355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Иван Сипаков » Падары нам дрэва » Текст книги (страница 5)
Падары нам дрэва
  • Текст добавлен: 8 октября 2016, 17:48

Текст книги "Падары нам дрэва"


Автор книги: Иван Сипаков


Жанр:

   

Прочая проза


сообщить о нарушении

Текущая страница: 5 (всего у книги 17 страниц)

Прафесар хадзіў па пакоі, заклаўшы рукі за спіну – акурат як настаўнік гісторыі Цыбулька там, на зямлі, у іхнім класе. Ён глядзеў перад сабою, не плюскаючы вейкамі, нікога і нічога не бачыў – ягоны позірк ніколі не спыняўся на Радзіму, быццам яго тут і не было.

– Хімік звычайна мае два аб'екты працы: па-першае, гэта структура рэчыва, якое ён стварае, а па-другое – і гэта вельмі важна – атрыманне з дапамогаю такой структуры пэўных уласцівасцяў гэтага рэчыва. Такім чынам, пераход малекулярнай хіміі да супермалекулярнай, якой мы зараз займаемся, азначае пераход ад вывучэння структур і ўласцівасцяў да вывучэння сістэм і функцый. Нашы намаганні скіраваны на тое, каб кантраляваць механізмы ўзаемадачыненняў, іх трансфармацыі, аб'яднання, распазнавання адно адным. Бо якраз дзякуючы гэтаму яны могуць выконваць значную колькасць разнастайных функцый, больш інтэгральных, чым функцыі ізаляваных малекул.

«Божа мой, як гэта ўсё сумна!» – думаў Радзім. І навошта яму слухаць такую цягамоціну! Яму, хто ў школе не любіў хімію. А заадно і хімічку, якую называў толькі Табліцай Мендзялееўнай. Яна ведала пра гэта і адказвала хлопцу тым жа самым – непрыязнасцю.

Як яму хацелася зараз збегчы куды-небудзь са свайго гулкага шклянога шара, як ён збягаў у школе з урокаў хіміі!

Спачатку Радзім, як прыкладны вучань, ціха сядзеў за сталом, моршчыў лоб, рабіў выгляд, што ўважліва слухае, а пасля, зразумеўшы, што прафесар не звяртае на яго аніякай увагі, пачаў уставаць, хадзіць па пакоі, займацца сваімі справамі. Падыходзіў да стала, разглядаў прафесаравы паперы, нават корпаўся ў іх – дарэчы, выразкі былі як усё роўна з нашых зямных газет, – гартаў іх, чытаў, але прафесар нібы не бачыў гэтага – безуважна хадзіў па пакоі і, заняты толькі сваімі думкамі, чытаў лекцыю.

– Хімік мае свае перавагі перад біёлагам ужо таму, што тое, што змяшчаецца ў прабірках у гэты канкрэтны момант, не абавязкова павінна знаходзіцца ў жывым стане. Гэта азначае, што ён можа дазволіць сабе значна большыя эксперыменты. Дарэчы, малекулы, якія складаюць жывую матэрыю, – гэта толькі частка ўсяго комплексу малекулярнага свету, які адкрываецца перад намі і ў які мы можам увайсці з любога боку.

– Пан прафесар! Пан прафесар! – загаварыў да вучонага Радзім, але той нібыта і не чуў яго.

Радзім паспрабаваў свістаць. Свіст тут атрымліваўся цікавы – відаць, добра рэзаніравала шкляное памяшканне, форма самой колбы, у якой ён жыў. Але прафесар і на свіст не звярнуў ніякай увагі.

Тады хлопец увогуле выйшаў з колбы, патупаў каля яе, зноў вярнуўся, а прафесар усё хадзіў і хадзіў, усё развіваў і развіваў сваю тэорыю:

– Адзінае, што абмяжоўвае хіміка, дык гэта фундаментальныя законы фізікі. Але ўсё роўна колькасць сістэм, якія ён можа пабудаваць такім чынам, практычна бясконцая. І калі сёння існаванне некаторых рэчываў ці іх уласцівасцей ужо маецца на ўвазе, то несумненна будзе адкрыта яшчэ мноства іншых, пра якія пакуль мы і не падазраём.

І тут Радзіма як ударыла – хлопец аж скалануўся, нібы ад холаду, – нечаканая здагадка: ды гэта ж не чалавек, гэта ж робат, звычайны камп'ютэр!

Насмеліўшыся, калі прафесар ішоў насустрач, Радзім падбег да яго і з усяе сілы ўшчыкнуў за руку: ці закрычыць ад болю? Прафесар не закрычаў, аднак спыніўся і няўцямнымі вачыма паглядзеў на хлопца.

– Вы што-небудзь хацелі спытаць? – нарэшце, калі здзіўленне трохі прайшло, вымавіў ён. – Вам штосьці незразумела?

Пачуўшы звычайны чалавечы голас – дык прафесар жа не камп'ютэр! – Радзім узрадаваўся.

– Ага, – хуценька, каб не перарваўся кантакт, загаварыў хлопец. – У мяне ёсць да вас пытанне. Вось вы ўсё ведаеце. У вас такая глыбокая навука. Скажыце, навошта вам мае яблыні?

– Як гэта – навошта? – разгубіўся прафесар. – Каб аднавіць зямлю. Каб выйсці, урэшце, на паверхню.

– А чаму вы не пабудуеце, не сканструюеце яблыню? Самі?

– Не атрымліваецца, – шчыра прызнаўся прафесар. – Быццам зачаравана, – і, крыху падумаўшы, дадаў: – Гэта зэмы…

Божа мой! Такі розум і такая лухта! Зэмы, ці бачылі вы, вінаватыя. Праўду на зямлі кажуць, што вялікія вучоныя ў жыцці паводзяць сябе, як малыя дзеці. Вераць ва ўсё. Дзеці вераць, бо многае не ведаюць. А яны ж усё ведаюць! І ўсё роўна вераць. А можа, якраз таму і вераць, што столькі ведаюць, што разумеюць – усё можа быць.

– Скажыце, а пад зямлёй у вас добра?

– Вельмі.

– Дык навошта вам выходзіць на гэтую скалечаную, атручаную, спечаную зямлю?

– Хлопча, – прафесар далікатна дакрануўся сваёю худою, касцістаю рукою да яго пляча і паўтарыў: – Хлопча, нічога ты ў нашым жыцці не разумееш, – крыху падумаў і дадаў: – Ведаеш, Схема-2, у якой мы жывём, канечне ж, забяспечвае нас усім, што трэба чалавеку. У нас пад зямлёю ёсць свой акіян і свая савана, сваё балота і свая пустыня, свой лес і свае рэкі. Харчуемся мы тым, што самі выгадуем, дыхаем паветрам, якое ўжо тысячы разоў прайшло праз нашы лёгкія, праз ачышчальныя сістэмы. Але ж гэты наш свет і гэтае наша жыццё – штучныя. Разумееш, мы ў сваёй краіне – заложнікі.

Прафесар задумаўся, нібыта зноў вярнуўся ў самога сябе.

– І разумееш, хлопча, – праз нейкі час загаварыў ён зноў,– што будзе з усім нашым жыццём, якое мы схавалі пад зямлю, калі раптам выйдуць са строю сістэмы, якія забяспечваюць жыццядзейнасць усёй нашай Схемы-2. Уся шматграннасць нашага жыцця ператворыцца ў грудок праху, у камячок звычайнай слізі. А мы хочам не штучнага, а натуральнага жыцця.

Гэта ўжо быў паўтор – такое ён чуў раней у Зэміі.

Прафесар уважліва-ўважліва паглядзеў на Радзіма, нібы хацеў поглядам дашукацца яго душы, а затым уздыхнуў:

– Вось навошта нам, хлопча, твая яблыня.

– Даруйце, прафесар, але вы ўвесь час гаварылі пра Схему-2. А дзе Схема-1?

– А ты на ёй стаіш. Схема-1 – гэта знішчаная наша зямля…

– Навошта ж вы яе знішчалі? Вы ж самі гэта зрабілі…

– «Самі! Самі!» – раззлавана паўтарыў прафесар. – Ты ў гэтым нічога не разумееш, а таму не маеш права нас абвінавачваць…

Ён заплюшчыў вочы, замоўк – відаць, спраўляўся са сваім раздражненнем. Праз нейкі час сцепануўся, адплюшчыў вочы, разгладзіў абедзвюма рукамі штрыфелі пакамечанага картовага пінжака нейкага дапатопнага фасону, перашпіліў гузік, прайшоў каля Радзіма, вярнуўся, пастаяў ля стала і, унурыўшыся ў свае паперы, загаварыў, як і да гэтага, – спакойна і раўнадушна:

– Таму я не буду здзіўлены і ўражаны, калі аднойчы навучацца ствараць сістэмы, якія будуць мець уласцівасці жывых арганізмаў і якія ў той жа час не будуць з'яўляцца арганізмамі ў іх сучасным вызначэнні…

Прафесар зноў хадзіў з кута ў кут па колбе – хаця якія ў колбы куты! – і зноў гаварыў безуважна, абыякавым голасам, і зноў не заўважаў Радзіма.

Хлопец ужо не слухаў яго – ён ведаў, што гэтыя навуковыя тэорыі не памогуць яму прымусіць зернетка прарасці і зазелянець.

Прафесар хадзіў па пакоі, а ён, чуючы яго мерныя, спакойныя крокі, думаў пра што-небудзь сваё.

Думаў пра таля-маляў. Не можа ж быць, каб яны знарок знішчылі край зэмаў, а затым, выгнаныя з Зэміі, разбурылі, атруцілі, знявечылі і сваю зямлю. Яны ж такія разумныя – бачыш, як мудра гаворыць прафесар! – хацелі для Талямаліі зрабіць нешта добрае, а атрымалася вось такая загуба.

Самі сябе пад зямлю загналі. Не можа быць, каб яны такое і планавалі. Значыць, яны хацелі як найлепш, а нейкі нячысцік і напраўду стаяў побач і ўсю іх працу забіраў і аддаваў нягоднікам.

Успамінаў Ою. Асабліва калі заняткі канчаліся, калі выходзіў прафесар, а ён аставаўся сам-насам з канвойцамі ў гэтай халоднай шкляной колбе на нежыццёвай і няўтульнай зямлі, на якой, колькі ні ўглядайся, не ўбачыш нічога, за што можна зачапіцца воку.

Ён сумаваў без Оі і ў час заняткаў. Усё ж ім разам было весялей і цяплей. Дзе яна зараз? Што робіць? Ці саслалі яе на Жалезны Хаос, ці, можа, гаруе, дзе-небудзь на гэтай зямлі – у сваёй турме?

«Оя! Оя! – міжволі паклікаў ён. – Дзе ты?»

У той жа час далёка-далёка на небасхіле з'явілася белая крапка. Яна паволі набліжалася, расла, і ён з нецярпеннем і ў той жа час з нейкаю трывогаю чакаў яе.

Крапка, наблізіўшыся, ператварылася, як і папярэднія разы, у воблачка, яно прайшло праз шкло колбы і спынілася якраз пасярэдзіне памяшкання.

– Юля! – ускрыкнуў ён.

Яна, як і заўсёды, з дакорам паківала галавою, тужліва паглядзела на яго. Прафесар, усё ходзячы і цягнучы сваю казань, некалькі разоў прайшоў праз яе, як праз туман.

Значыць, яна была бясцелая і ніхто, акрамя яго, дзяўчыны не бачыў.

Радзіму стала сорамна: вось ён сумуе, кліча сюды Ою, з якою і праўда пасябраваў, але зусім забыўся пра Юлю, якую яшчэ на самым пачатку, калі камень раз'яднаў іх рукі, пакляўся шукаць, пакуль не знойдзе.

– Юля, даруй! – кінуўся ён да дзяўчыны, але яна паволі скранулася з месца, гэтак жа паволі паплыла, мінула шкляныя сцены колбы.

Ён, адчуваючы, як шчыміць і калоціцца сэрца, назіраў за ёю, аж пакуль яна зноў не ператварылася ў крапку, а затым і зусім не знікла за небасхілам…

Гэтую ноч ён не спаў. Успамінаў той дзень, калі яны рыхтаваліся да апошняга экзамена і калі вось так, ашаломленыя, нічога не разумеючы, змушаны былі расстацца.

Што з ёю? Дзе яна? Магчыма, ёй яшчэ горай, чым яму. І што значаць гэтыя яе хітанні галавою – яна асуджае яго ці нешта яму гаворыць, падказвае?

Новае наведванне Юлі расхвалявала Радзіма зусім, і цяпер ужо на занятках ён быў яшчэ больш няўважлівы да таго, што тлумачыў яму прафесар, і толькі чакаў, калі ўся гэтая вучоба скончыцца.

Прафесар знік гэтак жа нечакана, як і з'явіўся. Не развітаўшыся, не сказаўшы, што яго лекцый болей не будзе.

Калі пра заканчэнне вучобы яму паведамілі канвойцы, ён узрадаваўся і адразу ж, у першую раніцу, пабег у нацыянальны сад, на дзялянку, дзе так даўно не быў.

Зямля і зараз была там чорная і пустая.

З самага краю выкапаў зернетка, узяў яго ў пальцы і паклаў на далонь, уважліва агледзеў з усіх бакоў. Яно было вільготнае, набухлае, з наліплаю зямлёю, але парастка, як ні ўглядаўся, ён не ўбачыў. Што ж не дае семку распукнуцца і прарасці, што замінае яму? Чаму яно, ужо зусім гатовае да жыцця, ніяк не можа адважыцца пусціць парастак?

Разважаючы над гэтым, разумеючы, што пакуль у яго няма ніякага намыслу, як памагчы зернетку, ён зноў закапаў яго ў зямлю, праўда, ужо ў другім месцы – а раптам яно там зможа знайсці сабе ўсё, што трэба для таго, каб узысці? Помнячы, якое вільготнае было семка,і бачачы, якая вільготная зямля, падумаў, што трэба, мусіць, меней паліваць, каб зернеткі, так і не праросшы, не згнілі.

Краем вока ўбачыў, што непадалёку ад яго на сваіх градках завіхаюцца і канвойцы, – тыя, што выкралі іх з Зэміі. Радзім і раней заўважаў іх тут, але вось толькі зараз да яго дайшло, што і яны займаюцца тым жа, што і ён сам, відаць, нават дубліруюць яго. Яны таксама пасеялі семкі і гэтак жа нецярпліва чакаюць усходаў. Хутчэй за ўсё яны вывезлі з Зэміі не толькі тыя два яблыкі, якія аддалі яму, і цяпер правяраюць хлопца на шчырасць: ці напраўду ён хоча падарыць Талямаліі дрэва.

А што, калі раптам іхнія зярняты прарастуць, а ягоныя – не?!

З жахам думаючы пра гэта, ён усё ж адважыўся схадзіць туды, каб хоць зводдаль зірнуць на іхнюю дзялянку. Хацеў выдумаць нейкую прычыну – не прыдумаў, і ўсё ж пайшоў, спадзеючыся, што нешта знойдзецца па дарозе. Але і па дарозе нічога не знайшлося вартага, ды гэта ўрэшце і не спатрэбілася – канвойцы, не даўшы сказаць ніводнага слова, насустрач яму грозна спыталіся:

– Чаму не ўзыходзяць дрэвы?

– Не ведаю, – шчыра паціснуў плячыма Радзім. Хлопец прыдзірліва агледзеў дзялянку канвойцаў – зямля была перакапана, узрыхлена не горш, чым у яго самога, – але ніякага парастка і тут не ўбачыў. Дзіва, але ён узрадаваўся, што і гэтая дзялянка голая і няплодная, чорная і пустая! Аднак ахоўнікі засмуцілі яго зноў:

– Гэта ты зачараваў яе? – і вачыма паказалі на зямлю.

– Не, я не ўмею чараваць.

– Нічога, хутка мы разбярэмся, што ты ўмееш, а чаго не ўмееш, – пагрозліва зазначылі таля-малі, і ён адчуў – аж холад пайшоў па спіне, – што пагроза гэтая рэальная.

Аднак неўзабаве, неяк раніцою, калі ён яшчэ спаў, у ягоную колбу шумна ўбеглі радасныя-радасныя канвойцы і з крыкамі: «Ёсць!», «Ёсць!» падхапілі яго з ложка і пацягнулі вонкі, на сваю дзялянку.

Калі яшчэ здалёку на чорнай зямлі Радзім убачыў зялёную крапку, ён ледзь не самлеў, ногі яго зрабіліся ватныя і не хацелі ісці.

Адно зернетка на ўробленай дзялянцы і праўда прарасло. Яно, мусіць, прарэзалася ўначы і да раніцы паспела выштукавацца ў маленькае дрэўца.

Ён, дрыжучы ад страху, рабіў выгляд, што радуецца разам з ахоўнікамі,– нарэшце Талямалія займела сваё дрэва!

Канвойцы шчыра, як дзеці, павесяліўшыся каля свайго дрэва, пацягнулі Радзіма да ягонай дзялянкі. Але зямля тут, як і да гэтага, была чорная і пустая – на ёй не свяцілася ніводнага парастка.

Гэта яшчэ болей напалохала хлопца. Цяпер ужо ён ведаў, што ў яго не засталося ніякай надзеі ўратавацца ад Жалезнага Хаосу. Асабліва пасля таго, як недзе па абедзе дрэва нечакана завяла, лісточкі яго паскруціліся і, зялёныя, апалі на зямлю.

Ахоўцы хадзілі злосныя і незадаволена, пагрозліва пазіралі ў ягоны бок – ён, ён вінаваты, не трэба было дрэва паказваць ягоным нядобрым вачам!

Надвечар па яго прыйшлі – канечне, каго ж яшчэ, як не яго, абвінаваціш ва ўсім, што здарылася! Канвойцы былі новыя, зусім незнаёмыя яму. Завялі яго таксама ў нейкае недагледжанае памяшканне. Тут, у адрозненне ад ярка асветленай залы пасяджэнняў Важнага Савета, было цёмна і змрочна – адзінае, запыленае акно пад самай столлю амаль зусім не прапускала святла. Каля дальняй, супрацьлеглай сцяны ён ледзь разгледзеў трох чалавек – значыць, тройка! – і зразумеў, што яго прывялі ў суд. Той, што сядзеў, пасярэдзіне – хутчэй за ўсё суддзя, – адразу ж, як толькі Радзім увайшоў, лагодным і прыемным голасам спытаўся:

– Скажыце, калі ласка, як вы можаце растлумачыць, што дрэва ўзышло якраз у людзей нявопытных, а ў вас, хто ведае ўсе сакрэты яго вырошчвання, нічога не атрымалася?

Радзіма падвёў вось гэты даверлівы, амаль сяброўскі тон, і ён, падыходзячы бліжэй да суддзяў, пачаў быў шматслоўна разважаць:

– Ведаеце, калі гаварыць шчыра, то ўсё гэта выглядае…

Яго перапынілі. Голас на гэты раз быў ужо іншы – строгі, як загад:

– Стаяць на месцы! Адказваць на пытанні коратка!

– Тады я нічога не ведаю, – заўпарціўся Радзім.

– Можа, скажаце, вы таксама не ведаеце, – голас станавіўся ўсё з'едлівей і з'едлівей, – чаму загінула дрэва, якое ўжо нарадзілася і жыло?

– Не ведаю…

– Не прытварайцеся. Раскажыце суду, якім чынам вы забілі наша дрэва. Вы знайшлі для яго яд?

– Навошта шукаць яд? – зазлаваў Радзім. – Яго ж прасцей зламаць ці, урэшце, выдраць з коранем.

Яму было крыўдна. Ён сам хацеў, вельмі хацеў падараваць таля-малям дрэва, а яны, бач, у чым яго абвінавачваюць – у забойстве яблынькі.

– Але ж вы не зламалі дрэва і не выдралі з коранем. А як забілі?

– Нічога я не забіваў,– упэўнена адказаў Радзім. – І ні ў чым не вінаваты.

– А мы не сумняваемся, што гэтае злачынства зрабілі вы. За што і будзеце пакараны. Нас толькі цікавіць, як вы гэта рабілі і навошта? Гіпноз? Унушэнне? Сурокі? Ці, можа, падсыпалі чаго ў зямлю? Ці, можа, чым апырскалі?

– Нічога я не рабіў! – як не крыкнуў Радзім.

– Не сазнаецеся? Ну і не трэба. Мы самі ведаем, што вас купілі зэмы. Колькі срэбранікаў далі?

Радзім зацяўся і ўжо зусім не адказваў на пытанні – маўчаў. Разумеў, што ўсе доказы цяпер супраць яго і нешта тлумачыць ці проста апраўдвацца няма сэнсу.

А голас усё абвінавачваў:

– Кожнаму вядома, што дрэва – такая ж жывая істота, як і чалавек. Але ж безабароннае. Тым болей, калі яно маленькае. То ж як дзіцятка. А вы паднялі руку на жывое… На гэтае дзіцятка… Страшны вы чалавек!

Радзім ужо не рэагаваў ні на што. Стаяў, няўцямна глядзеў сабе пад ногі і маўчаў.

Думаў: во як тут за дрэва змагаюцца!

Успамінаў: а колькі дрэўцаў сам папаламаў на зямлі!

– Можа, ва ўсім гэтым вінавата зэмка, якую мы ўжо адправілі на Жалезны Хаос? Хутчэй за ўсё яна ўнушыла вам гэтае забойства, а вы проста выканалі яе волю? Як зомбі, як наёмны забойца?

І раптам сюды, у памяшканне суда, убеглі радасныя людзі і што ёсць сілы закрычалі:

– Ён памёр! Ён памёр!

Суддзі, спяшаючыся, ледзь стрымліваючы сябе, хуценька абвясцілі прысуд:

– Саслаць забойцу дрэва на Жалезны Хаос – навечна.

І тут жа ўсхапіліся з-за сталоў, паднялі рукі ўгору, як і ўсе, закрычалі:

– Ён памёр! Нарэшце ён памёр!

Калі ахоўнікі вывелі Радзіма з памяшкання суда, яму здалося, што ўсе таля-малі, адзеўшы скафандры, выйшлі ад радасці з-пад зямлі. Амаль пустая заўсёды прастора зараз была запоўнена людзьмі. Яны весяліліся, смяяліся, танцавалі. Крычалі:

– Ён памёр! Ён памёр!

– Хто памёр? – адважыўся спытацца ў ахоўнікаў Радзім.

– Ён! – адказалі тыя, але ўбачыўшы, што хлопец так нічога і не зразумеў, патлумачылі: – А ты хіба сам не адчуваеш, хто памёр?

Радзім прыслухаўся, прыгледзеўся і сапраўды зразумеў, што нешта змянілася. Нечага яму ўжо не хапала…

«А во яно што! – нарэшце разабраўся ён. – Дык ветру ж, які дзьмуў сюды-туды, не стала. Вецер, значыць, памёр».

І ахоўнікі, адчуўшы, што ён усё зразумеў, закрычалі яму як не ў самыя вушы:

– Цмок памёр! Памёр Цмок!

Праз натоўпы шчаслівых людзей канвойцы павялі яго да другой турмы – туды, дзе рыхтуюць на Жалезны Хаос.

«У выгнанне цябе адправяць сёння ўночы», – сказалі яму.

Ён ішоў, глядзеў на радасных людзей і думаў, што ўсюды, мусіць, вось такія непрыемныя мерапрыемствы адбываюцца ўночы: у нас, на зямлі, ноччу расстрэльвалі ні ў чым не вінаватых людзей, а тут во таксама ноччу высылаюць на нейкі Хаос, адкуль не вяртаюцца.

І яшчэ ён думаў, што абавязкова пашукае на Жалезным Хаосе месца, дзе жыў Цмок, і паспрабуе разабрацца, за што яго так не любілі і ад чаго ён урэшце памёр.

І яшчэ думаў, што страшна, мусіць, жыць, ведаючы, што, адно толькі пачуўшы пра тваю смерць, вось так будуць радавацца і весяліцца людзі.

Жалезны Хаос

Было цёмна хоць вока выкалі.

Усё вакол яго дрыжэла і скрыгатала, шкрэблася і ляскала; па днішчы соўгалася і бразгала нейкая жалязяка; аднекуль зверху даносіўся тонкі, віскатлівы і надакучлівы, як зубны боль, гук – здавалася, што там у маленечкую дзірачку пад ціскам урываецца тугое, спрасаванае паветра. Лятальны апарат, куды Радзіма ў цемры запіхнулі сілком, быў, мусіць, стары і дабіты, і таму хлопец адно толькі баяўся, каб ён не разваліўся ў паветры. Радзім не ведаў, не разумеў, як і дзе яны знаходзяцца, не ведаў, колькі яны ўжо ляцяць і колькі яшчэ будуць ляцець, але цвёрда, пэўна і ведаў, і разумеў, што вязуць яго на Жалезны Хаос.

Ён нічога не бачыў вакол сябе і адно толькі па тым, што побач час ад часу нехта варушыўся і ўздыхаў, здагадваўся, што ў самалёце не адзін, што разам з ім ляціць яшчэ нехта – ці то канвойца, ці то такая ж ахвяра, як і ён сам.

Сядзець было нязручна, зацякалі рукі і ногі, але паварушыцца ён не мог: нешта – ці то сядзенне, ці то клетка – было такім вузкім, што не давала прасторы для самага нязначнага руху. Колькі гадзін, а можа, ужо і дзён, яны ляцелі, Радзім не ведаў – у самалёце было цёмна, вокны нават не абазначаліся, а ў такой цемры паспрабуй разбярыся, дзень цяпер ці ноч за гэтымі бразгатлівымі сценкамі.

Ён ці то драмаў, ці то проста так сядзеў у якімсьці здранцвенні, што не пачуў, як самалёт, знізіўшыся, завіс над зямлёю, і толькі здрыгануўся, апамятаўся, калі пад ім рассунулася днішча і нейчая бязлітасная нага з сілаю піхнула яго ў гэтую дзірку.

Радзім упаў на груд жалезнага ламачча, ён зразумеў, што гэта жалеза, па тым, як яно заляскала і забразгатала, затым яго цела правалілася ў нейкую яміну і завісла на скафандры, яміна была вузкая, і шкляны шар у яе не праходзіў. Вісець так было непрыемна, і ён паспрабаваў чапляцца рукамі за вострыя жалезныя абрэзкі, пруты, каб выбрацца на паверхню, але яны, патрывожаныя, загайдаліся, рассунуліся, скафандр слізгануў між імі, і Радзім праваліўся яшчэ глыбей, на самае дно яміны.

Было вельмі цёмна, здаецца, яшчэ цямней, чым у самалёце, і таму ён не стаў выбірацца з гэтае проймы, а вырашыў даседзець тут да відна, а калі пасвятлее, тады ён і разбярэцца, што да чаго.

Усеўшыся зручней на жалеззе, ён абмацаў сябе – канечне, падаючы, крыху пабіўся, але не надта балюча: і самалёт, мусіць, завіс нізка над жалезным ламаччам, і другі раз, калі вісеў на скафандры, падаць давялося не вельмі каб звысака.

Сядзець было холадна: і тое жалеззе, на якім прымасціўся, настыла марозіла седаўку, і холад ад таго, што грувасцілася ля яміны, лез у спіну і ў грудзі.

Радзім падняўся і, стоячы ў гэтай цемры і халадэчы, злаваўся на таля-маляў: то ж трэба – знайшлі злачынцу! Ды хоць бы пагаварылі па-чалавечы, як след разабраліся… Дык не – забойца, і ўсё. І вось сюды, на Хаос, саслалі… Не, праўду казалі зэмы: таля-малі страшныя, жорсткія, бязлітасныя людзі. І добра, што ў яго нічога не атрымалася з гэтымі дрэвамі. Самі знішчылі зямлю, самі няхай і жывяць яе… А то знайшлі дурня: падары ім дрэва… А гэта вы не бачылі! У злосці Радзім скруціў тры пальцы ў знаёмую камбінацыю і тут жа засаромеўся сваёй выхадкі.

Цяпер ён ненавідзеў таля-маляў і думаў, як бы гэта ім адпомсціць за знявагу і здзек. І адразу ж сумна пярэчыў самому сабе.

Адпомсціць? Гаворыш ты, хлопча, абы-што. Як вязень, асуджаны на смерць, можа адпомсціць, па сутнасці, недасяжным для яго ворагам? Да іх жа не дайсці, не даехаць… І твая крыўда застанецца вось тут – распятаю на гэтым Хаосе… І згніе, спарахнее разам з табою, і асыплецца тленам на твае ж косці…

Раптам уверсе, над галавою, пачуўся тонкі, назойлівы, як і ў самалёце, гук. Ён прыслухаўся. Гук быў аднастайны, надакучлівы. Ішоў, здаецца, са скафандра. «Муха!» – адразу падумаў ён. І тут жа ўсумніўся: «А можа, пчала?» Не, хутчэй за ўсё муха. Пчала, помніцца, гудзе крыху не так. Муха лятае ў яго скафандры!

Спачатку яму гэта спадабалася: усё ж не адзін, усё ж побач лятае нешта жывое. А потым, крыху падумаўшы, засмуціўся.

Дык вось якія яны нягоднікі, гэтыя таля-малі! Цяпер яму зразумела, навошта яны адвінчвалі скафандр і нешта ў ім поркаліся, папраўлялі. Яны запусцілі ў яго муху!

Чакай, чакай, а навошта? О, хлопча, хіба ты не разумееш? Муха – твой вораг! Твая смерць! Яна ж таксама дыхае і таксама забірае паветра. І хоць ёй, здаецца, гэтага паветра трэба не так ужо і многа, усё ж у цеснай, закрытай прасторы ўсялякае насякомае – твая смерць навырост: скафандр разлічаны толькі на адну асобу…

Муха пагула яшчэ крыху, пагула, а потым сцішылася. І той жа час ён адчуў, што яна ходзіць па галаве, блытаецца лапкамі ў валасах. Яму было казытліва, непрыемна – муха, мусіць, вялікая, – хацелася скінуць яе з валасоў, але як гэта зрабіць?

Адвінціць скафандр, вытрасці муху і зноў завінціць? Не, на такое ён не адважваўся, баяўся што-небудзь парушыць, не так зрабіць. Крый бог сапсуе сістэму жыццезабеспячэння. А скафандр жа не толькі невядома адкуль і невядома з чаго генерыруе паветра, а яшчэ і жывіць яго нейкай невядомай энергіяй, якая бог ведае адкуль бярэцца…

Ну і таля-малі, ну і шэльмы! Мала ім таго, што і так ужо саслалі хлопца на верную пагібель, дык яшчэ і паздзеквацца з яго захацелася – муху, бач, падсадзілі!

Муха ў валасах яго раздражняла, і ён пахітаў галавою. Насякомае ўзляцела, палятала крыху перад вачыма і села на вуха. Было шлакотна, ён зморшчыўся і ўжо хацеў паварушыць вухам, каб сагнаць яе, але перадумаў – трэба лепей, імгненна прыціснуўшы вуха да скафандра, паспрабаваць задушыць яе…

Ён рэзка матлянуў галавою, але муха той жа час загула ўжо з другога боку – ці то яна ўзляцела раней узмаху, ці то вуха так і не змагло дакрануцца да шкла. Толькі, ударыўшыся аб жалеза, трывожна зазвінеў скафандр, і Радзім, каб не разбіць яго, стараўся не рабіць зноў такіх рэзкіх рухаў.

Радзім разумеў, што не маючы магчымасці памагчы сабе рукамі, змагацца з насякомым яму давядзецца доўга і зацята, але ж ён таксама ведаў, што застацца ў скафандры павінен толькі адзін – на дваіх паветра не хопіць.

А муха, нібы ведаючы, што яна для чалавека недасягальная, здаецца, дражнілася з ім – гула ці то перад носам, ці то недзе за шыяй, ці то садзілася на вочы, хадзіла па вейках. У цемры ён зусім не бачыў яе і вызначаў, дзе яна, толькі па гудзенні ды яшчэ па лапках, што казыталі там, куды муха садзілася.

Раптам насякомае села на вусны. Радзіму здалося, што вось зараз расправіцца з ёю, і ён тут жа моцна сціснуў вусны. Падалося нават, што між імі трапіла яе крыло. І той жа час ускрыкнуў ад болю.

Не, канечне ж, гэта была не муха, а пчала. Ён здагадваўся, што джала, вялікае і вострае, усё яшчэ тырчыць у губе, а яду ў ім столькі, што ён, здаецца, апёк абедзве губы і яны абедзве апухаюць.

А пчала лятала, як і да гэтага. Адно гула яна цяпер нібыта весялей і насмешлівей. А на зямлі ж кажуць, што пчолы, уджаліўшы, паміраюць!

Цешачыся сваёю беспакаранасцю, яна запаўзла ў Радзімава вуха і дзелавіта шуршэла там, нібы чагосьці шукаючы. Радзіму было да жуду невыносна, ён, здавалася, вар'яцее, але хлопец усё ж цярпеў, не варушыў галавою – ад болю, відаць, забыўся, што ў пчалы бывае толькі адно джала, і ўсё чакаў, калі яна ўджаліць зноў.

Час цяпер ужо ён не помніў, не сачыў за ім. Барацьба з насякомым захапіла яго ўсяго. Радзім не ведае, колькі дзён ці месяцаў мінула з таго моманту, калі ён пачуў гэтае гудзенне, і ўстрывожыўся.

Што ён ні рабіў, колькі ні прыкладаў намаганняў, пчала жыла. Нейкі час яму нават здавалася, што таля-малі яшчэ больш жорсткія, як ён думаў,– маўляў, яны пусцілі ў ягоны скафандр несмяротнае насякомае!

І ўсё ж ён перамог пчалу.

Неяк, калі яго лоб быў зусім блізка да шкла і калі насякомае неасцярожна ўшчамілася ў гэты цесны прасвет, яму нічога не аставалася, як толькі прыціснуць лоб да скафандра і крыху пацерціся ім аб шкло. На гэты раз пчала не паспела ўзляцець.

Радзім адчуў нешта халоднае, ліпкае, непрыемнае на сваім твары, яму адразу ж захацелася сашкрэбці ўсё гэта са скуры, і ён раз'юшана пачаў церціся лбом па скафандры. Але чым больш ён цёрся, тым болей размазваў гэтую ліпкую, смярдзючую масу і па лбе, і па сценках скафандра. Калі ўсё гэта засохла, з'явілася адчуванне, што на чало нехта наклаў нейкі пластыр, і цяпер, як толькі ён наморшчваў скуру, увесь лоб сцягвала, казытала, нібы насякомае ажыло і зноў поўзае па твары.

Было непрыемна, але ён цярпеў: цяпер у скафандры Радзім быў адзін і дзяліць паветра яму ні з кім ужо не даводзілася.

Толькі зараз, сцішыўшыся і супакоіўшыся, хлопец успомніў пра час і падумаў, што ў гэтым жалезным завале сядзіць ён ужо даўно. Яму было холадна і зябка – жалезнае ламачча напаўняла холадам не толькі цела, але і душу. А цемра ўсё не рассейвалася, не радзела – было гэтак жа цёмна і чорна, як і напачатку: нічога не відаць пад самым носам, а што цябе акружае, можна адчуць, даведацца толькі рукамі – навобмацак.

Паволі ў яго пачынала з'яўляцца думка, што ўвогуле ён марна чакае світання – на Жалезным Хаосе хутчэй за ўсё не бывае дня, а ўвесь час пануе вось такая густая ноч. Ад гэтай здагадкі яму рабілася яшчэ халадней, і ён глыбей уцягваў шыю ў каўнер лёгкай сарочкі, якая цяпер, здаецца, не грэла зусім.

Што рабіць? Сядзець у гэтай цемры і чакаць? Але чаго чакаць, колькі чакаць? А калі раніца не прыйдзе сюды ніколі? Можа, Жалезны Хаос якраз і славуты тым, што тут знішчылі самае галоўнае – святло.

Радзім непрыемна перасмыкнуўся і пачаў выбірацца з ямы. Асцярожна намацаў бліжэйшую жалезіну, павагаў, пакратаў яе, потым падцягнуўся, трымаючыся за востры край, на руках – яна, здаецца, трымалася моцна. Але калі ўзлез наверх, усё раптам загрымела і забразгатала, усё, распаўзаючыся, пасунулася ўніз, і ён у адзін момант зноў апынуўся на дне ямы.

У другі раз спрабаваў выбірацца больш асцярожна – доўга намацваў настылае жалеза, доўга прымерваўся перад тым, як стаць нагою, доўга шукаў, куды зрабіць наступны крок.

Калі падняўся, здаецца, на самы верх кучы, зразумеў, што з ямы пакуль яшчэ не выбраўся. Цягнучыся рукою ўвышыню, каб зачапіцца за што-небудзь, ён натрапіў пальцамі на нейкую ручку. Радзім з надзеяй схапіўся за дзяржанне, моцна ўчапіўся, сціснуў яго ўсёю даланёю і завіс на ім перад тым, як падцягнуцца і лезці вышэй.

І раптам ручка паволі, са скрыпам пачала апускацца ніжэй пад цяжарам ягонага цела. І – о, дзіва! – па меры таго як апускалася ручка, наваколле Жалезнага Хаосу ўсё святлела і святлела. Праз нейкі час ён ужо, прызвычаіўшы вочы да цемры, не мог, не зажмурваючыся, глядзець на святло – яго сляпілі сотні, тысячы лямпачак, якія засвяціліся па розныя бакі ад ягонай кучы.

Да яго слыху даносіліся бразгат, рыпенне, скрогат жалеззя – усё наваколле, здавалася, прачнулася, заварушылася, загуло, быццам вялікі механічны завод. Калі ручка апусціла яго на жалеза, яму здалося, што яно само сабою дыбіцца, падымаецца, спрабуе ўстаць. І не паспеў ён як след астояцца на нагах, як падэшвы слізганулі па ўжо нахіленых лістах бляхі, і Радзім, выпусціўшы дзяржанне з рук, паляцеў уніз. Яшчэ падаючы, паспеў убачыць, як імкліва, нібы заведзеная, нібы на спружынах, вярталася ў сваё папярэдняе становішча ручка і супакойвалася жалеза – клаліся на свае ранейшыя месцы істоты, вельмі ж падобныя на зямных робатаў.

Калі Радзім упаў, зноў стала цёмна і ціха. Толькі зрэдзь дзе зручней укладалася жалеза ці ссоўвалася на зямлю тое, што, патрывожанае, дрэнна вісела.

Убачанае вельмі ўразіла. Значыць, Жалезны Хаос не мёртвы, ён проста выключаны. Гэта хутчэй за ўсё нейкі склад, нейкая звалка мёртвых робатаў, у якіх хтосьці адабраў энергію. Яны мёртвыя, але яны і жывыя. І ён цяпер іхні правадыр і валадар – ядзерная кнопка, як казалі на зямлі, знаходзіцца зараз у яго руках: дастаткова толькі яму знайсці ў цемры і яшчэ раз павярнуць ручку, як увесь Хаос заззяе і ажыве, і робаты пад яго «мудрым кіраўніцтвам» будуць рабіць тое, што ён ім загадае.

Але чапаць у другі раз ручку Радзім пакуль што не спяшаўся: і лезці да яе высока, і падаць адтуль не хочацца – ён адчуваў, як саднела пасадраная на руках і нагах скура.

Трэба пакуль адседзецца, разабрацца, што і да чаго, падумаць, што рабіць далей.

Ён сцішыўся, супакоіўся. І раптам аж здрыгануўся – што гэта за насланнё! У скафандры зноў нешта гуло, звінела. Няўжо другая пчала?! Няўжо і яна будзе даймаць яго?

Радзіму нават здалося, што насякомае ўжо ходзіць па валасах. Ён, каб хутчэй сагнаць яго, пахітаў галавою. З валасоў ніхто не ўзляцеў, аднак у скафандры ўсё роўна штосьці звінела. Праўда, звінела яно і танчэй, і далікатней за пчалу.

Радзім наморшчыў лоб – нібыта каб пераканацца, што задушаная пчала не аджыла, – адчуў засохлую корку, пакратаў языком джала, якое ўсё яшчэ тырчала ў апухлай губе, пачаў варушыць яго і варушыў да таго часу, пакуль яно не вывалілася з ранкі.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю