355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Иван Сипаков » Падары нам дрэва » Текст книги (страница 6)
Падары нам дрэва
  • Текст добавлен: 8 октября 2016, 17:48

Текст книги "Падары нам дрэва"


Автор книги: Иван Сипаков


Жанр:

   

Прочая проза


сообщить о нарушении

Текущая страница: 6 (всего у книги 17 страниц)

А зык у скафандры не праходзіў: невідомае насякомае ўсё яшчэ, нібы жалячыся на што, гуло і звінела.

Хлопец уважлівей прыслухаўся да гэтага гуку, і яму здалося, што ён чуе – больш здагадваецца, чым чуе, – быццам яму хтосьці загадвае:

«Уключыце сінюю кнопку… Уключыце сінюю кнопку…»

Што гэта з яго нехта здзекуецца, ці што? «Сіняя кнопка… Сіняя кнопка…» А як яе, гэтую сінюю кнопку, убачыць у такой непраніклівай, пракаветнай цемры?!

Пачаў пальцамі, далонямі вадзіць па скафандры, шукаючы тую кнопку. Націскаў, уключаў усё, што траплялася пад рукі, і прыслухоўваўся: ці не тая? ці не абзываецца хто?

Але ў скафандры было ціха. І толькі калі ён намацаў ці не апошнюю ўжо кнопку – недзе ззаду, уверсе скафандра – у ім нешта гучней зашуршэла і праз гэтае шуршанне прарэзаўся, нарэшце, нейчы незнаёмы голас. Ён доўга не мог зразумець, што гэта гаворыць Оя, – такі быў чужы і нязвыклы яе голас.

– Радзім, ты мяне чуеш? Гэта я, Оя. Ты таксама ўжо тут, на Жалезным Хаосе?

Ад радасці, што чуе Оін голас, у яго перасела ў роце, зашэрхла ў горле, і ён не мог вымавіць ніводнага слова.

– Чаго ты маўчыш? – затрывожылася дзяўчына і яшчэ больш спалоханым голасам спыталася: – Радзім, ты мяне чуеш?

– Чую, – нарэшце вымавіў ён.

– А чаму не адказваеш?

– Ад радасці. Рады, што я тут не адзін, ужо нармальным голасам загаварыў ён і адразу ж спахапіўся, што гаворыць нешта не тое: дзяўчыну саслалі сюды, на гэтае жалеззе, а ён радуецца… Не радавацца трэба, а думаць, як яе выбавіць адсюль!

І каб неяк выправіць, прыхарошыць няёмкасць, спытаўся:

– Табе не холадна?

– Холадна, – адказала Оя, і ён адчуў, як яна там, дзесьці далёка-далёка ад яго, сцялася ўся. – Слухай, а гэта не ты толькі што ўключаў святло на Хаосе?

– Я.

– Я так і падумала. Убачыла, як засвяцілася ўсё навокал, і здагадалася, што ты ўжо тут. Дарэчы, а на чым цябе прывезлі?

– Не ведаю. У цемры не разглядзеў. Але нешта дрымцела і бразгатала.

– Той жа самы драндулет, з якога скінулі і мяне.

– Ты не пабілася? – ласкава спытаўся ён.

– Пабілася. Руку садрала. Нагу падвярнула. Кульгаю. Ён нават сам здзівіўся, што яго нечакана агарнулі пяшчота і замілаванне, – яму вельмі хацелася вось зараз ласкава, далікатна дакрануцца да яе, пагладзіць.

– А дзе ты цяпер знаходзішся?

– Недзе непадалёк ад Цмока.

– Ты думаеш, я ведаю, дзе гэта? Дарэчы, а што сталася з Цмокам? Калі я яшчэ быў у Талямаліі, калі мяне вялі на суд, раптам сціх вецер, усе выйшлі на вуліцы і плошчы, крычалі, радаваліся: «Цмок памёр! Памёр Цмок!» Як ён памёр, ты не ведаеш?

– Ведаю. Я яго задушыла…

– Ты? Задушыла Цмока? Як?

– Проста выключыла рубільнік. Бо Цмок – гэта ўсяго толькі вакуумная ўстаноўка, якая працуе ў пераменным рэжыме.

Яны, засумаваўшы адно па адным, гаварылі і не маглі нагаварыцца. А хутчэй за ўсё не змаўкалі, каб яшчэ і яшчэ раз пераканацца, што на Хаосе кожны з іх не самотны: тут ёсць каму гаварыць і ёсць каму слухаць!

– Пачакай, а сам ты дзе знаходзішся?

– Не ведаю, – шчыра прызнаўся Радзім і дадаў: – Там, дзе было асветлена. Ты ж бачыла?

– Бачыць то бачыла, але ж святло было ўсюды, – яна замоўкла, задумалася, а затым папрасіла: – Слухай, а паспрабуй яшчэ раз уключыць рубільнік. Каб я разабралася, дзе ты.

Ён і сам пра гэта думаў, яму і самому карцела зноў пацягнуць за тую магічную ручку, каб нанова ўбачыць, як раптам пачне падымацца ўвесь Жалезны Хаос. Але ж і стрымлівала яго нейкая боязь і асцярога: а што будзе, калі на гэты раз ён не здолее ці не паспее выключыць рубільнік? Таму Радзім пачаў як бы апраўдвацца, разважаць:

– Табе здаецца, што гэта лёгка – узяў і ўключыў. Ты ж зблізку не бачыла, што тут рабілася.

– Бачыла. Тут таксама паўставалі нейкія жалезныя монстры. Але ўсё роўна ўключы, давай яшчэ раз паглядзім, што будзе.

І Радзім адважыўся. Ён яшчэ болей асцярожна, як перад гэтым, палез па жалезным ломе да рубільніка. Дабраўся да яго з іншага боку і доўга мацаў па жалезе, пакуль нарэшце не натрапіў на ручку. Уключаць не спяшаўся – адчуваў, як ці то награецца ад яго далоні стылае жалеза, ці то наадварот яно само студзіць руку. Стаяў і чакаў. Ведаў, што зараз пачнецца, калі паверне рубільнік.

– Чаго ты не ўключаеш? – нецярпліва дапытвалася Оя.

Радзім паспрабаваў адпіхнуць ад сябе дзяржанне, але нічога не атрымалася. Ручка не краналася з месца, яна як усё роўна заржавела. Тады Радзім скочыў уніз і, як і перад гэтым, завіс на дзяржанні. Рубільнік павольна, з рыпеннем, паддаючыся яго вазе, пачаў апускацца. Цяпер ён ужо вельмі пільна сачыў за тым, што рабілася навокал.

Паступова напальваючыся, разгараліся ўсё ярчэй і ярчэй лямпачкі, святло іх неўзабаве стала вельмі яркае, яно ўжо перашкаджала яму глядзець, але Радзім, хоць і жмурачыся, з жахам назіраў, як навокал яго ўстае, са скрогатзм і бразганнем, жалеза. Цяпер ён ужо не сумняваўся, што гэта паднімаліся робаты, што Жалезны Хаос хутчэй за ўсё калісьці быў краінай робатаў, якая нейкім чынам загінула. Заржавелыя монстры ўставалі, азіраліся, варушыліся, спрабавалі нават ісці ў ягоны бок. Дзіўна, з усіх бакоў толькі туды, дзе вісеў ён. Яму было жудасна бачыць, што імі запоўнена ўся прастора, што яны ўжо нібыта вітаюцца адзін з адным, нешта паказваюць на яго рукамі, падобнымі на штэпселі, і ці то ўсміхаюцца, ці то злуюцца – адным словам, шчэраць зубы.

Здавалася, што робаты ажыўляюць адзін аднаго, падтрымліваюць, дапамагаюць падняцца. Падкручваюць адзін аднаму гайкі, умацоўваюць шарніры, мяняюць лямпачкі. Хтосьці вунь паўзе ўжо з працягнутай наперад рукою-штэпселем да разеткі, а хтосьці, пачапіўшы шнур на кій, таксама спяшаецца хутчэй знайсці сабе крыніцу сілкавання.

Захапіўшыся відовішчам, Радзім і не заўважыў, што ўжо стаіць на жалезнай панелі,– адкуль яна з'явілася, не памятае, – а да яго твару цягнецца нейкая жалезіна.

Гэтая страта пільнасці ледзь не каштавала яму жыцця. І ён застаўся жывы толькі таму, што ў апошнюю хвіліну зразумеў, што сам стаіць на плячы робата, які паспеў падняцца на ногі, а да яго шыі набліжаецца не нейкая там жалезіна, а самая звычайная рука робата з двума пальцамі – штэпсельнаю вілкаю.

Радзім спалохаўся і той жа момант адпусціў, адпіхнуў ад сябе ручку рубільніка – тая аж ляснула, становячыся на сваё месца.

Рука робата халодным пальцам чыркнула па хлопцавай шыі і заціхла. Сам робат здрыгануўся, нібы скідваючы чалавека з пляча, – Радзім і на самой справе не ўтрымаўся і паляцеў уніз. І ўжо упаўшы, у поўнай цемры, пачуў, як грымнуў вобзем і сам робат – на шчасце, у другі ад Радзіма бок, бо на хлопца паляцела, мусіць, падгрэбенае нагамі дробнае жалеззе.

Пасля яркай успышкі святла цемра цяпер здавалася яшчэ больш чорнаю. І цішыня пасля такога скрогату і бразгатання была як усё роўна несапраўдная. Цела, пабітае, а дзе-нідзе і садранае, саднела. Радзім абмацаў сябе, каб пераканацца, што ніякіх пераломаў няма, і тут жа схамянуўся: чаму маўчыць Оя?

У скафандры было ціха, калі не лічыць нейкага трэску, шуму, шоргату, што сведчыла – мікрафон уключаны. І ўсё ж ён правёў абедзвюма рукамі па скафандры, каб яшчэ раз пераканацца, што той цэлы, нідзе не трэснуў і не пабіўся, калі Радзім упаў на зямлю.

І раптам яму здалося, што ў скафандры хтосьці ўздыхнуў ці то нават застагнаў.

– Оя, гэта ты? – захваляваўся Радзім. – Дзе ты падзелася? І чаму маўчыш?

У скафандры было ціха, толькі ўсё гэтак жа назойліва патрэскваў уключаны мікрафон.

– Оя! Оя! – нібы прадчуваючы нешта, закрычаў Радзім і не помнячы сябе пачаў грукаць кулакамі па скафандры – так малоцяць на зямлі па тэлефонным апараце, калі той раптам сапсуецца.

Але Оя маўчала. Прайшоў нейкі час, пакуль нарэшце яна адгукнулася – яе голас быў слабы, далёкі і крыху безуважны – нібыта яна менавіта вось зараз вярталася ў прытомнасць.

– Што з табою? – дапытваўся Радзім.

– Я не магу ўстаць.

– Чаму, Оя?

– Таму што адзін з робатаў схапіў мяне за нагу…

– Дык робаты ж зноў памёрлі.

– Але ж гэты, перад тым як грымнуцца вобзем, паспеў сашчапіць на маёй назе свае халодныя металічныя рукі…

– І ты не можаш іх разняць?

– Не магу, Радзімачка.

– Што ж рабіць?

– Шукай мяне, – застагнала яна.

– А як я цябе знайду? – занепакоіўся хлопец. – Я ж не ведаю нават, у які бок ісці.

– І я не ведаю.

– Шкада, што ты адключыла Цмока. Я па шуму б здагадаўся, дзе ты. А можа, на якую хвіліну ўключы яго зноў.

– Не магу. Робат дужа цяжкі, і я не толькі не дапаўзу з ім да Цмока, але і проста павярнуцца, паварушыць нагою не маю магчымасці. Знайдзі мяне хутчэй… Мне холадна, страшна і балюча…

Радзім маўчаў, думаў.

– Слухай, – нарэшце ажывіўся ён. – А ты паляпай жалезам па жалезе. Я пачую і пайду на грукат.

– Пачакай крыху, – яна, мусіць, шукала якую жалязяку, а ён падрыхтаваўся ўважліва слухаць – наструніўся ўвесь, каб не прапусціць ніводнага гуку.

– Знайшла? Ужо ляпаеш? – праз нейкі час спытаўся ён.

– Ляпаю.

Але, як ён ні ўслухоўваўся, нічога не чуў: значыць, Оя была вельмі далёка ад яго.

– Не чую, але ты час ад часу ўсё роўна ляпай.

– Навошта?

– Можа, бліжэй буду – пачую.

Устаў, агледзеўся ў цемры, нібы выбіраючы, куды, у які бок падацца. Падумаў, а навошта выбіраць, калі сам не ведаеш, дзе знойдзеш тое, што шукаеш.

Намацаў нагою вольную ад жалеза зямлю і паволі пайшоў наперад. Выстаўляў рукі перад сабою, ногі сунуў вельмі асцярожна, баючыся ў што-небудзь ударыцца, аб што-небудзь выцяцца, што-небудзь зваліць на сябе. Ішоў і ўсё прыслухоўваўся – а раптам дзе грукае жалезам Оя?!

Ісці было цяжка, увесь час замінала нагрувашчанае жалезнае ламачча. Радзім ведаў, што гэта не ламачча, – помніў, як усё паднялося і ажыло, калі ён уключыў рубільнік. І зараз, абыходзячы жалеза, ён разумеў, што абыходзіць пераможаных, заціхлых робатаў – дзе нагу, дзе руку, дзе галаву, – і ад гэтай думкі рабілася вусцішна: а што, калі нехта з іх дапаўзе да рубільніка? Дзе тады і як схаваешся?

Ад гэтай думкі ды яшчэ ад таго, што не ведае, ці правільна, ці ў той бок ідзе, праймаў холад, пачынала калаціць і з'яўлялася жаданне вярнуцца назад. Але куды назад? Але навошта назад? Зноў у тую яму пад рубільнікам? І зноў сядзець і чакаць? Чаго чакаць? Колькі? Ды і Оя пакутуе… Трэба шукаць!

Скафандр маўчаў. Нават не хрыпеў, не трашчаў – як усё роўна быў адключаны. Радзім затрывожыўся яшчэ мацней – яму падумалася, што Оя зноў страціла прытомнасць, а можа, там здарылася нешта і страшнейшае.

Ён, спалохана націскаючы на сінюю кнопку – запомніў, дзе яна знаходзіцца, – што ёсць сілы закрычаў:

– Оя! Оя! Што з табой?

– Нічога, – праз нейкі час спакойна адказала дзяўчына. – Проста я задрамала, – крыху памаўчала зноў, затым пацікавілася сама: – А ты чаго гэтак раскрычаўся? Што-небудзь здарылася?

– Не, я за цябе хвалююся. Ты маўчыш, і я бог ведае што падумаў.

– Што?

– Што да цябе дацягнуліся і іншыя робаты…

– Дык яны ж мёртвыя.

– Але… – хацеў запярэчыць ён, аднак перадумаў і той жа час перавёў размову на іншае: – А ты хоць ляпаеш там?

– Што, ты хочаш, каб я і ў сне ляпала?

– У сне не трэба. А зараз, калі прачнулася, паляпай.

– Добра, – згадзілася Оя.

Але як ён ні прыслухоўваўся, ніякіх гукаў не пачуў. Значыць, Оя была яшчэ далёка. Пастаяў крыху, падумаў, а затым рашуча пайшоў зноў у цемру, натыкаючыся на ногі, абыходзячы галовы, чапляючыся за рукі робатаў.

У поўным змроку ісці было цяжка, нязручна, але ён, настойліва намацваючы зямлю, ішоў і ішоў наперад. Аднаго разу нават упаў – паставіў нагу на нейкую жалезіну, тая, нібы жывая, прыўзнялася, крутанулася – здалося, была гэта нейчая рука, – і ён спіною паляцеў на другую, моцна выцяўшыся аб яе – цяпер яму падумалася, што нехта падставіў нагу, бо і гэта ламачына ажыла і заварушылася. Радзім спалохаўся, падхапіўся і кінуўся бегчы – яму ўявілася, што ўсё гэтае жалеззе вось зараз падымецца, устане і жывым робатам накінецца на яго. Спяшаючыся, неабачліва наступіў на слізкія лісты жалеза, тыя рассунуліся, і ён упаў зноў.

Цяпер Радзім ужо не спяшаўся падымацца. Сядзеў і супакойваў самога сябе: «Ціха, ціха, куды ты імчышся, куды бяжыш? Не гарачыся. Так можна і галаву разбіць». Успомніўшы пра галаву, абмацаў з усіх бакоў скафандр – ён быў тут такі ж важны, як і галава, – і адчуўшы, што на ім няма яшчэ расколін, супакоіўся.

Падумаў, ён нарабіў столькі шуму, тут так бразгала і грымела жалеза, што каб дзе блізка была Оя, яна, канечне, пачула б гэты грукат. Сядзеў і прыслухоўваўся, ці не абзавецца яна?

Але навокал было ціха-ціха.

Значыць, ніхто яго не пачуў.

Ну а што, калі б Оя і пачула? Як бы ён зразумеў, дзе яна? Як бы зэмка магла падказаць яму, куды ісці? Яны ж тут ніякіх арыенціраў, каб прывязацца, не ведаюць, ды, каб і ведалі, як іх убачыш у гэтай цемры?!

І раптам яму прымроілася, што недзе блізка, зусім побач, ляпае жалеза… Узрадаваўся, насцярожыўся, прыслухаўся… Спытаўся: «Оя, гэта ты?», але ніхто яму нічога не адказаў.

А жалеза і праўда ляпала…

Ён падхапіўся і, адно толькі стрымліваючы сябе, каб не пабегчы, каб зноў не ўпасці, кінуўся на гэты гук.

Дзіўна, але колькі ён ні ішоў, гук не мяняўся, быў усё такі ж, як і на самым пачатку, – не грамчэў, не мацнеў, не рабіўся выразней…

І ўсё ж, здаецца, ён наблізіўся да таго месца, адкуль чуўся гук. Ступіў яшчэ колькі крокаў і спыніўся. Яму памроілася, што наперадзе нехта ходзіць. Таго, хто ходзіць, ён не бачыў, а крокі з аднастайным бразганнем чуў выразна.

– Оя, гэта ты? – зноў спытаўся Радзім, хоць і ведаў, што гэта не зэмка: як яна будзе хадзіць з робатам на назе?!

Адразу ж спыніўся і той, хто тупаў,– перастала ляпаць жалеза. Нечакана ў тым баку загарэлася лямпачка – невялікая, круглая, як вока, – і Радзім больш адчуў, чым пачуў, нейчы настойлівы загад:

«Хто вы? Хто вы? Уключыце сувязь. Уключыце сувязь. Кнопка справа. Кнопка справа».

У цемры, там, дзе стаяў незнаёмы, загарэліся новыя лямпачкі – зялёныя, сінія, аранжавыя.

Радзім уключыў кнопку, якую яму загадалі, і чакаў, што будзе далей. Імкнуўся быць спакойным, хоць і адчуваў, як падымаюцца на галаве валасы.

– Хто вы? Хто вы? – усё дапытваўся незнаёмы. Хлопец ужо зразумеў, што перад ім робат, але, у сваю чаргу, спытаўся:

– А вы хто?

– Я – тутэйшы. Я – робат. А ты – чалавек?

– Чалавек, – усяго толькі і змог адказаць ён робату, а сам задумаўся: ну як можна растлумачыць гэтай машыне, хто ён, адкуль, як апынуўся тут і што цяперь робіць на Хаосе?

– А ну яго! – раптам сам сабе сказаў робат – Радзіму нават здалося, што ён махнуў сваёю жалезнаю рукою, – і загаварыў звычайным чалавечым голасам: – Я ведаю цябе. Ты – чалавек, які выключыў энергію.

– Не, я яе ўключаў.

– Ага, спачатку ўключаў. А потым – выключыў. А ты ведаеш, што на Жалезным Хаосе выключэнне энергіі лічыцца злачынствам і вельмі строга караецца. На табе, чалавек, двайная віна: ты двойчы выключаў энергію. І двойчы ўчыняў умор, знішчаў нашу папуляцыю. Вось яны, мае браты і таварышы, ляжаць вакол цябе мёртвыя. І ты, ты забіў іх! Хто табе даруе такі злачын?!

Пачуліся зноў крокі, заляпала жалеза – мусіць, нейкая дэталь адпаялася і бразгала пры хадзе. Радзіму здалося, што робат спяшаецца якраз у ягоны бок. Хлопец паспешліва адбегся назад – як ты будзеш бараніцца, калі ён раптам зграбе цябе ў свае абдымкі?!

Робат, зразумеўшы, што чалавек баіцца яго, задаволена зарагатаў:

– Не ўцякай ад мяне. Я нічога кепскага не магу табе зрабіць – я ж прывязаны, – крыху памаўчаў, а пасля зноў засмяяўся. – Памятаеш, як у вас сабак каля будак навязваюць? Вось так і я навязаны. Толькі па крузе хадзіць магу.

– Чаму?

– Таму што ваш сабака на ланцуг навязаны, а я – на шнур. А шнур у мяне кароткі. Штэпсель у разетку – і хаджу. Захачу адысціся далей – штэпсель з разеткі выцягну. І памру, як астатнія памёрлі.

– А як ваша разетка працуе? Усё ж абясточана.

– Гэта мой сакрэт. Мне хлопча, трэба думаць пра сваю папуляцыю. Пра тое, як яе выратаваць.

– А адкуль вы ведаеце пра нашых сабак? – ужо зусім асмялеўшы, спытаўся Радзім.

– Як гэта – адкуль? – хутчэй за ўсё паціснуў плячыма робат. – Ад дурбудаў. У іх былі сабакі, і яны навязвалі іх вось так каля будак.

Вочы да цемры не прызвычаіліся, і Радзім, адно толькі чуючы робата, не бачыў, які ён – малы ці вялікі, незвычайны ці падобны на нашых, зямных.

– А хто гэта такія – дурбуды?

Робат нібыта задумаўся. Ен падышоў зусім блізка да хлопца – Радзім нават пачуў, як напяўся туга нацягнуты шнур.

– Дурбуды – гэта людзі. Такія ж, як і ты, – пачаў здалёку тлумачыць робат, і Радзім, чамусьці адчуўшы, што ён зараз раскажа яму ўсё, уважліва слухаў і не перапыняў яго. – Раней гэта была іхняя зямля. Жылі чалавекі, працавалі. Радаваліся і смяяліся. Дык не ж, заманулася ім выдумаць нас, робатаў. Каб дапамагалі ім. Выдумалі. Спачатку мы дурбудам падабаліся – робатаў, маўляў, можна абдурыць, у іх няма ніякай хітрасці. Працуюць па схеме. Яны толькі імітуюць чалавека, казалі. Але ім недаступна наша мысленне, сцвярджалі…

Залязгала жалеза – робат зноў пайшоў па крузе.

– Пакуль мы рабілі тое, што яны нам загадвалі, мы былі харошыя. Два пальцы ў разетку, і жывеш… Сыты і ў камфорце. Ніякіх клопатаў з намі. А як толькі мы захацелі жыць самастойна, перасталі ім падпарадкоўвацца – яны адключылі энергію. І знішчылі ўсю папуляцыю, – робат, мусіць, ішоў цяпер па другі бок ад разеткі, голас яго быў слабей чуваць, і Радзіму даводзілася напружвацца, услухоўвацца ў яго. – А дурбуды самі па сабе недалёкія людзі. І як толькі яны зразумелі, што мы робімся разумнейшымі за іх і што хутка не яны, а мы будзем кіраваць усім – і імі, натуральна, таксама, – неўзлюбілі нас і ўзненавідзелі. І пачалі з намі вайну, – робат змоўк, але неўзабаве, не ўтойваючы сваёй радасці, зноў загаварыў: – Ну і натапталі ж мы іх… Ну і патаўклі! Пад намі, пад робатамі,– адны косці. Многа-многа дурбудаўскіх касцей…

Робат, абышоўшы разетку кругам, набліжаўся зноў да Радзіма. Хлопец, каб лепей чуць яго, страціўшы пільнасць, зусім наблізіўся да вытаптанага круга.

– Вось тады дурбуды і адключылі энергію, – робат падышоў зусім блізка і стаў амаль поплеч – Радзім нават чуў пах жалеза і нейкага прымітыўнага масла, якім яно было змазана. – Вось з таго часу мы і ляжым, іржавеем. І толькі вось ты патрывожыў нас, і мы зразумелі, што яшчэ жывыя, хоць і нерухомыя. Пройдзе нейкі час, і мы, зусім праржавелыя, станем непрыгоднымі, не зможам падняцца на ногі, а наша папуляцыя знікне назаўсёды… Але ж ты дапаможаш нам стаць жывымі!

І маланкава – не паспеў Радзім апамятацца ці адказаць што – ягоную руку моцна, нібы наручнікі, сашчапілі жалезныя пальцы робата. Той накінуўся на яго знянацку, як хітры павук, які, стаіўшыся, чакае, прыкідваецца мёртвым, а тады імгненна кідаецца на сваю ахвяру. Радзім інстынктыўна моцна рвануўся ўбок, пацягнуўшы за сабою і робата, ды так крута, што, мусіць, вырваў нават шнур з разеткі. Пра гэта Радзім зразумеў, калі яны абодва ўпалі на зямлю, калі адчуў, як слабее і слабее робатава рука, як самі сабою расціскаюцца ягоныя пальцы.

Сваю руку Радзім вызваліў лёгка – здавалася, што сам робат дапамагаў яму гэта рабіць.

Але ўсё ж рука балела – падаючы, робат балюча заламаў яе назад. І сам да таго ж моцна наваліўся на Радзіма, прыціснуў яго сваім цяжкім жалезным целам.

Радзім паспрабаваў вылезці з-пад робата, але яму гэта не ўдалося. Тады ён пачаў спіхваць яго з сябе рукамі – той быў дужа цяжкі – кавалак мёртвага жалеза! – і таму ніякія намаганні не мелі поспеху. Нарэшце, пакрысе раскалыхаўшы робата, хлопцу ўдалося перакаціць мерцвяка на другі бок. Жалеза крыху прыўзнялося, і Радзім, хоць і з цяжкасцю, выцягнуў з-пад яго ногі.

Сеў верхам на заціхлага, нерухомага, але яшчэ цёплага робата і задумаўся. Бачыш, як ён перахітрыў чалавека!

А што б было, калі б не вырваўся з разеткі шнур? Канечне, робат рабіў бы ўсё, каб змусіць Радзіма ісці да рубільніка і ўключыць яго.

Але як бы ён гэтага дамагаўся? Ён жа навязаны. І яго воля, і яго прастора, і нават яго жыццё вымяраецца толькі даўжынёю шнура. Там, дзе канчаецца провад, канчаецца і яго жыццё. Як вось і зараз…

Ды ён бы нешта прыдумаў. Ты ж бачыш, які ён кемлівы. Бачыш, як нечакана схапіў за руку. А трымаючы цябе побач з сабою, ён, канечне, знайшоў бы выйсце. У яго ж свая схаваная, аўтаномная крыніца энергіі, як бачыш, ёсць. Засталося толькі навучыцца яе накапляць і пераносіць. Словам, вынайсці акумулятар…

Раптам Радзім здрыгануўся: нечакана забразгатала жалеза – хутчэй за ўсё гэта рука, якая нязручна легла пры перакочванні, з'ехала і ўпала яму на калені. Радзім спалохаўся, падхапіўся на ногі, скінуў далаўкі руку, але адчуўшы, што робат ляжыць – ціхі і нежывы, як і да гэтага, – супакоіўся.

Дык што ж яму зараз рабіць з ім?

Пакінуць вось такога, мёртвага, сярод гэтага жалезнага ламачча? І ён неўзабаве заржавее, хоць і змазаны нейкім самаробным маслам, і тады ўжо ўся гэтая папуляцыя ніколі не падымецца, не ажыве. Але хто ты такі, каб адымаць апошнюю надзею на выратаванне ў гэтага жалеза? Хто такі?

І навошта табе ўмешвацца ў іх жыццё? У іх спрэчкі з дурбудамі? Зрабі так, як і было да цябе. Падключы да разеткі гэтага робата. Няхай ходзіць па крузе вакол сваёй крыніцы энергіі і думае. Няхай сам вынаходзіць акумулятар. А калі хочаш, можаш і падказаць.

І тут жа, уявіўшы, як адразу падымецца ўсё і ажыве, як немагчыма будзе яму ўратавацца ад жалеза, Радзім перасмыкнуўся: не, вучыць робата, як рабіць акумулятар, ён не будзе – няхай сам дадумаецца.

А вось падключыць робата да разеткі ён абавязаны. Каб ніякім чынам не ўплываць на жыццё папуляцыі. Хадзіў па крузе да яго, няхай ходзіць і пасля яго.

Але як гэта зрабіць? Ён жа такі цяжкі, а да разеткі давядзецца цягнуць.

Падышоў да разеткі, намацаў у цемры шнур, нацягнуў яго – не хапала з паўметра. Вярнуўся да робата, паспрабаваў валачы яго. Але, нават прыўзняўшы крыху ногі, не змог скрануць мерцвяка і з месца. Тады Радзім пачаў каціць яго. І гэта было цяжка, аднак нешта ўсё ж крыху выходзіла – разгайдаўшы робата, Радзіму ўдалося перакуліць яго на другі бок. Адпачыўшы, ён перакаціў жалеза яшчэ раз.

Калі адчуў, што ўжо хопіць каціць, выпрастаўся, выцер з ілба нот даланёю – бачыш, як угрэўся, аж у пот кінула! – і прысеў на робата: ці то міжволі, ці то свядома, каб абразіць у апошні раз жалеза – маўляў, праз хвіліну я буду цябе баяцца, а вось зараз сяджу на табе і што захачу, магу з табою зрабіць.

Радзім падняўся, падышоў да разеткі. Перад тым як уторкнуць у яе штэпсель, пастаяў, падумаў – як усё роўна рабіў нейкую вельмі важную справу, на якую трэба асмеліцца, адважыцца. Затым паспешліва ўторкнуў два пальцы штэпселя і той жа момант хуценька адбегся ад разеткі – У другі бок ад таго месца, дзе ляжаў мярцвяк.

Робат, ажыўшы, падымаўся паволі – удалечыні рыпела жалеза, крахтаў ён сам. Калі ўжо, мусіць, стаў на ногі зусім – у тым баку ўсё заціхла, – Радзім адважыўся загаварыць да яго:

– Ну што, не атрымалася?

– Пакуль не атрымалася, – зусім спакойна згадзіўся з ім робат. – Але дужа не радуйся. Я настойлівы. І ў мяне абавязкова ўсё некалі атрымаецца…

– Калі?

– Магло б і сёння.

– А цяпер калі?

– Не ведаю. Але буду працаваць. І павер мне, я сам дайду да рубільніка. І ўключу яго. Бачыш, колькі я жалеззя паназбіраў? Адбягуся, схаплю што-небудзь – і зноў да разеткі імчуся. Я яшчэ не ведаю, на што яно спатрэбіцца, але няхай будзе… І я прыдумаю, як запасіць энергію, каб быць незалежным ад разеткі. Я ўключу рубільнік!

Забразгатала жалеза, і Радзім зразумеў, што робат ідзе ў яго бок. І хоць ён і так ужо быў далёка ад круга, па якім хадзіў той, усё ж спасцярожліва адышоўся яшчэ далей – каб нельга было дастаць. Робат спыніўся, мусіць, непадалёку – зноў вельмі запахла жалезам і разагрэтым машынным маслам. А можа, гэта ўжо пахла і ад яго самога – набраўся пахаў, як каціў робата і сядзеў на ім.

– Слухай, а навошта ты ўключыў мяне? Ты ж ведаеш, калі я дайду да рубільніка, калі ажыўлю суродзічаў, яны цябе пакараюць як злачынца. А па-простаму – затопчуць. Ты ж іх загубіў.

– Але ж я ажывіў цябе, – перайшоў на «ты» Радзім.

– Ты разлічваеш на маю дапамогу? Аднак тады ўжо я нічога не змагу зрабіць. Мяне проста ніхто не паслухае.

Зноў залязгацела жалеза – мусіць, робат пайшоў па крузе далей.

І раптам нечакана зашуршала ў скафандры, а потым пачуўся Оін голас:

– Радзім, дзе ты дзеўся?

– А я тут дарогу да цябе распытваю, – узрадаваны, што загаварыла Оя, засмяяўся ён.

– У каго?

– У аднаго чалавека.

– У каго, у каго?

– У жалязякі.

– Хто гаворыць? Хто гаворыць? – адразу стаўшы камп'ютэрам, занепакоіўся, пачаў дапытвацца робат. – Хто на сувязі?

– Чуеш, у мяне дапытваюцца, хто ты.

Оя, відаць, нічога не разумела, не ведала, радавацца ёй ці засмучацца, што на гэтым халодным Жалезным Хаосе апрача іх дваіх з'явіўся яшчэ хтосьці трэці.

– Радзім, з кім ты гаворыш? – хвалявалася яна.

– З жывым робатам, – і адчуваючы, што яна ўсё роўна нічога не разумее, не стаў тлумачыць, паабяцаў: – Я табе потым раскажу.

Робат стаяў – жалеза не бразгала – і слухаў, нібыта і ён чуў усё тое, што гаварыла Оя ў скафандр Радзіму.

– Гэта зэмка, – упэўнена, нібы сам сабе, нарэшце сказаў робат. – А я думаў, што нехта з Дурбудзіі…

– Адкуль ты даведаўся, што гэта зэмка?

– Па мове. У Дурбудзіі і Талямаліі не так гавораць. Толькі зэмы так вымаўляюць «г».

Пачуўшы такое, Радзім здзівіўся. І задумаўся: цікава, яны з Ояй гавораць па-беларуску, а робат іх разумее. Ды і з ім Радзім гаворыць па-свойму, той адказвае яму, канечне ж, па-свойму, а ў скафандры ён зноў жа чуе сваю беларускую мову.

– А дзе зэмка цяпер? – нечакана спытаўся робат.

– Недзе каля Вялікага Цмока, – адказаў Радзім.

– А, дык гэта яна задушыла нашага Цмока! – злосна закрычаў раптам робат і, мусіць, затупаў нагамі – жалеза загрымела яшчэ грамчэй. – Значыць, і яна перад намі вінаватая.

Потым задумаўся:

– Во таля-малі, відаць, радуюцца, – і тут жа спахапіўся: – Пачакай, пачакай… Дык яна ж зэмка, а радасць робіць для таля-маляў – сваіх ворагаў! Нешта я нічога не разумею…

Робат яшчэ памаўчаў, а тады зноў спытаўся:

– А ты куды ідзеш?

– Да яе.

– Дык ты ж не ў той бок кіруешся.

– А куды трэба?

– Якраз туды, адкуль ты прыйшоў. У бок Дурбудзіі трэба ісці.

– А што Дурбудзія там, дзе Вялікі Цмок?

– Ага. За Вялікім Цмокам яна. Там і катапульты стаяць.

– Катапульты? А што гэта такое?

– Дзівак ты. То ж як ваш аэрадром. Садзішся, націскаеш кнопку… І праз нейкі час ты ўжо ў Дурбудзіі. Там усе катапульты на Дурбудзію скіраваны, – і крыху падумаўшы, дадаў: – Толькі трэба ўмець прызямліцца, каб носа не разбіць.

– А да Вялікага Цмока адсюль далёка?

– Далёка. Як па-вашаму, дык трэба ісці тры дні і тры ночы.

– А па-вашаму? У вас жа дня няма – усё ноч.

– Па-нашаму проста: ідзі, пакуль не дойдзеш.

– А як арыентавацца ў цемры?

– Раней, калі быў жывы Цмок, мы арыентаваліся па ім. Па яго дыханні. А як ён памёр, не ведаю. Хаця… Слухай, а ты ўключы рубільнік, і я пакажу табе, куды трэба ісці.

– Не, – усміхнуўся Радзім, – гэтую радасць – растаптаць мяне – я не падару табе. Сам уключай.

Радзім хоць і адчуў, што работ здзекуецца з яго, пацяшаецца і задзіраецца, усё ж не злаваўся на навязанага небараку.

Намацаўшы ў кішэні зярняты, якія бярог для новых пасеваў у Талямаліі, ён узяў у пальцы тры семкі і сказаў:

– Я вось тут пакладу, каб ты мог дастаць, зярняты, з якіх, калі захочаш, выгадуеш дрэвы. Як уключыш рубільнік.

– Добра, дзякуй, палажы, – упэўнена адказаў робат, нібыта зусім не сумняваўся, што гэта напраўду здарыцца.

Радзім паклаў зярняты на жалеза і адышоўся. Чуў, як туды пагрукаў робат, як ён шукаў семкі. Шукаў нядоўга – мусіць, бачаць робаты і ў цемры лепей, чым людзі. Сабраў зярняты – чуваць было, як рыпелі шарніры, калі нагінаўся, – выпрастаўся і панёс іх да разеткі – туды, дзе ўжо ляжала назапашанае жалеза, якому і сам ён не ведаў, як даць рады.

– Няхай ляжаць, – сумна ўздыхнуў ён, і Радзіму міжволі стала шкода яго.

– Ну, я пайшоў,– прымірэнча сказаў хлопец. – А табе я шчыра жадаю дамагчыся свайго.

– Дзякую. А куды ты пойдзеш? Аставайся тут. Я, чуеш, буду служыць табе. Я прывык ужо да цябе.

– Не магу. Я павінен ісці да Вялікага Цмока.

– Чаму?

– Каб выбавіць з бяды дзяўчыну. А потым разам будзем шукаць, як выбрацца адсюль.

– Тады бывай! – згадзіўся робат. – Намеры твае зразумелыя. Але ці можаш ты, скажы, паабяцаць мне невялікую паслугу – уключыць Вялікага Цмока?

– Паслуга вялікая. Не, уключаць Цмока я не буду. І хоць робат не задаў яму свайго пытання: «Чаму?», якое, канечне, было ў яго, як кажуць, на языку, Радзім разумеў, што той чакае адказу, і патлумачыў:

– Таму, што я не хачу ўмешвацца ў вашы справы. Самі сварыліся, самі і мірыцеся.

І пайшоў. Адчуваў плячыма, што робат моўчкі, тужліва і дакорліва глядзіць яму ўслед.

Ішоў і доўга яшчэ чуў аднастайны бразгат жалеза – мусіць, робат, усё журачыся і смуткуючы, пэўна, заклаўшы рукі за спіну, сагнуўшыся, згорбіўшыся, хадзіў не спыняючыся па крузе.

Калі ж Радзім сам-насам застаўся з гэтай халоднаю цемраю, калі ўжо не стала чуваць бразгату жалеза, яму зрабілася страшнавата: вочы так і не прывыклі да цемры, а вушам, ужо звыклым да размовы, зараз не ставала звычайнага голасу.

Маўчала і Оя, а таму ісці яму ў такой глухой цемры і пракаветнай маўклівасці было ніякавата. Да таго ж у галаву ўбілася трывожная думка, што ён, мусіць, так і не знойдзе Оі, але за гэты час згубіць і дарогу да робата, з якім бы ўжо на ўсялякі выпадак было б яму тут крыху весялей, – усё ж не аднаму паміраць у гэтым холадзе і змроку.

Упэўненасці, што ён ідзе ў правільным кірунку, не было, бо ўвесь час даводзілася абыходзіць вялікія і малыя кучы жалеза, абмінаць наваленых абы-як робатаў, наступаючы ім то на рукі, то на ногі, то на галовы.

Аднаго разу Радзім хацеў спраміць дарогу, узлез, каб хутчэй і лепей перайсці на невялікую, як яму здавалася, кучку жалеза, а яно аказалася пачаткам вялікага груда, які, патрывожаны, пачаў абсоўвацца, развальвацца, раз'язджацца і ледзь не пахаваў яго пад сабою – добра, што хлопец своечасова паспеў адскочыць убок.

Гэты абвал нарабіў столькі грукату і звону, што яму аж заклала вушы, і тая цішыня, што наступіла пасля, здалася яшчэ больш зацятаю і невыноснаю.

Добра, што неўзабаве, нібы здагадаўшыся пра яго настрой, азвалася Оя:

– Чаму ты зноў маўчыш?

– Я ж табе казаў, што распытваў дарогу да цябе.

– І распытаў?

– Ага. Я ўжо, здаецца, побач з табою.

– А ў мяне, мусіць, пачаў псавацца мікрафон. Я націскала на розныя кнопкі і выпадкова напала на перагаворы таля-маляў. Ёсць радасныя для нас навіны.

– Нават так? – не паверыў ён сваім вушам.

– Ага. Яны ўжо зрабілі цябе нацыянальным героем Талямаліі.

– Мяне? Паслаўшы на Хаос, на верную смерць? Праўду, мусіць, казаў мне толькі што робат: мы цябе спачатку пакараем, затопчам, а пасля помнік табе паставім.

– Не пацяшайся. Я кажу праўду. Пасля таго як нас вывезлі сюды, раптам зазелянелі ўсе твае дзялянкі. Папрарасталі ўсе зярняты, якія ты пасеяў. І так узяліся расці – мусіць, яшчэ шчырэй, чым у нас, у Зэміі…


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю