355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Иван Сипаков » Падары нам дрэва » Текст книги (страница 11)
Падары нам дрэва
  • Текст добавлен: 8 октября 2016, 17:48

Текст книги "Падары нам дрэва"


Автор книги: Иван Сипаков


Жанр:

   

Прочая проза


сообщить о нарушении

Текущая страница: 11 (всего у книги 17 страниц)

– І мяне ты далучыш да таго статка, што з банцікамі і касічкамі?

– Не, ты будзеш жыць, як сам захочаш. Разумееш, я проста хачу вызваліць цябе ад цяжкой працы.

– А калі я сам не хачу вызваляцца?

– Гэта твая справа. Але ж у цябе іншага выйсця няма. Што, ты ўсё жыццё будзеш стаяць над пральнаю дошкаю? У пральні? Мыць жаночыя панчохі?

– Дзіўна, ты стала такою… практычнаю, – хацеў сказаць «цынічнаю», але пабаяўся абразіць дзяўчыну.

Яна ж зразумела ўсё так, як ён і думаў.

– Не, не цынічнай. Проста, я прымаю жыццё такім, якое яно і ёсць. А ты што, хочаш перарабіць яго?

– Паспрабую.

– Нічога ў цябе не атрымаецца.

– А ў цябе?

– У мяне ўсё атрымліваецца. Мяне заўтра выбіраюць у Савет Брытагаловых. І Валадарка робіць сваёй намесніцай…

– І ты радуешся? А чаму? Памятаеш, як дурбуд на поўным сур'ёзе сцвярджаў, што Другое Паўшар'е – гэта другая палавінка седаўкі. І ты рада, што будзеш амаль валадаркаю седаўкі? Ты ж бачыш, што тут яшчэ большы дурбуд, чым у самой Дурбудзіі. Раздойваць мужчын, фарбаваць ім вусны, плоіць валасы і чапляць на іх розныя банцікі, каснічкі? Няўжо ты не разумееш, якое гэта глупства?! А жанчыны? Прызнаваць жанчынаю толькі тады, калі яна страціць усё жаночае? І караць, садзіць у турму толькі за тое, што мужчына хоча застацца мужчынам, а жанчына – жанчынаю? То ж абсурд, святатацтва! Няўжо ты гэтага не разумееш? Дарэчы, а дзеці? Дзе дзеці Другога Паўшар'я?

– Не бачыла. Валадарка кажа, што сям'я, дзеці – гэта ўсё лішняе. Чалавек сам сабою павінен жыць і радавацца на зямлі. А дзеці перашкаджаюць гэтаму.

– Наадварот, у нас спрадвеку ведалі, што якраз дзеці памагаюць і жыць, і радавацца. Толькі з дзецьмі прыгажэе чалавек – і мужчына, і асабліва жанчына. Як ты гэтага не разумееш?

– Разумею. Ты хочаш, каб у нас было дзіця? І я таксама хачу…

Яна нахілілася да яго, абняла за плечы – ласкава-ласкава. Правяла пальчыкамі па ягоных вуснах. Прыціснулася яшчэ бліжэй. Прашаптала:

– Родны мой, я хачу нашае дзіця. – Оя дрыжала ўся – нібыта ёй адразу зрабілася вельмі холадна. – Я хачу дзіця, – прасіла яна.

Яму здалося, што ён зноў убачыў знаёмае воблачка. Яно стаяла на фоне акна і нікуды не рухалася. Трошкі пагойдвалася – як усё роўна ківала, нібы і ў ранейшыя з'яўленні, галавою.

Ён асцярожна зняў Оіны рукі са сваіх плячэй, адхінуўся і парывіста ўстаў. Хацеў падысці да акна, але воблачка ўжо знікла: колькі ні ўглядаўся, нідзе яго не было відаць.

Оя сядзела на канапе, унураная і зацятая.

– Ты з ёю ніколі не сустрэнешся, – ускінуўшы на яго вочы, сказала зэмка, і ён адчуў у яе голасе злосць і раздражненне.

Радзім вытрымаў яе погляд, яе словы.

– А ты памажы нам сустрэцца, – ціха папрасіў ён. Яна задумалася. Доўга сядзела, як каменная, і маўчала. Затым рашуча згадзілася:

– Добра, няхай будзе па-твойму – памагу.

Але тут жа ўпала на канапу, закрыла твар рукамі і расплакалася.

Ён увогуле не выносіў жаночага плачу – заўсёды было шкода кабет, – а гэтыя ж слёзы ліліся нібыта па яго віне. Падсеў да Оі, пачаў ласкава гладзіць па мокрым твары – супакойваў дзяўчыну. Тая і праўда неўзабаве перастала хліпаць, уздрыгваць, сцішылася, супакоілася – як усё роўна заснула.

– Зразумей, Оя, я павінен знайсці Юлю. Мы з ёю трапілі ў такую бяду. А я быццам ужо і не шукаю яе, быццам змірыўся са стратаю…

Зэмка маўчала. Але Радзім адчуваў – яна не спіць і ўважліва слухае тое, што ён гаворыць.

– Разумееш, нашы бацькі верылі, не сумняваліся, што мы з Юляй пажэнімся. І мы, здаецца, таксама. А ты мяне клічаш у свой гарэм…

Оя маўчала – ні пярэчыла яму, ні згаджалася з ім.

– Дзіўна, але ты так лёгка прыняла ўвесь гэты абсурд і не супраціўляешся яму. Не змагаешся з ім, – удакладніў ён. – «Валадарка сказала», «Валадарка паабяцала»…

– Радзім, перастань, – нарэшце не вытрымала дзяўчына. – А жаданне нарадзіць ад цябе сына – хіба гэта не пратэст? Ты ж ведаеш, што нарадзіць тут дзіця – гэта ўжо злачынства. Тым больш ад каго? Ад прачкі! То ж яшчэ большая віна…

О божа мой! Седаўка, сапраўдная седаўка! Хіба ж можна яшчэ дзе-небудзь дадумацца да такога: нарадзіць дзіця – гэта злачынства?!

І ўвогуле яму здавалася дзіўным усё, што робіцца ў мясцінах, дзе ён пабываў. Асабліва ў Дурбудзіі і вось тут, на Другім Паўшар'і. Часам нават думалася, што хтосьці хітры і каварны, схаваўшыся ад разумнага вока невядома дзе, робіць усё, каб ішлі на звод людзі і на загубу зямля.

Сляпыя яны ўсе, ці што? Закопваць хлеб і тут жа жабракаваць? Стаяць у вечнай чарзе і думаць, што ты працуеш? Садзіцца ў аўтобус без колаў і быць перакананым, што едзеш? А дзеці? Што значыць не раджаць дзяцей? Няма дзяцей – няма будучыні. Ёсць сёння, але няма заўтра. А для таго, каб нарадзіць, патрэбна толькі жанчына. Мужчына, колькі ты яго ні раздойвай, колькі ні завівай яму валасы і не фарбуй вусны, дзіця не народзіць. Карміць можа, а нарадзіць – не! Няўжо яны гэтага не разумеюць? Радзім падняўся з канапы. Оя ўсё ячшэ сядзела.

– Можа, застанешся? – няўпэўнена спыталася яна. – Калі ты не хочаш дзіця, жыві проста так. Як мы і жылі з табою і ў нас, у Зэміі, і ў Талямаліі…

Ён быў рашучы:

– Не, я пайду.

– Куды? У пральню?

– Ага.

– Але ж калі ты не застанешся ў маім гарэме, з цябе пачнуць рабіць жанчыну. Ты будзеш упарціцца. Ведаеш, тады…

– Ведаю, тады мяне пасадзяць. Дарэчы, у турме ўжо, мне сказалі, сядзіць адзін такі, як я. Вось мы і выйдзем разам з ім з турмы.

– Якім чынам?

– Ты дапаможаш…

Яна апусціла вочы, крыху памаўчала, а потым страсянула галавою, нібыта рашаючыся на штосьці важнае, сказала:

– Добра, я цябе правяду.

І было незразумела: гэтае «добра» прагучала як згода, ці то яно проста адносілася да жадання хутчэй правесці госця.

Оя паднялася з канапы і хутка пайшла да дзвярэй – ён ледзь наспяваў за ёю.

Праважатыя – раздоеныя мужчыны – сядзелі на верандзе, падмалёўвалі вусны, гулялі ў карты: цярпліва чакалі яго. Оя перадала ім Радзіма, падпісала нейкую паперку, што была ў руках аднаго з іх, і хлопца зноў павялі ў пральню. Яна ж стаяла на верандзе і глядзела яму ўслед.

Ён адчуў гэта і павярнуўся. Оя тут жа збегла з ганка і кінулася да яго.

І ў гэты час штосьці адбылося з зямлёю. Яна рэзка паднялася ўгору, затым гэтак жа рэзка падалася назад, а пасля пачала паволі нахіляцца. Пакуль нахіл быў не вельмі вялікі, Оя ўсё бегла да яго. Яна яшчэ паспела дабегчы да Радзіма, схапіць за руку, але ў гэты час зямля стала зусім старчаком, і яны, як ні спрабавалі ўтрымацца, як ні чапляліся за яе, пасунуліся ўніз. Спачатку сунуліся так, як звычайна дзеці з'язджаюць зімою з горак, а потым, не маючы магчымасці трымаць раўнавагу, пачалі куляцца.

Аднак долу ўпалі мякка – не пабіліся, не злякнуліся: ён нават стаў на ногі. Оя таксама гэпнулася на ногі, але не ўтрымалася, упала, і яму давялося падымаць яе.

Дзіўна, але колькі ён тут ні падаў, усюды – і ў Зэміі, калі прызямляўся ў пустыні, і на Жалезным Хаосе, калі падаў на кучу жалеза, і ў Дурбудзіі пасля катапульты, і вось зараз, на Другім Паўшар'і,– як бы ён ні ляцеў, як бы ні куляўся, на ногі заўсёды станавіўся па-кацінаму і так плаўна, што здавалася: яго нехта падтрымлівае і ратуе ад бяды. Можа, і праўда нейкая сіла апекавалася ім, а можа, проста ў гэтым вымярэнні іншае прыцяжэнне, якое ля самай паверхні запавольвае палёт.

Яны з Ояй усё яшчэ трымаліся за рукі. А навокал сыпалася і сыпалася тое, што нядаўна яшчэ стаяла на зямлі, жыло і расло там. Усё падала павольна, і таму, калі нешта ляцела на іх, быў яшчэ час засланіцца ці ўцячы з небяспечнага месца.

Радзім бачыў, як падаюць тазікі і мокрая бялізна, нейкія абломкі, бляшанкі, камяні, як коцяцца раздоеныя мужчыны і змужычаныя жанчыны, і радаваўся, што нарэшце закончылася вар'яцтва на Другім Паўшар'і, знік асбурд тамтэйшага жыцця, а разам з ім і ўвесь сэнс гэтай дурной цывілізацыі.

Уявіў, што робіцца цяпер на Першым Паўшар'і, у Дурбудзіі, як і там усё ляціць і сунецца ўніз, як хутка ўпадзе, калі яшчэ не ўпаў, і сам прэзідэнт, як раз'яднаюцца ўсе правадкі ў галоўнага дурбуда – Дурыса Першага, але ніхто не кінецца іх злучаць – калі загінула краіна, навошта і каму патрэбен прэзідэнт?!

Дзіўна, вось жылі людзі, будаваліся, сяліліся, сварыліся, весяліліся, засмучаліся і думалі, што іхняе жыццё вечнае, – а вечнасць гэтая можа быць і ў адным імгненні,– але варта было толькі седаўцы падняцца, як усё разбурылася, разламалася, знікла.

Які разумны ўсё ж быў дурбуд – ён вылічыў і зразумеў седаўку. Дзе ён цяпер? Можа, як і яны, скаціўся куды, жывы і здаровы, а можа, ляжыць дзе між абломкаў, стаптаны абвалам.

А можа, жыхары абодвух паўшар'яў і самі прадчувалі гэты канец, бо калі думаць пра жыццё, хто ж будзе рабіць усе тыя глупствы, якія чыніліся і ў Дурбудзіі, і тут, у краіне жанчын?!

Да яго толькі цяпер дайшло, што раптоўна знікла цэлая папуляцыя людзей, што жылі тут, бо на седаўцы хутчэй за ўсё ніхто не ўтрымаўся. І вось тыя, хто застаўся жывы пасля такога землятрусу, апынуліся на чужой зямлі голыя і босыя. Як пачынаць жыццё, з чаго?

І хто, скажыце, упэўнены, што і гэтая зямля не акажацца яшчэ адною, чарговаю седаўкай? Значыць, усё ў свеце часовае, ненадзейнае. Адсюль і абсурд жыцця. Яшчэ раз будавацца, каб неўзабаве з'ехаць, зваліцца зноў? І так увесь век? Век чалавека і век жыцця? Век зямлі і век неба?

Дык і само ж жыццё тады абсурд, калі яно залежыць ад такой дробязі: заварушыцца ці не заварушыцца седаўка.

Ён стаяў і ўслухоўваўся, як усё яшчэ сунуліся і шамацелі апошнія друзачкі, што затрымаліся сама даўжэй, і думаў, які ж мізэрны і бездапаможны чалавек, калі яго можна абразіць спачатку дурнотаю, а потым і вось такім землятрусам.

Адчуваў, што ў яго думкі ўслухоўваецца і Оя.

Іншае вымярэнне

Было дзве зямлі. Адна ціхамірна ляжала пад нагамі, а другая, якая толькі што перанесла землятрасенне, строма ўздымалася перад ім. Радзім падняў вочы ўгору, але колькі ні глядзеў, нідзе не ўбачыў канца гэтай глухой сцяне.

Ногі яшчэ дрыжэлі ад страху, яму хацелася да чаго-небудзь прысланіцца, каб супакоіцца і сабрацца з думкамі, але прысланяцца да ўздыбленай зямлі ён не стаў – штосьці незразумелае стрымлівала яго.

І Радзім не здзівіўся, калі сцяна раптам заварушылася, пайшла ўся хвалямі і пачала паволі адсоўвацца, – значыць, землятрус яшчэ не закончыўся, ён усяго толькі заціх на нейкую хвіліну. Аднак, крыху адсунуўшыся, зямля зноў спынілася і супакоілася.

І хоць сцяна ўжо не варушылася, Радзім усё роўна падсвядома разумеў, што стаяць тут небяспечна. Ён падышоў да Оі, узяў яе за руку і, нічога не гаворачы, павёў у другі бок – як можна далей ад падазронага месца.

Яны ішлі між рознага друзу, што ссунуўся, з'ехаў з уздыбленай зямлі, і яму было дзіўна, што нават далекавата ад землятрусу ім усё яшчэ сустракаліся сляды яго разбурэння: зламаныя дрэвы, высаджаныя вокны, кавалкі асфальтаванай дарогі.

Але людзей нідзе не было. Відаць, людзі за доўгі час жыцця і існавання на седаўцы навучыліся адчуваць, калі адбываюцца такія землятрусы, і ўжо ведалі, як ад іх ратавацца: куды хавацца, за што трымацца, каб не ўпасці, не ссунуцца ў прадонне, як ссунуліся яны, новенькія і нявопытныя.

Ішлі доўга і цяжка. Пераходзілі нейкія ўпадзіны, падымаліся на нейкія ўзгоркі і гарушкі, зноў спускаліся ў лагчыны… Ішлі ўцэла, без усялякіх дарог і сцяжынак і таму здавалася, што канца гэтаму шляху ніколі не будзе.

– А куды мы ідзём? – нарэшце спынілася Оя. – І навошта?

Ён і сам разумеў, што, калі няма нейкай канкрэтнай мэты, увесь гэты іхні рух – бязглуздзіца. Але што рабіць? Сядзець і чакаць? Але навошта сядзець і чаго чакаць? Гэта ж яшчэ большая бязглуздзіца! Трэба варушыцца, трэба нешта шукаць. А раптам ім трапяцца людзі, якія абжылі і гэтую зямлю – не можа ж быць, каб такая прастора ды была нежылою, неачалавечанаю.

– Ідзём наперад, – адказаў дзяўчыне Радзім. – І не задумвайся – толькі рух уратуе нас.

Аднак людзей так яны пакуль што і не сустрэлі. Нават слядоў іхняга існавання нідзе не было відаць.

Неўзабаве падышлі да вялікага блакітнага возера. Абагнулі яго з левага боку – тут было зручней ісці – і ўзняліся на стромы, высокі, абрывісты бераг. Прадраліся праз зараснікі дзіўных дрэў,– яны, вялікія, тоўстыя, слаліся да зямлі, былі, як трава, прамыя і зусім не мелі лістоў,– і выйшлі на самы край абрыва.

Якая прыгажосць адкрылася перад імі! Возера здавалася яшчэ больш вабным: светлыя, бялёсыя колеры каля самага берага, далей – блакітныя-блакітныя, з вясёлкавымі разводамі, а якраз пасярэдзіне цямнела глыбокая, як вір, круглая пляма. Відаць, там была самая глыбіня, самая яма, і таму вада над ёю выдавала цёмнаю і бяздоннаю.

Возера і праўда было незвычайнае – як усё роўна нехта заслаў яго слюдою. Ветру не было, але дрэвы самі сабою варушыліся.

Яны пасядзелі каля возера, адпачылі крыху. Оя хацела яшчэ пабыць тут – такая ж прыгажосць! – але ён рашуча падаў ёй руку, дапамог падняцца і пацягнуў за сабою:

«Пайшлі, пайшлі, пайшлі». Куды і навошта спяшаўся, Радзім і сам не ведаў, але яму здавалася, што спяшацца трэба абавязкова, бо наперадзе іх чакае штосьці вельмі важнае. Оя ж марудзіла, быццам яна ўжо ведала тое, пра што здагадваўся ён, і баялася, не хацела яго набліжаць. Перад імі ляжала раўніна.

Але так толькі здавалася. Неўзабаве яны дайшлі да глыбокай і шырокай упадзіны, доўгай, на ўсю раўніну канавы, якую ні з аднаго боку нельга абысці. Спускацца было лягчэй, а вось падымацца, караскацца на другі, стромы, бераг даводзілася на чацвярэньках. І толькі прайшлі крыху па роўнай зямлі, як перад імі зноў узнікла такая ж самая ўпадзіна. За ёю – трэцяя, за трэцяй – чацвёртая…

Яны добра-такі натаміліся, калі, нарэшце, скончыліся гэтыя равы і перад імі ўзнік лес. Ён быў такі ж бязлісты і гонкі, як і той, што рос над возерам, толькі дрэвы здаваліся вышэйшымі, больш палеглымі і пакручанымі, раслі яны гусцей.

Адно ўвайшоўшы ў лес, Радзім спыніўся ў нерашучасці – збаяўся, што праз яго ім не ўдасца прадрацца. Ды калі і прадзярэшся, невядома, што там за ім? А можа, за лесам – новыя равы і новы хмызняк? А можа, яшчэ горш – балоты…

– Не, балот, здаецца, тут няма, – адказала яму Оя, і ён аж перасмыкнуўся: яна і праўда чытала яго думкі!

Раптам і гэтая зямля пачала падымацца. Яна ўсё касабочылася і касабочылася, пакуль зноў жа не стала старчаком – ён, падаючы, ледзь паспеў учапіцца абедзвюма рукамі за верхавіну бліжэйшага дрэва. Яно было гнуткае, спружыніла. Радзім гайдаўся на ім уніз нагамі, адчуваючы, як слабнуць, расшчапляюцца рукі і як выслізгвае з іх макушка.

Убачыў, што непадалёку гэтак жа, як і ён, гайдаецца на суседняй лясіне Оя.

І ў гэты час штосьці агромністае, цёмнае, як ноч, засланіла ўсё на свеце, і не паспеў ён апамятацца, як адчуў, што яго сашморгваюць з лясіны, – як усё роўна нехта ўзяў у два пальцы і, спяшаючыся, сцягвае ўніз. Пальцы гэтыя, грубыя і шурпатыя, моцна сціскалі яго, і хоць яны асцерагаліся, каб не раздушыць тое, што варушылася між імі, яму ўсё роўна было балюча, не хапала паветра – ён пачаў задыхацца. Гэтае нешта, што Радзіму здавалася пальцамі, несла яго ўсё вышэй і вышэй.

Нарэшце ўвышыні стала светла-светла – палец быццам адсланіўся – і хлопец убачыў акурат над сабою тое самае блакітнае возера, якім яны зусім нядаўна любаваліся. І не адно, а нават два – аднолькавыя, міндалепадобныя, блакітныя, акаймаваныя дрэвамі.

Азёры былі жывыя – яны разглядалі, вывучалі яго!

Дзіўна, не ён быў над імі, а яны над ім, але вада з іх чамусьці не выцякала, не вылівалася.

Уся зямля – з азёрамі, з лясамі, з нейкімі гарамі, равамі і ямамі цяжка навісла над ім, нібыта не толькі азёры, а ўсё, што было на ёй, вывучала яго. І ён чамусьці ўявіў сябе маленькаю божаю кароўкаю, якую, здаралася, лавіў на зямлі, садзіў на палец і разглядаў, пакуль яна не дапаўзе да самага высокага месца і, распайстрыўшы, вызваліўшы крылы, не падымецца ў паветра.

Азёры вывучалі яго доўга, а потым пачалі здаляцца і неўзабаве зусім зніклі. А ён, як усё роўна садзьмуты чым, паляцеў уніз.

Ляцеў доўга, але плаўна. І на гэты раз, упаўшы, зусім не пабіўся. Упаў у нейкую глыбокую яміну, з якой вытыркалася тоўстая, як слановая нага, вяроўка. З цяжкасцю выбавіўся наверх і, стомлена і роспачна, паваліўся на зямлю, раскінуў рукі і як не закрычаў ад бездапаможнасці.

Дык што ж яму і праўда рабіць?! Ён зусім не разумее гэтай дзіўнай зямлі, якая можа ўздыбіцца, стаць раптам сцяною, ці вось так, як толькі што, навіснуць над табою зверху. І што гэта за зямля такая, што на ёй няма людзей? Дзеля каго яна і навошта?

Угледзеўся ў неба, быццам хацеў зразумець і яго.

І раптам высока-высока ўбачыў невялікую крапку, якая ціха, паволі апускалася з вышыні.

Гэта была Оя.

Яна зніжалася так паволі, што здавалася, нехта невідомы падтрымлівае яе ў паветры.

Неўзабаве дзяўчына лёгенька гэпнулася каля Радзіма, нахілілася над ім, узрадавана сказала:

– А вось і я!

Ён таксама ўзрадаваўся, што Оя зноў побач, шчыра ўсміхнуўся і, не ўстаючы, пажартаваў:

– Рады вітаць вас! Ад імя тутэйшых.

Яна была нейкая вельмі ўзбуджаная, ёй хацелася хутчэй выгаварыцца:

– Ведаеш, я зразумела, дзе мы знаходзімся. Гэта здарылася, калі мяне, як і цябе, нехта разглядаў. Блакітнымі азёрамі. Перада мною з'явіўся быццам нейкі экран, і я ўвачавідкі ўсё ўбачыла. Ведаеш, мы трапілі ў краіну веліканаў! – нарэшце выпаліла яна.

Гэта было так цікава і нечакана, што Радзім аж прыўзняўся на локаць.

– А ведаеш, па чым мы толькі што ішлі? – спяшалася расказваць яна. – Па твары велікана! Ён на той час спаў. І ніякія гэта не азёры былі, а сапраўдныя веліканавы вочы! І абрывісты бераг, зарослы лесам, гэта ўсяго толькі яго бровы. А равы, з якімі ў нас было столькі клопатаў,– гэта маршчакі. Звычайныя валасы нам здаліся лесам. На валасінах мы з табою і віселі…

– Што ты выдумляеш?

– Разумееш, нехта мне дапамог атрымаць энергетычны злепак гэтых мясцін і людзей, што жывуць тут. У вельмі паменшаным выглядзе. Мы шукаем людзей, а знайсці нікога не можам. Бо ходзім якраз па чалавеку. Людзі вакол нас ёсць, але ў іх іншыя маштабы.

– А дзе мы знаходзімся цяпер?

– Пачакай, дай я разбяруся, – адказала Оя і ўгледзелася, як яму здавалася, у пустату. – Ведаеш дзе? На чаравіку велікана! Непадалёк ад дзірачак, куды ўцягваюцца шнуркі.

Дык вось куды ён, аказваецца, упаў! У дзірачку ад шнуркоў! І, чапляючыся за шнурок, выбіраўся адтуль.

– А ты нас бачыш?

– Ага. Але мы маленечкія-маленечкія – як казяўкі. Хацеў і ён уявіць той энергетычны злепак, які бачыла Оя, але ў яго гэта не атрымлівалася.

Няўжо і праўда вось гэтая шырокая прастора, вось гэтае несхадзімае поле – усяго толькі паверхня чаравіка? І куды ты толькі не пойдзеш, і колькі ні стомішся ісці – усё будзе ён: велікан, велікан, велікан? Яго ногі, яго рукі, яго плечы, яго галава? Яго валасы, урэшце?

– Значыць, дурбуд казаў праўду, – задумаўся Радзім.

– Пра што ты? – зіркнула на яго Оя.

– А пра тое, што яны і на самой справе жывуць на седаўцы… Цікава, ці ссунулася Дурбудзія ўніз? Ці, можа, і там навучыліся выжываць у землятрусы? Як твае брытагаловыя? – ён усё яшчэ злаваўся на Ою, што яна прыняла абсурд Другога Паўшар'я і ўжо збіралася кіраваць нават ім.

Памаўчаў, падумаў.

– А што робіць наш велікан?

– Здаецца, бэз ламае.

Радзім ужо даўно заўважыў, што зверху нешта сыплецца – як вялізныя пялёсткі,– але не далятае да іх, падае зводдаль, і таму быў спакойны: ніякай небяспекі ў гэтым не было.

– А велікан адзін?

– Ты што! Іх многа. Яны ходзяць, стаяць, сядзяць на лавачках.

– Сядзяць на лавачках? Дзе?

– Каля хат.

– І хаты ёсць?

– Ага. І іх шмат. Усе яны двума радамі ідуць удалячынь.

– А між імі вуліца?

– Ага. Нейкая дарога…

– Дык гэта ж маё Дабрынёва!

– Веліканы і веліканшы з кветкамі ў руках ідуць да нейкай прыгожай двухпавярховай будыніны пад ліпамі…

– Дык гэта ж мая школа! – нарэшце закрычаў ён. – Наша школа! А насупроць яе вялікая хата з бляшаным, пафарбаваным у зялёны колер дахам?

– Ага. І студня каля яе.

– Дык гэта ж наша хата і наш калодзеж! А веліканы і веліканшы, што ідуць з кветкамі ў руках, – мае аднакласнікі. Мусіць, у нас сёння выпускны вечар! Я хачу туды, да іх!

Оя разрагаталася – яна смяялася доўга і шчыра.

– Супакойся, – усё яшчэ смеючыся, нарэшце, загаварыла яна. – Супакойся. Ты проста забыўся пра розныя вымярэнні. Вы ніколі не зможаце не толькі паразумецца, але нават і пагаварыць. Яны проста цябе не заўважаць. А ты іх таксама не зможаш убачыць, ахапіць цалкам. Падумай, як ты гэта зробіш, калі нават чаравік велікана табе здаецца несхадзімаю зямлёю? І каб толькі дайсці, напрыклад, да яго наска, ведаеш, колькі часу трэба? А каб дабрацца да вёскі? А потым – да тваёй школы?

Ён і сам бачыў усю сваю безнадзейнасць, безвыходнасць, але ж яму вельмі хацелася да аднакласнікаў, у родную школу. Тым болей што ўсё гэта, як кажуць, было пад рукою – ён быў у сваёй вёсцы і заставалася ўсяго толькі дробязь: зраўняцца з імі, зрабіць адпаведным, выправіць маштаб.

– А я ўсё ж пайду.

– Куды?

– Да іх.

– Не смяшы мяне. Ты разумееш, што пакуль ты туды дойдзеш, не толькі выпускны скончыцца, але і аднакласнікі састарацца, а то і ўвогуле паўміраюць.

– Я ўсё роўна пайду!

– А як ты збіраешся з чаравіка саскочыць? Вось дойдзеш да края, а тады што?.. Такая ж вышыня…

– Неяк будзе. Скажы мне, у які бок трэба ісці, каб трапіць да школы.

– Якраз да наска чаравіка, – растлумачыла Оя, а тады ўспомніла, што ў яго няма энергетычнага злепка і ён не бачыць, дзе тая пятка, дзе той насок, паказала яму рукою: – Вось сюды ідзі.

І тут велікан нібы пачуў яго: зямля раптам пад імі заварушылася, зноў скасабочылася – ён ледзь утрымаўся, каб не ўпасці, каб устаяць на нагах. Уся глыба пачала нечакана падымацца ў паветра, ды так высока, што яму здалося: падымаюцца яны ў самае неба.

А нага падымалася ўсё вышэй і вышэй, і яму ўжо было страшнавата адсюль, з такой вышыні, глядзець уніз. Трымаўся сам і адною рукою падтрымліваў Ою – тая, напалоханая, сцяўшыся ад спуду, моцна прыціскалася да яго.

Велікан пайшоў!

Калі, падняўшыся высока, нага пачала апускацца, зрабілася яшчэ страшней. Тое, што ім здавалася зямлёю, падала рэзка, імкліва, і ад гэтага аж займала дух, перахоплівала дыханне, рабілася холадна-холадна там, дзе было сэрца, – як усё роўна ў самалёце, які падае ў паветраную яму. У вушах свістаў вецер, цела аж адрывала ад чаравіка, і таму даводзілася трымацца яшчэ мацней за ўсё, за што можна было зачапіцца.

Нарэшце чаравік стаў на зямлю. Удар быў моцны – добра, што яны ўжо не стаялі, а ляжалі ніцма, ашчаперыўшыся рукамі, а то хутчэй за ўсё зваліліся б долу. Зрабілася адразу цёмна – чаравік, мусіць, узняў воблака пылу, і той заслаў сабою ўсё навакол.

Ляжаць на чаравіку было страшна і нязручна, але ўжо крыху зразумеўшы і асвоіўшы ягоны рух, яны пачалі супакойвацца, прылаўчацца да крокаў велікана.

Той некуды ішоў. Шпарка, упэўнена.

– Куды ён нясе нас? – спытаўся Радзім, калі можна было перавесці дых: пакуль велікан, паставіўшы адну нагу, уздымаў другую, на чаравіку ўсталёўваўся адносны спакой.

– Ты ведаеш, ён наламаў бэзу і ідзе да школы, – адкашляўшыся ад пылу, адказала Оя.

І ў гэты час яны зноў узляцелі ў неба. І, затаіўшы дыханне, чакалі, калі пачнуць зніжацца. Дзіўна, але яму ўжо цяпер нібыта стала падабацца тое адчуванне, якое з'яўлялася, калі яны ляцелі да зямлі,– у ім было штосьці нязвыклае, рызыкоўнае і прыцягальнае.

– Оя, – папрасіў Радзім, – ты мне расказвай, што бачыш на вуліцы, паабапал вуліцы.

– Хаты бачу. Чакай, чакай, мне здаецца, велікан заварочвае на нейчы падворак.

– А як выглядае хата, да якой ён ідзе?

– Ведаеш, вельмі прыгожая. Усё тут – і вокны, і ліштвы, і франтоны, і дзверы, і веранда – упрыгожана разьбою…

– Дык гэта ж Юліна хата! – крыкнуў Радзім, а для Оі патлумачыў: – Яе бацька – вядомы народны разьбяр. Ён любіць дрэва, і дрэва любіць яго. – А дзе наш велікан?

– Ён павярнуў да лавачкі…

– Чакай, чакай… Раскажы, як ён выглядае. Якія ў яго валасы?

– Белыя-белыя, як лён. І зачэсаныя на адзін бок.

– А вочы?

– Ты ж сам бачыў – блакітныя.

– А і праўда бачыў. Забыўся. Нос бульбінаю. Памятаеш, ён нам здаваўся вялікаю гарою?

– Ага, бульбінаю. І вусны таўсматыя…

– Дык гэта ж Юрась Кулета! Губашлёп! Мой аднакласнік.

Сказаў, што аднакласнік, а пра тое, што ён яшчэ і яго супернік, змоўчаў.

І праўда, Юрась, гэтак жа, як і Радзім, быў закаханы ў Юлю. Усюды чапаў яе, на танцах і дыскатэках заўсёды хацеў быць бліжэй да абранніцы. А Юля, здаецца, больш увагі аддавала Радзіму – нават іхнія бацькі ўжо зваліся між сабою сватамі. Аднак Юрась усё роўна не адступаўся.

Дык значыць Кулета ідзе на Юліну лавачку? Чаго? Юлі ж няма ў Дабрынёве! А можа, яна вярнулася? І яны прызначылі сустрэчу?

Радзім аж скалануўся ад абурэння. Падумаў у гневе: «Я яму пакажу, губашлёпу!» І тут жа сумеўся: а што ён можа зрабіць? Што паказаць? Ён, кузурка, вось гэтаму велікану?

Толькі паспеў так падумаць, як зямля, гэта значыць, Юрасёў абутак, страсянулася, здрыганулася, і ён, паслабіўшы ўжо крыху ўвагу, не ўтрымаўся, падляцеў угору, зноў упаў на чаравік і скаціўся па ім доле – Юрась, мусіць, зачапіўся наском за камень, альбо тупнуў нагою, атрасаючы пыл.

Не ўтрымалася і Оя. Яна таксама, як і Радзім, кешкалася на зямлі, спрабуючы выбрацца з пылу, які быў ім як не па самыя плечы.

Пакуль яны выграбаліся на цвярдзейшае, была нейкая мэта, а калі выбраліся на цупкую зямлю наўзбоч дарогі, дзе яшчэ не расла трава, але ўжо не было і пылу, убачылі смяхотнасць сваіх намаганняў.

Усё, што б яны ні зрабілі зараз, не мела аніякага сэнсу.

Ісці да лавачкі, дзе ўжо, канечне ж, усеўся Юрась? Але навошта? Ну добра, дойдзе ён, напрыклад, да тае лавачкі. А далей што? Як узлезці на яе? Ну, дапусцім, узлезе. А потым? Сядзе паміж Юрасём і Юляю, калі яна дома і калі выйшла да губашлёпа? Ну сядзе, ну і што? Пачне гаварыць? А яго ніхто не пачуе! Пачне варушыцца? А яго ніхто не ўбачыць! Яшчэ задушыць хто, калі сядзе неспадзявана зверху…

Ісці да школы, дзе сёння выпускны вечар? Дзівак! Глупства ўсё гэта! Па-першае, дойдзеш ты туды, можа, і праўда праз некалькі гадоў. А па-другое, навошта? Каб падзякаваць настаўнікам за вучобу? Але як ты, кузурка, паразумеешся з імі?!

Аднак і стаяць на месцы, нікуды не ісці і нічога не шукаць – таксама глупства. Яшчэ хто-небудзь растопча ці расцісне кола якой выпадковай машыны ці калёс.

І ўсё ж трэба ісці да лавачкі! Няхай сабе ён нічога не зможа зрабіць, не зможа перашкодзіць сустрэчы, але ж нейкі сэнс у гэтым будзе: ён знойдзе Юлю! А Радзім жа столькі яе шукаў і ў Зэміі, і на Жалезным Хаосе, і ў Дурбудзіі.

– А ты ведаеш, твой губашлёп трымае ў руках букет бэзу. Відаць, прынёс Юлі,– перапыніла яго роздум Оя, і ён зразумеў, што яна і напраўду сочыць за яго думкамі, ідзе ўслед за імі.

Па дарозе ім ўжо сталі трапляцца нейкія вялізныя-вялізныя калёсы, агромністыя, як бочкі, вёдры, лапаты, саўкі.

Яны ішлі, як ім здавалася, шпарка, але лаўка нібыта сама сабою адсоўвалася, здалялася – да яе было яшчэ вельмі далёка.

І раптам Оя ні з таго ні з сяго ўпала сама, паспела крыкнуць і яму: «Кладзіся!» Той жа час нешта засланіла ўсё неба – стала зусім цёмна. Выціснула дашчэнту паветра, не было нават чым дыхаць. Зрабілася страшна – а што, калі гэтае «нешта» замуравала іх назаўсёды?

Паварушыўся, натрапіў рукою на нейкую сцяну, паспрабаваў яе адсунуць – дзе там! Сцяна нават і не скранулася. Папоўз у другі бок, думаў выбрацца там, але неўзабаве ўпёрся ў такую ж самую сцяну. І тады, калі ён ужо гатовы быў закрычаць ад адчаю, тое, што чорным небам накрыла іх, раптам паднялося ўгору, і зноў стала светла-светла. Непадалёку ад сябе Радзім убачыў Ою і, узрадаваўшыся, што ўжо можна нармальна дыхаць, удыхнуў паветра на поўныя грудзі і спытаўся:

– Оя, а што гэта было?

– Разумееш, гэта быў звычайны чаравік. Ім наступілі на нас. І мы аказаліся ў выемцы абцаса.

– А ты дзе была?

– Побач з табою. У суседняй выемцы. Ледзь паспела адкаціцца ў выемку. А то б…

Яна не дагаварыла. Памаўчала троху, а тады дадала:

– Я табе сказала, што гэта быў звычайны чаравік. Але ён-то якраз незвычайны. Гэта Юлін абцасік! Яна на нас наступіла. Як ішла да лавачкі. Зараз Юля садзіцца побач з Юрасём. Бярэ з яго рук букет бэзу… Разглядае. Шукае шчасце – пяціпялёсткавую кветку…

Оя падрабязна расказвала яму пра ўсё, нібыта знарок хацела пазлаваць яго. Радзім моўчкі, сціснуўшы зубы і кулакі, слухаў яе. І ніякавеў ад бездапаможнасці – а што ён можа зрабіць?! І Кулета, зірні, які нягоднік. Рады, што яго няма, і вунь што творыць. Ды і Юля таксама ладная. Бач ты яе, кветкі ад гэтага губашлёпа бярэ, шчасця шукае… Дык навошта ж яна тады ўсюды да яго белаю хмаркаю з'яўлялася? Пачакай, а можа, гэта тут, у роднай вёсцы, не яна?

– Яна, Радзім, яна, – не чакаючы пытання адказала Оя. І ў гэты час неба зноў пацямнела. Ён, баючыся, што на

іх зноў нехта наступіць, прыгнуў да зямлі Ою і ўпаў побач з ёю сам. Але неба ніжэй не апускалася і не закрывала іх. Яму нават здалося, што яго нехта разглядае: ён адчуваў гэта спіною. Павярнуўся, каб убачыць – хто, але нічога, апрача вялізнай глыбы, што навісла над імі, не разабраў.

Канечне, гэта быў хтосьці з веліканаў. Ён, мусіць, заўважыў, што нешта варушыцца на зямлі, і зараз прыглядаўся, вывучаў, дзівіўся.

Пасля яшчэ больш пацямнела з правага боку, і не паспеў ён разабрацца, чаму пацямнела, як нехта асцярожна-асцярожна ўзяў іх у два пальцы – абоіх разам, – падняў вышэй і апусціў на нейкую новую плоскасць.

– Яны пасадзілі нас на далонь і разглядаюць.

Потым іх перасаджвалі з рукі на руку і ўсё разглядвалі. Адны, хто быў больш далікатны, бралі асцярожна і ласкава, а іншыя – груба і бесцырымонна страсалі на далонь: ім было гэта балюча і непрыемна, але супраціўляцца яны, безабаронныя, не маглі.

Куды іх толькі не саджалі! І на пальцы, і на цаўё лапаты, і сабе на галаву, і на травіны, і на суквецці. Садзілі і ў краскі і закрывалі іх там пялёсткамі. У красках і так вельмі душна, але калі закрывалі пялёсткі, там увогуле не было чым дыхаць. Канечне, ён сам гэтага не бачыў, а пра ўсё, што з імі адбываецца, расказвала яму Оя.

Потым іх пасадзілі на калёсы і некуды павезлі. Але неўзабаве спыніліся і пацягнулі назад, каб праз нейкі час рушыць наперад. Яму здавалася, што, на здаровы розум, у гэтых дзеях не было аніякага сэнсу, але хто яго ведае, можа, ён і памыляўся. Часам здараецца і такое: глядзіш збоку – анічога не разумееш, а чалавек перакананы, што робіць вялікую справу.

• Так і вазілі іх веліканы сюды-туды на калёсах. Калёсы былі агромністыя, Радзім з Ояй згубіліся на іх, здаваліся яшчэ меншымі, чым на самой справе. Нечыя пальцы ўсё забаўляліся з імі: то возьмуць і перасадзяць на драбіну і вязуць, прытрымліваючы; то ўмосцяць пасярод калёс; то падсцелюць травы, каб мякчэй было сядзець, а ім ад гэтага бадылля яшчэ мулчэй робіцца.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю