355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Иван Сипаков » Падары нам дрэва » Текст книги (страница 8)
Падары нам дрэва
  • Текст добавлен: 8 октября 2016, 17:48

Текст книги "Падары нам дрэва"


Автор книги: Иван Сипаков


Жанр:

   

Прочая проза


сообщить о нарушении

Текущая страница: 8 (всего у книги 17 страниц)

– Пойдзем на вуліцу, – ціха папрасіла Оя.

– Я і сам хачу. Але ж, мусіць, нельга.

– А хто табе можа забараніць? Аховы ж няма. А ты цяпер бог тут. Бачыў, як цябе сустракалі?

– Хто яго ведае… – задумаўся Радзім.

– А што здарылася? Растлумач.

– Ведаеш, мяне паблыталі з пляшывым. Іхнім царом. Але ж падман можа адкрыцца…

– Тады нешта прыдумаем, – Оя ўхапіла яго за рукі.– А цяпер хадзем!

– А як твае ногі?

– Ужо не баляць.

– А змяіны ўкус?

– Я ж, ты бачыў, яд высмактала.

– А можа, гэта і не змяя, а вуж быў? – Радзім памаўчаў.– Але ж я не магу выйсці на вуліцу з плямаю.

– Давай сатрэм яе.

– Ты што?! Мне дурбуд раіў яе берагчы як вока. Без яе – канцы.

– Ну тады завязаць можна якою хусцінкаю. Пашукалі, нічога не знайшлі. На ложку раптам убачылі нейкі шырокі каснік. Ім Оя і завязала Радзіму лоб. Ён зірнуў у люстра і сам сябе не пазнаў – акурат паранены з забінтаванаю галавою. Яны выйшлі з вілы.

Па вуліцы ішлі павольна, не спяшаючыся. Да ўсяго прыглядаліся, усё вывучалі. Хоць горад, здаецца, быў такі ж, як і на зямлі, Радзім не ўсё ў ім разумеў.

Толькі выйшлі з дому і адразу натрапілі на сталага, сур'ёзнага, задумлівага чалавека з партфелем пад пахаю, які стаяў на нейкай драўлянай цаццы, падобнай на дзіцячую качалку, і няспешна разгойдваўся. Яны прайшлі ўжо яго, але потым Радзім вярнуўся, спытаўся:

– Што гэта вы робіце?

– А ты хіба не бачыш – іду.

– Дык вы ж стаіцё на месцы…

– Сам ты стаіш на месцы, а я іду, – і чалавек, працягваючы раскалыхвацца на качалцы, грэбліва адвярнуўся ад яго.

– І куды вы прыйдзеце?

– Куды трэба, – раззлавана адказаў дурбудавец і адсланіў яго рукою. – Слухай, сыдзі з дарогі і не замінай мне ісці.

Ён мог бы падумаць, што гэты абсурд – выпадковасць, калі б неўзабаве яны не сустрэліся з новым дзівам.

На аўтобусным прыпынку ўбачылі старэнькі, вельмі абшарпаны аўтобус. У ім было поўна людзей – як селядцоў у бочцы. Дзверы расчынены, і ў іх, не зважаючы ні на што, шчэмяцца ўсё новыя і новыя паязджане. Таўхаюцца, злуюцца, сварацца. Крычаць. А як жа не крычаць, калі аўтобус вось зараз кранецца, а на прыпынку яшчэ астаецца столькі жадаючых.

Праз нейкі час з аўтобуса сёй-той выходзіць, а на вызваленыя месцы напіхваюцца новыя сядакі: адны прыехалі на свой прыпынак і выходзяць, а другія толькі збіраюцца ехаць…

І тады Оя паказвае яму:

– Зірні, зірні…

Радзім глядзіць і жахаецца: аўтобус жа і без шафёра, і без колаў нават – восямі ён стаіць на нейкіх калодках!

– Дык яны ж не едуць, – разгублена, паказваючы вачыма на людзей у аўтобусе, кажа хлопец дурбуду, які побач чакае свае чаргі.

– Што вы, едуць, – адказвае яму дурбуд і задаволена смяецца. – Едуць, ды яшчэ як!

І праўда, час ад часу дзверы расчыняюцца, з іх выходзяць пасажыры, якія нарэшце дачакаліся свайго прыпынку, і заходзяць новыя, якім, канечне ж, ехаць далей. Праз нейкі час дзверы зачыняюцца, усе стаяць моўчкі і чакаюць, калі яны адчыняцца зноў.

І зноў мяняюцца паязджане. Пастаяць, пасядзяць, калі знойдуць месца ў перапоўненым аўтобусе, і выходзяць. Папраўляючы на сабе адзенне, скамечанае ў цеснаце, заклапочана спяшаюцца ў розныя бакі – кожны па сваіх справах: маўляў, прыехалі і пайшлі.

– Навошта яны заходзяць? І чаму выходзяць? – здзіўлена дапытваўся Радзім у дурбуда, за якім пакуль што ніхто так і не заняў чаргу.

– Заходзяць, каб ехаць, – цярпліва тлумачыў яму той. – А выходзяць, бо прыехалі. Дзіўны вы чалавек, – ён пачаў ужо гневацца, – гэта ж іх прыпынак, таму яны і выходзяць.

– Дык пасажыры ж нікуды і не ехалі…

– Ехалі! – упэўнена адказаў дурбуд і кінуўся да дзвярэй, якія зноў расчыніліся, – мусіць, аўтобус якраз падышоў да ягонага прыпынку.

Ён уплішчыўся паміж пасажыраў, прыціснуў да грудзей авоську і памахаў ім рукою – маўляў, я паехаў. Яны не сталі чакаць, калі дзверы зноў расчыняцца і ён выйдзе на «сваім» прыпынку, паціху пачалі адыходзіцца ад гэтага дзіўнага аўтобуса. Дурбуды разгублена, не разумеючы, глядзелі на іх – дзівакі, навошта ж ісці, калі можна пад'ехаць…

Радзім пачынаў ужо разумець, што ў Дурбудзіі ідзе нейкае сваё, нязвыклае, неверагоднае жыццё, якога ён пакуль што не мог усвядоміць.

Таму яны з Ояй усё хадзілі па вуліцах, зазіралі ў двары, сядзелі на лаўках у скверах. Зараз ён ужо ўсё часцей і часцей чуў ад яе: «Зірні, зірні!», а то і сам паказваў ёй усё дзіўнае, што бачыў на свае вочы…

Яны сядзелі ў скверы. Радзім загледзеўся на нейкага дзівака, які з вельмі задумлівым выглядам падыходзіў да абкладзенай дошкамі груды пяску – акурат дзіцячая пясочніца, – браў з яе пясчынку, асцярожна клаў на далонь, беражна нёс на супрацьлеглы бок алеі і не спяшаючыся страсаў у меншы грудок. Пасля распрамляўся, падыходзіў да стала, што стаяў пры самой кучцы, нешта казаў чалавеку, які сядзеў за гэтым сталом, усланым паперамі. Той штосьці запісваў у тоўсты сшытак, а чалавек зноў вяртаўся да большай кучы і зноў нагінаўся, каб узяць новую пясчынку…

Радзім загледзеўся на гэтага дзівака і не адразу зразумеў, чаго Оя тармосіць яго за рукаў. А яна паказвала яму рукою зусім у іншы бок, дзе ля стэнда стаяў малады чалавек і засяроджана, нібыта робіць нейкую вельмі важную справу, пляваў на Дошку гонару. І сам задаволена, радасна рагатаў са свайго выбрыку.

Оя паднялася, пацягнула Радзіма за руку, і неўзабаве яны былі ўжо ля стэнда, стаялі за спіною маладога чалавека.

Да дошкі быў прыклеены вялікі яркі плакат – здымак шматлюднай дэманстрацыі з рознакаляровымі сцягамі. Людзі зняты буйным планам, і таму нават на здымку была відаць іх рашучасць, мэтанакіраванасць.

– Чаму вы на іх плюеце? – адважыўся спытацца Радзім.

– А чаго ж яны дамагаюцца? – пытаннем на пытанне, нават не паварочваючы да яго галавы, адказаў малады чалавек. – Гэта ж толькі падумаць, чаго яны патрабуюць! Каб пачалі працаваць заводы і фабрыкі. Жах! Каб сяляне без страт сабралі ўраджай. Ганьба! А навошта нам той ураджай? Схадзіце вунь на суседні сквер і паглядзіце, што мы з гэтымі ўраджаямі робім.

– А што там?

– Сходзіце – самі пабачыце, – загадкава адказаў ён.

Прыгледзеўшыся больш уважліва да плаката, Радзім жахнуўся: на здымку ў шэрагах дэманстрантаў ён убачыў гэтага ж самага маладога чалавека са сцягам у руках – ён, аказваецца, пляваў на самога сябе.

– Што вы робіце?! Вы ж на сябе плюеце!

– Дзе? – дурбуд пачаў аглядаць сваю сарочку, штаны.

– Ды вунь на плакаце!

– А, на плакаце… Там ужо не я. Я сёння іншы, чым той чалавек, які тады быў на дэманстрацыі. Таму я магу на яго смела пляваць.

– А чаму іншы?

– Таму, што думаю па-іншаму. Асуджаю тое, што раней абараняў.

Радзім разгубіўся: хіба можа быць такое?!

– Ну, добра, – згадзіўся нарэшце ён, – плюй сабе. Але ж калі ты плюеш сам на сябе, дык хоць морду сабе выцірай. Зірні, якая яна ў цябе запляваная.

Дурбуд дурнавата раскрыў рот, наморшчыў лоб, задумаўся.

Радзім узяў за руку Ою і павёў яе па алеі – у той бок, куды кіўнуў галавою малады чалавек, калі гаварыў пра нейкае дзіва. Цікава, што ж там ён раіў ім паглядзець?

Ужо адышоўшыся крыху, азірнуўся – дурбуд рабіў зараз тое, што Радзім яму і параіў: паплюе-паплюе на здымак, а тады сам выціраецца, паплюе яшчэ і зноў па твары лапаю водзіць…

Суседнюю алею яны знайшлі вельмі лёгка – балазе яна была ўсяго толькі праз дарогу і быццам бы прадаўжала гэтую.

У цэнтры алеі, там, дзе звычайна робяць клумбы, нейкія людзі капалі нейкую яму – Радзіму напачатку нават і здалося, што яны якраз парадкуюць кветнік. Але падышоўшы бліжэй, убачыў, што гэта менавіта яма, – яна была ўжо глыбокая, землякопы стаялі ў ёй па грудзі, аднак пакуль не спынялі працы, капалі глыбей.

Каля ямы вуркатаў ужо грузавічок з нявыключаным маторам, ён пыхкаў, час ад часу ўздрыгваў і густа дыміў. І ўсё ж праз гэты дым і чад, праз невыносны пах бензіну яго нюх распазнаў нейкі вельмі знаёмы, вельмі духмяны і жаданы водар. Не, ён не памыліўся: пахла менавіта хлебам! І дзіўна, упершыню за ўвесь час яму захацелася есці. Да гэтага пра яду ён нават і не думаў: ці то падсілкоўваўся касмічнай энергіяй, ці то нейкі рэжым харчавання існаваў ужо ў самім скафандры, – а вось як толькі апынуўся амаль у зямных умовах і адчуў пах свежага хлеба, адразу ж захацелася есці.

Тым часам землякопы ўжо скончылі капаць яму – відаць, дасягнулі патрэбнай глыбіні,– вылезлі і, нават не атросшыся ад зямлі, пайшлі да машыны. Расчынілі дзверцы ў кузаве-будцы – адтуль яшчэ болей запахла хлебам, – выцягнулі скрынкі з караваямі і панеслі да ямы.

– Куды вы іх нясеце? – выскачыў ім на перахоп Радзім.

– У яму. Засыпаць будзем.

– Навошта?

– Таму што ўсе магазіны затавараны хлебам. Яго ніхто ўжо не бярэ.

– Што, усе сытыя, усе панаядаліся?

– Не, і галодных многа, але яны не могуць купіць.

– Чаму?

– «Чаму, чаму»… Таму што купіла няма. А хлеб у нас вельмі дарагі.

– Дык раздайце яго тым, хто галодны. А не закопвайце ў зямлю.

Дурбуды разрагаталіся. Яны смяяліся шчыра і доўга. І ніяк не маглі спыніцца.

– Ой, не магу! «Аддайце галодным»… Ой, трымайце мяне, а то я ўпаду. І адкуль ён толькі з'явіўся такі? Ой, не магу! Колькі ні закопвалі, ніхто не пярэчыў… А гэты знайшоўся… Адчапіся!

Радзім убачыў, што з дурбудамі гаварыць марна, – яны ніколі не зразумеюць яго. Таму ён схапіўся за скрынку, якую трымаў перад сабою бліжэйшы дурбуд, і пацягнуў да сябе. Тутэйшы трымаў скрынку моцна і ўчэпіста, а таму адабраць яе адразу не ўдалося. Пачалася валтузня. І гэта на самым краі ямы.

Радзім і сам не паспеў апамятацца, як пад ім абсунулася зямля і ён апынуўся на дне ямы, а зверху на яго пасыпаліся караваі хлеба. Хлопец угнуўся, але хлеб усё роўна балюча біў яго па спіне і па галаве. Адну буханку ён злавіў абедзвюмя рукамі – яна была яшчэ цёплая – не даў ёй выкачацца ў зямлю на дне ямы, і з ёю палез наверх па лесвіцы, якую не паспелі прыбраць далакопы. Оя падала яму руку, і з яе дапамогаю Радзім вылез на паверхню.

Каля ямы ўжо стаялі дурбуды – яны паспелі вярнуцца сюды з новымі скрынкамі хлеба.

– Пакладзі на месца, – тонам, які не дазваляе пярэчанняў, загадалі яму далакопы, вачыма паказваючы на каравай.

– Куды – на месца? – разгублена спытаўся Радзім.

– У яму!

– Дык гэта ж хлеб! Месца яго не там, а на стале.

– У яму! – яшчэ больш настойліва загадалі дурбуды. Ён пакруціў у руках каравай, хацеў адкусіць, але перадумаў, не стаў болей спрачацца з дурнямі – што ты ім дакажаш, усё роўна спіхнуць у яму разам з хлебам, – кінуў хлеб туды, куды загадалі. І толькі калі пачуў, як глуха, нібы аб вечка труны, грукнуўся бохан аб цвёрдую зямлю, яшчэ больш яскрава зразумеў, якое кашчунства робіцца.

– Ідыёты! – у злосці крыкнуў ён. – Вялікія ідыёты! І здзівіўся, што дурбуды, замест таго каб пакрыўдзіцца за абразу, наадварот вельмі ўзрадаваліся – калі ён, узяўшы за руку Ою, уходзіў адсюль, яны праводзілі яго ласкавымі позіркамі: былі шчаслівыя, што незнаёмы назваў іх ідыётамі.

– Ты хоць што-небудзь разумееш у гэтай Дурбудзіі? – спыталася Оя і чамусьці вызваліла сваю руку з ягонай.

– Пакуль не, – шчыра прызнаўся Радзім.

– І я таксама, – задумалася дзяўчына. – Мне падалося, што яны самі сабе страшныя ворагі, самі сябе ненавідзяць.

Яму ж здавалася, што нехта, злы і каварны, запраграмаваў іх, закадзіраваў, і яны цяпер насуперак сабе робяць бог ведае што – знішчаюць самі сябе.

Голад ужо даймаў яго.

– Оя, а ты есці не хочаш?

– Неа, – ягоным словам адказала яна.

– А я хачу. Разумееш, як пачуў пах хлеба, так і захацеў есці.

– Дык з'еш што-небудзь.

– Што і дзе?

– Не ведаю. А, зірні, во чарга нейкая. Можа, у сталоўку? У вас жа на зямлі ўсюды такія чэргі. Давай пастаім.

– Давай, – згадзіўся ён: калі і не паесць, то хоць даведаецца, па што ў Дурбудзіі бываюць чэргі.

Яны сталі ў самы канец чаргі: Оя наперадзе, ён за ёю. Чарга рухалася вельмі марудна, людзі стаялі моўчкі, засяроджана дыхалі адно аднаму ў патыліцу – і праўда як і ў нас на зямлі.

Дурбуды, мусіць, думалі кожны пра сваё, марудна, абыякава перастаўлялі ногі, поўнасцю аддаўшыся гэтаму бяздумнаму руху – здаецца, апрача яго, нічога на свеце для іх не існавала.

– Па што стаім? – спытаўся Радзім у чалавека, які сапеў перад Ояй, але той не толькі не адказаў яму нічога, а нават і не павярнуўся на яго голас.

Радзім хацеў быў прапанаваць Оі выйсці з чаргі, але цікаўнасць брала сваё: а што ж хочуць атрымаць гэтыя людзі, якія цярпліва стаяць у такой чарзе?

І потым пашкадаваў, што не зрабіў так, як думаў.

Хоць і марудна, але ўсё ж чарга рухалася. Неўпрыкмет яны разам з ёю мінулі вуліцу і ўзышлі на нейкі невысокі ганак пад стрэшкаю, затым уцягнуліся ў дзверы, прасунуліся, як і ўсе, па цёмным, зусім неасветленым калідоры, выйшлі ў нейкую вельмі асветленую залу, якая ўся была завешана пурпурнымі шаўкамі, прайшлі па ёй, увапхнуліся ў новыя, ужо бакавыя, дзверы, дзе было яшчэ больш цёмна, чым у папярэднім калідоры, – ці то так здавалася таму, што вочы ўжо звыкліся са святлом, ці то тут і напраўду не хапала асвятлення.

Гэты калідор быў яшчэ даўжэйшы за першы, і Радзім, трымаючы ў цемры Ою за талію, нібы баючыся, каб яе ніхто не схапіў, думаў, што не трэба было ім сюды, у чаргу, станавіцца, бо зараз ужо, як яму здавалася, выйсці адсюль немагчыма – адчуваў, што за імі таксама моўчкі і таксама задумліва тупае шмат людзей.

Калі ўбачыў, як далёка наперадзе замігцела святло, узрадаваўся, што, нарэшце, скончыцца гэтая ідыёцкая чарга, але дайшоўшы да віднаты, да дзвярэй, якія адчыняліся і зачыняліся за кожным чалавекам, выйшаўшы з іх, убачыў новую чаргу, у якую трэба было адразу ж станавіцца ад самага парога, бо выйсці адсюль можна толькі з чаргою.

Зноў усе стаялі ў патыліцу адно аднаму, зноў саплі, натужна дыхалі тыя, што тупалі за ім.

Праход зрабіўся яшчэ вузейшы: з двух бакоў ён быў абгароджаны цаглянаю сцяною, абвітаю хмелем, і цяпер, каб ужо і моцна захацеў, ніхто б не змог пакінуць гэтую ўтомную чаргу маўклівых людзей.

Неўзабаве праход яшчэ пацяснеў. Чарга ўцягнулася ў вузкую і нізкую, як нара, шчыліну, ісці па якой было дужа нязручна – рукі і плечы чапляліся за кепска, наспех абчасаныя каменныя сцены, а зверху навісалі над самаю галавою – часам даводзілася нагінацца – бясформенныя глыбы.

У тунелі зрабілася зусім цёмна. Толькі чуваць было, як шаркаюць па камяністай сцежцы ногі і зацята дыхаюць людзі – тыя, што ідуць за імі, і тыя, што ідуць паперадзе іх. Скляпенне рэзаніравала гукі, і таму здавалася, што ідзе людзей яшчэ болей, чым было іх на самой справе.

Хоць з бакоў нізка, каля самых ног, цьмяна люстранілі запыленыя светачы, ледзь пазначаючы сцежку, святлей ад гэтага ў шчыліне не рабілася – густы змрок, цесната і пыл, узняты столькімі нагамі, перахоплівалі дыханне, і ён ужо адчуваў, што трэба прыкладаць намаганне, каб проста і нязмушана дыхаць.

У тунелі раптам зрабілася зусім цёмна: ці то лямпачкі наўзбоч сцежкі перагарэлі, ці то іх тут па задуме і не павінна было быць.

Чарга ішла зараз ужо зусім павольна, бо людзі, каб не спатыкнуцца, уважліва абмацвалі нагамі зямлю.

– Ой, не магу! – нібы не сваім голасам закрычала раптам Оя, і ён адчуў, як закалацілася, задрыжэла пад ягонымі далонямі яе худзенькае, напятае цельца. – Не магу-у-у! – роспачна рыдала дзяўчына, і гэты яе крык запаўняў нару і, адбіўшыся ад сцен і ад столі, вяртаўся да іх яшчэ памацнелым.

Радзім абняў яе крапчэй і з усяе сілы прыгарнуў да сябе.

– Оя, табе страшна? Не бойся…

– Мне не страшна, – усхліпвала яна. – Я не магу выносіць гэтую пачвару…

– Якую пачвару?

– Чаргу-у-у! – завыла яна.

Чарга ж, як і да гэтага, засяроджана абмацвала нагамі выбоістую сцежку і паволі рухалася наперад. Ніхто не звярнуў увагі на гэты крык адчаю – быццам людзі ўвогуле не пачулі яго, хоць не пачуць рыданні Оі было немагчыма.

Ён ласкава гладзіў яе рукамі і адчуваў, як пад яго далонямі дзяўчына пакрысе супакойваецца, перастае плакаць і ўсхліпвае толькі па інерцыі.

– Не магу, – ужо спакайней паўтарыла яна, а потым неяк зусім нечакана, рэзка павярнулася да Радзіма тварам, абняла яго, і, мусіць, падняўшыся на пальчыкі, пацалавала хлопца ў самыя вусны.

Затым яшчэ мацней прыгарнулася да Радзіма, паклала яму галаву на грудзі, і хлопец адчуў, як паволі намакае сарочка: Оя ўсё яшчэ плакала.

І вось тут яму здалося, што нехта з'явіўся між імі, што хтосьці распіхвае іх убакі, не даючы дакранацца адно да аднаго. Ён здагадваўся, хто гэта можа быць, але неяк не верылася, што ў такую нару, пад такія скляпенні можна так лёгка трапіць. І ўсё ж яму здавалася, што і ў цемры ён бачыць перад сабою белае воблака…

Але гэта было не воблака. Гэта было святло. І ён, шчыра ўзрадаваўшыся, што ёсць моцы закрычаў:

– Нара канчаецца! Там – святло!

Дзяўчына хуценька павярнулася – дасюль яна ішла пяткамі наперад, – і яны паспрабавалі абагнаць тых, хто ішоў перад імі. Але абагнаць чаргу было немагчыма. Пярэднія ішлі, як і да гэтага, спакойна і павольна, а праціснуцца, пратачыцца паміж імі і сценкамі тунеля не ўдавалася з-за цеснаты: ён быў разлічаны толькі на аднаго чалавека.

Прыйшлося змірыцца з чаргою, з яе рухам і рытмам – людзі, не зважаючы на тое, што наперадзе з'явілася святло, ішлі да яго звычайнаю і абыякаваю хадою. І толькі ўжо зусім перад выхадам Радзім і Оя не вытрымалі і пачалі падпіхваць пярэдніх у спіны, змушаючы іх хутчэй ступаць, натыкацца на тых, хто быў перад імі. Яны, унёсшы сумбур у чаргу, усё ж выбеглі нарэшце з тунеля і аж зажмурыліся ад светлаты. Калі вочы прывыклі да святла, убачылі, што стаяць на нейкім шырокім пляцы, па якім паўзе чарга, а вакол пляца расце, цвіце, буяе столькі кветак, і ўсе яны такія прыгожыя і незямныя, што вочы аж разбягаюцца ад гэтай казкі. Радзіму нават здалося, што яны напраўду трапілі ў рай. Праўда, кветкі з усіх бакоў і нават зверху былі абгароджаны частаю сеткаю – як птушкі ці жывёлы ў вальерах – і гэта крыху псавала настрой і радасць ад такой неспадзяванкі: навошта турмаваць краскі – яны ж не вылецяць адсюль і без сеткі…

Тут чарга разыходзілася, людзі зноў жа спакойна і павольна набліжаліся да сеткі і гэтак жа раўнадушна, здаецца, нават абыякава разглядалі дзівосныя кветкі – лапушыстыя, яркія, шматкалёрныя, яны цвілі каля самай агароджы, а некаторыя нават вылазілі праз яе, – і потым гэтак жа задумліва кіраваліся да шырока расчыненых варот, – як яму здавалася, на волю.

Радзім хацеў адразу пайсці да дзвярэй, каб нарэшце вырвацца адсюль – нават Оя цягнула за руку да выхада, – але ўсё ж нешта стрымлівала яго і змушала пачакаць.

Ён хадзіў каля агароджы, любаваўся кветкамі, нагінаўся і нюхаў тыя, што шыкоўна цвілі на гэтым баку – відаць, праз сетку яны пралезлі пупышкамі,– і не спяшаўся ўходзіць. Разумеў, што пабачыць увесь кветнік можна, мусіць, толькі з гэтага пляца, які, пэўна, знаходзіцца якраз пасярэдзіне сада.

Прайшоўшы колькі разоў каля агароджы, пашыбаваў да варот – туды, куды ішлі ўсе. Ужо збіраўся ўздыхнуць на ўсе грудзі, але раптам, выйшаўшы за вароты, убачыў новую загародку, якая, усё звужаючыся, вяла людзей да яшчэ адной чаргі. Там ужо зноў шчыльна станавіліся адзін за адным людзі і, дыхаючы ў чужыя патыліцы, пачыналі новы, унармаваны рух.

Радзім яшчэ раз азірнуўся па баках і, убачыўшы, што ніякага іншага выйсця няма, пацягнуў Ою ў той бок, дзе ўжо нараджалася чарга.

– Не магу! – зноў застагнала Оя і пачала ўпірацца, зразумеўшы, што Радзім зноў вядзе яе ў людскі гурт.

– Трэба, Оя. Трэба, – ён адною рукою моцна трымаў дзявочую далоньку, а другою гладзіў па яе запясцю.

Радзім разумеў адно: чым раней станеш у чаргу, тым раней пройдзеш наканаванае.

Цяпер ён ужо не сумняваўся, што гэтую чаргу нехта пабудаваў знарок. Яго здзіўлялі вялікая дасведчанасць і розум таго дойліда, які ўсё гэта прыдумаў. Бачыш, як разумна і дакладна выстраіў: вось чарга на вуліцы, яшчэ ніхто нічога не ведае, але ўжо становіцца – цікава; потым гэтая пурпурна-ўрачыстая зала; затым цагляная сцяна, абвітая хмелем, як своеасаблівае спадзяванне, намёк на неўзабыўныя кветкі; пасля жудасная, цёмная і цесная нара, дзе нічога не відаць, дзе нават яму хацелася крыкнуць: «Не магу!»; а тады – такі неспадзяваны рай, што проста слепіць вочы сваёй казачнасцю, радасцю, шаленствам колераў…

Ён толькі не ведаў, каму і навошта спатрэбілася гэтая чарга, куды яна вядзе, чым канчаецца і што азначае.

Задумаўшыся, Радзім і не заўважыў, як чарга ўцягнулася ў даўгі-даўгі і, здаецца, бясконцы калідор, паабапал якога з двух бакоў былі дзверы. Яны не адчыняліся, мусіць, былі замкнёныя на ключ, і таму здавалася, што ніхто ў свеце не ведаў, што за імі знаходзіцца.

На дзвярах – нейкія шыльдачкі, нумары, нечыя прозвішчы. Але тыя, што ішлі паперадзе, глядзелі сабе пад ногі, нічога не чыталі, і толькі яны з Ояю старанна круцілі па баках галовамі, рупячыся ўсё прачытаць і ва ўсім разабрацца. Ою гэта, здаецца, вельмі зацікавіла – заняўшыся, яна ўжо не стагнала і не гаварыла: «Ой, не магу»…

І раптам, калі яны праходзілі каля чарговых, просценькіх, як і ўсе, дзвярэй, тыя нечакана самі сабою адчыніліся, з іх высунулася нечая рука, схапіла Ою за сукенку і ўцягнула ў прачыненую шчыліну. І не паспеў ён нават спалохацца і падумаць, як ратаваць дзяўчыну, тая ж рука, высунуўшыся зноў, згрэбла за рукаў Радзіма і з сілаю павалакла і яго.

Думалася, што там нейкае памяшканне.

Але памяшкання ніякага не было – сцены стаялі плоскія, як дэкарацыі, і за дзвярыма нічога яны не ўбачылі: проста апынуліся на вуліцы.

Спакойна, па адным, а то і купкамі, хадзілі людзі, ціхамірна шумелі дрэвы, на газонах зелянела, хоць і дрэнна, але ўсё ж падстрыжаная трава, а сцяна з дзвярыма, за якою зацята рухалася невідомая цяпер чарга, адсюль выглядала нават прывабнаю. Яна была як упрыгожанне якое, як самабытная дэкаратыўная застаўка, увітая сям-там хмелем, а то і ўпрыгожаная кветкамі, што раслі ў прымацаваных да перагародкі гаршчэчках.

– Вы? – здзівіўся Радзім, убачыўшы перад сабою таго самага іранічнага чалавека, які спрабаваў ім нешта растлумачыць яшчэ тады, як іх віталі дурбуды на месцы прызямлення. – А што вы тут робіце?

– Вас ратую.

– А як вы здагадаліся, што мы тут?

– Не здагадаўся, а згледзеў вас, – адказаў дурбуд. – Быў у ружарыі, бачу, нейкія дзівакі кветкі не з таго боку нюхаюць. Канечне ж, нетутэйшыя! Нават падміргнуў вам, але вы не звярнулі ўвагі. Мусіць, не прыкмецілі,– дурбуд крыху памаўчаў, падумаў.– А як вы апынуліся ў гэтай чарзе? – праз нейкі час спытаўся ён.

– Захацелася даведацца, за чым у Дурбудзіі стаяць чэргі,– адказала Оя.

А Радзім дадаў:

– І яшчэ нам здалося, што гэта чарга ў сталоўку. А мы ж галодныя.

– Галодныя? – задумаўся дурбуд. – Тады вы правільна стаялі.

– Дык што, гэта і напраўду чарга ў сталоўку?

– Не зусім так.

– А што тады робяць людзі, дыхаючы адно аднаму ў патыліцу?

– Працуюць.

– Стаяць у чарзе, і гэта ўжо значыць, што яны працуюць?

– А ў самым канцы чаргі ім выдаюць жэтон на пустую поліўку. За ўдарную працу.

– А хто прыдумаў такое глупства?

– Не спяшайся з вывадамі. Разумееш, у нас перабудова, страшэннае беспрацоўе. Трэба людзей нечым заняць. Вось і паставілі іх у чаргу. Каб не думалі ні пра што. Стаяць, нечым займаюцца, некуды ідуць… З'яўляецца ўяўнасць працы…

– А хто выдумаў чаргу?

– Пляшывы. Але вось пляшывага ўжо няма, а чарга асталася. Яна, як бачыш, і калматаму падабаецца… Калматы не разбурае яе, а накіроўвае сюды ўсё больш і больш людзей. І яны працуюць.

– Дзіўна, – задумалася Оя, – увесь народ паставілі адно за адным і гэта здзекліва называюць работаю. То ж злачынцы…

– Хадзем, – не даў ёй дагаварыць дурбуд. – А то вас і так ужо шукаюць. Прыйшлі ў палац, убачылі, што нікога няма, і забегалі. Бо назаўтра ў іх прызначаны пераварот. Цябе, Пляшывага, будуць вяртаць на трон, а Калматага – скінуць. Дарэчы, калматы сёння вяртаецца з замежнай паездкі. Пойдзем яго сустракаць?

– Я хачу есці…

– Ой, даруй, я і забыўся. То пайшлі хутчэй у сталоўку. У мяне якраз ёсць лішні жэтон.

Дурбуд рэзка павярнуўся і пайшоў паперадзе. Яны паспяшаліся за ім.

Ісці было прыемна. Паабапал сцежкі раслі кветкі, якія цешылі вочы, – відаць, гэта ўсё яшчэ былі ўскраіны ружарыя.

Яны з Ояю любаваліся прыгажосцю, а гаваркі дурбуд не замінаў ім гэта рабіць – ішоў паперадзе і маўчаў. Кусты руж змяняліся алеандрамі, кусты бэзу чаргаваліся з півонямі.

Радзім глядзеў на іх, і яму часам здавалася, што гэта ніякія не ружы, не алеандры, не півоні, а нейкія зусім іншыя, казачныя і дзівосныя кветкі, якія толькі звонку нагадваюць нашы зямныя.

Пахлі яны таксама па-іншаму, у іх было больш даўкасці і нават, калі хочаце, агрэсіўнасці,– яны быццам бы ад кагосьці ці ад чагосьці абараняліся, камусьці кідалі свой выклік.

Праз нейкі час на вочы ім пачалі трапляцца абадраныя людзі, якія стаялі між кветак з працягнутымі рукамі. Спачатку ён нават не зразумеў, што гэта жабракі і просяць яны міласціну. Але калі неўзабаве старцоў стала вельмі шмат, калі ім ужо даводзілася ісці праз шчыльныя шэрагі людзей у лахманах, тая радасць, якую абудзілі воля і кветкі, паступова пачала цьмець, пакуль урэшце не перакінулася ў адчай.

Асабліва ўразіла і яго і Ою, калі адзін з жабракоў кінуўся ім насустрач, упаў на калені, пачаў абдымаць за ногі дурбуда, просячы падаць яму, што зможа.

Дурбуд не разгубіўся, падняў жабрака з каленяў, паставіў ля сябе, а потым, не хаваючыся ад галоднага, пачаў корпацца ў яго ж старэнькай, залапленай торбе – жабрак адно толькі ўважліва сачыў за чужою рукою, – знайшоў там надкушаную лусту хлеба, якую, мусіць, падаў нехта раней, і з такім выглядам, быццам робіць несусветнае дабро, з важнасцю і самавітасцю, як усё роўна ён заўсёды займаўся дабрачыннасцю, падаў скібку папрасімцу.

Той доўга і няўцямна глядзеў на яе, а затым узрадаваўся, засмяяўся і, задаволены-задаволены, з крыкам: «Дзякуй! Дзякуй! Дзякуй!» кінуўся цалаваць рукі дурбуда, які так ашчаслівіў яго. Радасць жабрака была настолькі шчыраю і непадробнаю, што Радзім з Ояю толькі пераглянуліся: яго частуюць ім жа самім нажабраваным хлебам, а ён радуецца!

– Што, дзіўна вам? – павярнуўшыся да іх, усміхнуўся дурбуд. – У нас вы яшчэ і не такое ўбачыце, – і, азірнуўшыся вакол, паказаў: – А гэты, бачыце, на сваёй машыне прыехаў.

Чалавек стаяў і, як руль, трымаў перад сабою, кола. Падышлі да яго, спыталіся:

– Навошта табе кола? Дурбуд разгубіўся:

– Гэта ж мая машына, я на ёй прыехаў…

– Машыны ў цябе няма і ніколі не будзе!

– А гэта тады што? – паказаў на кола, учапіўся за яго мацней і грэбліва адвярнуўся. – А пайшлі вы ўсе…

Каля сталоўкі галодных і ўбогіх было яшчэ болей. Яны стаялі так шчыльна, што амаль немагчыма было прабіцца да дзвярэй. І толькі вопыт і вынаходлівасць тутэйшага дапамаглі зайсці ўсярэдзіну будыніны.

У сталоўцы было цёмна і дымна, душна і тлумна. Пахла чымсьці прыгарэлым і нясмачным, але ён здзівіўся, што нават такія непрыемныя пахі расцвельваюць яго апетыт.

Дурбуд знік, а праз нейкі час ён зноў з'явіўся каля іх з дзвюма талеркамі якойсьці бурды і двума брускамі чагосьці шэрага, у чым Радзім, хоць і не без ваганняў, прызнаў хлеб.

Оя ад сваёй поліўкі адмовілася – мусіць, у яе засталася нейкая свая сістэма харчавання, – а ён, нават не пасмакаваўшы стравы, не разабраўшыся, пасоленая яна ці не, з асалодаю высербаў цэлую талерку. Адчуваў, што мала, што з'еў бы чаго-небудзь яшчэ, які кавалак мяса ці каўбасы, але дурбуд развёў рукамі – чым багаты, маўляў, тым і рады.

Оіна талерка таксама была парожняя: яе адразу ж выхапілі з рук галодныя людзі і, далёка не адыходзячыся, вылізалі за суседнім столікам.

У сталоўцы не было чым дыхаць, і таму Радзім першы накіраваўся да выхаду. Адна справа цярпець увесь гэты смурод, ведаючы, што цябе чакае пачастунак, а другая – задыхацца едкім чвырам, ні на што ўжо не спадзеючыся.

Выбраўшыся са сталоўкі, ён уздыхнуў на поўныя грудзі – хацелася як найхутчэй ачысціць лёгкія ад гэтага цяжкога, задушлівага паху. Паправіў каснік на галаве, каб выцерці пот пад ім, але дурбуд, які выйшаў разам з імі, параіў:

– Не чапай. Зрабі зноў, як было. А то цябе пазнаюць, і тады пачнецца.

– А можа, лепей зусім сцерці гэтую пляму? – нібы забыўшыся, што расказваў ёй Радзім, спыталася Оя.

– Ты што! – накінуўся на яе дурбуд. – Гэтая меціна яму ой як спатрэбіцца!

Оя паправіла стужку, старанна закрываючы знак. Дурбуд уважліва сачыў за гэтым, а калі дзяўчына апусціла рукі, ён яшчэ раз прыдзірліва агледзеў Радзімаў лоб, сам паправіў ражок касніка і сказаў:

– Ну, цяпер пайшлі.

– Куды? – у адзін голас спыталіся яны.

– На аэрадром, – патлумачыў ім дурбуд. – Сустракаць Калматага. Ён якраз сёння прылятае з замежнага візіта.

Сцежкаю, дзе траплялася ўсё меней і меней кветак – яны здаляліся ад ружарыя, – выйшлі на дарогу, якая і прывяла іх зноў у горад.

– Аэрадром на тым баку – патлумачыў дурбуд. – А я вас вяду самаю кароткаю дарогаю.

З гэтага боку горад здаваўся апусцелым, – відаць, усе пайшлі ўжо сустракаць прэзідэнта.

– У нас так прынята, – нібы адгадаўшы Радзімавы думкі, усміхнуўся дурбуд. – Мы ўсенародна і праводзім, і сустракаем прэзідэнта. Гэта ў нас як свята. Словам, калі мала хлеба, трэба, каб было паболей свят.

Яны ішлі павольна, нібы прагульваючыся. Ішлі так, як вёў іх тутэйшы, а ён чамусьці не спяшаўся.

– Паспеем, – зноў жа, быццам адчуўшы іхняе хваляванне, іхнія думкі, супакойваў Ою і Радзіма дурбуд. – Пабачыце гэты неверагодны спектакль.

Цяпер ужо на вуліцах горада ім сустракалася ўсё болей і болей людзей. Усе ішлі ў той жа самы бок, што і яны, – відаць, таксама кіраваліся ў аэрапорт.

Але з такою высноваю Радзім відавочна паспяшаўся, – шмат хто, не дайшоўшы да аэрадрома, зварочвалі ўлева і заходзілі ў шырока расчыненыя вароты нейкага вялікага круглага збудавання, звонку падобнага на стадыён. Радзім спыніўся, спытаўся ў дурбуда:

– А гэта што за хароміна?

Той загадкава ўсміхнуўся і, не гаворачы нічога канкрэтнага, спытаўся:

– Хочаце паглядзець? Тады давайце зойдзем.

І ўсярэдзіне гэтая пабудова нагадвала стадыён. Вялікае зялёнае падстрыжанае поле, а вакол – трыбуны, звычайныя дашчаныя лаўкі, якія амфітэатрам узнімаюцца ўсё вышэй і вышэй.

Каля ўвахода Радзім заўважыў нешта незвычайнае: чалавек са злосцю, не шкадуючы, сцябае другога чалавека, а той, замест таго каб бараніцца, уцякаць ад яго, наадварот бяжыць услед за дратаванкаю, даганяе яе, на бягу хапае за кончык пугі, нюхае, прыціскае, шчаслівы, да вуснаў – нібы, удзячны за пісягі, цалуе свайго самага лепшага сябра.

Гэта было настолькі дзіўным, неспадзяваным, паводзіны абодвух – і таго, каго б'юць, і таго, хто б'е, – былі такія незразумелыя, таму ён, убачыўшы, што сам ні ў чым не разбярэцца, запытальна зірнуў на дурбуда.

– Гэта ў нас месца для экзекуцый, – не гледзячы на яго, адказаў дурбуд. – Тут караюць усіх, хто правінаваціўся.

Кат усё яшчэ сцябаў сваю ахвяру, а вінаваты, радасны і задаволены, даганяў пугу і цалаваў яе кончык.

З'яўляліся новыя людзі, яны ўпэўнена заходзілі на стадыён і дзелавіта рассаджваліся на лаўках – відаць, ім падабалася сачыць за гэтым глупствам.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю