляжала на моцных травінах, якія падпіралі яе, і знізу было дзіўна бачыць, як яна правісае там, дзе травіны зламаліся.
Значыць, усё, што было вакол іх, увачавідкі, імкліва расло, падымалася ўгору, а яны як усё роўна танулі ў зямлю, нібы апускаліся ў яе ўсё ніжэй і ніжэй – быццам уціскаліся ў зусім ужо блізкую глебу. Яна была зараз перад самымі вачыма: пясчынкі, якіх толькі што не заўважалі, крупінкі, што нядаўна рыпелі пад нагамі, павырасталі ў вялізныя валуны і горы рыхлай, сітаватай зямлі – яны былі між іх, як між сапраўдных гор у цясніне, і ад гэтага рабілася яшчэ страшней, пачынала кружыцца галава.
– Радзімачка, што з табою?! – закрычала раптам Юля.
Ён злякнуўся, зірнуўшы ў яе вочы: такі ў іх трымцеў жуд. Агледзеў сябе і нічога дзіўнага не ўбачыў: усё было, як і раней, на месцы – рукі, ногі, галава…
– Што са мною? – насцярожана перапытаў ён.
– Ты маленькі, маленькі… Як муравейка… Радзім зірнуў на Юлю. Яна была гэткая ж малая.
– І ты не большая, – здзіўлена прамовіў ён. – Сама як казурка…
Значыць, падумаў хлопец, кожны з іх бачыць, як на вачах змяняецца іншы, а сябе ўяўляе ўсё тым жа, ранейшым: вялікім, недасяжным для травы і мурашоў.
І яшчэ Радзім зразумеў, што гэта не дрэвы і травы раслі і падымаліся ўгору, не пясчынкі і крупінкі зямлі большалі так, што здаваліся валунамі, а гэта яны самі імкліва змяншаліся і змяншаліся, нібы ўточваючыся ў дол.
Каля іх ужо варушыліся, кешкаліся, поўзалі вялізныя мурашы, казюлькі, чарвякі, жукі. Яны перарасталі іх, балюча і непрыемна церліся сваімі шурпатымі бакамі, касцянымі надкрыллямі, ліпкаю скураю, нахабна, быццам якіх казявак абшарвалі з усіх бакоў, вывучалі здаравеннымі тоўстымі, валасатымі вусамі, што варушыліся каля самага твару, тыцкаліся ў рукі, якімі людзі спрабавалі засланіцца, а то і абыякава, нават грэбліва адпіхвалі ўбок – як нейкую нязначную перашкоду, якая неспадзявана трапілася на іхнім шляху і замінае ісці.
Жукі і казяўкі ўсё павялічваліся і павялічваліся, неўзабаве яны ўжо хадзілі над імі, вышэй іх – менавіта хадзілі, а не поўзалі. Зараз Юля і Радзім гэта добра бачылі на ўласныя вочы і змушаны былі ўвесь час асцерагацца, стараніцца, каб тыя не наступілі на іх сваімі калматымі нагамі. Цяпер ужо яны бачылі толькі аброслыя валасамі жучыныя ногі, што пераступалі праз іх, ды брыдкія, рыфлёныя падпуззі, якія, непрыгожа валюхаючыся, праплывалі, сунуліся над імі. Побач паўзлі вялізныя чарвякі, выгіналіся здаравенныя сараканожкі, падграбаючы пад сябе зямлю, – нібыта знарок выграбалі яе з-пад іхніх ног, і ім, каб утрымацца, каб не ўпасці, даводзілася балансаваць і рукамі, і нагамі.
– Трымай мяне, Радзімачка! – пахіснуўшыся, закрычала Юля.
Хлопец ужо хацеў памагчы ёй, падтрымаць другою рукою, але замінаў падручнік па хіміі, які ён, разгублены, усё яшчэ невядома чаму трымаў у руцэ. Радзім пашукаў яму месца і, не знайшоўшы, усё ж не кінуў яго, а засунуў сабе пад папругу.
Аднак і вольнымі рукамі нічога не паспеў зрабіць. Якраз паміж ім і Юляю вырас вялізны камень, які толькі што быў пясчынкаю, і іхнія сплеценыя, здавалася, назаўсёды рукі аказаліся на ім – валун як падпёр іх. Камень усё рос і рос і неўзабаве падняў абаіх над зямлёю – яны ўжо віселі на сашчэпленых руках па розныя бакі ад валуна.
Руцэ было балюча, вострыя шурпатасці каменя ўпіваліся ў скуру, ён ведаў, што Юлі яшчэ болей балюча – сам ён хоць у сарочцы, а яна ж у лёгкай безрукавай кофтачцы, – але ўсё роўна не адпускаў яе рукі. Аж да таго часу, пакуль нехта невідомы, здавалася, сілаю расслабіў яго далонь – быццам адагнуў хто пальцы – і Юліна рука выслізнула з ягонай.
– Юля! – у роспачы закрычаў ён.
Зачапіўшыся за каменны выступ, падцягнуўся на руках і пачаў лезці на гару, але сарваўся і, падаючы ўжо ўніз, злавіў вухам, як з-за каменя, нібы з нейкай далёкай-далёкай далечыні данеслася ціхае, амаль нячутнае слова – ён больш здагадаўся, чым пачуў гэта:
– Жэўжык!
Юля паклікала Радзіма мянушкаю, якая прыклеілася да яго з дзяцінства і якую любіла па патрэбе і без патрэбы паўтараць дзяўчынка – як кажуць, хто каго любіць…
Зваліўшыся з каменю, Радзім падвярнуў руку, але ўсё роўна, не зважаючы на боль, пачаў караскацца на глыбу – трэба ж было выручаць Юлю. Аднак камень тым часам зрабіўся сапраўднаю непрыступнаю скалою – ні ўзлезці на яе, ні абысці збоку.
Лез ён на валун доўга, здаецца, цэлую вечнасць. І ўсё ж, садраўшы да крыві рукі, ногі і калені – ад штаноў, ад сарочкі засталося адно толькі ашмоцце: так падраліся яны, – нарэшце апынуўся на самай вяршыні гары і жахнуўся: перад вачыма ляжала роўнае плато, і колькі ні ўглядайся па баках, нідзе не было яму канца-краю – пясчынка ператварылася ў сапраўдную несхадзімую зямлю, а ён сам – у пясчынку на ёй.
І гэтая зямля ўсё вырастала, усё большала пад ім, а ён усё змяншаўся – нібы правальваўся ў колішнюю пясчынку… Неўзабаве камень як усё роўна раструшчыўся, Радзім упаў у нейкую шчыліну, і цемра атуліла яго з усіх бакоў.
Ён усё змяншаўся і змяншаўся, а прастора ўсё пашыралася і пашыралася. Праз нейкі час пасвятлела, але ўсё роўна каля сябе Радзім нікога і нічога не бачыў – здавалася, што толькі ён адзін існуе ў гэтым пустым і гулкім бязмежжы.
Потым пачалі з'яўляцца маленькія, як мачыны, крупінкі, якія вольна плавалі ў паветры. Ён, нібы зачараваны, глядзеў, як і яны ўвачавідкі большаюць, павялічваюцца ў памерах, і яму здавалася, што бачыць усё гэта ў сне. Калі крапінкі ператварыліся ў вялізныя, лёгкія, нібы пустацелыя, шары, якія павольна рухаліся ў прасторы, ён зразумеў, што сам ужо настолькі зменшыўся, што бачыць малекулярную будову свету, а гэтыя вось шары – ніякія не шары, а самыя звычайныя атамы. Зразумеўшы гэта, успомніў пра школу, экзамены, усміхнуўся: во будуць здзіўлены і аднакласнікі, і настаўнікі, калі ён ім раскажа, што на свае вочы бачыў самую тайніцу прыроды – атамную будову пясчынкі, мог колькі хочаш любавацца атамамі і нават дакранацца да іх рукою.
Радзім пачаў ужо назіраць за паводзінамі атамаў, вывучаць іх рух, здаецца, нават разглядзеў электроны, што кружыліся каля атамнага ядра, як раптам убачыў, што якраз на яго імчыцца – нібы выстраліў хто, нібы трасірная куля – яркая, святлівая крапка. Інстынктыўна паспеў адсланіцца, крапка прайшла побач, але, рэзка адхінаючыся, ён выцяўся галавою аб атам, і той, як гумовы, паляцеў быў убок – сарваўся з арбіты, – але нейкая свая неадольная сіла неўзабаве зноў вярнула яго на ранейшае месца.
Ад другой такой крапкі святла не змог адвярнуцца – не паспеў нават падумаць, як гэтае яркае і вострае, быццам стрэмка, святло ўпілося ў яго. Чакаў, што будзе балюча, але святло прайшло праз яго без болю – хлопец нічога нават не адчуў, а, азірнуўшыся, убачыў, што святлівая крапка, быццам нічога і не здарылася, ляціць ужо, здаляючыся, за ім, ззаду яго. І тады ён заўважыў, што крапак гэтых дужа многа і што прабіваюць яны не толькі яго, а ўсё, што трапляецца на іх шляху, нават атамы, за якія яму напачатку хацелася хавацца. І перастаў адхінацца, хоць, шчыра кажучы, было боязна, непрыемна – стрэмкі ляцелі прама ў вочы, праходзілі праз сэрца, траплялі ў самы рот. Здагадаўся, што святлівыя гэтыя пылінкі – не што іншае, як нейтрына, якія і ў тым свеце, у тым звычайным вымярэнні пранізваюць навылёт і чалавека, і сцены, і ўсю зямную кулю – недзе чытаў, што для іх няма ніякіх перашкод. Тут іх столькі многа, а на зямлі за імі палююць ужо дужа даўно, але злавіць ніводнай нейтрына пакуль што нікому не ўдалося – людзі будуюць глыбока ў гарах браніраваныя склепы, але нейтрына, як хітрая, вопытная невідзімка, лёгка абмінае гэтыя чалавечыя пасткі і не трапляе ў іх.
Потым крапкі нейтрына пабольшалі, ператварыліся ў плямкі святла, якія, нібы ўспышкі пражэктара, асвятлялі яго ўсяго і знікалі.
Але такое нашэсце нейтрына было часовае.
Ён усё змяншаўся і змяншаўся, а прастора ўсё пашыралася, разрэджвалася. Зараз ужо рэдка калі трапляўся яму адзінокі атам ці ўдалечыні, як сполах маланкі, пралятала нейтрына.
Калі над ім, над самаю галавою, праплыў вялізны, нібы дырыжабль, шар атама – яму давялося нават сагнуць галаву, каб той не зачапіўся за яе, але ён усё роўна працягнуўся па валасах: калі б хлопец не быў падстрыжаны, атам згарнуў бы ўвесь чуб наперад, на самыя вочы, – тады Радзім зразумеў, што і ў свеце атамаў, у мікрасвеце ён зараз вельмі маленькі.
І тады ж заўважыў, што пад нагамі ў яго ўжо нічога няма, што ён проста так вісіць у паветры. І адчуў, што не мае ні цела, ні вагі, што ад яго асталіся толькі думка ды энергія, якія ўжо таксама, здаецца, плаваюць у паветры, але самі па сабе, без яго.
Разумеў, што ўсё яшчэ змяншаецца, і дзівіўся гэтаму: як можа змяншацца тое, чаго ўжо няма?!
І да якога часу можа змяншацца яно – чалавеку нельга змяншацца да бясконцасці, бо недзе абавязкова павінен быць канец, пасля якога… Дзіўна, а што можа быць пасля канца?!
Значыць, цела ў яго зараз не было, але думка ўвесь час помніла яго памеры, памятала рукі, ногі, твар, і варта было яму толькі падумаць пра іх, як адразу тыя ж рукі пачыналі, здавалася, варушыцца, і ён, як і раней, рабіў з імі ўсё, што хацеў.
Калі цела яго наблізілася, мусіць, да самай крытычнай мяжы, Радзім адчуў нейкую халаднаватую трывогу, нейкае хваляванне і прымус, нібыта нехта невідомы ўсё тое, што ад яго засталося, сціснуў, як спружыну, у адну маленькую-маленькую кропку, ды так моцна, што ён нават на нейкую хвіліну страціў прытомнасць, а потым той жа «нехта», здаецца, вывернуў яго, быццам пальчатку, навыварат, навонкі, і яму адразу стала светла-светла, лёгка-лёгка, радасна-радасна, і ён убачыў, што высока вісіць над нейкаю бязмежнаю голаю зямлёю і паволі, як усё роўна надзьмуты паветраны шар альбо адарваны асенні ліст, апускаецца на яе. І яшчэ яму здалося, што павялічваецца ў памерах і набывае ранейшыя формы, – ён не толькі ўжо адчуваў, але і бачыў свае рукі і ногі і мог дакрануцца да іх, паварушыць імі.
Зварухнуў плячыма, памацаў сябе, нават ушчыкнуў, каб праверыць, ці жывы. Далоні наткнуліся на падручнік па хіміі, які, нягледзячы на ўсе ператварэнні і выварочванні, застаўся там, куды ён яго і запіхнуў,– пад папружкаю. Зразумеў, што жывы целам і душою, і супакоіўся.
Апускаўся ён ціха і паволі, далёкая зямля набліжалася вельмі спакваля, амаль незаўважна, і таму яму часам здавалася, што не зніжаецца, а проста вісіць у паветры і будзе так, нібы пачэплены на які кручок, вісець заўсёды.
Разглядаў з вышыні зямлю, і яму рабілася страшна, куды ён апускаецца: зямлі, той зямлі, якая вабіць, якая цвіце і буяе, шчыра кажучы, не было, а пад ім невыразна шарэла нейкая голая непрытульная пустыня. І як ён ні ўглядаўся, і куды ні кідаў свой позірк, – вочы нідзе не маглі зачапіцца хоць за якое дрэва, за якую хату, сцежку, ужо не кажучы пра што-небудзь жывое. Праўда, калі пустыня пабліжэла, Радзім пачаў распазнаваць на ёй былыя, даўно перасохлыя рэчышчы, руіны вёсак і гарадоў, разараныя калісьці прамавугольнікі, дзялянкі, лапіны палёў і сенажацяў.
Тое, што зверху здавалася шэраю пустыняю, зблізку аказалася нагрувашчваннем нейкіх каменных глыбаў, сярод якіх нельга было прыкмеціць нават самых нязначных прыкмет жыцця.
Доле было цяжка дыхаць: паветра разрэджанае, яго не хапала, ды і тое, што асталося на гэтай планеце, мусіць, пасля нейкай разбуральнай вайны, брыдка пахла, смуродзіла, і ад яго адразу ж пачало пяршыць у горле.
Радзім цвярдзей стаў на зямлю і пачаў азірацца па баках. Ад роспачы, адчаю і бязвыхаднасці хацелася закрычаць, загаласіць, завыць – адзін, зусім адзін на гэтай бязлюднай зямлі. Хто і навошта яго выкінуў сюды? І што яму зараз рабіць, які шукаць паратунак?
А дзе Юля? Яна ж таксама, мусіць, адна, і таксама ў роспачы. Можа, яна дзе-небудзь непадалёк? Што ты! У гэтым свеце ім хутчэй за ўсё ніколі не давядзецца сустрэцца… І ўсё ж ён будзе шукаць яе.
На зямлі было ціха-ціха… Уяўляеце, як можа быць ціха, калі няма ніводнага дрэва, каб раптам зашапацець лісцем, ніводнай рэчкі, каб забулькатаць бруёю каля камення, няма нават птушкі, якая б магла нечакана залопаць крыллем, спалохаць, пралятаючы непадалёку, няма травы, каб ціха і пяшчотна прашумець пад лёгкім узвеем.
І раптам у гэтай цішыні Радзім нібыта наяве пачуў нейкі шолах, нейкі рух, як усё роўна пошум ветру, а затым – далёкі і нямоцны піск, падобны на піск мышаня ці на працу невідомага радыёперадатчыка. Усё гэта праз якую хвіліну заціхла, але ён адразу з непрыемнасцю адчуў, нібыта ля яго нехта з'явіўся, і нібыта той «нехта» яго вельмі ўважліва разглядае. Зноў азірнуўся, але зноў жа нікога не ўбачыў – навокала было пуста і гола, як і да гэтага. І ад таго, што вочы нікога не бачылі, а розум падказваў, што побач нехта ёсць, рабілася яшчэ страшней і вусцішней.
І ўжо зусім непрыемна стала тады, калі самі сабою пайшлі ногі, калі ён, насуперак сваёй волі і жаданню, накіраваўся менавіта ў іншы, чым хацеў сам, бок, – ці то хто клікаў яго, ці то ўжо нават вёў за сабою.
Радзім ішоў, цягнуўся па голай бязлюднай пустыні, а яму здавалася, што ідзе па Месяцы. Вельмі ж усё тое, што бачыў вакол сябе, нагадвала месячныя краявіды, якія ён памятае па тэлевізійнай перадачы, дзе паказвалі высадку касманаўтаў на Месяц: пазбаўленая жыцця прастора, нейкія кратары, нагрувашчванне камянёў, ад якіх сягаюць доўгія цені.
І цішыня, ад якой, здавалася, можна было звар'яцець. Таму, калі раптам непадалёку ад свайго ж цяжару сарваўся з невысокай стромы камень і, гулка коцячыся ўніз, нарабіў грукату, ён, шчыра кажучы, спалохаўся, але і ўзрадаваўся – гэтыя гукі парушалі даўкую цішыню і стваралі хоць нейкае падабенства жыцця.
Цяжка было ісці па пыльнай зямлі. Але яшчэ цяжэй было дыхаць. Неўзабаве ён ужо зусім задыхаўся без паветра, часта спыняўся, каб перавесці дух. Той, хто невідома вёў яго, нібыта дазваляў яму садзіцца, нават класціся ў пыл і пясок, і пакуль хлопец адпачываў, цярпліва чакаў, калі ён паднімецца і зноў пойдзе далей.
Уперадзе нешта шырока і ярка блішчэла, але нават гэта яго, стомленага, ужо не цікавіла.
Урэшце стома і разрэджанае паветра зусім адабралі ў яго апошнюю сілу, і ў той час, калі ўсё гэта здарылася, ён ужо не ішоў, а поўз па зямлі, абыякава, тупа гледзячы ў пыл, які адзін толькі і быў перад вачыма.
Калі, паўзучы, нечакана стукнуўся галавою ў нейкае шкло і тое ўсё зазвінела і захадзіла ходарам, ён падхапіўся на ногі і што было моцы – дзе ўзяўся ў зняможанага такі спрыт! – кінуўся наўцёкі ад небяспекі. Радзім разумеў, што можа быць, калі пабітае шкло пачне раптам падаць, асыпацца на яго зверху.
Але шкло не пабілася. Ён стаяў і толькі няўцямна глядзеў на суцэльную шкляную сцяну, якая вось так нечакана вырасла перад ім. Яна далёка, здавалася, бясконца, сягала налева, гэтак жа бязмежна шырылася направа, высока-высока ўзнімалася ў неба і недзе там, у самым зеніце, паката закруглялася на дах.
За сцяною, як усё роўна адрэзаная шклом, пляскалася вада, і сонца дзіўна, пярэстымі плямкамі, зіхацела ў ёй – калі б у нейкі іншы час, гэтым дзівам можна было б доўга любавацца.
Пакуль ён стаяў, спрабуючы разабрацца, што тут і да чаго, нечакана само сабою адчынілася акно, якое хлопец напачатку не заўважыў, і адтуль высунулася нейкая рука, падобная ці то на шуфель, ці то на лапату. І не паспеў Радзім апамятацца, як гэтая рука падграбла яго разам з зямлёю і пылам – ён не ўстояў на нагах, сеў на яе, – і хапатліва, спяшаючыся прасунула праз акно, пранесла над вадою, паставіла на дол за ёю і адразу ж зачыніла на ўсе зашчапкі фрамугу – нібыта нехта баяўся, каб чагосьці лішняга не ўпусціць сюды ці, наадварот, нечага патрэбнага не выпусціць.
Падары нам дрэваРадзім здзівіўся – тут, за гэтым шклом ужо віравала жыццё! Хадзілі, смяяліся, гучна гаварылі радасныя і вясёлыя людзі, ездзілі, хоць і рэдка, конемашыны і конеаўтобусы, працавалі крамы. І толькі дрэў і птушак, колькі ні прыглядаўся, так і не ўбачыў: зямля тут была, пэўна, не для дрэў, нейкая аплаўленая і мёртвая, гэткая ж, як і за штучнаю сцяною, а птушкі, мусіць, пад шклом жыць не могуць. А як хацелася ўбачыць іх пад празрыстаю шкляною столлю, як, успамінаецца, некалі ў прасторнай хароміне новага аэрадрома, калі ляцеў з чарнобыльскай зоны – іх, школьнікаў, везлі на поўдзень, у Крым, – бачыў і цешыўся галубам і вераб'ям, што крылялі ў зале чакання пад дашчаным купалам будыніны. Але ні птушак, ні дрэў тут не было. Яны, мусіць, могуць жыць толькі супольна: дзе адны, там і другія. А наразь такое немагчыма…
Пакуль ён раздумваў, што рабіць – стаяць на месцы ці ісці чаго-небудзь, каго-небудзь шукаць, да яго падышлі двое, сталі леваруч і праваруч і годным споківам запрасілі ісці разам з імі.
Людзі былі нармальныя, гэткія ж, як і на зямлі, тыя ж мелі ногі, рукі, галовы, вочы, а таму ён не спалохаўся іх, а, наадварот, супакоіўся: не могуць жа такія, як і ён сам, людзі зрабіць яму нешта кепскае. Хаця хто яго ведае – цяпер і на зямлі сталася так неспакойна, што ў лесе бывае лепей сустрэць звера, чым чалавека.
Дзіўна, пад шклом Радзіму дыхалася зусім лёгка – перастала пяршыць у горле, чыстае паветра супакойвала грудзі: не было ў ім таго брыдкага смуроду, якім даводзілася душыцца толькі што.
Радзім ішоў і любаваўся ахайнымі, падмеценымі і палітымі вадою вуліцамі, акуратненькімі хатамі, дамамі, камяніцамі, з густам апранутымі людзьмі. Сярод іх яму ў сваёй простай сарочцы з закасанымі рукавамі, у звычайных картовых штанах было нават няёмка: адзенне, калі ён лез на камень і падаў з яго, падралася і звісала лахманамі, а таму выгляд у яго, канечне ж, быў не вельмі прывабны.
Па дарозе ім сустракаліся дзіўныя збудаванні, дзе ніхто не жыў, але ў якіх угадваліся нейкія падобныя на людзей постаці. Радзім яшчэ не ведаў, што гэта такое, але яму чамусьці здавалася, што бачыць ён тутэйшыя помнікі. Як потым і пацвердзілася, гэта былі помнікі будаўнікам зямлі.
Нарэшце яны падышлі да цікавай самабытнай будыніны з аднаго толькі шкла. Бачыце: пад шклом – новае шкло. Руская матрошка, дый годзе! Шкло непразрыстае, і за ім нічога нельга ўбачыць. Кожны, хто заходзіў за яго, хаваўся, як за шырмаю.
Адзін з Радзімавых праважатых застаўся з ім, а другі пайшоў за шкло. Неўзабаве ён вярнуўся і ўсё тым жа далікатным споківам запрасіў іх абодвух у памяшканне.
Усе трое ўвайшлі ў нейкую прасторную залу, сцены якой, здавалася, былі сабраны з адных люстэрак. Час ад часу люстэркі паварочваліся, і ў іх то тут, то там адлюстроўваліся нейкія людзі.
А ў памяшканні ніякіх людзей не было. Неўзабаве зніклі і тыя двое, што суправаджалі яго.
Ён застаўся адзін сярод шкла. І ўсё ж яму падалося, што за ім, вывучаючы, сочаць сотні невідомых вачэй, і ад гэтага было вусцішна – адчуваў, што нават скура ўзялася гусінымі папурышкамі.
Спачатку чуваць былі толькі нейкія шорахі, а потым пачалі прарывацца і словы. Разабраць жа нічога Радзім не мог, бо мова была чужая, словы незнаёмыя, і таму ён стаяў і маўчаў, хоць разумеў, што ў яго штосьці пытаюцца. Пачуў быў некалькі нямецкіх слоў – мову германцаў яны вучылі ў школе, і ён яе крыху ведаў,– але не паспеў адказаць ды і збаяўся, разумеючы, што тады ўжо ўсю размову давядзецца весці па-нямецку. Загучалі іншыя, зусім незразумелыя словы, і тады ён здагадаўся, што яны шукаюць мову, на якой можна будзе з ім пагаварыць. Праз нейкі час Радзім выразна пачуў пытанне на рускай мове.
– Кто вы, наш гость? Здравствуйте!
Ён адразу ж з радасцю адгукнуўся на знаёмыя словы.
– Здравствуйте!
Той жа час знікла какафонія гукаў, павярнулася адно з люстэрак у сцэне, і ў ім з'явіўся прыстойны твар маладога чалавека ў касаваротцы. Ён прыязна ўсміхнуўся Радзіму і спытаў:
– Мы – зэмы. А вы – русский?
– Нет, я белорус.
Адразу ж малады чалавек знік, люстэрка перавярнулася, захінулася, і зноў пачуліся словы розных моў – нібыта хто перамотваў касету. Нарэшце нешта шчоўкнула, адкрылася іншае люстэрка, і ў ім з'явіўся прыгожанькі тварык дзяўчыны, мусіць, яго равесніцы. Сэрца ў яго аж ёкнула: Юля! Дзяўчына вельмі была падобна на аднакласніцу, а таму ён нават не сумняваўся, што так лёгка і проста знайшоў яе!
Тым часам дзяўчына на чысцейшай беларускай мове загаварыла да яго:
– Прабачце, калі ласка, што мы прывіталі вас не на вашай роднай мове. Будзьце ласкавы, паведаміце, раскажыце нам, хто вы, адкуль вы, абмалюйце сваю краіну, з якой вы наведаліся да нас. Нам будзе вельмі цікава пачуць і пра вас, і пра ваш цудоўны край.
Ён стаяў і маўчаў. Пачынаў ужо злавацца, толькі не разумеў на каго – на сябе, ці на дзяўчыну. Калі гэта і праўда Юля, то навошта яна выдурняецца, добра ведаючы, што іх клас не вучыў беларускай мовы, а калі ўсё ж не яна, то як растлумачыць гэтай незнаёмай дзяўчынцы, што ў іхняй акрузе і блізка не было ніводнай беларускай школы, а ў рускіх ад роднай мовы і літаратуры вызвалялі ўсіх, хто жадаў.
Ужо адчуваючы, што гэта, канечне ж, не Юля, – іначай адкуль жа ў Юлі чырвоныя валасы?! – здагадваючыся, што робіць недарэчнасць, усё ж адважыўся спытацца:
– Юля, гэта ты?
Дзяўчына зніякавела, паглядзела на яго, як на ненармальнага, хоць і здзівілася, але стрымалася, узяла сябе ў рукі, усміхнулася:
– Мяне завуць Оя. Дык мы чакаем вашага аповяду пра родны край, пра сваю зямлю.
– Я вас не панімаю, – раздражнёна, нібы назло каму, адказаў Радзім.
– Як не разумееце? – здзівілася дзяўчына. – Не разумееце, чаго ад вас хочуць ці не разумееце, што вам гаварыць? Вы што, і праўда не ведаеце роднай мовы?!
– Не ведаю, – насуперак усяму і ўсім – і сабе, і ёй – горда адказаў ён.
– Вы не вывучалі сваёй мовы?! – разгублена перапытала дзяўчына, спадзеючыся, што яна ўсё ж абчулася ці нешта не так зразумела, што хлопец зараз паправіцца, запярэчыць.
Але ён зацята стаяў на сваім:
– Не вывучаў.
– А вы ведаеце, што ў нас той, хто не шануе родную мову, лічыцца дзяржаўным злачынцам і адразу ж аддаецца пад суд? – пыталася дзяўчына ў яго і адначасова слухала кагосьці іншага, прыклаўшы, як нашы тэледыктаркі, да вуха тэлефон. Той іншы, мусіць, штосьці пытаўся ў яе, дзяўчына адказвала:
– Немагчыма! Ён жа – нямко… Сваёй мовы не ведае!
І ў той жа момант пачалі паварочвацца амаль усе люстэркі ва ўсіх чатырох сценах, а ў іх з'явіліся здзіўлена-зацікаўленыя твары, быццам усе, хто сачыў за ім нябачна, цяпер увачавідкі захацелі зблізку паглядзець на такое дзіўнае дзіва – на чалавека, які не ведае роднай мовы.
Дзяўчына зноў паднесла да вуха тэлефон, і Радзім, здаецца, сам адчуваў, як той, невідомы, быццам рэжысёр гэтага спектакля, падказваў штосьці Оі.
– А што ў вас за кніга? – ужо кладучы тэлефон, спыталася дзяўчына.
Ён, шануючы вывіхнутую руку, дастаў з-пад папружкі падручнік і абыякава адказаў:
– Хімія.
Дзяўчыну як уджаліў хто. Яна падхапілася, зноў паднесла да вуснаў мікрафон, спалохана закрычала ў яго:
– Таля-маля! Таля-маля!
Радзім не зразумеў, што здарылася. Адначасова заварушыліся ўсе люстэркі, пачаўся нейкі шум, тупат, крык – нібыта мноства людзей бегла кудысьці, уцякала. Умомант зніклі ўсе адлюстраванні ў люстэрках, і нават Оя таропка выбралася з-за стала.
Усе некуды хаваліся, усе спалохана крычалі:
– Таля-маля! Таля-маля! Таля-маля!
У шкляным памяшканні, дзе ён стаяў, зрабілася ціха-ціха – як усё роўна перад гэтым у пустыні: ні шолаху, ні пошуму, ні гуку.
Цішыня ціснула на вушы, стаяць вось так, нічога не ведаючы, і не разумеючы, што вакол цябе адбываецца, было непрыемна, але ён усё ж стаяў і чакаў.
І нарэшце пачуў крокі, а пасля і ўбачыў таго, хто ішоў да яго, – гэта быў адзін з тых зэмаў, якія сустрэлі Радзіма адразу ж за шкляною сцяною. Набліжаўся ён вельмі асцярожна, абачліва. У руках трымаў нейкія яркія, рубінавыя, падобныя на ружы, кветкі. Ён выстаўляў іх далёка наперад – ці то сам баяўся незнаёмца, ці то наадварот паказваў яму, што хвалявацца няма чаго: ён усяго толькі падорыць кветкі.
Калі Радзім працягнуў абедзьве рукі, каб узяць ружы, ён і сам не заўважыў, як кветкі ў той жа момант абвіліся вакол запясцяў.
Гэта былі, канечне, не кветкі. Гэта былі наручнікі. Радзім не пачуў нават пстрычкі – так лоўка зашчапіліся яны на руках.
Адразу ж аднекуль з'явіўся і другі канвойца, і зэмы зноў далікатна, тактоўнымі жэстамі паказалі, куды яму трэба ісці.
Значыць, яго арыштавалі і павядуць зараз, пэўна ж, у турму. За што арыштавалі, ён не разумеў – ці то за тое, што не ведае роднай мовы, ці то за тое, што прынёс сюды падручнік па хіміі, які хутчэй за ўсё тут лічыцца падпольнаю літаратураю. А можа, і ўвогуле за што-небудзь зусім іншае.
Хлопец пакуль не ведаў, што «таля-маля» тут непрыстойная лаянка.
Не ведаў, што мясцовыя вучоныя ўжо даказалі, што сама хімія і ёсць нячыстая сіла.
Калі раней, як канвойцы вялі яго па горадзе, людзі амаль зусім не звярталі на незнаёмага ніякай увагі, то зараз, толькі ўбачыўшы яго, толькі зірнуўшы на ружы, яшчэ здалёку ўсе кідаліся ўрассыпную і з крыкамі: «Таля-маля! Таля-маля!» хаваліся, хто куды можа.
Цікава, што палохае іх і чаго яны баяцца?
Турмою аказаўся невялікі, зноў жа шкляны куб, але празрысты-празрысты – усё ў ім відаць як на далоні. Усярэдзіне яго таксама ўсё было шкляное – лаўкі, табурэткі, сталы, нават ложак. Радзім спачатку вельмі асцярожна садзіўся на лаўкі і клаўся на ложак, усё прыслухоўваючыся, ці не трашчыць дзе шкло, – каб паспець падхапіцца, калі яно пачне пад ім раптам крышыцца.
Але шкло было моцнае, яно вытрымлівала яго, і ён паволі пачынаў усё больш і больш смялець – ужо з усяе сілы, не баючыся і не прыслухоўваючыся, гэпаўся на ложак ці соўгаў, як хацеў і куды хацеў, табурэткі.
Тут жа, на шкляным крэсле, ён знайшоў сарочку і штаны – яны былі такія ж, як і ягоныя, толькі зусім новыя. Зразумеўшы, што зэмы хочуць, каб ён пераапрануўся, Радзім, азіраючыся па баках, зняў сваё ашмоцце і адзеў усё іхняе.
У шкляным кубе адчуваў ён сябе вельмі няўтульна і нязручна – не было куды схавацца: ці ты сядзіш, ці ты ходзіш, ці ты спіш, ці яшчэ што-кольвек робіш, – усе цябе бачаць, увесь час ты навідавоку.
Здаралася, каля куба збіралася нямала разявак, якія, хоць і баяліся «талі-малі», але ўсё ж хацелі яго разгледзець зблізку – асабліва злоўжывалі гэтым дзеці! – і тады ён адчуваў сябе нібы ў звярынцы, а ад мноства вачэй на яго находзіла нейкая агрэсіўнасць, азвярэласць, якія пасля змяніліся апатыяй і абыякавасцю.
Тады за куб выходзіў наглядчык турмы, просты, крыху дзікаваты дзед, якому, як кажуць, з рук у рукі перадалі канвойцы Радзіма, нешта казаў да людзей – відаць, сарамаціў іх – і тыя, хаця і нехаця, неахвотна, але ўсё ж паступова разыходзіліся.
Гэты дзед сядзеў часцей за ўсё каля расчыненых у яго пакой дзвярэй і ўсё гаварыў, гаварыў і гаварыў – мусіць, расказваў яму нешта, а што – зняволены, канечне ж, не мог зразумець. Здаралася, ён і засынаў пад гэтае дзядзькава бубненне, а калі прачынаўся ўночы, чуў, што той усё яшчэ гаворыць. Але часцей за ўсё, хоць і не разумеючы нічога, Радзім слухаў – наглядчык гаварыў так эмацыянальна, смяяўся, уздыхаў, плакаў, махаў рукамі, моршчыўся, уздымаў бровы, што слухаць яго, нават не ведаючы мовы, было цікава.