355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Иван Сипаков » Падары нам дрэва » Текст книги (страница 7)
Падары нам дрэва
  • Текст добавлен: 8 октября 2016, 17:48

Текст книги "Падары нам дрэва"


Автор книги: Иван Сипаков


Жанр:

   

Прочая проза


сообщить о нарушении

Текущая страница: 7 (всего у книги 17 страниц)

– А ты ведаеш, што гэта твая заслуга? – крыху падумаўшы, спытаўся Радзім.

– Не ведаю, – адказала Оя. – Ды і ты нічога не выдумляй. Пры чым тут я?

– А пры тым, што ты задушыла Цмока. Ведаеш, чаму не прарасталі семкі? Цмок высмоктваў добрае паветра з Талямаліі, а туды напампоўваў аднекуль мёртвае, забруджанае, атручанае. Ці то вось з гэтага Жалезнага Хаосу, ці, можа, яшчэ адкуль. А як толькі Цмока не стала, зярнятам і парасткам знайшлося чым дыхаць. Вось яны і ўзяліся расці…

– Як бы яно ні было, аднак цябе, як героя, хочуць вярнуць у Талямалію. За табою паслалі ўжо транспарт. Спадзяюся, не той драндулет, на якім прывезлі нас сюды?

Радзім не адказаў на яе насмешку. Усміхнуўся сам:

– Добра, добра, няхай ляцяць. Я ім якраз пакажу сапраўдную гераіню.

– Цёмна ж – не ўбачаць…

– А мы на хвіліну рубільнік уключым.

– Паслухай… – нешта хацела яна сказаць яшчэ, але ў скафандры раптам затрашчала, зашумела, запікала, і Оін голас пачаў прападаць, а неўзабаве і зусім знік.

Радзім штосілы крычаў у свой мікрафон: «Оя! Оя!», але яна не адказвала, маўчала – значыць, яе перамоўнае прыстасаванне і напраўду сапсавалася.

Ён пачаў бязладна націскаць на ўсе кнопкі скафандра і нечакана натрапіў сам на нейкую размову – гэта, як зразумеў ён пасля, перагаворваліся тыя таля-малі, што ляцелі менавіта па іх.

«Хутка будзем над Хаосам. А дзе нам іх шукаць, ты не ведаеш?» – пытаўся адзін.

«Відаць7 там, дзе скінулі,– каля рубільніка», – адказваў яму другі.

«А ты думаеш, яны там будуць сядзець? Канечне ж, не. Тым больш што нехта з іх ужо дабраўся да Вялікага Цмока».

«Тады паляцім адразу да Цмока».

«Паляцім… Паляцім… А навошта было спяшацца везці іх на Жалезны Хаос, абвінавачваць у забойстве дрэў? Робім абы-што! То ворагі народа, то героі народа… Смешна! Усюды транспаранты, плакаты, лозунгі… «Хвала нашым героям!» А можа, тых герояў і ў жывых ужо няма. Глупства ўсё гэта!»

«Кінь балбатаць! Мы павінны вярнуць Талямаліі яе герояў».

Радзім раздражнёна выключыў кнопку, што была ля самага вуха. Папстрыкаў іншымі, шукаючы Оін голас, але яна маўчала, не абзывалася.

Пакрычаўшы яшчэ ў мікрафон, ён махнуў рукою і пайшоў шпарчэй – наколькі дазваляла нагрувашчанае жалеза.

Ішоў і думаў, што таля-малі, якія ляцяць па іх, ужо зусім блізка, яны будуць шукаць яго і Ою ці каля рубільніка, ці каля Цмока, і яму трэба спяшацца, каб паспець туды да іхняга прылёту.

І раптам пачуўся нейкі дзіўны гук – як усё роўна нехта ўздыхнуў, з асалодаю, на поўныя грудзі ўцягнуў паветра і, патрымаўшы яго ў роце, з шумам выдыхнуў назад. Праз нейкі час усё паўтарылася, і Радзім адразу ж, не вельмі задумваючыся, зразумеў, што гэта наноў ажыў і пачаў дыхаць на ўсю моц Вялікі Цмок.

Дыханне было вельмі выразнае, Цмок дыхаў ужо недзе зусім побач, і ён пайшоў на гэты шум.

Радзім ведаў, што Цмока, канечне ж, уключыла Оя, каб яму лягчэй было знайсці яе. Уяўляў, як узрадаваўся тут, на Хаосе, яго знаёмы робат і як засмуцілася ўся Талямалія, калі зразумела, што іх вораг зноў ажыў і крадзе, смокча, як і раней, іхняе паветра.

Цікава, а што гавораць пра гэта самі таля-малі?

Ён уключыў ужо знаёмую кнопку каля вуха і якраз натрапіў на перамовы тых, хто па яго ляцеў, з тымі, што засталіся на аэрадроме ў Талямаліі.

«Сітуацыя змянілася, – папярэджвалі з аэрадрома. – Яны ажывілі Вялікага Цмока. Парасткі гінуць».

«Значыць, яны зноў не героі, а нашы ворагі? – з'едліва ўдакладнялі з карабля, – відаць, той жа самы пілот, які перад гэтым здзекваўся са сваіх талямаляўскіх парадкаў.

«Усё можа быць».

«А нам што рабіць?»

«Ляцець. Выконваць заданне».

«Дык яны ж ворагі народа!»

«Ляціце і разбярыцеся на месцы. Калі што – вырашайце самі. А то яны, пакуль памруць сваёй смерцю на Хаосе, могуць яшчэ нам столькі клопатаў нарабіць».

Пачалі стукаць зубы – ці то ад страху, ці то ад холаду. Радзім выключыў кнопку і пайшоў хутчэй – трэба спяшацца, таля-малі ляцяць ужо недзе над Жалезным Хаосам.

І якое ж было яго здзіўленне, калі, ідучы на шум Цмока і нейкае бразгатанне жалеза, ён нарэшце ўбачыў – хутчэй здагадаўся, чым убачыў,– што Оя сядзіць на зямлі і клепіць, здаецца, па сваёй назе нейкаю жалезінаю.

– Оя, што ты робіш?

– Самавызваляюся, – мікрафон яе ўсё яшчэ не працаваў, але Радзім пачуў прыглушаны скафандрам голас дзяўчыны.

– А гэта не ты ўключыла Вялікага Цмока?

– Не. Ён сам уключыўся. Відаць, таму, што я вельмі хацела гэтага.

Радзіму зрабілася няёмка: замест таго, каб узрадавацца, што ўрэшце знайшоў дзяўчыну, ён адразу пачаў размову пра справы. Каб хоць трошкі павініцца, хоць і запознена, сказаў усё ж:

– Оя, я рады, што мы сустрэліся. А што гэта ты робіш?

– А хіба ты не бачыш? Нагу вызваляю.

Ён, канечне ж, у цемры нічога не бачыў, таму прамаўчаў.

– Разумееш, нейкі вельмі жывучы робат трапіўся. Я адну яго руку развінціла, – і Оя паклала Радзіму ў далонь халодныя і крыху макраватыя жалязякі – мусіць, пальцы робата. – А ён тады напружыўся і другою, неразабранаю рукою ўхапіў мяне зноў за нагу.

– Дык ён жа мёртвы, – хлопец высыпаў сабе пад ногі робатавы пальцы.

– Але ж бачыш, нейкім чынам змог назапасіць столькі энергіі.

– Ой, давай я табе хутчэй памагу, – спахапіўся Радзім, забраў з Оіных рук жалеза і пачаў абмацваць робатаву руку, шукаючы, як яе раскруціць.

І раптам Радзім у жаху адхапіў рукі – адчуў, як напружваецца жалеза. І той жа момант робат прыўзняўся ад зямлі і памкнуўся кінуцца да яго. Але тут жа абмяк, расслабіўся і заціх – відаць, гэта выходзілі апошнія астаткі акумуляванай энергіі.

Пасля гэтага Радзім ужо лёгка вызваліў Ою. Знайшоў шрубок, які сам сабою крыху адвінціўся, і разабраў другую руку робата. Калі яна бязвольна бразнулася на зямлю, ён прыняў з ног дзяўчыны тое жалеза, што асталося, і міжволі, ведаючы, як зацяклі яе ногі і як яны захаладалі, далікатна дакрануўся да іх, пачаў гладзіць і размінаць. Адчуў, як страпянулася і Оя, але раптоўна ўспомніўшы, што па іх ужо ляцяць таля-малі, ускочыў на ногі сам, падаў дзяўчыне руку, дапамог ёй падняцца.

– Оя, у нас няма часу. Сітуацыя змянілася, амаль словамі тых, што шукалі іх, загаварыў ён. – Нам трэба адсюль ратавацца. І як мага хутчэй.

– А што здарылася?

– Нас не павязуць у Талямалію як герояў, а пакараюць тут – як злачынцаў.

– Чаму?

– Таму што ўключыўся Цмок. І загінулі парасткі. Яны лічаць, што гэта зрабілі мы. Дарэчы, а як уключыўся Цмок? Пайду выключу яго зноў.

– Навошта?

– Няхай і ў Талямаліі растуць яблыні,– адказаў Радзім і накіраваўся да Цмока.

Падышоўшы, ніяк не мог знайсці рубільніка, бо ўпоцемку, навобмацак натрапіць на яго было амаль немагчыма. Пашкадаваў ужо, што падахвоціўся зрабіць гэта без Оі – яна ж выключала, яна ведае, дзе што шукаць, – але адступацца і клікаць на дапамогу не хацелася, таму ён моўчкі шукаў сам.

Вырашыў абысці Цмока кругом – можа, той выключальнік якраз знаходзіцца з другога боку. І не паспеў зрабіць колькі крокаў, як нейкая неадольная сіла падняла яго з зямлі і імкліва панесла наперад. Спачатку ён ніяк не мог зразумець, што і куды яго нясе, і толькі, калі сіла гэтая аслабла і ён плюхнуўся на дно нейкай аграмаднай жалезнай пашчы, здагадаўся, што трапіў якраз ў плынь вакуумнай устаноўкі, і Цмок, як яму здалося, з радасцю засмактаў яго.

На дне пашчы было ліпка ад мазуту, зверху на Радзіма штосьці падала, капала, даўка пахла разагрэтым машынным маслам – так звычайна пахне на вялікіх заводах, – а ён ляжаў і думаў, як адсюль выбрацца.

Але Цмок неўзабаве сам з той жа радасцю, з якой і заглынуў хлопца, выплюнуў яго – тая ж сіла падняла чалавека і выкінула ў цемру. Радзім хацеў хутчэй падхапіцца на ногі і што ёсць сілы ратавацца, бегчы куды-небудзь, у які-небудзь бок, але не паспеў – Цмок шумна ўдыхнуў паветра, і ён зноў апынуўся ў ягонай пашчы, на дне, у мазуце. Зараз ён ужо не думаў, як выбірацца – ведаў, што пры выдыху Цмок выкіне яго сам, і толькі рыхтаваўся, як лепей, хутчэй адбегчыся ўбок, калі апынецца на зямлі.

Але і на гэты раз яму не ўдалося адскочыцца – яго як усё роўна схапіў хто за руку на самым краі плыні і сілаю пацягнуў у пашчу Цмока.

Радзіму ўжо здавалася, што Цмок і напраўду жывы, што ён здзекуецца з яго, робіць усё гэта знарок. Колькі разоў заглынаў той яго, затым выкідаў вонкі і, не даўшы падняцца на ногі, зноў цягнуў у сваю пашчу.

Праз шум паветра Радзім, здаецца, чуў, як яго гукае Оя, як яна пытаецца: «Дзе ты? Дзе ты?», але яму не было як адказаць ёй – даводзілася ўвесь час сачыць, каб не вельмі балюча ўпасці на дно пашчы, а пасля, пры выдыху, мякчэй прызямліцца, не паламаўшы ні рукі, ні нагі.

Радзіму было боязна, каб і Оя, шукаючы рубільнік, не трапіла выпадкова ў тую ж, як і ён, плынь. Бо калі заглыне Цмок і яе, ім ужо ніколі не выбрацца з ягонай пашчы – хто ж выратуе іх тады?!

«Цмок, спыніся! Памры, Цмок!» – як не закрычаў Радзім, падаючы чарговы раз на зямлю. Упаў і ўжо не ўставаў, не ратаваўся – чакаў, калі паветра падыме і зноў панясе ў пашчу. Але паветра было ціхае, рахманае – ніхто яго не падымаў з зямлі.

«Божа, няўжо Цмок адгукнуўся на мой крык і перастаў здзеквацца з мяне?!» – здзівіўся Радзім.

Паляжаў, усё яшчэ не верачы ў выратаванне.

Навокал было ціха-ціха. Ад гэтай цішыні ламіла ў вушах. Цмок і праўда як памёр – не ўдыхаў паветра і не выдыхаў яго.

І ў гэты час зусім побач пачуўся голас Оі: «Радзім, дзе ты?»

Голас быў такі слабы, ціхі і невыразны, што нават здавалася: Оя знаходзіцца недзе далёка-далёка, а не за некалькі крокаў ад яго.

– Каля Цмока, – адказаў Радзім.

– І я ля яго. Не бойся гэтай пачвары. Я зноў яго задушыла…

Хоць у цемры не бачыў ні Цмока, ні Оі, ён усё ж уявіў сабе вялізнае жалезнае страшылішча з шырока раззяпленаю пашчаю, куды сам улятаў, нібы пушынка якая, і побач з ім маленькую, кволенькую Ою, якая стаіць ля гэтай аграмадзіны…

І яна, ці бачылі вы, яго задушыла…

Але ж Цмок і праўда не дыхаў!

Радзім таропка падхапіўся на ногі, крыху адбегся ўбок, каб не загрэбла зноў паветраная плынь, калі раптам ажыве Вялікі Цмок, а потым спакойна, ужо не спяшаючыся, пайшоў шукаць Ою.

Знайшоў ён дзяўчыну каля рубільніка. Яна стаяла і трымалася за ручку.

– Ведаеш, – адразу пачала Оя, – я зразумела, чаму Вялікі Цмок уключаецца сам, – голас яе быў усё той жа невыразны і далёкі, хоць Радзім стаяў побач і ягоная рука ляжала на яе. – Чуеш, як торгаецца рубільнік? Адключаны, ён сам паступова вяртаецца ў ранейшае становішча! Вялікі Цмок запраграмаваны на самаўключэнне! Таму ніхто і не мог яго дасюль перамагчы.

Радзім і сам адчуваў, як, нібы жывы, трымціць рубільнік, як ён, быццам пераадольваючы нейкае супраціўленне, пакрысе, але вельмі настойліва, падымаецца ўгору, намагаючыся ажывіць Цмока.

– А мы яго зараз пераможам назаўсёды, – упэўнена сказаў хлопец, нагнуўся, пашукаў чаго-небудзь пад нагамі, знайшоў нейкі дрот, адагнуў дзяржанне ўніз, да самага канца, і моцна прыкруціў ім ручку да слупка.

І якраз у гэты час крыху зводдаль ад іх у чорным непраніклівым небе пачуўся нейкі шум, грукатанне, лёскат – Радзім і не падымаючы вачэй – усё роўна нічога не ўбачыш, – ведаў: таля-малі ўжо тут, яны, шукаючы іх, прачэсваюць неба Жалезнага Хаоса.

– Хадзем хутчэй! – ухапіў ён Ою за руку і пацягнуў за сабою.

Оя паслухмяна бегла за ім.

Грукат і ляскат крыху пацішэлі – таля-малі, прачэсваючы Хаос, паляцелі, мусіць, далей, каб неўзабаве вярнуцца зноў, заняўшы новую паласу. Ён ведаў, што ўцячы ім усё роўна не ўдасца, – калі ў самалёце ёсць прыборы, якія бачаць і ў цемры, то іх, канечне ж, заўважаць, выявяць сярод гэтага ламачча.

Але ўсё ж бег сам і цягнуў за сабою Ою.

– Куды мы бяжым? – нарэшце спыталася дзяўчына.

– Разумееш, робат казаў, што недзе тут, за Вялікім Цмокам, ёсць нейкі аэрадром. Там стаяць катапульты, скіраваныя на Дурбудзію. Яны могуць нас выратаваць!

– Пачакай, пачакай, – аж спынілася Оя. – Аэрадром… Катапульты… Дурбудзія… Я чамусьці ўсё гэта ведаю… Мне як усё роўна падказвае хто дарогу… Пабеглі!

Цяпер ужо яна ўзяла Радзіма за руку і сама пайшла наперадзе. Яна зручней абмінала кучы жалезнага ламачча, з ёю ішлося спакайней і хутчэй – здавалася нават, што яны не ідуць, а ляцяць. І гэта было дарэчы, бо самалёт з таля-малямі, вяртаючыся на чарговы круг, прагрукатаў зусім блізка ад іх.

І праўда, Оя ішла так упэўнена, быццам яна ўжо тут калісьці была, – дзяўчына, мусіць, і напраўду ведала найкарацейшы шлях да аэрадрома.

Неўзабаве яна спынілася і выдыхнула:

– Паспелі.

Тут, здаецца, было трошачкі святлей – як усё роўна пачынала днець. У гэтым прывідным, ледзь улоўным святле ён убачыў нейкія доўгія-доўгія станіны, што ляжалі, прыгнутыя да зямлі.

Да бліжэйшай з іх адразу ж слізганула Оя. Дзяўчына рухалася так упэўнена і лёгка, умела пстрыкала нейкімі тумблерамі, кнопкамі, ручкамі, нешта адхінала, нешта совала-перасоўвала, нешта здымала і нешта адзявала, і ўсё ў яе так хораша атрымлівалася, што здавалася, што яна гэтым жыла і гэтым займалася заўсёды.

Талямаляўскі самалёт ужо ляцеў над імі. Мусіць, заўважыўшы іх, ён зменшыў хуткасць, а затым і зусім завіс над аэрадромам. Па станінах слізгануў пучок святла, выпушчаны з карабля…

Оя хуценька падбегла да Радзіма, схапіла яго за руку, пацягнула да станіны. Памагла яму залезці ў нейкую люльку, пасадзіла ў крэсла, што знайшлося там, і спяшаючыся націснула на кнопку. І пакуль, разганяючыся, падымалася высока ў неба гэтая станіна, ён паспеў яшчэ ўбачыць, як Оя кінулася да другой катапульты, пачала рыхтаваць і яе. І яшчэ ён помніць, што станіна паднялася дужа высока, вышэй за самалёт таля-маляў, і з усёю сілаю, нібы старажытная кідальная машына, шпурнула яго, як з прашчы, наперад, ды так моцна, што аж засвістала паветра і пачаў спераду награвацца скафандр.

А пасля ён нічога не памятае – самі сабою закрыліся вочы, і Радзім страціў прытомнасць.

У Дурбудзіі

Ачуўся ён ужо на зямлі.

Паварушыў рукою – варушыцца, зварухнуў нагою – слухаецца. І яшчэ не адплюшчваючы вачэй, узрадаваўся: значыць, жывы, не разбіўся, калі падаў на зямлю.

Адплюшчыў вочы, войкнуў і той жа час заплюшчыў іх зноў. У зрэнкі ўдарыла такое святло, што ім зрабілася вельмі балюча. Стала цёмна-цёмна, і яму нават здалося, што ён аслеп – як усё роўна хто кальнуў у вочы востраю іголкаю ці сцебануў па іх пугаю-драцянкаю.

Столькі часу прабыўшы ў поўнай цемры, вочы, канечне ж, трэба прывучаць да святла паступова, а не так, як гэта зрабіў ён: адразу ж напоўніцу адплюшчыў іх. Радзім нават уявіў, якімі вострымі – акурат цвічкі – сталі на той час яго зрэнкі. Праз нейкі час ён зноў паспрабаваў ледзь-ледзь растуліць моцна сціснутыя павекі, але і гэтага было дастаткова, каб вачам зрабілася непрыемна – святло шчодра шчамілася нават у такія вузенькія шчылінкі.

А дзе ж Оя? Ці паспела яна наладзіць сваю катапульту і своечасова націснуць на кнопку? Не маючы магчымасці агледзецца, ён, не расплюшчваючы вачэй, прыслухаўся.

Навокал стаяла даўкая, першародная цішыня. Паспрабаваў уключыць мікрафон, крыху пагукаў у яго: «Оя! Оя!», але той маўчаў. Маўчаў зусім – ні шораху, ні гуку, ні трэску. Радзім зразумеў, што скафандр хутчэй за ўсё не працуе. Ці не разбіўся ён? Павадзіўшы даланёю па шкле, пераканаўся: і праўда разбіўся – ён шапацеў увесь, як пабітае яйка…

Дык вось чаму папярэджваў яго робат, каб асцерагаўся, каб не пабіў носа, калі будзе прызямляцца. Мусіць, усе з катапульты падаюць вось так – тварам да зямлі. І каб не скафандр, відаць, дасталося б і ягонаму носу…

Радзім паволі прывучаў вочы да святла. Калі, спяшаючыся, адплюшчваў павекі крыху раней часу і больш, чым можна было, у вачах з'яўляліся цёмныя кругі, і яму даводзілася заплюшчваць іх і наноў пачынаць усё спачатку.

Вочы слязіліся ад святла, нібыта якраз промні выкрасалі слёзы, але ён усё шырэй і шырэй, не зважаючы на сонца і на кругі перад вачыма, якія па часе зрабіліся рознакаляровымі, адплюшчваў вочы і нецярпліва азіраўся – хацеў зразумець, куды ён урэшце трапіў.

Калі вочы прызвычаіліся да святла, калі яны дазволілі яму не асцерагаючыся глядзець на ўсё спрытна, хлопцу здалося, што трапіў ён у нейкі рай.

Была самая раніца.

Зялёныя-зялёныя, бучныя-бучныя дрэвы. Блакітнае-блакітнае неба. Чыстыя-чыстыя ручаі і рэчкі. Мурожная, ласкавая-ласкавая трава, ён з замілаваннем вадзіў па ёй далонямі. Цёплы, пяшчотны ветрык, да якога сама сабою горнецца кожная захаладалая на Хаосе клетачка яго цела.

І сонца, якога так многа, і яно такое ласкавае і пяшчотнае, і так мілуе душу, і тая радасна адаграваецца ад цемры і холаду, якія столькі часу студзілі яго, былі не толькі вакол, але і ў ім самім – менавіта ў душы і сэрцы. Калі і набяжыць на сонца якая-небудзь невялічкая, светлая-светлая хмарка, – яе ніхто і не заўважыць: зямля і неба астаюцца ўсё такімі ж яснымі і ўрачыстымі.

Адразу, як толькі Радзім убачыў гэта хараство, яму здалося, што вярнуўся ў родную Беларусь, – такім сваім і знаёмым здалося яму ўсё, што адкрылася вачам. Але, разглядаючы ўважлівей краявіды, зразумеў, што гэта чужая зямля, хоць на ёй вочы і знаходзяць столькі свайго, роднага.

Вунь непадалёку шумяць высокія і шырокія вадаспады – вада, зламаўшыся на самым краі, здаецца, з заміранннем сэрца – такая ж вышыня! – падае ўніз і там разбіваецца аб лабатыя мокрыя валуны на мільёны пырскаў. З другога боку пагойдваюцца выносістыя, тонкія, востралістыя бамбукавыя зараснікі, якія сягаюць аж у самае неба, – і ветру асаблівага няма, а яны, тонкія, хістаюцца вельмі прыкметна. На небасхіле горда высяцца велічныя і крыху абыякавыя да ўсяго, што вакол іх, горы – зялёныя, у траве і дрэвах, знізу і белыя, у снежных шапках, што здалёку нагадваюць аблачынкі, каля самых вяршынь.

Адагрэты шчырым сонцам, Радзім радаваўся, што ўрэшце трапіў у гэты рай. Як засумаваў ён па траве і зеляніне, па сонцу і светлыні ў невыноснай цемры і ў холадзе, сярод нежыццёвых пустэльняў, між настылага жалезнага ламачча Зэміі, Талямаліі і Хаосу!

І раптам сярод гэтай ціхамірнасці яго як уджаліла што: а дзе ж Оя? Ён азірнуўся, уважліва агледзеў вакол сябе наваколле. Нідзе нікога не было відаць. Яму зрабілася яшчэ болей трывожна – дык дзе ж яна? Няўжо не паспела катапультавацца і яе зацягнулі на драндулет?

Ён хапатліва пачаў шукаць Ою. Пабегаўшы зблізку, падаўся у бок бамбукавага гаю. Тут ужо было крыху макрэй, не так суха, як на тым месцы, дзе ён прызямліўся. Хутчэй за ўсё непадалёку пачыналася балота. Яшчэ не дайшоўшы да зараснікаў, ён нечакана пачуў нейкі шэпт. Спыніўся, прыслухаўся – непадалёку і напраўду нехта штосьці шаптаў. Радзім падышоў бліжэй.

– Выйду я за вароты, – нарэшце разабраў ён, – гляну ў чыстае поле. У чыстым полі, на сінім моры стаіць дуб. Што на тым дубе? Залатое гняздо. Што ў тым гняздзе? Вуж-вужаніца і гад-гаданіца і ўсім вужам-гадам царыца. Не будзеш ты сваіх вужоў-гадаў збіраць, не будзеш ты ім гразу даваць – паспешных, крапіўных, махавых, балатавых, гнаявых, падкалодных, межавых, земляных – не будзеш ты іх збіраць, не будзеш ты ім гразу даваць. Будзе ехаць Пётр з Пярунам і з Маланнёю, Маланнёю будзе паліць. Пярунам вам будзе гразу даваць, на сінім камені галовы адсякаць. Вуж-гад, слівень-гад, гад-гадавіца, вуж-вужаніца, вазьмі сваё джала, вазьмі мой боль…

Оя – а гэта была, канечне ж, яна – прамаўляла беларускія замовы! Як звычайная вясковая цётка! І хоць ён усё пачуў і зразумеў, усё ж адсюль, не паказваючыся, спытаўся:

– Што ты там шэпчаш?

Оя скаланулася, яе напалохаў голас, але ўбачыўшы Радзіма, супакоілася:

– А, гэта ты? А мяне змяя ўкусіла. Вось я і ўспомніла вашы замовы…

Оя зноў нахілілася да нагі, прыклалася вуснамі да ранкі і пачала высмоктваць з яе яд.

– Ты ведаеш нашы замовы? – здзіўлена спытаўся ён.

– Я ведаю ваша ўсё: гісторыю і культуру, літаратуру і прыроду, геаграфію і этнаграфію, – з раздражненнем адказала яна. – Я ведаю нават, што пра нас з табою, пра нашы падарожжы і пакуты ў вашай літаратуры з'явіцца неўзабаве кніга… Але не распытвай у мяне зараз нічога. Памажы лепей.

Радзіму зноў зрабілася няёмка: дзяўчыну ўджаліла змяя, а ён стаіць, спакойна разважае пра нейкія дробязі і не спяшаецца памагаць ёй.

Ён тут жа кінуўся да Оі, падхапіў яе на рукі – сукенка знізу была мокрая, бо дзяўчына сядзела на гразкім месцы, – і панёс на сушэйшае.

Яму здалося, што з боку балота, за зараснікамі, нешта мільганулася, але ён не звярнуў на гэта асаблівай увагі.

Радзім нёс Ою, глядзеў на яе адкрыты твар – дарэчы, скафандра на ёй ужо не было: мусіць, таксама пабіўся пры прызямленні і адчуваў, як у душы нараджаецца нейкае неспатольнае замілаванне да дзяўчыны. Яму прыемна было глядзець ёй у вочы – блакітныя, як само неба, слізгаць позіркам па вуснах, поглядам дакранацца да валасоў, якія тут, пры святле, зрабіліся белыя-белыя, быццам лён, але яшчэ больш прыемна было адчуваць у руках, у далонях яе пругкае цела, якое трымцела, зараджаючы гэтым трымценнем і яго самога.

Радзім і сам не ведае, як і чаму, але раптам яго пацягнула да Оіных вуснаў, і ён пачаў нахіляцца да яе твару.

Звыкшы да скафандра, чакаў, што вось зараз шкло стукнецца ў шкло і не дазволіць яму пацалаваць дзяўчыну. Але скафандра ўжо не было, а таму ягоныя губы, не сустрэўшы перашкоды, адразу мокнуліся ў Оіны, растуленыя для пацалунка, вусны.

Оя сама абняла яго, прыгарнулася і пачала ўтрапёна цалаваць у вусны, у шчокі, у вочы. Ён разамлеў ад гэтай увагі, цёрся шчакою аб яе вусны, гладзіў рукою па валасах.

І раптам Оя ні з таго ні з сяго пачужэла, адхінулася і пачала адпіхваць ад сябе яго галаву. Ён, нічога не разумеючы, зірнуў ёй у вочы: што здарылася?

Дзяўчына глядзела кудысьці ў неба. Падняў галаву і ён, і тады ўбачыў, што нейкая аблачынка імкліва нясецца ў іх бок, – у ёй няцяжка было пазнаць Юлю.

Оя заварушылася і настойліва пачала выслабаняцца з ягоных абдымкаў.

Як толькі яна стала на зямлю, Юля адразу ж завярнулася, пачала здаляцца ў неба і неўзабаве зноў стала там непрыкметнаю хмурынкаю.

Оя села на купіну і пільна, уважліва занялася сваёю ранкаю, а ён стаяў побач і ўжо не адважваўся дапамагаць ёй.

– Бач ты яе, не супакойваецца, – сярдзіта, нібы сама сабе сказала яна, але было не зразумела, што зэмка мае на ўвазе: ранку ці Юлю.

Ён узняў вочы, угледзеўся на аблачынку, якая зноў стаяла ля самага сонца. І раптам фізічна адчуў, што на яго нехта глядзіць. Радзім рэзка павярнуў галаву і амаль вочы ў вочы сустрэўся з нейкім чалавекам, які стаяў непадалёку і разглядаў яго. Ён быў звычайны – тыя ж рукі і ногі, тыя ж вочы і вушы, той жа рот, – і Радзім адно толькі падумаў, што і ў Дурбудзіі жывуць такія ж самыя, як і ўсюды, людзі.

Чалавек, нават сустрэўшыся з ягоным позіркам, не адвёў вачэй, не паварушыўся: стаяў як укопаны і засяроджана разглядаў яго, чамусьці больш за ўсё лоб.

Раптам ён падскочыў – Радзім убачыў, што чалавек зусім босы, – ляпнуў сябе рукамі па калашынні караткаватых, нехлямяжых штаноў, развярнуўся ў паветры і з нейкім гартанным крыкам – хлопец не разабраў ніводнага слова – пабег за вялікі, як сапраўдная гара, пагорак, што ўзвышаўся па другі ад бамбукавых зараснікаў бок.

Неўзабаве адтуль, з-за ўзгорка, выбегла шмат людзей – іх, канечне ж, прывёў той першы. Усе яны беглі ў іхні бок і штосьці крычалі. Ён зноў жа не мог разабраць аніводнага слова.

– Ведаеш, пра што яны верашчаць? – убачыўшы, што Радзім высільваецца, каб нешта разабраць, прыйшла на дапамогу Оя. – Яны крычаць: «Ён вярнуўся! Ён вярнуўся!»

– Хто вярнуўся? – нічога не разумеючы, спытаўся ён.

– Відаць, ты, – усміхнулася Оя.

– А як ты іх разумееш? – задумаўся Радзім.

– Вельмі проста. Яны дабаўляюць да кожнага склада «дур». «Дур-ён дур-вяр дур-нуў дур-ся!» Ён вярнуўся! Ды што я табе тлумачу. Вы ж таксама ў дзяцінстве гэтак забаўляліся: «Кірку кір-ды кір-і кір-дзеш?» Куды ідзеш?

Тым часам многа людзей падбегла да Радзіма, акружыла яго. Тутэйшыя крычалі, радаваліся, смяяліся. Хоць яму і цяжка было напачатку разбіраць словы, адкідваючы «дур», аднак праз нейкі час ён ужо ўсё разумеў і без Оінай дапамогі. Яны галёкалі, заходзіліся крыкам, аж стагналі:

– Ён вярнуўся!

– Ой, ён вярнуўся!

– Ай, ён вярнуўся!

– Вярнуўся наш дарагі заступнік!

– Пакутнік! Яго зняволілі! Пасадзілі ў астрог! А ён вярнуўся!

Адны цалавалі яму рукі, якія, як і адзенне, яшчэ пахлі мазутам і машынным маслам Вялікага Цмока; другія, укленчыўшы, злізвалі з чаравікаў пыл, спяшаючыся, разбэрсвалі шнуркі, каб дабрацца да ягоных ног. І ўсе чамусьці з задавальненнем і замілаванасцю глядзелі на яго лоб, далікатна вадзілі па ім пальцамі, спрабавалі нават вуснамі прыкладацца да таго месца, дзе ён раздушыў пчалу.

– Мечаны вярнуўся! – радасна роў натоўп.

Праз нейкі час яго падхапілі на рукі і пачалі падкідаць угору.

– Дур-ра! – крычалі тубыльцы. – Дур-ра!

Зверху ён бачыў, што не асталася без увагі і Оя. Яе акружылі жанчыны, сярод якіх было і некалькі мужчын. Яны адзявалі ёй на рукі нейкія бранзалеты, пярсцёнкі, устаўлялі ў вушы і нават у нос колцы, завушніцы, на шыю вешалі даўгія і бліскучыя ланцужкі, каралі.

Паставіўшы яго на ногі, дурбуды ўзяліся за Ою. Яны падкідалі яе, крычалі:

– Хвала, хвала самай цудоўнай жанчыне – жонцы самага слаўнага чалавека!

І натоўп, аж шалеючы, выў:

– Дур-ра! Дур-ра!

Звінелі колцы, ланцужкі і іншыя бразготкі, начапляныя на дзяўчыну, а яны падкідалі яе з кожным разам ўсё вышэй і вышэй.

– Няхай жыве найпрыгажэйшая ў свеце жанчына!

– Дур-ра! Дур-ра!

Каля Радзіма раптам затрымаўся нейкі дзіўнаваты чалавек. Ён вылучаўся з натоўпу – і паводзіны яго былі крыху іншыя, і вочы не затуманеныя: яны глядзелі спакойна і засяроджана.

– Ненармальныя, – нібыта сам сабе прамовіў ён, але Радзім, хоць чалавек і глядзеў у другі бок, зразумеў, што гаварыў незнаёмец менавіта да яго.

Ён нічога на гэта не адказаў. Баяўся адкрывацца перад незнаёмым чалавекам: а раптам той знарок правакуе яго на такую небяспечную размову? Тым больш што хлопец ужо заўважыў: за ім настойліва назіраюць з натоўпа два-тры хутчэй за ўсё сакрэтныя агенты, – такія ўчэпістыя, халодныя, неміргаючыя вочы бываюць толькі ў іх.

Радзім міжволі зірнуў у той бок. І чалавек, што стаяў побач – ён, здаецца, і не бачыў гэтага погляду, – загаварыў зноў даверліва, як сам да сябе:

– Ага, правільна – гэта нашы сакрэтныя супрацоўнікі. Саксупы. Яны ў нас з пароды змей. Бачыш, вочы? Зірні, колькі ў іх пагарды, холаду. Яны, здаецца, як і ў гадзюк, зацягнуты тонкаю празрыстаю плеўкаю.

Дурбуд, мусіць, у мэтах канспірацыі ўсё яшчэ не глядзеў у яго бок.

– Грайка! Грайка! – крычалі людзі і падкідвалі Ою. – Дур-ра!

– Глядзі ты, яны нават сваю мянушку дзяўчыне прыдумалі,– Радзім прыняў гульню дурбуда і сам гаварыў, таксама не гледзячы на яго.

– І табе прозва знайшлася.

– А як яны мяне абзываюць?

– Пляшывым. Разумееш, зусім нядаўна намі ляйчыў сапраўдны дурань. Ён быў зусім пляшывы. І ў яго на лысіне была вось такая, як у цябе, метка…

– Дур-ра! Дур-ра! – крычалі дурбуды.

– Разумееш, нават я, толькі падышоўшы зусім блізка, убачыў, што гэта ніякая не метка, а самы звычайны бруд…

– Дур-ра! – неслася з усіх бакоў.

– Яны ж ніколі гэтага не зразумеюць. Таму і прынялі цябе за пляшывага. І радуюцца, што ён вярнуўся.

Яго новы знаёмы, разумны і, здаецца, шчыры чалавек, змоўк, абыякава абвёў вачыма саксупаў, адвярнуўся і яшчэ цішэйшым голасам, каб ніхто не пачуў, параіў:

– Так што беражы гэтую пляму. Глядзі, каб яна не атрэслася, ці, крый бог, сам выпадкова не сатры яе даланёю. Калі ўбачаць, што меткі няма, – табе канец. Пакараюць смерцю за падман, альбо ў самым лепшым выпадку сашлюць на другое паўшар'е…

Радзім заўважыў, што раптам неспакойна заварушыліся саксупы – ці яны, можа, нешта зразумелі, ці міжволі адчулі якуюсьці трывогу. Некаторыя нават падышлі бліжэй, а астатнія, хоць і засталіся на месцы, насцярожана глядзелі ў яго бок і пільна прыслухоўваліся.

Але тут дурбуды паставілі на ногі Ою і ўспомнілі пра яго. Зноў падхапілі на рукі, зноў пачалі гушкаць.

Калі Радзіма ў другі раз апусцілі на зямлю, да яго падышоў нейкі важны, надзьмуты чалавек – ён быў касалапы і хадзіў, як мядзведзь, заграбаючы зямлю нагамі, стаўляючы наскі чаравікаў усярэдзіну, адзін да аднаго. Чалавек нудным, глухім, невыразным голасам, глытаючы словы, прамармытаў сабе пад нос:

– Мы рады, што вы зноў вярнуліся ў Дурбудзію.

– Дур-ра! – закрычаў натоўп.

– А зараз я завязу вас на вашу вілу, – прадстаўнік улады пачаў запінацца, няёміцца. – Але пакуль вас з Грайкаю не было, яе захапілі беспрацоўныя… Вілу ўжо ачысцілі ад іх…

Пад'ехаў белы лімузін, падобны на зямныя ўрадавыя «ЗІЛы», саксупы ўвішна адчынілі перад імі дзверцы і яшчэ больш спрытна зачынілі іх, пасадзіўшы гасцей у машыну.

Лімузін скрануўся і, усё набіраючы хуткасць, паехаў за гару, туды, адкуль і выбеглі ўсе гэтыя людзі.

За гарою, нечакана ўразіўшы іх, перад вачыма разгарнуўся вялізны, сучасны горад з гмахамі-высотнікамі і звычайнымі прыземістымі пяціпавярхоўкамі. Радзім хацеў разгледзець горад лепей, але зрабіць гэта было немагчыма – спрэс па ўсёй дарозе, абапал вуліц стаялі натоўпы шчаслівых, узбуджаных людзей, яны махалі рукамі, рознакаляровымі сцяжкамі і крычалі:

– Дур-ра! Дур-ра!

Праз іх шчыльную сцяну ён не бачыў ні вуліц, ні самога горада.

Віла і праўда мела занядбаны выгляд: павалены плот, якім яна была абгароджана, паламаныя кветкі, павыбіваныя вокны… Ці, можа, усё гэта беспрацоўныя, жывучы тут, панарабілі міжволі, ці то яны, раззлаваўшыся, гэтак бунтавалі, калі іх высялялі адсюль прымусова.

Дурбуд-кіраўнік, які суправаджаў іх, развітаўся, нават не вылазячы з лімузіна, даючы зразумець, што ён тут самы вялікі начальнік – нават большы, чым сам пляшывы.

– Разумееце, – пырскаючы слінаю, загаварыў ён, – у мяне яшчэ шмат спраў не зроблена: трэба вырашыць лёс вайны з малрунамі, прыняць халабужскага пасла, правесці экзекуцыю на плошчы… Словам, я паеду. А вы пакуль адпачывайце, уладкоўвайцеся. Заўтра мы вас паклічам на Дзяржаўны Савет. І слуг, і ахову таксама заўтра дадзім.

І паехаў. Усе саксупы, якія сядзелі ў наступнай машыне, паехалі таксама. Ля агароджы яны асталіся толькі ўдваіх з Ояю.

Дзіўна, ці гэта ён на самой справе бачыць у ім пляшывага, ці то ён даўно зразумеў падман і адно толькі гуляе ў нейкую сваю гульню?

Оя адразу пацягнула яго ў будынак – вельмі нецярпелася паглядзець, што ж гэта за такое, віла пляшывага.

Нават нягледзячы на разор, які панаваў тут, было відаць – віла выбудавана раскошна: цудоўная сталоўка, выдатны кабінет, шыкоўная спальня. Па тым, што мелася ў спальні і як яна была абладжана, можна было зразумець: спальня – галоўнае ў жыцці той невядомай Грайкі, ролю якой цяпер даводзіцца выконваць Оі.

Яны хадзілі па прыгожых залах, пакоях, гасцёўнях, радаваліся і захапляліся багаццем і ўбранствам іх, але ім усё ж было тут холадна і няўтульна – відаць, уплывалі на настрой невымеценае смецце, друз і ашчэпкі, ашмоцце штор і нейкіх тканін.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю