Текст книги "Падары нам дрэва"
Автор книги: Иван Сипаков
Жанр:
Прочая проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 16 (всего у книги 17 страниц)
Хочаш ці не хочаш, але яму абавязкова трэба ехаць на Маналы. Усё ў ім – і душа, і цела – супраціўляецца гэтай паездцы, усё шукае хоць маленечкую зачэпку, каб не ехаць, каб астацца дома. Аднак…
Яшчэ ўчора ён пачуваўся зусім хворым, у яго балела горла, была высокая тэмпература, і ён на гэта меў ціхую, прытоеную надзею – ніхто яго, хворага, нікуды не пашле.
Але сёння, колькі ні тыцкаў тэрмометр пад паху, той, нібыта сапсаваўшыся, быццам назло настойліва паказваў адно і тое ж: трыццаць шэсць і шэсць. Не паверыўшы яму, знайшоў новы тэрмометр, аднак і гэты быццам зашкаліла, быццам у ім загусла ртуць: трыццаць шэсць і шэсць!
Нічога не паробіш – трэба збірацца.
Збіраўся ён вельмі доўга, марудна, нібыта ўсё яшчэ на нешта спадзеючыся. Доўга шукаў плячак, доўга выбіваў яго ад пылу. Затым паволі, не спяшаючыся, вайстрыў нож, правяраў вайстрыню і на вока, і водзячы пальцам па лязу. Пасля знайшоў вяроўку, паторгаў яе за канцы, спрабуючы, ці моцная, ці парвецца, а пераканаўшыся, што ўсё ў парадку, скруціў яе і разам з нажом наклаў у плячак – не разумее чаму, але яму сказалі, каб абавязкова ўзяў з сабою менавіта нож і вяроўку.
Узяўшы яшчэ сёе-тое, закінуў плячак за спіну, паклаў на руку плашч – дарога ж будзе далёкая, і хутчэй за ўсё ці то ад дажджу ці, можа, ад холаду давядзецца неяк ратавацца – пайшоў, зноў жа вельмі павольна, на аўтобусны прыпынак.
Бачыў і разумеў, што спазняецца, але кроку не прыбаўляў: калі і не паспее на гэты апошні аўтобус, то ў яго будзе хоць нейкая адгаворка, чаму не прыехаў у той дзень, як загадалі.
На прыпынак прыйшоў пазнавата – аўтобус павінен быў ужо даўно пайсці. Але ён яшчэ не пайшоў. І нават пакуль што не прыйшоў. «Спазняецца», – казалі людзі, нервова круцячы па баках галовамі. Пасажыры нерваваліся, а ён радаваўся: то ж добра, што аўтобус не пойдзе! Мусіць, сапсаваўся… Ага, на сёння такое не дзіва: няма запчастак, няма бензіну, няма таго, няма гэтага… Апошнім часам ён амаль што і не хадзіў.
А тут, як назло, хоць і са спазненнем, але ж прыйшоў. А правільней, прыкульгаў – ён быў такі дабіты, амаль увесь паламаны, так тарахцеў і бразгатаў, што ў яго боязна было лезці, але ён усё ж, сцяўшы зубы, пайшоў у расчыненыя дзверы.
Думалася, што аўтобус сапсуецца, разваліцца па дарозе і не даедзе да прыстані. Ён сядзеў і, моцна ўчапіўшыся за поручні, чакаў, калі гэта здарыцца.
Але аўтобус усё ж давёз яго да прыстані! Спыніўся і фанабэрыста адчыніў перад ім адным дзверы – сюды ён ехаў ужо толькі адзін: маўляў, вось я які!
Прыстань была амаль што пустая. На моры якраз разбушаваўся вялікі шторм, і ўсе караблі і караблікі, учапіўшыся за бераг, баяліся адыходзіцца ад яго.
Яму ж трэба на той бераг, на аэрадром, а дабрацца туды, ён ведаў, ніякім іншым транспартам, як толькі караблём, нельга.
Ужо ледзь не закрычаў ад радасці, удзячны шторму, як да яго падышоў чалавек у строгай марской форме і спытаўся:
– Вы не на Маналы?
– На Маналы, – яшчэ нічога не разумеючы, адказаў ён.
– Тады хадземце. Цеплаход на Маналы адпраўляецца праз пяць хвілін.
Толькі цяпер ён заўважыў, што ля прыстані стаіць гатовы да адплыцця цеплаход, таксама старэнькі і абшарпаны, і нецярпліва, упарта кідаецца грудзьмі на высокія хвалі.
Як толькі па хісткім трапе ён узышоў на палубу, цеплаход адразу ж даў развітальны гудок і адплыў ад берага.
Пасажыраў на палубе не было відаць – іх і плыло мала, і ўсе яны былі ў каютах, каб не рызыкаваць: у такі шторм можа змыць у адкрытае мора.
Карабель натужна ўзбіраўся з хвалі на хвалю. Часам у яго агаляўся вінт, і тады лопасці круціліся ў паветры ўхаластую, а часам носам ныраў у аграмадную хвалю, і тая накрывала цеплаход, як кажуць, з галавою – з мачтаю!
І ўсё ж, калі ўжо амаль усе пасажыры, змучаныя марскою хваробаю, сінія, зялёныя, бледныя, ляжалі на падлозе, карабель торкнуўся носам у супрацьлеглы бераг.
Ён не спяшаўся на аэрадром, хацеў проста пахадзіць па зямлі, каб крыху адпачыць ад шторму, ад карабля, але тут зноў жа да яго падышоў незнаёмы чалавек і спытаўся:
– Вам на Маналы?
Таксі давезла яго да аэрадрома імгненна.
Над аэрадромам, над лётным полем стаяў дужа густы туман, воблачнасць была вельмі нізкая – хмары, здаецца, чапляліся нават за самалёты, што, як мокрыя куры, моклі на зямлі,– ішоў праліўны дождж, і ён ужо напраўду паверыў, што самалёт не паляціць.
Але аэраплан, як толькі чалавек увайшоў у салон, адразу ж выруліў на ўзлётную паласу.
Узляцеў ён, не зважаючы на туман, нізкую бачнасць, лёгка і проста. Ляцеў таксама смела, хоць вакол жыхалі маланкі, свяціліся яркія разрады, дзьмуў моцны бакавы вецер, ад чаго тонка вібрыравала і вагалася крылле.
Садзіцца было яшчэ цяжэй, чым узлятаць. Ужо колькі разоў самалёт зніжаўся як не да самай зямлі, але зноў узлятаў угору, бо ўнізе нічога не было відно – воблакі паўзлі па самай узлётнай паласе.
Ён ужо быў больш чым упэўнены, што самалёт вось зараз развернецца і паляціць назад, на свой аэрадром, але лётчыкі зноў і зноў заходзілі на пасадку, рабілі ўсё магчымае і немагчымае, каб пасадзіць лайнер.
І нарэшце ім гэта ўдалося – самалёт чыркнуў коламі па самым краі пасадачнай паласы. Каб ледзь-ледзь раней – быць бы бядзе: колы б угрузлі ў раскіслую ад дажджоў зямлю і ён бы перавярнуўся.
Спяшацца не хацелася і тут. Зайшоў у памяшканне аэрапорта, сеў на лаўку, каб пабыць аднаму, каб адцягнуць сустрэчу, якая, ён адчуваў, будзе яму непрыемнаю.
Але тут да яго зноў падышоў чалавек:
– Вы не на Маналы?
– На Маналы.
– Тады пойдзем. Я вас крыху падвязу. Бо пешкі ісці вам доўга давядзецца.
Праз нейкі час шафёр збочыў налева, на дарогу, якая бралася на гару, спыніўся і адчыніў дзверцы.
– Мне – сюды. А вам прама.
Ён ішоў па раскіслай ад дажджоў дарозе – здавалася, адзін на ўвесь свет – і думаў, што вось цяпер і напраўду адзін: хоча ісці – пойдзе, не хоча – зверне з дарогі пад елку, раскладзе агонь і будзе грэцца каля полымя колькі захоча.
Але яго даганялі ўсё новыя і новыя машыны, а шафёры зноў жа заклапочана пыталіся:
– Вы на Маналы?
І бралі яго ў кабіну, а калі яна была занятая – садзілі ў кузаў і везлі наперад. Ехалі разам, колькі маглі, а тады ссаджвалі зноў на дарогу, але яго праз нейкі час падбіралі іншыя машыны.
Калі адна машына засела, ён, бачачы, як яна ўсё глыбей і глыбей, па самую вось закопваецца ў зямлю, ужо не хаваў сваёй радасці – гэта ж была ці не апошняя магчымасць не даехаць да Маналы.
Але шафёр па рацыі выклікаў цягач, і той, падчапіўшы машыну, лёгка вывалак яе з твані, а потым цягнуў да самага горада.
У Маналы яго ўжо чакалі.
– Вы мяне выклікалі? – спытаўся ён у чалавека, які хадзіў, заклаўшы рукі за спіну, па прасторным кабінеце.
– Выклікаў.
Верхавод яшчэ нейкі час моўчкі пахадзіў па кабінеце, а затым спытаўся сам:
– А нож вы ўзялі?
– Узяў. А навошта ён?
– Трэба зарэзаць вунь таго нягодніка, – і паказаў пальцам у кут, дзе на падлозе ляжаў звязаны чалавек. – Ідзіце і зарэжце.
– Я? Зарэзаць чалавека? Што вы! Не пайду! Не буду я нікога рэзаць!
– А я вам загадваю!
– А я не буду! – закрычаў ён.
– Вяроўку вы ўзялі? – ціха, спакойна, не павышаючы голасу, спытаўся Верхавод.
– Узяў,– паспакайнеў і выкліканы.
– Пакажыце.
Ён зняў плячак, пакапаўся там, дастаў вяроўку і падаў яе Верхаводу.
Тут жа аднекуль, як усё роўна яны выраслі з-пад зямлі, з'явілася трое малайцоў, яны яго ж вяроўкаю звязалі пакліканага і кінулі на падлогу побач з тым чалавекам, якога ён павінен быў зарэзаць.
– А што мне зараз рабіць? – ужо лежачы, наіўна спытаўся ён.
– Чакаць, калі знойдзецца нехта трэці, хто зарэжа вас абодвух.
Ён ляжаў і аж дрыжаў ад гневу, абурэння і адкрытай ісціны, пра якую, канечне ж, здагадваўся і раней: зла ў жыцці болей, чым дабрыні.
Яно часта так бывае: калі на нешта добрае, то і аўтобус паламаецца, і карабель не паплыве, і самалёт не паляціць, і чалавек ніколі не даедзе туды, дзе яго чакае радасць.
А як на што дрэннае – усё і едзе, і плыве, і ляціць… І абавязкова, насуперак яго жаданню, давядзе чалавека да болі.
Мусіць, каб паказаць яму, які ён слабы, бязвольны і безабаронны.
СпатканнеУпершыню за столькі гадоў ростані ім дазволілі гэтае спатканне. Яны сядзелі ў розных турмах: ён тут, у сваёй, айчыннай, а жонка – у іншай, чужой і вельмі далёкай адсюль. Тыя, хто дазваляў гэтую сустрэчу, патаемна спадзяваліся, што вязні, узрадаваўшыся магчымасці ўбачыць адно аднаго, шчыра разгаворацца і міжволі выдадуць нейкія таямніцы, якіх якраз і не стае ў абвінавачванні.
Але яны маўчалі. Як падышлі да сплеценай з калючага дроту сеткі, якая разгароджвала іх, як сталі адно насупраць другога, як угледзеліся адно аднаму ў вочы, так і знерухомелі, так і застылі, нібыта муміі.
Стаяць, не варушачыся, глядзяць, не міргаючы.
Стаяць мінуту, пятую, дзесятую.
Глядзяць паўгадзіны, глядзяць гадзіну…
Першай захвалявалася, занепакоілася ахова. Яна падазрона пачала паглядаць на вязняў, перашэптвалася і ківала ў іхні бок галовамі. На варту нібыта напаў нейкі страх, яе быццам паралізавала.
– Яны нічога не гавораць! – нібыта скардзячыся камусьці, у жаху паўтаралі ахоўнікі.– Яны маўчаць!
А муж і жонка прагна глядзелі адно аднаму ў вочы, і ў гэтых паглядах і праўда было штосьці незвычайнае, незямное, нават жуднае: глядзелі яны не як людзі, а як нейкія незямныя істоты. Здавалася там, між імі, імклівелі, хадзілі нейкія няўлоўныя для іншых імпульсы, хвалі, а само паветра так спрасавалася, накалілася, што было нават боязна падыходзіць да вязняў блізка – яно магло спапяліць кожнага.
– Яны глядзяць у вочы і маўчаць! – яшчэ больш заводзілася ахова.
Усе бегалі і мітусіліся без толку. Усім здавалася, што перад імі адбываецца штосьці зусім неверагоднае, жудаснае – вязні глядзяць і маўчаць!
І тады больш разумныя і больш назіральныя з ахоўнікаў нібы зразумелі штосьці.
– Ды іх ужо тут няма, – няўпэўнена, нават не верачы сабе, здзіўлена разводзілі рукамі відушчыя. – Яны ж ужо на волі…
Ім пярэчылі:
– Не выдумляйце! Яны ў турме. Вунь стаяць. Кожны можа пераканацца, зачапіць іх.
– Не, няма. Яны ўцяклі адсюль.
– А хіба можна ўцячы з нашай турмы?
– Яны ўцяклі астаўшыся… Гледзячы адно аднаму ў вочы…
Такое тлумачэнне многім было незразумелае. Ахоўнікі пачалі спрачацца яшчэ мацней, і ў пакоі для спатканняў зрабілася зусім шумна.
На шум з'явіўся сам начальнік турмы.
– Адставіць спатканне! – адразу ж скамандаваў ён. Але вязні не скрануліся з месца – стаялі вочы ў вочы і, як раней, маўчалі.
Тады начальнік турмы аддаў новы загад:
– Зараз жа развесці зняволеных і вярнуць у камеры! Загад – ёсць загад. Яго трэба выконваць. Адразу ж да вязняў кінулася некалькі наглядчыкаў. Яны з двух бакоў падбеглі да сеткі і з сілаю схапілі Яго і Яе за рукі, спрабуючы іх заламаць, але тут жа ў жаху адбегліся назад: вязні, як толькі да іх дакрануліся, асыпаліся да ног пылам.
Значыць, і праўда, у турме іх ужо не было. Тут засталося толькі цела, а душа кожнага даўно вызвалілася – з таго часу, як сустрэліся позіркі.
Такую сілу мае каханне. І прага волі – таксама.
Начальнік турмы паспрабаваў быў аддаць яшчэ адзін загад:
– Злавіць і пакараць!
Але выконваць яго ніхто не кінуўся. Ды і сам ён, відаць, зразумеўшы, што сказаў глупства, не патрабаваў выканання: і праўда, як можна злавіць і пакараць тое, што ўжо не мае цела?
Выратавальны круг– Ратуйце!
Гэты крык быў такі выразны, такі спалоханы і адчайны, што яго нельга было не пачуць. Хоць і ішоў ён здалёку, ад няблізкага мора, на яго б адгукнуўся кожны – пры чым тут адлегласць, далечыня, калі топіцца чалавек і яму трэба дапамагчы!
Падарожнік пачуў крык надвечар, і хоць быў зусім стомлены дарогаю, усё ж звярнуў з утаптанай гравійкі на ўтравелую сцежку і прыспешыў крок – канечне ж, трэба спяшацца, бо там чакаюць тваёй дапамогі!
Яшчэ не ведаў, як і чым будзе дапамагаць, але спяшаўся.
І ўсё азіраўся па баках, спадзеючыся ўбачыць хоць што-небудзь, што б згадзілася там, на беразе.
Ужо, мусіць, ля самага мора яму сустрэлася нейкая пабудова, на сцяне якой – ён убачыў гэта здалёку – вісеў выратавальны круг, быццам нехта падрыхтаваў яго знарок. Падарожнік узрадаваўся і, яшчэ не дабегшы да будынка, збочыў са сцежкі і па траве, напрамкі кінуўся да яго. Сарваў з цвіка круг і з ім паімчаўся да мора – цяпер ужо яму было чым ратаваць тапельца!
Але выбегшы на бераг, ён спыніўся, як стрыножаны конь, стаў і стаяў быццам укопаны, на месцы. Круціў галавою ва ўсе бакі і не ведаў, што яму рабіць.
Усё мора было забіта людзьмі. Яны кішэлі ў ім, нібы рыба ў нераце. І ўсе тапіліся, і ўсе цягнулі рукі ўгору і, вырачыўшы ад страху вочы, крычалі:
– Ратуйце!
Адны, задыхаючыся, захлынаючыся вадою, стараліся, як маглі, трымацца на плаву, другія – высока падскоквалі, прагнучы зусім выскачыць з вады, хоць пасля танулі яшчэ глыбей, трэція пускалі ўжо бурбалкі…
Убачыўшы Падарожніка з выратавальным кругам у руках, усе кінуліся плысці да берага, паспешліва, таропка малоцячы па вадзе рукамі. Ускаламучанае мора запенілася – яно як быццам закіпела. Мацнейшыя тапілі пад сабою слабейшых і па іх спяшаліся да выратавальнага берага – плылі нават па галовах.
Бераг быў вельмі стромы, абрывісты, непрыступны – па ім не выберашся з вады. Але людзі ўсё ж плылі да скалы ў надзеі першымі схапіць выратавальны круг, калі Падарожнік кіне яго ў возера.
І Падарожнік разгубіўся: людзей многа, а круг толькі адзін.
Каму яго кінуць?
Канечне ж, дзіцяці. Але ж дзяцей у вадзе дужа многа – вунь як яны целяпаюцца ў возеры, трацячы апошнія сілы, – і аднаго круга на ўсіх не хопіць. Ды і мацнейшыя мужчыны, тыя, што яшчэ ўпэўнена трымаюцца на вадзе, але ўжо звар'яцелі ад страху, канечне ж, перахопяць круг – бачыш, як яны высока выскокваюць з вады, як драпежна махаюць рукамі?
А можа, вунь тым дзяўчатам, у вачах якіх столькі жаху. Яны ж будучыя маці, народзяць новых дзяўчат… Але каторай кінуць? Як выбраць з іх адну? Ды і адкуль ён ведае, каму з іх сама болей варта дараваць жыццё?
А можа, гэтым во хлопцам, прыгожым, моцным, спартыўным – такія ж атлеты не лішнія любому народу, – а то і яны не доўга змогуць пратрымацца на вадзе, неўзабаве саслабнуць і пачнуць тануць.
А можа, вось гэтым старым, якія абняліся па-брацку нібы перад канцом і спяваюць – мусіць, былыя маракі – сваю развітальную матроскую песню. Няхай бы яшчэ пажылі – хапіла на іх век і дурноты, і войнаў.
А колькі хіжых рук ужо цягнецца да яго!
– Кінь мне! – крычаць адны.
– Не, мне! – пярэчаць ім другія.
– Не ім, а мне! – патрабуюць трэція. Падарожнік зусім змогся. Стаяў з кругам у руках, глядзеў, як віруе каля яго мора, слухаў, як тысячагалосы хор стогне: «Ратуйце!», а сам усё ніяк не мог вырашыць, каму кінуць круг. І ўжо нават злаваўся на самога сябе: навошта браў гэты злашчасны круг?!
І раптам ззаду ў яго грымнуў нейчы грубы голас:
– Чаго стаіш, дурань? Кідай ім хутчэй выратавальны круг!
Нечыя моцныя рукі вырвалі круг і шпульнулі яго ў возера. І вырываючы, шпурляючы, так таўханулі Падарожніка, што той не ўтрымаўся – стаяў пры самым беражку! – і паляцеў у возера.
Хто яго спіхнуў, Падарожнік, стоячы да незнаёмага спіною, не ўбачыў. Ен зваліўся на нейчыя галовы і нейчыя рукі і, толькі калі яны расступіліся, адчуў, як вада, намочваючы адзенне, падымаецца па целе.
Ён з жахам глядзеў, як на тым месцы, куды ўпаў круг, завірыла вада, як да яго нецярпліва пацягнуліся рукі, як у надзеі выратавацца спяшаліся сплывацца туды людзі з усяго мора.
Неўзабаве на тым месцы пачалася бойка, мацнейшыя па спінах суродзічаў беглі да выратавальнага круга, але людзі, што былі пад імі, танулі, а разам з імі ішлі пад ваду і яны самі.
Праз нейкі час на выратавальны круг панавалілася, панасядала столькі людзей, што ён ужо не змог іх усіх утрымаць і разам з тапельцамі пачаў асядаць на дно.
Калі патануў круг, калі схаваліся пад вадою і тыя «шчасліўчыкі», што не хацелі пакідаць яго, усё яшчэ спадзеючыся выратавацца, калі на тым месцы пайшлі толькі бурбалкі, а потым вада стала чыстаю і спакойнаю, тады тыя, што пакуль што засталіся на паверхні, у яшчэ большым жаху і адчаі закрычалі:
– Ратуйце!
Голас Падарожніка быў вельмі слабы, і яго ў гэтым крыку ніхто не адрозніў, не пачуў. Ды і на беразе ўжо нікога не было.
ТамагаўкСтрах апанаваў усю краіну.
Людзі, сустракаючыся на вуліцы, замест прывітання астрашана казалі адно аднаму:
– А яна ўжо ляціць!
І калі нават нечым займаліся, нешта рабілі па гаспадарцы ў хаце ці на двары, у полі ці ў градах, яны ўсё роўна думалі пра тое, што яна ўжо ляціць.
У школах, на ўроках, у поўнай цішыні сачынення ці, скажам, самастойнай працы і то падхопліваўся раптам хто-небудзь з дзяцей і спалохана крычаў:
– А яна ўжо ляціць!
Косіць мужчына сена, а потым успомніць, зразумее, што гэта ўжо нікому не трэба, кідае касу і ідзе абы-куды з поплава:
– Яна ж ужо ляціць!
Доіць жанчына карову, але, так і не выдаіўшы, падымаецца і бяздумна ідзе куды-небудзь з хлява, не ўзяўшы з сабою даёнку з малаком: каму трэба цяпер тая даёнка і тое малако!
– Яна ж ужо ляціць!
Цалуюцца закаханыя, а тады нечакана халадзеюць, замаўкаюць на вуснах вусны, робяцца абыякавымі, нежывымі вочы – навошта гэты пацалунак?!
– Яна ж ужо ляціць!
– Ага, яна ўжо ляціць. І неўзабаве ўпадзе на іхнюю краіну, накрые яе, і ўжо тут нікому нічога не трэба будзе.
Балістычная ракета з самаю вялікаю і моцнаю нейтроннаю начынкаю набліжаецца да іх, свідруе, дзіравіць неба, каб неўзабаве ўпасці на іх галовы, а яны яшчэ косяць, дояць і цалуюцца!
Але ж і думаюць. З таго моманту, як стала вядома, што ракета ўзляцела, усе ў гэтай краіне ліхаманкава ўзяліся думаць, каб папярэдзіць катастрофу, каб выратаваць і самую краіну, і яе народ.
Што можна зрабіць?! Яна ж ужо ляціць!
Часу было вобмаль, ён так спяшаўся, што, здавалася, нават чутно, як хапатліва чакаюць секунды, аднак ніхто нічога не прапаноўваў – звычайна ў такім паспеху немагчыма думаць: думкі блытаюцца, мітусяцца, таўкуцца, і ніяк не можна засяродзіцца на чымсьці адным.
І раптам у нейкай далёкай-далёкай напаўразбуранай неперспектыўнай вёсачцы нейкае зусім малое дзіця, якое толькі навучылася гаварыць, прамовіла адно толькі слова:
– Тамагаўк…
І гэтае слова пачула ўся краіна.
Тамагаўк! Канечне ж, тамагаўк! Як яны самі не дадумаліся… Тамагаўк!
Самыя светлыя розумы тут жа ліхаманкава пачалі шукаць, як выкарыстаць прынцып тамагаўка для выратавання, – ракету трэба неяк спыніць і па яе ж арбіце вярнуць назад: туды, адкуль яна і ўзляцела. Але і ў іх гэта не атрымлівалася – замінала мітусяніна.
А тое ж самае дзіця не сунімалася. Яно па-даросламу разважала далей – як усё роўна чытала па кніжцы:
– Трэба насустрач чужой ракеце паслаць сваю. Але яна павінна быць мацнейшай, павінна прыклеіцца да яе і, пасіліўшы, пацягнуць назад.
«Разумна! – падумалі светлыя галовы. – Няхай узарвецца там, дзе яе ўзгадавалі».
Хутка падрыхтавалі самую моцную ракету, прыдумалі, як яна будзе прыклейвацца да чужой, і запусцілі ёй насустрач. А самі заселі за лакатары – балазе лакатары тут, у краіне, што жыла ў пастаяннай трывозе, былі, як у нас тэлевізары і дазіметры, у кожнай сям'і. Неспакойна чакалі – калі ж… калі ж… А як убачылі, што іх ракета прыклеілася да чужой і змусіла яе рухацца назад, запляскалі ў далоні, закрычалі «ўра!».
Людзі выйшлі на вуліцы. Спявалі і танцавалі. Гучала музыка. Грымеў салют.
– Мы выратаваліся! – радасна крычалі святочныя натоўпы.
А малое не супакойвалася:
– Дык а там жа, куды паляцела ракета, таксама людзі… Чаго мы радуемся?
– Тыя ж людзі першыя хацелі нас знішчыць, – апраўдваліся старыя. – Яны нягоднікі.
– А цяпер нягоднікі мы. Мы паслалі на іх загубу.
– Дык загуба ж іхняя. Яны яе зрабілі.
– Але ж паслалі яе на іх мы…
Калі малы надакучыў, яму проста нашлёпалі па седаўцы і выправілі на вуліцу. І самі выйшлі таксама.
Там весяліўся, радаваўся свайму выратаванню ўвесь народ.
Высока ўверх узляталі феерверкі, лопаліся петарды, круціліся над самай зямлёю зыркія, як электразварка, бенгальскія агні.
Народ святкаваў сваё выратаванне.
Ніхто яшчэ не ведаў, што там, куды цяпер ляціць ракета, знайшоўся таксама мудрэц, стопяцідзесяцігадовы стары, які прыдумаў тое ж самае, што і дзіця, і іхняя новая ракета вось-вось прыклеіцца да ранейшых, і яны, усе трое, пачнуць дужацца ў нейтральным небе…
Няўжо такі тамагаўк вечны?
Усяго толькі прывітаннеЯна адчула, што нехта за ёю пільна назірае – глядзіць збоку, але вельмі і вельмі настойліва. У гэтай чужой краіне ёй не хацелася заводзіць знаёмствы, хацелася астацца непрыкметнай, незаўважнай сярод людскога натоўпу, і таму яна, не бачачы, не цікавячыся, хто сочыць за ёю, не падымаючы вачэй, адвярнулася да акна.
Праўда, і раней мужчыны, сустрэўшыся з ёю на вуліцы, кідалі на яе зацікаўленыя, нават захопленыя позіркі – тут ёй замінала свая ж прыгажосць: які мужчына абыякава, раўнадушна пройдзе ля самой харашыні! – але вось так нахабна на яе, здаецца, ніхто не глядзеў.
Час быў позні, а тралейбус, хоць і перапоўнены паязджанамі, не спяшаўся. Ішоў паволі, спакойна. Спакойныя былі і людзі ў ім: ніхто ні з кім не гаварыў, кожны стаяў сам па сабе, ці то чытаючы кнігу, ці то ўнурыўшыся ў свае думкі.
І толькі яна не магла супакоіцца – спіною, шыяй, патыліцаю, валасамі адчувала ўсё той жа настойлівы позірк.
Падняла вочы, зірнула ў асветленае акно і незадаволена перасмыкнулася – з шыбіны на яе, не хаваючыся, глядзелі вельмі выразныя чужыя зекры. Яны знайшлі пройму між галоў і цяпер узіраліся так, быццам хацелі нешта сказаць.
Канечне, ёй гэта не падабалася.
Яна адразу перавяла позірк з акна на дзверы і зноў сцялася ад нечаканасці – з маленькіх шыбак, устаўленых у дзверы, на яе глядзелі ўжо дзве пары адных і тых жа вачэй.
Ёй захацелася хутчэй выйсці з тралейбуса, але людзей было столькі, што нават думаць пра гэта не выпадала.
Жанчына хвалявалася, а паязджане стаялі спакойна, не заўважаючы яе мітусні – па-першае, мітусня была толькі ў душы, яна не выходзіла навонкі, але калі б нават і стала відавочнаю, якая ім усім справа да яе хвалявання!
Яна адвяла вочы ад дзвярэй і, каб выратавацца ад нахабнага позірку, угледзелася ў столь – там жа няма шкла! Але і на белай, нібы палакаванай пластмасавай столі іх вочы зноў жа сустрэліся. Праўда, хоць не так выразна, хоць больш размыта, але яна і тут убачыла ягоны позірк. І той жа час зноў перавяла вочы на акно…
Чаго ён сочыць за ёю? Што яму трэба? Што ён хоча ад яе?
Напачатку самога твару жанчына не бачыла. Бачыла толькі вочы, якія ўзіраліся ў самую душу. А тут раптам, пільней разглядаючы акрэсленую выяву на шыбіне, зразумела, што яна гэты твар аднекуль ведае, чамусьці помніць. І яшчэ заўважыла, што чалавек, які сочыць за ёю, пакрысе, вельмі павольна, але ўсё ж набліжаецца да яе. Выкарыстоўвае кожную магчымасць, каб пасунуцца бліжэй.
Што ён хоча сказаць ці зрабіць?!
Пачала ўспамінаць, перабіраць у памяці, дзе яна магла бачыць гэты твар.
І тады ўспомніла, што з гэтым чалавекам нейкі час разам вучылася ва універсітэце яшчэ ў сваёй краіне. Хоць і займаліся яны ў розных групах, але зрэдзьчасу сустракаліся на агульных лекцыях. Ён, здаецца, нават сімпатызаваў ёй, аднак пасля першага курса кудысьці знік зусім.
Значыць, гэта зямляк. Свой чалавек. Але якраз сваіх землякоў яна баялася і не хацела з імі сустракацца.
А зямляк усё набліжаўся. Марудна, але настойліва. Яна ўжо нават чула яго блізкае дыханне. Зірнула яшчэ раз у шыбу, і яе вочы зноў наткнуліся на ягоныя: яны былі зусім побач.
«Трэба бегчы!» – у адчаі, разумеючы, што зрабіць гэта нельга, падумала яна, і той жа момант ён, як усё роўна пачуў яе думкі, гучна прывітаўся:
– Добры вечар, спадарыня!
Прывітаўся на сваёй мове, якой тут ніхто не ведае. Аднак усе паязджане надзіва дружна павярнулі да яго галовы. І толькі адна яна не павярнулася – стаяла як глуханямая: лічыла, што паязджане падумаюць, паколькі не ведае незнаёмай мовы, значыць, свая.
І гэтым выдала сябе.
Паязджане тут жа ўсе павярнуліся да яе.
– Гэта яна! Гэта яна! – хорам закрычалі тыя, што ехалі, і адразу схапілі яе за рукі.
У тралейбусе зрабілася шумна. Людзі ажывіліся, загаварылі ўсе разам – быццам бы гэта ўжо быў іншы тралейбус…
Яе тут шукалі даўно. Пра яе пісалі газеты, паведамляла тэлебачанне.
Яна была віжоўкаю.
І ён таксама быў віж. Здрадзіўшы сваёй краіне, ён служыў зараз чужой. І «добры вечар» даў толькі каб выдаць яе.
А хацелася б думаць, што прывітаўся ён па святой прастаце…