355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Иван Сипаков » Падары нам дрэва » Текст книги (страница 3)
Падары нам дрэва
  • Текст добавлен: 8 октября 2016, 17:48

Текст книги "Падары нам дрэва"


Автор книги: Иван Сипаков


Жанр:

   

Прочая проза


сообщить о нарушении

Текущая страница: 3 (всего у книги 17 страниц)

Верхавод засяроджана слухаў яго. Нават не гледзячы ў той бок, Радзім адчуваў, што Оя спалохана назірае за ім, – так горача было яго твару.

– Канечне, – праз нейкі час, пасля доўгага роздуму, загаварыў Верхавод, – я не сумняваўся, што ты падорыш дрэва мне. І таму, разумееш, крыўдна, што выбраў ты не мяне. Але ведаючы, што кожная жанчына заўсёды заслугоўвае самага найлепшага падарунку, я дару табе і ўхваляю тваё рашэнне.

– Ваша Мосць! – нешта хацела запярэчыць Оя, але Верхавод не даў ёй дагаварыць.

– Так што прымай, о Цнатлівая Душа, варты цябе падарунак.

Ён зноў задумаўся, памаўчаў. Потым загаварыў весялей:

– Я спадзяюся, што гэтае дрэва не апошняе. Чамусьці веру, што вы ўдваіх навучыце нашу зямлю шчодра раджаць іх, а нашым людзям падкажаце, як гадаваць сады.

Зноў задумаўся, паглядзеў у акно. А правільней – на сцяну, бо ўся сцяна ў гэтым памяшканні і была акном. Радзім і сам зірнуў туды, куды глядзеў Яго Мосць, і здзівіўся, што шкло было празрыстае-празрыстае, хоць знадворку яно здавалася зусім непраніклівым і праз яго нічога не праглядалася.

– Ідзіце ж і засяляйце нашу зямлю дрэвамі! – Яго Мосць падняў рукі ўгору, нібыта вось зараз натхняў іх на працу. – Няхай яны дораць нам паветра, у якое мы можам паклікаць нават птушак, – тады і з імі нам не будзе цесна. Хай у нас будзе многа паветра, якім мы, адкрыўшы ўсе вокны і фрамугі, можам падзяліцца з пустыняю, што загнала нас пад шкло.

Оя ўстала з крэсла, падышла да Радзіма, і яны накіраваліся ўжо да выхада. Але нечакана зэмка ўзяла яго за руку, тарганула і азірнулася. Азірнуўся і ён – Верхавод стаяў усё ў той жа паставе і нешта гаварыў да іх. Дзяўчына перакладала:

– О, Вялікі Беларус, даруй, што я забыўся распытаць пра твой край і твой народ.

Адсюль, здалёку, ужо ад выхада было няёмка адказваць, і яны з Ояю зноў падышлі да трона.

– Наш край – багаты і цудоўны, а нашы людзі – шчырыя, працавітыя, сумленныя, спагадлівыя, дабрадушныя, даверлівыя. Але ім, скарыстоўваючы вось гэтыя цудоўныя якасці, увесь час не даюць працаваць, не даюць магчымасці жыць так, як яны хацелі б і маглі б. У нас ужо нават пачала з'яўляцца думка, што мы камусьці замінаем, што нехта хоча атруціць нас, вынішчыць…

Пачуўшы такое, Яго Мосць здзівіўся, апусціў галаву і доўга маўчаў. Потым загаварыў, але ўжо было відаць, што звяртаецца ён не да Радзіма, а да Оі. Дзяўчына не перакладала нічога з таго, што гаварыў ён.

Ужо калі яны, яшчэ раз развітаўшыся, выйшлі на вуліцу, Радзім спытаўся:

– Што ён гаварыў?

– Гэта ён да мяне звяртаўся. Прасіў як найхутчэй навучыць цябе нашай мове – яму вельмі цікава пагутарыць з табою пра тое, што ты толькі што згадаў.

Калі падышлі да турмы, убачылі вельмі шмат людзей, што сабраліся ля яе, – цікаўныя натоўпы разявак з усіх бакоў акружылі шкляны куб і, задраўшы галаву, зачаравана глядзелі на дрэва, якое, шырока раскінуўшы галіны, высока і вольна шумела ўгары. І дзіва дзіўнае, ветру ніякага не было – які там вецер пад шкляным дахам! – а яно шумела!

Оя, нешта гаворачы людзям, расчышчала праход для іх абаіх, і толькі дзякуючы гэтаму яны змаглі падысці да самай турмы.

Шкляны куб быў амаль поўнасцю раструшчаны дрэвам. Дзед Жыў пакуль што туліўся на сваёй палавіне шкляной вязніцы, але было відаць, што і тут яму не ўдасца ўседзець, – дрэва неўзабаве запоўніць сабою і гэтую прастору. Дзед Жыў быў усхваляваны, разгублены, і выходзіць адсюль, з турмы, ён ведаў, не мае права, і тым больш аставацца тут было ўжо не толькі недарэчна, але і небяспечна.

Дрэва пладаносіла! Яно было ўсыпана вялікімі, чырванабокімі, спелымі яблыкамі, якія аж згіналі галінкі,– яны былі такія прыгожыя, што аж здаваліся ненатуральнымі. Але дастаць да іх, каб адшчыкнуць, было немагчыма – такая высокая вырасла яблыня. Тады Радзім увайшоў у сваю вязніцу па шкле, якое хрупацела пад нагамі,– яно нападала, калі яблыня разламала сваёю кронаю шкляную столь, – падышоў да дрэва і падэшваю чаравіка моцна выцяў па ствале. Ствол не вельмі каб моцна, але ўсё ж завібрыраваў, затрымцеў, аднак крона страсянулася добра, і долу пасыпаліся спелыя яблыкі. Яны шпокалі на падлогу вязніцы, прабівалі шкло дзедавай вартоўні, і той адно толькі захінаўся рукамі, ратуючыся ад іх. Яблыкі падалі і па-за турмою, сыпаліся на галовы здзіўленых людзей, і тыя, напалоханыя, крыху адбегліся ад дрэва. Яблыкі былі такія спелыя, што большасць з іх разломваліся ад удару аб зямлю.

Яму нясцерпна, аж да звону ў вушах, захацелася яблыка! Ён нецярпліва нагнуўся, падняў вялікі крамяны плод і, абцёршы даланёю, спяшаючыся адкусіў ад яго ладны кавалак.

Яблык быў смачны-смачны – на Зямлі Радзім такіх смачных не сустракаў. Ён увесь быў вельмі сакаўны, і рот адразу ж напоўніўся прыемным вінна-салодкім сокам.

Радзім, не зважаючы ні на кога, спяшаўся есці – адкусваў памногу, глытаў непражаванае – такую насалоду ён меў ад яблыка. Калі з'еў увесь і, вытрасшы семкі, абсмактаў агрызак, тады толькі заўважыў, што за ім вельмі ўважліва назіраюць дзед Жыў і Оя, якія таксама зайшлі да яго ў вязніцу.

Радзім доўга не думаючы падняў два самыя прыгожыя яблыкі, што ляжалі побач, і, зноў жа абцёршы іх, падаў Оі і дзеду Жыву. Оя ўзяла свой адразу, а дзед доўга разглядаў яблык на Радзімавай далоні і ўсе ніяк не мог адважыцца прыняць яго.

– Еш, – усё яшчэ трымаючы перад дзедам руку з яблыкам, сказаў ён Оі.

Дзяўчына спачатку недаверліва глядзела на яблык, потым апасліва, баязліва, з асцярогаю ўкусіла яго, зморшчылася, пасмакавала, паплямкала вуснамі. Адкусіла яшчэ раз, і ён убачыў, як дзяўчына здзівілася: яна нават самой сабе не паверыла, што гэтае невядомае дзіва ёй спадабалася.

Оя таксама даела яблык да семак, выкалупала іх і абсмактала агрызак – усё рабіла, як і ён.

Дзед Жыў хоць і ўзяў з Радзімавай рукі яблык, есці яго не спяшаўся – спасцярожліва круціў у руцэ, разглядаў. А за ім напружана сачылі тысячы вачэй. І калі ён усё ж адкусіў яблык, пачалося штосьці неверагоднае.

Усе тыя, хто нядаўна, спалохаўшыся, адбегліся ад яблыні, зноў вярнуліся пад дрэва, кінуліся хапаць яблыкі і, выціраючы іх далонямі не горш за яго – сачылі, як рабіў гэта чужынец, – пачалі насцярожана, але з цікавасцю адкусваць іх. Пераводзячы позірк з твару на твар, Радзім бачыў, што яблыкі зэмам спадабаліся. Праз нейкі час яны ўжо з асалодаю храбусцелі імі, напоўніцу набівалі раты сакаўною смакатою і, адно выкідаючы цёмна-карычневыя семкі, з'ядалі ўсё засаб – нават агрызкаў не аставалася.

Яблыкаў на зямлі было многа. Радзім міжволі перавёў позірк на яблыню – цікава, а ці вісіць яшчэ на ёй што, ці, можа, усё пападала?

Дрэва аж чырванела ад пладоў: не было ніякага знаку, што ён абтрасаў яго.

Сярод амаль суцэльнага чырвонага колеру – аж лісця не відно! – ён не адразу заўважыў дзве рубінавыя крапкі ў кроне, але потым яго ўсё ж нешта насцярожыла, вярнула вочы назад, і ён, прыгледзеўшыся, напраўду ўбачыў на самай макавіне наручнікі Рубінавыя Ружы. Як яны трапілі на дрэва – загадка: ці то іх ускінуў хто на крону цяпер, ці то калі дрэва было яшчэ маленькае, яно само падчапіла іх галінкаю і, вырастаючы, узняло на такую вышыню.

Але адкуль яны з'явіліся тут? Яго ж Рубінавыя Ружы, якія здымаў з дапамогаю Оі сам Верхавод, засталіся там, у палацы. Значыць, гэта нечыя іншыя наручнікі? Чые?

А можа, іх тут, у гэтай турме, было двое? Для яго і для дзеда Жыва? Але ж ён ніколі нічога такога не бачыў у дзедавай вартоўні.

Абвёўшы яшчэ раз позіркам разламаную, раструшчаную турму, Радзім забедаваў – дзе ж ён зараз будзе жыць? Раней не турбаваўся пра гэта – хоць і ў вязніцы, хоць і шкляны, але ўсё ж у яго быў ложак. А дзе зараз прытуліць галаву, калі дрэва начыста зруйнавала, разбурыла яго турму?

І не паспеў ён так падумаць, як адразу ж з двух бакоў з'явіліся тыя самыя канвойцы, якія ўвесь час узнікалі тады, калі Радзіма трэба было некуды праводзіць, – яны як усё роўна і зараз падслухалі яго думкі. Заўсёды такія маўклівыя і засяроджаныя, строгія і недасяжныя, непахісныя, на гэты раз яны былі зусім іншыя: уважліва, нават лісліва зазіралі яму ў вочы, далікатна ўступалі месца перад сабою, шмат і ветліва гаварылі. Ён, дзівячыся гэтай перамене і гэтай увазе канвойцаў, спытаўся ў Оі:

– Пра што яны гавораць? Што іх так уразіла?

– Яны кажуць, што ты – вельмі вялікі чалавек, Яго Мосць таксама пасмакаваў ужо яблык, і ён яму вельмі спадабаўся. Хваліў цябе. Загадаў падабраць табе лепшы палац у краіне. Ён сам растлумачыў канвойцам, што ты цяпер ужо не нейкі там таля-маля, а паважаны ў краіне чалавек. І табе ўсюды будзе аказвацца самая высокая пашана – такая ж, як і яму. Яго Мосць, як ён і казаў, спадзяецца з тваёю дапамогаю выйсці за шкляныя сцены нашай турмы…

Канвойцы, запабягаючы перад ім, паказваючы рукамі дарогу, бо самі ішлі следам, павялі Радзіма ў новае яго жытло.

Шкляны куб, дзе месцілася вязніца, стаяў на самай плошчы, пасярод яе. Яны, абмінаючы яго, абыходзячы людзей, што былі на плошчы, накіраваліся на супрацьлеглы бок. Там, крыху ўглыбіш, віднеўся вельмі прыгожы, сабраны з фігурнага шкла дом, што быў пабудаваны з выдумкаю, з архітэктурнымі знаходкамі. Ён, такі дзівосны, стаяў на голай шэрай зямлі, і таму кожнаму было відно, як не стае яму зялёнай травы на падворку, шумлівых дрэў над шкляным дахам, а каля веснічак – якога-небудзь маленькага гаваркога ручайка.

Разам з ім у ягонае цяперашняе жытло зайшла і Оя – паласкавелыя канвойцы, якія ўсё яшчэ ветліва ўсміхаліся яму, засталіся на вуліцы, каля дзвярэй.

Дом быў прасторны, пакояў зашмат – хоць ты які інтэрнат стварай! – і агледзеўшы ўсё гэта бязмернае жытло, ён падумаў, як холадна і няўтульна будзе тут жыць. Спадабаўся больш-менш невялічкі пакойчык з нядрэнным відам на плошчу, дзе заўсёды віравалі людзі, з якімі, як яму здавалася, будзе не гэтак самотна: агарнуў сум – падыходзь да акна, і ты ўжо нібы далучаешся да тых, хто ходзіць па вуліцы, нібы блукаеш разам з усімі.

Радзім падвёў Ою да акна.

Яно было шырокае, на ўсю сцяну – па сутнасці, як і ў Ягамосцевым палацы, уся сцяна і тут была акном – і таму здавалася, што ты знаходзішся не ў хаце, а на вуліцы – адсюль усё было відно як на далоні.

Вечарэла. Плошча вакол яго былой турмы усё яшчэ была запоўнена людзьмі. Адны смачна храбусцелі садавінаю, другія цярпліва чакалі, калі ўпадзе менавіта ягоны яблык, – плады пераспелі і цяпер ужо ападалі самі. Адсюль, зверху, было добра відаць, як людзі, што былі бліжэй, хапалі яблыкі і адразу ж адыходзіліся ўбок.

А над усім гэтым, шырока раскрыліўшы галіны, узвышалася вялікае, магутнае, зялёнае-зялёнае дрэва – крона яго сягала аж за плошчу, і пераспелыя плады падалі нават на шкляныя дахі прыпляцавых дамоў.

Радзім паклаў руку Оі на плечы.

– Гэта ж тваё дрэва, – ціха прамовіў ён. – Я падарыў яго табе.

– А навошта мне?

– Дык ты ж прасіла. Памятаеш: «Падары мне дрэва»?

– А ты ведаеш, што сваёю няўвагаю вельмі пакрыўдзіў Яго Мосць. Гэта дрэва ягонае…

– Гэта дрэва тваё… – выдыхнуў Радзім і прыгарнуў Ою яшчэ бліжэй да сябе.

І ў гэты час з-за самай высокай галінкі яблыні выплыла штосьці невыразнае, падобнае на светлае воблачка, якое ўсё расло і расло, набліжаючыся да іх. Калі воблачка спынілася перад самым акном, Радзім пазнаў у ім Юлю – яна, нічога не гаворачы, адно толькі ківала галавою і з дакорам, з асуджэннем глядзела на яго.

Оя вяла сябе нязмушана, і яму спачатку падалося, што яна не бачыць гэтай відзежы, але, калі воблачка, змяніўшы абрысы, зацёршы твар Юлі, паволі пачало здаляцца, а затым і зусім знікла за зялёнаю кронаю яблыні, зэмка, нават не гледзячы ў той бок, спакойна, як пра штосьці даўно вядомае, сказала:

– Я ж табе ўжо тлумачыла: яна знаходзіцца ў зусім іншым вымярэнні і вы з ёю ніколі не зможаце сустрэцца. Тое, што ты бачыў, гэта не Юля, гэта ўсяго толькі штамп яе. Разумееш, матрыца… – Сцепануўшыся як ад холаду, яна дадала: – Я пайду ўжо… А ты адпачывай. Натаміўся ж за дзень…

І выйшла з пакоя.

Ён яшчэ крыху пастаяў ля акна, паглядзеў на дрэва – яму здалося, што ён увачавідкі бачыць, як яно расце і шырыцца, – нават падумаў, што хутчэй за ўсё заўтра галіны дастануць да яго шыбін, а пасля разабраў ложак, які стаяў менавіта ў гэтым пакоі, і, стомлены, змораны, лёг спаць. Ложак тут ужо быў не шкляны, гэта яму спадабалася, і ён, нічога не асцерагаючыся, зручней умасціўся на ім і адразу ж заснуў.

Прачнуўся Радзім рана – разбудзілі галіны, якія і напраўду дараслі да акна і ўжо шкрэбліся ў шыбы. Ён пругка ўскочыў з ложка і падышоў да акна. І адразу аслупянеў. Плошчы не было! На яе месцы віравала зеляніна, там, унізе, буйнелі такія густыя і непралазныя зараснікі, з-за якіх нават не відно было людзей, – ці то зеляніна хавала іх, ці то яблыневы гушчар начыста выцесніў з пляца зэмаў – усіх да чалавека.

Ён спяшаючыся апрануўся і выскачыў з пакоя, каб бегчы хутчэй на плошчу. І нечакана ледзь не збіў з ног Ою – яна выходзіла з суседняга пакоя.

– І ты начавала тут? – здзіўлена спытаўся ён.

– Ага, – сціпла адказала дзяўчына.

І, бачачы, што Радзім нічога не разумее, патлумачыла:

– Яго Мосць загадаў і мне жыць у тваім шыкоўным палацы…

І каб ён не падумаў чаго-небудзь лішняга, сарамліва апусціла вочы долу:

– Ён хоча, каб ты хутчэй навучыўся нашай мове…

– Хадзем! – не даўшы Оі дагаварыць, хлопец, узрушаны тым, што нядаўна ўбачыў, схапіў зэмку за руку і зноў пацягнуў за сабою ў пакой, да акна. – Зірні, што робіцца!

Мора зеляніны шумела над плошчаю. Не было відно і турмы – яна таксама патанула ў гэтым віры жыцця. Нават асабліва не задумваючыся, было зразумела, адкуль з'явіліся такія джунглі – гэта папрарасталі тыя семкі, якія шчыра выкалупвалі зэмы з яблыкаў і абыякава кідалі пад ногі, на зямлю.

Што тут рабілася! Дрэвы ўзыходзілі, раслі, цвілі, пладаносілі. Яблыкі асыпаліся, разбіваліся аб зямлю, тут жа прарасталі і зноў раслі, цвілі, пладаносілі.

І дрэвы, і зямля нібы пазвар'яцелі: яны засумавалі, стаміліся адно без аднаго і цяпер апантана цешыліся з таго, што нарэшце разам.

Оя ўзрадавана глядзела на неўтаймоўны яблыневы сад, на зялёныя джунглі ўнізе, а ён спалохаўся: гэта ж катастрофа, якая скінецца такой жа самаю, а можа, яшчэ большаю бядою, чым тая, на якую асудзілі зэмаў таля-малі – дрэвы ж пры такой урадлівасці зямлі і спрыяльнасці клімату могуць так бескантрольна распладзіцца, што выжывуць нават людзей!

І тады ўвесь іх шкляны рай хрусне і асыплецца друзам, як ужо хруснула турма на плошчы толькі ад аднаго дрэва. А хіба шкло ўтрымае такі напор зялёнага хларафілу?

– Хадзем хутчэй туды! – Радзім зноў схапіў Ою за руку і хацеў бегчы разам з ёю на плошчу, але яна заўпарцілася.

– Навошта? Ты ж падарыў мне дрэва, а значыць, і ўсё, што ля яго вырасла. Дай палюбавацца зелянінаю…

– Оя, разумееш, гэта страшна.

– Страшна? Што ты – гэта прыгожа.

І ўсё ж, як яна ні ўпіралася, ён сілаю пацягнуў яе са шклянога палаца.

На плошчы адбывалася нешта неверагоднае. Увачавідкі раслі дрэўцы – яны аж шуршалі, сутыкаючыся, змешваючыся кронамі, лісцем. Адусюль да плошчы спяшаліся людзі, яны хапалі, выдзіралі з зямлі дрэўцы і, не атрасаючы карэнне ад зямлі, беглі ў розныя бакі, каб як мага хутчэй пасадзіць іх ля сваіх хат і сядзіб. Ён бачыў, з якой прагавітасцю глядзелі людзі на зарослую плошчу, на тыя дрэўцы, якія неслі ў руках, і пачынаў разумець, як засумавалі зэмы па зеляніне.

Людзі вырывалі, выкопвалі дрэўцы, як крадучыся, – быццам разумелі, што робяць нешта небяспечнае, што самі нясуць дадому сваю бяду: яны ж, калі разрастуцца, патрушчаць і хаты, і хлявы, запалоняць, як пустазелле, усе гарады і сцежкі, узламаюць вуліцы.

Ён з жахам уявіў сабе нават заўтрашнюю раніцу – прачнуцца людзі, а з хат выйсці не змогуць: дзверы не адчыніць – за адну ноч дрэвы зробяць іх вязнямі ў сваіх жа хатах.

Напалоханы гэтымі думкамі, ён з краю няўцямна пачаў затоптваць у зямлю, вырываць дрэвы, якія яшчэ былі кволыя і мяккія, як трава, – нібы збіраўся палоць сад.

– Што ты робіш?! – закрычала на яго Оя. – Не чапай!

Ён і сам разумеў, што вядзе сябе недарэчна, – хіба так уратуеш зэмаў ад бяды?!

Зніякавеў, пакінуў займацца глупствам, спытаўся:

– Слухай, а дзе дзед Жыў!

– Вой, – войкнула дзяўчына, – ён жа ў турме застаўся. – Радзім адчуваў, што і яе пачала апаноўваць трывога. – Можа, яго дрэвы задушылі… Хадзем вызваляць!

Шкляной турмы ўжо не было відаць і адсюль – месца, дзе яна стаяла, паглынула зеляніна. І ўсё ж Радзім, нічога не адказаўшы Оі, моўчкі пачаў прадзірацца праз гушчар – помніў, у якім баку трэба яе шукаць. За ім, адхінаючы галінкі, якія заміналі, ішла Оя.

Прадзіраліся яны доўга і цярпліва. Але калі падышлі блізка, не пазналі нават таго месца, дзе стаяла турма. Шклянога дома ўжо не было, яго начыста раструшчылі дрэвы.

Ледзь адшукалі яны і дзеда Жыва. Ён, мусіць, напіўшыся горкай вады, спакойна спаў пад лісцём у вузенькім праходзе між маладых дрэўцаў, што выраслі з яго ж семкаў, якія ён сам выкалупваў з агрызкаў. Радзім і Оя доўга расхіналі ўсюды лісцё – так шукаюць на градах агуркі,– пакуль, нарэшце, не ўбачылі старога.

Доўга будзілі яго, доўга ён, заціснуты дрэвамі, крэкчучы і нешта бубнячы сабе пад нос, выбіраўся з цеснага ложа, доўга тлумачыла яму Оя, што тут заставацца надалей небяспечна, а ён, паказваючы на зеляніну, пярэчыў, штосьці задаволена даказваў і смяяўся – відаць, ён, як яшчэ нядаўна і сама дзяўчына, не верыў, што дрэвы, якіх яны столькі чакалі, могуць прынесці ім шкоду.

І ўсё ж дзед Жыў пайшоў услед за імі. Папярэдне, праўда, ён вярнуўся да свайго лежыва, апусціўся на калені, доўга мацаў рукамі, шамацеў у лісці, пакуль не знайшоў конаўку з горкай вадою. І толькі пасля гэтага ён устаў з каленяў і пачаў даганяць іх.

На ўскраіну яблыневага лесу яны выйшлі той жа самаю сцежкаю, якую толькі што праклалі самі і якая не паспела зарасці зноў.

Куды падзець дзеда Жыва, Радзім нават не задумваўся – канечне ж, ён будзе жыць разам з імі ў палацы, які падараваў яму сам Верхавод. Хоць ён і разумеў, што гэты прытулак таксама для ўсіх іх часовы, – яблыневы сад дарасце і да палаца і, вядома ж, раструшчыць і яго…

З палаца, з таго самага пакоя, з якога вельмі добра відна плошча, Оя, а разам з ёю і дзед Жыў захопленымі вачамі глядзелі на дрэвы, любаваліся зелянінаю, а ў яго ўсё большала і большала трывога і нават з'яўляліся роспач, безвыходнасць: трэба нешта рабіць, трэба ратаваць ад дрэў людзей і зямлю. Яны ж зараз захопяць усю прастору, праб'юць сваімі верхавінамі шкляную столь, выпусцяць на волю, у нежыццёвую пустыню такое патрэбнае тут, у зашклёнай зямлі, паветра. І народ загіне!

«Што рабіць?! Нешта ж трэба рабіць. Нейкае выйсце ёсць», – ліхаманкава думаў ён, але галава была як парожняя і нічога вартага ў ёй не з'яўлялася.

– Чаму ты не радуешся? – убачыўшы яго заклапочанасць, спыталася Оя. – Ты ж падарыў нам тое, пра што мы марылі стагоддзямі. Дрэвы! Зеляніна! Сад! Дзякуй! – і, прыгарнуўшыся да яго, ласкава пацалавала ў шчаку. – Радуйся!

І тут жа да Радзіма кінуўся дзед Жыў. Стары абедзвюма рукамі ціснуў яму рукі, трос іх – відаць, і ён дзякаваў за такі цудоўны падарунак. Рукі ён трос Радзіму, але гаварыў да Оі. Яна перакладала.

– Дзед гаворыць, што трэба адразу ж ісці да Яго Мосці і прасіць, каб падымаў народ на вельмі вялікую справу. Трэба, каб людзі неслі яблынькі не да сваіх хат, не сабе пад вокны, а каб выносілі за шкляныя сцены, у мёртвую, нежывую пустыню і там саджалі іх. Няхай растуць! Ажыве пустыня, стане, як і раней, зялёнаю, і нам тады не спатрэбяцца ні вось гэтыя шкляныя сцены, за якія загнала нас бяда, ні гэтая цесная прастора, якая зрабілася нашаю вязніцаю…

«Божа мой! Гэта ж тое, што трэба – выйсце! – падумаў Радзім. – І як жа я сам не дадумаўся да такога! Яно ж, гэтае рашэнне, ляжала на паверхні. Дзякуй, дзед Жыў! Ты выратаваў сябе, а заадно і мяне. Уяўляеш, што б зрабілі са мною зэмы, калі б шкляны горад хруснуў, як цацачны, а дрэвы пачалі душыць людзей?!»

Цяпер жа яму знайшоўся паратунак: нават калі дрэвы раструшчаць шкляны горад, людзі застануцца жыць. Яны выйдуць у пустыню, дзе ўжо тыя ж дрэвы зробяць чыстае паветра.

Усяго гэтага ён не сказаў, а толькі падумаў. Узрадаваны, што выйсце знойдзена, схапіў Ою за абедзве рукі.

– Пайшлі!

– Куды?

– Да Яго Мосця. Няхай хутчэй дазваляе людзям выходзіць з дрэвамі за сцены горада. «Усе на азеляненне пустыні!» – як не крыкнуў ён нешта падобнае на лозунг роднай зямлі, і Оя паглядзела на яго, як на дзівака.

Дзед Жыў, здаецца, нават не заўважыў, што яны зніклі,– ён заварожана глядзеў у акно і сам сабе ўсміхаўся.

Яны збеглі на першы паверх і каля выхада зноў заўважылі тых самых канвойцаў, якіх Яго Мосць падарыў яму як сяброў. Цікава, калі заходзілі сюды, ахоўнікаў яны не бачылі – мусіць, некуды адлучаліся.

Каля іх ужо стаяла нешта падобнае ці то на аўтамабіль, ці то на ракету. Два стаеннікі, запрэжаныя ў калясніцу, нецярпліва білі капытамі – яны гатовыя былі везці ракету ў любым накірунку.

– Што гэта такое? – спытаўся Радзім.

Оя, паказаўшы вачыма на цыгарападобную машыну, загаварыла штосьці да ахоўцаў. Тыя, ветліва ўсміхаючыся ёй, штосьці адказвалі – былі сама ўвага і далікатнасць. Гэта, здаецца, падабалася дзяўчыне – у адказ ім яна ўсміхалася таксама. Праз нейкія час Оя патлумачыла:

– Яго Мосць падарыў табе самаход. Такі ж, як і ў яго самога.

– А навошта ён мне?

– Дык гэта ж зручна.

– Дзякуй. Але я люблю хадзіць пешкі,– усміхнуўся ён і сказаў: – Пайшлі!

Аднак канвойцы-ахоўнікі рашуча заступілі яму дарогу. Яны не дазвалялі прайсці і ветлівымі жэстамі запрашалі ў машыну. Радзім прасіў Ою растлумачыць ім, што яны пойдуць да Яго Мосця пешкі, што на такой доўгай машыне, ды яшчэ з коньмі нязручна круціцца па вузкіх і кароткіх, вуліцах, але ахоўцы былі непрыступныя – толькі на машыне, толькі на машыне…

З імі згаджалася і Оя.

– Разумееш, – разважала яна, – Яго Мосць падумае, што ты не паважаеш яго, грэбуеш падарункам, які ён зрабіў табе ад шчырага сэрца. Давай першы раз з'ездзім у палац, пакажам, што мы прынялі яго падарунак, а потым будзем хадзіць, а гэтая цыгара няхай стаіць у нас пад вокнамі.

– А коні?

– Пра коней няхай яны думаюць, – паказала Оя на ахоўцаў.

Дзяўчына ўгаварыла яго, і ен хоць і з вялікаю неахвотаю, але ўсё ж згадзіўся лезці ў машыну.

Машына была для гэтага шклянога горада завельмі шыкоўная. Адзін ахоўнік сеў за руль, даруйце, за лейцы, другі гэпнуўся побач з ім, а Радзім з Ояй сціпла ўладкаваліся на прасторным заднім сядзенні – месца там хапіла б і яшчэ для дваіх, такіх як яны, пасажыраў.

Ахоўнік адною рукою – другая ляжала на стырне – тузануў лейцы, коні паціху пайшлі, машына, як усё роўна завялася, нячутна кранулася з месца і, прымінаючы коламі парасткі новых яблынь, якія падыходзілі ўжо да самага ганка, няспешна выруліла на вуліцу.

Вуліца таксама паспела зарасці маладзенькімі яблынькамі. Яны сцябалі па бамперы, шаргаталі па днішчы, згіналіся, але не ламаліся і ззаду, адразу ж за коламі, як гумавыя, выпрамляліся зноў.

На вуліцах быў вялікі рух, і таму ахоўцы не вельмі разганялі коней, каб выпадкам каго-небудзь не падбіць. Людзі мітусіліся, хадзілі туды-сюды: хто кіраваўся яшчэ толькі на плошчу, а хто ўжо, шчаслівы, бег адтуль з маленькім дрэўцам.

Зэмы заўважалі яго, пазнавалі, задаволена ўсміхаліся і ветліва махалі яму рукамі – як усё роўна якой славутасці ці самому Верхаводу. А ён саромеўся гэтай увагі і не адказваў на прывітанні.

Оі ж гэта падабалася. Ён зірнуў адным вокам на яе задаволены твар, і яму стала радасна за яе: ці многа чалавеку трэба, каб быць шчаслівым!

І раптам Радзім, яшчэ нічога не разумеючы і не бачачы, адчуў, што машына спынілася, стаіць на месцы. Яму напачатку здалося, што гэта нехта з асабліва шчырых прыхільнікаў кінуўся над самыя колы, каб выказаць прышэльцу сваю ўдзячнасць, а ахоўцы затармазілі, баючыся на каго-небудзь наехаць. Але перад машынаю нікога не было, а тыя зэмы, што ішлі наўзбоч, таксама спыніліся, параскрывалі раты і са здзіўленнем назіралі, што тут адбываецца.

Радзім вачыма пашукаў коней, аднак каля машыны іх не ўбачыў – яны, адпрэжаныя, валакучы за сабою лейцы, ішлі ўжо вольна далёка наперадзе: хто іх і калі выпраг – невядома.

Нечакана цыгарападобная калясніца, у якой яны сядзелі, нібы натурлівы конь, узвілася, стала на заднія колы. Пад машынаю нешта зашыпела, загуло, і не паспеў Радзім апамятацца, як ужо зразумеў, што яны ляцяць проста ўгору пад самую столь.

Адразу ж наперадзе ў іх, перад ветравым шклом, штосьці залопала, зашуршэла, нібыта раскрываўся які парасон. Той жа час вачам стала цёмна, як усё роўна іх нешта засланіла. Хутчэй за ўсё гэтае «нешта» лёгка прабіла шкляную столь – Радзім паспеў схаваць галаву сам, а Оіну прыгнуў адзін з канвойцаў – і яны выразна пачулі, як па парасоне залопалі кавалкі разбітага шкла, як тыя са звонам пасыпаліся на зямлю.

Як толькі ракета вырвалася з-пад шклянога даху, яна адразу ж прыняла гарызантальнае становішча, па баках у яе з'явіліся элегантныя срабрыстыя крылы, якія шырыліся ад самага ветравога шкла, і павольна, нібы ў беспаветранай прасторы, паплыла над нежыццёваю пустыняю.

Радзім і Оя, бледныя, напалоханыя, сядзелі ціха, не варушачыся. Абодва ахоўцы цяпер, здаецца, не звярталі на іх ніякай увагі – былі занятыя палётам, напружана сачылі за прыборамі, і таму толькі той, што быў побач з пілотам, зрэдзь калі кідаў позірк у іх бок, каб пераканацца, што яны сядзяць на месцы, пакуль што не выпалі і не згубіліся.

– Спытай у іх, куды мы ляцім, – як прайшоў крыху спалох, папрасіў ён Ою.

Але ўбачыўшы, што зэмка сядзіць ні жывая і ні мёртвая і не можа з пераляку нават вымавіць слова, змоўк і сам і з нейкім лёгкім галавакружэннем пачаў разглядаць шэрую і нецікавую пустыню, якая, нежыццёвая і непрывабная, паволі праплывала пад імі.

Азірнуўся назад. Убачыў, як здаляецца ўпісаная ў горы і ў пустыню вялізная цяпліца, пад якой – цэлы горад, а магчыма, і не адзін, а некалькі гарадоў, уся краіна. Адсюль, здалёку, ужо добра акрэсліваліся нейкія шары, кубы, сферы, паўсферы, рашэцістыя дахі, якія зблізку, пад шклом, нельга было разгледзець.

Падумаў, што калі б хто-небудзь з зямлі вось зараз мог убачыць іхні палёт, яго, канечне ж, здзівіла б прыстасаванне, на якім яны ляцелі: аўтамабіль, з самымі сапраўднымі коламі, што бездапаможна вісяць у паветры, але ён ужо, як птушка, махае крыламі, абапіраючыся на разрэджанае паветра, а спераду, нібы наморднік, узбіўся на радыятар стальны парасон, з дапамогаю якога ракета прабівала шкляны дах.

Аднак ніхто з зямлі іх не бачыў,– пустыня пад імі была бязлюдная, нежыццёвая: ніводная казяўка ўнізе не парушала дрымотнага спакою пяску. Упасці на яе было страшна.

Тым часам пілоты дасталі адтуль, дзе ў машынах звычайна бываюць запальнічкі для прыкурвання, маленькае перагаворнае прыстасаванне, па чарзе з некім ажыўлена перамаўляліся, заклапочана нешта абмяркоўвалі. Радзім хацеў быў спытацца ў Оі, пра што яны гавораць, але ўбачыўшы, што дзяўчына ўсё яшчэ не прыйшла ў сябе, сядзіць, нібы сонная, не стаў яе чапаць.

Праз нейкі час ракета пачала зніжацца. Спачатку Радзім падумаў, што, можа, выявіліся якія непаладкі і чакаецца змушаная пасадка, але ўбачыўшы, як спакойна маніпуліруе рычагамі і нейкімі тумблерамі пілот, зразумеў, што зніжаюцца яны свядома.

Нарэшце ракета дакранулася коламі да зямлі, праехала крыху па нечапаным пяску і зарылася носам у высокі пясчаны бархан. Пілоты, былыя канвойцы, а цяпер ахоўцы, моўчкі выйшлі з машыны – лятальны апарат стаў ужо зноў звычайнаю машынаю, нават крылы пахаваў,– адышлі далей у цень ад бархана, паслалі нейкую латніну пад сябе і ўлегліся на пясок.

Раскатурхаў і ён Ою. Яны таксама вылезлі з машыны.

Бязлітасна пякло сонца. Пясок быў гарачы, і ад яго дыхала такою спёкаю, што гарачыня, як ватаю, забівала рот. Не было чым дыхаць: і паветра разрэджанае, і сквар невыносны.

Радзім з Ояю таксама адышліся пад бархан, у крыху прыцененае месца. Ахоўцам стала не відаць іх, і яны заварушыліся, не выходзячы асабліва з ценю, пасунуліся, каб захопленыя былі навідавоку – хоць адсюль, канечне ж, нікуды не ўцячэш, але ўсё ж спакайней, калі бачыш украдзенае.

Сквар быў неймаверны, яму хацелася зняць сарочку, але ён не рабіў гэтага – ведаў, што сонца тады сасмаліць, спячэ зусім.

Злодзеі – ён ужо разумеў, што яго зноў укралі, толькі не ведаў навошта – ляжалі пад барханам і, раз-пораз пазіраючы ў іх бок, спакойна, ціхамірна гаманілі, смяяліся.

Оя, здаецца, ачомалася, зразумела, што з імі здарылася, але сядзела на пяску і, абыякава гледзячы ў пустыню, здавалася, ні на што не звяртала ўвагі. Радзім жа бачыў, што яна ўважліва слухае выкрадальнікаў. Каб не перашкаджаць ёй, прыхінуўся да бархана, сядзеў ціха і маўчаў. І толькі калі пясок зверху тоненькім ручайком нечакана пацёк яму за каўнер, паварушыўся, і гэта нібы абудзіла Ою. Яна павярнулася да яго.

– Ведаеш, пра што яны гавораць? Гэта ж таля-малі. Разумееш, то ж трэба так спрытна прыкінуцца зэмамі, што нават Яго Мосць паверыў у гэта і ўзяў да сябе на службу. Зараз яны наўзахапкі расказваюць адзін аднаму, як абдурылі нас, пацяшаюцца над Яго Мосцю.

Оя гаварыла гучна, – не баючыся, што таля-малі яе пачуюць. А калі і пачуюць, усё роўна нічога не зразумеюць: беларускай жа яны не ведаюць.

– Слухай, а давай мы будзем вучыць тваю мову, – нечакана прапанаваў Радзім. – Усё роўна ж няма чаго рабіць.

Але Оя не згадзілася.

– Не час, хлопча, – ледзь перавяла яна дыханне.

Гаварыць ёй было цяжка, яна задыхалася – разрэджанае паветра сушыла ў роце, яго не хапала, а гарачыня, якая дыхала ў твар ад распаленага пяску, здаецца, абпальвала горла, набівалася ў лёгкія, закладала бронхі. І яму цяжка было дыхаць, ён таксама задыхаўся. Радзіма пачынала апаноўваць падсвядомая трывога. Зірнуў у той бок, дзе ляжалі людзі, што выкралі іх і прывезлі ў гэтую пустыню, – яны і самі задыхаліся, хапалі ратамі паветра, як рыба, выкінутая на бераг. Ізноў падумалася, што самаход іхні сапсаваўся, што яны змушана селі ў гэтае пекла пяску, памагчы ім няма каму, і таму, відаць, так і давядзецца тут паміраць – сонца высушыць іх, пясок засыпле трупы і толькі вось гэтая дзіўная ракета-аўтамабіль, нібы нейкі вар'яцкі помнік, яшчэ доўга будзе паказваць тое месца, дзе яны пахаваны, пакуль і на яе, нарэшце, не наступіць які-небудзь бліжэйшы бархан.

Яму хацелася хоць чым-небудзь дапамагчы Оі, але як гэта зрабіць, ён не ведаў. Што можна знайсці для дапамогі тут, дзе, апрача пяску, нічога няма?!

Пасунуў дзяўчыну яшчэ далей у цень і, пальцамі асцярожна дакранаючыся да яе вуснаў, хацеў зняць пясчынку, што прыліпла да верхняй губы. Оя не адсланілася, а наадварот падалася наперад, пацерлася вуснамі аб яго пальцы, а затым даверліва прыхінулася гарачаю шчакою да Радзімавай далоні, нібы шукала спагады і абароны.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю